355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Роберт Льюис Стивенсон » Чорная страла » Текст книги (страница 3)
Чорная страла
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 15:27

Текст книги "Чорная страла"


Автор книги: Роберт Льюис Стивенсон



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 16 страниц)

Раздзел III
Перавоз каля балота

Шырокая, марудная, глеістая рака Ціл выцякала з балотаў і шматлікімі сваімі пратокамі агінала нізкія астраўкі, якія зараслі вербалозам.

Рака была каламутная; але ў гэтую яркую цудоўную раніцу ўсё здавалася прыгожым. На адкрытых месцах вецер рабацініў ваду, а ў ціхіх затоках адлюстроўваліся шматкі блакітнага ўсмешлівага неба.

Сцежка ўпіралася ў маленькую бухту; на самым беразе пад крутым абрывам ляпілася хаціна перавозчыка, пабудаваная з жэрдак і гліны; на даху яе зелянела трава.

Дзік адчыніў дзверы. Усярэдзіне на зношаным і брудным саматканым плашчы ляжаў перавозчык. Гэта быў цыбаты, худы чалавек, змучаны хваробай; яго трэсла балотная ліхаманка.

– А, майстар Шэлтан, – сказаў ён. – Збіраецеся на той бок? Благі час, благі час! Будзьце асцярожнымі. Тут разбойнічае цэлая шайка. Едзьце лепш праз мост.

– Я спяшаюся, – адказаў Дзік. – У мяне няма часу, Х'ю-Перавозчык. Я вельмі спяшаюся.

– Упарты вы чалавек, – сказаў перавозчык, падымаючыся. – Вам вельмі пашанцуе, калі вы паспяхова даберацеся да замка Мот. Больш я нічога не скажу.

Ён заўважыў Мэтчэма.

– А гэта хто? – спытаў ён, прыжмурыўшы вочы і спыняючыся на парозе сваёй хаціны.

– Гэта мой родзіч, майстар Мэтчэм, – адказаў Дзік.

– Добры дзень, шаноўны перавозчык, – сказаў Мэтчэм, злез з каня і ўзяў яго за аброць. – Калі ласка, спусці лодку; мы вельмі спяшаемся.

Худы перавозчык працягваў уважліва яго разглядваць.

– Ліха на цябе! – крыкнуў ён нарэшце і зарагатаў на ўсё горла.

Мэтчэм пачырванеў да вушэй і ўздрыгнуў, а Дзік, разлютаваўшыся, схапіў перавозчыка за плячо.

– Як ты смееш, грубіян! – крыкнуў ён. – Рабі сваю справу і не смейся над людзьмі, якія вышэй за цябе па нараджэнні.

Х'ю-Перавозчык з мармытаннем адвязаў сваю лодку і спіхнуў яе ў ваду. Дзік завёў у лодку каня. Мэтчэм таксама забраўся ў лодку.

– Які ж вы маленькі, – сказаў Х'ю, усміхаючыся. – Вас, пэўна, рабілі па асаблівай мерцы… Ну, майстар Шэлтан, я да вашых паслуг, – дадаў ён, беручыся за вясло. – Нават кату дазваляецца глядзець на караля. А я ж усяго толькі дазволіў сабе зірнуць на майстра Мэтчэма.

– Маўчаць! – сказаў Дзік. – Налягай на вёслы!

Яны выехалі з бухтачкі, і ўся шырыня ракі адкрылася перад імі. Штохвілінна нізкія астравы загароджвалі ім шлях. Цягнуліся гліністыя водмелі, гайдаліся галіны вербаў, дрыжаў чарот, плюхаліся і пішчалі балотныя пацукі. Бязлюдным, як пустыня, здаваўся гэты водны лабірынт.

– Васпане, – прамовіў перавозчык, працуючы адным вяслом, – кажуць, тут на востраве засеў Балотны Джон. Ён ненавідзіць усіх, хто трымае руку сэра Дэніэла. Ці не лепш нам падняцца ўверх па рацэ і высадзіцца на адлегласці палёту стралы ад сцяжынкі? Не раю вам звязвацца з Балотным Джонам.

– Ён таксама ў той шайцы разбойнікаў? – спытаў Дзік.

– Аб гэтым я гаварыць не буду, – сказаў Х'ю. – Але, па-мойму, трэба плыць уверх па рацэ, майстар Дзік. А то яшчэ, чаго добрага, у майстра Мэтчэма трапіць страла.

І ён зноў зарагатаў.

– Няхай будзе па-твойму, Х'ю, – адказаў Дзік.

– Тады здыміце свой арбалет, – працягваў Х'ю. – Вось так. Цяпер нацягніце цеціву. Добра. Укладзіце стралу. Цэльцеся прама ў мяне і глядзіце на мяне як мага зласней.

– Гэта яшчэ навошта? – спытаў Дзік.

– Я маю права перавезці вас, толькі падпарадкоўваючыся насіллю, – адказаў перавозчык. – Калі Балотны Джон здагадаецца, што я перавёз вас добраахвотна, мне не паздаровіцца.

– Хіба гэтыя нягоднікі такія моцныя? – спытаў Дзік. – Няўжо яны асмельваюцца распараджацца лодкай, якая належыць сэру Дэніэлу?

– Запомніце мае словы, – прашаптаў перавозчык і падміргнуў. – Сэр Дэніэл рухне. Час яго прайшоў. Ён рухне. Маўчок!

І схіліўся над вёсламі.

Яны доўга плылі ўверх па рацэ, абмінулі адзін з астравоў і асцярожна рушылі ўніз па вузкай пратоцы ўздоўж супрацьлеглага берага. Затым Х'ю павярнуў лодку ўпоперак ручая.

– Я высаджу вас тут, за вербамі, – сказаў Х'ю.

– Тут няма сцяжынкі, – сказаў Дзік. – Тут толькі вербы, балота і дрыгва.

– Майстар Шэлтан, – адказаў Х'ю, – я не магу везці вас далей. Я аб вас турбуюся, не аб сабе. Ён увесь час сочыць за маім перавозам, трымаючы напагатове лук. Усіх прыхільнікаў сэра Дэніэла ён падстрэльвае, як трусоў. Ён пакляўся распяццем, што ніводзін сябар сэра Дэніэла не пойдзе адсюль жывы. Я сам чуў. Калі б я не ведаў вас здавён, калі вы былі вось такім, я нізавошта не павёз бы вас. Але на памяць мінулых дзён і дзеля вось гэтай цацкі, якую вы вязеце з сабой і якая не створана для ран і для вайны, я рызыкнуў сваёй няшчаснай галавой і згадзіўся перавезці вас на той бераг. Будзьце задаволены і гэтым. Больш я зрабіць нічога не магу, клянуся вам выратаваннем сваёй душы!

Х'ю яшчэ працягваў веславаць і размаўляць, як раптам на востраве з самага гушчару вербаў хтосьці гучна крыкнуў; пачуўся трэск галін – відавочна, якісьці дужы чалавек паспешліва прадзіраўся праз нетру.

– Каб яго чорт узяў! – крыкнуў Х'ю. – Ён увесь час быў на востраве!

І Х'ю энергічна павеславаў да берага.

– Пагражайце ж мне лукам, добры Дзік! – узмаліўся ён. – Пагражайце так, каб гэта было відаць. Я стараўся выратаваць вас, ратуйце цяпер мяне!

Лодка з трэскам уляцела ў гушчар вербаў. Дзік зрабіў знак Мэтчэму, і той з бледным, але рашучым тварам спрытна пабег па лаўках лодкі і выскачыў на бераг. Дзік узяў каня за аброць і хацеў рухацца за ім, але справіцца з канём у густой нетры галін было не так проста, і ён замарудзіў. Конь біў нагамі, іржаў, а лодка гайдалася з боку на бок.

– Тут немагчыма вылезці на бераг, Х'ю! – крыкнуў Дзік, працягваючы, аднак, смела цягнуць у гушчар упартага каня.

На беразе вострава з'явіўся высокі чалавек з лукам у руцэ. Краем вока Дзік убачыў, як чалавек гэты, расчырванеўшыся ад шпаркага бегу, з усіх сіл нацягваў цеціву.

– Хто ідзе? – крыкнуў незнаёмец. – Х'ю, хто ідзе?

– Гэта майстар Шэлтан, Джон, – адказаў перавозчык.

– Стой, Дзік Шэлтан! – крыкнуў чалавек на востраве. – Клянуся распяццем, я не зраблю табе нічога кепскага! Стой!… А ты, Х'ю, едзь назад.

Дзік адказаў дзёрзкай насмешкай.

– Ну, калі так, ты пойдзеш пяшком! – крыкнуў чалавек на востраве.

І пусціў стралу.

Конь, пранізаны стралой, забіўся ад болю і жаху; лодка перакулілася, і праз хвіліну ўсе ўжо плёхаліся ў вадзе, змагаючыся з плынню.

Перш чым Дзік вынырнуў на паверхню, яго аднесла на цэлы ярд ад водмелі; ён нічога яшчэ не паспеў толкам разгледзець, як рука яго сутаргава схапілася за нейкі цвёрды прадмет, які з сілай павалок яго кудысьці ўперад. Гэта быў дубец, спрытна працягнуты яму Мэтчэмам з вярбы, што павісла над вадою.

– Клянуся небам, – усклікнуў Дзік, калі Мэтчэм выцягнуў яго на бераг, – ты выратаваў мне жыццё! Я плаваю, як гарматнае ядро.

Ён павярнуўся і глянуў на востраў.

Х'ю-Перавозчык плыў побач са сваёй лодкай і быў ужо на палавіне шляху паміж берагам і востравам. Балотны Джон шалёна роў на яго, патрабуючы, каб ён плыў хутчэй.

– Уцякайма, Джон, – сказаў Шэлтан. – Уцякайма! Пакуль Х'ю пераправіць сваю лодку на востраў і яны прывядуць яе ў парадак, мы будзем ужо так далёка, што яны нас не знойдуць.

І, падаючы прыклад, ён пабег, прадзіраючыся праз зараснікі вербаў і скачучы з купіны на купіну. У яго не было часу выбіраць напрамак; ён імчаўся наўздагад, стараючыся як мага далей уцячы ад ракі.

Аднак глеба паступова пачала падымацца, і гэта пераканала яго, што напрамак выбраны ім правільна. Нарэшце балота засталося ззаду; пад іх нагамі была сухая, цвёрдая зямля, а сярод вербаў пачалі паяўляцца вязы.

Мэтчэм, які моцна адстаў, раптам упаў.

– Кінь мяне, Дзік! – крыкнуў ён, задыхаючыся. – Я не магу больш бегчы!

Дзік павярнуўся і падышоў да яго.

– Кінуць цябе, Джон?! – усклікнуў ён. – Не, на такую подласць я не здольны. Ты ж не кінуў мяне, калі я тануў, хаця цябе маглі застрэліць, а выратаваў мне жыццё. Ты і сам мог патануць, таму што адны святыя толькі ведаюць, як гэта я не пацягнуў цябе за сабою ў ваду.

– Не, Дзік, я б не патануў ды і табе б не даў патануць, – сказаў Мэтчэм. – Я ўмею плаваць.

– Умееш плаваць? – усклікнуў Дзік і шырока расплюшчыў вочы.

Гэта быў адзіны з мужчынскіх талентаў, якім ён не валодаў. Пасля ўмення забіваць ворага на паядынку ён больш за ўсё цаніў уменне плаваць.

– Вось мне ўрок ніколі нікім не пагарджаць! – сказаў ён. – Я абяцаў табе ахоўваць цябе да самага Халівуда, а выйшла так, Джон, што ты ахоўваеш мяне.

– Цяпер мы з табой сябры, Дзік, – сказаў Мэтчэм.

– Я ніколі ворагам табе не быў, – адказаў Дзік. – Ты па-свойму храбры дзяцюк, хаця, канечне, блазан. Ніколі я такіх дзівакоў не бачыў. Ну, аддыхаўся? Ідзём далей. Тут не месца для балбатні.

– У мяне вельмі баліць нага, – сказаў Мэтчэм.

– Я зусім забыў пра тваю нагу, – прамовіў Дзік. – Давядзецца ісці цішэй. Хацеў бы я ведаць, дзе мы знаходзімся! Я згубіў сцяжынку… Зрэшты, гэта, можа, да лепшага. Калі яны каравуляць на перавозе, то могуць каравуліць і на сцяжынцы. Вось бы сэр Дэніэл прыскакаў сюды з паўсотняй воінаў! Ён разагнаў бы ўсю гэтую шайку, як вецер разганяе лісце. Ідзём, Джон, абапрыся на мяне, бедалага. Які ты нізенькі, ты нават не дастаеш да майго пляча. Колькі табе гадоў? Дванаццаць?

– Не, мне шаснаццаць, – сказаў Мэтчэм.

– Значыць, ты кепска рос, – зазначыў Дзік. – Трымай мяне за руку. Мы пойдзем паволі, не бойся. Я абавязаны табе жыццём, а я, Джон, прывык расплачвацца за ўсё спаўна – і за добрае і за ліхое.

Яны падымаліся па адхоне.

– У рэшце рэшт мы выберамся на дарогу, – працягваў Дзік, – і тады рушым наперад. Якая ў цябе слабая рука, Джон! Я саромеўся б, калі б у мяне была такая рука. Х'ю-Перавозчык, здаецца, прыняў цябе за дзяўчынку, – дадаў ён і засмяяўся.

– Не можа быць! – усклікнуў Мэтчэм і пачырванеў.

– А я гатовы біцца аб заклад, што ён прыняў цябе за дзяўчынку! – настойваў Дзік. – Ды і нельга яго вінаваціць. Ты болей падобны на дзяўчынку, чым на мужчыну. І ведаеш, хлапчук з цябе выйшаў даволі нязграбны, а дзяўчынка атрымалася б вельмі прыгожая. Ты быў бы сімпатычнай дзяўчынай.

– Але ж ты не лічыш мяне дзяўчынкай? – спытаў Мэтчэм.

– Канечне, не лічу. Я проста пажартаваў, – сказаў Дзік. – З цябе калі-небудзь выйдзе сапраўдны мужчына! Яшчэ, бадай, праславішся сваімі подзвігамі. Цікава ведаць, Джон, хто з нас першы стане рыцарам? Мне так хочацца стаць рыцарам. «Сэр Рычард Шэлтан, рыцар» – вось як здорава гучыць! Але і «Сэр Джон Мэтчэм» гучыць няблага.

– Пастой, Дзік, дай мне напіцца, – сказаў Мэтчэм, спыняючыся каля светлай крыніцы, якая выцякала з пагорка і падала ў пясчаную ямку, не большую за кішэню. – Ах, Дзік, як мне хочацца есці! У мяне нават сэрца ные ад голаду.

– Чаму ж ты, дзівак, не паеў у Кэтлі? – спытаў Дзік.

– Я даў зарок пасціцца, таму што… мяне ўцягнулі ў грэх, – адказаў Мэтчэм. – Але зараз я з задавальненнем з'еў бы нават скарынку сухога хлеба.

– Садзіся і еш, – сказаў Дзік, – а я пайду пашукаю дарогу.

Ён выняў хлеб і кавалкі вэнджанай свініны з сумкі, што вісела ў яго на поясе. Мэтчэм з прагнасцю накінуўся на яду, а Дзік знік сярод дрэў.

Хутка ён дайшоў да яру, на дне якога, з цяжкасцю прабіваючыся праз мінулагоднюю лістоту, булькаў ручай. За ярам дрэвы былі вышэйшыя і больш раскідзістыя; там раслі ўжо не вербы і вязы, а дубы і букі. Шоргат лісця, якое варушыў вецер, прыглушаў гукі яго крокаў; нягледзячы на тое, што гэты шоргат прыглушаў гукі, накшталт таго, як цемра бязмесячнай ночы прыхоўвае прадметы, Дзік асцярожна краўся ад аднаго тоўстага ствала да другога, зорка аглядваючыся па баках. Раптоўна перад ім, быццам цень, мільганула лань і схавалася ў гушчары. Ён спыніўся, засмучаны: напалоханая лань можа выдаць яго ворагам. Замест таго, каб ісці далей, ён падышоў да бліжэйшага высокага дрэва і хутка палез наверх.

Яму пашанцавала. Дуб, на які ён залез, быў самым высокім у гэтай частцы лесу і ўзвышаўся над астатнімі на добрыя паўтара сажні. Калі Дзік залез на верхні сук і, разгойдваючыся на ветры, глянуў удалячынь, ён убачыў усю балотную раўніну да самага Кэтлі, убачыў Ціл, які віўся вакол лясістых астравоў, і проста перад сабой – белую паласу вялікай дарогі, што бегла праз лес. Лодку ўжо ўзнялі, перавярнулі, і яна плыла па рацэ да доміка перавозчыка. Акрамя гэтай лодкі, нідзе не было ні найменшай прыкметы прысутнасці чалавека; толькі вецер шумеў у галінах. Дзік ужо збіраўся спускацца, як раптам, кінуўшы апошні позірк навокал, заўважыў шэраг рухомых кропак пасярод балота. Відавочна, якісьці маленькі атрад ішоў па сцежцы і прытым даволі шпарка. Гэта яго затрывожыла; ён зараз жа саслізнуў на зямлю і вярнуўся праз лес да таварыша.

Раздзел IV
Малайцы з Зялёнага лесу

Мэтчэм паспеў адпачыць і ачухацца; і хлопчыкі, затрывожаныя тым, што ўбачыў Дзік, паспешліва выбраліся з нетры, паспяхова перасеклі дарогу і рушылі ўгару па схіле ўзгорыстага кража, на якім узвышаўся Тэнстолскі лес. Тут, паміж купкамі дрэў, прасціраліся пясчаныя лужкі, зарослыя верасам і жаўтазелем; сям-там сустракаліся старыя цісы. Глеба рабілася ўсё больш няроўнай; штохвіліны на шляху трапляліся выспы і лагчыны. Вецер дзьмуў усё мацней, прымушаючы ствалы дрэў гнуцца, як тонкія вудачкі.

Яны выйшлі на лужок. Раптам Дзік упаў на зямлю ніцма і паволі папоўз назад, да дрэў. Мэтчэм, які не заўважыў ніякай небяспекі і быў вельмі здзіўлены, паўтарыў, аднак, прыклад таварыша. І толькі калі яны схаваліся ў гушчары, ён спытаў, што здарылася.

Замест адказу Дзік паказаў яму пальцам на старую хвою, якая расла на другім канцы лужка, узвышаючыся над суседнім лесам, і выразна вылучалася на светлым небе сваёй змрочнай зелянінай. Унізе ствол яе быў прамы і тоўсты, як калона. Але на вышыні пяцідзесяці футаў ён раздвойваўся, утвараючы два тоўстыя сукі; паміж імі, быццам марак на мачце, стаяў чалавек у зялёным камзоле, апранутым паўзверх латаў, і зорка глядзеў удалячынь. Сонца зіхацела на яго валасах; прыкрыўшы вочы рукой, ён няспынна, як машына, марудна пакручваў галаву то ў адзін бок, то ў другі. Хлопчыкі пераглянуліся.

– Паспрабуем абысці яго злева, – сказаў Дзік. – Мы ледзь не папаліся, Джон.

Хвілін праз дзесяць яны выбраліся на добра ўтаптаную сцяжынку.

– Гэтай часткі лесу я зусім не ведаю, – прамовіў Дзік. – Куды прывядзе нас гэтая сцяжынка?

– Пабачым, – сказаў Мэтчэм.

Сцяжынка прывяла іх на вяршыню пагорка і пачала спускацца ў яр, што нагадваў вялікую чашу. Унізе, у густых зарасніках квітнеючага глогу, яны ўбачылі разваліны нейкага дома – некалькі абгарэлых драўляных зрубаў без дахаў ды высокі пячны комін.

– Што гэта? – спытаў Мэтчэм.

– Клянуся небам, не ведаю, – адказаў Дзік. – Я тут нічога не ведаю. Будзем рухацца асцярожна.

Чуючы, як б'юцца сэрцы, яны пачалі ціха спускацца, прадзіраючыся праз кусты глогу. Тут, відаць, яшчэ нядаўна жылі людзі. У гушчары трапляліся здзічэлыя фруктовыя дрэвы і сякая-такая гародніна; у траве ляжаў павалены сонечны гадзіннік. Відавочна, раней тут быў сад. Яны прайшлі яшчэ крыху і наткнуліся на разваліны дома.

Калісьці гэта быў прыгожы моцны будынак, акружаны глыбокім ровам; цяпер роў высах, на дне яго валяліся камяні, трухлявае бервяно было перакінута цераз яго, быццам мост. Дзве сцяны яшчэ стаялі, і сонца зіхацела праз іх пустыя вокны, але ўся астатняя частка будынка абрынулася і ляжала грудай задымленых абломкаў. Усярэдзіне ўжо зелянела некалькі маладзенькіх дрэўцаў, якія выраслі са шчылін.

– Я пачынаю згадваць, – прашаптаў Дзік. – Гэта, хутчэй за ўсё, Грымстан. Сядзіба належала калісьці Саймону Мэлмсбэры, але сэр Дэніэл загубіў яго. Пяць гадоў назад Бенет Хэтч спаліў гэты дом. І, сказаць па шчырасці, дарэмна: дом быў прыгожы.

Унізе, у яры, было цёпла і бязветрана. Мэтчэм крануў Дзіка за плячо і папераджальна ўзняў палец.

– Тсс! – сказаў ён.

Дзіўны гук парушыў цішыню. Ён паўтарыўся яшчэ некалькі разоў, перш чым яны здагадаліся, што ён азначае. Гэта адкашліваўся нейкі чалавек, хутчэй за ўсё магутнага складу. Затым хрыплы, фальшывы голас заспяваў:

Кароль спытаў лагодны ў вясёлых малайцоў:

«Навошта ж вы жывеце ў цяні густых лясоў?»

І Гамелін адказвае (яму нязнаны страх):

«Каму нялюбы горад, той блудзіць па лясах».

Спявак змоўк; дзесьці бразнула жалеза, і ўсё заціхла.

Хлопчыкі глядзелі адзін на аднаго. Іх нябачны сусед, хто б ён ні быў, знаходзіўся дзесьці непадалёку ад развалін дома. Мэтчэм раптоўна пачырванеў і рушыў наперад; па трухлявым бервяне ён перайшоў цераз роў і асцярожна палез на велізарную кучу смецця, што запаўняла сярэдзіну разбуранага дома. Дзік не паспеў яго затрымаць, і зараз яму заставалася толькі рухацца за ім.

У кутку разбуранага дома два бервяны ўпалі крыж-накрыж, адгарадзіўшы ад смецця пустую прастору, не большую за камору. Хлопчыкі спусціліся туды і схаваліся. Праз маленькую байніцу ім было відаць усё, што адбываецца ззаду дома.

Тое, што яны ўбачылі, прымусіла іх здранцвець ад жаху. Пайсці адсюль было немагчыма; яны ж і дыхаць амаль не маглі. Каля рова, футаў за трыццаць ад таго месца, дзе яны сядзелі, гарэла вогнішча; над кастром вісеў жалезны кацёл, з якога клубілася густая пара, а побач з вогнішчам стаяў высокі, абадраны, чырванатвары чалавек. У правай руцэ ён трымаў жалезную лыжку; з-за пояса ў яго тырчалі паляўнічы рог і палохаючых памераў кінжал. Здавалася, ён да чагосьці прыслухоўваецца; відаць, ён чуў, як яны прабраліся ў руіны дома. Гэта і быў, несумненна, спявак; ён, верагодна, памешваў у катле, калі да яго слыху даляцеў падазроны шоргат, які ўтварыўся ад неасцярожнага дотыку нагі да кучы смецця. Крыху воддаль ляжаў, захутаўшыся ў карычневы плашч, яшчэ адзін чалавек; ён моцна спаў. Матылёк пырхаў над яго тварам. Увесь лужок быў белы ад маргарытак. На квітнеючым кусце глогу віселі лук, калчан са стрэламі і кавалак аленевай тушы.

Нарэшце цыбаты чалавек перастаў прыслухоўвацца, паднёс лыжку да рота, лізнуў яе і зноў узяўся мяшаць у катле, напяваючы:

Каму нялюбы горад, той блудзіць па лясах, -

хрыпла праспяваў ён, вяртаючыся да тых самых слоў сваёй песні, на якіх спыніўся.

Нікому, сэр, на свеце мы не жадаем зла,

Ды ў ланей каралеўскіх падчас ляціць страла.

Час ад часу ён чэрпаў з катла сваё варыва, як заўзяты кухар, дзьмуў на яго і каштаваў. Нарэшце ён, відаць, вырашыў, што поліўка зварылася, выцягнуў з-за пояса рог і тройчы пратрубіў поклічны сігнал.

Сонны прачнуўся, павярнуўся на другі бок, адагнаў матылька і паглядзеў ва ўсе бакі.

– Чаго ты трубіш, брат? – спытаў ён. – Абедаць час, ці што?

– Але, дуралей, абедаць, – сказаў кухар. – Неважнецкі абед, без элю і без хлеба. Нявесела зараз у зялёных лясах. А бывалі часіны, калі добры чалавек мог тут жыць, як архіепіскап, не баючыся ні дажджоў, ні маразоў; і элю і віна было ўдосталь. Але цяпер дух адвагі пагас у людскіх сэрцах; а гэты Джон Помшчу-за-ўсіх, ратуй нас Бог і злітуйся, проста вароніна пудзіла.

– Табе абы наесціся і напіцца, Лоўлес, – адказаў яго суразмоўца. – Пачакай, яшчэ вернуцца добрыя часіны.

– Я з дзяцінства чакаю добрых часін, – сказаў кухар. – Быў я манахам-францысканцам, быў каралеўскім стралком; быў мараком і плаваў па салёным моры; даводзілася мне бываць і ў зялёным лесе, прыходзілася падстрэльваць каралеўскіх ланей. І чаго ж я дасягнуў? Нічога! Дарэмна я не застаўся ў манастыры. З ігуменам Джонам жыць было выгадней, чым з Джонам Помшчу-за-ўсіх. Клянуся Багародзіцай, вось і яны!

На паляне адзін за адным з'яўляліся рослыя, моцныя малайцы, у кожнага быў нож і кубак, зроблены з каровінага рога; зачэрпнуўшы варыва з катла, яны садзіліся на траву і елі. І апрануты і ўзброены яны былі па-рознаму; адны насілі грубатканыя сарочкі, і ўся зброя іх складалася з нажа ды старога лука; іншыя апраналіся, як сапраўдныя лясныя франты: шапкі і курткі з цёмна-зялёнага сукна, зграбныя стрэлы, упрыгожаныя пер'ем, за поясам – рог на перавязі, меч і кінжал на баку. Яны былі вельмі галодныя і таму гаварылі мала; ледзь прабурчаўшы прывітанне, кожны прагна накідваўся на яду.

Іх сабралася ўжо чалавек дваццаць, калі ў кустах глогу раптам пачуліся радасныя галасы і на паляне з'явіліся яшчэ пяцёра: рослы, дзябёлы чалавек з сівымі валасамі, з загарэлым, як правэнджаны кумпяк, тварам і за ім чацвера з насілкамі. Няцяжка было ўгадаць у першым начальніка: за плячыма ў яго вісеў лук, у руцэ ён трымаў рагаціну.

– Хлопцы! – крыкнуў ён. – Вясёлыя мае сябры! Вы тут елі ўсухама і свісталі ад голаду! Але я заўсёды казаў: пацярпіце, шчасце яшчэ ўсміхнецца нам. І яно пачало ўжо ўсміхацца. Вось першы пасланец шчасця – добры эль!

І пад гул радасных воклічаў насільшчыкі апусцілі насілкі, на якіх аказалася даволі вялікая бочачка.

– Не спяшайцеся, хлопцы, – працягваў ён. – Нас чакае справа. Да перавозу падышоў атрад стралкоў. Адзенне на іх чырвонае з сінім; кожны з іх – мішэнь, кожны зведае нашы стрэлы, ніводзін не выйдзе з лесу жывы. Нас тут пяцьдзесят чалавек, і кожны з нас пакрыўджаны: у аднаго ўкралі зямлю, у другога – сяброў; аднаго абняславілі, другога выгналі. Мы ўсе пакрыўджаныя! Хто ж нас пакрыўдзіў? Сэр Дэніэл, клянуся распяццем! Няўжо мы яму дазволім спакойна карыстацца ўкрадзеным у нас дабром? Сядзець у нашых дамах? Араць наша поле? Есці мяса нашых быкоў? Не, не дазволім! Яго абараняе закон; пёры судзейскіх пісак заўсёды на яго баку. Але я збярог для яго ў сябе за поясам такія пёры, з якімі яму не саўладаць!

Кухар Лоўлес піў ужо другі рог элю; ён прыўзняў яго як бы вітаючы прамоўцу.

– Майстар Эліс, – сказаў ён, – вы думаеце толькі аб помсце. Ну што ж, вам так і належыць. Але ў нас, у вашых бедных братоў па зялёным лесе, ніколі не было ні земляў, ні сяброў, і нам аплакваць няма чаго; мы людзі маленькія і думаем мы не аб помсце, а аб прыбытку. Самай салодкай помсце ў свеце мы аддаём перавагу высакароднаму золату і мяху з канарскім віном.

– Лоўлес, – пачуўся адказ, – каб вярнуцца ў замак Мот, сэр Дэніэл павінен прайсці праз лес. Мы паклапоцімся аб тым, каб гэты шлях абышоўся яму даражэй за ўсялякую бітву. Усе вядомыя сябры яго разбіты, і ніхто яму не дапаможа. Мы акружым старога ліса з усіх бакоў, і ён загіне. Гэта тлустая здабыча! Яе хопіць на абед нам усім.

– Багата я ўжо еў такіх абяцаных абедаў, – сказаў Лоўлес. – Але гатаваць іх – справа цяжкая, добры майстар Эліс, можна апячыся. А чым мы займаемся ў чаканні гэтага тлустага абеду? Мы майструем чорныя стрэлы, мы сачыняем вершыкі, мы п'ём чыстую халодную ваду – самы непрыемны напітак.

– Ты няверны чалавек, Уіл Лоўлес. Ад цябе ўсё яшчэ пахне манастырскай кладоўкай. Прагнасць загубіць цябе, – адказаў Эліс. – Мы забралі дваццаць фунтаў у Эпльярда. Мы забралі сем марак у ганца ўчора ноччу. Трэцяга дня мы забралі пяцьдзесят у купца…

– А сягоння, – сказаў адзін з малайцоў, – я спыніў каля Халівуда тлустага гандляра індульгенцыямі. Вось яго кашалёк.

Эліс пералічыў грошы ў кашальку.

– Сто шылінгаў! – прабурчаў ён. – Дурань, у яго, напэўна, намнога больш было схавана ў чаравіках або зашыта ў капюшон. Ты немаўля, Том К'юкоў, ты выпусціў рыбку.

Тым не менш Эліс неяк нядбайна сунуў кашалёк сабе ў кішэню. Ён стаяў, абапіраючыся на рагаціну, і разглядваў сваіх таварышаў. Яны прагна глыталі поліўку з аленіны, запіваючы яе элем. Дзень выдаўся слаўны, ім пашанцавала; аднак іх чакалі тэрміновыя справы, і яны не затрымліваліся над ядой. Тыя, хто прыйшоў першы, ужо адпалуднавалі і або паваліліся ў траву і адразу заснулі, як сытыя ўдавы, або балбаталі паміж сабою, або прыводзілі зброю ў парадак. Адзін весялун падняў рог з элем і заспяваў:

Прывольна вясной пад шатай лясной -

Вясёлы і добры ідзеш!

Пах дзіўны і свежы сяброўскае ежы,

Калі ты аленя заб'еш!

Нагоніць дажджоў, халодных вятроў -

Не рады зімоваму дню.

З гульбой развітайся, дадому вяртайся,

Сядзі да вясны ля агню.

Хлопчыкі ляжалі і слухалі. Рычард зняў свой арбалет і трымаў напагатове жалезны кручок, каб нацягнуць цеціву. Яны баяліся паварушыцца; уся гэтая сцэна з ляснога жыцця прайшла перад іх вачыма, быццам у тэатры. Але тут раптам настаў антракт: пачуўся пранізлівы свіст, затым гулкі трэск, і абломкі стралы ўпалі да ног хлопчыкаў. Над тым самым месцам, дзе яны затаіліся, узвышаўся комін; яго, мабыць, і выбраў сваёй мішэнню нябачны стралок – гэта быў вартавы, якога яны бачылі на хвоі. Мэтчэм ціхенька ўскрыкнуў; нават Дзік уздрыгнуў і выпусціў кручок. Аднак людзей, якія сядзелі на палянцы, страла гэтая не спалохала; для іх яна была ўмоўным сігналам, а яго яны даўно чакалі. Яны ўсе разам падхапіліся на ногі, зацягваючы паясы, правяраючы цецівы, выцягваючы з похваў мячы і кінжалы. Эліс падняў руку; твар яго асвяціўся нястрымнай энергіяй, бялкі вачэй ярка паблісквалі на загарэлым твары.

– Хлопцы, – сказаў ён, – вы ўсе ведаеце сваю справу. Няхай ніводная душа не выслізне жывой з вашых рук! Эпльярд – гэта быў усяго толькі глыток віскі перад абедам; а зараз пачнецца самы абед. Я павінен адпомсціць за трох: за Гары Шэлтана, за Саймона Мэлмсбэры і… – тут ён стукнуў сябе кулаком у шырокія грудзі, – і за Эліса Дэкуорта. І, клянуся небам, я адпомшчу!

Якісьці чалавек, расчырванеўшыся ад шпаркага бегу, прадзёрся праз кусты і выбег на паляну.

– Гэта не сэр Дэніэл! – прамовіў ён, цяжка дыхаючы. – Іх усяго сем чалавек. Страла даляцела да вас?

– Толькі што, – адказаў Эліс.

– Што за ліха! – вылаяўся бягун. – То ж мне і падалося, што я чую яе свіст. Вось я і застаўся без абеду.

У адзін момант увесь атрад «Чорнай стралы» пакінуў паляну перад разбураным домам; кацёл, патухлае вогнішча ды аленевая туша на кусце глогу – вось і ўсё, што ад іх засталося.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю