355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Валерий Казаков » «Чорны кот» (СИ) » Текст книги (страница 11)
«Чорны кот» (СИ)
  • Текст добавлен: 2 октября 2017, 14:30

Текст книги "«Чорны кот» (СИ)"


Автор книги: Валерий Казаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 13 страниц)

– Гэта, мяркуючы па дакументах, нехта Дзмітрый Пожыч, – паслужліва паведаміў ахоўнік, – па дакументах – ваяваў...

– Напэўна, у батальёне СД ці ў іх грэбанай краёвай самаахове.

– Ды не, таварыш маёр, па дакументах. пасля вызвалення Беларусі быў прызваны і ваяваў у Чырвонай Арміі, паранены і нават узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі» і «За перамогу над фашысцкай Германіяй».

– Гэта яшчэ горш: франтавік, а з нацыяналістамі і антысаветчыкамі звязаўся! Мала таго, што гад, дык яшчэ і здраднік. Так, Пожыч?

– Я не разумею, пра што вы кажаце, маёр. Я ваяваў, а ты што ў гэты час ра...?

Удар прыкладам аўтамата не даў яму скончыць.

– Адставіць, Міханевіч! Старшына, пакараю! Гэта яны ў нас з-за кута страляюць і гранаты кідаюць у вокны кватэр, дзе нашы жонкі і дзеці спяць. Давайце закругляцца тут – і ўсіх у аддзел. А з табой, франтавік, у нас яшчэ шмат часу наперадзе для размоў. Хачу, каб ты, варажына, ведаў: я на фронце са студзеня сорак трэцяга. Вядзіце іх.

Падышла машына з фургонам без вокнаў. Іх заштурхалі ўнутр, скрыпнулі завесы клеткі, двое з аўтаматамі селі каля кратаў, папярэдзіўшы: кожны рэзкі рух, спроба ўстаць, перасесці на іншае месца будзе расцэньвацца як напад на канвой. Ехалі моўчкі, ды і казаць не было пра што. На выпадак правалу ў іх была агульная дамоўленасць: ні ў чым не прызнавацца, адмаўляцца ад блізкага знаёмства, маўляў, ніякіх шчырых гутарак не вялі, вучыліся, пілі гарэлку, хадзілі па дзеўках і збіраліся вучыць дзяцей.

На допыт Дзмітрыя выклікалі толькі праз тры дні. Ён ужо галаву зламаў ад усялякіх шкодных думак. Паперадумаў і паўспамінаў усё, што толькі можна было. Як ні круціў, атрымлівалася, што ім нехта здрадзіў. Выснова, вядома, добрая і правільная, заставалася толькі высветліць – хто?

Следчы, ужо немалады, цельпукаваты, у карычневай кашулі з зацёртым гальштукам, з маленькімі, амаль дзіцячымі пухленькімі ручкамі. Вочы блізка пасаджаныя, невялікія і зусім бясколерныя. Мешкаваты чалавек валодаў на рэдкасць прыемным, злёгку ліслівым голасам.

– Ну што ж вы, франтавік, які кроў праліваў за савецкую ўладу, уляпаліся ў такую непрыемную гісторыю. З паказанняў вашых змоўшчыкаў і нашых аператыўных звестак мне зусім незразумелая вашая роля ў антысавецкай моладзевай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі». Я нават напачатку думаў, што выйшла прыкрая памылка ці выпадковы нагавор, прызнаюся, нават падумваў вас вызваліць з-пад варты. Але я памыляўся. Адкрыліся шматлікія эпізоды з вашай ваеннай маладосці, факты супрацоўніцтва з акупантамі, сяброўства ў антысавецкім «Саюзе беларускай моладзі» ды многае іншае, – следчы прайшоўся па кабінеце, спыніўся перад закратаваным акном, тэатральна ўздыхнуў. – Я вам прапаную два варыянты паводзінаў. Першы: вы бераце чыстыя аркушы паперы і пішаце мне чыстасардэчнае прызнанне. Другое: вы сядаеце вось да гэтага падваконніка і ўважліва чытаеце надрукаваны мною для палягчэння вашай долі тэкст. Калі заўважыце недакладнасці ці відавочныя ляпы, не саромеючыся выпраўляеце, падпісваеце і да суда тупаеце ў сваю камеру.

– А трэцяга варыянту не будзе? – зірнуўшы спадылба, спытаў Пожыч.

– Чаму ж... – ажывіўся следчы, вяртаючыся да стала. – Могуць быць і трэці, і чацвёрты, і нават пяты варыянты нашай сумеснай працы. Пяты, праўда, не пажаданы, пасля пятага мала хто дажывае да суда, але і ён усё ж магчымы.

– Давайце ваты пісанні...

– Правільны падыход, грамадзянін Пожыч. Вас зараз адвядуць у пакой для допытаў, там вы ўсё прачытаеце, падумаеце і вернецеся да мяне. Добра?

– Добрага ў гэтым мала. Я афіцыйна заяўляю: ні ў чым не вінаваты, ні ў якіх нелегальных арганізацыях не знаходзіўся. У Саюзе моладзі быў, дык гэта я свайму асабісту яшчэ перад адпраўкай на фронт распавёў. Пацаном жа зусім пайшоў, з галадухі, ад таго, што апрануць не было чаго, а зіма на носе і ў хаце малых поўна...

– Следства падобныя факты менш за ўсё цікавяць. Нам больш цікава, як вы збіраліся будаваць новую Беларусь, як захопліваць уладу планавалі. Многае зразумела з вашых статутных дакументаў, якія, між іншым, выявілі ў вашым чамадане.

– У мяне ў інтэрнаце не было чамадана, аддаю перавагу пажыткі насісць у салдацкім рэчмяшку...

– Дык, значыць, у чамадане вашага сябра, – ужо з раздражненнем павысіў голас следчы.

– Зноў вы памыляецеся, у мяне няма сяброў, не такі я багаты, каб іх мець.

– Пожыч, ты ў мяне з такімі размовамі і да пятага варыянту даскочашся.

Следчы прамаўляў свае маналогі неяк вяла, без асаблівага жадання, як бы даючы зразумець, што лёс затрыманых ужо даўно вырашаны і яму ўсё абсалютна да ліхтара, будзе Дзмітрый адказваць на пытанні ці не.

– Добра, разумнік, давай да падваконніка і чытай, зраблю ласку: не павядуць цябе ў затхлыя падвалы, – працягнуў яму стос машынапісных аркушаў.

Чым больш Пожыч учытваўся ў следчую пісаніну, тым мацней калацілася сэрца. Усё ў паперы было праўдай: і тройкі, і паролі для сувязі, і явачныя кватэры, і планаваныя базы на хутарах, і нават напрамкі будучай прапагандысцкай працы ў сельскіх школах, толькі вось пра збор зброі і падрыхтоўку тэрактаў – нейкая бязглуздзіца. Пра гэта, наколькі ён ведаў, размоў наогул не вялося. «Але адкуль усё ім вядома? Быць не можа, каб за тры дні ўсе так распусцілі языкі. Хаця... Хаця ўсё можа быць, у камеры, як і ў адзіночным акопе, кожны сам за сябе. Не, штосьці тут не так. Не так з самага пачатку: і следчы млявы, і эмгэбэшнік гуманны? Дзесьці тут крыецца падвох, дзе? Ох і дарэмна ты ў гэтую байду ўлез, цяпер разграбай не разграбай, а сухім не выкараскаешся.

Ён успомніў першы сход, на які яго прывёў Мікола Самасей, праз хвілін дваццаць ён ужо быў свой сярод сваіх, здавалася, зноў трапіў у Альбярцін, не хапала толькі вогнішча, печанай бульбы і хвацкай песні маладых нацыяналістаў. Потым, абдумваючы гэты крок, ён прыходзіў да адной і той жа высновы: спрацавала нейкая схаваная глыбока ўнутры спружына, эмоцыі перасталі падпарадкоўвацца розуму, далёкая нязбытная мара здабыла канкрэтныя абрысы рэальнасці. Прынятая калісьці дзіцячым сэрцам залатая казка пра вольную і сытую дзяржаву ўваскрэсла ў ім патрэбай да дзеянняў. І колькі ён не спрабаваў сябе адгаварыць ад гэтага, выходзіла ўсё наадварот: словы і думкі зацягвалі ўсё мацней у беспрасветны вір пагібелі. Ды яму і хацелася загінуць, загінуць за будучыню сваёй краіны, загінуць за сваю мару.

І вось яна, яго пагібель, недарэчная і тоўстая, стаіць каля акна, сапе, соўгаецца па кабінеце і чакае яго адказу. Аднак ён не чакаў такога канца. Вось так будзённа загінуць, нават не зрабіўшы нічога выбітнага і гераічнага...

– Ну што, я бачу, вы ўразіліся? – перапыніў яго роздум бясколерны голас эмгэбэшніка, – падпісвай – і справе канец.

– Таварыш следчы...

– Ужо грамадзянін следчы, у лагеры за такую агаворку будуць выбіваць зубы. Давай падпісвай, сам жа бачыш: мне ўсё вядома. Гадзіну таму на гэтым самым месцы сядзеў ваш верхавод Казлак і ў раскаянні расціраў кулакамі слёзы па твары.

– Грамадзянін следчы, усё мяне неяк агаломшыла. У галаве поўны вэрхал, тут падумаць трэба. Калі падпішу – прызнаю сябе вінаватым, а я ж і на самой справе нічога пра гэта не ведаў. Казлак, ён жа настаўнік, які верхавод?

– Ну добра, кожны сам каваль свайго шчасця! Не хочаш дабром, выб’ем дуб’ём, – націснуў на кнопку ўмантаванага ў стол званка. – У допытную, – няспешна паварочваючыся да акна, кінуў ён салдату.

23

Агледзінамі засталіся задаволеныя ўсе. Скарга вёў машыну па пустой начной трасе і радаваўся як дзіця, што ўсё гэта так нечакана і складна атрымалася. У тым, што мама ўслед за бабуляй ухваліць яго выбар, ён, у прынцыпе, не сумняваўся. Але ж ад цёткі Гэлі і пераборлівага дзядзькі падобнай аднадушнасці не чакаў. Усё склалася. Напэўна, гэта і называецца шчасцем, калі твае справы, пачуцці і ўчынкі сугучныя блізкім табе людзям. Стэфка, па-дзіцячы скруціўшыся абаранкам, спала на заднім сядзенні. Ёй то добра, яна ўжо абвыклася, – з трывогай падумалася яму, – а мяне ўсё гэта яшчэ чакае. А калі я не прыглянуся яе радні, ці мая радня яе сваякам прыйдзецца недаспадобы. Бо і з яе ж боку, хутчэй за ўсё, наравістыя дзядзькі і цёткі маюцца. Не каханне, а кастынг нейкі. Ажаніцца – і праўда: як на вайну ісці, усе жылкі трасуцца, таго і глядзі, на роўным месцы баязліўца ўключыш. Бацькі яе працуюць за мяжой і пакуль ехаць у Гродна не збіраюцца, ну, па такой справе, хутчэй за ўсё, выберуцца. Так што не тлумі галаву, усё будзе добра. Глядзі на дарогу і не празявай паварот на Нясвіж, хоць які там Нясвіж – не хапала ў дзве гадзіны начы ў бабусіным доме пярэпалах зрабіць. Паеду я на хутар да новага сваяка, будзем спадзявацца, не адмовіць у прытулку. Раніцай пазваню Равічу – і ўсё вырашым.

Ранкам замкавы дырэктар патэлефанаваў сам і папрасіў не спяшацца і не мітусіцца, бо ён мусіць быць у міністэрстве ў тэрміновым парадку. Нарада. А пры нарадах заўсёды патрэбна спешка, як пры лоўлі ўсім вядомых насякомых. Вернецца са сталіцы на працоўнае месца толькі пад вечар. І наогул, – развіваў думку вучоны, – кіраўнік, які не ўмее і не хоча працаваць, хавае гэта пад маскай частых і працяглых нарад, ад якіх няма карысці, а толькі скаланаецца паветра. Святы абавязак чыноўніка – заўсёды і ўсюды скаланаць паветра, ператвараючы жывую прастору ў пустэчу. – Прыслухаўшыся да паўсоннага маўчання сябра і, па ўсёй бачнасці, застаўшыся задаволеным сваім маналогам, Равіч паклаў слухаўку.

«Ну, гэта ўжо нейкі вясковы дэспатызм, – ледзь не з болем падумаў Скарга і пашкадаваў аб учорашнім глупстве праігнараваць бабуліну гасціннасць і прыехаць да гэтага ўзурпатара. Такую раніцу! Такія планы пачалі выкрышталізоўвацца ў галаве – і вось на табе!» – начапіўшы на твар усмешку, ён павітаўся.

– Вячак, ты прабач, – бянтэжачыся і паціскаючы руку, прагудзеў сваяк, – можа, у цябе ёсць нейкія свае планы, але вельмі моцна патрэбна твая дапамога, адзін з хлопцам не здужаю. Дапамажы салому ў павець прыбраць. Гэта ад сілы гадзіны дзве без перакураў, а?

– Можна падумаць, у мяне ёсць выбар? Добраахвотна не пайду – радню падключыце, і ўсё роўна араць прымусіце. Адно толькі суцяшае: ад маёй працы карысці будзе мала, я паняцця не маю, што такое павець і як туды засоўваць салому.

– Гэта мы цябе навучым ураз. Вядома, кожнаму гарадскому з вышэйшай адукацыяй простая работа будзе давацца нашмат цяжэй. Галава надта разумная, яна заўсёды рукам перашкаджацьме. Але ты хлопак шустры, абвыкнешся хутка.

З працай управіліся толькі пад абед. Цяганне цяжкіх цюкоў спрасаванай саломы не толькі не стаміла Скаргу, а, хутчэй, наадварот – узбадзёрыла. Мышцы, што засумавалі па фізічных нагрузках, хутка прынялі рэльефныя формы і прыемна занылі. Здавалася, ён можа без стомы шпурляць гэтыя рудыя, важкія цюкі, абы ніколі не згасалі захопленыя вочы каханай дзяўчыны, якая на пару з Палінай віламі піхала салому ў дапатопны механічны прэс, што грукатаў рухавіком і смярдзеў саляркай.

Пасля абеду, калі ўся жывая істота, разамлеўшы ад багатай ежы і паўдзённай спёкі, няўхільна імкнулася ў ціхі прахалодны куток, каб там абрынуцца на жаданае ложа і растварыцца ў душным марыве, насланым паўдзённым нячысцікам, а можа, і анёлам Божым, пераеўшым амброзіі. Але, на жаль, сон не заладзіўся.

Вячаслаў толькі і паспеў узяць Стэфанію за руку, як усюдыісны швагер папераджальна выставіў наперад руку.

– А цяпер вам ад мяне сюрпрыз! Не бойся, ужо намыліўся зашыцца ў спальніцу ды пускаць сонныя бурбалкі? Не, тое нікуды не варта! Пайшлі са мной.

За брамай хутара стаяла самая сапраўдная брычка, запрэжаная пры– гожым танканогім конікам. Кіраваў ім сухенькі мужчына, старамодна і ахайна апрануты, у шырокім фетравым капелюшы, з-пад якога да плячэй звісалі расчасаныя сівыя валасы, твар з арліным носам дапаўнялі сівыя доўгія вусы. Не хапала толькі цёмнага банта і пенснэ на тонкім ланцужку...

– Вось, знаёмцеся, наш мясцовы краязнаўца, загадчык школьнага музея і завуч гэтай жа школы Браніслаў Іванавіч Бардзілоўскі, – прадставіў старамоднага фурмана Казімір. – Між іншым, – з непадробным гонарам у голасе дадаў ён, – доктар гістарычных навук, прафесар, вучыўся Сарбоне, выкладаў у Берліне і Маскве, а потым кінуў усё і вярнуўся дадому. Купіў тут недалёка хутар, кветкі разводзіць. Я з цяжкасцю ўгаварыў Браніслава Іванавіча паказаць вам нашыя краявіды і расказаць, што тут і дзе. Пару разоў спрабаваў і сам экскурсаводзіць, але ў мяне неяк усё не атрымліваецца, відаць, язык не тымі ніткамі прышыты. Вы пакуль пакатайцеся, а я пайду са сваімі дажну лета.

– Што ты дажнеш? – перапытаў яго Скарга, дапамагаючы Стэфы забрацца ў рыпучы і хісткі старадаўні экіпаж на рысорах.

– Гэта ў нас так даўней казалі: «Бабы лета дажалі», – замест Казіміра адказаў іх экскурсавод, – гэта значыць: зжалі апошні сноп і ўвесь хлеб звезлі з поля. Сноп гэты лічыўся ў нашых продкаў святым і актыўна ўдзельнічаў у народнай магіі, яму адводзілася ганаровае месца ў чырвоным куце, і яго бераглі да новай пасяўной. Пасеялі хлеб – лета нарадзілі, зжалі хлеб – з ім і лета дажалі. Дык вось, – кранаючыся, шматзначна пачаў Браніслаў Іванавіч, – месцы нашыя былінныя і вельмі старажытныя. Тут кожны пагорак, кожнае азярцо, кожны куток захоўваюць свае таямніцы, у кожнага свае легенды і паданні. Яшчэ гадоў пяцьдзясят таму ўсё навокал выглядала па-іншаму. Хутароў было больш, пералескаў і балацявінак... Але, на жаль...

– Ды пра трагедыю з сялібамі і старымі дрэвамі ўздоўж дарог нам Казімір Казіміравіч распавядаў, – перапыніў настаўніка Скарга, – прабачце, гавораць, тут дзесьці недалёка знаходзіцца Філарэтаў камень?

– Мы да яго абавязкова пад’едзем. Правільна ён называецца «Камень філарэтаў». Вы толькі, маладыя людзі, будзьце цярплівымі. Дык вось, усё гэта і ёсць летапісная Літва, – ён дэманстратыўна абвёў вакол сябе рукамі, – менавіта адсюль пайшла і назва, і мова, і чыноўнікі, і ратнікі вялікага княства. Але я вам раскажу пра іншую гісторыю гэтай зямлі, раскажу пра людзей, якія жылі ў гэтых месцах у васямнаццатым і дзевятнаццатым стагоддзях... <...>

– Браніслаў Іванавіч, мяне вельмі цікавяць не так сівыя стагоддзі нашай зямлі, – здалёк пачаў Скарга, – колькі падзеі апошняй вайны і, галоўнае, праўда пра іх. Бо ў гэтых месцах з фашыстамі, пазней і з Саветамі ваявалі байцы Арміі Краёвай?

– Ваявалі, многія з іх яшчэ і сёння, глыбокімі старымі і бабулямі, адседзеўшы ў сталінскіх лагерах, дажываюць свае дні па вакольных вёсках. Многія даследчыкі сыходзяцца ў меркаванні, што да трыццаці адсоткаў партызан АК былі этнічнымі беларусамі. Навакольныя землі ўваходзілі ў Наваградскую акругу, у канцы вайны ёй камандаваў падпалкоўнік Адам

Шыдлоўскі, скінуты ў 1944 на парашуце. Мясцовым атрадам камандаваў паручнік Антоній Буржынскі, але пасля вайны вывеў рэшткі свайго атрада ў Польшчу, а адтуль далей на Захад...

– Прабачце, як, як яго звалі? – схамянуўся Вячаслаў.

– Антоній...

– Не, якая ў гэтага паручніка была мянушка?

– Псеўданім ці падпольнае імя, па-польску падземнае, у пана Антонія было «Вільк», «Воўк» па-нашаму. Мянушкі, малады чалавек, бываюць толькі ў жывёл і зэкаў.

– Скарга, а ў цябе добрая памяць, – паўшэптам здзівілася Стэфанія,

– відаць, менавіта гэтаму камандзіру і пісалі свае данясення ўсе тыя «Светлячкі» і «Вароны».

– Ціха ты! – цыкнуў на яе хлопец, – прабачце за бестактоўнасць, вядома ж, пазыўныя ды імёны прыкрыцця, – сказаў ён. – А вы, выпадкова, не ведаеце, ці застаўся хто жывым з атрада пана Буржынскага ў нашых краях? Тэма ёсць адна цікавая, хацелася б пагаварыць.

– Так, наўскідку, і не памятаю, – прыкідваючы нешта ў галаве, адказаў прафесар, – трэба падумаць, можа, дома зазірнуць у свае запісы. А што за тэма, калі не сакрэт?

– Ды які там сакрэт. Тут, пад Нясвіжам, знаёмыя хлопцы на акаўскія паперы натыкнуліся ў адным склепе. Цікава было б пагаварыць з відавочцам, хто каму і пра што пісаў. А там жа суцэльныя псеўданімы, умоўныя абазначэнні, словам, сам чорт нагу зломіць.

– Так, цікава. Давайце дамовімся: я са свайго боку перагледжу свае кандуіты ў пошуках сведак, а вы, калі будзе не ў ляноту, захопіце ў наступны раз тыя дакументы на хутар. Пад’еду, разам паспрабуем разабрацца. – Браніслаў Іванавіч нечакана цяжка ўздыхнуў, памаўчаў і дадаў: – Сёння, на жаль, самая складаная і запушчаная тэма, што ў нас, што за мяжой, – гэта тэма вайны. Увесь свет, хоць і без асаблівай ахвоты, але ўжо рассакрэціў большасць сваіх ваенных архіваў, а мы ўслед за Расіяй усё на месцы топчамся. Дрэнна гэта. Час сыходзіць, старыя, якія бачылі ўсе гэтыя страхі, паміраюць. Праўда знікае, а галоўнае – пройдзе яшчэ гадоў сорак, і праўда гэтая нікому, акрамя навукоўцаў-дзівакоў накшталт мяне, не будзе патрэбна. Праўда аб простых, непрыкметных людзях вайны. Будуць пісаць пра крывавых маршалаў, геніяльных правадыраў і дыктатараў, пра палітыкаў і аферыстаў, якія нажылі мільярды на смерці і слёзах немаўлятаў, але нікому не прыйдзе ў галаву напісаць аб простым чалавеку, які трапіў у пекла вайны. Як ён бачыў гэтую вайну, за што ваяваў і чаму гатовы быў ісці на смерць, на подзвіг, а часам і на ганьбу? Такая праўда патрэбна сёння, пакуль яшчэ жывыя блізкія, сыны, унукі і праўнукі тых салдат і не салдат. Пакуль новая, яшчэ больш страшная вайна не засланіла ад нас тыя цяжкія і складаныя гады.

– Божа, што вы такое, Браніслаў Іванавіч, кажаце! – пляснула рукамі дзяўчына, – якая вайна? Свет ніколі на новую бойню не пойдзе. Нам вунь з Вячаславам дзяцей раджаць і гадаваць трэба!

– Усё, усё! Здаюся! Прабачце маё глупства! Правільна, паненка, трэба думаць пра жыццё, дыхаць жыццём і як мага радзей зваць у свой дом вайну і бяду. Прабачце старому дурню!

– У Сарбоне на дурняў не вучаць, – вырашыў палагодзіць абстаноўку Скарга, тузануўшы непрыкметна Стэфанію за рукаў, – я цалкам з вамі згодны і абяцаю ў бліжэйшы час што-небудзь з гэтага архіва да вас прывезці.

– Вось за гэта дзякуй. А Сарбона – гэтая старая гісторыя, ды і там таксама, як і ў іншых падобных установах, розныя людзі вучацца, нямала там і дурняў.

Колы ў металічных абручах загрукаталі па асфальце. Праехаўшы чарговую вёсачку, ля апошняй хаты яны павярнулі налева і па касагорыне падняліся да лесу.

– Вунь, бачыце, там, здалёк справа, бачная алея старых італьянскіх таполяў, яны амаль усе ўжо выгаралі ад маланак. Гэта дарога ў Тугановічы, маёнтак Верашчакаў, дзе жыла ў юнацтве Марыля са сваёй маці і братам Міхаілам, да іх з Вільні і прывёз Тамаш Зан пагасціць свайго сябра, яшчэ мала каму вядомага паэта Адама Міцкевіча. Прывёз да пакутлівай і вечнай любові. Васямнаццацігадовая дзяўчына ўжо была засватаная за суседа графа Пудкамера, чыёй жонкай пасля і стала. Па легендзе, у Марылі і Адама нарадзілася дачка Эльвіра, якую было прынята лічыць пляменніцай Зана, выхоўвалася ў сям’і Верашчакаў. Дзяўчынка, праўда, памерла яшчэ дзіцем. Вось такая невясёлая гісторыя.

Ад некалі шматлюднага і патрыярхальнага маёнтка засталіся толькі выгарэлыя дрэвы ды рэдкія камяні з разбітых падмуркаў. Асноўнай славутасцю парэшткаў парка была група старых дубоў, якія фактычна растуць з аднаго кораня. Можа, яны адны і памятаюць усю праўду аб тым рамантычным каханні?

Тугановічы, з новымі страхотнымі пабудовамі кароўніка ды скрыўленай вадакачкай, зніклі за імі. Вазок услед за лясной дарогай нырнуў у густую зеляніну яра. Конь ступаў уважліва, насцярожана раздзімаючы ноздры і гучна фыркаючы.

– Напэўна, нейкі звер прабег нядаўна, а можа, дзе побач і залёг, – не паварочваючыся, растлумачыў вучоны. – Ну-у, родны, ужо амаль даехалі, -і ён прыспешыў ляйчынай марудлівага каня.

24

Алена доўга сустракалася з Ягорам употай не толькі ад бацькоў, але і ад сябровак, ды і сустрэчы гэтыя былі нячастымі. Хлопец, які скраў яе сэрца, кідаў усё і ледзь не сярод ночы ад’язджаў у камандзіроўкі. Але тыдзень за тыднем, месяц за месяцам непрыкметна ператварыліся ў год, а потым і яшчэ ў адзін. Тайнае жыццё яе сям’і паціху сышло на нішто. Патрэба ў кур’ерскіх паездках адпала, дадому да іх перасталі заяўляцца начамі незнаёмыя людзі, бацька ўсе свае сілы аддаваў працы, яна яму падабалася і давала канкрэтныя бачныя вынікі. Рэспубліка выбіралася з руін, асабліва гэта было заўважна ў сталіцы.

Алена, як тысячы пераросткаў, адкінутых вайной на чатыры гады назад, вучылася ва ўніверсітэце на беларускай філалогіі. Вучоба яе захапіла цалкам, дзяўчына з галавой акунулася ў народны фальклор, з задавальненнем ездзіла ў этнаграфічныя экспедыцыі, з любоўю займалася старадаўнімі песнямі і рэканструкцыяй нацыянальных святочных строяў.

З гэтага мірнага дня, напоўненага шумам універсітэцкіх аўдыторый, жарам юнацкіх спрэчак, а галоўнае – марамі аб будучым мірным і спакойным жыцці, з гэтага сённяшняга дня ўжо зусім па-іншаму бачылася недалёкае мінулае. Былыя героі і паплечнікі ўсё часцей ператвараліся ў плоскія шэрыя цені з размытымі плямамі твараў. Дзяўчыне часам здавалася: вось каб сустрэлася яна з кімсьці з былых лесавікоў або падпольшчыкаў – ці пазнаюць яны адзін аднаго? А калі даведаюцца, якой будзе іх рэакцыя на сустрэчу?

Здаралася, калі яна спяшалася куды-небудзь, Алене пачынала здавацца, што хтосьці ўважліва глядзіць ёй у спіну, і тады яна асцярожна, як яе калісьці вучылі ветлівыя нямецкія настаўнікі, запавольвала крок, прыпы– нялася ля вітрыны крамы або пыталася ў каго-небудзь пра час, пры гэтым асцярожна паварочвалася і правярала, ці няма за ёй «хваста». Нікога. Толькі спяшаюцца па сваіх справах незнаёмыя ёй людзі. Сэрца трапятала птушкай, якая трапіла ў сіло, галава гула ад сотняў розных, як правіла, узаемавыключальных думак. Аднойчы яна не вытрымала сваіх страхаў і напрасілася на шпацыр з бацькам. Турмы, пабоі, канцлагеры падкасілі яго здароўе. З-за маларухомага ладу працы лекары настойліва рэкамендавалі яму абавязковыя штодзённыя прагулкі пешшу, хоць і хадзіць яму ўжо было нялёгка. Шпацыравалі яны на пару з маці, і Антаніна Віктараўна ставілася да гэтага праменаду як да штодзённай дадзенасці, падобна як і да абавязковага гатавання ежы, уборкі і штодзённай змены насоўкі ў бакавой кішэні мужавага пінжака. Вельмі рэдка яна прасіла Алену падмяніць яе на гэтым важным участку іх сямейнага жыцця.

– Мам, а давай я сёння з татам пагуляю, – вярнуўшыся з заняткаў і здымаючы чаравікі, спыталася Алена, – а ты адпачні, можа, што пачытаеш, я вунь учора дзве вязанкі кніг прынесла, яшчэ толкам і разабраць не паспела. Старыя кніжкі, між іншым, яшчэ дарэвалюцыйныя...

– Ох і лісяня ты, маё лісяня, – прыціскаючы яе да грудзей, сказала Антаніна Віктараўна. – Добра, пачытаю, а кніжкі я ўжо разабрала, між іншым. Добрыя кнігі, дзе ты іх умудрылася здабыць?

– Дык нас жа ўсё яшчэ адпраўляюць на разборку руін, а там, ведаеш: цэлыя цагліны ў адзін бок, смецце ў іншы, драўніну і мэблю ў трэці, паперы і кнігі ў вогнішча. У нас кнігі ў вогнішча кідаць не атрымліваецца, вось мы і цягаем па хатах. Брыгадзіры спачатку лаяліся, маўляў, яшчэ невядома, што там у гэтых кнігах напісана, але мы іх хутка супакоілі, паказаўшы працы заснавальнікаў марксізму-ленінізму. Мы і ва ўніверсітэцкую бібліятэку шмат чаго нанасілі. А якія табе кніжкі спадабаліся?

– Вось вернецеся з прагулкі, разам і разбярэмся, ды і бацьку будзе цікава, я думаю. Ты ідзі, перакусі і спускайся да пад’езда. Ён тэлефанаваў і папярэдзіў, што падымацца не будзе, а адразу пойдзе «на сцежку здароўя». Ён будзе рады, што ты з ім пагуляеш, а то мы неяк у апошні час усё больш па сваіх каморках як суслікі сядзім. Добра хоць яшчэ разам снедаем. А ўжо калі разам вячэралі – я і не памятаю.

Апошнюю фразу Алена ўспрыняла як папрок. Сапраўды, калі ў яе жыцці з’явіўся Ягор, яна вечарамі амаль перастала бываць дома, а часам і не начавала. Спачатку прыдумвала нейкія адгаворкі, сябровак, познія вячоркі, а пасля адной размовы з маці, калі амаль усё ёй распавяла, патрэба ў хлусні адпала, але і прывесці свайго кавалера дадому яна ўсё ніяк не вырашалася.

Бацька шчыра ўзрадаваўся. Бачачы гэта, яна вырашыла не псаваць яму настрой сваімі дурнымі страхамі ды і наогул спалохалася, як бы той у яе жаданні пагуляць з ім не западозрыў дробную карыслівасць і эгаізм.

– Вось і добра, што ты вырашыла пахадзіць гадзінку са старым, даў– нютка мы з табой ужо вось так спакойна, не спяшаючыся, не хадзілі, а галоўнае, не размаўлялі. Я са сваёй працай усё закінуў, ды і ты, недзе ўвесь час прападаеш. Маці, напэўна, ведае ці здагадваецца, але мяне ў вашы сакрэты не пасвячае. Ну і як там беларуская моладзь ацэньвае свае будучыя перспектывы?

– Ты ж у мяне самы разумны і мудры, ты сам усё разумеет і ведает лепт за мяне. Ну праўда, так ужо атрымалася: і заняткі, і праца, і нагрузкі...

– І каханне, – скарыстаўшыся невялікай паўзай, мякка дадаў Яўген Леанідавіч.

– А ты кажаш, мама «не пасвячае». Не ведаю, тат, каханне гэта ці яшчэ што, але не бачыцца з ім вельмі цяжка. Вось як-небудзь рашуся і прывяду знаёміцца, толькі ён зусім не наш, горш за тое... – дзяўчына набрала поўныя лёгкія паветра і выдыхнула, як ёй здавалася, самае цяжкае прызнанне: – Ён, ён чэкіст...

Слёзы самі па сабе хлынулі з вачэй, з грудзей вырваўся ледзь чутны стогн стомленай адчаем душы. Яна ўткнулася ў бацькавыя грудзі, і яго вялікія моцныя рукі пяшчотна гладзілі яе галаву.

– Ну вось, – працягваючы ўсхліпваць, выціраючы слёзы, вымавіла дзяўчына. І столькі ў гэтых кароткіх словах было горычы, сораму, раскаяния і пяшчоты, што не толькі бацькоўскі слых, але і Усёвідушчае Вока нябеснае не магло застацца абыякавым да таго, хто іх выпакутаваў, вынасіў у сабе і вымавіў як споведзь, як апраўданне нечаму вышэйшаму, непадуладнаму чалавечай існасці.

– Ведаеш, да мяне сёння прыйшоў даўні прыяцель, – павольна крануўшыся па алеі старога, цудам не зрэзанага парку здалёк пачаў бацька.

– Мы з ім у розныя часы, у розных месцах рабілі адну і тую ж справу. І перасякаліся рэдка, але адзін аднаго заўсёды падтрымлівалі, нават часам не ведаючы, хто кім у той час быў. І падтрымка гэтая, ты ведаеш, не раз нас выручала. Дык вось, ён знайшоў нагоду і прыехаў у Мінск з Масквы толькі з адной мэтай: каб за агульным абедзенным сталом перакінуцца са мной дзясяткам нічога не вартых фраз ды ў калідоры хвілін пяць пашаптацца. Сёння ўжо ні ў Саўміне, ні ў самім ЦК ніхто яго не ведае і не памятае, ды ён і прозвішча жонкі ўзяў у свой час. Дык вось, таварыш «Яцэк», так яго звалі ў заходне-беларускім падполлі, папярэдзіў аб тым, што Панамарэнка з Цанавам рыхтуюць чарговы пагром беларускай кіраўнічай і культурніцкай інтэлігенцыі, нібыта пакінутай у рэспубліцы немцамі для антысавецкай дзейнасці. Узмоцнена шукаюць кандыдатуры на кіруючыя пасады галоўных антысаветчыкаў. Дык вось, адным з такіх кандыдатаў буду я. Ніякіх негатыўных дадзеных пра мяне ў іх няма, але некалькі чалавек пішуць мне новую біяграфію.

– Тата, ты лічыш, што Ягор адзін з іх? – спыніўшыся і баючыся ўзняць вочы, спытала дзяўчына.

– Ды пры чым тут твой залётнік? «Яцэк» наш, ён якраз таксама чэкіст, генерал-лейтэнант цэлы. Так што чэкіст чэкісту – вялікая розніца. І я, і ён, і яшчэ многія, многія як стаялі, так і стаім за камунізм. Мы былі і памром камуністамі, толькі заходне-беларускімі камуністамі, і партыя наша называлася «Камуністычная партыя бальшавікоў Заходняй Беларусі», і Статут, і Праграма ў нас свае былі, і будучыню сваёй Беларусі мы зусім па-іншаму бачылі, у адрозненне ад рэнегатаў з Крамлёўскага гета. Вось такія, дачушка, Сінедрыёны. Яны вырашылі!.. – і бацька камусьці нябачна і злосна пагразіў кулаком у цемру. – Гэта мы яшчэ паглядзім, хто што вырашыў і хто каго!

– Як жа я цябе даўно такім баявым не бачыла, татачка! – дачка зусім па-дзіцячы цмокнула яго ў шчаку, ужо калючую ад дзённага шчаціння.

– Толькі гэтым разам я не хачу служыць паштовым голубам, а таксама буду салдатам, як ты і твае сябры. Мне, праўда, цяжка разабрацца ва ўсіх гэтых палітычных хітрасцях: дзе камуністы добрыя, а дзе дрэнныя і чым маскоўскія адрозніваюцца ад заходніх. Нам пра гэта ніхто не распавядае, так, мімаходзь на адной лекцыі згадалі, што была такая КПЗ Б, але з-за апартунізму кіраўніцтва было распушчана і члены яе ўліліся ў шчыльныя шэрагі кампартыі Беларусі.

– Дык вось, дзіця, гэта доўгая гісторыя здрады ідэалам працоўнага чалавека вярхушкай крамлёўскіх кіраўнікоў, як паказала гісторыя – ва ўгоду вузканацыянальным інтарэсам пэўнай групы. Доўгая гісторыя, і расказваць яе трэба доўга. Вось народзіш нам з маці ўнука, я і займуся яго палітасветай, заадно і ты паслухаеш. А пакуль паспрабую растлумачыць табе адрозненне адных камуністаў ад іншых. Абодва рухі можна груба параўнаць з адрозненнямі паміж праваслаўнымі і каталікамі. Назва адна – хрысціяне, Бог адзін – Хрыстос, канчатковая мэта адна – выратаванне чалавека, а ідэалогія, метады і светапогляд карэнным чынам адрозніваюцца, і гэтаму адрозненню амаль тысячагоддзе! І няма нічога больш страшнага ў гісторыі чалавецтва, чым ідэалагічнае або рэлігійнае супрацьстаянне, у канчатковым выніку менавіта гэтыя непрымірымасці ляжаць у аснове апраўдання ўсіх войнаў і канфліктаў. Словам, мы хацелі камунізму для свайго народа, для беларусаў. Бальшавікі хацелі праз камуністычны інтэрнацыяналізм шчасця і дастатку купцы абраных і сваіх – за кошт гора і галечы пераважнай большасці.

Вось так. Ты галоўку сваю не забівай гэтым хламам... А вайны, пра якую ты тут раскудахталася, не будзе. Да сакавіка многае зменіцца ва ўсёй велізарнай краіне. Табе скажу, ты і так больш майго ведаеш: да вясны, – бацька нешта прыкінуў у думках, – «вусатага» не стане. Нашы людзі ўжо побач з ім... А цяпер давай распавядай пра сваё. Дык, кажаш, абранніка Ягорам завуць? Хоць беларус?

– Пра абранніка потым, тата. А як жа з чысткай?

– Дык яе плануюць на пачатак лета наступнага, пяцьдзясят трэцяга года, а па нашых падліках да таго часу ім не да чыстак і не да Беларусі будзе. Давай, ціхоня, усё распавядай пра будучага сваяка.

– Хлопец як хлопец, беларус з Віцебшчыны, там нарадзіўся, але вырас у Маскве, бацька інжынер-гідрабудаўнік. У сорак чацвёртым, не давучыўшыся, Ягор добраахвотнікам пайшоў на фронт, паваяваў чатыры месяцы, пасля ранения накіравалі служыць у органы, капітан. Служыць ва ўпраўленні па барацьбе з нацыяналістычным падполлем і бандытызмам. Нашых ловіць, – здавалася, дзяўчына зноў гатовая заплакаць.

– Ну-ну, каб я гэтага больш не бачыў, панадзілася макрату разводзіць, – дастаючы на ўсялякі выпадак насоўку, строга вымавіў бацька, – і потым – не ўсякі лесавік нам «наш». Тут той жа прынцып: лесавік лесавіку розніца, па многіх з іх даўно пятля плача. Вунь шмат хто ўжо амеры– канцам служаць, шлюць сюды сваіх сувязных, людзей тузаюць, заданні раздаюць, а хто адмаўляецца – таму нож у бок ці данос у МГБ. І хто тут наш? Нядаўна маладую жанчыну органам здалі, а ў яе ўжо двое малых дзетак, бацька інвалідам з Сібіры вярнуўся, муж настаўнік у школе. Людзі распавядалі, у нагах валялася, прасіла адпусціць, жыцця прасіла. Паабяцалі не чапаць, сышлі, а праз дзень яе агентурную справу як памагатую Абвера падкінулі на ганак райсавета. Прыехалі і ўсіх забралі, і інвалідабацьку, і малых дзяцей. Так што забудзь гэтых «нашых» і, калі сустрэнеш, не ўздумай руку падаць. А хто цябе ўбачыць і не «пазнае», адвернецца, то ён лепшы за тых, хто з абдымкамі насустрач кінецца. Такіх цяпер па цягніках, аўтобусах і трамваях шмат катаецца, гэта іх праца ці, як яны самі горда кажуць, – служба. Усё, што было, бадыллём парасло. У вайну і пасля яе была адна сітуацыя, цяпер яна памянялася. Губіць рэшткі нацыі няма чаго. Кожнае з’яўленне падпольных груп і суполак – чыстай вады правакацыі МГБ для апраўдання сваёй дзейнасці і вылоўлівання самых заўзятых і незадаволеных, асабліва сярод моладзі. Сёння ні табе, ні мне нельга паддавацца ўнутраным эмоцыям і крыўдам, нічога добрага гэта не дасць, але і заставацца збоку мы таксама не можам, гэтым настроям трэба супрацьстаяць усімі спосабамі. Вось дзе твой фронт і тваё месца, месца байца за будучыню незалежнай Беларусі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю