355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Валерий Казаков » «Чорны кот» (СИ) » Текст книги (страница 9)
«Чорны кот» (СИ)
  • Текст добавлен: 2 октября 2017, 14:30

Текст книги "«Чорны кот» (СИ)"


Автор книги: Валерий Казаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 13 страниц)

– Давайце так, святы айцец, сямейныя разборкі пакіньце на потым, а пакуль дамовімся пра дзень сённяшні. Прапаноў дзве. Першая: мы цяпер едзем у міліцыю і заводзім крымінальную справу супраць вас і вашага сваячка-крымінальніка. Другая: вы разам з ім пішаце падпіску аб супрацоўніцтве з органамі бяспекі – і мы забываем пра існаванне адзін аднаго. Падпіска ваша застаецца ў мяне як запарука нашай узаемнай павагі, ходу я ёй не дам, а гады праз два і зусім гэтыя паперкі вам аддам.

– Згода, – за сябе і за ксяндза адказаў Станіслаў, – напішам. Дыктуйце, пан афіцэр.

Уладзіўшы ўсе фармальнасці і “пасябраваўшы”, выпілі кавы.

– Ну і апошняе, – устаючы і пляскаючы сябе па каленях (“Зусім як дзед”, – падумаў Скарга), ён прамовіў: – Сваяк ваш абяцаў кампенсаваць забітага ім сабаку лепшым шчанюком з вашага гадавальніка. Так, Станіслаў?

– Так, Марэк, так! – бачачы незадаволеныя жэсты ксяндза, раздражнёна вымавіў сваяк. – Я пакіну пенёнзы за шчаняку.

– Айцец, усё будзе добра, – нечакана ўмяшаўся ў іх размову Равіч, – можа так стацца, што ў касцёл будуць у хуткім часе ахвяраваныя вельмі каштоўныя дары, якія некалі вашаму ж касцёлу і належалі. У вачах парафіянаў і біскупа гэта будзе выглядаць вельмі значна і, я думаю, пакрые ўсе шчанюковыя выдаткі. Падумайце.

– А што то могуць быць за дары?

– Калі мы будзем менш сварыцца, то, магчыма, вечарам я іх вам і пакажу, святы айцец, – адказаў, перапоўнены пачуццём уласнай годнасці, дырэктар музея.

Выбралі сімпатычнага ратвейлера, які на гучныя воплескі і звон ключоў не хаваўся за мамку, а з цікаўным выразам на мілай пысачцы ішоў на гук, ды яшчэ і рыкаць спрабаваў. Пасадзіўшы шчанюка ў кошык, усе развіталіся і разышліся.

Равіч накіраваўся ў свой замак, а потым, хутчэй за ўсё, да Раісы, якая ўжо колькі разоў яму тэлефанавала. Ксёндз з бедалагам Станіславам паехалі ў Польшчу. Скарга – да Казіміра на хутар.

Хутар прачынаецца рана, і калі а палове на восьмую Вячаслаў, стомлены і сонны, пад’ехаў да знаёмай брамкі, яны імгненна расчыніліся – і радасны, не зусім цвярозы сваяк з перавязанай галавой ухапіў яго ў мядзведжыя абдымкі. Ля варот сабралася і ўся яго сям’я. Стэфанія выйшла босай, з падаткнутым спераду прыполам саматканай спадніцы, у доўгіх, запэцканых зямлёй сініх гумовых пальчатках. Твар яе выпраменьваў радасць і задаволенасць жыццём.

Свята сустрэчы было перапынена патрабавальным скавытаннем шчанюка. Разбуджаны агульнай радасцю, ён, абапёршыся пярэднімі лапкамі на дзверцы машыны, высунуў галаву і настойліва патрабаваў забраць яго з гэтай задушнай жалязякі ды тэрмінова далучыць да ўсеагульнага разгулу весялосці.

Усё! Неба звалілася на зямлю! Анёлы жыцця затрубілі над светам, дарослыя ператварыліся ў дзяцей, і ўсе гатовыя былі заціскаць несамавітага Шарыка, які кідаўся ўсіх лізнуць і весела матляў сваім хвосцікам. Пакуль усе замілоўваліся і раіліся, як яго назваць, Скарга падаўся да ганка, сеў на прыступкі ды імгненна заснуў. Як яго пераносілі ў пакой, як распраналі і клалі на сяннік, як яго цалавала Стэфа, ён ужо не помніў. Сон, які ўваскрашае сілы стомленых цела і розуму, блакаваў слых, зрок, нюх, ахінуў мозг у першародную цішыню, у якой бязважка луналі душы продкаў і ўсе таямніцы светабудовы, дзе не было нікога, нават Бога, таму, што там было Усё – Пачатак і Канец гэтага Свету.

Пад абед Вячаслава разбудзілі, падсунуўшы яму шчанюка. Убачыўшы неаблізаную прастору заспанага твару, Крабік, як яго пасля доўгіх дэбатаў было вырашана назваць, з радасцю прыступіў да сваіх шчанюковых абавязкаў.

– Стэфік, не трэба, я не памыўся, – спрабаваў праз сон ухіліцца Скарга.

Дружны рогат садзьмуў з яго рэшткі сну.

– Ну ты і гад, Скарга! – смяяўся разам з усёй раднёй яго любімы чалавек.– Хоць буду ведаць, як цябе будзіць.

– Ды ну вас! – шчаслівы і бадзёры, саскочыў з ложка малады чалавек.

– Дзе ў вас тут памыцца можна?

– Пакуль што маладзіца з вядра калодзежнай вадзіцай абалье, а вечарам у лазню пойдзем, – прабасіў швагер і сунуў у рукі шклянку з буршты– навым напоем.

Толькі селі за стол, як ля варотаў засігналіла машына: прыехаў Равіч, задаволены, як кот, які сцягнуў суседскую каўбасу.

Паелі – і ўсе разам пайшлі да схрона. Старэйшы Казімір ледзь не плакаў, так яму было цяжка расставацца з таямніцай хутара. Але рабіць было няма чаго, хаваць далей невядома што было небяспечна, як паказалі апошнія падзеі. Падагналі трактар з прычэпам, завялі дызель-генератар, і падзем’е, аслеплае ад лішку святла, страціла сваю таямнічасць ды імгненна ператварылася ў звычайны склеп з задушлівым, сапрэлым паветрам. Дзецям дазволілі зайсці яшчэ пры лямпе і паходнях, для мацнейшага ўражання. Прыціхлым і насцярожаным, ім прапанавалі пад пільным кантролем Міхаіла Сяргеевіча выбраць сабе па якой упадабалай штучцы і гужам выбрацца наверх – пагуляць, строга забараніўшы лазіць у старыя доты, дзе маглі быць змеі.

Паперы з акаўскіх скрынь вырашылі разбіраць, не спяшаючыся, дома. Вынеслі зброю, начынне, панцыры і ўсё астатняе, што траплялася пад рукі. Равіч аглядаў кожны прадмет, Стэфанія іх фатаграфавала, Паліна прыклейвала да маркіраваных пісталетаў біркі і пісала на іх нумары. Міхаіл запісваў усё ў тоўсты агульны сшытак. Скаргу і двух Казіміраў выкарыстоўвалі выключна ў якасці бясплатнай працоўнай сілы. Здаралася, Казімір старэйшы, раскапаўшы, як яму здавалася, цікавую рэч, падыходзіў па кансультацыю да эксперта, які праменіўся задаволенасцю, тады ўся праца спынялася, усе гуртаваліся вакол Равіча і слухалі яго грунтоўныя каментары.

– Гэта не манеты, гэта памятныя медалі, – вучоны ўзброіўся магутнай лупай, – хутчэй за ўсё срэбныя, арыгіналы. Вось гэтая адлітая ў 1547годзе пры каралі Жыгімонце Старым, у гонар князёўны Альжбеты Радзівіл. Гэты – у гонар узяцця Смаленска канцлерам Вялікага Княства Літоўскага і вялікім гетманам Рэчы Паспалітай Сапегам і паланення ім ваяводы маскоўскага Васілія Шуйскага ў 1557 годзе. А гэты... – твар Міхаіла зрабіўся сур’ёзным, – гэта наогул унікальная адліўка пачатку нашай эры, думаю

– рымскі. Так, рымскі часоў імператара Ціта, прысвечаны ўціхамірванню Юдэі і руйнаванню Вялікага храма Саламона. Вось табе на! Вось гэта знаходка! Дзе ты іх знайшоў?!

– Ды там, у кутку, на падлозе валяліся, у нейкім спарахнелым капшуку.

– А капшук, дакладней, кашэль – дзе?

– Там і застаўся, ён жа гніляк, што там цікавага?

– Як гэта што? Нясі яго сюды, і яшчэ там памацайце, можа, што выкацілася... Ты хоць ведаеш, што адзін гэты медаль можа на аўкцыёне быць ацэненым у некалькі сотняў тысяч даляраў?

– Ого! Бягу, прафесар!

Медалёў больш не знайшлося, кашэль ніякай маркіроўкі ды іншых пазнак, якія вызначалі б яго гаспадара, не меў, і праца зноў пайшла ў звыклым рытме.

Пад вечар цікавы артэфакт раскапаў Скарга. Чорны дыск памерам з вялікую патэльню, з адтулінай пасярод, разбіты на сектары, спярэшчаныя нейкімі загадкавымі знакамі. Знакі былі з абодвух бакоў. Равіч доўга круціў яго ў руках, хітаў галавой, спрабаваў біць па ім малатком. Малаток слядоў на паверхні не пакідаў, гук удараў быў глухім, як быццам білі не па металу, а па каменю ці нейкаму невядомаму сплаву. Яшчэ гэтая рэч уражвала сваёй лёгкасцю і прыгажосцю. Усе фігуркі і пазначкі былі выразаныя ці адлітыя настолькі па-майстэрску, што імі нельга было налюбавацца.

– Нейкі нябесны дыск! – захоплена крыкнула Стэфанія. – Вось дык вось! Я ўжо, праўда, не дзіця, але яшчэ моладзь, і таму мне таксама належыць які-небудзь падарунак. Праўда, Казімір?

– Пра што гаворка! Мы з Палінкай дорым вам гэтую цацку, а я, як старэйшы, яшчэ і дабраслаўляю з сённяшняй начы спаць са Скаргам у адным пакоі і ў адным ложку. Амэн!

– Паслухай, і бацюшка, і ксёнз, і патрыярх сямейства ў адным флаконе! Чуе маё сэрца, што вы там, у пячоры гэтай, алей твой ужо да дна ўгаварылі, – жартаўліва пагражаючы мужу пальцам, сказала Паліна. – А патэльню гэтую нябесную забірайце, можа, калі на бліны пазавяце ці ў адведкі.

Заўважыўшы незадаволены твар дырэктара музея, заступіўся за жонку гаспадар:

– Міхась, ты не крывіся, мы ж не скарб нічыйны, схаваны ў зямлі ці ў іншым месцы, разбіраем. Мы вопіс маёй спадчыны складаем. І працуеш ты тут не бескарысна, грошай, вядома, у мяне, акрамя тых сапрэлых баксаў, няма. Я, як чалавек прыстойны, і паколькі ты сябар майго родзіча, ды і мне асабіста прыемны, цябе не пакрыўджу. Мы з табой абавязаны быць карыснымі адзін аднаму. Згодны?

– Згодзен, – з відавочным сумам у голасе вымавіў Равіч.

Неўзабаве Паліна з дзецьмі і Стэфаніяй пайшла даглядаць скаціну і гататаваць вячэру.

Мужыкі загрузілі спадчыну на трактар і ў дзве ходкі перавезлі ўсё ў стары прасторны свіран, які служыў новаму гаспадару майстэрняй і музеем вясковага побыту. Чаго толькі тут не было! Косы, сярпы, сячкарні, калаўроты, кросны, цапы, драўляныя пранікі, ступы, куфры, дзежкі, бочкі, карыты, жорны ды іншае, іншае, іншае.

– Казімір, няўжо гэта ўсё жыло на гэтым хутары? – шчыра здзівіўся Скарга.

– Ну, не ўсё, але большая частка мая, – не без гонару адказаў гаспадар.

– Тут ёсць рэчы, яшчэ маім прапрадзедам зробленыя. Вось гэта мне да душы, а гэтыя панскія цацкі... – ён кіўнуў галавой на прычэп, – ну аніякага трымцення ў мяне не выклікаюць. А тут, у свіране, і маё, і чужое. Што людзі прынеслі, што сам забраў з хутароў... – ён цяжка ўздыхнуў. – Улада ж наша якая – ёй план выконваць трэба. План, а там хоць жыта не расці! А як без догляду ды без любові да зямлі ад яе, беднай, ураджаю дамагчыся? Ну, хімію сыпаць па дурному, на касое вока адмерыў – і давай, атручвай усё жывое. Вунь на вакольных палях жаўрукі жыць перасталі, на маіх малых надзелах жывуць, а там – не. А жаўрук – птах божы, ён сонца і неба хваліць. А хіміі ды іншай атруты начальству і раённаму, і абласному, ды і мінскаму здалося мала. Вось і вырашылі нішчыць хутары. Стаіць сабе падворак, з пабудовамі, садам, калодзежам, праўда, даўно ніхто там не жыве, пазарастала ўсё... Старыя памерлі, моладзь з’ехала. Цяжка зямлёй зарабляць, у горадзе, як-ніяк перабіцца можна, асабліва не надрываючыся. Але замест заклікаў і стымулаў вяртацца назад хутары гэтыя проста спальваюць. Прыязджаюць малойцы, салярачкі плюхнуць – і запалкай чыркнуць, гадзіны праз два ўжо нічога няма, папялішча. Хтосьці датэлефануецца да радні, тыя прыкоцяць – ды позна. Адказ адзін: стаяла кінутае, нехта спаліў, аднаўляць будзеце? Не? Падпішыце адмову. І ўсё. А можа, праз нейкі час унукі б падраслі, можа, разумнейшыя за бацькоў сталі б ды да дзедаўскага кута і вярнуліся б? А няма ўжо нічога. Сад неўзабаве спілавалі, папалілі, карчы ў яму разам з галавешкамі скінулі, зраўнялі – і ўсё: землі пайшлі ў севазварот. А ўлічваць іх не спяшаюцца. Вось табе і ўраджайнасць уверх паперла. Вось табе і стужкі, і прэміі, і ваза крыштальная. Вось табе і перадавікі, маць іх! Імгненная выгада, а шкода на стагоддзі, жыццё на зямлі зводзяць! Вы вунь гляньце вакол: воку зачапіцца няма за што, усё папалілі, пакарчавалі, адны палеткі. Не Беларусь спрадвечная, калыска славянства, а стэп нейкі цалінны. Мала ім хутароў, дык за гасцінцы, за дарогі ўзяліся. Дзяды яшчэ тыя елкі, ліпы, клёны ды сосны з бярозамі саджалі. Шлях як шлях быў. Дрэвы і тыя таксама знішчылі, папалілі, пянькоў і тых не знойдзеш. Дні і ночы тэхніка, як на вайне, вые, колькі грошай спалілі, а ўсё з-за прырэзкі прыдарожнай паласы да гэтага, будзь ён пракляты, севазвароту. Вунь па Еўропе едзеш -дарогі ў сельскай мясцовасці ўсе паабсаджаныя, дагледжаныя. Старое дрэва збутлее – яго спілуюць і новае пасадзяць. Сядзібы вакол маляўнічыя, вока цешаць, і, галоўнае, ні калгасаў, ні СПКа няма, а гаспадар ёсць, і ежы заваліся. Вось вам і ўвесь парадак. Вы мне прабачце, ужо вельмі балючая для мяне гэтая тэма. Вось так: на дзяцей і ўнукаў адна надзея... Ну, здаецца, усё на месцы, – правёўшы гаспадарскім поглядам расстаўленае па стэлажах багацце, падсумаваў Казімір. – Хадзем, хлопцы, у лазню, а чысценькімі – да агню, мяска смажыць. Мяса і брага – не бабская справа, так у нас спакон веку было. А дзеўкі тым часам хай парацца. Згода?

19

На наступную раніцу ўсе прачнуліся па-хутаранску рана. Якое ж было здзіўленне Казіміра, калі ён застаў Равіча а палове шостай з калуном ля цяжкіх асінавых калодаў.

– Вось гэта начальнік музея, вось гэта па-нашаму. Ну, малайчына, Сяргеевіч, давай дапамагу паскладваць паленні, іх спярша трэба трохі прасушыць. Мы такія кастры і складваем, а праз тыдзень, калі без дожджычка, дык і пад дах можна заносіць. Не пасушыш – зімой сапрэюць, грыбком возьмуцца.

– А я думаў, гэта дзеці гуляюцца...

– Вось мы і пагуляем. Скаргі яшчэ спяць, у іх жа першая сумесная ночка, атрымліваецца. І дай Божа, на дабро і насалоду. Будзіць не будзем, а мы з табой, чалавеча, пайшлі да свірана, разбяромся, што з таго табе трэба, а што можна пакуль у мяне пакінуць. Пакуль вы спалі, я тое-сёе на аўкцыёны выставіў, люд пісаць пачаў, цікавіцца...

– Казімір, ты мне проста ў душу музейшчыка плюнуў! Вось так, без мяне, без парады – і адразу ў інтэрнэт!

– Не злуйся, я толькі дзве рэчы і паказаў: цітаўскі медаль і латы ў пазалоце...

– Ну і што пішуць? – з крыўдай і цікаўнасцю ў голасе спытаў Равіч.

– Ты якія кошты выставіў?

– Дык патрабуецца экспертнае заключэнне, а потым ужо таргі.

– Правільна, а ты што думаў – увомірг да цябе ўвесь свет кінецца? Ты, спадзяюся, не са сваёй пошты хоць выстаўляў усё гэта?

– Са сваёй, а што?

– Хутаранін ты хутаранін, у добрым сэнсе гэтага слова! – дакорліва паківаў галавой Міхаіл. – Табе і сям’і тваёй паляка мала?! Аматары нажывы калі ўбачаць такія цуды на пошце нейкага селяніна, праз пару дзён твой маёнтак з усіх бакоў абкладуць, носа не высунеце. І нашыя мілыя ўлады прыпруцца высвятляць, што і дзе ўзяў.

– Ды што ты. А я і не падумаў пра гэта. Хацелася, каб хутчэй грошыкі ў гаспадарку запусціць. Можа, ты жартуеш?

– Не да жартаў. Пайшлі. Не дабро дзяліць, а да твайго кампа, сітуацыю выпраўляць будзем.

У хутаранца аказалася добра абсталяваная кампутарная кропка, з двума экранамі, магутным блокам, друкаркамі, сканерам, ксераксам і яшчэ нейкім прычындаллем, прызначэнне якога нават вучоны муж не ведаў.

– Сціплы куток убогага літвіна! Ты, Казімір, часам – не хакер?

– Не. Я ў гэтым не вельмі петру. Сын Казік тут пануе. Ён і фоткі ўчора выстаўляў, і перапісваўся сёння з антыкварамі. Казік! – кудысьці ў нікуды пракрычаў бацька, прыслухаўся. – Казімір, а ну давай сюды! – ужо ў поўную сілу лёгкіх раўнуў гаспадар.

– Іду-іду, тата! – адазваўся недзе за вакном хлапчук.

Ён увайшоў, папстрыкаў нейкімі тумблерамі – і ўся тэхніка са змяіным шыпеннем ажыла і пачала гудзець і міргаць.

– Сыну, мы ўчора з маёй пошты з тымі аб’явамі выходзілі? – вінавата спытаў бацька.

– Тат, я што – ку-ку? Я так усё правёў, што нават прэзідэнцкае аналітычнае бюро хрэн разбярэцца, не тое, што твае лахі пакупнікі. Галоўнае – ты ім нічога не адказваў сам? – падазрона прыжмурыўшы вочы, спытаў малы.

– Ну дзякуй Богу! – з палёгкай выдыхнуў Равіч. – А што там пішуць аматары нажывы?

– Зараз глянем. Я, дзядзька Міша, праз адзін хітры рэсурс з такімі рэчамі заходжу, недзе на востраве Мэн зарэгістраваны.

– Дзе? – навастрыў вушы бацька.

– Гэта, бацька, далёка, дзесьці аж пад Смаленскам, – хітра ўсміхаючы– ся, хутаранін спрытна плюшчыў клавіятуру, – вы ідзіце, чаго нада мной віснуць? Я вам усё раздрукую і прынясу.

Выйшлі на двор, на ганку, саромеючыся адзін аднаго і ўсяго свету, стаялі, узяўшыся за рукі, Вячаслаў са Стэфаніяй.

– О, радня! Добрай вам раніцы! Вы толькі не забудзьцеся пасля ўсіх вянчанняў і вяселляў, чыя хата вас парадніла, – весела пляскаючы іх па плячах, прамовіў гаспадар. – Малайцы, раненька прачнуліся. Вячка, пайшлі з намі, дзеўкі тут самі разбяруцца.

З хутара раз’ехаліся пасля абеду. Яшчэ раз перабралі нажытак з падзямелля, частку жалязяк Равіч адразу адабраў для музея, пра што падпісалі дамову: грошы на хутар павінны будуць прыйсці на працягу трох банкаўскіх дзён. Больш каштоўныя артэфакты вылучылі ў адмысловы спіс, дазвол на іх продаж павінна даць Міністэрства культуры ці нават урад.

Скарга патэлефанаваў знаёмым, і тыя парэкамендавалі мясцовага натарыуса, які дапаможа правільна аформіць пераход калекцыі ад бацькі да сына, пасля смерці першага.

Равіч паехаў у Нясвіж, а закаханая пара, усё працягваючы трымацца за рукі, як быццам іх нехта збіраўся разлучыць, захапіўшы вялікую частку польскіх папер, падалася ў Мінск.

Заехаўшы ў інтэрнат інстытута замежных моў і пакінуўшы Стэфу збіраць рэчы, – яна пагадзілася пераехаць да яго, – Скарга ламануў да Ягора Кузьміча. Чатыры разы ён, загружаны запаветнымі паперамі, падымаўся да яго на шосты паверх.

– Вось, Слава, у маладосці думай пра старасць і ніколі не згаджайся на кватэру першага і вышэй трэцяга паверха. Уяві, а калі б ліфт не працаваў? Давай, давай сюды ўсё гэтае багацце, на канапу грузі, каб ракам па падлозе не поўзаць. Ну вось, добра. Цяпер давай сюды прысунем вунь той доўгі столік, і цягні з кухні дзве табурэткі, ну і чайнік там пастаў.

– Вось, глядзіце, Ягор Кузьміч, у гэтых грунтоўных, у каленкоры, сшытках перапісаныя агентурныя данясенні, тэксты радыёграм у Варшаву і Лондан, адказы на іх. У гэтых шэрых – дзённікі баявых дзеянняў, страты праціўніка, свае страты, трафеі. Наогул, дзіўна, што канцылярыю яны вялі спраўна. Я бачыў нават дапаўненні і ўдакладненні па нейкіх пунктах.

– Так, родны Славік, і павінна быць, што на фронце, што ў партызанах. Вайна выйграецца на палях баёў, а пішацца па данясеннях, пры тым кожны з ваюючых бакоў піша яе па-свойму. Калі б не Лаўрэнцій Цанава, у нас была б вельмі пацешная гісторыя партызанскага супраціву. Па выніках тых данясенняў, што слалі амаль усе камандзіры ў Цэнтральны штаб партызанскі да Панамарэнкі, вымалёўвалася грандыёзная карціна. Народныя мсціўцы на нашых бедных суглінках столькі паклалі салдат супастата, падбілі танкаў і нейкім невядомым чынам назбівалі самалётаў, што, калі ўсё склалі і падлічылі – заплакалі. Я ўжо не кажу пра пушчаныя пад адхон варожыя саставы, іх безліч! Лаўрэнцій Фаміч, які любіў, трэба сказаць, пусціць пыл у вочы начальству, і той абурыўся гэтай ліпе. Пасля знакамітага партызанскага парада ён сабраў камандзіраў, раздаў сшыткі і прымусіў напісаць усё наноў ды падагнаць пад навуковым шляхам выведзеныя кантрольныя лічбы. Потым, каб б усё гэта замацаваць, выдаў пад сваім рэдактарствам фундаментальную двухтомную працу. Вунь яны там у мяне на паліцы стаіць, ты як-небудзь пачытай.

– Ужо праштудзіраваў, я ж думаў, па наіўнасці, што там пра “Котку” нешта будзе.

– Пра “Ката”, Слава, пра “Ката”. “Чорная котка” – гэта ў братоў Вайнераў. У старажытнасці прыгожая чорная котка была сімвалам закаханасці, можа, табе пара жаніцца, а?

– Дык ужо сабраўся, можа, сёння ці заўтра нявесту да мамы павязу знаёміць. Толькі вы мяне з панталыку не збівайце. Мне вось гэтыя паперы не зразумелыя. Па-першае, яны на нямецкай, а з дойчам у мяне яшчэ горш, чым з польскай, не кажучы пра французскую. Па-другое, мне здаецца, паперы гэтыя зашыфраваныя, занадта шмат лічбаў, скарачэнняў і знакаў. І, трэцяе, мне б да раніцы вызначыцца, што аддаць ва ўпраўленне як баявы трафей, апраўдаўшы сваю паездку, а галоўнае – падоўжыць камандзіроўку яшчэ на тыдзень.

– Тады давай расказвай усё па парадку, што там у вас адбылося. Паперы можна спакойна аддаваць, куды хочаш: і дзённікі баявых дзеянняў, і ўзнагародныя прадстаўленні. А самі ўзнагароды ёсць?

– Ёсць, скрынка ў машыне засталася, там яшчэ грошы нямецкія, нашыя і тысяча даляраў, усё з часоў вайны.

– Вось іх і цягні, ды і журналы агентурных данясенняў можна аддаць, іх усё роўна ніхто чытаць не будзе, сакрэціць таксама наўрад ці стануць, спусцяць у адкрыты архіў, а з архіва ты іх у любы час можаш запытаць. Ну, давай, расказвай, а я пакуль у паўвока над гэтымі нямецкімі дзівацтвамі паваражу.

Вячаслаў зноў здзівіўся здольнасцям свайго настаўніка. Здавалася, ён яго і не слухае: устае, дастае з паліц нейкія даведнікі, слоўнікі, кнігі, нешта піша, крэсліць, а потым нечакана пачынае задаваць пытанні пра зброю паляка, ці знайшлі яе? А яе не знайшлі, ды, прызнацца, у той мітусні ніхто і не шукаў. Больш пытанняў, на здзіўленне, было ў старога чэкіста па старадаўніх чарцяжах замка і здагадках Равіча.

– Гэта, мабыць, галоўная твая знаходка, Славік! Яе трэба зубамі трымаць, навука навукай, музеі музеямі, а пад замкам можа быць нешта больш значнае...

– Залатыя апосталы?

– Ну, апосталы – гэта ўсяго толькі вучні свайго настаўніка, прытым вельмі баязлівыя і слабаверныя. Іх статуі, калі яны існуюць, усяго толькі кавалкі золата, зберажэнні на чорны дзень. У тыя часы таксама падаткі належыла плаціць, а тут адліў апосталаў залатых – і гвалт па ўсёй Рэчы Паспалітай да самага Рыма, і гонар, і хвала! Паставіў статуі прылюдна ў касцёле, заўваж, у сваім касцёле, а праз нейкі там час, цёмнай ноччу, замяніў іх пазалочанай бронзай, а жоўты метал падалей схаваў. Словам, яшчэ ў тыя старыя часы гэтая справа лічылася цёмнай, а ўжо цяпер. – стары ўздыхнуў. – Колькі сябе памятаю, усе гэтых апастолаў шукаюць, і нашы, і экстрасэнсы, а цяпер яшчэ і засумавалы сенатар падключыўся. Свечкі ім у рукі, хай шукаюць. Я пра іншае скажу. Ты чуў, што Нясвіжскі замак пабудаваны на руінах старажытнага замчышча? А да таго замка там было нейкае старажытнае гарадзішча, а на яго месцы яшчэ больш старажытнае свяцілішча? Ты калінебудзь чуў тэорыю пра беларускае паходжанне славян і арыйцаў?

– Так, у агульных рысах... Пра старажытны замак нешта чытаў, а пра астатняе ўпершыню чую.

– Добра, давай расказвай далей, стралок хрэнавы. Добра, што хоць сваю дупу дадумаўся паперай прыкрыць. Ты іх, палякаў гэтых, у спіс сваіх давераных асобаў абавязкова занясі, без расшыфроўкі і афармлення агентурных адносін. Нашай канторы, па вялікім рахунку, глыбока пляваць на твае асабістыя кантакты роўна да таго часу, пакуль крыніцы не трэба плаціць узнагароджання за працу. Добра, прабач старому за бурчание. Ну, што там далей?

Далейшы аповед Вячаслава быў выслуханы ўважліва і без дадатковых пытанняў.

– Такім чынам, у нас у сухім астатку атрымліваецца: паляк у Польшчы, пра стральбу ніхто не ведае і не павінен даведацца, архіў Арміі Краёвай знайшоў сам. Дзе?

– Мы з Міхаілам вырашылі, што ў адной паўразбуранай капліцы ў Завушшы. Там быў маёнтак графаў Путкамераў, ён згарэў у Першую сусветную вайну, дакладней, немцы спалілі, яны ў сядзібе клуб зрабілі салдацкі, нехта недакурак не патушыў ці запалку кінуў – і няма добрага маёнтка. Гэта ўладанні Радзівілаў, і капліца іх. У гэтай капліцы застаўся адзін неразабраны склеп, не змаглі яго выявіць, хоць нават падрываць спрабавалі, а Равіч неяк здагадаўся аб паваротным механізме і зрушыў масіўную базальтавую накрыўку. Думаю, сёння ноччу яны туды пару скрынь перацягнуць са швагерам, ну і накідаюць рознай драбязы.

– Добра, але не адзін жа ты ўсё гэта адшукаў і вывалак на свет божы?

– Па-першае, на схованку навёў Станіслаў, я за ім сачыў, там яго і застукаў. Правёў адпаведную работу, дазволіў узяць Біблію, фоткі, узнагароды родзіча, атрымаў падпіску аб супрацоўніцтве і выправадзіў дадому.

– Добра, толькі ж яго могуць праверыць па месцы жыхарства і распы– таць, што ды як там было.

– Могуць, вядома, але з яго слоў, пацверджаных ксяндзом, сваю кватэру ў Лодзі ён прадаў месяцы з тры таму. Ад нас ён адразу паедзе ў Англію да састарэлага сваяка. Там, прыглядваючы за старым, Стасік плануе асесці і чакаць спадчыны. Так-то ён, нібыта, і нядрэнны малец, кажа, дахоўшчыкам можа працаваць.

– Вось няхай і працуе! – трохі падумаўшы, стары дадаў: – Толькі ты, Слава, сшыткі данясенняў пакінь пакуль у мяне, іх праз тыдзень давязеш, каб камандзіроўку канчаткова апраўдаць.

Стары праслізнуў у суседні пакой і неўзабаве вярнуўся з пустой вялікай тэчкай. Белыя завязкі пацешна целяпаліся, нібы падвязкі старых салдацкіх споднікаў. Ягор Кузьміч падышоў да канапы і акуратна паклаў руку на стос адабраных ім папер.

– Тут вельмі важныя дакументы, каштоўнасць іх з гадамі, я адчуваю, не выпарылася. Ты маеш рацыю, мой дапытлівы сябар, тэксты зашыфраваныя, мяркуючы па алоўкавых пазнаках, палякі іх спрабавалі расшыфроўваць, але ў іх нічога не атрымалася. Паспрабую сам павазіцца. Так, – ён дэманстратыўна змоўк, нібы даючы зразумець, што далейшая гутарка ўжо вялікага значэння для іх не мае, – не змагу сам, – дадаў стары, акуратна ўкладваючы паперы ў прынесеную тэчку, – далучу яшчэ аднаго старога пердуна, закручанага на галаваломках. Ты гэта, Слава, збірай усе свае знаходкі і дуй у кантору, тыдзень адпісвацца будзеш. Галоўнае – запэўнівай: аперацыя яшчэ не завершат, ты адчуваеш, што нешта яшчэ там засталося. Зразумеў?

Скарга адказаць не паспеў – настойліва зазваніў мабільнік. Стэфка, упершыню назваўшы яго мілым, нібы просячы прабачэння, паведаміла, што яе дзяўчаткі вырашылі сёння зладзіць развітальны дзявішнік і што яна будзе разумніцай і паводзіць сябе будзе, як належыць хутаранкам, калі заседзяцца – застанецца начаваць у інтэрнаце, а калі не позна затры– маюцца – то пакліча яго і ўцячэ.

Ягор Кузьміч з радасцю цішком назіраў за сваім маладым сябрам. “Сыходзіць табе, Слаўка, з нашай сістэмы трэба, – уздыхнуўшы, падумаў стары чэкіст, – і кантора ўжо не тая, і ты не для яе створаны”.

20

Равіч замкнуўся ў сваім кабінеце, адключыў усе тэлефоны і катэгарычна забараніў каму б там ні было яго турбаваць, уключаючы верную і адданую Сівілу, якая ўжо наразала кругі каля дырэктарскага кабінета.

Прывезеныя ўчора чарцяжы былі акуратна раскладзеныя на падлозе.

Паміж лістамі пакінутыя шырокія прасветы, каб можна было прапаўзці, ад чаго тоўсты дыван уяўляў сабой складаную і зменлівую мазаіку.

Равіч злаваўся. З’яўленне новых планаў амаль разбурыла яго здагадку аб існаванні пад асноўнай вежай невядомага раней падземнага ходу. Затое выразна абазначыліся хады ў сценах, нейкія лазы ў міжпаверхавых перакрыццях, прыступкі з малельні княгіняў, якія невядома куды вялі. З боку Слуцкай брамы да возера ішла сапраўдная падземная дарога. Сама Слуцкая брама ўяўляла сабой складанае збудаванне, тунэлі і лазы якой хітра перапляталіся на розных узроўнях і аблытвалі вялікі каземат, які, мяркуючы па знаках, служыў алхімічнай залай.

Пад плошчай замка таксама рабілася няведама што. На чарцяжы для нагляднасці быў прадстаўлены зрэз, які складаецца з трох гарызонтаў. Да верхняга вёў ход з замкавага калодзежа. Цяпер – ён гэта дакладна ведаў – ніякага ходу там не было, пры рэстаўрацыі яго не знайшлі, ды і, наогул, калодзеж быў бутафорскім, хоць і вельмі глыбокім. Але на чортавым плане быў і ход, і шырокая скляпеністая зала, у цэнтры якой – дзве лесвіцы на другі ўзровень у памяшканне правільнай кубічнай формы. З гэтага кубіка вялі чатыры гарызантальныя хады, тры з іх неўзабаве абрываліся, хутчэй за ўсё, былі заваленыя, чацвёрты даволі стромка ішоў уніз, упіраўся ў перашкоду, па ўсім, дзверы ў вялікае памяшканне з каланадай. Перад дзвярыма быў надпіс на лаціне. Равіч скапіяваў яго, але, мяркуючы па выразна чытэльным у тэксце імені Ісуса, гэта была, хутчэй за ўсё, нейкая малітва.

“Абсалютная бязглуздзіца, – дзівіўся навуковец, – якія тут могуць быць гарызонты?” Ён падняўся з каленяў, падышоў да стала, прыкінуў вышыню скляпення. Атрымалася, што да падлогі памяшкання з каланадай амаль дваццаць восем, а то і трыццаць метраў! Каму гэта трэба было капаць так глыбока? На аркушы са зрэзам быў яшчэ і план усіх трох узроўняў. Трэці і другі былі пазначаныя толькі адзінкавымі памяшканнямі, а на першым -пункцірам нанесеныя нейкія казематы з пераходамі. Пункцірныя лініі маглі абазначаць мяркуемыя, але не даследаваныя збудаванні, ці, можа, накрэсленыя з нечых слоў.

“Цікава, што гэта за надпіс?” – Міхаіл дастаў з кніжнай шафы свой стары слоўнік, набыты яшчэ ў неспакойныя гады студэнцкай маладосці на адным з Кракаўскіх кніжных развалаў і выдадзены Львоўскім калегіумам езуітаў у 1703 годзе. Павядзьмарыўшы над фразай, выпісваючы ў слупок словы і насупраць іх пераклады, ён свіснуў, склаўшы прыблізную фразу, і апусціўся на крэсла. Пераклад надпісу абвяшчаў: “Кожны хрысціянін, заклінаю цябе імем Бога нашага Ісуса Хрыста, не адкрывай дзверы гэтыя і не ўваходзь у пакоі святла Зараніцы”.

“Кожную хвілю не лягчэй! – талерантны да ўсіх рэлігій і забабонаў Міхаіл перахрысціўся. – Мне толькі Адрынутага Анёла пад замкам не хапае! Дзе гэты чортаў... – спатыкнуўшыся на гэтым важкім слове, ён забабонна сплюнуў. – Дайшоў, дайшоў, Равіч! Дзе гэты Скарга? Абяцаў вярнуцца хутка. Яго цяпер ад гэтай Стэфкі і трактарам не адцягнеш. Можа, і мне пад бок Сівілы нырнуць ці Раісе патэлефанаваць? Трэба ж стрэс зняць”.

Марудна згарнуў аркушы, перакладаючы іх папяроснай паперай, сочачы, каб яны, не дай Бог, не скамячыліся. Рулон абгарнуў мяккай фланелевай анучай, паклаў яго на стол, падняў тубу, на ўсялякі выпадак перавярнуў, нібы туды магла запаўзці мыш, і моцна страсянуў. Якое было яго здзіўленне, калі на дыван спланіраваў невялікі кавалак старадаўняй паперы. Гэта, хутчэй за ўсё, была частка чарцяжа ці дадатак да аднаго са згорнутых ім лістоў. Больш уважліва разгледзець выпадковую знаходку Міхаілу не даў настойлівы стук у дзверы яго прыёмнай. Няспешна схаваўшы паперы ў тубу, замкнуў іх у сейфе. Раздражнёна адчыніў дзверы ў прыёмную, а затым і ў калідор. З паўзмроку на яго ва ўпор глядзеў кароткі раструб аўтаматнага ствала. Ён інстынктыўна падаўся назад у памяшканне, а з паўзмроку, следам за ім, рушыла габарытная фігура ў міліцэйскай форме.

– Грамадзянін, што вы робіце на ахоўным аб’екце і якім чынам на яго трапілі?

“Дэбілаў мне толькі сёння не хапала!” – падумаў Міхаіл.

– Я дырэктар Нясвіжскага запаведніка, – сказаў ён услых, – а вы хто?

– Гэта я хто? Конь у драпавым паліто! Я цэлы маёр міліцыі, ці вы, таварыш, не бачыце? Дырэктар ён запаведніка! Ну і якія такія звяры ў вашым запаведніку водзяцца? А я яшчэ раз задаю вам пытанне на пакуль зразумелай мове: што вы робіце ў гэтым музеі?

– Я што раблю? – перапытаў Міхаіл. – Я, кажу, дырэктар гэтага музея...

– Стаяць, грамадзянін, – маёр пагрозліва павёў ствалом аўтамата. – Вы вызначцеся, грамадзянін, вы дырэктар запаведніка ці дырэктар музея, а можа, ты элементарны злодзей? Вы давайце вызначайцеся, а я пакуль трывожную групу выклічу.

– “Цэнтральны”, я “Бабёр-2”... Несанкцыянаванае пранікненне на ахоўны аб’ект. Прашу падмогі, грамадзянін не падпарадкоўваецца асобе пры выкананні... – рацыя заверашчала, зашыпела і выдала ледзь разборлівае: – “Едзем”.

– Маёр, ты што – здурнеў? Якое не падпарадкоўваецца?! Я што – вам грошы плачу за тое, каб вы з мяне здзекваліся? Прэч з майго кабінета!

– Вы, гэта, спакойна, і голас на мяне не падымайце. Вось зараз даставім у аддзяленне, там і разбярэмся, што ў вас за запаведнік і каго вы там разводзіце. Вы, гэта, смірна стойце, нібыта бацька вас у кут паставіў. Бо я, паколькі пры выкананні... Вось і падмога падаспела! У нас, як бачыце, не забалуеш. Давайце, бярыце яго і ў машыну, – скамандаваў маёр зады– ханым сяржантам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю