355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Валерий Казаков » «Чорны кот» (СИ) » Текст книги (страница 2)
«Чорны кот» (СИ)
  • Текст добавлен: 2 октября 2017, 14:30

Текст книги "«Чорны кот» (СИ)"


Автор книги: Валерий Казаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 13 страниц)

Вячаслаў рэдка ездзіў на службу ў абавязковым касцюме з гальштукам, у гэтую казённую браню ён апранаўся ўжо ў кабінеце, а так – красоўкі, джынсы, някідкая куртка, модная сёння сумка а-ля планшэт і вязаная шапка складалі яго дарожны гардэроб. Старэйшыя таварышы па аддзеле паджартоўвалі з дзівацтваў маладога лейтэнанта і адразу ж узнагародзілі яго мянушкай «канспіратар». І мянушка Скаргу падабалася.

Уражанні ад пачутага і падгледжанага ў падземцы і тралейбусе, а ездзіць яму даводзілася аж у Малінаўку, Вячаслаў амаль кожны вечар аналізаваў і запісваў у дзённік. «Дзённік для чэкіста – апошняя справа, – не пераставаў паўтараць адзін з іх выкладчыкаў, – асабістыя перажыванні і думкі, давераныя паперы ў юнацтве, могуць нашкодзіць спакойнай і сытай сталасці і тым больш старасці. Так што спецыялізуйцеся на чытанні чужых прызнанняў і ніколі не пішыце сваіх». Вячаслаў прыняў гэтую параду да ведама, але дзейнічаў па-свойму.

Дзённікі ён пісаў даўно, з восьмага класа, і надзейна хаваў у старым, яшчэ прапрапрадзедавым схове, па-майстэрску абсталяваным у іх старым доме ў Нясвіжы. Дому гэтаму, калі верыць нябожчыку дзеду, было гадоў чатырыста з гакам, пра памер гака дзед нічога не казаў, а вось схованку перад самай смерцю паказаў, пры гэтым узяў клятву, што Вячаслаў адкрые тыя таямніцы толькі свайму ўнуку, калі яму споўніцца сямнаццаць гадоў.

– Дзед, а калі ўнука не будзе?

– Як гэта не будзе? – наморшчыўшыся, строга спытаў той.

– Калі будуць толькі ўнучкі?

– Тады жыві, чакай праўнукаў, але амялушкам і чужынцам нашу таямніцу не выдавай, – падумаўшы, дзед дадаў: – Сыну не ўздумай казаць, сын бацьку не сябар, ён больш супернік. Гэта пакуль табе зразумець цяжка, пазней, пазней датумкаеш. У самым крайнім выпадку сярэдняму ўнуку свайго брата пакажаш, які табе будзе радней і бліжэй. І наогул, больш за ўсё давярай сваім пачуццям ды інтуіцыі, не пярэч ім і не супраціўляўся.

Схованку гэтую, па словах дзеда Браніслава, ніхто з чужынцаў не знаходзіў, хоць дом пераварочвалі ўверх дном і шведы, і французы, і расейцы, і польская «двуйка», і нямецкая СД, і разоў з шэсць родныя савецкія органы.

Акрамя запаветных сшыткаў, у прасторнай каменнай нішы захоўваліся паперы іх роду, поўны радавод, дароўныя граматы вялікіх князёў і каралёў. Тры старадаўнія пярсцёнкі, нейкія жаночыя ўпрыгожанні, гісторыю якіх нават дзед ужо не ведаў, два старадаўнія кінжалы і пісталеты, адзін дапатопны, інкруставаны золатам і перламутрам, другі нямецкі армейскі «Вальтэр» з дзвюма запаснымі абоймамі. Былі яшчэ і залаты гадзіннік, падораны аднаму з іх сваякоў Тадэвушам Касцюшкам. Асаблівы гонар у гэтым скарбе ўяўлялі пяць таўшчэзных тамоў, пераплеценых скурай сшыткаў – дзённікавых запісаў ягоных продкаў. Запісы вяліся, наколькі ён мог разабраць, на латыні, па-польску, па-французску, па-нямецку і, здаецца, па-італьянску. Вячаслаў памятаў, як спрабаваў з наскоку, абклаўшыся слоўнікамі, спасцігнуць сэнс незразумелых слоў, дзе амаль кожная буквіца была ўпрыгожана мудрагелістымі завіткамі. Дзе тут літара, дзе яе ўпры– гожванне – паспрабуй разбяры! Кавалерыйскай атакі не атрымалася. Засеў за мовы. Але і адноснае веданне іх, той жа нямецкай ці польскай, мала што давала. За стагоддзі шмат што змянілася не толькі ў матэрыяльным свеце, але і ў яго слоўнай абалонцы, так што экскурсію ў нетры свайго старажытнага роду давялося адкласці, ды і служба адымала амаль увесь час.

У нясвіжскім доме жыла бабуля са сваёй малодшай дачкой і яе сямействам. Вячаславу па старой традыцыі належаў дзедаў пакой, невялікі і ў параўнанні з астатнім домам нейкі падслепаваты, затое зімой самы цёплы і ўтульны. У ім за шырокім старадаўнім сталом, які, нават разабраўшы, немагчыма было вынесці, рабілі ўрокі і гулялі Вячаслававы стрыечныя браты і сястра. Начаваць і пастаянна жыць у пакоі мог толькі той унук, якога назваў у сваім тэстаменце дзед, нават адважная бабуля, якая пабачыла на сваім веку многае, і тая, ледзь пачынала змяркацца, спяшала з дзедавага кабінета, а ўжо ўначы туды зайсці яе нельга было прымусіць ніякімі просьбамі ці пагрозамі.

Падчас вайны ў тым пакоі размясціўся нямецкі афіцэр, сам яго выбраў, доўга хваліў стол, захапляўся спакоем і прыгожым відам з акна, што выходзіла на возера і Радзівілаўскі замак, у якім тады размяшчаўся дом адпачынку і шпіталь лётчыкаў люфтвафэ. Тыдні праз два пастою пайшоў сабе ветлівы Ота на службу і павесіўся ў сваім кабінеце, пакінуўшы перадсмяротную цыдулку: «Прабач мне, Эльза, я сыходжу да Барбары!». Эльзай звалі яго жонку, а хто такая Барбара – ніхто не ведаў і не разумеў, чаму да яе трэба было сыходзіць такім дзіўным спосабам. Гэтыя падрабязнасці распавёў дзяншчык, забіраючы гаспадарскія рэчы.

Новы пастаялец, эсэсаўскі лейтэнант, таксама доўга не пажыў, насмерць разбіўся на матацыкле, цыдулкі не пакінуў, але, як мянташылі ўчэпістыя языкі, у шпіталі перад адыходам на той свет таксама ўсё клікаў нейкую Барбару.

Вячаславу ў дзедавым пакоі спалася спакойна і лёгка, ён нават і сноў там толкам ніколі не бачыў. Таямніцай роду ён даражыў і па дробязях у схованку не лазіў. Наогул, так сталася, што пра таямніцу падзямелля ён даведаўся раней, чым прыняў рашэнне паступаць у Вышэйшую школу КДБ, ды і дзед, калі б быў жывы на той час, наўрад ці ўхваліў бы выбар унука, хоць ягоны сын, бацька Вячаслава, служыў некалі ў нейкім дзіўным ваенным ведамстве. З бацькам заўсёды было шмат нейкіх таямніцаў і недагаворанасці. То ён быў журналістам-міжнароднікам, то дыпламатам, то, як вузкі спецыяліст па сельскагаспадарчай тэхніцы, вызубрыўшы на хуткую нагу фарсі, з’ехаў у Афганістан. Там у нейкай глухой правінцыі на мяжы з Пакістанам, яшчэ гады за паўтара да ўводу савецкіх войскаў, ён і загінуў; няшчасны выпадак – так было сказана ў афіцыйным паведамленні. Хавалі бацьку ў цынкавай труне. На пахаванні было некалькі незнаёмых людзей, трымаліся яны збоку, пасля могілак, пашаптаўшыся з мамай, моўчкі раз’ехаліся, застаўся толькі адзін, які калісьці вучыўся з бацькам у адным ваенным вучылішчы – і пасля памінак пра нешта доўга размаўляў з дзедам і мамай. Вячаслаў гэта ўжо добра памятаў. Дзед усё абяцаў нешта расказаць пра бацьку, ды не паспеў: памёр нечакана, раніцай на кухні за сталом.

Мітусня метро маладому і амбітнаму чэкісту падабалася; нават калі не было машын, ён адзначаў для сябе вельмі павучальныя і яркія асаблівасці ў паводзінах людзей, а колькі ён пачуў размоў пра сённяшнюю рэчаіснасць і ўладу! Самыя смелыя і вострыя траплялі ў яго сшытак. Праз год-два, перачытваючы іх, малады чалавек міжволі дзівіўся аднастайнасці і недальнабачнасці народнага погаласу. «Натоўпу не дадзена прарочыць, – любіў паўтараць дзед. – Ніколі не ідзі на повадзе натоўпу і ніколі не пярэч яму, але заўсёды рабі па-свойму».

Перайшоўшы на чацвёрты курс, Вячаслаў абвясціў маме, што будзе жыць асобна і каб яна правільна яго зразумела ды не крыўдзілася. Сёння ён вяртаўся на сваю здымную кватэру позна. Пасля працы забег да Ягора Кузьміча і засядзеўся. Ды ў гэтага чалавека не тое што засядзецца – у яго можна было б і пасяліцца жыць, здымаючы ўсяго толькі вузкую скрыпучую кушэтку, калі б прапанаваў яму гэта гаспадар.

– Грамадзяначка, давайце толькі без аказання супраціву прадстаўнікам улады! Грамадзянка...

Два паставыя міліцыянты спрабавалі затрымаць дзяўчыну, якая вырывалася ад іх. Трэці, па ўсім старшы нарада, спрабаваў звязацца з кімсьці па рацыі. Вячаслаў, не раздумваючы, падышоў да яго, паказаў службовае пасведчанне і пацікавіўся, што адбываецца.

– Вось, таварыш лейтэнант, непадпарадкоўваецца грамадзянка і затрымліваецца для высвятлення асобы...

– Старшына, маё прозвішча Скарга, і давай без званняў ды казыранняў, -упаўголаса папрасіў лейтэнант. – За што затрымліваеце? – Вячаслаў уважліва паглядзеў на дзяўчыну: тая маўкліва ўпіралася, але з ёй усё ж справіліся ахоўнікі парадку і вялі да старшага. Сімпатычная, меднавалосая, з бел-чырвона-белым шалікам вакол шыі, у бярэтцы з бел-чырвона-белай стужкай і з бел-чырвона-белай значкай на кароткім палітончыку ў чырвона-белую клетку.

– Так, старшына, з чырвона-белым відавочны перабор, – усміхнуўшыся, з разумением вымавіў Скарга.

– Ну дык і я пра што! Як нейкі бэнээфаўскі хадзячы плакат.

Вячаслаў ужо быў сабраўся пайсці далей, але, зірнуўшы яшчэ раз на дзяўчыну, прыкінуў, што з ёй можна было б папрацаваць як з будучай даверанай асобай з пратэстных моладзевых тусовак.

– А ведаеш што, старшына, аддай ты мне гэтую хадзячую бяду, тут думка адна мільганула.

– Што ж, лейтэнант, – з ухмылкай вымавіў міліцыянт, – давай бяры, толькі глядзі – і за нас яе дзерані.

– Добра, як цябе завуць?

– Эдзік...

– Эдуард, давай вось што, – Скарга нешта таропка зашаптаў яму на вуха.

– Ага, усё зразумеў, зраблю...

Вячаслаў, адвярнуўшыся, каб не сустрэцца вачыма з затрыманай, пайшоў з метро. Ужо на вуліцы ён прытаіўся за бакавой сценкай выхаду і стаў чакаць. У хуткім часе з’явіліся старшына Эдзік і прыціхлая затрыманая. Чэкіст умела адштурхнуў канваіра, перахапіў руку дзяўчыны і з нягучным крыкам «Уцякайма!» нырнуў з ёй у яшчэ зімовы змрок вясновай ночы. Ззаду сіпла заліваўся міліцэйскі свісток. Прабегшы пару двароў, уцекачы перайшлі на хуткі крок, пераканаўшыся, што пагоні няма, спыніліся і зарагаталі.

– Ну ты даеш, я спалохацца не паспела, як ты мяне вырваў у гэтага монстра і завалок у цемру, – скрозь смех сказала дзяўчына. – Мяне завуць Стэфанія, сябры Стэфа, а ты – як табе зручней, ты ж мой выратавальнік.

– Я Вячаслаў, у сяброў Слава, Славец, таксама выбірай, як зручней, -працягваючы руку, адказаў хлопец. – Ты дзе жывеш?

– Наогул-та я з Горадні. У Менску вучуся ва ўніверы замежных моў, жыву ў здымцы на іншым канцы горада, тут у сяброўкі была на адной тусоўцы. Як дадому дабірацца – не датумкаю, у метро, напэўна, цяпер нельга?

– Гэта ўжо так! Ні табе, ні мне туды сёння лепш не совацца. Мянты, хутчэй за ўсё, да закрыцця там будуць тырчэць. Давай лепш я цябе да тусовачнай сяброўкі правяду, гэта далёка?

– Ды не, калі пешшу і наўпрост – хвілінаў трыццаць, на аўтобусе дзесяць, але яго ў гэты час не дачакаешся. Вось звалілася на тваю галаву, табе, мабыць, дадому трэба, жонка ўжо мо зачакалася?

– Малады я яшчэ для жонкі. Дзед мой быў перакананы, што кавалер задумвацца пра сям’ю мае права толькі пасля трыццаці пяці, а заводзіць жонку пасля сарака.

– Відаць, дзед твой быў дока па частцы дзяўчат! Бедная бабка!

– Не, з бабкай у іх усё было нармальна, яна была яго маладзей на дваццаць пяць гадоў, а вось да бабулі, – Вячаслаў злёгку свіснуў, – там, кажуць, шмат чаго было. Давай паказвай дарогу. А чаго гэта ты так кідка апранулася? – змяніў ён тэму.

– Ды вось хацела даказаць аднаму дзіваку сваю смеласць і нацыянальную заангажаванасць.

– І атрымалася?

– Ды ну яго, змагар прыезджы! Вось тут направа і прама праз пустку. Ты не збаішся туды пайсці?

– Ты ж не баішся?

– Дык гэта ж з табой, адна ні за што не паперлася б, нават па п’янцы.

– Я цябе якраз пра гэта самае «з табой» і пытаю: не боязна з незнаёмым мужыком ноччу па будаўнічых пустках швэндацца?

– Слухай, ну цябе! – дзяўчына спынілася і, як здалося Вячаславу, нібыта зморшчылася. – Пайду я лепш у метро ці вунь на прыпынку аўтобуса пачакаю. А я думаю, што гэта ты мне пра дзеда свайго заліваць стаў. Можа, ты маньяк?

– Не, і мяне, і род мой Гасподзь ад такой заганы збярог. Пажартаваў я, ну дык ідзем?

Стэфанія, міжволі імкнучыся быць бліжэй да маладога мужчыны, пакрочыла побач.

4

Хтосьці стукаў у вароты. Спачатку стук быў нягучны, нібыта даверлівы, можа, нават разлічаны на тое, што яго чакаюць у соннай хаце. Потым узмацніўся. І ўжо не адзін чалавек і не рукой злосна лупіў у счарнелыя дубовыя дошкі варотных палавін.

Першай слабы стук пачула Эва і, сцяўшыся пад коўдрай, прыслухалася, імкнучыся адагнаць ад сябе страх, што змусіў мацней забіцца сэрца. Чым маглі скончыцца для закінутага ў глушэчы хутара гэтыя чужыя гукі яна, як і ўсе навакольныя сяляне, ведала яшчэ з ранняга дзяцінства.

Казімір прачнуўся хутчэй ад спалоху жонкі, чым ад груку, і, мацюкаючыся, няспешна падышоў да стала, дастаў запалкі, падняў шкло і запаліў вялікі нямецкі ліхтар.

– Каго там яшчэ халера прынесла? – загаварыў ён нізкім, асіплым спрасоння голасам, – добра хоць дзяцей дома няма. Ты давай, тамака, Эўка, апранайся ды паглёньдзь, што там на стол можна пакласці. Калі ўжо ўсё гэта скончыцца? – Гаспадар, па-ранейшаму не спяшаючыся, нацягнуў штаны, боты, накінуў на плечы ватнюю безрукаўку. У цёмных сенцах, за вялікімі жорнамі, сунуў руку ў схованку, пераканаўся, што зброя і гранаты на месцы, і выйшаў на двор.

Прыхадні, мабыць, заўважыўшы ў акне святло ліхтара, сціхлі.

– Каму там не спіцца па начах?

– Добрым людзям, гаспадар! – адказалі яму па-польску.

– Добрыя, яны па начах у чужыя вароты не ломяцца, панове, – пераходзячы на польскую, запярэчыў Казімір, зазірнуў у прачыненыя дзверы. На парозе стаіўся з кулямётам яго нямы работнік. Гаспадар ледзь кіўнуў галавой уверх, маўляў, давай на гарышча, як было ў іх загадзя дамоўлена.

За варотамі стаялі трое, са зброяй. Аднаго з няпрошаных гасцей ён ведаў, звалі яго, здаецца, Янэкам. Быў ён сярэднім сынам мясцовага асадніка іхняй гміны пана Высчынскага, неблагога чалавека і моцнага гаспадара. Калі прыйшлі Саветы, дык яго яшчэ ў кастрычніку трыццаць дзявятага забралі ў баранавіцкую турму, там і знішчылі. Сям’ю неўзабаве загналі ў таварны вагон і вывезлі кудысьці ў Сібір. Янэка на той час дома не было, ён, казалі, вучыўся недзе ў Вільні, тым і ўратаваўся. Казімір і яшчэ трое сялян з суседніх хутароў падабралі на разрабаваным падворку амаль нежывую маці Высчынскага. Відаць, нехта з вызваліцеляў штурхнуў старую, тая стукнулася галавой аб кут, так з разбітай галавой і ляжала, можа, падумалі, што сканала. Але Бог не даў, уратавалі ўсім светам. Дзесьці праз паўгода аб’явіўся гэты самы Ян з нейкім сваяком і забраў бабку.

У Казіміра крыху адлягло ад сэрца: «Можа, усё і абыдзецца? Хоць па цяперашніх часах дабро ў чалавечай душы надоўга не затрымліваецца. На цябе, Гасподзь, спадзяёмся!»

– Ну заходзьце, калі ўжо завіталі, – прапускаючы ў двор прыхадняў, вымавіў гаспадар. Зачыніў вароты. – Тут пагутарым ці ў хату зойдзеце?

– У дом нам без патрэбы, жонку і дзяцей палохаць няма чаго. Цябе, хоць ты і схізматык, добра рэкамендуюць нашы людзі, – адказаў, відаць, старшы, чалавек сярэдняга ўзросту, зарослы сівой шчэццю, амаль увесь твар хаваў цень ад шырокага брыля канфедэраткі. – Адным словам, пан Казімір, будзе ў польскай Арміі Краёвай да цябе адно даручэнне. Можаш гэта лічыць просьбай. Можаш адмовіцца, але не можаш здрадзіць. Ты мяне разумеет?

– Не, пан афіцэр, пакуль не разумею. Што трэба зрабіць?

– Рабіць нічога не трэба, трэба не выдаць той таямніцы, якую табе давераць...

– А, ну так бы і казалі, я, праўда, не ведаю ніякай таямніцы, але калі пан скажа, то буду маўчаць. Мы тутака, – мужык павёў рукой, – усё адно больш маўчым, з канём шмат не пагаворыш.

– Час, гаспадар, цяжкі, Саветы асільваюць, шмат, вельмі шмат людзей загінула, – прастуджаным голасам казаў камандзір, – трэба ратаваць тых, хто застаўся, трэба сыходзіць на Захад. – Паляк замаўчаў, быццам нешта абдумваючы.

«Відаць, і насамрэч прыціснулі вас, – стараючыся не ўсміхнуцца, падумаў Казімір, – за польскім часам ды і пры немцах, калі вас тут ва ўсіх лясах і хутарах як прусакоў сядзела, стаў бы ты са мной так гаварыць адкрыта...»

– Мы вырашылі пакінуць у цябе адзін груз, каб ты яго схаваў і аддаў толькі нашаму чалавеку. Ты згодны?

– Калі тое, пан, нешта малое і не зброя, то чаму не схаваць.

– Гэта не зброя, гэта тры малыя жалезныя скрыні. Там не пянёнзы, не золата, там нашыя вайсковыя паперы. Мы іх адамкнём – і ты сам усё ўбачыш.

– Пан, мне чужога не трэба, мне хопіць і таго, што вы дасце за ахову папер. Нясіце свае скрыні сюды, да адрыны. Як пойдзеце, я іх надзейна схаваю. Я вось толькі аніяк не даўмеюся, за якія заслугі мне ад вас такі давер? Вунь вашых палякаў кругом колькі...

– У нашых будуць шукаць, пан Казімір, – адказаў за камандзіра, які адышоў да варот, Ян, – пра гэтыя паперы многія ведаюць. І сярод сваіх бываюць юды, нешта нам апошнім часам часта не шанцуе: куды ні сунемся, а нас там ужо чакаюць радзенцы. Вы за сябе не бойцеся, пра нашую справу ведаем толькі мы ўтрох.

– О, пан Янак, пан Янак! Усё вакол пылам пайшло, люд злым стаў, ні дабра, ні Бога не памятае. Горш звяроў сталі. Вайна стрэльбы дала, а сэрца ў чалавека забрала, а галоўнае, што там наперадзе будзе, нікому невядома. Ссунуўся ўвесь свет, усе бягуць адзін ад аднаго. Ну, а вы куды пабежыцё? За кардон? Дык у вашай Варшаве даўно ўсё тыя ж радзенцы, і ў Чэхіі, і ў самой Нямеччыне скрозь Саветы. Бедныя вы людзі, ну бяжыце, хай ужо хоць Бог вам спрыяе. А за паперы не бярыце нічога такога да галавы, даглёнжу.

– Вельмі на вас спадзяемся. Гэта я прапанаваў пану харунжаму схаваць архіў у вас. Слова даў за вашу надзейнасць і галаву сваю. Другі раз Бог нас зводзіць...

Афіцэр прытрымаў палавіну варотаў, трэці акавец выслізнуў на вуліцу і хутка вярнуўся з цяжкай, мяркуючы па ўсім, скрыняй. Паставіў яе каля сцяны хлява, прынёс другую, крыху большую, і яшчэ адну.

– Вось, гаспадар, і ўвесь груз, як бачыш, месца шмат не зойме. Калі прыйдзем па яго, я не ведаю, але прыйдзем абавязкова. Вось ён, хутчэй за ўсё, і прыйдзе, – камандзір паказаў на Яна, – а як ён не зможа, то прыйдзе чалавек і скажа: «Прывітанне вам ад пана Яна з Гальшан, таго, што пакінуў у вас свайго каня» – яму і аддасі скрыні. Скрыні гэтыя добра зачыненыя і не баяцца вільгаці, ну ў вадзе іх, вядома, трымаць не трэба. Што вам яшчэ сказаць, нават і не ведаю. Вось, вазьміце грошы. Тут дастаткова, усё ў радзецкіх купюрах, ад граху далей. Для вашай навакольнай галечы грошай шмат, так што траціць іх варта з аглядкай, памалу і лепш не тут, а ў горадзе, каб не было прыкметна, ніхто не спытае, адкуль яны ў цябе, а галоўнае – суседзі зайздросціць не будуць. А яшчэ, каб ты не забыў пароль. – афіцэр махнуў рукой жаўнеру, што насіў скрыні. Той выйшаў з двара і вярнуўся з пародзістым жарабцом.

– Не, не, не, родненькія вы мае паночкі, – спалоханым голасам узмаліўся Казімір, – нельга, нельга мне такога каняку. Гэта ж верная пагібель! І мяне заарыштуюць, і дзяцей паб’юць. Не, забярыце вы яго з вачэй маіх! Ой, і добры, добры конік, толькі ён араць не зможа і ў аглоблі не стане. Не, дзякуй, забярыце. Я, можа, вось за грошы вашыя куплю якую кабылку, нібыта як з кумам і шваграм у складчыну, так яно спакойна будзя.

– Добра, гаспадар, ты сапраўды маеш рацыю. Дадамо да каня, – і харунжы дастаў яшчэ некалькі савецкіх пяцідзесяцірублёвак з афіцэрскай сумкі.

– Вось за гэта дзякуй! – з паклонам прыняў нечаканае багацце Казімір, -дык вы хоць на хвіліну зайдзіце ў хату, а тамака жонка ўжо, відаць, і на стол накрыла. Перакусім і бімберу паспрабуеце майго.

– Дзякуй за запрашэнне, пан Казімір, але нам пара, наперадзе яшчэ доўгія зборы. Паперы беражыце, яны вельмі важныя, хацелася б, каб хоць дзеці нашыя калісьці прачыталі іх і зразумелі, за што мы тут гінулі. Пра здраду і пакаранне я казаць не буду, сам усё разумеет. Усё, да відзэння!

Госці, казырнуўшы, сыйшлі, забраўшы свайго прыгажуна, які насцярожана стрыг вушамі.

Казімір замкнуў на завалу вароты, пастаяў, паслухаў. Хмурная, начная цішыня вісела над хутарам, ні гуку, ні шоргату, быццам і не было гасцей, толькі грошы адтапырвалі кішэню ды каля сцяны хлява цямнелі тры сплюшчаныя скрыні. На ганку хаты стаяла, прыціснуўшы да грудзей рукі, Эва, а з дзвярэй адрыны выглядваў здзіўлены твар работніка Міхала.

– Ну што застылі, як ёлупы? Ты, Эўка, ідзі адчыняй падполак, а ты, чорт нямы, бяры скрыні і цягні ў хату. Вось як яно іншым разам выпадае. не ўсялякі начны стук да бяды, бывае, што і да прыбытку.

– Ох, Казімірка, баюся я гэтага начнога багацця, – заходзячы ў хату, адказала жонка.

«Бойся, бойся, дурная баба, – падумаў Казімір, падымаючы адну з скрыню, – а коніка я сабе ўжо прыгледзеў. Цяжкая, зараза! А калі там не паперы? Не, нарабаванае яны б ні за што не кінулі. Хай пакуль у гэтай блізкай хованцы паляжаць скрыні, а пасля справаджу і жонку, і ентага калеку – ды ўжо без лішніх вачэй перавалаку ў далейшую, яшчэ бацькаву схованку. Так яно будзе спакайней. Хвала Богу, ёсць на хутары такое месца».

5

– Вось ты мне, Лаўрэнцій, адкажы, ты там да вярхоў бліжэй, можа, навука якая маецца, якая тлумачыць, як і адкуль з’яўляюцца правадыры?

– Правадыры не з’яўляюцца, і наогул. – са здзіўленнем зірнуўшы на суразмоўцу, з лёгкім каўказскім акцэнтам вымавіў сярэдніх гадоў мужчына ў напаўвайсковым фрэнчы, – правадыроў у адных народаў і адной краіны шмат быць не можа. Правадыр – ён адзін і множнага ліку не трывае. І такі правадыр у нас ёсць! А вось начальнікаў, начальнікаў якраз правадыр і прызначае. І потым, – ён з-пад ілба глянуў на суразмоўцу, – ты, Панцеляймон, давай не прыкідвайся: «Да вярхоў бліжэй», ужо хто з нас і бліжэй, дык гэта ты. І я б папрасіў цябе без гэтых, без правакацыйных пытанняў пра правадыроў. А то і не пагляджу, што сябар, пяро папросту магу ў чарнільніцу макнуць, – Лаўрэнцій падсунуў да сябе талерку з салёнымі агуркамі.

Каўказец з налітымі, як ва ўсіх грузінаў, вуснамі, хітра прыжмурыўшыся, працягваў уважліва глядзець на свайго сабутэльніка.

– Ага, з табой шчыра, Лаўрэнцій Фаміч, не пагаворыш, – абыякава, без напружання і эмоцый, размешваючы салату, адазваўся галоўны партыец Беларусі. – Усё ты хочаш перакруціць, перайначыць. Усё імкнешся нейкую крамолу ў звычайных словах адшукаць ды пад манастыр як-небудзь падвесці. Я з табой не аб канкрэтным правадыры і канкрэтнай краіне гавару. У нас з гэтым усё даўно ўжо вызначана, народам і партыяй вызначана. У іншым маё пытанне: вось як так атрымліваецца, што менавіта гэтага, а не нейкага іншага чалавека ўзвялічвае воля народа...

– Э, родны, якая воля?! Якога народа? Гэта сам, разумеет, сам правадыр сябе робіць вялікім і вядзе за сабой народ. Пачакай, пачакай! – заўважыўшы здзіўлена ўзнятыя бровы суразмоўцы, замахаў рукамі Цанава, – чытаў я і статут, і праграму нашай сталінскай партыі, усё пра калектывізм ды іншыя прыгожыя словы памятаю і сяброўскія складкі плачу. Тут, калі я правільна ўлавіў тваю думку, размова пра іншае: якая сіла простага, зямнога чалавека робіць вялікім? Так, біджо?

– Во, бачыш, пры пэўнай крытыцы і ты па-таварыску загаварыў. Менавіта пра тое я і тлумачу. Нешта ў такім узвышэнні ёсць асаблівае, вось толькі што? Не быў бы бальшавіком і атэістам, падумаў бы, што бог, але адкуль яму ўзяцца, калі яго няма? Я вось гляджу на Самога – мяне збянтэжанасць бярэ! Гэта ж якая ў ім сіла сядзіць, каб усім гэтым варочаць! – ён крыху па-тэатральнаму павёў рукамі. – Ну, цяпер яно лягчэй, а вайна? Вайну дык ён выйграў! Не было б яго – страшна і падумаць, што было б з намі. Ці вось з таго боку таксама правадыр быў, і о-го-го які правадырына! Я сам, на свае вочы бачыў, як яго немцы гатовыя былі на руках насіць...

– І дзе гэта ты бачыў? – з непадробнай цікавасцю спытаў чэкіст.

– Ды каб цябе! – з прыкрасцю выгукнуў суразмоўца, адстаўляючы міску.

– У хроніках закрытых бачыў, у кіно, яшчэ да вайны. А ты ўжо, відаць, падумаў, што я з іхнім фюрэрам на трыбунах стаяў? Добра, не лепіцца ў нас сёння размова. Давай па астатняй, як тут гаворыцца, і разыходзімся, а то зноў пасабачымся. Не люблю я пасля нашых узаемных падколак і хмельных крыўдаў хадзіць. Што ўжо тут дурыць, калі я зусім пра іншае з табою хацеў за чаркай пагаварыць...

– Ну дык і гавары! Якія тут падазрэнні могуць быць? Чаго мы толькі з табой не перажылі за гады сумеснай працы, а ты ўсё як хлопчык: ледзь якую дурную думку ў галаву ўзяў – адразу ў крыўду. «Па астатняй, па хератняй»! Толькі прыселі, вунь колькі ежы твае партызанскія кашавары нанеслі. Давай за нашага адзінага і вялікага правадыра вып’ем! Пакуль ён з намі, і мы будзем з ім! За здароўе Іосіфа Вісарыёнавіча!

Выпілі прымірэнчы тост. Засаплі, апетытна жуючы закуску. За плячыма гэтых людзей было столькі агульнага, што лепш бы пра яго і не ўзгадваць. Кажуць, няма страшней нянавісці і мацней дружбы, чым тая, якую звязвае кроў сумесна загубленых ахвяраў. Колькі гэтай крыві было на руках нахмураных суразмоўцаў, гэтага нават яны самі не памяталі і памятаць не хацелі. Ды і не кроў яны пралівалі нявінную, не жыцці і лёсы людскія калечылі, яны непарушна выконвалі свой абавязак партыйцаў і высякалі пад корань усякую нечысць, якая замінае савецкім людзям будаваць сваю светлую будучыню. Яны засвоілі яшчэ кастрычніцкую ісціну: не ты, дык цябе! Галоўнае – нічога ад сябе, усё імем партыі, імем народа. А тое, што яны самі жылі не ў бараках і смярдзючых, счарнелых ад часу хатах, як увесь народ, дык гэта не іх выбар! Гэта воля партыі. Так вырашылі таварышы. Скажы ім сёння нехта ў твар пра бязвінна загубленыя дуты, абодва саноўныя партыйцы схапіліся б за зброю ці клікнулі б ахову, каб сцерці ў лагерны пыл антысаветчыка, які сумняецца ў правільнасці іх учынкаў і мудрасці вялікага правадыра.

Барацьба з ворагамі народа, усялякімі нацыяналістамі і касмапалітамі ў той не такі ўжо і далёкі ад нас час з’яўлялася, як сёння б сказалі, прыярытэтным праектам. А перадавікоў і застрэльшчыкаў падобных праектаў шанавалі ва ўсе часы. Перад пачаткам вайны, улетку сорак першага, памёр ад цырозу пасля цяжкіх запояў легендарны чэкіст Пётр Магго. Легендарнасць энкавэдэшнага стаханаўца непарушна стаяла на асабістым рэкордзе: Пётр уласнаручна расстраляў з тысяча дзевяцьсот дваццаць сёмага па саракавы год роўна дзесяць тысяч чалавек! Рэкорд, што называецца, зафіксаваны кіраўніцтвам і высока ацэнены. Ордэны Леніна, «Баявога Чырвонага Сцяга», «Чырвонай Зоркі» і шматлікія медалі ўпрыгожвалі грудзі ката. Як і належыць выдатнай асобе, пахавалі заплечных спраў майстра на самых прэстыжных могілках Масквы.

– Эх, Лаўрэнцій, – перастаў жаваць Панамарэнка, – можа, і меў рацыю ў сорак пятым твой зямляк і цёзка, трэба было не спыняцца нам у Берліне, а перці далей. Жукаў з Коневым у сваім дурным спаборніцтве за ўзяцце сталіцы рэйха і людзей паклалі дарма, і Заходнюю Германію з Францыяй прафукалі. А вазьмі іх мы, наколькі б сёння спакайней было?

– Ды не кажы ты! І спакайней, разумеет ты, жылося б, і правадыр быў бы адзін на ўсю Еўропу з Азіяй у дадатак. І мы з табой, Панцеляймон, камандзіроўку ў ЦК выпісалі б – і ў Парыж! Ох і дзеўкі там! Кажуць, не роўня нашым і нават немкам! Такое з мужыкамі вытвараюць!

– Ну ты і хапіў! – ужо лагодна працягнуў галоўны камуніст рэспублікі, – вам, генералам, толькі шашкай махаць, што сваёй, што казённай! Калі б Францыя стала сацыялістычнай, – яму гэтая тэма відавочна прыйшлася да душы, – французскі пралетарыят зачыніў бы гэтыя гадзючнікі распусты. А вось з іншымі прастытуткамі – халуямі фашысцкімі, якіх сёння прыгрэлі ў сябе на грудзях былыя сраныя саюзнічкі, было б нашмат прасцей. Хлопцам тваім не прыйшлося б па лясах лазіць, недабіткаў з іх смярдзючых нор выкурваць. Ты толькі на хвіліну прыкінь: казлы, якія засылаюць сюды ўвесь гэты зброд, таксама лічаць сябе правадырамі! Вунь у сваіх паганых лістках так і пішуць: правадыр беларускага народа, прэзідэнт БНР...! Які правадыр, якая народная рэспубліка?! Толькі аднаго ашалелага правадыра прыдушылі, а гэтыя, як блохі, са шчылін павылазілі! Гітлер ім не дапамог, цяпер, бачыш, уся надзея на амерыканцаў з англічанамі.

– Дай час, Панцеляймон Кандрацьевіч, вычысцім Беларусь і ад гэтага бруду. А чаго ты хацеў?.. Пасля кожнай вялікай буры рознага смецця і га.на шмат застаецца. Вось мы з табой і чысцім!

– Чысціць то чысцім, але ж крыўдна! Партызанская рэспубліка, народ паўстаў супраць фашыстаў...

– Была б яна партызанскай! НКВД жалезнай рукой і гарачым жалезам стварыла гэты народны рух! Але я з табой цалкам згодны – крыўдна! Мне вунь дакладваюць, што і былыя партызаны з абрэзамі па лясах швэндаюцца, актывістаў страляюць! Не ўсім, відаць, на карысць пайшла твая і мая навука. Я загадаў такіх браць толькі жывымі. Слова камуніста, я іх прыцягну ў твой кабінет, і хай баявыя таварышы судзяць гэтых вылюдкаў! Калгасы ім не падабаюцца, хутары ім лепей.

– Гэта ты правільна вырашыў, Лаўрэнцій Фаміч! Мы ўвесь Мінск, ды што Мінск, усю рэспубліку партызанскую падымем і люта, усенародна пакараем! Здраднікам – туды і дарога, ды вось іншае мяне турбуе... Я тут спісы асуджаных і ліквідаваных перачытваў, паслухай, адкуль столькі моладзі? Дзеці зусім!

– Э, бэл! Гэта ж выкармышы Кубэ, гэтага ім арганізаванага сранага Саюза беларускай моладзі. Бачыш, яшчэ і пяці гадоў не прайшло, як рэспубліку вызвалілі, а гадзяняты падраслі і галовы на сваіх балотах падымаць пачалі...

– Вось толькі гэтага не хапала! Гэтую заразу, гэтую поскудзь... яе ўсю пад нож! Кубэ! А што Кубэ? Ён сваё ўжо даўно атрымаў. У нас тут у Мінску і пры Кубэ, і да яго, і пасля гэтага Кубэ сваіх дамарослых нацыянал-настаўнікаў хапала і цяпер хапае! Гэтыя больш страшныя за лесавікоў, свалаты гэтай недабітай. Яны вунь у паліто і капелюшах па сталіцы разгульваюць, разам з намі на партканферэнцыі ходзяць, кафедры і рэдакцыі ўзначальваюць, кніжачкі папісваюць і чакаюць, чакаюць любой нашай прамашкі. Толькі во ім! – галоўны камуніст закруціў смачную дулю. – Давай мы гэтаму, моладзеваму, пытанню пленум ЦК прысвяцім. З тваім загалоўным дакладам, а тэму моладзевага нацыяналізму асабліва падсвецім і меры, канкрэтныя меры па канкрэтных асобах прама ў зале прымем! А? Каб ад гэтых недабітых намі ў свой час купала-луцкевічаўскіх паслядоўнікаў і падпявалаў толькі мякіна паляцела.

– Згодзен, біджо! Фактуру падбяру, фактаў прыгожых зраблю. За даклад, за давер дзякуй. Сёння і пазваню Лаўрэнцію Паўлавічу, далажу пра тваю ініцыятыву. Думаю, яму спадабаецца, а калі спадабаецца яму, то ён абавязкова самому гаспадару скажа.

– А ці не позна, ужо ж адзінаццатая гадзіна?

– Самы раз. У цябе тут круцёлка працуе?

– Тэлефон працуе, але ты ведаеш, Лаўрэнцій Фаміч... – зменшыўшы напор і партыйны запал, адступіў Панамарэнка. Яго заўсёды жорсткі твар з вялікім носам і доўгім падбародкам набыў выраз чалавека, які адчуў нешта нядобрае. – Давай мы, брат, з табой пераначуем з гэтай ідэяй, а заўтра да абеда сустрэнемся, усё абмяркуем і прымем канчатковае рашэнне. Мы ж з табою не жаўтаротыя камсамаляты. Справа сур’ёзная, ды і не справа нават, а тэма, тэма вельмі слізкая. Нацыяналізм, Лаўрэнцій, зараза інфекцыйная, мы яе ў гэтым забітым краі вытруцім, выпалім гарачым жалезам. Тут іншых меркаванняў быць не можа. Пытанне ў іншым: ці трэба пры гэтым шум вялікі падымаць?

Кандрат Панцеляймонавіч устаў, заклаў рукі за спіну і павольна пакрочыў вакол стала.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю