355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Валерий Казаков » «Чорны кот» (СИ) » Текст книги (страница 13)
«Чорны кот» (СИ)
  • Текст добавлен: 2 октября 2017, 14:30

Текст книги "«Чорны кот» (СИ)"


Автор книги: Валерий Казаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 13 страниц)

– Ведаеш, Каценька, неяк ужо вельмі ты пра ўсё абагулена судзіш. Агулам. Не ўсё так проста. Не ўсе і не заўсёды лідэры нашыя спяшаліся ў калабаранты. Не буду ў далёкія нетры ўдавацца, возьмем Другую сусветную...

– Давай лепш бяры наогул новы час, растлумач мне, неразумнай, што ў нас у дзевяноста першым здарылася? Даўно хачу пачуць тваё меркаванне, – перапыніла яго актрыса, дастаючы з пачкі доўгую тонкую цыгарэту. – Не супраць, калі я дыману?

– Зрабі ласку, – ажывіўся мастак, – хоць забароненым паветрам пады– хаю. Паганыя ўсё ж такі людзі, дактары, нават хай і сябры: «Нельга, нельга»!

– Дактароў, як і ксяндзоў, Ваня, трэба заўсёды слухаць, – зажмурыўшы– ся ад задавальнення, вымавіла Кацярына, выпускаючы шызаватыя воблачкі духмянага дыму. – Давай, Алесь, пра нашую першую і адзіную ў гісторыі незалежнасць патлумач, пра тую, якую мы з рук п’янага Ельцына ў Віскулях пакорліва прынялі.

– Якія ж усе акцёры язвы, і вы, матухна, не выключэнне. Дык вось, гісторыя нашай незалежнасці...

– Залежнасці, Алесь! Залежнасці. Мы заўсёды ад некага залежалі, ды і цяпер залежым. Добра, чорт цябе бяры! Не буду я тваю душу рамантыка раздзіраць, пішы сабе сваю казачную гісторыю, авось і яна калісьці спатрэбіцца. Скажы, а чаму ваш бэнээфаўскі лідэр збег з нашай незалежнай краіны і нейкую бязглуздзіцу нясе з еўрапейскіх кустоў? Пры ненавісным камуністычным рэжыме жыў, нават прафесарыў, а тут узяў і драпануў.

Гісторык набычыўся і глядзеў на тэатральную дзіву з відавочнай непрыязнасцю. Усе прыціхлі і, здавалася, падаліся наперад, каб не дай Бог не прапусціць ніводнага слова, ніводнай грымасы. Замес абяцаў быць крутым.

– А чаго ж ты, галубка, не спытала яго сама ў Вільні? Ты ж, калі мне памяць не здраджвае, была на яго лекцыі?

– Ты што гэта – крыўдзіцца на мяне ўздумаў?! Ну ты і дурань! Чаго мне блазна пытацца?! Ён жа збрэша і вокам не міргне. Мне праўда патрэбна, вось я цябе і катую. Ды не хочаш – не адказвай.

– Не, я адкажу, – ужо цяплей працягнуў гісторык. – Пасля таго, як ён не ўгаварыў Васіля Уладзіміравіча выстаўляць сваю кандыдатуру на выбарах прэзідэнта і не саступіў гэтае права яму, нашыя шляхі з «лабастым» разышліся. Фронт наш, дарэчы, таксама, па сутнасці, Быкаў арганізаваў. Без яго ён запаршывеў і прыйшоў у той стан, у якім цяпер і знаходзіцца. А нясе Скразняк сваё, бо іншага гаварыць не можа.

– Бачыш, Алесь, – усміхнулася Кацярына Сігізмундаўна. – супакойся, не буду я цябе, родненькі, больш мучыць пытаннямі, хоць на душы ўсё ж неяк моташна. Бо шкада і тых, і тых. Дзе яны яе, гэтую ўладу, знойдуць, на плошчы ці на праспекце? Ды яе і ў кабінетах днём з агнём ні халеры не адшукаеш... Ты, Ядзька, – хітра зірнуўшы на гаспадыню, рэзка змяніла тэму сяброўка, – каго там за перагародкай хаваеш? Мне ўжо даўно накапалі, што ў цябе новы маладзец з’явіўся, а ну, кажы!

Усе з цікавасцю падаліся да паліцы.

– Ціха вы, калекцыю маю разаб’еце, – спрабавала іх супакоіць паэтэса.

На канапцы, згарнуўшыся абаранкам і па-дзіцячы паклаўшы пад галаву малітоўна прыціснутыя адна да адной далонькі, спала бялявая прыгажуня.

27

Засумавалы Вячаслаў заехаў ва ўпраўленне, далажыў, што прыбыў з камандзіроўкі і, калі заўтра адаспіцца, прыбудзе на службу. Пасядзеўшы ў нейкай прастрацыі ў кабіне свайго «японца», ён раптам зразумеў, што яму ехаць нікуды не хочацца; цяжка ўздыхнуўшы, накіраваўся ў кругласуткавы гастраном. Амаль у адзіноце паблукаў між стэлажоў, чагосьці неабавязковага накідаў у тачку і ўжо накіраваўся да соннай касіркі, як яго невясёлы настрой перапыніў званок мабільніка.

– Славік, а ты часам не ў горадзе? – спытала слухаўка голасам Ягора Кузьміча.

– У Мінску, тут, недалёка ад вас. Хлебам надзённым затаварваюся і збіраюся да сябе на выселкі ехаць. А што, будуць нейкія ўказанні?

– Ну, загады хай табе начальства выдае, а вось просьба ў старога маецца: ты і мне батончык свежанькі захапі ды кефірчыку пакецік, ну і завязі старому, калі не цяжка.

– Будзе выканана, – узрадаваўся лейтэнант, які яшчэ не звыкся да барацьбы з любоўнай хандрой. – Можа, чаго паістотней прыкупіць?

– Не, шмат не набірай, я, ты ж ведаеш, не вялікі ядок.

Хандру як рукой зняло. Вячаслаў ехаў па сонным пустым горадзе. Ён яго любіў вось такім: няспешным, у аціхлым асвятленні. Хоць у цэнтры, не зважаючы на позні час, таўклася моладзь.

Якое ж было яго здзіўленне, калі ён убачыў свайго настаўніка на лаўцы ля пад’езда. Адзінокая згорбленая постаць падалася яму неймаверна тужлівай. Стары, пазнаўшы яго машыну, устаў і замахаў рукамі. Вячаслаў пад’ехаў бліжэй і адчыніў пасажырскую дзверцу.

– Куды ехаць будзем? – як мага спакайней спытаў хлопец, хаваючы хваляванне.

– Давай у бок Заслаўя, – будзённа, як быццам яны даўно згаварыліся аб гэтай паездцы, вымавіў Ягор Кузьміч, перакідваючы на задняе сядзенне даволі аб’ёмную спартыўную сумку, – у цябе машына, спадзяюся, як належыць экіпіяваная? Рыдлёўка, сякера, ліхтарык на месцы?

– Крыўдзіце, таварыш палкоўнік! Я ж з вобласці еду, там і палатка, і спальнік маюцца, і ўсё іншае.

– Вось і добра. Цяпер адключай свой мабільнік і давай яго сюды, – раскрыўшы старую бляшаную скрынку з-пад даваенных ледзянцоў, вы– мавіў стары чэкіст. У такой калісьці стары Скарга захоўваў свае самыя каштоўныя блешні.

– Зараз, толькі эсэмэску Стэфцы напішу, каб не хвалявалася, – пакорліва адказаў кіроўца і, паслаўшы паведамленне, аддаў трубку, – толькі і батарэю там трэба адключыць, ён усё роўна праз гэтую бляшанку будзе даступны, мы з хлопцамі спрабавалі...

– Гэта ў вас, можа, і будзе даступным, ды толькі мая скрыначка волавам луджаная, – усміхнуўшыся, адказаў стары, зачыняючы вечка і хаваючы бляшанку ў бардачок машыны. – Таксама мне оперы знайшліся... Давай не спяшаючыся, думаю, да раніцы і ўправімся, тут недалёка.

Доўга ехалі моўчкі.

– А куды мы, Ягор Кузьміч, едзем? – нарэшце праявіў цікаўнасць малады чалавек, калі яны ўжо мінулі і мінскую кальцавую, і развязку з паваротам на Заслаўе.

– Бач ты, цярплівы які, глядзі, колькі маўчаў... Ужо амаль прыехалі! Галоўнае, каб у цемры адшукаць тое месца. Я тут у свой час усё на ўласным пузе аблазіў. Але колькі гадоў прайшло! Усё змянілася. Цяпер больш павольна, вунь, бачыш, знак, вось за ім направа, на прасёлак.

Звярнуўшы з шашы, машына нырнула ў свет цьмяных ценяў і сілуэтаў, якія нечакана выбягалі на святло фараў і тут жа рэзка адскоквалі назад у цемру, варта было аўтамабілю параўняцца з імі. Дарога з паўкіламетра была такой-сякой, як і належыць, з кюветамі, якія падсыпаюць жвірам, але далей пачыналіся звыклыя і мілыя сэрцу выбоіны, ямы, паваленыя ветрам дрэвы. Добра, што хоць гэты буралом быў кімсьці абрэзаны на шырыню машыны і дазваляў з вялікімі перасцярогамі пнуцца наперад.

– Нават пры немцах, не кажучы ўжо пры Саветах, такога не было, – незадаволена бурчаў упаўголаса стары, – бачыш, цяперашняе начальства больш, чым на няпоўны кіламетр, у лес ужо і носу не паказвае. Гэта пры тым, што ў лесе ні партызан, ні бандытаў пакуль няма. Каб нам з табой, голубе, не заблудзіцца... Ты таксама глядзі – тут скрыжаванне павінна быць на вялікай паляне. Хоць якія паляны? Усё ўжо даўным-даўно пазарастала.

Паляна аказалася на месцы, больш за тое, на далёкім яе краі няяснымі сілуэтамі віднеўся ланцужок новаўзведзеных хат.

– Напэўна, дачы, – выключаючы на ўсялякі выпадак фары, чамусьці шэптам вымавіў Скарга, – значыць, з таго боку і дарога новая павінна быць.

– Можа, і ёсць, толькі нам гэтай дарожкі трымацца трэба. Давай святло на паўхвіліны ўключы, каб паварот не праскочыць. Дачы – гэта для нашай справы дрэнна.

Фары міргнулі якраз своечасова, метры праз чатыры ўправа ўніз сы– ходзіў парослы нізкай травой прасёлак, без адзінага колавага следу. Праехаўшы з дзясятак метраў, Вячаслаў уключыў блізкае святло. Тут можна было не толькі аўтамабільныя ліхтары ўключаць, але вялікі аэрадромны пражэктар – іх бы ўсё роўна ніхто не ўбачыў. Здавалася, яны павольна рухаліся ў цесным зялёным калідоры высокага арэшніку, які змыкаўся ўверсе. Як ні дзіўна, дарога тут была раўней, толькі неглыбокія вымоіны дажджавых раўчукоў, садраўшы кволую расліннасць, кідалі пад колы мініяцюрныя, пясчаныя выдмы.

Яны ўжо ехалі па гэтай віхлястай сцежцы больш за паўгадзіны. Злева ад дарогі абмінулі неглыбокі равок, стары і зарослы лесам.

– Славік, давай тармазні і прыпаркуй машыну ў гэтай нізінцы. Так, каб яна не асабліва тырчала на дарозе і не кідалася ў вочы, калі за намі які-небудзь цікаўны дачнік увяжацца.

– Ды якая цяпер цікаўнасць? Пацікавішся лішнім – сабе ж больш балюча будзе.

Машыну грунтоўна замаскіравалі, забралі інструменты і ліхтары. Сумку старога, якую ён усё намагаўся несці сам, Слава ўпіхнуў у свой беспамерны натаўскі заплечнік, прыладзіў на шырокі, падобны на мантажны, пояс сякеру і сапёрную нямецкую рыдлёўку. На галаву па-над тонкай вязанай шапкай начапіў маленькі ліхтарык, такі ж прыладкаваў і на лоб Ягору Кузьмічу, паказаў, як ім карыстацца.

– Зручная свяцілка, як шахцёрская! Галоўнае, рукі вольныя, працуй сабе. Малайчына, экіпіраваны з веданнем справы. А нямецкая рыдлёўка ў цябе адкуль? Я вось сваю дзесьці пасеяў, даўно ўжо.

– Дык у каго вучуся? Гэта яшчэ дзедава спадчына. Куды ідзем?

Яны стаялі ў цемры, у нетрах жывога, напоўненага няяснымі гукамі і шолахамі свету. Цемра, адабраўшы зрок у першыя хвіліны пасля святла, паступова яго вяртала. Начны лес павольна ўцягваў іх у сябе, ператвараючы ў сваю неад’емную частку. Недзе далёка ўнізе ледзь чутна шумела вада.

– Пайшлі, без святла, вочы пачынаюць ужо бачыць, хутка і ўнутраны зрок адкрыецца. Ідзем да каменнага мастка праз ручай...

– Адкуль у гэтых зарасцях каменны мост?

– Сядзіба тут калісьці вельмі даўно была, а можа, і замак...

Да мастка, які сапраўды выгнуўся дугой над нешырокай рачулкай, дайшлі хутка. Дрэвы расхінуліся, стала лепш відаць, ды і вясновыя ночы хуткаплынныя, левы бок неба ўжо наліўся цяжарам будучага світання. Перад імі, на супрацьлеглым баку ручая, крута падымалася лугавіна, мяркуючы па ўсім, яе штогод абкошвалі. Пасярод гары пад двума велізарнымі дрэвамі цямнеў нейкі будынак. Па краі лугавіны, прыціскаючыся да лесу, выгіналася ўсё тая ж ледзь прыкметная сцяжынка.

– Ну, вось мы амаль і прыйшлі. Там пад ліпамі будан пчаляра, ён цяпер, хутчэй за ўсё, пусты. Але мы з табой рызыкаваць не будзем. Пяройдзем па мосце – і адразу ўніз да вады. Словам, давай за мной.

Дзве размытыя перадсвітальным паўзмрокам цені адна за адной прабеглі мост і шмыгнулі ўніз.

Над ручаём, абвітая каранямі, слалася-віхляла рыбацкая сцежка з рэдкімі здратаванымі да рачнога жвіру месцамі стабільнага клёва. Вячаслава курчыла ўнутры ад цікаўнасці: куды, а галоўнае навошта гэтая начная вылазка? Ён не так бачыў, колькі адчуваў, што яго настаўнік ужо даўно стаміўся: часцей спыняецца, і рухацца яму становіцца цяжэй і цяжэй.

– Усё, прыйшлі, дай дух перавесці, так, ужо не той я хадок. Зараз вось падымемся па гэтым схіле, там рэшткі старадаўніх могілак, вельмі старых. Магілы ўсе спустошаныя, збоку над абрывам рэшткі старой капліцы нейкай, вось у яе нам і трэба з табой...

– А там што?

– А я думаў, ты здагадаўся... Схованка там, мяркуючы па расшыфраваных запісах з тваіх польскіх сшыткаў. Толькі шыфр, як мы і меркавалі, не акаўскі, а, відаць, нямецкі. Польскі разведчык толькі яго скапіяваў і перадаў сваім. Што там – сказаць цяжка.

– А чаго спатрэбілася ўсё гэта рабіць ноччу? Ці не прасцей пад’ехаць днём на машыне на гэтыя могілкі, усё раскапаць, забраць, глянуць для цікаўнасці і перадаць у родную кантору? Я ж вам казаў: тыя знаходкі майму начальству вельмі спадабаліся.

– Пойдзем памаленьку. Дай я на цябе злёгку абапруся, стромка тут. Знаходка наша, можа, акажацца вельмі нязручнай, калі там тое, што мы з Горзбічам, Андрэем Іларыёнавічам, падумалі...

– А што вы маеце на ўвазе?

– Як нам бачыцца, тут можа быць поўная картатэка агентуры Абвера па Беларусі, а можа, і агульная з СД. Паглядзім... – Ягор Кузьміч, спыніў– ся. – Чаму ноччу, пытаеш? – пасля невялікай паўзы працягнуў, злёгку аддыхаўшыся, стары. – Так больш зручна. Лес усё роўна і вушы, і вочы мае. Калі мы знойдзем схоў, то скрынкі можна і днём забраць, а можа, і там пакуль пакінуць. Сам вырашыш – твая ж знаходка.

Нарэшце яны выпаўзлі з рова на адносна роўную пляцоўку, сапраўды перакапаную і прабітую мудрагелістымі камянямі ды абломкамі раўнабокіх крыжоў. Разваліны, зарослыя хмызняком, цямнелі злева над імі.

Пралаз у падвал знайшлі адразу, хутчэй за ўсё, ён быў калісьці акном. Першым, уключыўшы ліхтарык, спусціўся Вячаслаў, прыняў заплечнік і дапамог спусціцца старому. Прамяні ліхтароў заслізгалі па сценах, размаляваных усюдыіснымі графіці і аўтографамі ранейшых наведвальнікаў. Скляпеністае памяшканне было прасторным, з бакавымі нішамі і, мяркуючы па ўсім, служыла калісьці пахавальняй знакамітых гаспадароў тутэйшых мясцін.

– А чый тут замак быў, вы не ведаеце?

– Не, не ведаю, але, напэўна, каго-небудзь з мясцовых князёў, можа, Заслаўскіх.

– Дзядзька кажа, што нашае прозвішча таксама з гэтага роду.

– Усё можа быць. Гэта ў шляхты заўсёды па радаводах галава балела, а нам, прасталюдзінам, нашмат прасцей. Асабіста мне лягчэй: я са стоадсоткавых халопаў. Светані вунь туды, у правую крайнюю нішу. Калі не памыляюся, гэта тут. Давай расчышчай падлогу, вось тут, збоку, пад гэтым каменным выступам для свяцільні.

Ніша была даўгаватай, большую частку яе займаў пастамент пад даў– но разрабаваныя і знішчаныя труны. Бітага каменю, тынкоўкі, зямлі ды іншага смецця аказалася наўздзіў няшмат. Хутка рыдлёўка вызваліла ад палону брыдоты выдатную мазаічная падлогу, якая цудам захавалася і складалася, на першы погляд, не з асобных плітаў, а з умураваных у маналіт рознакаляровых камянёў і кафлі, большасць з якіх былі разбітыя, мабыць, пры спробах іх выкалупаць. Доўга шукалі хоць якую-небудзь прыкмету шчыліны каля сцяны. Выступаў для каганца ці свечкі было чатыры, па ўсіх кутах камеры. Давялося расчышчаць падлогу пад усімі, нарэшце злева ад уваходу знайшлі ледзь прыкметную шчыліну, толькі не ля сценкі, а пад нагамі, падобную на скол ці выбоіну ў падлозе.

...Толькі гадзіны праз паўтары, ужо губляючы цярпенне і паламаўшы лёзы двух нажоў, яны падчапілі пліту і ссунулі яе з месца. Лаз аказаўся невялікім, сантыметраў сорак у шырыню і ледзь больш за метр у даўжыню.

– Ну і як туды залезці? Тут да трусоў распрануцца давядзецца, і то не прашчэмішся, – разгублена прамовіў Вячаслаў. Сэрца грукатала, як малатарня.

– Асцярожна, давай пасвяці і рукі туды не сунь! Вялікім ліхтаром свяці, – загадаў Ягор Кузьміч.

Пад плітой была неглыбокая, выкладзеная такой жа старадаўняй цэглай камера, у ёй шчыльна адзін да аднаго стаялі тры вялікія, мяркуючы па ручках, чамаданы, абгорнутыя ў чорную непрамакальную тканіну і акуратна перахопленыя шырокімі брызентавымі рамянямі.

– Знайшлі, – узрушаны ад радасці і хвалявання, вымавіў Вячаслаў.

– Знайсці то знайшлі, цяпер бы іх адтуль выцягнуць...

– Ды што іх цягнуць, вунь узяў за ручку – і па адным, як рэпу, вырваў. На вока, на папа спакойна выйдуць.

– Не гарачыся, мой малады сябар, свяці, свяці, тут агледзецца трэба добра. Калі гэта пакінулі немцы, а, відаць, што менавіта яны, то трэба шукаць падвоху і гадкія сюрпрызы.

– Вы думаеце, міны?

– Не выключаю, зверху і па баках, здаецца, ніякіх правадоў і расцяжак няма, калі што і будзе, то знізу.

– Ды ну, як знізу? Тут як ні круцілі, а чамадан падымаць трэба. Паставіш на папа, пацягнеш уверх – і міна ўсё роўна спрацуе.

– Маеш рацыю, Славік, маеш рацыю! Але тут ёсць нейкі свалачызм. Памылішся – і ўсё, на нас людзі Гелена ніяк не разлічвалі, свае павінны былі забіраць, але нешта не зраслося.

– Паслухайце, Ягор Кузьміч, а можа, гэтыя чамаданы трэба цягнуць у пэўнай паслядоўнасці? Адзін дастаў – і ўжо можна пад іншымі памацаць, калі гэтая міна ёсць. Немцы ў той час ужо выкарыстоўвалі для такіх мэтаў тры тыпы ўзрывальнікаў надзейнага, націскнога і, па-мойму, ужо і разгрузачнага дзеяння.

– Так-то яно так, але іх трэба ўмець абясшкодзіць. Не проста ведаць, як гэта зрабіць, а мець вопыт у такой справе. Мы нават у вайну па такія гасцінцы самі не саваліся, а сапёраў выклікалі.

– Але ў нас сапёраў няма. Магу збегаць да машыны, патэлефанаваць нашаму дзяжурнаму – і без усякай рызыкі ўсё з гэтай ямы выцягнем.

– Можа, ты і правільна кажаш, ды потым гэтая ж твая знаходка. – стары прысеў на ўзвышэнне былога пастамента для саркафагаў, – там, як мы мяркуем, не сам архіў, занадта шмат бы ён заняў месца, наўрад ці ва ўвесь гэты нябожчыцкі палац змясціўся, – ён абвёў рукой вакол,

– там, хутчэй за ўсё, картатэка. Такія шэра-зялёныя кардонныя карткі з фатаграфіямі і поўнымі дадзенымі на агента: яго сапраўдныя прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас асноўнага і запаснога месца жыхарства, аператыўныя імёны, паролі, спецыялізацыя, заахвочванні, узнагароды, асаблівыя прыкметы, кім і калі завербаваны. Могуць карткі гэтыя захоўвацца ў алфавітным парадку ці разбітымі па абласцях, раёнах, буйных гарадах і выбудаваныя ў пэўную агентурна-баявую сетку, – стары змоўк, задумаўся і раптам нечакана задаў пытанне.

– Слава, вось ты, як старонні чалавек, які знайшоў гэты схоў, які б чамадан ты стаў бы выцягваць першым?

– Ну-ну-ну... – пацягнуў час, як на экзамене, лейтэнант, – калі не чакаць падвоху і не ведаць, што гэтую ямку мініравалі, пацягнуў бы самы зручны, сярэдні.

– Правільна, і я таксама разважыў бы. Думаю, любы на нашым месцы пацягнуў бы самы лёгкі на ўздым баул. На гэта, магчыма, разлічвалі і абвераўцы – і бомба, калі яна там ёсць, па ідэі, павінна быць устаноўлена пасярэдзіне...

Падумаўшы, вырашылі цягнуць злева направа, па ходзе крылаў свастыкі. З усімі перасцярогамі, вылезшы з каземата вонкі, доўгай вяроўкай паставілі цяжкі чамадан на папа, а потым, перакінуўшы вяроўку праз выступ, падвесілі яго і выцягнулі. Гэтак жа зрабілі і з правым. Доўга думалі, як цягнуць сярэдні, бо падлезці пад яго знізу не было ніякай магчымасці. Вырашылі: будзь што будзе. Усё абышлося, падлога тайніка была ідэальна роўнай, без старонніх прадметаў. Ужо збіраючыся апусціць люк на сваё месца, Вячаслаў з ліхтаром перагнуўся ў яму і стрымгалоў вынырнуў назад.

– Там міна, – як мага спакайней сказаў ён; ліхтарык у руках трапятаў, як толькі што злоўленая рыба. – Яна там збоку ўверсе камеры, злева над падлогай, але яна чамусьці не выбухнула, хоць і павінна была гахнуць, калі мы пацягнулі левы чамадан.

– Спакойна, хлопча, не спужні ўдачу. Ставім вечка на месца, а потым сапёраў нашлём.

Звонку было ўжо амаль светла, над палянай і ў яры слаўся празрысты, нібы вэлюм, туман. Усход ваўсю кіпеў чырванню ў прадчуванні нараджэння сонца. Чамаданы адцягнулі за парэшткі сцяны, што звісалі над ярам. Ягор Кузьміч застаўся з імі, Вячаслаў, не рызыкнуўшы вярнуцца па лузе, спусціўся да ручая і пабег да машыны.

Праз паўтары гадзіны яны ўжо зацягвалі сваю знаходку ў непрыкметны дамок, што прытуліўся скрай садаводчага таварыства з нямоднай цяпер назвай «Дружба». Гаспадар дамка – Андрэй Іларыёнавіч – іх даўно ўжо чакаў. Насценны гадзіннік іржава трэнькнуў адзін раз, адбіваючы палову пятай. Дзень толькі пачынаўся.

Чамаданы адкрывалі таксама з усімі перасцярогамі. У іх у два ярусы стаялі доўгія кардонныя скрынкі з тысячамі невялікіх картак, памерам з бібліятэчныя.

– Ого! – усклікнуў Скарга. – Ды колькі ж іх тут?

– Скрынкі сфармаваныя, як я і меркаваў, па тэрытарыяльнай прыкмеце, прытым дзяленне нашае, савецкае: сельсавет, раён, вобласць. Асобна вялікія гарады. Пытаеш, колькі? На скрынках усё напісана. Вось, да прыкладу, у гэтым пенале карткі на восем раёнаў Гомельскай вобласці, у іх дзвесце семдзесят восем агентаў.

– Ну-у, лейтэнант, калі б знайшоў ты гэты «скарб» гадоў сорак таму

– Героя Савецкага Саюза атрымаў бы, – далучыўся да іх размовы далікатна-мяккі Горзбіч. – Давайце мыць рукі – і да стала. Нікуды ўжо гэтае дзярмо ад вас не ўцячэ. Раскапалі на ўсе нашыя бесталковыя галовы, – ён з пагардай матнуў на расчыненыя чамаданы, якія стаялі на доўгім стале, нібы дзіцячыя дамавіны.

Ежа ў горла не лезла. Выпілі па добрай чарцы, пажавалі бутэрбродаў, узялі кубкі з хатняй гарбатай і вярнуліся ў пакой са сталом.

– Сур’ёзна, што вы з гэтым усім будзеце рабіць? Гэта ж тысячы людскіх лёсаў і жыццяў!.. – павольна, гучна сёрбаючы гарбату, спытаў Андрэй Іларыёнавіч.

– Ды тут, хутчэй за ўсё, палова ўжо і перамерла, – выказаў меркаванне Скарга. Яго гэтыя скрыні хвалявалі ўсё менш і менш. – Паглядзім, ды і звязем у кантору...

– Можна і адвезці, Героя дадуць наўрад ці, але ордэн дакладна павесяць. Уяўляеш, колькі ты працы свайму ведамству падкінеш? Гэта ж усё трэба праверыць: хто жывы – дапытаць, калі пацвердзіцца супрацоўніцтва – то і да суда прыцягнуць, – памацаўшы нейкую скрынку, нібы між іншым кінуў Ягор Кузьміч.

– Ды ладна – каму трэба ў гэтым корпацца? Я ж кажу: яны ўжо ўсе перад Богам адказваюць.

– Ну, адзін адказ другому не перашкода. Самі памерлі – дзеткі, унукі маюцца... Вось і зірнем, а ці далёка яблык ад яблынькі адкаціўся? А чым дыхаюць і якія пасады і пасты займаюць бліжэйшыя сваякі здраднікаў Радзімы? Ці правільна ў іх усё ў анкетах указана? Ну.. – ён наўздагад выцягнуў картку, злёгку прыжмурыўся і працягнуў: – Дык, кажаце, грамадзянін Пузанчук, ваш спачылы бацька ветэран вайны, беларускі партызан? Герой?! А вось і не, шаноўны! Баця твой – Пузанчук Мільхей Багданавіч, рахункавод Бугноўскага райпо, з’яўляўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны агентам Абвера-Мінск-два, пазыўны «Язь», пароль для сувязі такі-та, ну і гэтак далей, гэтак далей. І панясецца круціцца кола. Ці вось глядзі: Фёдар Сапіца, я яго ведаў, ён ардэнаносец, камандзір партызанскага атрада, яго імем вуліца ў мястэчку, каля якога ён лютаваў, названая, вершы яму класікі савецкай літаратуры прысвячалі, а тут, значыцца – агент «Вяпрук». Тут, калі кожны з нас пакапаецца, то і знаёмых, а можа, і радню сваю адшукае...

– Ва ўсіх трох скрынях, па маіх падліках, – перапыніў яго стары шыфравальшчык Горбіч, – трыццаць адна тысяча чатырыста сорак тры карткі. Асабняком вось гэтыя два пеналы стаялі. Ды і карткі тут ад іншых адрозніваюцца. Бачыце, – ён выцягнуў адзін аркуш-прастакутнік, – картка перакрэслена чырвонай лініяй, арлы іншыя, і пячаткі таксама.

– Дай зірнуць, – папрасіў Ягор Кузьміч, – такіх мне ніколі ў руках трымаць не даводзілася, толькі апісанне чытаў. Гэта карткі агентаў службы бяспекі рэйха. Гэта людзі СД, за гэтымі кроў і кроў. Гэта трэба ўважліва перагледзець і ўжо дакладна перадаць у тваю кантору. Гэтых не шкада, а то ж на воінскіх могілках могуць ляжаць, як героі. Побач з тымі, каго і здавалі. – Стары аддаў скрынку і вярнуўся да той, якую гартаў перад тым і якую так і не выпусціў з рук.

– Вы некага шукаеце, таварыш палкоўнік? – дачакаўшыся, калі гаспадар лецішча выйшаў на кухню выключыць засвісцеўшы чайнік, спытаў Скарга.

– Шукаю, Слава, шукаю адказ на адно вельмі важнае для мяне пытанне. Знайду – абавязкова раскажу. Не перашкаджай пакуль.

Вячаслаў сам сеў у зручны фатэль насупраць палаючага каміна і, не паспеўшы адчуць стомы, праваліўся ў зыбкі, як балота, сон.

Прачнуўся ён нібы ад штуршка – і расплюшчыў вочы. Яго за плячо груба трос нямецкі афіцэр і соваў у твар нейкую паперу.

– Шрайбен дізе папір! Ты ёсць вольны, табе я давайт жыццё, табе і тваёй фройлен...

Скарга з цяжкасцю павярнуў галаву ў той бок, куды паказваў немец. Крык адчаю міжволі вырваўся з яго глоткі: ля сцяны стаяла збітая, звязаная бруднымі вяроўкамі Стэфанія. Адзення на ёй амаль не было. Яна не крычала, толькі вялікія, велізарныя, амаль на ўвесь твар вочы пранізліва малілі яго аб выратаванні. Ён працягваў крычаць, вырываўся, а немец тыкаў яму ў твар паперу і працягваў сінюю шарыкавую ручку з абшарпаным шэрым каўпачком.

Разбітымі, распухлымі і амаль мёртвымі пальцамі ён узяў гэтую ручку і вывеў на лісце свой подпіс. Слёзы бяссілля і крыўды каціліся па яго твары. Павекі былі апушчаны, ён нікога не хацеў бачыць, і ў першую чаргу – самога сябе.

Усё вакол хісталася, круцілася і некуды ляцела. У нос рэзка стукнуў агідны пах нашатыру. Вячаслаў расплюшчыў вочы, цяжка глытаючы паветра шырока адкрытым ротам, паступова вярнуўся ў рэальнасць. Ягор Кузьміч разам з сябрам спалохана схіліліся над ім.

– Ну ты і перапалохаў старых!.. Давай вось валяр’яначкі глытні. Ператаміўся ты, пераўзбудзіўся. Усё на цябе навалілася: і любоў, і таямніцы, і мы цябе яшчэ ў сваю вайну ўцягнулі, у вайну, у якой і самі разабрацца за ўсё наша жыццё не можам. Давай пі, не саромся. Заснуў ты моцна і, відаць, кашмар табе прысніўся. Крычаў страшна, дабудзіцца не маглі, як не білі, вось толькі ад нашатыру ў сябе прыйшоў.

– Дзякуй, настаўнік, і праўда – вельмі страшны сон прысніўся пра вайну.

– Гэта ўсё чортавыя карткі, хай на іх ліха, з іх страх точыцца. Ну як – супакоіўся?

– Дзякуй, Ягор Кузьміч, усё прайшло. Нейкі вельмі рэальны сон быў. Стэфа не тэлефанавала?

– Дык рана, яшчэ і сямі няма. Спіць твая красуля. Ты давай пакуль тут пасядзі, можаш і задрамаць, а мы пойдзем гэтых карнікаў краснапалосых пашарсцім. Там вельмі шмат цікавага накапалі. Давай: адпачні – і далучайся да нас.

– Добра, – неяк не зусім бадзёра адказаў Слава.

У галаве звінела, як можа звінець толькі абсалютная пустэча. Недзе там, глыбока, нервова перасмыкаўся страх. Ён больш за ўсё на свеце баяўся зноў заснуць і вярнуцца ў той нядаўні сон, абрыўкі якога ўсё яшчэ працягвалі прысутнічаць у гэтым пакоі. Лёгкія дрыжыкі прабеглі па ўсім целе. Ён падкінуў у камін некалькі сухіх бярозавых паленцаў і тупа глядзеў, як яны загараюцца.

Магічныя языкі нясмелага полымя поўзалі па белай кары. Выгінаючыся, абдымалі дровы, паступова набіралі сілу і ўжо з гулам рваліся ўверх, да нябачнага неба, да сонца, якія некалі нарадзілі гэтыя дрэвы.

Вячаслаў, нібы самнамбула, устаў, падышоў да чамаданаў, узяў дзве верхнія скрынкі і высыпаў карткі з іх у камін, у паглынальнае і ўсё ачышчальнае полымя.

Тонкія кардонкі выгіналіся ў агні, з палёгкай зірнуўшы на яго дзясяткамі фотаздымкаў незнаёмых людзей, якім ён дараваў...

Канец першай часткі.

Масква-Мінск-Варонча-Бар.

15 траўня 2014 – 27 ліпеня 2016.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю