Текст книги "«Чорны кот» (СИ)"
Автор книги: Валерий Казаков
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 13 страниц)
«Д’ябальшчына нейкая, так і са службы паляцець можна. Чаго гэта ты буксуеш? Прайшло тры дні, тэрмін яшчэ не крытычны, можна і заўтра ўсё напісаць і аддаць начальству. Ды супакойся ты і перастань рыцца ў сабе, як кабан пад плотам. Сходзіш на сустрэчу, выцягнеш дадатковую інфармацыю, трахнеш гэтую размаляваную кралю – і ўсё ўстане на свае месцы: ты ёй сэкс, яна табе інфармацыю». Ён дакладна ведаў: такая формула, непрадугледжаная службовымі інструкцыямі, у паўсядзённай працы практыкавалася і артыкуламі карпаратыўнай маралі не забаранялася. «Добра, з гэтым ты як-небудзь сам разбярэшся. Разабрацца – разбярэшся, а чаго тады так старанна збіраўся, вунь усе шмоткі па пакоі раскідаў, кветачкі ўжо ў трэцяй кветачніцы пераглядаеш? Не, Скарга, праняла цябе дзяўчына – беларуская жар-птушка! Вершы толькі не пачні з перапуду пісаць. Наогул, гэта першы раз у цябе, калі асабістае так пераплятаецца са службовым. Напэўна, праз гэта ўсе нашы ў маладосці праходзяць, толькі адны так, а, можа, і па-іншаму. Да старэйшых не сунешся – засмяюць ці яшчэ якую хрэнь прыдумаюць. Сам, сам як-небудзь выкарасквайся. А можа, і сапраўды закахацца, ты ж пра гэта нават марыў калісьці. Закахацца, жаніцца, дзетак нараджаць і жыць размераным жыццём абывацеля. Цікава, а чэкістаў да абывацеляў аднесці можна?»
Вясна, сонечная, радасная, якую падганяла сонейка і нейкія пакуль не зусім зразумелыя пачуцці, звалілася і на Скаргу, і на горад, і на ўвесь белы свет. Вясна без разбору мазала сваімі каляровымі фарбамі вуліцы і скверы, твары людзей і іх душы. Нават самаму закаржавеламу цыніку і скнару хацелася штосьці стварыць, ну ўжо зусім нечаканае. Вясной галоўнае – супасці з вясной, інакш яна можа прайсці незаўважна, бязгучна знікнуць у шэрай вадзе штодзённасці.
Скарга і яго новая сяброўка супалі і з вясною, ды, падобна, і самі з сабой, і адзін з адным супалі. Падышоўшы да месца сустрэчы, Слава не адразу пазнаў у прыгожай дзяўчыне, якая прамянілася радасцю, бел-чырвона-белы цуд, вырваны ім з чэпкіх рук ахоўнікаў парадку.
«Нічога сабе! Я нават і ўявіць сабе не мог, што яна такая прывабная. І апранутая з густам».
– Што, дзедавы гены ўсё ж гуляюць у маладой крыві? – з лёгкім рэверансам прымаючы кветкі, сказала Стэфа ўсміхаючыся.
– Не зразумеў я пра дзеда.
– Ты ж на мяне так глянуў-ацаніў, што аж вераб’і разляцеліся. Ды добра, не толькі ты аб мяне вочы спрабуеш зламаць. Я ўжо і сама сабе не веру: пакуль ішла. да цябе, і ў хлапцоў, і ў мужыкоў аж шыі хрусцелі. А ты малайчына, глядзі, якія шыкоўныя кветкі адшукаў, яны, дарэчы, вельмі рэдкія, як вось гэты сённяшні дзень. Не, ты сапраўды малайчына, усё так рамантычна абставіў. Парода, яна і ў стагоддзях не плавіцца. Я ў вольны час гісторыю твайго роду ў ітэрнэце праштудзіравала, дык калі ёй верыць, ты – князь.
– Ну вось, замуж выйдзеш – будзеш княгіняй, – ляпнуў першае, што прыйшло ў галаву, Скарга.
– Вунь яно як, пазаўчора пазнаёміліся, сёння першы раз сустрэліся – і ўжо прапанова? Дакладна дзедавы гены. Якія планы, таварыш князь?
– Ну, калі сёння пятніца і ў нас ёсць амаль двое сутак, давай махнём у Нясвіж. Я табе замак пакажу, у Мір з’ездзім, там і Камень філарэтаў, і наогул – вакол многа розных славутасцяў. Але спачатку я цябе хачу накарміць вельмі файнымі прысмакамі. Ёсць у мяне знаёмы са сваёй кавярняй, – і, адкідваючы ўсякія пярэчанні, ён цвёрда дадаў: – Давай без капрызаў, а то сама ж сказала: дзедавы гены.
– Знайшоў дурную – пярэчыць! Есці хачу, у замак паеду. А што за камень такі, нашага Філарэта, ці што? Ты май на ўвазе: я каталічка. А начаваць дзе будзем? Там, наколькі я ведаю, у гасцініцу не праб’ешся, тым больш вунь надвор’е якое класнае ўсталявалася. І яшчэ, – яна хітра ўсміхнулася, – хоць ты і хітрун, і прапанову ўжо нібыта зрабіў, але ведай: я дзяўчына сур’ёзная, а не абы-што.
– Усе ўмовы прымаюцца, – з непрыхаванай радасцю выгукнуў Вячаслаў. – Начаваць там ёсць дзе, там цэлы старадаўні дом, мая, дарэчы, спадчына. Вось толькі трэба што-небудзь паўсядзённае з адзежы і абутку захапіць, зямля яшчэ не высахла.
– Ты што, ваенны? – беручы кавалера за руку, спытала дзяўчына.
Ён ад нечаканасці аслупянеў: ну вось і ўсё, пачнуцца роспыты, хлусіць з першага дня непрыгожа, а праўду сказаць – загубіць выходныя. У галаве насіліся бязладныя думкі.
– Ды не, – сказаў ён як мага спакайней, – а чаму ты так вырашыла?
– Дык я з сям’і патомных ваенных, а ты толькі што сказаў чыста вайсковую фразу пра паўсядзённае адзенне. Проста знаёмым павеяла...
– Не, які з мяне ваенны? Я дысцыпліны не люблю, хоць вайсковыя зборы пасля інстытута мне спадабаліся, акрамя страявой падрыхтоўкі, вядома.
– Гэта добра, а то я сваёй прабабулі дала ў дзяцінстве клятву: ніколі не выходзіць за жаўнера. Мае ажно з сямнаццатага стагоддзя ўсе запар афіцэры, па-мойму, нават пяць ці больш генераламі былі. Словам -мілітарысцкая сямейка і па мамінай, і па татавай лініі. Абодва браты таксама ваенныя, і нада мною як праклён вісіць няўхільнае патрабаванне: замуж толькі за афіцэра. Але я прабабкай, як шчытом, прыкрываюся, пакуль сыходзіць.
Бесклапотна гамонячы ні пра што, яны дварамі падышлі да непрыкметнай, схаванай у паўпадвале кавярні з дзіўнай і малазразумелай назвай «Задруга».
– Ніфігашанькі сабе! – былі першыя словы Стэфаніі, калі яны спусціліся па старых, стаптаных прыступках у глыбокі склеп, які асвятляўся перарывістым полымем сапраўдных паходняў. Інтэр’еры, старадаўняя музыка, афіцыянты – усё гэта нагадвала хутчэй этнаграфічны музей, чым тынок. – Слухай, як выдатна, я і не ведала, што ў нас такое ёсць, нават трошкі зніякавела, князь, – і дзяўчына даверліва прысунулася да яго па шырокай, здавалася, стагоддзямі адпаліраванай лаве.
– Калі шчыра, я баяўся, ці спадабаецца табе тут. Ведаеш, а тут шмат сапраўдных рэчаў, вунь, да прыкладу, даспехі, або вось той габелен, ды шмат чаго, а што неарыгінальнае, дык пад даўніну так зроблена, што і не адрозніць. Усё, як было ў шаснаццатым стагоддзі. Тут і залаў некалькі, вось гэтая, дзе мы сядзім, – рыцарская або шляхецкая, ёсць зала рамеснікаў і купцоў, ёсць зала «шкалярская», гэта значыць студэнцкая, ёсць і наогул харчоўня, самы звычайны шынок. Потым магу экскурсію правесці, калі пажадаеце, пані.
– Нечакана, як на машыне часу: раз – і немаведама дзе! Безумоўна, паглядзім, ты мяне толькі пафоткай, знаёмыя абзайздросцяцца.
– На жаль, пані, фатаграфаваць тут катэгарычна забаронена, сюды наогул з тэлефонамі не пускаюць, наверсе вісіць адпаведная аб’ява і маюцца спецыяльныя камеры захоўвання, так што ўбачаць гаджэт – адбяруць і сатруць усю памяць.
Дагаварыць ім не далі, афіцыянты ў ліўрэях чарадой панеслі нейкія стравы, збаны, старадаўнія сталовыя прыборы, закускі, напоі. Усё было так нечакана і смачна, што захмялелая Стэфанія ўжо стамілася здзіўляцца і захапляцца. У давяршэнне да ўсяго яе новы кавалер аказаўся ўладальнікам джыпа, які юрка каціў іх па хуткаснай трасе ў бок Брэста.
Бабулі дзяўчына спадабалася:
– Вось, дзякаваць Богу, з прыгожай дзяўчынай прыехаў, а не з кіпамі кніжак, не раўнуючы, як семінарыст нейкі. Хопіць нам і аднаго вучонага ў родзе. Адваджвай яго, мілая, ад гэтага глытання архіўнага пылу, малады ж хлапец. Вось дзед у твае гады...
– А вы ведаеце, Ганна Міхайлаўна, пра маладыя гады дзеда ён мне з першай хвіліны знаёмства паведаміў, – папрасіўшы прабачэння, перабіла яе дзяўчына і тут жа збянтэжылася, палічыўшы, што ляпнула штосьці лішняе.
– Слухай ты яго больш, хвалько, чаго ён табе мог расказаць? Калі хто пра дзедаву маладосць што і ведае, дык гэта толькі я. Я яго спавядальніцай і слухачкай была, – пільна зірнуўшы на нечаканую госцю, бабулька цвёрда дадала: – Вось калі прыжывешся ў нашым родзе, можа, і табе раскажу нашыя гісторыі.
– Бачыш, а ты баялася, што з бабуляй не знойдзеш агульнай мовы, -заходзячы ў пакой, ухвальна вымавіў Вячаслаў. – Давай так, спачатку пойдзем у замак, я цябе пазнаёмлю з цудоўным чалавекам, фанатам сваёй справы Міхаілам Сяргеевічам Равічам, ён там дырэктарам...
– Які Равіч, я табе зараз дам Равіч! Спачатку за стол і абедаць...
– Ганна Міхайлаўна, злітасціўцеся, ён жа мяне на тыдзень наперад накарміў такімі смакотамі, што я на ежу з месяц глядзець не змагу.
– Цудныя дзеі твае, Госпадзі! Каб Вячак і кагосьці накарміў... Ды ён і дранікі смажыць не ўмее, не тое, каб нейкія там смакоты...
– Ой, бабуля, усё я здалею, і пячы, і смажыць, калі трэба будзе. У рэстаране мы аб’еліся...
– Ну і свінчо ты пасля гэтага: ехаў да мяне, а дзіцянё ў рэстаран завалок. Ідзіце ў сад, я вас хоць гарбатай напаю, паспееце яшчэ да свайго Равіча.
Вясновае сонейка, не разгубіўшы сваёй яркасці і цяпла, ужо скацілася на другую палову доўгага дня. Альтанка на старадаўнім падмурку з дзікага каменя стаяла на невысокім беразе возера, амаль насупраць строгіх валоў і нядаўна адрэстаўраваных сцен ды флігеляў. Адсюль, з больш нізкага берага, манументальная рэзідэнцыя Радзівілаў нібыта лунала ў бясхмарным вясновым небе, ледзь дакранаючыся да ўжо запаленай зелянінай зямлі. Азёрная вада нябеснага колеру ў дробнай лусцы хвалек зіхацела на сонцы і таямніча шархацела ў прыбярэжным чароце.
І дом, і сад былі спланаваныя такім чынам, што гукі з вуліцы сюды амаль не даляталі, нават машыны злева па дамбе рухаліся бязгучна і нагадвалі рознакаляровых смешных жукоў. Стэфаніі здалося, што ў гэтым утульным, аддаленым ад усіх дворыку раптам уваскрэсла нешта старое, што даўно прайшло, тое, чым стагоддзі жылі яе продкі і што амаль уадначас беззваротна разбурылася. Яна не ведала і нават не магла сабе ўявіць тое далёкае і невядомае ёй жыццё, але тут, у гэтым садзе ёй здалося, што той свет нікуды не сышоў, ён недзе побач, варта толькі захацець – і ты яго пачуеш. З нейкай лекцыі яна памятала: гук матэрыяльны, а калі гэта так, ён не можа знікнуць і растварыцца ў нейкай сусветнай цішыні, недзе ён жыве, захоўваецца. Трэба толькі знайсці спосаб прабрацца ў тое сховішча.
– Паслухай, Слава, – адарваўшыся ад сваіх думак, расцягваючы словы, звярнулася яна да маладога чалавека, які з веданнем справы корпаўся каля самавара, – а праўда, што пад замкам ёсць падземныя хады, якія вядуць ледзь не ў Наваградак? І яшчэ шмат размоў пра чорную панну Нясвіжа, мне адна сяброўка ўсе вушы пра яе празвінела. Яна ўвогуле на замках гігнулася, і на ўсіх гэтых руінах у яе абавязкова прывіды з’яўляюцца і часта людзі гінуць без прычын.
– Вось табе на. у век кампутара і геномаў вера ў нейкія старадаўнія казкі! Пра прывіды і іншыя страхі я асабіста нічога не ведаю, а галоўнае, у гэтыя байкі не веру, а вось падзямеллі пад замкам, як і пад любым старадаўнім збудаваннем, маюцца. Аб таемных падземных хадах я столькі расповедаў чуў, што барабанныя перапонкі ледзь не лопнулі. Падлеткамі мы там усё, што можна, аблазілі, але ніводнага падзямелля так і не знайшлі. Можа, раней нейкія хады і былі, ды з часам абваліліся, ці новыя гаспадары самі замуравалі. Такія тупікі мы знаходзілі. Наогул, пацярпі крышку, гарбаты сербанем – і табе сам Міхаіл Сяргеевіч адкажа на ўсе твае пытанні. Ты толькі абавязкова ўсе дванаццаць гатункаў бабулінага варэння паспытай...
– Колькі?!
– У прыстойнай сям’і павінна быць роўна дванаццаць салодкіх нектараў з зямных пладоў і ягад, – нечакана для дзяўчыны адказала за яе спінай гаспадыня дома. – Вось дапамажы лепш. Цяжкавата стала насіць гэтыя слоікі. А як менш запасіць на зіму? Дванаццаць і павінна быць, не менш, чым апосталаў Гасподніх.
– Бабулечка, родненькая, – узмаліўся ўнук, – сонца хутка сядзе, а мне не толькі замак хочацца паказаць, але і цудоўны наш парк. Давай мы вып’ем гарбаты з ветлівасці і пабяжым, а ўжо ўвечары ўсё нагонім. Добра?
– Спяшанец ты, дзед такім не быў у маладосці. Ды што з вамі зробіш... Вось гэтыя тры, Стэфанія, пакідай, а астатняе хай гэты абармот у дом адносіць.
Паспешліва папіўшы гарбаты, моладзь, якую праводзілі бабуліныя пажаданні і цёплыя погляды, рушыла да замка старадаўнімі, амаль сцёртымі сучаснасцю вуліцамі раённага цэнтра, некалі былога цэнтра магутнай прыватнай імперыі шматлікага магнацкага роду Радзівілаў, які магутнасцю і сілай не саступаў каралям Рэчы Паспалітай.
З экскурсіі вярталіся ўжо ў густым змроку, стаміліся, перапоўненыя новымі ведамі і гонарам за слаўнае мінулае сваёй зямлі. Вуліцы мястэчка, нягледзячы на пятніцу, былі пустымі, толькі ля шалманаў, якія абляпілі замкавыя вароты, ды на ратушнай плошчы тусавалася моладзь і ціха іграла азербайджанская музыка.
– Паслухай, Скарга, – пасля доўгага маўчання вымавіла дзяўчына. Упершыню назваўшы яго па прозвішчы, яна запнулася. Ёй здалося, што ў яе ўнутраным свеце за гэты няпоўны дзень адбыліся нейкія вельмі важныя змены. І гэты дзіўны зварот, што неяк сам па сабе зляцеў з языка, павінен сімвалізаваць нешта значнае.
– Што?.. – азваўся Вячаслаў і нечакана пацалаваў яе ў паўраскрытыя вусны.
Стэфа, нечакана для сябе, прыняла гэты пацалунак як нешта належнае, і ўвесь свет раптам сціснуўся і растварыўся ў гэтым мяккім і далікатным дотыку вуснаў. Нарэшце яны з цяжкасцю адарваліся адно ад аднаго, цяжка дыхаючы, як ад хуткага бегу, застылі ў абдымку, разарваць які магла толькі смерць.
– А адкуль ты ведаеш, што бабка называла майго дзеда толькі па прозвішчы? – шэптам, баючыся спалохаць яе мітуслівае сэрца, спытаў Вячаслаў.
– Нічога я не ведала, проста само неяк вырвалася. Я ўжо спалохалася, ці не пакрыўдзіла цябе...
– Таварыш Скарга, гэта вы? – прымусіў іх здрыгануцца і вярнуцца ў рэчаіснасць нягучны, хрыплаваты жаночы голас.
– Фу ты, чорт, так жа і заікай можна зрабіць ці вожыка нарадзіць! – першай абурылася Стэфанія. – Вы што, не бачыце: таварыш Скарга не адзін...
– Дык цемрадзь жа вакол, нічога не відно, толькі чула, як вы размаўлялі, а потым змоўклі. Я ж тут ужо даўно яго чакаю. Мне з таварышам вашым пагаварыць вельмі трэба. Так што вы, паненка, выбачайце, калі што. А вожыкаў хай яжыха нараджае, ёй болей зручна. А вы ўжо лепш хлопчыка расстарайцеся.
– А калі дзяўчынку першай хачу? – развесялілася Стэфанія.
– Ну, гэта ўжо як Гасподзь дасць, – па-філасофску дадала няпрошаная сведка іх першага пацалунка.
Скарга ўвесь сцяўся, ён з першага гуку пазнаў голас нябачнай суразмоўніцы і больш за ўсё баяўся, каб яна ад нявіннай балбатні пра вожыка не перайшла на больш сур’ёзную размову.
Азалію Францаўну Швед і яшчэ трох загартаваных байцоў пазаштатнага фронту са шматгадовым стажам перадаў яму па-суседску падпалкоўнік Кузьмянок, сыходзячы на пенсію і назаўжды з’язджаючы з іхніх краёў.
– Добры вечар, пані Азалія, зараз вось правяду паненку і выйду да вас, хоць вы ох як не ў час.
– Вшістко розуме пана і бардзе бэндзе чэкаць, – амаль па-вайсковаму адказала жанчына па-польску.
– Ну, Скарга, ты і даеш, – душачыся смехам, шаптала яму ў вуха дзяўчына. – Гэта ж трэба: займела сабе кавалера, якога нейкія ваенізаваныя бабкі па начах падпільноўваюць. Я, праўда, ледзь не абамлела, калі яна так злавесна цябе паклікала з цемры. Можа, не варта табе хадзіць, да раніцы пацерпіць.
– Ды не, вось здам цябе бабулі з рук у рукі і праз паўгадзіны вярнуся. Ты пакуль дом паглядзіш, з астатняй маёй раднёй пазнаёмішся...
– Што, твае бацькі прыехалі? Не, без цябе я туды ні за што не пайду,
– учапілася ў яго руку Стэфа.
– Супакойся, да маіх пазней паедзем, ды і да тваіх таксама. Цётка з бабуляй жыве, і яе дачка, мая малодшая стрыечная сястрычка, хоць гэта яна для мяне малодшая, а для цябе хутчэй аднагодкай будзе. Яшчэ і брат жыў, ды вось з’ехаў у Маскву пасля інстытута. Не бойся, ніхто цябе там не пакрыўдзіць, ты ўжо ў бабулі ўлюбёнкай ходзіш.
– Так?
– Упэўнены. Толькі я цябе вельмі папрашу, – пераходзячы на шэпт, сказаў Вячаслаў, – не гавары, з кім я пайшоў сустракацца. Потым усё растлумачу. Ну, вось мы і дома. – Не паспеў ён паднесці руку да кнопкі званка, як дзверы адчыніліся, і на парозе іх сустрэла маладжавая жанчына гадоў сарака. – Вось, Стэфанія, знаёмся – мая любімая цётачка Вераніка. Цёця, вы там уладкоўвайцеся, а я хутка буду, – цмокнуўшы цётку ў шчаку, вымавіў Слава і растаў у цемры, якая за рысай нязыркага святла здавалася яшчэ гусцейшай.
9
Казімір сабраўся паміраць: ці жарт – праз тры месяцы семдзесят дзевяць гадоў. Думка пра блізкую смерць прыйшла неяк раптам, рана раніцай, калі ён, пакарміўшы курэй, ужо збіраўся вяртацца ў хату.
«Вось, напэўна, хутка памру, – падумалася старому, і думкі гэтай ён не спалохаўся, нават не здзівіўся, – а колькі ж можна? – ці то сам сябе спытаў, ці то ў кагосьці іншага. Уздыхнуў, прысеў на ўнукам збітую лаў– ку пад старой чарэшняй. – А што ты хочаш, пажыў ужо – і годзе. «Усе мы тут госці, – успомніліся яму словы, якія любіў паўтараць бацька-нябожчык, – пагасцявалі, трэба й меру ведаць». Вось і мне прыйшоў час рыхтавацца да дзядоў».
Тое, што душы памерлых продкаў ляцяць у далёкі і незразумелы «вырай» і там становяцца «дзядамі», ён ведаў з самага свайго нараджэння, можа, ужо з гэтай упэўненасцю і нарадзіўся.
«Ну, да дзядоў, дык да дзядоў, можа, яно там і не горш будзе. Тут жа асабліва не шыкаваў, ды і дзе там пашыкуеш, калі ўсе землі ў калгас забралі, скаціну трымаць забаранілі, самому сваё прадаваць нельга стала. Вунь, навакольныя хутары пазвозілі ў вёскі, людзі, хто спрытней, у гарады падаліся, кінуўшы бацькоўскія куты і цяжкую, няўдзячную працу на зямлі. А колькі тых жа самых хутароў улады папалілі?! Пянькі ад яблынь ды ліпак выкарчавалі, зааралі – і ўсё, і няма нават следу ад былой сядзібы. Спрэс калгасія! Невясёлае жыццё было наша, ох, невясёлае!» Ён жа ні ў які калгас ісці не захацеў – ні да, ні пасля вайны. Чым яго толькі не палохалі, як толькі не здзекаваліся: то дарогу да хутара зааруць, то падаткі падвысяць, электрычнасць не давалі, коніка раз дзевяць канфіскоўвалі, не паложана, маўляў, аднаасобнікам. Бацька трываў, але з хутара не пайшоў. «Ад яго, відаць, і мая ўпартасць, хоць можна было і сысці, можна было і не раз. У войску прапаноўвалі застацца і на «куска», і ў ваеннае вучылішча. ісці, і ў горад таксама можна было. Сваяк колькі разоў прапаноўваў да яго на завод уладкавацца, і з кватэрай абяцаў паспрыяць. Але ж і сумневы іншы раз адольвалі, і жонка, бывала, не-не – ды і ўпрошваць бралася, але ўтрымаўся ж, застаўся. Ды і рука ніяк не падымалася перакрэсліць усё вось так уадначас. Яно і дзякуй Богу. А пасля смерці бацькі – куды ж ісці, уся гаспадарка на мне засталася. Не кідаць жа чужынцам і агню на патраву. Не палац, вядома, але не горш, чым у людзей, а галоўнае – сваёй працай нажытае і адбудаванае.
Улада ж яшчэ пры бацьку памянялася, толькі неяк куртата памянялася, калгасы – у нейкія СПК-а ператварылі, а людзям лепш жыць так і не стала, а хутары, дзе старыя паўміралі, як палілі, так і працягвалі паліць. А паліць жа навошта? Можа, у каго, хто ў горад з’ехаў, штосьці ў дуты зварухнецца – і пацягне яго да роднай хаты, можа, не ў самога, можа, у дзяцей, ва ўнукаў... Душа – гэта Божае вызначэнне, яе ж ні камунамі, ні дэмакратыямі згарнуць ну аніяк нельга.
Бацька, помніцца, тады, ну калі ўлада перавярнулася, пайшоў у сельсавет, зямлю, якую Саветы забралі, назад патрабаваць. А не аддалі яму нічога, як аднаасобніку, які ў калгасе не лічыўся, то, аказваецца, паёў яму зямельных не адведзена. Ну, не адведзена, дык не адведзена. Толькі, вярнуўшыся дадому, ён пазваў сына, сярэдняга брата і ўнукаў, чорт ведама адкуль дастаў землямерны аршын, прымусіў начасаць дзясяткі тры калоў і павёў нашую, забраную калісьці Саветамі, зямлю межаваць. Адмежаваліся. Прыстойнае поле выйшла, калі яшчэ і лясок з лагчынкай, і возерка дадаць – зусім маёнтак атрымліваецца. Канёк тады ў нас быў – за два. Мама слабенькая ўжо, але таксама за вароты з абразамі выйшла. Памаліліся ўсім сямействам, межавую баразну прааралі, як калісьці нашыя продкі. Вечарам стол святочны накрылі, хоць і будзённы дзень быў. Вясёлыя ўсе былі, а ў душы неспакой. Дазнаюцца сельсаветчыкі – «казлоў» на «казле» прышлюць.
– А няхай, што будзе – тое і будзе. Зямля наша – і праўда наша! – сказаў бацька. Цвёрда так, усё адно як «Амэн». Сказаў і загадаў спаць ісці.
А зямля так за намі і засталася. Новым уладам была яна ў першыя часы без патрэбы, а як гэтыя эспэка разгарнулі, дык ужо ўсе і прызвычаіліся, што зямля наша. А потым во сын і наогул усё ў фермерства ператварыў. Так што ўсё, што было нашым, нашым і засталося, яшчэ гектараў пяцьдзясят прырэзалі. Сёння ж што? Жыві ды не памірай, аднак, відаць, трэба.
Вось ужо ні мамы, ні бацькі няма, я адзін крайні стары з роду застаўся. І нездарма гэтая думка пра смерць да мяне сама сабой прыйшла. Помніцца, дзесьці за месяц да скону бацька паклікаў і кажа: «Памру я неўзабаве, сынок. Не хрысціся, адчуваю, час прыйшоў, ды і бабка амаль кожную ноч сніцца, усё кліча да сябе. Пара, і так ужо зажыўся. Але не пра тое гаворка. Ёсць у мяне, сынку, адзін запавет, людзям пасля вайны дадзены. Нявыкананае слова, не па маёй волі нявыкананае. Не прыйшоў чалавек забраць сваё. Схованка ёсць у нас, на самым краі нашай зямлі, там, у лесе, пад балацявінай, дзе бетонныя казематы яшчэ з першай германскай вайны стаяць. А раней на тым месцы ці то сядзіба панская была, ці то замак, які ў старыя часы шведамі, а можа яшчэ і да шведаў разбураны, дакладна ніхто не ведае. Дык вось ёсць там лаз адзін таемны, мне яго бацька паказаў, яму яго бацька, а таму таксама бацька адкрыў і прапрадзеду, напэўна, таксама бацька паказаў. Ніхто толкам не ведае, хто і навошта ўсё гэта выкапаў. Мяркуючы па цэгле, вельмі старая нара, такіх цаглін у нашых краях я больш нідзе не бачыў». Распавёў, а вечарам і наведаліся мы туды. Страшнаваты склеп, і скрыні ля сценкі там польскія стаяць. Напэўна, прыйшоў час і мне сына зваць і таямніцу яму дзедаву расказваць, ды везці ўсё на месцы паказаць. Усіх у нас Казімірамі называлі, дзед на тым настаяў. Цяпер я разумею, чаму. Чаму і бацька, і я, і вось мой сын – усе мы Казіміры. Я вось на ўсялякі выпадак і ўнучка свайго старэйшанькага Казікам таксама назваў. Да Казіміра той пасланец за сваім дабром прыйсці павінен...»
Сын старога Казіміра, Казімір Казіміравіч Сапіца, пабудаваўся на бацькавым хутары, толькі крыху вышэй бацькоўскага дома, на пагорку за садам, і да бацькі зазіраў разы па два на дзень. Часцей забягалі ўнукі і нявестка, прыгожанькая і ладненькая, а галоўнае – рукастая, нягледзячы на гарадскія ды інтэлегенцкія карані. Стары Сапіца, калі ўнук прывёз з Горадні знаёміцца сваю будучую жонку, прызнаў у ёй будучую гаспадыню і ўрачыста заявіў: «А ты, відаць, з нашых, з хутаранак!» Маладыя тактоўна прамаўчалі пра гарадскія карані будучай унучкі. Якое ж было іх здзіўленне, калі на хрэсьбіны іх першынца сабраліся амаль усе сваякі з абодвух бакоў, і за сталом, бліжэй да ночы, высветлілі, што дзед меў рацыю – і парадніліся два старыя хутаранскія роды.
«Вось ужо, лічы, дваццаць гадоў, як дзеда няма, – працягнуў свае невясёлыя разважанні Казімір, – трэба, трэба зваць сына і весці яго ў гэтую схованку, паказваць скрыні, а то як бы позна не стала».
Размова з сынам адбылася ў той жа дзень пасля абеду. Да месца вырашылі пайсці заўтра ўвечары, цяпер сыну трэба было па нейкіх справах тэрмінова ехаць у райцэнтр.
Казімір ужо даўно нікуды з бацькам не хадзіў, лічыў яго зусім слабым, спрабаваў засцерагчы ад любой фізічнай працы і хваляванняў. Але дзед упёрся і стаяў на сваім.
– Добра, бацька, я згодны, але толькі ісці для цябе будзе туды далекавата, так што паедзем на квадрацыкле.
– Ты мне, засранец, тут не камандуй. Гэта табе дупу адарваць ад машыны лянота. Пойдзем – і ніякай тэхнікі. Толькі вунь ломік вазьмі, лапатку сапёрную і той скрутак троса. Там я мяшок падрыхтаваў.
Выйшлі надвячоркам, праз бакавыя вароты. За плотам свет адразу стаў іншым, чужаватым. Цішыня гусцела, паветра рабілася больш халодным, а наплылыя аднекуль гукі – больш чыстымі і таямнічымі. Дзед для канспірацыі ўзяў вуды і йшоў на здзіўленне хутка і ўпэўнена.
– Бацька, ты куды так спяшаешся? Семдзесят гадоў гэтая твая таямніца там ляжыць і яшчэ столькі ж пачакае. Трос навошта ўзялі, ты мне растлумач, туды совацца небяспечна?
– Хто ж яго ведае, я там гадоў сем не быў. Гэта ўжо амаль гадоў дваццаць, як мой бацька памёр, – дзед нешта пра сябе лічыў, хутчэй за ўсё перабіраючы ў галаве не абстрактныя лічбы, а жывыя даты мінулых падзей, – ну, ды ў гэтую восень якраз сем гадоў і будзе. Добра хоць выбраўся тады, а то б і каюк...
– Пачакай, бацька, – беручы старога за рукаў дапатопнага брызентавага дажджавіка, паспрабаваў спыніць яго сын, – ідзем павольней, а то ты не толькі сябе, але і мяне загоніш. Давай усё расказвай па парадку: што здарылася, чаму ты выбрацца не мог, навошта трос?
– Добра, цішэй пайду, – выдзіраючы з рук сына рукаў, пагадзіўся Казімір, – дзверы там мудрагелістая. І не дзверы нават, а нейкая пліта з дзікага каменя. Там ёсць два блокі і дзве процівагі. Адзін гэты ўваход адчыняе, другі замыкае. Блокі... яны надзейныя, каваныя, а вось грузы на вяроўках вісяць, ну і, сам разумеет, вяроўка – яна і ёсць вяроўка. Дык вось, калі я апошні раз там быў, вяроўка перацерлася і лопнула. Думаў – усё, а потым злаўчыўся, папружку сваю прыладзіў і падняў камень. Схадзіў дадому, прынёс тросік, наладзіў механізм. А гэты трос, што ў мяшку, дык пра запас хай там будзе, ці мала што.
– Тата, вы што, насамрэч тыя скрыні так і не адчынялі? Семдзесят гадоў амаль прайшло. Наўрад ці хто па іх вернецца. Гэта ж, лічы, я ўжо буду трэцім пакаленнем, хто гэта павінен захоўваць.
– Як жа, сынок, можна чужое браць? Ды і бацька казаў, што ён верыць: прыйдуць за гэтымі паперамі, вельмі ўжо акуратнымі ў таго Яна былі бацькі...
– Прычым тут бацькі? Вось глядзі, табе сёння семдзесят дзевяць, у сорак пятым было дзесяць, значыць, таму маладому паляку гадоў дваццаць пяць, не менш, і таму сёння яму сто з гакам! Як ён туды пойдзе?
– А я ведаю? – панура прабурчаў бацька ў адказ. – Можа, сын або ўнук прыйдуць. Мы ж людзям слова далі, як ты яго парушыш?
– Не, бацька, так не будзе. Ёсць такое паняцце: тэрмін даўнасці. Ён, калі ты хочаш ведаць, і на самыя страшныя таямніцы дзяржавы распаўсюджваецца. Ну, дапусцім, там нейкія паперы, якія тычацца акаўскага руху ў нашых мясцінах. Дык іх трэба хутчэй даставаць, даводзіць да палякаў і нашых вучоных – хай даследуюць і публікуюць, пакуль гэтая тэма хоць камусьці яшчэ цікавая. Памруць апошнія, хто памятаў і бачыў тую вайну, і яна забудзецца, запыліцца ў падручніках гісторыі. Застанецца голымі датамі, як сёння Мамаева пабоішча або ўзяцце Кіева Пейсахам Вялікім...
– Пейсахам-шмейсахам! Прыйшлі ўжо.
За размовай непрыкметна яны сапраўды абмінулі іхняе поле, прайшлі па схіле, спусціліся ў лагчынку і па вузкай сцежцы набліжаліся да невялічкай балацінкі, над якой навісалі змрочныя, амаль цалкам урослыя ў зямлю доты першай сусветнай вайны. Злева ад сцежкі, амаль да самай цытадэлі, падымалася ўмацавальная сценка, выкладзеная з шэрых, не заўсёды ачэсаных вялікіх камянёў.
Бацька прыклаў палец да вуснаў, заклікаючы да маўчання, і стаў прыслухоўвацца. Казімір таксама напружыў слых, але нічога, акрамя жывых гукаў і шоргатаў, не пачуў. Бацька ступіў за невялікі куст вербалозу, нешта нягучна заскрыпела.
– Ну чаго стаіш, лезь ужо за мной, – пачуўся шэпт бацькі.
Зазірнуў за куст, там было пуста, толькі на ўзроўні пояса ў каменных шыхтах зіхцеў прагал, куды спакойна мог пралезці дарослы чалавек.
Адразу за лазам, які з такім жа надрыўным скрыпам зачыніўся, ход пашыраўся, можна было выпрастацца ва ўвесь рост. Справа бацька чыркаў запалкамі. Казімір уключыў незвычайна яркі маленькі ліхтарык.
– Давай сюды пасвяці, я газніцу зацеплю. Вось, зараза, кнот гэты. Газа ўжо вычхалася – і годзе... Колькі ж тут ніхто не быў. Ну, ты давай мне свяці, а не на склеп. Тут у мяне бутэлька маецца з запасамі. Вось жа – стрэляны верабей твой бацька...
– Бацька, ды на табе другі ліхтар – і пойдзем.
Казіміру было ніякавата. Ён уключыў другі ліхтарык, правёў прамянём вакол. Мур скляпенчатай столі ўражваў сваёй незвычайнасцю, нешырокі і невысокі тунэль ішоў направа ад увахода. Ля ўваходнага каменя ў падлозе зеўралі нейкія нешырокія норы.
Бацька нарэшце справіўся з вялікай старой газніцай, якую чамусьці звалі «лятучай мышшу», пакінуў яе на месцы, узяў працягнуты яму ліхтарык і, крэкчучы, угнуўшы галаву, падаўся па лазе. Прайшлі яны не больш пяці-шасці метраў і апынуліся ў невялікай зале, сцены якой былі выкладзены з такога ж шэрага каменя. На столі тарцы з шырокай і тонкай цэглы, па капрызе невядомага майстра, то плаўна выгіналіся, нібы луска велізарнай рыбіны, то збіраліся ў стромкі хрыбет дагістарычнага яшчура і ажурнымі аркамі ўтрымлівалі мудрагелістыя пялёсткі сплюшчанага купала.
– Ну вось і наша схованка, – з гонарам прамовіў стары Сапіца, як быццам калісьці асабіста пабудаваў гэтае падзямелле.
– Бацька, а скрынь тут нашмат больш, чым ты мне казаў, – чамусьці шэптам канстатаваў сын, асвятляючы залу. Сапраўды, ля сцен, адкідаючы мудрагелістыя цені, стаялі нейкія палукашыкі, відавочна вайсковыя скрыні, скрыні з пакатымі вечкамі. Пасярэдзіне залы ўзвышаўся ці то круглы стол, ці то велізарная, вытачаная са светлага каменя ваза для садавіны, з вялікай газавай лямпай у цэнтры, звычайныя вясковыя табурэткі выглядалі тут ненатуральна і сіратліва.
– Ты чаго гэта шэпчаш, тут крычы не крычы – ніхто не ўчуе. Скрынь, кажаш, зашмат? Дык і скляпеннем гэтым мы, відаць, не адзін год валодаем. Вось калі якая бяда – дык і цягнулі сюды, што на той момант здавалася каштоўным. А потым ці забывалі, ці лянотна было назад перці. За тры, а можа і за чатыры стагоддзі памалу і назбіралася. Але тутака не толькі наша, тут і зусім старыя, яшчэ панскія, вунь там, дзе другі ход завалены, там іх панцежы ляжаць, пікі і шаблі. А польскія скрыні, дык яны вось, – дзед стукнуў нагой адну з трох пляскатых скрынак ля стала і пачаў наладжваць настольную лямпу.
Казімір павольна пайшоў па крузе аглядаць спадчыну, якая немаведама адкуль звалілася на яго. Чаго тут толькі не было!
– Баця, а зброі тут адкуль столькі?
– Ну дык не ў хаце ж яе трымаць, а выкінуць рука ніяк не падымалася, хай ляжыць, ці мала што... Давай выключай сваю батарэйку ды ідзі сюды. Яшчэ паспееш наглядзецца на сваё дабро, яго тут і за месяц усё не перабярэш.
Лямпа зачадзіла і наўздзіў нядрэнна асвятліла падзямелле.
– Дык кажаш, тэрмін даўніны! Ох, і ў спакусу ты мяне, сынок, перад смерцю ўводзіш. А я ж таксама бацьку, калі ён мне гэты схрон паказаў, прасіў адкрыць палукашак, але стары ні ў якую. А я вось, відаць, паддамся. Давай ідзі, падсабі падняць...
Скрыня аказалася відавочна нямецкай з нейкай цёмна-карычневай пластмасы з дзвюмя металічнымі ручкамі па баках. Замка не было відаць, зашчэпкі з пазелянелага сплаву, – хоць і акісліліся, але адкрыліся адразу. Унутры, загорнутыя ў тонкі брызент, ляжалі нейкія пажоўклыя паперы і скураны мяшэчак з двума вялікімі, мяркуючы па ўсім, старадаўнімі ключамі.