355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Роберт Льюис Стивенсон » Чорная страла » Текст книги (страница 16)
Чорная страла
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 15:27

Текст книги "Чорная страла"


Автор книги: Роберт Льюис Стивенсон



сообщить о нарушении

Текущая страница: 16 (всего у книги 16 страниц)

– Ён храбры юнак, і мне гэта вядома, – сказаў лорд Фоксгэм. – Радуйцеся, сэр Рычард! З майстрам Хэмлі я аб усім дамовіўся, і раніцай вас павянчаюць.

Дзік вырашыў, што цяпер лепш за ўсё пайсці. Але не паспеў ён яшчэ пакінуць трапезную, як нейкі чалавек, які толькі што спешыўся каля варот, памчаўся па лесвіцы, пераскокваючы адразу праз чатыры прыступкі, прарваўся праз шарэнгі слуг і кінуўся на адно калена перад герцагам.

– Перамога, мілорд! – закрычаў ён.

І перш чым Дзік дабраўся да пакоя, адведзенага яму як госцю лорда Фоксгэма, у натоўпе каля вогнішчаў пачуліся радасныя крыкі. Бо ў гэты ж самы дзень за якія-небудзь дваццаць міль адсюль магутнасці Ланкастэра быў нанесены другі знішчальны ўдар.

Раздзел VII
Помста Дзіка

На наступную раніцу Дзік падняўся да світання, прыбраўся як мага лепш, скарыстаўшы гардэроб лорда Фоксгэма, і, распытаўшы аб Джаане, вырашыў прайсціся, каб зменшыць сваё нецярпенне.

Ён паблукаў сярод салдат, якія апрануліся ў свае даспехі пры святле зімовай зары і чырвоным бляску факелаў; выйшаў у поле, абышоў аванпасты і накіраваўся адзін у замерзлы лес, чакаючы ўзыходу сонца.

Думкі яго былі спакойныя і шчаслівыя; ён не шкадаваў, што так хутка страціў прыхільнасць герцага. Маючы такую жонку як Джаана і такога заступніка як лорд Фоксгэм, ён мог глядзець на сваю будучыню з надзеяй. Аб мінулым ён шкадаваў мала.

Ён ішоў, паглыбіўшыся ў роздум, а ранішняя зара разгаралася ўсё весялей і ярчэй, і рэзкі ветрык падымаў марозны снежны пыл. Ён павярнуўся, каб ісці дамоў, і раптам заўважыў нейкага чалавека за дрэвам.

– Стой! – крыкнуў Дзік. – Хто ідзе?

Чалавек выйшаў з-за дрэва і ўзмахнуў рукой, як нямы. Хаця ён быў у вопратцы пілігрыма і на твар яго быў апушчаны капюшон, Дзік імгненна пазнаў сэра Дэніэла.

Дзік ступіў да яго, выняў меч. А рыцар сунуў руку за пазуху, нібы для таго каб выхапіць схаваную там зброю, і спакойна чакаў, пакуль ён падыдзе.

– Ну што, Дзікон, – сказаў сэр Дэніэл, – што ж ты думаеш рабіць? Няўжо ты нападзеш на пераможанага?

– Я не замахваўся на ваша жыццё, – адказаў юнак. – Я быў вашым верным сябрам да таго часу, пакуль вы не захацелі забіць мяне. О, як прагна марылі вы аб маёй смерці!

– Толькі з самааховы, – адказаў рыцар. – А цяпер, хлопчык, весткі аб гэтай бітве і прысутнасць маладога гарбатага д'ябла ў маім уласным лесе канчаткова мяне зламалі. Я пайду ў Халівуд, і яго святыя сцены абароняць мяне. Потым выпраўлюся за мора, захапіўшы з сабою ўсё, што магчыма, і пачну новае жыццё ў Бургундыі або Францыі.

– Вам нельга ў Халівуд, – сказаў Дзік.

– Як так нельга? – спытаў рыцар.

– Паслухайце, сэр Дэніэл, сягоння – дзень майго вяселля, – сказаў Дзік, – і сонца, якое зараз узыдзе, азорыць самы светлы дзень у маім жыцці. Вашым жыццём вы павінны заплаціць і за смерць майго бацькі і за спробу забіць мяне. Але і сам я натварыў дастаткова. Я быў прычынай смерці многіх людзей… І ў гэты шчаслівы дзень я не хачу быць ні суддзёй, ні катам. Калі б вы былі самім д'яблам, я не падняў бы на вас рукі. Прасіце даравання ў Бога, а я шчодра дарую вам сваё. Але ў Халівуд я вас не пушчу. Я стаю за Йорк і не дазволю шпіёнам пракрасціся ў наша войска. Калі вы зробіце хоць адзін крок, я крыкну і загадаю бліжэйшаму вартавому схапіць вас.

– Ты здзекуешся з мяне! – сказаў сэр Дэніэл. – Толькі Халівуд можа выратаваць мяне.

– Гэта ўжо не мая справа, – адказаў Рычард. – Ідзіце на ўсход, на захад, на поўдзень, але на поўнач я вас не пушчу. Халівуд для вас закрыты. Ідзіце і не спрабуйце вярнуцца, бо, як толькі вы пойдзеце, я папярэджу ўсе нашы каравулы, і яны будуць так зорка сачыць за кожным пілігрымам, што, нават калі вы будзеце самім д'яблам, вам не ўдасца прайсці.

– Ты аддаеш мяне на пагібель, – змрочна сказаў сэр Дэніэл.

– Не, не аддаю, – адказаў Рычард. – Калі вам хочацца выпрабаваць сваю адвагу, выклікайце мяне на паядынак. І няхай гэта будзе здрадніцтвам у адносінах да маёй партыі, я прыму ваш выклік. Я буду біцца з вамі адзін на адзін і нікога не паклічу на дапамогу. Так, з чыстым сумленнем, я адпомшчу за свайго бацьку.

– Ну так, – сказаў сэр Дэніэл, – у цябе доўгі меч, а ў мяне ўсяго кінжал!

– Я спадзяюся толькі на літасць неба, – адказаў Дзік і кінуў свой меч у снег. – А цяпер, калі ваш злы рок загадвае вам, – выходзьце! І калі будзе заўгодна ўсемагутнаму, я скармлю вашы косці лісам.

– Я толькі выпрабоўваў цябе, Дзік, – адказаў рыцар, выціснуўшы з сябе штось накшталт смеху. – Я не хачу праліваць тваю кроў.

– Ну тады ідзіце, пакуль не позна, – падганяў яго Шэлтан. – Праз пяць хвілін я паклічу вартавых. Я і так занадта цярплівы. Калі б вы апынуліся на маім месцы, а я на вашым, я б ужо даўно быў звязаны па руках і нагах.

– Добра, Дзікон, я пайду, – адказаў сэр Дэніэл. – Калі мы зноў сустрэнемся, ты пашкадуеш, што абышоўся са мною так жорстка.

З гэтымі словамі рыцар павярнуўся і пабрыў прэч, у лясную нетру. Дзік з дзіўным, неўразумелым пачуццём назіраў, як сэр Дэніэл ішоў, шпарка і асцярожна, увесь час кідаючы зласлівыя позіркі на юнака, які пашкадаваў яго і якому ён тым не менш не давяраў.

Вось ён падышоў да гушчару, густа пераплеценага зялёным плюшчом і непранікальнага для позірку нават зімой. Раптоўна пачуўся кароткі, чысты гук спушчанай цецівы. Праляцела страла, і з гучным, здушаным крыкам болю і гневу тэнстолскі рыцар узмахнуў рукамі і ўпаў тварам уніз. Дзік падбег да яго і падняў. Страшная грымаса прабегла па твары, усё цела курчылася ў сутаргах.

– Страла чорная? – задыхаючыся, спытаў ён.

– Чорная! – радасна адказаў Дзік.

І перш чым ён паспеў дадаць хоць адно слова, адчайны боль пранізаў параненага з галавы да ног; ён тузануўся ў руках Дзіка апошні раз, і, калі боль заціх, душа яго адляцела. Юнак асцярожна паклаў яго на снег і пачаў маліцца за нераскаяную грэшную душу. Пакуль ён маліўся, узышло сонца і канаплянкі заспявалі ў плюшчы.

Дзік падняўся і ўбачыў, што за некалькі крокаў ад яго стаіць на каленях і моліцца другі чалавек. З непакрытай галавой чакаў Дзік канца гэтай малітвы. Чалавек маліўся доўга, схіліўшы галаву і засланіўшы твар рукамі. Побач з ім ляжаў лук; Дзік здагадаўся, што гэта стралок, які забіў сэра Дэніэла.

Нарэшце ён падняўся, і Дзік пазнаў Эліса Дэкуорта.

– Рычард, – урачыста сказаў ён, – я чуў вашу размову ад слова да слова! Ты выбраў лепшую долю і дараваў. Я выбраў горшую – і вось ляжыць прах майго ворага. Маліся за мяне!

І ён сціснуў яго руку.

– Сэр, – сказаў Рычард, – я ахвотна буду маліцца за вас, але не ведаю, ці дапамогуць вам мае малітвы. Калі помста, якой вы так доўга прагнулі, цяпер засмучае вас, падумайце, ці не лепш дараваць тых, хто яшчэ застаўся жывы? Хэтч забіты, бядак, хаця я зусім не хацеў яго забіваць. Вось ляжыць труп сэра Дэніэла… Малю вас, пашкадуйце хоць свяшчэнніка!

Вочы Эліса Дэкуорта бліснулі.

– Д'ябал яшчэ моцны ўва мне! – сказаў ён. – Але будзь спакойны: чорная страла ніколі больш не прасвішча ў паветры; брацтва наша распалася. Тыя, каго мы не паспелі забіць, мірна скончаць сваё жыццё ў тэрмін, вызначаны небам. А ты ідзі насустрач свайму шчасліваму лёсу і забудзь пра злашчаснага Эліса.

Раздзел VIII
Заключэнне

Каля дзевяці гадзін раніцы лорд Фоксгэм павёў сваю выхаванку, зноў апранутую так, як належыць яе полу, і ў суправаджэнні Алісіі Райзінгэм, у халівудскую царкву. Рычард Гарбаты з азмрочаным турботамі тварам перасек ім дарогу і спыніўся перад імі.

– Гэта і ёсць тая дзяўчына? – спытаў ён. Калі лорд Фоксгэм пацвердзіў, ён працягваў: – Нявеста, падніміце галоўку, дайце мне зірнуць на ваш твар.

Ён панура паглядзеў на яе.

– Вы цудоўная, – нарэшце прамовіў ён, – і, як мне расказвалі, багатая. Што, калі я прапаную вам шлюб, які больш падыходзіць для дзяўчыны вашай прыгажосці і вашага паходжання?

– Мілорд герцаг, – адказала Джаана, – калі заўгодна вашай міласці, я хацела б выйсці за сэра Рычарда.

– Чаму? – рэзка спытаў ён. – Выходзьце за таго чалавека, якога я назаву вам, і вы сёння ж станеце лэдзі, а ён лордам. А сэр Рычард, – дазвольце мне сказаць шчыра, – памрэ сэрам Рычардам.

– Я прашу ў неба толькі адной міласці, мілорд: дайце мне магчымасць памерці жонкай сэра Рычарда, – адказала Джаана.

– Паглядзіце, мілорд! – звярнуўся Гластэр да лорда Фоксгэма. – Вось дзіўная пара. Калі я прапанаваў юнаку выбраць сабе ўзнагароду, ён папрасіў памілаваць старога п'янага марака, я перасцерагаў яго, але ён упарціўся ў сваёй дурноце. «На гэтым скончацца мае міласці», – сказаў я. А ён адказаў мне з дзёрзкай самаўпэўненасцю: «Мне давядзецца змірыцца са стратай вашых міласцей». Ну што ж! Так таму і быць!

– Ён так сказаў? – усклікнула Алісія. – Добра сказана, утаймавальнік ільвоў!

– А гэта што за дзяўчына? – спытаў герцаг.

– Гэта палонніца сэра Рычарда, – адказаў лорд Фоксгэм, – пані Алісія Райзінгэм.

– Выдайце яе замуж за надзейнага чалавека, – сказаў герцаг.

– Я меў на ўвазе свайго родзіча Хэмлі, калі будзе заўгодна вашай міласці, – адказаў лорд Фоксгэм. – Ён добра паслужыў нашай справе.

– Адабраю ваш выбар, – сказаў Рычард. – Няхай яны хутчэй павянчаюцца… Скажыце, цудоўная дзяўчына, вы хочаце выйсці замуж?

– Мілорд герцаг, – сказала Алісія, – калі гэты чалавек сумленны і не вырадак…

Тут яна разгубілася, і язык прыліп да яе гартані.

– Ён не вырадак, васпані, – спакойна сказаў Рычард. – Я адзіны гарбун ва ўсёй арміі; усе астатнія складзены добра… Лэдзі і вы, мілорд, – раптоўна сказаў ён з пераўвялічанай ласкавасцю, – не палічыце мяне няветлівым, калі я пакіну вас. У ваенны час правадыр не можа распараджацца сваім часам.

І з элегантным паклонам ён аддаліўся ў суправаджэнні сваёй світы.

– Аднак, – ускрыкнула Алісія, – я загінула!

– Вы яго не ведаеце, – адказаў лорд Фоксгэм. – Гэта дробязь, ён тут жа забыў вашы словы.

– У такім выпадку ён самы лепшы рыцар, – сказала Алісія.

– Не, проста ён думае аб іншым, – адказаў лорд Фоксгэм. – Але не будзем болей марудзіць.

У царкве іх чакаў Дзік у суправаджэнні некалькіх маладых людзей. Там яго павянчалі з Джаанай. Калі яны, урачыста-шчаслівыя, выйшлі на мароз і на сонца, армія ўжо рухалася па дарозе ад абацтва. Сярод коней, сярод цэлага лесу коней лунаў сцяг герцага Гластэра. За сцягам, акружаны закаванымі ў сталь рыцарамі, ехаў славалюбны, смелы, жорсткі гарбун насустрач свайму кароткаму цараванню і вечнай ганьбе. Але вясельнае шэсце павярнула ў другі бок, і неўзабаве госці паселі за стол і гулялі вяселле без вялікага шуму. Бацька-аканом частаваў гасцей і сядзеў за сталом разам з імі. Хэмлі забыў аб рэўнасці і пачаў заляцацца да Алісіі. Яна ж была вельмі задаволена. Пад спеў труб, пад бразгат зброі, пад тупат коней адыходзячай арміі Дзік і Джаана сядзелі побач, трымаючыся за рукі, і з усё ўзрастаючай пяшчотай і любоўю глядзелі адно аднаму ў вочы.

З таго часу бруд і кроў гэтай бурнай эпохі цяклі ўбаку ад іх. Удалечыні ад трывог жылі яны ў тым зялёным лесе, дзе ўзнікла іх каханне.

А ў вёсачцы Тэнстол у дастатку і міры, хіба, можа, толькі залішне цешачыся элем і віном, жылі на пенсіі два старыя. Адзін з іх усё жыццё быў мараком і да канца сваіх дзён працягваў аплакваць матроса Тома. Другі, чалавек бывалы, які пабачыў на сваім вяку ўсяго, пад канец жыцця зрабіўся вернікам і набожна сканаў у суседнім абацтве пад імем брата Ганестуса. Так збылася запаветная мара Лоўлеса: ён памёр манахам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю