Текст книги "Вока тайфуна. Апавяданні і аповесці"
Автор книги: Уладзімір Караткевіч
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 23 страниц)
– Рацыя, – падхапіў Навум. – А то мы гэтых гадаў не дагонім.
– Чаго чакаць? – сказаў разважліва Багдан. – Бульбу выкапалі, бацькам на гародах падмогі не трэба. I, аднак, не паўсюль жа выкапалі. Будзе прыкормак нейкі. Сёння на адным полі, заўтра на іншым. Ні калгас, ні гаспадар ад якіхсьці там пары карчоў не збяднеюць.
– Паслязаўтра давайце, чаго ката за хвост цягнуць? – гэта нецярплівы Жэнька ўставіў свае тры грошы. – Заўтра Ролік вось у "слупы" па зброю завядзе, пашукаем. А паслязаўтра – ф'юць...
– Мы яе за адзін дзень, можа, і не знойдзем многа. Ну, ясна, мой патаемнік. Але там мала. Давядзецца шукаць яшчэ. -Ролік задумаўся на хвіліну і рашуча ляснуў сябе па каленях. – А чорты б з імы! Вырашана. Паслязаўтра ці, крайні тэрмін, праз два дні.
I тут мы здзівіліся. Таму што на купе бітай цэглы з'явілася, як чорт з табакеркі, Нонка, якая цягнула за руку Карла.
– Прывітаннечка, змоўнічкі. Бач, сядзяць, нібы кашы аб'еліся. Пышныя гэткія! А сяброў, значыцца, забылі? Кінуць вырашылі?
Я ўбачыў, як у Роліка на імгненне з'явіўся ў вачах бляск. Пасля ён адвярнуў галаву.
– Вы чаго тут?
– Кінь, – умольна сказала Ліза, – яны ж таксама шмат зрабілі. Не крыўдзі іх.
– "Рыбка золотая над подводным гаем", – пацягнула паветра носам Нонка. – Сядзяць, як нейкія ідалы турэцкія. Нума, Карло, лізь та даставай.
I сама выхапіла ў яго з-за пазухі бутэльку.
– Гэта чаго? – варожа і непаразумела спытаў Раланд.
– Наліўка вішнёвая. Сама яшчэ тады зрабіла, летам. Думала, перад дарогай, на шчасце. Вы ўсё ж хаця і шкодныя, і злосныя, і высакародства ў вас, прабачце, ніякага, хаця і кепскаватыя, а ўсё ж мужыкамі лічыцеся... будучымі. Што ж, давайце, піндзюры, так зробім: распіваем адвальную, а тады гаршчок аб гаршчок і... вы сваёй дарогай, Карл сваёй, а я -сваёй. Нічога, дарог шмат, кудысьці ды прыйдзем, а рукі паўсюль спатрэбяцца.
Карл зірнуў на яе. Нонка стаяла, прыхіліўшыся спінаю да ствала дзікай вішні, незалежна скрыжаваўшы падрапаныя ногі. Карл уздыхнуў, пайшоў да Раланда і працягнуў яму руку.
– Гэта яшчэ чаго? – Ролік глядзеў на яго сурова, спадылба.
– Мір, – проста сказаў Карл. – Мір, бо яна сказала, што дурні тыя, хто сварыцца. Мы з табой дурні... Бо яна...
– Гаваркія вы, мужыкі. Красамоўны вы народ, арлы вы нашы. Проста... як варэнікі. Глядзець люба, асабліва на Карла з Раландам. Усё дабіваліся: скажы ды скажы. I прыгожа так гаварылі: "3 кім дружыць хочаш?.." А я, калі хочаце ведядь, ні з кім з вас дружыць не хачу. Я з іншым дружыць хачу.
Усе сядзелі прыгаломшаныя.
– Ну, то што? Цяпер мір? Няма чаго вам адно на аднаго гыркаць. Мір? Падайце рукі адзін другому.
У Лізкі вочы былі на мокрым месцы. Цяпер – ад радасці.
– Раландзік, даражэнькі, ты ж добры. Кінь злавадца. Карлуша, ты ж такі – ну, самы найлепшы. Ну, няма ж прычыны. Ну, даруйце кожны другому. Ну, рукі... рукі. – Вочы яе малілі.
– Па-мойму, дык нават... дзеля карысці справы, – буркнуў Багдан.
Лізка кінулася Роліку на шыю. I тут я ўбачыў, што Фінеес часта-часта заміргаў.
– Мірыцеся, басякі, – сказаў ён дзіўным, такога я не чуў ад яго, глухім голасам. – Мірыцеся. Ну, падумаеш, ну, усім кепска. Каму, пытаюся я, на гэтай круглай зямлі добра? – I выбухнуў: – Падайце рукі, сволачы! Хаця б дзеля мужычай дружбы, залатаротцы вы.
Яму было нявесела: краёчак рота ўздрыгваў. Мне таксама было пагана.
– Ну, рукі. Усе – рукі, – сказаў я.
Рукі нашы сустрэліся.
– Ну вось, – сказала Нонка. – I каб ніколі не сварыцца.
Раланд разгроб жар і выкаціў адтуль абвугленыя скруткі.
Зняў, здзьмухнуў спачатку голы чорны попел, потым чорную ломкую паперу. Потым карычневую. Потым разгарнуў белую.
Рыбы ляжалі там, нібы ў гняздзе, усе залітыя ўласным тлушчам, бронзава-чырвоныя, ільсняна-белыя на зломе. Парылі. Курэлі.
– Ешде, – сказаў Дзмітрэнка. – Карл. Нонка.
– Не лавіў, то чаго я есці буду? Не заслужыў.
– А ты горды, Карл. Гэта добра, што ты горды. – I вызверыўся: – Еш, тварына басурманская ты, а то так адпрасую, што...
Пасля гэтага выбуху яму палегчала. Расплюхаў гнеў. Карл усміхнуўся і ўзяў рыбіну. Бутэльку пусцілі па крузе. Кожны рабіў глыток з рыльца, і хутка ўсім стала весела, захацелася смяяцца і быць добрым да ўсіх. Мы ўпершыню пілі нешта мацнейшае за ваду. I ўсе вакол былі дужа смешныя і родныя.
– Што ж вы, хлопцы, мяне не пытаеце... а з кім я дружыць хачу? – сціснутьм нейкім голасам спытала Нонка. I раптам развесялілася. – Ну, хто ён, той... які...
– Хто? – з поўным ротам спытаў Багдан.
– Ды вы яго добра ведаеце. Ён мяне кахае.
– Дык хто? – з холадам у душы спытаў я.
– Хто? – Мне здалося, што яе вочы зусім не такія вясёлыя, што яны не смяюцца, што яны хутчэй... I калі гэта называецца смехам, то што тады такое плач? – Ды ты. Ты, дурань мой гаротны, небарака мой. Ты.
Здаецца, я страціў прытомнасць. Ад слова – першы і апошні раз у жыцці. Пасля я адчуў, што мяне трымаюць за плечы, што нехта торкае мне ў зубы рыльца... Калі я ўзняў веі, вочы мае сустрэліся з яе вачамі. Позірк гэтых вачэй быў насцярожаны, уважлівы і, нечакана, вельмі сур'ёзны. Глыбокі, дапытлівы, нібы яна ўпершыню бачыла мяне.
– Гэх ты, баба, – сказаў Багдан.
За глыбінёю, за шкадаваннем і дапытлівасцю я падсвядома адчуваў у гэтых вачах боль. Але нават каб гэтыя вочы адкрыта хлусілі – я б паверыў. Мне так хацелася верыць! А яна скаланула галавой, кінулася да агню і засакатала, як заўсёды:
– Ён мне сказаў пра гэта, – рука яе лягла на маю. – I, дурнік такі, не зразумеў, што я ж яму адказала, што я радуюся. Не магла ж я так проста адказаць: "Давай..." Ну, я і маўчала, думала і вось... Таму і вам не хацела нічога казадь. Усё думала, ён абдумаецца, яшчэ раз скажа. А ён, дурны, маўчыць, паверыў. Такі дурашны. Сам разумны, а галава дурна-ая.
Карл і Раланд пераглянуліся. Пасля Карл зарагатаў. Ролік глядзеў на яго непаразумела, нібы не верачы, і раптам прыяднаўся да сябра:
– Ну, гер Канецкі, – ён рагатаў да слёз. – Ну й доўбні.
– Ну, давай лапу, ці што... Ухажор... Аўтух з Чокалаўкі.
– Дый ты...
Але я не думаю, каб у гэтым нястрымным смеху не было ноткі горычы, і прыкрасці, і лёгкай пагарды да сябе.
А яе рука бязвольна ляжала ў маёй, як нежывая, і вочы былі па-ранейшаму не тое што халаднаватыя, а адлучаныя, і толькі калі яна пераводзіла іх на Карла ці на Раланда – ледзь бачна ўздрыгвалі веі. Але гэтага ніхто не мог бачыць, акрамя мяне. Яны не мелі майго зроку, абвостранага несамавітай любоўю і нясцерпньм болем.
Я нібы адразу пасталеў, нібы ў адну хвіліну стаў дарослым. I я зразумеў усё да самага дна ў гэтай дзяўчыне. Я зразумеў: адным ударам яна памірыла ворагаў, аднавіла кампанію і сваё месца ў ёй, месца нашай атаманшы і каралевы, уваскрасіла план, якім мы жылі, ды яшчэ адначасна, за адньм разам, ашчаслівіла мяне, здаровага боўдзілу, даўгалыгага дурнога дылду. Яно ўмела разлічваць, гэтае дзяўчо, і яно выбрала аптымальны варыянт, пакінуўшы дрэннае толькі адной сабе.
I хаця я ўсё гэта зразумеў і пагарджаў сабою і ёй – я ў глыбіні душы сапраўды быў шчаслівы і нават заспакоены. Гэткая жывёла!
...Абмеркавалі план заўтрашняга паходу. I таму, што ўрэшце рашыліся – неяк пуставата і трывожна было на душы. Нібы смактала нешта. Збіраліся было ўжо і разыходзіцца, але тут здарылася прыкрая, брыдкая гісторыя, якая канчаткова сапсула гэтую нашу апошнюю "мірную" бяседу.
Вогнішча дагарала ў сутонні. Цягнуўся над закінутым, нікому не патрэбным велатрэкам шызы дым. Вечарніца загарэлася, пачала пералівацца над спаленым кутнім домам.
– Старажытныя лічылі, што гэта не адна зорка, а дзве, -сказаў, як заўсёды не да месца, інтэлігентны Жэнька. – Тая, што раніцай, – гэта Венера, ранішняя зорка, а гэта вось там, – гэта Веспер.
– Ой, – сказаў Раланд, – адкасніся ты, Яўген, са сваім Весперам. Тут іншае мучыць.
Цёмныя вочы ягоныя ад пашыраных зрэнак яшчэ больш пацямнелі. Хмурыя, нейкія пакутліва-нядобрыя і... вінаватыя.
– Вельмі я вам непрыемную рэч сказаць хачу. Прабачце, хлопцы, але сказаць лепей зараз. I ты прабач, Ліза, даражэнькая...
– Што такое? – з яе твару збегла фарба.
Ролік, хаваючы вочы, сказаў. Не ёй, а нам.
– Лізу не трэба браць, хлопцы. Нельга.
– Гэ-та ча-му? – спытала яна, яшчэ не верачы.
– Думаеш, мне прыемна? Дорага б я даў, каб не казаць
гэтага.
Ён падсеў да яе і абняў за плечы.
– Ты сама падумай, сама зразумей, і тады ты сама скажаш, што я маю рацыю. Ты слабенькая, ты не вытрымаеш. Згаладнела за ўсе гэтыя гады. Унь да Пячэрска з намі дайсці – і то табе цяжка даецца. А там жа горы, пераходы часам і не па сцежцы, са зброяй. Ну, добра, мы тваю панясём. А раптам нехта пакоціцца і табе трэба будзе руку падаць? Ты ж не ўтрымаеш? Пасля замучыш сябе да смерці.
– У-утрымаю, – раптам зноў ціха заплакала яна.
– Ну-ну, не плач, – грубавата сказаў Багдан.
– Не, не, скажыце, што вы гэта пажартавалі.
Яна нібыта яшчэ не да канца разумела ўсю глыбіню свайго чорнага няшчасця, сваёй адрынутасці. Сядзела ля Раланда і заглядала ў вочы.
– Я з вамі хачу. 3 табой. Чаму? Ролік, чаму-у?!
– Дурнічка, – сказаў ён, – мы ж цябе шкадуем.
– Я не хачу, каб шкада... – хліпала яна. – Я з табой. Цябе там забідь могуць, а я... Хлопцы, чым жа я вінаватая?
– Раланд, – сказаў раптам Жэнька, і я ўпершыню ўбачыў, што ягоны прыгожы, проста хоць у кіно, твар можа быць цвёрдым і злым, – гэта жорстка. Што ты робіш? Ды мы, у выпадку чаго, можам яе і пакінудь у лагеры, які там сабе зробім. Хай гаспадыняй будзе, га?.. Раланд, га, Раланд?
– Яна пасля сама зразумее, – сказаў Дзмітрэнка.
I тут Лізка мяне здзівіла. Я глянуў на яе і ўбачыў, што яна не плача, што вочы адчужаныя і суровыя, а ля краёчка гожага маленькага рота – цвёрдая горкая складка, як у дарослай. I загаварыла яна пасля як дарослая:
– Ясна. Жыццё пад германамі не шкадавала. Вайна – не шкадавала. Можа, горш за ўсіх вас мне давялося. I я ж яшчэ ў гэтым вінаватая, што вы мяне адпіхаеце, – пальцы яе камячылі ражкі хусткі. – Справядлівасць ваша. Не лепшыя вы за тых. Толькі што словам б'еце. А мне лепей бы прыкладам, не так балюча. Бо я вам адным верыла, адных вас любіла. Няхай. Вайна дабівала – не дабіла, а вы сваёй справядлівасцю дабілі, дапамаглі... А я з вамі, з табой, Ролік, ішла б... Ты не думай, я слабая, а двухжыльная. Ну што ж, дзякуй і на тым, што жартавалі, гулялі, як з малым сабачкам. Тады ўжо, відаць, рыхтаваліся кінудь. Іначай чаго б так добра... да мяне.
Устала. I тут нечакана ўзняўся і Навум. Падышоў да яе. Вусны яго неяк дзіўна ўздрыгвалі.
– Ну, бывай, Ліз... Я... я асабіста цябе ўзяў бы. I не чхнуў бы, і аб тым, што можа быць, не думаў бы. Ды тут пачынаецца тое, што ён... камандзір.
– Ненавіджу яго, – з сухімі вачамі сказала малая.
– Не трэба. Але я цябе ўзяў бы, Ліз. Дальбог бы ўзяў.
Бывай.
Узяў у далоні яе галаву.
– Навуме, чаму я заўсёды такая няшчасная? Чаму ўсё заўсёды на мяне? Чаму варта мне кагосьці добрым палічыць, і ён мне адразу – вораг? – яна пытала гэта шэптам, так, што чуў, бадай што, ці не адзін я.
– Я – не вораг. Бывай.
I ён... пацалаваў яе. Гэта было так непадобна на яго, што я не паверыў вачам. А яна нечакана зноў заплакала. Можа, ад пяшчоты – дзяўчат і жанчын увогуле ніколі нельга гладзідь па галаве ў падобных абставінах, заплачуць горш, – а можа, таму, што зразумела нешта?
I так, плачучы, яна пайшла. I такога гаротнага плачу мне, дзякуй богу, не давялося пачуць яшчэ раз у маім жыцці.
...Мы маўчалі. Толькі Фінеес падышоў да вогнішча і кінуў у яго некалькі галін. Ускінулася польмя. Барва і чорныя цені заскакалі па твары, зрабілі Навумаў твар яшчэ больш суровым.
– Ты з заўтрашняга дня наш камандзір? – спытаў Навум.
– Ну, – Раланд высакамерна (і гэта была хлусня) глядзеў
убок.
– Тады – свіння, свіння і яшчэ раз свіння. Ты што ж, не бачыш?
– Ну, – суха сказаў Дзмітрэнка.
– А я занадта добра бачу. I подаўна. Таму што ў мяне вочы такія: бачаць, калі другому кепска, калі ў іншага душа мучыцца. I яшчэ таму бачу...
– Ну, і яшчэ чаму?
– I яшчэ таму, што... Таму што... А-а, – Навум махнуў рукою, вусны ягоныя скрывіліся. – Ні вам, ні ёй гэта няважна. Важліва іншае. Свінні вы, шкадавання ў вас да гэтай маленькай няма. Да маленькіх, да страшэнна пакрыўджаных. А яна большая за вас. Так пакрыўдзіць яе, свінні. Яе! А я...
– Мае рацыю, – сказаў Карл. – Каб мы з гэтага дня не камрады – я б вам морду набіў. – I дадаў пасля паўзы: – Ты прабач мне, Навуме. За ўсё і ўсіх.
– Ты прабач.
Мне здалося, што ў абодвух неяк нязвыкла блішчаць вочы, і я адвярнуўся. Я тады не любіў сцэн, падобных на гэтую. А можа, рабіў выгляд, што не люблю.
Нончыны пальцы ляглі на маё перадплечча. Я здзіўлена зірнуў на яе і ўбачыў, што яна глядзіць на Раланда амаль з нянавісцю. Дорага б я даў, каб даведацца аб сапраўднай прычыне гэтай нянавісці.
– Быдла ты, – сказала Нонка. – Ну і хай з раніцы камандаваць пачынае. А сёння мы самі сабе атаманы. Хадзем адсюль, Васілько. Хадзем адсюль, мілы.
"Як пашалелі яны ўсе, – падумаў я, – хто з-за сукенак, хто з-за портак. Проста масавае вар'яцтва нейкае".
Мы пайшлі ад агню ў ноч.
X
– А мы не пашалелі? – сумна сказала Нонка.– Ўсе пашалелі, а я болей за ўсіх.
Мы ішлі па Уладзімірскай горцы. Падол спаў увесь у рэдкіх, дужа рэдкіх, агнях. Ноч дыхала цеплынёй. У ртутна-цьмяным люстры Дняпра адбіваліся буйныя зоры.
– Было аднойчы на Урале. Ішоў я да сваёй вёскі, дзе наш інтэрнат, з раскольніцкай вёскі Падавіха. Восем кіламетраў тайгою. Мароз – не ведаю, які мароз. Тэрмометр на сельсавеце ляснуў. Жалеза крохкім рабілася: грукнеш сякераю, то палену нічога, а лязо – напалам. Зор – у тысячу разоў болей, чым заўсёды. Ды рэзкія, ледзяныя, без літасці. Іду – шолах, нібы нехта гоніцца. Стану – і той стане. Пабягу – і той за мною бяжыць. I ўвесь час шоргат, шоргат, шастанне. А вакол – ну нічога не варухнецца. Тайга ў снягах замерла, нічога жывога, што магло б шаргатаць, толькі зоры рухаюцца, міргаюць. Ясна, што болей няма каму. Яны! Славутае паўночнае "голас зор", або "размова", ці "песня" зор. Гэта я пасля даведаўся, што той шум -дыханне, якое на ляту замярзае, і крышталт лёду адзін аб адзін шоргаюць і звіняць. А тады страшна стала. Колькі іх! Якія калючыя! Вось памру, і такое ж ледзяное будзе давеку. I хто зведае, каму да гэтага справа будзе? Гэта я вось так упершыню зразумеў – менавіта зразумеў, што канец будзе. I развее, разнясе ў гэтым ледзяным пыле. Бог – і той слядоў не знойдзе.
– А цяпер бяітттся?
– Цяпер не. Іду вось з табой і проста не думаю аб тьм, аб чьм тады думаў. I не буду я думаць. Мне здаецца, таму людзі і ходзяць удваіх.
– Удваіх?– спытала яна.
– Ну так. Вось я цябе за руку трымаю, і ніякай мне няма справы, што яны ледзяныя, вялізныя, што там такая бездань... Нонка, каб мне ўжо зусім лепей за ўсіх на свеце было... Можна мне цябе пацалаваць?
– Пацалаваць? Ах так, так. Не ведаю, па-мойму, пра гэта не пытаюць. Ты таксама можаш пра гэта не пытаць цяпер. Я ж сама ўсім сказала.
Я абняў яе, няўмела прыцягнуў да сябе, убачыў цераз яе плячо цені каштанаў, узнесены ў зіхоткае – ад безлічы зор – неба Уладзіміраў крыж і апусціў твар у яе валасы.
...Гэты халаднаваты падалунак! Той, калі вусны яе амаль не рухаюцца. I ўсё ж я не мог адарвацца ад гэтай першай смагі і першага паталення, і мне гэта было нават лепей: адчуваць яе холад, але яшчэ і яе пакору, тое, што яна нікуды не здолее пайсці, што яна мая. Хаця я й не дужа, не ў поўным сэнсе разбіраўся ў тым, што азначае "мая".
Холад адданых вуснаў. Я стаяў, прыціскаючыся да яе, і разумеў яшчэ мацней, зусім несумненна, безнадзейна і беспаваротна, што я для яе – нішто. Але побач з несамавітай горыччу, з сысучым болем жыла ў глыбіні яшчэ і трапяткая радасць, такая, якой мне пасля ніколі не даводзілася перажывадь.
Яна раптам узняла руку і дакранулася да маёй шчакі.
– Ты што?
– Нічога, – сказаў я. – Зусім нічога. Нонка, мілая, ты думаеш, я не бачу? Не адчуваю ўсяго? Цябе зараз як агнём пякуць. Мне б трэба пайсці, саступідь. Але я не магу гэтага, проста не магу. Хачу, каб ты была тут, побач, хаця сёння. Хачу цалаваць рот. Такі ён у цябе безуважлівы! I твае валасы, і ўсё... I ты ўсё ж паруш сваё слова, Нонка. Не мучай сябе. Мяне – калі хочаш, а сябе – не. Мне ўжо і тое добра, што ты жывеш.
– Глуптасю ты. Куды ўжо мне ісці адсюль? Ты не звяртай увагі. Ты проста гладзь мае валасы... вось... вось так. I, калі захочаш, цалуй мяне. Я пастараюся, каб ты не адчуваў таго, аб чым па дурасці падумаў. Я пастараюся.
Я захутаў яе плечы крысом пінжака, успёр руку на спінку лаўкі. Цяпер яе плячук быў у мяне пад пахай, яе галава на маім плячы. I я гладзіў і гладзіў гэтыя цяжкія валасы, баючыся паварухнуцца, баючыся неяк спалохаць гэты дзіўны сон наяве.
А яна тулілася да мяне ўсё шчыльней і шчыльней. Я не цешыў сябе гэтым.
Яна гарнулася не да мяне, а да цёплага побач з сабою і ад гэтага свету, яд гэтых халодных зор, ад усяго, што здарылася.
I раптам заплакала. I гэта было немагчыма: Нонка – і заплакала. Я абхапіў яе і сціснуў так, што аж сам задыхнуўся.
– Ды што? Што з табой? Мілая мая. Нонка мая.
Яна ўся абвіснула ў маіх руках, я адчуваў, як уздрыгваюць ад плачу яе маленькія цвёрдыя грудзі.
– Суцеш мяне, Васілько. Кепска мне. Ой, як мне кепска! Пашкадуй мяне. Ты добры, харошы, лепшы за іх усіх, але што я магу, што я магу зрабідь з сабой?!
Я і сам адчуваў, што плачу. Рэдкімі цяжкімі слязьмі. Як ніколі дагэтуль. I не за сябе, а за яе.
– А ты нічога і не рабі. Пасядзі вось так, са мной, і ідзі, куды хочаш, дзе табе добра будзе, мая ты неласкавая. Ідзі туды, дзе захочаш быць ласкавай. – А сам, ведаючы, што гэта ў апошні раз, усё гладзіў яе плечы і цалаваў мокры тварык.
– Не. Не. Позна ўжо. Ты што, не бачыў? Я слабых не дабіваю. Не.
Закалацілася яшчэ няўдешней.
– Ой, Васілько, Васілько. Пра ўсіх я падумала, толькі пра цябе не падумала. Як гэта табе! Удар мяне, чуеш? Не падумала я, як гэта кепска будзе табе. А ты самлеў. Проста ўзяў, дый... Ой, даруй мне, даруй. Калі толькі можаш.
– Кінь, кінь ты. Што, каму, за што дараваць, дурненькая?
– Даруй.
Яна абхапіла мяне за шыю, пачала блытадца пальцамі ў чупрыне і сама, таксама зусім няўмела, стала цалаваць мяне ў вочы, нос, урэшце ў вусны.
– Ты не думай. Я цябе кахаць буду, я цябе не пакрыўджу, я ўсё гэта запомню. Дай мне толькі крышачку ачуняць.Дужа цябе буду любіць. Ужо нават і цяпер люблю. Даруй мне.
Рукі мае дрыжалі ад болю, падзякі і пяшчоты. Усё яе цельца калацілася ў гэтых маіх руках, нібы з кожным выбухам плачу з грудзей вырывалася не толькі дыханне, але й самое жыццё. А я гладзіў яе, і плач паступова заміраў, і я шаптаў і шаптаў, нібы ў дурмане:
– Дарагая мая... Любая мая... Мая добрая...
...Ачуўся я на плошчы Хмяльніцкага. Конны Багдан паказваў булавою на бязважкі сілуэт Сафіі, што ўзносіўся ў зоры. Было поўнае бязлюддзе начнога спустошанага горада.
Кіяўляне са смешачкамі перадавалі такую, нібыта "праўдзівую", гісторыю. Уладзімір са сваёй горкі крычыць Хмяльн іцкаму:
– Багдане, гоў!
– Чаго табе?
– Кінь сваю булаву.
– Нашто?
– Пары. Такую корчму, такі шалман развялі, што я вжэ більшэ дывытыся не можу. А крыжам іх ганяць нязручна.
Ого, паспрабаваў бы ён на мяне з Нонкай. Я так бы ім, бронзавым нават, усыпаў.
Я думаў так. I гэта было праўда.
Я памятаў, што адвёў Нонку дамоў і доўга яшчэ стаяў з ёю ў зарасцях бэзу перад пад'ездам. Але што было пасля – не памятаю, хаця забі. Нейкія завулкі, дрэвы паркаў, руіны і зноў паркі, начны, паміраючы ў вуліцах крок, і туман у вачах, і нейкія дзіўныя, лепшыя ў свеце вершы, якія я мармытаў, і чытаў уголас, і цяпер начыста забыў.
Багдан узвышаўся нада мною. А я падумаў, што вось пакінуў жа ў Кіеве свой след на гэтай плошчы адзін беларус, скульптар, што зрабіў яго. А можа, пакіну і я? Хаця б тымі вершамі, што я мармытаў і забыў. Шмат год яны будуць лунаць гэтымі завулкамі, нябачныя для вачэй іншых, будуць ціха гучаць у вушах закаханых нават у той нязмерна далёкі час, калі мяне, магчыма, не будзе. I яны, юнакі, будуць прыслухоўвацца да гэтых водгукаў, да водгулля далёкага шчасця і думаць, што гэта ў іхніх душах. А гэта буду я і вершы, забытыя мной дзеля гэтых вуліц і завулкаў. Вечныя вандроўнікі кахання, што блукаюць уначы па гэтай зямлі.
XI
Ранішняе сонца ўстала ў халаднаватым малочным тумане і, нібыта ў расе, прарочачы ясны і цёплы, вечны дзень. Жоўта-вясёлкавае – ці, можа, гэта туман адліваў вясёлкай? – яно пералівалася, падымаючыся аднолькава над мёртвымі кварталамі і над кварталамі жывых. Мы ўсе падышлі пад Жэнькаў балкон, гукнулі. Праз хвіліну над парэнчамі з'явіліся гожы торс у белай майцы і гожая ускудлачаная галава.
– Ты што гэта, забыў? – вызверыўся Багдан. – Стаіць сабе яшчэ голы ды азадак чухае. Заработаўся, пад носам мух лавіўшы.
– Ага, – сказаў кісла Жэнька, – маді порткі замкнула.
Выгляд у яго быў засаромлены і злосны. I крыўдна яму
было, відаць, што паставіліся, як да маленькага, і ярасць брала на сваю турму, і зайздрасць да нас, перад якімі такі цікавы дзень.
– У трусах, – сказаў Карл.
– Ага, а яна замкнула дзверы.
– То злазь па рыне, – нецярпліва кінуў Ролік. – Месяц жа назад спускаўся.
– Ага, бач, тры звяны выпалі. У апошні раз. Ледзь мне не па цемечку. Усю ж вайну не рапаравалі.
– А вяроўкі няма? – спытала Нонка.
– Ага, матка бялізну на гары павесіла.
– Так, брат, становішча бязвыхаднае, – сказаў я.
– 3 чацвёртага без вяроўкі, сапраўды, не скочыш. Ну, добра, сядзі. Калі скамандуюць "на выхад з рэчамі" – бяжы да нас. Ведаеш, дзе шукаць?
– Ведаю, – безнадзейна сказаў Жэнька.
...Шмат каму з тых, хто пачуе гэтую гісторыю, цяпер можа здацца дзіўным і наш план, і тое, што нікому з нас ніколі не прыйшла ў галаву адна акалічнасць. А менавіта тая, што задума наша – дзідячая, што план наш – дурацкі, што мы не дабяромся, можа, і да Жытоміра, а не тое што да Львова ці да фронту – і асабліва са зброяй, – што нас пераловяць, куды раней чым мы бандытаў.
Але на тое нам і было ў сярэднім па шаснадцадь год. Мы не думалі ні аб чым гэтым. А наконт таго, каб дабрацца і не злапалі, то справа гэтая, як ні дзіўна, не здавалася такой ужо безнадзейнай. Мы ведалі тысячы спосабаў праезду, якія ідэальна адпавядалі таму часу і той чыгунцы.
...Каштаны пачалі губляць плады. Упадзе вялізная зялёная і шыпаватая булава – продкі называлі такую на ўсходні лад "буздыган", – расколецца, і выгляне адтуль вільготны карычнева-бліскучы, нібы лакіраваны, каштанчык. Як хітрае цёмнае вочка. А часам два ці тры.
Мы выйшлі са двара, убачылі на асфальце безліч такіх каштанчыкаў.
I яшчэ ўбачылі... Лізку, якая, гледзячы ў зямлю, пахмура ганяла, перасоўвала іх нагамі. I тут Навум падышоў да Раланда.
– Возьмем яе. У апошні раз, калі ўжо ты такі.
Ролік глянуў на дзяўчо і змрочна кінуў:
– Добра, ідзі.
Вуліцы адкрываліся перад намі ў ранішнім няяркім сонцы. Напаўпустыя, адкрытыя толькі для нас. Золата каштанаў прыкрывала і прыкрашвала нават убогасць і пачварнасць руін. Сонца падымалася ўсё вышэй і лашчыла нашы твары, бо мы ішлі да яго. I па тым, як мы ішлі, лёгкім, пругкім крокам, я разумеў, што сяброў у гэтую свежую раніцу ўзносіць тое, што ўзносідь і мяне: поўнае адчуванне кожнай жылачкі, кожнага нерва. Тое дасканалае адчуванне кожнага свайго мускула, што ўласцівае маладым зверанятам. Адчуванне Жыцця.
Мы ішлі на сонца.
Золата каштанаў, прыгажосць дзівосных запушчаных дамоў, увесь воблік гэтага ледзь не самага прыгожага ў свеце горада.
– Хутка мы ўсяго гэтага не ўбачым, – са шкадаваннем сказаў Ролік. – Аж кідаць горка.
...Пустая лаўра з аблупленымі купаламі, са старажытнымі каравымі арэхамі, змаршчакаватымі, ледзь не на далонь у глыбіню. Ціха падяюць у лістоту арэхі, якіх няма каму збірадь. Зрэдку мільгаюць цені нешматлікіх манахаў. Ад руін Успенскага сабора ўсё яшчэ горка цягне нібы астылым дымам і тленнем.
Аднавокі бандурыст у пінжаку і белай сарочцы з яркай жычкай сядзіць ля цагельнай жоўтай дарожкі, вышарпанай тысячамі ног. Сядзідь там, дзе яна збягае ўніз, хаваецца за арэхамі, дый перабірае струны бандуры. Сіпаты мяккі голас:
Ой, за темними лісами
Лежить козак застреляний,
Лежить козак застреляний,
Ще й крівльою обмляний.
Нема кому потужити,
По козаку подзвонити.
Дзвонять коні пщковками,
А козаки шабельками,
Чорний ворон крилоньками,
А матінка – слізоньками.
Над песняю каділася ласкавае добрае сонца.
Встань, козаче, ти проснися,
На Вкріану подивися,
Вже сідельця твоі згнили,
I стремени вже потлілн,
Орли очі повиймалн,
А татари шаблю взяли.
Ціхі ўздых. Захліпала Лізка. Ціха-ціха. Я кінуў позірк на Нонку і ўбачыў, што і ў яе вочы поўныя слёз. Прысунуўся, сціснуў яе локцік.
Візьми мати, піску жменю,
Посій його на каменю:
Коли ж отой пісок взійде,
Тоді твій сын з війська прийде.
Мы і далей маўчалі. А пасля Багдан раптам уздыхнуў.
– А што вы думаеце, могуць жа і нас забіць вось так.
Здра.
– Кінь вярзці, – сказаў Ролік. – Хто не калоціцца, хто да канца трымаецца, той выжывае.
I тут Багдан раптам заспяваў. Я ніколі не чуў раней ягонага голасу і зараз быў узрушаны і ўражаны. Ніколі не думаў, што ў яго можа быць такі амаль ужо дарослы, моцны, неймавернай гожасці тэнар. Не такі, якім спяваюць па радыё ў операх закаханыя, а такі... ну, моцны і мужны. Я ніколі не думаў, што ён можа так:
Умер, умер наш полковник, ще й тихая мова.
Зостаеться кінь вороний, золотая зброя;
Зостаеться кінь вороний, зброя золотая;
Зостаються діткі малі, жінка молодая.
Нечакана падхапіла Лізка, і я таксама здзівіўся: нібы заплакалі, зазванілі нябесныя званы. I Нонка пачала тураваць, і ў яе быў някепскі глыбокі голас. Але ўсё адно, як яны ні спявалі, нават тая ж Лізка – голас Багданаў уладарыў над імі, таму што яго проста ні з чым нельга было параўнаць нават на гэтай зямлі, так багатай галасамі.
Ён, здаецца, напаўняў усё пад скляпеннем неба – я толькі дзівіўся, што, гаворачы, ён нібыта басам бурчыць, а тут так спявае :
Зостаються діткі малі з жінкой молодою.
Беруть коня осавули, товариство – зброю;
Коня ведут, зброю несуть, кінь голівку клонить,
Молодая полковниха білі руки ломить.
Калі ён скончыў, мы яшчэ некалькі хвілін ішлі як прыбітыя. Ледзь ачомаліся.
– Н-так, – сказаў Ролік. – Вось гэта дык так. Ты чаго гэта раней не спяваў?
– Та-а, – засаромеўся Багдан, – я для сябе спяваю. У плаўнях недзе ці ў лесе. Калі адзін. I чаго гэта мяне сёння так разабрала – сам не ведаю.
Урэшце мы мінулі і Спас-на-Берастове і Выдубецкі манастыр. А Карл усё яшчэ бурчаў:
– Дурань, з такім голасам яму на кулі лезці, ёлуп. Гэта ж ён не твой толькі. Усіхні. Проста хоць ідзі ды на ўсіх нас у мілідыю заяўляй.
Плаўні адкрыліся вачам нечакана, калі.сонца было ўжо ледзь не ў зеніце. А над іхняй зеленню і блакітам, штопраўда, досыць далёка і ад ракі, і ад пабітай ямамі і байракамі дарогі падымаўся нібы брудна-жоўты лес ці нейкі незвычайны замак: піраміды, шпілі, кубы, званіды. I ўсё гэта перасечанае глыбокімі, вельмі вузкімі ярамі-шчылінамі. За гэтым горадам пачыналася ўрвішча, таксама пасечанае ярамі. I ясна было, мяркуючы па роўнай паверхні ўсіх шпіляў і пірамід, што калісь "горад" быў часткай плато, але людзі бралі гэты слабы пясчанік, праўдзівей, ледзь сцэментаваны пясок. Размывала яго вада, выветрываў вецер. I вось атрымаўся горад, або "слупы", як зваў гэта месца Раланд.
– Людзей няма, – сказаў Дзмітрэнка. – Гэта добра. Толькі унь там, нешта ў палове кіламетра, дарожныя рабочыя. Ну, гэта далёка, не перашкодзяць.
Адзін яр быў асабліва глыбокі і вузкі, з роўнымі стромымі сценкамі. У гэтых сценках яра і ў "абелісках", што тырчалі пасярод яго, там і сям былі відадь пячоры, досыць глыбокія, часам накіраваныя ўніз, углыб. Пэўна, людзі калісь, яшчэ да вайны, здабывалі тут пясок.
Яр быў метры чатыры ў шырыню, метраў пятнаццаць-двадцадь глыбінёю, а ў даўжыню цягнуўся метраў на шэсцьдзесят. Жаўтавата-рыжыя сценкі і палоска блакіту ўверсе. Там, дзе яр канчаўся, сыходзячыся на клін, высачэў над ім на плато пахілы стары каштан, які – невядома як, на чым і нашто -вырас тут. Пахілы, з часткова аголенымі карэннямі, ён, хто яго ведае з чаго, смактаў сокі, каб выгнаць такі ствол, сукі, галіны і залатое лісце, што свяцілася дзіўнай пяшчотнасці блакітам. За імі былі высокія пясчаныя наносы, амаль дзюны.
– А што, як пясок папаўзе? – спытала Лізка,
– Дурнічка, – сказаў Ролік, – ты глядзі, каштан жа яго трымае. Ён не пусцідь. Гэтым купам травець і травець... Вось глядзіде, што я тут заначыў.
Ён пачаў адграбаць у адным месцы пясок. Хутка ў сцяне зазеўрала вусце пячоры. Хлопец улез туды з галавою. Ногі ў яго заторгаліся. Нешта цягнуў.
– Хлопцы, – сказаў я. – Трымайце яго за ногі. I някепска б нейкую дошку, каб трымаць тое, што над ім. Хоць на чвэрць хвіліны і тое...
– Глупства, – як з бочкі сказаў голас з пячоры.
Дзмітрэнка выпаўз адтуль і вывалак нешта вялікае,
загорнутае ў нямецкі брызент. Разгарнуў.
– Н-на, – сказаў Багдан. – Як выславіўся б Жэнька: "вуаля".
На брызенце ляжалі нямецкі буйнакаліберны кулямёт і два "вінтары".
– Так бы мовідь дзевяноста першага дроб трыццатага, -сказаў Ролік і палез зноў.
На гэты раз з'явілася скрынка з вінтовачнымі патронамі, пляскатая нямецкая бляшанка для кулямётных стужак, нешта каля двух дзесяткаў нямецкіх гранат з блакітнымі галоўкамі і штук дзесяць нашых, рабрыстых, як ананас, "фенек".
– Н-нішто сабе,– сказаў я.
– Ну вось, – Ролік устаў з кукішак. – Цяпер трэба шукаць яшчэ. Спачатку тут, пасля там, на плато. Яны адтуль уцякалі... Ты, Нонка, ідзі унь туды і сачы, каб дарожнікі не ўбачылі. Унь на той узгорак. Ты, Багдан, шукай пакуль у канцы яра ды ўздымайся пасля на плато. Ты, Ліза, сюды не лезь, а там, над ярам, над плато, шукай ці нават проста пасядзі. Стамілася ж, бедная. Ты, Васілько, самы зіркаты, то ідзі аж за вусце яра, на той горб, і сачы там за дарогай, што ад горада ідзе. Глядзі, каб ніхто не палез цікаваць і асабліва каб тыя не падсачылі. Ім верыць нельга, у іх памяць кадіная. У выпадку, калі прыйдудь, падкрадудца – свішчы і з імі біся да апошняга, пакуль мы не прыхаваем ды да цябе не падбяжым.
– Чаго гэта я на шухары стаяць буду?
– Кажу ж табе, вочы найлепшыя. I партызанская прывычка ёсць, каб заўважаць усё. А тут, у самым яры, застануся я з Карлам ды Навумам.
Ён усё яшчэ стараўся, каб яны былі разам і пры ім. Усё баяўся выбуху старой варожасці, хаця хлопцы ўчора і паціснулі з такою шчырай сардэчнасцю адзін аднаму рукі.
XII
Я сядзеў на высокім узгорку. Часам суха шапацелі мёртвыя сцябліны палыну і мякка варуш^іўся малады шыза-зялёны палын. А я ўспамінаў арэнбургскія стэпы і тое, што гэты малады палын крыху схожы на лапкі кавуноў. Былі тут таксама ружова-бялёсыя кашэчыя лапкі, сінія зоркі цыкорыя. Была цішыня, прасякнутая пахам траў.
Нешта непамысна мне было на душы (ці, можа, гэта зараз мне так здаецца?). Занадта спакойныя былі і неба, і плынь Дняпра, што ўвабрала ўвесь ягоны блакіт. I ўспаміналася чамусьці, як Карл паскроб пальцам сценку яра і сказаў:








