355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сяргей Пясецкі » Яблычак » Текст книги (страница 10)
Яблычак
  • Текст добавлен: 26 июня 2019, 15:00

Текст книги "Яблычак"


Автор книги: Сяргей Пясецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 14 страниц)

10
ПІВОНЯ І ПЕЛАРГОНІЯ

Справа ад уваходу ў шавецкую майстэрню Барана буйна квітнеў вялікі куст бэзу. Сакавітыя, свежыя, цяжкія гронкі кветак іскрыліся ранкам у брыльянтавай расе, днём палыхалі ў зелені, а вечарам цяжка згіналіся долу. Гэта была магія вясны, яе сіла і хараство, яе чары… Гэтаксама буйна расквітнела ў сэрцы Барана каханне. Ён цалкам патануў у ім. Пазбавіцца кахання ён мог толькі вырваўшы сваё сэрца. Паўка зрабіла ягонае жыццё неверагодным. У святле кахання нават ейныя недахопы блішчэлі для Барана, як каштоўныя камяні. Яе капрызы і жаданні рабіліся для яго законам.

На другі дзень пасля з’яўлення ў яго Паўлінкі Баран, нічога ёй пра гэта не кажучы, пайшоў да Хурдзіча. Цясляр быў на падворку каля дому і нешта рабіў пры кучы дошак.

– Добры дзень, – прывітаўся Баран.

Хурдзіч нешта яму адбуркнуў, нібы з-пад палкі.

– А чаго вы гэта неяк но ў гуморы? – спакойна запытаў Баран.

– А што мне, танцаваць ці спяваць? Га? – рэзка адказаў Хурдзіч.

Баран прымружыў адно вока і сказаў ціха, спакойна, але ўпэўнена:

– Ты не вызвярайся, стары ёлупень! Я з табой як з нармальным чалавекам размаўляю, дык і будзь чалавекам, а не сабакам, бо я цябе навучу, як трэба з людзьмі размаўляць.

Хурдзіч выпрастаўся, вылупіў вочы і ашаломлена глядзеў Барану ў твар.

– Што-о-о?! – пацягнуў ён нізка і дзіка.

– Тое, што чуў!.. Я табе не Паўлінка… Са мной ты так не пагаворыш… Каб ты не быў ейным бацькам, то я б цябе навучыў яшчэ розуму, ты, фраерская дубіна!

Хурдзіч знямеў. Ён сутаргава сціскаў пальцы ў кулакі і цяжка дыхаў. А Баран казаў далей:

– Такога бацьку то толькі са скуры абдзерці… За што ты, боўдзіла, так яе збіў?

Хурдзіч ледзь не расказаў. Але ў апошні момант стрымаўся і кінуў дзёрзка, са свістам:

– Чаго ты хочаш?

– Хачу забраць яе рэчы.

– Няма тут аніякіх яе рэчаў! Тут усё маё! А ты тут чаго мне камандуеш? Га? Я зараз паліцыю паклічу!

– Спакойна! Спакойна! – сказаў Баран. – І паліцыяй не надта тут мне хваліся. Бо як я пайду з Паўкай да доктара, а пазней падам на цябе ў суд, то будзе яшчэ горш.

– А што табе да гэтага?

– Мне да гэтага тое, што я ейны жаніх, а як атрымаю метрыку з Вільні, то возьмем шлюб. А цяпер давай яе рэчы…

– Няма тут аніякіх яе рэчаў!

– Добра… То так сабе і запомнім, што Паўка нічога не мае… Усяго найлепшага…

Баран развярнуўся і выйшаў на вуліцу. Хурдзіч кінуў працу на падворку і пайшоў у дом. Ударыў за нешта Юліка і, лаючыся, хадзіў па пакоі. Пасля абеду ён паклікаў жонку і загадаў ёй сабраць Паўчыны рэчы.

– Якія рэчы?! – здзівілася кабета.

– Усе!.. Каб ніводнай ніткі яе тут не засталося.

– Бялізну таксама?

– Усё, я табе кажу! – тупнуў нагой Хурдзіч.

Тым часам Баран вярнуўся дадому і загадаў Паўлінцы ісці з ім у горад. Яны абышлі шмат крамаў, і Баран купіў для Паўкі некалькі камплектаў бялізны, панчох, сукенку і паліто.

– Гэта на пакуль… Потым купім больш і лепшага.

Яны вярнуліся дадому позна, нагружаныя пакункамі. Паўця вельмі цешылася з набыткаў і не пераставала дзякаваць Аліку. Баран пры гэтым штораз болей хмурыўся, стараючыся схаваць сваё задавальненне.

Вечарам пад майстэрню Барана заехала фурманка. Нюра – матка Паўлінкі – злезла з воза і ўвайшла ў будынак. Ацэньваючы, яна акінула зрокам памяшканне і звярнулася да Паўлінкі:

– Я прывезла табе рэчы… Татка прыслаў…

Баран прывітаўся з будучай цёшчай і выйшаў на ганак, пакінуўшы жанчын саміх. На падворку ён пабачыў невялікі воз, на якім быў жалезны ложак, масіўны кош з лазы з навясным замком, матрац і нейкія дробныя клункі.

– Куды выгружаць? – запытаў Барана фурман.

– Пачакай, – адказаў Баран і вярнуўся ў майстэрню.

Калі Баран увайшоў, матка Паўлінкі пачала з ёю развітвацца.

– Фурману заплочана, – сказала яна Барану.

Алік нешта ёй буркнуў у адказ, і жанчына выйшла з кватэры. Баран дагнаў яе і сказаў:

– Пачакайце, калі ласка! Тут ёсць яшчэ адна справа.

Жанчына стала пры возе, а Баран вярнуўся ў дом і ўсхваляваным голасам сказаў Паўлінцы:

– Распранайся… хутка…

– Навошта? – здзівілася дзяўчына.

– Я ім адашлю ўсё іхнае… Ну, давай!..

Баран гаварыў так рашуча, што Паўлінка не наважылася пярэчыць. У спеху яна пачала здымаць сукенку і бялізну. А потым падала іх Аліку праз шырму. Баран выйшаў на двор і, перадаючы рэчы Паўлінчынай матцы, сказаў:

– Бацька Паўкі казаў мне сёння, што яна ніякіх рэчаў не мае… Гэта хіба памылка… – ён кіўнуў галавою на воз. – Абыдземся і без ягонай ласкі… Едзь назад, – сказаў ён фурману.

І воз развярнуўся на вуліцу.

У майстэрні Баран сеў на зэдлік пры варштаце і доўга глядзеў у акно, пра нешта думаючы. Паўка выйшла з кватэры, а праз чвэрць гадзіны вярнулася з вазонам, у якім рос вялікі куст пеларгоніі. Вазон яна паставіла на падаконні.

– Падабаецца кветка? – запытала яна ў Аліка.

– Так… А дзе ты яе ўзяла?

– Прынесла ад сяброўкі… Тут будзе весялей…

– А як называецца?

– Пеларгонія…

– Пеларгонія, – задуменна паўтарыў Баран, а праз хвіліну дадаў: – Півоня і пеларгонія…

– А што за півоня? – не зразумела яго ГІаўця.

– Півоня – гэта ты…

Паўлінка акінула яго здзіўленым позіркам. Ёй была чужая гэтая паэтычнасць у пачуццях, якой Барана адарыла каханне. Для яе ўвага і далікатнасць Аліка былі камічнымі, а сам ён падаваўся ёй недарэчным.

Праз некалькі дзён Баран пачаў жыць з Паўлінкай як з жонкай. У любоўных справах ён быў неабазнаны, амаль наіўны і крыху суровы. Жанчын ён браў холадна, абыякава, нібы ад злосці, што час ад часу мусіць гэта рабіць. З Паўцяй ён разгубіўся. Тое, што яна таксама жанчына – як і кожная іншая, – стала для яго адкрыццём. Кожная ноч з ёю была іншай, кожная ноч давала яму безліч новых адчуванняў. Паўця спрытна выдала сябе за нявінніцу і старалася пераканаць у гэтым Аліка. Баран ёй не паверыў, але гэтае пытанне зусім яго не цікавіла. Ён ставіўся да яе заўсёды добра, лагодна, ветліва, але Паўця з нейкай прычыны яго баялася. Дзяўчына выхавалася ў дробнамяшчанскім асяроддзі і была прызвычаеная да бязглуздай, пустой, бессэнсоўнай балбатні. У той жа час Баран гаварыў наогул мала, акрамя таго, жыццё, поўнае выпрабаванняў і рызыкі, навучыла яго цаніць словы і прамаўляць іх толькі тады, калі яны насамрэч былі патрэбныя. Мора словаў, якімі людзі раскідваюцца, марнуюць час і псуюць характары, многіх робіць языкатымі робатамі… мутнай вадой… Баран, калі не ведаў справы, не ўлазіў у яе абмеркаванне. Калі справу вывучыў, то адразу і дзейнічаў. Гэтая Алікавая рыса турбавала і раздражняла Паўлінку, таму для ўласнага спакою яна ўголас разважала пра кожную дробную справу і цягнула каханка за язык.

– Ведаеш, Алічак, я хачу купіць фіранку на акно. Так прыгожа было б. Хіба не?

– Купі.

Баран не лічыў грошай, якія даваў Паўлінцы на вядзенне гаспадаркі. Памеры выдаткаў зусім яго не цікавілі. Паўця купіла дзве фіранкі, адну з якіх павесіла на акне. Глянуўшы на сваю працу, яна ажно пляснула ў ладкі ад захаплення:

– Ах, як жа цяпер прыгожа! Хіба не? Шкода, што няма другога акна, а то быў бы цуд. Вось дзе бяда!

– Павесь на дзвярах. Яны ж таксама шыбу маюць…

– А можа, і праўду кажаш.

Другая фіранка з’явілася на дзвярах. Паўця была задаволеная. Баран маўчаў. Фіранка на акне, пры якім стаяў шавецкі варштат, была камічнай, забірала шмат святла і перашкаджала ў працы. Але Баран нічога не сказаў.

– Ведаеш, колькі я заплаціла? Га? Амаль задарма ўзяла!

Паўця назвала нейкую суму, пасля чаго Баран глянуў на яе не то іранічна, не то са здзіўленнем. Ён добра арыентаваўся ў коштах і лічыў, што Паўця пераплаціла за фіранкі ўтрая.

«Ашукалі дурніцу», – падумаў ён.

Ён і не здагадваўся, што Паўця заплаціла менавіта столькі, колькі належала, а ў два разы большую суму ўтаіла ад каханка – для сябе.

– Ты не думай, што гэта дорага, – балбатала Паўця. – Гэта ж амаль як карункі. Хіба не?

Баран маўчаў. «Дзіця яшчэ», – думаў ён з чуласцю. А Паўця знаходзіла ўсё новыя патрэбы і, як сарока, сцягвала ў дом розныя брыдкія і бескарысныя рэчы. Кожны раз пры тым, у залежнасці ад апетыту і магчымасці, каб не выклікаць падазрэнняў, на любым набытку яна нешта «зарабляла».

У Аліка ж справы пагоршыліся. Ён згубіў зладзейскую чуйку. З цяжкасцю ён знаходзіў хоць нейкую работу і выконваў яе абы-як. А выдаткі раслі, таму ён пераймаўся і кідаўся на што-кольвек. Яму было цяжэй, бо цяпер ён заўважыў у сабе яшчэ адно новае пачуццё – страх. Ён баяўся трапіць у рукі паліцыі, каб Паўця не засталася адна. Раней ён працаваў асцярожна, але ўпэўнена. Умеў дачакацца самага спрыяльнага моманту і тады без вагання, з дакладнай ацэнкай сітуацыі здзяйсняў самыя цяжкія крадзяжы. Цяпер ён пачаў задумвацца там, дзе трэба было дзейнічаць. І вельмі сур’ёзна рызыкаваў, калі трэба было зрабіць усё вельмі акуратна, не пакідаючы па сабе ніякіх слядоў… Ён быў дасведчаны злодзей і ўсведамляў, у чым тоіцца прычына, але толькі зводзіў бровы на лобе і маўчаў з яшчэ большай упартасцю.

Аднаго разу Алік вярнуўся дадому познім вечарам. Прыехаў фурманкай і ледзь дакульгаў з вуліцы дадому. Паўця ўстрывожылася:

– Алічак, што з табой?

– Пабіў калена…

– Як? Дзе? Ці моцна баліць?

– Паслізнуўся.

Баран паслаў Паўцю да Стася Рамізніка. Уручыў ёй залаты пярсцёнак і перадаў, каб Стась яго прадаў. Акрамя гэтага, папрасіў, каб Стась пераслаў яму паўлітра гарэлкі.

Калі Паўка выйшла. Баран знайшоў нейкую старую кашулю і зрабіў з яе павязку. Ён меў разбітае калена і глыбокую рваную рану на лытцы левай нагі. Акрамя таго, у яго было яшчэ некалькі гузакоў і драпінаў. Усё гэта ад таго, што ўвечары Баран знайшоў зачыненую кватэру на трэцім паверсе і адразу ж, насуперак сваім правілам, усляпую ўзяўся за работу. Адчыніў адмычкай дзверы. Замкнуў іх за сабой, і, пакідаючы ў кватэры ўсе дзверы наўсцеж, па-хуткаму агледзеў памяшканне. Праверыў, што ў кватэры ёсць чорны выхад, і ўзяўся за работу. Усяго праз некалькі хвілінаў ён пачуў, што нехта скрабецца каля парадных дзвярэй. Ён хацеў як мага хутчэй выскачыць заднімі дзвярыма, але на сходах пачуў, што знізу падымаюцца нейкія людзі і стараюцца ціха размаўляць знерваванымі галасамі. Да яго вушэй даляцела слова «злодзеі». Тады Баран ціхенька пайшоў па сходах уверх.

Гэта была вялікая пяціпавярховая камяніца каля гатэлю «Еўропа». Баран зайшоў ажно пад самы дах і, можа, удалося б яму перачакаць пагоню, а пазней выйсці з камяніцы, але зверху спускалася нейкая жанчына, якая размінулася з Бараном у цемры. Калі жанчына, спусціўшыся ўніз, даведалася, што ловяць злодзеяў, яна адразу ж паведаміла шукальнікам, сярод якіх былі два паліцыянты, куды пайшоў Баран. Пагоня рушыла следам.

Прабіраючыся на паддашша Баран паспешна выламаў шабрам дзве дошкі ў сцяне адной з камораў, дзе сушылі бялізну, пралез і апынуўся ў доўгім цёмным памяшканні, завешаным шнурамі з мокрай адзежай. Ён мог аблегчыць сабе заданне і проста зламаць замок на дзвярах, якія вялі на паддашша, але хацеў змыліць і затрымаць пераследнікаў.

Праз вузкае акенца Баран вылез на дах камяніцы і пачаў паволі паўзці па краі ўздоўж вадасцёкавай трубы. Было цёмна. Ірваў моцны вецер. Рукі злодзея здранцвелі ад холаду. Кожны крок мог прывесці да падзення, бо труба была старая і пагнутая. Аднак Баран паволі дапоўз да краю даху з боку падворку. Тут ён пабачыў, што трапіў у пастку, бо дом стаяў далёка ад іншых. Ён апынуўся на краі прорвы. Абапёршы ногі на трубу, Баран лёг на даху і адпачываў, чакаючы, што будзе далей. Ён спадзяваўся, што пераследнікі не заўважаць выламаных і прысунутых на ранейшае месца дошак, праз дзірку ад якіх ён пралез на паддашак, і, пабачыўшы, што ўсе дзверы зачыненыя, падумаюць, што ён неяк уцёк з дому. Тады Баран мог бы перачакаць на вялікім паддашшы ноч, а для бяспекі і цэлы наступны дзень, і толькі тады адсюль выбрацца.

Надзеі Барана не апраўдаліся. Людзі, якія за ім гналіся, пачулі скрыгат бляхі і зразумелі, што злодзей схаваўся на даху.

– Абы не ўцёк на іншую камяніцу, – з трывогай сказаў адзін з паліцыянтаў.

– Не, не ўцячэ, – адказаў наглядчык дому. – Нашая камяніца асобна стаіць.

– Можа скочыць уніз, – дапусціў іншы паліцыянт.

– Дзе там! Ад яго застаўся б толькі мяшок касцей.

Праз некалькі хвілінаў па даху папаўзло святло электрычнага ліхтарыка. Адзін з паліцыянтаў, выхіліўшыся праз акенца, даследаваў дах. Праз момант ён заўважыў на адным з краёў даху, там, дзе заканчвалася вадасцёкавая труба, шэрую, згорбленую постаць чалавека.

– Гэй, ты там, паўзі сюды!

Баран не адгукнуўся.

– Паўзі, бо застрэлю!..

Баран выцягнуўся ўздоўж трубы і, перахіліўшыся праз край даху, пасвяціў ліхтарыкам уніз. Унізе быў цёмны контур двухпавярховай прыбудоўкі. Гэта былі складзікі дроваў. На даху прыбудоўкі выдзяляўся цёмны слой галін, складзеных там сушыцца, каб яны не займалі месца на падворку.

– Злазіш ці не?! – раздаўся крык, а неўзабаве пасля яго і стрэл.

Баран не адказаў. Ён схапіўся рукамі за трубу і павіс на краі камяніцы. Набраўшы паветра ў лёгкія, адпусціў трубу і ўпаў уніз… Целам ён змёў частку галінаў, праляцеў праз дах і ўпаў на дровы, а потым на падлогу. З усіх бакоў на яго пасыпалася паленне. Ён неяк выграбся з-пад яго і павольным крокам пайшоў праз цёмны падворак да брамы. Яго ніхто не затрымаў. Ён выйшаў на вуліцу, але боль у назе даваўся ў знакі, таму ён спыніў фурманку і прыехаў дадому.

Некалькі дзён пасля гэтага здарэння Баран не выходзіў з дому. Паўцю дзівіла, што Алік не прымаў замоваў ад кліентаў, якія прыходзілі ў майстэрню. Калі яму прапаноўвалі нешта адрамантаваць, то ён казаў, што старызны ўжо не направіш, калі замова была на новы абутак, то або спасылаўся на лішак працы, або на адсутнасць матэрыялаў. Кліентам, якія паводзілі сябе выключна нахабна, заломваў такія кошты, што яны самі ўцякалі з майстэрні. Зрэдчас, аднак, ён нешта прымаў. Здаралася, што ўзятую для вока работу ён аддаваў іншым майстрам. Усё гэта вельмі непакоіла Паўку, якая ад прыроды была вельмі хцівай. «Ён мог бы столькі зарабіць». Яна не звяртала ўвагі на тую акалічнасць, што лад жыцця, які яны вялі, не хапіла б заробкаў і пяці шаўцоў. Сама Паўця распускала шмат грошай, знаходзячы штораз новыя патрэбы. Не раз яна ўсё ж задумвалася, адкуль Алік бярэ грошы. Але пакуль не была ў стане разгадаць гэтую загадку.

З таго часу, як Баран пачаў жыць разам з Паўлінкай ён ніколі не заснуў, не пераканаўшыся папярэдне, што яна ўжо спіць. Ён баяўся, што ў сне можа збалбатнуць нешта, што яго выкрые. Аднойчы, гаворачы ў сне, ён пабудзіў каханку. Спалохаўшыся, яна пачала яго штурхаць і распытваць:

– Што такое? Што з табой?

– Нічога, нічога, спі!

Але аднойчы Паўка прачнулася апоўначы і не магла заснуць. Алік спаў. Цяжка дыхаў, часам нешта мармытаў, але Паўка не магла разабраць словаў. Раптам Алік пачаў гаварыць выразна і моцна:

– Здымі ж ты з мяне гэтыя кайданы… Так баліць… нага… Здымі кайданы… Дай разак… Трэба парэзаць заклёпкі. Толькі каб наглядчык не бачыў…

Ён трызніў некалькі хвілінаў, успамінаючы турму, кайданы, наглядчыкаў, страляніну, краты. Часам ён устаўляў незразумелыя Паўці словы з турэмнага і зладзейскага жаргону.

Паўця знепрытомнела. Не ад страху, а хутчэй ад здзіўлення. Яна ніколі б не падумала, што ейны каханак, такі салідны, паважны, спакойны, як яна высветліла, злачынец. Назаўтра Паўка падпільнавала на вуліцы матку, бо дадому вяртацца баялася, і расказала ёй слова ў слова тое, што чула ўночы.

– Турэмшчык, – адразу ж зразумела кабета.

– Я гэта з самага пачатку ведала, – нідзе не працуе, добра жарэ і апранаецца. Такому дык толькі жыць і жыць. Ручак не выпацкае, а золата на пальцах носіць.

Аднак сумленная матка не параіла дачцэ кінуць поўнага заганаў каханка. Наадварот, яна сказала:

– Цягні з яго ўсё, што можаш… Да такога ўсё лёгка прыходзіць… Памятай пра гэта! Не будзь дурніцай!

Ейная дачка і не была дурніцай. Яна расказала матцы, што ўжо і так шмат сабрала грошай, цягнучы іх са свайго каханка.

– Глядзі, дачушка, будзь разумніцай, бо пасля будзеш локці сабе кусаць, як кіне цябе і паляціць да ягой лафірынды альбо трапіць у турму. І забіць жа яго могуць.

На гэтым нарада маці і дачкі закончылася.

А Баран усё больш кахаў сваю дзяўчыну. Паўця была цэнтрам усяго ягонага жыцця, думак і ўчынкаў. Кожнае ейнае жаданне было для Барана святым, а кожны капрыз ён выконваў адразу ж. Ён жыў марамі, а тым часам рэчаіснасць жалезнай хваткай душыла яго за горла. Алік ведаў, што Паўлінка з ім няшчырая, што мала дае яму сваёй дабрыні, не клапоціцца пра яго, але вырашыў для сябе, што будзе цярпліва змагацца за ейнае каханне.

Калі б Алік умеў прыгожа гаварыць, калі б мог выказаць свае пачуцці і думкі, то, пэўна, гэтак бы ёй сказаў:

«Каханая! Ты для мяне сонца і кветка. Ты для мяне ўсё тое, што з цябе зрабілі мае мары і спадзяванні. Будзь жа такой і далей. А калі табе гэта цяжка і ты не можаш быць для мяне той, кім бы я хацеў цябе бачыць, то прынамсі прыкідвайся. Рабі выгляд, шануючы маё каханне, бо большага ты не знойдзеш ва ўсім свеце, бо ніхто цябе гэтак моцна не пакахае. Некаторыя будуць бачыць у табе толькі тое, чым насамрэч пагарджаюць, што называюць зняважлівымі імёнамі… Я ж цябе атачу хвалой, якой ніхто цябе не пазбавіць… Ты будзеш маёй багіняй, маёй душой, маёй тугою!.. Каханая! Што я магу табе даць?.. Я паднясу табе ўтульнасць, дастатак, магчыма, раскошу і аддам назаўсёды сваё беднае, гаротнае, спакутаванае сэрца. Будзеш у ім панаваць і жыць, пакуль яно само будзе біцца… Можа, невялікі гэта падарунак. Але ведай, што больш табе не прапануе нават самы багаты кароль… Для іншых ты толькі жанчына… можа, прыгожая… можа, поўная спакусы… Для мяне ж ты самая чароўная асоба ў свеце, даражэйшая за ўсе скарбы свету!.. Для цябе адной я б знішчыў усіх і ўсё…»

Гэтак адчуваў і думаў Алік Баран. І гэта б сказаў Паўці, калі б умеў прыгожа складаць сказы. А пакуль па-ранейшаму ён маўчаў, хмурыўся і ўсё думаў, думаў, думаў… Ён разважаў, як зрабіць Паўку шчаслівай… Паўця таксама напружана думала, як выцягнуць больш грошай са свайго каханка.

Такое жыццё. Баран змагаўся за скарб, якога ў душы простай мяшчанкі не было. Паўця, маючы гэтыя скарбы перад сваім носам, змагалася за мізэрную апранаху і залатыя цацкі.

А перад дзвярыма майстэрні ва ўсю квітнеў куст бэзу – гэта была магія вясны. А ў сабачым цельцы трапяталася іншае пагарджанае людзьмі і лёсам сэрца… шчанячае сэрца Мілага.

11
ЯСЬ РОБІЦЦА АСІСТЭНТАМ ПРАФЕСАРА НЯБЕСНАЙ МАГІІ

Не будзе перабольшаннем, калі я скажу, што Баран ніколі не адчуваў, каб яго нехта любіў ці кахаў. Бадай, яго любіла толькі матка, якой ён не памятаў. Фізічнага кахання Алік меў даволі, хоць ніколі не ганяўся за жанчынамі. З кабетамі ён меў бурныя прыгоды, але ніколі адмыслова не імкнуўся здабыць увагу жанчын, якія яму падабаліся. Гэтаму перашкаджаў нейкі дзіўны гонар. Ён лічыў, што яму, саліднаму злодзею, не належыць заляцацца і цацкацца з жанкамі. Ён меў шмат каханак: фраерак, злодзеек і прастытутак, але ніводная не скарыла ягонага сэрца, не заваявала ягоных думак, не апанавала душы. Сярод іх былі сапраўды цікавыя асобы, некаторыя незвычайна прыгожыя, іншыя – асабліва сярод злодзеек – добрыя і з цудоўнымі характарамі, але Баран на ўсё быў сляпы. Як мужчына браў сваё, даваў узамен, колькі мог, дый годзе.

Сяброў Алік таксама не меў. Былі супольнікі, былі калегі па рамяству і з турмаў, але сябра не было. А менавіта злодзеі, якія жывуць у пастаяннай атмасферы рызыкі, пад сталай пагрозай страціць свабоду альбо жыццё, найбольш прагнуць сапраўднага сяброўства і кахання ды тужаць па іх. Але Баран быў заўсёды такі халодны, такі закрыты, што кожны зародак чужога альбо ягонага ўласнага пачуцця адразу ж гінуў, не паспеўшы развіцца… Ён некалі, яшчэ дзіцём, вырваўся з халодных і вострых пазуроў смерці. Прайшоў праз пекла жыцця, якое зладзілі людзі і далі яму, няшчаснаму чалавечаму звярку, як спадчыну нашай культуры. Ён прыняў гэтую спадчыну, гэты лёс і ўрачыста нёс па жыцці, як кароль сваю карону. Ён краў адважна, лёгка, упэўнена… Яго зладзейскі інтэлект дапамагаў яму ацаніць кожную сітуацыю вельмі хутка і дакладна. Ён працаваў беспамылкова і спакойна, але разам з тым быў вельмі асцярожны, што некаму магло б падацца баязлівасцю. Ён, аднак, спалучаў у сабе смеласць леапарда і ягоную асцярожнасць. Як звер, якога загналі ў джунглі гораду, ён жыў дзякуючы звярынаму спрыту і інстынкту… Ён добра ведаў людзей і ўспрымаў іх як дзічыну, на якую паляваў з дзяцінства, і пагарджаў імі. Ён бачыў, наколькі яны хцівыя, подлыя, баязлівыя. Самі жывучы злачынна, яны нялітасціва каралі кожную правіннасць іншых. Калі ён краў і за гэта расплочваўся свабодай, здароўем, спакоем і жыццём, то нібыта сумленныя грамадзяне навокал заўсёды былі гатовыя паздзекавацца ці ашукаць слабых і безабаронных. Яны мелі сумневы толькі тады, калі баяліся, што іх выкрыюць. Баран купаўся ў садызме, фальшы, подласці грамадства і набраўся пагарды да людзей.

Адзіным сябрам Барана, такім жа маўклівым, такім жа асцярожным у адносінах людзей, недаверлівым да іх, быў сабака Мілы. Ён не ўмеў паказаць чалавеку сваёй любові, але меў яе даволі ўнутры.

Увесь запас цёплых пачуццяў, якія Прырода дала яму для ўсіх людзей, ён скіраваў цяпер на аднаго чалавека. А той чалавек, злодзей, таксама падарыў сваё сэрца толькі адной асобе – дзяўчыне Паўцы.

Паўлінка ж не магла знесці сабакі. Увогуле яна не любіла звяроў, як і кожная эгаістычная натура, а Мілага ўзненавідзела асабліва моцна.

Спачатку сабака ставіўся да Паўці абыякава, часта бачачы яе ў таварыстве свайго апекуна. Але аднойчы Паўка, калі Аліка не было ўдома, моцна ўдарыла Мілага, які ляжаў каля ўваходу ў майстэрню, нагой. Сабака кінуўся на яе. Яна ледзь паспела адскочыць убок. Тады дзяўчына ўзяла венік з дому і выйшла, каб выпісаць сабаку прачухацца. Сабака адышоўся на даўжыню ланцуга і, чакаючы, глуха бурчаў. Паўка забаялася, плюнула і вярнулася ў кватэру. З гэтай пары яна пачала здзекавацца з жывёліны. Паўка аблівала яе вадой. Не давала есці. А калі сабака быў вельмі галодны, рабіла з хлебнага мякішу шарык, уціскала ўсярэдзіну перац і кідала Міламу. Іншым разам яна дала яму хлеб з гарчыцай, потым са шклом. А аднойчы яна ўзяла мышыную атруту, дадала вялікую колькасць яе ў халодную зацірку, заліла малаком, каб страва прыемна пахла, і падсунула галоднаму звярку. Мілы не наблізіўся да заціркі. Гэта трывала каля трох тыдняў. Сабака жыў, бадай, толькі таму, што Ясь час ад часу выносіў яму косці і аб’едкі са стала. Гэтага было мала, і здаралася зусім не часта, але хапіла, каб сабака не здох.

Баран пакуль нічога не заўважаў. Тое было акурат тады, калі ў яго зусім не ішлі справы. Але аднаго разу, вяртаючыся з гораду, ён прыкмеціў, што ў сабакі скалечаны бок. Гэта Паўця лінула на жывёліну кіпнем. Баран толькі цяпер звярнуў увагу на Мілага. Ён падышоў да сабакі і пачаў гладзіць яго па галаве. Сабака, як звычайна, стуліў вушы ад ласкі гаспадара і з лёгкім бурчэннем схапіў зубамі руку Аліка ды трымаў яе. Ён не ўмеў падлашчвацца і патрабаваць увагі, як іншыя сабакі… Эх, каб ён толькі ўмеў скардзіцца, каб мог гаварыць…

Баран адзначыў сабе, што сабака страшна схуднеў. Шэрсць у яго пашарэла і аблезла. Ён згадаў, як Паўця яго ўвесь час пераконвала выкінуць сабаку, бо той нібыта робіць псоты і ўвогуле небяспечны. І цяпер яму стала ясна, чаму Мілы ў такім кепскім стане.

Ён зайшоў у дом.

– Ёсць абед?

Паўця ляжала ў ложку і чытала нейкую кнігу. Натуральна, пра графінь, што ёй даў пачытаць Толік, з якім яна не парвала адносінаў, а толькі захоўвала большую асцярожнасць. Не адрываючыся ад кнігі, Паўця адгукнулася:

– Ёсць… Вазьмі ў печы…

Баран падышоў да печы і выняў імбрык з вадою. Ён глянуў на дзяўчыну, якая і ў вус не дзьмула, занятая любоўнымі прыгодамі графа Альфрэда і графіні Альжбеты.

– Слухай, дзе абед?.. Няма часу…

Узлаваная Паўця села на ложку.

– Гарбата ў печы… Згатуй сабе… Ну, і яйкі звараныя… Вазьмі ў шафцы…

Баран насупіўся.

– Слухай, Паўця, ты тут не гыркай… Я да цябе па-добраму… Не хочаш гатаваць абедаў – не гатуй…

– А з чаго я табе абед зраблю? Га?

– Пазаўчора я ж даў табе грошы… І ўжо няма?..

– От даў!.. А я каструлю купіла, прачцы заплаціла, ну, і яшчэ там нешта… Капейкі ўжо не маю…

– То чаму не скажаш?

– Сам мусіш ведаць…

Баран вечарам вярнуўся дадому п’яны. Даў Паўлінцы вялікую суму грошай, якія пазычыў ад скупшчыка.

– Бяры, – сказаў ён. – Гэта на ежу… Павінна надоўга хапіць. На пакупкі я дам табе праз пару дзён асобна…

Паўця надзьмулася.

– Скажы мне, калі ласка, чаму Мілы скалечаны? – запытаў Алік крыху пазней.

– Не ведаю, – буркнула дзяўчына.

– А чаму так схуднеў? Пэўна, блага яго корміш?

– І зусім не буду карміць… Табе дварняк даражэйшы за мяне… Ідзі і цалуйся з ім… Жыцця няма праз тую пачвару…

Паўця пачала плакаць.

Назаўтра Баран пайшоў да Нацэвічыхі і папрасіў яе, каб яна зноў пачала даглядаць сабаку. Даў ёй грошы. Будку Мілага ён перасунуў да рага дому, пад вокны Нацэвічаў, там жа прымацаваў ланцуг.

Праз тыдзень да сабакі вярнуліся сілы. Шэрсць ізноў зрабілася бліскучай, а ён набраў вагі. Цяпер Баран, вярнуўшыся з гораду, пачаў прыносіць яму нешта з ежы і наагул часцей стаў да яго прыходзіць і гуляць. Можа, Алік зразумеў, што сабака – гэта адзіны ягоны сябар.

– Я не хачу жыць у прыбіральні! Разумееш? – крычала Паўка. – Сюды ўсялякая халера прыходзіць. Тут і спі, і мый, і гатуй! Усе людзі як людзі, а мы як ашавуркі нейкія. Я хачу мець свой пакой, а не жыць у майстэрні. Тут няма дзе павярнуцца.

Праз пару дзён Алік паразмаўляў з Нацэвічыхай і арандаваў у яе яшчэ палову вялікага сталовага пакою. Алік загадаў зрабіць дзве перагародкі, паставіць невялічкую пліту і зладзіць рамонт. Па некаторым часе Баран і Паўлінка мелі кватэрку з двух пакояў і кухні. Тут было ахайна і ўтульна. Паўця мела асобны пакой, а Баран, як і раней, спаў у майстэрні. Удзень Алік мала калі бываў удома, і Паўця магла свабодна запрашаць сюды сябровак і маці, а пару разоў сюды заглянуў і Толік.

Баран зразумеў, што Паўця хоча ад яго як мага больш унезалежніцца. Ён адклаў сабе ў галаве, што дзяўчына падманвае яго ў выдатках, што яна хцівая, зусім пра яго не клапоціцца, што стараецца яго выкарыстаць, што яна злая і нахабная. Але ён далей яе кахаў. Кахаў да шаленства – больш за само жыццё. Тут не дапамаглі б аніякія развагі. Каханне назаўсёды пасялілася ў яго сэрцы, а ён плыў на любоўных хвалях і кожны дзень піў салодкую атруту. Толькі ўсё больш рабіўся пануры і маўклівы. А Паўця спрытна лавіравала і порцыямі дзялілася з ім сваёй ласкай і пяшчотамі. Яна ўсведамляла ўласную ўладу над ім, сваю сілу і, як кожная подлая істота, злоўжывала ёй.

З таго часу, як Паўця займела свой пакой, яна вельмі рэдка з’яўлялася ў майстэрні. А штораз часцей пачаў заходзіць да Аліка Ясь. Хлопец зноў чытаў Барану газеты або кнігі. Алік нават папрасіў яго, каб маладзён павучыў яго чытаць.

Неяк Баран запытаў у Яся:

– Хочаш зарабіць?

– Вядома.

– То ідзі ў аптэку і купі віннай кіслаты. У краме купі паперу і клей, а потым зрабі дваццаць трохкілаграмовых пакункаў. Толькі глядзі, каб былі моцныя… А я тым часам нешта іншае вырашу… А, яшчэ купі распыляльнік.

Ясь не распытваў Барана, навошта ўсё гэта, бо ведаў пра яго скрытны характар.

– Толькі памятай, – сказаў Баран хлопцу. – Гэта блатная справа. Нікому ні слова… Ты хлопец надзейны, і я хачу даць табе зарабіць…

Ясь і не хацеў ні пра што пытацца. Ён шанаваў і любіў Аліка… А папярэджанне, што гэта блатная справа, вельмі яго пацешыла, бо Баран патрактаваў яго як роўнага. Хлопец ведаў, што блатныя – гэта злодзеі і ўсе, хто з імі супрацоўнічае. Ясь здагадваўся, што Алік – гэта не просты шавец, але хлопец быў стрыманы з натуры, таму ніколі не закранаў гэтай тэмы з Бараном і ні з кім не дзяліўся сваімі здагадкамі.

Хлопец борзда купіў усё, што трэба, і пачаў клеіць пакункі. Спачатку ў яго атрымлівалася не надта добра, але потым ён разарваў крамны пакунак і пачаў рабіць свае на ўзор купленага.

Праз пару гадзінаў пад майстэрню пад’ехала фурманка, і Баран прыцягнуў адтуль вялікі мяшок. Ясь адрапартаваў яму, што пакункі ўжо гатовыя, толькі павінны яшчэ падсохнуць. Ясь паказаў Аліку адзін са зробленых пакункаў. Алік, узяўшы яго ў рукі і агледзеўшы, застаўся вельмі задаволены:

– Клёва! У цябе рукі здатныя не толькі ў носе калупацца.

Баран замкнуў дзверы майстэрні і высыпаў на падлогу змесціва мяшка. Гэта былі вялікія і малыя крышталі нейкага белага рэчыва. Здзіўлены, Ясь пытальна зірнуў на Аліка. А той патлумачыў:

– Задума, разумееш, тут такая. Гэтае белае рэчыва – галын – каштуе тры рублі за кілаграм, а лімонная соль – шэсцьсот рублёў. Тут у нас семдзесят пяць кілаграмаў… Адпадзе з дзесяць кілаграмаў… Будзем мець з гэтага каля шасцідзесяці кілаграмаў. Ясна табе?

Ясь не вельмі яго зразумеў, але не выпытваў, ведаючы, што справа высветліцца сама.

Ясь і Баран узяліся за працу. Яны разбівалі малаткамі вялікія кавалкі галыну на невялічкія крышталі, у якіх звычайна прадаецца ў крамах нязмолатая лімонная кіслата. Вельмі дробны парашок, а таксама брудныя і непрыгожыя крышталі яны адкладалі ўбок, а добрыя і чыстыя скідвалі на вялікую посцілку, разасланую на падлозе. Праз некалькі гадзінаў інтэнсіўнай працы ўсё было гатова. Ясь падмёў майстэрню, сабраў у вядро адкіды і вынес іх у яму ў агародзе. Падчас працы Баран тлумачыў Ясю:

– У 1913 годзе такую ж штуку мы зрабілі ў Арле… Я меў сябрука аднаго, такі ўжо спрытнюга быў… шэльма і туфцяра[28]28
  Туфцяра – базарны махляр.


[Закрыть]
… мог нават чорту рогі скруціць… Такую лімонку мы тады, мусіць, у пяцьдзясят крамаў завезлі… Тут таксама добра пойдзе… але толькі адзін раз…

– А людзі не патруцяцца?..

– Дзе там!.. Найгоршае, што будзе, бабы абеды папсуюць… А нехта з купцоў і ў морду атрымае, што такую лімонку прадае…

Пасля гэтага Баран з Ясем змясцілі крышталі на посцілцы тонкім слоем. Баран узяў пульверызатар і спырскаў увесь слой разведзенай віннай кіслатой.

Праз пэўны час яны перамяшалі крышталі драўлянай лапатай і зноў папырскалі іх віннай кіслатой. Гэтак яны зрабілі некалькі разоў. Потым крышталі сохлі ў пакоі з адчыненым акном. Пасля гэтага Ясь збегаў да манцёра па вагі, а затым разам з Бараном рассыпаў крышталі па папяровых пакунках ды зважыў, каб кожны пакунак меў па тры кілаграмы. Нарэшце каля сцяны на падлозе быў выстаўлены ў радок дваццаць адзін трохкілаграмовы пакунак. Баран папырскаў яшчэ зверху змесціва кожнага пакунка і аб’явіў, што праца скончаная.

Ясь узяў з аднаго з пакункаў дробку крышталёў галыну і пачаў іх разглядваць. Ні сваёй формай, ні колерам яны не адрозніваліся ад крышталёў лімоннай кіслаты. Ён узяў некалькі драбінак на язык і таксама пераканаўся, што на смак цяжка было разабрацца, што гэта падробка.

Баран змясціў усё, што яны нарыхтавалі, пад ложкам і абвесціў, што продажам яны зоймуцца заўтра.

– Разумееш, трэба ўсё гэта прадаць за адзін дзень. Пазней ніхто не возьме ў цябе і кілаграма. Не варта будзе гэтым займацца, хіба вельмі хочаш у турму трапіць…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю