Текст книги "Чорная страла"
Автор книги: Роберт Льюис Стивенсон
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 16 страниц)
Раздзел V
Крыважэрнае паляванне
Хлопчыкі не рухаліся да таго часу, пакуль шум ветру не заглушыў тупату крокаў, якія аддаляліся. Тады яны падняліся з вялікай цяжкасцю, таму што ад нязручнага становішча ў іх занямелі ногі, выбраліся з разбуранага дома і па бервяне перайшлі цераз роў. Мэтчэм падняў згублены кручок і ішоў наперадзе; Дзік рухаўся за ім з арбалетам у руцэ.
– А цяпер ідзём у Халівуд, – сказаў Мэтчэм.
– У Халівуд? – усклікнуў Дзік. – Ісці ў Халівуд, калі ў нашых страляюць? Не, я не пайду ў Халівуд. Няхай мяне лепш павесяць, Джон.
– Няўжо ты кінеш мяне? – спытаў Мэтчэм.
– Ну і кіну, – адказаў Дзік. – Калі я не паспею папярэдзіць іх, я памру разам з імі. Не магу ж я кінуць людзей, з якімі пражыў усё жыццё! Дай мне кручок ад майго арбалета.
Але Мэтчэм не збіраўся аддаваць яму кручок.
– Дзік, – сказаў ён, – ты пакляўся ўсімі святымі, што даставіш мяне цэлым і здаровым у Халівуд. Няўжо ты парушыш сваю клятву? Няўжо ты мяне кінеш, клятвапарушальнік?
– Я кляўся шчыра, – адказаў Дзік, – і збіраўся стрымаць сваю клятву. Вось што, Джон, пойдзем са мною. Дазволь мне толькі папярэдзіць гэтых людзей і, калі давядзецца, пастаяць разам з імі пад стрэламі. Тады сумленне маё будзе чыстае, я выканаю сваю клятву і завяду цябе ў Халівуд.
– Ты смяешся з мяне! – запярэчыў Мэтчэм. – Людзі, якім ты хочаш дапамагчы, палююць за мною, каб загубіць мяне.
Дзік пачухаў галаву.
– Што ж рабіць, Джон? – сказаў ён. – Я не магу інакш. А як бы ты сам зрабіў на маім месцы? Табе небяспека пагражае невялікая, а іх чакае смерць. Смерць! – паўтарыў ён. – Падумай аб гэтым! Якога чорта ты мяне затрымліваеш? Давай сюды кручок! Клянуся святым Георгіем, я не дам ім усім загінуць!
– Рычард Шэлтан, – спытаў Мэтчэм, гледзячы прама яму ў твар, – няўжо ты збіраешся змагацца на баку сэра Дэніэла? Хіба ў цябе няма вушэй? Хіба ты не чуў таго, што сказаў Эліс? Ці табе не дарагая родная кроў, кроў твайго бацькі, якога забіў гэты чалавек? «Гары Шэлтан», – сказаў ён; а сэр Гары Шэлтан быў твой бацька, і гэта таксама зразумела, як тое, што сонца зіхаціць на небе.
– І ты хочаш, каб я паверыў зладзеям? – крыкнуў Дзік.
– Я ўжо даўно чуў аб забойстве твайго бацькі, – сказаў Мэтчэм. – Усім вядома, што яго забіў сэр Дэніэл. У сваім уласным доме праліў ён нявінную кроў. Неба прагне расплаты за гэтае забойства! А ты, сын забітага, ідзеш суцяшаць і абараняць забойцу!
– Джон! – усклікнуў хлопчык. – Я нічога не ведаю. Можа, усё гэта так і было. Адкуль мне ведаць? Але памяркуй сам: сэр Дэніэл выгадаваў мяне і выкарміў; я гуляў і паляваў разам з яго воінамі; а ты хочаш бачыць мяне зганьбаваным.
– Ну, а твой бацька, Дзік? – спытаў Мэтчэм, трошкі, відаць, засумняваўшыся. – Хто ж твой бацька? І клятва, якую ты мне даў? Ты ж даваў клятву, заклікаў у сведкі ўсіх святых.
– Мой бацька, ты кажаш? – усклікнуў Шэлтан. – Бацька загадаў бы мне ісці і абараняць сваіх. Калі праўда, што сэр Дэніэл забіў яго, прыйдзе час, і вось гэтая рука заб'е сэра Дэніэла! Але пакуль сэру Дэніэлу пагражае небяспека, я буду абараняць яго. А ад клятвы маёй ты сам мяне вызваліш, добры Джон. Ты вызваліш мяне ад клятвы, каб выратаваць жыццё людзей, якія не зрабілі табе нічога кепскага, і каб выратаваць мой гонар.
– Я, Дзік, вызвалю цябе ад клятвы? Ніколі! – адказаў Мэтчэм. – Калі ты кінеш мяне, ты – клятвапарушальнік, так і ведай.
– Маё цярпенне лопнула, – сказаў Дзік. – Аддай мне мой кручок!
– Не дам, – заўпарціўся Мэтчэм. – Я выратую цябе насуперак тваёй волі.
– Не дасі? – крыкнуў Дзік. – Я цябе прымушу!
– Паспрабуй! – прыняў выклік Мэтчэм.
Яны глядзелі адзін аднаму ў вочы, гатовыя да сутычкі. Дзік кінуўся першы. Мэтчэм адскочыў, павярнуўся і пабег, але Дзік дагнаў яго двума скачкамі, вырваў у яго з рук кручок ад арбалета, груба паваліў на зямлю і спыніўся над ім, сціснуўшы кулакі, расчырванелы і люты. Мэтчэм ляжаў, уваткнуўшыся тварам у траву, і не спрабаваў супраціўляцца.
Дзік нацягнуў цеціву.
– Я цябе правучу! – шалёна крычаў ён. – Кляўся я ці не кляўся, а я цябе правучу!
Ён павярнуўся і пабег прэч. Мэтчэм падхапіўся на ногі і памчаўся за ім наўздагон.
– Што табе трэба? – крыкнуў Дзік і спыніўся. – Чаго ты бяжыш за мною? Адстань!
– Я бягу куды хачу, – сказаў Мэтчэм. – Тут, у лесе, я вольны.
– Не, ты адстанеш ад мяне, клянуся Багародзіцай! – адказаў Дзік, падымаючы свой арбалет.
– Ах, які ты храбрэц! – сказаў Мэтчэм. – Страляй!
Дзік збянтэжана апусціў арбалет.
– Паслухай, – сказаў ён, – ты ўжо і так дастаткова мне нашкодзіў. Ідзі. Па-добраму. А то я вымушаны буду прагнаць цябе.
– Ну што ж, – сказаў Мэтчэм, – ты дужэйшы. Праганяй мяне. А я ад цябе не адстану, Дзік. Ты можаш прагнаць мяне толькі сілай.
Дзік ледзь стрымліваўся. Сумленне не дазваляла яму біць безабароннага, але ён не ведаў іншага спосабу пазбавіцца ад непатрэбнага спадарожніка, якому да таго ж перастаў давяраць.
– Ды звар'яцеў ты, ці што? – крыкнуў ён. – Дурань, я ж іду да тваіх ворагаў! Я імчуся праменька да іх.
– Ну і няхай, – адказаў Мэтчэм. – Калі табе суджана памерці, Дзік, я памру разам з табой. Калі табе суджана трапіць у турму, мне лепш будзе з табою ў турме, чым без цябе на волі.
– Добра, – сказаў Дзік. – У мяне няма часу з табой валаводзіцца. Ідзі за мной. Але калі ты падстроіш мне якое-небудзь паскудства, я цябе шкадаваць не стану. Заганю ў цябе стралу, так і ведай.
З гэтымі словамі Дзік павярнуўся і шпаркім крокам накіраваўся ўздоўж гушчару, пільна гледзячы па баках. Неўзабаве ён выбраўся з яру. Лес парадзеў. Злева ён убачыў невялікі пагорак, які зарос залацістым жаўтазелем; на вяршыні пагорка ўзвышаліся цёмныя хвоі.
«Адсюль мне будзе відаць усё», – падумаў ён і палез угару па адкрытым, зарослым верасам схіле.
Ён прайшоў усяго некалькі ярдаў, як раптам Мэтчэм схапіў яго за руку і паказаў штосьці ўдалечыні. На поўдзень ад пагорка ляжала шырокая даліна; верас на ёй яшчэ не адцвіў, і яна нагадвала заржаўлены шчыт, на якім плямамі цямнелі вязы. Дзесяць чалавек у зялёных куртках падымаліся па схіле; іх вёў сам Эліс Дэкуорт, – яго лёгка было пазнаць па рагаціне, якую ён трымаў у руках. Адзін за адным узбіраліся яны на вяршыню, паяўляліся на фоне неба і знікалі за пагоркам.
Дзік ласкава паглядзеў на Мэтчэма.
– Значыць, ты са мною, Джон? – спытаў ён. – А я ж баяўся, што ты на баку маіх ворагаў.
Мэтчэм заплакаў.
– Гэта яшчэ што! – усклікнуў Дзік. – Святыя ўгоднікі, ратуйце нас! Я сказаў табе ўсяго адно слова, і ты ўжо равеш.
– Ты ўдарыў мяне! – плакаў Мэтчэм. – Ты шпурнуў мяне на зямлю, і я вельмі балюча выцяўся. Ты баязлівец, ты карыстаешся тым, што дужэйшы за мяне!
– Не мялі глупства, – груба сказаў Дзік. – Якое ты меў права не даваць мне мой кручок, майстар Джон! Мне варта было адлупцаваць цябе як належыць. Хочаш ісці са мной, дык слухайся. Ну, пайшлі!
Мэтчэм вагаўся ў нерашучасці; але калі ён убачыў, што Дзік працягвае караскацца ўгару па схіле, ні разу нават не павярнуўшыся, ён пабег за ім услед. Аднак пад'ём быў круты і няроўны, і пакуль Мэтчэм вагаўся, Дзік прайшоў далёка ўперад. А паколькі ён і рухаўся спрытней, то паспеў дапаўзці да хвой на вяршыні і ўжо расчышчаў сабе гняздзечка, калі Мэтчэм, дыхаючы, як загнаны алень, плюхнуўся вобзем побач з ім.
Унізе, з краю шырокай даліны, сцежка, што вяла ад вёсачкі Тэнстол, спускалася да перавозу. Гэта была добра вытаптаная сцежка, яе лёгка было прасачыць усю з канца ў канец. Лес то адступаў ад яе, то падыходзіў ушчыльную; і ўсюды, дзе лес блізка падыходзіў да сцежкі, магла быць засада. Далёка ўнізе сонечныя промні зіхацелі на сямі сталёвых шлемах; а часам, калі дрэвы радзелі, з пагорка можна было разгледзець Сэлдэна і яго людзей, якія ехалі рыссю, спяшаючыся выканаць загад сэра Дэніэла. Вецер трохі пацішэў, хоць усё яшчэ разгойдваў дрэвы, і, можа, калі б сярод вершнікаў быў нябожчык Эпльярд, ён па паводзінах птушак адчуў бы небяспеку.
– Яны ўжо заехалі далёка ў лес, – прашаптаў Дзік. – Зараз, каб выратавацца, ім трэба скакаць уперад, а не вяртацца. Бачыш вунь тую паляну, на самай сярэдзіне якой вырас маленькі гай, падобны на востраў? Там яны былі б у бяспецы. Толькі б яны даскакалі да гэтага месца, а ўжо я паклапачуся іх папярэдзіць. Але надзеі мала; іх усяго сямёра, і ў іх не арбалеты, а простыя лукі. А арбалет, Джон, заўсёды пераважае над лукам.
Між тым Сэлдэн і яго спадарожнікі працягвалі скакаць па сцежцы, не падазраючы аб небяспецы, што пагражала ім, і паступова набліжаліся да таго месца, дзе схаваліся хлопчыкі. Адзін раз коннікі спыніліся і, збіўшыся ў кучу, пачалі прыслухоўвацца і паказваць кудысьці пальцам. Насцярожыцца іх, хутчэй за ўсё, прымусіў глухі гарматны грукат, які вецер прыносіў да іх здалёку. Па гэтых гуках можна было здагадацца аб ходзе вялікай бітвы. Тут было над чым задумацца. Калі грукат гармат стаў чуцен у Тэнстолскім лесе, значыць, бітва перасунулася на ўсход і, такім чынам, шчасце здрадзіла сэру Дэніэлу і лордам Пунсовай ружы [2]2
Лорды Пунсовай ружы – гэта значыць прыхільнікі дынастыі Ланкастэраў.
[Закрыть].
Але вось маленькі атрад зноў рушыў у дарогу і хутка дабраўся да адкрытай паляны, якая зарасла верасам; лес уразаўся ў яе доўгім вузкім клінам, што даходзіў да самай сцежкі. Ледзь коннікі наблізіліся да яе, як у паветры мільганула страла. Адзін з вершнікаў пляснуў рукамі, конь яго ўздыбіўся, і абодва яны рухнулі на зямлю. Усе закрычалі так гучна, што хлопчыкі пачулі іх крык са свайго пагорка. Адтуль таксама было відаць, як тузануліся спалоханыя коні, і як адзін воін спрабаваў спешыцца, калі коннікі крыху акрыялі ад нечаканасці. Яшчэ адна страла, пушчаная з большай адлегласці, чым першая, апісала ў паветры шырокую дугу: другі вершнік таксама зваліўся ў пыл. Воін, які злез з каня, выпусціў аброць, і конь памчаўся галопам, цягнучы яго за нагу па зямлі, па камянях, топчучы капытамі. Астатнія чацвера, што засталіся ў сёдлах, падзяліліся – адзін, гучна крычучы, паскакаў назад да перавозу, а трое іншых, кінуўшы павады, панесліся на ўвесь мах уперад, да Тэнстола. З-за кожнага дрэва ў іх ляцелі стрэлы. Неўзабаве адзін конь упаў, але воін паспеў падхапіцца на ногі; ён бег услед за сваімі таварышамі, пакуль і яго не збіла страла. Яшчэ адзін чалавек упаў і яшчэ адзін конь. З усяго атрада ацалеў толькі адзін, але і ў яго ўжо не было каня. Удалечыні заціх тупат трох перапалоханых коней, якія страцілі сваіх седакоў.
За ўвесь гэты час ніводзін з нападаючых не паказаўся з засады. Толькі на сцежцы валяліся коні і людзі, якія курчыліся ў перадсмяротных пакутах. Але ў іх ворагаў не было міласэрнасці – ніхто не выйшаў з засады, каб пазбавіць іх мучэнняў.
Ацалелы вершнік спыніўся разгублена каля свайго мёртвага каня. Ён апынуўся ў канцы той самай паляны з гаёчкам, якую Дзік паказаў Мэтчэму, на адлегласці якіх-небудзь пяцісот ярдаў ад месца, дзе ляжалі хлопчыкі. Яны выразна бачылі, як ён трывожна азіраўся па баках, чакаючы смерці. Але ніхто яго не чапаў, і мала-памалу мужнасць вярнулася да яго. Раптам ён скінуў з пляча свой лук і нацягнуў цеціву. Дзік пазнаў яго па руху рук. То быў Сэлдэн. Пры такой спробе да супраціўлення ўвесь лес зарагатаў. Відаць, у гэтай жорсткай і несвоечасовай весялосці ўдзельнічала не менш дваццаці чалавек. Над плячом Сэлдэна праляцела страла. Ён уздрыгнуў і адхіснуўся. Другая страла торкнулася ў зямлю каля самых яго ног. Ён схаваўся за дрэвам. Трэцяя страла, накіраваная, здавалася, яму прама ў твар, упала за некалькі крокаў ад яго. Затым зноў пачуўся гулкі рогат, што перабягаў, як рэха, ад аднаго куста да другога.
Было зразумела, што нападаючыя проста дражняць няшчаснага, як у тыя часы дражнілі звычайна быка перад тым як забіць, або як кошка і па сённяшні дзень забаўляецца з мышшу. Змаганне даўно скончылася. Адзін з лясных зухаў ужо выйшаў на сцежку і спакойна падбіраў стрэлы, а яго таварышы цешылі свае жорсткія сэрцы відовішчам пакут бліжняга.
Сэлдэн зразумеў, што яго дражняць. З шалёным воклічам ён нацягнуў свой лук і наўздагад пусціў стралу ў гушчар лесу. Яму пашанцавала – хтосьці ўскрыкнуў ад болю. Сэлдэн кінуў свой лук і памчаўся ўгару па схіле, якраз туды, дзе ляжалі Дзік і Мэтчэм.
Лясныя зухі пачалі абстрэльваць яго не на жарты. Але яны позна спахапіліся, і як бы ў адплату за іх жорсткасць шчасце ад іх адвярнулася і цяпер ім даводзілася страляць супраць сонца. Сэлдэн на бягу кідаўся то ўправа, то ўлева, каб збіць іх і не даць ім прыцэліцца. Ужо тым, што кінуўся бегчы ўверх па схіле, ён зблытаў усе іх разлікі: з другога боку сцежкі ў іх не было ніводнага стралка, акрамя таго адзінага, якога Сэлдэн ці то забіў, ці то параніў. Шайка, відаць, разгубілася. Хтосьці тройчы свіснуў, потым яшчэ два разы. Здалёку даляцеў сустрэчны свіст. Увесь лес напоўніўся шумам крокаў і трэскам галін. Спалоханая лань выскачыла на паляну, пастаяла на трох нагах, панюхала паветра і зноў знікла ў нетры.
Сэлдэн працягваў бегчы, скачучы з боку на бок. Стрэлы ляцелі за ім наўздагон, але ніводная не трапляла ў яго. Яшчэ крыху, здавалася, і ён будзе выратаваны. Дзік трымаў напагатове свой арбалет, каб дапамагчы яму. Нават Мэтчэм, забыўшы аб сваёй нянавісці да сэра Дэніэла, у глыбіні душы спачуваў няшчаснаму ўцекачу. Сэрцы абодвух хлопчыкаў сутаргава біліся.
Сэлдэн быў усяго за пяцьдзесят ярдаў ад іх, як раптам у яго трапіла страла, і ён упаў. Праўда, праз імгненне ён ужо зноў быў на нагах; але цяпер ён хістаўся на кожным кроку і, быццам сляпы, пабег у іншы бок.
Дзік падхапіўся на ногі і замахаў рукой.
– Сюды! – крыкнуў ён. – Сюды! Мы дапаможам табе! Бяжы! Бяжы!
Але другая страла трапіла Сэлдэну ў плячо і, пацэліўшы паміж пласцінамі яго латаў, прабіла куртку. Ён зваліўся на зямлю.
– Бядак! – крыкнуў Мэтчэм, пляснуўшы рукамі.
А Дзік быццам аслупянеў. Ён стаяў на ўвесь рост на вяршыні пагорка – цудоўная мішэнь для стралкоў.
Яго, напэўна, тут жа забілі б, таму што лясныя зухі былі раз'ятраныя на саміх сябе і іх застала знянацку з'яўленне Дзіка ў тыле сваіх пазіцый, але раптам зусім блізка пачуўся грамавы голас Эліса Дэкуорта.
– Стой! – прагрымеў ён. – Не страляць! Узяць яго жывым! Гэта малады Шэлтан, сын Гары Шэлтана.
Ён некалькі разоў пранізліва свіснуў, і з усіх бакоў лесу яму засвісталі ў адказ. Свіст, верагодна, замяняў Джону Помшчу-за-ўсіх баявую трубу: з яго дапамогай ён аддаваў свае загады.
– Бяда! – усклікнуў Дзік. – Мы папаліся… Уцякайма, Джон, уцякайма!
І яны павярнулі назад і памчаліся праз хваёвы гай, які пакрываў вяршыню пагорка.
Раздзел VI
Канец дня
Хлопчыкі пабеглі своечасова: яшчэ крыху, і было б позна. Малайцы з «Чорнай стралы» з усіх канцоў памкнуліся да пагорка. Найбольш спрытныя з іх і тыя, каму давялося бегчы па адкрытай мясцовасці, хутка апярэдзілі астатніх і былі ўжо недалёка ад мэты; а тыя, што адсталі, памчаліся па лагчынках, хто направа, хто налева, спрабуючы акружыць пагорак, каб не даць хлопчыкам уцячы.
Дзік заляцеў у высокі дубовы гай. Там, пад дубамі, была цвёрдая глеба, і ногі не блыталіся ў вецці кустоў. Хлопчыкі беглі шпарка, таму што бегчы ім даводзілася з гары. Дубы скончыліся, перад імі была шырокая даліна, але Дзік павярнуў налева. Дабегшы да наступнай паляны, ён зноў павярнуў налева. Вось такім чынам атрымалася, што хлопчыкі, некалькі разоў павярнуўшы налева, паджгалі ў напрамку да ракі, праз якую яны пераправіліся дзве гадзіны назад, а іх праследавацелі памчаліся зусім у іншы бок, у напрамку да Тэнстола.
Хлопчыкі спыніліся, каб перавесці дух. Лясных разбойнікаў не было чуваць. Дзік прыклаў вуха да зямлі і ўсё ж нічога не пачуў; зрэшты на слых цяжка было спадзявацца, таму што вецер, які шумеў у вяршалінах, заглушаў усё.
– Наперад! – сказаў Дзік.
Яны вельмі стаміліся, у Мэтчэма ныла нага, і ўсё ж такі, адолеўшы сябе, яны пабеглі далей пад гару.
Праз тры мінуты яны ўрэзаліся ў самы гушчар кустоў вастралісту. Над галавой кроны дубоў утварылі суцэльны дах. Здавалася, яны трапілі ў высокі шматкалонны сабор. Бегчы тут было няцяжка – трава пругка і мякка спружыніла пад нагамі, і толькі часам уцекачы чапляліся за кусты вастралісту.
Але вось гушчар парадзеў, яны мінулі апошнія кусты, і прыцемкі гаю расступіліся.
– Стой! – крыкнуў чыйсьці голас.
Сярод тоўстых камлёў за пяцьдзесят футаў ад сябе яны ўбачылі рослага чалавека ў зялёнай куртцы, які запыхаўся ад шпаркага бегу. Чалавек гэты паспешліва сунуў у лук стралу і ўзяў іх на прыцэл. Мэтчэм ускрыкнуў і спыніўся; але Дзік працягваў бегчы і, выхапіўшы кінжал, з ходу кінуўся на ляснога зуха. Мабыць, той разгубіўся, здзіўлены смеласцю нападу, а можа, яму было забаронена страляць: як бы там ні было, ён не выстраліў. Дзік не даў яму апамятацца, схапіў яго за горла і шпурнуў вобзем. Лук, загуўшы цецівой, паляцеў у адзін бок, страла – у другі. Абяззброены лясны разбойнік паспрабаваў супраціўляцца; але кінжал двойчы бліснуў і двойчы апусціўся. Пачуўся слабы стогн. Дзік падняўся. Лясны зух нерухома ляжаў на траве, пранізаны ў самае сэрца.
– Наперад! – крыкнуў Дзік.
Ён зноў пабег; Мэтчэм з цяжкасцю паспяваў за ім. Шчыра кажучы, абодва ледзь валачылі ногі і лавілі паветра ротам, як рыбы. У Мэтчэма закалола ў баку, кружылася галава. У Дзіка ногі былі як свінцовыя. Яны беглі з апошніх сіл, але ўсё-такі беглі.
Раптоўна гушчар скончыўся. Перад імі ляжала дарога з Райзінгэма ў Шорбі, акаймаваная з абодвух бакоў непрыступнай сцяной лесу.
Дзік спыніўся. І тут ён пачуў якісьці незразумелы шум. Няспынна нарастаючы, ён нагадваў завыванне ветру, але неўзабаве ў гэтым завыванні Дзік адрозніў тупат коней, якія несліся наўскач. І вось з-за павароту дарогі выскачыў атрад узброеных вершнікаў; ён імгненна пранёсся міма хлопчыкаў і знік. Коннікі мчаліся ў поўным беспарадку, – відаць, яны ратаваліся ўцёкамі; многія з іх былі паранены. Побач несліся, высока падкідваючы акрываўленыя сёдлы, коні без седакоў. Гэта ўцякалі рэшткі арміі, што была разбіта ў вялікай бітве.
Тупат коней, якія прамчаліся на Шорбі, пачаў ужо заціхаць удалечыні, як зноў пачулася цоканне капытоў і на дарозе з'явіўся яшчэ адзін вершнік, мяркуючы па яго выдатных даспехах, – чалавек высокага сану. Услед за ім пацягнуліся абозныя вазы. Вознікі шалёна падганялі кляч, беглі нязграбнай рыссю. Гэтыя абознікі, відаць, уцяклі на самым пачатку бітвы, але баязлівасць не прынесла ім карысці. Ледзь яны параўняліся з тым месцам, дзе стаялі здзіўленыя хлопчыкі, як нейкі воін у пасечаных латах, не помнячы сябе ад шаленства, дагнаў вазы і пачаў лупцаваць вознікаў дзяржаннем мяча. Многія пакідалі свае вазы і схаваліся ў лесе. Тых, хто застаўся, воін сек направа і налева, не па-чалавечы моцна лаючыся і называючы іх баязліўцамі.
Між тым шум удалечыні ўсё ўзмацняўся; вецер даносіў ляскатанне вазоў, конскі тупат, крыкі воінаў. Зразумела было, што цэлая армія, быццам паводка, хлынула на дарогу.
Дзік нахмурыўся. Па гэтай дарозе ён збіраўся ісці да павароту на Халівуд, а зараз трэба было шукаць іншы шлях. А галоўнае, ён пазнаў сцягі графа Райзінгэма і зразумеў, што прыхільнікі Ланкастэрскай ружы пацярпелі поўнае паражэнне. Ці паспеў сэр Дэніэл далучыцца да ланкастэрцаў? Няўжо і ён таксама разбіты? Няўжо і ён уцёк? Ці, можа, ён запляміў свой гонар здрадай і перайшоў на бок Йорка? Невядома, што горш.
– Хадзем, – панура сказаў Дзік.
І пабрыў назад у гушчар. Мэтчэм стомлена калдыбаў за ім.
Яны моўчкі ішлі па лесе. Ужо было позна; сонца апускалася ў балота за Кэтлі; вяршаліны дрэў барвянелі ў яго промнях, але цені рабіліся ўсё гусцейшымі, і ў паветры павеяла начным холадам.
– Эх, каб паесці! – усклікнуў Дзік, спыніўшыся.
Мэтчэм сеў на зямлю і заплакаў.
– Вось з-за вячэры ты плачаш, затое, калі трэба было ратаваць людзей, ты быў спакойны, – пагардліва сказаў Дзік. – На тваім сумленні сем чалавек, майстар Джон; і гэтага я табе ніколі не дарую.
– На маім сумленні? – усклікнуў Мэтчэм люта. – На маім? А на тваім кінжале чырвоная чалавечая кроў! За што ты забіў бедака? Ён узняў лук, але не выстраліў; ён мог цябе забіць, але пашкадаваў! Вялікая храбрасць – забіць бяззбройнага, як кацяня!
Дзік аслупянеў ад знявагі.
– Я забіў яго ў сумленным баі. Я кінуўся на яго, калі ён падняў лук! – усклікнуў ён.
– Ты забіў яго, як баязлівец, – запярэчыў Мэтчэм. – Ты крыкун і выхваляка, майстар Дзік! У кожнага, хто мацнейшы за цябе, ты будзеш валяцца ў нагах! Ты не ўмееш помсціць. Смерць твайго бацькі засталася неадпомшчанай, і яго няшчасны дух дарэмна моліць аб адплаце. А вось калі якая-небудзь слабая істота, якая не ўмее біцца, пасябруе з табой, яна загіне.
Дзік быў занадта разлютаваны, каб звярнуць увагу на слова «яна».
– Лухта! – крыкнуў ён. – Вазьмі любых двух чалавек, і заўсёды высветліцца, што адзін дужэйшы, а другі слабейшы. Моцны перамагае слабага, і гэта правільна. А цябе, майстар Мэтчэм, за тваё свавольства і няўдзячнасць варта адлупцаваць папружкай, і я цябе адлупцую.
І Дзік, які ўмеў у самым моцным гневе здавацца спакойным, пачаў расшпільваць свой пояс.
– Вось што ты атрымаеш на вячэру, – сказаў ён, змрочна ўсміхаючыся.
Мэтчэм перастаў плакаць; ён быў белы як палатно, але цвёрда глядзеў Дзіку ў твар і не рухаўся. Дзік ступіў уперад, падняў папружку. Але тут жа спыніўся, збянтэжаны вялікімі вачыма і асунутым, стомленым тварам свайго таварыша. Дзік завагаўся.
– Прызнайся, што ты несправядлівы, – запінаючыся, прамовіў ён.
– Не, я справядлівы, – сказаў Мэтчэм. – Бі мяне! Я кульгаю; я стаміўся; я не супраціўляюся; я не зрабіў табе нічога кепскага. Дык бі ж мяне, баязлівец!
Пачуўшы гэтыя зневажальныя словы, Дзік узмахнуў папружкай, але Мэтчэм так уздрыгнуў, так сцяўся ўвесь ад страху, што ў Дзіка зноў не хапіла рашучасці нанесці ўдар. Рука з папружкай апусцілася; ён не ведаў, што рабіць, і адчуваў сябе дурнем.
– Каб ты здох ад чумы! – сказаў ён. – Калі ў цябе слабыя рукі, дык прытрымай свой язык. Але біць я цябе не магу, хай мяне лепш павесяць. – І ён падперазаў свой пояс. – Біць я цябе не буду, – працягваў ён, – але дараваць табе я ніколі не дарую. Я цябе не ведаў. Ты быў ворагам майго валадара; я аддаў табе свайго каня; я аддаў табе свой абед, а ты казаў, што я зроблены з дрэва. Ты абазваў мяне баязліўцам і выхвалякам. Не, мера майго цярпення перапоўнена, клянуся! Цяпер я ўжо бачу, як выгадна быць слабым: ты можаш здзяйсняць самыя брыдкія ўчынкі, і ніхто цябе не пакарае; ты можаш украсці ў чалавека зброю, калі яму пагражае небяспека, і чалавек гэты не пасмее запатрабаваць яе ў цябе, – ты ж такі слабы! Значыць, калі хто-небудзь скіруе на цябе дзіду і крыкне табе, што ён слабы, ты павінен дазволіць яму пранізаць цябе? Лухта! Глупства!
– А ўсё-такі ты мяне не лупцуеш, – сказаў Мэтчэм.
– Чорт з табой! – адказаў Дзік. – Я займуся тваім выхаваннем. Ты кепска выхаваны, але ўсё ж у табе ёсць штосьці добрае, і галоўнае, – ты выцягнуў мяне з ракі. Зрэшты, аб гэтым я згадваць не хачу. Я вырашыў быць гэтакім жа няўдзячным, як ты. Аднак трэба ісці. Калі ты хочаш трапіць у Халівуд сягоння ноччу або хоць бы заўтра раніцой, мы павінны спяшацца.
Але калі да Дзіка і вярнулася яго лагоднасць, Мэтчэм не дараваў яму нічога. Нялёгка яму было забыць і грубасць Дзіка, і забойства ляснога зуха, і, самае галоўнае, узнятую папружку.
– Дзеля прыстойнасці дзякую табе, – сказаў Мэтчэм. – Але, бадай, я і без цябе знайду дарогу, добры майстар Шэлтан. Лес шырокі; ты кроч налева, а я пайду направа. Я ў цябе ў даўгу: ты накарміў мяне абедам і прачытаў мне натацыю; пры выпадку я аддзячу цябе. Усяго добрага!
– Ну і ідзі! – крыкнуў Дзік. – І чорт з табой!
Яны пайшлі ў розныя бакі, не клапоцячыся аб напрамку і думаючы толькі аб сваёй спрэчцы. Але не прайшоў Дзік і дзесяці крокаў, як Мэтчэм аклікнуў яго і пабег за ім.
– Дзік, – сказаў ён, – мы нядобра з табой развіталіся. Вось табе мая рука і вось табе маё сэрца. За ўсё, што ты зрабіў для мяне, за тваю дапамогу мне я дзякую табе, і не з прыстойнасці толькі, а ад усёй душы. Усяго табе добрага!
– Ну што ж, дружа, – сказаў Дзік, ціснучы працягнутую руку, – жадаю, каб табе шанцавала ва ўсім. Але баюся, што не пашанцуе. Надта ўжо ты любіш спрачацца.
Яны рассталіся другі раз. І зноў разлука іх не адбылася. Але цяпер ужо не Мэтчэм пабег за Дзікам, а Дзік за Мэтчэмам.
– Вазьмі мой арбалет, – сказаў ён. – Бо ў цябе няма ніякай зброі.
– Арбалет? – усклікнуў Мэтчэм. – Ды мне не хопіць сілы нацягнуць яго. Да таго ж я і цэліцца не ўмею. Арбалет не прынясе мне ніякай карысці, добры хлопчык. Дзякуй табе.
Набліжалася ноч, і ў цяні галін яны ўжо з цяжкасцю адрознівалі твар адзін аднаго.
– Пачакай, я крыху правяду цябе, – сказаў Дзік. – Ноч цёмная. Я давяду цябе хоць бы да сцяжынкі, а то адзін ты можаш заблудзіцца.
Ён не сказаў больш ні слова і пайшоў уперад, а Мэтчэм зноў пабрыў за ім. Рабілася ўсё цямней і цямней; толькі зрэдку праз густыя галіны бачылі яны неба, усыпанае дробнымі зоркамі. Шум разбітай арміі ланкастэрцаў усё яшчэ далятаў да іх, але з кожным крокам ён чуўся слабей і цішэй.
Прыкладна праз паўгадзіны яны выйшлі на вялікую паляну, зарослую верасам. Дзе-нідзе, быццам астраўкі, над ёю ўзвышаліся нетры цісаў, слаба асветленыя пабліскваннем зорак. Хлопчыкі спыніліся і паглядзелі адзін на аднаго.
– Ты стаміўся? – спытаў Дзік.
– Я так стаміўся, – адказаў Мэтчэм, – што хацеў бы легчы і памерці.
– Я чую журчанне ручая, – сказаў Дзік. – Дойдзем да яго і нап'ёмся; мяне мучыць смага.
Мясцовасць прыкметна паніжалася, і, сапраўды, на дне даліны яны знайшлі маленькі бруісты ручаёк, які бег паміж вербамі. Яны ўпалі ніцма на зямлю і, выцягнуўшы губы, удосталь напіліся вады, у якой адбіваліся зоркі.
– Калі мы спускаліся сюды, я бачыў якуюсьці яму, – сказаў Дзік. – Залезем у яе і заснём.
– Ах, як я хачу спаць! – усклікнуў Мэтчэм.
Яма была пясчаная і сухая; галіны кустоў, быццам павець, схіляліся над ёю. Хлопчыкі залезлі ў яму, леглі і моцна прыціснуліся адзін да аднаго, каб сагрэцца; сварка іх была забыта. Сон ахінуў іх, як воблака, і яны мірна заснулі пад расою і зоркамі.