355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Роберт Льюис Стивенсон » Чорная страла » Текст книги (страница 15)
Чорная страла
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 15:27

Текст книги "Чорная страла"


Автор книги: Роберт Льюис Стивенсон



сообщить о нарушении

Текущая страница: 15 (всего у книги 16 страниц)

Дзік стаў на чале свайго атрада і, загадаўшы яму рухацца за сабой, крануўся ў шлях. Ён праехаў праз горад, мяркуючы, што ідзе па слядах сэра Дэніэла, і ўвесь час азіраўся наўкол з надзеяй знайсці доказы, якія пацвярджалі б справядлівасць яго меркавання. Вуліцы былі засланыя мёртвымі і параненымі; становішча параненых у такі марозны дзень было досыць сумным. Шайкі пераможцаў хадзілі з дома ў дом, рабуючы, забіваючы, распяваючы песні.

З усіх бакоў да Дзіка даляталі крыкі абрабаваных і пакрыўджаных; ён чуў то грукат молата ў чые-небудзь забарыкадзіраваныя дзверы, то гаротны лямант жанчын.

Сэрца Дзіка толькі што абудзілася. Ён упершыню ўбачыў жорсткія паследкі сваіх уласных учынкаў; думка аб усіх няшчасцях, што абрынуліся на горад Шорбі, напаўняла яго душу адчаем.

Нарэшце ён дасягнуў прадмесця горада і знайшоў шырокі, утаптаны след на снезе, заўважаны ім са званіцы. Ён паскакаў шпарчэй, уважліва ўглядаючыся ў трупы людзей і коней, што ляжалі па абодва бакі сцяжыны. Многія з забітых былі апрануты ў колеры сэра Дэніэла; Дзік нават пазнаваў твары і тых, якія ляжалі на спіне.

Паміж горадам і лесам на атрад сэра Дэніэла, відавочна, напалі стралкі; тут паўсюдна валяліся трупы, пранізаныя стрэламі. Сярод мерцвякоў Дзік заўважыў юнака, твар якога здаўся яму надзіва знаёмым.

Ён спыніўся, злез з каня і прыўзняў галаву юнака. Ад гэтага руху капюшон адкінуўся, і доўгія, густыя цёмныя валасы рассыпаліся па плячах. Юнак расплюшчыў вочы.

– А! Утаймавальнік ільвоў! – вымавіў слабы голас. – Яна наперадзе. Скачыце хутчэй!

І небарака зноў страціла прытомнасць.

У аднаго з воінаў Дзіка была з сабою біклажка з нейкім моцным віном, пры дапамозе гэтага пітва Дзіку ўдалося прывесці яе ў прытомнасць. Ён пасадзіў сяброўку Джааны да сябе на сядло і паскакаў да лесу.

– Навошта вы паднялі мяне? – сказала дзяўчына. – Я вас толькі затрымліваю.

– Не, пані Райзінгэм, – адказаў Дзік. – Шорбі поўны крыві, п'янства і разгулу. А са мной вы ў бяспецы. Будзьце задаволены гэтым.

– Я не хачу быць абавязанай нікому з вашай партыі! – ускрыкнула яна. – Пусціце мяне!

– Васпані, вы не ведаеце, што гаворыце, – адказаў Дзік. – Вы паранены…

– Не, – запярэчыла яна, – у мяне забіты конь, а я цэлая.

– Я не магу вас пакінуць адну ў снежным полі, сярод ворагаў, – адказаў Рычард. – Хочаце вы або не хочаце, а я вазьму вас з сабой. Я шчаслівы, што ў мяне з'явіўся такі выпадак, бо ён дае мне магчымасць заплаціць вам хоць частку майго доўгу.

Яна прамаўчала. Потым раптоўна спытала:

– А мой дзядзька?

– Мілорд Райзінгэм? – перапытаў Дзік. – Хацеў бы я прынесці вам добрыя весткі, але ў мяне іх няма. Я бачыў яго раз у час бітвы, толькі адзін раз… Будзем спадзявацца на лепшае.

Раздзел V
Ноч у лесе. Алісія Райзінгэм

Сэр Дэніэл, хутчэй за ўсё, трымаў шлях у замак Мот, але з-за глыбокага снегу, позняга часу, неабходнасці пазбягаць вялікіх дарог і прабіцца толькі лесам ён не мог спадзявацца трапіць у замак да раніцы.

Дзік стаяў перад выбарам: або па-ранейшаму ісці па слядах рыцара і, калі ўдасца, напасці на яго ноччу, калі ён размесціцца ў лесе лагерам, або выбраць сабе іншую дарогу і пайсці сэру Дэніэлу напярэймы.

Абодва планы выклікалі сур'ёзныя пярэчанні, і Дзік, які баяўся, як бы Джаана ў баі не трапіла ў небяспеку, даехаў да ўскрайку лесу, так і не вырашыўшы, на якім з іх спыніцца.

Тут сэр Дэніэл павярнуў налева і затым паглыбіўся ў велічную лясную нетру. Ён расцягнуў свой атрад вузкай стужкай, каб лягчэй было рухацца паміж дрэвамі, і след на снезе тут быў намнога глыбейшы. Гэты след ішоў усё прама і прама пад аголенымі дубамі; дрэвы падымалі над ім вузлаватыя сукі і дрымучыя хітраспляценні галін. Не чуваць было ні чалавека, ні звера; не чуваць было нават спеваў канаплянкі; промні зімовага сонца залацілі снег, скрэслены складаным узорам ценяў.

– Як, па-твойму, – спытаў Дзік у аднаго з воінаў, – ці скакаць нам за імі, ці рухацца напярэймы?

– Сэр Рычард, – адказаў воін, – я б скакаў услед за імі да таго часу, пакуль яны не раз'едуцца ў розныя бакі.

– Ты, канечне, гаворыш праўду, – сказаў Дзік, – але мы сабраліся ў дарогу надта паспешліва і як належыць не падрыхтаваліся да паходу. Тут няма дамоў, няма каму нас прытуліць і накарміць, і аж да заўтрашняй раніцы мы будзем галадаць і мерзнуць… Што вы скажаце, малойцы? Ці згодны вы патрываць крыху, каб дабіцца ўдачы? Калі вы не згодны, мы можам павярнуць у Халівуд і павячэраць там за кошт святой царквы. Я не ўпэўнены ў поспеху нашага паходу і таму нікога не прымушаю. Але калі вы хочаце прыслухацца да маёй парады, выбірайце першае.

Усе ў адзін голас адказалі, што паедуць за сэрам Рычардам, куды ён пажадае.

І Дзік, прышпорыўшы каня, зноў рушыў наперад.

Снег на следзе быў добра ўтаптаны, і тым, хто даганяў, было лягчэй скакаць, чым уцекачам. Атрад Дзіка мчаўся шырокай рыссю; дзвесце капытоў стукалі па цвёрдым снезе; бразгат зброі і фырканне коней стваралі ваяўнічы шум пад скляпеннямі прыціхлага лесу.

Нарэшце шырокі след вывеў іх да вялікай дарогі, якая ішла на Халівуд, і тут згубіўся. І калі крыху далей след гэты зноў з'явіўся на снезе, Дзік са здзіўленнем заўважыў, што ён стаў намнога вузейшы і снег на ім не так утаптаны. Відавочна, скарыстаўшы добрую дарогу, сэр Дэніэл раздзяліў свой атрад на дзве часткі.

Дзік паехаў прама, па галоўным следзе, таму што шансы здаваліся аднолькавымі. Праз гадзіну ён быў ужо ў самым гушчары лесу. І раптам агульны след падзяліўся на дзесяткі разрозненых слядоў, якія разбягаліся ва ўсе бакі.

Дзік у адчаі спыніў каня. Кароткі зімовы дзень заканчваўся; матавы чырвона-аранжавы шар сонца марудна апускаўся за голым суччам дрэў; цені, якія беглі па снезе, расцягнуліся на цэлую мілю; мароз жорстка кусаў кончыкі пальцаў; пара падымалася над коньмі, змешвалася са стылым дыханнем людзей і воблакам ляцела ўверх.

– Нас перахітрылі, – прызнаўся Дзік. – Давядзецца ў рэшце рэшт ехаць у Халівуд. Мяркуючы па сонцы, да Халівуда бліжэй, чым да Тэнстола.

Яны павярнулі налева, падставіўшы чырвонаму шчыту сонца свае спіны, і накіраваліся да абацтва. Але цяпер перад імі не было дарогі, утаптанай ворагамі. Ім даводзілася марудна прабірацца па глыбокім снезе, кожную хвіліну патанаючы ў сумётах і бесперастанку спыняючыся, каб абмеркаваць, куды ехаць далей. І вось сонца зайшло зусім; святло на захадзе патухла; яны блукалі па лесе ў поўнай цемры, пад марознымі зоркамі.

Хутка ўзыдзе месяц і асветліць вяршыні пагоркаў; тады лёгка будзе рухацца наперад. Але да таго часу варта зрабіць адзін неабдуманы крок – і яны саб'юцца з дарогі. Ім нічога не заставалася, як размясціцца лагерам і чакаць.

Яны расставілі вартавых, ачысцілі ад снегу невялікую пляцоўку і пасля некалькіх няўдалых спроб распалілі вогнішча. Воіны паселі вакол агню, дзелячыся мізэрнымі запасамі ежы, і пусцілі біклажку па крузе. Дзік выбраў лепшыя кавалкі з грубай і беднай ежы і аднёс іх пляменніцы лорда Райзінгэма, якая сядзела пад дрэвам, убаку ад салдат.

Ёй падаслалі конскую гуньку і далі накінуць на плечы другую; яна сядзела, скіраваўшы позірк на агонь. Калі Дзік прапанаваў ёй паесці, яна ўздрыгнула, быццам яе разбудзілі, і моўчкі адмовілася.

– Васпані, – сказаў Дзік, – малю вас, не карайце мяне так жорстка. Не ведаю, чым я зняважыў вас. Праўда, я забраў вас сілай, але з сяброўскіх пачуццяў; я прымушаю вас начаваць у лесе, але мая паспешлівасць тлумачыцца тым, што трэба ратаваць іншую дзяўчыну, такую ж слабую і безабаронную, як вы. І, нарэшце, васпані, не карайце сябе і паешце хоць трошкі. Нават калі вы не галодныя, вы павінны паесці, каб падтрымаць свае сілы.

– Я не прыму ежу з рук чалавека, які забіў майго дзядзьку, – адказала яна.

– Васпані! – ускрыкнуў Дзік. – Клянуся вам распяццем, я не дакрануўся да яго!

– Пакляніцеся мне, што ён яшчэ жывы, – сказала яна.

– Я не хачу хітрыць, – адказаў Дзік. – Спачуванне загадвае мне засмуціць вас. У глыбіні душы я перакананы, што яго ўжо няма жывога.

– І вы адважваецеся прапаноўваць мне ежу! – усклікнула яна. – А! Вас цяпер называюць сэрам Рычардам! Мой добры дзядзечка забіты, і за гэта вас пасвяцілі ў рыцары. Калі б я не аказалася такой дурніцай, а заадно і здрадніцай, калі б я не выратавала вас у доме вашага ворага, загінулі б вы, а ён – ён, які варты тузіна такіх, як вы, – ён быў бы жывы!

– Гэтак жа, як і ваш дзядзька, я рабіў усё, што мог, для сваёй партыі, – адказаў Дзік. – Калі б ён быў жывы, – клянуся небам, я хацеў бы гэтага! – ён адобрыў бы, а не дакараў мяне.

– Сэр Дэніэл гаварыў мне, – адказала яна, – што бачыў вас на барыкадзе. Калі б не вы, ён упэўнены, што ваша партыя была б разбіта; гэта вы выйгралі змаганне. Значыць, гэта вы забілі майго добрага лорда Райзінгэма. І, нават не памыўшы рукі пасля забойства, вы прапаноўваеце мне есці разам з вамі? Сэр Дэніэл пакляўся загубіць вас. Ён адпомсціць за мяне!

Няшчасны Дзік паглыбіўся ў змрочны роздум. Ён успомніў старога Арблестэра і гучна застагнаў.

– І вы лічыце, што на мне ляжыць такі грэх? – сказаў ён. – Вы, якая абараняла мяне? Вы, сяброўка Джааны?

– Навошта вы ўмяшаліся ў бітву? – запярэчыла яна. – Вы стаіце па-за партыямі, вы ўсяго толькі хлопчык, рукі, ногі і тулава, якія не кіруюцца розумам! З-за чаго вы змагаліся? Выключна з-за любові да насілля!

– Я і сам не ведаю, з-за чаго я змагаўся! – ускрыкнуў Дзік. – Але так ужо вядзецца ў ангельскім каралеўстве, што калі бедны джэнтльмен не змагаецца на адным баку, ён абавязкова павінен змагацца на другім. Ён не можа не змагацца, гэта ненатуральна.

– Той, у каго няма сваіх перакананняў, не павінен выцягваць мяча з ножан, – адказала маладая дзяўчына. – Вы выпадкова прымалі ўдзел у бітве – чым вы лепшы за мясніка? Вайне надае высакароднасць толькі мэта, а вы змагаліся без мэты і абняславілі яе.

– Васпані, – адказаў няшчасны Дзік, – я бачу сваю памылку. Я сапраўды паспяшаўся… я дзейнічаў раней часу. Я ўкраў карабель, думаючы, што раблю добра, і гэтым загубіў шмат невінаватых людзей і прычыніў гора беднаму старому, сустрэча з якім, быццам кінжал, пранізала мяне сёння. Я дабіваўся перамогі і славы толькі для таго, каб ажаніцца, і вось чаго я дасягнуў! З-за мяне загінуў ваш дзядзька, а ён жа быў такі добры да мяне! На жаль, я пасадзіў Йорка на трон, а гэта, магчыма, прынясе Англіі толькі гора! О васпані, я бачу свой грэх! Я не прыгодны для гэтага жыцця. Як толькі ўсё скончыцца, я пайду ў манастыр, каб маліцца і каяцца да канца дзён сваіх. Я адмоўлюся ад Джааны, адмоўлюся ад ваеннага рамяства. Я буду манахам і да самай смерці буду маліцца за душу вашага беднага дзядзькі…

Зняважанаму, поўнаму раскаяння Дзіку раптам падалося, што юная лэдзі рассмяялася.

Ён узняў галаву і ўбачыў пры святле вогнішча, што яна глядзіць на яго неяк дзіўна, але зусім не сярдзіта.

– Васпані! – усклікнуў ён, мяркуючы, што смех толькі пачуўся яму, хаця яе пацяплелы твар даваў яму надзею, што ён крануў яе сэрца. – Васпані, вам мала гэтага? Я адмаўляюся ад усіх радасцей жыцця, каб загладзіць зло, якое я прычыніў. Я сваімі малітвамі забяспечу рай лорду Райзінгэму. Я адмаўляюся ад усяго ў той самы дзень, калі быў пасвечаны ў рыцары і лічыў сябе самым шчаслівым маладым джэнтльменам на зямлі!

– О, хлопчык, – сказала яна, – слаўны хлопчык!

І, на вялікае здзіўленне Дзіка, яна спачатку вельмі пяшчотна выцерла слёзы з яго шчок, а потым, нібы падпарадкоўваючыся раптоўнаму прымусу сэрца, абвіла яго шыю рукамі, прыцягнула да сябе і пацалавала. І прастадушны Дзік зусім збянтэжыўся.

– Вы тут начальнік, – вельмі весела сказала яна, – і вы павінны есці. Чаму вы не вячэраеце?

– Дарагая пані Райзінгэм, – адказаў Дзік, – я хачу, каб палонніца мая паела першая. Сказаць папраўдзе, раскаянне перашкаджае мне глядзець на ежу. Я павінен пасціцца і маліцца, дарагая лэдзі.

– Завіце мяне Алісіяй, – сказала яна. – Мы ж з вамі старыя сябры, ці не так? А цяпер давайце я буду есці разам з вамі: я – кавалак, і вы – кавалак, я – глыток, і вы – глыток. Калі вы нічога не будзеце есці, і я не буду; а калі вы з'ясце шмат, і я наемся, як араты.

З гэтымі словамі яны ўзяліся за яду, і Дзік, у якога быў цудоўны апетыт, узяў з яе прыклад, спачатку з неахвотай, але паступова з усё большым натхненнем і стараннем. У рэшце рэшт ён нават перастаў сачыць за тою, якая служыла яму прыкладам, і добра ўзнагародзіў сябе за турботы і хваляванні дня.

– Утаймавальнік ільвоў, – сказала яна нарэшце, – хіба вам не падабаюцца дзяўчаты ў мужчынскім адзенні?

Месяц ужо ўзышоў, і цяпер яны толькі чакалі, калі адпачнуць стомленыя коні. Пры месячным святле ўсё яшчэ раскайваючыся, але ўжо добра адпачыўшы, Рычард заўважыў, што яна глядзіць на яго амаль какетліва.

– Васпані… – пачаў ён і запнуўся, здзіўлены такой пераменай.

– Ну, – перабіла яна, – адмаўляцца бескарысна. Джаана ж расказала мне ўсё. Але, сэр, утаймавальнік ільвоў, зірніце ж на мяне, хіба я такая ўжо непрыгожая? А?

І яна бліснула вачыма.

– Вы трошкі малая ростам… – пачаў Дзік.

Яна звонка зарагатала, канчаткова збянтэжыла яго і збіла з панталыку.

– Малая ростам! – ускрыкнула яна. – Не, будзьце такім жа сумленным, як і адважным; я карліца, ну, можа, крыху большая за карліцу. Але, прызнайцеся, нягледзячы на свой рост, я ўсё ж даволі прывабная. Хіба не так?

– О васпані, вы вельмі прывабная, – сказаў шматпакутны рыцар, робячы няўдалую спробу здавацца развязным.

– І кожны мужчына быў бы вельмі рады ажаніцца на мне? – працягвала яна свой допыт.

– О васпані, разумеецца! – згадзіўся Дзік.

– Завіце мяне Алісіяй, – сказала яна.

– Алісія! – сказаў сэр Рычард.

– Ну, добра, утаймавальнік ільвоў, – працягвала яна. – Паколькі вы забілі майго дзядзьку і пакінулі мяне без падтрымкі, вы, па гонары, павінны вярнуць мне гэта. Ці не так?

– Канечне, васпані, – сказаў Дзік. – Хаця, паклаўшы руку на сэрца, я лічу сябе толькі часткова вінаватым у смерці гэтага храбрага рыцара.

– А, дык вы хочаце выкруціцца! – усклікнула яна.

– Не, васпані. Я ўжо гаварыў вам, што, калі вы хочаце, я нават гатовы стаць манахам, – сказаў Рычард.

– Значыць, па гонары, вы належыце мне? – заключыла яна.

– Па гонары, васпані, я мяркую… – пачаў малады чалавек.

– Перастаньце! – перабіла яна. – У вас і так надта шмат хітрыкаў. Па гонары, хіба вы не належыце мне да таго часу, пакуль не загладзіце зробленае вамі зло?

– Па гонары, так, – сказаў Дзік.

– Ну, дык слухайце, – працягвала яна. – Мне здаецца, з вас выйшаў бы дрэнны манах. І таму што я магу распараджацца вамі, як мне ўздумаецца, я вазьму вас сабе за мужа… Ні слова! – усклікнула яна. – Словы вам не дапамогуць. Справядлівасць патрабуе, каб вы, паколькі вы пазбавілі мяне аднаго дома, замянілі мне гэты дом іншым. А што да Джааны, то, паверце, яна першая адобрыць такую замену. У рэшце рэшт, калі мы з ёю такія блізкія сяброўкі, ці не ўсё роўна, на якой з нас вы ажэніцеся? Ніякай розніцы!

– Васпані, – сказаў Дзік, – толькі загадайце, і я пайду ў манастыр. Але ні па прымусу, ні з жадання дагадзіць даме я не ажанюся ні на кім, акрамя Джааны Сэдлі. Даруйце мне за шчырасць, але, калі дзяўчына смелая, няшчаснаму мужчыне трэба быць яшчэ смялейшым.

– Дзік, – сказала яна, – мілы хлопчык, вы павінны падысці і пацалаваць мяне за гэтыя словы… Не, не бойцеся, вы пацалуеце мяне за Джаану, а калі мы сустрэнемся, я вярну ёй пацалунак і скажу, што ўкрала яго ў яе. А што да вашага доўгу мне, дарагі прасцячок, я думаю, што не вы адзін удзельнічалі ў гэтай вялікай бітве. І нават калі Йорк будзе на троне, то не вы пасадзілі яго на трон. Але ў вас цудоўнае, добрае і сумленнае сэрца, Дзік. Калі б я была здольная пазайздросціць хоць чаму-небудзь з таго, што ёсць у Джааны, я пазайздросціла б толькі вашаму каханню да яе.

Раздзел VI
Ноч у лесе (заканчэнне). Дзік і Джаана

Тым часам коні даелі мізэрны запас корму і крыху адпачылі. Па загадзе Дзіка вогнішча засыпалі снегам. Пакуль яго людзі зноў стомлена садзіліся ў сядло, ён сам, трошкі запознена ўспомніўшы аб перасцярогах, неабходных у лесе, выбраў высокі дуб і хутка ўзабраўся на самую верхнюю галіну. Адсюль яму бачна была лясная далячынь, занесеная снегам і асветленая месяцам. На паўднёвым захадзе цямнеў той зарослы верасам пагорак, дзе яго і Джаану калісьці так напалохаў «пракажоны». На схіле гэтага пагорка ён заўважыў ярка-чырвоную плямку велічынёй са шпілечную галоўку.

Ён дакараў сябе за тое, што так позна залез на дрэва. Што, калі гэтая яркая плямка – касцёр у лагеры сэра Дэніэла? Ён жа даўно ўжо мог заўважыць яго і падысці туды. Тым болей, не варта было дазваляць сваім воінам разводзіць вогнішча, якое, верагодна, выдала іх сэру Дэніэлу. Нельга губляць ні хвіліны. Нацянькі да пагорка было каля дзвюх міль; але на шляху трэба было перайсці глыбокі, абрывісты яр, па якім нельга было праехаць вярхом, і Дзік вырашыў, што, спешыўшыся, яны хутчэй дабяруцца да месца. Дзік пакінуў дзесяць чалавек вартаваць коней, дамовіўся аб умоўным сігнале і павёў свой атрад наперад. Побач з ім адважна крочыла Алісія Райзінгэм.

Каб лягчэй было ісці, салдаты знялі цяжкія латы і пакінулі дзіды. Яны бадзёра ішлі па замёрзлым снезе, асветленым вясёлым месячным ззяннем. Моўчкі, па парадку перайшлі яны яр, на дне якога ручай з шумам вырываўся праз снег і лёд. За ярам, на паўмілі ад заўважанага Дзікам вогнішча, атрад спыніўся, каб адпачыць перад нападам.

У цішы велізарнага лесу самы найменшы гук быў чуцен здалёку. Алісія, у якой быў тонкі слых, папераджальна падняла палец і спынілася, прыслухоўваючыся. Усе ўзялі з яе прыклад, але, акрамя глухога шуму ручая ды аддаленага лісінага брэху, Дзік, як ні напружваў свой слых, не пачуў нічога.

– Я чула зараз бразгат зброі, – прашаптала Алісія.

– Васпані, – адказаў Дзік, які баяўся гэтай дзяўчыны больш, чым дзесятка храбрых варожых воінаў, – я не адважваюся сказаць, што вы памыліліся… аднак, быць можа, гэты гук даляцеў з нашага лагера.

– Не, ён даляцеў з захаду, – заявіла яна.

– Што будзе, тое будзе, – адказаў Дзік. – На ўсё воля Бога. Няма чаго раздумваць, пойдзем хутчэй і даведаемся, што там такое. Наперад, сябры, даволі адпачываць!

Па меры таго як яны прасоўваліся наперад, на снезе ўсё часцей трапляліся сляды конскіх капытоў. Было зразумела, што яны набліжаюцца да вялікага лагера. Нарэшце, яны ўбачылі за дрэвамі чырванаваты дым, асветлены знізу, і яркія іскры, што ляцелі ва ўсе бакі.

Па загадзе Дзіка воіны разгарнулі свае шэрагі і бясшумна папаўзлі цераз нетру, каб з усіх бакоў акружыць непрыяцельскі лагер. Сам Дзік, пакінуўшы Алісію пад прыкрыццем велізарнага дуба, крадком накіраваўся прама да вогнішча.

Нарэшце ў прасветліне паміж дрэвамі ён убачыў увесь лагер. На пагорку, пакрытым верасам, з трох бакоў акружаным нетраю, гарэла вогнішча; полымя гуло і ўзвівалася ўверх з трэскам.

Вакол агню сядзела чалавек дванаццаць, захутаных у плашчы; але, хаця снег быў утаптаны так, быццам тут стаяў цэлы полк, Дзік дарэмна шукаў позіркам коней. Ён з жахам падумаў, што яго, магчыма, перахітрылі. І ў тую ж хвіліну зразумеў, што высокі чалавек у сталёвым шлеме, які працягваў руку да агню, быў яго стары сябар, а цяпер вораг Бенет Хэтч; а з тых двух, што сядзелі за Бенетам, ён пазнаў Джаану Сэдлі і жонку сэра Дэніэла, апранутых у мужчынскае адзенне.

«Ну што ж, – падумаў ён. – Хай сабе я і страчу сваіх коней, але толькі б мне здабыць маю Джаану, і я не буду шкадаваць!»

І вось пачуўся ціхі свіст, які азначаў, што воіны Дзіка акружылі лагер з усіх бакоў.

Пачуўшы свіст, Бенет падхапіўся на ногі, але, перш чым ён паспеў узяцца за зброю, Дзік паклікаў яго.

– Бенет! – сказаў ён. – Бенет, стары сябар, здавайся. Ты толькі дарэмна пральеш чалавечую кроў, калі будзеш супраціўляцца.

– Клянуся святой Барбарай, гэта майстар Шэлтан! – ускрыкнуў Хэтч. – Здавацца? Вы патрабуеце занадта многа. Якія ў вас сілы?

– Слухайце, Бенет, нас больш, чым вас, і вы акружаныя, – сказаў Дзік. – Сам Цэзар і сам Карл Вялікі прасілі б на тваім месцы літасці. На мой свіст адгукаюцца сорак чалавек, адным залпам я магу перастраляць вас усіх.

– Майстар Дзік, – сказаў Бенет, – я б ахвотна вам здаўся, але сумленне не дазваляе – я павінен выканаць свой абавязак. Хай дапамогуць нам святыя!

З гэтымі словамі ён паднёс да рота ражок і затрубіў. Надышла невялікая замінка. Пакуль Дзік, баючыся за дам, марудзіў пачынаць бой, маленькі атрад Хэтча кінуўся да зброі і выстраіўся да кругавой абароны – спіна да спіны, рыхтуючыся да адчайнага супраціўлення. У час гэтай сумятні Джаана падхапілася і стралой памчалася да свайго каханага.

– Я тут, Дзік! – закрычала яна, схапіўшы яго за руку.

Дзік усё яшчэ вагаўся. Ён быў малады і не прывык да непазбежных жахаў вайны; пры думцы аб старой лэдзі Брэклі словы каманды засядалі ў горле. Яго воіны пачалі праяўляць нецярпенне. Некаторыя з іх клікалі яго па імені, іншыя пачалі страляць, не чакаючы загаду. І першая ж страла паваліла беднага Бенета. Тут Дзік ачухаўся.

– Наперад! – крыкнуў ён. – Страляйце, хлопцы, і не высоўвайцеся з кустоў! Англія і Йорк!

Але ў гэтае імгненне ў начной цішыні раптоўна пачуўся глухі стук мноства капытоў аб снежную дарогу, які набліжаўся з неверагоднай хуткасцю і рабіўся ўсё гучнейшым, і рогі затрубілі ў адказ на заклік Хэтча.

– Усе сюды! – ускрыкнуў Дзік. – Хутчэй да мяне, калі вы даражыце жыццём.

Але яго пешыя воіны, якія разлічвалі на лёгкую перамогу, былі заспеты знянацку; адны яшчэ марудзілі, іншыя кінуліся бегчы і зніклі ў лесе. І калі першыя коннікі кінуліся ў атаку, ім удалося закалоць толькі некалькі воінаў, якія адсталі; большая ж частка атрада Дзіка растварылася пры першых гуках, што абвясцілі аб набліжэнні праціўніка. Дзік стаяў, з горыччу гледзячы на вынікі сваёй неразважлівай і неабдуманай адвагі. Сэр Дэніэл заўважыў яго вогнішча. Ён рушыў да яго са сваімі галоўнымі сіламі, каб атакаваць праследавальнікаў або абрынуцца на іх з тылу, калі яны адважацца напасці на лагер. Ён дзейнічаў, як вопытны правадыр, а Дзік вёў сябе, як гарачлівы хлапчук. І вось у маладога рыцара не засталося нікога, акрамя каханай, якая моцна трымала яго за руку. А ўсе яго воіны і коні згубіліся ў цёмным лесе, быццам іголкі ў сене. «Хай дапаможа мне Бог! – падумаў ён. – Добра, што мяне пасвяцілі ў рыцары за ранішняе змаганне, бо гэтая бітва робіць мне мала гонару».

І, цягнучы за сабою Джаану, ён кінуўся бегчы. Цяпер начную цішыню парушалі крыкі тэнстолскіх воінаў, якія мчаліся ва ўсе бакі, шукаючы ўцекачоў. Дзік прадзіраўся цераз кусты і бег наперад, быццам алень. Усе адкрытыя мясціны былі заліты серабрыстым святлом, і ад гэтага ў лясным гушчары здавалася яшчэ цямней. Пераможаныя разбегліся па ўсім лесе і звялі за сабою праследавальнікаў. Дзік і Джаана схаваліся ў густой нетры і спыніліся, прыслухоўваючыся да галасоў, што пакрысе заціхалі наводдаль.

– Калі б я пакінуў рэзерв, – горка ўсклікнуў Дзік, – я б яшчэ мог паправіць справу! Але, жыццё вучыць нас! У наступны раз я буду разумнейшы, клянуся распяццем!

– Ці не ўсё роўна, Дзік, – сказала Джаана, – калі мы зноў разам?

Ён зірнуў на яе. Зноў, як у былы час, яна была Джонам Мэтчэмам, апранутым па-мужчынску. Але цяпер ён ведаў, што гэта дзяўчына. Яна ўсміхалася яму і нават у гэтым няўклюдным адзенні ўся іскрылася каханнем, напаўняючы яго сэрца радасцю.

– Любая, – сказаў ён, – калі ты даруеш усе мае промахі, ці варта мне аб іх гаварыць? Пойдзем прама ў Халівуд; там жыве твой апякун і мой добры друг лорд Фоксгэм. Там мы і павянчаемся. І ці не ўсё роўна, бедны я альбо багаты, праслаўлены альбо невядомы? Любая мая, сягоння мяне пасвяцілі ў рыцары. Я ўдастоіўся пахвалы праслаўленых вяльможаў за сваю адвагу. Я ўжо лічыў сябе самым лепшым воінам ва ўсёй Англіі. І вось я спачатку пазбавіўся прыхільнасці вяльможаў, а затым быў разбіты ў баі і страціў усіх сваіх салдат. Які ўдар па маім самалюбстве? Але, дарагая, я не гарую. Калі ты кахаеш мяне, калі ты згодна павянчацца са мной, я гатовы скінуць з сябе рыцарскае званне і ніколькі не буду шкадаваць аб гэтым.

– Мой Дзік! – ускрыкнула яна. – Няўжо цябе пасвяцілі ў рыцары?

– Але, мая дарагая. І з гэтага часу ты мілэдзі! – пяшчотна адказаў ён. – Дакладней, заўтра раніцой ты станеш ёю – ты ж згодная?

– Згодная, Дзік, згодная ўсёй душой! – адказала яна.

– Вось як, сэр! А я ж думала, што вы збіраецеся пайсці ў манахі!

– Алісія! – усклікнула Джаана.

– Яна самая, – адказала, набліжаючыся, юная лэдзі. – Тая самая Алісія, якую вы лічылі мёртвай і якую знайшоў ваш утаймавальнік ільвоў, вярнуў да жыцця і да якой ён нават заляцаўся, калі хочаш ведаць!

– Я не веру гэтаму! – ускрыкнула Джаана. – Дзік!

– «Дзік»! – перадражніла Алісія. – Вось вам і Дзік!… Ага, сэр, і вам не сорамна пакідаць няшчасных дзяўчат у бядзе? – працягвала яна, павярнуўшыся да маладога рыцара. – Вы пакідаеце іх пад шатамі дуба, а самі ўцякаеце. Відаць, праўду кажуць, што час рыцарства мінуў.

– Васпані, – з адчаем ускрыкнуў Дзік, – клянуся сваёй душой, я абсалютна забыў пра вас! Васпані, пастарайцеся дараваць мне! Вы бачыце, я толькі што знайшоў Джаану!

– Я і не думала, што вы кінулі мяне знарок, – запярэчыла яна. – Але ўсё адно я жорстка адпомшчу. Я выдам лэдзі Шэлтан адну тайну… дакладней – будучай лэдзі Шэлтан, – дадала яна, робячы рэверанс. – Джаана, – працягвала яна, – клянуся душой, я веру, што твой каханы адважны ў змаганні, але… дазволь мне сказаць усё: ён самы мяккасардэчны прасцяк у Англіі. Бяры яго сабе на здароўе! А зараз, неразумныя дзеці, спярша пацалуйце мяне кожны па чарзе – гэта прынясе вам шчасце, а потым цалуйце адно аднаго роўна адну хвіліну па гадзінніку і ні секунды болей. А затым мы ўсе ўтраіх выправімся ў Халівуд і пойдзем як мага хутчэй, таму што ў гэтых лясах і холадна і небяспечна.

– Але няўжо мой Дзік заляцаўся да цябе? – спытала Джаана, прыціскаючыся да свайго каханага.

– Не, неразумная дзяўчынка, – адказала Алісія, – гэта я заляцалася да яго. Я прапанавала яму ажаніцца са мной, але ён параіў мне выйсці замуж за каго-небудзь іншага. Так ён і сказаў. Словам, ён не такі ласкавы, як шчыры… А цяпер, дзеці, будзем разумнымі і пойдзем наперад. Ну як, мы зноў палезем праз яр або рушым прама ў Халівуд?

– Вось каб дзе дастаць каня, – сказаў Дзік. – За апошнія дні мяне так часта білі, што маё няшчаснае цела ператварылася ў суцэльны сіняк. Аднак, калі мае воіны, якія вартуюць коней, разбегліся, пачуўшы шум бітвы, мы толькі дарэмна пройдземся. Прамым шляхам да Халівуда ўсяго тры мілі. Звон яшчэ не прабіў і дзесяці гадзін, снег моцны, месяц ярка свеціць. Як вы думаеце – ці не выправіцца нам пешшу?

– Вырашана! – ускрыкнула Алісія.

А Джаана толькі мацней прытулілася да Дзіка.

Яны пайшлі праз аголеныя гаі, па заснежаных сцяжынках, залітых бледным святлом зімовага месяца. Дзік і Джаана трымаліся за рукі, адчуваючы райскую асалоду. А іх легкадумная спадарожніца, абсалютна забыўшы пра ўласныя горычы, ішла за імі і то жартавала над іх маўчаннем, то малявала шчаслівыя карціны іх будучага сумеснага жыцця.

Далёка ў лесе чуваць былі крыкі тэнстолскіх воінаў, якія працягвалі пагоню; час ад часу далятаў шум галасоў, чуўся бразгат зброі, – відаць, сутычкі ўсё яшчэ працягваліся.

Але гэтыя маладыя людзі, якія выраслі сярод ваенных трывог і толькі што пазбеглі мноства небяспек, цяпер не маглі адчуць страх або жаль. Задаволеныя тым, што шум пагоні аддаляўся, яны ўсім сэрцам аддаліся сваёй радаснай прагулцы, якую Алісія назвала вясельнай працэсіяй. І ні суровае бязлюддзе лесу, ні холад марознай ночы не маглі азмрочыць іх шчасце.

Нарэшце з вяршыні пагорка яны ўбачылі даліну Халівуда. У вялікіх вокнах ляснога абацтва блішчалі факелы і свечкі; высокія вежы і шпілі, выразныя і маўклівыя, узнімаліся ў неба, і залатое распяцце на самай макаўцы ярка гарэла, асветленае месячным ззяннем. Вакол Халівуда на шырокіх палянах палалі вогнішчы лагераў, цясніліся хаціны; на дне даліны застыла скаваная лёдам звілістая рака.

– Клянуся небам, – сказаў Рычард, – тут усё яшчэ стаяць лагерам войскі лорда Фоксгэма! Ганец, пасланы герцагам, відаць, сюды не даехаў. Ну, тым лепш. Значыць, у нас ёсць армія, і мы можам падрыхтаваць сэру Дэніэлу вартую сустрэчу.

Але воіны лорда Фоксгэма працягвалі стаяць лагерам каля Халівуда зусім па іншай прычыне, чым уяўляў Дзік. Яны рушылі спачатку да Шорбі, аднак не прайшлі і палавіны дарогі, як сустрэлі другога ганца, які загадаў ім вярнуцца туды, дзе яны стаялі раніцай, каб перагарадзіць дарогу адступаючым ланкастэрцам і трымацца як мага бліжэй да галоўнай арміі йоркістаў. Рычард Гластэр, выйграўшы бітву і разбіўшы сваіх ворагаў у гэтай акрузе, ужо ішоў на злучэнне са сваім братам. І неўзабаве пасля таго, як войскі лорда Фоксгэма вярнуліся ў Халівуд, Гарбун сам спыніў каня каля дзвярэй абацтва. Вось у гонар якога высокага госця свяціліся агнямі вокны. Калі Дзік з'явіўся ў Халівуд разам са сваёю каханай і яе сяброўкай, герцаг і ўся яго світа балявалі ў трапезнай, дзе іх прымалі з пышнасцю, вартай такога магутнага і багатага манастыра. Дзіка прывялі ў трапезную, куды ён зайшоў без вялікай ахвоты. Гластэр, дужа стомлены, сядзеў, падпёршы рукою свой бледны, грозны твар. Лорд Фоксгэм, які ледзь акрыяў ад раны, сядзеў на ганаровым месцы, злева ад яго.

– Ну як, сэр? – спытаў Рычард. – Прынеслі вы мне галаву сэра Дэніэла?

– Мілорд герцаг, – адказаў Дзік даволі цвёрдым голасам, хоць і палохаючыся ў душы, – мне так не пашанцавала, што я не змог нават вярнуцца разам са сваім атрадам. Я, з дазволу вашай міласці, абсалютна разбіты.

Гластэр зірнуў на яго і грозна нахмурыўся.

– Акрамя пяцідзесяці вершнікаў, сэр, я даў вам пяцьдзесят пехацінцаў, – сказаў ён.

– Мілорд герцаг, у мяне было толькі пяцьдзесят вершнікаў, – адказаў юны рыцар.

– Як так? – здзівіўся Гластэр. – Ён жа прасіў у мяне і конніцу і пяхоту.

– Не гневайцеся, ваша міласць, – лісліва адказаў Кэтсбі, – але для пагоні мы далі яму толькі пяцьдзесят вершнікаў.

– Цудоўна, – сказаў Рычард. – Шэлтан, вы можаце ісці.

– Пастойце! – спыніў яго лорд Фоксгэм. – У гэтага маладога чалавека было даручэнне і ад мяне. Можа, ён яго выканаў лепш… Скажыце, майстар Шэлтан, вы знайшлі дзяўчыну?

– Хвала святым, мілорд, – сказаў Дзік, – яна ў гэтым доме.

– Гэта праўда?… У такім разе, мілорд герцаг, – працягваў лорд Фоксгэм, – заўтра раніцай, з вашага дазволу, перад тым як войска выступіць, трэба згуляць вяселле. Гэты малады сквайр…

– Малады рыцар, – перабіў Кэтсбі.

– Вы называеце яго рыцарам, сэр Уільям? – ускрыкнуў лорд Фоксгэм.

– Я сам пасвяціў яго ў рыцары за адважную службу, – сказаў Гластэр. – Ён двойчы выручыў мяне. Доблесці ў яго хоць адбаўляй. Але яму не хапае жалезнай цвёрдасці мужчыны. Ён не ўзвысіцца, лорд Фоксгэм. Гэты чалавек будзе храбра біцца, але ўсё роўна ў яго сэрца зайца. Тым не менш, калі яму трэба жаніцца, – жаніце яго ў імя Прасвятой Дзевы, і канец!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю