355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Валерий Казаков » «Чорны кот» (СИ) » Текст книги (страница 7)
«Чорны кот» (СИ)
  • Текст добавлен: 2 октября 2017, 14:30

Текст книги "«Чорны кот» (СИ)"


Автор книги: Валерий Казаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 13 страниц)

Гэты дзядзькаў маналог, які забаранялася перарываць, малодшы Скарга чуў ужо разоў з дзвесце і запомніў на памяць. Яму часам здавалася, што дзядзька нешта падобнае напяваў над яго калыскай у самым маленстве. Чуць ён гэтыя словы чуў, але сэнс, глыбінны іх сэнс, бадай, дайшоў да яго толькі сёння, пасля растання з Равічам.

Заўсёды стрыманы, Міхаіл, убачыўшы старадаўні план, спачатку ўпаў у ступар, а потым пачаў бегаць па кабінеце, выкрыкваючы незразумелыя фразы то па-польску, то па-нямецку, то па-беларуску, а потым і зусім перайшоў на латынь.

«Вось зачапіла дык зачапіла! Галоўнае, каб вярнуўся да нашай рэчаіснасці, – здзіўлена сачыў за прыяцелем Скарга. – Уяўляю, што з ім будзе, калі ўбачыць поўны план яго любімага замка!»

– Ды супакойся ты! – учапіўшыся ў рукаў Міхаіла, вымавіў Вячаслаў,

– Не вар’яцей! Гэты план цяпер твой, і не толькі гэты ліст, а яшчэ дзясятак чарцяжоў з дакладнай прамалёўкай, як мне сказалі, сценаў, вежаў, склепаў, гарышчаў, палаца і пабудоў.

– Што? Што ты сказаў? Як, як ты мог пакінуць частку гэтага?! – дырэктар нясвіжскага музея працягнуў над аркушам трапяткую руку. – Які ж ты пасля гэтага сябар! Усё, трэба ехаць, тэрмінова, тэрмінова трэба ехаць. Ты нават не ўяўляеш, што гэта за чарцяжы. Гэта мы зараз схаваем у сейф – і наперад...

– Паслухай, цюкнуты! Ты гэты замак любіш больш, чым усе пакаленні Радзівілаў разам узятыя. Куды ты збіраешся ехаць? Чалавек прыслаў табе гэты старадаўні чарцёж і дазваляе яго пакуль пакінуць у сябе, з адной умовай: ацаніць, колькі гэта ўсё будзе каштаваць, і выдаць яму ўсю суму разам.

– Ну так. Ну вядома ж, прыслаў... – Міхаіл, як быццам спатыкнуўшыся на апошнім слове, зірнуў на Вячаслава з відавочным недаверам. – Мне перадаў на захоўванне i ацэнку? Дык я сам не змагу гэтага зрабіць! Ты нават не ўяўляеш, якая гэта адказнасць, ды і грошай гэты чарцёж каштуе... – ён на імгненне змоўк, нешта прыкідваючы, вусны яго варушыліся, збоку здавалася, што чалавек апантана моліцца. – Мне думаецца, – Міхаіл гучна выдыхнуў разам са словамі паветра, – гэты ліст каштуе вельмі вялікіх грошай...

– Ты глухі, ці што? Міха, паўтараю для тугавухіх: такіх аркушаў яшчэ дзесяць. На іх, па словах майго будучага сваяка, дэталёвая прапрацоўка ўсяго гэтага, – Скарга ткнуў пальцам у пергамент.

– Ды ты звар’яцеў! – таропка прыбіраючы ўбок аркуш, абурыўся прыяцель, – тыкаеш тут сваімі пальцамі. Добра, давай паедзем да твайго сваяка, гэта да дзядзькі, ці што?

– Не, ці ты майго дзядзьку не ведаеш? Калі б у яго было такое багацце

– ужо не адну б дысертацыю яго вучні напісалі, ды і сам бы ён пару грунтоўных тамоў накатаў. Хоць, можа, і дарма я так, – успомніўшы яшчэ раз дзядзькаў маналог, прамовіў Скарга. – Мог, вядома ж, і заныкаць, даверыў бы цётцы захоўванне – i ўсё...

– Гэта чаму? Ты не разумеет, мы і на самой справе, як мне здаецца, стаім на парозе грандыёзнага адкрыцця, – Міхаіл дастаў вялікую лупу і прыставіў да паперы. – Вось бачыш, метку пакінуў сваім пазногцем, не хапала яшчэ прарваць манускрыпт. Трэба падказаць Стэфаніі, каб прывучала цябе да цывілізацыі і асабістай гігіены. Стой, стой! – голас Равіча сеў ад хвалявання. – Глядзі, што тут начэрчана...

– Дзе? – амаль абыякава адазваўся Вячаслаў, якому ўжо стала надакучаць кудахтание сябра над банальным, хоць і вельмі старадаўнім чарцяжом.

– Слухай, Скарга, ды гэта ж. – зашаптаў дырэктар музея, – гэта ж... – ён падскочыў да дзвярэй кабінета, вызірнуў у пакой сакратаркі, якой у яго з-за цягі да эканоміі ўжо даўно не было, асцярожна штурхнуў дзверы ў калідор, пераканаўшыся, што ён пусты, зачыніў іх і для пэўнасці замкнуў на замок.

– Ну і што ты там такое незвычайнае раскапаў? – узіраючыся ў план, спытаў Вячаслаў. – Равіч, што з табой?

Міхаіл выглядаў спалоханым, прыгнечаным і адначасова шчаслівым. Ні слова не кажучы, ён ледзь не адштурхнуў сябра ад сярэднявечнай паперы, асцярожна згарнуў яе ў трубку, дастаў з шафы як быццам загадзя прыгатаваную тоўстую пластыкавую тубу, акуратна ўклаў у яе чарцёж, закруціў вечка і схаваў скарб у вялікі, вышэй чалавечага росту, пясочны сейф. Па паданні, гэтая гіганцкая стальная шафа засталася ад старых гаспадароў, ніякія ўлады, якія змяняліся цягам часоў, проста не змаглі яе не тое што вынесці куды, але нават не зрушылі з месца.

– Усё, без усялякіх адгаворак едзем да твайго сваяка, як яго там завуць?

– Казімір, і бацька яго быў Казімірам, і дзед, і сына ён таксама Казікам назваў. Ты што гэта робіш? Нічога мне пра цану не сказаў, хоць прыблізна, чарцёж у сейф схаваў. Што, Міша, адбываецца? Што ты там такое ўбачыў, што аж у твары змяніўся? Ці не дванаццаць апосталаў?

– Нічога я не ўбачыў, акрамя следу ад твайго ўсюдыіснага гэбэшнага пазногця. Хоць адна дзікая мысля мяне драпнула, але яе трэба праверыць і пацвердзіць. Паехалі, ты сёння ў мяне ўсё роўна не выкруцішся. Нешта я раней пра такога твайго родзіча ад цябе не чуў?

– Міша, паслухай, я не магу сёння, мне ў Мінск трэба. Акрамя тваіх планаў, будучы швагер яшчэ і сшытак адзін акаўскі падараваў. І да таго цікавы, што не паказаць яго знаўцу і не атрымаць тлумачэнні я проста не магу. Рэж мяне на часткі, але я ўсё ж буду вымушаны паехаць у Мінск.

– Не, Скарга, мы паедзем да швагра, хоць адкуль у цябе швагер, ты ж не жанаты? Слава, праўда, справа настолькі сур’ёзная, што не дай Бог хто чужы празнае – галавы і мне, і табе, і твайму сваяку не насіць. Чаго, як жонка Лота, аслупянеў? – і, прыціснуўшыся, зашаптаў: – Там пазначаны пачатак невядомых падземных праходаў, куды вядуць – не зразумела. Пра іх ніхто ніколі нічога не ведаў і тут пад вежай не шукаў. Былі там дзве сакрэтныя каморы, іх у саракавыя ці то Саветы, а я схільны лічыць, немцы выявілі і ўсё вывезлі.

– Апосталаў? – устрывожана і таксама шэптам спытаў Скарга.

– Даліся вам усім гэтыя міфічныя апосталы, не, хутчэй за ўсё, старадаўні арсенал параднай зброі Радзівілаў. Вельмі шмат каштоўных вайсковых цацак нашых спадароў гадоў праз дваццаць пасля вайны з’явілася на антыкварным рынку. Ды і цяпер яны час ад часу ўсплываюць невядома адкуль. Давай, паехалі, прамаруджанне смерці падобна, як калісьці казаў таварыш Ленін. Гэта далёка?

– Не вельмі, гадзіна язды. Трэба Стэфу забраць. Ты не жартуеш з хадамі?

– Ды не трубі ты, як слон у саване, – замахаў рукамі Міхаіл, – навошта табе Стэфанія, самі туды-сюды – і ўсё ў норме. Я ж табе кажу: чым менш вушэй, тым спакайней усім будзе.

– Не, без яе я не паеду, ды і брат гэта яе, хоць і нейкі там стрыечны, па бабулях з дзядулямі. І Казамір з жонкай не зразумее. А ты хутаранцаў ведаеш: набяруць сабе чаго-небудзь у галаву – і ўсё, век ты з іх нічога калом не выб’еш. Прызнацца, заінтрыгаваў ты мяне, браце. Добра, хоць Салевіч пакуль не патэлефанаваў. Твая ўзяла, паехалі.

– Вось і добра, вось і цудоўненька, а пакуль будзем ехаць, я пакапаюся ў тваіх польскіх паперах, можа, што талковае і падкажу. Славік, я ж эксперт у гэтай справе, некалі нават пару навуковых працаў на тэму польскага супраціву напісаў на сваю галаву...

– А чаму «на галаву», – выходзячы з дырэктарскага кабінета, спытаў Скарга.

– То ад велькага гонару польскага... Што супраць пшэцкай воўны – то не праўда і праўдай некды не бэндзе. Шкада, нават з вельмі добрымі прыяцелямі перасварыўся. З часам крыўды крыху забыліся, але, як гаворыцца, асадак застаўся, ды і з Кракава мне тады давялося тэрмінова з’ехаць. Добра, давай па тваю Стэфку – і наперад! Мне нават страшна падумаць, што нас можа чакаць у гэтых нечаканых знаходках. Толькі дамовімся: дзяўчыне пакуль нічога не гаворым, я спачатку разбяруся ва ўсім, усё прагляджу, пралічу, добра?

– Добра, толькі з майго боку гэта будзе неяк... Радня яе, чарцяжы і ўсё астатняе – таксама іх...

– А што яшчэ там ёсць?

– Ды шмат чаго, швагер казаў, там цэлы сярэднявечны арсенал, а я так думаю, што не толькі сярэднявечны...

– Ой, добра, добра як, дружа. Вось прываліла, дык прываліла! А я ўжо ў гэтым нудным гарадку паціхеньку кіснуць пачаў. Ненавіджу сядзець на адным месцы. Усё ж ува мне больш ад падзвіжніка ці манаха-езуіта: зрабіў справу, наладзіў усё – і далей, далей, туды, дзе да цябе ніхто на гэтай ніве не араў, зярнятаў мінулага не сеяў і новага жніва не жаў.

Праз паўгадзіны машына ўжо імчала па дарозе сярод крутабокіх пагоркаў, парэзаных старажытным ледавіком амаль да горнага ландшафту. Скарга маўчаў, у галаве кружыўся карагод абсалютна не звязаных адна з адной думак і ўспамінаў. За апошнія суткі неяк усё ўжо занадта хутка закруцілася ў ягоным жыцці. Усё пераплялося, змяшалася, звалілася ў адну кучу: і служба, і асабістае, і немаведама адкуль узніклыя таямніцы, і адказнасць за каханага чалавека. Што з гэтым усім рабіць і як усё расставіць па сваіх месцах, ён не ведаў. Вячаслаў хутчэй інстынктыўна адчуваў, чым усведамляў неабходнасць нейкіх канкрэтных дзеянняў, але што рабіць – пакуль вызначыць не мог.

Перад ад’ездам з Нясвіжа ён усё ж не стрымаўся і патэлефанаваў Ягору Кузьмічу. Стары ўважліва выслухаў, не перабіваў і нічога не перапытваў. Вячаславу нават здалося, што ён яго не слухае.

– Усё добра, Слава, ты нават не ўяўляеш, які ты малайчына! Пра архіў гэты мы ведалі, быў у нас пасля вайны ў іх наш чалавек. Ужо амаль выйшлі на банду, ды яна ўлегцы сыйшла за кардон. Архіў застаўся недзе тут. Колькі мы не лупцавалі мясцовых палякаў, колькі не палохалі самымі страшнымі карамі – усё было без толку. Людзі бажыліся, што нічога пра паперы і скрыні не чулі і нікому з мясцовых іх на захоўванне не пакідалі. Гэта было падобна на праўду, таму што большасць з тых, хто бажыўся, і самі былі жаўнерамі Арміі Краёвай ці актыўна дапамагалі ім. Ды чаго нам па тэлефоне церабіцца, ты там давай асабліва не баўся: грузі ўсё, што ёсць, і вязі да мяне, разам і разбярэмся.

Паклаўшы слухаўку, Вячаслаў падумаў-падумаў, набраў нумар свайго начальства і, на здзіўленне выразна, далажыў удакладненую абстаноўку пра каламутнага госця ксяндза, выказаў здагадку, што мэтай яго візіту, хутчэй за ўсё, з’яўляюцца пошукі старога акаўскага архіва.

У Мінску ўважліва выслухалі і, даведаўшыся, што ён усё яшчэ ў Нясвіжы, загадалі неадкладна паведаміць аб усім начальніку мясцовага аддзялення і, калі запатрабуе абстаноўка, самому ўключыцца ў працу.

Адправіўшы Міхаіла са Стэфкай запраўляць машыну, ён завулкамі скразануў да сваіх калег, якія прыжыліся амаль на ўездзе ў горад у цокалі мудрагелістага дома з сілікатнай цэглы. Начальніка ён не знайшоў, затое сустрэў свайго аднакашніка Валодзю Самусевіча, якога немаведама якімі вятрамі з Віцебска занесла сюды.

Маладыя лейтэнанты ўзрадаваліся нечаканай сустрэчы.

– Валодзя, ты мне прабач, я спяшаюся, – скорагаворкай пачаў Вячаслаў,

– вечарам, ці, можа, заўтра да абеду вярнуся, забяру цябе да бабулі, ты ж яе павінен памятаць. Пасядзім, пагаворым, хоць пакармлю цябе па-людску, а пакуль слухай, што мне прынесла ў дзюбе адна старая сарока, хоць Мінск павінен быў перадаць ужо гэта вам.

Выслухаўшы Скаргу, Самусевіч махнуў рукой:

– Мы і самі звярнулі ўвагу на гэтага паляка, ці ты думаеш, што толькі ў цябе ў гэтым глухім кутку ёсць свае сарокі. Павадзілі яго крыху, нічога цікавага, паломнік ён, але з учарашняга дня паляк знік, няма яго ў горадзе, можа, дадому з’ехаў. Ксёндз таксама некуды адлучаўся, але сёння пад абед вярнуўся. А пра яго пастаяльца мы, на ўсялякі выпадак, на мяжу паведамілі, хай адсочаць. Давай ужо – спяшайся назад, а то, напэўна, сяброўка зачакалася. Сам не бачыў, але хлопцы кажуць – прыгажуня.

– Так, сапраўды, былы цэнтр княжацкай ардынацыі паступова патануў у лютым правінцыялізме, – з дакорам канстатаваў Скарга, – вам што тут – больш няма чаго рабіць, як за дзяўчынамі маімі назіраць? Вы лепш паляка шукайце, чуе маё сэрца, тут ён недзе. Глядзіце, каб дроў не наламаў. Мяркуючы па ўсім, як я зразумеў, ён не прафесіянал, а ад такіх чаго хочаш можна чакаць.

Пракручваючы факты ў галаве, Вячаслаў спрабаваў прывесці ўсё хоць да нейкага лагічнага ланцужка, аднак нябачныя звёны рваліся, і ён ужо каторы раз вяртаўся да знойдзеных дакументаў, паляка і таропкага адкрыцця Міхаіла. Мабыць, апошняе было самым важным з усяго ланцуга яго пабудоў, нават сшытак акаўскіх данясенняў з «Чорным катом» адышлі кудысьці ўбок.

«Дапусцім, Равіч мае рацыю і пад замкам сапраўды існуюць невядомыя дагэтуль сутарэнні? Што ў іх? Найлепш, трэба паведаміць кіраўніцтву, але тады Мішку пазбавяць права першаадкрывальніка і ўсё, што знойдуць, так засакрэцяць, асабліва калі там будуць хоць нейкія паперы, што музею, нічога не застанецца. Тое ж адбудзецца і з архівам польскага супраціву. Ужо яму, смаркатаму лейтэнанту, дакладна не дадуць не тое што працаваць з тымі паперамі, але прагартаць наўрад ці дапусцяць. Дурная ў нас усё ж сістэма, і сама кантора свайго багацця не вывучае, і іншых, пад страхам здрады Радзіме, не дапускае».

– Скарга, вярніся да нас, – ляпнула яго па плячы Стэфанія, – паслухай, што Міхаіл Сяргеевіч кажа...

– Мы ж з вамі дамаўляліся: для вас я проста Міхаіл, і потым, не зважаючы на вашу маладосць, не такі ўжо я і стары. А цікавага, Слава, у гэтым сшытку даволі шма... – гаварыў, нечакана спатыкнуўся на паўслове,

– слухай, а ты выпадкова не адправіў рапарт у Мінск пра нашыя знаходкі, пакуль мы машыну запраўлялі?

– Так, дружа, ад цябе нічога не схаваеш, – паспрабаваў перавесці ўсё ў жарт Скарга. – Быў даклад, – зірнуўшы ў люстэрка задняга віду, Вячаслаў убачыў пачырванелы і перакошаны злосцю твар сябра. – Э, э... ты гэта кінь! Нічога я лішняга не дакладваў, а ўжо пра твае здагадкі і наяўнасць старадаўніх чарцяжоў маўчаў, акі камень. Стэфа, ты там усё цяжкае папрыбірай на ўсялякі выпадак, а то жаніх твой да вяселля не дажыве.

– Ну глядзі, ты нават не разумеет, што пачнецца, калі хоць малая крыха нашых таемных здагадак выйдзе вонкі! Вельмі спадзяюся, у службовай стараннасці ты не поўны дурань, – з неахвотай спакайнеючы, вымавіў Равіч.

– Слухайце, вы, валадары ўсіх сакрэтаў, вам не сорамна?! – абсалютна сур’ёзна перапыніла іх сварку дзяўчына. – А табе, Скарга, павінна быць сорамна ў сто разоў больш...

– Стоп, давай далей не раскручваць тэму крыўды і недаверу, добрага ад гэтага нікому не будзе. Кажу вам: нічога сур’ёзнага датычна нашых і замкавых таямніцаў я нікому не дакладваў і пакуль гэтага рабіць не збіраюся. Мяне асабіста больш хвалююць сённяшнія падзеі, чым сакрэты мінулага. Давайце распавядайце, што вы там у сшытку расчыталі?

– Табе, Слава, пашанцавала: Стэфанія вельмі праніклівы і, што не менш важна, дасведчаны чалавек. Ганарыся, браце, і беражы яе як дар Божы, – пачаў урачыста Равіч.

– Супакойся, берагу, у тым ліку – і ад цябе. Ты, Стэфа, павінна ведаць страшную таямніцу нашага сябра: ён бабнік. Гэта, бадай, адзіны яго недахоп. Прабач, дружа, я цябе, здаецца, перапыніў.

– Не верце вы яму, пані Стэфанія, адзіная дама, якой я адданы ўсёй душой і намерамі, гэта старажытная Каліста, у яе беспачуццёвых руках мой розум і сэрца, а мірскія жанчыны ўсяго толькі бездапаможныя цені маёй багіні. Я мог бы пакрыўдзіцца на рэпліку гэтага кіроўцы, але ўсё ж працягну... З сшытка вымалёўваецца цікавая карціна: можна меркаваць, што Абвер ужо з пачатку сорак чацвёртага года працаваў пад пільным кантролем ангельцаў, а праз іх і амерыкосаў. Асновай гэтага супрацоўніцтва была агульная непрыязнасць да Савецкага Саюза. Заўваж, яшчэ задоўга да заканчэння вайны і тыя, і тыя амаль у адзін і той жа час сталі гаварыць аб стварэнні ў будучым нейкага Саюза паняволеных народаў, паняволеных, відавочна, не фашыстамі. Дзіўная праніклівасць. Цяпер зразумелая тая паспешнасць, з якой перад вызваленнем Мінска немцы задумалі другі Усебеларускі кангрэс, перад гэтым з бласлаўлення фон Готберга стварылі Беларускую Цэнтральную Раду. Немцам гэтая Рада была як мёртваму прыпарка, а вось саюзнікам па антыгітлераўскай кааліцыі ў будучай барацьбе супраць імперыі Сталіна гэта быў чарговы козыр, як-ніяк амаль легітымна абраны ўрад беларускага народа.

– Паслухайце, яшчэ ж у васямнаццатым годзе была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, і ўрад ужо быў, навошта другі абіраць? – шчыра здзівілася Стэфанія.

– Ты чуеш, браце, што я табе казаў? – узрушыўся Равіч. – Разумніца, і цалкам заканамернае пытанне. Рада павінна была стаць правапераемніцай БНР, невыпадкова ў новае кіраўніцтва ўвайшлі і старыя міністры. Каб паказаць непарыўнасць сувязяў, ветэранаў беларускага руху пасадзілі ў прэзідыум кангрэса, з дапамогай усё таго ж Абвера ці СД прывезлі, цяпер кажуць ледзь не сілком, у Мінск з Прагі адну паэтэсу, яна была ў той час чымсьці накшталт душапрыказчыцы нашай старой эміграцыі. У яе, дарэчы, захоўваўся і архіў БНР... Яшчэ адна думка з’явілася ў мяне пасля беглага чытання гэтага сшытка агентурных данясенняў: хутчэй за ўсё, у гэтых скрынях павінны быць калі не асабістыя справы, то хоць бы спісы полькай агентуры ў немцаў, можа быць, і ў Саветаў, у партызанскіх атрадах і ў падполлі...

– А спісаў нямецкай ваеннай разведкі і сеткі «Чорнага ката» там быць не можа? – вырвалася ў Скаргі.

– А ты ведаеш, браце, усё можа быць. Слухай, ды вы абое разумныя, цяжка вам у жыцці прыйдзецца, затое цікава. Канечне, будзе сусветны розгалас, калі мы знойдзем спісы агентаў, пакінутыя тут у ходзе рэалізацыі гэтага твайго ката. А мяркуючы па акаўскіх данясеннях, гэты «Светлячок» быў вельмі дасведчаным кратом у немцаў.

Машына ўжо пад’язджала да агароджы хутара, лёгкі падвячорак слаў– ся па наваколлі лёгкім марывам. Вароты былі зачыненыя знутры. Грук і спробы ажывіць кнопкі званка, а іх было дзве з надпісамі «Ніжні дом» і «Верхні дом», поспеху не прынеслі. Махнуўшы рукой, Скарга натрэніравана пераскочыў цераз плот і, ужо прызямляючыся, з жахам успомніў пра двух сабак, якія днём нядобра разглядалі яго з прасторнага вальера.

Сабак, на яго радасць, паблізу не аказалася. Вокны дома былі цёмныя. «Можа, гаспадары ў ад’ездзе ці ў новым доме?» – мільганула ў галаве думка, але і другі дом на пагорку панура ўзвышаўся цёмным абрысам. Адкрытыя замкі былі ўсунутыя ў дужкі і віселі з унутранага боку, што пацвярджала прысутнасць гаспадароў у сядзібе. Калі адчынілі вароты, Вячаслаў выключыў фары і асцярожна заехаў у двор.

– Ціха! – папярэдзіў ён шэптам спадарожнікаў. – Нешта мне не падабацца гэтая цемра. За мной на адлегласці пяць-шэсць метраў ідзіце да хаты. Ясна?

Міхаіл са Стэфаніяй паслухмяна кіўнулі галовамі і рушылі следам. Агульная трывога авалодала ўсімі.

Дзверы хаты былі зачыненыя, але не замкнёныя. Вячаслаў папераджальна падняў руку, адчыніў дзверы і прыціснуўся да сцяны. Цішыня. Дом быў пусты. Па беспарадку, які царыў у пакоях, можна было выказаць здагадку, што нехта чужы корпаўся ў гаспадарскіх рэчах і нешта шукаў.

Усе маўчалі, толькі дзяўчына ледзь чутна малілася.

– Асцярожна, ідзём у новы дом, – ціха вымавіў Скарга.

– Божа, што з імі, дзе дзеці? – ледзь не плачучы, прашаптала Стэфа.

– Усё будзе добра, ідзем гэтак жа: я наперадзе, вы ззаду. Ідзем моўчкі і хутка.

Першага сабаку яны знайшлі на сцежцы, што вяла ў другі дом. Ён ляжаў нерухома, лапы былі скручаныя празрыстым скотчам. Другі сабака ў лужыне крыві ляжаў на тэрасе. У новым доме беспарадак быў яшчэ больш заўважны. У пакоях першага і другога паверхаў нікога не было. Стэфанія, ужо не тоячыся, загаласіла. Ніхто з мужчын яе не суцяшаў. Раптам аднекуль знізу пачуліся гукі, як быццам нехта глуха стукаў.

Дзверы ў паўпадвал знайшлі хутка. Скарга намацаў выключальнік. Паліна і дзеці сядзелі ля сцяны са звязанымі рукамі і нагамі, вусны былі залепленыя скотчам. Жанчына сядзела скраю ля бойлера – і, пачуўшы іх крокі наверсе, пачала біць галавой па жалезным баку.

Вызваліўшы палонных, падняліся наверх. <...>

16

Запальваць святло ў пакоях Скарга забараніў. Калі жанчыны і малодшыя дзеці паплакалі, папілі вады і трохі супакоіліся, Вячаслаў пачаў распытваць Паліну, што адбылося ў іх доме і дзе муж?

– Вы з’ехалі пасля дзвюх, і недзе гадзіны ў тры да варот пад’ехала машына. Казік адчыніў вароты, там стаяў ксёндз, не наш, незнаёмы, але Казік любіць усіх слуг Боскіх...

– Паліна, – перапыніў яе чэкіст, – пакуль хопіць, трэба шукаць Казіміра, куды яны маглі яго павесці?

– Не ведаю, яны ўсё пра нейкія паперы ў яго пыталіся. Ды ён і не аднекваўся, казаў, што ўсё ў парадку, і калі яны прыедуць заўтра – усё аддасць, толькі вось панам давядзецца раскашэліцца. Ксёндз з сабакамі забаўляўся, яны ў нас лютыя, а з ім неяк адразу пасябравалі. А другі мужык такі пануры, усё настойваў, каб паперы зараз жа муж прынёс. Дык не магу я зараз, кажа, далёка схаваныя і шмат іх, цэлы воз. А той ні ў якую: вядзі цяпер, а то горш будзе. Дастаў пісталет і Крабіка нашага застрэліў. Стрэліў, а гуку амаль ніякага і не было.

– Вось сволач! – абурылася Стэфанія.

– Паліна, а ў вас выпадкова зброі ніякай у хаце няма? – спытаў Вячаслаў.

– Павінна быць. Казік, прынясі татаву стрэльбу, – загадала яна сыну.

– Скарга, трэба спяшацца, і так ужо шмат часу страцілі, – шапнуў сябру на вуха Міхаіл.

– Во татаў карабін, ён зарэгістраваны, – горда сказаў старэйшы сын. Зірнуўшы на жанчын і малодшых, ён узяў Скаргу за рукаў і адвёў убок.

– Яны, напэўна, у прадзедаву схованку паехалі на квадрацыкле.

– А гэта далёка?

– Не, праз балацінку кіламетры з паўтара.

– Ты зможаш нас правесці?

– А як жа!.. Вось і табе зброя, дзядзька, – малы працягнуў Міхаілу загорнуты ў анучу рэвальвер. – Там пяць патронаў, – папярэдзіў падлетак.

– Стэфанія і Паліна, забірайце дзяцей, садзіцеся ў маю машыну і едзьце куды-небудзь у зацішнае месца. Ёсць такое?

– Ёсць, – за маці адказаў Казімір, – на наш стары ток, там і святло, і ежа, і вада ёсць, і не відаць ніадкуль. А я потым за вамі прыбягу, калі бацьку вызвалім.

Да схаванага падзямелля дайшлі хутка і моўчкі. Ужо зусім сцямнела. Выбраўшыся з балота на сцежку, яны ледзь не спатыкнуліся аб завалены набок квадрацыкл. Злева на строме віднелася нейкае някідкае, жоўтае святло.

– Тамака камень адвальваецца – і ў падзямелле можна пралезці, толькі бацька мне забараніў туды лазіць, сказаў: паміраць збяруся – усё табе пакажу і пакіну, а так знаць-ведай, але ўсярэдзіну – ні-ні.

– Давайце так, – прапанаваў Вячаслаў, – я запаўзаю першым, Міхаіл мяне страхуе, ты, Казімір, на ахове, вось табе карабін, патрон ужо ў патронніку, справішся?

– Крыўдзіш, дзядзька Вячка, ці я не сын свайго бацькі. – прымаючы зброю, важна адказаў хлапчук. – Тады вазьмі яго – з ім будзе зручней, – і працягнуў, дастаўшы з-за спіны, пісталет.

– Ну вы з бацькам і запаслівыя! А «ТТ» адкуль?

– Справа свойская, хутарская, у гаспадарцы ўсё калі-небудзь ды спатрэбіцца.

Да лазу падпаўзлі асцярожна. Скарга павольна зазірнуў унутр. Каземат асвятляўся вялікай лямпай, якая стаяла пасярод масіўнага стала. Казімір сядзеў на падлозе, правая рука яго была прыкаваная кайданкамі да ножкі стала. Незнаёмец корпаўся ў расчыненых скрынях каля сцяны. Падсвечваючы сабе вялікім ліхтарыкам, ён паспешліва перачытваў нейкія паперы, раздражнёна іх адкідваў убок.

– Ты, пан, скажы мне, што ты шукаеш? – па-польску пытаўся ў яго гаспадар. – Глядзі, колькі зла нарабіў: сабаку забіў, дзяцей і жонку напалохаў, ксяндза, боскага чалавека, у нядобрую справу ўцягнуў. Як сам далей жыць будзеш? Вунь мне галаву прабіў, а за што? За тое, што дабро вашае амаль стагоддзе бераглі? Я толькі пасля смерці бацькі і рашыўся зірнуць на тыя паганыя скрынкі...

– Заткніся, а то пашчу стужкай зяляплю! – агрызнуўся прыхадзень.

– Дзе золата, упрыгожванні, бранзалеткі, ланцужкі, пярсцёнкі розныя?

– Э, пан, чаго не было – таго не было, вунь паперы, сшыткі, узнагороды і пячаткі. Ніякіх залатых цацак.

Скарга вагаўся, не ведаючы, што рабіць. Бязгучна патрапіць у памяшканне практычна немагчыма. Той, каля сцяны, узброены, і зброя ў яго недзе пад рукой. Сунься ён на кукішках у гэтую пячору – першая ж куля яго. Не, трэба страляць першым. Лейтэнант прыцэліўся ў плячо паляку і націснуў на курок. Стрэл бухнуў у падзямеллі, як разрыў гранаты. З крыкам «КДБ Беларусі! Усім заставацца на месцах, супраціўляцца марна!» ён кінуўся наперад. Следам рынуўся Равіч.

Паляк лямантаваў ля сцяны і качаўся па падлозе. Яго скруцілі. Вы– звалілі Казіміра.

– У, морда, – паціраючы знямелыя ад сталёвага бранзалета запясці, пагражаў свайму крыўдзіцелю нядаўні палонны. – Казаў жа табе, тупагаловы, што твая грубасць проста так не пройдзе. Лепш бы ты яго, Слава, застрэліў, закапалі б – і справе канец. А цяпер вязі да ўладаў, адказвай, што ды як. Сюды давядзецца дурняў цягнуць. Бацька яшчэ ў зямлі не астыў, а я ўжо радавую схованку спаліў. Казіка, заразу, заб’ю! Вунь і зброю раздаў, і вас сюды прывёў. Ты дзе там, паскуднік, ашываешся? Вось толькі сунься сюды! А гэта хто з табой? – толькі цяпер заўважыўшы незнаёмца, які акуратна складваў у скрыні раскіданыя паперы, спытаў швагер.

– Сябар мой і пакупнік тваіх чарцяжоў. Дырэктар Нясвіжскага музея Равіч.

– А, ну гэты хоць навуковец, раскажа, што ды як. Толькі грошы ў яго ёсць? – і раптам нібы нешта яго прасвятліла. – Стой! А дзеці, жонка дзе мае!? Гэты мяне сюды прымусіў ехаць, а там ксёндз застаўся, можа, і не адзін, я не ведаю.

– Бацька, усе цэлыя, яны да нашага старога току паехалі.

– Ну тады добра, – з палёгкай уздыхнуў Казімір і ўжо не так грозна дадаў: – А цябе, падшыванец, яшчэ лупка чакае. Бяры наш квадрацыкл, там ён валяецца ўнізе, і гані па мамку ды ўсіх, каб, пакуль мы вернемся, стол накрылі.

– Добра, – адказаў з неахвотай Казімір малодшы, і неўзабаве неўздалёк залапатаў матацыклетны рухавік.

Рана ў ліхвяра аказалася несур’ёзная, косці цэлымі, толькі куля вырвала кавалак мяса з перадплечча. Пакуль Скарга накладаў жгут з абрыўка падабранай на падлозе вяроўкі, Казімір прыцягнуў аднекуль з далёкага кута вялікую, колеру хакі сумку з чырвоным крыжам збоку і фашысцкім арлом наверсе.

– Не можа быць! – ледзь не вырваўшы з рук сумку, усклікнуў Міхаіл.

– Ды яна ж новая! – расшпіліў і, падаючы герметычную ўпакоўку бінта, захапляўся, як хлапчук. – Я такія толькі на малюнках бачыў. Каштоўны, дарэчы, экспанат.

– Я вам яго падару для музея, у мяне яшчэ такая ёсць. Я, праўда, унутр да сёння і не заглядваў. – лагодна вымавіў гаспадар.

Перавязаўшы затрыманага, яго абшукалі, забралі дакументы і пасадзілі на крэсла з высокай спінкай каля стала.

– Я лейтэнант Камітэта дзяржаўнай бяспекі Скарга. Растлумачце мэту вашага знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

– Я ніц не розумем, – моршчачыся ад болю, адказаў паляк.

– Ах ты, курва, не розуме ён! А ну, лейтэнант, адыдзі! – Скарга не паспеў нават зрэагаваць, як Казімір засвяціў сваім кулачышчам у вуха палонніку, той разам з крэслам грукнуўся на падлогу. – Ён жа, сука, мяне спадцішка ўдарыў, а потым пад пісталетам вадзіў, на жонку маю крычаў. Ох, пашанцавала табе, што ляжыш, а ў нас ляжачага не б’юць! Ды нічога, я цябе зараз падыму.

– Казімір, перастань, яго трэба дапытаць і даставіць у нашае мясцовае аддзяленне.

– Я яго зараз проста ў прыёмную самога апостала Пятра дастаўлю! – падымаючы дрыжачага ад страху чалавека, роў хутаранін. – Хоць. давай, рабі сваю справу, ты ўлада, хоць і радня.

Паляк больш не аднекваўся, а распавёў, што ў яго ў Англіі ў адной вёсачцы жыве далёкі сваяк, ён туды паехаў адразу пасля вайны, пра яго ўсе ўжо даўно забыліся.

– І вось, калі пасля чарговай адсідкі я выйшаў з турмы, дома мяне чакаў ліст ад таго родзіча і чэк на тысячу фунтаў, каб мог да яго даехаць. Туманным быў ліст, калі б не гэтая блытаніна, можа быць, нікуды і не паехаў бы. А так стала цікава, ды і за Ла-Маншам я яшчэ ніколі не быў, вось і паехаў. Знайшоў дзеда, і стары мне распавёў пра гэтыя скрыні, казаў, што ў іх шмат каштоўнага. Усе, хто пра гэты схрон ведалі, памерлі ўжо, ён адзін застаўся. Толькі пароль забыўся, там нешта пра каня трэба было сказаць. Вось і ўсё, – скончыў ён свой расповед. – А тут некія старыя паперы. На якога д’ябла яны мне здаліся! Паслухайце, ну дурнаваты я, адпусціце вы мяне. Нічога мне з гэтага дабра і не трэба, пакіньце ўсё сабе, а я да Брэста даеду, а далей пешшу дадому. Я ж касцельны паломнік, там у мяне. – ён паказаў на гаманец з дакументамі, – і паперка адпаведная ёсць.

– А ксяндза таго адкуль ведаеш? – спытаў Казімір ужо без злосці.

– Дык жа мне ён нейкі сваяк... Ён будзе маўчаць. Ён як убачыў забітага сабаку, дык ледзь не самлеў. За сабаку, мусіць, я заплачу, – пакасіўся на Казіміра, – ці ў ксяндза шчанюка вазьмеце, ён добрых сабак выводзіць.

– Ну вось, а вы кажаце: каштоўнасцяў няма, – адазваўся каля сцяны Равіч. – Няшмат, але ёсць. – Ён падышоў і кінуў на стол чатыры пачкі даляраў. – Пяцідзясяткі, сорак трэцяга года. Там яшчэ цюк рэйхсмарак і такі ж скрутак сталінскіх чырвонцаў, але апошнія ўяўляюць цікавасць толькі для музеяў і вузкага кола калекцыянераў.

– Зялёныя, – глытаючы сліну, ажывіўся паляк, якога па дакументах звалі Станіслаў Чарык. – Гэтыя грошы заўсёды ў цане, калі б іх не надрукавалі. У амерыканскім банку памяняюць адзін да аднаго, а можа, і прыплацяць за старадаўнасць.

– Вось ты іх і будзеш мяняць, думаю, пятнаццаццю тысячамі і абы– дзешся, – падсоўваючы да няўдалага шукальніка чужых скарбаў пакункі, катэгарычна прамовіў Казімір. – Давайце адпускайце яго – і хай сабе коціцца ў сваю Польшчу. Толькі трэба завесці яго ў Баранавічы на станцыю. Там, здаецца, гадзіны ў тры цягнік ідзе да Варшавы.

– Казімір, я гэтага дапусціць не магу. Гэты крымінальнік са злым намерам пракраўся на нашу тэрыторыю, пагражаў тваёй сям’і, нанёс табе сур’ёзныя траўмы, пасягаў на каштоўнасці, якія належаць нашай дзяржаве, ды і калі адпусціць яго – невядома, чаго ён яшчэ наробіць.

– Не, не, пан, я зараз да Польшчы. Мне таго, – ён матнуў галавой на грошы, якія ляжалі на стале, – надоўга хопіць. Там, у валізках, ёсць картка фотографічна, я там іх отклал збоку, там мой свояк млад, ён слёзна прасіў даць яму ту картку і ордэн Арла Мілітары з паперамі на его імя. Там вшыстко ест. Я панам Богам клянуся, што з’еду да Польшчы і дале да Англіі.

– Вячак, давай паверым хлопцу, хай дахаты вяртаецца. Давай вылезем з гэтай каморы на свет божы.

Звонку панавала ноч. Месяц яшчэ не ўзышоў, але месца яго нараджэння ўжо набрыняла срэбным таямнічым святлом. Слязлівыя кропелькі высокіх летніх зорак міргалі ў недаступнай, бяздоннай вышыні. Сотні пахаў нагрэтых за дзень траў, дрэў, кветак ды імхоў шчодра аддавалі сябе начной прахалодзе.

– Хвала Езусу, усё абышлося, – перахрысціўся Казімір. Я цябе, вядома, разумею, у цябе служба, але служба і жыццё – гэта не заўсёды адно і тое ж. Ну адвязеш ты гэтага небараку да свайго “пільнага вока” – і што далей? Ні я, ні жонка мая нічога пісаць не будзем. А дабро гэтае чужыя людзі прыедуць і забяруць сабе і начальству на падарункі. Можа, і мяне зацягаюць, а можа і ў турму пасадзяць. Ты галавой падумай. Ты што – Паўлік Марозаў, каб сваіх у засценак саджаць?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю