355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Валерий Казаков » «Чорны кот» (СИ) » Текст книги (страница 12)
«Чорны кот» (СИ)
  • Текст добавлен: 2 октября 2017, 14:30

Текст книги "«Чорны кот» (СИ)"


Автор книги: Валерий Казаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 13 страниц)

– Але ніякай незалежнасці пры бальшавіках не будзе, ты ж сам гэта ведаеш? – настырна, з металічнымі ноткамі ў голасе запярэчыла яму дачка.

– Ты глядзі на яе, а чый гэта метал у голасе? – ці з асуджэннем, ці з захапленнем вымавіў Яўген Леанідавіч.

– Бацькоўскі, – смела парыравала Алена, – дык ты што прапануеш – наогул нічога не рабіць? Стаіцца і чакаць?

– Так, па-першае: незалежнасці ў нас не было ні пры паляках, ні пры царах, ні пры бальшавіках, ні пры фашыстах, няма яе фактычна і сёння. Існавала ды існуе толькі барацьба за гэтую жаданую незалежнасць, і яна будзе існаваць нават пасля таго, як гэтая незалежнасць будзе намі здабытая. Шмат каму свабода здасца недастатковай, няпоўнай, і тады абавязкова знойдуцца людзі, якія кінуцца заклікаць іншых да сапраўднай незалежнасці, фактычна – да незалежнасці ад саміх сябе. Усё можа быць. І яшчэ запомні, дачка: большасці людзей ніякая незалежнасць не патрэбна, яны яе лічаць падманам, прыдуманым габрэямі, каб дурыць людзям галовы і рабіць свой гешэфт; магчыма, яны і маюць рацыю. Па-другое, незалежным можа быць толькі чалавек, але калі незалежныя людзі збіраюцца ў нейкае таварыства і ў ім застаюцца, яны добраахвотна губляюць частку сваёй незалежнасці, і гэта свядомы выбар. Дык вось, галоўная задача і твая, і мая, і ўсіх нашых аднадумцаў – выхоўваць, гадаваць духоўна незалежнага чалавека, а для гэтага патрэбен мір і толькі мір, патрэбна вера ў будучыню, барацьба за захаванне мовы, побыту, культуры, і яшчэ трэба тое, што яшчэ старажытныя называлі гуманізмам. Не трэба ні партый, ні падполля, ні баявых лозунгаў, бо вайна зноў прывядзе з сабой шаленцаў, гатовых сцерці паўсвету дзеля ажыццяўлення свайго вар’яцтва.

Прайшлі трохі моўчкі. Кожны маўчаў пра сваё, і, хутчэй за ўсё, гэтым маўчанням не наканавана было скрыжавацца. Як не наканавана было кожнаму з іх ведаць сваю будучыню. Яўген Леанідавіч раптам сканае ад шырокага інфаркту за сваім рабочым сталом, не дажыўшы трох дзён да ганебнай смерці самага страшнага цемрашала стагоддзя – Іосіфа Сталіна... Алена восенню пяцьдзясят шостага, ужо цяжарная, вяртаючыся з этнаграфічнай экспедыцыі, неспадзявана зваліцца з высокага і самага доўгага ў рэспубліцы пешаходнага маста на станцыі Орша, пад якім па рэйках будзе праходзіць таварняк. Сведкаў гэтага няшчаснага выпадку не знойдуць. З Ягорам яны так і не паспеюць распісацца, хоць заяву ў ЗАГС пададуць...

25

Моладзь з нечаканай экскурсіі вярнулася прыціхлай і агаломшанай, нібы не рыпучая, дапатопная калымага вазіла іх, а нейкая нябачная машына перамясціла збянтэжаныя душы амаль на два стагоддзі назад – у закінуты свет іх любімай радзімы. Радзімы, якой тады яшчэ не было ні на картах, ні нават у галовах жыхароў, але якая, нібы вясновая рака, налівалася нябачнай сілай, спела і гатовая была ўзламаць тоўсты лёд забыцця, узламаць і вынесці здзіўленаму свету веліч свайго мінулага, накіраванага ў будучыню.

Стоячы там, каля Каменя філатэраў, і Вячаслаў, і Стэфанія думалі пра сваё, кожны сам-насам спрабаваў пераадолець супраціў тугой заслоны часу, прарвацца ў той далёкі свет, спасцігнуць намеры і памкненні такіх жа маладых, як і яны самі, людзей, якія стаялі даўным-даўно ля гэтага каменя і якія прымалі рашэнні, што змянілі сёння іх жыццё.

Адкуль ён узяўся тут, гэты камень, дакладней, адна палова вялізнага валуна – скалы, як ён тут апынуўся і колькі доўгіх тысячагоддзяў праляжаў? Якія таямнічыя знакі ажываюць на яго амаль ідэальна-роўнай паверхні, павернутай убок рова?

Падзякаваўшы ветліваму і вельмі незвычайнаму для вясковай школы завучу, Вячаслаў і Стэфанія, узяўшыся за рукі, павольна пакрочылі да хутара. Маўчанне іх аб’ядноўвала, радніла і не хацела вяртаць у свет рэальнасці, звычайных умоўнасцяў і патрэбаў. Першымі іх пачулі сабакі і паднялі вясёлы брэх, паведамляючы хутаранцам аб прыбыцці сваіх. Вароты адчыніў сын Казіміра Казімір і, цыкнуўшы на сабак, па-змоўніцку прыціснуўшы ўказальны палец да вуснаў, жэстамі запрасіў ісці за сабой да верхняга дома.

У двары стаяла незнаёмая машына з расійскімі нумарамі.

– Казя, што – у вас госці? – шэптам спытала Стэфанія.

– Ну, маміна сястра з яе мужам прыехалі аж з Масквы. Вы толькі ціха ідзіце, я вас з другога боку правяду, паслухаеце, пасмеяцеся, як бацька з масквічом праўду шукаюць, і кожны сваю.

Вячаслаў неўразумела зірнуў на Стэфу, тая ў адказ няпэўна пахітала галавой, і яны пакорліва падаліся за Казімірам-малодшым.

– Ды кінь ты фанабэрыцца немаведама чаго. Вы вунь прыехалі, хвасты тут у нас параспускалі, у казіно аблягчыліся, дурніц нашых палавілі – і назад у матухну-Расію, – грымеў на тэрасе голас Казіміра-старэйшага.

– Толькі ў чым яно, тваё фанабэрства? Гляджу, ты ўжо і дзяржаўнікам становішся, ці даўно ў цябе такія думкі завяліся? Ты ж, як пагоны зняў – у дэмакраты падаўся, наколькі мне помніцца. Толькі ведаеш, нам тут не залівай, што яно ў вас лепш, чым у нас! А чым лепш? Можа, народ багацей жыве, можа, парадку больш? Можа, голас чыноўніка гучыць гучней і ў ім сілы і праўды больш? Ну хоць забі ты мяне, не разумею я, Мікалай, тваёй бравады! Вось слухаў я цябе, слухаў – і ні храна ў толк не вазьму: што, гэты газ, нафта гэтая, вугаль і руда, яны што – у вас народнымі ўжо сталі і вы імі на карысць свайго народанасельніцтва валодаеце?

– Стой, Казімір, стой! Дзе тая нафта, і дзе я! Ды і па казіно я, як ты кажаш, не соўгаюся, здаліся яны мне. А лайна вы яшчэ з тых казіно, асабліва з гульнявых аўтаматаў, адграбяце! Папомніш мае словы. Ты ведаеш, я даўно заўважыў тут у вас, у беларусаў, адну дзіўную рысу: ледзь што супраць поўсці, адразу спускаць на суразмоўцу ўсіх сабак. Супакойся, сённяшнія справы ў Расіі мне гонару вялікароса не дадаюць. Аднак у апошні час справы пайшлі да лепшага. Правадыр наш мужнее. Аўтарытэт у яго зашкальвае, ужо і на вашынгтонскі абкам азірацца перастаў, можа, аднак, для выгляду, але ўсё ж. Сяброўства з вамі канкрэтнымі справамі ўмацоўвае, і я вось прыехаў з дабраслаўлення свайго алігархічнага начальства: носам павадзіць, прыкінуць, што і дзе ў вас можна прыдбаць для сумеснай, так бы мовіць, карысці. Можа, ты, гэта, па-сваяцку дапаможаш у гэтай справе?

– Добра, – ужо міралюбна адказаў Казімір, – ты не крыўдуй, можа, і я перагнуў палку. А падмагчы – гэта мы можам, бульбу вунь маю па сходнай цане прыстроіць па восені трэба, га? Толькі і ты, аднак, таксама добры! – прадоўжыў Казімір, – адразу пасля першай чаркі быка за рогі – і давай тут старэйшага брата з сябе надзімаць. Тут яшчэ трэба разабрацца, хто старэйшы, а хто малодшы...

– Ды з табой хоць не пі! Хто багацейшы, той і старэйшы, няўжо не зразумела?

– Не, Коля, старэйшы той, хто першым нарадзіўся!

– Уеў, давай налівай, а то сястрыцы прыйдуць і хуценька наш нацыянальны запал паменшаць. Спадобіў жа Гасподзь такога дзевера займець...

– Сваяка.

– Сваяка, сваяка! За сваяка і тост!

– Ну, тады і за дзевера! – устаючы, пагадзіўся Казімір з рускай назвай. Чокнуліся. Выпілі.

– Паслухай, Коля, усё ж такі па-сваяцку скажы: няўжо мы так убога выглядаем збоку. Крыўдна ж, мы ўкалваем, не ў параўнанне з вашымі. Вунь – са світання і як давядзецца... Ты давай на дранікі налягай, дзеўкі цяпер гарачанькага прынясуць. Павінны яшчэ родзічы падысці, я іх тут на экскурсію адправіў. Маладыя, толькі мілавацца пачалі, яшчэ і шлюб не бралі. Добрыя такія, сам убачыш.

– Дранікі ў вас класныя. Вунь мая згатуе, і ўсё роўна не такія смачныя, а галоўнае – не хрумсткія...

– Дык абмаскалілася за столькі гадкоў, нябось, не ўсё сама робіць, нешта прыслузе даручае.

– Трымай кішэню шырэй: яна ж толькі кіруе, а ўсё хатняя прыслужніца выконвае.

– Эх, Коля, Коля, такую дзеўку сапсаваў...

– Ды перастань – добрая баба, і з рукамі, і з галавой. А дранікі ў тваёй заўсёды лепш атрымліваліся, гэта і сама Тамарка кажа... На пытанне ж тваё аб убогасці адназначна і не адкажаш. Якраз збоку вы глядзіцеся вельмі прывабна, цалкам па-еўрапейску. Усё вунь дагледжана, усе працуюць, і работы ўсім хапае, і ўзбекаў завозіць не трэба. Не ва ўсёй Еўропе такі парадак і культура. Я вунь нядаўна на машыне праехаў амаль увесь былы сацлагер. Многія краіны і блізка не стаялі. Ды і ў Расіі не ўсе ў смятане купаюцца. Праўда, у нас губерня ад губерні часам моцна адрозніваюцца. У нас, фактычна, хутчэй губернскае, а не прэзідэнцкае кіраванне.

– Цудныя дзеі твае, Госпадзе! У вас жа прэзідэнт таксама губернатараў прызначае. У нас, дарэчы, працэдуру запазычыў, і не толькі гэтую. Правільна зрабіў. І вось ты мне заяўляеш: у Расіі губернская ўлада? Так і краіну разарваць можна, – і ён замоўк.

Стэфанія асцярожна кранула Вячаслава за плячо.

– Я, мабыць, пайду да жанчын, мне гэта не цікава, а ты, калі хочаш, заставайся ў засадзе.

– Не, і я таксама пайду да стала, а то яшчэ Казік заўважыць, пакрыўдзіцца.

Маладыя людзі вынырнулі з вечаровага прыцемку на тэрасу.

– О, вось і нашы экскурсанты! – крыху хістаючыся, устаў з-за стала і ступіў ім насустрач гаспадар. – Гэтая цудоўная паненка – мая стрыечная сястра Стэфанія, а гэта ўжо амаль мой швагер Вячка, па-вашаму, па-маскальску – Вячаслаў. І яшчэ, па-нашаму швагер – гэта муж сястры, хай нават і стрыечнай. А гэта мой сваяк Мікалай, маскоўская штучка, а так нядрэнны хлопец і таксама муж сястры, толькі ўжо маёй жонкі. Жанатыя мы, Вячка, на сёстрах, вось так. Значыць, і вы цяпер паміж сабой нейкія сваякі. Праўда, якія, пакуль не ведаю, але прыйдзе жонка, яна ў гэтым вялікі спец, яна ўсё і растлумачыць. Ну, давайце, давайце за стол, цяпер і свежанькіх дранікаў сястрыцы паднясуць. Як экскурсія? А экскурсавод?

– Усё было класна! Мы да гэтага часу ад усяго адысці не можам, дзякуй табе велізарнае. Аб уражаннях і астатнім потым распавядзем. Мы, здаецца, вашу гутарку незнарок перапынілі, – папрасіў прабачэння Вячаслаў.

– Ды кінь ты, якая гутарка, так, старая балбатня ні пра што. Дакладней, пра што. Вечная спрэчка братоў славян аб іх славянстве і вяршынстве ў гэтым пытанні. Адным словам, каму жывецца весела, прывольна на Русі?

– Казімір шматзначна паківаў указальным пальцам і дадаў: – І ў нас на Беларусі. А то як жа. Давайце, сядайце.

– Казя, я лепш да кабет пайду, а вы ўжо тут мужчынскай кампаніяй і без мяне справіцеся, – актыўна запратэставала дзяўчына і, непрыкметна падміргнуўшы скісламу хлопцу, мовіла гучна: – Вячка, мы сёння абавязкова павінны патрапіць у Мінск, я цётцы Ядвізе абяцала.

– Які Мінск? Ты гэта кінь, у мяне свята, сваяк аж з самой Масквы прыехаў, а ты мне швагра ў Мінск зводзіш. Ідзі, ідзі ўжо дзеўкам дапамагай. Не, ты толькі паглядзі: і гэтая ўжо камандаваць пачынае! Да касцёла яшчэ не дайшлі, а ўжо камандзірша! – абдымаючы за плечы і падсоўваючы да сябе Вячку, незласліва прагудзеў гаспадар. – Ты, гэта, браце, не паддавайся. Давай! Мы тут шмат за што выпілі, давай – з цябе тост.

– Прыемна пазнаёміцца, а тост, – прымаючы чарку, пачаў Вячаслаў, – тост традыцыйны: за знаёмства. Я згодны з Казімірам: чым большае сямейства, род, клан, тым прасцей і спакайней адольваць жыццёвыя нягоды.

Выпілі, памаўчалі.

Жанчыны прынеслі новую порцыю пахкіх дранікаў і, на ўсялякі выпадак, забраўшы дзве пакуль непачатыя бутэлькі з бурштынавым хатнім напоем, хіхікаючы пра нешта сваё, сышлі.

– Вот вам і шурум-бурум пранёсся, – раскладваючы гасцям дранікі, спагадлівым голасам прамовіў гаспадар. – Сын бацьку вучыць, жонка дэманстратыўна бутэлькі перад сябрамі са стала зграбае – і ўсё па дабрыні маёй. Ну, прасплюся заўтра, зладжу разбор палётаў. Можна падумаць, працавіты мужык можа быць п’яным? Давайце налягайце, пакуль не астылі! А гарэлкі, гарэлкі вунь, – ён ткнуў відэльцам з дранікам у бок серванта, – жыўцом згарэць можна!

– Ды кінь ты іх, бабы яны і ёсць бабы! Іх хлебам не кармі, а дай паверхаводзіць. Ну, а лішняга зелля і нам таксама ўжо асабліва грузіць не варта, самі ўжо не хлопчыкі, а вось па чарачцы за ўсіх нас выпіць яшчэ можна, – прапанаваў масквіч.

– Ага... Ты вось усё ж мне яшчэ адкажы, чаго ўсім гэтым еўрасаюзам ад нас трэба, што ім не хапае, калі ў нас усё не горш, чым у іх?

– Антуражу вам не хапае, глянцу, мне так здаецца. Захавання пэўных знешніх умоўнасцяў, ці што! Можа, нейкіх канстытуцыйных нормаў, якія абмяжоўваюць тэрміны прэзідэнцтва. Яшчэ варта аб адмене смяротнага пакарання падумаць, аб грамадзянскіх свабодах, партый якіх-небудзь дзясяткі два...

– Добра, давай усё ж вып’ем. Не ідзе дэбат па сухім. Я вось і на сваіх, і на вашых дэпутатаў гляджу і дзіву даюся: шпараць як пасля ладнай шклянкі, без сучка, без задзірынкі, вось дзе вышэйшы пілатаж. Ну, дык за што ўсё ж такі п’ем?

– Дык я ўжо тост прапанаваў, – прыпадняўся Мікалай, – давай за вечнае, за сем’і нашы, за дзетак! Вунь за твайго няўрымслівага сынка! – Ён натрэніравана перакуліў чарку ў рот. – Ух! І гарэлка ў вас добрая! Няўжо сапраўды палёнай зусім няма?

– Так, Коля, – накладваючы сабе рэшткі ўжо астыглай бульбы са скваркамі, неяк працягла пачаў Казімір, – трапляе і ў нас палёнка, але мала. Гэта ж адразу турма і таму, хто прывёз, і таму, хто прадаў. А п’ем мы свойскую, майго ўласнага вырабу. Падземную гарэлачку, па-вашанску падпольную, выгналі ў таямніцы – і ў таямніцы спажываем. Але гарэлкагарэлкай, тост твой, ён асаблівы. Вось мы зараз выпілі за дзяцей, за род. А як ім, дзеткам, далей жыцца будзе? Якую мы ім спадчыну пакінем, не пра грошы я кажу, не пра грошы. Грошы – іх колькі ні пакінь, усё мала будзе. Я пра зямлю, пра душу яе кажу. Мала хто цяпер пра гэта думае...

– Не, дакладна ўсе беларусы язычнікі, – перапыніў яго сваяк, – Тамарка, тая таксама ледзь што: «Хлеб выкідваць у сметніцу нельга, у ім дух жыта», «дубка не ламай, ён святы, у ім душа». Ты вось аж пра душу зямлі загаварыў...

– Ну, а куды ж без душы. Наш паэт Барадулін кажа, што і ў камянёў

– і ў тых душа ёсць! Ды вам, гарадскім, гэта зразумець цяжка. <...> Ты тут мне ў мінулы раз спрабаваў даказаць, што мы ўсе калгаснікі і на чале з калгаснікам калгасную дзяржаву будуем. Можа, яно так з вашага бугра і бачыцца. Калгас хоць народу растлумачыць можна, ён да гэтага звыклы. А як ты растлумачыш вашыя патугі пабудаваць развіты капіталізм пад пільным кіраўніцтвам вашага КДБ, ці як яно там у вас называецца? Ці вы ўслед за звар’яцелай ад усёдазволенасці Еўропай адкрыеце межы чорнай Афрыцы і фанатычнай Азіі? А ты ведаеш, навошта іх тысячамі, гэтых няшчасных, сюды да нас у Еўропу гоняць з родных месцаў? То-та ж! Мне вось са свайго сялянскага пагорка бачыцца такая карціна: камусьці ўжо вельмі спатрэбіліся ў тых краях землі і тое, што ў тых землях утоена. На хрэн ім на тых багаццях такі велізарны, непісьменны і бязмозглы статак? У Еўропу іх! А еўрапейскіх рабочых вахтай на асваенне цалінных абшараў апусцелых земляў. Пакуль Гансы, Полі, Себасьяны і Пэдры на рудніках і промыслах будуць гарбаціцца, іх бабы і дочкі чумазенькіх нараджаюць. Тыя гадоў за дзесяць-дваццаць школы і каледжы пазаканчваюць – і наперад у вахтавы ланцужок. – Казімір замоўк. Твар у яго зрабіўся нейкім сумным, здавалася, што ён сам здзівіўся сказанаму.

– Вось ты і заклаў тыраду! – шчыра захапіўся масквіч. – Са становішчам на Захадзе я з табой цалкам згодны, нам бы толькі з нашымі ўзбекамі і таджыкамі не наступіць на тыя ж граблі. Чаго замоўк? – Мікалай, мужчына гадоў пяцідзесяці, з прыгожым, злёгку кранутым сівізной камсамольскім віхром, уважліва глядзеў на свайго суразмоўцу. Збоку ніхто не зразумеў, ухваляе або асуджае ён яго, але па лёгкай чырвані на твары можна было адчуць: ён, як азартны гулец, рыхтуецца да рашучага адпору.

– Ты верыш, Коля, у нас прасцей, – расправіўшы двума пальцамі звісаючыя сівыя вусы, перавёўшы дыханне, працягнуў Казімір. – У нас як у Амерыцы: ведаеш закон, не ведаеш... ведаеш мову, не ведаеш, а здзейсніў злачынства – у турму, а то і да сценкі. <...>

– Ну, блін, сваяк, ты і даеш! Не ведаў бы, што ты фермер, падумаў бы – фанатычны прапагандыст, вельмі ўжо складна ўсю гэтую мудрагелістую лухту вярзеш. Толькі вось цяжка разабраць: гэта сцёб ці ты на самой справе так думаеш?

– Сцёб! – абурыўся Казімір. – Ды ў нас і слова такога няма, я ведаю слова сцёбнуць, гэта значыць скрасці. А прапагандаваць у нас асабліва і няма чаго, а вось за дзяржаву сваю стаяць – дык гэта трэба, а то як жа. Са сваімі ўладамі мы самі як-небудзь разбярэмся, чужынцаў, хоць і брацкіх, зваць не будзем. Самі выбралі, самі і пакараем, калі супраць народа пойдуць. Для літвіна, то бок беларуса, бязгрэшных не было і няма. Мы тут у свой час і князёў, і біскупаў, калі ўжо занадта дзівачыць пачыналі, на кульгавую кабылу задам наперад саджалі і прэч за гарадскія вароты! Патрыётам быць не сорамна, халуйстваваць сорамна.

– Слухаю цябе, сваяк, і завідкі бяруць, а я ўжо так сваю ўладу абараняць не змагу, хоць яна мне, не ў крыўду табе будзе сказана, нашмат больш дабротаў дае, – госць пра нешта задумаўся, а потым са шкадаваннем, як здалося слухачам, дадаў: – І не толькі сама дае, але і браць дазваляе. У нас як кралі ўсе, так з найвышэйшага дазволу і працягваюць тое рабіць дагэтуль. Толькі давай не думай, што ты мяне пераканаў! І ведаеш, я вось падумаў: хто б там раней не нарадзіўся з братоў, а галоўны будзе той, у каго сіла. Сіла сёння ў нас, толькі наша сіла – яна ж і вашай з’яўляецца. Што імперыя, што Саюз, што цяпер Расія, гэта – сіла, і адмаўляць гэтага ніхто не стане. І потым, каб ты з такой патэтыкай не казаў, – уздыхнуў маскоўскі госць, – спадзяюся, не думаеш, што вы ў сябе ідэальнае грамадства пабудавалі? Рынку ў вас, лічы, няма. Многае заарганізавана так, што рукі апускаюцца. Мы ж з вамі справы маем толькі па пратаколе. А далей – ні-ні! Прыватны бізнес нейкі ўбогі, перапалоханы, ці што. Ды і карупцыя ў вас немалая, вядома, да нашай ёй далёка, аднак. Столькі розных кармушак вашыя начальнікі для сваіх дзяцей і блізкіх панастваралі! Без гэтых адкатнікаў ні войкнуць, ні ўздыхнуць! Ва ўсім свеце, ды і ў нас гандлёвы дом – гэта, у першую чаргу, крама па абыходзе падаткаў і вывадзе прыбытку ў афшоры. А ў вас, на дзяржпрадпрыемствах, – гэта кармушкі для сваіх. Што творыць вашая моладзь, гэта ж поўны піпец! Ваш калгаснік, шаноўны Казімір Казіміравіч, вунь кавалак мяса ці вядро малака без дазволу зверху ў суседнюю вобласць прадаць не можа! Што гэта, па-твойму, ідэал? Я вунь неяк у аднаго вашага начальніка пытаўся, навошта яны вам, дылеры гэтыя? І ведаеш, што мне адказалі? А па заходніх аналагах! Вунь, і ў «Катэрпілеры», і «Фордзе», у «Ташыбе», ва ўсіх дылеры, а мы што, горш? Не горш. Тупей. Калі б гаспадар любога брэнду даведаўся, што на яго вырабе нехта чужы накручвае дваццаць-трыццаць, а то і семдзесят адсоткаў і гоніць гэта на рынак!.. Капіталіст павесіўся б!

– Ну, тэхніку-то нашу бяруць, і вы, і чужыя.

– Па-першае, прывыклі, што яе па-старому кувалдай і ломікам адрамантаваць можна, але пачакай, выйдзе Расія з чарговага сусветнага залупона – і ўсё па сваіх месцах стане. І браты братам руку дружбы пададуць. Вось тады вы запляшаце. Так, між іншым, нашы б і больш бралі вашых машын, калі б яны былі на тыя ж трыццаць адсоткаў тайней. Усё, стоп, стоп, сваяк! Не дай бог, нас жонкі пачуюць, падумаюць, што мы ўжо зусім бухія, калі пра вытворчасць загаварылі, і бутэлькі запаветныя не толькі са стала, але і з усіх схованак канфіскуюць...

– Вось тут, сваяк, я з табой спрачацца не буду. А ты чаго, Вячаслаў, сядзіш як засватаны, што не лезеш разнімаць нас? Ну хоць налівай, каб і ад цябе за сталом толк які быў.

– А што вас разнімаць? «Адвечны спор славян», як казаў класік, але спрэчка спрэчкай, а вочы славяне адзін аднаму пастаянна выклёўвалі, ды па апошніх падзеях відаць – і працягваюць кляваць. А калі шчыра, Казімір, то я ўсё яшчэ пад уражаннем экскурсіі. Ты б вунь і сваяка нашага замежнага заўтра выправіў бы па гэтым маршруце. Мы самі таго, што побач з намі, не ведаем, а ўжо «старэйшыя» браты і пагатоў. Можа, я і трохі маладзей за вас, але калі паклікалі ў арбітры, рызыкну выказаць здагадку: абодва вы і маеце рацыю, абодва ж і не маеце. Праўда, як заўсёды, дзесьці пасярэдзіне...

26

Дамовіўшыся сустрэцца праз два дні, маладыя ледзь вырваліся з гарачых абдымкаў гасціннай хутаранскай радні і павольна імчалі ў сталіцу. Стэфка без стомы захаплялася экскурсіяй, і здавалася, што акрамя прачыненых дзверцаў у мінулае для яе цяпер нічога не існавала. Дзявочае захапленне міжволі перадалося і Вячаславу.

Госпадзі, адкуль толькі браліся яго доўгія маналогі пра мінулае навакольнага краю! Аказваецца, хатняя адукацыя – самае эфектыўнае і мудрае – не прайшла для яго бясследна.

– Нічога сабе, колькі ты ўсяго ведаеш! – захаплялася дзяўчына, – мяне вунь ажно завідкі бяруць! І галоўнае, да гэтага часу маўчаў, як парты– зан! Хоць і каханы, ды ўсё ж гад! – яна стукнула яго сваімі маленькімі кулачкамі ў бок.

– Гэй, паненка, я ж за рулём, і хуткасць пад сто пяцьдзясят, ты давай асцярожней са збіццём кіроўцы. А потым: калі мне было ўсё гэта распавядаць, мы з табой без году тыдзень як знаёмыя. Ведаеш, я і сам здзіўлены, здзіўлены, бо ўсё гэта ўва мне жыве. Я ж, шчыра, нічога падобнага спецыяльна не вучыў і не чытаў. Гэта, хутчэй за ўсё, ад дзеда, бабулі і дзядзькі. Яны нешта расказвалі, а дзіцячая памяць убірала і захоўвала. Куды едзем, сонейка маё?

– Я ж табе казала: да цёткі Ядвігі. Яна з мамай маёй сёння доўга размаўляла па тэлефоне, вось і трэба даведацца хоць што ды як? Яны, мне здаецца, ужо да вяселля пачынаюць рыхтавацца. Праз твайго знакамітага дзядзьку і цётку выйшлі на агульных знаёмых і ледзь не відэа-канферэнцыю збіраюцца праводзіць.

– Вось табе і на, усё неяк адно да аднаго. Хутка неяк, можа, яно і да лепшага. Цётка – гэта добра! Толькі, ведаеш, – уздыхнуў малады чалавек, – мне пакуль боязна ісці да яе, ды і, – ён зірнуў на гадзіннік, – і пазнавата ўжо для афіцыйнага візіту: пакуль даедзем, будзе ўжо каля дванаццаці ночы.

– Табе якраз сёння і не варта туды ісці ні з якімі візітамі. Там нашы чыста бабскія гутаркі будуць. А позні час? Цётка ж паэтка, а паэзія – удзел паўночнікаў, баюся, там яшчэ і гасцей будзе поўная кухня. У Ядзі адна з самых знатных кухняў Мінска.

На кухні пахла не столькі ежай, колькі кавай, цыгарэтным дымам і свабодай.

Яшчэ засталіся ў нашым жыцці, праўда, ужо зусім мала, дзіўныя людзі з таго пакалення, якое і данесла да нашых дзён гэта невынішчальнае паняцце: «кухня творчага чалавека». Дзе і як яна нарадзілася, гэтая кухня, калі паспела пераняць і ўвабраць у сябе вальналюбны дух закінутых у лясах і палях небагатых маёнткаў і мястэчкаў? Як яна выстаяла і выжыла, праводзячы сваіх насельнікаў на катаргу і эшафот, на славу і на ганьбу? Але, на злосць начному тупанню каваных ботаў, насельнікі і спевакі яе вярталіся назад, вярталіся з нябыту, а тыя, хто не вярнуўся, станавіліся яе святынямі, яе іконамі, яе класікамі. Цудоўная і вечная кухня – прыстанак думаючага чалавека. Колькі пра цябе гаварылася, колькі яшчэ ўхвальных слоў цябе чакае наперадзе!

Заходні свет ніколі не меў такога прытулку духу і вальнадумства. Ды ён яму, дарэчы, і не патрэбны быў. Там вольнасці і крамола каваліся ў піўных, корчмах і кавярнях, універсітэцкіх кампусах, аддаленых сядзібах. У Савецкім Саюзе зонай свабодалюбства была абраная кухня, такой яна захавалася, бадай, толькі ў Беларусі. Недарэчны расійскі капіталізм прыдушыў і саму рускую інтэлігенцыю, і яе кухні, замяніўшы іх нейкімі неймавернымі сурагатамі. Толькі рэшткі вечных трацкістаў-дысідэнтаў яшчэ неяк соўгаюцца ў буйных расійскіх гарадах, на сваіх абшарпаных куханьках, даводзячы да страты свядомасці адзін аднаго вечнай барацьбой усіх і супраць усіх.

Стэфанія планавала забегчы на гадзінку-другую пасакатаць з цёткай, вядомай у краіне паэткай, даведацца навіны сямейнага фронту і падзяліцца сваімі, ды і заначаваць, як родзічка. Яе духоўны бацька строга забараніў да вянчання ў касцёле ўсякія вольнасці з каханым чалавекам.

– Цётка Ядзя, вось і я ўласнай персонай, прымеце? – з парога заявіла студэнтка.

– О, Стэфка! Ты давай праходзь, у мяне госці, каўкі з намі вып’еш.

– Ой, што вы, я ўся такая замурзаная! Я з паездкі, так стамілася... Я, можа, адразу ў ванную і спаткі, а вы, калі гасцей правядзеце, тады і пагаворым, ці, можа, іншым разам забягу...

– Давай распранайся і пайшлі, будзеш мне тут пярэчыць.

Калі дзяўчына, неяк зусім ужо па-дзіцячы хаваючыся за цётку, боязна ўвайшла ў прасторную кухню, высокі чалавек гаварыў і стаяў да іх спінай:

– Куды, на якія пратэсты і, галоўнае, хто нас кліча? У імя чаго? – раздражнёна выкрыкваў ён свае пытанні, час ад часу папраўляючы доўгія сівыя валасы. – Што можа даць нам і нашаму народу гэтае гарлапанства і пустабрэхства? Няўжо вы і напраўду верыце, што нехта і сапраўды іх, нашых бунтаўшчыкоў, сур’ёзна ўспрымае?

– А чаму б і не?! – запярэчыла яму паважных гадоў дама, некалі вядомая актрыса. – І сярод былых таксама светлыя галовы ёсць, а потым. некаторыя вельмі самавітыя вершы пішуць.

– Паслухайце, Кацярына, прычым тут вершы, падбухторванне моладзі і палітыка? – умяшалася ў размову цётка, падштурхнуўшы Стэфанію да невялікай канапы, схаванай ад гасцей высокай нешырокай паліцай, застаўленай посудам і рознымі фігуркамі. Прыклаўшы палец да вуснаў, яна ледзь чутна прашаптала: – Сядзі ціха, табе гэта будзе цікава, – зняўшы з пліты вялікую, старую, каваную медную турку, цётка падалася наперад павольна напаўняць маленькія кубкі пахкім напоем. – Ну, вось і я пішу вершы і друкуюся не менш за некаторых, але зваць людзей да сякеры, пры тым на роўным месцы, мне такога і ў галаву, па праўдзе, ніколі не прыходзіла. Ды і чаго натоўпам можна дамагчыся? Ды і які з яго кіраўнік – ён жа п’яніца.

– «Чалавек, які ідзе ўночы, надумвае кепскае», так, здаецца, гучыць адна з сур Карана, – прымаючы кубак, вымавіў поўны палыселы мужчына, знаўца роднай гісторыі і даўні змагар з рэжымам. – Але ў нашых умовах і днём, і ноччу мітынгамі і шэсцямі, да прыкладу, паходневымі, можна вырашыць многае, галоўнае, як усё арганізаваць. Да мяне па дапамогу ніхто з гэтых выскачак не звяртаўся, а ўжо самому набівацца неяк не з рукі, ды і, ведаеце, узрост ужо...

– Чакайце, калегі! – абурана ўскочыў са свайго месца доўгавалосы. – Што гэта вы ўсе супраць мяне настроіліся? Калі вам усё так да дупы, ну дык і ідзіце, падстаўляйце свае бесталкоўкі і ду... – мастак на хвіліну запнуўся, праглынаючы не зусім прыстойнае слова, – свае мяккія месцы...

– Што ты заміндальнічаў, майстар, які не дапісаў мой партрэт? – з усмешкай спыніла яго актрыса, – вырашыў ужо сказаць «дупы», ну дык і кажы. Сарамлівы ты наш! Супакойся, ніхто на цябе не нападае. Шчыра сказаць, і я падзяляю твае абурэнні. Надакучылі ўсе гэтыя хаджэнні са сцягамі... Глядзіш на некаторых правадыроў – і дзіву даешся: як былі пустабрэхамі дваццаць гадоў таму, такімі і сёння засталіся. Можа, пара прызнацца, што гэта мы самі сабе прыдумалі казку пра нейкую Сінявокую. Казка спадабалася, мы яе палюбілі і ўслед за рамантыкам Ластоўскім пасяліліся ў гэтай віртуальнай краіне былінных крывічоў-ліцвіноў-беларусаў. А пазней са змрочных туманаў нашых не зусім цвярозых мазгоў волатам мінулага выплыла летапісная Літва. ВКЛ! Цуд сярэднявечнай цывілізацыі! Якая ўвайшла ў гісторыю хіба тым, што з’яўлялася першапачаткова пастаяннай часткай Рэчы Паспалітай. Вялікае Княства! Дык тады амаль усе княствы, у тым ліку і схізматыкаў, зваліся вялікімі: і Цвярское, і Уладзімірскае, і Маскоўскае, і Цьмутараканскае, і князі ў іх княжылі ўсе суцэльна вялікія! Але нікім, хіба што толькі самімі, гэтыя вялікасці не прызнаваліся. Такая горкая праўда. Еўропа іх не ведала, а тэрыторыі гэтыя лічыла пустымі і беспрасветнымі. Каралеўскую карону Папа Рымскі толькі верным каталікам дарыў...

– Ты гэта да чаго хіліш, Кацярына? – перапыніў акторку, якая ўваходзіла ў ролю, гісторык. – Фактычна, Міндоўга каранавалі каралём...

– Каранавалі, ды не дакаранавалі. Карону ж запаветную на князеву бесталкоўку так і не ўсклалі, абраду сакральнага не правялі. Якая ж гэтая каранацыя?

– Вы толькі на яе паглядзіце: пры гэткай красе і такое веданне гісторыі! – з’едліва засмяяўся гісторык, – і даўно вы, шаноўная Кацярына Сігізмундаўна, тым пытаннем прасякнуліся?

– Угаманіся, усёведны! Не менш вашага штудзірую гэтую навуку. Балазе, у бацькі яшчэ дзедавы і прадзедавы кніжкі засталіся, бо, у адрозненне ад халопаў, у нас у сям’і не было прынята паліць печы кнігамі.

– Ну вось, а то я ўжо неяк засумавала, – займаючы свой гаспадарскі фатэль, ухвальна прамовіла паэтэса. Жанчына гадоў пяцідзесяці, стройная, апранутая з нядбайнай вытанчанасцю так, каб і джынсы, і свабодная тонкая ваўняная блуза падкрэслівалі ўсе правільныя выгібы і выпукласці яе фігуры. – Адвечны спор варагуючых славян. Вяльможная Кацярына, на тое яна і Кацярына, зараз пачне пераконваць нас, што беларусы – больш палякі, чым беларусы, і я з ёй згодная. Алесь Паўлавіч з уласцівай навукоўцу аргументацыяй кінецца, як заўсёды, пярэчыць, настойваючы на ўнікальнасці і адметнасці беларускай народнасці. Шкада, сёння няма тут нашага нацыянальнага барда, які з дзіцячай наіўнасцю начытаўшыся Трашчанка, узбіўся на хісткія пазіцыі заходнерусізму і будзе стаяць на сваім з фанатычнай перакананасцю езуіта. Усё гэта так, так! Але іншы цяпер вецер дзьме. Мне здаецца, час спыняць гэтую балбатню і неяк вызначацца...

– У чым вызначацца, дарагая наша гаспадыня, і, галоўнае, каму варта вызначацца? – ляснуў далонямі доўгавалосы мастак, якога звалі для тутэйшых месцаў да прымітыву немудрагеліста – Іван Іванавіч Іваноў. Аднак пры ўяўнай прастаце прозвішча ды імя, Іван, сын Івана, быў таленавітым і вельмі вядомым і ў краіне, і далёка за яе межамі мастаком. Нейкім дзіўным чынам ён умудраўся ў сваіх карцінах сумясціць народны рэалізм з гіпербалай і непасціжнай абстракцыяй. – Вось я – беларускі нацыяналіст, і з гэтым я даўно вызначыўся. Ад таго я і пратэстую супраць бязмэтнага цягання па плошчах і вуліцах. Былі б гэта выбары ці нейкія іншыя прычыны, ні да чаго добрага гэтыя маршы не прывядуць, а чысціню нацыянальнай ідэі замуцяць.

– Ведаеце, мне вось цяпер у галаву абсалютна вар’яцкая думка прыйшла! – неяк разгублена сказала паэтэса. – Можа, гэтыя дзённыя шэсці і начныя маршы сапраўды маюць нейкі сакральны падтэкст?..

– Ого, дзяўчаты, вы мяне не перастаяце сёння здзіўляць! Гэта ж трэба, да якіх глыбінь дакапаліся? Ды кішка тонкая ў любога з іх стаць фюрэрам, ды і народ наш на немцаў не падобны, гэта я вам як гісторык заяўляю. Хоць без ідэі правадырства ні адзін лідэр сам рэалізавацца не можа.

Змоўклі. Адчувалася, што вобраз маршыруючых па начных вуліцах народных натоўпаў уразіў усіх.

– Вось ты, Алесь Паўлавіч, адкажы мне не як гісторык, а як адзін з родапачынальнікаў Беларускага Народнага Фронту: чаму інтэлігенцыя нашая свядомая неяк крывабока са стагоддзя ў стагоддзе стаіць на абочыне ўсіх тых бураў, што пралятаюць над нашым краем? – рашылася перапыніць зацягнутае маўчанне Кацярына Сігізмундаўна. – А калі ўліваецца, што называецца, у працэс, то ўсё неяк недарэчы. То Напалеона, то Аляксандра, то Вільгельма, то Сталіна, то Гітлера ў выратавальнікі ды ўваскрашальнікі Айчыны спяшаюцца запісаць – і ўсё міма касы. І дзіўная заўсёды выходзіць карціна: духоўныя правадыры бягуць слугаваць тыранам, а народ у партызаны. Чаму?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю