355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Роберт Льюис Стивенсон » Чорная страла » Текст книги (страница 14)
Чорная страла
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 15:27

Текст книги "Чорная страла"


Автор книги: Роберт Льюис Стивенсон



сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 16 страниц)

Раздзел II
Бітва пры Шорбі

Да горада было не болей чвэрці мілі. Але не паспелі яны выехаць з-пад прыкрыцця дрэў, як заўважылі людзей, што з крыкам беглі прэч па снежным полі з абодвух бакоў дарогі. І адразу ж у горадзе падняўся шум, які рабіўся ўсё мацней і мацней. Яны яшчэ не праскакалі і палавіны шляху да бліжэйшага дома, як на званіцы пачуліся званы.

Юны герцаг заскрыгатаў зубамі. Ён баяўся, як бы ворагі не паспелі падрыхтавацца да абароны. Бо ведаў, што, калі ён не паспее замацавацца ў горадзе, яго маленькі атрад будзе разбіты і знішчаны.

Аднак справы ланкастэрцаў былі дрэнныя. Усё ішло так, як гаварыў Дзік. Начная варта ўжо зняла свае даспехі; астатнія – разутыя, неапранутыя, непадрыхтаваныя да бітвы – усё яшчэ сядзелі па дамах. Ва ўсім Шорбі было, бадай, не больш пяцідзесяці ўзброеных мужчын і асядланых коней.

Бумканне званоў, спалоханыя крыкі людзей, якія бегалі па вуліцах і грукалі ў дзверы, вельмі хутка паднялі на ногі чалавек сорак з гэтых пяцідзесяці. Яны паспешліва ўскочылі на коней і таму, што не ведалі, адкуль пагражае небяспека, памчаліся ў розныя бакі.

Калі Рычард Гластэр даскакаў да першага дома ў Шорбі, каля ўвахода на вуліцу яго сустрэла толькі жменька воінаў, якая была размецена ім, нібы ўраганам.

Калі яны праскакалі крокаў сто па горадзе, Дзік Шэлтан дакрануўся да рукі герцага. Герцаг нацягнуў павады, прыклаў трубу да вуснаў, пратрубіў умоўны сігнал і павярнуў направа. Увесь яго атрад, як адзін чалавек, рушыў за ім і, пусціўшы коней шалёным галопам, прамчаўся па вузкім завулку. Апошнія дваццаць коннікаў спыніліся каля ўвахода ў яго. Зараз жа пехацінцы, якіх яны везлі за спінамі ў сябе, саскочылі на зямлю; адны пачалі нацягваць лукі, другія захопліваць дамы з абодвух бакоў вуліцы.

Здзіўленыя нечакана змененым напрамкам атрада Гластэра і збітыя з панталыку рашучасцю яго ар'ергарда, ланкастэрцы, параіўшыся, павярнулі коней і паскакалі да цэнтра горада па падмацаванне.

Тая частка горада, якую па парадзе Дзіка заняў Рычард Гластэр, складалася з пяці маленькіх вулічак з убогімі хацінкамі, дзе тулілася бедната, і ляжала на невялікім узвышшы, а за ім пачыналася адкрытае поле.

Кожную з гэтых пяці вулічак даручылі ахоўваць моцным каравулам; рэзерв, гатовы падаспець на дапамогу, калі спатрэбіцца, умацаваўся ў цэнтры, воддаль ад выстралаў.

Гэтая частка горада была такая бедная, што ні адзін ланкастэрскі лорд не жыў тут, нават іхнія слугі яе пазбягалі. Жыхары гэтых вуліц адразу пакідалі свае дамы і, крычучы на ўсё горла, пабеглі прэч, пералазячы цераз платы.

У цэнтры, дзе сыходзіліся ўсе пяць вуліц, стаяла мізэрная харчэўня з шыльдай у выглядзе шахматнай дошкі. Гэтую харчэўню герцаг Гластэр выбраў сваёй галоўнай кватэрай.

Дзіку ён даручыў ахову адной з пяці вуліц.

– Ідзіце, – сказаў ён, – заслужыце сабе рыцарскае званне. Заслужыце мне славу – Рычард за Рычарда! Калі я ўзвышуся, вы ўзвысіцеся разам са мною. Ідзіце! – дадаў ён, паціскаючы яму руку.

Як толькі Дзік пайшоў, герцаг павярнуўся да маленькага абарванага стралка.

– Ідзі, Дэтан, і хутчэй, – сказаў ён. – Ідзі за ім. Калі ты пераканаешся ў яго адданасці, ты галавой адказваеш за яго жыццё. І гора табе, калі ты вернешся без яго! Але калі ён акажацца здраднікам або калі ты хоць на адно імгненне ўсумнішся ў ім, – закалі яго ўдарам у спіну.

Між тым Дзік спяшаўся ўмацаваць свае пазіцыі. Вуліца, якую ён павінен быў ахоўваць, была вельмі вузкая і цесна забудаваная з двух бакоў дамамі, верхнія паверхі якіх, выступаючы ўперад, павісалі над маставой. Але яна выходзіла на рыначны пляц, і зыход бітвы, па ўсёй верагоднасці, павінен быў вырашыцца тут.

Увесь рыначны пляц запоўніў натоўп гараджан, якія бязладна мітусіліся, але праціўніка, гатовага рынуцца ў атаку, яшчэ не было відаць, і Дзік вырашыў, што ў яго ёсць нейкі час, каб падрыхтавацца да абароны.

У канцы вуліцы стаялі два пустыя дамы, дзверы якіх пасля ўцёкаў жыхароў так і засталіся расчыненымі. Дзік паспешліва выцягнуў адтуль усю мэблю і пабудаваў з яе барыкаду каля ўвахода ў вуліцу. У яго распараджэнні было сто чалавек, і большую частку іх ён размясціў у дамах: лежачы там пад прыкрыццём, яны маглі страляць з акон. Разам з астатнімі ён засеў за барыкадай.

Між тым у горадзе працягвалася вялізнейшая сумятня. Званілі званы, трубілі трубы, імчаліся конныя атрады, крычалі камандзіры, лямантавалі жанчыны, і ўсё гэта злівалася ў агульны нясцерпны шум. Але нарэшце шум гэты пачаў пакрысе сціхаць, і неўзабаве воіны і стралкі пачалі збірацца і строіцца ў баявым парадку на рыначным пляцы.

Вельмі многія з гэтых воінаў былі апрануты ў сіняе і цёмна-чырвонае адзенне, а ў конным рыцары, які строіў іх у рады, Дзік адразу пазнаў сэра Дэніэла.

Потым наступіла зацішша, і раптам у чатырох канцах горада адначасова затрубілі чатыры трубы. Пятая труба адказала ім з рыначнага пляцу, і адразу ж шэрагі войск прыйшлі ў рух. Град стрэл пераляцеў праз барыкаду і пасыпаўся на сцены абодвух умацаваных дамоў.

Па агульным сігнале воіны сэра Дэніэла абрынуліся на ўсе пяць вуліц. Гластэр быў акружаны з усіх бакоў, і Дзік зразумеў, што яму трэба разлічваць толькі на свае сто чалавек.

Сем залпаў стрэл адзін за адным сыпнуліся на барыкаду. У самы разгар стральбы хтосьці крануў Дзіка за руку. Ён убачыў пажа, які працягваў яму скураную куртку, не прабіваемую стрэламі, таму што яе пакрывалі металічныя пласцінкі.

– Гэта ад мілорда Гластэра, – сказаў паж. – Ён заўважыў, сэр Рычард, што ў вас няма латаў.

Дзік, усцешаны тым, што яго назвалі «сэрам Рычардам», з дапамогай пажа апрануў куртку. Толькі паспеў ён надзець яе, як дзве стралы гучна стукнуліся аб пласцінкі, не прычыніўшы яму шкоды, а трэцяя трапіла ў пажа; смяротна паранены, ён упаў да ног Дзіка.

Між тым непрыяцель упарта ішоў у наступ; ворагі былі ўжо так блізка, што Дзік загадаў адказваць на выстралы. Зараз жа з-за барыкады і з акон дамоў на ворага паляцеў у адказ град смертаносных стрэл.

Але ланкастэрцы, як па сігнале, дружна закрычалі, і іх пяхота рушыла ў наступ. Кавалерыя ішла за ёй з апушчанымі забраламі.

Пачаўся ўпарты рукапашны бой, не на жыццё, а на смерць. Тыя, што нападалі, трымаючы меч у адной руцэ, другой расцягвалі барыкаду. Тыя, хто абараняў барыкаду, у сваю чаргу, вольнай ад зброі рукою з адчайнай упартасцю яе ўзнаўлялі. Нейкі час барацьба ішла амаль у поўным маўчанні; целы воінаў падалі адзін на аднаго. Але разбураць заўсёды лягчэй, чым абараняць, і калі гук трубы падаў нападаючым знак да адступлення, барыкада была ўжо амаль развалена, стала ўдвая ніжэй і пагражала зусім абваліцца.

Пяхота ланкастэрцаў расступілася, каб даць дарогу коннікам. Коннікі, пастроеныя ў дзве шарэнгі, раптоўна павярнуліся, ператварыўшы свой фланг у авангард. І доўгай, закаванай у сталь калонай, імклівай, як змяя, яны кінуліся на паўразбураную барыкаду.

Адзін з першых двух вершнікаў упаў разам з канём, і яго таварышы праскакалі па ім. Другі ўскочыў прама на верх умацавання, пранізаўшы варожага стралка дзідай. Амаль у тое ж імгненне яго самога сцягнулі з сядла, а каня яго забілі.

Шалёны, імклівы націск адкінуў абаронцаў. Ланкастэрцы, карабкаючыся па целах сваіх мёртвых таварышаў, лавінай рынуліся ўперад, прарвалі лінію абаронцаў, адцяснілі іх убок і з грукатам хлынулі ў завулак, накшталт плыні, што прарвала плаціну.

Але бітва яшчэ не скончылася. У вузкім праходзе Дзік і некалькі яго воінаў, што засталіся жывымі, працавалі сваімі алебардамі, як дрывасекі, і неўзабаве на ўсю шырыню завулка ўтварылася новая, больш высокая і надзейная загарода з мёртвых байцоў і іх коней з разварочанымі чэравамі, якія біліся ў перадсмяротнай агоніі.

Збіты з толку гэтай новай перашкодай, ар'ергард ланкастэрскай кавалерыі не вытрымаў і адступіў; і тут жа на іх паляцеў з акон такі ўраган стрэл, што іх адступленне больш было падобнае на ўцёкі.

А коннікі, якія паскакалі наперад і якім удалося перасекчы барыкаду і ўварвацца ў завулак, дамчаліся да дзвярэй харчэўні з шахматнай шыльдай; сустрэўшы тут грознага гарбуна і ўсё рэзервовае войска йоркістаў, яны бязладна кінуліся назад.

Дзік і яго воіны наваліліся на іх. Выскачыўшы з дамоў, на ланкастэрцаў са свежымі сіламі напалі воіны, якія яшчэ не ўдзельнічалі ў рукапашным баі; жорсткі град стрэл паляцеў на ўцекачоў, а Гластэр ужо даганяў іх з тылу. Праз хвіліну на вуліцы не засталося ніводнага жывога ланкастэрца.

І толькі тады Дзік падняў акрываўлены, задымлены меч і закрычаў «ура».

Гластэр злез з каня і агледзеў месца бою. Твар яго быў бялейшы за палатно; але вочы блішчалі, быццам цудоўныя каштоўныя камяні, і голас яго, калі ён загаварыў, гучаў груба і хрыпла, узбуджаны бітвай і перамогай. Ён зірнуў на ўмацаванне, да якога ні сябар, ні вораг не маглі падысці, – так шалёна біліся там коні ў перадсмяротнай агоніі, – і выгляд гэтай страшнай бойні выклікаў у яго крывую ўсмешку.

– Дабіце коней, – сказаў ён, – каб не мяшаліся… Рычард Шэлтан, – дадаў ён, – я задаволены вамі. Станьце на калена.

Ланкастэрцы зноў узяліся за лукі, і стрэлы густым дажджом пасыпаліся на вуліцу. Але герцаг, не звяртаючы на іх ніякай увагі, выцягнуў свой меч і тут жа пасвяціў Дзіка ў рыцары.

– А цяпер, сэр Рычард, – працягваў ён, – калі вы ўбачыце лорда Райзінгэма, адразу ж прышліце мне ганца. Прышліце мне ганца нават у тым выпадку, калі гэты ганец будзе апошні ваш воін. Я хутчэй страчу свае пазіцыі, чым упушчу магчымасць сустрэцца з ім у баі… запомніце вы ўсе, – дадаў ён, павысіўшы голас. – Калі граф Райзінгэм загіне не ад маёй рукі, я буду лічыць гэтую перамогу паражэннем.

– Мілорд герцаг, – сказаў адзін з яго набліжаных, – хіба ваша міласць яшчэ не стаміліся бязмэтна падвяргаць сваё каштоўнае жыццё небяспецы? Ці варта нам тут марудзіць?

– Кэтсбі, – адказаў герцаг, – зыход бітвы рашаецца тут. Усе астатнія сутычкі не маюць значэння. Тут мы павінны перамагчы. А што да небяспекі, дык вы, каб былі брыдкім гарбуном, якога нават дзеці дражняць на вуліцы, вы дзешавей цанілі б сваё жыццё і ахвотна аддалі б яго за хвіліны славы… Зрэшты, калі хочаце, паедзем і агледзім іншыя пазіцыі. Мой цёзка, сэр Рычард, будзе ўтрымліваць гэтую залітую крывёю вуліцу. На яго мы можам спадзявацца… Але заўважце, сэр Рычард: не ўсё яшчэ скончана. Горшае наперадзе. Не спіце!

Ён падышоў прама да маладога Шэлтана, цвёрда зазірнуў яму ў вочы і, узяўшы яго руку ў свае, так моцна сціснуў яе, што ў Дзіка ледзь не пырснула кроў з-пад ногцяў. Дзік аж сумеўся ад яго позірку. У вачах герцага ён прачытаў шалёную адвагу і жорсткасць, і сэрца яго сціснулася ад страху за будучыню. Гэты юны герцаг сапраўды быў храбрацом, які змагаўся ў першых шарэнгах падчас вайны; але і пасля бітваў, у дні міру, у коле адданых сяброў, ён, здавалася, усё гэтак жа будзе сеяць смерць.

Раздзел III
Бітва пры Шорбі (заканчэнне)

Дзік, зноў застаўшыся сам-насам, агледзеўся. Стралялі радзей, чым раней. Вораг адступаў паўсюдна; большая частка пляцу была ўжо зусім пустая; снег месцамі ператварыўся ў аранжавую гразь, месцамі пакрыўся загуслай крывёю; увесь пляц быў усланы трупамі людзей і коней, і апераныя стрэлы тырчалі густа, быццам шчэць.

Страты ў Дзіка былі велізарныя. Уезд у вулічку і абломкі барыкады былі завалены забітымі і параненымі; перад бітвай у яго было сто чалавек, цяпер у яго не засталося і сямідзесяці, здольных трымаць зброю.

Час, зрэшты, быў на яго баку. Кожную хвіліну маглі прыйсці свежыя падмацаванні; і ланкастэрцы, змучаныя сваёй адчайнай, але беспаспяховай атакай, не вельмі ўжо былі настроены супрацьстаяць гэтым сілам.

У сцяне аднаго з крайніх дамоў быў сонечны гадзіннік, пры святле марознага зімовага сонца ён паказваў дзесяць гадзін раніцы.

Дзік павярнуўся да маленькага, несамавітага на выгляд стралка, які стаяў за ім і перавязваў сабе руку.

– Слаўная была бітва, – сказаў ён, – і, клянуся, яны не захочуць зноў на нас нападаць.

– Сэр, – сказаў маленькі стралок, – вы добра змагаліся за Йоркскі дом і яшчэ лепш за самога сябе. Ніколі яшчэ ніводнаму чалавеку не ўдавалася за такі кароткі тэрмін здабыць прыхільнасць герцага. Проста дзіва, што ён даверыў такі пост чалавеку, якога зусім не ведаў. Але беражыце сваю галаву, сэр Рычард! Калі вы будзеце пераможаны, калі вы адступіце хоць на адзін крок, вас чакае сякера або вяроўка. Я прыстаўлены сюды сачыць за вамі, і мне даручана, калі вы здасцеся мне падазроным, прыкончыць вас ударам у спіну.

Дзік са здзіўленнем зірнуў на маленькага чалавечка.

– Табе? – закрычаў ён. – Ударам у спіну!

– Абсалютна правільна, – адказаў стралок, – і толькі таму, што мне не падабаецца такое даручэнне, я вам усё расказаў. Вы павінны быць асцярожным, сэр Рычард, інакш вам пагражае небяспека. О, наш Гарбун – храбры хлопец і слаўны воін, але любіць, каб усе дакладна выконвалі яго даручэнні. Таго, хто не выканае якога-небудзь яго загаду, забіваюць.

– Святыя ўгоднікі! – усклікнуў Рычард. – Няўжо гэта праўда? І няўжо людзі ідуць за такім правадыром?

– Ідуць з радасцю, – адказаў стралок. – Ён строга карае, але затое і шчодра ўзнагароджвае. Ён не шкадуе чужога поту і крыві, але не шкадуе і сябе; у баі ён заўсёды ў першай шарэнзе, спаць ён заўсёды кладзецца апошнім. Ён далёка пойдзе, гарбаты Дзік Гластэр!

Малады рыцар і раней быў смелы і пільны, а цяпер стаў яшчэ храбрэйшы і больш уважлівы. Ён пачаў разумець, што раптоўная любоў герцага несла ў сабе і небяспеку. Адвярнуўшыся ад стралка, ён яшчэ раз трывожна агледзеў пляц. Ён быў па-ранейшаму пусты.

– Не падабаецца мне гэты спакой, – сказаў ён. – Верагодна, яны рыхтуюць нам якую-небудзь нечаканасць.

Быццам у адказ на яго словы, да барыкады зноў пачалі падыходзіць стралкі, і зноў густа пасыпаліся стрэлы. Але штосьці нерашучае было ў гэтым нападзе. Стралкі быццам чагосьці чакалі.

Дзік неспакойна глядзеў па баках, стараючыся здагадацца, дзе ж крыецца небяспека. І раптам з акон і дзвярэй маленькага дома, што стаяў у цэнтры вуліцы, хлынуў паток ланкастэрскіх стралкоў. Выскачыўшы адтуль, яны хутка пастроіліся ў шарэнгі, нацягнулі лукі і пачалі абсыпаць стрэламі атрад Дзіка з тылу.

І адразу ж тыя, што нападалі на Дзіка з рыначнага пляцу, узмацнілі стральбу і пачалі рашуча падступаць да барыкады.

Дзік выклікаў з дамоў усіх сваіх воінаў, пастроіў іх, сказаў ім некалькі бадзёрых слоў, і атрад яго пачаў адстрэльвацца, хаця варожыя стрэлы цяпер сыпаліся з двух бакоў.

Між тым усё ў новых і новых дамах адчыняліся насцеж дзверы і вокны, і адтуль з пераможнымі клікамі выбягалі і выскоквалі ўсё новыя і новыя ланкастэрцы, і нарэшце ў тыле ў Дзіка стала амаль столькі ж ворагаў, колькі іх было спераду. Ён убачыў, што сваю пазіцыю яму не ўтрымаць; мала таго, нават калі б ён яе ўтрымаў, пазіцыя гэта была цяпер бескарыснай. Уся армія йоркістаў апынулася ў безнадзейным становішчы, ёй пагражаў поўны разгром.

Тыя, што напалі на Дзіка з тылу, уяўлялі галоўную небяспеку, і Дзік, павярнуўшыся, павёў свой атрад на іх. Атака яго была такая імклівая, што ланкастэрскія стралкі не вытрымалі, адступілі і ў рэшце рэшт, змяшаўшы свае шэрагі, зноў пачалі кідацца ў дамы, з якіх толькі што вылезлі з такім пераможным выглядам.

Тым часам воіны, якія нападалі з рыначнага пляцу, пералезлі цераз нікім не ахоўваемую барыкаду, і Дзіку зноў давялося павярнуцца, каб адагнаць іх.

Адвага яго воінаў зноў атрымала верх. Яны ачысцілі вуліцу ад ворагаў і радаваліся, але ў гэты час з дамоў зноў выскачылі стралкі і трэці раз напалі на іх з тылу.

Йоркістаў мала-памалу рассейвалі ва ўсе бакі. Не раз Дзік аказваўся адзін сярод ворагаў і вымушаны быў з усіх сіл працаваць мячом, каб выратаваць сваё жыццё; не раз яго паранілі. А між тым бітва на вуліцы працягвалася ўсё яшчэ без рашучага зыходу.

Раптам Дзік пачуў гукі трубы: яны даносіліся з ускраін. Паўтораны мноствам радасных галасоў у неба ўзляцеў баявы кліч йоркістаў. Вораг, не вытрымаўшы, кінуўся з завулка на рыначны пляц. Хтосьці гучна крыкнуў: «Уцякайма!» Трубы грымелі, аж захліпаліся; адны з іх трубілі збор, іншыя заклікалі да наступу. Было зразумела, што ланкастэрцам нанесены моцны ўдар і што яны, ва ўсякім выпадку на нейкі час, адкінуты і пераможаны.

Затым, быццам у тэатры, разыграўся апошні акт бітвы пры Шорбі. Воіны, якія нападалі на Дзіка, павярнуліся, быццам сабакі, якіх гаспадар свіснуў дамоў, і памчаліся з хуткасцю ветру. Ім наўздагон праз рыначны пляц праляцеў віхор коннікаў; ланкастэрцы, паварочваючыся, адбіваліся мячамі, а йоркісты калолі іх дзідамі.

У самай гушчыні бітвы Дзік убачыў Гарбуна. Ён ужо ў той час паказваў задаткі той шалёнай храбрасці і ўмення змагацца на полі бою, якія праз многія гады, у бітве пры Басуорце, калі Рычард быў ужо заплямлены злачынствамі, ледзь не вырашылі зыход бітвы і лёс ангельскага трона. Ухіляючыся ад удараў, топчучы паваленых, ён сек направа і налева і так па-майстэрску кіраваў сваім магутным канём, так спрытна абараняўся, такія імклівыя ўдары раздаваў ворагам, што неўзабаве апынуўся далёка наперадзе сваіх магутных рыцараў; акрываўленым мячом прабіваў ён дарогу прама да лорда Райзінгэма, які сабраў вакол сябе самых храбрых ланкастэрцаў. Яшчэ імгненне – і яны павінны былі сустрэцца: высокі, велічны, праслаўлены воін і выродлівы, хваравіты юнак.

Тым не менш Шэлтан не сумняваўся ў зыходзе паядынку; і калі на імгненне парадзелі шарэнгі, ён убачыў, што граф знік, а Дзік-Гарбун, размахваючы мячом, зноў гоніць свайго каня ў самую гушчу бітвы. Так, дзякуючы адвазе Шэлтана, які ўтрымаў уваход у вуліцу пры першай атацы, і дзякуючы таму, што падмацаванне з сямісот чалавек прыбыло своечасова, юнак, якому наканавана было застацца ў памяці патомкаў пад праклятым імем Рычарда III, выйграў сваю першую значную бітву.

Раздзел IV
Разгром Шорбі

Ворагі зніклі бясследна. Дзік, з сумам аглядваючы рэшткі свайго доблеснага войска, пачаў падлічваць, у што абышлася перамога. Цяпер, калі небяспека мінула, ён адчуваў сябе такім стомленым, хворым і разбітым, раны і сінякі яго так нылі, бой так змучыў яго, што, здавалася, ён ужо ні да чаго не быў здатны.

Але для адпачынку час яшчэ не прыйшоў. Шорбі быў узяты штурмам, і, хаця безабаронных жыхароў ніяк нельга было абвінаваціць у супраціўленні, было відавочна, што раз'ятраныя воіны будуць не менш лютымі пасля заканчэння бітвы і што самае жахлівае яшчэ наперадзе. Рычард Гластэр быў не з тых правадыроў, якія абараняюць гараджан ад сваіх раз'ятраных салдат; зрэшты, нават калі б ён і захацеў іх абараніць, яшчэ пытанне – ці паслухаліся б яны яго.

Вось чаму Дзік павінен быў абавязкова адшукаць Джаану і ўзяць яе пад сваю абарону. Ён уважліва агледзеў твары сваіх воінаў. Выбраўшы трох, найбольш паслухмяных і цвярозых на выгляд, ён паклікаў іх убок і, паабяцаўшы шчодра ўзнагародзіць і расказаць аб іх герцагу, павёў іх праз апусцелы рыначны пляц у аддаленую частку горада.

Там і сям на вуліцы адбываліся яшчэ невялікія сутычкі; там і сям атакавалі які-небудзь дом, і асаджаныя кідалі сталы і крэслы на галовы воінаў. Снег быў усыпаны зброяй і трупамі; зрэшты, калі не лічыць удзельнікаў гэтых маленькіх сутычак, вуліцы былі пустэльныя; у адных дамах дзверы былі расчынены насцеж, у другіх яны былі зачынены і забарыкадзіраваны. І толькі рэдка дзе з коміна віўся дымок.

Дзік, асцярожна абыходзячы сутычкі, хутка павёў сваіх спадарожнікаў у напрамку да манастырскай царквы; але калі ён падышоў да галоўнай вуліцы, крык жаху сарваўся з яго вуснаў. Вялікі дом сэра Дэніэла быў узяты штурмам, разбітая на трэскі брама гайдалася на завесах, і натоўпы людзей хлынулі ў дом па здабычу. Аднак на верхніх паверхах рабаўнікам, відаць, аказвалі супраціўленне, бо якраз у тое імгненне, калі падышоў Дзік, акно наверсе расчынілася, і нейкага бедака ў цёмна-чырвоным і сінім адзенні, які крычаў і супраціўляўся, выкінулі на вуліцу.

Самая змрочная трывога авалодала Дзікам. Як звар'яцелы, кінуўся ён наперад, расштурхоўваючы сустрэчных, і, не спыняючыся, дабег да пакоя на трэцім паверсе, дзе расстаўся з Джаанай. Тут панаваў поўны разгром: мэбля была раскідана, шафы расчынены, дыван, сарваны са сцяны, тлеў, загарэўшыся ад іскры, што выпала з каміна.

Дзік амаль машынальна затаптаў дыван і спыніўся ў адчаі. Сэр Дэніэл, сэр Олівер, Джаана – усе зніклі. Але хто мог сказаць, ці яны забіты ў час пабоішча, ці выбраліся з Шорбі жывымі.

Ён схапіў за плашч стралка, які праходзіў міма.

– Малойца, – спытаў ён, – ты быў тут, калі бралі дом?

– Пусці! – сказаў стралок. – Пусці, а не то я стукну!

– Я таксама магу стукнуць, – адказаў рыцар. – Стой і расказвай!

Але воін, разгарачаны бітвай і віном, адной рукой стукнуў Дзіка па плячы, а другой выхапіў крысо свайго плашча. Тут малады правадыр не здолеў стрымаць свой гнеў. Ён схапіў стралка ў магутныя абдымкі і, як дзіця, прыціснуў да сваіх закаваных грудзей; потым, паставіўшы яго перад сабою, загадаў яму гаварыць.

– Прашу вас, злітуйцеся! – задыхаючыся, прамовіў стралок. – Калі б я ведаў, што вы такі сярдзіты, я быў бы больш асцярожны. Я бачыў, як бралі гэты дом.

– Ці ведаеш ты сэра Дэніэла? – спытаў Дзік.

– Вельмі добра яго ведаю, – адказаў стралок.

– Быў ён у доме?

– Але, сэр, – сказаў стралок. – Аднак як толькі мы ўварваліся ў двор, ён уцёк праз сад.

– Адзін? – ускрыкнуў Дзік.

– Не, з ім было чалавек дваццаць салдат, – адказаў стралок.

– Салдат! А жанчын не было? – спытаў Шэлтан.

– Дальбог, не ведаю, – сказаў стралок. – У доме мы не знайшлі ніводнай жанчыны.

– Дзякуй табе, – сказаў Дзік. – Вось табе манета за помач. – Але, пакапаўшыся ў сябе ў сумцы, Дзік нічога не знайшоў. – Заўтра спытаеш мяне, – дадаў ён. – Рычард Шэлтан. Сэр Рычард Шэлтан, – паправіўся ён. – Я шчодра ўзнагароджу цябе.

Раптам у галаве Дзіка мільганула здагадка. Ён паспешліва спусціўся ў двор, што было духу прамчаўся праз сад і апынуўся каля галоўнага ўвахода царквы. Царква была адчынена насцеж. Яе перапаўнялі гараджане з сем'ямі; яна была набіта іх маёмасцю, а ў галоўным алтары свяшчэннікі ў рызах малілі Бога аб літасці. Калі Дзік зайшоў, гучны хор загрымеў пад высокімі скляпеннямі.

Ён паспешліва расштурхаў уцекачоў і падышоў да лесвіцы, якая вяла на званіцу. Але тут высокі свяшчэннік падняўся перад ім і загарадзіў яму дарогу.

– Куды ты, сын мой? – сурова спытаў ён.

– Айцец мой, – адказаў Дзік, – я пасланы сюды па важнай справе. Не спыняйце мяне. Я тут распараджаюся ад імені Гластэра.

– Ад імені мілорда Гластэра? – паўтарыў свяшчэннік. – Няўжо бітва скончылася так сумна?

– Бітва, айцец мой, скончылася, ланкастэрцы разгромлены, мілорд Райзінгэм – вечная яму памяць! – застаўся на полі бітвы. А цяпер, з вашага дазволу, я буду рабіць тое, дзеля чаго прыйшоў.

І, адхіліўшы свяшчэнніка, здзіўленага навінамі, Дзік штурхануў дзверы і пабег уверх па лесвіцы, пераскокваючы адразу праз чатыры прыступкі, не спыняючыся і не спатыкаючыся, пакуль не выйшаў на адкрытую пляцоўку.

Са званіцы ён убачыў, як на карце, не толькі горад Шорбі, але і ўсё, што яго акружала, – і сушу, і мора. Час набліжаўся да апоўдня; дзень быў сонечны, снег аж зіхацеў. Дзік паглядзеў вакол і, як на далоні, убачыў усе вынікі бітвы.

Невыразны, глухі шум стаяў над вуліцамі, то тут, то там зрэдку чуўся бразгат сталі. Ніводнага карабля, ніводнай лодкі не засталося ў гавані, затое ў адкрытым моры было мноства парусных і вёславых суднаў, напоўненых уцекачамі. А на сушы, па засыпаных снегам лугах, імчаліся купкі вершнікаў; адны з іх стараліся прабіцца ў лясы, а іншыя, без сумнення, йоркісты, смела спынялі іх і гналі назад у горад. Усюды, куды ні кінеш позірк, валяліся трупы коней і людзей, выразна бачныя на снезе.

Пехацінцы, якія не змаглі схавацца на суднах, усё яшчэ працягвалі адстрэльвацца ў порце пад прыкрыццем прыбярэжных шынкоў. Многія дамы палалі; у марозным сонечным ззянні дым падымаўся высока і адлятаў у мора.

Купка вершнікаў, якая мчалася ў напрамку да Халівуда і ўжо набліжалася да ўскрайку лесу, прыцягнула ўвагу маладога назіральніка на званіцы. Іх было даволі многа, гэтых коннікаў, – гэта быў самы вялікі з ланкастэрскіх атрадаў, што адступалі. Яны пакідалі за сабой на снезе шырокі след, і па гэтым следзе Дзік бачыў увесь іхні шлях з той хвіліны, калі яны выехалі з горада.

Пакуль Дзік назіраў за імі, яны без перашкоды дасягнулі ўскрайку аголенага лесу; тут яны павярнулі ўбок, і промень сонца на імгненне асвятліў іх вопратку, выразна бачную на фоне цёмных дрэў.

– Цёмна-чырвоны і сіні! – усклікнуў Дзік. – Клянуся, цёмна-чырвоны і сіні!

І кінуўся ўніз па лесвіцы.

Цяпер перш за ўсё трэба было знайсці герцага Гластэра, таму што ў гэтым усеагульным бязладдзі адзін толькі герцаг мог даць яму атрад воінаў. Бітва ў цэнтры горада была, па сутнасці, закончанай. Бегаючы па горадзе ў пошуках герцага, Дзік бачыў, што вуліцы поўныя салдат, якія бадзяліся без справы; адны з іх хісталіся пад цяжарам здабычы, іншыя былі п'яныя і гарланілі песні. Ніхто з іх не меў ніякага ўяўлення аб тым, дзе быў герцаг. Дзік абсалютна выпадкова ўбачыў герцага, калі той, седзячы на кані, аддаваў распараджэнне выбіць варожых стралкоў з гавані.

– Сэр Рычард Шэлтан, – сказаў ён, – вы прыйшлі своечасова. Я абавязаны вам і тым, што цаню мала, – сваім жыццём, і тым, за што ніколі не ў стане буду адплаціць вам, – перамогай… Кэтсбі, калі б у мяне было дзесяць такіх камандзіраў, як сэр Рычард, я мог бы ісці прама на Лондан!… Ну, сэр, патрабуйце сабе ўзнагароды.

– Патрабую шчыра, мілорд, – сказаў Дзік, – адкрыта і каб усе чулі. Чалавек, якога я ненавіджу, уцёк і павёз з сабой дзяўчыну, якую я кахаю і паважаю. Дайце мне пяцьдзесят воінаў, каб я мог дагнаць іх, і ваша светласць будзе цалкам вызвалена ад усялякіх абавязацельстваў у адносінах да мяне.

– Як завуць гэтага чалавека? – спытаў герцаг.

– Сэр Дэніэл Брэклі, – адказаў Рычард.

– Лавіце гэтага перабежчыка! – ускрыкнуў Гластэр. – Гэта не ўзнагарода, сэр Рычард. Вы аказваеце мне новую паслугу. Калі вы прынесяце мне яго галаву, мой доўг вам толькі павялічыцца… Кэтсбі, дай яму салдат… А вы тым часам абдумайце, сэр, якую я магу вам даставіць радасць, гонар або выгаду.

Якраз у гэтую хвіліну йоркісты ўзялі адзін з партовых шынкоў, акружыўшы яго з трох бакоў, і захапілі ў палон яго абаронцаў. Гарбаты Дзік быў задаволены гэтым подзвігам і, пад'ехаўшы да шынка, загадаў паказаць яму палоннікаў.

Іх было чацвера: двое слуг мілорда Шорбі, адзін слуга лорда Райзінгэма і, нарэшце, апошні – але не апошні ў вачах Дзіка – высокі пасівелы стары марак, нязграбны і напаўп'яны, за якім па пятах, скавычучы і скачучы, рухаўся сабака. Малады герцаг агледзеў іх.

– Павесіць! – сказаў ён.

І павярнуўся, каб назіраць за ходам бітвы.

– Мілорд, – звярнуўся да герцага Дзік, – цяпер я ведаю, што папрасіць у вас як узнагароду. Даруйце жыццё і волю гэтаму старому мараку.

Гластэр павярнуўся і глянуў Дзіку ў твар.

– Сэр Рычард, – сказаў ён, – я змагаюся не паўлінавымі пёрамі, а сталёвымі стрэламі і без усялякага шкадавання забіваю сваіх ворагаў. У ангельскім каралеўстве, раздзёртым на шматкі, у кожнага майго прыхільніка ёсць брат ці сябар у варожай партыі. І калі б я пачаў раздаваць памілаванні, мне давялося б усунуць меч у ножны.

– Магчыма, мілорд. Але я хачу быць дзёрзкім і, рызыкуючы займець вашу непрыхільнасць, напомню вам ваша абяцанне.

Рычард Гластэр успыхнуў.

– Запомніце добра, – сурова сказаў ён, – што я не люблю ні міласэрнасці, ні гандлю міласэрнасцю. Сёння вы заклалі аснову бліскучай кар'еры. Калі вы будзеце настойваць на выкананні дадзенага вам слова, я саступлю. Але, клянуся небам, на гэтым і скончацца мае міласці!

– Я вымушаны змірыцца са стратай вашых міласцей, – сказаў Дзік.

– Дайце яму ягонага марака, – сказаў герцаг і, крануўшы свайго каня, павярнуўся спіной да маладога Шэлтана.

Дзік не быў ні засмучаны, ні ўзрадаваны. Ён ужо дастаткова вывучыў юнага герцага і не спадзяваўся на яго добразычлівасць; надта хутка і лёгка яна ўзнікла і таму не выклікала вялікага даверу. Ён баяўся толькі аднаго: як бы помслівы правадыр не адмовіўся даць яму салдат. Але ён няправільна меркаваў аб гонары Гластэра (які б ён ні быў) і, галоўнае, аб яго цвёрдасці. Калі ён ужо аднойчы вырашыў, што Дзік павінен даганяць сэра Дэніэла, ён не мяняў свайго рашэння; таму гучна загадаў Кэтсбі паспяшацца, напамінаючы яму, што рыцар чакае.

Між тым Дзік павярнуўся да старога марака, які, здавалася, быў раўнадушны і да блізкай ужо было смерці і да раптоўнага вызвалення.

– Арблестэр, – сказаў Дзік, – я прычыніў табе шмат зла. Але цяпер, клянуся распяццем, мы ў разліку.

Аднак стары марак толькі тупа зірнуў на яго і прамаўчаў.

– Жыццё ўсё ж ёсць жыццё, стары буркун, – працягваў Дзік, – і каштуе яно больш, чым караблі і віно. Ну скажы, што даруеш мне. Калі ты сваё жыццё зусім не цэніш, то мне яно каштавала ўсёй маёй будучыні. Я дорага заплаціў за яго. Ну, не будзь жа такім няўдзячным.

– Калі б у мяне быў мой карабель, – сказаў Арблестэр, – я бяспечна плаваў бы ў адкрытым моры разам з маім матросам Томам. Але ты забраў у мяне карабель, кум, і я стаў жабраком; а майго матроса Тома застрэліў якісьці нягоднік. «Каб ты здох!» – прамовіў Том, паміраючы, і больш ніколі не скажа ні слова. «Каб ты здох!» – былі яго апошнія словы, і бедная душа яго адляцела. Я ніколі ўжо больш не буду плаваць з маім бедным Томам.

Раскаянне і жаль ахапілі Дзіка; ён спрабаваў узяць шкіпера за руку, але Арблестэр адхапіў руку.

– Не, – сказаў ён, – кінь. Ты сыграў са мною д'ябальскі жарт і будзь задаволены гэтым.

Словы заселі ў Рычарда ў горле. Праз слёзы бачыў ён, як бедны стары, не помнячы сябе ад гора, апусціўшы галаву, хістаючыся, пабрыў па снезе, не заўважаючы сабаку, што скавытаў каля яго ног. І першы раз Дзік зразумеў, якую безнадзейную гульню мы вядзём у жыцці і што зробленае аднойчы нельга ні змяніць, ні паправіць ніякім раскаяннем.

Але ў яго не было часу аддавацца дарэмным шкадаванням. Кэтсбі сабраў вершнікаў, пад'ехаў да Дзіка, саскочыў на зямлю і прапанаваў яму свайго каня.

– Сягоння раніцай, – сказаў ён, – я крыху зайздросціў вашаму поспеху. Але поспех ваш аказаўся нетрывалым, і зараз, сэр Рычард, я ад душы прапаную вам гэтага каня, каб вы на ім паскакалі прэч.

– Растлумачце мне, – папрасіў Дзік, – чым быў выкліканы мой поспех?

– Вашым імем, – адказаў Кэтсбі. – Імя – галоўная прымха мілорда. Калі б мяне звалі Рычардам, я заўтра ж быў бы графам.

– Дзякую вам, сэр, – адказаў Дзік. – І паколькі малаверагодна, што я даб'юся новай ласкі, дазвольце мне развітацца з вамі. Не буду біцца аб заклад, быццам я абыякавы да поспеху; аднак я не вельмі засмучаны, развітаўшыся з ім. Улада і багацце, канечне, слаўныя рэчы, але, паміж намі, ваш герцаг – страшны чалавек.

Кэтсбі рассмяяўся.

– Так, – сказаў ён, – але той, хто едзе за Гарбатым Дзікам, можа заехаць далёка. Ну, няхай беражэ вас Бог ад усялякага зла! Жадаю вам удачы!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю