412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Вока тайфуна. Апавяданні і аповесці » Текст книги (страница 1)
Вока тайфуна. Апавяданні і аповесці
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 02:44

Текст книги "Вока тайфуна. Апавяданні і аповесці"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 23 страниц)

Annotation

Кнігу пісьменніка Уладзіміра Караткевіча складаюць апавяданні на сучасныя тэмы, аповесць «Лісце каштанаў» – аб жыцці і прыгодах падлеткаў у гады Айчыннай вайны – і гістарычны дэтэктыў «Дзікае паляванне караля Стаха»

Уладзімір Караткевіч

Вока тайфуна

Былі ў мяне мядзведзі

Краіна Цыганія

Калядная рапсодыя

Лісце каштанаў

I

II

III

IV

V

VI

VII

VIII

IX

X

XI

XII

XIII

Дзікае паляванне караля Стаха

Раздзел першы

Раздзел другі

Раздзел трэці

Раздзел чацвёрты

Раздзел пяты

Раздзел шосты

Раздзел сёмы

Раздзел восьмы

Раздзел дзевяты

Раздзел дзесяты

Раздзел адзінаццаты

Раздзел дванаццаты

Раздзел трынаццаты

Раздзел чатырнаццаты

Раздзел пятнаццаты

Раздзел шаснаццаты

Раздзел семнаццаты

Раздзел васемнаццаты

Раздзел дзевятнаццаты

Уладзімір Караткевіч

Вока тайфуна. Апавяданні і аповесці

Вока тайфуна


Бухта ляжала ў чорных безжыццёвых сопках, як ртутная цьмяная люстра. Спалі на гэтай люстры глухія і насцярожаныя цені караблёў. Злева, досыць далёка, дагарала сузор'е горада, самы край гэтага сузор'я, бо цэнтр ягоны хаваўся за мысам, там, дзе бухта рабіла калена. Справа, у горле заліва, размерана ліў святло маяк – і тады ад яго вострай зоркі цягнулася па вадзе проста да Сцяпана Дубаўца амаль нерухомая сцежка.

Ваду цяжка было назваць штылявою. Вада была проста мёртвая. Мёртвая, як гэтая сакавіцкая прыморская ноч. Як цемра.

Тое цямноцце толькі зрэдку ўспорвалі ўспышкі рацьера: караблі нібы скардзіліся адзін аднаму, што вось вакол ноч, золь і самота, што кілі іхнія дранцвеюць і дубеюць у ледзяной вадзе.

Ды яшчэ рухаліся ад карабля да карабля белыя агеньчыкі на шлюпках. Мігцелі, як зоркі.

"Камандзіры з нарады, – падумаў Дубавец. – Нічога сабе гамарня была. Да трох ночы... з вялікімі хвілінамі".

Ён прыкурыў ад недакурка новую папяросу і выпусціў недакурак. Пачуў, як коратка шыкнула ўнізе, нібы нехта сказаў "цс-с" – і ўсё вакол, сапраўды, заглухла цяжка і сонна: увесь сусвет заторкнуў вушы ватай.

Ціша стаяла першазданная. Толькі зрэдку над вадой спявуча стагналі, пераклікаліся карабельныя склянкі. Нібыта крыху надтрэснутымі ўдарамі. А пасля змаўкалі, і зняменне, яшчэ больш глыбокае, зноў павісала над вадой.

У гэтыя перадсвітальныя гадзіны мічман Сцяпан Дубавец усе апошнія месяцы адчуваў дзіўную, шчымлівую, у чымсьці нават прыемную тугу. Быццам на некалькі хвілін нечая жорсткая рука адпускала сэрца. Нібы нейкі цёплы дождж зрошваў на хвіліну ягоную закарэлую, счарсцвелую душу. І рабілася на імгненне лягчэй жыць, і нібы маячыў наперадзе цень нейкай надзеі, і здавалася, не ўсё да канца яшчэ перажыта і згублена ў душы.

Лёгкі туман на вяршынях сопак. У слабым свячэнні зор ён крыху адлівае жаўтаватым і залацістым. Нішто не шкодзіць думцы.

"У дзённай сумятні так рэдка ўдаецца думаць. А з гадамі жаданне думаць усё мацнейшае. І, напэўна, таму ўсё мацнейшае бяссонне".

Волкі пах марской сакавіцкай вады.

"Шкада, што нельга доўга стаяць... Вільгаць... Адразу пачынаюць стагнаць старыя рубцы, пераломы і шнары... "Мінёр памыляецца адзін раз." Глупства якое!.. Дурдола нейкая выдумала прыказку, а сотні ёлупаў паўтараюць! Колькі разоў даводзілася яму бачыць жахлівае, смяротнае полымя, сляпучую ўспышку выбуху на больш ці менш блізкай адлегласці. Рассечаная шчака. Шнар перасек лоб. Зламаныя рука і ключыца ў такую золь кожны раз ныюць, і нібы адказваюць ім асколкі ў правым сцягне і левай назе – апошні падаруначак вайны, якая для іншых скончылася чорт ведае калі, – і многія нават не памятаюць пра яе, не ведаюць яе.

І гэта ўсяго ў трыццаць дзевяць год. Урэшце, чаму "ўсяго". Жэня не лічыла, што гэта "ўсяго". Знікла. Дый што ёй было ў чалавеку, які ледзь не ўдвая старэйшы за яе. Непрыгожы, як грыбзон. Ну і з асветаю, як з мордай. Асвета сівеючага мічмана. А што можна было зрабіць? Спачатку эвакуацыя, пасля бездамоўе і швэнданні паўсюль, таму што бацькі памерлі, не вынеслі. Платформы з зялёным жытам. Нават у чужых гародах краў. Пасля так званы "сын карабля". А пасля знайшоў братоў. А братам гэтым без яго не вывучыцца было б, не ўстаць на ногі. Так вось і ажаніцца не надумаў. А калі прыйшло тое, два гады назад. А, што там!

.Так, не песціла жыццё. Да ўсяго саматугам, то што дзівіцца, што вырас бандураю. Ведаў, што многіх маладзейшых

– і з матросаў, і з тых, што ў некаторых чынах, – ад яго верне. Верне ад сухасці служакі, ад маўклівасці, ад грубай рэзкасці, ад звычкі ягонай надаваць павялічанае значэнне дробязям. Ну і чорт з імі! Базікалам затое не быў, па бабах залішне не бегаў, па корчмах не бахусаваў".

У глыбіні душы ён ведаў, што для самапавагі гэтага мала. Ганебна мала. А ўжо для такіх дзяўчат, як Жэня – і пагатоў.

.У адмірала Ахотнікава была фенаменальная памяць на абліччы, імёны, факты жыцця падначаленых. У многіх і многіх соцень камандзіраў, старшынь, матросаў ён памятаў нават імёны па бацьку жонак, і колькі дзяцей, і калі праштрафіўся, і калі, наадварот, быў адзначаны. Дый хто ўрэшце не ведаў яго, Сцяпана Дубаўца, які са сваіх амаль сарака год дваццаць восем на караблях, з таго самага дня, як узялі яго, беспрьпульнага, на тральшчык юнгам, "сынком". І вось ён аднойчы выпадкова пачуў, як Ахотнікаў у канфідэнцыяльнай бяседзе сказаў аб ім, Дубаўцы:

– Служыць аж занадта старанна.

А што заставалася рабіць яму, Дубаўцу, калі акрамя гэтага ды яшчэ нескладанай сталярскай работы ў доме "для душы", ён амаль нічога не ўмеў? Дый служыць "занадта старанна" нельга. Глупства гэта, хаця і адмірал сказаў.

А Ахотнікаў тады яшчэ прыбавіў:

– Не прывёў бы тады лёс на карабель – быць бы яму старшынёй нейкага калгаса. Такога сабе моцна і ўстойліва сярэдняга. Уся матчастка ў поўным парадку. Людзі жывуць, нібы ў Хрыста ў запазусе. Начальства не ездзіць, давярае. Журналісты таксама, бо лаяць няма за што, а й хваліць дужа -таксама. І, вось глядзіце, мы суседзі, я сам бранскі воўк, а ні Балтыка, ні Поўнач, ні тутэйшыя мясціны з яго ніколі не вышыблі і не вышыбуць магілёўскага мужыка... Палова слоў, палова фраз – адтуль. А ён і жыў там без года тыдзень, дзесяць год, ды ў водпуск часам наязджаў. Гэта як зразумець, га?

Памаўчаў.

– Акцэнт незнішчальны... І вось што цікава, капітан, я такіх дактароў навук нават ведаў. Гэта ўжо ад натуры. Бываюць такія, што й тры універсітэты ім не дапамогуць. Ні французскі, ні рускі, ні нямецкі. Непрабівальныя мужыкі. У мяне знаёмы быў, таксама сусед, з-пад Барысава, з-пад Студзёнкі. Ну, той, дзе на Бярозе Напалеон армію пагубіў. Доктар навук, адзін з лепшых матэматыкаў у Саюзе, галава, тры гады ў Індыі выкладаў. Некалькі моў, у прыватнасці англійскую, як бог ведае. А "The" ў яго ўсё адно як "дзе" гучыць, а думае ўсё роўна па-барысаўску. Ведаеце, што ён адчудзіў, калі яго ў Парыж паслалі? Гуляў, убачыў калону Напалеона і з гэткім першабытным гумарком спытаў: "Што, падла, помніш Бярэзіну?"

Адмірал з капітанам засмяяліся і адышлі. Ды ён і без таго даведаўся зашмат. І хаця параўнанне з доктарам, які выкладаў у Індыі, палесціла Дубаўцу, у душы нешта ўсё ж варухнулася. Не зусім прыемнае. Што зробіш, калі галовы ва ўсіх розныя: у адмірала, капітана, доктара і ў яго? А значыцца, розны лёс. Той жа капітан Кулінчанка – Дубавец ведаў гэта – сказаў аб ім аднойчы так:

– Усё ў яго будзе ў ажуры. І тэхніку зберажэ, і людзей... да пэўнай мяжы. Наколькі гэта прадугледжана. Бадай што і не вышэй. Толькі наколькі самога хопіць. А людзі гэта чуюць.

Мічман у глыбіні душы адчуваў справядлівасць гэтых слоў. Усе так лічылі. А ўсе заўсёды маюць рацыю перад адным. Гэта ён чуў з самых малых год.

Ён зноў закурыў і, моршчачыся, пацёр ключыцу.

"І ўсё ж ён так і дажыве свой век на караблях, бо куды ж яшчэ? Карабель узяў яго тады, у вайну, калі ён, Сцяпан, паміраў з голаду. Узяў "сурова", бо разумеў, што бэсціць дарэмна нельга. Абразіцца хлопец: вайна. Не дзіця ж. У свае дванаццаць бачыў, што й летняму хапіла б. Але й свавольства рознага, накшталт "прадзімання макаронаў на камбузе" або "прыносу вядра сухой пары з машыннага аддзялення", таксама не было. Нельга: "сынок".

І ён прывык лічыць карабель адзінай суцэльнай істотай. Ад бака да юта з усімі машынамі, людзьмі, тралам гэта быў нібыта суцэльны арганізм, у якім кожная частка "неўзаемазамяняльная".

Любоў да людзей ён пераносіў на ваенную службу ўвогуле, бо людзі былі часткай гэтай службы, магчыма, лепшай. Дый пра занадта гучнае слова "бацькаўшчына" ён таксама, як здавалася яму, ніколі не думаў. Праўдзівей, думаў, але толькі як пра "службу бацькаўшчыне", дзе слова "служба" заўсёды стаяла на першым месцы, а другое слова было нібыта прыдаткам да яго.

Ну, так, ён, вядома ж, помніў цёмныя ад часу дошкі столі і сучкі ў іх, якія можна разглядаць гадзінамі, лежачы на печцы, помніў, як цягнуцца ўздоўж цвёрдай сцежкі беларукія бярозы і замшавыя асіны, як залацее за імі мора лубіну. Часам яго цягнула туды ў водпуск. Але што з таго? Цяпер над ім была снежная столь каюты, а заместа залатога мора – свінцова-сіняе, колеру "прускага блакіту", як не зусім дасціпна сказаў аднойчы "карабельны мастак" мінёр Анатоль Каня. Зямляк, "зямеля", як тут казалі, толькі што не з Магілёўшчыны, а аднекуль ці то з-пад Слоніма, ці то з-пад Шчучына.

Ён не ведаў, што гэтая так званая "бацькаўшчына" сядзела ў ім, магчыма, мацней, чым ва ўсіх тут. Як дрэва не ведае, што яно з зямлёю – адно. Магчыма, многія яго й не разумелі менавіта таму, хаця ён ніколі не падвёў іншага ні перад суседам, ні перад начальствам. Адны ставіліся да яго абыякава, другія – з сухаватай насцярожанасцю, трэція – нават з лёгкай непрыязню.

– Службіст... Сухар... Гумару няма.

А гумар у яго быў. Змрачнаваты. Толькі гумар гэты мала хто разумеў, бо і ён, гумар, у яго быў спецыфічны, магілёўскі, амаль неперакладальны. І валодаў ён толькі ім.

Пра чалавека з невядомым мінулым і няпэўнымі паводзінамі ў сучасным, якому, аднак, даверылі важлівую справу, ён мог сказаць:

– Прыйшоў сюды з катніх рук, а ты яму вер.

І мог сказаць, убачыўшы матросаў, што ідуць у лазню:

– Патопалі хлопцы на голы банкет.

Толькі аднойчы ён быў здзіўлены. Гэта тады, калі, падарваўшыся на міне, ляжаў у шпіталі. Столькі яму, здаралася, нацягвалі падарункаў. Ён, дужа стрыманы, быў крыху падазроны да праяў чужых пачуццяў.

Але пасля ён і для гэтага знайшоў палічку. Так, не дужа любяць, але, мабыць, крыху паважаюць, бо ніколі не быў з пароды "сачкоў", ніколі не перакладаў сваёй работы на чужыя плечы. Наадварот, браў частку яе з нязвыклых, слабых плячэй на свае. Без работы ў жыцці што ж? З нудоты апруцянееш.

Ну, і потым "на службе ведь пострадал", як жа не зайсці. ...Агарошыў яго і выклікаў поўнае непаразуменне толькі адзін падарунак, бо ён не лез ні ў якія рамкі. Ён служыў тады на іншым тральшчыку, і вось ягоны мінёр Більдзюкевіч, таксама "зямеля", заўсёды расхрыстаны ва ўсім, акрамя работы, лабідуда і недалуга (за што й палучаў ад мічмана часта фіцілі) – гэты мінёр прынёс яму ў шпіталь падарунак: белую нейлонавую малпу.

У малпы быў неймаверна сумны і маркотны выгляд: рот да вушэй, вушы, падобныя на пельмені, і журботныя вочы.

Більдзюкевіч, відаць, зразумеў ашаломленасць мічмана па-свойму:

– Ды гэта нічога, таварыш мічман. Калі наконт таго, што сумняваецеся падарыць, – дык гэта глупства. Разумная не пакрыўдзіцца, а дурная – шайтан з ёю.

Дубавец так і зразумеў, што гэта не для яго, а для Жэні. Уся гавань вельмі недасціпна казала, што ён з ёю "круціць раман". І злёгку "агарчыўся" (агарчэннем у гавані называлі аднолькава і выхадку падначаленага, і фіціль ад начальства), бо лічыў, што ён дужа нядобры сабою: выкапаная малпа.

Гэта было не так. Толькі вечная пахмурная паглыбленасць мічмана ў сябе перашкаджала яму заўважыць, што некаторыя -і нават даволі многія – жанчыны азіраюцца на яго на вуліцах горада.

Досыць высокі і шырокі ў касцях, велікароты, шыракавокі, брывасты, з магутнымі надброўнымі дугамі, крыху рудаваты, у пшаніцу.

Словам, па замячанню таго ж "мастака" Анатоля Кані:

– Дурніца, можа, і не прышвартуецца, а разумная... Шкада, што гэтых разумных малавата. Астатніх, мабыць, чорт выпалаў.

Каня быў адзін з нямногіх, хто мог прыадхіліць перад мічманам частку душы. Можа, цягнуўся як да земляка. Але Дубавец не йшоў яму насустрач амаль ніколі. Вайна і ўсё астатняе нялёгкае жыццё выхавалі яго ў тым перакананні, што нельга ўголас гаварыць пра свае думкі і пачуцці, нават калі ты "тонкі чалавек". І нават калі бачыш, што прыгожа (а ён інстынктыўна адчуваў прыгажосць), дык казаць пра гэта апошняя справа.

– Гэта што ж палучаецца. Ты, скажам, пусціш кагосьці ў душу, а ён, можа, зусім і не той, каго належыць пускаць.

Ён мала давяраў такім людзям і нават крыху недалюбліваў іх.

– Можа, таму гэта ўсё і скончылася. Нават ясна чаму. І асвета розная і ўзрост. Старэючы сухар, службіст, без гумару, без умення падтрымаць размову на высокія матэрыі. Цалкам ясна, што не для яе ён быў. Толькі які ж там быў "раман"? Яна не ведала аднаго, што нікога ён больш не жадаў са дня іхняга разрыву.

– Адналюбівы, як асёл, – сказаў пра яго неяк мічман суседняга тральшчыка, прыгажун Несцярэнка, і ён пачуў гэта без крыўды.

"Ну й няхай, як асёл. Усе лепей, чым ён, певень кахінхінскі".

Ён уклаў у гэтыя словы ўсю пагарду сваю да несцярэнкаўскай пароды мужчын.

.Яна тады з'ехала на метэастанцыю, на востраў Рагвольд. Блізка, а нібыта на край свету. За два гады дзве выпадковыя сустрэчы. Абодва разы ён зрабіў выгляд, што не заўважыў яе. Няма чаго таму богу кланяцца, які на нас не зважае. Таксама мне яшчэ... польская панна.

Ён быў сухар, але сухар горды і ўпарты.

І таму малпа ўвесь час сіратліва вісела ў яго ў каюце.

Калі Дубавец быў злосны на няўдалы выхад у мора або, як яму часам здавалася, на несправядлівыя разносы начальства

– ён паварочваў яе журботнай мордаю ў кут.

Дарыць ён яе не хацеў. Падоранае нельга дарыць. Гэта было адно з тысяч ягоных цвёрдых правілаў. І ўсё ж дарэмна

Більдзюкевіч дарыў яму малпу. Ні ёй яна не прыдасца, ні будучаму сыну.

І ўвогуле – дарма.

Цішыня над бухтаю ўжо не была такая глыбокая. Яе нягуста разрывалі блізкія і далёкія гукі. Даносіліся цені галасоў. Спявуча ныў, выбіраючы якар, шпіль. Лязгаў, бегучы ў ланцужную скрынку, якар-ланцуг. Вось з вухканнем вырваўся з вады і сам якар. На імгненне Дубавец пачуў, як з яго лье. Пасля пачуўся грукат, удары аб корпус карабля: якар замацоўвалі па-паходнаму.

Караблі рыхтаваліся да выхаду ў мора.

Мічман дастаў папяросу, пераканаўся, што ў пачку запалак няма, ляснуў сябе па кішэнях.

– Вазьміце, таварыш мічман.

За ціхім спевам дызеляў, што пачаўся хвіліну назад, Дубавец не пачуў крокаў мінёра Кані. "Карабельны мастак” працягваў яму запалкі.

– Дзякуй.

Пакурваючы, яны глядзелі, як агеньчыкі караблёў цягнуліся да выхаду з гавані.

– Вам, мабыць, яшчэ ў вайну даводзілася сто разоў такое бачыць?

– У вайну пры выхадзе ані агеньчыка. Ані гуку.

Нейкая насцярожанасць заўсёды непакоіла Дубаўца, калі побач быў мінёр Анатоль Каня. Занадта ўжо непадэбныя яны былі між сабою. І параўнанне тое было невыгаднае для мічмана, а таму ён увесь час думаў над гэтым непадабенствам.

Не дужа высокі, але да таго ладны, што глядзець весела. Сядзіць на ім усё зграбна, падагнана. У двухсотрублёвым гарнітуры іншы так не выглядае, як гэты ў звычайнай шапцы, целагрэйцы, ватовых штанах і ботах. Такога хаця ў дзяружку зашый – усё адно фацэт.

Нічога ён супраць яго не меў: служыць, працаўнік, сябра не заложыць, на чужой спіне ў рай не палезе, а ўсё ж... Мо таму, што мінёру ўсё на свеце ўдавалася ў сто разоў лягчэй, чым яму, мо таму, што ён са шчаслівай лёгкасцю, гуляючы, заваёўваў усё, што ён, мічман, браў цяжкай працай. Нават сябрамі людзі яму рабіліся пасля першага слова, а то й пасля першай усмешкі.

Усмешка і праўда добрая. Кепскія людзі такой не выціснуць. І вочы адчайдушна-вясёлыя, цёмныя, злёгку міндалевідныя. І чуб хвалісты. Крыху выліцаваты, але вакол рота ніжэй гэтых скул такая цвёрдая прыгожая гульня мускулаў, што скул гэтых і не заўважаеш.

Адсюль, пэўна, і насцярожанасць. Адчуванне, што каб давялося сядзець за адной партай, танцаваць на адной пляцоўцы і ўсё такое – гэты гуляючы ўзяў бы верх. Ужо не кажучы пра тое ягонае маляванне. Шмат у якіх сяброў, дый у камандзіраў многіх напісаныя ім партрэты. Дужа жывыя, толькі што не гавораць, і – гэта мічману здавалася містыкай -падобныя з арыгіналам, як два кітайцы адзін на аднаго.

– Гляньце, агні цягнуцца да выхаду з бухты, – сказаў

Каня.

– Ну.

– Вясёлкавы які арэол вакол кожнага агня! Ле-едзь прыкметны. А колерам. вось зімой такое кола вакол поўні бывае.

Мічману стала ніякавата і нават крыху сорамна.

– Агні як агні, – сказаў ён. Бадай што пад вечар будзе вецер. Са снегам.

Тут жа ён не пахваліў сябе за сухі тон.

– Чаго ж гэта ты, Анатоль, не спіш?

– Не спіцца нешта.

Ён усміхнуўся так прасветлена і шчасліва, што Дубавец зразумеў: бясссонніца тут і не з'яўлялася. Матросу перашкаджала спаць нейкая вялізная радасць, нейкае лікаванне, што аж распірала яго. І радасць гэтая была з тых, якімі абавязкова неабходна падзяліцца, як бывае неабходна падзяліцца горам. Мічман разумеў гэтую патрэбу ў чужой зацікаўленасці, хаця сам ніколі на такое не пайшоў бы.

– Пра дзяўчыну задумаўся? – штучна ўдаўшы гэтую зацікаўленасць, спытаў Сцяпан.

Матрос толькі яшчэ шырэй усміхнуўся, непрыкметна схіліўшы галаву.

"Чаму гэта людзі, калі яны шчаслівыя, усміхаюцца заўсёды дурнавата, – падумаў мічман. – Вось і гэты. Хаця, што з яго ўзяць? Юнак яшчэ. Амаль дзіця. Я ў яго гады ўжо дзевяць год адплаваў"

Ён забыў, што ягонае "плаванне" пачалося, мякка кажучы, супраціўна натуры і здароваму чалавечаму сэнсу.

– І добрая хаця дзяўчына? – ён задаваў пытанні толькі таму, што работы ўсё адно яшчэ не было. – Дзе пазнаёміліся хаця?

– Ды вы ж сведкам былі... Хаця не. Вы тады ў водпуску былі. Гэта падчас таго лістападаўскага выхаду, калі хворых з Рагвольда здымалі.

– Казалі мне нешта такое. Я тады на поўдні ўпершыню быў. У Сачах... Ну.

Анатоль закурыў.

– Мы ўжо назад тады вярталіся. Радаваліся, вось-вось база, а там і горад. Драіліся, прасаваліся, усё такое. І раптам загад: ісці на востраў, зняць і даставіць хворых. Ведаеце, як пасыплюцца ўжо няшчасці – падстаўляй торбу. Усе злыя. Камандзір маўчыць. Галоўны мінёр чорта прыпамінае.

"Ясна чаму, – адзначыў мічман. – Раней ён, бывала, у выпадку чаго і матам мог. Я гэта до-обра памятаю. Завязаў, бо аднойчы ўпрыцемку не разабраў, дый пусціў да мамы не таго, каго трэба. Нічога добрага з гэтага для яго не атрымалася".

А ў голас сказаў:

– То што?

– Лаяўся больш так, прывычка... Таму што справы былі сур'ёзныя. Матарыста аднаго з кавасакі кінула хваляй – клетку грудную памяла. Ну і жанчына: цяжкі выпадак апендыцьпу... Добра, пайшлі. А тут не мора – вадзяное пекла: ваду нясе, пену з валоў зрывае. Дыхаць амаль немагчыма, не паветра, а ледзяны перасолены суп.

"Бач ты, паезію развёў, – з іроніяй падумаў Дубавец, напэўна, цябе, пяюна, бабы слухаць любяць".

– Падыходзіць наш 'Тайфун" да месца высадкі, і мы ўсе бачым: не толькі караблю – шлюпцы падысці да берага не ўдасца, такі накат. Валы б'юць, назад са скал сплываюць. Зялёныя, каламутныя, шкляныя. А там чакаюць. Паміраюць, можа. Тады старлей вырашыў: няхай двох са шлюпак дабіраюцца да берага проста так.

– Ножкамі? – спытаў мічман.

– Гэ-э, ножкамі. Дзе ножкамі, а дзе й турманам. Таму што як нападдасць хваля, як адвесіць ляшча ў кармавы абвод, дык пасля хоць месяц задраты бегай. Ад трусоў і то балюча.

У абодвух былі іранічныя твары, ды і ў словах гучала іронія. Гаварыць аб такіх звычайных рэчах, калі небяспека мінула і забылася, было чамусьці сорамна.

– Пакуль да берага ракам далезлі – выгляд у нас быў, нібы нас праз земнаснарад прапусцілі. А назад яшчэ горш. Нясём іх на руках. Ну, ясна, кожны канцом абвязаўся, так што цягнуць. І то, пакуль дабраліся, насёрбаўся я салоных гуркоў па глотку і яшчэ вышэй. І, верыце, таварыш мічман, сіняк ад шыі да кіля цэлы месяц не сходзіў.

– Марна. Гэта ж не кожны дзень такое, – сказаў Сцяпан. -Запомні першы запавет падначаленага: с. на берасцень, не будуць біць кожны дзень.

Каня ўсміхнуўся і раптам сказаў, нібы прызнаваўся:

– Я ж амаль не магу, калі вада ледзяная. Іншы плыве, і нічога, а ў мяне адразу сутаргі. І такія, што ўзвыў бы, як шэры на каляды. І ногі, і рукі, і ўсё...

– А дзяўчына?

– Ну, даставілі мы іх на карабель. Я й не разгледзеў яе амаль. Веі толькі. Цень на палову шчакі. А потым яна мне ліст напісала з падзякай. Я адказаў.

– Сустракаліся?

– Ды разы тры.

– І як, цікава ёй з табою?

– Думаю – так. А пра мяне й казаць няма чаго. Асвета мая крыху падкачала – нічога, дацягну. Мне ж дваццаць два толькі.

"Усё яшчэ наперадзе, – падумаў мічман. – І тут табе, малец, сто ачкоў дадзена перад іншымі. Што ж, памагай бог".

– Харошая жанчынка. Засмяецца, дык і ў мяне ад смеху ўсё нутро хвалюецца. Я, таварыш мічман, каб убачыў што нехта яе пакрыўдзіў, я б таму свінюку за гэта такога чуба даў, што ён бы лысы з бальніцы выйшаў. І то – толькі праз месяц. Дужа добры чалавек. І ведае шмат, хаця тут чаго ж здзіўляцца. Метэаролаг... Станцыя іхняя на Рагвольдзе.

Невядома чаму, але Дубавец раптам адчуў сябе так, нібы нехта выліў яму за шкірку спачатку конаўку гарачай, а пасля конаўку ледзяной вады. Усёй падсвядомасцю ён быў ужо ўпэўнены ў адказе, нейкім невядомым інстынктам ведаў яго і ўсё ж спытаў, не мог не спытаць:

– Ну, а завуць як?

– Яўгенія... Жэня... Аўгіння па-нашаму... Антонаўна.

Нешта апусцілася ўнутры ў Дубаўца. Адчуваючы

незямны, нечалавечы холад і пустату, але ўсё яшчэ без надзеі спадзеючыся на нешта, ён глуха сказаў:

– Метэаролаг з Рагвольда... Т-так... Прозвішча часам не Арсенцева?

– Угу. А вы што, ведаеце яе?

– Здаецца, не ведаю. Але чуў неяк... Так, здаецца, я пра яе калісьці нешта чуў.

Ён хацеў сказаць яшчэ штосьці, і ён баяўся сказаць, баяўся, што сарвецца, зарыкае ад ярасці і болю.

Выручылі яго званы гучнага бою. Яны крычалі нібы не над тральшчыкам, не над свінцовай бухтай, над якой бляднела перадсвітанне, не над рабрыстымі голымі сопкамі, а нібыта ў вушах, у грудзях, у галаве.

Час было брацца за справу. Уваходзіць у гэты тлумны, пахмурны, абрыдлівы і, аднак, будзённы, калі не лічыць болю, дзень. Самы для яго пракляты з усіх дзён, якія былі калі-небудзь і будуць.

Павольна цурчала за кармой тральшчыка густая, масляная вада. Скупавата свяціла праз тонкія, але частыя аблокі сонца, што яшчэ амаль не давала цеплыні. Хвалі ў яго слабым, рассеяным ззянні здаваліся зялёнымі.

З левага борта, вельмі далёка, можна было заўважыць яшчэ некалькі тральшчыкаў, якія скарадзілі мора. Там, калі глянуць дакладна ў напрамку на норд у моцны марскі бінокль, далёка за тральшчыкамі можна было заўважыць шэрую палоску: аблокі, што ляжалі над высокімі сопкамі нябачнага адсюль берага.

Справа, з зюйдавага боку – караблі ішлі курсам "ост", -быў відзён тральшчык-напарнік. Толькі ён ішоў марысцее "Тайфуна", быў далей за яго ад берага.

У той дзень работы было да д'ябла. Знішчылі чатыры міны. Мінёр "Тайфуна" старлей Андрэй Сцівен, той самы, што паслаў кудысь не таго, каго трэба, цадзіў праз зубы:

– Чартаўня нейкая. Не мора, а суп з клёцкамі. З д'яблавымі фрыкадэлькамі, тры чарты ім ніжэй хваста.

Высачэзны, бялявы, з вечна прыжмуранымі светлымі вачамі ён ад свайго дабрадушша і лаяўся проста так, дзеля парадку. І мічман думаў, што дарэмна яму тады нагарэла, дарэмна ён займае месца, на якім цудоўна справіўся б і лейтэнант.

Чатыры разы шлюпка адвальвала падрываць міны. На вёслах Анатоль Каня. З ім здаравенны, кубічны, старшына Іван Красоўскі. Чатыры разы ўставалі за кармой гейзеры шалёнай вады, узносіліся проста ў неба і ападалі, і нехта быццам біў магутнаю далонню па барабанных перапонках, і, каб часова не аглухнуць, даводзілася разяўляць рот.

І ўвесь гэты дзень мічман мімаволі сачыў за мінёрамі, і думаў аб ім. Вось ліхаманкава вяслуюць да карабля, вось узлятае за імі белы слуп вады, і, калі асядуць апошнія пырскі, Каня крычыць нешта здзеклівае, весела выскаляючы белыя зубы.

Дзіўна, ён, Дубавец, ён жа быў амаль спакойны, пакуль ведаў, што побач з ёй нікога няма. Ён прымірыўся б нават з яе замужжам, што з ёю муж, калі б толькі не ведаць яго. Але вышэй усякага цярпення было думаць, што яе кахаюць і, магчыма, кахае яна, што гэты чалавек увесь час побач, што не ўцячэш ад яго, не схаваешся, што з ім трэба гаварыць, хай сабе толькі на службовыя тэмы.

"Ідзе на шлюпцы. Прыгожыя, эканомныя, дакладныя рухі рук. Чаму я быў амаль спакойны да гэтай раніцы? Спадзяваўся? Не, проста суцяшаўся – нічыя. Свінства!"

Дубавец ненавідзеў сябе за гэтае вартае жалю суцяшэнне, за ідыёцкую рэўнасць, за ўсё. І аднак не мог думаць іначай, бо ніколі не думаў, што гэта так цяжка.

"Пісакі пісалі: "сэрца баліць". Брахня. Нічога такога ніколі не было на свеце ні ў яго, мічмана Дубаўца, і ні ў кога іншага. Пабрахенькі!"

І вось зараз ён адчуваў такі неадольны, фізічны боль у сэрцы, што яму здавалася: ён памірае.

...Калі ўзарвалі другую міну, аднекуль з глыбінь, з таго, што нават думкай не назавеш, усплыло цёмнае...

"Мабыць, не балела б так, мабыць, было б лягчэй, каб Каня схібіў".

Ён адразу ж, нават не асэнсаваўшы ясней, жахнуўся гэтаму, пачварнаму, што ў адну хвіліну перакрэслівала і бездакорнасць ягонай працы, і жыццё. Да фізічнага болю недзе з левага боку грудзей прыбавілася яшчэ і пякучая пагарда да сябе. І гэты боль, гэтая пагарда нібы далі яму зразумець, што ён ненавідзіць мінёра так, як яшчэ ніколі і нікога ў жыцці.

"Чаму ж яго? Чаму менавіта яго? Чаму не кагосьці іншага, з якім яны не асуджаны быць на адным караблі?"

Ён думаў, што каб яна пакахала кагось сталага, мужнага, вопытнага , тады ўсё было б іначай. Ён не мог не думаць, што мінёр на год старэйшы за яе і гэта добра, але ён глушыў гэтую думку.

"Маладзён, шчанюк, салага зялёная. Што ў ім, халера яго забірай, можна было ўбачыць? Фарбамі мажа? Умее мянціць наконт ар-рэола вакол агнёў? Пэцкаль. Прыпёрлі б цябе, як нас у шхерах у сорак трэцім – тросся б, як сабачы хвост, бабзно!"

Ён знаходзіў для яго самыя жорсткія, грубыя, знішчальна-крыўдныя словы. І сам жа чырванеў, быццам гэта яму, Дубаўцу, кідалі іх у твар.

"Добра, няхай я малпа на твар. Ты паводзінамі – малпа".

А ў сэрца нібы рыўкамі ўваходзіла тонкая, востая ігла.

Размыты, ці то шэры, ці то сонечны, нерэальны дагараў над морам дзень. Няпэўны, нібы зусім бясшкодны. І, адначасова, сама гэтая няпэўнасць нечым насцерагала, прымушала з трывогаю чакаць чагосьці ўстойлівага, каб ужо добра ці дрэнна, але нешта было.

Мічман меў рацыю ў сваім прадчуванні: вецер падвячоркам рэзка пасвяжэў, а пасля стаў "дужа свежым". Гэта яшчэ не быў шторм, але тое, што адбывалася вакол, было на грані яго. Хвалі кіпелі, віравалі, узблісквалі пад зусім ужо нізкім, трывожным сонцам, усплёсквалі белымі грывамі. Грабяні іхнія, па меры таго як паміралі сонечныя праменні, бы нейкім злым чарадзействам ператвараліся ў цяжкое волава і свінец. Злавесныя валы каціліся з-за далягляду і былі цёмныя і нават на выгляд цяжкія, як базальт.

...Апошні, ледзь не праз ваду ўжо, пробліск сонца быў пранізліва-трагічны і журботны.

Амаль такое ж страшнае сонца мічман бачыў год восем назад, калі ўраганны вецер кінуў іх у самае "вока тайфуна", напаўжывых, закатаваных утрапёным шаленствам стыхіі. Шмат гадзін з верхавіны ў бяздонне між тытанічных валоў. І ведаеш, што гэта вар'яцтва на многія дзесяткі міль вакол цябе, і раптам -роўнядзь вады, а вакол, па коле, бягуць шматтонныя вадзяныя волаты. І скачок у гэтую цішыню, і раптам поўная ціша, і вакол, як сцены, круцяцца непраглядныя смярчы, а над галавой, у маленькім, як пятачок, прасвеце, гнеўнае сонца. Студня, з якой ужо няма выхаду. "Вока тайфуна", сэрца яго. Быццам з дна чорнай прорвы глядзіш, быццам няма табе іншай дарогі, акрамя дарогі да неба.

Мічман здзівіўся, прыдумаўшы такія прыгожыя і хвалюючыя словы, але тут жа зразумеў. што нават калі б здолеў выказаць іх, то нікому не змог бы сказаць, і Жэні Арсенцевай таксама. Здолеў бы, як Каня, можа, усё было б іначай. І несправядлівасць гэтага зноў балюча ўдарыла яго па сэрцы.

"Вока тайфуна". Як яны вырваліся тады з яго – вядома было толькі богу, здзёртым іхнім пазногцям, пабітым на яблык целам, зламаным рэбрам дваіх матросаў і яго, згубленым шлюпкам і якару, памятым бартам карабля.

"Восем год назад, яны тады, адурэлыя і аслепленыя, напаўмёртвыя, напаўзвар'яцелыя, вырваўшыся са страшнага, як смерць, утрапення, не паверылі ласкаваму сонцу, спакою, цішыні. І ён не ведаў, што наперадзе была Жэня. І гэты дзень.

Восем... Тады гэты мандаліннік на ягоную, Дубаўца, пагібель толькі рос недзе. Хадзіў у нейкі там шосты клас. Вучыў у геаграфіях пра тайфуны і ані д'бла не ведаў аб тым, што тады адны толькі рыбалоўныя японскія судны гінулі дзесяткамі, што ў Брыстольскім заліве тайфун, як цацкі, перакуліў нашы сейнеры і ўратаваўся толькі адзін чалавек... Дый яна пра ўсё гэта ведала не лепей за яго.

Тое, што зараз, гэта не тайфун, але на душы горш чым, бадай, падчас тайфуна. Змыла б тады за борт – і ўся табе ютрань. І добра было б. Так і пражыў бы, не ведаючы ўсяго гэтага".

...Хмары ўжо заснавалі ўсё неба і цяжарам сваім як быццам прыціскалі караблі да вады. А вада імчала, уздымалася, абурвалася на іх, гарматна біла ў барты, кідала, раўлівымі плынямі імчала па палубах, абкатвала мосцік, з размазху біла людзей, спрабавала цяжка і ўладна цягнуць іх з сабой, не давала выбіраць апошнія тралы.

Палуба хілілася, нібы хацела дапамагчы вадзе, скінуць ёй людзей проста ў рэдкія белыя зубы.

– Працаўнікі мора, – бурчаў мічман. – Якога яшчэ... Пакутнікі мора, вось гэта будзе вярней.

Старлей Сцівен, трымаючыся за тралбалку сінімі лапішчамі (ён не прызнаваў пальчатак) і ненатуральна шырока расставіўшы ногі, чарціў і чарціў і вецер, і мора, і выбарку трала, і тых, хто выбіраў:

– Што вы чартаўню нейкую робіце. Антонаў, чорт, не бачыш, змывае!!!

Хвалі, перакачваючыся цераз борт, сапраўды змывалі незамацаваныя дэталі, буйкі, канцы.

– Гады! Падлюгі! – грымеў Сцівен. – Засмецілі з гэтай ус... вайной мора, а ты тут ары. Дав-вай, хлопчыкі! Давай наваліся.

Ніхто не звяртаў увагі на чартыханні старлея. Гэта быў неабходны акампанемент да работы, і большасць здзівілася б, каб ён раптам спыніўся.

"Брыда тое, што я падумаў у тое імгненне", – сам сабе сказаў Дубавец.

Ён бачыў, як Каня (цёмная сасулька чуба падала з-пад мокрай шапкі на яго барвяны ад напругі лоб), увесь заглыбіўшыся ў тое, што рабіў, адным ударам кувалды выбіваў кліны разакоў так, што яны ляцелі на шкафут. Бездапаможна павіснуўшы на тралчастцы ("карова на плоце" – дасціпнічаў Сцівен), разак, перавярнуўшыся, сасклізваў па ёй. Яго хапалі рукі другога мінёра і кідалі са звонам у скрынку. За разакамі, здзёртыя на хаду, ляцелі буйкі. І ўсё гэта было як жудасная, адчайдушна-вясёлая, да надрыву пякельна цяжкая пад гэтымі валамі гульня. Слізгаючы па палубе, учапіўшыся ў вялікія буі і ланцугі, матросы цягнулі іх ад кармы, як чарада мурашак.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю