355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Роберт Льюис Стивенсон » Чорная страла » Текст книги (страница 8)
Чорная страла
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 15:27

Текст книги "Чорная страла"


Автор книги: Роберт Льюис Стивенсон



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 16 страниц)

Кніга трэцяя
МІЛОРД ФОКСГЭМ

Раздзел I
Дом на беразе

З таго дня, калі Рычард Шэлтан вырваўся з рук свайго апекуна, прайшло некалькі месяцаў. Нямала падзей, даволі важных для Англіі, адбылося за гэтыя некалькі месяцаў. Ланкастэрская партыя, якая амаль ужо загінула, зноў падняла галаву. Прыхільнікі Йоркскага дома былі разбіты, іх правадыр засечаны насмерць, і да зімы ўжо здавалася, што Ланкастэрскаму дому ўдалося ўзвысіцца над усімі сваімі ворагамі. Невялікі гарадок Шорбі-на-Ціле быў поўны ланкастэрскіх вяльможаў, што з'ехаліся з ваколіц. Былі тут і граф Райзінгэм з трыма сотнямі воінаў, і лорд Шорбі з дзвюма сотнямі, і сам сэр Дэніэл, магутны, як раней, разбагацелы ад новых канфіскацый; ён жыў ва ўласным доме на галоўнай вуліцы з шасцю дзесяткамі воінаў. Словам, адбыўся новы пераварот.

Быў цёмны студзеньскі вечар; дзьмуў вецер, мароз рабіўся ўсё мацнейшы; да раніцы можна было чакаць снегу.

У невялікай карчомцы, размешчанай у адным з завулкаў, што вялі ў гавань, сядзелі тры чалавекі, запіваючы элем наспех прыгатаваную яечню. Гэта былі дужыя здаровыя людзі з абветранымі тварамі, з моцнымі рукамі, са смелымі вачыма; і хаця яны былі апрануты, як простыя сяляне, нават п'яны салдат падумаў бы двойчы, перш чым пачаць з імі сварку.

Непадалёку ад іх перад ярка палаючым камінам сядзеў малады чалавек, амаль хлопчык; хаця ён таксама быў апрануты па-сялянску, відаць было, што ён чалавек добрага паходжання і варты насіць шпагу.

– Мне гэта не падабаецца, – сказаў адзін з тых, што сядзелі за сталом. – Усё скончыцца кепска. Тут не месца для вясёлых хлопцаў. Вясёлыя хлопцы любяць вёску, густы лес і каб вакол было не надта многа ворагаў; а горад імі кішма кішыць. І вось убачыце, раніцай яшчэ, як на бяду, снег пойдзе.

– А ўсё дзеля майстра Шэлтана, – сказаў другі і кіўнуў на юнака, які сядзеў перад агнём.

– Я на многае згодзен дзеля майстра Шэлтана, – запярэчыў першы. – Але трапіць дзеля яго на шыбеніцу – не, братва, я не жадаю!

Дзверы карчмы расчыніліся; якісьці чалавек забег у пакой і падышоў да юнака, што сядзеў перад агнём.

– Майстар Шэлтан, – сказаў ён, – сэр Дэніэл выйшаў з дому з двума факельшчыкамі і чатырма стралкамі.

Дзік (то быў наш юны друг) адразу падхапіўся.

– Лоўлес, – сказаў ён, – ты зменіш Джона Кэпера на назіральным пасту. Грыншыў, ідзі за мною. Кэпер, вядзі нас. Мы не адстанем ад сэра Дэніэла ні на крок, хоць бы ён ішоў да самага Йорка.

Праз імгненне ўсе пяцёра былі на цёмнай вуліцы. Кэпер – так звалі новапрыбыўшага – паказаў ім два факелы, якія трапяталіся ўдалечыні ад ветру.

Горад ужо моцна спаў; непрыкметна рухацца за маленькім атрадам па пустых вуліцах было зусім няцяжка. Факельшчыкі крочылі наперадзе; за імі ішоў чалавек у доўгім, раскрыленым на ветры плашчы; ззаду крочылі стралкі, трымаючы лукі напагатове. Па крывых, заблытаных завулках яны хутка рухаліся да берага.

– Ён кожную ноч ходзіць у той бок? – шэптам спытаў Дзік.

– Трэцюю ноч запар, майстар Шэлтан, – адказаў Кэпер. – І кожны раз у адзін і той жа час; і заўсёды з вельмі маленькай світай, быццам хоча, каб аб гэтым ведала як найменш народу.

Сэр Дэніэл і яго спадарожнікі выйшлі на ўскраіну горада. Шорбі не быў абнесены сцяной, і, хаця ланкастэрскія лорды, што заселі ў ім, трымалі каравулы на ўсіх вялікіх дарогах, з яго можна было выйсці маленькімі завулачкамі або нават проста праз поле.

Завулак, па якім ішоў сэр Дэніэл, раптоўна скончыўся. Наперадзе ўзвышалася пясчаная дзюна, а збоку шумеў марскі прыбой. Тут не было ні вартавых, ні агнёў.

Дзік і абодва яго спадарожнікі амаль параўняліся з сэрам Дэніэлам. Гарадскія пабудовы скончыліся, і ўдалечыні яны ўбачылі факел, што рухаўся ім насустрач.

– Эге, – сказаў Дзік. – Тут пахне здрадай!

Тым часам сэр Дэніэл спыніўся. Факелы ўторкнулі ў пясок, а людзі леглі побач, быццам чакаючы кагосьці.

Тыя, каго яны чакалі, наблізіліся. Гэта быў маленькі атрад, які складаўся ўсяго з чатырох чалавек: двух стралкоў, слугі з факелам і джэнтльмена ў плашчы.

– Гэта вы, мілорд? – аклікнуў яго сэр Дэніэл.

– Але, гэта я. Я самы бясстрашны рыцар на свеце, таму што іншыя рыцары змагаюцца з веліканамі, чарадзеямі або язычнікамі, а я не збаяўся схапіцца з гэтым праклятым холадам, які страшней за ўсіх язычнікаў, разам узятых! – адказаў правадыр другога атрада.

– Мілорд, – сказаў сэр Дэніэл, – прыгажуня ўзнагародзіць вас за ўсе нягоды. Але ці не лепей выправіцца нам у шлях? Чым хутчэй вы ўбачыце мой тавар, тым хутчэй мы абодва вернемся дамоў.

– Навошта вы яе трымаеце тут, слаўны рыцар? – спытаў незнаёмец. – Калі яна такая маладая, такая цудоўная, такая багатая, чаму ж вы не дазваляеце ёй наведваць свет? Вы і замуж яе выдалі б намнога хутчэй і не рызыкавалі б адмарозіць сабе пальцы або нарвацца на стралу, разгульваючы ў цемры ў такую непрыдатную для прагулак пагоду.

– Я ўжо тлумачыў вам, мілорд, – адказаў сэр Дэніэл, – што прычыны, якімі я кіруюся, тычацца аднаго мяне. Не стану вам расказваць, у чым справа. Але калі вам надакучыў ваш стары прыяцель Дэніэл Брэклі, раструбіце ўсяму свету, што збіраецеся ажаніцца з Джаанай Сэдлі, і, даю вам слова, вы хутка ад мяне пазбавіцеся. Аб гэтым паклапоціцца страла, загнаная мне ў спіну.

Абодва джэнтльмены паспешліва крочылі па пустэльным полі. Перад імі неслі тры факелы, полымя якіх мітусілася на ветры, раскідваючы дым і іскры; стралкі замыкалі шэсце.

Дзік ішоў за імі ўслед; ён, канечне, не чуў ні слова з размовы двух джэнтльменаў, але ў незнаёмцы ён пазнаў старога лорда Шорбі, аб норавах якога расказвалі многа чаго кепскага; нават сэр Дэніэл і той не раз дакараў яго на людзях.

Яны выйшлі на бераг. У паветры пахла соллю; шум прыбою ўзмацніўся; тут, у вялікім садзе, акружаным сцяной, стаяў маленькі двухпавярховы домік з канюшнямі і іншымі службамі.

Факельшчык, які ішоў наперадзе, адамкнуў у сцяне брамку і, калі ўсе зайшлі ў сад, замкнуў яе з сярэдзіны на замок.

Такім чынам, Дзік і яго таварышы былі пазбаўлены магчымасці ісці далей; яны маглі б, канечне, пералезці цераз сцяну, але асцерагаліся трапіць у пастку.

Яны схаваліся ў зарасніках жаўтазелю і пачалі чакаць. Чырвонае святло факелаў увесь час рухалася за сцяною, – відаць, факельшчыкі старанна вартавалі сад.

Праз дваццаць хвілін абодва джэнтльмены выйшлі з саду. Далікатна раскланяўшыся, сэр Дэніэл і бароны пайшлі па дамах, кожны са сваёй світай і сваімі факеламі.

Ледзь вецер аднёс гук іх крокаў, Дзік паспешліва падхапіўся на ногі: ён вельмі змерз.

– Кэпер, падсадзі мяне на сцяну, – сказаў ён.

Яны ўтрох падышлі да сцяны. Кэпер нагнуўся. Дзік залез яму на плечы і забраўся на сцяну.

– Грыншыў, – прашаптаў Дзік, – лезь за мной; ляжы на сцяне плазам, каб цябе не заўважылі. Калі на мяне нападуць, ты мне дапаможаш.

З гэтымі словамі ён саскочыў у сад.

Было цёмна, як у магіле; ні ў адным акне не гарэла святло. Вецер пранізліва свістаў у голых кустах; прыбой з шумам навальваўся на бераг; болей нічога не было чуваць. Дзік асцярожна поўз наперад, блытаючыся ў прутах і намацваючы дарогу рукамі; нарэшце ў яго пад нагамі захрабусцеў гравій, і ён зразумеў, што выбраўся на алею.

Ён спыніўся, выняў з-пад плашча арбалет, зарадзіў яго і рашуча падаўся наперад. Алея прывяла яго да пабудоў.

Пабудовы былі старыя, напаўразбураныя; аканіцы на вокнах ледзь трымаліся; стайня была пустая, і дзверы яе расчынены насцеж; на сенавале – ні шматка сена, у жытніцы – ні зярнятка. Можна было падумаць, што тут ніхто не жыве, але ў Дзіка былі падставы не верыць першаму ўражанню. Ён працягваў агляд: заходзіў ва ўсе службы, спрабаваў адчыніць кожнае акно. Нарэшце, калі абышоў вакол, ён выбраўся да таго боку дома, які быў звернуты да мора; і сапраўды, у акне другога паверха бачылася слабае святло.

Ён крыху адышоў, і яму падалося, быццам па сцяне рухаюцца якіясьці цені. Ён тут жа ўспомніў, што ў стайні рука яго ў цемры наткнулася на лесвіцу; ён збегаў па яе не марудзячы. Лесвіца была вельмі кароткая, але, стоячы на верхняй прыступцы, Дзік дастаў рукамі жалезныя краты акна і, падцягнуўшыся, заглянуў усярэдзіну.

У пакоі знаходзіліся дзве жанчыны; адну з іх ён пазнаў адразу – гэта была пані Хэтч; другая – высокая, прыгожая, важная маладая лэдзі ў доўгай сукенцы, упрыгожанай вышыўкай, – няўжо гэта Джаана Сэдлі? Няўжо гэта яго лясны таварыш Джон, якога ён збіраўся адлупцаваць папругай?

Здзіўлены, ён апусціўся на верхнюю прыступку лесвіцы. Ніколі ён не думаў, што яго каханая такая цудоўная! Яго раптоўна ахапіла сумненне, ці можа яна яго кахаць. Але раздумваць было некалі. Зусім побач хтосьці ціха вымавіў:

– Тсс!

Дзік саскочыў з лесвіцы.

– Хто тут? – шэптам спытаў ён.

– Грыншыў, – гэтак жа ціха пачулася ў адказ.

– Што табе трэба? – спытаў Дзік.

– За домам сочаць, майстар Шэлтан, – адказаў разбойнік. – Не мы адны тут каравулім. Лежачы на сцяне, я заўважыў людзей, якія бадзяюцца ў змроку, і чуў, як яны ціхенька перасвістваюцца.

– Дзіўна! – сказаў Дзік. – Гэта людзі сэра Дэніэла?

– У тым жа і справа, што не, сэр, – адказаў Грыншыў. – Калі мяне не падманваюць вочы, у кожнага з іх на капелюшы белы значок з цёмнымі палоскамі.

– Белы з цёмнымі палоскамі? – перапытаў Дзік. – Клянуся небам, не ведаю я такога значка. У нашых мясцінах такіх значкоў няма. Ну, калі так, паспрабуем як мага цішэй выбрацца з гэтага саду; тут мы абараняцца не зможам. Дом, безумоўна, ахоўваюць людзі сэра Дэніэла, і ў мяне няма ніякай ахвоты трапіць паміж двух агнёў. Вазьмі лесвіцу; трэба паставіць яе на месца.

Яны аднеслі лесвіцу ў стайню і навобмацак дабраліся да сцяны.

Кэпер падаў ім зверху руку і зацягнуў на сцяну спачатку аднаго, потым другога.

Яны бязгучна саскочылі на зямлю і не парушалі маўчання, пакуль не апынуліся зноў у зарасніках жаўтазелю.

– Джон Кэпер, – сказаў Дзік, – бяжы на ўсю моц у Шорбі. Прывядзі сюды зараз жа ўсіх, каго зможаш сабраць. Мы сустрэнемся тут. Калі ж людзі разбрыліся ў розныя бакі і сабраць іх удасца толькі да світання, мы сустрэнемся дзе-небудзь бліжэй да горада, скажам, каля самага ўвахода ў яго. Я застануся тут з Грыншывам і буду сачыць за домам. Бяжы з усіх ног, Джон Кэпер, і няхай дапамогуць табе святыя! А цяпер, Грыншыў, – дадаў ён, калі Кэпер знік, – абыдзем вакол саду. Я хачу паглядзець, ці не падманулі цябе твае вочы.

Стараючыся трымацца воддаль ад сцяны і скарыстоўваючы кожнае ўзвышэнне і кожную западзіну, яны прайшлі ўздоўж дзвюх сцен саду і нікога не заўважылі. Трэці бок садовай сцяны цягнуўся ўздоўж берага, і, каб не падыходзіць да яе надта блізка, яны пайшлі па пяску. Нягледзячы на тое, што прыліў яшчэ толькі пачынаўся, прыбой быў такі моцны, а пясчаны бераг такі пляскаты, што Дзіку і Грыншыву пры кожнай хвалі даводзілася да костачак, а то і да калень апускацца ў салёную ледзяную ваду Нямецкага мора.

Раптам на белізне садовай сцяны ўзнікла, быццам цень, фігура чалавека, які рабіў абедзвюма рукамі нейкія знакі. Чалавек упаў на зямлю, але зараз жа крыху воддаль падняўся другі і паўтарыў тыя ж самыя знакі. Так, быццам бязмоўны пароль, гэтыя знакі абышлі вакол усяго абложанага саду.

– Яны добра каравуляць, – прашаптаў Дзік.

– Вернемся на сушу, добры майстар Шэлтан, – адказаў Грыншыў. – Тут няма дзе схавацца. Нас няцяжка ўбачыць: усялякі раз, калі наплыве хваля, нашы фігуры можна заўважыць на фоне белай пены.

– Ты маеш рацыю, – сказаў Дзік. – Хутчэй на сушу!

Раздзел II
Бой у змроку

Калі добра прамоклі і змерзлі, Дзік з Грыншывам вярнуліся ў зараснікі жаўтазелю.

– Малю Бога, каб Кэпер паспеў у самы час! – сказаў Дзік. – Калі ён вернецца не пазней як праз гадзіну, я пастаўлю свечку перад абразом святой Марыі Шарбійскай.

– Чаго вы так спяшаецеся, майстар Дзік? – спытаў Грыншыў.

– Як жа мне не спяшацца, дружа, – адказаў Дзік. – У гэтым доме жыве тая, якую я кахаю. А хто гэтыя людзі, што тайна падсцерагаюць яе ноччу? Канечне ж, ворагі.

– Калі Джон вернецца хутка, мы адразу расправімся з імі, – сказаў Грыншыў. – Іх тут не болей за сорак чалавек; я мяркую па тым, як рэдка расстаўлены ў іх вартавыя, і наш атрад з дваццаці чалавек разгоніць іх, быццам вераб'ёў. Аднак падумайце самі, майстар Дзік: ад таго, што яна з рук сэра Дэніэла трапіць у нашыя рукі, ёй горш не будзе. Цікава, канечне, даведацца, хто гэта за ёю віжуе.

– Я падазраю лорда Шорбі, – адказаў Дзік. – Калі з'явіліся гэтыя людзі?

– Яны падышлі, майстар Дзік, – сказаў Грыншыў, – ледзь вы пералезлі цераз сцяну. Не праляжаў я на сцяне і хвіліны, як раптам заўважыў першага з іх: ён асцярожна выпаўзаў з-за вугла.

Святло ў доме патухла яшчэ тады, калі яны брылі па хвалях, і цяпер немагчыма было ўгадаць наперад, ці хутка людзі, што акружылі сад, адважацца напасці на дом. З дзвюх бед Дзік выбраў меншую. Не дай Бог, калі Джаана трапіць у лапы да лорда Шорбі. Не, няхай ужо лепш яна застанецца ў сэра Дэніэла. І Дзік цвёрда вырашыў прыйсці на дапамогу акружаным, калі на дом будзе зроблены напад.

Але час ішоў, а на дом ніхто не нападаў. Кожную чвэрць гадзіны ўздоўж садовай сцяны перадаваліся ўсё тыя ж сігналы, быццам важак нападаючых хацеў пераканацца, ці не спяць яго вартавыя; вакол дома было спакойна і ціха.

Паступова да Дзіка пачалі падыходзіць падмацаванні. Задоўга да світання вакол яго ў зарасніках жаўтазелю сабралася ўжо каля дваццаці чалавек.

Дзік падзяліў іх на два няроўныя атрады; маленькі атрад ён узяў сабе, а камандзірам большага прызначыў Грыншыва.

– Слухай, Кіт, – сказаў ён Грыншыву, – пастаў сваіх людзей каля бліжэйшага рога садовай сцяны, якая выходзіць на бераг, і чакай, пакуль не пачуеш, што я пачаў напад з другога боку саду. Я хачу напасці на іх з боку мора, таму што там, верагодна, знаходзіцца іх правадыр. Астатнія разбягуцца. І няхай бягуць. Помніце, хлопцы: страляць не трэба – вы можаце трапіць у сваіх. Спадзявайцеся на свае мячы і толькі на мячы. Калі мы пераможам, я, як толькі вярну сабе свой маёнтак, кожнаму з вас дам па чырвонцу.

Самыя храбрыя і самыя ўмелыя ў ваенным рамястве людзі, што апынуліся сярод гэтых зламаных жыццём людзей – зладзеяў, забойцаў і збяднелых сялян, якіх склікаў да сябе Дэкуорт для ажыццяўлення сваіх помслівых задум, – добраахвотна выправіліся разам з Рычардам Шэлтанам у Шорбі. Ім надакучыла сядзець у горадзе, высочваючы сэра Дэніэла, і многія з іх пачалі ўжо бунтаваць і пагражалі пайсці. Цяпер жа, даведаўшыся, што іх чакае гарачая сутычка і, можа, нават здабыча, яны акрыялі духам і пачалі весела рыхтавацца да бітвы.

Яны скінулі свае доўгія плашчы; пад плашчамі ў іх былі зялёныя кафтаны, а ў іншых – трывалыя скураныя курткі; пад шапкамі многія з іх насілі жалезныя шлемы; узбраенне іх складалася з мячоў, кінжалаў, рагацін і тузіна бліскучых алебард. Такой зброяй можна было змагацца нават з рэгулярнымі войскамі феадалаў. Схаваўшы лукі, калчаны і плашчы ў кустах жаўтазелю, абодва атрады рашуча пайшлі наперад.

Дзік абышоў вакол саду, расставіў шасцярых сваіх воінаў за дваццаць ярдаў ад садовай сцяны і сам стаў перад імі. З дружным крыкам кінуліся яны на ворагаў.

Ворагі былі раскінутыя па вялікай прасторы, яны адубелі ад холаду і, калі іх засталі знянацку, падхапіліся на ногі і разгублена азіраліся. Не паспелі яны акрыяць духам і зразумець, што за сілы ў праціўніка, як з другога канца саду да іх даляцеў такі ж крык. Не сумняваючыся ў сваім паражэнні, яны кінуліся наўцёкі.

Абодва атрады «Чорнай стралы» з двух бакоў падышлі да сцяны, якая цягнулася ўздоўж мора; гэтым яны адрэзалі магчымасць адступлення частцы варожага войска; астатнія варожыя воіны пусціліся наўцёкі хто куды і зніклі ў мораку.

Аднак бітва яшчэ толькі пачыналася. Дзік са сваімі бадзягамі напаў на праціўніка нечакана, і ў гэтым заключалася яго перавага; але тых, хто абараняўся, было намнога больш, чым тых, хто нападаў. Між тым пачаўся прыліў; бераг ператварыўся ў вузкую палоску. У цемры паміж морам і садовай сцяной пачалася лютая сутычка не на жыццё, а на смерць, і цяжка было сказаць, чым яна скончыцца.

Незнаёмцы былі добра ўзброены; яны моўчкі пачалі абараняцца; змаганне раздзялілася на шэраг асобных сутычак. Дзік, які кінуўся ў бітву першы, біўся з трыма ворагамі: аднаго з іх ён зваліў адразу, але двое іншых напалі на яго з такім імпэтам, што ён ледзь было не адступіў. Адзін з гэтых двух нападаючых быў велізарны мужчына, амаль велікан. Трымаючы абедзвюма рукамі вялізны меч, ён размахваў ім, як лёгкай палкай. Змагаючыся з такім даўгарукім праціўнікам, Дзік, узброены алебардай, адчуваў сябе безабаронным; калі б і другі праціўнік нападаў гэтак жа горача, гібель юнака была б непазбежнай. Але гэты другі праціўнік, ніжэйшы ростам і менш жвавы, раптам спыніўся, углядваючыся ў цемру і прыслухоўваючыся да шуму бітвы.

Дзік адступаў перад веліканам, чакаючы зручнага выпадку, каб нанесці ўдар. Лязо велізарнага мяча бліснула над ім і апусцілася. Дзік адхіснуўся ўбок і скочыў уперад, наўдачу секануўшы сваёй алебардай. Пачуўся аглушальны крык і, перш чым паранены паспеў узняць свой страшны меч, Дзік двойчы ўдарыў яго і паваліў на зямлю.

Цяпер у Дзіка застаўся толькі адзін праціўнік, змагацца з якім можна было на роўных умовах. Яны былі амаль аднолькавага росту; праціўнік Дзіка цудоўна валодаў майстэрствам адбіваць удары. Ён быў узброены мячом і кінжалам, а ў Дзіка была толькі алебарда; затое Дзік быў намнога спрытнейшы за яго. Спачатку ні той, ні другі не мог дабіцца перавагі; але старэйшы з праціўнікаў быў больш вопытны за маладога і вёў яго туды, куды хацеў. І раптам Дзік заўважыў, што яны змагаюцца па калені ў вадзе сярод успененых хваляў. Тут увесь яго спрыт стаў непатрэбным – ён быў цалкам ва ўладзе ворага. Таварышы Дзіка былі далёка, а ўмелы праціўнік прымушаў яго адступаць усё далей у мора.

Дзік сціснуў зубы. Ён вырашыў як мага хутчэй скончыць барацьбу, і, калі хваля адхлынула, агаліўшы на імгненне дно, ён кінуўся ўперад, адбіў алебардай удар мяча і схапіў праціўніка за горла. Той паваліўся ніцма, і Дзік упаў на яго; хваля, што зноў набегла, заліла пераможанага. Пакуль ён ляжаў пад вадой, Дзік выхапіў у яго з рук кінжал і падняўся, поўны гонару за сваю перамогу.

– Здавайцеся! – сказаў ён. – Дарую вам жыццё.

– Здаюся, – сказаў той, падымаючыся на калені. – Вы змагаецеся, як змагаюцца ўсе зусім яшчэ маладыя людзі, – няўмела і неабдумана, але, клянуся святымі, адважна!

Дзік выйшаў на бераг. Начны бой усё яшчэ працягваўся, і ўсё яшчэ нельга было сказаць, на чыім баку застанецца перамога. Праз гул прыбою чуліся ўдары сталі аб сталь, стогны параненых і пераможныя клікі тых, хто наступаў.

– Завядзіце мяне да свайго камандзіра, малады чалавек, – сказаў пераможаны рыцар. – Пара спыніць гэтую бойню.

– Сэр, – адказаў Дзік, – у гэтых храбрацоў ёсць толькі адзін камандзір, і ён стаіць перад вамі.

– Дык адзавіце сваіх малайцоў, а я загадаю сваім слугам спыніцца, – сказаў пераможаны рыцар.

У яго голасе і манеры трымацца было столькі высакароднасці, што Дзік не баяўся падману.

– Кідайце зброю! – крыкнуў незнаёмы рыцар. – Я здаўся, і мне абяцана жыццё.

Гэта было сказана так уладарна, што бітва заціхла адразу.

– Лоўлес, – крыкнуў Дзік, – ты цэлы?

– Цэлы і здаровы, – адгукнуўся Лоўлес.

– Запалі ліхтар, – загадаў Дзік.

– Хіба тут няма сэра Дэніэла? – спытаў рыцар.

– Сэра Дэніэла? – перапытаў Дзік. – Малю Бога, каб яго тут не было. Калі б ён быў тут, мне давялося б кепска.

– Вам давялося б кепска, высакародны рыцар? – перапытаў нядаўні праціўнік. – Як жа так? Хіба вы не прыхільнік сэра Дэніэла? Клянуся, я нічога не разумею. Навошта ж вы, у такім разе, напалі на мой атрад? З-за чаго нам было сварыцца, мой юны і надзвычай гарачлівы друг? Каб закончыць з усімі непаразуменнямі, адкрыйце мне імя таго дастойнага джэнтльмена, якому я здаўся ў палон.

Але перш чым Дзік паспеў адказаць, зусім побач пачуўся чыйсьці голас. Дзік змог разгледзець у цемры, што ва ўладальніка голасу быў белы з чорнымі палоскамі значок і што ён звяртаўся да свайго начальніка з незвычайнай пашанай.

– Мілорд, – сказаў ён, – калі гэтыя джэнтльмены – ворагі сэра Дэніэла, то, сапраўды, вельмі шкада, што мы ўступілі з імі ў бой. Але будзе яшчэ горш, калі мы застанёмся тут. Людзі, якія каравуляць дом, не памерлі і не аглухлі. Яны не маглі не чуць, як мы тут б'ёмся цэлую чвэрць гадзіны, і ўжо, канечне, паведамілі ў горад; калі мы зараз жа не пойдзем адсюль, нам давядзецца змагацца з новым ворагам.

– Хокслі мае рацыю, – сказаў лорд. – Якое вы прымеце рашэнне, сэр? Куды мы павінны ісці?

– Куды вам заўгодна, мілорд, – сказаў Дзік. – Я пачынаю думаць, што мы з вамі можам нават пасябраваць. Я адрэкамендаваўся вам трохі грубавата, і мне не хацелася б, каб нашы далейшыя адносіны былі падобны на наша першае знаёмства. Нам трэба расстацца, мілорд. Дык паціснем на развітанне адзін аднаму рукі; а ў прызначаны вамі час і ў прызначаным вамі месцы мы сустрэнемся зноў і аб усім дамовімся.

– Вы надта даверлівы, мой хлопчык, – сказаў рыцар. – Але на гэты раз ваша даверлівасць не прычыніць вам зла. Я сустрэнуся з вамі на світанні каля крыжа Святой Дзевы. Сябры, за мной!

Незнаёмцы зніклі ў мораку з падазронай хуткасцю. Пакуль разбойнікі па сваім звычаі рабавалі мерцвякоў, Дзік апошні раз абышоў вакол садовай сцяны, каб зірнуць на фасад дома. У маленькім паддашкавым акенцы зіхацела святло; гэтае святло, верагодна, было добра відаць з задніх акон гарадскога дома сэра Дэніэла. Дзік зразумеў, што гэта і ёсць той сігнал, якога так баяўся Хокслі, і што неўзабаве сюды з'явяцца воіны тэнстолскага рыцара.

Дзік прыклаў вуха да зямлі, і яму падалося, што ён чуе стук капытоў, які набліжаецца. Дзік паспешліва кінуўся назад, на бераг. Але работа была ўжо скончана: чацвера разбойнікаў цягнулі да мора апошні труп, распрануты дагала, каб шпурнуць яго ў ваду.

Калі праз некалькі хвілін з завулкаў Шорбі галопам вылецелі сорак вершнікаў, на пустэльным беразе каля маленькага доміка было ціха і гола. Дзік са сваімі людзьмі сядзеў ужо ў харчэўні «Казла і валынкі» і здымаў з сябе даспехі, каб хоць крыху паспаць перад ранішнім спатканнем.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю