Текст книги "Чорная страла"
Автор книги: Роберт Льюис Стивенсон
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 11 (всего у книги 16 страниц)
Раздзел II
«У доме варагаў маіх»
У сэра Дэніэла ў Шорбі быў высокі, зручны, атынкаваны дом з разьбой на дубовых рамах і з пакатай саламянай страхою. За домам цямнеў пладовы сад з мноствам алей і зарослых зелянінай альтанак; сад гэты цягнуўся да званіцы манастырскай царквы.
У выпадку неабходнасці дом мог змясціць світу і больш важнай асобы, чым сэр Дэніэл; але і зараз у ім было вельмі шумна. На двары чуўся звон зброі і стук падкоў; кухня гула, як вулей; у зале забаўляліся блазны, спявалі менестрэлі, ігралі музыкі. Сэр Дэніэл марнатраўствам, весялосцю і гасціннасцю супернічаў з лордам Шорбі і пераўзыходзіў лорда Райзінгэма.
Гасцей прымалі сардэчна. А менестрэляў, блазнаў, гульцоў у шахматы, гандляроў рэліквій, зелляў, духоў і талісманаў, разам з усемагчымымі свяшчэннікамі, манахамі, вандроўнікамі садзілі за стол для слуг і клалі спаць на прасторных гарышчах або на голых дошках у доўгай сталовай.
На наступны дзень пасля крушэння «Добрай Надзеі» кладоўкі, кухні, стайні і нават пуні, што акружалі двор з двух бакоў, былі поўныя святочнага люду. Тут весяліліся і слугі сэра Дэніэла ў сіне-чырвоных ліўрэях і розныя прайдзісветы, завабленыя ў горад сквапнасцю, якіх рыцар прымаў часткова з палітычных меркаванняў, а часткова проста таму, што прымаць падобных людзей у тыя часы было добрым звычаем.
Усе яны пад дах былі загнаны снегам, які падаў бесперастанку, марозам і набліжэннем ночы. Віна, элю і грошай было колькі заўгодна. Адны, расцягнуўшыся на саломе ў свірне, гулялі ў карты, некаторыя яшчэ з абеду былі п'яныя. Нам, бадай, падалося б, што горад толькі што быў падвергнуты разгрому; але ў тыя часы ва ўсіх багатых і высакародных дамах на святы адбывалася тое ж самае.
Два манахі – стары і малады – прыйшлі позна і цяпер грэліся каля агню ў куце пуні. Стракаты натоўп абступіў іх – штукары, скамарохі, салдаты. Неўзабаве старэйшы з манахаў пачаў з імі ажыўленую размову, у якой было столькі жартаў і дасціпнасці, што натоўп вакол хутка павялічыўся.
Малодшы яго спадарожнік, у якім чытач пазнаў ужо Дзіка Шэлтана, сеў ззаду за ўсімі і паступова адсоўваўся ўсё далей. Ён слухаў уважліва, але не адкрываў рота; па панураму выразу яго твару было бачна, што яго мала цікавяць жарты таварыша.
Нарэшце яго позірк, які ўвесь час блукаў па баках і сачыў за ўсімі дзвярыма, спыніўся на маленькай працэсіі, што зайшла ў галоўную браму і наўскос перасякала двор. Дзве дамы, захутаныя ў густыя футры, ішлі ў суправаджэнні дзвюх служанак і чатырох дужых воінаў. Праз імгненне яны зайшлі ў дом і зніклі. Дзік, праслізнуўшы праз натоўп гулякаў, кінуўся ўслед за імі.
«Тая, вышэйшая ростам, – лэдзі Брэклі, – падумаў ён, – а дзе лэдзі Брэклі, там і Джаана».
Ля дзвярэй чатыры воіны спыніліся; дамы падымаліся па лесвіцы з паліраванага дуба, іх ахоўвалі толькі дзве служанкі. Дзік пайшоў за імі па пятах.
Змяркалася, і ў доме было ўжо амаль зусім цёмна. На пляцоўках лесвіцы блішчалі факелы ў жалезных аправах; ля кожных дзвярэй доўгага калідора, абабітага габеленамі, гарэла лямпа. І калі дзверы былі адчынены, Дзік бачыў сцены, завешаныя габеленамі, і падлогу, засланую трыснягом, які пабліскваў пры святле запаленых дроў.
Так прайшлі яны два паверхі, і на кожнай пляцоўцы дама, меншая ростам і маладзейшая, паварочвалася і пільна ўглядвалася ў манаха. А ён ішоў, апусціўшы вочы, са сціпласцю, належнай яго званню; ён толькі аднойчы зірнуў на яе і не ведаў, што прыцягнуў да сябе яе ўвагу. Нарэшце на трэцім паверсе дамы рассталіся, – малодшая адправілася наверх адна, а старэйшая, у суправаджэнні служанак, пайшла па калідоры направа.
Дзік хутка дасягнуў пляцоўкі трэцяга паверха і пачаў з-за вугла глядзець, куды далей накіруюцца гэтыя трое. Не паварочваючыся і не азіраючыся, яны ішлі па калідоры. «Усё добра, – падумаў Дзік. – Толькі б даведацца, дзе пакой лэдзі Брэклі, і тады я без цяжкасці адшукаю пані Хэтч».
Чыясьці рука легла яму на плячо. Ён падскочыў, ціха ўскрыкнуў і павярнуўся, каб схапіцца з ворагам.
Ён быў крыху збянтэжаны, калі заўважыў, што самым бесцырымонным чынам абхапіў рукамі маленькую юную лэдзі ў футры. Спалоханая і абураная, яна дрыжала ўсім сваім тоненькім цельцам у яго руках.
– Васпані, – сказаў Дзік, апускаючы рукі, – малю вас дараваць мне, але ззаду ў мяне няма вачэй, і, клянуся небам, я не ведаў, што вы дзяўчына.
Дзяўчына працягвала глядзець на яго, але пакрысе жах у яе на твары змяніўся здзіўленнем, а здзіўленне – недаверлівасцю. Дзік, які чытаў у яе на твары ўсе гэтыя пачуцці, пачаў трывожыцца за сваю бяспеку тут, у варожым яму доме.
– Цудоўная дзяўчына, – сказаў ён з прытворнай непасрэднасцю, – дазвольце мне пацалаваць вашу руку ў знак таго, што вы забудзеце маю грубасць, і я пайду.
– Вы нейкі дзіўны манах, васпан, – смела і пранікліва гледзячы яму ў твар, адказала дзяўчына. – Цяпер, калі першае маё здзіўленне крыху прайшло, я заўважаю па кожным вашым слове, што вы зусім не манах. Чаго вы тут? Навошта вы так па-блюзнерску пераапрануліся ў свяшчэнную расу? З мірам вы прыйшлі ці з вайною? І чаму вы, быццам злодзей, сочыце за лэдзі Брэклі?
– Васпані, – сказаў Дзік, – у адным прашу я вас паверыць: я не злодзей. І калі нават я прыйшоў сюды не з мірам, – што да нейкай ступені правільна, – я не ваюю з цудоўнымі дзяўчатамі, а таму прашу вас узяць мой прыклад і адпусціць мяне. Бо, цудоўная пані, калі вам уздумаецца падняць голас і паведаміць аб тым, што вам стала вядома, – бедны джэнтльмен, які стаіць перад вамі, прапашчы чалавек. Я не хачу думаць, што вы будзеце такой жорсткай, – працягваў Дзік і, пяшчотна трымаючы руку дзяўчыны абедзвюма рукамі, зазірнуў ёй у твар з пачцівым захапленнем.
– Дык вы шпіён з партыі Йорка? – спытала дзяўчына.
– Васпані, – адказаў ён, – я сапраўды йоркіст і ў нейкім родзе шпіён. Але прычына, якая прывяла мяне ў гэты дом і якая, безумоўна, выкліча спачуванне і дапытлівасць у вашым добрым сэрцы, не мае адносін ні да Йорка, ні да Ланкастэра. Я цалкам аддаю сваё жыццё ў ваша распараджэнне. Я закаханы, і маё імя…
Але тут юная лэдзі раптоўна заціснула сваёй рукою рот Дзіку, паспешліва паглядзела ўверх і ўніз, на захад і на ўсход і, пабачыўшы, што паблізу няма ні душы, з сілай пацягнула маладога чалавека ўгару па лесвіцы.
– Шш! – сказала яна. – Хадземце! Размаўляць будзем пасля!
Разгубіўшыся ад нечаканасці, Дзік дазволіў зацягнуць сябе па лесвіцы. Яны шпарка прабеглі па калідоры, і раптам яго ўпіхнулі ў пакой, асветлены, як і іншыя, распаленым камінам.
– А зараз, – сказала маладая лэдзі, пасадзіўшы яго на крэсла, – сядзіце тут і чакайце маёй найвышэйшай волі. Ваша жыццё і ваша смерць у маіх руках, і я, не вагаючыся, пакарыстаюся сваёй уладай. Беражыцеся, вы ледзь не вывіхнулі мне руку! Ён кажа, быццам не ведаў, што я дзяўчына! Калі б ён ведаў, што я дзяўчына, ён, пэўна, узяўся б за папругу!
З гэтымі словамі яна выслізнула з пакоя, пакінуўшы Дзіка з адкрытым ад здзіўлення ротам; яму здавалася, што ён спіць і што яму сніцца сон.
– «Узяўся б за папругу!» – паўтараў ён. – «Узяўся б за папругу!»
І ўспаміны аб тым вечары ў лесе ўзніклі ў яго свядомасці, і ён зноў убачыў дрыжлівага Мэтчэма, яго ўмольныя вочы.
Але ён тут жа ўспомніў аб небяспеках, якія пагражалі яму сягоння. Яму падалося, што ў суседнім пакоі хтосьці рухаецца; потым дзесьці вельмі блізка нехта ўздыхнуў, пачуўся шоргат адзення і лёгкі шум крокаў. Ён стаяў насцярожыўшыся і ўбачыў, як калыхнуліся габелены, затым недзе рыпнулі дзверы, габелены рассунуліся, і з лямпай у руцэ ў пакой зайшла Джаана Сэдлі.
Яна была апранута ў багатыя тканіны глыбокіх, мяккіх таноў, як і належала апранацца дамам у зімовы снежны час. Валасы ў яе былі зачасаны ўверх і ляжалі на галаве, быццам карона. Калісьці такая маленькая і нязграбная ў адзенні Мэтчэма, яна была цяпер стройная, як маладая вярба, і не ішла, а нібы плыла па падлозе.
Не ўздрыгнуўшы, не затрапятаўшы, яна падняла лямпу і зірнула на маладога манаха.
– Што вы тут робіце, добры брат? – спытала яна. – Вы, без сумнення, не туды трапілі. Каго вам трэба?
І яна паставіла лямпу на падстаўку.
– Джаана… – сказаў ён, і голас здрадзіў яму. – Джаана, – зноў пачаў ён, – ты казала, што кахаеш мяне. І я, вар'ят, паверыў гэтаму!
– Дзік! – усклікнула яна. – Дзік!
І, на здзіўленне Дзіка, цудоўная, высокая маладая лэдзі ступіла ўперад, абвіла яго шыю рукамі і абсыпала яго пацалункамі.
– О вар'ят! – усклікнула яна. – О дарагі Дзік! О, калі б ты мог бачыць сябе! Ах, што я нарабіла, Дзік, – дадала яна, адхіснуўшыся: – Я сцерла з цябе фарбу! Але гэта можна паправіць. Але вось чаго, баюся я, нельга пазбегнуць, нельга паправіць: майго замуства з лордам Шорбі.
– Гэта ўжо вырашана? – спытаў малады чалавек.
– Заўтра раніцай у манастырскай царкве, Дзік, – адказала яна, – будзе скончана і з Джонам Мэтчэмам і з Джаанай Сэдлі. Калі б можна было дапамагчы слязамі, я выплакала б сабе вочы. Я малілася бесперастанку, але неба, відаць, не пачула маіх маленняў. Добры Дзік, дарагі Дзік, паколькі ты не можаш мяне вывесці з гэтага дома да раніцы, мы павінны пацалавацца і сказаць адзін аднаму: «Бывай!»
– Ну не, – сказаў Дзік. – Толькі не я; я ніколі не скажу гэтага слова. Становішча наша здаецца безнадзейным, але пакуль ёсць жыццё, Джаана, ёсць і надзея. Я хачу спадзявацца. О, клянуся небам і перамогай! Калі ты была для мяне толькі імем, хіба я не пайшоў за табою, хіба я не падняў добрых людзей, хіба я не паставіў сваё жыццё на карту? А цяпер, калі я ўбачыў цябе такою, якая ты ёсць, – цудоўнейшай, высакароднейшай дзяўчынай Англіі, – ты думаеш, я павярну назад? Калі б тут было глыбокае мора, я прайшоў бы па хвалях. Калі б дарога кішэла львамі, я раскідаў бы іх, як мышэй!
– Ці не занадта многа шуму з-за блакітнай шаўковай сукенкі! – насмешліва вымавіла дзяўчына.
– Не, Джаана, – запярэчыў Дзік, – не з-за адной сукенкі. Цябе ж я ўжо бачыў пераапранутай. А цяпер я сам пераапрануты. Скажы шчыра, я не смешны? Ці не праўда, блазенскі ўбор?
– Ах, Дзік, што праўда, то праўда, – усміхаючыся адказала яна.
– Вось бачыш, – урачыста сказаў ён. – Так у лесе было з табой, бедны Мэтчэм. Калі сказаць шчыра, у цябе быў смешны выгляд! Затое цяпер ты прыгажуня!
Так размаўлялі яны, не заўважаючы часу, трымаючы адзін аднаго за рукі, абменьваючыся ўсмешкамі і закаханымі позіркамі; так маглі б яны правесці ўсю ноч. Але раптоўна пачуўся шоргат, і яны ўбачылі маленькую лэдзі. Яна прыклала палец да вуснаў.
– О божа, – усклікнула яна, – як вы шуміце! Ці не можаце вы быць стрыманей? А цяпер, Джаана, мая цудоўная лясная дзяўчына, як ты ўзнагародзіш сваю сяброўку за тое, што яна прывяла твайго мілага?
Замест адказу Джаана падбегла да яе і горача абняла.
– А вы, сэр, – працягвала юная лэдзі, – як вы мне аддзячыце?
– Васпані, – сказаў Дзік, – я ахвотна заплаціў бы вам той жа манетай.
– Ну, падыходзьце, – сказала лэдзі, – вам гэта дазваляецца.
Але Дзік, пачырванеўшы, як півоня, пацалаваў ёй толькі руку.
– Чым вам не падабаецца мой твар, прыгажун? – спытала яна, прысядаючы да самай падлогі.
Калі Дзік, нарэшце, асцярожна абняў яе, яна дадала:
– Джаана, у тваёй прысутнасці твой мілы вельмі сарамлівы. Запэўніваю цябе, ён быў намнога жвавейшы пры нашай першай сустрэчы. Ведаеш, сяброўка, я ўся ў сіняках. Можаш мне больш ніколі не верыць, калі гэта не так! А цяпер, – працягвала яна, – ці нагаварыліся вы? Бо я хутка павінна выгнаць паладзіна.
Але абое закаханых заявілі, што яны яшчэ нічога не сказалі адзін аднаму, што ноч толькі пачалася і што так рана яны не хочуць расставацца.
– А вячэра? – спытала юная лэдзі. – Хіба мы не павінны спусціцца на вячэру?
– О так, канечне! – ускрыкнула Джаана. – Я забыла!
– Тады схавайце мяне, – сказаў Дзік. – Пастаўце за фіранку, замкніце ў скрыню, суньце куды хочаце, абы мне можна было вас тут дачакацца. Помніце, цудоўная лэдзі, – дадаў ён, – што мы ў адчайным становішчы і, быць можа, з сённяшняй ночы да самай смерці ніколі не ўбачым адзін аднаго.
Юная лэдзі змякчылася. І калі трохі пазней звон пачаў склікаць да стала сямейнікаў сэра Дэніэла, Дзіка схавалі ля сцяны, за дываном; ён дыхаў праз шчыліну паміж дыванамі, праз яе ён таксама мог аглядаць увесь пакой.
Але нядоўга прабыў ён у такім становішчы.
Тут, на верхнім паверсе, панавала цішыня, толькі зрэдку яе парушалі шыпенне агню ды патрэскванне сырых дроў у каміне; але зараз да напружанага слыху Дзіка даляцеў гук чыіхсьці асцярожных крокаў. Затым дзверы адчыніліся, і чарнаваты карлік, у вопратцы колераў лорда Шорбі, прасунуў у пакой спярша галаву, а потым сваё скрыўленае цела. Ён адкрыў рот, здавалася, для таго каб лепш чуць, вочы яго, вельмі бліскучыя, хутка і неспакойна бегалі па баках. Ён абышоў увесь пакой, пастукваючы па дыванах, што закрывалі сцены. Аднак Дзік нейкім цудам пазбегнуў яго ўвагі. Потым карлік заглянуў пад мэблю і агледзеў лямпу; і, нарэшце, відаць, глыбока расчараваны, збіраўся ўжо выйсці гэтак жа ціха, як і зайшоў; але раптам, апусціўшыся на калені, падняў штосьці з падлогі, разгледзеў і радасна схаваў у сумку на поясе.
Сэрца ў Дзіка аж зайшлося, бо гэта быў кутас ад яго ўласнага пояса. Яму стала зразумела, што карлік – шпіён, які выконвае свае подлыя абавязкі з асалодай, – не губляючы часу, ён занясе знаходку свайму гаспадару, лорду Шорбі. У яго была спакуса адкінуць дыван, напасці на нягодніка і, рызыкуючы жыццём, адабраць у яго кутас. Пакуль ён вагаўся, узнікла новая трывога. На лесвіцы пачуўся грубы, прапіты голас, і па калідоры загрымелі няроўныя, цяжкія крокі.
– Навошта ж вы жывеце ў цяні густых лясоў? – праспяваў гэты голас. – Навошта ж вы жывеце? Гэй, хлопцы, навошта ж вы тут жывеце? – дадаў ён з п'яным рогатам.
І заспяваў зноў:
Любіш з півам куфляў звон,
Мой таўсцяк, ігумен Джон.
Кожны сам сабе жыве,
Хто спяваць будзе ў царкве?
Лоўлес – на жаль, п'яны да беспрытомнасці – бадзяўся па доме, адшукваючы куток, дзе б праспацца пасля гулянкі. Дзік аж кіпеў ад злосці. Шпіён спачатку спалохаўся, але адразу супакоіўся, зразумеўшы, што мае справу з п'яным; з хуткасцю ката ён выслізнуў з пакоя, і Дзік больш яго не бачыў.
Што было рабіць? Без Лоўлеса Дзіку не ўдасца ні распрацаваць план выкрадання Джааны, ні гэты план ажыццявіць. З другога боку, шпіён, можа, схаваўся дзе-небудзь паблізу, і ў такім выпадку, калі Дзік загаворыць з Лоўлесам, вынік будзе самы сумны.
Тым не менш Дзік усё ж рашыўся загаварыць з Лоўлесам. Ён выйшаў з-за дывана, спыніўся ў дзвярах і пагражальна ўзняў руку. Лоўлес, барвовы, з налітымі крывёю вачыма, хістаючыся, падыходзіў усё бліжэй. Нарэшце, ён цьмяна разгледзеў свайго начальніка і, не заўважаючы папераджальных знакаў Дзіка, гучна прывітаў яго па імені.
Дзік накінуўся на п'яніцу і пачаў яго шалёна трэсці.
– Жывёліна! – прашыпеў ён. – Жывёліна, а не чалавек! Дурань горш за здрадніка! Тваё п'янства загубіць нас!
Але Лоўлес толькі смяяўся і, пахістваючыся, стараўся паляпаць маладога Шэлтана па спіне.
І раптам тонкі слых Дзіка ўлавіў хуткі шоргат за дыванамі. Ён кінуўся туды. Праз імгненне адзін з дываноў паляцеў са сцяны, і ў складках яго валтузіліся Дзік і шпіён. Яны качаліся моўчкі, блытаючыся ў дыване, хапаючы адзін аднаго за горла са смяротнай лютасцю. Але Дзік быў намнога дужэйшы; і неўзабаве шпіён ужо ляжаў, прыціснуты каленам Дзіка.
Дзік узмахнуў доўгім кінжалам і забіў яго.
Раздзел III
Мёртвы шпіён
Лоўлес бездапаможна сачыў за гэтай раз'ятранай кароткай сутычкай; нават калі ўсё было скончана і Дзік, падняўшыся на ногі, з напружанай увагай прыслухоўваўся да аддаленага шуму на ніжнім паверсе дома, стары бадзяга яшчэ гайдаўся на нагах, быццам куст ад ветру, і тупа глядзеў у твар мёртвага шпіёна.
– Добра, што нас ніхто не пачуў, – сказаў нарэшце Дзік. – Хвала святым! Але што я цяпер буду рабіць з гэтым няшчасным шпіёнам? У любым выпадку я выцягну з яго сумкі кутас ад майго пояса.
З гэтымі словамі Дзік адкрыў сумку; ён знайшоў у ёй некалькі манет, свой кутас, а таксама пісьмо, адрасаванае лорду Ўэнслідэлу і запячатанае пячаткай лорда Шорбі. Гэтае імя нагадвала Дзіку пра многае; ён адразу зламаў сургуч і прачытаў пісьмо.
Яно было кароткае, але, да радасці Дзіка, неабвержна даказвала, што лорд Шорбі па-здрадніцку перапісваўся з домам Йоркаў.
Малады чалавек заўсёды насіў пры сабе рог з чарнілам і іншыя пісьмовыя прылады; апусціўшыся на калена побач з целам мёртвага шпіёна, ён напісаў на шматку паперы наступныя словы:
«Мілорд Шорбі, ці знаеце вы – той, хто перадаваў пісьмо, – чаму памёр ваш слуга? Дазвольце даць вам параду: не жаніцеся.
Джон Помшчу-за-ўсіх».
Ён паклаў гэтую паперку на грудзі мерцвяка. І Лоўлес, які сачыў за Дзікам ужо з нейкімі пробліскамі свядомасці, выцягнуў з-пад сваёй расы чорную стралу і прыкалоў ёю паперку да грудзей мерцвяка. Убачыўшы такую непавагу і нават, як яму здалося, жорсткасць да мерцвяка, малады Шэлтан спалохана ўскрыкнуў; але стары бадзяга толькі засмяяўся.
– Я хачу падтрымаць гонар свайго ордэна, – сказаў ён, ікаючы. – Маім вясёлым сябрам гэта будзе прыемна…
Заплюшчыўшы вочы і адкрыўшы рот, ён загрымеў страшным голасам:
Любіш з півам куфляў звон…
– Маўчы, боўдзіла! – крыкнуў Дзік і з сілай піхнуў яго да сцяны. – У табе віна больш, чым розуму, але пастарайся зразумець мяне! Імем Дзевы Марыі заклінаю цябе: выбірайся з гэтага дома. Калі ты тут застанешся, ты давядзеш да вісельні і сябе і мяне! Трымайся ж на нагах! Ды хутчэй паварочвайся, а не дык, клянуся небам, я магу забыць і тое, што я твой начальнік, і тое, што я твой даўжнік! Ідзі!
Розум пакрысе вяртаўся да ўяўнага манаха і, бачачы бліскучыя вочы Дзіка, ён пачаў мала-памалу разумець яго.
– Клянуся небам, – закрычаў Лоўлес, – калі я не патрэбны, я магу пайсці!
Хістаючыся, ён павярнуўся, прайшоў калідор і пачаў спускацца па лесвіцы, спатыкаючыся і натыкаючыся на сцены.
Ледзь ён схаваўся за лесвіцай, Дзік вярнуўся ў сваё сховішча і цвёрда вырашыў давесці справу да канца. Хаця розум раіў яму пайсці, але каханне і цікаўнасць перамаглі.
Марудна цягнуўся час для маладога чалавека, які прыціснуўся да сцяны за дываном. Агонь у каміне патухаў, лямпа дагарала і пачала куродыміць. Між тым ніхто не прыходзіў, і аддалены гул галасоў і звон посуду, што даносіўся знізу, усё не спыняліся. А за густой заслонай снегападу ляжаў маўклівы горад Шорбі.
Але вось нарэшце на лесвіцы пачуліся галасы і крокі. Госці сэра Дэніэла падняліся на пляцоўку, рушылі па калідоры, убачылі сарваны са сцяны дыван і труп шпіёна.
Усе замітусіліся, узняўся пярэпалах, усе крычалі.
З усіх бакоў збегліся госці, воіны, дамы, слугі – словам, усе насельнікі вялікага дома; крыку пабольшала. Затым натоўп расступіўся, і да мерцвяка падышоў сэр Дэніэл разам з жаніхом, лордам Шорбі.
– Мілорд, – сказаў сэр Дэніэл, – ці не казаў я вам аб гэтай подлай «Чорнай страле»? Вось вам чорная страла. Вазьміце яе. Няхай яна вам дакажа справядлівасць маіх слоў! Клянуся распяццем, кумок, яна ўваткнута ў грудзі аднаго з вашых людзей, ва ўсялякім выпадку, ён носіць вашу ліўрэю!
– Гэта быў мой чалавек, – адказаў лорд Шорбі і адступіў назад. – Хацеў бы я мець паболей такіх людзей. У яго быў нюх, як у ганчака, і ён быў скрытны, як крот.
– Праўда, кум? – насмешліва спытаў сэр Дэніэл. – А што ён вынюхваў у маім бедным жыллі? Ну, больш ужо яму не давядзецца нюхаць.
– З вашага дазволу, сэр Дэніэл, – сказаў адзін са слуг, – да яго грудзей прышпілена папера, на якой штосьці напісана.
– Дайце мне паперу і стралу, – сказаў рыцар.
Ён узяў стралу ў рукі, панура і задумліва разглядваў яе.
– Так, – сказаў ён, звяртаючыся да лорда Шорбі, – вось нянавісць, якая ідзе за мной па пятах. Гэтая чорная палачка або іншая, падобная на яе, калі-небудзь прыкончыць мяне. Дазвольце нявучанаму рыцару засцерагчы вас, кум: калі гэтыя сабакі пачнуць вас даганяць, – уцякайце! Яны прыліпаюць, як заразная хвароба! Паглядзім, што яны напісалі, аднак… Але, тое самае, што я і думаў, мілорд; вы пазначаны, быццам стары дуб ляснічым; заўтра ці паслязаўтра на вас апусціцца сякера. А што вы напісалі ў сваім пісьме?
Лорд Шорбі зняў паперу са стралы, прачытаў яе і скамячыў; адолеўшы агіду, ён апусціўся на калені перад забітым і пачаў паспешліва корпацца ў яго сумцы.
Потым падняўся з засмучаным тварам.
– Кум, – сказаў ён, – у мяне сапраўды прапала вельмі важнае пісьмо. Калі б я мог схапіць нягодніка, які ўкраў гэтае пісьмо, ён зараз жа ўпрыгожыў бы шыбеніцу. Але перш за ўсё трэба загарадзіць усе выхады з дома. Клянуся святым Георгіем, хопіць мне бед!
Вакол дома і саду расставілі каравулы; на кожнай пляцоўцы лесвіцы стаяў вартавы, цэлы атрад воінаў дзяжурыў ля галоўнага ўвахода; другі атрад сядзеў вакол агню ў пуні. Воіны лорда Шорбі далучыліся да воінаў сэра Дэніэла. Людзей і зброі хапала і для абароны дома і для таго, каб злавіць ворага, калі ён яшчэ хаваецца ў доме. А труп шпіёна пранеслі пад снегападам праз сад і паклалі ў манастырскай царкве.
І толькі калі ўсё сціхла, дзяўчаты выцягнулі Рычарда Шэлтана з яго тайніка і расказалі яму аб тым, што адбываецца ў доме. Са свайго боку, Дзік расказаў ім, як шпіён пракраўся ў пакой, як заўважыў яго і як быў забіты.
Джаана ў знямозе прыхінулася да завешанай дыванамі сцяны.
– Ад усяго гэтага нічога не зменіцца, – сказала яна. – Заўтра раніцай мяне ўсё роўна павянчаюць!
– Як? – закрычала яе сяброўка. – Тут жа наш паладзін, які разганяе львоў, як мышэй! У цябе, відаць, мала веры ў яго! Ну, утаймавальнік ільвоў, суцешце нас. Мы хочам пачуць смелую параду.
Дзік збянтэжыўся, калі яны дзёрзка кінулі ў твар яго ўласныя словы пахвальбы; ён пачырванеў, але ўсё ж загаварыў.
– Мы ў цяжкім становішчы, – сказаў ён. – Аднак, калі б мне ўдалося выбрацца з гэтага дома хоць бы на паўгадзіны, усё было б цудоўна. Вянчанне было б прадухілена…
– А львы, – перадражніла дзяўчына, – разагнаныя.
– Я зараз не схільны хваліцца, – сказаў Дзік. – Я прашу дапамогі і парады. Калі я не прайду міма вартавых і не выйду з гэтага дома, мне нічога не ўдасца зрабіць. Прашу вас, зразумейце мяне правільна!
– Чаму ж ты казала, што ён не выхаваны, Джаана? – спытала дзяўчына. – Язык у яго добра падвешаны. Калі трэба, яго мова дасціпная, калі трэба – пяшчотная, калі трэба – адважная. Што табе яшчэ?
– Майго сябра Дзіка падмянілі, – з усмешкай уздыхнула Джаана, – гэта абсалютна зразумела. Калі я пазнаёмілася з ім, ён быў грубаваты. Але ўсё гэта дробязі… Ніхто не дапаможа маёй бядзе, і я стану лэдзі Шорбі.
– А ўсё-такі, – сказаў Дзік, – я паспрабую выйсці з дома. На манаха мала звяртаюць увагі, і калі я знайшоў добрую чараўніцу, якая прывяла мяне наверх, я магу знайсці і такую, якая спусціць мяне ўніз. Як звалі гэтага шпіёна?
– Прайдоха, – сказала юная лэдзі. – Вельмі справядлівая мянушка! Але што вы збіраецеся рабіць, утаймавальнік ільвоў? Што вы задумалі?
– Я паспрабую прайсці міма вартавых, – адказаў Дзік. – І калі хто-небудзь спыніць мяне, я спакойна скажу, што іду маліцца за Прайдоху. У царкве ўжо, верагодна, моляцца аб яго беднай душы.
– Выдумка не дужа хітрая, – сказала дзяўчына, – але можа сысці.
– Тут справа не ў выдумцы, а ў дзёрзкасці, – запярэчыў малады Шэлтан. – У цяжкую хвіліну дзёрзкасць лепш за ўсялякія хітрыкі.
– Ваша праўда, – сказала яна. – Добра, ідзіце, і няхай беражэ вас неба! Вы пакідаеце тут няшчасную дзяўчыну, якая кахае вас, а таксама другую, якая адносіцца да вас як да самага лепшага сябра. Помніце пра нас, будзьце асцярожнымі і не падвяргайце сябе небяспецы.
– Ідзі, Дзік, – сказала Джаана. – Хаця калі пойдзеш, ты будзеш усё роўна не ў меншай небяспецы, чым калі застанешся тут. Ідзі, ты забіраеш з сабой маё сэрца. Хай ратуюць цябе святыя!
Дзік прайшоў паўз першага вартавога з такім упэўненым выглядам, што той толькі здзіўлена глянуў на яго. Але на другой пляцоўцы воін перагарадзіў яму шлях дзідай, спытаў, як яго завуць і куды ён ідзе.
– Pax vobiscum, – адказаў Дзік. – Я іду памаліцца за душу беднага Прайдохі.
– Ахвотна веру, – адказаў вартавы, – але ісці аднаму не дазваляецца.
Ён перагнуўся цераз дубовыя поручні і пранізліва свіснуў.
– Да вас ідзе чалавек! – крыкнуў ён і дазволіў Дзіку прайсці.
У канцы лесвіцы стаяла варта і чакала яго прыходу. І калі вартавы яшчэ раз паўтарыў свае словы, начальнік варты загадаў чатыром воінам праводзіць яго да царквы.
– Не давайце яму выслізнуць, малайцы, – сказаў ён. – Завядзіце яго да сэра Олівера, калі вам жыццё дарагое!
Адчынілі дзверы. Двое воінаў узялі Дзіка пад рукі, трэці пайшоў наперадзе з факелам, а чацверты, трымаючы напагатове лук і стралу, замыкаў шэсце. У такім парадку яны прайшлі праз сад, праз шчыльную начную цемру і снегапад і падышлі да слаба асветленых вокнаў манастырскай царквы.
Ля заходняга партала стаяў пікет зацярушаных снегам стралкоў, якія хаваліся ад ветру пад аркай. Праваднікі Дзіка сказалі ім некалькі слоў, і толькі тады іх прапусцілі ў свяцілішча.
Царква была слаба асветлена васковымі свечкамі, якія гарэлі ў алтары, і дзвюма-трыма лямпамі, што віселі на скляпеністай столі перад магільнымі склепамі славутых сем'яў. Пасярод царквы, у труне, ляжаў мёртвы шпіён з набожна складзенымі рукамі.
Пад скляпеннямі чулася паспешлівае мармытанне вернікаў; на клірасе стаялі ўкленчаныя фігуры ў расах, а на прыступках высокага алтара свяшчэннік у рызе служыў абедню.
З прыходам новых людзей адзін з апранутых у расу мужчын падняўся на ногі і, сыходзячы з кліраса, спытаў у пярэдняга воіна, што прывяло іх у царкву. З павагі да службы і нябожчыка яны размаўлялі напаўголаса; але рэха велізарнага пустога будынка падхоплівала іх словы і глуха паўтарала ў бакавых прыдзелах.
– Манах! – сказаў сэр Олівер (гэта ж быў ён), выслухаўшы данясенне стралка. – Брат мой, я не чакаў вашага прыходу, – працягваў ён, паварочваючыся да маладога Шэлтана. – Хто вы? І па чыёй просьбе вы далучаеце свае малітвы да нашых?
Дзік, не здымаючы капюшона з твару, зрабіў сэру Оліверу знак адысці крыху ўбок ад стралкоў. І як толькі свяшчэннік адышоў, Дзік сказаў:
– Я не спадзяюся падмануць вас, сэр. Маё жыццё ў вашых руках.
Сэр Олівер уздрыгнуў, яго тоўстыя шчокі пабляднелі; ён доўга маўчаў.
– Рычард, – сказаў ён нарэшце, – я не ведаю, што прывяло цябе сюды; напэўна, што-небудзь благое. Але ў імя нашай ранейшай дружбы я цябе не выдам. Ты прасядзіш усю ноч на лаўцы побач са мною; ты прасядзіш са мною да таго часу, пакуль не павянчаюць мілорда Шорбі; калі ўсе вернуцца дамоў цэлымі і здаровымі, калі ты не задумваеш нічога кепскага, ты пойдзеш куды захочаш. Але калі ты прыйшоў сюды дзеля крыві, кроў гэтая ўпадзе на тваю галаву. Амін!
Свяшчэннік набожна перахрысціўся, павярнуўся і пакланіўся алтару.
Ён сказаў некалькі слоў салдатам, узяў Дзіка за руку, правёў яго на клірас і пасадзіў побач з сабою на лаўку. Малады чалавек дзеля прыстойнасці зараз жа апусціўся на калені і, здавалася, паглыбіўся ў малітву.
Але думкі і вочы яго блукалі па баках. Ён заўважыў, што трое воінаў, замест таго каб вярнуцца дамоў, спакойна расселіся ў бакавым прытворы; і ён сумняваўся, што яны засталіся тут па загадзе сэра Олівера. Такім чынам, ён апынуўся ў пастцы. Гэтую ноч ён правядзе ў царкве, сярод мігатлівых агеньчыкаў і прывідных ценяў, гледзячы на бледны твар забітага ім чалавека; а раніцай яго каханую ў яго на вачах павянчаюць з другім.
Але, нягледзячы на журботныя думкі, ён авалодаў сабою і цярпліва чакаў.