355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Валерий Казаков » «Чорны кот» (СИ) » Текст книги (страница 5)
«Чорны кот» (СИ)
  • Текст добавлен: 2 октября 2017, 14:30

Текст книги "«Чорны кот» (СИ)"


Автор книги: Валерий Казаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 13 страниц)

У другой дакладна такой жа скрыні, толькі крыху большых памераў, таксама былі паперы: вялікія тоўстыя сшыткі, нейкія кнігі з цыдулкамі і распіскамі аб атрыманні грошай. Скрынка з польскімі ўзнагародамі і незапоўненымі да іх дакументамі, пячаткі ды яшчэ ўсялякая штабная маёмасць.

Пакуль бацька ўважліва вывучаў змесціва другой скрыні, Казімір разгарнуў зляжалыя паперы першай. Яны былі відавочна вельмі старыя, хоць Сапіца ў гэтым не надта разбіраўся, але на асобных аркушах былі акрэсленыя планы нейкіх збудаванняў, усходаў, пераходаў, гарышчаў і вежаў, на кожным аркушы ў ніжнім правым куце акуратнай гатычнай вяззю, хутчэй за ўсё, даваліся тлумачэнні да малюнкаў. Папера ўпрыгожаныя гербам у выглядзе аднагаловага арла з трыма рагамі на грудзях.

«Вось гэта я, мабыць, адсюль і забяру адразу і цяпер. Здаецца, недзе я нядаўна бачыў гэтых птушак», – падумаў сын, паглядзеўшы на бацьку, як быццам той мог пачуць яго думкі.

10

Сёння ўжо амаль не засталося тых людзей, хто памятае Мінск лета сорак чацвёртага года, Мінск напярэдадні вызвалення. Вайна кацілася на захад, у чарговы раз перамолваючы людзей і іх душы, пераворваючы нашую зямлю. Людзі, асабліва хто старэй, і чакалі прыходу Саветаў, і асцерагаліся яго, бо многія ўжо на сваёй скуры выпрабавалі ўсе вабноты і ласкі змены ўлады. Здаецца, вось толькі з такой цяжкасцю адвыклі ад звароту «таварыш» і з горам напалам прызвычаіліся да забытага «спадар» – і на табе: зноў усё вяртаецца назад. Зноў усе вакольныя табе спрэс таварышы, а за спадара добра калі па мордзе дадуць, а то ж і тэрмін атрымаць можна.

Так, па-рознаму чакалі вяртання савецкай улады былыя савецкія грамадзяне. Хтосьці спяшаўся далей перахаваць несправядліва нажытае дабро, хтосьці шукаў магчымасць ціскануць новыя дакументы і зашыцца ў якую-небудзь глухмень суседняй вобласці, стаіцца, адседзецца. Хтосьці суткамі шастаў па горадзе, усё заўважаючы і запамінаючы, каб было чым парадаваць родную ўладу і выявіць гадаў ды іншы варожы элемент. Камусьці трэба было выкруціцца і схаваць таемнае супрацоўніцтва з другім аддзелам СД, які выконваў у Беларусі абавязкі гестапа. Многія актыўна змагаліся з акупантамі, многія з імі супрацоўнічалі і рыхтаваліся ваяваць з хуткімі вызваліцелямі. Хтосьці проста жыў, як жыў і раней, будзённа і абыякава. Многім, вельмі многім было што хаваць і ад немцаў, і ад Саветаў.

Бесперапынна працаваў у гэтыя дні «Абвернебенштэле-Менск». Яго начальнік, палкоўнік Олер, маладжавы статны чалавек, нетаропка крочыў па сваім прасторным кабінеце, размешчаным у будынку былой партшколы ВКП(б)Б на былой вуліцы Карла Маркса. За доўгім сталом сядзелі ўсяго тры чалавекі.

– Панове, я вельмі хачу, каб вы ўважліва паставіліся да сур’ёзнасці гэтага моманту. Створаная намі ў Беларусі сетка з’яўляецца толькі часткай вялікага плана пад агульнай назвай «Майн лібе кэц». Нашыя «каты» павінны напоўніць часова пакідаючыя войскамі Вермахта тэрыторыі і пасеяць у тыле ворага жах. Такім чынам, у зоне падкантрольнага нам органа з сённяшняга дня пачынае дзейнічаць аперацыя «Чорны кот», ва Украіне «Стэпавы кот», у Прыбалтыцы «Лясная котка». Так што – з Богам, спадары! Так, і які ў выніку атрымаўся аб’ём сфарміраванай тут сеткі, Ота?

– Адна тысяча дзвесце рэзідэнтур, спадар палкоўнік, – зазірнуўшы ў сшытак, далажыў пажылы маёр са стомленым, шэрым тварам.

– Вялікі атрымаўся кацішча, – застаўся задаволены сабой начальнік, -хай нават з іх толькі пяцьдзясят адсоткаў пачнуць працаваць – і гэтага будзе дастаткова. Усім дзве гадзіны паспаць – і зноў на пярэдні край нашай барацьбы, дарэчы, пярэдні край фронту рэальна амаль у Мінску, таму працягнуць асабісты кантроль за эвакуацыяй усяго каштоўнага. Ніводнага кавалачка паперы мы не павінны тут пакінуць.

11

Вярнуўшыся ў Мінск, Стэфанія яшчэ доўга заставалася пад уражаннем неспадзяванай паездкі ў Нясвіж. За свой нядоўгі век яна ўмудрылася аб’ехаць ледзь не ўсю Еўропу, нават у далёкай і многімі жаданай Амерыцы пражыла амаль месяц у занудлівай заможнай сям’і нейкіх баптыстаў. Здавалася б, паездка як паездка, нічога асаблівага. Вунь у Чэхіі ці ў Францыі такіх замкаў на кожным пагорку па пары. Ды і, наогул, да гэтага выпадку яна не любіла ніякіх спантанных паездак, нечаканых зрыванняў з месца. Раней усё было згодна з планам, абдумана і сотні разоў узважана. І вось на табе: паляцела, аж сама сабе спадабалася. А бабуля ж кожны раз палохала: «Не ўдумай сабе падабацца, прыгажосць сыдзе!» На ўсялякі выпадак зірнуўшы ў люстэрка і пераканаўшыся, што ўсё яе з ёй, яна зазбіралася ў інстытут. Першая пара ўжо незваротна праспаная, але ісці ўсё ж трэба. «Вось дзеўкі, сучкі, нават не штурханулі, сяброўкі яшчэ тыя!» Каля ложка на падлозе ляжала невялікая кніжка, з якой яна ўчора, зацалаваная да страты галавы, заснула – «Таямніцы Нясвіжскіх муроў».

«Ты глядзі, па-беларуску зачытала, ці не да замужжа гэта? Крыўляйся не крыўляйся, а ўсё роўна было добра. І нашыя замкі не роўня замежным, – яна падняла з падлогі кніжку і сунула яе ў сваю, як і ва ўсіх маладых асоб, бяздонную сумку, – гэта яны ў нас, а не мы ў іх замкі падрывалі, хоць Скарга распавядаў, што нашыя гарады і замкі, і сядзібы мы самі і паўзрывалі. Нешта не тэлефануе краязнаўца...» – падумала яна, замыкаючы дзверы кватэры.

А Скаргу ў гэты час распякала начальства. Уедлівы мент Стасік накатаў рапарт свайму начальству, а тое ў парадку ўзаемадзеяння і правядзення сумесных аператыўных мерапрыемстваў накіравала яго копію ў іх кантору. Усё б нічога, але ў рапарце ўказавалася, што затрыманая невядомая грамадзянка была перададзеная старшаму оперупаўнаважанаму па асабліва важных справах капітану дзяржбяспекі Скаргу для далейшай аператыўнай распрацоўкі.

Начальства спачатку кінулася высвятляць, адкуль у жаўтаротага лейтэнанта з’явілася такая высокая пасада, да якой яму яшчэ служыць, як меднаму кацялку, і чаму мянты падвысілі яго на дзве прыступкі ў званні? Накрычаліся і наздзекваліся з лейтэнанта, аднак выслухалі яго аргументаваныя адказы, строга папярэдзіўшы надалей пра падобныя эксцэсы дакладваць неадкладна, і, ужо выправоджваючы з кабінета, спынілі ля самых дзвярэй пытаннем...

– Лейтэнант, а дзе тая бэнээфаўка, хто яна і дзе ўсё, што належыць у такіх выпадках, паперы дзе? – з крывой усмешкай спытаў намеснік начальніка аддзялення маёр Хрункевіч.

– Як толькі ва ўсім разбяруся, адразу ж і данясенне вам прадстаўлю. Няма чаго пакуль дакладваць...

– А калі няма чаго дакладваць, тады і да работнікаў унутраных спраў няма чаго совацца. Мы гэта мы, а яны гэта яны. Запомні, лейтэнант, «гусь свінні не таварыш», так што пра гонар чэкіста ніколі не забывай.

– Ёсць, таварыш маёр! У далейшым ніякіх кантактаў са свіннямі! Дазвольце ісці, таварыш палкоўнік? – звярнуўся ён да начальніка.

– Ідзіце. Толькі на сяброўскія парады старэйшых таварышаў раю надалей рэагаваць спакайней, тым больш слушныя парады. Ідзіце, ідзіце, лейтэнант.

За гэтыя паўгадзіны ў кабінеце начальніка, здавалася, з яго сышло дзесяць патоў. Скарга адчуў, як агідны струменьчык сцёк уніз па хрыбетніку.

«Вось дурань, Хруню нагрубіяніў, ды яшчэ пры начальніку... Ён зараз сапраўды на чымсьці больш сур’ёзным мяне падловіць і адыграецца. Чорт! – ён зірнуў на гадзіннік, – я ж абяцаў раніцай патэлефанаваць Стэфцы!

Сустрэліся бліжэй да вечара ў нейкай незнаёмай кавяраньцы на галоўным праспекце горада. Застарэлы смурод грамадскага харчавання, змяшаны з пахамі смажанай цыбулі і прыгарэлага алею, плаваў прэлюдыяй да будучага позняга абеду. Людзей ва ўстанове было шмат, што казала пра яго папулярнасць і прыстойную ежу. Разглядаючы зашмальцаванае меню, якое не мянялася, мяркуючы па ім, яшчэ з часоў вызвалення Мінска ад нямецкага супастата, Скарга думаў свае лейтэнанцкія думы.

Вячэрняя нясвіжская наведвальніца, Азалія Швед, падзялілася вельмі цікавай інфармацыяй. Аказваецца, дзесьці ў годзе шэсцьдзясят восьмым з фамільнай крыпты Радзівілаў бясследна зніклі тры саркафагі. Ні касцёл, ні раённыя ўлады асаблівага шуму падымаць не сталі. Па лініі МУС завялі крымінальную справу, якая ішла няспешна, а затым яе і зусім прыкрылі па адсутнасці хоць якіх-небудзь фактаў. Каб спыніць плёткі прыхаджан фары, знікненне саркафагаў спісалі на кліматычныя абставіны. У тым годзе вясной здарылася небывалае для тутэйшых месцаў разводдзе, затапіла не толькі падвалы мясцовых жыхароў, але і крыпту божага храма, таму савет духоўнага і свецкага сталаначалля прыняў мудрае рашэнне спісаць усё на стыхію. Старыя труны проста разваліліся і былі размытыя. Вось так. Склалі адпаведны акт, які і стаў гэтаму здарэнню паспяховым вырашэннем.

Здарэнне гэтае неўзабаве забылася. І вось на мінулым тыдні пільнай грамадзянцы Швед яе блізкая сяброўка, адна з найстарэйшых касцельных актывістак, пані Брыгіта, па вялікім сакрэце распавяла пра дзіўнанага госця, які прыехаў да пана ксяндза з Польшчы. Польскі пан быў ціхі, нікуды з хаты днём не выходзіў, нават на службу, ксёндз стаў раздражняльным, з-за кожнай драбязы крычаў і злаваўся, а галоўнае – закінуў сваіх сабак, за тыдзень ні разу не падышоў да вальераў, чаго з ім ніколі да гэтага не бывала. Гэта паўбяды, ці мала якія адносіны ў каталіцкіх пастыраў і іх гасцей. Але днямі пані Брыгіта забылася ў касцёле сваю старую сумку, а ў ёй ключы ад кватэры сына. Сынок жыў у Баранавічах адзін і, з’язджаючы ў камандзіроўку, а працаваў ён дальнабойнікам, пакідаў ключы ў маці. Вось вярнуўся, а ключоў няма. Маці галаву зламала, успамінаючы, куды магла іх падзець, успомніла і пайшла ўжо ноччу ў касцёл. Невялікая брамка ў масіўных дзвярах аказалася незамкнёнай, хоць вялікі свірнавы замок і вісеў на належным месцы, але вісеў толькі на адной металічнай пятлі, унутраны замок таксама аказаўся адкрытым. «Можа, айцец Тадэвуш па якой патрэбе ў храме?» – падумала Брыгіта. Але храм быў пусты. Гэта ёй вельмі не спадабалася і спалохала. Знайшоўшы сумку, намацаўшы ў ёй звязку ключоў, яна ўжо сабралася выйсці прэч, замкнуць дзверы і патэлефанаваць у міліцыю, як пачула прыглушаны голас. Перасільваючы страх, падышла да ўвахода ў крыпту. Унізе гарэла святло. Размаўлялі двое: ксёндз і, хутчэй за ўсё, яго госць. Незнаёмец па-польску тлумачыў айцу пробашчу, што сорак гадоў таму мясцовыя «акаўцы» няправільна зразумелі загад і забралі з гэтага склепа два саркафагі. Таго грузу, што патрэбен быў цэнтру, там, вядома ж, не было, ды і наогул тыя паперы, якія ён прыехаў шукаць, знаходзяцца на нейкім хутары, а замак толькі самы прыкметны арыенцір. А вось які замак, Нясвіжскі ці Мірскі, невядома. Але крыпту трэба добра абследаваць, можа, нешта ды знойдзецца, запярэчыў яму святы айцец. Суразмоўцы пайшлі ў глыбіню падзямелля, і глухое рэха з’ела гукі і сэнс іхніх слоў.

Брыгіта вярнулася дадому і перабрала ў памяці ўсіх знаёмых ёй актывістаў польскага нацыянальнага супраціву, у якім у гады вайны яшчэ зусім дзяўчынкай удзельнічала і сама. Яна ведала ўсіх і ўсё, ведалі і яе.

Традыцыйна польскае пабрацімства групавалася вакол касцёла, а ў касцёльным свеце яна была далёка не апошнім чалавекам.

Вось такую дзіўную інфармацыю прынесла яму пані Швед. Прынесці прынесла, але што яму з ёй цяпер рабіць? Наогул, правільна цябе дзярэ начальства, таварыш лейтэнант, – раззлаваўся на сябе Скарга, – усё ў цябе праз дупу: інфарматары ёсць, але, так бы мовіць, прыватныя і па строгіх законах ведамства ад аднаго куратара да другога не перададзеныя, але ж інфармацыю яны нясуць, і яе трэба рэалізоўваць. Заўтра сядзеш і ўсё прывядзеш у божы выгляд. Трэба разабрацца ў сваіх адносінах са Стэфкай і ўсё ёй пра сябе распавесці. Яшчэ мне гэбэшны Казанова знайшоўся: замест распрацоўкі перспектыўнай «крыніцы» ўмудрыўся ў яе ўцюхацца па самыя вушы. І цяпер гатовы здзейсніць службовае злачынства, але абараніць дзяўчыну. Рашайся, на хлусні нічога талковага не вырасце.

Што да Арміі Краёвай – дык яе ўжо даўно няма, ды і былых байцоў амаль не засталося. Пасля той вайны амаль стагоддзе мінула, старыя дажываюць сваё ды маўчаць – і пра вайну, і пра савецкія лагеры, праз якія яны ў большасці сваёй прайшлі. Але польская моладзь папросту магла замуціць які-небудзь «падпольны звяз», нешта падобнае з таго боку мяжы, як ён чуў, мелася.

– Прывітанне мысліцелю! – вярнула яго ў рэальнасць Стэфанія.

– Прывітанне, – дапамагаючы зняць куртку, ён неяк звыкла, як родзіч, цмокнуў яе ў вусны. – У цябе ўсё ў парадку?

– Ты што – празорца ці мент? Ды я крыху не ў настроі. Патэлефанавала мама, у нас памёр адзін далёкі сваяк, дзядзька Казімір. Дзіўны і дзікаваты такі дзядзька. Хутаранін, адным словам. Мае ўсе за мяжой, не памятаю, я табе казала ці не, яны дыпламаты, і бацька, і мама цяпер у Венесуэле. Трэба ехаць на пахаванне, а гэта дзесьці ў Карэліцкім раёне. Я на карце глядзела, атрымліваецца якраз у тых краях, куды ты мяне да каменя везці збіраўся. Там яшчэ вёска побач... Варонча.

Вячаслаў застыў, нібы рыхтуючыся да скачка з засады, і, набраўшы поўныя лёгкія паветра, сказаў:

– Не, я не мент, я чэкіст, лейтэнант дзяржаўнай бяспекі, – і заціх, чакаючы рэакцыі ў адказ.

Дзяўчына маўчала, прымружыўшы вочы, уважліва глядзела на хлопца. Імкнучыся зразумець сур’ёзнасць яго слоў ці знайсці ў вонкавым абліччы хоць якое-небудзь пацверджанне сказанага.

– Пра пахаванне не клапаціся, я цябе падвязу, – асцярожна дадаў Скарга, – калі ты там павінна быць?

– Вось гад! – нарэшце выціснула з сябе з крыўдай дзяўчына. – Ты ваенны! Хоць і свалачны, але ваенны! «Лейтенант, парень молодой.», во, блін, невязуха. Што ж ты адразу не сказаў? Я б цябе адшыла пры адразу, а цяпер што рабіць? Гад, гад! – яна пачала біць яго кулакамі ў грудзі. – Ну і гад!

– Стэфка, паслухай, я не хацеў ад цябе нічога ўтойваць, ды і якое гэта мае значэнне: ваенны – не ваенны?

– Так, для цябе ніякага, а я прабабулі слова дала! А тут лейтэнант, ды яшчэ і жандар. Можа, і ўся радня ў гэтай гнілой канторы працуе? Ох, дурніца я, дурніца! – дзяўчына па-дзіцячы кулачкамі расцірала нечаканыя слёзы. – Праз столькі часу закахалася – і на табе...

Высвятленне адносін вырашылі пакінуць на дарогу да хутара. Скарга забег на службу, напісаў рапарт на тры дні ў лік чарговага адпачынку, падпісаў яго ў кіраўніцтва. Сціснуўшы зубы, выслухаў падколкі Хрункевіча, што, маўляў, для ўладжвання ўсіх нюансаў з маладзіцамі трох дзён можа і не хапіць. Вусна далажыў таму ж Хрункевічу інфармацыю пра дзіўнага госця нясвіжскага ксяндза, атрымаў дабро на працяг збору інфармацыі самастойна, без далучэння пакуль мясцовых таварышаў. Калі ж маёр за два-тры, здавалася б, недатычныя да справы пытанні высветліў, навошта лейтэнанту вольныя тры дні, то дэманстратыўна парваў яго рапарт і памякчэлым голасам прамовіў:

– Скарга, вось табе тыдзень на нясвіжскую распрацоўку, а заадно і са справамі сардэчнымі разбярэшся, – і ўжо сур’ёзна дадаў: – Толькі памятай: чэкісту з выбарам баявой сяброўкі памыліцца аніяк нельга. Памылішся – служба і жыццё, што для нас адно і тое ж, пойдуць наперакасяк!

– Дзякуй, таварыш маёр, – неяк нават расчуліўся Вячаслаў, – вы ўжо мне за колішніх «свіней» прабачце.

– Кіньце, лейтэнант, свінні яны і ёсць свінні, – праводзячы падначаленага да дзвярэй кабінета, па-заступніцку філасофстваваў начальнік,

– толькі падобных сентэнцый пры палкоўніку Кірлюку больш казаць не рэкамендую, ён з мянтоў. Вось так, лейтэнант, і ў здзіўленні рот адкрываць не трэба. Поспехаў...

На Стэфчынага кавалера выйшлі паглядзець усе яе суседкі па здымнай кватэры ды яшчэ тры дзяўчыны з іх курса, якія прыйшлі ў госці.

– Усё, дзеўкі, агледзіны прайшлі паспяхова, мяне дні два не будзе, перадайце старасце, – сядаючы ў машыну, не без гонару сказала Стэфа.

– Паехалі, чаго красуешся, а то яны цябе вачыма разарвуць.

– Рады, што ты супакоілася. Даю табе слова: мае пагоны нашаму сумеснаму жыццю перашкаджаць не будуць...

– Шмат ты ў пагонах разумеет. Дзе княжы гонар? «Пагоны не будуць перашкаджаць», ты хоць думай, што кажаш. Прабабка мая – разумніца. Ведаеш, што яна мне сёння адказала, калі я ёй пра наша знаёмства распавяла?

– Можа, з часам я і навучуся чытаць твае думкі...

– Ага, яшчэ адзін Месінг знайшоўся! Яна мяне супакоіла тым, што, аказваецца, жандар ці, па-твойму, кадэбіст, не вайсковец, такім чынам слова свайго я не парушаю, нашыя ж адносіны цалкам залежаць толькі ад майго сумлення і твайго гонару. Як у цябе наконт гонару, Скарга? «Жыццё Радзіме, гонар нікому!» Ты ведаеш, што гэта за словы?

– Напэўна, нейкі рыцарскі дэвіз...

– Ну і цёмны ты, Скарга, чалавек. Дэвізу свайго шляхецкага не ведаеш, і давай, – яна штурхнула яго ў плячо, – не расчароўвай мяне, князь.

– Ніякі я не князь, так, шэраг гістарычных супадзенняў, як казаў дзед. Род шляхецкі, стары, але да князёў Заслаўскіх і Скаргаў мае вельмі ўскоснае дачыненне. Дзядзька мой у гэтай тэме вялікі знаўца. Вось сустрэнецеся, ён табе шмат чаго панарасказвае. Там у яго ўсё ёсць: і князі, і прамыя нашчадкі каралёў польскіх, і вялікіх князёў літоўскіх, і крэўныя сувязі з правялебнымі сем’ямі Еўропы. Дык кажаш, «Жыццё – Радзіме, гонар – нікому». Добра гучыць, трэба запомніць.

Скарга замоўк, засяродзіўшыся на кіраванні і аддаўшыся дарозе і сваім думкам.

– Не, Скарга, так ехаць нецікава. Яшчэ шлюб не ўзялі, а ўжо як перадпенсійная пара: надзьмуліся сычамі і кожны пра сваё маўчым. Вось едзем на памінкі чалавека, а ты нават не хочаш даведацца, хто ён і хто я яму. А ён мне стрыечны дзед, то бок старэйшы стрыечны брат мамінай мамы, маёй бабулі. Я ў іх на хутары, па-мойму, нават разы два была. У мяне там шмат’юрадныя браты ёсць і сёстры, а цяпер ужо і пляменнікі ці ўнукі, як яны называюцца – не ведаю, і спытаць хутка ўжо не будзе ў каго. Трэба будзе як-небудзь у прабабулі параспытваць. Я ўсё дзіўлюся, як гэта вясковыя ўмудраюцца ўсю сваю радню памятаць і ўсіх як трэба называць: стрыі, цёцічы, швагеры.

– А ты заўважала, што ў вёсцы і рэчы жывуць даўжэй. Іншы раз нешта такое трапіцца ў рукі, ну, нейкая адпаліраваная драўляная штуковіна. Галаву зламаеш, а не здагадаешся, што гэта і чаму служыла. Старыя жывыя былі – тлумачылі, а цяпер ужо мне трэба распавядаць, а распавядаць пакуль яшчэ няма каму, а пакуль нехта народзіцца ды крыху падрасце, я і сам забуду...

– Нічога, успомніш або ў інтэрнэт залезеш і знойдзеш безліч адказаў, галоўнае – захавалася б вёска да таго часу. Хоць у цябе – вунь, свае палацы ў Нясвіжы, там таксама на паліцах усялякіх цікавых штуковін панарасстаўлена. Наступны раз прыедзем – я тваю бабулю абавязкова распытаю. Слухай, слухай, – як быццам нешта ўспомніўшы і гэтаму ўзрадаваўшыся, затараторыла дзяўчына, – а што там за таямніцы, звязаныя з тваім пакоем? І ноччу там адной заставацца нельга, і ніхто, акрамя цябе, там спаць не можа. Давай, каліся!

– Гэта доўгая і не вельмі зразумелая гісторыя, хутчэй паданне ці легенда, калі легенды могуць складацца пра адзін пакой у вельмі невялікім доміку. Ведаеш, лепш ты там разок засні ці пасядзі апоўначы, пачытай, а потым ужо я ўсё астатняе табе на галаву высыплю, а бабуля дадасць.

Яны даўно ўжо звярнулі з трасы і затрэсліся па дарогах з паямкавым рамонтам. Нейкі дурань у раёне, а можа і вышэй, загадаў суцэльна пілаваць старыя дрэвы, калісьці любоўна высаджаныя ўздоўж вялікіх і малых гасцінцаў. Навошта і з якой мэтай гэта рабілася – колькі ні ламаў галаву, так і не дадумаўся. Скарга, бачачы такое бязладдзе, кудысьці тэлефанаваў, спрабаваў нешта даведацца, дакладваў свайму начальству, але ўсё без толку. Душа залівалася слязьмі ад жалю па парушанай прыгажосці, але выратаваць прыдарожныя прысады ні ён, ні яго начальства не маглі, гэта не ўваходзіла ў іх кампетэнцыю.

Беспачуццёвая навігацыйная дама прывяла іх проста да варотаў адзінокай сядзібы, закінутай сярод высокіх палявых пагоркаў і пералескаў летапіснай Літвы.

Вароты былі шырока расчынены, нешматлікія родзічы, якія праводзілі свайго «бальшака» ў апошні зямны шлях да «дзядоў», відаць, нядаўна вярнуліся з могілак і без паказнога смутку ладзілі ў двары сталы і навес для трызны. «Бальшаком» некалі ў нас у старыну звалі не толькі дарогу, але і кіраўніка роду, які меў права судзіць і мілаваць усякага, над кім яго паставілі Бог і гады.

Ім на сустрэчу ішоў каржакаваты мужык у пацёртых джынсах, красоў– ках, шэрым швэдры і скураной карычневай лётнай куртцы.

– Я Казімір, тутэйшы гаспадар, а ты, напэўна, пляменніца цёткі Ядзі з Мінска, угадаў? Ды і што там гадаць, калі ты як кропля вады на маці і на цётку падобная!

– Так, братка, гэта я. Прымі нашыя шчырыя спачуванні. Гэта мой. – дзяўчына на хвіліну задумалася, падбіраючы патрэбнае слова, каб прадставіць свайго спадарожніка. – Гэта мой жаніх.

– Скарга, – працягнуў Вячаслаў руку.

– Сапіца.

– Трымайся, па сабе ведаю, што значыць застацца без бацькі. Казімір, нам бы на могілкі схадзіць, мы там вянок, кветкі прывезлі. Гэта далёка?

– Ды не, уніз па дарозе і направа ўздоўж ручая. Ды там і відаць. Толькі лепш праехаць, волка яшчэ ў лагчыне. А смерць. яна, як і нараджэнне, справа звычайная. Бацька яе не баяўся. Дзесьці тыдні з тры таму паклікаў мяне і сказаў, што хутка памрэ, дакладней, не памрэ, а вернецца дадому, адкуль прыйшоў, – зірнуўшы на прыціхлую ў цікаўнасці радню, Казімір патлумачыў: – Гэта Стэфанія прыехала з жаніхом, цёткі Ядзвігі пляменніца, пакуль на магілкі сходзяць, а мы тут і без іх управімся.

12

У лесе яшчэ пахла грыбамі, сухімі травамі, апалай лістотай і разагрэтай за дзень ігліцай. Сухая, вузкая сцяжынка, вытаптаная побач з выбоістай прасёлкавай дарогай, віхляла між векавых дрэў старой пушчы. Шырокія колы нямецкага ровара ўпэўнена кацілі наперад да маленькага чыгуначнага раз’езда, які не меў нават свайго імя, а толькі лічбавае абазначэнне, што адпавядала адлегласці да бліжэйшай вузлавой станцыі, якой былі Баранавічы. Пасажырскія, а ўжо тым больш хуткія цягнікі тут ніколі не спыняліся, і толькі прыгарадны двойчы ў суткі злёгку прытарможваў на нядоўгія адну-дзве хвіліны і, дзьмухнуўшы парай у гудок, напалохаўшы па ўсёй ваколіцы звяроў, ляснуўшы счэпкамі, зашыпеўшы катламі, нёсся да электрычнасці ачунялых пасля вайны гарадоў.

Алена ехала не спяшаючыся, часу да цягніка было хоць адбаўляй, а церціся каля раз’езда не хацелася. Звесткі, якія яна везла з лесу ў горад, былі вельмі важнымі і тычыліся далейшага лёсу ўсіх, хто так ці інакш удзельнічаў у супраціве савецкай уладзе. Яна пакуль не разумела, добра гэта ці не: згарнуць актыўную працу, усім пакінуць лясныя лагеры, перайсці на легальнае становішча, уладкоўвацца і чакаць далейшых указанняў. Генерал Вітушка з трыма вялікімі групамі партызан пакідае Беларусь, праз Польшчу і Венгрыю сыходзіць у Заходнюю Германію, а два меншыя атрады павінны перабірацца з Прыбалтыкі ў Скандынавію. За сябе цэнтральны кіраўнік нікога не пакідае, усім рэзідэнтам чакаць яго інспекцыйнай паездкі ў бліжэйшыя месяцы.

Алена паважала свайго камандзіра і нават, як і іншыя дзяўчаты, трохі была ў яго закаханая. Ён быў для яе ідэалам мужчыны: мужным, адважным, прыгожым, ніколі не сумуючым і перакананым у слушнасці сваёй справы. Казалі, што ён часам лютуе, вунь у Лугагонах загадаў распілаваць жыўцом «ястрабка» двухручнай пілой, а астатнім палонным і жыхарам лясной вёскі загадаў на ўсё гэта глядзець. Пад Наваградкам па яго волі ўкрыжавалі партыйнага сакратара на дзвярах перад гэтым спустошанага бальшавікамі храма. Раней там не толькі храм разбурылі, але і святара з сям’ёй расстралялі за дапамогу «зялёным», а яны акаўцам дапамагалі, а падчас вайны габрэяў хавалі.

Яна некалькі разоў прасілася і ў начальніка контрвыведкі, і ў самога генерала ўзяць яе на аперацыю. Ёй хацелася сябе праверыць, адчуць у руках сілу зброі. Яе хвалілі за стараннасць, ляпалі па плячы, зашывалі ў падкладку спісаны адмысловымі чарніламі кавалак тонкай матэрыі і выпраўлялі ў горад. Часам, вось як сёння, давалі завучыць тэкст на памяць, а ўжо ў Мінску ўсё перапісаць і перадаць Яўгену Леанідавічу.

Ды што там аперацыя, калі ў атрад яе прыводзілі з мяшком на галаве, чыстым такім чорным мяшком, як шырокая панчоха з прарэзамі для вачэй і рота, і яшчэ прымушалі пераапрануцца і змяніць абутак. Каштоўным і незаменным яна аказалася сувязным. Ужо амаль пяць гадоў хадзіла па таемных маршрутах і сцежках. І вось сёння ішла яна апошні раз сваім звыклым напрамкам: горад-лес-горад. Горад у гэтым маршруце быў пастаяннай велічынёй, а вось лес часта мяняўся. Шкада, вядома. Што будзе далей?

Ёй чамусьці ўспомнілася, як у сакавіку сорак пятага прывёў яе Стальмах да свайго дома ў Мінск, вылавіўшы ў раённым дзіцячым доме. Яна тады цудам дабралася з Кёнігсберга да Багушэўска, дзе ў яе, нібыта, павінна была жыць цётка Вера, на вуліцы каля самага возера. Пра цётку і як яе знайсці часта распавядала хворая маці.

Да вайны жылі яны ва ўтульнай і багатай вёсцы пад Слонімам, бацька настаўнічаў, дома, ды і ва ўсёй вёсцы, гаварылі па-беларуску і па-польску, у іх нават і школа была двухмоўная. Не столькі маці, колькі бацька разбудзіў у ёй любоў да ўсяго народнага, самабытнага, а з гэтай цягай да свайго прачнулася неяк незаўважна ў душы асцярога, а потым і нянавісць да чужога, якое заўсёды было злым і зайздросным. Бацьку ў хуткім часе пасадзілі ў канцлагер у Бярозе – як члена забароненай кампартыі Заходняй Беларусі. Прыходу Саветаў яны з мамай чакалі мацней, чым прышэсця Хрыста. Бацька вярнуўся страшны, худзенечкі, брудны і зарослы. Але нічога: адмыўся, выгуляўся, стаў у вёсцы, а потым і ў Слоніме вялікім начальнікам. Горш жыць ім не стала, толькі мама зусім расхварэлася, і яны пераехалі да бацькі ў горад. Яна ўжо вучылася ў пятым класе, калі ў студзені сорак першага ноччу забралі бацьку – цяпер ужо як буржуазнага беларускага нацыяналіста. Іх цудам не вывезлі ў Сібір.

Мама памерла перад прыходам немцаў напачатку чэрвеня; абмывала, апранала і хавала яе яна сама, суседка бабуля Маня толькі дапамагала, казала, што ды як рабіць. А іншыя баяліся прыходзіць. Тады запалоханы быў народ, мабыць, больш, чым пры фашыстах. А ёй яшчэ і трынаццаці не было. У бацькавых паперах, якія хавала ад чужых вачэй мама, знайшла Алена лісты ад бацькавага таварыша Яўгена з Мінска. Кінула дом, свінню і курэй прадала суседзям – і падалася ў сталіцу. Бацькаў знаёмы таксама сядзеў у страшнай Валадарцы, але яго жонка прытуліла яе. Яўген Леанідавіч вярнуўся дадому на другі дзень вайны, калі ў Мінску пачаўся вялікі драп савецкага начальства. Дзяцей у іх не было, так у Алены з’явілася другая сям’я. Дзе яе родны бацька – яна і сёння не ведае.

Потым была акупацыя. Тата Жэня дапамагаў усім: і чырвоным парты– занам, і польскаму супраціву, і ксяндзу Гандлеўскаму з яго нацыяналістычнай партыяй, і беларускай самапомачы, і нават габрэям з гета. Навошта ён гэта рабіў, яна ні цяпер, ні тады не разумела. Памятае толькі, як ёй хацелася падпольнай працы, але новы бацька гнаў яе юнацкія парывы паганай мятлой, прымушаючы хадзіць у школу і дапамагаць па гаспадарцы Антаніне Віктараўне. Тады яна з’ехала летам да сяброўкі ў Стоўбцы і там уступіла ў Саюз беларускай моладзі, дадому заявілася ў шэрай уніформе, задаволеная і гордая сабой. Форму прымусілі зняць, але ставіцца бацькі да яе пасля гэтага сталі больш сур’ёзна, нават, як ёй здавалася, з нейкай павагай. У прынцыпе, гэта быў яе першы самастойны ўчынак.

Улетку сорак трэцяга бацька пазнаёміў яе са Стальмахам, і пачалося новае, поўнае таямніц і канспірацыі, жыццё, дакладней, не жыццё, а падрыхтоўка да працы ў падполлі. Займаліся з ёй амаль заўсёды індывідуальна. Вучылі правільна хадзіць па вуліцах, каб усё бачыць і запамінаць, непрыкметна сыходзіць ад сачэння, абсталёўваць схованкі і рабіць закладкі, працаваць на радыёстанцыі. Былі заняткі па мінна-выбуховай справе, маскіроўцы, арыентаванні на мясцовасці, тайнапісе, шыфроўцы і аператыўных фотаздымках. Усё гэта рабілася ў імя будучай незалежнасці роднай Беларусі, але настаўнікамі ў яе амаль заўсёды былі немцы.

– Стаяць! – нягучны, але настойлівы голас вярнуў яе да рэчаіснасці. Алена затармазіла, злезла з ровара, закруціла галавой па баках. У галаве заскакалі ўразнабой самыя неверагодныя думкі і здагадкі. «Хто гэта мог быць? Лесавікі? Ястрабкі? Які-небудзь зброд з былых паліцаяў ці акаўцаў?» Адказ на гэтае, здавалася б, складанае пытанне мог быць толькі адзін: ды хто заўгодна мог сёння хавацца ў гэтым глухім лесе.

Патаптаўшыся хвілінаў пяць на месцы, не заўважыўшы ніякага варушэння ў маладым ельніку, Алена ўжо была вырашыла ехаць далей, як з-за вялізнай хвоі ступіў чалавек у савецкай вайсковай форме.

– Стаяць, гражданачка. Хто вы і якога чорта робіце ў гэтым лесе?

– Ой, дзядзечка, а вы самі хто? Напалохалі мяне да смерці, – а ў галаву, як у парожняе вядро, стукалі безадказныя пытанні: «Хто ён такі, савецкі ці пераапрануты, на «вы» звярнуўся, хутчэй за ўсё радзенец, але што яго загнала сюды? Можа, яны мяне ад хутара вядуць? Не, не можа быць, я б заўважыла. Так, калі савецкі, то павінен быць не адзін. Глядзі, глядзі вакол. Чэкісты паасобку не ходзяць. Бачыш, елкі варухнуліся. Вунь, з-за сасны зводдаль боты і нечыя калені ў галіфэ высунуліся.

– Глядзі, якая гаваркая! Ты яшчэ ў мяне дакументы папрасі прад’явіць, пігаліца. Што робіш у лесе? Адказвай на пытанне, – прыгожы малады ваенны, не спяшаючыся, падыходзіў да яе.

– Дык я, гэта, вунь на раз’езд еду да прыгараднага, мне трэба да Баранавічаў, а там начным ў Мінск, дадому.

– А што тут рабіла? – цёмна-сінія вочы ўважліва і з недаверам глядзелі на дзяўчыну.

– Дык я ад сваячкі еду, вось за прадуктамі мамка пасылала, бедна ў горадзе. – Алена паказала на плецены кошык, прывязаны да багажніка.

– А дакументы ў цябе ёсць, забеспячэнец? – ужо больш міралюбна спытаў вайсковец.

– Ёсць і дакументы, і квіток зваротны, я яго яшчэ ўчора ўвечары купіла. Колькі там часу ўжо, а то і спазніцца магу?

– Паспееш да свайго цягніка, паспееш. Адкуль ты, кажаш, едзеш?

– Дык я ж нічога вам такога і не казала, а еду я з Завожання. Там ля старых могілак цётка Тэкля жыве з дзядзькам Канстанцінам, вось ад іх і еду. А дакументы, дык вось яны, – дзяўчына трохі адвярнулася ад афіцэра, дастала з-за пазухі загорнутыя ў чыстую насоўку паперы. Вялікія пругкія грудзі, адчуўшы расшпіленыя гузікі, паспрабавалі вырвацца на волю. Бянтэжачыся, прытрымваючы ровар каленам, дзяўчына заштурхала сваё багацце назад, зашпілілася і аддала скрутак.

Паперы былі сапраўднымі.

Пасля вайны Яўгена Леанідавіча зноў арыштавалі, але вельмі хутка вызвалілі, аднавілі ў партыі. Залічылася ў партстаж і знаходжанне ў КП(б) ЗБ, узнагародзілі ордэнам «Чырвонай Зоркі» і прызначылі на высокую пасаду ў Савет Міністраў рэспублікі. За дакументы Алена не баялася, а палова вёскі бачыла, як яна мяняла ніткі ды іголкі на сала, сыр і яйкі. Ніякіх пасланняў пры ёй не было.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю