355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сяргей Пясецкі » Яблычак » Текст книги (страница 11)
Яблычак
  • Текст добавлен: 26 июня 2019, 15:00

Текст книги "Яблычак"


Автор книги: Сяргей Пясецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 14 страниц)

Першапачаткова Баран планаваў падключыць Яся да продажу фальшывай лімоннай кіслаты, але, падумаўшы, адкінуў ідэю. На працы ён давяраў толькі сабе. І трываў на працы ён толькі прафесійных злодзеяў, адмыслоўцаў у пэўнай зладзейскай галіне. І хоць сам ён быў «гігантам», не вельмі давяраў працы і досведу сваіх калегаў, якія хапаліся за любую работу. Ён лічыў, што добры скокер[29]29
  Скокер – кватэрны злодзей, які працуе ўдзень (медзвяжатнік).


[Закрыть]
– той, хто адным «скокам» і займаецца. Сапраўдны даліншчык – толькі той, хто «ходзіць па даліне», і гэтак далей. Хоць звычайным людзям зладзейскі занятак падаецца нечым лёгкім і простым, але насамрэч для гэтага патрэбны вялізны спрыт, веды і досвед. Адсюль бярэцца часам шырокая спецыялізацыя сярод блатных. Вядома, часта даводзіцца выходзіць па-за вузкі абсяг свайго асноўнага занятку. Напрыклад, дзённы злодзей-кватэрнік часам ідзе на «шніф». Або начны злодзей робіць «скок». Але на гэта яны наважваюцца толькі тады, калі няма іншага выйсця – даціскае нястача або сама работа ідзе ў рукі. Лекар унутраных хваробаў таксама часам мусіць выканаць хірургічную працэдуру. Але гэта ўжо лічыцца адхіленнем ад ягонай спецыяльнасці.

Што датычыць супрацы з фраерамі, то добры злодзей вельмі неахвотна на яе згаджаецца. З гэтага вынікае столькі праблемаў і недарэчнасцяў, што, у прынцыпе, злодзеі лічаць такую супрацу простай дарогай у турму. Таму і Баран пасля нядоўгіх роздумаў пастанавіў абысціся без Ясевай дапамогі, а ўсю падробленую лімонную кіслату прадаць самастойна.

Назаўтра Алік Баран апрануў новы плашч, сіні капялюш і насунуў на нос акуляры. Ясь ледзьве пазнаў яго ў такім убранні і міжволі зарагатаў. Барану гэта спадабалася.

– Не пазнаў бы мяне потым?.. Што скажаш?..

– Ніколі ў жыцці! – адказаў Ясь.

– Ну, то і клёва!

Настаўнік і вучань адправіліся на заданне. Баран нёс два пакункі лімоннай кіслаты. Ясь цягнуў у кашы чатыры пакункі. Гандляваць яны пачалі на Хрышчэнскай вуліцы. Там Баран прадаў два пакункі, загадаў Ясю ўзяць фурманку, ехаць дадому і як найхутчэй прывезці яшчэ шэсць пакункаў. Дамовіліся спаткацца на Кветкавым бульвары. Апошнюю партыю Баран прадаў на Маскоўскай вуліцы, недалёка ад вакзалу. На ўсё гэта ім спатрэбілася чатыры гадзіны. Мала якая крама не купіла лімоннай кіслаты на рэалізацыю. На Ясеву просьбу Баран дазволіў яму прадаць апошні пакунак тавару.

Ясь зайшоў у краму на Маскоўскай вуліцы. Там акурат было шмат кліентаў. Ясь звярнуўся да сталага габрэя, які акурат нешта важыў:

– Можа, купіце лімонную кіслату?

Купец адразу зацікавіўся, бо ў тыя часы гэта быў рэдкі тавар.

– А шмат маеш?

– Тры кілаграмы.

– За колькі?

– Шэсцьсот рублёў кіля. Але прадаю ўсё разам.

– Пакажы.

Купец забраў пакунак. Узяў на палец і паспрабаваў на язык адзін крышталь з самага верху, другі – з сярэдзіны, разгарнуў крышталі пальцамі і зазірнуў глыбей.

– Заплачу пяцьсот пяцьдзясят.

Ясь ведаў, што Алік некалькі партыяў прадаў нават за пяцьсот рублёў, але тут заўпарціўся, што танней не аддасць.

– Як не хочаце купіць па шэсцьсот, то ў іншым месцы возьмуць па шэсцьсот пяцьдзясят.

Купец узяў тавар, узважыў і заплаціў Ясю тысячу восемсот ост-рублёў. Ясь весела вылецеў да Аліка і ўрачыста перадаў яму грошы.

– Тысяча васемсот… – сказаў ён з радасцю ў голасе.

– Клёва, – абыякава прамовіў Баран.

Поўны гонару, Ясь ішоў побач з Алікам і ўвесь свяціўся ад захаплення. На Падгорнай вуліцы Баран завёў хлопца ў прытон, дзе нелегальна прадавалі гарэлку, марфін і какаін. Гэта было месца спатканняў для абраных. Сюды захаджвалі нават паліцыянты, бо тут заўсёды быў свежы тавар… як жывы, так і наркотыкі.

Баран і Ясь селі ў асобным пакоі. Алік замовіў чвэрць літра каньяку і сардзінкі. Выпілі па кілішку.

– За ўдачу, – сказаў Баран, узняўшы кілішак.

Потым Алік папрасіў Яся падлічыць прыбытак.

Калі яны аднялі выдаткі на сыравіну і акруглілі суму, то выйшла, што настаўнік і ягоны асістэнт зарабілі за дзень трыццаць чатыры тысячы ост-рублёў. Ясю гэтая сума здалася фантастычнай. Баран быў абыякавы. Ён лічыў грошы. Адлічыўшы шэсць тысячаў восемсот рублёў, ён падсунуў іх па стале ў бок Яся:

– Бяры… Гэта тваё!

Ясь пачырванеў і збянтэжыўся:

– Я ж амаль не ўдзельнічаў… Толькі адзін пакунак прадаў…

– Бяры, бяры… Пятая частка твая!..

І Ясь узяў грошы. Яны акурат вельмі яму прыдаліся, бо ў апошні месяц у жытло да Нацэвічаў зноў часта заглядваў голад.

Назаўтра Ясь прачытаў у газеце, у рубрыцы «Хроніка», наступную інфармацыю пад загалоўкам «Новая афёра»:

«Учора шмат менскіх купцоў стала ахвярамі ашуканца, які ў дзясятку крамаў выдаў за лімонную кіслату нейкую іншую, шкодную для здароўя, горкую субстанцыю. Не зважаючы на шматлікія перасцярогі, каб грамадскасць была больш пільная, дастаткова ёсць яшчэ наіўных, якія ў пагоні за нажываю самі становяцца ахвярамі нахабных аферыстаў. Паліцыя ідзе па слядах злачынцаў».

Баран іранічна ўсміхнуўся:

– Паліцыя ідзе па слядах і бачыць злачынца ў снах!

12
ФРАЕР АТРЫМЛІВАЕ ЗЛАДЗЕЙСКІЯ ШПОРЫ

Баран даўно ўжо адчуваў сімпатыю да Яся. Яму падабалася, што хлопец заўсёды ветлівы, вясёлы і адкрыты. А імпанавала тое, што Ясь быў вучоны. Што праўда, Алік лічыў Стася Рамізніка і Прафесара таксама вучонымі, але цяпер заўважыў, што Ясь мае большыя тэарэтычныя веды, чым яны, аднак ніколі тым не задаецца, не пускае дыму ў вочы і не робіць шматзначных мінаў, «як шлюндра ў кустах». Ён ахвотна і сумленна тлумачыць, што ведае сам, а калі нечага не ведае, то шчыра ў гэтым прызнаецца і шукае адказу ў кнігах.

Алік дагэтуль ніколі не працаваў з фраерамі. Але Яся ён пачаў вучыць сваёй прафесіі – як раней вучыў напраўляць абутак, бо хацеў яму дапамагчы матэрыяльна. У ягонай галаве ўвесь час кружляла думка: «З юнака быў бы хвацкі злодзей, абаяльны, разумны, смелы і спрытны… Толькі трэба, каб ён трапіў у добрыя рукі». Алік адчуў патрэбу падзяліцца з некім вартым сваімі тэхнічнымі і практычнымі ведамі, тым усім, што ён збіраў гадамі, прыклаўшы дзеля гэтага шмат намаганняў. Баран узяў хлопца на некалькі дробных крадзяжоў, падчас якіх Ясь быў свечкай[30]30
  Свечка – вартавы, чалавек, які папярэджваў пра небяспеку.


[Закрыть]
. Той справіўся са сваім заданнем дасканала, паводзіў сябе смела і разумна. Гэта вельмі падабалася Барану, і ён пачаў паступова знаёміць свайго вучня з таямніцамі зладзейскага майстэрства. У свет злачынцаў Алік пакуль вырашыў Яся не ўводзіць. Забіраў яго на заданні, расказваў пра турмы, скупшчыкаў, агентаў, злодзеяў, пра маліны[31]31
  Маліна – зладзейскае логава, хованка.


[Закрыть]
, пасярэднікаў, пра ўдала выкананыя работы…

Некалькі разоў Баран прыносіў з гораду цэлыя наборы навясных замкоў, якія паздымаў адмыслова для Яся з сутарэнняў, складзікаў, гарышчаў і кватэр. Ён разбіраў іх і знаёміў хлопца з механізмам, з цугальтамі. Ён паказваў, якія замкі можна адчыніць шылам, якія трэба зрываць або скручваць шабрам, а якія распорваць прабойнікам, а якія абразаць нажніцамі для металу. Ён вучыў яго карыстацца шабрам – універсальным зладзейскім рыштункам. Навучыў хлопца ўжываць адмычку, а дзеля гэтага спецыяльна купляў яму на базары старыя ўнутраныя замкі з дзвярэй. Тлумачыў, як выглядаюць і якое маюць прызначэнне розныя зладзейскія прылады. Класіфікаваў яму асобныя віды работ і сістэмы іх выканання. Называў катэгорыі злачынцаў і сферы іх дзейнасці. Свайго вучня ён нават тэарэтычна пазнаёміў з тэхнікай абкрадання вогнетрывалых сейфаў.

Ясь ахвотна ўбіраў у сябе зладзейскія веды. А паколькі няма друкаваных кніг пра тактыку, тэхніку, этыку, правілы і гісторыю зладзейства, то гэткую інфармацыю ён засвойваў толькі са словаў, прыкладаў і тлумачэнняў свайго настаўніка.

Баран, заўсёды маўклівы, з Ясем гаварыў шмат і заўсёды па справе. Ён умеў проста растлумачыць досыць складаныя справы і нічога не ўтойваў ад вучня са свайго досведу. Алік вырашыў не спецыялізаваць Яся ў нейкай адной сферы, а вучыў яго ўсяму. Адначасова Баран браў свайго вучня на заданні, калі лічыў, што хлопец яму патрэбны. І гэтым самым злодзей даваў свайму вучню зарабіць.

Яго прывязанасць да хлопца была дзіўнай. Відаць, яна ўзнікла ў значнай ступені праз нешчаслівае сужыццё з Паўлінкай, якая ў адносінах да Аліка была злой, грубай і капрызнай. Таму Баран шукаў спатолення ў гарэлцы, крадзяжах і размовах з ветлым добрым хлопцам.

З таго часу, як у Менск увайшлі немцы, для злодзеяў пачалася новая эра. Змена ўлады стварыла пэўны хаос і бязладдзе, чым зламыснікі рупліва карысталіся. Асабліва шырокае поле дзейнасці адкрылася для аферыстаў. Ясь адносна хутка пазнаёміўся з рознымі відамі работаў, але асаблівую цягу адчуў да афёраў. Ён краў адважна і спрытна, але крадзяжы не прыносілі яму задавальнення. У сваю чаргу яго надзвычай цешыла кожнае старанна арганізаванае махлярства, сваё або чужое, у якім ахвярамі рабіліся пераважна хцівыя, радзей бязглуздыя людзі.

Ведаючы рынак, ён пачаў працаваць там самастойна як туфцяра. З цягам часу пазнаёміўся з некалькімі іншымі туфцярамі і жулікамі. Тады ён пачаў працаваць разам з іншымі да сябе падобнымі штукарамі. Ён быў вельмі разумны і вынаходлівы ды сам прыдумляў розныя спосабы ашуканства. Але ніводнага метаду ён так належным чынам і не распрацаваў, а ўвесь час перакідваўся на іншыя работы. Ён дзейнічаў не столькі для заробку, колькі з цікавасці, для спорту. Звычайныя ж ліхадзеі пераважна выбіраюць адзін від афёраў ці крадзяжоў.

Ясь хадзіў па Траецкай гары ў базарны дзень і ўважліва прыглядаўся да атачэння. Рынак быў вялікі, увесь застаўлены вазамі. Ясь насіў пад пахай два вялікія адрэзкі якаснай скуры на падэшвы, закручаныя ў жоўтую тоўстую паперу. Падобны скрутак, гэтаксама запакаваны, ён меў пад крысом плашча. Але там у паперу загорнутая была не скура, а тоўсты кардон. Такая самая вага, форма і эластычнасць. Недалёка ад Яся круціўся Малыш, супольнік, прафесійны туфцяра і жулік. Малыш насіў па рынку залаты пярсцёнак. Дакладней, ліпу, а не золата. Але на выгляд усё было ў парадку.

Да Яся падыходзіць вясковы мужык. З выгляду заможны.

– Прадаеш падэшвы?

– Прадаю.

Ясь разгортвае паперу і паказвае тавар. Той з кіслай мінай гне скуру, калупае яе пазногцем і крытыкуе, хоць тавар найвышэйшай якасці:

– Тонкая… На месяц не хопіць… А ад вады разлезецца, як кішка будзе.

Ясь забірае падэшвы і загортвае ў паперу:

– Не падабаецца, то і не купляй!

Але мужык пытаецца пра цану. Ён ведае, што тавар вельмі добры, але хоча купіць яго як мага танней.

– За ўсё тысячу дзвесце рублёў, – кажа Ясь.

– Дам пяцьсот.

– І за тысячу не аддам, – адказвае Ясь і кіруецца далей у натоўп.

А да Яся акурат падыходзіць Малыш і спыняе яго.

– Можа, ёсць скура на падэшвы? – пытае Малыш у Яся.

– Ёсць.

Ясь зноў дастае з паперы скуру. Малыш правярае тавар. Селянін з неспакоем набліжаецца да іх і падслухоўвае.

– Колькі хочаш за ўсё? – пытаецца Малыш. – Мне ў майстэрню трэба.

– Апошняя цана тысяча сто, – кажа Ясь.

– Дам тысячу, – гандлюецца Малыш.

– Ні рубля не спушчу болей, – адказвае Ясь.

Малыш няўпэўнена адыходзіць. Тады Яся даганяе селянін і пытае:

– Дык за колькі аддасі?

– Тысяча сто.

– Дам тысячу пяцьдзясят. Добрая цана… Ну?..

Ясь разгортвае паперу і зноў паказвае скуру:

– Але паглядзі, які тавар! Нідзе такога не знойдзеш.

Мужык зноў аглядвае скуру і паўтарае:

– Дам тысячу пяцьдзясят.

– Тысяча сто. Танней не аддам, – стаіць на сваім Ясь і зноў абкручвае скуру паперай ды хавае яе пад крысо плашча, а адтуль дастае наверх пакунак з кардонам. Вясковец урэшце згаджаецца:

– Ну, давай!

Ясь бярэ грошы, аддае мужыку пакунак з кардонам і адыходзіць. Але не ідзе задалёка, а пачынае сачыць за сваім пакупніком. Той ідзе да воза, хавае пакунак у мяшок і закідвае яго пад сядушку. Воз ён пакідае пад нагляд жанчыны, пэўна, жонкі, і зноў ідзе на рынак.

«Толькі ўдома заўважыць», – думае Ясь і ідзе шукаць Малыша.

Свайму калегу Ясь дапамог прадаць тры «залатыя» персцені і пару заручальных пярсцёнкаў. Ягоная дапамога палягала на тым, што ён падбіваў цану, калі Малыш знаходзіў купца. Гэтак ён прадаваў, да прыкладу, срэбны пазалочаны пярсцёнак альбо іншую падробку золата часам у дзесяць альбо нават дваццаць разоў даражэй за сапраўдны кошт.

Прадаўшы ўвесь тавар, Малыш і Ясь падзялілі між сабою выручку з сённяшняга дня.

Выбіраючыся на рынак, Ясь апранаўся заўсёды крыху інакш, чым звычайна. Напрыклад, накладаў капялюш, хоць пераважна хадзіў у спартовай круглай шапцы з брылём, і ў дадатак мог начапіць на нос акуляры ў рогавай аправе з простым шклом. На рынках ён пільнаваўся, каб не спаткаць кліента з папярэдніх справаў. Калі з’яўляцца на базарах стала ўжо небяспечна, ён перайшоў на вуліцы, у прадмесці, на прывакзальныя плошчы. Заўсёды яму ўдавалася выдумаць нейкую камбінацыю, якая давала магчымасць зарабіць на дурноце, наіўнасці, але найчасцей на людской скупасці. Адначасова Ясь працаваў з Бараном і ўсё больш паглыбляўся ў свет злачынцаў.

Ясь больш не цярпеў ад нястачы. Ягонае матэрыяльнае становішча істотна палепшылася. Не галадалі і родныя. Ясь купіў сабе добрую вопратку, папрыгажэў, ягоныя рухі набралі пэўнасці, а позірк стаў смелым. Ён адчуў сябе чалавекам, які выйдзе цэлым з любой складанай сітуацыі. Раман з Лобавай цягнуўся, як і раней. Нервовая, капрызная, уладная каханка не падабалася Ясю. Лобава ставілася да яго як да смаркача, якога трэба вучыць жыць і кахаць. Ясь пачуваўся незалежным, і яго абражала паблажлівае стаўленне з боку жанчыны. Акрамя таго, ён саромеўся ўзгадваць свой першы эратычны досвед, калі ён быў такі неразумны і баязлівы. Напышлівасць Марусі здавалася Ясю пагардай да яго… як да мужчыны.

Ясь пачаў прапускаць заняткі і ўсё радзей заходзіў да Марусі. Усё часцей ягоны позірк затрымліваўся на іншых жанчынах, штораз меней яго цікавіла Лобава. Ён вырашыў нават, што перастане наагул да яе хадзіць. Але праходзіла некалькі дзён, і звычайная фізічная цяга зноў кідала хлопца ў ейныя абдымкі. Ён лічыў гэта слабасцю. Ён прысягаў сам сабе, што закончыць з гэтым раз і назаўсёды, і трымаўся некаторы час, да чарговага граху. У ім пачала расці непрыязнасць да гэтай жанчыны як да прычыны ягоных «паразаў», але патрэба зноў гнала яго да Марусі як нявольніка, які курчыўся ад сораму сам перад сабою. Ён быў з ёю штораз больш рэзкі, ігнараваў ейныя пяшчоты і паддобрыванне, і стараўся як мага хутчэй, заспакоіўшы сваю цялесную патрэбу, яе пакінуць.

На пачатку іхнага раману Маруся думала, што Ясь закахаўся ў яе. Яна меркавала, што да яе ў рукі трапіў хлопчык без досведу, якім яна зможа кіраваць, як захоча. Пазней яна заўважыла, што Ясь яе пазбягае, не любіць ейных пацалункаў. І толькі тады зразумела, што служыць яму дзеля заспакойвання разбуджаных жаданняў ягонай плоці. Але ў той жа час сама яна адчула, што прывязалася да яго. Аднак у гэтым не было элементаў сапраўднага кахання, хутчэй, гэта была любоў да самой сябе… і абраза, што не можа ўтрымаць у кулаку такога недасведчанага партнёра. І ўсё ж зграбны, моцны, прыгожы хлопец завалодаў усімі ейнымі думкамі, і ёй цяжка было прымірыцца з ягонай абыякавасцю. Аднаго разу Маруся запытала ў Яся:

– А ты мяне кахаеш?

Ясь, агаломшаны неспадзяваным пытаннем, маўчаў.

– Ну, кажы! – настойвала жанчына.

– Так… – няўпэўнена адказаў Ясь.

– Так, так, – перадражніла яго Маруся. – Гэтак і качка скажа. Ты скажы шчыра…

– Я не ведаю, – адказаў Ясь.

– Чаму не ведаеш?

– Не ведаю, ці кахаю, і ўвогуле, што значыць тое каханне.

– Каханне – гэта тады, калі хочаш мяне больш за іншых жанчын… Увесь час думаеш толькі пра мяне, сумуеш па мне… Ну, разумееш?

– Разумею.

– Ну, і што?..

– І то, што я цябе не кахаю, – шчыра і спакойна сказаў Ясь.

– Та-а-а-к!.. Ах ты, подлы! Подлы! Гнюсны! Я цябе вучу, я для цябе стараюся, а табе ўся цалкам аддалася, а ты такі!

Маруся ўся налілася чырванню. У яе вачах успыхнулі іскры злосці.

– Ты сама захацела. Я цябе не прасіў… Ты рабіла, што хацела, а я цябе слухаўся, – спакойна сказаў Ясь.

– Тады пайшоў вон, дурань! – крыкнула Маруся.

Ясь няспешна ўстаў з месца і выйшаў, сказаўшы:

– Да пабачэння.

Ён быў абсалютна спакойны. Хлопец адчуваў, што мае рацыю. Прыкідвацца закаханым у Марусю падавалася яму гідкім. Ён наагул ненавідзеў падман, які будаваўся на баязлівасці або на карыслівасці.

Праз некалькі дзён, у нядзелю, Ясь спаткаў Марусю на вуліцы недалёка ад дому. Сустрэча не была выпадковай. Маруся папярэдне заўважыла, што Ясь па дарозе ў горад зазірнуў да манцёра, таму выйшла на двор і памалу ішла ў ягоны бок, чакаючы, калі ён выйдзе ад суседа.

– Добры дзень! – ветліва прывітаўся з ёю Ясь, выйшаўшы ад манцёра.

– Добры дзень! – весела адказала Маруся. – Можа, завядзеш мяне ў кіно?

– Добра, – адразу ж згадзіўся Ясь.

Па дарозе яны гарэзліва і нязмушана размаўлялі. Маруся была ў вельмі добрым настроі: вясёлая, дасціпная, мілая. Ясю гэта падабалася, і калі напачатку ён быў крыху насцярожаны, то хутка памякчэў і таксама зрабіўся гуллівы і свавольны. Цяпер яму было з ёй вельмі прыемна. Хлопец не мог пазнаць жанчыны, якая яго тыранізавала і глядзела на яго звышку.

Лобава зразумела, што мусіць змяніць сваё стаўленне да Яся. Яна адчула, што хутчэй дабрынёй зможа яго ўтрымаць пры сабе. А яна вельмі хацела гэта зрабіць. Акрамя таго, што ёй быў патрэбны мужчына, у ейным жыцці разгаралася новае сапраўднае каханне. Яна ўсвядоміла гэта толькі тады, калі Ясь на некаторы час ад яе аддаліўся.

Іхны раман трываў далей. Але цяпер Ясь граў у ім першую скрыпку. Ён не навязваў каханцы сваёй волі, жанчына сама па сабе стала ў адносінах яго мяккай, далікатнай і ўсяляк старалася яму падабацца.

Аднойчы Аліка Барана наведаў Філіп Лысы. Мала хто ў зладзейскім свеце ведаў, дзе жыве Алік Мангол. Мангол – гэта была мянушка, якую яму далі, пэўна, з-за яго крыху касых вачэй і скулаў, якія выступалі на твары. Філіп Лысы належаў да нешматлікіх прафесійных злодзеяў Менску, з якімі Баран дачыняўся як з раўнёй. У злодзеяў гэтая іерархія выбудоўваецца паводле спрыту, досведу, а перадусім характару. Яны маюць нават асаблівае слова: «характэрны». Напрыклад, «характэрны хлопец» – гэта варты даверу, смелы, салідны як калега, не круцель, заўсёды трымае слова.

Філіп не застаў Барана ўдома. Ён элегантна пакланіўся Паўлінцы і сказаў:

– Маё шанаванне, мадам!

– Добры дзень! Вы да Аліка?

– Натуральна. Я маю да яго асабісты, першага класу гандлёвы інтэрас.

«Няўжо і гэта злодзей», – падумала Паўлінка, гледзячы на дастойную высокую фігуру Філіпа, яго экстраэлегантны строй, крыху лысаватую галаву, якая блішчала ад чарговага фантастычнага сродку для росту валасоў.

– Сядайце, калі ласка, – ветліва прапанавала Паўлінка.

– Прадстаўлюся пані, – урачыста прамовіў Філіп. – Князь Разумоўскі, – Філіп паціснуў і пацалаваў Паўлінчыну далонь.

Паўця, якую збянтэжыў тытул і элегантнасць госця, залілася чырванню, а Філіп вырабляўся далей. Ён ведаў ад Аліка, што той жыве з фраеркай, таму лічыў, што можа пускаць дым у вочы, колькі ўлезе. Натуральна, ён не перакрочыў бы мяжы, пасля якой мянчэнне языком ператварылася б у заляцанне да марухі калегі. Ён быў старым блатным і глыбока шанаваў непісаныя правілы і зладзейскія традыцыі. Але чаму б і не пазадавацца перад прыгожай жанчынай?

– Я, можа, крыху не ў час, – сказаў Філіп. – Але я ахвотна пабуду ў таварыстве такой цудоўнай кабеты. Адзін заолаг неяк сказаў: «Жанчыны – гэта кветкі ў раі Магамета». А што можа быць лепшае за кампанію прыгожай ружы? Чалавек ужо пры жыцці можа адчуць сябе як у раі.

Філіп, які ўвесь час пагардліва надзімаў губы, пазяхаў і меў кіслую міну, перад Паўлінкай расправіў пёры, каб падкрэсліць сваю паважнасць і блатнярскую саліднасць. Ён быў дасціпны, вясёлы, безупынку сыпаў жартамі і прымаўкамі. Паўлінка была ў захапленні ад новага госця. «Вось каб мой Алік быў такі. А то маўчыць як пень, а вочы як нажы. Але гэты, пэўна, не злодзей».

Праз гадзіну з гораду вярнуўся Баран, які разам з Ясем хадзіў агледзець адну работу. Гэта была самастойная ідэя Яся і ягоная прапанова. На вуліцы Захар’еўскай, насупраць Кветкавага скверу, была вялікая малочная крама. Там прадавалі сыры, малако, смятану. Гандаль ішоў бойка, і напрыканцы дня ў касе збіралася шмат гатоўкі. Ясь даволі доўга назіраў і прыйшоў да высновы, што гаспадары крамы вечарам не забіраюць грошай. Хлопец, стараючыся добра падрыхтавацца да работы, дакладна праверыў тэрыторыю і знайшоў невялікія жалезныя дзверы, якія вялі ў краму з чорнага ўваходу і размяшчаліся ў цёмным закутку каля сходаў. Тымі дзвярамі не карысталіся. На дзвярной скабе вісеў іржавы навясны замок, але знутры дзверы маглі трымаць засаўкі або крукі. Спачатку Ясь меркаваў, што ўвайсці ў краму праз чорны ўваход не атрымаецца, нават калі ўдасца зняць навясны замок і адчыніць адмычкай дзверы. Ён, аднак, не пераставаў круціцца каля крамы, безупынна абдумваючы, як абрабіць павука. Яго вабіла гатоўка, натхняла жаданне самастойна скласці план грунтоўнай работы.

Праз некаторы час у яго нарадзілася такая ідэя. Ён адзначыў, што кожны дзень пад малочную краму пад’язджае крыты воз, і з яго разгружаюць скрынкі з маслам і сырамі, слоікі з малаком. Большую частку тавару праз краму зносілі ў малы пакойчык ззаду, менавіта туды і вялі знадворку жалезныя дзверы.

Ясь заўважыў, што тавар цягаюць не толькі фурман і работнік, якія прыязджаюць возам, але і мужчынскі персанал крамы, акрамя самога ўладальніка. А ў краме працавалі два дарослыя мужчыны, дзве жанчыны і адзін малады хлопец. Таму звычайна тавар разгружалі ад трох да пяці мужчынаў. Ясь падумаў: «Калі я вазьму з воза адну скрынку з маслам і панясу ў краму, то тыя з воза будуць думаць, што я з крамы, а ў краме падумаюць, што я прывёз тавар і ім дапамагаю. Калі нехта нешта заўважыць, то скажу, што хацеў ім дапамагчы».

Спачатку Ясь планаваў занесці скрынку ў тыльны пакой у краме і там схавацца, перад гэтым адамкнуўшы звонку два замкі. Вечарам, калі б краму зачынілі, ён мог бы зрабіць работу і выйсці праз чорны выхад… Але крыху падумаўшы, ён адмовіўся ад такога плану. У краме магло не быць месца, каб схавацца. Яго прысутнасць маглі выкрыць. Урэшце нашмат прасцей было адамкнуць дзверы знутры, а вечарам, пасля закрыцця крамы, адчыніць дзверы звонку і ўвайсці ў краму.

Праз некалькі дзён Ясь, які падышоў да крамы, трапіў акурат на дастаўку тавару. Воз спыніўся перад будынкам, і пачалася разгрузка. У краме было шмат пакупнікоў, таму дапамагаць фурманам выйшаў толькі адзін прадавец. Ясь зняў з галавы шапку і ўсунуў яе ў кішэню. Увайшоў у краму. А потым, калі прадавец і фурман разам панеслі вялікую скрыню, Ясь без шапкі выйшаў на вуліцу, узяў на плечы меншую скрынку і панёс яе ў краму. Прадавец і фурман выходзілі з пакойчыка, калі Ясь туды ўвайшоў. Ясь паставіў скрынку на нейкай паліцы і спешна выняў ліхтарык. У яго святле злева ад сябе, у задняй сцяне пакою ён распазнаў жалезныя дзверы. Яны былі зачыненыя на вялікую засаўку і два крукі. Ясь хутка рынуўся да іх. Засаўка паддалася адразу ж, затое адзін з крукоў заеў, і Ясь, учапіўшыся аберуч, ледзь змог яго адшчапіць. Крыху ўстрывожаны, ён выйшаў у гандлёвую залу і пачакаў у чарзе, пакуль прадавец і фурман не ўвайшлі з вуліцы з наступнай скрыняй. Пасля гэтага Ясь надзеў на галаву тапку, выйшаў з крамы і хутка пашыбаваў у пошуках свайго настаўніка.

Ясь знайшоў Барана ўдома і падрабязна расказаў яму пра работу, якую ён сам заўважыў, прадумаў і падрыхтаваў да выканання. Урэшце закончыў:

– Мы мусім сёння вечарам туды пайсці і, як толькі зачыняць краму, увайсці з тылу і забраць грошы.

Баран падчас расповеду Яся глядзеў на хлопца, крыху прыжмурыўшы вочы, а калі Ясь закончыў, то Алік пляснуў яго рукой па калене і сказаў з павагай і прызнаннем:

– Але з цябе і блатняга зрабіўся. Га, бандзюгайла?!.

На твары Яся выступіў румянец. Хлопец быў задаволены. Ён ведаў, што ягоны настаўнік скупы на пахвалу, таму адабрэнне Аліка ён цаніў асабліва. Алік зараз жа сабраўся, і яны разам пайшлі ў горад, каб Баран прыгледзеўся да работы.

– Замок вялікі, але просты, шылам можна адамкнуць, а дзверы адмычкай. Клёвая работа.

Настаўнік і вучань дамовіліся, што вечарам пойдуць на работу. А калі краму зачыняць, Ясь зойдзе туды праз чорны ўваход, а Алік павесіць на дзвярах замок, каб усё выглядала нармальна. Работу ўскладняла тое, што крама мела вялікія вітрынныя вокны, а каса знаходзілася з правага боку адразу каля акна, таму з вуліцы яе было вельмі добра відаць.

– Трэба ўзяць яшчэ аднаго хлопца, а калі ты будзеш усярэдзіне, мы станем пад акном і будзем нібыта размаўляць, – пастанавіў Баран.

З’яўленна Філіпа было Барану на руку. Алік пазнаёміў яго з Ясем і прапанаваў калегу пайсці сёння на заданне. Філіп, бесперастанку пазяхаючы і ўвесь час пагардліва надзімаючы губы, прыглядаўся да Яся, якога гэта вельмі бянтэжыла. Філіп згадзіўся на работу адразу ж. Ён і сам прыйшоў да Барана з прапановай абрабіць павука на вуліцы Петрапаўлаўскай.

– Можна зрабіць кабар[32]32
  Кабар – крадзеж з узломам праз сцяну, падлогу або столь.


[Закрыть]
. Але трэба тры чалавекі.

– Ну дык тройкай і пойдзем, – сказаў Баран.

– Замалады яшчэ, – Філіп кіўнуў на Яся.

– Нічога, – адказаў Баран. – Даўно ўжо са мной ходзіць. Характэрны хлопец. Работу ведае.

Філіп выдзьмуў губы і станоўча заківаў галавой. І толькі цяпер Ясь адчуў сябе сапраўдным злодзеем. І яму было вельмі прыемна.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю