Текст книги "Чорная страла"
Автор книги: Роберт Льюис Стивенсон
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 16 страниц)
Раздзел VII
Чалавек з закрытым тварам
Яны прачнуліся ў перадсвітальных прыцемках. Птушкі яшчэ не спявалі, а толькі няўпэўнена шчабяталі; і сонца яшчэ не паднялося, але ўвесь усходні край неба быў ахоплены ўрачыстай шматколернай зарой. Галодныя, змучаныя, яны нерухома ляжалі ў салодкай млявасці. І раптам пачулі дзвынканне званочкаў.
– Звоняць! – сказаў Дзік, прыўзнімаючыся. – Няўжо мы так блізка ад Халівуда?
Званочак дзвынкнуў зноў і на гэты раз намнога бліжэй; надтрэснуты гук яго, які парушыў ранішнюю цішыню, ужо не змаўкаў, увесь час набліжаючыся.
– Што гэта? – спытаў Дзік, канчаткова прачынаючыся.
– Хтосьці ідзе, – адказаў Мэтчэм, – і пры кожным яго кроку звініць званочак.
– Я гэта і сам разумею, – сказаў Дзік. – Але хто можа блукаць тут са званочкам? Каму патрэбен званочак у Тэнстолскім лесе? Джон, – дадаў ён, – смейся нада мной, калі хочаш, але мне гэты звон не падабаецца.
– Але, – сказаў Мэтчэм і ўздрыгнуў, – у гэтым звоне ёсць штосьці журботнае. Калі б не світанне…
Але тут званочак зазвінеў намнога мацней і раптам змоўк.
– Можна падумаць, што нехта бег са званочкам, прачытаў «Ойча наш» і з разгону скочыў у ваду, – заўважыў Дзік.
– А цяпер ён зноў ідзе марудна, – дадаў Мэтчэм.
– Не так ужо марудна, Джон, – адказаў Дзік. – Наадварот, ён вельмі шпарка да нас набліжаецца. Або ён уцякае ад кагосьці, або за кімсьці гоніцца сам. Хіба ты не чуеш, што звон з кожным імгненнем усё бліжэй?
– Ён ужо зусім побач, – сказаў Мэтчэм.
Яны стаялі з краю ямы; а паколькі яма была на макаўцы невялікай выспы, яны ўбачылі ўсю паляну да самага лесу. У шэрых ранішніх прыцемках яны выразна адрознівалі белую стужку сцяжынкі, якая праходзіла за нейкіх сто ярдаў ад ямы і перасякала ўсю паляну з усходу на захад. Дзік вымеркаваў, што сцяжынка гэтая, відавочна, павінна была весці ў замак Мот.
Не паспеў ён гэта падумаць, як на сцяжынцы з гушчару лесу з'явіўся чалавек, захутаны ў белае. Ён спыніўся на імгненне, быццам для таго, каб лепш агледзецца; затым, нізка прыгнуўшыся да зямлі, няспешліва рушыў наперад цераз зарослую верасам паляну. Званочак звінеў пры кожным яго кроку. У яго не было твару: белы мяшок, нават без адтулін для вачэй, закрываў усю яго галаву; чалавек гэты намацваў дарогу палкай.
Смяротны жах ахапіў хлопчыкаў.
– Пракажоны! – сказаў Дзік задыхаючыся.
– Яго дотык – смерць, – хваляваўся Мэтчэм. – Уцякайма!
– Навошта ўцякаць? – запярэчыў Дзік. – Хіба ты не бачыш, што ён зусім сляпы? Ён намацвае дарогу палкай. Давай ляжаць і не рухацца; вецер дзьме ад нас да яго, і ён пройдзе міма, не зрабіўшы нам ніякай шкоды. Бедачына! Ён варты жалю, а не страху!
– Я пашкадую яго, калі ён пройдзе, – адказаў Мэтчэм.
Пракажоны быў ужо зусім недалёка ад іх. Узышло сонца і асвяціла яго закрыты твар. Калісьці, да таго як страшная хвароба сагнула яго ў тры пагібелі, гэта, хутчэй за ўсё, быў мажны, рослы мужчына, ды і зараз ён ішоў упэўненай паходкай моцнага чалавека. Злавесны звон званочка, стук палкі, занавешаны твар без вачэй і, галоўнае, усведамленне таго, што ён не толькі асуджаны на смерць і пакуты, але і адвергнуты людзьмі, – усё гэта наганяла на хлопчыкаў жудасную журбу. Чалавек набліжаўся да іх, і з кожным яго крокам яны гублялі мужнасць і сілы.
Параўняўшыся з ямай, ён спыніўся і павярнуў да іх галаву.
– Прасвятая Багародзіца, выратуй мяне! – ледзь чутна прашаптаў Мэтчэм. – Ён нас бачыць!
– Лухта! – адказаў Дзік шэптам. – Ён проста прыслухоўваецца. Ён жа сляпы, дзівак!
Пракажоны глядзеў ці прыслухоўваўся некалькі імгненняў. Потым пабрыў далей, але раптам зноў спыніўся і зноў, здавалася, паглядзеў на хлопчыкаў. Нават Дзік смяротна пабялеў і заплюшчыў вочы, быццам ад аднаго позірку на пракажонага ён мог заразіцца. Але неўзабаве званочак зазвінеў зноў.
Пракажоны дайшоў да канца паляны і знік у гушчары.
– Ён бачыў нас, – сказаў Мэтчэм. – Клянуся, ён нас бачыў!
– Глупства! – запярэчыў Дзік, да якога ўжо вярнулася мужнасць. – Ён нас чуў і, пэўна, вельмі спалохаўся, бядак! Калі б ты быў сляпы, і калі б цябе акружала вечная ноч, ты спыняўся б ад кожнага хрусту сучка пад нагой, ад кожнага піску птушкі.
– Дзік, добры Дзік, ён бачыў нас, – паўтараў Мэтчэм. – Людзі прыслухоўваюцца зусім не так, Дзік. Ён глядзеў, а не слухаў. Ён задумаў штосьці нядобрае. Чуеш, званочак змоўк…
Ён меў рацыю. Званочак больш не звінеў.
– Гэта мне не падабаецца, – сказаў Дзік. – Гэта мне зусім не падабаецца, – паўтарыў ён. – Што ён задумаў? Ідзём хутчэй!
– Ён пайшоў на ўсход, – сказаў Мэтчэм. – Добры Дзік, бяжым прама на захад! Я супакоюся толькі тады, калі павярнуся да гэтага пракажонага спіной і ўцяку ад яго як можна далей.
– Які ж ты баязлівец, Джон! – адказаў Дзік. – Мы ідзём у Халівуд, а каб прыйсці адсюль у Халівуд, трэба ісці на поўнач.
Яны падняліся, перайшлі па каменьчыках цераз ручай і палезлі ўверх па супрацьлеглым схіле яру, які быў вельмі круты і падымаўся да самага ўскрайку лесу. Глеба тут была няроўнай – усюды гарбы і ямы; дрэвы раслі то ў адзіночку, то цэлымі гаямі. Нялёгка было знаходзіць дарогу, хлопчыкі пасоўваліся наперад вельмі марудна. Да таго ж яны былі стомлены ўчарашнімі сваімі прыгодамі, змучаны голадам і з цяжкасцю перастаўлялі ногі, якія грузлі ў пяску.
Раптам з вяршыні выспы яны ўбачылі пракажонага – ён быў за сто футаў ад іх і ішоў ім напярэймы па лагчыне. Званочак яго не звінеў, палка не намацвала дарогі, ён ішоў шпаркай, упэўненай паходкай відушчага чалавека. Праз імгненне ён знік у зарасніках кустоў.
Хлопчыкі адразу схаваліся за кустом жаўтазелю і ляжалі ахопленыя жахам.
– Ён гоніцца за намі, – сказаў Дзік. – Ты заўважыў, як ён прыціснуў язычок званочка рукой, каб не звінеў? Хай дапамогуць нам святыя! Супраць заразы мая зброя проста нішто!
– Што яму трэба? – усклікнуў Мэтчэм. – Чаго ён хоча? Ніколі не чуў я, каб пракажоныя кідаліся на людзей проста так, са злосці. Бо і званочак у яго для таго, каб людзі, пачуўшы звон, уцякалі. Дзік, тут штосьці не так…
– Мне ўсё роўна, – прастагнаў Дзік. – Я зусім аслабеў, ногі ў мяне як салома. Хай ратуюць нас святыя!
– Няўжо ты так і будзеш тут ляжаць? – усклікнуў Мэтчэм. – Уцякайма назад, на паляну. Там бяспечней. Там яму не ўдасца падкрасціся да нас незаўважна.
– Я нікуды не пабягу, – сказаў Дзік. – У мяне няма сілы. Будзем спадзявацца, што ён пройдзе міма.
– Дык нацягні свой арбалет! – усклікнуў Мэтчэм. – Будзь мужчынам.
Дзік перахрысціўся.
– Няўжо ты хочаш, каб я страляў у пракажонага? – сказаў ён. – У мяне рука не падымецца. Будзь што будзе! – дадаў ён. – Я магу змагацца са здаровымі людзьмі, але не з прывідамі і пракажонымі. Не ведаю, ці прывід гэта, ці пракажоны, але няхай абароніць нас неба і ад таго і ад другога!
– Дык вось якая праслаўленая храбрасць мужчыны! – сказаў Мэтчэм. – Як мне шкада няшчасных мужчын! Ну што ж, калі ты нічога не хочаш рабіць, дык давай ляжаць ціха.
Званочак адрывіста дзвынкнуў.
– Ён знянацку адпусціў язычок, – шапнуў Мэтчэм. – Божа, як ён блізка!
Дзік нічога не адказаў, зубы яго ляскалі.
Пракажоны ўжо цьмяна бялеў за галінамі кустоў, потым з-за ствала высунулася яго галава, здавалася, ён уважліва вывучаў мясцовасць. Хлопчыкам ад страху мроілася, што кусты шаргацяць лісцямі і трашчаць галінамі, як жывыя; і кожнаму было чуваць, як б'ецца сэрца другога.
Раптам пракажоны з воклічам выскачыў з-за кустоў і пабег прама на хлопчыкаў. Моцна крычучы, яны кінуліся ў розныя бакі. Але іх страшны вораг хутка дагнаў Мэтчэма і моцна схапіў яго. Лясное рэха падхапіла адчайны крык Мэтчэма. Ён сутаргава затрапятаўся і страціў прытомнасць.
Дзік пачуў крык і павярнуўся. Ён убачыў, што Мэтчэм упаў, і да яго адразу вярнуліся сілы і мужнасць. З воклічам гневу і жалю ён зняў з пляча арбалет і нацягнуў цеціву. Але пракажоны спыніў яго, падняўшы руку.
– Не страляй, Дзікон! – пачуўся знаёмы голас. – Не страляй, храбрэц! Няўжо ты не пазнаў сябра?
Чалавек паклаў Мэтчэма на траву, скінуў з галавы мяшок, і Дзік убачыў твар сэра Дэніэла Брэклі.
– Сэр Дэніэл! – усклікнуў Дзік.
– Так, я сэр Дэніэл, – адказаў рыцар. – Ты ледзь не застрэліў свайго апекуна, шэльма! Але вось гэты… – ён кіўнуў на Мэтчэма. – Як ты яго называеш, Дзік?
– Я яго называю майстрам Мэтчэмам, – сказаў Дзік. – Хіба вы яго не ведаеце? А ён казаў, што вы яго ведаеце!
– Але, я яго ведаю, – адказаў сэр Дэніэл і ўсміхнуўся. – Ён самлеў, і, клянуся небам, яму ёсць ад чаго траціць прытомнасць. Прызнайся, Дзік, што я напалохаў цябе да смерці?
– Страшэнна напалохалі, сэр Дэніэл, – сказаў Дзік, уздыхнуўшы пры адным успаміне аб сваім спалоху. – Даруйце мне, сэр, за дзёрзкія словы, але мне падалося, што я сустрэў самога д'ябла. Сказаць шчыра, я да гэтага часу дрыжу. Чаму вы так прыбраліся, сэр?
Сэр Дэніэл гнеўна нахмурыўся.
– Чаму я так прыбраўся? – перапытаў ён. – Таму, Дзік, што нават у маім уласным Тэнстолскім лесе майму жыццю пагражае небяспека. Нам не пашанцавала, мы прыбылі на самы разгром. Дзе ўсе мае слаўныя воіны? Дзік, клянуся небам, я не ведаю, дзе яны! Мы былі адбіты. Стрэлы касілі нас, трох забілі ў мяне на вачах. З таго часу я не бачыў ніводнага майго воіна. Мне ўдалося цэлым і жывым дабрацца да Шорбі. Там, асцерагаючыся «Чорнай стралы», я прыкінуўся пракажоным і асцярожна пабрыў да замка Мот, пазвоньваючы званочкам. Гэта самы зручны ўбор на свеце; самы дзёрзкі разбойнік пусціцца наўцёкі, пачуўшы звон майго званочка. Гэты гук здольны сагнаць колер з любога твару. Я іду і раптам натыкаюся на цябе і Мэтчэма. Я вельмі дрэнна бачу праз мяшок і не быў упэўнены, вы гэта ці не вы. І па многіх прычынах я здзівіўся, сустрэўшы вас разам. Акрамя таго я баяўся, што на адкрытай паляне мяне могуць пазнаць. Але паглядзі, – перабіў ён сябе, – бядак ужо амаль ачуўся. Глыток добрага канарскага віна адразу яго ажывіць.
Рыцар выняў з-пад сваёй доўгай вопраткі вялікую бутэльку. Ён расцёр хвораму скроні і змачыў яму губы. Джон апрытомнеў і цьмяным позіркам глядзеў то на аднаго, то на другога.
– Якая радасць, Джон! – сказаў Дзік. – Гэта быў зусім не пракажоны, гэта быў сэр Дэніэл! Паглядзі сам!
– Выпі глыток, – сказаў рыцар. – Ты адразу станеш малайцом. Я вас накармлю, і мы ўтрох пойдзем у Тэнстол. Прызнаюся табе, Дзік, – працягваў ён, раскладваючы на траве хлеб і мяса, – я буду адчуваць сябе ў бяспецы толькі тады, калі апынуся ў чатырох сценах. З таго часу, як я ўпершыню сеў на каня, мне ніколі не было так кепска. Небяспека пагражае і майму жыццю, і маёй маёмасці, а тут яшчэ гэтыя лясныя бадзягі апалчыліся на мяне. Але я так лёгка не здамся! Некаторым маім воінам удасца дабрацца дахаты, ды ў Хэтча засталося дзесяць чалавек, і ў Сэлдэна шэсць. Не, мы хутка зноў будзем моцныя! І калі мне ўдасца купіць мір у шчаслівага і недастойнага лорда Йорка, мы з табою, Дзік, хутка зноў станем людзьмі і будзем раз'язджаць вярхом на конях!
З гэтымі словамі рыцар напоўніў рог канарскім віном і падняў яго, збіраючыся выпіць за здароўе свайго выхаванца.
– Сэлдэн… – пачаў Дзік, запінаючыся. – Сэлдэн…
І замоўк.
Сэр Дэніэл адкінуў рог, не выпіўшы віна.
– Што? – усклікнуў ён дрыготкім голасам. – Сэлдэн? Кажы! Што здарылася з Сэлдэнам?
Дзік расказаў, як трапіў у засаду і як быў знішчаны атрад, пасланы сэрам Дэніэлам.
Рыцар слухаў моўчкі, але твар яго падрыгваў ад гневу і гора.
– Клянуся маёй правай рукой, я адпомшчу! – закрычаў ён. – Калі мне не ўдасца адпомсціць, калі я не заб'ю дзесяць ворагаў за кожнага з маіх забітых воінаў, няхай гэтая рука адсохне. Я зламаў гэтага Дэкуорта, як чарацінку, я выгнаў яго з дому, я спаліў дах над яго галавой, я прагнаў яго з гэтай краіны; і цяпер ён вярнуўся, каб шкодзіць мне? Ну, Дэкуорт, гэтым разам табе давядзецца дрэнна.
Ён замоўк, толькі твар яго працягваў падрыгваць.
– Што ж вы не ядзіце! – крыкнуў ён раптоўна. – А ты, – звярнуўся ён да Мэтчэма, – пакляніся мне, што пойдзеш са мной у замак Мот.
– Клянуся маім гонарам, – адказаў Мэтчэм.
– Што я буду рабіць з тваім гонарам? – крыкнуў рыцар. – Пакляніся мне шчасцем тваёй маці!
Мэтчэм пакляўся шчасцем маці. Сэр Дэніэл закрыў твар мяшком, узяў званочак і палку. Убачыўшы яго зноў у гэтым жахлівым уборы, хлопчыкі адчулі якісьці страх. Але рыцар быў ужо на нагах.
– Ешце хутчэй, – сказаў ён, – і ідзіце за мною следам у мой замак.
Ён павярнуўся і пабрыў у лес, званочак адлічваў яго крокі. Хлопчыкі не дакрануліся да ежы, пакуль гэты страшны звон не змоўк удалечыні.
– Дык што, ты ідзеш у Тэнстол? – спытаў Дзік.
– Што ж рабіць, – сказаў Мэтчэм, – давядзецца ісці! Я храбрэйшы за спіною сэра Дэніэла, чым у яго на вачах.
Яны наспех паелі і пайшлі па сцяжынцы, якая вяла іх усё вышэй пад гару. Велізарныя букі раслі пасярод зялёных лужкоў; вавёркі і птушкі весела пераскоквалі з галінкі на галінку. Праз дзве гадзіны яны былі ўжо на другім баку грады пагоркаў і ішлі ўніз; неўзабаве за вяршалінамі дрэў паказаліся чырвоныя сцены і дах Тэнстолскага замка.
– Развітайся тут са сваім сябрам Джонам, якога ты ніколі больш не ўбачыш, – сказаў Мэтчэм і спыніўся. – Даруй Джону ўсё, што ён табе зрабіў благога, і ён таксама з радасцю і любоўю даруе табе.
– Навошта? – спытаў Дзік. – Мы абодва ідзём у Тэнстол і будзем бачыцца там вельмі часта.
– Ты ніколі больш не ўбачыш беднага Джона Мэтчэма, які быў такі баязлівы і надакучлівы, але ўсё-такі выцягнуў цябе з ракі. Ты больш не ўбачыш яго, Дзік, клянуся маім гонарам!
Ён растуліў абдымкі. Хлопчыкі абняліся і пацалаваліся.
– Я прадчуваю бяду, Дзік, – працягваў Мэтчэм. – Ты зараз убачыш зусім новага сэра Дэніэла. Да гэтага часу яму ўсё ўдавалася, шчасце само ішло ў рукі, але цяпер лёс павярнуўся супраць яго, і ён будзе кепскім валадаром для нас абодвух. Ён храбры на полі бою, але ў яго хлуслівыя вочы. Зараз у вачах яго спалох, а страх, Дзік, яшчэ люцейшы за воўка! Мы ідзём у яго замак. Святая Марыя, выведзі нас адтуль!
Яны моўчкі спусціліся з пагорка і нарэшце падышлі да лясной цвярдыні сэра Дэніэла – нізкага змрочнага будынка з круглымі вежамі, з мохам і плесенню на сценах і з глыбокім ровам, поўным вады, у якім плавалі гарлачыкі. Пры іх з'яўленні брама расчынілася, пад'ёмны мост апусціўся, і сэр Дэніэл, у суправаджэнні Хэтча і свяшчэнніка, выйшаў ім насустрач.
Кніга другая
ЗАМАК МОТ
Раздзел I
Дзік задае пытанні
Замак Мот стаяў недалёка ад лясной дарогі. Гэта быў чырвоны мураваны прамавугольны будынак, па баках якога ўзвышаліся круглыя вежы з байніцамі і зубцамі. Усярэдзіне замка быў вузкі двор. Праз роў, які меў футаў дванаццаць у шырыню, быў перакінуты пад'ёмны мост. Вада сцякала ў роў па канаве, што злучала яго з лясной сажалкай; уся канава знаходзілася пад аховай дзвюх паўднёвых вежаў. Абараняцца ў такім замку было дужа зручна. Крыху псавалі справу толькі два высокія галіністыя дрэвы паблізу, якія чамусьці забылі ссекчы. Залезшы на іх, варожыя стралкі маглі пагражаць абаронцам замка.
У двары Дзік застаў некалькіх воінаў з гарнізона, якія рыхтаваліся да абароны і панура разважалі аб тым, ці ўдасца ім утрымаць замак. Хто рабіў стрэлы, хто вастрыў мячы, якімі даўно ўжо не карысталіся: усе з сумненнем хіталі галовамі.
З усяго атрада сэра Дэніэла толькі дванаццаці воінам удалося ўцячы жывымі з поля бітвы, прайсці цераз лес і з'явіцца ў замак Мот. Але і з іх трое былі цяжка паранены: двое – у бітве пры Райзінгэме, у час бязладных уцёкаў, а адзін быў паранены ў лесе малайцамі Джона Помшчу-за-ўсіх. Разам з воінамі з гарнізона, з Хэтчам, з сэрам Дэніэлам і маладым Шэлтанам у замку знаходзіліся дваццаць два чалавекі, якія здольны былі ваяваць. Можна было чакаць, што з часам з'явіцца яшчэ хто-небудзь. Небяспека, значыць, заключалася не ў малалікасці атрада.
Чорныя стрэлы – вось чаго баяліся абаронцы замка. Менш за ўсё баяліся яны сваіх яўных ворагаў – прыхільнікаў Йорка. Яны суцяшаліся думкай, што «ўсё пераменіцца», як любілі казаць у той смутны час, і што бяда, магчыма, міне іх. Затое перад сваімі ляснымі суседзямі яны трымцелі ад страху. Жыхары навакольных вёсак ненавідзелі не толькі сэра Дэніэла. Яго воіны, карыстаючыся сваёй беспакаранасцю, таксама крыўдзілі і прыгняталі ўсіх. Жорсткія загады сэра Дэніэла жорстка выконваліся яго падручнымі, і кожны з воінаў, што сабраліся ў двары замка, здзейсніў нямала насілля і злачынстваў. А цяпер, дзякуючы пракудам вайны, сэр Дэніэл ужо не мог абараніць сваіх прыхільнікаў; цяпер, пасля бітвы, якая доўжылася ўсяго некалькі гадзін і ў якой многія з іх нават не прымалі ўдзелу, яны сталі маленькай купкай дзяржаўных злачынцаў, што знаходзяцца па-за законам. Яны асаджаны ў нікчэмнай крэпасці і прадастаўлены справядліваму гневу сваіх ахвяр. Да таго ж хапала адных грозных напамінкаў аб тым, што іх чакае.
На працягу вечара і ночы да брамы з гучным іржаннем прыскакалі сем напалоханых коней без вершнікаў. Два з іх належалі воінам атрада Сэлдэна, а пяць – тым, каго сэр Дэніэл вадзіў у бой. Перад світаннем да рова, хістаючыся, падышоў дзіданосец, пранізаны трыма стрэламі. Толькі яго занеслі ў замак, як ён сканаў; з яго перадсмяротнага лепятання вынікала, што ніводзін чалавек з даволі шматлікага атрада, да якога ён належаў, не ацалеў.
Нават загарэлы твар Хэтча збялеў ад трывогі. А калі Дзік расказаў яму аб лёсе Сэлдэна, ён упаў на каменную лаўку і зарыдаў. Воіны, якія сядзелі на табурэтках і прыступках у сонечным кутку двара, паглядзелі на яго са здзіўленнем і неспакоем, але ніводзін з іх не адважыўся спытаць у яго, чаго ён плача.
– Помніце, майстар Шэлтан, што я вам гаварыў? – вымавіў нарэшце Хэтч. – Я казаў, што ўсіх нас пазабіваюць. Сэлдэн быў малайчына, і я любіў яго, як брата. Яго забілі другога. Ну што ж, мы ўсе пойдзем услед за ім! Як сказана ў тым подлым вершыку пра чорныя стрэлы? «Няхай баяцца ілгуны – ляцяць без промаху яны». Так, здаецца? Ну што ж – Эпльярд, Сэлдэн, Сміт і стары Гэмфры ўжо забітыя. А ў замку ляжыць бедны Джон Картэр і просіць, грэшнік, свяшчэнніка.
Дзік прыслухаўся. Ён стаяў непадалёку ад нізкага акенца, з якога даляталі стогны і прыгалошванне.
– Ён ляжыць тут? – спытаў Дзік.
– Але, у пакоі другога брамніка, – адказаў Хэтч. – У яго ўжо душа ледзь трымаецца, таму мы не маглі цягнуць яго далей. Пры кожным нашым кроку ён думаў, што памірае. Але зараз, мне здаецца, ён адчувае толькі душэўныя пакуты. Ён усё кліча свяшчэнніка, а сэр Олівер чамусьці да гэтага часу не падышоў да яго. Яму давядзецца доўга спавядацца. А бядак Эпльярд і бядак Сэлдэн памерлі без споведзі.
Дзік нахіліўся і зазірнуў у акно. У маленькім нізкім пакойчыку было цёмна, але ўсё ж яму ўдалося разгледзець старога салдата, які стагнаў на саламянай падсцілцы.
– Картэр, бедны сябар, як ты сябе адчуваеш? – спытаў ён.
– Майстар Шэлтан, – адказаў той усхваляваным шэптам, – дзеля ўсяго святога, прывядзіце свяшчэнніка! На жаль, мне прыйшоў канец! Мне вельмі блага, рана мая смяротная. Акажыце мне апошнюю паслугу, прывядзіце свяшчэнніка! Нічога іншага вы ўжо не зможаце для мяне зрабіць. Дзеля выратавання маёй душы, паспяшайцеся! Заклінаю вас, як высакароднага чалавека. У мяне на сумленні злачынства, яно адправіць мяне ў пекла.
Картэр застагнаў, і Дзік пачуў, як ён – ці то ад болю, ці то ад страху – заскрыгатаў зубамі.
У гэтую хвіліну ў двор выйшаў сэр Дэніэл. У руцэ ён трымаў пісьмо.
– Хлопцы, – сказаў ён, – мы разбіты ў пух. Хіба мы адмаўляем гэта? Не, мы не адмаўляем. Але мы пастараемся як хутчэй зноў сесці ў сядло. Стары Гары Шосты пацярпеў крушэнне. Ну што ж, мы ўмываем рукі. Сярод прыхільнікаў герцага Йорка ў мяне ёсць добры сябар, яго завуць лорд Уэнслідэл. Я напісаў гэтаму майму сябру пісьмо: я прашу ў яго заступніцтва, абяцаю цалкам загладзіць мінулае і быць лаяльным у будучым. Я не сумняваюся, што ён прыслухаецца да маёй просьбы. Але просьба без дароў – усё роўна, што песня без музыкі. І я наабяцаў яму, хлопцы, мноства ўсялякага дабра, я не паскупіўся на абяцанні. Чаго ж нам цяпер не хапае? Не буду падманваць вас, што нам не хапае вельмі важнага. Нам не хапае ганца, каб даставіць пісьмо. Лясы, як вам вядома, кішаць нашымі зласліўцамі. А трэба спяшацца. Таму без асцярожнасці і хітрасці нічога не выйдзе. Хто з вас возьмецца даставіць гэтае пісьмо лорду Ўэнслідэлу і прывезці мне адказ?
Адразу ж падняўся адзін з воінаў.
– Я, калі дазволіце, – сказаў ён. – Я гатовы рызыкнуць сваім жыццём…
– Не, Дзік-лучнік, не дазволю, – адказаў рыцар. – Ты хітры, але непаваротлівы. Ты бегаеш горш за ўсіх.
– Ну, тады я, сэр Дэніэл! – крыкнуў другі.
– Толькі не ты! – замахаў рукамі рыцар. – Ты бегаеш хутка, а думаеш марудна. Ты адразу трапіш у лагер да Джона Помшчу-за-ўсіх. Вы абодва храбрыя, і я дзякую вам. Але абодва вы не падыходзіце.
Тады азваўся сам Хэтч, але і ён атрымаў адмову.
– Ты мне патрэбен тут, добры Бенет. Ты мая правая рука, – адказаў яму рыцар.
Нарэшце, з усіх, хто хацеў выканаць даручэнне рыцара, сэр Дэніэл выбраў аднаго і даў яму пісьмо.
– Мы ўсе залежым ад твайго спрыту і розуму, – сказаў ён яму. – Прынясі мне добры адказ, і праз тры тыдні я ачышчу мой лес ад гэтых дзёрзкіх бадзяг. Але помні, Трогмортан: справа цяжкая. Ты выйдзеш з замка ноччу і папаўзеш, быццам лісіца; я нават і не ведаю, як ты пераправішся цераз Ціл, – яны трымаюць у сваіх руках і мост і перавоз.
– Я ўмею плаваць, – сказаў Трогмортан. – Не бойцеся, я дабяруся!
– Ідзі ў камору, дарагі, – адказаў сэр Дэніэл, – і спачатку паплавай у цёмным элі.
З гэтымі словамі ён павярнуўся і пайшоў назад.
– У сэра Дэніэла мудрая галава, – сказаў Хэтч Дзіку. – Іншы на яго месцы стаў бы хлусіць, а ён заўсёды гаворыць сваім воінам усю праўду. «Вось, – кажа, – якая нам пагражае небяспека, вось якія нас чакаюць цяжкасці», і яшчэ жартуе пры гэтым. Клянуся святой Барбарай, ён прыроджаны палкаводзец! Кожнага ўмее падбадзёрыць! Паглядзіце, як усе ўзяліся за справу.
Гэтая пахвала сэру Дэніэлу навяла Дзіка на адну думку.
– Бенет, – спытаў ён, – як памёр мой бацька?
– Не пытайся ў мяне пра гэта, – адказаў Хэтч. – Я нічога аб яго смерці не ведаю і не хачу балбатаць пустое, майстар Дзік. Чалавек павінен гаварыць толькі аб тым, што тычыцца яго ўласных спраў, а не аб тым, што ён чуў ад іншых. Спытайце лепш у сэра Олівера або, калі хочаце, у Картэра, але толькі не ў мяне.
І Хэтч адправіўся правяраць вартавых, пакінуўшы Дзіка ў глыбокім роздуме.
«Чаму ён не захацеў мне адказаць? – думаў хлопчык. – Чаму ён назваў Картэра? Картэр… Відаць, Картэр прымаў удзел у забойстве майго бацькі».
Ён зайшоў у замак, прайшоў па доўгім калідоры з нізкімі скляпеннямі і апынуўся ў тым пакойчыку, дзе стагнаў паранены. Картэр уздрыгнуў, калі ўбачыў яго.
– Вы прывялі свяшчэнніка? – усклікнуў ён.
– Не яшчэ, – адказаў Дзік. – Я перш хачу сам з табой паразмаўляць. Адкажы мне: як памёр Гары Шэлтан, мой бацька?
Твар у Картэра таргануўся.
– Не ведаю, – адказаў ён панура.
– Не, ведаеш, – запярэчыў Дзік. – І табе не ўдасца мяне падмануць.
– Кажу вам, не ведаю, – паўтарыў Картэр.
– Ну, калі так, – сказаў Дзік, – ты памрэш без споведзі. Я не рушу адсюль, і не будзе табе ніякага свяшчэнніка. Якая карысць ад раскаяння, калі ты не хочаш паправіць зробленае табою зло? А споведзь без раскаяння нічога не вартая.
– Якія легкадумныя вашы словы, майстар Дзік, – спакойна сказаў Картэр. – Непрыстойна пагражаць таму, хто памірае, і, шчыра сказаць, гэта нават ганебна для вас. Вы паступаеце кепска і, галоўнае, нічога гэтым не даб'ецеся. Не хочаце клікаць свяшчэнніка – не трэба. Душа мая трапіць у пекла, але вы ўсё роўна нічога не даведаецеся! Гэта апошняе маё слова.
І паранены павярнуўся на другі бок.
Сказаць па шчырасці, Дзік адчуваў, што ляпнуў неабдумана, яму было сорамна сваіх пагроз. І ўсё ж ён вырашыў паспрабаваць яшчэ раз.
– Картэр, – сказаў ён, – зразумей мяне правільна. Я ведаю, што ты выконваў чужую волю: слуга павінен падпарадкоўвацца свайму пану. Я цябе ні ў чым не віню. Але з усіх бакоў я чую, што на мне ляжыць вялікі доўг – адпомсціць за бацьку. Прашу цябе, добры Картэр, забудзь мае пагрозы і са шчырым раскаяннем дапамажы мне.
Паранены маўчаў. Як ні стараўся Дзік, ён не дабіўся ад яго ні слова.
– Добра, – сказаў Дзік, – я прывяду табе свяшчэнніка. І нават калі ты і прычыніў зло мне і маім родным, я не жадаю зла нікому, і ўжо менш за ўсё чалавеку, які з хвіліны на хвіліну чакае смерці.
Стары салдат выслухаў яго ўсё гэтак жа маўкліва і нерухома, ён нават не стагнаў. І Дзік, выходзячы з пакоя, адчуў павагу да гэтай суровай цвёрдасці.
«А між тым, – думаў ён, – што тая цвёрдасць без розуму? Калі б у яго былі чыстыя рукі, ён бы не маўчаў; яго маўчанне выдала тайну лепш за ўсялякія словы. Усе доказы сыходзяцца. Сэр Дэніэл – або сам, або з дапамогай сваіх воінаў – забіў майго бацьку».
З цяжкім сэрцам спыніўся Дзік у мураваным калідоры. Няўжо ў гэты час, калі шчасце здрадзіла сэру Дэніэлу, калі ён абложаны лучнікамі «Чорнай стралы» і зацкаваны ўдачлівымі прыхільнікамі Йорка, Дзік таксама пойдзе супраць яго, супраць чалавека, які яго выняньчыў і выхаваў? Сэр Дэніэл строга яго караў, гэта праўда, але хіба ён не ахоўваў яго ад нягод ва ўсе дні яго малалецтва? Няўжо Дзік зможа падняць руку на свайго заступніка? Жорсткі абавязак – калі гэта і на самой справе яго абавязак!
«Дай Бог, каб ён аказаўся невінаватым», – думаў Дзік.
Пачуліся чыесьці крокі па каменных плітах падлогі, і сэр Олівер важна прайшоў па калідоры.
– Вы вельмі патрэбны аднаму чалавеку, – сказаў Дзік.
– Я акурат да яго накіроўваюся, добры Рычард, – адказаў свяшчэннік. – Бедны Картэр! Яму не дапамогуць ужо ніякія лекі.
– Яго душа пакутуе мацней за цела, – заўважыў Дзік.
– Ты яго бачыў? – спытаў сэр Олівер, прыкметна ўздрыгнуўшы.
– Я толькі што ад яго, – адказаў Дзік.
– Што ён сказаў? – з прагнай дапытлівасцю спытаў свяшчэннік.
– Ён толькі жаласліва клікаў вас, сэр Олівер. Вам лепей паспяшацца, таму што ён страшэнна пакутуе, – адказаў хлопчык.
– Я іду проста да яго, – сказаў свяшчэннік. – Усе мы грэшныя, і ўсе мы памром, добры Рычард.
– Але, сэр, і добра, калі перад смерцю нам ні ў чым не трэба будзе каяцца, – адказаў Дзік.
Свяшчэннік апусціў вочы і, прашаптаўшы благаславенне, паспешліва адышоўся.
«Ён таксама замешаны, – падумаў Дзік. – Ён, які навучыў мяне набожнасці! У якім жахлівым свеце я жыву, – усе людзі, якія выгадавалі і выхавалі мяне, вінаватыя ў смерці майго бацькі. Помста! Да чаго ж сумны мой лёс! Я вымушаны помсціць маім лепшым сябрам!»
Пры гэтай думцы ён згадаў Мэтчэма. Ён усміхнуўся, успомніўшы аб сваім дзіўным таварышы. Дзе Мэтчэм? З таго часу як яны разам зайшлі ў браму замка Мот, Мэтчэм знік; а Дзіку вельмі хацелася б пабалбатаць з ім.
Праз гадзіну пасля абедні, якую наспех адслужыў сэр Олівер, усе сустрэліся ў зале за абедам. Зала была доўгая і нізкая. Падлога яе была засланая зялёным чаротам, на сценах віселі габелены з выявамі лютых паляўнічых і крыважэрных гончых сабак, паўсюдна развешаны былі дзіды, лукі і шчыты; агонь палаў у велізарным каміне, уздоўж сцен стаялі пакрытыя дыванамі лаўкі, пасярод залы быў накрыты стол, багатая ежа чакала воінаў. Ні сэр Дэніэл, ні яго жонка сюды не з'явіліся. Нават сэр Олівер адсутнічаў. І ніводнага слова не было сказана пра Мэтчэма. Дзік пачаў турбавацца. Ён успомніў змрочныя прадчуванні свайго таварыша. Ці не здарылася з ім якой-небудзь бяды ў гэтым замку?
Пасля полудня ён сустрэў старую місіс Хэтч; яна спяшалася да мілэдзі Брэклі.
– Гудзі, – спытаў ён, – дзе майстар Мэтчэм? Я бачыў, як ты павяла яго, калі мы прыйшлі ў замак.
Старая гучна зарагатала.
– Ах, майстар Дзік, – сказала яна, – якія ў вас зоркія вочы!
– Але дзе ж ён? – настойліва пытаў Дзік.
– Вы ніколі яго больш не ўбачыце, – адказала яна. – Ніколі! І не спадзявайцеся.
– Я хачу ведаць, дзе ён, і я даведаюся, – сказаў Дзік. – Ён прыйшоў сюды не па добрай волі. Які я ні на ёсць, я яго абаронца і не дапушчу, каб з ім кепска абышліся. Занадта шмат тайнаў навокал. Гэтыя тайны мне абрыдлі!
Дзік не паспеў дагаварыць, як чыясьці цяжкая рука апусцілася яму на плячо. То была рука Бенета Хэтча, які непрыкметна падышоў ззаду. Кіўком вялікага пальца Бенет загадаў жонцы знікнуць.
– Дружа Дзік, – сказаў Хэтч, калі яны засталіся адны, – у вас, здаецца, з галавой не ў парадку. Чым варушыць тайны Тэнстолскага замка, вам бы лепш адправіцца прамой дарогай на дно салёнага мора. Вы пыталі ў мяне, вы прыставалі з роспытамі да Картэра, вы перапалохалі сваімі намёкамі нашага блазна – свяшчэнніка. Вы вядзеце сябе, як дурань. Калі вас пакліча да сябе сэр Дэніэл, будзьце разважлівым і з'явіцеся перад ім з ласкавым тварам. Ён наладзіць вам суровы допыт. Адказваючы яму, узважвайце кожнае сваё слова.
– Хэтч, – сказаў Дзік, – за ўсім гэтым я адчуваю нячыстае сумленне.
– Калі вы не станеце разумнейшым, вы хутка адчуеце пах крыві, – адказаў Бенет. – Я вас папярэдзіў! А вось ужо ідуць па вас.
І сапраўды, у гэтую самую хвіліну Дзіка паклікалі да сэра Дэніэла.