Текст книги "«Чорны кот» (СИ)"
Автор книги: Валерий Казаков
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 13 страниц)
– Маёр, ты ку-ку? – пакруціў ля скроні адзін з іх. – Гэта ж дырэктар музея Равіч Міхал Сяргеевіч. І што вы, таварыш маёр, у памяшканні робіце? Мы ж вам казалі: нашая справа – перыметр, а ўнутр без прадстаўнікоў адміністрацыі ахове ўваходзіць нельга. Вы ўвайшлі, сігналізацыя спрацавала, вось мы прыбеглі, недалёка былі. А праз пару хвілінаў яшчэ хлопцы з райаддзела пад’едуць.
– Ты, гэта, давай не тут, – расхваляваўся маёр. – Гэты грамадзянін не можа вызначыцца, дзе ён працуе: у запаведніку ці ў музеі. Так што бяром яго – і да высвятлення...
– Міхаіл Сяргеевіч, вы зайдзіце да сябе ў кабінет, мы тут начальству растлумачым розніцу паміж пазаведамаснай аховай і ДАІ, адкуль, дарэчы, і перавялі да нас таварыша маёра.
– Так, перавялі, для ўмацавання, між іншым...
– Не ўжо, я дадому пайду, а вы тут разбірайцеся. Дурдом нейкі, гэтага я так не пакіну, – выпхнуўшы няпрошаных гасцей у калідор, абураўся Равіч, замыкаючы дзверы. Для выхаду з дырэктарскага кабінета быў прыстасаваны старадаўні калідор, які меў асобныя дзверы і свой чып сігналізацыі.
Ступіўшы на няроўную брукаванку замкавага двара, Міхаіл адчуў нейкае ўнутранае трапятанне: “Сапраўды, многія веды нараджаюць многія смуткі! Вось жыву я чацвёрты дзясятак, чатыры гады ўжо гэтую брукаванку тапчу – і ніякіх душэўных усхліпаў не адчуваў. А тут раптам раскрылася бездань
– і пад табой, аказваецца, схаваная нейкая страшная таямніца! Галівуд дый толькі! Галівуд Галівудам, а з усім гэтым трэба нешта рабіць. Вось дык нарваўся ты, браце, на праблему. І самому не з’есці, і з іншымі не падзяліцца. Дзе гэты бравы лейтэнант падзеўся, іціць яго маць?! Упэўнены, ён адразу з рыдлёўкай туды ламанецца. Хаця чаго ты, Міхась, запанікаваў? Хіба ты адзін? Уся хутарская група з табой, ды і яшчэ з паўдзясятка талковых хлопцаў набярэцца. Галоўнае – сесці і ўсё распланаваць. Нашыя пошукі пачаць пад выглядам рэстаўрацыйных работ ці задумаць прафілактычны рамонт таго ж калодзежа, а ўжо ў часе работ і пачнуцца нейкія неспадзяваныя адкрыцці. Гэта, мабыць, лепшы сцэнар. Другім складнікам плана павінна стаць прапрацоўка гісторыі гэтых чарцяжоў. Як яны з’явіліся ў акаўцаў, дзе да гэтага маглі захоўвацца, як яны на схоў змаглі выйсці, хто падказаў? Словам, суцэльныя пытанні? Але гэта хаця б у агульных рысах трэба выявіць, каб пазбегнуць нечаканасцяў у будучым”.
Міхаіл, задумаўшыся, незаўважна для сябе хуткім крокам дайшоў да свайго дома. У рэальнасць з заблытанага лабірынта таямніцаў падземных хадоў і містычных паданняў яго вярнуў гучны брэх Рады, каўказскай аў– чаркі, якая, не зважаючы на прыроджаную злосць, любіла свайго гаспадара і невядома як здолела падлізацца да Сівілы.
Вокны дома свяціліся цёплым святлом, што абяцала вячэру і ўтульны ложак.
Равіч, паляпаў сабаку па карку і, ці то з радасцю, ці то з жалем уздыхнуў. Невядомыя шляхі адзіноты, якую кожны з нас носіць, нібы нажытыя за доўгія гады мазалі.
21
Скарга на здзіўленне хутка адпісаўся і даклаў свайму кіраўніцтву. У кабінет да яго начальніка, здавалася, сабралася ўсё кіраўніцтва, усе са здзіўленнем разглядвалі паперы, узнагароды, пячаткі, грашовыя знакі. Начальнік ад шчодрасці дазволіў сябрам узяць па купюры старых грошай на памяць пра эфектыўную працу яго аддзела.
– Дык вы запэўніваеце, лейтэнант, што там могуць быць і нейкія дакументы? – пытаў намеснік начальніка ўпраўлення палкоўнік Сіваконь.
– Мне здаецца, павінны. Калі дазволіце, я там яшчэ з тыдзень папрацую. Павінна яшчэ нешта быць. Толькі я б вас вельмі папрасіў даць загад мясцовым, каб яны пакуль не залазілі ў гэтую справу. Не, я супраць калегаў нічога не маю і заўсёды з імі на сувязі. Але мястэчка нашае, я ж у ім правёў амаль усё сваё дзяцінства, вельмі патрыярхальнае і спецыфічнае. Бывае, і падумаць пра што-небудзь толкам не паспееш, а пра гэта ўжо ўсе шэпчуцца. У мясцовых ад мясцовых сакрэтаў няма.
– Добра, давай, лейтэнант, мацуйся, хоць трэба было б цябе ададраць за тое, што паляка, не прад’явіўшы начальству, адпусціў. Ты перастань сваволіць. Анатолій Вітальевіч, – звярнуўся ён да непасрэднага начальніка Скаргі, – хай сабе едзе, калі не пярэчыш. Раённых таварышаў папярэдзь, маўляў, лейтэнант выконвае асаблівае задание кіраўніцтва, хай не прыстаюць з пытаннямі, а дапамогу, калі спатрэбіцца, акажуць. Усё, лейтэнант, поспеху, толькі не зарывайся. Поспех – ён наравісты.
З будынка ўпраўлення, больш вядомага ў Мінску як “жоўты дом”, Скарга выйшаў з настроем імянінніка. Аказваецца, начальніцкая пахвала – прыемная штука.
“А ці не рвануць мне, пакуль маўчыць мая нечаканая радасць, да Ягора Кузьміча? Ад непасрэднай блізкасці да начальства паўсталі ў маёй бесталковай галаве некалькі нечаканых пытанняў”.
Трубку доўга не падымалі.
– Алё.
– Ягор Кузьміч, а можна, я да вас літаральна на хвілінку зазірну, узнікла пару пытанняў. Патрэбны вашыя мудрыя парады.
– Наконт парадаў, думаю, не да мяне, а так, вядома, зазірні, як “сонца ў наша ваконца”, – і слухаўка, злосна і нібыта пакрыўдзіўшыся, замоўкла.
Ягор Кузьміч быў не адзін.
– Вось, Славік, пазнаёмся – мой старадаўні прыяцель і верны памочнік Андрэй Іларыёнавіч Горзбіч, самы вялікі спецыяліст, як я табе ўжо казаў, па разгадванні зашыфраваных сакрэтаў. За свабодалюбства...
– І складанне нявернападданых вершаў, – перапыніў гаспадара кватэры зморшчаны часам гарбаты дзядок у дзіўным цяпер пенснэ на тонкім залатым ланцужку, апрануты з нейкай нетутэйшай вытанчанасцю, у добрым касцюме-тройцы. Накрухмалены каўнер кашулі, здавалася, рыпеў, а манжэты паблісквалі нятаннымі запінкамі. – Вельмі прыемна пазнаёміцца, вельмі шмат чуў, – ён працягнуў вузкую далонь з доўгімі, нібы ў піяніста, пальцамі. – Горб мой старарэжымны ніяк не мог спалучацца з савецкімі эпалетамі і мог кінуць цень на ўсю сістэму.
– Сістэма не шкадавала, затое дзяўчаты дзівіліся! – дадаў, як яму здавалася, значны штрых да партрэта сябра Ягор Кузьміч.
– Што ж гэта вы, бацька, у мінулым часе мяне нахвальваеце. Гэта мы раней былі маладымі і прыгожымі, а цяпер мы проста прыгожыя. Ну, будзем знаёмыя, тым больш што я вельмі сябрую з вашым дзядзькам. Унікальны чалавек.
– Калі зазірнуў, давай свае пытанні і, калі ёсць час, далучайся да нас варажыць над тваімі паперамі, – ён паказаў рукой на раскладзеныя на канапе пажоўклыя ад часу аркушы з тэчкі са шнуркамі ад падштанікаў.
– Пытанні мае могуць і пачакаць, а пра паперы можаце ўжо нешта сказаць? – спытаў малады чалавек.
– Сказаць можна толькі адно: паперы, безумоўна, каштоўныя, але зашыфраваныя яны пакуль невядомым мне шыфрам, – злёгку расцягваючы словы, прамовіў Андрэй Іларыёнавіч. – Там, у гэтых скрынях, выпадкова ніякай кнігі не было? Любой.
– Акрамя Бібліі, ніякай.
– А дзе яна? На яе можна зірнуць?
– Дык я ж яе аддаў Станіславу, ён яшчэ і браць не хацеў, казаў, цяжкая, маўляў, навошта мне з ёй цягацца, ды і занадта мудрагелістым шрыфтам надрукаваная. Чытаць цяжка.
– А ў гэтага Стасіка можна яе на пэўны час пазычыць? – грэбліва прыжмурыўшы левае вока, спытаў Горзбіч.
– Цяжка будзе, думаю, ён ужо ў Англіі, – вінаватым голасам адказаў Скарга.
– Шкада, вельмі шкада, малады чалавек. Гэта, вядома, ускладніць нашую задачу, але, як гаворыцца, пытанне не смяротнае.
– Слава, давай усё ж свае пытанні, а паперы пакінь нам, – перапыніў іх гаворку Ягор Кузьміч.
– Можа, вы самі хацелі б зірнуць на ўсё, што мы выцягнулі з падзямелля? Там ёсць, на мой погляд, вельмі цікавыя, а часам і дзіўныя рэчы, вобласць прымянення якіх не змог растлумачыць нават такі паліглот, як Равіч. А другое, хутчэй, не пытанне, а нейкае маё разважанне, якое патрабуе вашай парады. Сіваконь зацікавіўся маімі пошукамі і без размоў адпусціў капаць далей. Яго цікавяць спісы польскага атрада і пэўная інфармацыя, каму харунжы пакінуў на захоўванне архіў. Я пра званне акаўскага камандзіра нічога яму не казаў, ды і не ведаў я сам таго звання. Думаю, ён запытаў з нашых засекаў інфармацыю. Вось толькі навошта яна яму, амаль семдзесят гадоў прайшло?
– Ведаеш што, Славік, – падумаўшы, пачаў Ягор Кузьміч, – ты па сваім палкоўніку засечку ў памяці зрабіў – і ідзі сабе далей. Шлях усе тонкасці праясніць. І мы тут з калегам рэшткі масла ў галовах сваіх пазбіваем, можа, які толк і будзе. За запрашэнне на экскурсію дзякуй, але цяпер з’ехаць з горада не магу. Можа, дзянькоў праз пяць і напрашуся да вас у пасажыры, заадно павучу цябе па лесе хадзіць. Ну-ну, давай без крыўдаў... – заўважыўшы, як Скарга набычыўся, успомніўшы іх старыя спрэчкі, спыніў яго дзед. – І яшчэ – мая табе парада: ты мясцовым калегам усё ж у агульных рысах раскажы пра свае прыгоды, каго-небудзь на месца схову звадзі, у той склеп, хай ён сам што-небудзь там знойдзе. Нават кот не адважыцца днём у чужым доме мышэй лавіць. Пра ксяндза маўчы. Служыцелі культу ў нашым ведамстве ва ўсе часы былі і застаюцца на ганаровым месцы па вярбоўцы і распрацоўках. Пры выпадку ты яму, не чакаючы абяцанага табой года, яго распіску вернеш. Копію здымі, а арыгінал аддай. Убачыш, які гэта дасць эфект.
Стары змоўк і па-змоўніцку пераглянуўся з таварышам. Скарга развітаўся і спусціўся да машыны.
Вечар паступова аддаваў стырно свайго кіравання начы. Вуліцы запалілі ліхтары, слепаватыя ад яшчэ не згаслага заходу вокны дамоў пачыналі поўніцца цёплым святлом чалавечага жытла. Вячаслаў сядзеў у машыне і павольна пераварваў інфармацыю нядаўняй сустрэчы. Стэфанія не тэлефанавала, самому патэлефанаваць, вядома, хацелася, але збоку здавалася, што ён спрабуе яе кантраляваць і наогул не асабліва і давярае. «Дзіўная рэч... Вось яшчэ пару тыдняў таму ты яе не ведаў і спаў сабе спакойна, ніякіх табе трывог, ніякіх дурных думак. Нейкім няветлым і складаным аказваецца гэтае пачуццё з банальнай назвай «каханне». І радасць, і шчасце, і трывогі, і жарсць, і лухта ўсялякая ў галаве! Такое ніколі сам не выдумаеш. А вось з’явіцца гэтае маленькае, непрыкметнае – і заскрэбла, заварушылася, і ўжо такое пачынае чыніць! Круціць і табой, і светам тваім, і справамі, і думкамі. Чаго няма і не было – ужо здаецца рэальнасцю, а сама рэальнасць размываецца да нейкіх яе складнікаў-атамаў. Цяпер зразумела, чаму людзі ад гэтага самага кахання вар’яцеюць. Хоць што табе зразумела? «Чорная котка ў старажытных была сімвалам вар’яцтва ад кахання... Да чаго гэта Кузьміч сказаў?» Чым больш ён думаў на гэтую тэму, тым мацней хваляваўся, тым лягчэй падсвядомасць нараджала нечакана-вар’яцкія вобразы і прапаноўвала самыя нерэальныя думкі.
Ён правёў рукамі па твары, скідваючы немаведама адкуль узніклае насланнё.
“Трэба заехаць да маці, – прыйшла ў галаву выратавальная думка, – чаю папіць, выраўняць рытм свайго шалапутнага сэрца па матчыным рытме”.
Ён ужо даўно, яшчэ са старэйшых класаў школы, заўважыў, што варта прыйсці да мамы зусім разбітым і размяклым, пасядзець побач, прытуліцца да яе рук, якія заўсёды пахнуць дзяцінствам, – і любая трывога праходзіць сама сабой. І ты зноў поўны энергіі, гатовы біцца, адстойваць свае перакананні і смялець у сваіх уяўных палётах.
“Ды і да дзядзькі не перашкаджала б зазірнуць, – паварочваючы ключ запальвання, падумаў Вячаслаў, – распытаць яго пра Беларусь – прарадзіму славян. Дзіўна, чаму я пра гэта нічога не чуў, нідзе не чытаў? Хоць гэта больш на трызненне падобна і з радні старажытным украм, якія пабудавалі егіпецкія піраміды, – ён усміхнуўся, – але прасвяціцца і ў гэтым пытанні не будзе лішнім”.
Скаргу пашанцавала: мама ў гэты час якраз была ў гасцях у цёткі з дзядзькам, балазе жылі яны ў адным доме, толькі ў розных пад’ездах.
– Вось і малайчына, што аб’явіўся, – амаль у адзін голас абвясцілі ля дзвярэй і цётка, і маці. Дзядзька, выйшаўшы ў пярэдні пакой, чаго раней ніколі не рабіў, агледзеў пільна пляменніка і, трохі павагаўшыся, узважваючы ўсе за і супраць, прыняў рашэнне і спытаў:
– А ты што ж адзін завітаў? Яны тут ледзь не банкет сабралі, самі вунь, глянь, як прыбраліся, – дзядзька шчыра махнуў рукой і кінуў праз плячо: – Пацалаваўся з паненкамі – і прашу да мяне ў кабінет.
– Мама, што за навіны? – здзівіўся, чырванеючы, Скарга, – якія банкеты?
– Як быццам ты не ведаеш свайго любімага дзядзьку, – заштурхоўваючы пляменніка ў залу, хутка загаварыла цётка, – вечна ён усё гіпербалізуе і калёсы наперадзе каня наравіць паставіць. Ты галодны?
– Як воўк, ласкавая цётачка! Есці хачу, але разумець вас адмаўляюся.
– Ды што там, сынок, – гладзячы яго па галаве, спакойна сказала маці, – гэта бабуля падняла паніку, распавёўшы аб тваім візіце з нейкай вельмі сімпатычнай асобай. Ужо ад тваёй бабкі пачуць хвалу не ў адрас любімага ўнука ці яе незабыўнага старога Скаргі, супакой, Матка Боска, яго душу, – гэта нонсэнс. Адсюль і перапалох, і малы сямейны савет...
– Які там савет! А мяне што ж вы на гэты савет не паклікалі?
– Ты, пляменнічак, не трубі, як слон, – уносячы ў пакой самавар, перапыніла яго цётка, – ты давай знаём радню з паненкай. Скаргі хоць і гуляшчыя, пры тым усе без выключэння, але толькі да шлюбу. Думаю, ты традыцыю не парушыш. Як хоць яе завуць, скажы, калі пасаромеўся прывесці.
– Ды не саромеюся я зусім! Дзяўчыну завуць Стэфанія. А вы вечна прыспешваеце падзеі, даражэнькія сваякі, – узяўшы сябе ў рукі, цвёрда вымавіў Вячаслаў, – усяму свой час. Але абяцаю: з агледзінамі зацягваць не буду. Мяне на тыдзень адправілі ў камандзіроўку ў Нясвіж...
– Спадзяюся, не аднаго, – дзелавым голасам вымавіў за яго спінай дзядзька. – Гэлечка, будзь ласкавай – налі мне крыху гарбаты ў мой нямыты кубак.
– Ідзі, ідзі, усё табе прынясу! – замахала рукамі Ангеліна Альфрэдаў– на, – вось, як заўсёды, на самым цікавым ты са сваім носам улез. Ну, ідзі, ідзі ж. Стэфанія? – перапытала яна маладога чалавека, пакалыхваючы заварны імбрык, – яна каталічка?
– Апантаная!
– Хвала Матцы Найсветлай! – ухвальна і радасна перахрысціліся абедзве жанчыны.
– У нашым палку прыбыло, – амаль шэптам дадала маці.
Зазваніў мабільнік, Скарга, імкнучыся ўсё рабіць павольна, дастаў тэлефон, глытаючы разам са слінай хваляванне, паднёс да вуха.
– Скарга, мне тут жудасна сумна, ды і не дзявочнік ім патрэбны, а нагода выпіць. Забяры мяне хутчэй, а рэчы і ўсё іншае потым.
– Добра, буду праз пяць хвілінаў, я тут побач, на гары за Свіслаччу.
– Вось толькі паспрабуй яе паўз наш дом правезці – пазбаўлю прысмакаў да трыццацігоддзя! – ужо ў спіну крыкнула цётка.
– Мы чакаем, сынок, – дадала мама з такой пяшчотай, што ад замілавання зашчымела сэрца.
На здзіўленне, Стэфа не манернічала і пакорна пагадзілася ехаць знаёміцца. Адзінае, што яе хвалявала, – ці не занадта яна проста апранутая для такога высокага выпадку і ці будзе прыстойна ехаць да яго сваякоў пасля двух келіхаў віна.
– Тваю выпіўку бяру на сябе, скажу – угаварыў выпіць для смеласці...
– Не-а, міленькі, ужо як-небудзь сама пагавару, – высмельвалася да самых дзвярэй дзяўчына, але толькі адчынілі дзверы – і яна, як маленькая, шмыгнула за шырокую спіну нарачонага.
Размова за сталом не складвалася, старэйшыя блытана пыталіся, моладзь гэтак жа недарэчна адказвала. Сітуацыю выратаваў дзядзька.
– А ці не накапаць нам па лафітніку асаблівай настоечкі нашай ветлівай Ангеліны Альфрэдаўны, а то ж на сухія мазгі ды ў такой сітуацыі – і язык цяжэй жорнаў робіцца.
Пасля дзвюх чарак размова пайшла жывей.
– Вось і выдатна, паважаныя дамы, вы тут пляткарце, нам костачкі перамыйце, а мы з гэтым юным следапытам сыйдзем да мяне.
Прыхапіўшы свае чаркі, яны пайшлі ў кабінет. Перад тым, як шчыльна прычыніць дзверы, гаспадар вызірнуў у пакой і, выпраменьваючы дабрыню, папрасіў: – Гэля, пры раздачы пышнага пірага, спечанага Марыяй Аляксандраўнай, будзь добрай, не забудзься пра нашае існаванне.
Дзядзька быў у прыўзнятым настроі. Сеўшы за свой манументальны стол, ён упёрся ў яго шырока расстаўленымі рукамі.
– Ну-с, шаноўны Вячаслаў, я ўхваляю твой выбар. Бліскучай будзеце парай, і, ведаеш, братка, са шлюбам не цягні. Вядома, пэўныя тэрміны трэба вытрымаць, але не больш. Мне здаецца, я ведаю яе бацькоў, а па матчынай лініі і дзядоў. Калі гэта яны, то дзяўчына з вельмі прыстойнай сям’і, сям’і з добрай рэпутацыяй і гісторыяй.
Ад пытанняў радаводных і агульных знаёмых неяк вельмі хутка перайшлі на тэму гісторыі, яе куртатасці ў афіцыйнай трактоўцы цяперашнім навуковым светам.
– У гісторыі, як і ў баі, трэба мужнасць, без гэтага праўдзівага аповеду не будзе, ды што не будзе – яго і няма! Ёсць чарговае вывяржэнне часовай каламуты ў мазгі нашых суграмадзян. Нашая акадэмія кідаецца з боку ў бок, хапаецца і за тое, і за гэта, а на самай справе топчацца на адным месцы. Доўга гэта працягвацца не можа.
– Дзядзька, вы ўжо мне, бесталковаму, прабачце. Мяне не вельмі хвалюе як гістарычная навука ў цэлым, так і таптанне Акадэміі ў сваім акопе. Мне, наогул, здаецца, што нашыя гуманітарыі спрэс абаронцы, яны генетычна не ў стане наступаць. Але пакуль ёсць такія падзвіжнікі, як вы, як Андрэй Карпавіч, як Мокаш і Лазалюк, – справа не прапала, за вамі ідзе таленавітая моладзь. Калі б вы ведалі, як вас любяць і абагаўляюць студэнты...
– Ліслівец і падхалім, – весела перапыніў яго дзядзька, – нешта табе трэба, хітруган-пляменнічак, аднак алей на счарсцвелую душу ўсё ж працягвай ліць. Ліслівасць, калі не з лішкам, вельмі карысная.
– Дык я ж не надта і крыўлю душой: усё, што сказаў, праўда. Мне не верыце – спытаеце Стэфанію, яна сама некалькі разоў да вас на лекцыі ў БДУ ездзіла, а ў яе групе ёсць дзяўчаты, дык тыя і зусім вашыя фанаткі, ніводнага занятка не прапускаюць. А вы кажаце – падхалім. Падлізацца да вас я хачу матэрыяльным чынам... – Скарга прыўстаў, з кішэні джынсаў дастаў і паклаў на стол медаль, які быў адліты ў памяць аб паўстанні Тадэвуша Касцюшкі ў 1796 годзе ў Парыжы. Ён ведаў: такіх адлівак на ўсходніх землях былой Рэчы Паспалітай засталіся адзінкі. Медаль ён выменяў яшчэ паўгода таму на салдацкі Георгіеўскі Крыж чацвёртай ступені на таўкучцы ля Палаца мастацтваў. Бронзавы кругляш валяўся ў бардачку машыны і быў шчасліва забыты – і вось сёння вельмі дарэчы патрапіў пад руку, калі ён шукаў закрутку ад польскай узнагароды, прызначаную таксама дзядзьку. З перадачай польскага ордэна ён вырашыў пачакаць.
Станіслаў Францавіч падарунак ацаніў па вартасці. Выйшаў з-за стала, абняў сваяка і пацалаваў у лоб.
– Слава, ты нават не ведаеш, якая мне дарогая гэтая, здавалася б, цацка. Цяпер у мяне амаль поўны камплект памятных адлівак, прысвечаных Касцюшку і яго змаганню. Не хапала толькі тры адзінкі, але з тваёй шчодрасцю іх застал ося ўжо дзве. Дзве! Гэта самая поўная калекцыя і ў нас, і ў Расіі. Такая ж ёсць толькі ў аднаго паляка ў Іспаніі. Вось гэта падлізаўся дык падлізаўся! Слухаю цябе! – вочы калекцыянера ззялі, нібы сіняе вуголле.
– Дзядзька, раскажыце коратка пра гіпотэзу беларускага паходжання славян.
– Але гэта не зусім навуковая здагадка, затое самая рамантычная і амбіцыйная, якую мне даводзілася калі-небудзь чуць. Наш сучаснік прафесар Валашэвіч доўгія гады сур’ёзна займаўся генетычным вывучэннем як сучаснікаў, так і парэшткаў продкаў, якія жылі на тэрыторыі нашай рэспублікі. Аналізуючы сабраныя матэрыялы, а пробаў тых у яго набралася дзясяткі тысяч, ён і прыйшоў да вельмі парадаксальнай высновы: народ наш існуе тут нязменна больш за тры з паловай тысячы гадоў!
– Колькі? – міжволі вырвалася ў Скаргі.
– Трыццаць пяць стагоддзяў! А можа, і больш. Усе іншыя народы Еўропы, што аселі ў межах цяперашніх дзяржаў, жывуць там значна менш. Так што мы з табой, пляменнік, аўтахтоны. Вось на гэтай базе і ўзнікла здагадка, што пры перасяленні арыяў ці індаеўрапейцаў на захад яны на доўгі час затрымаліся на нашых, на той час вельмі ўрадлівых, землях, аселі на берагах так званага Герадотавага мора, існаванне гэтага вадаёма ў старажытныя часы сёння ў цэлым даказана. Акрамя дастатку ў ежы, перасяленцы знайшлі паверхневыя выхады розных руд, а як з руды плавіць метал – яны ўжо ведалі і ўмелі. Прыйшоў час бронзавых сякер і больш дасканалых прыладаў апрацоўкі зямлі. Ёсць дастатак – жанчыны больш нараджаюць дзяцей. Гэта няхітрая практыка захавалася і да сёння: у краіне стабільна, у мужоў ёсць грошы – усе прылеглыя да дамоў скверы забітыя дзіцячымі каляскамі. А калі ж заняпад і безграшоўе – колькі не надрывалася б тэлескрыня для аднаклетачных, нараджальнасць будзе каціцца ўніз. Народу стала шмат, можа, нават занадта шмат, і вось найбольш пасіянарныя, як кажа Леў Гумілёў, пайшлі далей на Захад у дзікую тады Еўропу і паступова яе засялілі. Працэсы гэтыя ішлі павольна, і атрымалася тое, што ёсць на сённяшні дзень. Як гэта ні па-дурному гучыць, але продкі цяперашніх беларусаў паслужылі базавым матэрыялам для стварэння амаль усіх еўрапейскіх народаў, не толькі славянскіх. Вось такія выйшлі крамбамбулі.
Абмяняцца ўражаннямі, пазадаваць пытанні вучоныя мужы не паспелі, бо былі ласкава запрошаны ў сталовую да салодкага стала.
На жаночай палове панавала поўнае паразуменне і аднадушнасць. Стэфанія на роўных дапамагала клапаціцца над сталом, а потым на правах малодшай, калі ўсе расселіся, Ангеліна Альфрэдаўна даверыла ёй разнесці ўсім чай, толькі што наліты з самавара. Балазе дом быў старадаўнім і яшчэ ў шасцідзясятыя гады пры капітальным рамонце дзядзька дамогся, усімі праўдамі і няпраўдамі, аднаўлення на кухні спецыяльнага коміна для самавара. Чым да сёння невымоўна ганарыўся, нібыта адным са сваіх навуковых дасягненняў.
22
Канец траўня 1947 года выдаўся ў Наваградку неймаверна гарачым. Духмень дзённых выпарэнняў ноччу быў больш агідным, ліпкі пот пакрываў твары спячых, сцякаючы буйнымі кроплямі на засціраныя навалкі. У пакоі настаўніцкага інтэрната, што размяшчаўся ў рэштках старой, яшчэ польскіх часоў, казармы, паветра было настолькі тугое і нерухомае, што здавалася нейкай жывой істотай, якая часам ажывала і пачынала нябачнымі шчупальцамі кашмарных сноў душыць неспакойных хлопцаў.
Такія ночы, з нерухомым, амаль слюдзяным паветрам, усталёўваліся ў тутэйшых месцах, як правіла, у сярэдзіне ліпеня, але прырода здатная на розныя выкрунтасы, спрачацца ж з ёй пасля з’яўлення хрысціянства ні ў кога жадання не ўзнікала, ды і лічылася справай бескарыснай, а то і богазневажальнай.
Дзмітрый Пожыч прачнуўся нечакана, нібы ад штуршка. Сэрца дробна дрыжала, як заечы хвост, а ў скронях цяжка стукала загусцелая ад смагі кроў. Вялікі ацынкаваны бачок з прымкнёным да ручкі ланцугом, на якім вісеў сіні эмаляваны кубак, стаяў у калідоры, на засланым цыратай стале. Каб дабрацца да выратавальнай, хай і цёплай вільгаці, трэба было вылезці з карыта праціснутага інтэрнацкага ложка і, спатыкаючыся аб самыя нечаканыя прадметы, якія валяюцца на падлозе студэнцкага інтэрната, уключна з разамлелымі ад сну целамі будучых настаўнікаў, дабрацца да гэтага выратоўнага бака.
Крыху паляжаўшы без руху, прыслухоўваючыся да сябе і навакольнага свету, будучы сельскі настаўнік набраў поўныя грудзі паветра і рэзкім рыўком выбраўся са свайго на дзіва не рыпучага лежбішча. Дошкі нефарбаванай падлогі здаліся прыемна прахалоднымі. Малады чалавек да хрусту ў суставах пацягнуўся, зірнуў у вакно – і аслупянеў...
За нешырокім агародчыкам на вуліцы стаяла казённая брычка, запрэжаная двойкай стройных коней, воддаль – яшчэ пару вазоў. Кіроўцаў не было, коні гучна скублі высокую, яшчэ невыгаралую траву. Імкнучыся ступаць па адной маснічыне, Дзмітрый падышоў да акна і, не высоўваючы галавы, прыслухаўся. Злева, дзе быў уваход у іх палац, напаўголаса размаўлялі людзі. Прыціснуўшыся да сцяны, ён нават у цемры пазнаў іх фігуры ў фуражках: на нябачным яму ганку ваенныя спрабавалі чымсьці жалезным адсунуць засаўку, якая замыкала ўваходныя дзверы знутры.
Фуражкі нічога добрага абяцаць ні яму, ні мірна пасопваючым тавары– шам не маглі. Ён жа чакаў гэтага начнога візіту, нават спрабаваў сабе яго ўявіць, але гэта занадта хутка здарылася. Дзмітрый адскочыў ад сцяны, штурхнуў бліжэйшы да сябе ложак Юсюкевіча. Той як быццам толькі гэтага і чакаў: ускочыў на ногі і пачаў нацягваць штаны, якія ляжалі на табурэтцы, папярэдне моцна піхнуўшы спінку ложка Піменчука. У поцемках яны не бачылі твараў адзін аднаго, рухаліся моўчкі, нібы дзясяткі разоў да гэтага трэніраваліся хутка пакідаць пакой у выпадку небяспекі. Усе ўжо стаялі каля акна, гатовыя выскачыць, калі эмгэбісты адкрыюць уваходныя дзверы і ўвойдуць у калідор інтэрната.
Нечакана з бліжэйшага вазка ўспыхнуў яркі ліхтар і асвяціў пакой і іх саміх.
– Нават не ўздумайце! – гучна і ўладна сказаў нябачны чалавек. – Скочыце – пакрышу ўсіх! – Гэй, акуратысты ср...ныя, хутчэй да акна! – гаркнуў ён супрацоўнікам.
Праз хвіліну ў іх пакоі было поўна людзей у форме. Усіх траіх абшукалі, для парадку адвесіўшы кожнаму па пары добрых кухталёў, паставілі тварам да сцяны, на якой вісела велізарная геаграфічная карта свету. Дзмітрый стаяў справа, упіраючыся носам у Японію. Страху не было, толькі ўсё цела зрабілася ватным, а навакольны свет абыякавым і сумным. У галаве ледзь пульсавала адзіная думка: «Навошта ты ва ўсё гэта ўлез? Улез, улез, улез...» – аддавалася ва ўсім яго вялікім і моцным целе, у кожнай клетачцы, у кожным валаску, у кожнай кроплі здрадніцкага поту, які сцякаў між лапатак па хрыбетніку.
Дакументы іх падпольнай арганізацыі знайшлі хутка. Ды і што іх было шукаць, калі паперы ляжалі ў чамадане Піменчука. Там было ўсё: і праграма «Саюза вызвалення Беларусі», і статут, і пратаколы пасяджэнняў кіруючага органа, і тэксты ўлётак. Добра, хоць пасля доўгіх спрэчак у пратаколах было вырашана пісаць не прозвішчы прысутных і выступоўцаў, а іх канспіратыўныя псеўданімы. Да поўнага камплекта не хапала толькі членскіх спісаў.
Дзмітрыю здавалася: усё, што адбываецца, не мае да яго ніякага дачы– нення, уся яго ўвага чамусьці засяродзілася на тоненькім струменьчыку поту, які павольна поўз уніз па хрыбетніку.
«Ідыятызм нейкі! – у галаве неахвотна мільганула млявая і недарэчная думка. – Трэба было дажыць да гэтай начы, каб на сваёй скуры спасцігнуць сапраўдны сэнс ходкай фразы: “Дупа ў мыле!”».
Нечакана апатыя і млявасць зніклі, як быццам іх ніколі і не было. Мозг распачаў дзіўную і звыклую для яго працу, аднекуль з яго глыбінь узнікалі самыя неверагодныя пытанні – і яму даводзілася на іх так жа імкліва адказваць. «Неадказанае» пытанне праз некаторы час вярталася і цягнула за сабой злёгку размытыя вобразы мінулых падзей.
Вось ён капае бульбу, дакладней – перакопвае ўжо двойчы перакапанае поле ў пошуках хоць бы яшчэ дзясятка бульбін, каб зварыць іх сёння на вячэру. Асноўны ўраджай выкапалі яшчэ раней, перабралі, высушылі і вёдраў дваццаць паспелі засыпаць у высланую саломай яму схаванага ад чужых вачэй сенніка. Гэты галоўны запас на зіму бераглі як зрэнку вока. Пра таемную яму ведалі толькі ён і маці. Частку несхаванай бульбы забралі немцы па дзяржнарыхтоўцы, а паўтара мяшкі панеслі людзі з лесу па «партызанскай прадразвёрстцы», як весела хіхікнуў-патлумачыў іх старшы. Маці зноў была цяжарнай, за вайну ўжо чацвёрты раз. Адно дзіцятка нарадзілася нежывым, а два хлопчыкі ўжо плёхалі босымі ножкамі па земляной падлозе хаты. Маці пасля чарговага візіту ці паліцаяў, ці партызан нават спрабавала на сябе рукі накласці, ды Бог адвёў.
У той дзень у вёску прыехалі на двух машынах агітатары зазываць маладняк у «Саюз беларускай моладзі», тым, хто падпісаў прашэнне, адразу выдавалі прыгожую шэрую форму, з нашыўкамі, кепку з доўгім, як у нямецкіх салдат, брылём, а галоўнае – падкаваныя новенькія чаравікі. Машыны ўжо з’язджалі, калі Дзмітрый выйшаў на дарогу і падняў руку. Паперу падпісаў проста на пыльным капоце, абмундзіраванне скруціў у цяжкі вузел і падаўся дадому. Наўздагон яму крыкнулі, каб падагнаў форму і ў наступную нядзелю прыбыў у райцэнтр для прыняцця ўрачыстай прысягі.
У райцэнтры моладзевай дружынай кіраваў яго далёкі сваяк, які адправіў Дзмітрыя ў старадаўні маёнтак Альбярцін на курсы.
Дзіўная гэта была вучоба. Вакол ішла вайна, людзі забівалі адзін аднаго ні за што, проста стралялі – хто па п’янцы, хто з перапуду, а хто па ахвоце. Стралялі, а потым ужо думалі, навошта яны гэта зрабілі. За смерць ні з каго не пыталі. А ў былым панскім маёнтку панаваў нейкі іншы свет. Іх добра кармілі, прымушалі займацца фізкультурай, муштравалі на пляцы, развучвалі песні і доўгімі гадзінамі распавядалі, як будзе добра жыць у вольнай Беларусі, калі Гітлер са сваімі саюзнікамі разаб’е ненавісныя Саветы. Часта навучальныя дні заканчваліся вогнішчамі над старадаўняй сажалкай, печанай бульбай і гарачымі спрэчкамі пра любоў да свайго народа, яго гісторыі, культуры і песняў. У лагер вярталіся строем са звонкай песняй вольных і незалежных сокалаў.
Да канца вучобы ён, як і яго таварышы, свята верыў у веліч Беларусі, ашуканай і зняважанай спачатку расейцамі, затым палякамі і зноў расейцамі. З гэтага часу ён, добра ведаўшы польскую мову, выплюнуў яе, нібы гнілы арэх, і стаў размаўляць толькі на беларускай ці нямецкай мовах. Следам за любоўю да свайго, роднага, непрыкметна ў дуты пасяліўся спачатку недавер, а затым і непрыязнасць да ўсяго чужога. І ўспомніў, што маці першым згвалціў яшчэ ў самым пачатку вайны нейкі хахол, паліцай з суседняй вёскі. А начамі да іх у дом грукалі і завальваліся зарослыя і нямытыя мужыкі, якія гаварылі між сабой па-беларуску ці па-польску...
Дзмітрый з цяжкасцю вырваўся са сваіх успамінаў, зірнуў на гадзіннік. Прайшло ўсяго хвілін сем, як іх паставілі да сцяны.
– Нас жа не расстраляюць? – як здалося Дзмітрыю, спалохана спытаў Бронік Піменчук.
– Вам, фашысцкія выкармышы, пашанцавала! – прагрымеў за спінай той жа голас, што пагражаў з воза пакрышыць іх на кавалкі, – чатыры дні назад у Савецкім Саюзе адменена смяротнае пакаранне. Адно застаецца: застрэліць вас пры спробе ўцёкаў. Так што шанец адправіцца на спатканне да свайго Гітлера ў вас ёсць.
– Пры чым тут Гітлер? – злосна буркнуў Пожыч, – яго ўжо даўно закапалі. За што вы нас арыштоўваеце, а галоўнае – на якой падставе?
– Таварыш маёр, дазвольце я яму прыкладам растлумачу падставы? – спытаў чэкіст, прыстаўлены іх ахоўваць.
– Не, Міханевіч, мы людзі гуманныя і біць нікога не збіраемся. Ты павярні да мяне тварам гэтага разумніка.
Чужая рука не паспела нават дакрануцца да яго пляча, як Зміцер рэзка павярнуўся тварам да святла.
– Прымі ад мяне свае граблі, – працадзіў скрозь зубы хлопец. – Я гэта спытаў. Вайна ўжо чатыры гады як скончылася, а вы ўсё па начах да людзей урываецеся, як немцы. Дзе ордэр на ператрус? За што білі перад тым, як паставіць да сцяны?
– Колькі пытанняў? Як тваё фаміліё, законнік хрэнаў? – пагойдваючыся на абцасах, свідраваў Дзмітрыя калючым позіркам сярэдняга росту чалавек, у тонкіх залацістых акулярах-веласіпедзіках, з гладка зачасанымі на патыліцу пасівелымі ўжо валасамі.