Текст книги "Яблычак"
Автор книги: Сяргей Пясецкі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 14 страниц)
Хурдзіч сядзеў за сталом і чысціў муштук для цыгарэтаў. Калі Юлік ціха ўвайшоў у ягоны пакой, бацька акінуў яго гнеўным позіркам.
– Чаму не спіш? – гыркнуў Хурдзіч.
– Татулечка, – пішчаў, трасучыся ад страху, Юлік. – Паўця ўцякла… Я сам бачыў… А цяпер з цырульнікам на ложку качаецца…
– Што-о-о?! – расцягнуў Хурдзіч, устаючы з крэсла і падыходзячы да сына.
Той ужо хлюпаў носам і запінаўся:
– Я не, татулечка… Гэта Паўка, татачка…
Хурдзіч выслухаў сына ды нарэшце зразумеў сёе-тое з ягонага блытанага лепету. Ён ведаў, што сын не падманвае. Зрэшты, ён сам схадзіў у пакой Паўкі і пераканаўся, што яе няма ў ложку. Пасля гэтага ён сказаў сыну:
– Атрымаеш новую шапку. А цяпер спаць, і каб нават піску не было!
Юлік як найхутчэй знік з бацькавага пакою. Ён яшчэ крыху хныкаў з перапуду, але і ўсміхаўся праз слёзы, уяўляючы на сабе новую шапку. Тым часам Хурдзіч выйшаў у сені і зняў з цвіка доўгую вяроўку. Вярнуўшыся ў пакой, ён паклаў яе на стале. Пасля запаліў цыгарэту і, седзячы пры стале ды абапёршыся кулакамі аб калені, чакаў.
Праз пятнаццаць хвілінаў лёгка зарыпела акно ў суседнім пакоі. Потым адтуль данёсся шоргат.
– Паўка! – цвёрда адрэзаў Хурдзіч.
Дзяўчына спужалася і застыла на месцы.
– Паўка! – зароў Тамаш.
Лёгкая паркалёвая фіранка, якая вісела ў дзвярах, адхілілася, і перад вачыма бацькі паўстала Паўлінка. Увесь ейны твар пакрыўся чырвонымі плямамі. Сама яна была ў ружовай сукенцы і з трывогай глядзела ў бацькаў твар. Дзяўчына бачыла імклівае набліжэнне навальніцы.
– Дзе была? – прахрыпеў Хурдзіч.
– На… на вуліцы… – выдыхнула Паўлінка.
– Кажы праўду, – са злосцю зарыпаў бацька.
– Чаго, татка, вы хочаце? – сказала Паўлінка.
– Чаго хачу? – бухнуў Тамаш. – От чаго я хачу!
Ён схапіў Паўку за руку, выкруціў яе так, што яна ажно ўкленчыла, а потым пачаў біць складзенай удвая вяроўкай. Удары былі моцныя. Хурдзіч у сваёй раз’юшанасці ні на што не звяртаў увагі. Яго разбірала штораз мацнейшая лютасць, і біў ён як апантаны. Паўка пачала выць і ажно заходзіцца ад плачу. У пакой убегла жонка Хурдзіча. Яна была ў адной начной кашулі. На твары ў яе застыў жах.
– Тамаш, даражэнькі, што робіш! – залямантавала кабета.
– Маўчы, бо і ты зараз атрымаеш!
– Пабойся Бога! Тамаш! – кінулася да яго жонка.
– Буду біць!.. Заб’ю суку… А што скажаш, не давала?!. А ты такая самая, як дачка!.. – роў Тамаш.
– Што ты кажаш?.. Супакойся! Калі?
– А мне не давала перад шлюбам? Скажаш, не? – грымеў Хурдзіч.
У гэты момант Паўка паспрабавала ўкусіць бацьку, як гэта ўжо некалі зрабіла. Хурдзіч загрэў ёй у твар вяроўкай, на ім адразу ж з’явілася чорная паласа.
– Скуру спушчу, а косці вылушчу! – лютаваў бацька.
Выпадкова канец вяроўкі зачапіў лямпу і пацягнуў яе са стала. Раздаўся звон пабітага шкла, і ў пакоі зрабілася цёмна. Хурдзіч застыў. Гэтую акалічнасць выкарыстала Паўка, якая сабрала ўсе сілы і выслізнула бацьку з рук. Хурдзіч кінуўся за ёй з крыкам: «Заб’ю». Левым бокам твару ён грымнуўся ў край дзвярнога праёму, якога не пабачыў у цемры, і, стогнучы, зваліўся назад на падлогу. У пакоі Паўкі пачуўся трэск рамы, якую, відаць, вельмі рэзка рванулі. У сад пасыпалася шкло ад шыбы. Паўка выскачыла праз акно і пабегла ў глыб ночы.
Баран вярнуўся дадому позна. Быў п’яны. Яму трапілася добрая работа. Зрабіў яе хутка, чыста, а шмокты адразу збыў скупшчыку. Разам яны і выпілі за ўдачу. Кульнулі яны моцна, так што скупшчык доўга і бязладна нешта мармытаў, аж пакуль не з’ехаў з крэсла пад стол. Баран, які меў моцную галаву і мог піць вельмі шмат, выцягнуў скупшчыка з-пад стала і кінуў у адзежы і абутку на ложак. Сам пайшоў дадому. Ён нават не хістаўся, а ішоў досыць хуткім і энергічным крокам. Ідучы, увесь час усміхаўся і нешта шаптаў, нібы да Паўкі. А на мосце праз Свіслач ён прыпыніўся і доўга глядзеў уніз. Здавалася, што рака нясе яго разам з мастом некуды далёка – у краіну шчасця. Праз некаторы час ён пачаў чытаць самому сабе чатырохрадкоўе, пераблытаныя словы, якія нарэшце склаліся разам у пэўную цэласць:
Паўка, Павачка, Паўлінка!
Наймілейшая дзяўчынка!
Ці ты бачыла ў сне,
Як кахаю я цябе?
Ён сам прыдумаў гэты вершык, хоць ніколі ў жыцці не прачытаў ніводнага паэтычнага радка. Ён сам для сябе адкрыў рыфму і рытм. Няўклюдна. Але чаго можна патрабаваць ад чалавека, які пракладаў сабе шлях у жыцці адмычкамі, а нават свайго вершу ён не мог запісаць на ўспамін, бо не ўмеў… Але каханне, нягледзячы ні на што, шукала формаў, у якія магло б выліцца.
Ён пайшоў далей. Яго несла шчасце. Ён не пераставаў паўтараць свой верш і ўвесь час усміхаўся.
У майстэрні Баран, не здымаючы фрэнча, сеў на крэсле пасярод памяшкання і, ссунуўшы шапку назад, доўга сядзеў моўчкі, ловячы неслухмяныя думкі і мары, якія бушавалі ў галаве. Раптам дзвярная ручка варухнулася. Потым нехта націснуў на яе яшчэ мацней. Дзверы адчыніліся, а за імі паказалася Паўлінка. Баран нават спачатку не пазнаў яе. Дзяўчына была ў падзёртай у некалькіх месцах ружовай сукенцы. Валасы зблытаныя. Ейны твар перасякаў шырокі чорны след ад удару. Яна стаяла ў дзвярах і цяжка дыхала, а па твары цяклі слёзы.
Баран паволі падняўся з крэсла:
– Паўлінка? – прамовіў ён ціха.
Дзяўчына не адазвалася. Закрыла твар рукамі і пачала ціха ўсхліпваць.
– Паўлінка!
Баран падышоў да дзяўчыны і асцярожна даткнуўся да ейнага пляча.
– Што здарылася? Скажы!..
– Бацька… біў… я ўцякла… – выціснула з сябе дзяўчына.
Баран пачуў, як нешта кальнула ў сэрцы. Яму зрабілася нязносна горача. Далоні самі сціснуліся ў кулакі. Але праз момант ён прыйшоў у сябе і замітусіўся па пакоі.
Хвілінаю пазней Паўця ляжала ў Барановым ложку. На твары ў яе быў халодны кампрэс. Баран сядзеў каля ўзгалоўя і аберуч трымаў дзяўчыніну далонь. Ён ні пра што не пытаў, а толькі з жалем і болем глядзеў на каханую дзяўчыну. Неўзабаве Паўлінка заснула. Яна пачувалася ў бяспецы пад апекай шаўца, які – як яна даўно зразумела – закахаўся ў яе па вушы.
Ранак заспеў Паўлінку ў ложку, дзе яна моцна і спакойна спала. Баран таксама заснуў на невялічкім дыванку з заечых шкурак, які ляжаў на падлозе адразу каля ложка. Праз сон ён нешта мармытаў. Злодзей заўсёды спаў неспакойна і баяўся, што можа нагаварыць у сне такога, чаго нельга выдаваць. Таму ён намагаўся ніколі не начаваць у фраераў, а калі ўжо здаралася такая патрэба, то стараўся трапіць на ноч у асобнае памяшканне.
Цяжка было зразумець, што кажа Баран. Словы былі невыразныя. Блытаныя сказы абрываліся. Часамі ён нешта шаптаў. Можа, у сне ён расказваў наіўны вершык пра каралеву свайго сэрца, да ног якой кінула яго жыццё.
9
ЯК ЯСЬ ПАКАШТАВАЎ ЧОРНУЮ КАВУ
Тры разы на тыдзень Ясь хадзіў на заняткі французскай мовы да Марусі Лобавай. Настаўніца мела арыгінальны метад. Спачатку яна чытала Ясю з кнігі нейкі кароткі анекдот або апавяданне. Потым тое самае чытаў Ясь, прычым Маруся папраўляла ягонае вымаўленне. Потым яна тлумачыла яму змест. Пазней яны разбіралі ўсе сказы па чарзе, прычым Ясь запісваў у сшытак невядомыя яму выразы. Калі ён ведаў усе словы і мог без памылак прачытаць тэкст, Маруся задавала яму пытанні, адказаць на якія можна было сказамі з тэксту ці яго фрагментамі. Потым Ясь самастойна рабіў пераказ па-французску. Гэтак ён дакладна засвойваў французскія словы і звароты. Навука ішла лёгка, і Ясь рабіў поспехі. Граматыкі Маруся свайму вучню не выкладала. Вучыла яго як дзіця: давала штораз новыя серыі словаў і дапамагала ўжываць іх на практыцы.
На самым пачатку Маруся ставілася да свайго вучня досыць строга і холадна. Але з цягам часу яна пачала мякчэць, стала менш вострай і патрабавальнай. Некалькі разоў таксама здарылася, што за Ясевы поспехі яна гладзіла яго па валасах або па шчацэ.
На твары ў хлопца тады выскокваў румянец, і ён не ведаў, як сябе паводзіць. А Маруся толькі ўсміхалася ў адказ на яго збянтэжанасць і сарамлівасць.
Маруся імпанавала Ясю і падабалася як жанчына, але ў гэтым было мала эратычнага: хлопец перадусім захапляўся ейнымі ведамі і манерамі. Маруся была зграбнай, элегантнай, мела шмат дыхтоўных упрыгожанняў. Яна ўмела пекна ўбрацца, Яна пырскалася нейкай дзіўнай парфумай, ад якой яму рабілася незвычайна слаба. Хлопцу здавалася, што гэта пах ейнага цела і валасоў. Кабета ўсё больш прываблівала яго, але адначасова ён усё больш баяўся яе. Гэта быў страх таго, што, як ён адчуваў, можа паміж імі адбыцца, чаго ён, зрэшты, у сваіх марах вельмі жадаў. У параўнанні з ёй ён бачыў сябе такім нехлямяжным, брыдкім, што гэта яго яшчэ больш бянтэжыла. Ясь шмат чытаў і чуў пра стасункі між мужчынам і жанчынаю. Сам пра гэта таксама часта думаў. Употай ён жадаў ужо не адну жанчыну ды шмат за імі назіраў. Але калі здараліся нават добрыя нагоды, то ён аніяк не мог наважыцца. Нават думка пра пацалунак была для яго страшнай, хоць і спакуслівай.
А Маруся памалу, чэрпаючы з гэтага асалоду, чаравала хлопца. Яго сарамлівасць была для яе віном, якое яна смакавала як добры знаўца… Аднойчы яна прыняла яго ў адным ранішнім халаціку. Яна загадала яму прысесці за сталом і чытаць адно з ранейшых апавяданняў. Настаўніца папраўляла яго і адначасова мылася за ягонымі плячыма. Хлопец чуў за спінаю плёскат вады, гук намыльвання і лёгкіх дотыкаў ды скуры, і перад ягонымі вачыма зноў з'явілася тая жанчына, якую ён бачыў голай у лазні. Ён падумаў: «А што б яна сказала, калі б я павярнуўся?» Яму вельмі хацелася гэта зрабіць, але ён адначасова адчуваў, што на свеце не існуе такой сілы, якая б змусіла яго гэта зрабіць. Таму ён чытаў далей, збіваючыся і выклікаючы гнеўныя папраўкі Марусі, якая рабіла гэта ненатуральным тонам. Выцершыся пасля купання, яна пачала шалясцець шаўковай бялізнай. Потым уселася за стол, застаўлены безліччу разнастайных флакончыкаў і шкляных пляшачак самых розных памераў і формаў. Там перад люстэркам яна рабіла ранішні туалет. Ясь чытаў далей, прыслухоўваючыся да рухаў Марусі, паглынаючы пахі духоў і пудры, якія разыходзіліся па пакоі.
– А цяпер перакажыце гэта сваімі словамі, – кінула ў ягоны бок кабета.
Ясь пачаў мямліць, намагаючыся выказацца па-французску. Блытаўся ў добра знаёмых фразах. Не мог нармальна скласці ніводнага сказу.
– Што гэта такое?.. Прачытайце, калі ласка, яшчэ раз з самага пачатку, – да яго вушэй даляцеў Марусіч голас.
Ён перапыніў свой блытаны аповед і стаў чытаць спачатку. Гэта таксама ў яго не надта атрымлівалася. Праз момант ён пачуў: «Ну, прынамсі чытаць ужо можна было б навучыцца». Тады неспадзявана ўперад прасунулася Марусіна рука, якая нібы незнарок даткнулася да яго перадплечча, а пазней кранулася кнігі на стале. Другая яе рука лягла на ягонае правае плячо. Ясь адчуў цяпло ейнага цела. Яго ноздры хваляваў пах пудры. Маруся гучна, свабодна і выразна чытала сказ за сказам. Некаторыя з іх яна каментавала. Ясь баяўся паварушыцца і ўвесь пачырванеў, як бурак. Яго агаломшыла блізкасць жанчыны, ейны пах, голае плячо. На лобе ў яго з’явіліся кропелькі поту, а шчокі і вушы гарэлі. Ён аддаў бы ўсё, каб урок урэшце закончыўся. Сам сабе ён здаўся бязглуздым і нікчэмным. А адначасова абудзілася ў ім звярыная цяга да кабеты, жаданне накінуцца на яе, прынізіць, спрычыніць боль за тое, што яна гуляецца з ім, прымушае яго пакутаваць. Усё гэта было такім салодкім і адначасова трывожным, што думкі пра гэтую жанчыну замітусіліся яшчэ больш хаатычна.
Маруся прыкідвалася, што не заўважае Ясевага стану. Яна прымала яго ўсё больш разняволена і ва ўсё больш скупой адзежы. Жартавала з ім. Распытвала, ці ён хоць раз быў закаханы ў нейкую дзяўчыну і якія жанчыны яму найбольш падабаюцца. Аднойчы яна пачала вучыць хлопца танцаваць. Зацягнула пад носам мелодыю нейкага вальсу, падхапіла Яся і пачала круціць спалоханага хлопца па пакоі.
Аднаго разу ў нядзелю пасля заняткаў Маруся даволі доўга размаўляла з Ясем, расказвала яму пра Францыю і Парыж, дзе некалі жыла з бацькам два гады. Гэтым разам ейны строй быў някідкі, сама яна была прыязнай, далікатнай і асабліва падабалася Ясю, які з вялікай цікавасцю слухаў яе апавяданні. Яна ж не правакавала і не рабіла нічога, што магло збянтэжыць вучня. У гэты момант яна ставілася да яго як да роўнага і векам, і ведамі. Ясь меў уражанне, што дачыняецца з даўно знаёмым, зычлівым прыяцелем. Калі Лобава сабралася, каб выйсці ў горад, Ясь устаў і развітаўся з ёю.
– І яшчэ адно, – сказала Маруся. – Я запрашаю сёння да мяне а пятай. Добра?
– Не ведаю… – нясмела адказаў Ясь.
– Чаго вы не ведаеце?
– Ну… не ведаю, ці належыць… Не хацелася б вам назаляць…
– Усё гэта глупства! Вы мне зусім не назаляеце… А сёння мой дзень нараджэння… Я тут нікога не ведаю… Таму запрашаю вас на чорную каву… У мяне акурат ёсць вельмі смачная… Прыйдзеце?
– Добра…
– Тады а пятай.
Маруся вырушыла ў горад, а Ясю раптам прыйшло ў галаву, што жанчыне трэба падарыць кветкі… Гэтая думка зарадзілася ў яго, калі ён зрокам наткнуўся на адзінокі і буйны куст бэзу, што густа разросся каля ўваходу ў жытло Барана. Куст рос у бяспецы, бо недалёка была будка Мілага, і сабака адстрашваў жыхароў дамкоў і вулічных мінакоў, якія б хацелі пажывіцца бясплатным бэзам.
Дзень для Яся цягнуўся нясцерпна доўга. Пасля абеду ён апрануў свой найлепшы гарнітур, які захаваўся яшчэ з перадваеннага часу. Каля трэцяй гадзіны ён заўважыў, што Маруся вярнулася з гораду. Тады ён незаўважна нарэзаў з бэзавага куста вялікі букет ды схаваў яго ў сянях. Некалькі разоў ён заходзіў у кватэру і глядзеў на будзільнік. Нарэшце роўна а пятай з букетам бэзу ў руках ён пастукаў да Марусі ў дзверы.
– Ах, якія ж прыгожыя кветкі! – сказала Маруся на падораны букет.
Хлопец пажадаў ёй «шчасця, здароўя і поспеху ва ўсім», што не раз сам чуў пры такой нагодзе. Маруся паціснула яму руку і падзякавала. Кветкі яна паставіла ў вялікі слоік з вадой, бо букет не змяшчаўся ў аніводнай вазе. Пасля гэтага яна пасадзіла хлопца пры стале, які быў прыгожа накрыты для дваіх.
– Спачатку давайце вып’ем, – весела сказала Маруся.
Яна наліла ў кілішкі гарэлку, запраўленую вішнёвым сокам, і ўрачыста прамовіла тост:
– За нашае вялікае сяброўства!
Пазней загучалі іншыя тосты.
Ясь пачуваўся штораз лепей і вальней, пагатоў Маруся пазбягала ўсіх тэмаў, якія маглі б бянтэжыць або сароміць хлопца. Яна пачала расказваць пра Маскву. Яна распавядала так каларытна і цікава, што Ясь аж заслухаўся. Ён аж душыўся ад смеху з ейных жартаў, якія яна ўстаўляла ў аповед, і часам перапыняў яе, распытваючы пра падрабязнасці.
Маруся была адзетая вельмі стрымана: мела на сабе цёмную вузкую спаднічку і белую блузку з манжэтамі ды адкладным каўнерыкам. Валасы былі гладка ўкладзеныя, з праборам пасярэдзіне. Такая вопратка і прычоска яе вельмі маладзілі. Ясю цяпер здавалася, што яна нават маладзейшая за яго. Алкаголь ужо добра ўдарыў хлопцу ў галаву. А гэта знесла дыстанцыю, якая дагэтуль існавала паміж ім і жанчынай, нягледзячы на ранейшыя Марусіны старанні. Цяпер Ясь гаварыў свабодна і весела. Яму крыху заплятаўся язык, думкі ў галаве блыталіся, але ён адчуваў сябе дасканала, як ніколі.
Лобава час ад часу крытычна паглядала на Яся, але гэтак, каб ён не заўважыў. «Не ўмее піць», – зрабіла выснову жанчына і зноў напоўніла кілішкі.
– Давайце вып’ем за вясну! – сказала яна з вясёлым смехам. – За нашую вясну!
– Гэта значыць за вас… Бо вы сама як вясна… такая… такая… – Ясь не мог знайсці адпаведных словаў.
– Ну, якая? Якая?
– Такая… ну, такая прыгожая і свежая, і ўвогуле… цудоўная…
– Ах, які ж ты мілы! – рассмяялася Маруся. – А ведаеш што!.. Знову кажу «ты»… Давай вып’ем на брудэршафт… Бо казаць на «вы» – гэта страшна нудна… А сам-насам давай будзем казаць сабе заўсёды «ты»… Як сябры… Добра?
– Вядома, – згадзіўся Ясь, нават не разумеючы, пра што вядзецца.
Лобава зноў наліла два кілішкі.
– Гэта робіцца вось так!..
Яна падала Ясю кілішак гарэлкі, пераклала сваю руку праз руку хлопца і міргнула, што можна піць.
– А цяпер трэба пацалавацца, – сказала Маруся, калі яны выпілі.
Жанчына паставіла кілішак на стол, узяла галаву Яся ў далоні і хутка пацалавала яго ў губы.
– Што, смачна?..
– Смачна… – адказаў Ясь, не ведаючы, пра што яго пытае: пра смак пацалунку ці гарэлкі.
– Цяпер я зраблю каву, – сказала Маруся. – Ты любіш чорную каву?
– Я?.. Не ведаю… Ніколі не піў…
– Што?! Ніколі не піў?.. Гэта ж самая цудоўная рэч на свеце!.. Гэта і яшчэ адно… За чорную каву я б душу аддала!
Маруся згатавала на нафтавай машынцы ваду і запарыла каву. Пасля гэтага яна дастала з малой шафкі бутэльку лікёру.
– Гэта сапраўдны кюрасаў. Самы любімы мой лікёр. Чорная кава, лікёр і крохкае пячэнне – гэта для мяне ежа багоў…
Лобава гаварыла, смяялася і рыхтавала ўсё для кавы. Напоўніўшы вялікія, зусім не кававыя філіжанкі гарачай цёмнай вадкасцю, яна падала іх хлопцу і загадала добра пасаладзіць.
– Ведаеш, даражэнькі, кава мае быць чорная, як ноч, гарачая, як пекла, і салодкая, як каханне.
Ясь піў каву, еў пячэнне і з захапленнем глядзеў на Марусю, якая мружылася ад задавальнення, кусаючы пячэнне, і вучыла хлопца, як трэба правільна піць лікёр з кавай. Праўда, тут Маруся парушыла адно сваё правіла, дадаўшы ў філіжанкі амаль столькі ж лікёру, што і кавы. Ясь ужо добра захмялеў. Ён весела рагатаў з Марусіных жартаў і сам не зусім складна расказваў ёй розныя анекдоты і смешныя гісторыі, якіх шмат пачуў ад дзядзькі Жардоня і ад знаёмых з ніжніх і сярэдніх слаёў мяшчанства. Неспадзявана для Марусі ён стаў вельмі дасціпны. Яго пастаянная чуйнасць і асцярога ў адносінах яе зніклі. Ён шчыра весяліўся і зусім не адчуваў аніякай збянтэжанасці.
– Але ж тут і горача! – сказала раптам Маруся. – Ух!.. Ты не будзеш супраць, калі я крыху раздзенуся?
І не чакаючы адказу Яся, яна зняла блузку і спаднічку, застаўшыся толькі ў лёгкай кароткай сподняй кашулі блакітнага колеру. Ясю гэта не падалося дзіўным. Яму было прыемна на яе глядзець. Яна падавалася яму прыўкраснай німфай паветра. А яна і сапраўды была зграбнай, гібкай ды вабнай.
Маруся пругка падбегла да Яся і села яму на калені, абняўшы за шыю.
– Ведаеш што, дурненькі, – сказала Маруся. – Я заўважыла, што ты зусім не ўмееш цалавацца.
– Ну, так… Не ўмею…
Маруся весела пачала вучыць хлопца тэхніцы пацалункаў. Яна заўважыла, што Ясь расхваляваўся, і ёй гэта таксама перадалося. Заняткі рабіліся ўсё больш гарачымі, ажно праз некаторы час і настаўніцы, і вучню заняло дыханне. Ясь адчуў, што ў яго пачалі ляскаць зубы, нібы ад холаду. Маруся змусіла яго ўстаць з месца.
– Табе холадна… мне таксама… Трэба троху паляжаць, сагрэцца і супакоіцца… адпачыць…
Хуткім рухам яна адкінула ўбок край коўдры на ложку і дапамагла Ясю раздзецца.
Хлопец дрыжаў. Калі ён застаўся толькі ў сподняй кашулі, то схапіў яе ўнізе за край, пацягнуў долу і бязрадна прамовіў:
– Я не хачу… Я баюся…
– Чаго?.. Дурненькі… – чамусьці шэптам сказала Маруся.
Ясь, раздзеты дагала, закрыў далонямі твар. Яго шчокі ўзмакрэлі ад поту. Ён адчуў, што Маруся пачала цалаваць яго ў грудзі ды супакойваць ціхім голасам:
– Не бойся, маленькі… Ты прыгожы як грэчаскі бог… Усё будзе добра… Гэта самая прыемная рэч у свеце…
Праз гадзіну, пасля псіхічных пакутаў, сораму і нейкай балеснай асалоды Ясь ціха ляжаў у ложку каля Марусі. Ён адчуваў пах ейнага цела, яна ж ціхенька смяялася, а потым сказала нібы знясіленым голасам:
– І нічога табе не сталася… А ты так баяўся… Цяпер ты прынамсі стаў мужчынам, ужо не смаркач болей.
Ясь неспадзявана сам для сябе выціснуў скрозь зубы:
– Я і раней быў мужчынам.
Маруся весела засмяялася.
Калі Ясь а восьмай выходзіў з кватэры Марусі, яна правяла яго да дзвярэй, каб зноў па яго выхадзе замкнуцца на крук. Яна абняла яго за шыю голымі, халоднымі цяпер рукамі і спытала:
– Ці спадабалася ж табе чорная кава?.. Што скажаш?..
– Нясмачная, – упэўнена адказаў Ясь.
– Можа, табе яшчэ спадабаецца яе смак. Дабранач.
Удома Ясь старанна вымыўся. Ён адчуваў да сябе агіду. Быў злы на Марусю. Тое, што сёння з ім адбылося і пра што ён даўно сніў і марыў, цяпер здалося яму жудасным, нават ганебным. Яму падавалася, што ён стаў горшым, стаў залежным ад той жанчыны, з якой зрабіў гэтак непрыстойны, неэстэтычны, брудны акт. Праз гэта ён адчуваў да яе крыўду і горыч. Калі ён ужо ляжаў у ложку, а ў ягоны пакой па нешта ўвайшла сястра ў адной кашулі – не такой прыгожай, як у Марусі, – ён узлавана гыркнуў на яе:
– Лазіць голая, як малпа! Не сорамна табе?
– Ты што? Здурнеў? – адказала здзіўленая Гэля.
– Я табе зараз здурнею!
Ясь падскочыў з ложка. Гэля, не чакаючы, што будзе далей, шмыгнула за дзверы.