Текст книги "Чорная страла"
Автор книги: Роберт Льюис Стивенсон
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 16 страниц)
Раздзел IV
Патайны ход
Дзік і Джаана апынуліся ў вузкім, брудным і кароткім калідоры. На другім яго канцы былі напаўадчыненыя дзверы – безумоўна, тыя самыя, якія адмыкаў ключом забойца. Са столі звешвалася густая павуціна; самы лёгкі стук крокаў гулка разлягаўся па каменнай падлозе.
За дзвярыма ход раздвойваўся пад прамым вуглом; Дзік павярнуў наўдачу, і яны памчаліся вакол купала капліцы. Пры слабым мігценні лямпы выгнуты купал здаваўся падобным на спіну кіта. Штохвіліны ім трапляліся адтуліны для падглядвання, схаваныя знутры разьбой карніза. Заглянуўшы ў адну з гэтых адтулін, Дзік убачыў каменную падлогу капліцы, алтар з запаленымі васковымі свечкамі і распасцёртага на прыступках перад алтаром сэра Олівера, які маліўся, узняўшы рукі.
Яны абмінулі купал і спусціліся па кароткай лесвіцы. Праход стаў вузейшы. Адна са сцен была драўляная; праз шчыліны сачылася святло і чуўся гул галасоў. Раптоўна Дзік заўважыў круглую дзірачку велічынёй з вока. Ён заглянуў у гэтую дзірачку і ўбачыў залу; шасцёра мужчын у латах сядзелі вакол стала, елі паштэт з дзічыны, прагна запіваючы яго віном. Гэта, відавочна, былі воіны, якія толькі што вярнуліся.
– Тут нам не прайсці, – сказаў Дзік, – паспрабуем вярнуцца.
– Пастой, – спыніла яго Джаана, – можа, там далей ёсць выхад.
І яна пайшла наперад. Але праз некалькі ярдаў праход скончыўся маленькай лесвічкай, і стала зразумела, што, пакуль воіны сядзяць у зале, схавацца гэтым шляхам немагчыма.
Яны з усіх ног пабеглі назад і ўзяліся абследаваць другі праход. Праход гэты быў надзвычай вузкі – праз яго з цяжкасцю ўдавалася праціснуцца; даводзілася бесперастанку падымацца і спускацца па маленькіх лесвічках, на якіх кожную хвіліну яны рызыкавалі зламаць сабе шыю. Нарэшце нават Дзік страціў усялякае ўяўленне аб тым, дзе яны знаходзяцца.
І без таго вузкі праход рабіўся ўсё вузейшы і ніжэйшы; прыступкі вялі ўніз; сцены былі сырыя і ліпкія; аднекуль здалёк чуўся піск пацукоў.
– Мы ў падзямеллі, – сказаў Дзік.
– А выхаду ўсё няма, – дадала Джаана.
– Тут павінен быць выхад! – адказаў Дзік.
Калідор крута павярнуў і праз два-тры крокі скончыўся. У канцы яго было некалькі прыступак, якія вялі наверх. Велізарная каменная пліта перагарадзіла ім шлях; яны з усіх сіл спрабавалі зрушыць яе. Пліта не паддавалася.
– Хтосьці трымае яе, – сказала Джаана.
– Не, – не згадзіўся Дзік. – Нават калі б яе трымаў чалавек у дзесяць разоў дужэйшы за нас, яна хоць крыху, а паддалася б. Але яна нерухомая, як скала. Яна прыціснута чымсьці цяжкім. Тут няма выхада; і павер мне, добры Джон, мы з табой тут палоннікі, усё роўна, як калі б у нас былі кайданы на нагах. Давай сядзем і пагаворым. Трохі счакаўшы, мы вернемся; можа, да таго часу яны забудуць пра нас і нам удасца ўцячы. Але, шчыра сказаць, я пабойваюся, што мы прапалі.
– Дзік! – усклікнула Джаана. – Навошта толькі ты мяне сустрэў! Гэта я, няшчасная і няўдзячная дзяўчына, завяла цябе сюды!
– Што за лухта! – запярэчыў Дзік. – Усё гэта было нам наканавана, а што наканавана, тое і збудзецца, хочам мы гэтага ці не, усё роўна. Чаго там аплакваць лёс. Лепш раскажы мне, што ты за дзяўчына і як ты трапіла ў рукі сэра Дэніэла.
– Я такая ж сірата, як і ты; няма ў мяне ні бацькі, ні маці, – сказала Джаана. – У дадатак я, на сваё, а значыць, і на тваё, няшчасце, багатая нявеста. Мілорд Фоксгэм быў маім апекуном. Але сэр Дэніэл купіў у караля права выдаць мяне замуж і заплаціў за гэтае права вельмі дорага. Я была яшчэ зусім маленькая дзяўчынка, а ўжо два магутныя і багатыя чалавекі ўступілі паміж сабой у барацьбу за права выдаць мяне замуж! У гэты час адбыўся пераварот, быў прызначаны новы канцлер, і сэр Дэніэл праз галаву лорда Фоксгэма купіў права апякунства нада мной. Потым адбыўся новы пераварот, і лорд Фоксгэм праз галаву сэра Дэніэла купіў права выдаць мяне замуж; да гэтага часу яны працягваюць варагаваць. Але жыла я ўвесь час у лорда Фоксгэма, і ён быў са мной вельмі добры. Нарэшце ён сабраўся выдаць мяне замуж, ці, дакладней, прадаць. Лорд Фоксгэм павінен быў атрымаць за мяне пяцьсот фунтаў стэрлінгаў. Жаніха майго завуць Хэмлі, і якраз заўтра, Дзік, мяне павінны былі з ім заручыць. Калі б не з'явіўся сэр Дэніэл, я выйшла б замуж і ніколі не спаткалася б з табою, Дзік! Мілы Дзік.
Яна ўзяла яго руку і з чароўнай грацыяй пацалавала яе. Дзік паднёс яе руку да сваіх вуснаў і таксама пацалаваў.
– Сэр Дэніэл, – працягвала яна, – украў мяне, калі я гуляла ў садзе, і прымусіў мяне апрануць мужчынскае адзенне, а гэта для жанчыны смяротны грэх. Да таго ж, мужчынскае адзенне мне зусім не пасуе. Ён адвёз мяне ў Кэтлі і, як ты ведаеш, сказаў мне, што я выйду замуж за цябе. Але я цвёрда вырашыла на злосць яму выйсці замуж за Хэмлі.
– А! – крыкнуў Дзік. – Значыць, ты кахала Хэмлі!
– Не, – адказала Джаана. – Я толькі ненавідзела сэра Дэніэла. Але потым, Дзік, ты дапамог мне, ты быў вельмі добры, вельмі смелы, і я супраць волі пакахала цябе. І цяпер, калі нам удасца выратавацца, я з радасцю стану тваёй жонкай. І нават калі злы лёс перашкодзіць мне выйсці за цябе, я ўсё-такі буду кахаць цябе аднаго. Я буду верная табе да таго часу, пакуль б'ецца маё сэрца.
– Пакуль я не сустрэў цябе, я жанчын ні ў грош не ставіў, – сказаў Дзік. – Я прывязаўся да цябе, калі лічыў цябе блазнам. Я пашкадаваў цябе, сам не ведаючы чаму. Я хацеў адлупцаваць цябе папругай, але рука мая апусцілася. А калі ты прызналася, што ты дзяўчына, Джон, – я па-ранейшаму буду зваць цябе Джонам, – я зразумеў, што ты менавіта тая дзяўчына, якая патрэбна мне. Цішэй! – перабіў ён сябе. – Нехта ідзе!
Сапраўды, чыесьці цяжкія крокі гулка грымелі ў праходзе, і цэлыя полчышчы пацукоў замітусіліся з боку ў бок.
Дзік агледзеў свае пазіцыі. Круты паварот калідора даваў значную выгоду. Можна было, не падвяргаючы сябе небяспецы, страляць з-за вугла. Перашкаджала толькі святло лямпы, якая стаяла занадта блізка. Ён выбег уперад, паставіў лямпу пасярод калідора і вярнуўся на сваё месца.
У далёкім канцы калідора з'явіўся Бенет. Відаць, ён ішоў адзін; у руцэ ён нёс факел, таму цэліцца ў Хэтча было вельмі лёгка.
– Стой, Бенет! – крыкнуў Дзік. – Яшчэ адзін крок, і ты будзеш забіты!
– Дык вось вы дзе! – сказаў Хэтч, узіраючыся ў цемру. – Я вас не бачу. Ага! Вы зрабілі разумна, Дзік, – вы паставілі лямпу перад сабой! Значыць, я вучыў вас недарэмна і радуюся, хаця вы, карыстаючыся маімі ўрокамі, збіраецеся прастрэліць маё грэшнае цела! Чаго вы тут? Што вам тут трэба? Чаго вы цэліцеся ў вашага старога добрага сябра? Ах, і паненка з вамі?
– Не, Бенет, пытаць буду я, а ты будзеш адказваць, – сказаў Дзік. – Чаму мне даводзіцца баяцца за сваё жыццё? Чаму да маёй пасцелі падкрадваюцца забойцы? Чаму мне прыходзіцца ўцякаць ад пагоні ў непрыступным замку майго апекуна? Чаму я вымушаны ўцякаць ад людзей, якіх я з дзяцінства прывык лічыць сваімі сябрамі і якім не зрабіў нічога дрэннага?
– Майстар Дзік, майстар Дзік, – сказаў Бенет, – І што я казаў вам? Вы вельмі храбры, але зусім неразумны хлопчык!
– Я бачу, што табе вядома ўсё і што я сапраўды асуджаны, – адказаў Дзік. – Ну што ж! З гэтага месца я не сыду. Няхай сэр Дэніэл возьме мяне, калі можа.
Хэтч памаўчаў крыху.
– Слухайце, – пачаў ён, – я зараз пайду да сэра Дэніэла і раскажу яму, дзе вы знаходзіцеся і што тут робіце. Дзеля гэтага ён мяне сюды і паслаў. Але калі вы не дурань, вы пойдзеце адсюль раней, чым я вярнуся.
– Я даўно б адсюль пайшоў, калі б ведаў як, – сказаў Дзік. – Я не магу зрушыць пліту.
– Суньце руку ў кут і памацайце там, – адказаў Бенет. – А вяроўка Трогмортана ўсё яшчэ ў карычневым пакоі. Бывайце!
Хэтч павярнуўся і знік за паваротам калідора.
Дзік зараз жа ўзяў лямпу і паслухаўся яго парады. У куце аказалася глыбокая западзіна. Дзік сунуў у яе руку, намацаў жалезны прут і моцна тузануў яго. Пачуўся скрып, і каменная пліта раптоўна зрушылася.
Шлях быў свабодны. Яны без асаблівай цяжкасці адчынілі вечка люка і трапілі ў пакой са скляпеністай столлю, якая выходзіла ў двор, дзе два чалавекі, закасаўшы рукавы, чысцілі коней тых воінаў, што нядаўна прыбылі ў замак. Іх асвятлялі дрыготкім святлом два факелы, устаўленыя ў жалезныя кольцы на сцяне.
Раздзел V
Як Дзік перайшоў на другі бок
Дзік патушыў лямпу, каб не прыцягваць увагі, падняўся наверх і пайшоў па калідоры. У карычневым пакоі ён знайшоў вяроўку, прывязаную да незвычайна цяжкага старадаўняга ложка. Дзік падышоў да акна і пачаў паволі і асцярожна апускаць вяроўку ў начную цемру. Джаана стаяла побач з ім. Вяроўка апускалася без канца. Мала-памалу страх пахіснуў рашучасць Джааны.
– Дзік, – сказала яна, – няўжо тут так высока? У мяне не хопіць смеласці спусціцца. Я абавязкова ўпаду, добры Дзік.
Дзік уздрыгнуў і выпусціў маток з рук. Канец вяроўкі з плёскатам упаў у роў. І адразу ж вартавы на вежы гучна крыкнуў:
– Хто ідзе?
– А каб на цябе ліха! – усклікнуў Дзік. – Усё прапала. Хутчэй! Хапайся за вяроўку і лезь уніз!
– Я не магу, – прашаптала яна і адхіснулася.
– Калі ты не можаш, не магу і я, – сказаў Шэлтан. – Як я пераплыву роў без тваёй дапамогі? Значыць, ты кідаеш мяне?
– Дзік, – прамовіла яна, задыхаючыся, – я не магу. У мяне няма сілы.
– Тады мы абое загінулі, клянуся небам! – крыкнуў ён, тупнуўшы нагой.
Ён пачуў крокі, што набліжаліся, і кінуўся да дзвярэй, спадзеючыся зачыніць іх.
Але перш чым ён паспеў зрушыць засаўку, чыесьці дужыя рукі з другога боку націснулі на дзверы. Ён змагаўся не болей секунды; затым, адчуваючы сябе пераможаным, кінуўся назад, да акна. Дзяўчына стаяла каля акна, прыхіліўшыся да сцяны; яна была амаль у непрытомным стане. Дзік паспрабаваў падняць яе, але яна бездапаможна павісла ў яго на руках усім целам, як мёртвая.
Людзі, якія перашкодзілі яму зачыніць дзверы, кінуліся на яго. Аднаго ён закалоў кінжалам; астатнія на імгненне бязладна адступілі. Ён скарыстаў сумятню, ускочыў на падаконнік, схапіўся абедзвюма рукамі за вяроўку і слізгануў уніз.
На вяроўцы было шмат вузлоў; яны вельмі аблягчалі спуск, але Дзік так спяшаўся і быў такі нявопытны ў падобных практыкаваннях, што разгойдваўся ў паветры, быццам злачынец на шыбеніцы. То галавой, то рукамі стукаўся ён аб няроўную каменную сцяну. У вушах у яго шумела. Над сабой ён бачыў зоркі, унізе таксама былі зоркі, якія адлюстроўваліся ў вадзе рова і дрыжалі, нібы сухое лісце перад бурай. Потым вяроўка выслізнула ў яго з рук, і ён упаў у ледзяную ваду.
Вынырнуўшы на паверхню, ён злавіў вяроўку, якая ўсё яшчэ разгойдвалася з боку ў бок. Высока над ім, на макаўцы зубчастай вежы, ярка палалі факелы. Барвовае іх зіхаценне асвятляла твар воінаў, якія стоўпіліся за каменнымі зубцамі. Ён бачыў, як яны ўглядваліся ў цемру, стараючыся знайсці яго; але ён быў далёка ўнізе, туды святло не дасягала, і яны шукалі яго дарэмна.
Трымаючыся за вяроўку, што падалася яму дастаткова доўгай, Дзік сяк-так паплыў цераз роў да супрацьлеглага берага. Ён праплыў палавіну шляху, як раптам адчуў, што вяроўка скончылася і наструнілася; яна цягнула яго назад. Выпусціўшы вяроўку, ён з усіх сіл узмахнуў рукамі, спрабуючы ўхапіцца за галіны вярбы, што звісалі над вадою; гэта была тая самая вярба, якая некалькі гадзін назад дапамагла ганцу сэра Дэніэла выбрацца на бераг. Ён апусціўся ў ваду, вынырнуў, зноў апусціўся, зноў вынырнуў, і толькі тады яму ўдалося ўхапіцца за галіну. З хуткасцю маланкі ён ускарабкаўся на дрэва і прыціснуўся да ствала. Вада цурчала па яго вопратцы, ён цяжка дыхаў, усё яшчэ не верачы, што яму ўдалося выратавацца.
Усплёск вады выдаў яго воінам, якія сабраліся на вежы. Стрэлы, працінаючы цемру, сыпаліся вакол як град; з вежы шпурнулі факел; ён бліснуў у паветры і ўпаў каля самай вады, ярка асвяціўшы ўсё кругом. Зрэшты, на шчасце Дзіка, факел падскочыў, перавярнуўся, плюхнуўся ў ваду і патух.
Аднак ён зрабіў сваю справу. Стралкі паспелі разгледзець і вярбу і Дзіка, які схаваўся ў галінах. І хаця Дзік, саскочыўшы на зямлю, з усіх ног пусціўся прэч, яму не ўдалося ўцячы ад стрэл. Адна страла закранула яго плячо, другая параніла ў галаву.
Боль падганяў яго, і Дзік пабег яшчэ шпарчэй. Ён выбраўся на роўнае месца і памчаўся ў цемры, не думаючы аб напрамку.
Стрэлы ляцелі за ім наўздагон, але хутка ён апынуўся па-за іх дасягальнасцю. Калі Дзік спыніўся і азірнуўся, ён быў ужо далёка ад замка Мот; аднак факелы, якія бязладна рухаліся на сцяне замка, усё яшчэ былі бачны.
Ён прыхінуўся да дрэва; кроў і вада струменіліся з яго вопраткі; ён быў адзін, без таварыша, зняможаны ад сінякоў і ран. Але ўсё ж яму ўдалося ўцячы ад смерці на гэты раз. За тое, што Джаана засталася ў руках сэра Дэніэла, ён сябе не дакараў; у гэтым быў вінаваты выпадак, папярэдзіць які было звыш яго волі; да таго ж ён не вельмі баяўся за яе лёс, – сэр Дэніэл жорсткі, але ён не асмеліцца кепска абыходзіцца з дзяўчынай высакароднага паходжання, магутныя заступнікі якой могуць заклікаць яго да адказу. Верагодней за ўсё, ён будзе старацца як можна хутчэй выдаць яе замуж за каго-небудзь са сваіх сяброў.
«Ну, – думаў Дзік, – да таго часу я яшчэ паспею ўтаймаваць гэтага здрадніка. Цяпер мне ўжо няма за што быць яму ўдзячным і я вольны ад усялякіх перад ім абавязацельстваў. Тады я магу варагаваць з ім адкрыта, а ў адкрытай вайне ў кожнага аднолькавы шанс на перамогу».
Пакуль жа ён знаходзіўся ў самым сумным становішчы.
Ён сяк-так брыў праз лес. Раны яго смылелі, вакол было цёмна, ногі чапляліся за густыя зараснікі, думкі блыталіся, і неўзабаве ён быў вымушаны сесці на зямлю і прыхінуцца да дрэва.
Калі ён ачуўся ад сну, падобнага на беспрытомнасць, ноч ужо змянілася перадсвітальнымі прыцемкамі. Халаднаваты ветрык шумеў у лістоце. Гледзячы спрасонку прама перад сабою, Дзік заўважыў, што на адлегласці прыкладна ста ярдаў ад яго штосьці цёмнае разгойдваецца ў галінах. Між тым у лесе пачало прыкметна святлець. Свядомасць Дзіка таксама праяснілася, і ён, нарэшце, зразумеў, што гэта чалавек, павешаны на суку высокага дуба. Галава павешанага была апушчана на грудзі; пры кожным парыве ветру цела яго разгойдвалася, а рукі і ногі тузаліся, як у цацачнага танцора.
Дзік з цяжкасцю падняўся на ногі; хістаючыся, хапаючыся за ствалы дрэў, ён падышоў да павешанага. Сук тырчаў прыблізна за дваццаць футаў ад зямлі, і бядак быў падняты сваімі катамі так высока, што Дзік не мог дастаць рукою нават да яго ботаў; твар яго ў дадатак быў закрыты капюшонам, таму Дзік ніяк не мог пазнаць, хто ён такі.
Дзік паглядзеў направа, налева і заўважыў, што другі канец вяроўкі прывязаны да ўкрытага кветкамі куста глогу, які рос пад густою засенню дуба. Юнак выцягнуў кінжал – адзіную сваю зброю – і перарэзаў вяроўку; труп з глухім стукам упаў на зямлю.
Дзік прыўзняў капюшон; гэта быў Трогмортан, ганец сэра Дэніэла. Недалёка ўдалося яму адысці ад замка! З-пад яго курткі тырчала нейкая папера, якую, відавочна, не заўважылі малайцы «Чорнай стралы». Дзік выцягнуў яе; то было пісьмо сэра Дэніэла да лорда Ўэнслідэла.
«Калі зноў будзе пераварот, – падумаў Дзік, – вось гэтым пісьмом я зняслаўлю сэра Дэніэла і, можа, нават прывяду яго на плаху». Ён сунуў паперу сабе за пазуху, прачытаў над мёртвым малітву і пабрыў далей праз лес.
Ён быў вельмі слабы і адчуваў сябе страшэнна стомленым; ногі ў яго падгіналіся; ад страты крыві ў вушах звінела, ён раз-пораз траціў прытомнасць. Доўга кружыўся і блудзіў Дзік, але нарэшце выйшаў на вялікую дарогу і апынуўся непадалёку ад вёскі Тэнстол.
Грубы голас загадаў яму спыніцца.
– Спыніцца? – паўтарыў Дзік. – Клянуся небам, я амаль падаю.
І ў пацвярджэнне сваіх слоў ён зваліўся на дарогу.
З гушчару выйшлі двое мужчын, абодва ў зялёных лясных куртках, абодва з лукамі, калчанамі і кароткімі мячамі.
– Лоўлес, – сказаў маладзейшы, – гэта ж сын Гары Шэлтана!
– Ага, Джон Помшчу-за-ўсіх будзе задаволены, – сказаў другі. – Э, ды ён пабываў у баі. На галаве ў яго рана, ён страціў нямала крыві.
– Плячо таксама прабіта, – дадаў Грыншыў. – Яму, відаць, здорава перапала. Як ты думаеш, хто гэта яго так адхвастаў? Калі хто-небудзь з нашых, дык няхай моліцца Богу: Эліс узнагародзіць яго кароткай споведдзю і доўгай вяроўкай.
– Падымай шчанюка, – сказаў Лоўлес. – Кладзі мне яго на спіну.
Закінуўшы Дзіка сабе на плечы і трымаючы яго за рукі, былы манах дадаў:
– Заставайся на варце, брат Грыншыў. Я дацягну яго адзін.
Грыншыў вярнуўся ў засаду каля дарогі, а Лоўлес марудна пабрыў уніз па схіле пагорка, несучы на плячах Дзіка, які так і не апрытомнеў. Сонца ўжо ўзышло, калі Лоўлес выбраўся на ўскраек лесу і ўбачыў за ярам вёску Тэнстол. Усё, здавалася, было спакойным, толькі з абодвух бакоў дарогі каля самага моста ляжалі стралкі; іх было чалавек дзесяць. Убачыўшы Лоўлеса з яго ношай, яны, як і належыць сапраўдным вартавым, нацягнулі лукі.
– Хто ідзе? – крыкнуў іх камандзір.
– Уіл Лоўлес, клянуся распяццем; і ты ведаеш мяне як свае пяць пальцаў, – адказаў расстрыга пагардліва.
– Скажы пароль, Лоўлес! – запатрабаваў камандзір.
– Ты дурань, і няхай паможа табе неба, – адказаў Лоўлес. – Хіба ты не пазнаеш мяне? Усе вы звар'яцелі на гульні ў салдацікі. Калі жывеш у лесе, трэба жыць па-лясному; і вось вам мой пароль: кукіш!
– Лоўлес, ты паказваеш кепскі прыклад. Скажы пароль, дурань! – крыкнуў камандзір.
– А калі я яго забыў? – сказаў Лоўлес.
– Хлусіш, не забыў; а калі забыў, я ўсаджу стралу ў тваё тлустае чэрава, клянуся небам! – адказаў камандзір.
– Бачу я, вы не разумееце жартаў, – сказаў Лоўлес. – Дык вось вам пароль: «Дэкуорт і Шэлтан», а вось і карцінка да гэтага пароля: Шэлтан у мяне на спіне, і я нясу яго да Дэкуорта.
– Праходзь, Лоўлес, – сказаў дазорца.
– А дзе Джон? – спытаў манах.
– Вяршыць суд і збірае чынш, быццам пан! – адказаў вартавы.
Так яно і было. Калі Лоўлес дайшоў да харчэўні, што стаяла ў сярэдзіне сяла, ён убачыў Эліса Дэкуорта, акружанага сялянамі сэра Дэніэла. Ён вельмі спакойна збіраў з сялян чынш і выдаваў ім распіскі ў атрыманні грошай. Відаць было, што сялянам гэта зусім не падабаецца, – яны выдатна разумелі, што ім давядзецца плаціць яшчэ раз.
Калі даведаўся, каго прынёс Лоўлес, Эліс зараз жа адпусціў сялян. Твар яго выказваў і жывое спачуванне, і трывогу; ён загадаў аднесці Дзіка ў задні пакой харчэўні. Там юнаку перавязалі раны і самымі простымі сродкамі прывялі яго ў прытомнасць.
– Мілы хлопчык, – сказаў Эліс, паціскаючы яму руку, – ты знаходзішся ў гасцях у сябра, які любіў твайго бацьку і ў памяць аб ім любіць цябе. Адпачні крыху, ты яшчэ не зусім апрытомнеў. А потым ты раскажаш мне ўсё, што з табой здарылася, і мы разам падумаем, як дапамагчы табе.
Гадзіны праз дзве, калі Дзік, усё яшчэ вельмі слабы, трошкі выспаўся, Эліс падсеў на яго ложак і папрасіў імем яго бацькі расказаць, як ён уцёк з Тэнстолскага замка Мот. У шырокіх плячах Эліса было столькі сілы, на смуглым твары столькі сумлення, у вачах столькі розуму і яснасці, што Дзік адразу яму падпарадкаваўся і падрабязна расказаў пра ўсе свае прыгоды за апошнія дні.
– Святыя аберагаюць цябе, Дзік Шэлтан, – сказаў Эліс, калі юнак скончыў. – Яны не толькі вывелі цябе жывым і здаровым з усіх бедаў і небяспек, але ў дадатак прывялі цябе да чалавека, які больш за ўсё на свеце хоча аказаць дапамогу табе. Будзь мне верны, – а я ўпэўнены, што ты чалавек верны, – і мы з табой даб'ёмся смерці паскуднага здрадніка.
– Вы збіраецеся ўзяць яго замак штурмам? – спытаў Дзік.
– Браць замак штурмам – гэта вар'яцтва, – адказаў Эліс. – У замку ён дужа моцны; у яго багата воінаў. Учора міма мяне праслізнуў цэлы атрад – той самы, з'яўленне якога цябе выратавала, – і цяпер сэр Дэніэл знаходзіцца пад надзейнай аховай. Не, Дзік, нам з табою і нашым слаўным лучнікам трэба як мага хутчэй выбрацца адсюль і пакінуць сэра Дэніэла ў спакоі.
– Мяне трывожыць лёс Джааны, – сказаў хлопчык.
– Лёс Джааны? – перапытаў Дэкуорт. – А, разумею, лёс гэтай дзяўчынкі! Абяцаю табе, Дзік, што калі пойдуць чуткі аб вяселлі, мы будзем дзейнічаць без прамаруджвання. А да таго часу мы ўсе знікнем, як цені на світанні. Сэр Дэніэл будзе глядзець на ўсход, будзе глядзець на захад і нідзе не знойдзе ворагаў; клянуся небам, ён вырашыць, што мы яму толькі прысніліся. Але нашы з табою чацвера вачэй, Дзік, будуць уважліва сачыць за ім, і нашы чатыры рукі – хай дапаможа нам святое анёльскае воінства! – адолеюць здрадніка.
Праз два дні гарнізон замка Мот настолькі ўзмацніўся, што сэр Дэніэл рашыўся на вылазку і на чале сарака вершнікаў праехаў, не сустрэўшы супраціўлення, да вёскі Тэнстол. Ні адна страла не праляцела; ні аднаго чалавека не знайшлі ў лесе; мост нікім не ахоўваўся. Калі праехалі цераз мост, сэр Дэніэл убачыў сялян, якія баязліва глядзелі на яго з дзвярэй сваіх хатак.
Раптам адзін з іх, набраўшыся храбрасці, выйшаў наперад, зрабіў нізкі паклон і падаў рыцару якоесьці пісьмо. Сэр Дэніэл пачаў чытаць, і твар яго спахмурнеў. Вось што ён прачытаў:
«Каварнаму і жорсткаму джэнтльмену, сэру Дэніэлу Брэклі, рыцару.
Цяпер я ведаю, што вы вялі сябе каварна і подла з самага пачатку. Кроў майго бацькі на вашых руках; адмыць яе вам не ўдасца. Папярэджваю вас, што надыдзе дзень, калі вы загінеце ад маёй рукі. Папярэджваю вас яшчэ, што, калі вы паспрабуеце выдаць замуж высакародную даму панну Джаану Сэдлі, з якой я сам пакляўся ажаніцца, дзень гэты надыдзе хутка. Першы ваш крок да наладжвання яе вяселля будзе першым вашым крокам да магілы.
Рыч. Шэлтан»