355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Роберт Льюис Стивенсон » Чорная страла » Текст книги (страница 2)
Чорная страла
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 15:27

Текст книги "Чорная страла"


Автор книги: Роберт Льюис Стивенсон



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 16 страниц)

Кніга першая
ДВА ХЛОПЧЫКІ

Раздзел I
Пад шыльдай «Сонца» ў Кэтлі

Сэр Дэніэл і яго воіны размясціліся на гэтую ноч у Кэтлі і бліжэйшых ваколіцах у цёплых, добра ахоўваемых дамах. Але тэнстолскі рыцар быў з тых людзей, якіх ні на хвіліну не пакідае прага нажывы; і нават цяпер, напярэдадні паходу, у якім ён павінен быў або перамагчы, або загінуць, ён падняўся ў гадзіну ночы, каб выбіць грошы са сваіх бедных суседзяў. Ён нажываўся на спрэчных спадчынах. Звычайна ён купляў права спадчыны ў якога-небудзь безнадзейнага прэтэндэнта і потым з дапамогай магутных лордаў, што акружалі караля, дабіваўся няправільных рашэнняў у сваю карысць; калі ж гэта было надта турботна, ён проста захопліваў спрэчны маёнтак сілай, а затым з дапамогай сваіх сувязей і сэра Олівера, які ўмеў круціць законам як заўгодна, утрымліваў захопленае. Такім чынам зусім нядаўна ён наклаў сваю лапу і на вёску Кэтлі; тут ён усё яшчэ сустракаў адпор з боку сялян, і, каб запалохаць незадаволеных, ён і прывёў сюды свае войскі.

У дзве гадзіны ночы сэр Дэніэл сядзеў у харчэўні каля самага агню, таму што па начах у акружаным балотамі Кэтлі было холадна. Каля яго локця стаяў кубак элю, настоенага на прыправах, ён зняў свой шлем з забралам і сядзеў – лысы, худы, смуглы, захутаны ў крывава-чырвоны плашч, – апусціўшы галаву на руку. У далёкіх кутках пакоя размясціліся яго воіны – чалавек дванаццаць; адны з іх каравулілі каля дзвярэй; іншыя спалі на лаўках; трошкі бліжэй, на падлозе, загарнуўшыся ў плашч, спаў хлопчык гадоў дванаццаці-трынаццаці. Гаспадар «Сонца» стаяў перад сваім валадаром.

– Слухайся маіх загадаў, гаспадар, – казаў сэр Дэніэл, – і я заўсёды буду табе добрым панам. Я хачу, каб маімі вёскамі кіравалі добрыя людзі; я хачу каб Адам-э-Мор быў выбраны галоўным канстэблем; паклапаціся аб гэтым. Калі вы выбераце іншага, вам будзе дрэнна. Я вам дараваць не збіраюся, вы ўсе правінаваціліся перада мной, таму што вы ўсе плацілі чынш Уэлсінгэму. І ты таксама плаціў, мой шаноўны.

– Слаўны рыцар, – сказаў гаспадар, – я гатовы прысягнуць на крыжы Халівуда, што я плаціў Уэлсінгэму толькі па прымусу. Не, добры рыцар, я не люблю нягодных Уэлсінгэмаў. Яны бедныя, быццам зладзеі, слаўны рыцар. Мне падабаюцца магутныя лорды накшталт вас. Спытайце каго заўгодна, – усе скажуць, што я заўсёды стаяў за Брэклі.

– Можа быць, – суха прамовіў сэр Дэніэл. – І таму ты заплаціш удвая.

Шынкар скрывіўся, зрэшты, у тыя неспакойныя часы падобныя здзекі былі не ў навіну, і ў глыбіні душы ён, напэўна, быў рады, што так лёгка выкруціўся.

– Прывядзі старога, Сэлдэн! – крыкнуў рыцар.

Адзін з воінаў увёў у пакой абарванага, згорбленага старога, бледнага, як свечка; стары дрыжаў ад балотнай ліхаманкі.

– Як цябе завуць? – спытаў сэр Дэніэл.

– З дазволу вашай светласці, – адказаў стары, – мяне завуць Кандол. Кандол з Шорбі, з дазволу вашай светласці.

– Мне расказвалі пра цябе шмат кепскага, – сказаў рыцар. – Ты, аказваецца, здраднік, нягоднік! Вадзяешся ўсюды і разносіш небыліцы. Цябе падазраюць у забойстве не аднаго чалавека. Вось які ты, аказваецца, смяльчак! Не турбуйся, я цябе супакою!

– Глыбокашаноўны і высокапаважаны лорд, – ускрыкнуў стары, – тут нейкая блытаніна! Я бедны чалавек, я ніколі нікога не крыўдзіў.

– Памочнік шэрыфа гаварыў аб табе вельмі пагана, – сказаў рыцар. – «Схапіце, – загадаў ён, – гэтага Тындэла з Шорбі».

– Мяне завуць Кандол, мой добры лорд, – сказаў няшчасны.

– Кандол або Тындэл – гэта ўсё роўна, – холадна адказаў сэр Дэніэл. – Ты папаўся, і я дужа сумняваюся ў тваёй сумленнасці. Калі хочаш выратаваць сваю шыю ад пятлі, напішы мне зараз жа абавязацельства заплаціць дваццаць фунтаў.

– Дваццаць фунтаў, мой добры лорд! – усклікнуў Кандол. – Гэта вар'яцтва! Уся мая маёмасць не каштуе і сямідзесяці шылінгаў.

– Кандол або Тындэл, – сказаў сэр Дэніэл, засмяяўшыся, – я гатовы пайсці на гэтую рызыку. Напішы мне абавязацельства на дваццаць фунтаў, я атрымаю з цябе ўсё, што змагу, і па сваёй дабраце дарую табе астатняе.

– На жаль, мой добры лорд, я не ўмею пісаць, – сказаў Кандол.

– На жаль, мой бедны Кандол, – перадражніў яго рыцар, – давядзецца прыняць крутыя меры. Мне так хацелася пашкадаваць цябе, Тындэл, але сумленне не дазваляе… Сэлдэн, вазьмі гэтага старога буркуна, падвядзі яго ціхенька да бліжэйшага вяза ды павесь там як мага пяшчотней за шыю, каб я яго бачыў, калі буду праязджаць міма… Добрага шляху вам, слаўны майстар Кандол, мілы майстар Тындэл! Вы на ўсім скаку ўедзеце ў рай! Добрага вам шляху!

– О лорд, вы вялікі жартаўнік! – адказаў Кандол і прымусіў сябе лісліва ўсміхнуцца. – Вам належыць патрабаваць, а мне належыць падпарадкоўвацца, і я, нягледзячы на ўсё маё няўменне, паспрабую напісаць абавязацельства.

– Шаноўны! – сказаў сэр Дэніэл. – Зараз ты напішаш на сорак. Хопіць! Ты хітрун, і маёмасць твая каштуе не семдзесят шылінгаў. Сэлдэн, прасачы, каб ён усё напісаў як трэба і каб подпіс яго быў правільна засведчаны.

І сэр Дэніэл, самы вясёлы рыцар у Англіі, глынуў духмянага элю і з усмешкай адкінуўся на спінку крэсла.

Хлопчык на падлозе варухнуўся, сеў і спалохана агледзеў пакой.

– Ідзі сюды, – сказаў сэр Дэніэл; і калі хлопчык, падпарадкоўваючыся яго загаду, падняўся і паволі падышоў да яго, ён зноў адкінуўся назад і гучна зарагатаў. – Клянуся распяццем! – крыкнуў ён. – Які мацак!

Хлопчык пачырванеў ад гневу, і ў цёмных яго вачах бліснула нянавісць. Цяпер, калі ён стаяў, цяжка было вызначыць яго ўзрост. Твар у яго быў свежы, як у дзіцяці, але выраз твару ўжо не дзіцячы; целам ён быў незвычайна тонкі і хадзіў трошкі нязграбна.

– Вы паклікалі мяне, сэр Дэніэл, – сказаў ён, – для таго, каб пасмяяцца над маім сумным становішчам?

– А чаму не пасмяяцца? – спытаў рыцар. – Будзь ласкавы, дазволь ужо мне пасмяяцца. Калі б ты мог бачыць сябе, ты першы засмяяўся б.

– Калі вы будзеце плаціць за ўсё, вы заплаціце і за гэта, – сказаў хлопчык, густа чырванеючы. – А пакуль смейцеся колькі вам заўгодна!

– Не думай, што я насміхаюся над табою, мілы браце, – адказаў сэр Дэніэл, перастаўшы смяяцца. – Гэта толькі жарты. Я ж проста жартую па-сваяцку, па-сяброўску. Я наладжу твой шлюб, атрымаю за яго тысячу фунтаў і буду вельмі цябе любіць. Праўда, я трошкі груба цябе ўкраў, але іншага выйсця не было. Аднак зараз я буду служыць табе ад усяго сэрца. Ты станеш місіс Шэлтан… не, лэдзі Шэлтан, клянуся небам, таму што хлопчык далёка пойдзе. Лухта! Няма чаго саромецца сумленнага смеху, смех разганяе смутак. Дурныя людзі ніколі не смяюцца, добры браце… Шаноўнейшы гаспадар, дай павячэраць майму братку, майстру Джону… Сядай, дружа, і еш.

– Не, – сказаў майстар Джон, – есці я не буду. Вы завабілі мяне ў грэх, і мне трэба падумаць аб сваёй душы… Добры гаспадар, будзь ласкавы, прынясі мне кубак чыстай вады; я табе буду шчыра ўдзячны.

– Ты атрымаеш адпушчэнне ўсіх грахоў, ліха цябе бяры! – крыкнуў рыцар. – Паспавядаешся – і справе канец! Еш і ні аб чым не трывожся!

Але хлопчык быў упарты: ён выпіў кубак вады, загарнуўся ў свой плашч, сеў у далёкі кут і змрочна задумаўся.

Пад раніцу ў вёсцы паднялася сумятня, пачуліся вокрыкі вартавых, зазвінела зброя, застукалі капыты; атрад коннікаў пад'ехаў да дзвярэй харчэўні, і Рычард Шэлтан, запырсканы гразёю, пераступіў праз парог.

– Няхай беражэ вас неба, сэр Дэніэл! – сказаў ён.

– Як? Дзік Шэлтан? – закрычаў рыцар. Хлопчык, які сядзеў у куце, пачуўшы імя Дзіка, з цікаўнасцю падняў галаву. – А дзе Бенет Хэтч?

– Вось вам, сэр рыцар, пакет ад сэра Олівера. Прачытайце, што ён піша, і ўсё даведаецеся, – адказаў Рычард, падаючы яму пісьмо свяшчэнніка. – І, калі ласка, паспяшайцеся, таму што трэба скакаць на ўвесь мах да Райзінгэма. На шляху мы сустрэлі ганца, які дужа спяшаўся з пісьмамі; ён паведаміў нам, што мілорду Райзінгэму пагражае паражэнне і ён чакае ад нас дапамогі.

– Як ты сказаў? Пагражае паражэнне? – перапытаў рыцар. – Ну не, тады мы будзем крукам сядзець тут, добры Рычард. У нашым няшчасным ангельскім каралеўстве хто цішэй едзе, той далей будзе. Кажуць, што марудзіць небяспечна, а па-мойму, больш небяспечна спяшацца. Запомні гэта, Дзік. Але перш дай мне паглядзець, што за жывёлу ты прыгнаў сюды. Сэлдэн, зачыні за мною дзверы на засаўку!

Сэр Дэніэл выйшаў на вясковую вуліцу і пры чырвоным святле факела агледзеў свае новыя войскі. Яго не любілі як суседа, не любілі як валадара, але тыя, хто змагаўся пад яго сцягамі, вельмі любілі яго як военачальніка. Яго рашучасць, яго выпрабаваная мужнасць, яго клопаты аб зручнасцях салдат, нават яго грубыя жарты – усё гэта падабалася смельчакам у латах і шлемах.

– Клянуся распяццем, – крыкнуў ён, – што за нікчэмныя сабакі! Адны выгнуліся, як лукі, другія худыя, як дзіды! Сябры, у час бітвы я пушчу вас наперад; такіх, як вы, берагчы не варта, сябры. Дайце мне разгледзець гэтага старога дурня на рабой здыхлі! Двухгадовы баран вярхом на свінні больш падобны на салдата, чым ты. А, Кліпсбі! І ты тут, стары пацук? Вось чалавек, якім я зусім не хачу даражыць! Ты паедзеш наперадзе ўсіх, а на грудзях у цябе будзе намаляваная мішэнь, каб варожыя стралкі не прамахнуліся. Дык вось, вырашана. Ты будзеш скакаць наперадзе і паказваць мне дарогу.

– Я пакажу вам любую дарогу, сэр Дэніэл, але толькі не тую, што вядзе да здрады, – бясстрашна адказаў Кліпсбі.

Сэр Дэніэл гучна зарагатаў.

– Нядрэнна сказана! – усклікнуў ён. – Язык у цябе добра падвешаны, чорт цябе вазьмі! Дарую табе твой жарт. Сэлдэн, накармі людзей і коней.

І рыцар вярнуўся ў харчэўню.

– Ну, дружа Дзік, пачынай, – сказаў ён. – Вось слаўны эль, вось свініна. Еш, а я пакуль пачытаю.

Ён разарваў пакет, прачытаў ліст і нахмурыўся. Некалькі хвілін ён сядзеў, раздумваючы. Потым Уважліва паглядзеў на свайго выхаванца.

– Дзік, – спытаў ён, – ты чытаў гэтыя паскудныя вершыкі?

Хлопчык адказаў, што чытаў.

– У іх згадваюць твайго бацьку, – сказаў рыцар, – і якісьці вар'ят абвінавачвае нашага няшчаснага балбатуна-свяшчэнніка ў тым, што ён забіў яго.

– Сэр Олівер з гэтым не згодны, – адказаў Дзік.

– Не згодны? – усклікнуў рыцар рэзка. – А ты не слухай яго! У яго язык без касцей, балбоча, нібы сарока. Я калі-небудзь у вольную хвілінку ўсё сам табе раскажу, Дзік. У забойстве твайго бацькі падазравалі нейкага Дэкуорта; але час быў смутны, і дамагчыся правасуддзя нам не ўдалося.

– Бацьку забілі ў замку Мот? – спытаў Дзік, і сэрца ў яго страпянулася.

– Паміж замкам Мот і Халівудам, – адказаў сэр Дэніэл спакойным голасам, аднак кінуў на Дзіка пахмуры, падазроны позірк. – Ну, еш хутчэй, – дадаў рыцар, – і павязеш маё пісьмо ў Тэнстол.

У Дзіка выцягнуўся твар.

– Прашу вас, сэр Дэніэл, – усклікнуў ён, – пашліце каго-небудзь з сялян! Дазвольце мне прыняць удзел у бітве. Я буду храбра змагацца!

– Не сумняваюся, – адказаў сэр Дэніэл і сеў пісаць ліст. – Але нас, Дзік, зусім не чакаюць воінскія ўшанаванні. Я буду сядзець тут, у Кэтлі, да таго часу, пакуль не стане зразумела, хто пераможа ў гэтай бітве, і тады далучуся да пераможцы. Не кажы, што гэта баязлівасць, Дзік; гэта – усяго толькі добры розум. Наша няшчасная дзяржава змучана бунтамі, кароль то на троне, то ў турме, і ніхто не можа ведаць, што будзе заўтра. Пустамелі і Ветрагоны змагаюцца на адным баку або на другім, а лорд Здаровы Сэнс сядзіць і чакае моманту.

З гэтымі словамі сэр Дэніэл павярнуўся да Дзіка спіной і, прысеўшы за другі канец стала, пачаў пісаць. Куточкі яго губ уздрыгвалі. Гісторыя з чорнай стралой вельмі затрывожыла яго.

Тым часам малады Шэлтан старанна еў. Раптам хтосьці крануў яго за руку, і над вухам у яго пачуўся шэпт.

– Не падавайце выгляду, што вы чуеце, прашу вас! – шаптаў чыйсьці голас. – Зрабіце мне паслугу, растлумачце, якой дарогай можна хутчэй даехаць да Халівуда. Малю вас, добры хлопчык, дапамажыце няшчаснаму, які трапіў у бяду, пакажыце мне шлях да выратавання.

– Ідзіце паўз ветраны млын, – адказаў Дзік таксама шэптам. – Сцяжынка давядзе вас да пераправы цераз Ціл. Там вам раскажуць, як ісці далей.

Ён нават галавы не павярнуў і зноў узяўся за ежу. Але куточкам вока ён заўважыў, як хлопчык, якога называлі «майстар Джон», асцярожна выслізнуў з пакоя.

«Ён ні трошкі не старэй за мяне, – падумаў Дзік. – І ён асмеліўся назваць мяне хлопчыкам! Ды калі б я ведаў, што са мной так размаўляе блазан, я б хутчэй павесіў яго, чым паказаў дарогу! Ну, ды я яго даганю дзе-небудзь у балоце і нацягаю за вушы!»

Праз паўгадзіны сэр Дэніэл уручыў Дзіку пісьмо і загадаў яму скакаць у замак Мот. А праз паўгадзіны пасля таго, як Дзік паехаў, у пакой уляцеў запыханы ганец мілорда Райзінгэма.

– Сэр Дэніэл, – сказаў ганец, – вы губляеце цудоўны выпадак заслужыць славу! Раніцай на світанні ўзнавілася бітва. Мы разбілі іх перадавыя часці і рассеялі правае крыло. Толькі цэнтр яшчэ трымаецца. У вас свежыя сілы, і вы можаце загнаць непрыяцеля ў раку. Што вы скажаце, сэр рыцар? Няўжо вы з'явіцеся апошнім? Гэта абняславіць вас.

– Я толькі што збіраўся выступіць! – закрычаў рыцар. – Сэлдэн, трубі паход! Сэр, я рухаюся за вамі. Большая частка майго атрада прыйшла сюды ўсяго дзве гадзіны назад, сэр. Што тут будзеш рабіць? Калі каня надта прышпорваць, ён здохне… Жыва, хлопцы!

У ранішнім паветры весела заспявала труба; воіны сэра Дэніэла збягаліся з усіх бакоў на галоўную вуліцу і строіліся перад харчэўняй. Яны спалі са зброяй у руках, не рассядлоўваючы коней, і праз дзесяць хвілін сто дзіданосцаў і лучнікаў, цудоўна аснашчаных і навучаных, стаялі ў страі гатовыя рушыць у бой. Амаль усе былі апрануты пад колер адзення сэра Дэніэла – цёмна-чырвоны з сінім, – і гэта надавала ім святочны выгляд. Тыя, хто быў лепш узброены, пастроіліся наперадзе, а ззаду ўсіх, у канцы калоны, размясцілася вартае жалю падмацаванне, што з'явілася напярэдадні вечарам. Сэр Дэніэл з гонарам агледзеў свой атрад.

– З такімі малайцамі не прападзеш! – сказаў ён.

– Воіны выдатныя, нічога не скажаш, – адказаў ганец. – Гледзячы на іх, я яшчэ больш шкадую, што вы не выступілі раней.

– На банкеце ўсё лепшае падаюць спачатку, а на полі бою – у канцы, сэр, – сказаў рыцар і ўскочыў у сядло. – Гэй! – закрычаў ён. – Джон! Джаана! Клянуся святым распяццем! Дзе яна? Гаспадар, дзе дзяўчынка?

– Дзяўчынка, сэр Дэніэл? – спытаў шынкар. – Я не бачыў ніякай дзяўчынкі, сэр.

– Ну хлопчык, дурань! – крыкнуў рыцар. – Няўжо ты не разгледзеў, што гэта дзеўка! На ёй цёмна-чырвоны плашч. Яна паснедала кубкам вады, помніш, нягоднік! Дзе ж яна?

– Ды выратуюць нас святыя! Вы называлі яе «майстар Джон», – сказаў гаспадар. – А я ж не здагадаўся… Ён паехаў. Я бачыў яго… яе… бачыў яе ў стайні гадзіну назад. Яна сядлала шэрага каня.

– Клянуся распяццем! – закрычаў сэр Дэніэл. – Дзеўка прынесла б мне пяцьсот фунтаў, калі не больш!

– Сэр рыцар, – з горыччу сказаў ганец, – пакуль вы тут крычыце аб пяцістах фунтах, вырашаецца лёс ангельскага трона.

– Добра сказана, – адказаў сэр Дэніэл. – Сэлдэн, вазьмі з сабою шасцёх арбалетчыкаў. Высачы яе і злаві. Я хачу, каб да майго вяртання яна была ў замку Мот, чаго б мне гэта ні каштавала. Ты адказваеш за гэта галавой!… Ну вось, сэр ганец, мы гатовы!

Войскі паскакалі рыссю, а Сэлдэн з шасцю воінамі застаўся пасярод вуліцы ў Кэтлі, акружаны дапытлівымі сялянамі.

Раздзел II
На балоце

Гадзіне а шостай майскай раніцай Дзік пад'ехаў да балота, цераз якое пралягаў яго шлях да замка Мот. Зіхацела блакітнае неба; вясёлы вецер дзьмуў шумна і роўна; крылы ветракоў шпарка кружыліся; вербы, схіленыя над балотам, калыхаліся пад ветрам і раптоўна святлелі, быццам пшаніца. Дзік усю ноч правёў у сядле, але сэрца ў яго было здаровае, цела моцнае, і ён бадзёра працягваў свой шлях.

Сцяжынка мала-памалу спускалася ўсё ніжэй, усё бліжэй да дрыгвы; дзесьці далёка ззаду на пагорку каля Кэтлі ўзвышаўся млын, і гэтак жа далёка наперадзе маячылі макаўкі Тэнстолскага лесу. З абодвух бакоў сцяжынкі калыхаліся вербы і чарот; лужыны пеніліся пад ветрам; здрадніцкая дрыгва, зялёная, як ізумруд, падсцерагала і заваблівала неасцярожнага вандроўніка. Сцежка ішла нацянькі цераз багну; гэта была вельмі даўняя сцежка. Яе праклалі яшчэ рымскія салдаты; з таго часу прайшлі вякі, і ў многіх мясцінах яе залілі гіблыя воды балота.

Калі ад'ехаў на мілю ад Кэтлі, Дзік наблізіўся якраз да такога месца; сцежка тут зарасла вербалозам і чаротам, і гэта хоць каго магло збіць з панталыку. Ды і дрыгва была тут шырэйшай, чым усюды; чалавек, мала знаёмы з гэтымі мясцінамі, лёгка мог трапіць у бяду. У Дзіка сціснулася сэрца, калі ён згадаў пра хлопчыка, якому так бесталкова растлумачыў дарогу. За сябе ён не турбаваўся; зірнуўшы назад, туды, дзе вёрткія крылы ветранога млына выразна чарнелі на блакітным небе, і наперад, на ўзвышэнне, пакрытае Тэнстолскім лесам, ён упэўнена паехаў напрамкі, хоць конь яго ступаў у вадзе па калена.

Палавіна дрыгвы ўжо была ззаду, і ён ужо бачыў сухую сцежку, што бегла ўгару, як раптам справа ад сябе ён пачуў усплеск вады і заўважыў шэрага каня, які да жывата праваліўся ў ціну і адчайна біўся, спрабуючы вылезці з яе. Быццам пачуўшы набліжэнне дапамогі, конь раптам пранізліва заржаў. Яго налітыя крывёю вочы былі поўныя вар'яцкага страху; конь валтузіўся ў дрыгве, і хмары насякомых кружыліся над ім.

«Няўжо няшчасны хлопчык загінуў? – падумаў Дзік. – Гэта яго конь. Слаўны шэры конь! Як самотна глядзіш ты на мяне, мілы! Я зраблю для цябе ўсё, што магчыма. Я не пакіну цябе марудна тануць, вяршок за вяршком!»

Ён нацягнуў арбалет і ўсадзіў у галаву каня стралу.

Здзейсніўшы гэтую поўную суровай міласэрнасці справу, Дзік рушыў далей. На душы ў яго было нявесела. Ён пільна глядзеў па баках, спадзеючыся знайсці хоць след таго хлопчыка, якога скіраваў на гэтую дарогу.

«Трэба было расказаць яму ўсё больш падрабязна, – думаў ён. – Баюся, што ён загінуў у балоце».

Раптам хтосьці аклікнуў яго па імені, і, зірнуўшы праз плячо, Дзік убачыў твар хлопчыка, які глядзеў на яго з чароту.

– Ты тут! – усклікнуў Дзік, спыняючы каня. – Ты так зашыўся ў чарот, што я ледзь не праехаў міма. Я застрэліў твайго каня; яго зацягнула ў дрыгву, і я збавіў яго ад пакут. Клянуся небам, калі б ты быў дабрэйшы, ты б сам яго прыстрэліў. Ну, вылазь. Тут цябе ніхто не пакрыўдзіць.

– Добры хлопчык, у мяне няма ніякай зброі; ды мне і не патрэбна зброя, таму што я ўсё адно не ўмею ёю карыстацца, – адказаў уцякач, выходзячы на сцяжынку.

– Як ты можаш называць мяне хлопчыкам? – крыкнуў Дзік. – Я, напэўна, старэйшы за цябе.

– Даруй мне, добры майстар Шэлтан, – сказаў уцякач. – Я зусім не хацеў цябе пакрыўдзіць. Наадварот, я хачу прасіць у цябе дапамогі, таму што я трапіў у бяду, збіўся з дарогі, згубіў плашч і свайго беднага каня. У мяне ёсць дубец і шпоры, а ехаць няма на чым. А галоўнае, – дадаў ён, агледзеўшы сваю вопратку, – я такі брудны!

– Лухта! – усклікнуў Дзік. – Падумаеш, выкупаўся – што ж тут такога! Кроў ран і бруд вандровак толькі ўпрыгожваюць мужчыну.

– Калі так, я аддаю перавагу мужчынам без упрыгожванняў, – адказаў хлопчык. – Але што мне рабіць? Прашу цябе, добры майстар Рычард, дай мне параду. Калі я не дабяруся да Халівуда, я загіну.

– Я дам табе не толькі параду, – сказаў Дзік, злазячы з каня. – Я дам табе свайго каня, а сам пабягу побач. Калі я стамлюся, мы памяняемся. Так будзе хутчэй.

Хлопчык сеў на каня, і яны рушылі ў шлях, міжволі замаруджваючы ход з-за куп'істай дрыгвы. Дзік крочыў побач з хлопчыкам, паклаўшы руку яму на калена.

– Як цябе завуць? – спытаў Дзік.

– Заві мяне Джон Мэтчэм, – адказаў хлопчык.

– А што табе трэба ў Халівудзе? – спытаў Дзік.

– Я ратуюся ад крыўдзіцеля, – сказаў Джон Мэтчэм. – Добры абат Халівуда заўсёды абараняе слабых.

– А як ты трапіў да сэра Дэніэла, майстар Мэтчэм? – спытаў Дзік.

– Ён захапіў мяне сілай, – адказаў Джон Мэтчэм. – Ён выкраў мяне з майго роднага дома, апрануў мяне ў гэты ўбор, вёз мяне так доўга, што ў мяне ледзь не разарвалася сэрца, насміхаўся так, што я ледзь не плакаў. А калі мае сябры пагналіся за намі, ён пасадзіў мяне да сябе за спіну, каб іх стрэлы траплялі ў мяне! Адна з іх параніла мне нагу, і цяпер я злёгку кульгаю. Але прыйдзе судны дзень, і ён заплаціць за ўсё!

– Ужо ці не спадзяешся ты трапіць у месяц з арбалета? – усміхнуўся Дзік. – Ён храбры рыцар, і рука ў яго жалезная. І калі ён здагадаецца, што я дапамог табе ўцячы, мне будзе блага.

– Бедны хлопчык! – сказаў Джон Мэтчэм. – Ён твой апякун, я ведаю. Паводле яго слоў, ён і мой апякун таксама. Ён, здаецца, купіў права на ўладкаванне майго шлюбу. Я ў гэтым дрэнна разбіраюся, але ў яго ёсць нейкая прычына мяне прыцясняць.

– Ты зноў называеш мяне хлопчыкам! – усклікнуў Дзік.

– А хіба ты хочаш, каб я цябе называў дзяўчынкай, добры Рычард? – спытаў Мэтчэм.

– Толькі не дзяўчынкай, – адказаў Дзік. – Я дзяўчынак цярпець не магу.

– Ты кажаш, як блазан, – сказаў Джон Мэтчэм. – Ты намнога больш думаеш аб дзяўчынках, чым хочаш прызнацца.

– Вось ужо не! – рашуча сказаў Дзік. – Аб дзяўчынках я ніколі і не згадваю. Чорт з імі! Я люблю паляванне, бітвы, банкеты, я люблю вясёлае жыццё ў лясах. А дзяўчынкі на такія справы не здатныя. Была, зрэшты, адна не горшая за мужчыну. Але яе, бядачку, спалілі, як ведзьму, за тое, што яна насуперак прыродзе апраналася па-мужчынску.

Майстар Мэтчэм набожна перахрысціўся і прашаптаў малітву.

– Што ты робіш? – спытаў Дзік.

– Малюся за яе душу, – адказаў Мэтчэм дрыготкім голасам.

– За душу ведзьмы? – усклікнуў Дзік. – Ну што ж, памаліся за яе. Гэта была лепшая дзяўчына ў Еўропе, і называлі яе Жана д'Арк. Стары Эпльярд-лучнік расказваў, як уцякаў ад яе, быццам ад нячыстай сілы. Гэта была смелая дзяўчына.

– Калі ты не любіш дзяўчат, добры майстар Рычард, – запярэчыў Мэтчэм, – ты не сапраўдны мужчына. Бо Гасподзь знарок раздзяліў род чалавечы на дзве часткі і паслаў у свет каханне для бадзёрасці мужчын і суцяшэння жанчын.

– Лухта! – сказаў Дзік. – Ты шмат думаеш аб жанчынах таму, што ты блазан, немаўля! Па-твойму, я не сапраўдны мужчына. Ну што ж, злазь з каня, і я чым заўгодна – кулакамі, мячом або стралой – на тваёй уласнай персоне пакажу табе, мужчына я ці не.

– Я не воін, – сказаў Мэтчэм паспешліва. – Я зусім не хацеў цябе пакрыўдзіць. Я проста пажартаваў. А пра жанчын я загаварыў таму, што чуў, быццам ты хутка жэнішся.

– Я? Жанюся? – усклікнуў Дзік. – Першы раз чую! На кім жа я жанюся?

– На Джаане Сэдлі, – адказаў Мэтчэм, чырванеючы. – Гэта выдумка сэра Дэніэла. Гэтае вяселле яму выгаднае: ён атрымае грошы і жаніха, і нявесты. Мне казалі, што няшчасная дзяўчына горка скардзіцца на лёс. Не ведаю, можа, яна гэтак жа, як і ты, гідзіцца шлюбнага жыцця, а можа, ёй проста не падабаецца жаніх.

– Ад вяселля, як і ад смерці, нікуды не ўцячэш, – прамовіў Дзік пакорліва. – Дык яна пакутуе, кажаш? Бачыш, якія бесталковыя гэтыя дзяўчынкі! Пакутуе, хаця ні разу мяне не бачыла. Хіба я пакутую? Ні трошкі. Калі мне давядзецца жаніцца, я плакаць не буду… Ты ведаеш яе? Раскажы мне, якая яна. Прыгажуня ці вырадак? І які ў яе нораў: добры ці сварлівы?

– А ці не ўсё роўна табе? – сказаў Мэтчэм. – Калі трэба жаніцца, ты жэнішся. Якая табе справа, вырадак яна ці прыгажуня? Гэта ўсё дробязі. Ты ж не блазан, майстар Рычард. Калі табе давядзецца жаніцца, ты плакаць не станеш.

– А ты ўмееш падкалупнуць! – адказаў Шэлтан. – Зразумела, мне ўсё роўна.

– Прыемны муж будзе ў тваёй жонкі! – сказаў Мэтчэм.

– У яе будзе такі муж, якога ёй паслала неба, – запярэчыў Дзік. – Я не лепшы за іншых і не горшы.

– Няшчасная дзяўчына! – усклікнуў Мэтчэм.

– Чым жа яна такая няшчасная? – спытаў Дзік.

– Яна выходзіць замуж за чалавека, які зроблены з дрэва, – сказаў Мэтчэм. – О гора! Драўляны муж.

– Я, верагодна, сапраўды зроблены з дрэва, – сказаў Дзік, – калі ты едзеш на маім кані, а я іду пяшком. Але калі з дрэва, дык з добрага.

– Мілы Дзік, даруй мне! – усклікнуў Мэтчэм. – Я пажартаваў. У цябе самае чулае сэрца ва ўсёй Англіі! Даруй мне, мілы Дзік!

– Лухта, – сказаў Дзік, збянтэжаны гарачлівасцю свайго таварыша. – Ты мяне ні трошкі не пакрыўдзіў. Я, дзякуй Богу, не крыўдлівы.

Вецер дзьмуў ім у спіну і раптоўна данёс да іх рэзкі гук трубы; гэта трубіў трубач сэра Дэніэла.

– Цішэй! – сказаў Дзік. – Труба!

– Ах! – усклікнуў Мэтчэм. – Яны заўважылі, што я ўцёк, а ў мяне няма каня!

Ён збялеў як смерць.

– Не бойся, – адказаў Дзік. – Ты іх здорава перагнаў, а да перавозу ўжо рукой падаць. Гэта ў мяне няма каня, а не ў цябе.

– На жаль, мяне зловяць! – усклікнуў уцякач. – Дзік, добры Дзік, дапамажы мне!

– А хіба я табе не дапамагаю? – сказаў Дзік. – Мне шкада цябе, толькі ты вельмі баязлівы. Слухай жа, Джон Мэтчэм, – калі цябе сапраўды завуць Джон Мэтчэм: я, Рычард Шэлтан, даю слова даставіць цябе цэлым у Халівуд. Хай пакінуць мяне святыя, калі я пакіну цябе. Наперад, сэр Баязлівец. Дарога ўжо робіцца лепшай. Прышпор каня. Хутчэй! Хутчэй! Пра мяне не клапаціся: я бегаю, як алень.

Конь бег размашыстай рыссю, але Дзік без цяжкасці паспяваў за ім; так мінулі яны балота і дабраліся да хаціны перавозчыка на беразе ракі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю