Текст книги "Чорная страла"
Автор книги: Роберт Льюис Стивенсон
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 16 страниц)
Раздзел IV
У манастырскай царкве
У манастырскай царкве горада Шорбі служба ішла не спыняючыся, усю ноч, то пад спяванне псалмоў, то пад бумканне звона.
За шпіёна Прайдоху маліліся старанна. Ён ляжаў так, як яго паклалі: мёртвыя рукі, скрыжаваныя на грудзях, мёртвыя вочы, скіраваныя ў столь. А побач, на лаўцы, юнак, які забіў яго, чакаў з вялікай трывогай надыходу раніцы.
Толькі аднойчы на працягу гэтых гадзін сэр Олівер павярнуўся да свайго палонніка.
– Рычард, – прашаптаў ён, – сын мой, калі ты задумаў прычыніць мне зло, я хачу запэўніць цябе, што ты загневаўся супраць невінаватага чалавека. Я сам прызнаю сябе грэшным перад нябёсамі, але перад табою я бязгрэшны.
– Бацька мой, – гэтак жа ціха адказаў Дзік, – верце мне: я нічога супраць вас не задумваю; аднак я не магу забыць, як нязграбна вы апраўдваліся.
– Чалавек можа здзейсніць злачынства незнарок, – адказаў свяшчэннік. – Чалавек можа быць аслеплены, можа выконваць чужую волю, не ведаючы, што робіць. Так было і са мной. Я завабіў твайго бацьку ў пастку. Але я не ведаў, што рабіў, і хай будзе мне сведкаю Бог, які бачыць нас з табою ў гэтым свяшчэнным месцы.
– Зусім верагодна, – адказаў Дзік. – Аднак паглядзіце, якую страшную павуціну вы сплялі; я адначасова і палоннік ваш і суддзя. Вы адначасова і пагражаеце мне смерцю і стараецеся ўміласцівіць мяне. Мне здаецца, калі б вы заўсёды былі сумленным чалавекам і добрым свяшчэннікам, вам не давялося б ні баяцца мяне, ні ненавідзець. А таму вярніцеся да сваіх малітваў. Я падпарадкоўваюся вам, таму што мне нічога іншага не застаецца; але я не жадаю абцяжарваць сябе вашай прысутнасцю.
Свяшчэннік апусціў галаву на рукі, быццам схіляючыся пад цяжарам гора, і ўздыхнуў так цяжка, што ледзь было не абудзіў у сэрцы юнака пачуццё, падобнае на спачуванне. Сэр Олівер болей не спяваў псалмоў. Дзік чуў толькі, як пастукваў ружанец у яго руках і як ён праз зубы мармытаў малітву.
Яшчэ крыху, і шэрае світанне пачало прабівацца ў вузкія вокны царквы; мігатлівыя агеньчыкі свечак пабялелі. Святло пакрысе рабілася ўсё ярчэй, і раптам праз вокны на паўднёва-ўсходнім баку царквы прарваліся ружовыя сонечныя промні і зайгралі на сценах. Бура скончылася; снежныя хмары сплылі, і новы зімовы дзень весела асвятліў пакрытую снегам зямлю.
Царкоўныя служкі замітусіліся; труну аднеслі ў трупярню, крывавыя плямы на плітах выцерлі, каб яны не азмрочвалі злавесным сваім выглядам вяселля лорда Шорбі. Твары духоўных асоб, такія самотныя ноччу, сталі весялейшымі, каб не сапсаваць сённяшнюю радасную цырымонію. Абвяшчаючы набліжэнне дня, у царкве з'явіліся набожныя прыхаджане. Яны падалі ніцма перад алтаром і чакалі сваёй чаргі на споведзь.
Пачалася мітусня, у час якой няцяжка было падмануць пільнасць вартавых сэра Дэніэла, што стаялі каля дзвярэй. Абводзячы царкву стомленым позіркам, Дзік спыніў яго на манаху, які аказаўся не кім іншым, як Уілам Лоўлесам.
Бадзяга таксама пазнаў свайго начальніка і крадком падміргнуў яму.
Дзік зусім не збіраўся дараваць старому махляру несвоечасовае п'янства, аднак не хацеў заблытваць яго ў сваю бяду і даў яму зразумець, як мог выразней, каб ён выбіраўся.
Лоўлес, здавалася, зразумеў яго, таму што адразу знік за калонай; Дзік з палёгкай уздыхнуў.
Які ж быў яго жах, калі ён адчуў, што хтосьці тузае яго за рукаво, і ўбачыў побач з сабою старога разбойніка, заглыбленага ў малітву.
Раптоўна сэр Олівер падняўся са свайго месца і, праслізнуўшы паўз лаўкі, падышоў да воінаў, што стаялі ў бакавым прыдзеле. Калі так лёгка было ўзбудзіць падазрэнні свяшчэнніка, значыць, ужо і Лоўлес такі ж палоннік, як і Дзік.
– Не варушыся, – прашаптаў Дзік. – Мы ў адчайным становішчы, і ўсё з-за твайго ўчарашняга свінства. Няўжо, убачыўшы мяне тут, дзе я не маю ні права, ні жадання быць, ты – каб табе здохнуць! – не мог адчуць нядобрае і ўцячы?
– Не, – адказаў Лоўлес, – я думаў, што вы атрымалі весткі ад Эліса і седзіце тут па яго даручэнні.
– Ад Эліса? – спытаў Дзік. – Хіба Эліс вярнуўся?
– Канечне, – адказаў бадзяга. – Ён вярнуўся мінулай ноччу і жорстка адлупцаваў мяне за тое, што я быў п'яны. Такім чынам, вы адпомшчаны, майстар Шэлтан! Шалёны чалавек гэты Эліс Дэкуорт! Ён прыскакаў сюды з Кравена, каб разладзіць вяселле, а ўжо калі ён што задумаў, то даб'ецца свайго.
– Што датычыцца нас з табою, брат, – стрымана сказаў Дзік, – мы абодва людзі скончаныя. Я сяджу тут у якасці заложніка і павінен адказваць галавой за тое самае вяселле, якое ён збіраецца разладзіць. Клянуся распяццем, у мяне цудоўны выбар – страціць каханую або жыццё! Добра, жэрабя кінута, няхай прападае жыццё.
– Клянуся небам! – усклікнуў Лоўлес, прыўстаючы. – Я пайшоў!
Але Дзік паклаў руку яму на плячо.
– Сябар Лоўлес, сядзі ціха, – сказаў ён. – У цябе ёсць вочы, зірні вунь туды ў кут, за алтар. Хіба ты не бачыш, што пры найменшай тваёй спробе падняцца вунь тыя ўзброеныя людзі падхопяцца і скруцяць цябе? Скарыся, дружа. Ты быў храбры на караблі, калі думаў, што патонеш у моры; будзь храбры і цяпер, калі давядзецца памерці на вісельні.
– Майстар Дзік, – задыхаючыся, сказаў Лоўлес, – ужо вельмі нечакана ўсё гэта абрынулася на мяне. Дайце мне хвілінку перадыхнуць, і, клянуся абедняй, я буду такім жа храбрацом, як вы.
– Я ў храбрасці тваёй не сумняваюся! – сказаў Дзік. – Каб ты ведаў, як мне не хочацца паміраць, Лоўлес! Але калі слязамі гору не дапаможаш, ці варта плакаць?
– Ваша праўда! – згадзіўся Лоўлес. – Э, чаго трывожыцца з-за смерці! Яна ўсё адно прыйдзе, начальнік, рана ці позна! А смерць на вісельні, кажуць, лёгкая, хаця ніводзін павешаны яшчэ не вярнуўся з таго свету, каб пацвердзіць гэта!
Скончыўшы сваю прамову, адважны махляр адкінуўся на спінку лаўкі, скрыжаваў рукі і ўзяўся паглядваць вакол з самым нахабным і незалежным выглядам.
– Зараз трэба весці сябе ціха, – сказаў Дзік. – Мы ж не ведаем, што задумаў Дэкуорт. Калі справа павернецца дрэнна, мы ўсё-такі паспрабуем выбрацца адсюль.
Яны замоўклі і неўзабаве пачулі аддаленыя гукі вясёлай музыкі, якая, набліжаючыся, рабілася ўсё мацней і весялей. Званы на званіцы гулі аглушальна, царква напоўнілася людзьмі, якія стрэсвалі з сябе снег, паляпвалі рукамі і хукалі на замёрзлыя пальцы. Заходнія дзверы шырока расчыніліся, і за імі стала відаць частка залітай сонцам заснежанай вуліцы. Ранішні холад уварваўся ў царкву. Усё гэта сведчыла аб тым, што лорд Шорбі хоча вянчацца як мага раней і што вясельная працэсія набліжаецца.
Воіны лорда Шорбі ўжо вызвалялі праход у сярэднім прыдзеле, адцясняючы народ дзідамі. Затым паказаліся музыкі. Флейтысты і трубачы аж пабарвавелі ад натугі, а барабаншчыкі і цымбалісты лупілі так, быццам стараліся заглушыць адзін аднаго.
Яны падышлі да дзвярэй храма, спыніліся і пастроіліся ў два рады, адбіваючы такт нагамі па мёрзлым снезе. Пышны вясельны картэж прайшоў паміж радамі, уборы былі такія разнастайныя і яркія, столькі было выстаўлена напаказ шоўку і аксаміту, футра і атласу, вышывак і карункаў, што працэсія гэтая зіхацела на снезе, быццам клумба кветак або размаляванае акно ў сцяне.
Наперадзе ішла нявеста, самотная, белая, як снег. Яна абапіралася на руку сэра Дэніэла; яе суправаджала сяброўка, маленькая лэдзі, з якой Дзік пазнаёміўся мінулай ноччу. Услед за нявестай ішоў у зіхатлівым адзенні сам жаніх, падцягваючы падагрычную нагу. Калі ён ступіў на парог храма і зняў капялюш, стала бачна, як паружавела ад хвалявання яго лысіна.
І вось надышоў час Эліса Дэкуорта.
Аглушаны, разнерваваны супярэчлівымі пачуццямі, Дзік сядзеў, учапіўшыся рукамі ў спінку пярэдняй лаўкі. Раптам ён заўважыў рух у натоўпе. Людзі хіснуліся назад, гледзячы ўгару і ўздымаючы рукі. Дзік падняў галаву, убачыў трох чалавек, якія, нацягнуўшы лукі, схіліліся з хораў. Узляцелі стрэлы, і, перш чым натоўп паспеў ускрыкнуць, невядомыя стралкі, як птушкі, успырхнулі са сваіх жардзінак і зніклі.
У царкве падняўся неймаверны пярэпалах; свяшчэннаслужыцелі з жахам падхапіліся са сваіх месц; музыка змоўкла; званы званілі яшчэ некалькі імгненняў, але чутка аб бядзе хутка даляцела нават да званіцы, і званары, разгойдваючыся на вяроўках, таксама спынілі сваю вясёлую работу.
Прама пасярод царквы ляжаў мёртвы жаніх, пранізаны дзвюма чорнымі стрэламі. Нявеста страціла прытомнасць. Узвышаючыся над натоўпам, стаяў раз'ятраны і ашаломлены знянацку сэр Дэніэл; доўгая страла, трапечучы, тырчала з яго левага перадплечча; другая зачапіла яму цемя, і па твары цурчэла кроў.
Задоўга да таго як пачаліся пошукі, віноўнікі гэтага трагічнага здарэння прагрымелі па вінтавой лесвіцы і ўцяклі праз бакавыя дзверы.
Нягледзячы на тое, што Дзік і Лоўлес былі заложнікамі, яны падхапіліся пры першай трывозе і адважна спрабавалі прабіцца да дзвярэй. Але ім перашкаджалі цесна ссунутыя лаўкі і спалоханыя свяшчэннікі, якія стоўпіліся на дарозе. Уцекачы стаічна вярнуліся на свае месцы.
Раптам сэр Олівер, бледны ад жаху, падняўся на ногі і, паказваючы рукой на Дзіка, паклікаў сэра Дэніэла.
– Вось Рычард Шэлтан! – крыкнуў ён. – О горкая часіна! Ён вінаваты ў пралітай крыві! Хапайце яго! Загадайце яго схапіць! Дзеля выратавання нас усіх хапайце яго і моцна звяжыце. Ён пакляўся нас загубіць!
– Дзе ён? – аж падскочыў сэр Дэніэл, аслеплены гневам і гарачай крывёю, што струменілася па яго твары. – Цягніце яго сюды! Клянуся крыжам Халівуда, ён пакаецца ў сваім злачынстве!
Натоўп расступіўся, і стралкі хлынулі на клірас.
Дзіка схапілі, сцягнулі з лаўкі і павалаклі за плечы па прыступках алтара. Лоўлес сядзеў ціха, як мыш.
Сэр Дэніэл, выціраючы кроў і міргаючы, глядзеў на свайго палонніка.
– А, – сказаў ён, – папаўся, дзёрзкі здраднік! Клянуся самымі страшнымі клятвамі, што за кожную кроплю крыві, якая зараз сцякае мне ў вочы, ты заплаціш стогнам! Вядзіце яго прэч! – працягваў ён. – Тут яму не месца! Цягніце яго ў мой дом! Я замучу катаваннямі кожны вяршок яго цела.
Але Дзік, адпіхнуўшы стражнікаў, узвысіў голас.
– Я ў храме, – усклікнуў ён. – У свяшчэнным храме! Сюды, бацькі мае! Мяне хочуць выцягнуць з храма…
– З храма, які ты зняважыў забойствам, хлопчык, – перабіў якісьці чалавек высокага росту, апрануты ў пышнае адзенне.
– Дзе доказы? – закрычаў Дзік. – Мяне абвінавачваюць у злачынстве і не прыводзяць ніводнага доказу. Але, я дамагаўся рукі гэтай дзяўчыны! І яна, бяру на сябе смеласць заявіць аб гэтым, прыхільна адносілася да маіх дамагальніцтваў. Ну і што ж? Кахаць дзяўчыну не злачынства; дабівацца яе кахання таксама не злачынства. Ні ў чым болей я не вінаваты.
Дзік так адважна настойваў на сваёй невінаватасці, што вакол пачуўся адабральны шум. Аднак нямала было і абвінаваўцаў; яны гучна расказвалі, як знайшлі яго мінулай ноччу ў доме сэра Дэніэла, па-блюзнерску пераапранутага манахам. Сярод гэтай сумятні сэр Олівер раптоўна паказаў на Лоўлеса як на саўдзельніка. Яго таксама сцягнулі з лаўкі і пасадзілі побач з Дзікам. Пачуцці разгарэліся, і пакуль адны цягнулі палоннікаў то туды, то сюды, каб дапамагчы ім уцячы, другія лаялі іх і дубасілі кулакамі. У Дзіка шумела ў вушах, кружылася галава, быццам ён трапіў у шалёны вір. Але росламу чалавеку, які загаварыў з Дзікам, удалося гучнымі загадамі дабіцца цішыні і ўзнавіць парадак.
– Абшукайце іх, – сказаў ён, – ці няма ў іх зброі. Тады мы даведаемся аб іх намерах.
У Дзіка не знайшлі ніякай зброі, акрамя кінжала, і гэта сведчыла на яго карысць, пакуль хтосьці паслужліва не выцягнуў гэты кінжал з ножан; кроў Прайдохі не паспела на ім засохнуць. Прыхільнікі сэра Дэніэла зараўлі, але рослы чалавек загадным жэстам і ўладным позіркам прымусіў іх замаўчаць. Аднак, калі дайшла чарга да Лоўлеса, пад яго сарочкай знайшлі пук стрэл, такіх жа, як тыя, якімі быў забіты злашчасны жаніх.
– Ну, што вы цяпер скажаце? – сурова спытаў у Дзіка рослы чалавек.
– Сэр, – адказаў Дзік, – я знаходжуся пад аховай храма. Але па вашай паставе, сэр, бачу, што вы чалавек важны і ўсемагутны; на вашым твары я чытаю знакі справядлівасці і набожнасці. Вам я здаюся ў палон добраахвотна і адмаўляюся ад свайго права на сховішча ў храме гасподнім. Забіце мяне сваёю высакароднай рукой, але толькі не аддавайце ва ўладу гэтага чалавека, якога я голасна абвінавачваю ў забойстве майго роднага бацькі і ў незаконным прысваенні маіх маёнткаў і даходаў. Вы сваімі вушамі чулі, як ён пагражаў мне катаваннямі яшчэ тады, калі я не быў прызнаны вінаватым. Вы паступіце невысакародна, калі выдадзіце мяне майму заклятаму ворагу і старому прыгнятальніку. Судзіце мяне па законе і, калі я сапраўды акажуся вінаватым, аддайце мяне міласэрнай кары.
– Мілорд, – крыкнуў сэр Дэніэл, – навошта вы слухаеце гэтага воўка! Акрываўлены кінжал даказвае, што ён хлусіць.
– Ваша гарачлівасць, добры рыцар, – адказаў высокі незнаёмец, – сведчыць супраць вас.
І раптам нявеста, якая толькі што апрытомнела і з жахам глядзела на гэтую сцэну, вырвалася з рук тых, хто трымаў яе, і кінулася на калені перад рослым чалавекам.
– Мілорд Райзінгэм, – закрычала яна, – выслухайце мяне ў імя справядлівасці! Мяне сілком зняволіў тут гэты чалавек, украўшы ў родных. З таго часу я не бачыла ні спагады, ні суцяшэння, ніхто не падтрымаў мяне, акрамя Рычарда Шэлтана, якога цяпер абвінавачваюць і хочуць загубіць. Мілорд, ён быў учора ноччу ў доме сэра Дэніэла, ён прыйшоў туды з-за мяне; ён прыйшоў, пачуўшы мае малітвы, і не задумваў зла. Пакуль сэр Дэніэл быў добры да яго, Рычард сумленна біўся разам з ім супраць «Чорнай стралы»; але калі подлы апякун пачаў замахвацца на яго жыццё і ён, ратуючы жыццё, быў вымушаны ўцякаць ноччу з дома крыважэрнага злодзея – куды было яму падзецца, безабароннаму і без гроша ў кішэні? І калі ён трапіў да благіх сяброў, каго трэба вінаваціць – юнака, з якім абышліся несправядліва, ці апекуна, які парушыў свой абавязак?
Маленькая лэдзі ўпала на калені побач з Джаанай.
– А я, мой добры лорд, – сказала яна, – я, ваша родная пляменніца, магу засведчыць перад усімі, што гэта дзяўчына гаворыць праўду. Гэта я, нявартая, прывяла маладога чалавека ў дом.
Граф Райзінгэм слухаў іх, не кажучы ні слова, і, калі яны змоўклі, ён яшчэ доўга маўчаў. Потым ён падаў Джаане руку, каб дапамагчы ёй падняцца; зрэшты, трэба заўважыць, ён не аказаў падобнай жа ласкі той, якая называла сябе яго пляменніцай.
– Сэр Дэніэл, – сказаў ён, – гэта ў вышэйшай ступені заблытаная справа; з вашага дазволу, я вазьмуся расследаваць яе. Такім чынам, будзьце спакойныя. Ваша справа ў надзейных руках; яе вырашаць па справядлівасці. А зараз ідзіце хутка дамоў і перавяжыце свае раны. Сягоння холадна, і вы можаце прастудзіцца.
Ён зрабіў знак рукой; старанныя слугі, якія сачылі за кожным яго рухам, перадалі гэты знак далей. Умомант звонку рэзка завыла фанфара; праз адчынены партал стралкі і воіны, апранутыя ў колеры лорда Райзінгэма, зайшлі ў царкву, узялі Дзіка і Лоўлеса і, злучыўшы рады вакол палоннікаў, павялі іх.
Джаана працягнула абедзве рукі да Дзіка і крыкнула: «Бывай!» А сяброўка нявесты, ніколькі не збянтэжаная відавочным незадавальненнем дзядзькі, паслала Дзіку пацалунак са словамі: «Мацуйцеся, утаймавальнік ільвоў!» І ў натоўпе ўпершыню з'явіліся на тварах усмешкі.
Раздзел V
Граф Райзінгэм
Нягледзячы на тое, што граф Райзінгэм быў самым важным вяльможам у Шорбі, ён сціпла жыў у прыватным доме аднаго джэнтльмена на ўскраіне горада. Толькі воіны каля дзвярэй і ганцы, якія то прыязджалі, то ад'язджалі, сведчылі, што ў гэтым доме спыніўся знатны лорд.
Дом быў цесны, і Дзіка зачынілі разам з Лоўлесам.
– Вы добра гаварылі, майстар Рычард, – сказаў бадзяга, – дужа добра гаварылі, і я ад душы дзякую вам. Мы тут у выдатных руках; нас будуць судзіць справядліва і, хутчэй за ўсё, сягоння вечарам добрапрыстойна павесяць разам на адным дрэве.
– Твая праўда, мой бедны сябра, – адказаў Дзік.
– У нас ёсць яшчэ адна надзея, – сказаў Лоўлес. – Такіх, як Эліс Дэкуорт, – адзінкі на дзесяткі тысяч. Ён вельмі любіць вас за вашага бацьку. Ведаючы, што вы ні ў чым не вінаваты, ён пераверне неба і зямлю, каб выручыць вас.
– Не думаю, – сказаў Дзік. – Што ён можа зрабіць? У яго толькі жменька людзей! На жаль, калі б гэтае вяселле было прызначана на заўтра… Так, заўтра… сустрэча перад апоўднем… мне аказалі б дапамогу, і ўсё пайшло б інакш… А зараз нічым не дапаможаш.
– Добра, – сказаў Лоўлес, – вы будзеце адстойваць маю невінаватасць, а я – вашу. Гэта ніколькі не выратуе нас, але калі мяне павесяць, дык, ва ўсялякім выпадку, не таму, што я мала бажыўся.
Дзік задумаўся, а стары бадзяга скурчыўся ў кутку, насунуў свой манаскі капюшон на твар і лёг спаць. Неўзабаве ён захроп; доўгае жыццё, поўнае прыгод і цяжкіх нястач, прытупіла ў ім пачуццё страху.
Дзень ужо канчаўся, калі дзверы адчыніліся і Дзіка павялі ўверх па лесвіцы ў цёплы пакой, дзе граф Райзінгэм у роздуме сядзеў ля агню.
Калі палоннік зайшоў, граф узняў галаву.
– Сэр, – сказаў ён, – я ведаў вашага бацьку. Ваш бацька быў высакародны чалавек, і гэта прымушае мяне аднесціся да вас паблажліва. Але я не магу ўтойваць, што цяжкія абвінавачванні павісаюць над вамі. Вы водзіцеся з забойцамі і разбойнікамі; ёсць абсалютна відавочныя доказы, што вы парушалі грамадскі парадак; вас падазраюць у разбойніцкім захопе судна; вас знайшлі ў доме вашага ворага, дзе вы хаваліся, пераапрануўшыся ў чужое аблічча; у той жа вечар быў забіты чалавек…
– Калі дазволіце, мілорд, – перапыніў Дзік, – я хачу адразу прызнацца ў тым, у чым вінаваты. Я забіў гэтага Прайдоху, а ў доказ, – сказаў ён, капаючыся за пазухай, – вось пісьмо, якое я выняў з яго сумкі.
Лорд Райзінгэм узяў пісьмо, разгарнуў і двойчы прачытаў яго.
– Вы яго чыталі? – спытаў ён.
– Але, я яго прачытаў, – адказаў Дзік.
– Вы за Йоркаў або за Ланкастэраў? – спытаў граф.
– Мілорд, мне зусім нядаўна задалі гэтае самае пытанне, і я не ведаў, як на яго адказаць, – сказаў Дзік. – Але адказаўшы аднойчы, я адкажу гэтак жа і другім разам. Мілорд, я за Йоркаў.
Граф пахвальна кіўнуў.
– Сумленны адказ, – сказаў ён. – Але тады навошта вы перадаеце гэтае пісьмо мне?
– А хіба не ўсе партыі змагаюцца супраць здраднікаў, мілорд? – ускрыкнуў Дзік.
– Хацеў бы я, каб было так, як вы гаворыце, – адказаў граф. – Я ўхваляю вашы словы. У вас болей юнацкага запалу, чым злосных намераў. І калі б сэр Дэніэл не быў магутным прыхільнікам нашай партыі, я абараняў бы вас. Я пашукаў даведкі і атрымаў доказы, што з вамі абышліся жорстка, і гэта апраўдвае вас. Але, сэр, я перш за ўсё правадыр партыі каралевы; і, хаця я па натуры, як мне здаецца, чалавек справядлівы і нават схільны да залішняй міласэрнасці, зараз я павінен дзейнічаць у інтарэсах партыі, каб утрымаць у нас сэра Дэніэла.
– Мілорд, – адказаў Дзік, – не палічыце мяне дзёрзкім і дазвольце мне перасцерагчы вас. Няўжо вы разлічваеце на адданасць сэра Дэніэла? Па-мойму, ён занадта часта пераходзіў з партыі ў партыю.
– Сёння ў нас у Англіі гэта ўвайшло ў звычай, чаго ж вы хочаце? – спытаў граф. – Але вы несправядлівыя да тэнстолскага рыцара. Ён адданы нам, ланкастэрцам, наколькі адданасць наогул уласціва цяперашняму нявернаму пакаленню. Ён не здрадзіў нам нават у час нашых нядаўніх няўдач.
– Калі вы, – сказаў Дзік, – зірнеце на гэтае пісьмо, вы крыху пераменіце сваё меркаванне аб ім.
І ён працягнуў графу пісьмо сэра Дэніэла да лорда Ўэнслідэла.
Граф змяніўся з твару; ён стаў грозны, як раз'ятраны леў, і рука яго міжволі схапілася за кінжал.
– Вы і гэта чыталі? – спытаў ён.
– Чытаў, – сказаў Дзік. – Як бачыце, ён прапаноўвае лорду Ўэнслідэлу ваш уласны маёнтак.
– Але, ваша праўда, мой уласны маёнтак, – адказаў граф. – Я павінен з гэтага моманту маліцца за вас. Вы паказалі мне лісіную нару. Скажыце, чаго вы хочаце, майстар Шэлтан! Я не замаруджу аддзячыць вам і – йоркіст вы або ланкастэрац, сумленны чалавек альбо злодзей – пачну з таго, што вярну вам волю. Ідзіце, у імя Святой Дзевы! Але не наракайце на мяне за тое, што я затрымаю і павешу вашага прыяцеля Лоўлеса. Злачынства здзейснена публічна, і пакаранне таксама павінна быць публічным.
– Мілорд, вось першая мая просьба да вас: злітуйцеся і над ім, – сказаў Дзік.
– Гэта стары нягоднік, злодзей і бадзяга, майстар Шэлтан, – сказаў граф. – Ён ужо даўно саспеў для вісельні. Калі яго не павесяць заўтра, ён будзе павешаны на дзень пазней. Дык чаму ж не павесіць яго заўтра?
– Мілорд, ён прыйшоў сюды з-за любові да мяне, – адказаў Дзік, – і я быў бы жорсткі і няўдзячны, калі б не заступіўся за яго.
– Майстар Шэлтан, вы ўпарты, – строга заўважыў граф. – Вы абралі ненадзейны шлях для поспеху на гэтым свеце. Але для таго каб пазбавіцца ад вашай надакучлівасці, я яшчэ раз дагаджу вам. Ідзіце разам, але ідзіце асцярожна і як хутчэй выбірайцеся з Шорбі. Бо гэты сэр Дэніэл – ды пакараюць яго святыя! – прагне вашай крыві.
– Мілорд, дазвольце пакуль выказаць вам маю ўдзячнасць словамі; спадзяюся ў самы бліжэйшы час хоць бы часткова аплаціць вам паслугай, – адказаў Дзік і выйшаў з пакоя.