Текст книги "«Чорны кот» (СИ)"
Автор книги: Валерий Казаков
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 13 страниц)
Афіцэр з яе дакументамі сышоў за ельнік і неўзабаве вярнуўся.
– Усё ў парадку. А Марнейка з Саўміна вам кім даводзіцца?
– Бацькам.
– Зразумела, зразумела. Не страшна адной у лесе?
– А чаго ўжо баяцца, мір жа. Я ж па гушчары не лажу. Ды і цётка казала, што спакойна ў акрузе. Ну што, мне можна ехаць?
– Можаце, вось вашы паперы. Толькі маё кіраўніцтва прыняло рашэнне адправіць мяне з вамі ў якасці суправаджатага. Не так спакойна ў гэтым лесе, як здаецца. Мяне завуць Ягор, – беручыся за руль ровара, назваўся мужчына. – Давайце сядайце на раму, я вас з ветрыкам дакачу да станцыі.
Пад нягучныя воклічы і жарты нябачных веселуноў яны падаліся насустрач свайму будучаму лёсу, везучы ў горад апошні загад няўлоўнага генерала Вітушкі аб пераходзе ўсяго беларускага супраціву на ашчадны рэжым працы. Розным, вельмі розным было гэтае нябачнае воінства: побач з ідэйнымі, гатовымі скласці свае галовы за будучую свабоду Радзімы байцамі былі і іншыя, далёкія і ад ідэй, і ад маралі. Агенты СД, нямецкай ваеннай разведкі, паліцаі ды і проста пакрыўджаныя Саветамі і вайной людзі, людзі, якія пераступілі нейкую нябачную рысу, пасля чаго вярнуцца ў звыклы для чалавека свет было ўжо амаль немагчыма. Пазней усіх іх назавуць безаблічным словам калабаранты. А пакуль ніхто з іх, уключаючы самога генерала, не ведаў, што ўся агентурная сетка Абвера з падачы любімца Канарыса Рэйнхарда Гелена яшчэ з зімы сорак пятага года паступова перайшла пад амерыканскае камандаванне і фінансаванне. Дружба былых саюзнікаў, як і прадказвалі многія разумныя людзі, вельмі хутка скончылася. Ды і як ёй было не скончыцца, калі з аднаго і другога боку з-пад масак добразычлівасці тырчалі воўчыя іклы. Паспешліва на старыя дрэўкі нацягваліся сцягі новай барацьбы. Але да яе былі гатовыя не ўсе.
13
Памінкі па Сапліцу былі нядоўгімі, дзень выпаў будзёны, і народ, трохі пасядзеўшы, паўзгадваўшы, паплакаўшы, пачаў раз’язджацца. Хутка за сталом засталіся толькі Казімір, яго тры сыны, жонка Паліна, Стэфа са Скаргам і яшчэ трое моцна п’яных мужыкоў з суседняй выміраючай вёскі.
– Моцным гаспадаром быў твой бацька, – хістаючыся, падняўся з лавы адзін з іх, – для зямлі ні сябе, ні іншых не шкадаваў. Многія нашы калгаснікі, якія зла яму жадалі, зайздросцілі яму. За ўсё зайздросцілі. За тое, што ў калгас не пайшоў, зямлі сваёй не аддаў, ды і за ўсё іншае, – мужык махнуў рукой, абвёў усіх мутнымі вачыма, – і мой бацька таксама не любіў нябожчыка...
– Ну а чаго ж ты тады на яго падворку яго гарэлку п’еш? – гучна і выразна спытаў Скарга.
– А ты хто такі? Мы цябе не ведаем, – заступіўся за яго каржакаваты дзядзька з пачарнелым ад «чарніла» тварам. – Ты гэта, Фёдар, працягвай казаць, а то тут некаторыя...
– Усё, мужыкі, памянулі дзеда – і пара па хатах, а то, я гляджу, вы ўжо не супраць і на кулачкі ўстаць, – Паліна бесцырымонна ўзяла за каўнер дваіх і выштурхала з двара. Трэці падаўся ўслед за імі сам.
– Гэй, памінальцы, вось вам яшчэ бутэлька – і каб я духу вашага больш сёння тут не бачыла.
– Ну а вы, мужыкі, чаго, хвасты падціснуўшы, сядзіце? – спытала Стэфа.
– І дзякуй Богу, што сядзяць. З п’янымі ў нас заўсёды бабы разбіраюцца, а калі мужык з мужыком – усё мардабоем і панажоўшчынай заканчваецца. Тым, – Паліна матлянула галавой на ўжо зачыненыя вароты, – без розніцы, што дровы секчы, што людзей.
Жанчыны пачалі прыбіраць са стала, дзеці разбіраць сталы і навес. Мужчыны, захапіўшы бутэльку, падняліся ў верхні дом.
– Ну і добра, што Стэфка вырашыла замуж выйсці, пара ўжо. Адна, безгаспадарная ў Мінску, гэтакае дабром не канчаецца. Мужчына ты з выгляду моцны. Чым займаешся?
– Служу.
– Іншага адказу і не чакаў, у іх усе там служывыя. Толькі служба сёння
– дохлая справа, сям’ю асабліва не пратрымаеш. І пашаны ніякай, іншы хто яшчэ ў метро і на спіну плюнуць наравіць, асабліва міліцыянерам, сам бачыў. Хоць гэта як каму. За сябе я табе так скажу: служба – гэта не маё. Не магу я, каб нада мной нехта стаяў, напэўна, бацька так выхаваў. Я сам сабе галава. Вунь бачыш – усё, што вакол, усё маё. І майму роду заўсёды належала. Слухай, Вячаслаў, а ты ведаеш, продкі нашы па-суседску Міцкевічам морды білі. А потым судзіліся ледзь не да смерці. Якраз з тымі самымі Міцкевічамі. Адам іх знакаміты тут недалёка нарадзіўся ў фальварку Завоссе ад беднага шляхціца і багатай габрэйкі. А памёр гэты Адам у Стамбуле ад халеры, збіраючы добраахвотнікаў для вайны з Расіяй на баку ангельцаў, тады нейкая чарговая вайна за Крым ішла... Ды ну іх, гэтых Міцкевічаў, хоць «Пана Тадэвуша» на памяць і па-беларуску, і папольску ведаю, – Казімір замоўк, як быццам абдумваючы нешта вельмі важнае. – Слухай, ты ж мне амаль швагер, то бок радня, пры тым не такая ўжо і далёкая. Табе можна давяраць?
– Давер – справа слізкая, тым больш чужому, незнаёмаму чалавеку...
– Які ж ты чужы, калі ты жаніх маёй сястры? Жаніх – гэта ж ужо зусім блізка да шлюбу. У некаторых сем’ях, калі ксёндз блаславіў, маладым і спаць разам дазваляюць. Хоць сёння ўжо мала хто і на традыцыі, і на забароны глядзіць. Мы вунь з Полькай на сёмым месяцы бралі шлюб. Летам не было калі, працы безліч, вось да восені і дацягнулі. Ці ты вырашыў дзеўцы галаву пакруціць-пакруціць – і кінуць? Тады б ты лепш да нас сёння не прыязджаў.
– Ну вось, пры чым тут нашы са Стэфай адносіны і твой давер да мяне? Ты мяне першы раз бачыш, я цябе ўпершыню ўбачыў, аб якім даверы можа ісці гаворка? Хоць гледзячы што ты мне збіраешся распавесці. Можа, у гэтай інфармацыі і сакрэту ніякага няма...
– Не, і сакрэт, і таямніца ў гэтым ёсць! Давай памянём дзеда, гэта ён мяне ў гэтую справу ўцягнуў, – Казік напоўніў чаркі, узяў сваю і, падняўшы твар да неба, як быццам чокнуўшыся з кімсьці там наверсе, папрасіў: – Баця і вы, дзяды, падкажыце, навучыце, дайце разглядзець чалавека! – і выпіў.
Слава выпіў без рытуальных пытанняў і просьбаў, толькі нечакана для сябе самога перахрысціўся.
– Ты схізматык? – заўважыўшы праваслаўны знак, спытаў амаль швагер.
– У нас у родзе з рэлігійнай прыналежнасцю заўсёды былі праблемы. Бацькі не стала даўно, і ён, хутчэй за ўсё, быў атэістам. Дзед, царства яму нябеснае, праваслаўны, казаў, што бацькі хрысцілі двойчы: спачатку ў знаёмага папа, а потым на наступную раніцу бабуля аднесла да свайго ксяндза. Сама бабуля і ўсе па яе лініі – каталікі, дзядзька па татавай лініі і яго жонка таксама каталікі, мама ўніяцкай і ніякай іншай царквы не прызнае. Мяне ў маленстве хрысціў уніяцкі бацюшка, а ў дзясятым класе я сам пайшоў і пахрысціўся ў адным праваслаўным манастыры ў Польшчы.
– Ох і дзівосныя твае справы, Госпадзе! У Польшчы і ў праваслаўе! А ты ведаеш, што Стэфанія каталічка?
– Яшчэ б, яна гэта ледзь ці не ў першую хвіліну знаёмства выдала, як браню сваёй нявіннасці.
– Ты дарма іранізуеш, для нас касцёл і Бог значаць вельмі многае. Заўсёды павінен быць час для малітвы і для цішыні душы. – Казімір трохі памаўчаў, прыняў рашэнне і рашуча працягнуў: – Давай так: я табе пакажу некаторыя паперы, а ты іх ацэніш як эксперт. Ты ж і служывы, і, сястра гаварыла, нясвіжскі хлопак, ды яшчэ аматар гісторыі. Так?
– Ну.
– Давай разлівай пакуль, а я зараз вярнуся.
Новы дом новага гаспадара наваколляў быў выбудаваны грунтоўна ў псеўдакласічным стылі малой шляхецкай сядзібы з двума калонамі, бакавымі флігелямі і невялікай мансардай. Яны з Казімірам размясціліся на шырокай тэрасе з рассоўнымі шклянымі сценамі і зручнай, мудрагеліста выкаванай мэбляй. Вячаслаў разліў пітво і толькі цяпер заўважыў, што п’юць яны нейкі бурштынавы напой з прыемным пахам і смакам.
З тэрасы адкрываўся захапляльны выгляд на навакольныя палі і пералескі. Ён налічыў пяць перспектыў да суцэльнай лініі гарызонту. «Ого-го! Нібы ў гарах!»
– Што, швагер, любуешся? Ну, давай, любуйся, мы, у адрозненне ад гарадскіх, за прагляд грошай не бяром. Згодны, брат, прыгожа тут! А чаго ж ты хацеў – Літва старадаўняя тут свой пачатак брала! Для мяне і для дзяцей маіх гэта не ахі-ахі заваконныя! Для мяне гэта частка маёй асабістай светабудовы. Ты б бачыў, якія тут ранкі! А якія зоркі на Каляды! Бацька, ён, таго не ведаючы, вунь якую мне спадчыну пакінуў,
– Казімір павёў вакол рукой. – Ну што, наліў? Малайчына! Давай за прыгажосць Божую!
Выпілі.
– Вось глядзі, – ён на чыстым канцы стала разаслаў ломкі ад часу аркуш тоўстай пажоўклай паперы.
Вячаслаў увесь сцяўся, яму здалося, што гэта яго паперы з дзедавага схова; паставіўшы чарку, ён ступіў бліжэй і з палёгкай выдыхнуў: гэта былі нейкія старадаўнія чарцяжы.
– Ого, ды гэта, па-мойму, Нясвіжскі замак, – на змену здзіўленню прыйшло шчырае захапленне, – бачыш – іх арол з трубамі? Чакай, чакай... нічога сабе – тысяча пяцьсот пяцьдзясят першы год!
– Ну, і каштоўная гэтая папера?
– Думаю, што вельмі. Магчыма, гэта арыгінал сапраўдных чарцяжоў замка, пасаджанага на старое замчышча трынаццатага стагоддзя. Калі знайсці ўсе лісты, то можна разгадаць усе таямніцы Радзівілаў.
– Так, добра-добра, спадар эксперт. А вось гэта што такое і якая такіх паперак цана? – гаспадар дома, нібы сапраўдны штукар, паклаў каля аркуша тоўсты сшытак у чорнай скураной вокладцы.
Вячаслаў без асаблівай цікавасці ўзяў яго ў рукі, разгарнуў. На першай старонцы пасярэдзіне было выведзена пабляклымі ад часу чарніламі: «Журнал уліку аператыўных данясенняў разведкі Навагрудскай акругі Арміі Краёвай». Амаль увесь сшытак быў спісаны прыгожым хуткім почыркам па-польску. Запісы, хутчэй за ўсё, адносіліся да дзеянняў польскага супраціву ў тутэйшых мясцінах у часы мінулай вайны.
– Ты ведаеш, гэта таксама цікавы дакумент, – перагортваючы старонкі, імкнучыся вырваць вачыма хоць некалькі фраз на прызабытай мове і зразумець іх сэнс, вымавіў Скарга. – Вядома, гэта не роўня першай... пачакай, пачакай. – Вячаслаў нават прысеў на каваны ўслончык. – А вось гэта сапраўды цікава! Вельмі цікава! Кепска, калі не ведаеш мовы ды яшчэ яе забудзеш. Слухай, Казімір, – адарваўшыся ад гросбуха, ён падняў на суразмоўцу ўсхваляваны твар, – дай мне. – ён на секунду запнуўся, прыкідваючы, за колькі можа адужаць дакумент, – напэўна, на які тыдзень гэты талмуд. Хачу сам прачытаць і аднаму дасведчанаму чалавеку паказаць. Ты не сумнявайся, вярну абавязкова.
– Так, добра, сваяк, як ні як, бяры. У мяне дабра гэтага цэлых тры куфры. Палякі, калі пасля вайны змываліся на захад, яшчэ майму дзеду на захаванне скрыні пакінулі. Грошай далі. Абяцалі вярнуцца, ды, відаць, перамерлі ці перабілі іх, ды і часу прорва мінула, так і не прыйшлі. Ты лепш прыкінь, за колькі гэта можна прадаць, мне то гэтыя ваенныя і княжацкія таямніцы ні да чаго, мне вунь трактар новы купіць трэба, навясны рыштунак да яго. – Хутаранін замоўк, сеў побач, падсунуў да сябе бутэльку, не спяшаючыся наліў чаркі, адну падсунуў швагеру, цяжка ўздыхнуў.
– Не, боязна мне, – вымавіў спакойна і рашуча гаспадар, – трэба было больш выпіць, а ўжо потым заводзіць размову пра гэта. Не крыўдуй, не магу я так адразу ўсё табе выкласці, хоць трохі прывыкнуць да цябе трэба. А сшытак гэты бяры хоць назусім, ну і план гэты таксама вазьмі, вы ж усё адно заўтра ў Нясвіж паедзеце, можа, там, у музеі, пакажаш. Так і скажы, маўляў, прадаецца гэтае дабро, бацька ў спадчыну пакінуў, а сыну без патрэбы. Ты, галоўнае, за бясцэнак не аддай там...
– Дзякуй за давер, усё вярну, калі пакупніка не знайду. Упэўнены, Равіч за план ухопіцца. А ты кажаш, аркушаў такіх шмат. – беражліва крануўшы артэфакт, спытаў Скарга.
– Адзінаццаць, гэты агульны, а яшчэ асобна былі вычарчаныя сцены, гарышчы, падвалы, вежы, мне так здалося, я ж у інстытуце сельгасмашыны і абсталяванне вывучаў, і чарцяжы трохі чытаць умею, кароўнік ад жылога дома адрозніць магу.
– Я, вядома, не эксперт, але такія рэчы могуць каштаваць вельмі вялікія грошы, вельмі вялікія. У Нясвіж прапаную паехаць разам.
– Не, мне заўтра некалі, ты давай сам пакажы і вяртайся. Там, можа, і я саспею, каб табе адкрыцца. Стэфанія няхай у нас пабудзе, калі захоча. Хадзем, сядзібу пакажу. Толькі давай спачатку яшчэ раз бацю памянем.
Выпілі. Казімір прыбраў паперы ў дубовы сервант, які стаяў на верандзе, напэўна, яшчэ з даваенных часоў.
– Давай з птушніка пачнём, там у мяне экзотыка: фазаны, паўліны.
– Пярэчанняў няма. А гэтых польскіх сшыткаў, ты кажаш, некалькі скрынь?
– Ці не тры, такія пластыкавыя нямецкія скрыні з іх арламі. Я і не ведаў, што ўжо тады пластык быў. Замкавыя аркушы таксама там ляжалі.
Скаргу як быццам маланкай ляснула: «Опанькі! А ці не гэтыя скрыні прыехаў шукаць дзіўны госць Нясвіжскага ксяндза? Тэрмінова трэба ляцець у Мінск да Ягора Кузьміча, паказваць дзённік, і, калі ён пацвердзіць яго сапраўднасць, браць у шчыльны абарот паляка. Так, з гэтым «Чорным катом» інфармацыя пакаціла. То нічога – то цэлы воз. У польскім сшытку яго вочы зачапіла данясенне пра нямецкую аперацыю «Мая любімая котка». Не тузайся, таварыш опер, ідзі і глядзі курэй, цясарак, улазь у душу да будучага сваяка, рабі ўсё, але разгавары яго! Усё правільна Казімір сказаў: пасля вайны пакінулі «акаўцы» скрыні на хутары яго дзеду на захаванне, грошай на каня далі і абяцалі вярнуцца і забраць скрыні. Цікава. І паляк гэты прыезджы тое ж пра хутар казаў. Усё сыходзіцца. Толькі вось ці той гэта хутар?»
Гаспадарка ў Сапіцы была вялікая. Вячаслаў з першых крокаў экскурсіі зразумеў, што ніякіх размоў аб мінулых таямніцах больш не будзе і шукаў нагоду аб’явіць аб неабходнасці тэрміновага ад’езду. Нечакана выратавала Стэфа, якую на квадрацыкле да месца выпасу незвычайна мясістых авечак прывезла жонка гаспадара.
– Скарга, спадзяюся, ты канчаткова не заграз у банальным п’янстве? Глядзі мне, памянулі – і меру трэба ведаць, да Мінска шлях не блізкі. Можа, на дзевяць дзён да хлопцаў і дзядзькі прыедзем?
– Вядома, заўсёды будзем рады! – як здалося Вячаславу, з палёгкай у голасе прамовіў Казімір. – Поля, ты там збяры чаго трэба радні ў горад. А як ты за руль сядзеш, ты ж таго?.. – ён пацёр падбародак.
– Ды колькі я там выпіў? Каўкі на дарожку, лаўрушку пажую – і да Нясвіжа, трэба ж паперы паказаць, а там як карта ляжа. У Мінск і назад, можа, ужо заўтра да вечара і вернемся, не пярэчыце?
– А чаго пярэчыць, я думаю, гадзін да чатырох і мы вернемся, а? – Казімір глянуў на жонку.
– Ну а што там сядзець, туды – сюды, расаду забярэм і дадому. Гэта я, – яна прыабняла Стэфанію і павяла яе да загарадкі з маладняком, – вырашыла вунь на тым сонечным схіле ружоўнік разбіць. Глядзі, глядзі, як гэтыя махоткі пацешна скачуць! Ой, вы мае харошыя...
Палюбаваўшыся баранчыкамі і шчыра захапляючыся гаспадарамі, аднекваючыся ад гасцінцаў, абцалованыя раднёй, маладыя селі ў аўтамабіль і паехалі. Праз кіламетр Скарга акуратна дастаў сшытак.
– Ты польскую добра ведаеш?
– Трэцяя родная, – не без гонару адказала Стэфанія і, адчуваючы дадатковыя пытанні, патлумачыла: – Беларуская, руская, польская, нямецкая ў дасканаласці. Англійская і італьянская горш.
– Паліглотка! – раскрываючы сшытак на патрэбнай старонцы, не без добрай зайздрасці адазваўся Слава.
– Скарга, не зайздросці, веданне табой моваў у маіх руках, пры тваім жаданні, зразумела. Нічога сабе, які прыгожы почырк! Нейкі агент «Светлячок» даносіць у цэнтр «Ястрабу»: «Кіраўніцтва Абвер-2, Мінск, пачало рэалізацыю аперацыі «Мая любімая котка». Па агульнай задуме, уся тэрыторыя Савецкага Саюза, якую пакідаюць нямецкія войскі, павінна быць пакрыта глыбока заканспіраванай сеткай для вядзення актыўнай агентурна-дыверсійнай працы, як у ваенны, так і ў пасляваенны, у дужках – мірны, час. Тут слова «мірны» падкрэслена два разы чырвоным алоўкам, – пракаментавала Стэфа. – Слухай, Скарга, а можа, ты мяне завярбуеш – і мы будзем шпіёніць у пары?
– Я цябе зараз завярбую! Хоць ты ўжо і так завербаваная. Што, забылася: муж і жана – адна сатана! Давай, чытай далей.
– Фі, які ты грубы! Ну, слухай. «Прадугледжваецца стварэнне дробных і буйных схованак для зброі, выбухоўкі, харчовых прадуктаў, грошай і сродкаў сувязі. Будучай барацьбе варта ў абавязковым парадку надаць актыўныя формы нацыяналістычнага супраціву. Весці гэтую барацьбу варта ад імя Беларускай Цэнтральнай Рады, Беларускай незалежніцкай партыі, усяляк падкрэсліваючы, што толькі яны з’яўляюцца праўдзівымі выказнікамі волі беларускага народа. Асаблівую ўвагу надаць друкаванай і вуснай прапагандзе. Для падрыхтоўкі дыверсійных груп больш актыўна выкарыстоўваць магчымасці навучальнага батальёна СД «Дальвіц», пры гэтым агентам Абвера катэгарычна забараніць любыя згадкі пра кантакты з ваеннай выведкай Вермахта і ні пры якіх абставінах не адмаўляцца ад вярбоўчых дзеянняў, якія праводзяцца супрацоўнікамі Імперскай службы бяспекі. Дзень 27 снежня 1943 года». Далей іншае данясенне ад агента «Лагодны» ў цэнтр для «Мятлы», копія «Ястрабу»: «У Стоўбцаўскай акрузе праведзена работа па нейтралізацыі беларускіх актывістаў. СД арыштавана восем старастаў, два бургамістры, пяць паліцэйскіх і адзін намеснік начальніка дапаможнай паліцыі, па сфабрыкаваных намі дакументах аб супрацоўніцтве з савецкімі партызанамі. 4 студзеня сорак чацвёртага». Вось свалата! – абурылася Стэфанія. – А цяпер усюды крычаць: мы разам кавалі перамогу. А навошта яны так жорстка рабілі, жылі ж па-суседску. Тых, каго яны падставілі, напэўна, забілі?
– Думаю, так. У сорак чацвёртым такія справы былі ўжо рэдкасцю. Немцы не на ўсе даносы рэагавалі, ведаючы цану палякам, а вось у сорак першым такія з’явы былі масавымі. На нашых землях сутыкнуліся дзве, нават тры нацыянальныя ідэалогіі. Наша беларуская, слабая, польская, моцная, якая разглядала нашы землі як крэсы ўсходнія, трэцяя – украінскіх нацыяналістаў, якія сабраліся пабудаваць адзіную і вялікую Украіну, прысабечыўшы да сваёй дзяржавы і здаравенны кавалак паўднёвых тэрыторый нашых земляў. Для паўнаты можна памянуць і літоўцаў, якім да душы прыйшоўся перадваенны падарунак таварыша Сталіна ў выглядзе Віленскага краю. Тады шмат людзей пацярпела. Мяне ж больш першае паведамленне хвалюе...
– Чаму? Другое, на мой погляд, будзе сёння рэзанансней.
– Доўгая песня. Бачыш, яны ўжо ў снежні сорак трэцяга планавалі свае ўцёкі і рыхтавалі агентаў для працяглай працы, таму нехта і падкрэсліў, а галоўнае. галоўнае, чаго яны вырашылі маскіраваць сваю працу пад нацыяналістычны супраціў, якога на Беларусі ў час вайны практычна не было? Вось у чым загваздка. Добра, разбярэмся, пакладзі сшытак на задняе сядзенне. Глядзі толькі там асцярожней з вось той шэрай паперай, ёй без малога пяцьсот гадоў.
– Колькі?!
– Ну, ужо не так эмацыйна, пані Стэфанія! Думаю, калі б вы часцей да сваёй радні на хутар зазіралі, яшчэ б і не такія старадаўнасці адшукалі...
– Ты хочаш сказаць, што ўсе гэтыя паперы табе Казік перадаў?
– Гэта, з яго слоў, далёка не ўсё, чым ён валодае пасля смерці бацькі. На лісце таго пергамента, я цябе малю, толькі не чапай яго цяпер, найпадрабязны план Нясвіжскага замка, і, мне здаецца, арыгінал. Уяўляеш, яго ніхто ніколі ў вочы не бачыў, лічылі, што арыгінальныя планы загінулі яшчэ пры шведскім нашэсці. І вось яны ў нас. Твой сваяк хоча гэтыя паперы прадаць, яму грошы на новую тэхніку патрэбныя. Думаю, Равіч свой дом, ды што там дом, ён апошнюю кашулю з сябе прадасць, але планы выкупіць.
Хлопец змоўк. Дзяўчына, не хаваючы захаплення, глядзела на яго. Дзве існасці, мудрагеліста і нечакана для саміх сябе, зліваліся ў духоўнае адзінства, імя якому пакуль яшчэ ніхто не прыдумаў.
– А ведаеш, – вымавіў Вячаслаў, – мы з табой становімся часткай прыадкрытай нам таямніцы. Нават не таямніцы, а таямніцаў, і аднаму Богу вядома, куды мы можам зайсці гэтымі невядомымі сцежкамі. Акрамя гэтых папер у родзіча твайго ёсць яшчэ нейкія сакрэты, яны з яго пруць, як брага з бочкі. Ён ужо амаль наважыўся мне ўсё расказаць, але ў апошні момант засумняваўся. Але я думаю, што, уладкаваўшы гэты сярэднявечны планец за прыстойныя грошы, мы растопім апошнія яго сумневы.
– Дзіўна ўсё гэта, Скарга, яшчэ пару тыдняў таму я здыхала ад суму, прыдумляла сабе любыя трызненні, каб не завыць ад тугі – і на табе: ты, спатканні, паездкі, перажыванні, якія ўзяліся немаведама адкуль, новыя знаёмствы, нейкія таямніцы. Ты нават не ўяўляеш, як гэта на мяне не падобна. Я ж дамаседка, жудасная баязліўка і скрытніца. Часам мне здавалася, што я наогул не з гэтага стагоддзя, я заблудзілася ў часе і нарадзілася недзе не там і не ў той час. Але ды Бог з ім, дзіўна тое, што я не баюся страціць той свой ранейшы свет.
14
Ягор і Алена дабраліся да раз’езда хутка і яшчэ добрыя тры гадзіны сядзелі на бервяне ля празрыстага, вясёлага ручайка, які бесклапотна скакаў па неглыбокім цяністым раўку недалёка ад раз’ездаўскіх пабудоў. Сонца хілілася да вечара. Новыя знаёмыя моўчкі перакусілі кожны сваім і, не гаворачы ні слова, тупа ўтаропіліся на ваду.
Ягор потым часта ўспамінаў іх тое працяглае маўчанне і ніяк не мог зразумець прычыны, што перашкаджала яму ці ёй пачаць размову, звы– чайную, свойскую размову пры неспадзяванай сустрэчы. Вядома, маўчанне гэтае не было абыякавым, кожны цішком назіраў за суседам, назіраў і рабіў свае, толькі яму вядомыя высновы. Помніцца, тады здавалася, што дзяўчына сабе на розуме і маўчыць з-за боязі, як бы чаго лішняга не прагаварыць, а галоўнае, паглядвае на яго з відавочнай цікавасцю, якую яшчэ не навучылася хаваць у хітрыкі вопытнай жанчыны.
І раптам яна пачала спяваць, чыстым, злёгку глухаватым голасам. Заспявала нейкую старую працяглую беларускую песню, поўную суму, трывогі і адначасова з першых слоў працятую надзеяй і верай. Ён не ведаў ды і не мог ведаць гэтай песні, яна для яго, хто нарадзіўся на ўсходзе рэспублікі і ўсё дзяцінства жыў у Маскве, была незнаёмай. Ды што там незнаёмай? Спачатку гэты спеў здаўся яму чужым, варожым, які нясе ў сабе нейкую ўтоеную пагрозу. А галоўнае, не зусім зразумелыя словы песні бесцырымонна пранікалі ў яго душу, уваскрашалі на нейкім нематэрыяльным узроўні нешта дагэтуль невядомае, глыбока схаванае ў поцемках яго радавой памяці.
Менавіта там, на беразе таго безыменнага ручая, ён усвядоміў сваю датычнасць да старажытнага народа, да сваіх незнаёмых і забытых продкаў, адчуў сябе часцінкай гэтага старажытнага, самабытнага свету. Адчуў і здзівіўся, як ён дагэтуль жыў без усяго гэтага.
Песня сціхла так жа нечакана, як і ўзнікла. Хоць, здавалася, спяваць перастала дзяўчына, а песня працягвала жыць ва ўсплёсках вады, у шолаху лістоты, у хітрым прымружванні сонца на захадзе, у бяздонным вечным небе і ў яго ўласным сэрцы, якое гатова было выскачыць з грудзей – як пасля трохкіламетровага кроса.
Алена нечакана рэзка нахілілася да ручая, зачарпнула далонямі ваду і плюхнула яму ў твар.
– Гэй, праважаты, ачніся, хутка цягнік, пара выбірацца з гэтай лагчыны. У вас што там, у Цанавы, усе такія суровыя? Ды ты, відаць, трохі заснуў? Нельга на заходзе спаць, нельга, – строга, як дзіцяці, сказала яна, для важнасці паківаўшы ўказальным пальцам, – а то ночы добрай не будзе! Табе хіба бабуля не казала?
Дзяўчына нетаропка пайшла па сцежцы ўверх па пясчаным адхоне раўка. Сонца гарэла над яе галавой як залатая карона язычніцкай жрыцы.
Ля невялікага станцыйнага дамка, які адначасова служыў і касамі, і залай чакання, і жыллём для сям’і станцыйнага наглядчыка, нібы ківач, узад-наперад крочыў Ягораў калега, старшы лейтэнант Міша. Ніткін, зануда і вялікі аматар „стукануць“ на таварышаў начальству з нагоды і без нагоды. Мішку ў аддзеле не любілі і стараліся пры ім лішняга не гаварыць.
– Усё загараеце, таварыш старшы лейтэнант, – нахрапіста пачаў Ніткін, – казаў я маёру, што нельга цябе з дзеўкай гэтай адпраўляць, вунь вочы як у вар’ята. Дзе ты бадзяешся, ці ўжо таго паненку?.. – Мішка паказаў непрыстойны рух сваім перадком і тут жа апынуўся на зямлі.
Ягор, махаючы выцятай ад удару па чужой галаве рукой, сеў на кукішкі.
– Што, кажаш, маёр загадаў перадаць? Разлёгся тут, давай уставай і прыкусі свой язык, зразумеў?
– Я то зразумеў... – паціраючы галаву за вухам, злосна і ледзь не са слязой у голасе адазваўся калега. – Я табе гэтага мардабою не дарую, рапарт накатаю. За нейкую бабу баявога таварыша па мордзе! Ну і гад жа ты пасля гэтага, Салевіч!
– Ды пішы, табе не прывыкаць. Толькі ж не было ніякага мардабою, рожа твая паскудная цэлая, спраўная, ні сіняка, ні драпіны, а вось наконт баявых таварышаў ты загінаеш, я цябе ні разу ў баі і не бачыў. І яшчэ, Ніткін, калі табе дзеўкі не даюць, а табе гэтага ой як хочацца, дык няма чаго іншых сваёй меркай мераць. Ды і камсамолак нашых непрыстойнымі падазрэннямі абражаць не варта. Давай памагу падняцца, а то спіць тут на сонейку, паглядзі на яго... Табе што, твая габрэйская бабуля не казала, што спаць на заходзе нельга, а то ноч кепскай будзе?
– Ідзі ты! – Міхаіл устаў, атросся, адвярнуўся ад Ягора і закурыў.
Алёна стаяла зводдаль і ўважліва глядзела на мужчын. Насцярожылі яе не мужчынскія разборкі, а нечаканае з’яўленне гэтага афіцэра. Чаго ён тут? Не маглі ж і яго паслаць у яе суправаджэнне, шмат гонару, нават з улікам пасады бацькі. Але для чагосьці ён сюды прыпёрся, бег, напэўна? Бо ад таго месца, дзе яе сустрэлі ваякі, да раз’езда ну ад сілы гадзіна хады.
Энкавэдэшнікі адышлі бліжэй да ляшчынаў, што буйна раслі па берагах раўка, нават не зірнуўшы ў яе бок. Незнаёмец нешта стаў паспешліва гаварыць Ягору, словаў зразумець нельга было. Дзяўчына прыслухалася. Адзінае, што яна паспела пачуць, гэта двойчы паўторанае слова «банда». Сэрца загрукатала: «Банда – гэта значыць нашы! Ім, а галоўнае Вітушку, пагражае небяспека! Трэба нешта тэрмінова прадпрымаць! Самой папярэдзіць таварышаў не атрымаецца. І загад не выканаеш, і сябе загубіш, і бацькоў, і гэтых катаў за сабой прывядзеш па таемных сцежках прама да базы».
Яна зірнула на гадзіннік – да цягніка хвілін пятнаццаць. Начальнік раз’езда быў іх чалавекам, але хто яна – ён не ведаў, а ёй строга забаранялася адкрываць сябе каму б там ні было. Нечакана Алена ўбачыла, як да хлеўчыкаў, што прыткнуліся да самага лесу, пад’ехаў раварыст. Яна глянула на чэкістаў, пераканалася, што тыя хлеўчукоў не бацаць, і супакоілася. Тым часам да будынка станцыі спяшаўся белабрысы хлопец і, не гледзячы па баках, прашмыгнуў на жылую палову. Хвілін праз пяць на насып, які служыў перонам, выйшаў камлюкаваты чалавек у чыгуначным кіцелі, паправіў шапку з чырвоным верхам, пакрочыў да станцыйнага звона і тройчы ў яго ўдарыў. Звон быў непрыгожы, нейкі металічны, нібы глуха гаўкнуў сабака.
– Таварышы, прыгарадны цягнік на Баранавічы прыбывае! Стаянка будзе павялічана да дзесяці хвілін! Паўтараю: да дзесяці хвілін!
Канчаткі слоў дзяжурнага патанулі ў вясёлым гудку паравоза.
– Я дапамагу табе загрузіць твой ровар, – нечакана побач вымавіў Ягор, дзяўчына здрыганулася. – Ды не бойся ты, усё будзе добра. Шкада, далей цябе суправаджаць не змагу, служба. Слухай, як ты выдатна спяваеш! Я такіх песняў ніколі не чуў. Можа, сустрэнемся ў Мінску, а?
– Можа, і сустрэнемся, падумаю. А за што ты гэтаму ў вуха даў?
– Заслужыў, а ты вачастая, спявачка. Дык дзе твой ровар?
– А дык ён тут на раз’ездзе застаецца, вунь Міхал Кандратавіч у хлеўчык паставіць да наступнага разу ці хто з вёскі прыедзе і радні адвязе, а заадно і сам пехам дзесяць вёрст тупаць не будзе. Так што я так. з кашом. А чаго гэта стаянку прыгарадным надтачылі, не ведаеш, часам?
Адказ не спатрэбіўся. Паравоз яшчэ шыпеў парай, а ў яе клубах з першага вагона на прамаслены жвір адхона пасыпаліся ўзброеныя аўтаматамі салдаты.
– А божухна! І куды іх столькі? – шчыра здзівілася дзяўчына.
– Ты ведаеш, цікаўнай Варвары нос калісьці адарвалі. Па службе прыехалі, дапамагаць сялянам ураджай збіраць. Давай, шчасліва табе, у горадзе абавязкова сустрэнемся, – хлопец асіплым голасам прамовіў: – Я не шкадую, што лес нас пазнаёміў.
– І я... – здзівіўшыся самой сабе, адказала дзяўчына. І, падумаўшы, дадала: – Ты там беражы сябе.
Салдацікі хутка разгрузіліся, паравоз загудзеў для парадку, зашыпеўшы, буксануў вялікімі коламі, ляснуў счэпкамі і, не спяшаючыся, пачаў набіраць хуткасць, пакідаючы дзесьці ззаду шыхт салдат і Ягора, які махаў ёй рукой, і прыціхлую ў чаканні бяды пушчу.
З неспакойным сэрцам вярнулася ў Мінск Алена. Насупіўся і кудысьці з’ехаў пасля яе блытанага даклада бацька. Пацягнуліся доўгія дні чакання. Весткі прыйшлі толькі праз тыдзень. Генерал Вітушка і вялікая частка атрада сышлі яшчэ напярэдадні нападу на асноўную базу. Тыя, што засталіся, былі за некалькі гадзін папярэджаныя сынам начальніка раз’езда, частка разбеглася па балотах і гушчарах, а чалавек дзесяць прынялі бой і ўсе загінулі. Іншых яшчэ з месяц адстрэльвалі, як дзікіх звяроў. Генерал па шляху на Захад лютаваў, праз што кардон перайсці змаглі з паўтары сотні толькі чалавек дваццаць, астатнія ці адсталі і забіліся ў норы, ці палеглі...
Ягора ў той аперацыі сур’ёзна параніла, і ён месяц праляжаў у шпіталі. Якое ж было яго здзіўленне, калі ў палату, бянтэжачыся і адбіваючыся ад дабрадушнай санітаркі, шэптам тлумачачы, што яна толькі перадачу прынесла ад сяброўкі і не збіралася з хворым сустракацца, бокам упіхнулася Алена.
З тых часоў і з’явілася ў Ягора Салевіча таемнае і далікатнае шчасце, якое, як яму часам здавалася, ён так і не змог разгадаць да канца.
15
«Вада мінулага, дзе і адкуль ідзе твая плынь? Чые карані ты сілкуеш, а чые абыходзіш бокам, і як вызначаеш ты свой выбар? Хто твой любімчык? Хто паспытаў цябе і ведае твой смак? Вада мінулага, як адрозніць твае патаемныя крыніцы, дзе знайсці твае сапраўдныя, незамутнёныя плыні, – і ці ёсць яны наогул сярод бурлівых рэкаў і мораў гістарычнай хлусні і бруду? Хлусні ва ўгоду новаму князю, патрыярху, імператару, генеральнаму сакратару, прэзідэнту. Часта даводзіцца чуць, што няма нічога агідней за нашую айчынную гісторыю. Ці так гэта? Можа, жыццё мінулага і гістарычная навука – гэта не адно і тое ж? Можа быць, усё можа быць.
Але, дружа мой, калі цябе няўзнак зачапіла мінулае, калі ты хоць аднойчы адчуў у сабе яго таямнічую прахалоду, ты ўжо ніколі не спакусішся на патаку інстытуцкага падручніка. Ты прагартаеш яго як прыкрую агітку, прагартаеш і з агідай забудзешся. Непрыкметна для сябе самога ты павольна ўвойдзеш у цёмныя воды мінулага, увойдзеш, каб ужо ніколі не вярнуцца назад у свет прыдуманай хлусні. І чым глыбей твой уваход, тым усё выразней будзе бачыцца недасканаласць цяперашняй светабудовы, яго хлусня і крывадушша. Тым усё выразней будзе праступаць абсурднасць тваіх абавязкаў перад тым, што сёння называецца дзяржавай, уладай, навукай. Не бойся стаць выгнанцам свайго часу, гэта заканамерна, ілюзорнасць тваіх нікчэмных стратаў з лішкам кампенсуецца гмахам мінулага. І аднойчы ты зразумееш: смерць нашай дзяржавы ў велічы былога, зняволенага ёй народа».