355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Роберт Льюис Стивенсон » Чорная страла » Текст книги (страница 1)
Чорная страла
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 15:27

Текст книги "Чорная страла"


Автор книги: Роберт Льюис Стивенсон



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 16 страниц)

Робэрт Льюіс Стывенсан
Чорная страла: Аповесць з часоў вайны Пунсовай і Белай ружы

Пралог
Джон Помшчу-за-ўсіх

Неяк раз пасля паўдня позняй вясною звон на вежы Тэнстолскага замка Мот зазваніў у нявызначаны час. Паўсюдна, у лесе і на полі, што падступаліся да ракі, людзі пакідалі працу і пабеглі насустрач звону; сабраліся і ў вёсачцы Тэнстол беднякі-сяляне; яны са здзіўленнем прыслухоўваліся да звона.

У тыя часы – у цараванне старога караля Генрыха VI [1]1
  Генрых VI (Ланкастэрскі) – ангельскі кароль, які цараваў у XV веку. Пры ім пачалася міжусобная вайна паміж дынастыямі Йоркаў і Ланкастэраў, так званая вайна Пунсовай і Белай ружы, якая прывяла да звяржэння ў 1461 годзе Генрыха VI.


[Закрыть]
 – вёсачка Тэнстол мела амаль такі ж выгляд, як цяпер. Па доўгай зялёнай даліне, што спускалася да ракі, былі раскіданы дзесяткі два дамоў, пабудаваных з цяжкіх дубовых бярвенняў. Дарога ішла цераз мост, потым падымалася на супрацьлеглы бераг, знікала ў лясных гушчарах і, вынырнуўшы, праставала да замка Мот і далей, да абацтва Халівуд. Перад вёскай, на схіле пагорка, стаяла царква, акружаная цісавымі дрэвамі. А вакол, куды ні кінеш позірк, цягнуліся лясы, над якімі ўзвышаліся макушы зялёных вязаў і пазелянелых ужо дубоў.

Каля самага моста на выспе стаяў каменны крыж; каля крыжа сабралася купка людзей – шэсць жанчын і цыбаты дзяцюк у чырвонай палатнянай сарочцы; яны спрачаліся аб тым, што можа азначаць гэты звон. Паўгадзіны назад праз вёску праскакаў ганец; каля харчэўні ён выпіў куфаль піва, не злазячы з каня, – так ён спяшаўся, але ён і сам нічога не ведаў, ён вёз запячатаныя пісьмы сэра Дэніэла Брэклі сэру Оліверу Отсу – свяшчэнніку, які кіраваў замкам Мот, пакуль гаспадар быў у ад'ездзе.

Раптоўна пачуўся стук капытоў; з лесу выехаў юны Рычард Шэлтан, выхаванец сэра Дэніэла, і звонка паскакаў па гулкім мосце. Вось ён ужо ведае пэўна, што здарылася, – яго паклікалі і папрасілі растлумачыць. Ён ахвотна спыніўся. Гэта быў загарэлы шэравокі юнак гадоў васемнаццаці ў куртцы з аленевай скуры з чорным аксамітным каўняром; на галаве ў яго быў зялёны капюшон, за плячыма вісеў сталёвы арбалет. Ганец, як высветлілася, прывёз важныя звесткі. Чакалася бітва. Сэр Дэніэл прыслаў загад сабраць усіх мужчын, здольных нацягваць лук або валачы алебарду, і гнаць як мага хутчэй у Кэтлі, а ўсім, хто не паслухаецца, ён пагражаў сваім гневам; але аб тым, з кім і дзе давядзецца змагацца, Дзік не ведаў нічога. Хутка з'явіцца сюды сам сэр Олівер, а Бенет Хэтч ужо ўзбройваецца, таму што весці атрад даручана яму.

– Вайна – гэта разбурэнне для нашай добрай краіны, – сказала адна з жанчын. – Калі бароны ваююць, сяляне ядуць карэнні і траву.

– Не, – сказаў Дзік, – той, хто пойдзе за сэрам Дэніэлам, будзе атрымліваць па шэсць пенсаў у дзень, а лучнікі – па дванаццаць.

– Для тых, хто застанецца жывы, – адказала жанчына, – яно, быць можа, і так. Ну, а тыя, каго заб'юць, васпан?

– Памерці за свайго законнага валадара – лепшая смерць на свеце, – сказаў Дзік.

– Ён мне не валадар, – сказаў дзяцюк у чырвонай сарочцы. – Я стаяў за Ўэлсінгэмаў; усе мы тут, у Брайерлі, стаялі за Ўэлсінгэмаў; так было да грамніц пазамінулага года. А зараз я павінен стаяць за Брэклі! І ўсё па законе! Дзе ж справядлівасць? Нас зусім замучыў гэты сэр Дэніэл са сваім сэрам Оліверам, які ведае ўсе законы, акрамя законаў гонару, між тым, як у мяне адзіны законны валадар – няшчасны кароль Гары Шосты, блаславі яго Бог, які цяпер усё адно што малое дзіця, якое яшчэ не навучылася адрозніваць правую руку ад левай.

– Паганы ў цябе язык, шаноўны, – адказаў Дзік. – Ты плявузгаеш і на свайго слаўнага валадара і на яго вялікасць караля. Але кароль Гары – хвала святым! – зноў у добрым розуме і хутка адновіць мір. Які ты смелы, калі сэр Дэніэл не чуе цябе! Ну, ды я не даносчык. І хопіць аб гэтым!

– На вас, майстар Рычард, я не трымаю злосці, – прамовіў селянін. – Вы яшчэ хлопчык. А вось вырасцеце і ўбачыце, што кішэні вашы пустыя. Больш я нічога не скажу. Хай жа дапамогуць святыя суседзям сэра Дэніэла і няхай абароніць багародзіца яго выхаванцаў!

– Кліпсбі! – сказаў Рычард. – Гонар мой не дазваляе слухаць такія прамовы. Сэр Дэніэл – мой добры пан і мой апякун.

– Ну, калі так, – сказаў Кліпсбі, – я вам задам загадку. На чыім баку сэр Дэніэл?

– Не ведаю, – адказаў Дзік і злёгку пачырванеў, таму што яго апякун у гэты смутны час без перашкоды пераходзіў з аднаго боку на другі і пасля кожнай здрады багацці яго павялічваліся.

– Ніхто гэтага не ведае, – сказаў Кліпсбі. – Ён кладзецца спаць прыхільнікам Ланкастэра, а прачынаецца прыхільнікам Йорка.

На мосце пачуўся стук жалезных падкоў; усе павярнуліся і ўбачылі на кані Бенета Хэтча – пасівелага мужчыну з цяжкай рукою і суровым абветраным тварам; на галаве ў яго быў сталёвы шлем, на плячах – скураная куртка, меч на поясе і дзіда ў руцэ. Гэта быў вялікі чалавек у тых краях – правая рука сэра Дэніэла ў мірны і ваенны час, а цяпер, па загадзе свайго валадара, – бейліф акругі.

– Кліпсбі, – крыкнуў ён, – выпраўляйся ў замак Мот і пашлі туды ўсіх астатніх лодараў! Збройнік выдасць табе кальчугу і шлем. Мы павінны рушыць у шлях да вячэрняга звону. Глядзі ж, хто з'явіцца на збор апошнім, таго сэр Дэніэл пакарае. Помні аб гэтым! Я ведаю, які ты махляр! Нэнс, – дадаў ён, звяртаючыся да адной з жанчын, – стары Эпльярд у вёсцы?

– Калупаецца ў сябе на агародзе, – адказала жанчына. – Дзе ж яму быць?

Народ разышоўся. Кліпсбі лянотна пасунуўся праз мост, а Бенет і юны Шэлтан паехалі разам угару па дарозе праз вёску і мінулі царкву.

– Паглядзім на старога балбатуна, – сказаў Бенет. – Ён будзе так доўга хваліць Гары Пятага, што, слухаючы яго, паспееш падкаваць каня. І ўсё таму, што ён ваяваў з французамі!

Дом, да якога яны накіроўваліся, стаяў наводшыбе ў самым канцы вёскі сярод кустоў бэзу; з трох бакоў яго агіналі лугі, якія цягнуліся да ўскрайку лесу.

Хэтч саскочыў з каня, закінуў вуздэчку на плот і разам з Дзікам пайшоў на поле, дзе стары салдат, стоячы да калень у капусце, капаў зямлю і час ад часу запяваў хрыплым голасам пачатак якойсьці песні. Уся вопратка яго была скураная; толькі капюшон і каўнер былі зроблены з чорнай байкі і завязаны чырвонымі тасёмкамі; твар Эпльярда і колерам, і маршчынамі нагадваў шкарлупіну валоскага арэха; але яго старыя шэрыя вочы былі яшчэ ясныя і бачылі добра. Ці то ён быў глухаваты, ці то лічыў, што не варта старому стралку, які ўдзельнічаў у бітве пры Ажынкуры, звяртаць увагу на ўсялякія дробязі, але ні гучныя поклічы набату, ні з'яўленне Бенета з хлопчыкам не зрушылі яго з месца. Ён працягваў упарта капаць зямлю, напяваючы тонкім, скрыпучым голасам:

Лэдзі, лэдзі, – малю, -

Пашкадуй ты мяне.

– Нік Эпльярд, – сказаў Хэтч, – сэр Олівер шле табе прывітанне і загадвае зараз жа прыбыць у замак Мот і прыняць каманду над гарнізонам.

Стары ўзняў галаву.

– Няхай беражэ вас Бог, паны, – прамовіў ён насмешліва. – А куды выпраўляецца майстар Хэтч?

– Майстар Хэтч едзе ў Кэтлі і забірае з сабой усіх, хто можа сесці на каня, – адказаў Бенет. – Чакаецца бітва, і майму валадару патрабуюцца падмацаванні.

– Ах, вось як! – сказаў Эпльярд. – А колькі чалавек ты пакінеш мне?

– Я пакіну табе шэсць добрых малайцоў і сэра Олівера ў прыдачу, – адказаў Хэтч.

– Гэтага малавата, – сказаў Эпльярд. – Для абароны замка патрабуецца чалавек сорак.

– Вось таму мы да цябе і звярнуліся, стары буркун! – адказаў Хэтч. – Хто, акрамя цябе, можа абараніць такі замак з такім гарнізонам?

– Ага! Калі баліць мазоль, згадваюць аб старым чаравіку, – сказаў Нік. – Ніхто з вас не ўмее ні на кані сядзець, ні алебарду трымаць. А як вы ўсе страляеце з лука, святы Міхаіл! Калі б стары Гары Пяты ўваскрэс, ён дазволіў бы вам страляць у сябе і плаціў бы па фартынгу за выстрал.

– Не, Нік, ёсць яшчэ людзі, якія ўмеюць як трэба нацягнуць цеціву, – сказаў Бенет.

– Нацягнуць цеціву? – ускрыкнуў Эпльярд. – Але, нацягнуць цеціву ўмеюць і зараз! А пакажыце мне хоць адзін добры выстрал! Для добрага выстралу патрэбна дакладнае вока, патрэбна галава на плячах. Які выстрал на далёкую адлегласць ты назваў бы добрым, Бенет Хэтч?

– Калі б чыя-небудзь страла даляцела адсюль да лесу, – сказаў Бенет, азіраючыся, – гэта быў бы слаўны выстрал на далёкую адлегласць.

– Але, гэта быў бы цудоўны выстрал, – сказаў стары, гледзячы праз плячо. – Адсюль да лесу далёка.

Раптоўна ён паднёс руку да вачэй і пачаў з-пад рукі разглядваць штосьці ўдалечыні.

– Каго ты там убачыў? – спытаў, смеючыся, Бенет. – Ці не Гары Пятага?

Стары салдат нічога не адказаў і працягваў глядзець удалячынь.

Сонца ярка асвятляла лугі на пакатых схілах пагоркаў; белыя авечкі пасвіліся на траве; было ціха, толькі далёкі звон гуў, не змаўкаючы.

– Ну, што там, Эпльярд? – спытаў Дзік.

– Птушкі, – сказаў Эпльярд.

І сапраўды, там дзе лес урэзваўся ў лугі доўгім клінам, які заканчваўся двума зялёнымі вязамі, акурат на адлегласці палёту стралы ад поля Эпльярда спалохана мітусілася чарада птушак.

– Што нам за клопат да птушак? – сказаў Бенет.

– Вось ты, майстар Бенет, выпраўляешся на вайну і лічыш сябе мудрацом, а не ведаеш, што птушкі – цудоўныя вартаўнікі, – адказаў Эпльярд. – Яны першыя папярэджваюць аб магчымай бітве. Калі б мы зараз знаходзіліся ў лагеры, я б сказаў, што нас высочваюць варожыя стралкі. А ты б нічога не заўважыў!

– Кінь, стары дзівак, – сказаў Хэтч. – Паблізу няма ніякіх стралкоў, акрамя тых, якімі камандуе сэр Дэніэл у Кэтлі; мы з табой тут у бяспецы, быццам у лонданскім Таўэры, а ты палохаеш людзей з-за нейкіх зяблікаў і вераб'ёў!

– Не, вы толькі паслухайце яго! – усміхнуўся Эпльярд. – Ды хіба мала тут нягоднікаў, якія б далі адрэзаць сабе абодва вухі, каб застрэліць мяне або цябе! Святы Міхаіл! Ды мы ім больш ненавісныя, чым парачка тхароў!

– Яны ненавідзяць сэра Дэніэла, а не нас, – адказаў Хэтч, пазмрачнеўшы.

– Яны ненавідзяць сэра Дэніэла і ўсіх, хто яму служыць, – сказаў Эпльярд. – Але асабліва ім ненавісныя Бенет Хэтч і стары Міколас-лучнік. Вось адкажы: калі б там, на ўскрайку лесу, знаходзіўся спрытны дзяцюк, а мы з табой стаялі б так, што яму зручна было б цэліцца ў нас, як мы, клянуся святым Георгіем, і стаім зараз, каго б ён выбраў: цябе або мяне?

– Б'юся аб заклад – цябе, – адказаў Хэтч.

– Стаўлю сваю куртку супраць скуранога пояса, што цябе! – закрычаў стары стралок. – Гэта ж ты спаліў Грымстан, і ўжо будзь спакойны, Бенет, яны табе гэтага не даруюць. А я і так, з боскай дапамогай, хутка траплю ў надзейнае месца, дзе мяне не дастане ні страла, ні гарматнае ядро. Я стары чалавек і шпарка набліжаюся туды, дзе мне падрыхтавана пасцель. А цябе, Бенет, я пакіну, на тваю пагібель, у гэтым свеце, і калі табе дадуць дажыць да маіх гадоў і не павесяць, значыць, сапраўдны ангельскі дух пагас.

– Ты самы балбатлівы дурань ва ўсім Тэнстолскім лесе, – сказаў Хэтч, якога відочна збянтэжыла такое прароцтва. – Рабі сваю справу, збірайся ў дарогу, пакуль не прыйшоў сэр Олівер, ды прытрымай свой язык. Калі ты столькі размаўляў з Гары Пятым, у яго вушах звону было болей, чым у яго кішэні.

Страла праспявала ў паветры, як вялікі шэршань, упілася старому Эпльярду паміж лапатак і пранізала яго наскрозь. Ён упаў тварам у капусту. Хэтч рэзка ўскрыкнуў і падскочыў; потым сагнуўся ўдвая і пабег да дома, шукаючы прыкрыцця. А Дзік Шэлтан схаваўся за кустом бэзу, прыціснуў свой арбалет да пляча, нацягнуў цеціву і пачаў цэліцца ў выступ лесу.

Ні адзін лісцік не варухнуўся. Авечкі спакойна пасвіліся; птушкі паселі на галіны. Стары Эпльярд ляжаў, са спіны ў яго тырчала страла, Хэтч стаяў у сенцах, за дзвярыма, і Дзік прытаіўся за кустом бэзу, гатовы пусціць стралу.

– Вы каго-небудзь бачыце? – крыкнуў Хэтч.

– Ніводная галінка не варушыцца, – адказаў Дзік.

– Сорамна так пакідаць старога, – сказаў Бенет і нерашуча ступіў наперад; твар яго пабялеў. – Сачыце за лесам, майстар Шэлтан, не спускайце вачэй з лесу. Няхай дапамогуць нам святыя! Але які выстрал!

Бенет прыпадняў старога стралка і паклаў да сябе на калені. Ён быў яшчэ жывы: твар яго паторгваўся, сумныя поўныя пакутлівага болю вочы то расплюшчваліся, то заплюшчваліся.

– Ты чуеш мяне, стары Нік? – спытаў Хэтч. – Ці няма ў цябе якога-небудзь апошняга жадання, старэча?

– Выньце стралу і дайце мне памерці, у імя Багамаці! – задыхаючыся, сказаў Эпльярд. – Я пакончыў са старой Англіяй. Выньце стралу!

– Майстар Дзік, – сказаў Бенет, – падыдзіце і тузаніце добранька стралу. Ён зараз сканае, бедны грэшнік.

Дзік паклаў свой арбалет і з сілай вырваў стралу з раны. Хлынула кроў; стары лучнік сяк-так прыпадняўся на ногі, згадаў пра Бога і ўпаў мёртвым. Хэтч, стоячы на каленях сярод капусты, старанна маліўся аб выратаванні грэшнай душы. Але відаць было, што нават у час малітвы думкі яго заняты іншым: ён не зводзіў вачэй з таго кутка лесу, адкуль прыляцела страла. Закончыўшы малітву, ён падняўся, зняў жалезныя рукавіцы і выцер твар, бледны і мокры ад страху.

– Цяпер мая чарга, – сказаў ён.

– Хто яго забіў, Бенет? – спытаў Рычард, усё яшчэ трымаючы ў руцэ стралу.

– Адным святым гэта вядома, – сказаў Хэтч. – Мы з ім выгналі з дамоў і сядзіб прыкладна сорак хрысціянскіх душ. Ён ужо заплаціў свой доўг, гэты бедны буркун; хутка, мабыць, давядзецца плаціць і мне. Сэр Дэніэл кіруе надта сурова.

– Дзіўная надта, – сказаў хлопчык, разглядаючы стралу.

– І праўда, дзіўная! – усклікнуў Бенет. – Чорная, з чорным апярэннем. Злавесная страла! Чорны колер, кажуць, прарочыць пахаванне. На ёй штосьці напісана. Сатрыце кроў. Прачыталі?

– «Эпльярду ад Джона Помшчу-за-ўсіх», – прачытаў Шэлтан. – Што гэта значыць?

– Справы дрэнь, – сказаў слуга сэра Дэніэла, апусціўшы галаву. – Джон Помшчу-за-ўсіх! Ну і прозвішча ў гэтага нягодніка! Але дзеля чаго мы стаім тут, быццам мішэнь для стральбы? Бярыце яго за ногі, добры майстар Шэлтан, а я вазьму за плечы, і аднясем яго ў дом. Які страшны ўдар для беднага сэра Олівера! Ён збялее, як папера, і будзе маліцца, размахваючы рукамі, быццам вятрак крыламі.

Яны паднялі старога лучніка і аднеслі ў дом. У гэтым доме ён жыў адзін. Паклалі бедака на падлогу, каб не запэцкаць матрац, старанна выпрасталі яго рукі і ногі.

У доме Эпльярда было чыста, але бедна. Ложак, накрыты сіняй коўдрай, шафа, вялікі куфар, дзве табурэткі, адкідны стол каля каміна – вось і ўвесь яго набытак.

На сценах віселі лукі і кальчугі старога воіна. Хэтч разглядваў усё з цікавасцю.

– У Ніка былі грошы, – сказаў ён. – Ён назбіраў фунтаў шэсцьдзесят. Добра б іх знайсці! Калі губляеш старога сябра, майстар Шэлтан, лепшае суцяшэнне – стаць яго наследнікам. Паглядзіце, які куфар. Б'юся аб заклад, там груда золата. Ён лёгка браў і з цяжкасцю аддаваў, гэты Эпльярд-лучнік. Супакой, Божа, яго душу! Амаль восемдзесят гадоў ён хадзіў па зямлі і здабываў дабро; а цяпер ён ляжыць сабе на спіне, і нічога больш яму не трэба. І калі ўсё дабро дастанецца яго сябру, дык беднаму буркуну, напэўна, будзе весялей на нябёсах.

– Ты гэта кінь, Хэтч, – сказаў Дзік. – Май павагу да яго заплюшчаных вачэй. Няўжо ты хочаш абакрасці мерцвяка? Глядзі, ён раззлуецца і ўстане!

Хэтч некалькі разоў перахрысціўся; аднак чырвань вярнулася да яго шчокаў – ён не хацеў адмовіцца ад сваёй задумы. Невядома, што было б з куфрам, але раптам рыпнулі весніцы, адчыніліся дзверы, і ў дом зайшоў рослы чалавек у стыхары і чорнай расе, на выгляд гадоў пяцідзесяці, румяны і чарнавокі.

– Эпльярд! – вымавіў ён і раптам змоўк. – Панна Марыя! – усклікнуў ён. – Няхай абароняць нас святыя! Што гэта за жарты?

– Якія тут жарты, сэр свяшчэннік, – адказаў Хэтч без асаблівай маркоты ў голасе. – Эпльярда застрэлілі каля дзвярэй яго ўласнага дома, і зараз ён заходзіць у браму чысцілішча. Там, калі кажуць праўду, яму не спатрэбяцца ні кадзіла, ні свечкі.

Сэр Олівер уздрыгнуў, пабялеў, з цяжкасцю дабраўся да табурэткі і сеў на яе.

– Вось ён, божы суд! О, які ўдар! – вымавіў ён праз слёзы і пачаў паспешліва мармытаць малітвы.

Хэтч набожна зняў свой шлем і апусціўся на калені.

– За што яго забілі, Бенет? – спытаў свяшчэннік, ачуўшыся. – І хто гэта зрабіў?

– Вось страла, сэр Олівер. Паглядзіце, што на ёй напісана, – сказаў Дзік.

– Такое імя брыдка нават вымавіць! – усклікнуў свяшчэннік. – Джон Помшчу-за-ўсіх! Вельмі ёмкая мянушка для ерэтыка! І злавесная чорная страла! Панове, гэтая страла мне не падабаецца. Трэба параіцца. Хто б гэта мог быць? Падумай, Бенет. Хто з незлічоных нашых злоснікаў здольны з такой дзёрзкасцю выступіць супраць нас? Сімнэл? Сумняваюся. Уэлсінгэмы? Не, да гэтага яны яшчэ не дайшлі; яны яшчэ спадзяюцца перамагчы нас з дапамогай закона, калі памяняецца час. Можа, Саймон Мэлмсбэры? Як думаеш, Бенет?

– А ці не здаецца вам, сэр, – сказаў Хэтч, – што гэта Эліс Дэкуорт?

– Не, Бенет, не павінен. Не, не ён, – прамовіў свяшчэннік падумаўшы. – Бунт, Бенет, ніколі не пачынаецца знізу, – усе разумныя летапісцы сыходзяцца ў гэтым. Бунт заўсёды ідзе зверху ўніз; калі Дзікі, Томы і Гары хапаюцца за свае алебарды, прыгледзься ўважліва і ўбачыш, каму з лордаў гэта выгадна. Сэр Дэніэл, як вядома, зноў прымкнуў да партыі каралевы і ў няміласці ў лордаў партыі Йорка. Вось яны і нанеслі нам удар, Бенет. Падрабязнасці я яшчэ высветлю, але галоўнае мне ўжо зразумелае.

– Прашу даравання, сэр Олівер, але, мусіць, вы памыляецеся, – сказаў Бенет. – У краіне пачынаецца пажар, і я даўно ўжо чую пах гарэлага. Бедны грэшнік Эпльярд таксама чуў гэты пах. З вашага дазволу, скажу: народ так ненавідзіць усіх нас, што для бунту не патрэбна ні Ланкастэра, ні Йорка. І яшчэ скажу вам без хітрыкаў: вось вы абодва, служка царквы і лорд, які трымае нос па ветры, спусташаеце, рабуеце, забіваеце і вешаеце людзей направа і налева. Колькі б вас ні прыцягвалі да суда, закон – якім ужо чынам, я не ведаю, – заўсёды аказваецца на вашым баку. Вы думаеце, на тым і справе канец? Як бы не так! З вашага дазволу, сэр Олівер, збіты і абрабаваны вамі чалавек абавязкова затаіць лютасць, і ў які-небудзь няшчасны дзень, калі яго паблытае нячысты, ён возьме свой лук і ўсадзіць у вас стралу даўжынёю ў цэлы ярд.

– Ты ўсё хлусіш, Бенет, і тваё шчасце, што я не звяртаю ўвагі на тваю балбатню, – сказаў сэр Олівер. – Ты пустамеля, Бенет, балбатун і трашчотка! У цябе рот да вушэй, Бенет, і я вельмі раю табе яго ўкараціць.

– Я не скажу больш ні слова. Няхай будзе па-вашаму, – адказаў Хэтч.

Свяшчэннік падняўся з табурэткі і выняў з футляра, які вісеў у яго на грудзях, сургуч, свечку, крэмень і крэсіва. Хэтч паныла глядзеў, як ён накладвае пячатку сэра Дэніэла на шафу і на куфар. Калі пячаткі былі накладзены, усе трое асцярожна выслізнулі з дома і дабраліся да сваіх коней.

– Нам пара ўжо быць у дарозе, сэр Олівер, – сказаў Хэтч, дапамагаючы свяшчэнніку засунуць нагу ў стрэмя.

– Многае змянілася, Бенет, – адказаў свяшчэннік. – Я хацеў пакінуць Эпльярда ў замку, але Эпльярд забіты, супакой, Божа, яго душу! Я пакідаю цябе, Бенет. Я хачу, каб у гэтыя дні, калі кругом лётаюць чорныя стрэлы, каля мяне быў адданы чалавек. «Страла ўва дні ляцяшчая», – гаворыцца ў Евангеллі; не помню, як там далей, я нядбайны свяшчэннік, я надта загружаны свецкімі справамі. Хутчэй, хутчэй, Хэтч! Коннікі, напэўна, ужо каля царквы.

Яны памчаліся па дарозе; вецер раздзімаў крыссе свяшчэнніцкай расы; хмары, што марудна падымаліся за іх спінамі, ужо схавалі сонца. Яны праскакалі паўз тры домікі на ўскраіне вёсачкі Тэнстол, звярнулі на павароце і ўбачылі царкву. Перад ёю стаяла з тузін хацін, а за ёю пачыналіся лугі. Каля варот могілак сабралася чалавек дваццаць; адны ўжо сядзелі ў сёдлах, іншыя стаялі каля сваіх коней. Узброеныя яны былі абы-як і ўсе па-рознаму: у аднаго – дзіда, у другога – алебарда, у трэцяга – лук; на многіх конях яшчэ не засохла гразь ворыва: гэта былі самыя бедныя з мясцовых сялян, таму што ўсе лепшыя коні і людзі даўно ўжо выправіліся ў паход разам з сэрам Дэніэлам.

– Клянуся крыжом Халівуда, атрад неблагі! Сэр Дэніэл будзе задаволены, – сказаў свяшчэннік, падлічваючы воінаў.

– Хто ідзе? – закрычаў Бенет. – Стой, калі ты сумленны чалавек!

Хтосьці краўся па царкоўным двары паміж вязамі; пачуўшы крык Хэтча, незнаёмец перастаў хавацца і з усіх ног кінуўся да лесу. Людзі, якія стаялі ў варотах, толькі цяпер убачылі незнаёмца і ўстрапянуліся. Пешыя кінуліся да коней, верхавыя адразу паскакалі ў пагоню; але ім давялося агінаць царкву і могілкі, і хутка стала зразумела, што незнаёмец уцячэ ад іх. Хэтч, моцна лаючыся, хацеў пераскочыць цераз загарадзь, але конь яго раптам занаравіўся, і вершнік шлёпнуўся ў пыл.

Хаця ён адразу ж падхапіўся на ногі і схапіў каня за аброць, час быў упушчаны, і ўцякач знаходзіўся ўжо так далёка, што не заставалася ніякай надзеі дагнаць яго.

Разумней за ўсіх зрабіў Дзік Шэлтан. Замест таго каб дарэмна гнацца за ўцекачом, ён зняў са спіны свой арбалет, нацягнуў цеціву і ўклаў стралу; потым павярнуўся да Бенета і спытаў, ці трэба страляць.

– Страляй! Страляй! – закрычаў свяшчэннік з крыважэрнай лютасцю.

– Пападзіце ў яго, майстар Дзік, – сказаў Бенет. – Няхай ён зваліцца, як спелы яблычак.

Уцекачу заставалася зрабіць усяго некалькі скачкоў, каб апынуцца ў бяспецы, але канец луга крута падымаўся ўгару па схіле пагорка, і бегчы даводзілася марудна. Ужо згушчаўся надвячорак, і трапіць у чалавека, які бяжыць, было нялёгка. Цэлячыся, Дзік адчуў нешта накшталт шкадавання; па шчырасці сказаць, ён хацеў бы прамахнуцца. Страла паляцела.

Чалавек спатыкнуўся і ўпаў; Хэтч радасна ўскрыкнуў, і ўсе навакол закрычалі. Але радаваліся яны раней часу. Чалавек лёгка падхапіўся, здзекліва махнуў ім на развітанне сваім капелюшом і знік у гушчары лесу.

– Каб на яго чума! – крыкнуў Бенет. – У яго ногі хуткія, як у злодзея, клянуся святым Бенберы! Аднак вы яго паранілі, майстар Шэлтан. Ён украў вашу стралу, але я аб ёй не шкадую!

– Чаго ён тут бадзяўся, каля царквы? – спытаў сэр Олівер. – Чуе маё сэрца, што не з добрымі намерамі. Кліпсбі, даражэнькі, злезь з каня і паглядзі пільна сярод вязаў.

Кліпсбі хутка вярнуўся з нейкай паперай у руках.

– Вось гэты лісток быў прышпілены да царкоўных дзвярэй, – сказаў ён, падаючы яго свяшчэнніку. – Больш я нічога не знайшоў, сэр.

– Клянуся магутнасцю нашай маці-царквы, – закрычаў сэр Олівер, – гэта падобна на святатацтва! Толькі каралю або лорду можна дазволіць вывешваць загады на царкоўных дзвярах. Але каб усялякі бадзяга ў зялёнай куртцы мог прыбіваць паперы да царкоўных дзвярэй!… Не, гэта занадта падобна на святатацтва. Многіх спальвалі і не за такія злачынствы! Але што тут напісана? Глядзіце, як хутка сцямнела! Майстар Рычард, даражэнькі, у цябе маладыя вочы. Прачытай мне, калі ласка, гэтую пісульку.

Дзік Шэлтан узяў у яго паперу і прачытаў яе ўголас. Гэта былі грубыя, сяк-так зрыфмаваныя віршы, напаўпісьменна напісаныя вялікімі літарамі:

Чатыры я пушчу стралы,

На чатырох я дужа злы.

Адпомшчу вырадкам ліхім,

Даўнейшым злоснікам маім.

Памёр Эпльярд, бо ён адной

Ужо пранізаны стралой.

Страла другая прагне стрэч

З табою, майстар Бенет Хэтч.

Свяшчэннік трэцюю схапіў,

Бо Гары Шэлтана забіў.

Сэр Дэніэл, як носьбіт зла,

Табе чацвертая страла.

Яны ў нястрымнасці сваёй

Нап'юцца чорнаю крывёй!

Няхай баяцца ілгуны -

Ляцяць без промаху яны.

Джон Помшчу-за-ўсіх з Зялёнага лесу і яго вясёлыя сябры

Дарэчы, у нас у запасе ёсць стрэлы і добрыя пяньковыя вяроўкі для ўсіх вашых прыхільнікаў.

– Куды падзелася міласэрнасць? Дзе хрысціянская дабрачыннасць? – горычна ўсклікнуў сэр Олівер. – Панове, мы жывём у паганым свеце, і з кожным днём ён робіцца ўсё горшым! Я гатовы паклясціся на крыжы Халівуда, што я гэтак жа не вінаваты ў забойстве слаўнага рыцара, аб якім тут гаворыцца, як толькі што народжанае немаўля! Ды ніхто яго не забіваў! Гэта – памылка, ёсць яшчэ жывыя сведкі.

– Дарэмна вы аб гэтым кажаце, сэр свяшчэннік, – сказаў Бенет. – Зусім непатрэбная размова.

– Не, майстар Бенет, ты памыляешся. Ведай сваё месца, добры Бенет, – адказаў свяшчэннік. – Я дакажу сваю невінаватасць. Я не хачу быць забітым па непаразуменні. Бяру ўсіх у сведкі, што я чысты ў гэтай справе. У той час мяне нават не было ў замку Мот. Мяне паслалі кудысьці па справе, калі яшчэ не было дзевяці гадзін.

– Сэр Олівер, – перабіў яго Хэтч, – паколькі вы не збіраецеся перапыніць гэтую пропаведзь, я прыму свае меры. Гоф, трубі, каб садзіліся на коней.

Пакуль трубіла труба, Бенет прыблізіўся шчыльна да здзіўленага свяшчэнніка і нешта злосна зашаптаў яму на вуха.

Свяшчэннік спалохана зірнуў на Дзіка Шэлтана; Дзік таксама заўважыў гэты позірк. Дзіку было над чым задумацца, бо сэр Гары Шэлтан быў яго родным бацькам. Але ён не сказаў ні слова, і ніводзін мускул не ўздрыгнуў на яго твары.

Хэтч і сэр Олівер між тым абмяркоўвалі абставіны, якія змяніліся. У замку Мот вырашана было пакінуць дзесяць чалавек – яны ж павінны былі ахоўваць свяшчэнніка на яго шляху праз лес. Па той прычыне, што Бенет цяпер заставаўся пры гарнізоне, камандаванне атрадам, які адпраўлялі на падмацаванне да сэра Дэніэла, даручылі Дзіку Шэлтану. Іншага выбару не было: атрад складаўся з цёмных, непаваротлівых людзей, малавопытных у ваеннай справе, а Дзіка любілі: ён быў смелы і не па гадах разважлівы. Хаця ўсё сваё юнацтва Дзік пражыў у глухамані, ён атрымаў сякую-такую адукацыю: сэр Олівер навучыў яго грамаце, а Хэтч – валодаць зброяй і камандаваць войскамі. Бенет Хэтч заўсёды ўважліва адносіўся да Дзіка: ён быў з тых людзей, якія жорсткія да ворагаў, але па-свойму, грубавата адданыя сябрам. І цяпер, калі сэр Олівер схаваўся ў бліжэйшым доме, каб напісаць сваім выразным, прыгожым почыркам данясенне аб усіх апошніх падзеях сэру Дэніэлу Брэклі, Бенет падышоў да свайго вучня, каб пажадаць яму поспеху.

– Ідзіце далёкім шляхам, у абход, майстар Шэлтан, – сказаў ён. – Трымайцеся далей ад моста, калі даражыце жыццём. Няхай за пяцьдзесят крокаў перад вамі ўвесь час ідзе адданы чалавек. Будзьце асцярожныя аж пакуль не мінеце лес. Калі нягоднікі нападуць на вас, уцякайце. Уступаць у бой не варта: вас надта мала. І ўцякайце наперад, майстар Шэлтан, а не назад, калі даражыце жыццём, помніце, што тут, у Тэнстоле, няма каму вам дапамагчы. Паколькі і вы адпраўляецеся на вялікую вайну за караля і я застаюся тут, дзе майму жыццю пагражае небяспека, і толькі святыя ведаюць, ці ўбачымся мы яшчэ з вамі на гэтым свеце, дазвольце даць вам мой апошні наказ на дарогу: асцерагайцеся сэра Дэніэла. Давяраць яму нельга. Не спадзявайцеся на гэтага блазна свяшчэнніка: ён не злы чалавек, але выконвае чужую волю; ён у руках сэра Дэніэла! Там, куды вы накіроўваецеся, знайдзіце сабе добрага заступніка; шукайце сяброў сярод моцных людзей. І згадвайце ў сваіх малітвах Бенета Хэтча. На свеце нямала нягоднікаў і горшых за Бенета. Жадаю вам удачы!

– Хай і табе Бог памагае! – адказаў Дзік. – Ты заўсёды адносіўся да мяне па-сяброўску, і я гэтага не забуду.

– Паслухайце, – дадаў Хэтч збянтэжана, – калі гэты Помшчу-за-ўсіх праткне мяне стралой, ахвяруйце залатую марку, – не, лепш цэлы фунт за супакой маёй беднай душы. А то, баюся, як бы мне не давялося блага ў чысцілішчы.

– Твая воля будзе выканана, Бенет, – адказаў Дзік. – Але ты дарэмна трывожышся, сябра. Там, дзе мы з табой хутка сустрэнемся, табе будзе больш патрэбны эль, чым памінальная абедня.

– Дай жа Бог, майстар Дзік! – сказаў Хэтч. – Але вось ідзе сэр Олівер. Калі б ён гэтак жа спрытна валодаў лукам, як валодае пяром, з яго выйшаў бы слаўны воін.

Сэр Олівер уручыў Дзіку запячатаны пакет, на якім было напісана: «Майму глыбокашаноўнаму пану сэру Дэніэлу Брэклі, рыцару. Перадаць неадкладна».

Дзік засунуў пакет за пазуху, загадаў атраду рухацца следам і крануўся з вёсачкі на захад.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю