Текст книги "«Чорны кот» (СИ)"
Автор книги: Валерий Казаков
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 13 страниц)
Валерый КАЗАКОЎ
«ЧОРНЫ КОТ»
Раман
1
– Ягор Кузьміч, а ці была наогул гэтая «Чорная котка»? Я вунь у нашых падручніках шукаў, у бібліятэках і ў адкрытых, і ў сакрэтнай шукаў, увесь айчынны інтэрнэт і літаратуру перашуфляваў – нідзе нічога няма. Нешта каламутнае толькі «з-за бугра» праскоквае – і ўсё. Можа, гэта звычайная выдумка, што прыляцела да нас з Захаду?
– Якія вы маладыя ўсе скорыя, – стары з цяжкасцю падняўся са свайго фатэля, нейкі час пастаяў, упёршыся рукамі ў паясніцу, нібы даючы магчымасць бітаму-перабітаму хрыбетніку выпрастацца, шчыльней зацягнуў на поясе тоўстую, ужо амаль выцертую пуховую хустку і, ледзь адрываючы ногі ад падлогі, рушыў да велізарнай -ва ўсю сцяну – кніжнай шафы. Наогул, трэба сказаць, што жытло гэтага чалавека, які ўжо дажываў свой век, у асноўным складалася з кніг і сотняў, а можа і тысячаў разных тэчак. Стэлажы былі ўсюды, нават у прыбіральні, па абодва бакі ад дзвярэй віселі паліцы з нейкімі часопісамі і кнігамі.
Рухаўся стары амаль бязгучна, ён не цягнуў ногі і не шаргацеў па сцёртым паркеце такімі ж, як і сам, старымі растаптанымі тапкамі. Ён плаўна адрываў ступні на нейкія міліметры ад падлогі, сунуў іх наперад і асцярожна апускаў; атрымлівалася складна і нават пластычна.
– Кот, Слаўка, кот тады вадзіўся ў нашых лясах, а не котка. Наогул, дурная гэта была гісторыя, і здарылася яна ў самы дурны час. Наогул жа... – стары спыніўся і, апусціўшы акуляры амаль на самы кончык носа ды гледзячы на свайго маладога суразмоўцу, дадаў з хітрынкай у голасе: – На нашым з табой фронце толькі дурны час і ёсць, іншага там і не бывае. – Ягор Кузьміч спыніўся перад стэлажом, паправіў акуляры, прыгледзеўся да кніжных шэрагаў і адразу ж дастаў худую тэчку з зеленаватага кардона, заціснутую паміж таўшчэзных кніг. – Кот, кот, а чаму кот – ніхто толкам тады і не ведаў. Помню, начальства вельмі неўзлюбіла гэтую жывёліну, і варта было нам, маладняку, штосьці сказаць пра кашэчае жыццё – усё, разнос быў гарантаваны, – стары ціхенька засмяяўся.
– Вы чаго смеяцеся? Пра разнос ці пра катоў нешта ўспомнілі?
– А-а, пра тое і пра другое. Мы тады з лясоў вярталіся, стомленыя, брудныя, зарослыя, але амаль заўсёды шчаслівыя, калі ўсім жывымі даводзілася выбрацца. Жыць тады, Слава, хацелася, аж дыханне перахоплівала. Вайна ж скончылася. Мір, радуйся, жыві! Многія хоць і маладыя, а паваявалі ўжо. А тут на табе: і мір, і вайна, усё табе разам. Ад горада ад’ехаў нейкіх кіламетраў з дваццаць – і вунь яна, смерць, ужо з-за куста ці з лагчынкі за табой сочыць. Ліхі, кажу, тады быў час.
Дык вось, з гэтых сваіх паездак пачалі мы ва ўпраўленне цішком прывозіць кацянят, і стараліся, каб кацяняты тыя былі чорненькія. Прывязем, пакормім, жывёліна куды-небудзь зашыецца і спіць. Мы па дамах. Ды якое там па дамах! Амаль усе ў інтэрнаце жылі. А раніцай толькі і чуваць: чорны кот, чорны кот! Дзе, хто, адкуль?! Усе кідаліся лавіць і выкідваць бяскрыўдную істоту. Дзень пачынаўся весела. Нам бы хто з начальства хоць намякнуў што пра ката гэтага чорнага... Сам Цанава забараніў не тое што згадваць, але і думаць аб тым.
І вось у часе адной з аперацый бралі мы пад Маладзечнам паліцаяадзіночку, усё прайшло спакойна, нават без страляніны. Колька Смоліч на тым закінутым хутары ўзяў з сабой здаравеннага кашака, чорнага, як вугаль, толькі кончыкі пярэдніх лапак дымчатыя, прыгожыя. Дадому ўзяў. І трэба ж было яму, адразу пасля прыезду ў Мінск, на ганку ўпраўлення амаль нос у нос сутыкнуцца са самім наркамам. Кот на руках мурлыкае... Колька выцягнуўся, як і належыць, руку да брыля – а кот да лакаваных ботаў Самога і скаціўся!
– Што гэта? – пытаецца Цанава.
– Кот, таварыш наркам! – адказвае яму Колька і спрабуе ката нагой адагнаць.
– Які яшчэ кот?
А гэты дурань вазьмі ды ляпні:
– Чорны!
Што тут пачалося! Думалі, і Кольку, і нам усім, хто стаяў побач, канец прыйшоў. Тады расправа хуткай была. Ці жарт: самому Цанаву не дагадзілі, а ён не проста генерал, а асабісты стаўленік Берыі, ягоны зямляк!.. – Памаўчаў і дадаў: – Добра, давай глядзець, што тут у нас...
– Ягор Кузьміч, ну нельга ж так! Справа з катом чым закончылася?
– Добра закончылася. Цанава гарланіць, а кот давай аб ягоны бот церціся, разумны кот трапіўся. Наркам сумеўся. «Што гэта з ім?», – пытаецца. Колька выразна яму і дакладвае: «Дык гэта ён чуе, хто ў доме гаспадар!» Цанава зарагатаў, і ўсе за ім. Так і абышлося. Кольку, праўда, праз тыдзень перавялі ў Гродна, з вачэй далей, там ён у Налібоцкай пушчы і загінуў. Ды досыць аб тым, на вось, глядзі, – працягнуў Ягор Кузьміч хлопцу тэчку, – а я пакуль пайду тваёй гарбаткі завару. Песціш старога, у самога, мусіць, грошай як той кот наплакаў?
Тэчка была старая, нейкага бялёса-зялёнага колеру, з чырвонымі, моцна завязанымі матузкамі. Чарнільныя надпісы на разлінаваным па сярэдзіне шэрым квадраце ад часу выцвілі і амаль ужо не чыталіся. Патрэбна было больш святла.
– Ты там давай не саромся, сядай да бакавога століка ды лямпу ўключы! -крыкнуў з кухні стары.
– Вось дык дзед! – з захапленнем падумаў Вячаслаў, уладкоўваючыся за невялікім столікам, прысунутым ушчыльную да падваконніка. Запаліў святло. Калісьці акуратна выведзеныя асадкай літары ператварыліся ў мудрагелістыя, злізаныя часам іерогліфы. У правым верхнім куце тлустым сінім алоўкам красаваліся задвукосеныя літары «ЧК». Сэрца забілася часцей: «Няўжо? Быць гэтага не можа! Аддаць амаль год на пошукі хоць нейкіх звестак на гэтую няўлоўную тэму – і вось на табе: «ЧК»! Літаркі гэтыя відавочна пазначалі не першапачатковую абрэвіятуру яго грознага ведамства. Дакументы, затоеныя ў гэтай някідкай тэчцы, хутчэй за ўсё мелі дачыненне да жаданага «Чорнага ката». “Цяпер вось развяжу матузкі і...”
Першым у тэчцы ляжаў пажоўклы аркуш з выпіскай з рашэння закрытага пасяджэння бюро ЦК КП(б)Б ад 13 снежня 1945 года, усяго паўстаронкі тэсту, які складаецца з двух пунктаў. У першым канстатавалася, што пераважная большасць насельніцтва БССР, у тым ліку і заходніх яе абласцей, з радасцю ўспрынялі сваё вызваленне ад фашысцкай акупацыі і актыўна ўключыліся ў працу па аднаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі. Аднак у рэспубліцы яшчэ засталася значная колькасць былых паліцаяў, членаў іншых прафашысцкіх арганізацый ды іх памагатых. Партыйныя, савецкія органы і работнікі абавязаны аказваць актыўную дапамогу органам НКУС у іх выяўленні і ліквідацыі.
Другі пункт даслоўна абвяшчаў: «Асобныя кіруючыя таварышы, у асноўным раённага і мясцовага ўзроўняў, часам дапускаюць выпадкі панікёрства, перабольшваюць небяспеку, якую наносяць грамадству гітлераўскія недабіткі, і спрабуюць прадставіць адзінкавыя выпадкі праяў бандытызму як арганізаваны супраціў савецкай уладзе, які абапіраецца на разгалінаванае нацыяналістычнае падполле. Гэта недапушчальна».
Ніжэй алоўкам было нешта напісана, а пад запісам ледзь віднеліся тры калонкі лічбаў і нейкіх пазнакаў.
– Вось табе, Слава, лупа і гарбата, – амаль над самым вухам нягучна вымавіў Ягор Кузьміч.
– Таварыш палкоўнік, гэтак жа і заікай можна зрабіць, – уздрыгнуў ад нечаканасці малады чалавек. – Цікавы дакумент, – ставячы на стол кубак з гарбатай, кіўнуў ён галавой на раскрытую тэчку.
– Маёр я, Слава, проста маёр. Ведаю, што ты мне хочаш запярэчыць. Сапраўды, быў падпалкоўнікам, але разжалаваны з цалкам рэвалюцыйнай фармулёўкай: «За страту палітычнай пільнасці і бытавую распушчанасць». Доўга з такім кляймом я на аператыўнай працы не затрымаўся і быў, з улікам былых заслуг, адпраўлены камандаваць ведамасным архівам. Вось такія справы. Так што маёрам і звольніўся. Гэта ўжо потым у запасе нейкі разумнік дадумаўся – і мне яшчэ раз, курам на смех, прысвоілі падпалкоўніка, да даты або да нейкага свята – ужо і не памятаю... А вось у лес цябе з сабой я б не ўзяў, – рэзка змяніў тэму стары чэкіст.
– Гэта чаму ж? Я спартовец, выдатнік па ваенізаваным кросе і арыентаванні. Тэсты на выжыванне не горш за іншых здаў у свой час.
– Глухі ты, вушэй на патыліцы няма. Я з кухні ішоў, лыжка ў кубку бразгала, рукі ж ужо трасуцца. Яшчэ вунь паперку скінуў, калі лупу на сваім стале браў.
– Вы гэта сур’ёзна? Я ж вось на... – хлопец пакрыўджана ткнуў пальцам у тэчку.
– Чытаў, напэўна? Ды так уважліва, што і слых прытупіўся? – здзекліва спытаў стары. – А вось амаль дзевяностагадовы дзед падышоў да цябе, а ты і не пачуў, вунь здрыгануўся, калі пачаў размаўляць. Калі б гэта было ў лесе ці яшчэ пры якіх абставінах – і ўсё, праз тры дні ўжо б і жалобныя залпы над тваёй магілкай прагучалі. Ты давай толькі не крыўдуй і ў зануды мяне не запісвай. Калі ступіў на сцежку контрвыведніка, то абавязаны заўсёды і да ўсяго быць гатовым. Добра, – стары паляпаў хлопца па плячы, – чаго ты там ужо нагледзеўся, як ты кажаш, цікавага?
– Толкам яшчэ нічога і не прачытаў, – адазваўся малады чалавек, – толькі першую старонку прабег, падумаў, што трэба было б неяк гэта павялічыць, як вы падкраліся і вось прынеслі, – ён падняў руку з лупай.
– Ды хопіць дзьмуцца, не паненка! І не падкрадваўся я, гарбату во прынёс табе. Так што крыўдзіць мяне не трэба. Падкраўся, падкраўся! Вось падсохне, у лес як-небудзь з’ездзім, я табе там пакажу сапраўднае падкрадванне. Што там на першай старонцы? Я ўжо і падзабыў.
– Рашэнне ЦК Белкампартыі аб поўнай адсутнасці ў рэспубліцы арганізаванага супраціву савецкай уладзе ў сувязі з мудрым курсам КПСС.
– Вось так, Слава, а ты кажаш – бібліятэкі. У бібліятэках у нас у краіне заўсёды захоўвалі толькі тое, што было дазволена, а астатняе ці палілі, ці ў «спецхран».
– Але час жа які цяпер! Якія забароны? Усё, што было ў тых спецхранах, сёння ў кнігарнях на паліцах і ў сусветнай павуціне.
– Час – ён, Слава, вядома, іншы, але парадкі засталіся тыя ж, асабліва што тычыцца падобных пытанняў, і асабліва ў нашай магутнай дзяржаве. Ты гэта на будучае запамінай. Была ды і ёсць такая старая чэкісцкая мудрасць: чым менш народ ведае, тым мацней начальства спіць. Давай, гартай далей.
– Не, тут нешта алоўкам напісана, зараз прачытаю, – хлопец падсунуў аркуш бліжэй да лямпы, паднёс лупу, – нейкія скарачэнні і лічбы. Тры слупкі. Першы: “А.иС.Р”; другі – “Н.Я.иВ”; трэці – “Вр.Об”. Вось яшчэ – над імі “44-45”. Нічога не зразумела. Злева ад першага слупка ўніз ідуць літары: “У.”, “АиВ.П.”, “Р.”, яшчэ нейкія дзве ці тры, цалкам сцёртыя...
– Старая гэта бухгалтэрыя. Першы слупок – актывісты і саўработнікі, другі – нашы, ястрабкі і ваякі, трэці – агульная колькасць ворагаў. Літары ўніз: забітыя, арыштаваныя і ўзятыя ў палон, параненыя, а далей там толькі для ворагаў – знішчана бандфармаванняў, разгромлена баз, схронаў, лагераў. Ну, калі лічбы чытаюцца, лічы, а я пакуль па сваю гарбату схаджу.
Вячаслаў дастаў з кішэні нататнік, ручку і быў ўзяўся за няхітрую арыфметыку, але пачуў бразгаценне посуду на кухні і напружыў слых, робячы таропкія запісы.
– І якія тут у нас поспехі?
– Так. – паварочваючыся да старога чэкіста, не без гонару вымавіў юнак. – Вы на кухні зачынілі бляшанку з гарбатай і, хутчэй за ўсё, паставілі яе на месца, з цукарніцы насыпалі лыжкай цукар, размяшалі яго. Потым, потым... – ён зазірнуў у канспект, – адарвалі нейкую паперу і пайшлі сюды. Пакуль ішлі, лыжка бразнула, калі не памыляюся, пяць разоў. Усё! – з гонарам адрапартаваў ён.
– Малайчына! Нядрэнна, вельмі нядрэнна! Як там з падлікамі?
– Вось з гэтым тугавата. Лічыць і слухаць адначасова не атрымліваецца. Але я ж беларус, я ўпарты, я змагу, натрэніруюся. А палічыць... я гэта імгненна...
– Давай, лічы, а заадно і старэчую памяць праверым. – Прымружыўшы вочы, Ягор Кузьміч пачаў нягучна называць лічбы. – Арыштавана ворагаў: 17870, забіта – 3035, паранена – 5302, разгромлена бандаў – 914. Забіта з нашага боку з усіх катэгорый – 521, паранена – 1911, прапала без вестак
– 47. Так, здаецца?
– Ну, вы даяце, Ягор Кузьміч! Як гэта ўсё можна памятаць столькі гадоў! Усё, усё, лічу! Усяго атрымалася пацярпелых, – Вячаслаў на імгненне запнуўся і са здзіўленнем падвёў вынік, – амаль 27300, без чатырох чалавек! І гэта толькі, як я зразумеў, за адзін няпоўны год! Нічога сабе!
– Так, сумна. І ўлічы – гэта толькі, як цяпер кажуць, прамых стратаў, а колькі расстралялі па прысудах трыбуналаў і судоў як нацыяналістаў і памагатых, а колькі асуджаных на «сталінскай дваццатцы» так з лагераў і не вярнуліся? А колькі яшчэ проста мірнага насельніцтва загінула, звы– чайных сельскіх жыхароў, не партыйных, актывістаў, проста хлебаробаў
– іх увогуле ніхто не лічыў. Думаю, за першую пасляваенную пяцігодку тысячаў пад сто пяцьдзясят будзе. – Стары змоўк і пацяжэлай хадой вярнуўся да свайго фатэля.
2
У казарме, хоць вокны і расчынілі насцеж, было душна, пахла дзёгцем і чалавечым потам. За акном павольна ўставала жнівеньскае сонца. У старых, высокіх каштанах, ліпах і елках, якія растуць па ўсім перыметры ваеннага гарадка, ля навучальных карпусоў, ля штаба, у парку з аўтамабільнай тэхнікай бесклапотна пра штосьці сваё буркаталі галубы. Лёгкі туман падаўся з пустога пакуль пляца за казарму, да стадыёна, да паласы перашкод, да спартыўнага гарадка, за якім іскрыўся расой поплаў, што ўпіраўся ў раскідзістыя вербы на беразе доўгага і глыбокага возера Рупінер Зэе. Да пад’ёма яшчэ амаль гадзіна.
Зміцер, якому дасталіся самыя паскудныя гадзіны дзяжурства, адклаў беларуска-нямецкі размоўнік, устаў з-за маленькага століка, заклаў рукі за спіну і пацягнуўся. Некалькі разоў прысеў, падышоў да вакна. Яму ў гэтым ціхім, вылізаным нямецкім гарадку ўсё не падабалася. Ды не толькі гарадок, самі немцы, сама Германія не выклікалі ў ім асаблівага захаплення. Вядома, нацысты лепш Саветаў, каты і тыя, і тыя, але немцы хоць сваіх як сабак не знішчаюць. Вядома, не варта трымаць такія думкі ў галаве: не дай Бог, хтосьці здагадаецца ці падслухае іх! Тады труба! А ён ужо быў у гэтай трубе.
Вайна для лейтэнанта Чырвонай Арміі Дзмітрыя Іванавіча Стальмаха закончылася на другі дзень пасля яе пачатку. У палон сам не здаваўся, але і абараняцца да перадапошняга патрона, каб апошні пакінуць для сябе, як таго патрабавалі палітработнікі, не стаў. Усе здаліся – і ён з усімі. Там і ваяваць асабліва не было калі. Ноччу разбамбілі лагер, ні палка, ні штаба. Усе бягуць, усе крычаць, а немцы ўжо вакол, так што ні разу і не стрэліў. Праўда, пятліцы з кубарамі не зрываў, а вось камісарчык іх батальённы шаўрон свой партыйны адарваў, а потым і наогул салдацкую гімнасцёрку нацягнуў. Усе роўна не дапамагло. А ўсім вочы не выкалеш і язык не адрэжаш. Гэта толькі з выгляду армія адзіная і магутная, а калі паасобку – ледзь папружку паслабіў, дык усё і папаўзло-палезла. Якім бы ты партыйным не быў, а ў адзіночных акопах, калі на цябе танкі пруць, атэістаў не бывае.
Потым быў лагер. Нават не лагер, а так, загародка для двуногай жывёлы, нават не жывёлы – быдла хоць кормяць і карысць нейкую ад яго маюць. А тут сагналі, дротам сяк-так абматалі перыметр – і забыліся. Колькі народу ад ранаў, хвароб і галадухі перамерла. іх ні Сталін, ні Гітлер не лічылі. А палічыў бы Гітлер, накарміў, слова добрае сказаў ды на фронт адправіў – ужо, глядзіш, і да Урала б падыходзіў.
– Што ж гэта, Дзіма, як дзяжурства, дык цябе на ўспаміны цягне? – з уздыхам перапыніў ён свае роздумы. – Вунь лепш дойч вучы. Больш імпэту па службе, курсант Стальмах, і новае начальства цябе заўважыць.
– Гэй, дзяжурны, што гэта ты ранішнімі прыгажосцямі Вустраў любуется, ці не пара ўжо кукарэкаць? – нягучны голас Гінько вярнуў яго ў рэальнасць. – О, ты толькі глянь на яго. імперскую мову зубрыш, малайцом! – Міхаіл убачыў размоўнік.
Невысокі, добра складзены малады чалавек са стрыжанай, як ва ўсіх тутэйшых насельнікаў, галавой быў не проста земляком і сябрам, ён быў дабрадзеем і выратавальнікам. Менавіта Міхаіл праз правадыра беларускіх нацыстаў Акунчыца выцягнуў Зміцера з лагера ваеннапалонных. Паручыў– ся за яго і ўладкаваў сюды ў навучальны лагер міністэрства Усходніх тэрыторый Розенберга. Паўгода назад дахадзяга лейтэнант, упершыню за доўгія месяцы па-сапраўднаму вымыўшыся ў лазні, надзеўшы новую бялізну і нязвыклую форму, па дарозе ў сталовую даў сабе слова, што заўсёды – што б ні здарылася – будзе побач з гэтым валявым і фанатычным у сваіх перакананнях чалавекам.
– Ды не, камандзір, ранавата яшчэ, хай народ крыху пакімарыць, – зірнуўшы на старэнькі дзяжурны гадзінік, адказаў Дзмітрый. – А тут сапраўды прыгожа, нашыя Браслаўскія азёры нагадвае, толькі неяк пуста...
– Не пуста, а дагледжана ўсё, дагледжана. Гэта табе не віцебскія бураломы, – пазяхнуўшы, адказаў сябар. – Ну што. заўтра апошні дзень зубрылаўкі – і ўсё: фрайлагер. Фрай, братка, гэта свабода, гэта цывільны касцюм, поўная салдацкая пайка і вольны выхад за тэрыторыю. Ты хоць уяўляеш, што там, за плотам? Там, Дзіма, Берлін – сталіца тысячагадовага рэйха, там наша з табой будучыня і дзяўчаты...
– Ага, за сужыццё з...
– Спакойна, спадар Зміцер, мы тут і беларусачак знойдзем. І давай, гэта, выкідваць ужо са сваёй макатыркі лагерныя думкі аб нашай расавай непаўнавартаснасці. Беларус – таксама арыец, малодшы брат германца і, успомніш мяне, хутка нашым хлопцам дазволяць служыць нават у войсках СС. Шэф шапнуў, што паперы па гэтым пытанні ўжо ходзяць па высокіх кабінетах. Добра, глядзі пад’ём не празявай, я ў сарцір, пакуль там усё джыгіты не паабсцыкалі.
Іх спецлагер, як і ўсё, звязанае з усходнімі тэрыторыямі рэйха, быў інтэрнацыянальным. Асновы адміністравання і прапаганды тут зубрылі не толькі беларусы, украінцы, рускія, але і грузіны, армяне, калмыкі, горцы, татары, якія асабліва ганарыліся сваім народным паэтам Мусой Джалілем, які ці трапіў у палон, ці сам перайшоў да немцаў па ідэйных меркаваннях; потым, праўда, яго вярнулі ў Маабіт, дзе і пакаралі смерцю. Неяк у лагернай газеце публікаваліся яго вершы на татарскай і пераклады на рускую. Яшчэ была ў вялікай пашане мастацкая самадзейнасць. Тут цэлыя баталіі разгортваліся, але абскакаць грузінаў ніхто так і не змог, тых нават у Берлін спецыяльна вазілі перад кіраўніцтвам рэйха спяваць. Яны потым хваліліся, што сам Гітлер іх пахваліў. Брахалі, вядома! Дзе палонныя грузіны – і дзе аж сам Гітлер.
Раніца яна і ёсць раніца – шумлівая, мітуслівая, спешкая. Адбрынчэў посудам сняданак. Заняткі ішлі неяк вяла. Група і выкладчыкі, ведаючы пра хуткае расстанне, больш гаварылі аб будучай працы, чым «Аб крытыцы савецкай дзяржаўнай сістэмы», як таго патрабавала вучэбная праграма.
– А што яе крытыкаваць, гэтую ср..лую сістэму, калі бальшавікі з жыдамі ўсё з маёй хаты выграблі, мяне ў войска, бацькоў і малодшых – у Сібір! – завёўся Васіль Трэба з-пад Нясвіжа. – Жыдоўскіх пернікаў наеліся ўдосыць! Я, спадар настаўнік, ні ў якія бурмістрыі служыць не пайду, мне вунь зброю дайце – і дадому адпраўце. Вось ужо я палютую, за ўсё, сукі, адкажуць!
– Высакародная нянавісць загартоўвае душы, сябры. І ў гэтым схаваны адзін са складнікаў нашай будучай перамогі, – сухім гучным голасам падбадзёрыў Васіля Інакенцій Карповіч, хударлявы, высушаны гадамі і горам палкоўнік царскай арміі, які чытаў у школе блок лекцый па антысаветызму і антыкамунізму. Бальшавікі за доўгія гады грамадзянскай вайны знітчылі ўвесь яго некалі шматлікі род, а дачушак-двайнятак на вачах у бацькі згвалтавалі і затапталі коньмі. – Толькі вось, шаноўны Васіль Францавіч, – з уздыхам дадаў выкладчык, – часам і нянавісці, і вінтоўкі бывае мала. Часам слова, сказанае табой, можа нанесці ворагу куды большыя страты, чым выпушчаная куля. Для таго, каб страляць і справядліва рваць зубамі бальшавіцкае паскуддзе, хапіла б і двух месяцаў перападрыхтоўкі. Усе вы ў мінулым служылі ў войску, хоць і ў савецкім. Страляць і падпарадкоўвацца камандзірам умееце, а многія і самі афіцэры, так што ваяваць зможаце. Аднак Фюрэр нямецкага народа і вашая добрая воля накіравалі вас сюды ў Вустраў. Пройдзе час, і назва гэтага ўтульнага мястэчка будзе для вас як пароль, як візітная картка, каб пазнаць свайго субрата і аднадумца, аднакашніка. Была ў старыя добрыя часы такая назва пабрацімства – аднакашнікі, людзі, якія елі з аднаго катла адну і тую ж кашу. Кашу, што не ведае ні саслоўяў, ні рэлігій, ні маёмаснага цэнзу. Вось і вы, параднёныя, у нейкай ступені, і лагерам, і чужынай, і не заўсёды салодкай кашай, гатовыя да вяртання дадому. Вы гатовыя не толькі да помсты, галоўнае – вы павінны думаць пра будучыню сваёй зямлі, а будучыня і ў Расіі, і ў Беларусі, і ва Украіны можа быць толькі пасля перамогі над бальшавікамі. Заўтра вы пяройдзеце ў фрайлагер, але мы з вамі не расстаёмся і перыядычна будзем сустракацца, вучоба працягнецца. Мне б вельмі хацелася, спадары, каб кожны з вас застаўся верны нашаму братэрству і сваёй адвагай даказаў вернасць новай Еўропе, у якой ваша родная Беларусь зойме годнае месца.
– Жыве Беларусь! – ускокваючы і выцягваючы наперад правую руку, дружна выкрыкнулі дваццаць маладых галасоў.
Падчас перапынку да курылкі падышоў яфрэйтар Думкель і выклікаў Дзмітрыя да начальніка лагера Аука.
– Спадар начальнік лагера, ваеннапалонны Стальмах па вашым загадзе прыбыў!
– Хайль Гітлер! – павітаў яго начальнік.
– Хайль Гітлер, гер камендант!
– Вы больш не ваеннапалонны, вы выпускнік спецыяльнай школы Германіі. Я вас віншую, спадар Стальмах, праверку вы прайшлі паспяхова, – зазіраючы ў паперы, вымавіў зусім не ваеннага выгляду чалавек у старасвецкім пенснэ на доўгім чорным шнурку. – Вы выбралі вельмі правільную і патрэбную спецыялізацыю – прапаганда і праца з моладдзю. Моладзь – гэта заўсёды будучыня. Вамі задаволеныя ўсе выкладчыкі, агульны бал вашага разумовага ўзроўню і здольнасцяў чатыры з паловай. Гэта вельмі добра. Зараз пройдзеце з Думкелем і аформіце апошнія фармальнасці. Паспяховай вам працы на будучыню вялікай Германіі!
– Дзякуй, гер камендант, я апраўдаю ваш давер! – бадзёра павярнуўшы– ся, Дзмітрый выйшаў з кабінета.
Зануда Думкель нікуды не спяшаўся. Дачакаўшыся, калі праз кабінет шэфа прайшлі яшчэ чалавек сем, ён усіх пашыхтаваў і павёў у самы далёкі корпус лагера, які быў абгароджаны асобным высокім плотам і ахоўваў– ся двума сумнымі эсэсаўцамі. Увайшоўшы ва ўнутраны дворык, хлопцы прыціхлі і насцярожыліся. Кожны з іх ужо пабываў у гэтым драўляным бараку з закратаванымі вокнамі і яркімі настольнымі лямпамі. Кожны памятаў, што і пра каго ён тут казаў, якія яму задавалі пытанні і што ён пісаў у апытальных лістах, якія далі ім ветлівыя ваенныя з чэпкімі і недаверлівымі вачыма.
Яфрэйтар пашыхтаваў хлопцаў перад уваходам у корпус, далажыў аб прыбыцці і незаўважна выслізнуў за вароты. Праз некалькі хвілін на ганак выйшаў высокі афіцэр, зацягнуты ў чорную форму аховы СС.
– Мікутовіч! – назваў ён прозвішча аднаго з курсантаў.
– Я! – робячы крок наперад, адазваўся высокі, нелюдзімы хлопец з Мсціслава.
– Ты накіроўваешся са мной, астатнія па адным і без шуму – у чацвёрты кабінет.
Выкліканы са строю, хлопец неяк увесь абмяк, і без таго вузкія плечы апусціліся, рукі выцягнуліся, на твары застыла тупаватая грымаса; цяпер ён быў падобны да агароднага пудзіла, вартага жалю і ўсімі кінутага. Ніхто з мсціслаўцам не развітаўся, быццам яго і не было. Будучыя вяшчальнікі нацыянал-сацыялістычных ідэй вышыхтаваліся і па адным, не гледзячы адзін на аднаго, не кажучы ні слова, прайшлі ў калідор.
У чацвёртым кабінеце іх сфатаграфавалі, узялі адбіткі пальцаў з абодвух рук, выверылі ўсе дадзеныя ў картцы персанальнага ўліку і далі распісацца ў стандартным друкарскім аркушы аб добраахвотным супрацоўніцтве з нямецкай адміністрацыяй і сумленным выкананні сваіх службовых абавязкаў. Потым з нейкім падабенствам урачыстасці тоўсты эсэсаўскі сяржант уручыў кожнаму кардонныя шэрыя пасведчанні, якія пацвярджалі іх пры– належнасць да грамадзянскай адміністрацыі акупаваных тэрыторый рэйха і пашпарт агульнанямецкага ўзору, у якім на першай старонцы готыкай было выціснена: «Без права грамадзянства».
За спінай немца на сцяне вісеў вялізны партрэт Гітлера, у расшпіленым скураным паліто і фуражцы; Дзмітрыю раптам здалося, што фюрэр упіўся ў яго сваім застылым, усёвідушчым поглядам і нібы пытаўся: «А ты, Стальмах, не здрадзіш мне і майму Рэйху, як некалі здрадзіў Сталіну і яго Саветам?»
– Я буду верны табе, мой Фюрэр! – выструніўшыся, даволі гучна прамовіў ён і пачырванеў, крадком азіраючыся, ці не пачулі іншыя міжвольнага рапарту. Здаецца, не. Затое сяржант здзіўлена падняў галаву і самазадаволена выскаліўся:
– Гэта не я, гэта ён Фюрэр! – паказаў на партрэт. – Далей раю не блытаць. Давай, хто там наступны?
Дзмітрый збянтэжаным выходзіў з кабінета.
– Нічога, Дзмітрый Іванавіч, – каля самых дзвярэй ухвальна паляпаў яго па плячы чалавек у шэрым гарнітуры, якога Дзмітрый нават не заўважыў, уваходзячы ў пакой, – некантраляваны выкід эмоцый толькі пацвярджае вашу шчырасць у вернасці Рэйху. Давайце мы з вамі трошкі пагаворым. Я капітан вермахта Маркус. Хадзем да мяне ў кабінет.
Кабінет быў невялікі, але ўтульны для казённых памяшканняў.
– Сядайце, Дзмітрый, можаце курыць, я за адно з вамі падыхаю такім жаданым і ўжо амаль забытым водарам.
– Дзякуй, спадар капітан, я наогул ніколі не курыў, – адказаў Стальмах. Тысячы думак скакалі ў яго галаве вар’яцкі танец невядомасці. Хто гэты капітан? Якая ў яго да мяне размова? Можа, нешта не так з праверкай? Але тады б Аук не пераводзіў бы на мяне сваю хвалу. Спакойна, Дзіма, сядай, не псіхуй і слухай пытанні, уважліва слухай, і не толькі вушамі, усёй сваёй скурай слухай...
– Спадзяюся, ад кавы нованабыты Нямеччынай чыноўнік не адмовіцца? Тым больш, што я яе гатаваў сам і літаральна хвілін дваццаць назад. Зараз мы разагрэем гэты цудоўны дар далёкай Бразіліі. – Пад прыгожым срэбным кававарнікам сіняватым агнём замігцела спіртоўка. – А вы, Дзмітрый, ведаеце, дзе знаходзіцца Бразілія?
– У Паўднёвай Амерыцы, спадар капітан!
– Досыць вам салдафоннічаць, вы такі ж, як і я, афіцэр. Вось бачыце, артылерыст, а геаграфію ведаеце. У нас многія пяхотныя афіцэры не ведалі нават, дзе знаходзіцца Польшча, пакуль туды не прыйшлі. А вы інтэлектуал, і стыль у вас нядрэнны, я вось усе вашыя ўлёткі і нататкі для беларускіх газет сабраў, – кіўнуў ён рукой на тэчку, якая ляжала на стале. – Напэўна, вершамі забаўляліся ў інстытуце, угадаў?
– Ды якія там вершы...
– Не скажыце, вершы, як казаў вялікі Гётэ, яны нібы горная плынь, і ўтрымаць іх у сабе немагчыма. Я вось, уявіце, да гэтага часу грашу. Думаю, у нас будзе час, мы і вершы пачытаем, і яшчэ што-небудзь цікавае. Як вы думаеце, хто я і навошта вас паклікаў? – рэзка змяніў тэму капітан.
– Вы, вы, – ускокваючы з крэсла, завыкаў Дзмітрый, – вы капітан Вермахта...
– Правільна, толькі не зусім звычайны капітан, я тут прадстаўляю ваенную выведку «Абвер». Чулі пра такую?
– Так!..
– Дзмітрый, сядайце і давайце гаварыць без усяго гэтага...– раздражнёна сказаў афіцэр, вымаляваўшы рукамі ў паветры нейкую загадкавую фігуру. – І так. дзе і ад каго вы чулі пра Абвер?
– У лагеры «Стары ксёндз», у Польшчы, месяцаў восем таму. Хлопцы паміж сабой гаварылі пра тое, што павінны хутка прыехаць вярбоўшчыкі з вашай арганізацыі. Адзін з іх, мой цёзка Дзмітрый Раманюк, нібыта нават у вашай школе вучыўся, але правініўся, і яго назад за калючку кіну... прабачце, адправілі.
– Пахвальна, што вы шчыры, і радуе, што наіўны. У нас, курсант Стальмах, з разведшколы людзі сыходзяць ці ў тыл да Саветаў, ці прама на Месяц. Могуць, праўда, са спецзаданием у канцлагер патрапіць, для ўнутранай распрацоўкі, – манатонна, як пра нешта спрадвечна пэўнае апавядаў капітан, варагуючы са сваім кававарнікам, – а вось і нашая кава гатова. Трымайце кубак, цукар кладзіце самі. Ну як напой?
– Ведаеце, я ж з усходніх раёнаў, з-пад Віцебска, – збянтэжана пры– маючы маленькі кубачак з танюсенькай, як шкарлупіна яйка, парцаляны, шчыра прызнаўся Зміцер. – Я асабліва ў такіх напоях не разбіраюся. Калі шчыра, я наогул каву першы раз у жыцці п’ю. Гарбату там, узвары, кісялі, какаву – усё гэта піў, а сапраўдную каву не даводзілася. Дзякуй.
– Тады пачынаем з вас, і, ведаеце, давайце не будзем цягнуць, як у вас кажуць, ката за хвост. Мы прапануем вам супрацоўніцтва і заступніцтва. Не спяшайцеся пярэчыць, – бачачы, як напружыўся суразмоўца, папераджальна махнуў рукой капітан. – Мы не проста да вас прыглядаліся і ацэньвалі, вас нам рэкамендавалі вельмі годныя і паважаныя вамі людзі. Хочаце, я іх назаву?..
3
«Дзяржслужачы любога дастатку (ад драбнюткага клерка да самай вярхушкі краіны), які хоць бы раз у квартал не ездзіў у метро ці на іншым грамадскім транспарце, небяспечны для грамадства і павінен быць неадкладна скасаваны з карпарацыі, якая служыць народу». Гэтае, пакуль невядомае шырокай публіцы, правіла, што распаўсюджваецца і на багацеяў свету, было выведзена Вячаславам Стахавічам Скаргам, з нядаўняга часу «новаспечаным» оперупаўнаважаным аднаго з аддзелаў упраўлення дзяржбяспекі сталічнай вобласці. І вось, кіруючыся сваім лозунгам, Скарга, пры наяўнасці ўласнага аўтатранспарту, ездзіў на службу і са службы выключна ў сталічным метро, як і ўсе нармальныя грамадзяне небагатай рэспублікі.
Метрапалітэн, як і належыць падзямеллю, заўсёды жыў і жыве сваім мітуслівым жыццём. Масква ў трыццатыя гады, выкапаўшы ўслед за Захадам для сваіх грамадзянаў норы перамяшчэння, пачала распаўсюджваць гэтую моду на сталіцы саюзных рэспублік і рэдкія гарады-мільённікі. Не прамінула гэтая аблуда і Мінска. Сталічны метрапалітэн дастаўся суверэннай Беларусі, як і іншыя цуды імперскай велічы, ад савецкай і ўшчэнт сацыялістычнай БССР.
Горад з метро – гэта ўжо сапраўдны горад, не роўня абласным правінцыям і паселішчам гігантаў хіміі ці металургіі. Метро, нават на постсавецкай убогасці, і да сёння лічыцца не толькі сродкам перамяшчэння, але і сімвалам статуснасці, што дазваляе жыхарам песціць у сабе асаблівы местачковы гонар. Чалавека краіны Саветаў заўсёды прымушалі чым-небудзь ганарыцца: то, скажам, палётам сабачкі ў космас, то рэкорднымі надоямі малака, то такім выкананнем дзённага плана, што твая паўсядзённая норма пачынала здавацца нізам працоўнага імпэту, то перамогай спартсмена, які даўно ўжо не жыве не толькі ў тваім горадзе, але і на тваёй Радзіме рэдка бывае. Калі ж на дадзены момант ганарыцца не было чым, прадпісвалася ганарыцца і хваліць навакольную прыгажосць. Калі хто з прыезджых заводзіў дурную песню пра нашыя нікуды не вартыя тавары, пра каўбаску з паніжаным утрыманнем мяска ці яшчэ пра што падобнае, яму адразу ж пачыналі распавядаць пра мясцовыя лясы, азёры і мястэчкі, разваліны замкаў. Не ганарыцца сваім мы не можам. Таму без падобнага гонару – што ж мы за народ такі? І вось ад агульнасавецкага гонару мы неўзабаве перайшлі да гонару ўсебеларускага. Ганарыўся сваім горадам, яго метро і малады чэкіст.