Текст книги "Чорная страла"
Автор книги: Роберт Льюис Стивенсон
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 16 страниц)
Раздзел VI
Зноў Арблестэр
Ужо надышоў вечар, калі Дзік і Лоўлес заднім ходам ціхенька выслізнулі з дома, дзе стаяў лорд Райзінгэм са сваім гарнізонам.
Яны схаваліся за садовай сцяной, каб абмеркаваць, як ім быць далей. Небяспека была надзвычай вялікая. Калі хто-небудзь з чэлядзі сэра Дэніэла ўбачыць іх і ўзніме трывогу, збяжыцца варта, і іх заб'юць. Да таго ж для іх было аднолькава небяспечна, заставацца ў Шорбі, гэтым горадзе, які кішыць ворагамі, і спрабаваць уцячы адкрытым полем, дзе яны рызыкавалі наткнуцца на варту.
Непадалёк ад сцяны саду яны ўбачылі ветраны млын і побач з ім велізарны збожжавы свіран, дзверы якога былі расчынены насцеж.
– А ці не схавацца нам тут да надыходу ночы? – сказаў Дзік.
Паколькі Лоўлес не мог прапанаваць нічога лепшага, яны бягом кінуліся да свірна і схаваліся ў саломе. Дзённае святло неўзабаве патухла, і месяц асвяціў срэбраным ззяннем мёрзлы снег. Цяпер нарэшце можна было незаўважна дабрацца да «Казла і валынкі» і зняць гэтыя расы, якія ўжо сталі небяспечнымі. З асцярожнасці яны пайшлі ў абыход горада, ускраінамі, мінуўшы базарны пляц, дзе іх маглі пазнаць і забіць.
Дарога, якую яны выбралі, была доўгая. Яны павярнулі да мора, пайшлі цёмным і ў гэты позні час бязлюдным берагам, пакуль не дасягнулі гавані. Пры ясным месячным святле яны ўбачылі, што многія караблі паднялі якары і, карыстаючыся спакойным морам, паплылі. Берагавыя шынкі (ярка асветленыя, нягледзячы на тое што закон забараняў па начах запальваць агні) пуставалі; не чутно ў іх было харавых песень маракоў.
Высока падабраўшы крыссе сваіх доўгіх расаў, Дзік і Лоўлес паспешліва, амаль бягом, рухаліся па глыбокім снезе, прабіраючыся праз лабірынты хлуду, выкінутага морам на бераг. Яны ўжо амаль мінулі гавань, як раптам дзверы аднаго шынка расчыніліся і асляпляльны паток святла ярка асвяціў іх імклівыя фігуры.
Яны адразу спыніліся і зрабілі выгляд, што захоплены размовай.
Адзін за адным выйшлі з шынка тры чалавекі і зачынілі за сабою дзверы. Усе трое пахістваліся – відаць, яны п'янствавалі ўвесь дзень. Яны стаялі, разгойдваліся ў месячным святле і, здавалася, не ведалі, што ім рабіць далей. Самы высокі з іх гучна скардзіўся на лёс.
– Сем бочак самага лепшага гасконскага, – казаў ён, – лепшае судна Дартмуцкага порта, пазалочаная выява Святой Дзевы, добрых трынаццаць фунтаў залатых манет…
– У мяне таксама вялікія страты, – перапыніў яго другі. – Я таксама страціў нямала, кум Арблестэр. У дзень Святога Марціна ў мяне ўкралі пяць шылінгаў і скураную сумку, якая каштавала дзевяць пенсаў.
Пры гэтых словах сэрца Дзіка сціснулася. Да гэтага часу ён, бадай, ні разу не падумаў пра беднага шкіпера, які згалеў, страціўшы «Добрую Надзею»; у тыя часы дваране бяспечна адносіліся да маёмасці людзей з ніжэйшых саслоўяў. Але гэтая нечаканая сустрэча нагадала Дзіку, як незаконна ён завалодаў суднам і як журботна закончылася ўся справа. І абодва – Дзік і Лоўлес – адвярнуліся, каб Арблестэр выпадкова іх не пазнаў.
Нейкім цудам карабельны сабака з «Добрай Надзеі» выратаваўся і вярнуўся ў Шорбі. Ён цяпер рухаўся за Арблестэрам. Панюхаўшы паветра і насцярожыўшы вушы, ён раптоўна кінуўся ўперад, шалёна брэшучы на ўяўных манахаў.
Яго гаспадар, пахістваючыся, пайшоў за ім.
– Гэй, сябры! – крыкнуў ён. – Ці няма ў вас пені для беднага старога марака, якога дачыста разарылі піраты? У чацвер я яшчэ мог бы напаіць вас абодвух; а сёння субота, і я павінен кленчыць на куфаль піва! Спытайце ў майго матроса Тома, калі вы не верыце мне! Сем бочак цудоўнага гасконскага віна, мой уласны карабель, які дастаўся мне па спадчыне ад бацькі, выява Святой Дзевы з паліраванага дрэва з пазалотай і трынаццаць фунтаў золатам і срэбрам – што вы скажаце? Вось як абакралі чалавека, які ваяваў з французамі! Але, я біўся з французамі. Я на моры перарэзаў французскіх глотак болей, чым любы іншы дартмуцкі марак. Дайце мне пені!
Дзік і Лоўлес не рашаліся адказаць яму, таму што ён пазнаў бы іх па галасах. І яны стаялі бездапаможныя, быццам караблі на якары, і не ведалі, што рабіць.
– Ты што, хлопец, нямы? – спытаў шкіпер. – Сябры, – ікнуўшы, працягваў ён, – гэта нямыя. Цярпець не магу непачцівасці. Ветлівы чалавек, нават калі ён нямы, адказвае, калі з ім размаўляюць.
Між тым матрос Том, мужчына вельмі дужы, здавалася, штосьці западозрыў. Ён быў цверазейшы за капітана. Раптоўна ён выйшаў наперад, груба схапіў Лоўлеса за плячо і, лаючыся, спытаў у яго, з-за якой такой хваробы ён трымае на прывязі свой язык. На гэта бадзяга, рашыўшы, што ім цяпер губляць ужо няма чаго, адказаў яму такім выспяткам, што марак расцягнуўся на пяску. Крыкнуўшы Дзіку, каб ён бег за ім, Лоўлес з усіх ног памчаўся па беразе.
Усё гэта адбылося ў адно імгненне. Не паспеў Дзік кінуцца бегчы, як Арблестэр учапіўся ў яго. Том падпоўз на жываце і схапіў Дзіка за нагу, а трэці марак размахваў корцікам над яго галавой.
Не страх мучыў маладога Шэлтана – яго мучыла прыкрасць, што, пазбегнуўшы сэра Дэніэла, пераканаўшы ў сваёй невінаватасці лорда Райзінгэма, ён трапіў у рукі старога п'янага марака. Больш за ўсё прыкра было ад таго, што ён і сам адчуваў сябе вінаватым, адчуваў сябе неплацежаздольным даўжніком гэтага чалавека, чый карабель ён украў і загубіў, і позна абуджанае сумленне гучна гаварыла яму аб гэтым.
– Цягніце яго ў шынок, я хачу разгледзець яго твар, – сказаў Арблестэр.
– Добра, добра, – адказаў Том. – Толькі мы спярша разгрузім яго сумку, каб іншыя малайцы не запатрабавалі сваёй долі.
Аднак яны не знайшлі ніводнага пені, хаця абшукалі Дзіка з галавы да ног; не знайшлі нічога, акрамя пярсцёнка з пячаткай лорда Фоксгэма. Яны сарвалі гэты пярсцёнак з яго пальца.
– Павярніце яго да месячнага святла, – сказаў шкіпер, і, узяўшы Дзіка за падбародак, ён балюча тузануў угару яго галаву.
– Святая Дзева! – закрычаў ён. – Гэта наш пірат!
– Ды ну? – усклікнуў Том.
– Клянуся бязгрэшнай Дзевай Бардоскай, ён самы! – паўтарыў Арблестэр. – Ну, марскі злодзей, ты ў мяне ў руках! – крычаў ён. – Дзе мой карабель? Дзе маё віно? Не, на гэты раз ты не ўцячэш. Том, дай мне сюды вяроўку. Я звяжу гэтаму марскому воўку рукі і ногі, я звяжу яго, як смажанага індыка, а потым буду яго біць! О, як я буду яго біць!
Арблестэр гаварыў і з уласцівым маракам спрытам абвіваў Дзіка вяроўкай, люта зацягваючы яе, завязваючы тугія вузлы.
Нарэшце малады чалавек ператварыўся ў цюк, бездапаможны і нерухомы, як труп. Шкіпер, трымаючы яго на выцягнутай руцэ, моцна зарагатаў, потым даў яму моцную аплявуху, а пасля пачаў марудна паварочваць яго і шалёна лупцаваць. Гнеў, як бура, падняўся ў грудзях Дзіка; гнеў душыў яго; яму здавалася, што ён вось-вось памрэ ад злосці. Але калі марак, стомлены сваёй жорсткай забавай, кінуў яго на пясок і адвярнуўся, каб параіцца з сябрамі, Дзік імгненна авалодаў сабой. Гэта была хвілінная перадышка; перш чым яны зноў пачнуць мучыць яго, ён, магчыма, знойдзе спосаб выкруціцца з гэтага ганебнага і фатальнага здарэння.
Пакуль яго пераможцы спрачаліся, што рабіць з ім, ён акрыяў духам і цвёрдым голасам загаварыў.
– Найшаноўныя паны, – пачаў ён, – вы што, зусім з глузду з'ехалі? Неба дае вам у рукі выпадак страшэнна разбагацець. Вы трыццаць разоў паедзеце ў мора, а другога такога выпадку не знойдзеце. А вы – о неба! – што вы зрабілі? Збілі мяне? Ды так робіць толькі раззлаванае дзіця! Але ж вы не дзеці, вы вопытныя, прапахлыя смалой маракі, якія не баяцца ні агню, ні вады, якія любяць золата, любяць мяса. Не, вы зрабілі неразумна.
– Ведаю, – сказаў Том, – цяпер, калі ты звязаны, ты будзеш дурыць нас!
– Дурыць вас! – паўтарыў Дзік. – Ну, калі вы дурні, дурыць вас няцяжка! Але калі вы людзі разумныя – а вы мне здаецеся людзьмі разумнымі, – вы самі зразумееце, у чым ваша выгада. Калі я захапіў ваш карабель, нас было многа, мы былі добра апрануты і ўзброены. Ану, скеміце, хто можа сабраць такі атрад? Толькі той, бясспрэчна, у каго шмат золата. І калі гэты багаты чалавек усё яшчэ працягвае пошукі, не спыняючыся перад цяжкасцямі, то, падумайце ж добранька, ці не схаваны дзе-небудзь скарб?
– Аб чым ён гаворыць? – спытаў адзін з маракоў.
– Дык вось, калі вы страцілі старое судна і некалькі кубкаў кіслага, як воцат, віна, – працягваў Дзік, – забудзьце аб іх, таму што ўсё гэта дрэнь. Лепш хутчэй далучайцеся да справы, якая праз дванаццаць гадзін або абагаціць вас, або канчаткова загубіць. Толькі падыміце мяне. Пойдземце куды-небудзь і пагутарым за кубкам віна, таму што мне балюча, я змёрз і мой рот набіты снегам.
– Ён стараецца абдурыць нас, – пагардліва сказаў Том.
– Абдурыць! Абдурыць! – крыкнуў трэці гуляка. – Хацеў бы я паглядзець на чалавека, які змог бы мяне абдурыць! Вось гэта быў бы махляр! Ну, ды я ж не ўчора нарадзіўся. Калі бачу дом са званіцай, я разумею, што гэта царква. І па-мойму, кум Арблестэр, гэты малады чалавек кажа штосьці слушнае. Можа, лепш выслухаць нам яго? Давайце паслухаем.
– Я ахвотна выпіў бы кубак моцнага элю, добры майстар Пірэт, – адказаў Арблестэр. – А ты што скажаш, Том? Але ж кашалёк пусты!
– Я заплачу, – сказаў Пірэт, – заплачу. Я хачу даведацца, што ён мае на ўвазе. Мне здаецца, тут пахне золатам.
– Ну, калі мы зноў возьмемся п'янстваваць, усё прапала! – закрычаў Том.
– Кум Арблестэр, вы замнога дазваляеце свайму слузе, – заўважыў майстар Пірэт. – Няўжо вы дапусціце, каб вамі камандаваў наёмны чалавек? Фу, фу!
– Цішэй, хлопец! – сказаў Арблестэр, звяртаючыся да Тома. – Заткні глотку. Матросы не смеюць вучыць шкіпера!
– Рабіце што хочаце, – сказаў Том. – Мая хата з краю…
– Пастаўце яго на ногі, – сказаў Пірэт. – Я ведаю ціхае месцейка, дзе мы можам выпіць і паразмаўляць.
– Калі вы хочаце, каб я ішоў, сябры мае, развяжыце мне ногі, – сказаў Дзік, калі яго паднялі і паставілі, быццам слуп.
– Ён кажа праўду, – засмяяўся Пірэт. – Так яму далёка не зайсці. Выцягні свой нож і разрэж вяроўку, кум.
Нават Арблестэр завагаўся пры гэтай прапанове. Але таму, відаць, што яго таварыш настойваў, а ў Дзіка хапіла розуму захоўваць самы абыякавы выраз твару і толькі паціскаць плячыма, шкіпер нарэшце згадзіўся і разрэзаў вяроўку, якая звязвала ногі палонніка. Гэта не толькі дало магчымасць Дзіку ісці, але і наогул аслабіла ўсю вяроўку. Ён адчуў, што рука за спіной пачала рухацца вальней, і пачаў спадзявацца, што з часам яму ўдасца яе зусім вызваліць. Ён ужо і так многім быў абавязаны дурноце і прагнасці Пірэта.
Гэты дастойны чалавек узяў на сябе ініцыятыву і прывёў іх у той самы шынок, дзе Лоўлес піў з Арблестэрам у час урагану. Зараз шынок быў пусты; агонь патух, і толькі груда распаленага попелу дыхала прыемным цяплом. Яны селі; гаспадар паставіў перад імі каструлю з гарачым элем. Пірэт і Арблестэр выцягнулі ногі і скрыжавалі рукі, – відаць было, што яны збіраюцца прыемна правесці гадзінку-другую.
Стол, за які яны селі, як і астатнія сталы ў шынку, уяўляў сабою цяжкую квадратную дошку, пакладзеную на дзве бочкі. Сабутэльнікі занялі ўсе чатыры бакі стала – Пірэт сядзеў супраць Арблестэра, а Дзік супраць матроса.
– А цяпер, малады чалавек, – сказаў Пірэт, – пачынайце свой расказ. Здаецца, вы сапраўды крыху пакрыўдзілі нашага кума Арблестэра, але што з гэтага? Улагодзьце яго, пакажыце спосаб разбагацець, і я б'юся аб заклад, што ён даруе вам.
Да гэтага часу Дзік гаварыў наўдачу; але зараз, пад назіркам трох пар вачэй, неабходна было прыдумаць і расказаць незвычайную гісторыю і, калі магчыма, атрымаць назад такі важны для яго пярсцёнак. Перш за ўсё трэба выйграць час. Чым далей яны тут прабудуць, тым болей вып'юць і тым лягчэй будзе ўцячы.
Дзік не ўмеў прыдумляць, і тое, што ён расказаў, вельмі нагадвала гісторыю Алі-бабы, толькі Ўсход быў заменены Шорбі і Тэнстолскім лесам, а колькасць скарбаў пячоры была хутчэй перабольшана, чым прыўменшана. Як вядома чытачу, гэта захапляючая гісторыя, і ў ёй толькі адзін недахоп: у ёй няма ні кроплі праўды. Але тры прастадушныя маракі слухалі яе першы раз; вочы ў іх вылезлі на лоб ад здзіўлення, раты ў іх разявіліся, быццам у траскі на прылаўку гандляра рыбай.
Вельмі хутка давялося заказаць другую порцыю гарачага элю, а пакуль Дзік па-майстэрску сплятаў ніткі прыгод, за ёю была выпіта і трэцяя.
Вось у якім становішчы знаходзіліся прысутныя, калі гісторыя набліжалася да канца.
Арблестэр, на тры чвэрці п'яны і на адну чвэрць сонны, бездапаможна адкінуўся на спінку крэсла. Нават Том захапіўся расказам, і яго пільнасць значна аслабла. А Дзік тым часам паспеў вызваліць сваю правую руку з вяровак і быў гатовы паспрабаваць шчасця.
– Такім чынам, – сказаў Пірэт, – ты адзін з іх?
– Мяне прымусілі, – адказаў Дзік, – супраць маёй волі; але калі б мне ўдалося дастаць мяшок-другі золата на сваю долю, я быў бы дурнем, каб застаўся ў бруднай пячоры, падвяргаючы сябе небяспецы, як просты салдат. Вось нас тут чацвера. Выдатна! Пойдзем заўтра ў лес перад узыходам сонца. Калі б мы дасталі асла, было б яшчэ лепш; але таму што асла дастаць нельга, давядзецца ўсё цягнуць на сваіх чатырох спінах. Спіны ў нас моцныя, аднак на зваротным шляху мы будзем хістацца пад цяжарам скарбаў.
Пірэт аблізнуўся.
– Ану, дружа, скажы гэтае чароўнае слова, ад якога адчыніцца пячора, – папрасіў ён.
– Ніхто не ведае гэтага слова, акрамя трох начальнікаў, – адказаў Дзік. – Але, на ваша вялікае шчасце, якраз сёння вечарам мне паведамілі словы заклінання, якімі адчыняюць пячору. Гэта вялікая ўдача, бо мой начальнік звычайна нікому не давярае сваёй тайны.
– Заклінанне! – закрычаў Арблестэр, прачынаючыся і касавурачыся на Дзіка адным вокам. – Цур мяне! Ніякіх заклінанняў! Я добры хрысціянін, спытай нават у майго матроса Тома, калі не верыш.
– Дык гэта ж белая магія, – сказаў Дзік. – Яна нічога агульнага не мае з д'ябламі; яна звязана з таямнічымі ўласцівасцямі лічбаў, траў і планет.
– Э, – сказаў Пірэт, – гэта ж толькі белая магія, кум. Тут няма граху, запэўніваю цябе. Але працягвай, добры юнак. Што ж гэта за заклінанне?
– Я зараз вам скажу, – адказаў Дзік. – Пры вас пярсцёнак, які вы знялі з майго пальца? Цудоўна! Цяпер выцягніце руку і трымайце пярсцёнак кончыкамі пальцаў прама перад сабою, каб на яго падала святло ад вугалёў. Вось так! Цяпер вы пачуеце словы заклінання!
Хутка азірнуўшыся, Дзік убачыў, што паміж ім і дзвярыма няма ні душы. Ён у думках прачытаў малітву. Потым, працягнуўшы руку, ён схапіў пярсцёнак, падняў стол і перакуліў яго проста на матроса Тома. Бядак, крычучы, валтузіўся пад абломкамі. І перш чым Арблестэр паспеў западозрыць штосьці нядобрае, а Пірэт сабрацца з думкамі, Дзік кінуўся да дзвярэй і знік у месячнай начы.
Месяц зіхацеў ярка, снег іскрыўся, у гавані было светла, як удзень, і малады Шэлтан, які бег, падаткнуўшы расу сярод кучаў смецця, быў бачны здалёку.
Том і Пірэт пагналіся за ім, моцна крычучы. На іх крыкі з кожнага шынка выскоквалі маракі і таксама беглі наўздагон за Шэлтанам. Неўзабаве Дзіка даганяла цэлая гайня матросаў. Але ў пятнаццатым стагоддзі, як і ў наш час, марак на сушы не вызначаўся жвавасцю; Дзік з самага пачатку дужа апярэдзіў усіх, і адлегласць паміж ім і яго даганяламі ўсё павялічвалася. Нарэшце ён забег у якісьці вузкі завулачак, спыніўся, паглядзеў назад і засмяяўся.
За ім гналіся ўсе маракі горада Шорбі; як чарнільныя кляксы, цямнелі яны ўдалечыні на белым снезе. Кожны крычаў, лямантаваў; кожны махаў рукамі; то адзін падаў у снег, то другі; на таго, хто зваліўся, адразу падалі ўсе, хто бег за ім.
Гэты дзікі лямант, які далятаў ледзь не да самага месяца, і смяшыў уцекача і палохаў. Зрэшты, баяўся Дзік зусім не гэтых маракоў, паколькі быў упэўнены, што ніводзін з іх яго не дагоніць. Дзік баяўся шуму, паднятага маракамі, баяўся, што ён можа разбудзіць увесь Шорбі і прымусіць варту выпаўзці на вуліцу, а гэта было б сапраўды небяспечна; заўважыўшы цёмныя дзверы ў куце, ён схаваўся за імі. Яго нязграбныя праследвальнікі, расчырванелыя ад хуткага бегу, выкачаныя ў снег, крычучы, размахваючы рукамі, пранесліся міма. Аднак прайшло яшчэ нямала часу, перш чым скончылася гэтае вялікае нашэсце гавані на горад і ўсталявалася цішыня.
Яшчэ доўга на вуліцах горада чуліся крыкі маракоў, бо яны заблудзіліся. Яны штохвілінна ўсчыналі спрэчкі то паміж сабой, то з вартавымі; мільгалі нажы, сыпаліся ўдары, і не адзін труп застаўся на снезе.
Калі праз гадзіну апошні марак, мармычучы, вярнуўся ў гавань, у свой найлюбы шынок, ён, канечне, не мог бы сказаць, за кім ён гнаўся. На наступную раніцу ўзнікла нямала самых розных легенд, і неўзабаве ўвесь горад Шорбі паверыў, што ноччу яго вуліцы наведаў д'ябал. Аднак вяртанне апошняга марака яшчэ не вызваліла юнага Шэлтана з яго халоднага зняволення за дзвярыма.
Яшчэ доўга па вуліцах блукалі патрулі, разасланыя знатнымі лордамі, якіх разбудзілі і затрывожылі крыкі маракоў.
Ноч падыходзіла ўжо да канца, калі Дзік пакінуў сваё сховішча і прыйшоў, цэлы і здаровы, але дужа змерзлы і пакрыты сінякамі, да дзвярэй «Казла і валынкі». У адпаведнасці з законам харчэўня патанала ў змроку: не гарэла ніводная свечка, і агонь у печцы быў патушаны. Дзік навобмацак прабраўся ў кут халоднага пакоя для гасцей, знайшоў канец коўдры, захутаў ім свае плечы і, прыціснуўшыся да нейкага соннага чалавека, хутка і моцна заснуў.
Кніга пятая
ГАРБУН
Раздзел I
Покліч трубы
Дзік падняўся наступнай раніцай яшчэ да світання, зноў апрануў сваё ранейшае адзенне, зноў узброіўся як належыць двараніну і выправіўся ў лясное логавішча Лоўлеса. Там (як, верагодна, помніць чытач) ён пакінуў паперы лорда Фоксгэма; каб узяць іх і паспець на спатканне з юным герцагам Гластэрам, трэба было выйсці рана і ісці як мага хутчэй.
Мароз узмацніўся, ад сухога, нерухомага паветра пашчыпвала ў носе. Месяц зайшоў, але зоркі яшчэ зіхацелі, і снег блішчаў ясна і весела. Было ўжо светла без ліхтара, а марознае паветра не дазваляла ісці марудна.
Дзік перасек амаль усё поле, што раскінулася паміж Шорбі і лесам, падышоў да падножжа пагорка і быў за якіх-небудзь сто ярдаў ад крыжа Святой Дзевы, як раптам цішыню раніцы прарэзаў гук трубы. Ніколі яшчэ не чуў ён такога выразнага і пранізлівага гуку. Труба праспявала і змоўкла, зноў праспявала, потым пачуўся бразгат зброі.
Малады Шэлтан прыслухаўся, выцягнуў меч і памчаўся ўверх па пагорку.
Ён убачыў крыж; на дарозе перад крыжом адбывалася лютая сутычка. Нападаючых было чалавек сем ці восем, а абараняўся толькі адзін; але ён абараняўся так жвава і спрытна, так адчайна кідаўся на сваіх праціўнікаў, так умела трымаўся на лёдзе, што, перш чым Дзік падбег, ён ужо забіў аднаго і параніў другога, а астатнія воіны адступалі.
Было проста дзіва, як мог ён выстаяць да гэтага часу. Найменшая выпадковасць – ці паслізнуўся б ён, ці прамахнулася б рука – каштавала б яму жыцця.
– Трымайцеся, сэр! Іду да вас на дапамогу! – усклікнуў Рычард і з крыкам: – Трымайся, хлопцы! Страляй! Няхай жыве «Чорная страла!» – кінуўся з тылу на воінаў, забыўшы, што ён адзін і што вокліч гэты зараз недарэчны.
Але тыя, што нападалі, таксама былі не з баязліўцаў, яны не спалохаліся, наадварот, павярнуўшыся, яны люта накінуліся на Дзіка. Чацвера супраць аднаго: сталь зіхацела над імі пры зорным ззянні. Іскры ляцелі ва ўсе бакі. Адзін з яго праціўнікаў упаў, у гарачцы бітвы Дзік ледзь зразумеў, што здарылася; потым ён сам атрымаў удар па галаве; сталёвы шлем вытрымаў удар, аднак Дзік апусціўся на калені, і думкі яго закружыліся, быццам крылы ветранога млына.
Чалавек, якому Дзік кінуўся памагаць, замест таго каб зараз дапамагчы яму, адскочыў убок і зноў затрубіў яшчэ пранізлівей і мацней, чым раней. Праціўнікі зноў накінуліся на яго, і ён зноў лётаў, нападаў, скакаў, наносіў смяротныя ўдары, падаў на адно калена, карыстаючыся то кінжалам і мячом, то нагамі і рукамі з нязломнай смеласцю, ліхаманкавай энергіяй і хуткасцю.
Але рэзкі заклік быў нарэшце пачуты. Даляцеў заглушаны снегам тупат капытоў, і ў шчаслівую для Дзіка хвіліну, калі мячы ўжо зіхацелі над яго галавой, з лесу з двух бакоў хлынулі патокі ўзброеных вершнікаў, закаваных у жалеза, з апушчанымі забраламі, з дзідамі наперавес, з узнятымі мячамі. У кожнага вершніка за спіной сядзеў стралок; гэтыя стралкі адзін за адным саскоквалі на зямлю.
Тыя, што нападалі, убачыўшы сябе акружанымі, моўчкі пакідалі зброю.
– Схапіць гэтых людзей! – сказаў чалавек з трубой, і, калі яго загад быў выкананы, ён падышоў да Дзіка і заглянуў яму ў твар.
Дзік таксама паглядзеў на яго і здзівіўся, што той чалавек, які праявіў такую сілу, такі спрыт і энергію, быў юнак, не старэй за яго самога, няправільнага целаскладу, з бледным, хваравітым і брыдкім тварам [8]8
Рычард Гарбаты ў сапраўднасці быў у той час намнога маладзей (Заўвага аўтара).
[Закрыть]. Але вочы яго глядзелі ясна і адважна.
– Сэр, – сказаў юнак, – вы падаспелі да мяне ў самы раз.
– Мілорд, – адказаў Дзік, пакрысе здагадваючыся, што перад ім знатны вяльможа, – вы так дзівосна валодаеце мячом, што справіліся б з нападаючымі і без мяне. Аднак мне вельмі пашанцавала, што вашы людзі не спазніліся.
– Як вы даведаліся, хто я? – спытаў незнаёмец.
– Нават зараз, мілорд, я не ведаю, з кім размаўляю, – адказаў Дзік.
– Ці так гэта? – спытаў юнак. – Навошта ж вы на скрут галавы кінуліся ў гэтую няроўную бітву?
– Бо ўбачыў, што адзін чалавек храбра б'ецца супраць многіх, – адказаў Дзік, – і палічыў несумленным не дапамагчы яму.
Пагардлівая ўсмешка з'явілася на вуснах маладога вяльможы, калі ён адказаў:
– Адважныя словы. Але, самае галоўнае, за каго вы стаіце: за Ланкастэраў або за Йоркаў?
– Не буду таіць, мілорд, я стаю за Йоркаў, – адказаў Дзік.
– Клянуся небам, – закрычаў юнак, – вам пашанцавала. – І ён павярнуўся да аднаго са сваіх набліжаных. – Дайце мне паглядзець, – працягваў ён тым жа пагардлівым, жорсткім тонам, – дайце мне паглядзець на праведную смерць храбрых джэнтльменаў. Павесьце іх.
Толькі пяцёра з гэтых няшчасных былі яшчэ жывыя. Стралкі схапілі іх за рукі, паспешліва адвялі да ўскрайку лесу, паставілі пад дрэва належнай вышыні і прыладзілі вяроўкі. Стралкі з канцамі вяровак у руках хутка ўскарабкаліся на дрэва. Не прайшло і хвіліны, як усё было скончана. Усе пяцёра гайдаліся на вяроўцы.
– А зараз, – крыкнуў гарбаты правадыр, – вяртайцеся на свае месцы і, калі я наступны раз паклічу вас, будзьце жвавей!
– Мілорд герцаг, – сказаў адзін з падначаленых, – малю вас: пакіньце пры сабе хаця б крыху воінаў. Вам нельга быць тут аднаму.
– Вось што, шаноўны, – сказаў герцаг, – я не папракнуў вас за спазненне, дык не пярэчце мне. Няхай я гарбаты, але я магу спадзявацца на сілу сваёй рукі. Калі гучала труба, ты марудзіў, а зараз ты надта спяшаешся са сваімі парадамі. Але так ужо вядзецца: апошні ў бітве – заўсёды першы ў размове. Надалей хай будзе наадварот.
І суровым, не пазбаўленым высакароднасці жэстам ён адправіў іх.
Зноў пехацінцы селі на коней за спінамі вершнікаў; атрад марудна крануўся і, рассыпаўшыся па розных напрамках, схаваўся ў лесе.
Зоркі пачалі ўжо тухнуць. Займаўся дзень. Шэрае перадсвітальнае святло адбілася на тварах абодвух юнакоў, якія зноў зірнулі адзін аднаму ў твар.
– Вы бачылі зараз, – сказаў герцаг, – што помста мая бязлітасная, як вастрыё майго мяча. Але я б не хацеў – клянуся ўсім хрысціянскім светам! – каб вы палічылі мяне няўдзячным. Вы прыйшлі мне на дапамогу са слаўным мячом і вартай здзіўлення адвагай! Калі вам не агідная мая выродлівасць, абдыміце мяне!
І юны правадыр растуліў абдымкі.
У глыбіні душы Дзік адчуваў страх і нават нянавісць да чалавека, якога выратаваў; але просьба была выказана такімі словамі, што вагацца або адмовіць было б не толькі няветліва, але і жорстка, і ён паспяшаўся падпарадкавацца жаданню незнаёмца.
– А зараз, мілорд герцаг, – сказаў Дзік, вызваліўшыся з яго абдымкаў, – пацвердзіце, ці правільная мая здагадка? Вы – мілорд герцаг Гластэрскі?
– Я Рычард Гластэр, – адказаў той. – А вы? Як вас завуць?
Дзік назваў сябе і падаў яму пярсцёнак лорда Фоксгэма, які герцаг адразу ж пазнаў.
– Вы прыйшлі сюды раней прызначанага тэрміну, – сказаў ён, – але ці магу я за гэта сердаваць? Вы падобныя на мяне: я прыйшоў сюды за дзве гадзіны да світання і чакаю. Гэта першы паход маёй арміі: я альбо загіну, альбо здабуду сабе славу. Там залеглі мае ворагі пад кіраўніцтвам двух старых вопытных правадыроў – Брэклі і Райзінгэма. Яны, верагодна, моцныя, але зараз яны сціснуты паміж морам, гаванню і ракой. Адступленне ім адрэзана. Мне думаецца, Шэлтан, што вось тут і трэба напасці на іх, і мы нападзём на іх бясшумна і раптоўна.
– Канечне, я таксама так мяркую! – горача ўсклікнуў Дзік.
– У вас пры сабе запіскі лорда Фоксгэма? – спытаў герцаг.
Дзік, растлумачыўшы, чаму іх у яго зараз няма, асмеліўся прапанаваць герцагу свае ўласныя назіранні.
– Мне здаецца, мілорд герцаг, – сказаў ён, – калі ў вашым распараджэнні дастаткова воінаў, варта было б напасці зараз жа, бо са світаннем іх начныя каравулы кладуцца спаць, а ўдзень у іх няма пастаянных каравульных на пастах – яны ўсяго толькі аб'язджаюць ускраіны вярхамі. Цяпер самы час на іх напасці: каравульныя ўжо знялі з сябе даспехі, а астатнія воіны толькі што прачнуліся і сядзяць за ранішняй чаркай віна.
– Колькі, па-вашаму, у іх чалавек? – спытаў Гластэр.
– У іх няма і дзвюх тысяч, – адказаў Дзік.
– Тут, у лесе, у мяне семсот воінаў, – сказаў герцаг. – Яшчэ семсот ідуць з Кэтлі і неўзабаве будуць тут; услед за імі рушаць яшчэ чатырыста, а яшчэ далей ідзе столькі ж; у лорда Фоксгэма пяцьсот у Халівудзе – яны могуць сцягнуцца сюды да канца дня. Пачакаць, пакуль усе нашы сілы падыдуць, або напасці зараз?
– Мілорд, – сказаў Дзік, – павесіўшы гэтых пяцёх няшчасных, вы самі вырашылі пытанне. Хаця яны людзі нязнатныя, але час неспакойны: хутка спахопяцца, іх пачнуць шукаць, і падымецца трывога. Таму, мілорд, калі вы хочаце напасці знянацку, то, на маю сціплую думку, у вас няма і гадзіны ў запасе.
– Я таксама так думаю, – адказаў гарбун. – Не пройдзе і гадзіны, як вы пачнеце зарабляць сабе рыцарскае званне, урэзаўшыся ў натоўп ворагаў. Я пашлю жвавага чалавека ў Халівуд з пярсцёнкам лорда Фоксгэма і яшчэ аднаго – на дарогу, падагнаць маіх мямляў! Ну, Шэлтан, клянуся распяццем, справа выйдзе!
З гэтымі словамі ён зноў прыставіў трубу да вуснаў і затрубіў.
На гэты раз яму не давялося доўга чакаць. У адно імгненне паляна вакол крыжа пакрылася пешымі і коннымі воінамі. Рычард Гластэр, сеўшы на прыступках, пасылаў ганца за ганцом, склікаючы семсот чалавек, схаваных у бліжэйшых лясах. Не прайшло і чвэрці гадзіны, як армія яго выстраілася перад ім. Ён сам стаў на чале войска і рушыў уніз па схіле пагорка да горада Шорбі.
План яго быў просты. Ён вырашыў захапіць квартал горада Шорбі, які ляжаў справа ад вялікай дарогі, добра замацавацца ў вузкіх завулках і трымацца там да таго часу, пакуль не падыдзе падмацаванне.
Калі лорд Райзінгэм захоча адступіць, Рычард зойдзе яму ў тыл і паставіць яго паміж двух агнёў; калі ж ён захоча абараняць горад, ён будзе загнаны ў пастку і ў рэшце рэшт разбіты ворагам, што пераўзыходзіць яго па колькасці.
Але была адна вялікая небяспека, амаль немінучая: семсот чалавек Гластэра маглі быць адкінуты і разбіты пры першай жа сутычцы і, каб пазбегнуць гэтага, трэба было ў што б там ні стала забяспечыць раптоўнасць нападу.
Дык вось, пехацінцы зноў селі за спінамі вершнікаў, і Дзіку выпаў асаблівы гонар сядзець за самім Гластэрам. Пакуль лес хаваў іх, войскі марудна пасоўваліся ўперад, але, калі лес, што акаймоўваў вялікую дарогу, скончыўся, яны спыніліся, каб перадыхнуць і вывучыць мясцовасць.
Сонца, акружанае марозным жоўтым ззяннем, ужо зусім узышло, асвятляючы горад Шорбі, над снежнымі дахамі якога віліся струмені ранішняга дыму.
Гластэр павярнуўся да Дзіка. – У гэтым бедным гарадку, – сказаў ён, – дзе жыхары зараз гатуюць сабе снеданне, або вы станеце рыцарам, а я пачну жыццё, поўнае вялікай пашаны і гучнай славы, або мы абодва памром, не пакінуўшы па сабе нават памяці. Мы абодва Рычарды. Ну, Рычард Шэлтан, мы павінны праславіцца, і вы і я – два Рычарды! Мячы, стукаючы аб нашы шлемы, прагучаць не так звонка, як прагучаць нашы імёны ў вуснах народа!
Дзік быў здзіўлены яго палкім голасам і гарачымі словамі, у якіх гучала такая прага славы. Досыць разумна і спакойна ён адказаў, што выканае свой абавязак і не сумняваецца ў перамозе, калі астатнія зробяць гэтак жа.
Да таго часу коні добра адпачылі; правадыр узняў меч, апусціў павады, і коні, з двума вершнікамі кожны, паскакалі з грукатам уніз па пагорку, перасякаючы снежнае поле, за якім пачынаўся Шорбі.