Текст книги "«Чорны кот» (СИ)"
Автор книги: Валерий Казаков
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 13 страниц)
– А то ў нас нестыковочка выходзіць: арганізаванага нацыяналістычнага супраціву ў рэспубліцы няма, а моладзевы нацыяналізм і падполле множацца, як грыбы, з чаго б гэта? Такое толькі на Кубэ не спішаш, як ні як -сорак сёмы год на двары. Тут партыя і кіраўніцтва не толькі могуць, але і абавязаныя спытаць: «А чаму гэта ў вас, таварышы, у рэспубліцы такое дзеецца? Дзе вы самі да вашага пленума былі, чаму парадак не навялі? Сіл у саміх не хапіла, дык чаму дапамогі і садзейнічання ў Палітбюро не папрасілі?» І спытаюць яны ў першую чаргу з мяне і цябе! Вышэй за нас у рэспубліцы няма. Таму, дарагі мой таварыш, давай пачакаем пакуль са званкамі ў сталіцу. Трэба было б спачатку вылічыць вінаватых у гэтых промахах на нізах, базу падвесці з мясцовай інтэлігенцыі, паўдзясятка пісакаў паршывых падабраць, а можа – і партыйцаў несвядомых рэспубліканскага ўзроўню двойку-тройку пашукаць. І галоўнае: не самім гэта пачынаць зверху, а своечасова падхапіць абурэнне знізу, народнае абурэнне. Вось тады і пачын, можна сказаць, можа ў нас з табой атрымацца ўсесаюзны! Ну як табе? Згодны? Разумеет, да чаго я хілю?
– Ну ты, біджо, малайчына! Ай, малайчына! Нездарма цябе гаспадар паважае. Згодны, давай з гэтай ідэяй, як са свавольнай дзеўкай, пераспім, а раніцай пагаворым, ды і поўную карціну па нашым пытанні сам я належным чынам вывучу, так што гаворка наша будзе прадметнай. З прозвішчамі, справамі і дзеяннямі! Ай, малайчына ты, Панцеляймон! Давай, налівай па поўнай, ноч толькі пачынаецца...
6
– Калі ўжо і гаварыць, дык гаварыць трэба праўду. А мне не толькі вы– хаванне і высокі чын выкладчыка, але ўжо і сам узрост хлусіць не дазваляе. Ды і што ад той маёй праўды ў вашым цяперашнім жыцці зменіцца? А ў выніку – нічога. Як існаваў люд у хлусні, дык там і ахвоту мае заставацца. Так што, шаноўны мой пляменнік Вячаслаў, Мінск наш бамбілі часта. На пачатку вайны трохі немцы, а з пачатку сорак другога свае, савецкія. Хоць і не ўсім яны тады былі, ды і сёння даводзяцца, сваімі. Я, як і ты, карэнны мінчук, можа, у сямі, а то і ў дзесяці пакаленнях. Продкі нашыя першы дом, паводле паданняў, пабудавалі яшчэ ў старым горадзе, за сценамі і валам. Там яны ў ліхія часіны адседжваліся, а так у асноўным зімавалі, калі ў сталіцы не выязджалі. Балазе сталіц для беларускага шляхціча ў тыя часы было аж чатыры: Варшава, Вільня, Масква і Санкт-Пецярбург. Ды ў Вільні, Варшаве і Піцеры продкі нашы мелі такія-сякія дамкі. Да зімы ж сямейства, як правіла, пражывала ў вялікім маёнтку, недалёка ад Заслаўя. Ды і самі мы раднёй заслаўскім князям даводзіліся. Вось такія, браце, гарбузы. А што гэта вас, шаноўны сваячок, на гістарычныя экскурсы пацягнула? Вы ўжо нібыта і пры пагонах, і пры такім ведамстве. Трапна, ой трапна вас люд наш просты ахрысціў: «Пільныя вочкі»! Дакладней не скажаш. Усё, усё! – убачыўшы наструненага, з кулакамі пляменніка, капітуляваў дзядзька-прафесар. – Больш ніякіх адхіленняў ад тэмы... Другая сусветная, яе пачатковы, так бы мовіць, і завяршальны этапы на нашых беларускіх землях. Так? Дзіўна. Пачну з таго, што вялікіх і зацятых баёў на нашых тэрыторыях, можна сказаць, і не было. Менш чым за месяц яе немец акупаваў і прыкладна за месяц з невялікім, ні за што не чапляючыся, арганізавана пакінуў. Нейкіх значных бітваў, як Сталінградская ці Курская, у нас таксама не назіралася. Аднак, трэба адзначыць, на ўсходзе рэспублікі, на рубяжы ракі Проні, фронт даволі доўга стаяў. Так што ў цэлым вялікіх, татальных разбурэнняў, здавалася б, і не павінна было б быць. Во як я «забыкаў». Смешна, трэба запомніць. Вось і сам, любы пляменнік, рабі выснову. Атрымліваецца дзіў– ная карціна: пры адсутнасці працяглых абаронных баёў населеныя пункты павінны былі, па ідэі, захавацца. Заканамернае пытанне: адкуль жа такія каласальныя разбурэнні, у тым ліку ў Мінску? Адказаў ёсць некалькі, аднак самы праўдзівы, самы страшны і які найбольш замоўчваецца: сталіцу БССР амаль зраўняла з зямлёй савецкая авіяцыя, ды і не толькі сталіцу. Не было ніводнага чырвонага дня календара, каб уначы над горадам не гулі цяжкія самалёты, якія сыпалі на галовы сонным гараджанам смяротныя падарункі. Аднойчы ў такім налёце ўдзельнічала больш за дзвесце цяжкіх бамбавозаў. Нават кідалі звышцяжкія паўтаратонныя. І ведаеш, Славік, у што яны цэлілі? У цяперашні Дом урада. Ноччу, калі ён пусты! Вось гэта стратэгі! Уяўляеш, раніцай немцы прыходзяць на працу, а працаваць жа няма дзе! Як ім, паганым фрыцам, было б? У гэтым уся геніяльнасць савецкай улады. Адступаюць – усё падарваць і спаліць, усіх выгнаць! Без надзеі на вяртанне. Наступаюць – усё разбамбіць, разбурыць! Без надзеі на зварот. Ну а пра тое, што ў цёмных начных гарадах жывуць савецкія людзі -ды якія яны савецкія! Застаўся на акупаванай тэрыторыі – ужо вораг, а да ворагаў ніякай літасці! Супрацьпаветранай абароны горад наш не меў, немцам яна была без патрэбы праз адсутнасць у горадзе хоць якіх значных ваенных аб’ектаў і буйных вайсковых фармаванняў. Перападала свая доля крамлёўскіх пачастункаў і абласным цэнтрам. Вось і атрымлівалася: арміявызваліцельніца ўваходзіла ў сорак чацвёртым у разбітыя і спустошаныя непрыяцелем гарады. Тады гэтага патрабавала прапаганда. Пазней гэтыя агіткі ўвайшлі ў падручнікі гісторыі, увайшлі, ды так і да гэтага часу там і засталіся. А праўда? Праўда, яна – фу-ух! – прафесар дзьмухнуў на сваю вузкую з тонкімі касцістымі пальцамі далонь. – Субстанцыя нябачная, амаль што дух!
– Але пачакайце, Генрых Браніслававіч! Вы што, сцвярджаеце, што немцы былі дабром для нашага народа і ніякіх зверстваў тут не чынілі? – узбуджана ўскочыў са свайго месца малады Скарга. – А каласальныя ахвяры, а ўсенародны партызанскі рух? Ды ў мяне наогул мазгі набакір у апошнія дні! Аказваецца, што пасля вайны ў нас, у Беларусі, больш за сто тысяч чалавек загінулі і былі рэпрэсаваныя за супраціў савецкай уладзе! І гэта толькі ў тры пасляваенныя гады! А вайна невядомая ішла ледзь не да пяцьдзясят сёмага. Жах нейкі! Цяпер вы мне кажаце, што беларускія гарады ў асноўным бамбавала нашая ж авіяцыя! Можа, і бамбавала, але ж ішла вайна!
Суразмоўца абуранага юнака, утульна ўладкаваўшыся ў зручным старадаўнім фатэлі, схаваўшы аскетычны твар у мяккі цень цьмяна-залацістага лямпавага абажура, уважліва слухаў і крыху ўсміхаўся ў акуратна падрэзаныя вусы, якія пераходзілі ў невялікую казліную бародку. Сваёй бародкай спадар быў падобны да Дзяржынскага, і падабенства гэтае больш дапамагала вальналюбіваму прафесару, чым шкодзіла.
Вячаслаў яшчэ доўга абураўся, прыводзіў доказы ў абарону сваіх перакананняў, якія ён, як і любы грамадзянін любой краіны, увабраў у сябе з завучаных школьных ды інстытуцкіх урокаў і лекцый. Напэўна, прытаміўшыся і не сустракаючы пярэчанняў з боку апанента, ён здзіўлена замоўк.
– Вы што, не слухаеце мяне? – зніякавела спытаў ён.
– Вельмі, вельмі ўважліва слухаў, бацечка! – са шпількай уставіў любімае ленінскае слоўца прафесар і з лёгкасцю ўстаў з нізкага фатэля. – Цяпер будзьце добрымі – прысядзьце вы, а я ўжо, так бы мовіць, разамну старэчыя косткі. Заседзеўся, ведаеце. Першае: бамбардзіроўкі, іх частату і колькасць бомбавылетаў можна лёгка ўдакладніць у архівах, а на першы час раю абмежавацца інтэрнэтам. У працяг гэтага ж пытання я цалкам аўтарытэтна даводжу да вашага ведама, што канчатковую кропку ў разбурэнні нашых гарадоў і замкаў паставілі бяздарныя і бязродныя архітэктары пасляваеннага часу. Гэта паводле іх прапаноў былі прынятыя савецкай уладай рашэнні аб ачыстцы беларускіх гарадоў ад неперспектыўных руінаў, і тое, што не дашчэнту разбурыла авіяцыя, узарвалі сапёры. У гарадах з амаль тысячагадовай гісторыяй засталося па пяць-дзесяць будынкаў, старэй за трыста гадоў! Ці гэта не варварства?! Немцы бурылі чужое, хоць і Саветы таксама бурылі чужое, класава чужое. Як ім, народжаным у свінарніках, было зразумець прыгажосць готыкі і позняга беларускага барока? А местачковыя недавучкі бурылі з поўнай упэўненасцю, што змогуць пабудаваць лепшыя і яшчэ больш грандыёзныя гмахі, але перад тым, як прыступіць да будаўніцтва, яны разнеслі ўсё па каліву! Бедная мая Айчына! Гады табе Гасподзь даваў на мір і будаўніцтва, а на дзясяткі гадоў насылаў войны і разбурэнні. Ды і цяпер мы ў нашай сацыялістычнай рэзервацыі жывем, у асноўным, з чужой галавы. Хвала Богу, хоць у модныя цяпер войны ў імя талерантнасці не спяшаемся лезці і моладзь сваю губіць...
– Дзядзька, давайце толькі не будзем усё звальваць у адну кучу і так рэзка пераходзіць на сучаснасць. Мінулае – гэта мінулае, у ім трэба разбірацца, і тут без вашай дапамогі ніяк не абысціся, тут я ваш вучань. Вы і вашы папярэднікі так заблыталі гэтую гісторыю, што сам чорт нагу зломіць. Але ж тое далёкае і недалёкае мінулае вы стваралі без нас і дзеля сябе, вам яно больш зразумелае і блізкае. Вы мне даруйце, але што вам да сённяшняга дня? Цяперашняе – гэта ўжо наша мінулае, у разуменні якога, баюся, вам слова могуць і не даць. Гэта, пагадзіцеся, нам, маладым, трымаць адказ перад будучыняй за цяперашнія справы і ўчынкі...
– Ну і трымайце ў сабе, шаноўны пляменнік, свае адказы! Але тады, калі ласка, не чапляйцеся да мяне з вашымі наіўнымі дзіцячымі пытаннямі. – Прафесар, па ўсім, па-сапраўднаму пакрыўдзіўся, рэзка павярнуўся і, гучна ляснуўшы дзвярыма, пайшоў у свой кабінет.
Вінавата дрыжала ў старадаўнім крышталі цішыня і напаўняла аціхлы пакой. Вячаслаў апусціўся ў фатэль – як гумавая лялька, з якой выпусцілі паветра. Іх слоўныя сутычкі з дзядзькам даўно ўжо сталі хрэстаматыйнай спрэчкай бацькоў і дзяцей, але сёння ён відавочна перагнуў коўдру. Трэба было нешта прыдумляць і тэрмінова мірыцца са сваім любімым настаўнікам і родзічам. Пляменнік ведаў: не памірыцца сёння – з дзядзькавым шляхецкім гонарам разрыў расцягнецца на месяцы, а то і на гады. Генрых Браніслававіч са сваім родным сынам вунь ужо пяты год не размаўляе, а спрэчка пачалася з яшчэ больш бяскрыўдных слоў. Дзядзькаву крыўду можна было нейтралізаваць толькі шчырасцю. Ні падманныя слёзы, ні фармальныя прабачэнні, ні падхалімаж у гэтай справе не падыходзілі. Любую няпраўду, нават у малых дозах, дзядзька адчуваў нутром.
Вячаслаў, па-старэчы вохкаючы, выбраўся з фатэля і рашуча пайшоў да выхаду з кватэры. Цётка Ангеліна, якая чула ўсю іх размову, вызірнула з суседняга пакоя, са здзіўленнем і дакорам глянула на пляменніка.
– Вячак, ты не ўздумай цяпер уцячы, – абурана шаптала яна. – Такіх слоў яму зроду ніхто не казаў. Што гэта цябе панесла?! Я і падумаць не магла, што ты так можаш гаварыць са старэйшымі. Гэта ўсё твая невыносная служба! Та-так! І не рабі такі выраз твару. Давай лепш прыдумвай нагоду і, не выходзячы з кватэры, ідзі мірыцца.
– Цёця, я ўсё разумею і абавязкова паміруся, вось зараз, вы толькі не хвалюйцеся. Хоць у гэтым бразганні дзвярыма і дзіцячых крыўдах, ласкавая пані, ёсць і ваша заслуга. Усё-ўсё, маўчу-маўчу і пасыпаю галаву попелам.
Адхіснуўшыся ад нейкай анучы, якой цётка спрабавала яго выцяць, Вячаслаў шмыгнуў у шырокі, застаўлены кніжнымі стэлажамі калідор. Падхапіўшы сваю сумку і прыкрываючы ёй галаву, ён павярнуўся і пранёсся паўз замерлую ад яго нечаканага манеўра цёткі, без стуку ўляцеўшы ў кабінет прафесара.
Генрых Браніслававіч, які сядзеў за працоўным сталом з разгорнутай кнігай, падняў галаву.
– Дзядзечка, родненькі, ратуйце! Цётка мяне лупцуе за маю дурату. Глупства я, вядома, нёс – каюся. Вы можаце яшчэ доўга на мяне крыў– дзіцца і нават забараніць на парог ступаць гэтага дома, ваша воля, але толькі пасля маленькай кансультацыі.
Вячаслаў падышоў да старадаўняга стала, расшпіліў сумку і выклаў перад зніякавелым ад ягонай рашучасці сваяком пажоўклы ад часу аркуш складзенага напалам дакумента. Тоўстая старадаўняя папера ў цёмных разводах, пацёртая на згінах, выглядала таямніча і павінна была прыадчыніць дзверцы да дзядзькавага сэрца, якія некалькі хвілінаў назад з такім грукатам зачыніліся.
– Паганец, хто ж цябе навучыў так абыходзіцца з падобнымі дакументамі! – Прафесар асцярожна разгарнуў ліст. – Божа! Адкуль гэта ў цябе? Ты хоць ведаеш, што гэта за дакумент? – Ён працягнуў руку да вялікай, апраўленай у срэбра, лупы.
Вячаслаў зразумеў, што на яго больш не крыўдуюць.
7
Стальмаху сніўся іх фрайлагер. Дурны нейкі сон, дзе ўсё змяшалася ў незразумелую фантастычную кашу. Рэальныя твары рэальных аднакашнікаў, выкладчыкаў, немцаў з адміністрацыі, а побач з імі нейкія агідныя пачвары са страшнымі галовамі і голымі целамі звычайных людзей. Яны хадзілі вакол, крывілі морды, але ніхто іх не бачыў, акрамя Зміцера. Стальмах спрабаваў схапіць каго-небудзь са сваіх таварышаў па службе за рукаў мундзіра, але рука, адчуваючы грубую калючасць салдацкага сукна, правальвалася ў густы кісельны туман. А вось здані, ці чорт ведае хто, былі цалкам рэальныя, яны з дакорам хіталі галовамі, пагражалі кулакамі і брудна лаяліся. Раптам адзін з іх падышоў да Змітра і з размаху даў яму ў вуха.
Прачнуўся Стальмах ад болю ў руцэ, якой што ёсць сілы лупіў па даўно не беленай трубе астылай печкі-ляжанкі.
«Што за херня мне сніцца?!» Мацюкаючыся, ён пацягнуў на сябе коўдру. У яшчэ па-зімняму цёмнай хаце рабілася прахалодна. Дзесьці збоку ў цемры ў тры галасы храплі паліцэйскія, якія прыехалі з ім. Рэшткі кашмару павольна адпускалі яго, вяртаючы да не менш кашмарнай рэальнасці.
Інспектарская паездка спецыяльнага ўпаўнаважанага гэбіцкамісарыята па справах моладзевай палітыкі Вайсрутэніі ў Навагрудскі і Нясвіжскі паветы праходзіла ў штодзённым рэжыме. Каб не звязвацца з запраўкай аўтамабіля, яго пакінулі ў двары мясцовага аддзялення СД, пераселі ў зручныя, лёгкія вазкі, якія, як ні дзіўна, яшчэ ўмелі рабіць мясцовыя майстры, і паехалі па навакольных сёлах і хутарах. Моладзь у вёсках яшчэ заставалася. Ні немцы, ні партызаны, ні акаўцы так і не змаглі загнаць усю беларускую моладзь у шэрагі сваіх прыхільнікаў і расцягнуць яе па рабочых брыгадах, лясных атрадах і вайсковых аддзелах. Хлопцы і дзяўчаты ў гэтых заходніх раёнах жадалі трымацца сваёй гаспадаркі і на павабныя абяцанкі глядзелі коса, а ў лес прывыклі хадзіць толькі па грыбы. Тады моладзь сталі зганяць сілай.
Нягучна за сцяной шкрабнулі ўваходныя дзверы. Зміцер сцепануўся пад коўдрай, уявіўшы белыя клубы пары ад марозу, што ўваліліся ў чалавечае жытло.
«Трэба ўставаць, сябе не пералежыш, а хлопцы хай яшчэ паспяць, дасталося ім учора. Добра, што хоць усё абышлося, усе жывыя і здаровыя». Ён ціха апрануўся. Вочы хутка прывыклі да шэрага паўзмроку. Выцягнуўшы з-пад падушкі пісталет, сунуў яго ў кабуру і, прыхапіўшы лёгкія футровыя боты, выйшаў у пярэдні пакой пяцісценка. Справа над сталом цьмяна гарэла лямпа. Жанчына, худзенькая, някідкая, апранутая ва ўсё шэрае, бязгучна сноўдалася ля распаленай печы. За сталом сядзеў змрочны гаспадар у самаробным футровым кабаціку і курыў крамяны самасад. Тытунёвы дым мудрагелістымі шызымі пластамі слаўся па пакоі і, ляніва танцуючы перад агнём печкі, ныраў у яе чырвоны ад распаленага вуголля зеў.
– Добрага ранку, гаспадар! – Зміцер прысеў на ўслончык, які стаяў збоку ад стала, нацягнуў крыху здубелыя ад сушкі боты. Боты былі незвычайныя для гэтых месцаў і дасталіся яму выпадкова яшчэ ў Нямеччыне. Тонкая, добра вырабленая скура, трывалая калодка, якая амаль не прамакае, а галоўнае – унутры мяккае, залаціста-рудое футра. Якія толькі грошы яму за іх не прапаноўвалі!
– Хай сабе і вам будзе добрым, гаспадзін харошы, гэты ранак, – азваўся гаспадар, скручваючы новую самакрутку. – Толькі з таго канца ў вёску ноччу чужыя прыходзілі, добра, што да нас не дайшлі. Скрайку хаты тры абрабавалі і зніклі ў сваім лесе. Галоўнае, вас ніхто не шукаў. Можа, падумалі, што вы далей на Баяры праскочылі. Ужо вельмі вы ля мастка нашумелі, калі да нас ехалі. Добра, хоць нікога з лясных не зачапілі. З кім хоць ваявалі – бачылі?
– Ды хто ж яго ведае? З лесу па нас стрэльнулі разы два, ну і мае хлопцы з кулямёта паласнулі ў белы свет як у капеечку. Не тыя ў нас сілы, каб з бандытамі ваяваць. Балазе хоць кулямёт на другім вазку прыстасавалі.
– Можа, яно і добра, а можа, і дрэнна, хто ж яго адгадае. Што вы гэта, гаспадзін харошы, па нашых гмінах ездзіце? Калі не сакрэт, канечне...
– Ды які тут сакрэт: па школьных i моладзевых справах ездзім. Школы правяраем, з вучнямі і настаўнікамі сустракаемся...
– Дык гэта. няма ўжо ў нас школы, хоць і вёска вялікая, а школу забаранілі, даўно, яшчэ той вясной. Адну зімку дзеткі толькі і павучыліся. Кажуць, сам Кубэ, каторага потым забілі, дазвол даў. І настаўнік у нас харошы быў з суседняй вёскі, а настаўніцай жонка яго з нашых. І школу спраўна яшчэ за польскім часам грамадой пабудавалі. Школа, яна, вядома, засталася, а настаўнікаў пабілі. Хлопца – чырвоныя, а жонку ягоную «краёўцы» з сабой звялі. Дзе яна цяпер, ніхто і не ведае, – хутка і гучна вымавіла гаспадыня. Прамовіла, убачыла няўхвальны позірк мужа, сумелася і зноў пачала глядзець у печ.
– Во-во, ты там, гэта, яешню лепей смаж...
– Пачакай, гаспадынька, там у нас у мяшках недзе кавалак сала павінен быць, і хлеб, – успомніў Зміцер.
– Не хвалюйся, гаспадзін харошы, – перапыніў яго гаспадар, – твой кулямётчык перад тым, як спаць пайсці, мне харчаванне на ваш пражытак выдаў. Аж неяк няёмка: упершыню ўлада нас корміць, а не мы ўладу. Во трымайце ручнік, жонка святочны адшкадавала.
Стальмах прайшоўся па пакоі, разношваючы боты, перакінуў праз шыю ручнік, памыўся. Апрануў напаўвайсковы фрэнч з вялікімі накладнымі кішэнямі, паправіў кабуру з надзейнай невялікай «Берэттай», так што збоку яе амаль не было відаць, сеў за стол.
– Ну што, гаспадзін харошы, можа, па чарачцы, каб дзень не дарма прайшоў? – ці спытаў, ці прапанаваў гаспадар, дастаючы з-пад лаўкі пузатую бутэльку.
– Ды не, дзякуй, з раніцы неяк не з рукі. Ды і са школьнікамі, калі з імі не піў, размовы не атрымаецца. Можа, вечарам, калі заначуем, то і па чарцы не пашкодзіць. Самі гоніце?
– А то ж. Да нас у краму гарэлку даўно ўжо ніхто не возіць. Калі б не дзедавы рэцэпты, ужо б даўно запаршывелі. Ну, няволіць не магу, а сам па звычаю кілішак апрастаю. На двары зіма, не вып’еш – акалееш. Ну, хай вам памагае пан Бог!
Гаспадар выпіў, адставіў бутэльку пад абразы. Адламаў кавалачак хлеба ад вялікага акрайца і запытальна ўтаропіўся на госця. Як быццам той мог даць яму адказы на ўсе пакутлівыя пытанні, што турбавалі яго сялянскі розум.
– Прабач, гаспадар, як вас завуць? Мяне Зміцер Іванавіч.
– Андрэем Апанасавічам завуся...
– А дзеткі вашы дзе? – падсоўваючы да сябе толькі што пастаўленую на стол гаспадыняй патэльню, спытаў як мага спакайней Зміцер.
Гаспадары пераглянуліся і неяк дружна засаплі.
– Дык няма дзяцей, – наліваючы сабе яшчэ адну чарку, адказаў гаспадар, – сышлі абодва. І дачка, і сын. Дачка яшчэ перад савецкай акупацыяй у райцэнтр вучыцца на медзічку падалася, а па вайне завербавалася на заробкі ў Нямеччыну. Сын, пасля таго, як школу зачынілі, у Баяры бегаў вучыцца, а потым неяк прыйшоў у шэрай форме, сказаў: «Усё, бацька, трэба змагацца за незалежную Беларусь без немцаў і саветаў!» І папёр у нас фармаваць аддзел нейкага моладзевага саюза з беларусаў. А тут тых беларусаў як кот наплакаў. Кругом больш усё каталікі і палякі. Ну, чалавек, можа, з восем назбіраў, неўзабаве кіраўнік іх старшы прыехаў на падводзе ды хлопцам і дзеўкам тожа форму выдаў, прамовы ўсякія казаў. А дзесьці праз месяц прыйшлі з лесу, спачатку «акаўцы», вызвалі сынка нашага ноччу на двор і добра так адлупцавалі, з тыдзень адлежваўся і па сябрах хаваўся. Потым прыйшлі «саветы», тыя днём прыйшлі, усю вёску сагналі, нашага Мішу і сябрукоў яго ля хлява паставілі...
– Яны дурняў гэтых някемлівых спачатку ў пустой школе пабілі, моцна змардавалі, – перапыніла мужа гаспадыня, – а што ім, многа трэба, дзеці ж зусім.
– Ну так, пабітых паставілі ля сценкі ды імем савецкага комсамола, якому, значыць, гэтыя хлопцы здрадзілі, прысудзілі іх да растрэлу. А ніхто з іх пра той камсамол нічога і не чуў. Ды і не было ў нас камсамоліі. Не паспела яна з’явіцца ў нашых мясцінах. У нас дзеці па касцёлах і цэрквах больш хадзілі, а не па чырвоных сходах. І вось іхні камандзір кажа: хто дабравольна адмовіцца ад іхняга саюза і ўступіць у партызанскі атрад, каб біцца за савецкую ўладу, тых памілуюць як аблудных. Чалавек шэсць выйшлі, а наш Мішык, ягоны сябар і яшчэ адна дзяўчынка засталіся ля сценкі. А тым, хто выйшаў, далі вінтоўкі з адным патронам і прымусілі страляць у нашых дзяцей. І што ты думаеш, гаспадзін харошы, стралялі дзеці ў дзяцей. Ну, пастралялі і сышлі ў лес, паабяцалі, калі яшчэ якая моладзевая суполка ў вёсцы з’явіцца, папаляць нас усіх разам з хатамі.
Але ж Бог літасцівы, і хлопчыка нашага не забілі, хоць і дзве кулі ў яго трапіла. А мы яго ўжо абмываць пачалі, а ён ачуняў. Ноччу завезлі ў Наваградак. Ён там у шпіталі паляжаў і пайшоў вучыцца ў гімназію, а цяпер і не ведаем, дзе. Кажуць, бачылі яго сярод коннікаў Рагулі. Толькі мы маўчым пра гэта, на магілку пустую ходзім, каб гэтыя чэрці з лесу не даведаліся. Табе вось распавёў, бо ты ёсць уласць.
Гаспадар цяжка ўздыхнуў, пацёр даўно не голеную шчаку і пачаў круціць чарговую самакрутку.
– Вы, гэта, ешце, а то стыне яешня. Ешце. Толькі вось гляджу я на вас і думаю, што ж з вамі, хлопчыкі, далей будзе? Пруць жа радзенцы зноўку да нас. І калі ўжо іх германец не адолеў, то што вы са сваімі пукалкамі зможаце? – Гаспадар закурыў і наліў сабе яшчэ. Падумаў, узяў парожнюю гранёную шклянку, чамусьці падзьмуў у яе і таксама наліў.
– Снедалі б вы і паціху ехалі ў Цырын, пакуль светла. Там хоць нейкі гарнізон ёсць, – парушыла маўчанне гаспадыня, падсаджваючыся да стала.
– Паршывымі нас усіх гэтая вайна зрабіла, і веры ні да каго не засталося. Развіднее, а калі хто сані вашыя ў нас на двары ўбачыць і пабяжыць да лесу? І што там будзе далей, аднаму Богу вядома. Вунь у Варончы, тут ад нас недалёка, прыйшлі насупраць ночы перад першым маем год таму да паноў Чарноўскіх партызаны, там толькі адны жанчыны былі, адна з іх цяжарная са сваім хворым мужам, ну яшчэ і ўбогі калека сляпы. Прыйшлі гэта, пасядзелі, паелі, гарэлкі гаспадарскай папілі, дзверы падперлі і спалілі маёнтак разам з жыхарамі. Ці то жывымі людзей спалілі, ці то спачатку пастралялі, толькі калеку выпусцілі, ты, кажуць, ужо і так слепатой пакараны за сваё буржуйства. А баб і дзяцей варанчанскіх прымусілі салому і сухое голле насіць, каб мацней гарэла. Так што беражыся ты, гаспадзін...
– На вунь, кульні чарку, халера яго ведае, як той дзень пройдзе, – падтрымаў жонку гаспадар. – І паслухай жанчыну: снедайце і з’язджайце, бо ні шкаляроў, ні настаўнікаў у нас няма, а тая моладзь, што засталася, з вамі гаварыць не стане. Бо ім тут жыць.
Стальмах паслухаў параду, і яны ціха, без лішняга шуму на світанні выехалі.
Настаў ясны зімовы дзень. Коні, адпачыўшы за ноч, беглі ахвотна, весела фыркалі. Яркае сонца не спяшала вылазіць з-за цёмнага ў белых шапках лесу, знізу падсвятляла мудрагелістае вязьмо пакрытых інеем галін стогадовых бяроз, якія раслі па баках старадаўняга гасцінца да першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. Пераплеценыя ўверсе галінкі гарэлі пяшчотным ружовым святлом, ствараючы таямнічую карціну забытай каляднай казкі.
Зміцер, зручна ўладкаваўшыся ў вазку, глядзеў на нерукатворныя ўзоры, якія ляцелі над ім нібы ў нейкім чароўным кіно. «Гасподзь, вялікі і ўсемагутны, якога я не ведаю і чыё імя ўспамінаю па-здрадніцку рэдка! Што будзе заўтра, ды што там заўтра, што будзе з намі за наступным паваротам? Ты ведаеш, Божа, не хацеў я гэтых турботаў, не шукаў службы ні ў гэтых, ні ў тых, гатовых вынішчыць увесь табою створаны свет. Спытайся цяпер, навошта і ў імя чаго еду я ў гэтых санях? З надзеяй на якую будучыню кажу я прыгожыя словы затурканым і не заўсёды сытым хлапчукам? Што іх чакае наперадзе? Што яны змогуць зрабіць у імя нашых далёкіх ідэалаў свабоды і нацыянальнага ўваскрашэння краіны. Ды і ці трэба большасці людзей гэтае ўваскрашэнне міфічнай краіны, якое патрабуе ўсё новых ахвяраў і новай крыві? Калі наканавана мне сёння загінуць, кім я застануся ў людской памяці? Ды і ці ёсць гэтая памяць? Перамогуць Саветы, а, падобна, яны перамогуць, хоць немцы і талдычаць апошнім часам пра нейкую звышзброю. І будзе табе і памяць, і следства, і прысуд! Так што лепш ужо без аніякай памяці: вырашыў ісці гэтай дарогай, дык не віляй. І чым больш твае выхаванцы натвораць спраў у тыле Саветаў, тым лепш. Тваімі мазгамі і чужымі рукамі закладваецца вялікая справа новай вайны з Саветамі. А потым, чым чорт не жартуе, можа, менавіта твае выхаванцы ці іх дзеці калісьці і даб’юцца гэтай самай незалежнасці. Чаго ты сябе мучыш? Чаго свае мары сам жа і топчаш? Ты сейбіт, і зусім не абавязкова менавіта табе жаць пасеяны табой хлеб будучага дня».
Рыпеў снег пад палазамі, цішыня і спакой павольна раставалі белымі воблачкамі дыхання людзей і жывёл у празрыстым, амаль шкляным марозным паветры бліскучага сонечнага дня. Асляпляльная зімовая казка была такой жа зыбкай і часовай, як летуценні рамантыкаў, якія рызыкнулі на свой страх і рызыку ўваскрасіць былую моцу сваёй Радзімы, уваскрасіць, чаго б тое ні каштавала, уваскрасіць любой цаной, не грэбуючы запэцкацца крывёю і службай чарговым акупантам роднай зямлі.
Гарэў ружовым полымем пажару і крыві халодны ўзыход зімы сорак чацвёртага года, апошняй яго зімы на радзіме. Але ні Стальмах, ні яго паплечнікі гэтага не ведалі і не жадалі ведаць, яны ехалі, мерзлі, моклі, атрымлівалі з-за вугла кулі, асіпла гаварылі на мітынгах і ехалі далей, упэў– неныя ў тым, што іх словы пра волю, пра незалежнасць, пра справядлівую вайну за сваё роднае і мілае застануцца ў сэрцах тых хлачукоў і дзяўчат...
Наваградак сустрэў іх сваёй будзённасцю. Толькі добра ўмацаваныя пасты на ўездах у горад і патрулі на вуліцах гаварылі пра вайну, сляды якой старанна замяталі лютаўскія завеі. Бурмістрам у горадзе служыў аднакашнік Стальмаха Мікалай Буляк, злёгку паўнаваты, каржакаваты мужчына гадоў пад сорак, маўчун і працаголік з-пад Любчы. У немцаў ён у асаблівых перадавіках не хадзіў, разнарадкі на адпраўку моладзі ў Германію хранічна недавыконваў, па хлебанарыхтоўках і іншых паборах асабліва не стараўся, але задание выконваў і гарадскую гаспадарку вёў спраўна. Усё ў яго працавала: і пошта, і бальніца, і школа, і педагагічная семінарыя, нават конная гвардыя свая была, як жартам называлі эскадрон Барыса Рагулі, сфармаваны з дазволу і пад патранажам самога фон Готберга.
У гарадскую ўправу і накіраваліся сталічныя візіцёры.
– О, глядзі на яго, жывы! – выйшаў з-за стала насустрач Змітру бурмістр,
– а мне тут з раніцы дакладваюць, што пад Баярамі ўчора нейкія менскія паліцыянты на партызанскую засаду нарваліся, і ўсе палеглі. Ну, здароў, братка! – і яны абняліся.
– Як бачыш, жывы і на той свет пакуль не збіраюся. Аднак да цябе навіны хутчэй, чым тэлефанаграмы, бягуць. Адкуль ведаеш, што нас абстралялі?
– Дык я табе ўсё і распавёў. Эй, хлопцы! – крыкнуў у прыёмную гаспадар кабінета, – вы там скумекайце нам перакусіць са сталічным госцем. А ты давай сядай вось на канапу і расказвай мне ўсе менскія навіны, якія там у вас плёткі ходзяць, які настрой у начальства? А галоўнае – з якога ты перапуду вырашыў у нашую глухамань наведацца?
– Ведаеш, Мікола, я табе яснага нічога і не скажу. З Мінска выязджаючы, ведаў, навошта сюды еду, нават план у начальства падпісаў. А вось у Нясвіжы пабыў, у вёскі ды хутары завітаў, і ўжо не ведаю, якога я ражна тут у вас соўгаюся, смерць спакушаю. – Стальмах устаў з дапатопнай, на здзіўленне моцнай канапы, падышоў да дзвярэй кабінета, акуратна іх зачыніў. – Не ведаю, Мікола, усё ўадначас у растапырку ўстала. Хрусь – і ўсё.
– Ну і суцешыў ты старога таварыша! З чаго гэта столькі песімізму ў голасе? Дзе мой баявы сябар Стальмах, нястомны змагар за нацыянальную будучыню роднай Беларусі? Куды дзелася былая ўпэўненасць у заўтрашні дзень у беларускага Гебельса?
– Мікола, перастань ты пацвяляцца! Хіба не бачыш, што вакол творыцца? Немцы ўсё мятуць і адсылаюць дадому, ім ужо не да ўсходніх тэрыторый, фронт вунь на Проні стаіць. Пра менскія навіны пытаеш? Калі ласка: нашыя разумнікі, каб перад фон Готбергам ці яшчэ перад кім у Берліне прагнуцца, вырашылі сусветны кангрэс беларусаў гэтым летам правесці. Я разумею – у сорак першым ці сорак другім такое можна было б задумаць, ды і тое пры ўмове самакіравання і магчымасці нацыянальнага адраджэння нашых земляў. Цяпер жа навошта? Тут самім самы час валізы збіраць. Навошта, скажы мне, перад прыходам Саветаў усіх сваіх прыхільнікаў свяціць. Яны што, не разумеюць?! Гэта ж смерць! Вось табе і сталічныя навіны. Яшчэ яны прымушаюць нашых хлапцоў з СБМ у паліцыю ўступаць, а затым адпраўляюць у беларускі батальён СД. Вінтоўку ў рукі – і на акцыі. А яны ж дзеці зусім, двое рукі на сябе наклалі. Вось такія ў нас невясёлыя навіны. А ты, я гляджу, – Зміцер перастаў хадзіць і прысеў на край канапы, – як крот тут абкапаўся, вакол чысціня, парадак, рамонт гандлёвых шэрагаў задумаў. Што, з Наваградка немцы бегчы не збіраюцца?
– Ды чаго ж не збіраюцца? Збіраюцца. І барахло экспрапрыяванае адпраўляюць у свой фатэрлянд. І я, у добры прыклад, там таксама адрасок займеў і сёе-тое туды перакідваю. І табе, Зміцер, раю. Вось так. Не думаю, што саюзнікі дадуць Саветам Нямеччыну цалкам забраць, яна ім яшчэ спатрэбіцца, а калі яна спатрэбіцца, то і мы на што-небудзь спатрэбімся. А пакуль будзем мацаваць вялікі нямецкі парадак у адным асобна ўзятым павеце. Ды і на з’езд беларусаў я паеду, можа, цяпер гэта і дурнота, а вось у будучыні, упэўнены, спатрэбіцца. І ацэняць гэта не толькі немцы, павер маёй інтуцыі.
8
Скарга ўпершыню ішоў на спатканне з нейкімі невядомымі раней перажываннямі, унутранай збянтэжанасцю і нават немаведама адкуль узніклай сарамлівасцю. Яшчэ з пазаўчарашняга дня, пасля нечаканага разладу з дзядзькам ды такога ж нечаканага прымірэння, ён знаходзіўся ў навакольнай рэчаіснасці, нібы муха ў талерцы з супам: і не еў, і не плыў, чакаючы, пакуль абставіны яго самі неяк вызваляць. Чым, уласна, гэтае спатканне адрознівалася ад дзясятка іншых, што яму папярэднічалі, ён ніяк не мог уцяміць – і ад таго злаваўся.
Перабіраючы ў галаве ўсе дробязі іх першай сустрэчы, ён ужо стаміўся ў пошуках лагічнага тлумачэння дзівосаў, якія адбываюцца з ім. Па-першае, ён парушыў службовую інструкцыю і не праінфармаваў кіраўніцтва пра інцыдэнт з міліцыяй і знаёмствам з актыўным членам маладзёжнай нацыянальна-арыентаванай групы. Пісьмова не данёс пра свой удзел у зборышчы нефармалаў, не прыняў меры да ўстанаўлення іх асоб. Па-другое, усяляк спрабаваў апраўдваць сваю правіну нейкай неабходнасцю ва ўсім разабрацца, устанавіць, што і як, а не секчы з пляча. З жахам Вячаслаў усведамляў, што ўпершыню ён спрабуе хлусіць самому сабе.