355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Роберт Льюис Стивенсон » Чорная страла » Текст книги (страница 10)
Чорная страла
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 15:27

Текст книги "Чорная страла"


Автор книги: Роберт Льюис Стивенсон



сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 16 страниц)

Раздзел VI
«Добрая Надзея» (заканчэнне)

Стогны параненага барона змешваліся з выццём карабельнага сабакі. Ці сумаваў няшчасны сабака па сваіх сябрах, разлучаных з ім, ці адчуваў, што караблю пагражае небяспека, але выццё яго было такім гучным, што нават грукат хваляў і свіст ветру не маглі заглушыць яго. Прымхлівым людзям гэтае выццё здавалася пахавальным плачам па «Добрай Надзеі».

Лорд Фоксгэм ляжаў на ложку, на футравай сваёй мантыі. Перад абразом Багамаці мігцела лампадка, і пры цьмяным яе святле Дзік убачыў, які бледны твар у параненага і як глыбока запалі яго вочы.

– Мая рана смяротная, – сказаў лорд. – Падыдзіце да мяне бліжэй, малады Шэлтан. Няхай будзе каля мяне хоць адзін чалавек высакароднага паходжання, бо я ўсё жыццё пражыў у багацці і раскошы, і мне так самотна ўсведамляць, што я паранены ў нікчэмнай бойцы і паміраю на брудным халодным караблі, у моры, сярод усялякіх падонкаў і мужычча.

– Мілорд, – сказаў Дзік, – я малю святых вылечыць вашу рану і дапамагчы вам паспяхова дабрацца да берага.

– Паспяхова дабрацца да берага? – перапытаў лорд. – Хіба вы не ўпэўнены ў тым, што мы дабяромся паспяхова?

– Карабель рухаецца з цяжкасцю, мора лютае і бурнае, – адказаў юнак, – а са слоў нашага рулявога я зразумеў, што мы толькі цудам можам дабрацца да берага жывымі.

– А! – панура ўсклікнуў барон. – Вось пры якіх жахлівых пакутах маёй душы давядзецца расставацца з целам! Сэр, маліце Бога дараваць вам цяжкае жыццё, тады вам лягчэй будзе паміраць. Жыццё песціла мяне, а памерці мне наканавана сярод пакут і няшчасцяў! Аднак перад смерцю мне яшчэ неабходна зрабіць адну важную справу. Ці няма ў вас на караблі свяшчэнніка?

– Няма, – адказаў Дзік.

– Дык зоймемся маімі зямнымі справамі, – сказаў лорд Фоксгэм. – Спадзяюся, пасля маёй смерці вы застанецеся такім жа верным сябрам, якім вы былі пачцівым ворагам пры маім жыцці. Я паміраю ў цяжкі час для мяне, для Англіі і для ўсіх тых, хто ішоў за мною. Маімі воінамі камандуе Хэмлі – той самы, які быў вашым сапернікам. Яны дамовіліся сабрацца ў доўгай зале Халівуда. Вось гэты пярсцёнак з маёй рукі будзе служыць доказам, што вы дзейнічаеце ад майго імя. Акрамя таго, я напішу Хэмлі некалькі слоў і папрашу яго саступіць вам дзяўчыну. Але ці выканаеце вы мой загад? Гэтага я не ведаю.

– А што вы збіраецеся мне загадаць, мілорд? – спытаў Дзік.

– Загадаць?… – паўтарыў барон і нерашуча зірнуў на Дзіка. – Скажыце, вы прыхільнік Ланкастэра або Йорка? – спытаў ён нарэшце.

– Мне сорамна прызнацца, – адказаў Дзік, – але я і сам не ведаю. Зрэшты, я служу ў Эліса Дэкуорта, а Эліс Дэкуорт стаіць за Йоркскі дом. Атрымліваецца, што і я прыхільнік Йоркскага дома.

– Гэта добра, – сказаў лорд, – гэта цудоўна. Калі б вы аказаліся прыхільнікам Ланкастэра, я не ведаў бы, што мне рабіць. Але калі вы стаіце за Йорка, дык слухайце мяне. Я прыбыў у Шорбі, каб назіраць за лордамі, якія сабраліся там, пакуль мой высакародны малады валадар, Рычард Гластэрскі [5]5
  У той час, калі адбываліся падзеі, пра якія гаворыцца ў нашай аповесці, Рычард Гарбун яшчэ не быў герцагам Гластэрскім; але, з дазволу чытача, мы будзем яго так называць для большай выразнасці. (Заўвага аўтара.)


[Закрыть]
, збірае сілы, рыхтуючыся напасці на гэтых лордаў і рассеяць іх. Я здабыў звесткі аб колькасці варожай арміі, аб расстаноўцы загараджальных атрадаў, аб размяшчэнні непрыяцельскіх войск. Гэтыя звесткі я павінен перадаць майму валадару ў нядзелю, за гадзіну да апоўдня, бліз крыжа Святой Дзевы каля лесу. З'явіцца на гэтае спатканне мне, відавочна, не ўдасца, і я звяртаюся да вас з просьбай: акажыце мне ласку, пайдзіце туды замест мяне. І няхай ні радасць, ні боль, ні бура, ні рана, ні чума не затрымаюць вас! Будзьце каля прызначанага месца ў прызначаны час, бо ад гэтага залежыць шчасце Англіі.

– Даю вам урачыстае абяцанне выканаць вашу волю, – сказаў Дзік. – Я зраблю ўсё, што будзе мне па сіле.

– Цудоўна, – сказаў паранены, – мілорд герцаг дасць вам новыя загады, і калі вы іх выканаеце ахвотна і старанна, ваша будучыня забяспечана. Падсуньце да мяне лампаду, я хачу напісаць пісьмо.

Ён напісаў два пісьмы. На адным ён зрабіў надпіс: «Высокашаноўнаму майму родзічу сэру Джону Хэмлі», на другім не напісаў нічога.

– Гэта пісьмо герцагу, – сказаў ён. – Пароль – «Англія і Эдуард»; а водгук – «Англія і Йорк».

– А што будзе з Джаанай, мілорд? – спытаў Дзік.

– Джаану здабывайце самі, як умееце, – адказаў барон. – У абодвух пісьмах я пішу, што хачу выдаць яе за вас, але здабываць яе вам давядзецца самому, мой хлопчык. Я, як бачыце, спрабаваў вам дапамагчы, але заплаціў за гэта жыццём. Большага не мог бы зрабіць ніводзін чалавек.

Паранены хутка слабеў. Дзік, схаваўшы на грудзях каштоўныя пісьмы, пажадаў яму бадзёрасці і выйшаў з каюты.

Пачыналася світанне, халоднае і пахмурнае. Ішоў снег. Непадалёку ад «Добрай Надзеі» цягнуўся скалісты бераг, зрэзаны пясчанымі бухтамі, а ўдалечыні, за лясамі, узнімаліся вяршыні Тэнстолскіх пагоркаў. Вецер крыху прыціх, мора таксама злёгку супакоілася, але карабель сядзеў глыбока ў вадзе і з цяжкасцю ўзбіраўся на хвалі.

Лоўлес па-ранейшаму стаяў каля руля. Усе, хто быў на судне, стоўпіліся на палубе і тупа ўтаропіліся ў не дужа гасцінны бераг.

– Мы збіраемся прыстаць? – спытаў Дзік.

– Але, – сказаў Лоўлес, – калі раней не трапім на дно.

Пры гэтых словах карабель з такой цяжкасцю ўскарабкаўся на хвалю і вада ў труме заклекатала так гучна, што Дзік міжволі схапіў рулявога за руку.

– Клянуся небам, – усклікнуў Дзік, калі нос «Добрай Надзеі» вынырнуў з пены, – я ўжо думаў, мы тонем. Сэрца маё ледзь не лопнула!

На шкафуце [6]6
  Шкафут – сярэдняя частка палубы карабля, паміж кармавой і насавой надбудовай.


[Закрыть]
Грыншыў і Хокслі разам з лепшымі людзьмі абодвух атрадаў разбіралі палубу і майстравалі з яе дошак плыт. Дзік далучыўся да іх і цалкам захапіўся працай, каб хоць на хвіліну забыць пра небяспеку. Але, нягледзячы на ўсе намаганні, кожная хваля, што абрушвалася на няшчасны карабель, прымушала яго сэрца сціскацца ад жаху, нагадваючы аб блізкасці смерці.

Раптам, адарваўшыся ад работы, ён убачыў, што яны падышлі ўшчыльную да нейкага мыса. Падмытая морам скала, вакол якой клекатала белая пена цяжкіх хваляў, амаль навісла над палубай. За скалой, на вяршыні пясчанай дзюны, як бы ўвенчваючы яе, стаяў дом.

Усярэдзіне бухты хвалі ятрыліся яшчэ шалёней. Яны паднялі «Добрую Надзею» на свае пеністыя спіны, панеслі яе, ніколькі не лічачыся з рулявым, выкінулі на пясчаную водмель і, перакочваючыся цераз карабель, пачалі шпурляць яго з боку на бок. Потым адзін з велізарных валоў падняў «Добрую Надзею» і аднёс яе бліжэй да берага, і, нарэшце, трэці вал, перанёсшы яе цераз самыя небяспечныя буруны, апусціў на мель каля самага берага.

– Хлопцы, – крыкнуў Лоўлес, – святыя выратавалі нас! Пачынаецца адліў. Сядзем у кружок і вып'ем па чарцы віна. Праз паўгадзіны мы дабяромся да берага, як па мосце.

Прабілі бочачку. Людзі, што пацярпелі крушэнне, расселіся, стараючыся, наколькі магчыма, затуліцца ад снегу і пырскаў, і пусцілі чарку ўкругавую; віно сагрэла іх і падбадзёрыла.

Дзік тым часам вярнуўся да лорда Фоксгэма, які нічога не ведаў і ляжаў у смяротным жаху. Вада ў яго каюце даходзіла да калень, лампадка разбілася і патухла, пакінуўшы яго ў цемры.

– Мілорд, – сказаў малады Шэлтан, – болей няма чаго баяцца, святыя аберагаюць нас. Хвалі выкінулі нас на водмель, і як толькі прыліў крыху спадзе, мы дабяромся да берага.

Прайшла амаль гадзіна, перш чым мора адступіла ад «Добрай Надзеі» і мараплавальнікам удалося нарэшце паволі пайсці да берага, які невыразна бачыўся праз смугу мітуслівага снегу. На прыбярэжным пагорку ляжаў невялікі атрад узброеных людзей, якія падазрона сачылі за кожным іх рухам.

– Хай бы лепей падышлі да нас і аказалі дапамогу, – заўважыў Дзік.

– Калі яны да нас не ідуць, мы пойдзем да іх самі, – сказаў Хокслі. – Чым хутчэй мы дабяромся да слаўнага агню і сухой пасцелі, тым лепш для майго няшчаснага лорда.

Але людзі на пагорку раптоўна падхапіліся, і град стрэл паляцеў у мараплавальнікаў, якія пацярпелі крушэнне.

– Назад! Назад! – крыкнуў лорд. – Богам прашу, будзьце асцярожныя! Не адказвайце ім.

– Мы не можам біцца! – усклікнуў Грыншыў, выцягваючы стралу са сваёй скураной курткі. – Мы прамоклі, мы стаміліся, як сабакі, мы прамерзлі да касцей. Але, дзеля любові да старой Англіі, растлумачце мне, навошта яны з такой лютасцю абстрэльваюць сваіх землякоў, якія трапілі ў бяду?

– Яны прынялі нас за французскіх піратаў, – адказаў лорд Фоксгэм. – У гэтыя неспакойныя і подлыя часы мы не можам зберагчы нават уласныя берагі, берагі нашай Англіі. Нашы спрадвечныя ворагі, якіх яшчэ не так даўно мы перамагалі на моры і на сушы, прыязджаюць сюды, калі ім задумаецца, і рабуюць, забіваюць і паляць. Няшчасная радзіма! Вось да якой ганьбы мы дажылі.

Людзі на пагорку ўважліва сачылі, як яны падымаліся на бераг і як адыходзіліся ў глыб краіны па далінах паміж пясчанымі дзюнамі. Цэлую мілю ішлі пасля ўслед за стомленымі, змучанымі ўцекачамі, гатовыя пры найменшым падазрэнні даць па іх новы залп. Толькі калі Дзіку ўдалося нарэшце вывесці сваіх спадарожнікаў на вялікую дарогу і пастроіць іх у ваенным парадку, пільныя ахоўнікі ангельскіх берагоў зніклі за белым снегападам. Яны збераглі свае ўласныя дамы і фермы, свае ўласныя сем'і і сваю жывёлу – больш ім ні да чаго не было справы, і іх ніколькі не турбавала думка, што французы выражуць і спаляць іншыя вёскі і сёлы ангельскага каралеўства.

Кніга чацвертая
ПЕРААПРАНУТЫЯ

Раздзел I
Логавішча

Дзік выйшаў на вялікую дарогу недалёка ад Халівуда, міляў за дзевяць-дзесяць ад Шорбі-на-Ціле; пераканаўшыся, што іх больш не даганяюць, абодва атрады раздзяліліся. Слугі лорда Фоксгэма панеслі свайго параненага валадара ў вялікае абацтва, дзе было бяспечна і спакойна. Калі яны зніклі за густой заслонай снегападу, у Дзіка застаўся тузін бадзяг – усё, што ацалела ад яго дабравольніцкага атрада.

Многія з іх былі паранены; усе да аднаго былі ўзлаваны няўдачамі і працяглым вандраваннем; згаладалыя і змерзлыя, яны не мелі сілы адкрыта бунтаваць і толькі бурчалі ды панура пазіралі на сваіх правадыроў. Дзік раздаў ім усё, што было ў яго ў кашальку, нічога не пакінуўшы сабе, і падзякаваў за храбрасць, хаця, шчыра кажучы, намнога ахвотней вылаяў бы іх за баязлівасць. Трошкі змякчыўшы гэтым уражанне ад працяглых няўдач, ён загадаў ім папарна і ў адзіночку прабірацца да Шорбі і чакаць яго ў шынку «Казёл і валынка».

Помнячы падзеі, што адбыліся на борце «Добрай Надзеі», ён пакінуў пры сабе аднаго толькі Лоўлеса. Снег падаў бесперастанку і ўсё засцілаў навокал, быццам сляпучае воблака; вецер паступова сціхаў і нарэшце знік зусім; увесь свет здаваўся загорнутым у белую пялёнку і паглыбленым у маўчанне. Сярод снежных сумётаў лёгка было збіцца з дарогі і загрузнуць. І Лоўлес, які крочыў наперадзе, выцягваў шыю, як паляўнічы сабака, што ідзе па следзе, вывучаў кожнае дрэва, уважліва ўзіраўся ў сцяжынку, быццам вёў карабель па бурным моры.

Калі прайшлі лесам добрую мілю, яны наблізіліся да гаю карабатых высокіх дубоў, паблізу якіх скрыжоўваліся некалькі дарог. Гэтае месца няцяжка было пазнаць нават у такую пагоду, і Лоўлес быў, відаць, рады, што знайшоў яго.

– А цяпер, майстар Рычард, – сказаў ён, – калі ваш гонар не перашкодзіць вам пакарыстацца гасціннасцю чалавека, які не нарадзіўся джэнтльменам і якога нават нельга назваць добрым хрысціянінам, я магу прапанаваць вам кубак віна і зыркі агонь, каб разагрэць вашы костачкі.

– Вядзі, Уіл, – адказаў Дзік. – Кубак віна і зыркі агонь! Дзеля гэтага я згодзен ісці куды заўгодна.

Лоўлес рашуча пакрочыў уперад і, калі прайшоў пад аголенымі дрэвамі, хутка выбіўся да пячоры, ледзь не напалову засыпанай снегам. Над уваходам у пячору рос велізарны бук з непрыкрытымі каранямі; стары бадзяга, рассунуўшы кусты, знік пад зямлёй.

Калісьці магутны ўраган выкарчаваў велізарны бук з зямлі разам з вялікім кавалкам дзёрну; пад гэтым букам Лоўлес і выкапаў сабе лясное сховішча. Карані яму служылі латамі, дахам быў дзёран, сценамі і падлогай была сырая зямля. У адным кутку знаходзіўся ачаг, пачарнелы ад агню, у другім стаяла вялікая дубовая скрыня, моцна акаваная жалезам; толькі па гэтых прадметах можна было здагадацца, што тут чалавечае жыллё, а не звярыная нара.

Нягледзячы на тое, што ў пячору намяло снегу, у ёй было намнога цяплей, чым вонкі; а калі Лоўлес высек іскру і ў ачагу ўспыхнулі і затрашчалі сухія галінкі, стала па-хатняму ўтульна.

Задаволены, Лоўлес уздыхнуў, працягнуў свае шырокія рукі да агню і ўцягнуў у сябе пах дыму.

– Вось, – сказаў ён, – трусіная нара старога Лоўлеса. Малю неба, каб сабакі не пранюхалі аб ёй! Багата я блукаў па свеце з таго часу, як мне споўнілася чатырнаццаць гадоў і я ўпершыню ўцёк з абацтва, украўшы залаты ланцуг і малітоўнік, якія прадаў за чатыры маркі. Калі стаў паломнікам, спрабаваў выратаваць сваю душу: пабываў у Англіі, у Францыі, у Бургундыі і ў Гішпаніі; пабываў і на моры, у гэтай чужыне ўсіх народаў. Але сапраўднае маё месца, майстар Шэлтан, толькі тут. Тут мая радзіма – вось гэтая нара ў зямлі! Ці дождж ідзе, ці свеціць сонца, ці ў красавіку, калі спяваюць птушкі і кветкі падаюць на маю пасцель, або зімою, калі я сяджу сам-насам з добрым кумам-агнём і ў лесе шчабеча канаплянка, – гэтая нара замяняе мне ўсё: і царкву, і рынак, і жонку, і наследніка. Дзе б я ні быў, я заўсёды вяртаюся сюды. І я малю святых угоднікаў, каб мне тут было дазволена памерці.

– А што ж, у цябе тут і праўда ўтульны куток, – адказаў Дзік, – і цёпла, і старонняму воку не бачна.

– Але, ён схаваны добра, і гэта самае галоўнае, – падхапіў Лоўлес, – бо сэрца маё разарвалася б, калі б яго знайшлі. Вось тут, – сказаў ён, раскопваючы моцнымі пальцамі пясчаную падлогу, – тут мой вінны пограб, і вы зараз атрымаеце біклагу цудоўнай моцнай брагі.

І сапраўды, пакапаўшы крыху, ён выцягнуў вялікую скураную бутлю, на тры чвэрці напоўненую моцным, духмяным элем. Выпіўшы адзін за аднаго, яны падкінулі паліва ў агонь, і полымя зноў заблішчала. Яны леглі і выцягнулі ногі, упіваючыся асалодай цеплыні.

– Майстар Шэлтан, – заўважыў бадзяга, – за апошні час вы двойчы пацярпелі няўдачу; падобна на тое, што вы страціце і дзяўчыну. Ці правільна я кажу?

– Правільна, – адказаў Дзік, кіўнуўшы галавой.

– А цяпер, – працягваў Лоўлес, – паслухайце старога дурня, які амаль усюды пабываў і амаль усё пабачыў. Занадта многа выконваеце вы чужых даручэнняў, майстар Шэлтан. Вы стараецеся для Эліса; але Эліс марыць толькі аб смерці сэра Дэніэла. Вы стараецеся для лорда Фоксгэма… Зрэшты, хай берагуць яго святыя, у яго, без сумнення, добрыя намеры. Аднак лепш за ўсё старацца для сябе самога, добры Дзік. Ідзіце да сваёй дзяўчыны. Заляцайцеся да яе, а то як бы яна не забыла вас. Будзьце напагатове, і калі надарыцца выпадак, бярыце каня і скачыце разам з ёю.

– Ах, Лоўлес, ды яна ж, пэўна, знаходзіцца ў доме сэра Дэніэла! – адказаў Дзік.

– Ну што ж, мы пойдзем у дом сэра Дэніэла, – адказаў бадзяга.

Дзік здзіўлена паглядзеў на яго.

– Няма чаго здзіўляцца, – сказаў Лоўлес, – калі вы мне не верыце на словах, зірніце сюды.

І бадзяга зняў з шыі ключ, адчыніў дубовы куфэрак; пакапаўшыся, ён выняў з яго спачатку манаскую расу, потым вяровачны пояс і, нарэшце, велізарны ружанец, такі цяжкі, што ім можна было б дзейнічаць, як зброяй.

– Вось, – сказаў ён, – гэта для вас. Апранайце!

Калі Дзік пераапрануўся ў манаха, Лоўлес выняў фарбы і аловак і, як сапраўдны майстар, узяўся грыміраваць яго. Бровы зрабіў таўсцейшыя і даўжэйшыя; ледзь пазначаныя вусікі Дзіка ператварыў у вялікія вусы; некалькімі лініямі змяніў выраз вачэй, і малады манах пачаў здавацца намнога старэй за свае гады.

– Зараз я таксама пераапрануся, – сказаў Лоўлес, – і ніхто не адрозніць нас ад сапраўдных манахаў. Мы смела пойдзем да сэра Дэніэла, а там з любові да царквы-маці нам акажуць радасны прыём.

– Чым мне адплаціць табе, дарагі Лоўлес? – ускрыкнуў юнак.

– Э, брат, – адказаў бадзяга, – усё, што я раблю, я раблю дзеля свайго задавальнення! Не турбуйся пра мяне. Клянуся небам, я аб сабе і сам паклапачуся: язык у мяне доўгі, голас – быццам манастырскі звон, і калі мне што-небудзь трэба, я буду прасіць, мой сын. А калі просьбы малавата, вазьму сам.

Стары махляр пацешна скрывіўся. І, як Дзіка ні гідзіла заступніцтва такой сумніцельнай асобы, ён не стрымаўся і зарагатаў.

Лоўлес вярнуўся да куфэрка і таксама прыбраўся манахам. Дзік са здзіўленнем заўважыў, што пад сваёй расай Лоўлес схаваў звязак чорных стрэл.

– Навошта яны табе? – спытаў Дзік. – Для чаго табе стрэлы, калі ты не бярэш лука?

– Нямала давядзецца разбіць галоў і паламаць спін, перш чым выйдзем адтуль, куды ідзём, – весела адказаў Лоўлес. – І калі што здарыцца, я хацеў бы, каб наша брацтва падтрымала свой гонар. Чорная страла, майстар Дзік, – пячатка нашага абацтва. Яна паказвае, кім прысланы рахунак.

– У мяне з сабою важныя паперы, – сказаў Дзік. – Калі іх знойдуць, яны загубяць і мяне і тых, хто даў іх мне. Дзе іх схаваць, Уіл?

– Э, – адказаў Лоўлес, – я пайду ў лес і прасвішчу тры куплеты з песні, а вы тым часам закапайце іх дзе хочаце і разраўняйце над імі пясок.

– Нізавошта! – ускрыкнуў Рычард. – Я давяраю табе, сябар. Я быў бы нізкім чалавекам, калі б не давяраў табе!

– Брат, ты дзіця, – адказаў стары бадзяга, спыняючыся на парозе логавішча і павярнуўшыся да Дзіка. – Я добры стары хрысціянін, не здраднік і не шкадую сваёй крыві дзеля сябра. Але, неразумнае дзіця, я злодзей па рамяству, па нараджэнні і па звычках. Калі б мая бутля была пустая і ў мяне перасохла б у роце, я абрабаваў бы вас, дарагое дзіця, і гэта такая ж праўда, як тое, што я люблю вас, паважаю вас і захапляюся вамі! Ці можна сказаць ясней? Не!

І, хруснуўшы сваімі вялікімі пальцамі, ён пайшоў прэч і знік у кустарніку.

Дзіку не было калі ламаць галаву над супярэчлівай натурай свайго таварыша. Як толькі ён застаўся адзін, ён паспешліва выцягнуў свае паперы, перачытаў іх і закапаў. Толькі адну ён захапіў з сабою, таму што яна ніяк не магла пашкодзіць яго сябрам, а пры выпадку паслужыла б доказам супраць сэра Дэніэла. Гэта было ўласнаручнае пісьмо тэнстолскага рыцара да лорда Ўэнслідэла, пасланае раніцай пасля паражэння пры Райзінгэме і знойдзенае Дзікам на целе забітага ганца.

Дзік затаптаў несатлелае вугалле, выйшаў з логавішча і далучыўся да старога бадзягі. Той чакаў яго пад аголенымі дубамі, злёгку ўжо прыцярушаны снегам. Яны зірнулі адзін на аднаго і зарагаталі, – маскарад атрымаўся на славу.

– Шкада, што зараз не лета, – прабурчаў Лоўлес. – А то я заглянуў бы ў лужыну і ўбачыў бы сябе ў ёй, як у люстэрку. Многія воіны сэра Дэніэла ведаюць мяне ў твар. Калі нас выкрыюць, яшчэ невядома, што зробяць з вамі, а вось я не паспею і «Ойча наш» прачытаць, як буду гайдацца на вяроўцы.

Адным словам, яны выправіліся ў Шорбі; дарога цягнулася то лесам, то полем. Па баках стаялі домікі беднякоў і маленькія фермы.

Лоўлес убачыў адзін з такіх домікаў і раптоўна спыніўся.

– Брат Марцін, – сказаў ён абсалютна змененым, ялейным, манаскім голасам. – Давайце зойдзем і папросім міласціну ў гэтых бедных грэшнікаў. Pax vobiscum! [7]7
  Pax vobiscum (лац.)– Мір вам!


[Закрыть]
Э, – дадаў ён сваім звычайным голасам, – вось гэтага якраз я і баяўся: я ўжо развучыўся гугнявіць па-манаску. Дазвольце мне, добры майстар Шэлтан, крыху папрактыкавацца тут, перад тым як рызыкнуць сваёй тлустай шыяй у доме сэра Дэніэла. Бачыце, як карысна быць майстрам на ўсе рукі! Калі б не быў я мараком, вы абавязкова пайшлі б на дно на «Добрай Надзеі»; калі б я не быў злодзеем, я не змог бы расфарбаваць вам твар; і калі б я не пахадзіў у манахах і не прывык дзерці горла ў царкоўным хоры ды аб'ядацца манастырскімі харчамі, гэтая раса не сядзела б на мне так спрытна, і першы сустрэчны сабака аббрахаў бы нас, як прытворшчыкаў.

Ён падышоў ушчыльную да дома, прыўзняўся на наскі і зазірнуў у акно.

– Ну, – сказаў ён, – цудоўна! Тут мы якраз і выпрабуем наш маскарад і ў дадатак сыграем вясёлы жарт з братам Кэперам.

З гэтымі словамі ён адчыніў дзверы і зайшоў у дом.

Тры разбойнікі з «Чорнай стралы» сядзелі за сталом і прагна елі. Кінжалы, уваткнутыя побач з імі ў стол, і змрочныя, пагражальныя позіркі, якія яны кідалі на жыхароў дома, сведчылі аб тым, што разбойнікі балююць на становішчы захопнікаў, а не прошаных гасцей. Яны з абурэннем паглядзелі на двух манахаў, якія з належнай іх сану ціхмянасцю зайшлі ў кухню. Адзін з іх – сам Джон Кэпер, які, відавочна, быў тут важаком, – груба загадаў ім зараз жа выбірацца.

– Жабракі нам не патрэбны! – крыкнуў ён.

Аднак другі быў мякчэйшы, хаця таксама, канечне, не пазнаў ні Дзіка, ні Лоўлеса.

– Не праганяй іх! – сказаў ён. – Мы людзі дужыя і бяром самі што нам трэба; а яны слабыя і просяць; але ў рэшце рэшт яны выратуюцца, а мы загінем… Не звяртайце на яго ўвагі, бацька. Падыходзьце, выпіце з маёй чаркі і благаславіце мяне.

– Вы людзі легкадумныя і бязбожныя, – загаварыў манах. – Святыя не дазволяць мне піць з вамі. Але, шкадуючы грэшнікаў, я падару вам адну свяшчэнную рэч, і дзеля выратавання вашай душы я загадваю вам цалаваць і берагчы яе.

Лоўлес грукатаў і грымеў як належыць прапаведніку манаху. Але пры гэтых словах ён выцягнуў з-пад расы чорную стралу, шпурнуў яе на стол перад трыма здзіўленымі бадзягамі, павярнуўся, схапіў Дзіка за руку, выскачыў з ім з пакоя і, перш чым тыя паспелі вымавіць хоць слова або паварушыць пальцам, знік за густой заслонай снегападу.

– Такім чынам, – сказаў ён, – мы выпрабавалі наш грым, майстар Шэлтан. Цяпер я гатовы рызыкнуць уласнай тушай дзе заўгодна.

– Выдатна! – адказаў Рычард. – Мне таксама не церпіцца дзейнічаць. Хадзем у Шорбі!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю