Текст книги "Чорная страла"
Автор книги: Роберт Льюис Стивенсон
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 16 страниц)
Раздзел II
Дзве клятвы
Сэр Дэніэл быў у зале; ён сярдзіта праходжваўся перад камінам, чакаючы Дзіка. Акрамя сэра Дэніэла, у зале знаходзіўся яшчэ сэр Олівер, які сціпла сядзеў у кутку, перагортваючы трэбнік і мармычучы малітвы.
– Вы мяне клікалі, сэр Дэніэл? – спытаў малады Шэлтан.
– Ага, я цябе клікаў, – адказаў рыцар. – Што гэта за чуткі дайшлі да маіх вушэй? Няўжо я так кепска апекаваў цябе, што ты перастаў мне давяраць? Ці, можа, ты хочаш перайсці на бок маіх ворагаў, таму што я пацярпеў няўдачу? Клянуся небам, ты не падобны на свайго бацьку! Бацька твой быў адданы сваім сябрам і ў добрую пагоду і ў слоту… А ты, Дзік, відаць, сябра толькі на пагодлівы дзень і цяпер шукаеш зручнага моманту пакінуць сваіх сяброў.
– Даруйце, сэр Дэніэл, але гэта не так, – цвёрда сказаў Дзік. – Я адданы і верны ўсім, каму абавязаны адданасцю і вернасцю. І перш чым пачаць іншую размову, я хачу падзякаваць вам і сэру Оліверу. Вы абодва больш за ўсіх маеце правоў на мяне. Я быў бы сабакам, калі б забыў аб гэтым.
– Гаварыць ты ўмееш, – сказаў сэр Дэніэл. І, раптоўна разлютаваўшыся, працягваў: – Удзячнасць і вернасць – гэта словы, Дзік Шэлтан. Мне патрэбны не словы, а справы. У гэты час, калі мне пагражае небяспека, калі імя маё заплямлена, калі землі мае канфіскаваны, калі лясы поўныя людзей, якія чакаюць маёй пагібелі, – дзе твая ўдзячнасць, дзе вернасць? У мяне застаўся маленькі атрад адданых людзей. А ты атручваеш ім сэрцы каварнымі нашэптваннямі. Гэта што – удзячнасць? Або вернасць? Збаў мяне ад такой удзячнасці! Але ж чаго ты хочаш! Кажы! Мы на ўсё гатовы даць табе адказ. Калі ты што-небудзь маеш супраць мяне, скажы аб гэтым шчыра.
– Сэр, – адказаў Дзік, – я быў немаўлём, калі загінуў мой бацька. Да майго слыху дайшло, што ён быў ганебна забіты. Да майго слыху дайшло, – я нічога не хачу ўтойваць, – што вы прымалі ўдзел у яго гібелі. І я павінен шчыра абвясціць вам, што не магу адчуваць сябе спакойным і не магу дапамагаць вам, пакуль не вырашу ўсіх сваіх сумненняў.
Сэр Дэніэл апусціўся на лаўку. Ён падпёр падбародак рукою і пільна глянуў Дзіку ў твар.
– І ты мяркуеш, што я здольны, забіўшы чалавека, зрабіцца апекуном яго сына? – спытаў ён.
– Даруйце мне, калі адказ мой будзе не зусім ветлівым, – сказаў Дзік. – Але ж вы выдатна ведаеце, што быць апекуном вельмі выгадна. Хіба ўсе гэтыя гады вы не карысталіся маімі даходамі і не кіравалі маімі людзьмі? Хіба вы не разлічваеце атрымаць грошы за мой будучы шлюб? Не ведаю, колькі вы за яго атрымаеце, але сякі-такі даход ён вам прынясе. Яшчэ раз прашу даравання, але, калі вы здольныя былі на такую подласць, як забойства чалавека, які даверыўся вам, чаму ж не ўявіць, што вы маглі здзейсніць і другую подласць, меншую, чым першая?
– У тваім узросце я не быў такім падазроным, – сурова сказаў Дэніэл. – А сэр Олівер, свяшчэннік, як ён мог аказацца вінаватым у такой справе?
– Сабака бяжыць туды, куды яму загадвае гаспадар, – сказаў Дзік. – Усім вядома, што гэты свяшчэннік – ваша паслухмяная прылада. Я, можа быць, гавару занадта вольна, але зараз, сэр Дэніэл, не да ветлівасці. На мае шчырыя пытанні я хачу атрымаць шчырыя адказы. А вы мне нічога не адказваеце! Вы, замест таго каб адказваць, задаеце мне пытанні. Папярэджваю вас, сэр Дэніэл: такім шляхам вы не рассееце маіх сумненняў, а толькі падтрымаеце іх.
– Я дам табе праўдзівы адказ, майстар Рычард, – сказаў рыцар. – Я быў бы няшчыры, калі б утаіў, што ты разгневаў мяне. Але нават у гневе я хачу быць справядлівым. Прыйдзі да мяне з гэтымі пытаннямі, калі ты дасягнеш паўналецця і рукі мае не будуць больш звязаны апякунствам над табою. Прыйдзі да мяне тады, і я дам табе адказ, якога ты заслугоўваеш, – кулаком у зубы. А да таго часу ў цябе ёсць два выйсці: або вазьмі назад свае знявагі, трымай язык за зубамі і змагайся за чалавека, які карміў цябе і змагаўся за цябе, калі ты быў малы, або – дзверы адчынены, лясы поўныя маіх ворагаў – ідзі!
Энергія, з якой былі вымаўлены гэтыя словы, позірк, якім яны суправаджаліся, – усё гэта пахіснула Дзіка, аднак ён не мог не заўважыць, што не атрымаў адказу на сваё пытанне.
– Я ад усёй душы хачу паверыць вам, сэр Дэніэл, – сказаў ён. – Пераканайце мяне, што вы не прымалі ўдзелу ў забойстве майго бацькі.
– Ці задаволіць цябе маё слова гонару, Дзік? – спытаў рыцар.
– Так, – адказаў хлопчык.
– Даю табе слова гонару, клянуся табе вечнай асалодай маёй душы і тым адказам, які мне давядзецца даць Богу за ўсе мае справы, што я ні прама, ні ўскосна не вінаваты ў смерці твайго бацькі!
Ён працягнуў Дзіку сваю руку, і Дзік горача паціснуў яе. Абодва яны не заўважылі, як свяшчэннік, пачуўшы гэтую ўрачыстую і хлуслівую клятву, нават прыўзняўся ад жаху і адчаю.
– Ах, – усклікнуў Дзік, – няхай ваша велікадушнасць дапаможа вам дараваць мне! Які я нягоднік, што дазволіў сумненню закрасціся ў маю душу. Але цяпер ужо я больш ніколі сумнявацца ў вас не буду.
– Я дарую табе, Дзік, – сказаў сэр Дэніэл. – Ты яшчэ не ведаеш свету, ты яшчэ не ведаеш, якое гняздо сплёў у ім паклёп.
– Я тым болей варты ганьбавання, – дадаў Дзік, – што паклёпнікі абвінавачвалі не столькі вас, колькі сэра Олівера…
Пры гэтых словах ён павярнуўся да свяшчэнніка і раптам перапыніў сваю прамову на паўслове. Гэты высокі, румяны, тоўсты і важны чалавек быў абсалютна зніякавелы: румянец знік з яго твару, рукі і ногі дрыжалі, губы шапталі малітвы. Ледзь Дзік скіраваў на яго позірк, як ён пранізліва ўскрыкнуў і закрыў твар рукамі.
Сэр Дэніэл кінуўся да яго і ў шаленстве схапіў яго за плячо. І ўсе падазрэнні Дзіка адразу прачнуліся зноў.
– Няхай сэр Олівер таксама дасць клятву, – сказаў ён. – Бо гэта яго і абвінавачваюць у забойстве майго бацькі.
– Ён дасць клятву, – сказаў рыцар.
Сэр Олівер моўчкі замахаў на яго рукамі.
– Клянуся небам, вы дасце клятву! – закрычаў сэр Дэніэл сам не свой ад шаленства. – Кляніцеся тут, на гэтай кнізе! – працягваў ён, падняўшы трэбнік, які ўпаў на падлогу. – Што? Вы прымушаеце мяне сумнявацца ў вас? Кляніцеся! Я загадваю.
Але свяшчэннік не мог вымавіць ні слова. Яго душыў жах: ён аднолькава баяўся і сэра Дэніэла і клятвапарушэння.
У гэты момант чорная страла, прабіўшы ўзорыстае шкло высокага акна, заляцела ў залу і, трапечучы, уваткнулася ў самую сярэдзіну абедзеннага стала.
Моцна ўскрыкнуўшы, сэр Олівер упаў без прытомнасці на засланую чаротам падлогу. Рыцар жа разам з Дзікам кінуўся ў двор, а адтуль па вінтавой лесвіцы на зубчастую вежу. Усе дазорцы былі на пасту. Сонца спакойна асвятляла зялёныя лугі, над якімі дзе-нідзе ўзвышаліся купы дрэў і лясістыя пагоркі, што засланялі гарызонт. Нікога не было бачна.
– Адкуль прыляцела страла? – спытаў рыцар.
– Вунь з тых дрэў, сэр Дэніэл, – адказаў вартавы.
Рыцар задумаўся. Потым павярнуўся да Дзіка.
– Дзік, – сказаў ён, – паназірай за гэтымі людзьмі, я даручаю іх табе. А свяшчэнніка, калі ён не запэўніць мяне ў сваёй невінаватасці, я прымушу адказваць. Я пачынаю раздзяляць твае падазрэнні. Ён дасць клятву, ручаюся табе, а калі не дасць, мы прызнаем яго вінаватым.
Дзік адказаў даволі холадна, і рыцар, акінуўшы яго дапытлівым позіркам, паспешліва вярнуўся ў залу. Перш за ўсё ён агледзеў стралу. Ніколі яшчэ не бачыў ён такіх стрэл. Ён узяў яе ў рукі і пачаў круціць; змрочны колер яе ўсяляў міжвольны страх. На ёй быў надпіс, толькі тры словы: «Звер у нары».
– Значыць, яны ведаюць, што я дома, – прамовіў ён. – У нары! Але ў іх няма сабакі, які мог бы выгнаць мяне адсюль.
Сэр Олівер апрытомнеў і з цяжкасцю падняўся на ногі.
– На жаль, сэр Дэніэл, – прастагнаў ён, – вы далі страшную клятву. Цяпер вы пракляты навекі!
– Але, боўдзіла, – сказаў рыцар, – я даў паганую клятву, аднак ты дасі клятву яшчэ горшую. Ты паклянешся святым крыжам Халівуда. Глядзі ж, прыдумай словы самыя пераканаўчыя. Ты дасі клятву сёння ж вечарам.
– Хай прасвятліць Бог ваш розум! – адказаў свяшчэннік. – Хай адверне ён ваша сэрца ад такога беззаконня!
– Паслухайце, найдабрэйшы бацька, – сказаў сэр Дэніэл, – калі вас турбуе ваша набожнасць, мне размаўляць з вамі няма аб чым. Занадта позна, аднак, успомнілі вы аб набожнасці. Але калі ў вас засталася хоць кропля розуму, слухайце мяне. Гэты хлапчук раздражняе мяне, як аса. Ён мне патрэбны, таму што я хачу скарыстаць выгоды ад яго шлюбу. Але кажу вам шчыра: калі ён будзе дакучаць мне, ён адправіцца да свайго бацькі. Я загадаў перасяліць яго ў пакой над капліцай. Калі вы дасце добрую, грунтоўную клятву ў вашай невінаватасці, усё будзе цудоўна: хлопчык крыху супакоіцца, і я пашкадую яго. Але калі вы задрыжыце, або пабляднееце, або запнецеся, ён не паверыць вам – і тады ён памрэ. Вось аб чым вам трэба думаць.
– У пакой над капліцай! – задыхаючыся, прамовіў свяшчэннік.
– У той самы, – пацвердзіў рыцар. – Вось так, калі вы хочаце выратаваць яго, ратуйце. Калі ж не, хай будзе па-вашаму, выбірайцеся адсюль і пакіньце мяне ў спакоі! Калі б я быў чалавек запальчывы, я ўжо даўно пракалоў бы вас мячом за вашу нясцерпную баязлівасць і дурноту. Ну, зрабілі выбар? Адказвайце!
– Я зрабіў выбар, – адказаў свяшчэннік. – Хай даруе мне Бог, я выбіраю зло дзеля дабра. Я дам клятву, каб выратаваць хлапчаня.
– Так яно лепш! – сказаў сэр Дэніэл. – Паклічце яго ды хутчэй. Вы застанецеся з ім сам-насам. Але я вока з вас не спушчу. Я буду тут, у тайніку.
Рыцар прыўзняў дыван, які вісеў на сцяне, і ступіў за яго. Пачуўся звон сталёвай спружыны, затым скрып прыступак.
Сэр Олівер, застаўшыся адзін, спалохана паглядзеў на завешаную дываном сцяну і перахрысціўся з журбою і жахам у позірку.
– Калі яго пасялілі ў пакоі над капліцай, – прамармытаў ён, – я павінен выратаваць яго нават цаной маёй душы.
Праз тры хвіліны з'явіўся Дзік, якога прывёў ганец. Сэр Олівер стаяў каля стала рашучы і бледны.
– Рычард Шэлтан, – сказаў ён, – ты патрабаваў у мяне клятву. Гэтае тваё патрабаванне для мяне зневажальнае, і я маю поўнае права табе адмовіць. Але, помнячы нашы ранейшыя адносіны, я змякчыў сваё сэрца; хай будзе па-твойму. Клянуся свяшчэнным крыжам Халівуда, я не забіваў твайго бацькі.
– Сэр Олівер, – адказаў Дзік, – прачытаўшы першае пасланне Джона Помшчу-за-ўсіх, я не засумняваўся ў вашай невінаватасці. Але цяпер дазвольце задаць вам два пытанні. Вы не забівалі майго бацькі, веру. Але, можа, вы прымалі ўскосны ўдзел у гэтым забойстве?
– Ніякага, – сказаў сэр Олівер.
І раптам твар яго таргануўся. Ён перасцерагальна падміргнуў Дзіку. І Дзік зразумеў, што гэтым падміргваннем свяшчэннік хоча сказаць яму штосьці такое, чаго не смее вымавіць уголас.
Дзік зірнуў на яго са здзіўленнем; потым павярнуўся і ўважліва агледзеў усю пустую залу.
– Што з вамі? – спытаў ён.
– Нічога, – адказаў свяшчэннік, спрабуючы надаць твару спакойны выраз. – Мне блага; я не зусім здаровы. Выбачайце, Дзік… мне трэба выйсці… Клянуся свяшчэнным крыжам Халівуда, я не выдаваў і не забіваў твайго бацькі. Супакойся, добры хлопчык. Бывай!
І з неўласцівай яму паспешлівасцю ён выйшаў з залы.
Уважлівы позірк Дзіка слізгаў па сценах; на твары ў яго адно за адным адбіваліся самыя супярэчлівыя пачуцці: здзіўленне, сумненне, падазрэнне, радасць. Але мала-памалу, па меры таго як розум яго прасвятляўся, падазрэнні перамаглі; неўзабаве ён быў ужо зусім упэўнены ў самым горшым. Ён узняў галаву і ўздрыгнуў. На дыване, што закрываў сцяну, была выткана выява лютага паляўнічага. Адной рукой ён трымаў рог, у які трубіў; у другой трымаў дзіду. Твар у яго быў чорны, таму што ён адлюстроўваў афрыканца.
Вось гэты афрыканец і напалохаў Рычарда Шэлтана. Сонца, якое сляпуча зіхацела ў вокнах залы, зайшло за хмарку. Акурат у гэтае імгненне агонь у каміне ярка ўспыхнуў, асвятліўшы столь і сцены, што да гэтага часу былі ахутаны паўзмрокам. І раптам чорны паляўнічы міргнуў вокам, як жывы; і павека ў яго было белым.
Дзік, не адрываючыся, глядзеў у гэтае страшнае вока. Пры святле агню яно зіхацела, як каштоўны камень; яно было вільготнае, яно было жывое. Белае павека зноў закрыла яго на нейкую долю секунды і зноў паднялося. Затым вока знікла.
Ніякага сумнення не заставалася. Гэта было жывое вока, якое ўвесь час назірала за ім праз дзірачку ў дыване.
Дзік імгненна зразумеў усю жахлівасць свайго становішча. Усё сведчыла аб адным і тым жа – і перасцеражэнні Хэтча, і падміргванні свяшчэнніка, і гэтае вока, якое назірала за ім са сцяны. Ён зразумеў, што яго падверглі выпрабаванню, што ён зноў выдаў сябе і што толькі цуд можа выратаваць яго ад пагібелі.
«Калі мне не ўдасца выслізнуць з гэтага дома, – падумаў ён, – я кончаны чалавек! Бядак Мэтчэм! Я завёў яго ў змяінае гняздо!»
Ён яшчэ раздумваў, калі раптам з'явіўся слуга, каб дапамагчы яму перацягнуць зброю, вопратку і кнігі ў другі пакой.
– У другі пакой? – перапытаў Дзік. – Навошта? У які пакой?
– У пакой над капліцай, – адказаў слуга.
– У ім даўно ніхто не жыў, – сказаў Дзік задумліва. – Што гэта за пакой?
– Добры пакой, – адказаў слуга. – Але кажуць, – дадаў ён, панізіўшы голас, – што ў ім з'яўляецца прывід.
– Прывід? – паўтарыў Дзік, халаднеючы. – Не чуў! Чый прывід?
Слуга ўважліва агледзеўся, потым сказаў ледзь чутным шэптам:
– Прывід дзяка царквы святога Іаана. Яго паклалі аднойчы спаць у тым пакоі, а раніцай – ф'юць! – ён знік. Кажуць, яго ўкраў сатана; звечара ён быў вельмі п'яны.
Дзік, перапоўнены самымі змрочнымі прадчуваннямі, пайшоў за слугою.
Раздзел III
Пакой над капліцай
Дазорцы на вежах больш ніякіх здарэнняў не адзначылі. Сонца паволі паўзло на захад і нарэшце зайшло. Нягледзячы на пільнасць вартавых, паблізу Тэнстолскага замка не ўдалося заўважыць ніводнага чалавека.
Калі надышла ноч, Трогмортана завялі ў кутні пакой, акно якога знаходзілася якраз над ровам. Праз гэтае акно ён з усімі перасцярогамі вылез; некалькі імгненняў чуцен быў толькі ўсплеск вады, потым на супрацьлеглым беразе ўзнікла цёмная фігура і папаўзла прэч па траве. Сэр Дэніэл і Хэтч уважліва прыслухоўваліся яшчэ паўгадзіны. Вакол было ціха. Ганец паспяхова выбраўся з замка.
Сэр Дэніэл павесялеў. Ён павярнуўся да Хэтча.
– Бенет, – сказаў ён, – гэты Джон Помшчу-заўсіх звычайны смертны. Ён спіць. І мы яго прыкончым.
Увесь вечар Дзіка пасылалі то туды, то сюды; адзін загад ішоў за другім. Дзік быў здзіўлены колькасцю даручэнняў і паспешлівасцю, з якой трэба было выконваць іх. За ўвесь гэты час ён ні разу не сустрэў ні сэра Олівера, ні Мэтчэма, а між тым ён увесь час думаў аб іх абодвух. Цяпер ён марыў толькі аб адным – як мага хутчэй уцячы з Тэнстолскага замка Мот, але яму хацелася перад уцёкамі паразмаўляць з сэрам Оліверам і з Мэтчэмам.
Нарэшце, з лямпай у руцэ, ён падняўся ў свой новы пакой. Пакой быў прасторны, з нізкай столлю, даволі змрочны. За акном быў роў; нягледзячы на тое, што акно гэтае знаходзілася вельмі высока, у яго былі ўстаўлены жалезныя краты. Пасцель аказалася цудоўнай: адна падушка была набіта пухам, другая – лавандай; на чырвонай коўдры былі вышыты ружы. Уздоўж сцен стаялі шафы, замкнутыя на ключ і завешаныя цёмнымі дыванамі. Дзік абышоў увесь пакой, прыўзняў кожны дыван, абмацаў кожную сцяну, паспрабаваў адчыніць кожную шафу. Ён пераканаўся, што дзверы моцныя і што зачыняюцца яны на добрую засаўку; потым паставіў лямпу на падстаўку і зноў агледзеў усё.
Дзеля чаго яго пасялілі ў гэтым пакоі? Ён большы і лепшы, чым яго ранейшы. Ці, можа, гэта пастка? Ці няма тут патайнога ўвахода? Ці праўда, што тут водзіцца прывід? Па спіне ў яго захадзілі мурашы. Проста над яго галавою, на пляскатым даху, чуліся цяжкія крокі вартавога. Унізе былі скляпенні капліцы; побач з капліцай знаходзілася зала, з якой, безумоўна, вёў патайны ход; калі б там не было патайнога хода, як бы магло тое вока сачыць за Дзікам з-за дывана? Зусім верагодна, што ход вядзе ў капліцу, а з капліцы сюды, у гэты пакой.
Ён адчуваў, што спаць у такім пакоі – вар'яцтва. Трымаючы зброю напагатове, ён сеў у куце каля дзвярэй. Калі на яго нападуць, ён дорага прадасць сваё жыццё.
Наверсе, на даху вежы, пачуўся тупат ног, потым чыйсьці голас спытаў пароль. Гэта змяніўся каравул.
І адразу ж Дзік пачуў, як хтосьці скрабецца ў яго дзверы; да яго даляцеў шэпт:
– Дзік, Дзік, гэта я!
Дзік адапхнуў засаўку, адчыніў дзверы і ўпусціў Мэтчэма. Мэтчэм быў вельмі бледны; у адной руцэ ён трымаў лямпу, а ў другой кінжал.
– Зачыні дзверы! – прашаптаў ён. – Хутчэй, Дзік! Замак поўны шпіёнаў. Я чуў, як яны ішлі за мной па калідорах, я чуў іх дыханне за дыванамі.
– Супакойся, – адказаў Дзік, – дзверы зачынены. Пакуль мы ў бяспецы. Зрэшты, сярод гэтых сцен быць у бяспецы немагчыма… Я вельмі рады цябе бачыць! Клянуся небам, я думаў, што цябе ўжо няма жывога. Дзе цябе хавалі?
– Ці не ўсё роўна, – адказаў Мэтчэм. – Мы з табой спаткаліся, а ўсё астатняе не мае значэння. Але, Дзік, ці ведаеш ты, што цябе чакае? Табе сказалі, што яны збіраюцца зрабіць з табою заўтра?
– Заўтра? – перапытаў Дзік. – Што яны збіраюцца рабіць заўтра?
– Заўтра або сягоння ноччу, не ведаю, – сказаў Мэтчэм. – Я ведаю толькі, што яны збіраюцца забіць цябе. Ведаю з поўнай дакладнасцю: я чуў, як яны шапталіся аб гэтым. Яны амаль прама мне аб гэтым гаварылі.
– Вось як! – сказаў Дзік. – Па праўдзе сказаць, я і сам здагадваўся.
І ён расказаў Мэтчэму ўсё, што здарылася з ім за дзень.
Калі ён скончыў, Мэтчэм падняўся і гэтак жа, як Дзік, абмацаў сцены.
– Не, – сказаў ён, – не відаць ніякага ўвахода. А між тым я не сумняваюся, што ўваход ёсць. Дзік, я застануся з табою. І калі ты памрэш, я памру з табою. Я магу дапамагчы табе, бачыш, я ўкраў кінжал! Я буду біцца! А калі ты адшукаеш які-небудзь лаз, праз які можна выпаўзці, альбо акно, праз якое можна спусціцца, я з радасцю сустрэну любую небяспеку і ўцяку з табой.
– Джон, – сказаў Дзік, – клянуся небам, Джон, ты самы лепшы, самы верны і самы храбры чалавек ва ўсёй Англіі! Дай мне руку, Джон.
І ён моўчкі ўзяў Мэтчэма за руку.
– Каб нам як дабрацца да акенца, праз якое спусцілі ганца! – сказаў ён. – Вяроўка, хутчэй за ўсё, яшчэ там. Гэта ўсё-такі нейкая надзея.
– Тсс! – прашаптаў Мэтчэм.
Яны прыслухаліся. Унізе пад падлогай штосьці скрыпнула, змоўкла, потым скрыпнула зноў.
– Хтосьці ходзіць у пакоі пад намі, – прашаптаў Мэтчэм.
– Пад намі няма пакоя, – адказаў Дзік. – Мы знаходзімся над капліцай. Гэта мой забойца ідзе тайным ходам. Няхай прыходзіць! Я з ім распраўлюся!
І ён заскрыгатаў зубамі.
– Патушы святло, – сказаў Мэтчэм. – Можа, ён як-небудзь выдасць сябе.
Яны патушылі абедзве лямпы і затаіліся, сядзелі нерухома. Асцярожныя крокі пад падлогай былі добра чутны. Яны то набліжаліся, то аддаляліся. Нарэшце рыпнуў ключ у замку, і ўсё змоўкла.
Потым зноў пачуліся крокі, і раптам праз вузкую шчыліну паміж масніцамі ў далёкім кутку пакоя пырснула святло. Шчыліна рабілася ўсё шырэйшая; патайны люк адчыніўся, і святло засвяціла яшчэ ярчэй. Паказалася моцная рука, якая трымала навісу люк. Дзік нацягнуў арбалет і чакаў, калі з'явіцца галава.
Але тут адбылося нешта незвычайнае. Дзесьці ў далёкім канцы замка Мот пачуліся гучныя крыкі; спачатку крычаў адзін голас, потым да яго далучылася яшчэ некалькі галасоў; яны паўтаралі нейкае імя. Гэты шум, відаць, затрывожыў забойцу. Патайны люк зачыніўся, пад падлогай пачуліся крокі, якія паспешліва аддаляліся.
Хлопчыкі атрымалі адтэрміноўку. Дзік глыбока ўздыхнуў і тут толькі прыслухаўся да сумятні, што выратавала іх. Крыкі не сціхалі, а наадварот рабіліся ўсё мацнейшымі. Па ўсім замку бегалі людзі; усюды ляпалі дзверы. І, заглушаючы ўвесь гэты шум, грымеў голас сэра Дэніэла, які крычаў:
– Джаана!
– Джаана? – паўтарыў Дзік. – Якая Джаана? Тут няма ніякай Джааны і ніколі не было. Што гэта значыць?
Мэтчэм маўчаў. Здавалася, ён забыў пра ўсё на свеце. Слабае святло зорак, што зіхацелі за акном, не трапляла ў той кут пакоя, дзе сядзелі хлопчыкі, і там была поўная цемра.
– Джон, – сказаў Дзік, – я не ведаю, дзе ты быў увесь дзень. Бачыў ты гэтую Джаану?
– Не, не бачыў, – адказаў Мэтчэм.
– І нічога аб ёй не чуў? – дапытваўся Дзік.
Крокі набліжаліся. Сэр Дэніэл на двары ўсё яшчэ клікаў грамавым голасам Джаану.
– Ты не чуў аб ёй? – паўтарыў Дзік.
– Чуў, – сказаў Мэтчэм.
– Як дрыжыць твой голас! Што з табой? – спытаў Дзік. – Нам вельмі пашанцавала, што яны шукаюць гэтую Джаану. Яна адцягнула іх ад нас.
– Дзік! – усклікнуў Мэтчэм. – Я загінула! Мы абодва загінулі! Уцякайма, пакуль не позна. Яны не супакояцца, пакуль не знойдуць мяне. Не! Пусці мяне да іх адну! Яны мяне схопяць, а ты ўцячэш. Пусці мяне адну. Дзік! Добры Дзік, пусці мяне да іх.
Яна ўжо намацвала рукой засаўку, калі Дзік нарэшце ўсё зразумеў.
– Клянуся небам, – усклікнуў ён, – ты зусім не Джон! Ты Джаана Сэдлі! Ты тая дзяўчынка, якая не хацела выйсці за мяне замуж!
Дзяўчына маўчала і не рухалася. Дзік таксама маўчаў, потым загаварыў зноў.
– Джаана, – сказаў ён, – ты выратавала мне жыццё, а я табе. Мы абое бачылі, як цячэ пралітая кроў. Мы былі з табой сябрамі, былі і ворагамі, – помніш, я ледзь не набіў цябе папругай. І ўвесь час я лічыў цябе хлапчуком. Але цяпер смерць мая блізка, і перад смерцю я хачу сказаць табе, што ты самая лепшая і самая смелая дзяўчынка на зямлі, і, калі б толькі я застаўся жыць, я быў бы шчаслівы ажаніцца з табой. Але што б мне не было наканавана – жыццё або смерць, – ты ведай: я кахаю цябе!
Яна нічога не адказала.
– Ну, гавары ж, Джон. Будзь добрай дзяўчынкай, скажы, што ты кахаеш мяне!
– Хіба я была б тут, Дзік, калі б не кахала цябе?! – усклікнула яна.
– Калі нам удасца выратавацца, – працягваў Дзік, – мы пажэнімся. Калі наканавана памерці, памром. Вось і ўсё. Але як ты адшукала мой пакой?
– Я спытала ў пані Хэтч, – адказала яна.
– На гэту даму можна спадзявацца, – сказаў Дзік. – Яна не выдасць цябе. У нас яшчэ ёсць час…
Але адразу ж, як бы ў абвяржэнне яго слоў, па калідоры пачуліся крокі, і хтосьці грукнуў у дзверы кулаком.
– Яна тут! – пачулі яны чыйсьці голас. – Адчыніце, майстар Дзік! Адчыніце!
Дзік маўчаў і не рухаўся.
– Усё скончана, – сказала дзяўчына і абняла Дзіка.
Людзі адзін за адным збіраліся каля дзвярэй. Нарэшце з'явіўся сам сэр Дэніэл, і ўсе прыціхлі.
– Дзік, – закрычаў рыцар, – не будзь аслом! І сем сонных дзеў прачнуліся б ад такога шуму. Мы ведаем, што яна тут. Адчыні дзверы!
Дзік маўчаў.
– Выбівайце дзверы! – сказаў сэр Дэніэл.
Воіны грукалі ў дзверы нагамі і кулакамі. Дзверы былі зроблены трывала і зачынены на моцную засаўку, і ўсё ж яны ўпалі б, калі б зноў не ўмяшаўся лёс. Сярод грукату ўдараў пачуўся раптам крык вартавога; на вежы закрычалі, зашумелі, і зараз жа ў адказ увесь лес напоўніўся галасамі. Можна было падумаць, што насельнікі лясоў бяруць штурмам замак Мот. І сэр Дэніэл са сваімі воінамі, пакінуўшы дзверы, кінуўся абараняць сцены замка.
– Мы выратаваны! – усклікнуў Дзік.
Ён схапіў абедзвюма рукамі старадаўні ложак і паспрабаваў зрушыць яго з месца, але ён не паддаваўся.
– Дапамажы мне, Джон, – сказаў ён. – Калі табе дарагое жыццё, збяры ўсе свае сілы і дапамажы мне!
З вялікай цяжкасцю зрушылі яны цяжкі дубовы ложак і прыставілі яго да дзвярэй.
– Так яшчэ горш, – сумна сказала Джаана. – Ён прыйдзе да нас цераз патайны ход.
– Не, – адказаў Дзік. – Ён не рашыцца выдаць тайну гэтага хода сваім воінам. Мы самі ўцячом гэтым ходам… Слухай! Напад скончыўся. Ды, бадай, і не было ніякага нападу.
Сапраўды, ніякага нападу не было; проста група воінаў, якая страціла сэра Дэніэла ў час бітвы пры Райзінгэме, вярнулася нарэшце ў замак. Цемра дапамагла ім прайсці праз лес. Іх упусцілі ў браму, і цяпер яны ў двары злазілі з коней пад стук капытоў і звон даспехаў.
– Ён зараз вернецца, – сказаў Дзік. – Хутчэй у патайны ход!
Ён запаліў лямпу, і яны прайшлі ў кут пакоя. Шчыліну адшукаць было няцяжка, таму што праз яе ўсё яшчэ прасочвалася слабае святло. Дзік выбраў самы моцны меч, уставіў яго ў шчыліну і з усёй сілы налёг на дзяржанне. Дошка паддалася і прыўзнялася. Ухапіўшыся за яе рукамі, яны зрушылі яе зусім.
За ёю відаць было некалькі прыступак, на адной з якіх стаяла лямпа, забытая тым, хто прыходзіў забіць Дзіка.
– Ідзі наперад, – сказаў Дзік, – і захапі лямпу. Я пайду за табою і зачыню дзверы.
Яны рушылі ў дарогу. Ледзь Дзік ляпнуў за сабою люкам, як зноў пачуліся грамавыя ўдары, – гэта выбівалі дзверы яго пакоя.