355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сяргей Пясецкі » Яблычак » Текст книги (страница 3)
Яблычак
  • Текст добавлен: 26 июня 2019, 15:00

Текст книги "Яблычак"


Автор книги: Сяргей Пясецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 14 страниц)

1
ЯК ЗЛОДЗЕЮ ВЯСНА СКРАЛА СЭРЦА

Вясна. Яна была ранняя, парная, неспакойная. Вада шумела ў канавах, а кроў – у венах. Раставалі купы бруднага снегу, нібыта ад п’янага дыхання вясны. Кроплі талага снегу гучна сыпаліся са стрэх наўкол дамоў. Вада мутнела ў лужынах, а думкі – у галаве.

У той дзень праз Залатую Горку ў цэнтр гораду ішоў прафесійны злодзей Алік Баран. Яму было каля сарака гадоў… Рост сярэдні. Твар авальны, крыху мангольскі. Вочы трохі раскосыя, карыя. Апрануты ў расшпілены на грудзях фрэнч і пляскатую шапку з брылём. На нагах у яго былі да ачмурэння бліскучыя, шыкоўна зробленыя хромавыя боты.

Баран рабіў уражанне самавітага чалавека. Чыста апрануты, добра вымыты і паголены. На левай руцэ ў яго зіхцеў масіўны пярсцёнак з вялікім рубінам. Позірк быў спакойны, нібы задуменны ці летуценны. Але ягоныя касаватыя вочы бачылі і беспамылкова ацэньвалі ўсё, што дзеялася навокал. Хаваўся ў іх досвед трыццаці гадоў зладзейскага занятку. Ён быў маўклівы, ураўнаважаны, спакойны, але ў свеце злачынцаў ён меў вялікую пашану і прызнанне за самавітасць, спрыт у працы і агромністую сілу характару. Баран нават практычна не ўжываў зладзейскага жаргону. Ён меркаваў, што гэта патрэбна толькі шпане,[2]2
  Зладзейскі жаргон я ужываю умерана, каб надаць тэксту адпаведны каларыт. Я лічу, што гэтыя урокі чужой мовы не за шкодзяць чытачам. – Заўвага аўтара.


[Закрыть]
якая больш нічым не можа давесці, што яна блатная.

Алік не ішоў на заданне. Ён хацеў пабачыцца з былым супольнікам, Казікам Марацкім, які з нейкіх прычынаў даў драпака з Вільні ў Менск і пакуль атабарыўся ў скупшчыцы крадзенага Цыпы, якая жыла на Нізкім рынку. Але спаткання не адбылося. У нейкі момант Баран заўважыў багата апранутую пані, якая выходзіла з брамы дому і хавала ў торбачку ключы. Злодзей вокамгненна зрабіў некалькі высноваў: «Яна ідзе па набыткі; кватэра пустая, або, можа, засталіся там дзеці ці сабака; у кватэры, мабыць, водзіцца багацце».

Баран правёў пані да канца вуліцы, бо хацеў упэўніцца, што яна не вернецца, згадаўшы, што забыла нешта ў кватэры. Да таго ж ён меркаваў выведаць, куды яна пойдзе. І сапраўды, яна ішла ў бок Траецкага пляцу, дзе ў той дзень ладзіўся кірмаш.

Алік хутка вяртаўся. «Добра, што я сёння ўзяў статкі», – думаў ён. Днём, калі толькі не ішоў на заданне, Баран ніколі не насіў зладзейскіх прыладаў. Для гэтага ён быў занадта асцярожны, – а раптам яго затрымае і абшукае які гінт[3]3
  Гінт – шпік, прадстаўнік тайнай паліцыі.


[Закрыть]
. Прылады сёння ён нёс для Казіка.

На падворку Баран хутка знайшоў дзверы, замкнёныя вялікім навясным замком з зашчапкай. Уваход быў зручны, нябачны з вокнаў іншых кватэраў. Баран моцна націснуў пальцам кнопку званка. Пачакаў. Ніхто не адгукнуўся. Баран адамкнуў дзверы, шабрам[4]4
  Шабер – ломік з пляскатым загінам і цвікадзёрам на канцы; адна з асноўных зладзейскіх прыладаў.


[Закрыть]
скруціўшы замок, і ўвайшоў у кватэру. Пакінуўшы ўсюды дзверы адчыненымі, агледзеў пакоі і адчыніў акно ў сад. Зрабіў абыход. Вярнуўся на ганак і замкнуў дзверы адмычкай, а крыху пашкоджаны замок завесіў на скабе. Цяпер звонку кватэры нават гаспадыня не змагла б дамысліцца, што ўнутры працуе злодзей. Алік улез у кватэру праз адкрытае акно і прычыніў яго за сабою.

Баран, працуючы нават усляпую, як цяпер, праводзіў крадзяжы дасканала. Ён меркаваў, што лепш адкласці работу на пазней або зусім пакінуць, чым сапсаваць. Абіраць кватэру пачаў са спальні – там найчасцей хаваюць дарагія рэчы. Перакапаў шуфляды начнога і туалетнага столікаў. Потым ён заняўся камодай. Працаваў спраўна і хутка. Замкнёныя шуфляды ён адчыняў і вымаў адным кароткім рухам шабра. Потым вытрасаў іх змесціва на падлогу каля камоды. Гэтак можна было адразу пабачыць, што там ляжыць. Каштоўныя рэчы Баран клаў у кішэню; іншыя – вартыя ўвагі – кідаў на сярэдзіну пакою. Ён праверыў вопратку ў шафе, зазірнуў пад абразы (там можа быць схованка), даследаваў вялікі насценны гадзіннік (той таксама можа служыць тайніком для грошай).

Пасля спальні Баран перайшоў у сталовы пакой. Абшнарыўшы буфет, ён рушыў у кабінет. Там абмацаў пісьмовы стол. Зняў з яго нават верхнія дошкі, зірнуўшы ўнутр зверху, як у латок. Ён шукаў схованкі. Уся работа цягнулася не больш за чвэрць гадзіны. Гарцуючы па кватэры. Баран адначасова прыслухоўваўся да таго, што адбываецца на вуліцы.

Ён працаваў хутка, але з абсалютнай упэўненасцю ў сабе. Ніводзін драбок не ўцёк ад ягонай увагі.

Баран сабраў здабычу: два амаль новыя мужчынскія гарнітуры, дамскую сукенку, мужчынскае футра, каракулевы жакет, набор сталовага срэбра. Апрача гэтага, у ягоную кішэню адразу перакачавала некалькі залатых манетаў, пярсцёнкі, бранзалет і залаты жаночы гадзіннік на ланцужку. У пэўны момант ён згадаў, што Стась Рамізнік прасіў яго прынесці з работы бялізну для яго і жонкі. Таму Алік выбраў некалькі найлепшых камплектаў бялізны. Потым, каб выйшаў як мага меншы пакунак, ён укруціў рэчы ў прасціну. Перавязаў матузком, а зверху абкруціў вялікім аркушам паперы. Пакунак быў не надта вялікі і не выклікаў падазрэнняў. З ім можна было смела выходзіць на вуліцу.

Існуюць злодзеі, тарбахваты, якія абы як выконваюць сваю работу. Халтураць – так гавораць пра іх спрактыкаваныя блатныя. Такі ўварвецца ў кватэру, нахапае абы якой вопраткі, пакінуўшы каштоўныя рэчы, скруціць іх у вандзэлак і, трасучыся ад страху, – шась на вуліцу.

Ідзе з майном, а шмокты[5]5
  Шмокты – крадзеныя рэчы.


[Закрыть]
яму разлазяцца. Ззаду рукаво бабскай блузкі боўтаецца, спераду звісае шаль, а тут яшчэ якая-небудзь муфтачка ці панталоны вывальваюцца на брук. Скандал на ўсю вуліцу! Як на такога не звярнуць увагі? Проста сам на адпачынак у турму просіцца. Шпік такога адразу хапне! Альбо які наглядчык. Здаралася, што і звычайныя мінакі такіх затрымлівалі.

Захоўваючы поўную асцярожнасць, Баран праверыў, каб на вуліцы ўсё было чыста, і адразу скіраваўся да скупшчыка. Алік збыў усе рэчы, хоць некаторыя з іх падабаліся яму самому. Асабліва прыйшліся яму да душы мужчынскае футра і адзін з пярсцёнкаў. Аднак ён не спакусіўся. З даўніх часоў ён меў адно правіла: пасля працы нічога сабе не пакідаць. Лепш купіць у пяць разоў даражэй, але не дарыць нікому «левых» рэчаў. Выняткам была бялізна без адметных пазнак, калі браў яе для сябе або для сваіх, якія яго пра гэта прасілі, – як цяпер для Стася Рамізніка і ягонай жонкі. Той Стась не быў фраерам – ён сам некалі блатаваў. Цяпер не хадзіў на заданні, але злодзеі лічылі яго сваім. Ён часта дапамагаў найлепшым з іх – перавозіў барахло або падказваў месцы магчымай работы.

Позным вечарам Баран выйшаў вузкім завулкам ля сінагогі на Лагойскі тракт. Ён рухаўся павольна, стараючыся не забрудзіць новых ботаў. Спыніўся ён каля вялізнай карчмы Шлемы Гоя, які займаўся непастаяннымі, але даволі папулярнымі сярод старазаконнага насельніцтва фургоннымі перавозамі з Менску ў Лагойск і Барысаў. Стась Рамізнік арандаваў у Шлемы малую стайню і невялікую кватэрку ў глыбіні падворку.

Баран пастаяў некаторы час перад брамай, потым зайшоў на двор, які тануў у балоце. Ён паволі пакрочыў наперад, арыентуючыся на святло, якое падала з акна старожкі.

Раптам на падворак даляцеў звонкі дзявочы смех. Гукі журчэлі і пераліваліся, нібы вада ў ручайку. А крыху пазней раздаўся нервовы жаночы голас:

– Перастань урэшце!.. Ведаеш жа, што я баюся казытання… Ой!..

І зноўку смех… Такі вясёлы, такі захапляльны, што і чужынцу нават цяжка было паўстрымацца ад усмешкі.

Баран прыпыніўся, і смех знік. Толькі чуваць было праз фортку, адчыненую ў акне старожкі, жаночую гамонку. Адзін голас быў ірваны, нібыта ягоная ўладальніца стрымлівалася, каб не зарагатаць. Другі голас быў нізкі і поўніўся раздражненнем.

Алік падкраўся да акна, якое толькі напалову было завешанае фіранкай. За ёй, на падаконні, стаялі вазоны з кветкамі. Алік зірнуў углыб пакою. Яго тыльную сцяну засланяла вялікая шырма. Яна мела пунсовы фон, на якім – у яскравым святле вялікай лямпы – блішчэлі залатыя матылі… Перад шырмай, насупраць люстэрка, кветкай расцвітала постаць дзяўчыны. Гэта была маладая пульхная бландзінка. Плечы ў яе былі голыя. А каля яе ступняў кленчыла іншая жанчына, нашмат старэйшая, імаверна, швачка. Бландзінка прымярала сукенку. Ейная адбітая ў люстры фігура была лёгкай і нерэальнай, быццам не з гэтага свету. Можа, такое ўражанне стварала блакітная сукенка, магчыма, люстэрка або яркае святло лямпы, а можа, кантраст з апранутай ва ўсё цёмнае швачкай? Хто ведае, ці не віной усяму былі лёгкія распушаныя валасы ды голыя плечы? Барану, які заглядзеўся на яе, аж заняло дыханне. Яму здавалася, што дзяўчына плыве ў паветры, блішчыць, як тыя залатыя матылі на шырме, і зараз знікне.

Зноў выбухнуў смех, які напоўніў цяплом грудзі Аліка і нібыта сціснуў ягонае сэрца. Неўзабаве раздаўся голас швачкі:

– Ну, не круціся, бо ўкалю…

– Дык і ты… не казычы…

Бландзінка, засланяючы далонню вочы ад святла, павярнулася ўлева і ўправа, назіраючы за сабой у люстры. Дзяўчына выстаўляла сцёгны, адсланяла зграбныя лыткі, любуючыся сваім адлюстраваннем. Калі б не люстэрка, што стаяла поруч, то выглядала б на тое, што яна наўмысна хваліцца сваёй прыгажосцю перад мужчынам за акном.

Баран доўга стаяў нерухома, а калі зноў раздаўся смех, уздрыгануўся і адышоў ад акна. Ссунуўшы на патыліцу шырокую шапку, ён працягла бяздумна ўсміхаўся. Ён стаяў доўга… Уздыхнуўшы, ён упэўнена рушыў, ужо не зважаючы на гразюку, у бок дому Стася Рамізніка.

У сур’ёзнасці і вучонасці Стася Рамізніка ніхто не сумняваўся. Гэтыя якасці найбольш падабаліся самым важным блатным, а Стась абы з кім зносінаў не падтрымліваў. Стась Рамізнік быў родам з Чанстаховы. Нейкі час ён быў злодзеем, але справа не спорылася: большасць часу ён сядзеў у турме, а не гуляў на свабодзе. Ён выехаў у Варшаву і там уладкаваўся вартаўніком і парцье ў змяшанай гімназіі, дзе разам вучыліся хлопцы і дзяўчаты. Дачыняючыся з педагогамі і вучнямі, ён пераняў ад іх мноства словаў ды ўжо сам стаў гаварыць мудрагеліста і напышліва – а гэта вельмі весяліла начальства і гімназістаў. Ён навучыўся нават чытаць, праблемы меў адно з пісьмом. Стась умеў пісаць толькі лічбы, ды і тое толькі арабскія. Праз нейкі час ён выехаў у Вільню. Тут ён зноў заняўся крадзяжамі, але неўзабаве трапіў у астрог. Там пазнаёміўся з Алікам Бараном, вядомым у Вільні злодзеем-медзвяжатнікам. Выйшаўшы на свабоду, Стась пакінуў Вільню і выехаў у Менск. Тут стаў працаваць рамізнікам, перавозіў пасажыраў у фурманцы. Нарэшце ажаніўся і асеў. Вядома, ён блатаваў і далей, але толькі з хвацкімі хлопцамі. Часам ён перавозіў крадзенае; у надзвычайных сітуацыях даваў прытулак багацейшым хлопцам; іншым разам ён мог і падказаць заданне, бо меў зладзейскае вока, а займаючыся цяпер перавозамі, шмат кантактаваў з людзьмі і заўважаў разнастайныя рэчы.

Баран застаў сябра ўдома.

– Што добрага чуваць? – спытаў Стась.

– Пазімак ужо… Так… – заўважыў Баран і махнуў рукою, нібы ўказваючы кірунак адыходу зімы.

Стась кіўнуў і глуха кашлянуў. Пасля доўга варушыў сківіцай і губамі, нібы рассмакоўваючы сліну ў роце. Нарэшце адкрыў рот. Але гаварыць пачаў не адразу, нібы чакаючы, што словы, якія захраслі недзе ў глыбіні чэрава, падыдуць крыху бліжэй. Тады захрыпеў глуха і таямніча:

– Ужо прабілася надвор’е… Прайшла ледзяная хваля… Цяпер пойдзе плынь афрыканскага паветра. – абвясціў Стась сур’ёзна і ўрачыста.

Баран невялікай мяцёлкай ачысціў боты ад гразі, а потым навёў глянец аксамітнай хусцінкай, якую заўсёды насіў у кішэні. Клопат пра абутак быў ягонага маніяй. Можа, ён атрымаў гэта ў спадчыну па маці, якая большую частку свайго кароткага жыцця правяла, глянцуючы чужыя чаравікі. Пасля гэтага расшпіліў фрэнч і дастаў вялікі пакунак бялізны. Кінуў на ложак. Стась і ягоная жонка Бронька, нізенькая, шчуплая, схуднелая жанчына, сталі перабіраць бялізну. Яна была новая і пашытая з добрага матэрыялу.

– Колькі табе заплаціць? – запытаў Стась.

– Нічога.

– Гэта троху не таго… – сказаў Стась. – Хіба вып’ем.

– Выпіць можна.

– Бронька, зганяй па гамізу! – загадаў Стась жонцы.

Калі кабета пакінула жытло, Стась, хаваючы бялізну ў куфар, сказаў:

– Заўтра скажу Броньцы, каб павыпорвала гэтыя патэнты… – Меў на ўвазе вышытыя на бялізне манаграмы. – У жыцці ўсё можа здарыцца.

– Правільна кажаш, – пацвердзіў Баран.

Калі вярнулася Бронька, прыяцелі ўселіся пры стале. Пілі яны памалу, закусваючы кілбасою і агуркамі. Жанчына таксама, прыкінуўшыся засаромленай, усё ж выпіла пару чарак. Стась зноўку закашляўся. Калі прыступ закончыўся, ён доўга перажоўваў макроту і цяжка дыхаў:

– Душыць мяне гэтая халера… дыхавіца… Гэта тое самае, што і раматус… Толькі раматус, то ён, падла, па костках лазіць, а гэтая навала болей пад сэрца напірае.

Праз нейкі час Баран, які заставаўся цвярозым, пастанавіў, што надышоў адпаведны момант, і запытаў Стася, які ўжо добра падпіў:

– Хто ў вас тут жыве насупраць?.. Што за яны?..

Гэтае пытанне ўжо даўно грэлася ў яго на языку, але чаму так доўга не наважваўся яго задаць і навошта так дыпламатычна падыходзіў здалёк, ён і сам не ведаў.

– Насупраць? – перапытаў Стась. – Насупраць жыве наглядчык. Пільнуе падлу ў Шлемы Гоя. Сочыць за парадкам на падворку, ну і агулам, значыцца, усю стайню даглядае. Зайцам ён завецца, бо яму па танцах у Серабранцы гіркай верхнюю губу разарвалі… Дый наагул морда ў яго антысеміцкая.

– А што там за шмары[6]6
  Шмара – жанчына.


[Закрыть]
?

– Што за шмары?.. Звычайныя шмары… Сёстры ягоныя, значыцца. Адну, напрыклад, Куртатай клічуць, бо ў яе ногі – як у цябе рукі: кароткія і крывыя. Яна таксама працуе ў Шлемы, даглядае кароў. А другая… старэйшая… цыбатая такая… Дык тая швачка… Бялізну і таму падобныя кальсоны вырабляе мануфактурным спосабам.

Стась зноў закашляўся, а ў якасці лекаў спажыў значную колькасць гарэлкі. З ягонага аповеду Баран зразумеў што тая дзяўчына, якую ён меў на ўвазе, не жыве ў наглядчыка. Калі рамізнік перастаў кашляць, Баран запытаў у яго:

– А прыходзіць сюды такая бландзінка? Маруха[7]7
  Маруха – дзяўчына.


[Закрыть]
ціп-топ. І са стану, і з твару нішто сабе.

Стась задумаўся:

– Дык гэта хіба Паўця… Такая шчакастая і на мордачцы троху каракулевая… Дробны такі каракуль, – ён паварушыў пальцамі каля лба, шчок і носа, назваўшы гэтак сляды ад воспы.

– Бадай, яна. Такая попельная бландзінка. Сукенку ў швачкі мерала.

– Яна і ёсць… Паўлінка, – сказаў Стась, свае словы пацвярджаючы ўдарам кулака ў калена, якое пры гэтым падскочыла ўгору. – Гэта нібыта іх нейкая сваячка, пляменніца. Дачка Нюры. А Нюра іх антычная, – пэўна, хацеў сказаць аўтэнтычная, – сястра… гэнага Уладзя Зайца, ну і Куртатай… Балі на іх яшчэ гавораць… Паўця тут часта гойсае. То майткі, то рэйтузы. Вядома, ёсць свая швачка. А дзеўка да ўбораў першая.

– А яна яшчэ не таго?..

Баран не закончыў думкі, але Стась ураз яго зразумеў.

– Не… яшчэ не замужняя… Матрыманіяльна вольная… Паненка – кроў з малаком… Як гэта гаворыцца па-габрэйску: пераходжаная, але гіт.

Баран раней, чым звычайна, развітаўся са Стасем. Ён меў надзею, што яшчэ раз пабачыць праз акно Паўлінку, але ўдома ў наглядчыка было ўжо цёмна. «Пэўна, пайшла дахаты».

Алік выйшаў на вуліцу.

У ягонай галаве шумела ад выпітай гарэлкі, а адначасна ўнутры пасяліліся нейкая дзіўная трывога і сум. Ён ішоў за вачыма, не ведаючы напрамку, не заўважаючы ні дарогі, ні мінакоў, без канкрэтнай думкі ў галаве, без мэты. А наўкол абуджалася жыццё. У раўчуках струменіліся цэлыя ручаі вады. З дахаў спаўзлі цяжкія гурбы снегу. Вясна была ў разгары. П’яная зямля ўтрапёна дыхала, а паветра дурманіла, як віно.

Баран позна вярнуўся дахаты. Кацярына Сперда, уладальніца двух дамкоў, у кожным з якіх было па дзве кватэры, доўга чакала яго, прыгатаваўшы вячэру. «Можа, яго павязалі?» – думала яна з неспакоем і пільна прыслухоўвалася да крокаў мінакоў, якія зрэдку брылі Бондараўскім завулкам.

Кацярыне было каля пяцідзесяці гадоў, але яна была здаровая, моцная і добра выглядала. Кабеціна часта мяняла палюбоўнікаў – пераважна блатных – і сама не трымала на іх зла, калі яны яе кідалі. З Бараном яна жыла другі месяц. Злодзей пасяліўся ў яе амаль адразу, як толькі з’явіўся ў горадзе. Абое былі сабою задаволеныя. Баран меў тут спакой і бяспеку, якія рэдка бываюць у зладзейскіх логавішчах. А Кацярына мела ў якасці каханка аўтарытэтнага злодзея, які быў ахайны, добра апранаўся, ніколі не лаяўся і заўсёды быў надзіва сур’ёзны. «Граф дый годзе», – думала пра яго Сперда.

Калі Баран нарэшце вярнуўся дадому, Кацярына прапанавала яму падсілкавацца. Ён адмовіўся. Выпіў толькі шклянку малака і адразу ж пайшоў спаць. Лежачы ў ложку, ён запаліў цыгарэту. А Кацярына замкнула дзверы на засаўку і пачала распранацца. Седзячы на ложку, яна доўга здымала панчохі, выставіўшы мажныя белыя калені (выпрабаваны ўзбуджальны сродак). Але Баран зусім не звяртаў на яе ўвагі.

– Вясна адчуваецца, – далікатна зачапіла яго Кася, спускаючы левую нагу з ложка і ссоўваючы панчоху з правага калена.

– Угым, – буркнуў у адказ Баран, гледзячы некуды ў столь.

Кася ўздыхнула: «Можа, стомлены». Потым яна задзьмула агонь у лямпе і палезла спаць на прыпечак. Кабеціна любіла цяпло, а печка была так добра напаленая, што шкода было не скарыстацца.

Баран паліў цыгарэты і доўга варочаўся з боку на бок. Увесь час перад яго вачыма стаяла дзяўчына, якая нібы выплыла са святла ў кватэры вартаўніка Уладзя Зайца. Яна была неверагодна прыгожай, так соладка ўсміхалася. Так цудоўна свяціліся ейныя вочы. А твар быў такі мілы ды румяны. Такія вабныя былі ейныя плечы, ногі, шыя. Такая зграбная фігура. Такія пышныя ды густыя валасы… А яе срэбны смех змушаў ягонае сэрца біцца мацней і падганяў да твару хвалю крыві.

– Пава… Паўка… Паўлінка… – прашаптаў Баран у цемры і ўсміхнуўся.

А пасля зноў запаліў цыгарэту.

Гэта быў дзіўны стан… Дагэтуль невядомы Аліку: салодкі і трывожны…

А можа, гэта ўсё ўчыніла вясна. Чароўная, магутная, шалёная пара года, якая не глядзіць, ці гэта сэрца князя, ці злодзея, ці звычайнага чалавека. Для яе існуюць толькі людзі, якія падначальваюцца аднолькавым законам Прыроды і якія ўсе аднолькава слабыя ў параўнанні з ёю. Таму яна любіць сваволіць з людзьмі, бо яна заўжды маладая і прагне весяліцца ды забаўляцца.

2
МАЙСТАР АДМЫЧКІ ПАКАЗВАЕ СЯБЕ ЯК АДМЫСЛОЎЦА ШАВЕЦКАЙ СПРАВЫ

На вялікім занядбаным падворку гулялі дзеці: тры хлопцы ва ўзросце ад дзевяці да дванаццаці гадоў і дзве дзяўчынкі. А за дзецьмі весела ганяўся чорны дварняк, якому было некалькі месяцаў. Ягонае сабачае сэрца разрывалася ад радасці і жадання выказаць адданасць вось гэтым таварышам у забавах. Шчанюк не меў гаспадара, быў нічыйны. Невядома, адкуль ён узяўся на гэтым падворку і чаму тут застаўся. Можа, шчанюк затрымаўся тут таму, што шукаў сабе гаспадара, без якога ніводзін сабака не шчаслівы. Ён мае ўнутраную патрэбу некаму належаць, прагне мець свайго гаспадара, каб яго любіць і… абараняць. Нічога страшнага, калі гаспадар будзе марыць яго голадам, біць, але часам, магчыма, і пагладзіць.

Жыхары дому, якія прывыклі да прысутнасці сабачкі ў двары, назвалі яго Жуком. Калі-нікалі яму кідалі костку або хлебную скарынку. Часамі жывёліну падкідвалі нагой, але гэта ўжо быў свой сабака, зычлівы да ўсіх, заўсёды вясёлы, які вылузваўся са скуры, каб хоць неяк дагадзіць.

Дзеці дакучалі яму неміласэрна. Ён не раз вішчаў і скавытаў будучы аб’ектам вельмі балючых эксперыментаў. Але праз імгненне ўсё забывалася, і Жук ужо весела бегаў разам з шумнай ватагай, скачучы і пабрэхваючы.

Дзеці добрыя. Дзеці – будучыня кожнага народу. Але няшмат трэба здольнасцяў, каб заўважыць, што асноўная прыкмета дзіцячага характару – гэта бязлітаснасць, а другая – эгаізм. Толькі выхаванне лагодзіць у іх гэтыя бакі характару, якія крыху прыгасаюць і… дрэмлюць.

У той дзень дзеці былі асабліва вясёлыя і вынаходлівыя ў прыдумках. Яшчэ хвіліну таму яны гулялі на вуліцы. Забава была для іх нязвыкла пацешнай. У нішы наступнай брамы сядзеў сляпы старэнькі дзядок. Гэта быў жабрак, які паклаў перад сабою на ходніку шапку і чакаў міласціны ад мінакоў. Калі нехта кідаў манету, жабрак, гучна чытаючы малітвы, забіраў грошы з шапкі ды хаваў іх. Дзеці ж прывязалі нітку да вялікага латуннага гузіка і, па чарзе праходзячы каля дзядка, стараліся кінуць гузік у шапку, а пазней тузалі за нітку, каб вырваць гузік назад.

Калі дзеці зрабілі гэта першы раз, старэнькі доўга марна шукаў рукою манету ў шапцы. Дзеці, стоячы на некалькі крокаў далей, душыліся ад смеху, назіраючы за ягонымі высілкамі і збянтэжанасцю. З тым жа вынікам яны паўтарылі блазноту. А калі і трэці раз жабрак не знайшоў у шапцы ўкінутай манеты, то зразумеў, што нехта з яго здзекуецца. Дзядок прысунуў бліжэй да сябе кій і чакаў. Дзеці заўважылі гэта і перасталі забаўляцца. Ходнікам акурат ішла нейкая пані. Пабачыўшы жабрака, яна дастала з кашалька манету і кінула яе ў шапку Яе ахапіў жах, калі замест чаканага блаславення яе напаткаў моцны ўдар кія. Жанчына залямантавала:

– Ах ты, лайдак! П’янтосіна!

Здарыўся скандал. Дзяцей страшна пацешыў гэты выпадак, і яны доўга смяяліся. Ім было нават цяжка супакоіцца. Кожны ўспамін выклікаў новую хвалю рогату.

Сабачка не адступаў ад дзяцей. Ён не разумеў іхных забаваў, але агульны настрой перадаўся і яму, таму ён весела брахаў, скакаў і гучна выражаў сваю радасць і шчанячае захапленне.

Раптам нехта з дзяцей прапанаваў пагуляць у шахцёраў… У адным закутку падворку быў стары закінуты калодзеж. Ім ужо даўно не карысталіся, паволі вада на доле зусім знікла. Засталося толькі крыху мулу, які час ад часу пасля дажджу рабіўся радзейшым. Дзеці назбіралі розных матузкоў і пачалі будаваць ліфт. Калі закончылі, узнікла пытанне: каго спускаць уніз?

– Жука, – сказала найстарэйшая дзяўчынка.

Рэшта дзяцей пагадзілася. Яны схапілі дварняка і пасадзілі ў скрынку, падвешаную на чатырох шнурках над калодзежам. Сабака быў крыху спалоханы, але бязмежны давер да людзей не дазваляў яму занадта рэзка пратэставаць. Натуральна, адчуўшы небяспеку, ён заскавытаў, пачаў лашчыцца – прасіў, каб яго адпусцілі. Але нішто не расчуліла ягоных уладароў. Дзеці пачалі апускаць ліфт уніз. Жук дрыжаў і прыціскаўся да дна скрынкі.

– А цяпер катастрофа! Ліфт абрываецца! – закамандаваў нехта з дзяцей.

Малыя адпусцілі вяроўкі, і скрынка, адбіваючыся ад няроўных сценаў калодзежа, са стукам паляцела ўніз. Праз хвіліну з долу калодзежа данеслася скуголенне сабакі. Дзеці зазіралі ўніз, але там было зусім цёмна і нічога нельга было разгледзець. Тады дзеці пачалі паліць паперу і кідаць яе ў калодзеж, каб прынамсі пры такім святле пабачыць вынік «катастрофы ў шахце». Папера згарала або гасла, не даляцеўшы да дна.

Сабака скалечыўся, зваліўшыся на дно калодзежа. Амаль цалкам ён сядзеў у муле. У роспачы ён уздрапаўся на скрынку, якая ўпала каля адной са сценаў студні. Ён углядаўся ўверх і бачыў увенчаныя галовамі дзяцей берагі калодзежа. Ён пачаў вішчаць, выць, молячы сваіх нядаўніх сяброў аб ратунку… Ён яшчэ верыў у людзей. Але безвынікова… Яго ахапіў страх, калі ўніз пачалі ляцець падпаленыя кавалкі паперы. Ён дрыжаў. Туліўся да вільготнай сцяны калодзежа. Аднак агонь не дабраўся да яго. Ён зноў пачаў упрошваць аб дапамозе, аб выратаванні… Яго добрае сабачае сэрцайка не магло зразумець таго, што адбылося. За што ж яго гэтак пакаралі? Ён жа іх так любіў. Ён так цешыўся і скакаў, калі іх бачыў. Ён стараўся адгадваць кожнае іхняе жаданне, быў ім гэтак верны.

Нечакана ў калодзеж упаў вялікі камень. Потым другі. Пасля камяні пачалі падаць у студню амаль без перапынку… Дзеці нібы звар’яцелі. Яны бегалі па ўсім падворку, збіралі камяні, цэглу, кавалкі ржавага металу, паленне, калы і кідалі ўсё гэта ў студню, стараючыся пацэліць у сабаку, якога нават не маглі ўгледзець у цемры. Іх апанавала прага забойства. Іх узбуджала магчымасць бяскарна забіць некага. Іх разбіраў садызм… усё тое, што пазней стрымліваецца, але не раз упрост, пачварна або прыхавана, пад нейкай маскай, выяўляецца ў дарослых людзей.

Адзін з першых камянёў зламаў сабаку лапу. Некалькі іншых яшчэ больш яго скалечылі. Сабака пачаў імкліва шукаць паратунку. Ён глыбей закапаўся ў мул на дне студні і ўціснуўся пад край скрынкі, якая выставала з балота. Ён ляжаў у ліпкім халодным і смуродным глеі, прыкрыты зверху дошкамі скрынкі, і дрыжаў ад холаду і страху. А зверху ляцелі долу камяні. Яны валілі ў бакі скрынкі, грукаталі і падалі наўкола, трапляючы ў мул.

Прайшло шмат часу, і бамбаванне скончылася. Зноў краі студні акружыў вянец дзіцячых галоваў. Яны глядзелі ўніз. Прыслухоўваліся… Ціха… Нарэшце раздаліся галасы:

– Жучок!.. Жучок!..

– Цю-цю-цю-цю…

Цішыня…

Сабака не адгукнуўся… У ім памерла вера ў людзей… А ўзрасла нянавісць…

Вечарам на падворку запанавала цішыня. Сабака, дрыжучы ад холаду, вылез з балота і ўскараскаўся на скрынку. Яго мучыў голад. Балела зламаная лапа і пабітае камянямі цела.

У вышыні цьмяна свяцілі зоркі. Сабака заскавытаў. Гэтак ён скардзіўся небу на людзей. Доўга скавытаў…

Да студні ў паўзмроку ціха сунулася чалавечая постаць. Гэта быў Баран. Некалі ён заўважыў, што на гэтым падворку ёсць вяндлярня, таму зрэдчас, праходзячы побач, зазіраў са спадзевам, што нехта будзе вэндзіць шынку ці кілбасы.

І цяпер ён прыйшоў сюды акурат з гэтай нагоды. Заўважыўшы некага, ён перамясціўся ўглыб падворку. Недалёка ад студні пачуў сабачае выццё. Мужчына спачатку не мог зразумець, адкуль даносіцца гук. Падышоўшы да калодзежа, нахіліўся ўніз і пасвяціў кішэнным ліхтарыкам. Злодзей распазнаў унізе белае дно скрыні, а на ёй цёмнае тулава сабакі. Сабака неспакойна пахістваўся і, відаць, намагаўся ўцячы ў сваю ранейшую хованку, пад скрынку. Баран вылаяўся.

– Вось дзе подлае насенне! Не знайшлі сабе лепшага занятку, укінулі бедалагу!

Баран адышоў ад студні. «Відаць, здохне там з голаду». Вярнуўся да калодзежа. Выняў з кішэні фрэнча закручаную ў паперу французскую булку і, свецячы ліхтарыкам уніз, кінуў сабаку печыва, прыцэліўшыся, каб яно трапіла на скрынку.

Жыхары старожкі Шлемы Гоя вельмі здзівіліся, калі аднойчы вечарам да іх прыйшоў незнаёмы мужчына.

– Добры вечар, – кінуў ён з парога.

Усе маўчалі, разглядваючы госця. Швачка адклала сваю работу. Баран кінуў на лаўку шапку, падышоў да стала і паклаў на ім скрутак, загорнуты ў паперу.

– Гляньце, калі ласка, матэрыял, – звярнуўся Баран да швачкі.

Жанчына пачала разгортваць пакунак, а Баран прысеў на крэсле ля стала і дастаў з кішэні вялікі срэбны партсігар з залатой манаграмай. Адну цыгарэту ён дастаў для сябе, а другую кінуў праз пакой Уладзю Зайцу.

Уладзь не паліў, але неяк не змог адмовіць госцю і пачаў няўмела цмокаць цыгарэту. Неўзабаве закашляўся. Баран адгукнуўся:

– Кінь!

І Уладзь кінуў на падлогу недапаленую цыгарэту. Гэтым часам Лідзія Баля, швачка, худая бледная жанчына каля трыццаці пяці гадоў, аглядвала матэрыял. Гэта быў адрэз натуральнага шоўку крэмавага колеру. Кабета любавалася прыгожай тканінай і з прыемнасцю абмацвала яе пальцамі. Баран звярнуўся да яе:

– Хопіць гэтага на два камплекты бялізны?

Швачка здзівілася.

– Дык жа шкода…

– Ці досыць?

– Хопіць і яшчэ застанецца.

– То здыміце мерку, калі ласка.

Баран зняў фрэнч, і швачка абмерала мужчыну.

– Зрабіце, калі ласка, найлепей, як зможаце. Работа мусіць быць кароннай! – казаў Баран. – Самае важнае – гэта добра вырабіць каўнерыкі. Зрэшты, буду прыходзіць на прымерку.

Хутка Баран пакінуў жытло.

– Хто гэта можа быць? Пэўна, нейкі багацей, – пастанавіла Лідзія.

– Багацей… багацей… багацей… – казаў Уладзь, якія меў звычку паўтараць словы.

– Не запытаў нават, колькі каштуе пашыў. Пэўна, добра заплоціць.

– Заплоціць… заплоціць… заплоціць… – згаджаўся Уладзь.

Толькі Томка, якую называлі Куртатай, маўчала, седзячы ў куце, і пазірала на прысутных гожымі вачыма. Яна была калекай. У яе былі вельмі кароткія крывыя ногі. Гэта быў вынік перанесенай у дзяцінстве хваробы. Твар у яе быў таксама брыдкі. Але вочы былі цудоўныя, аздобленыя раскошнымі вейкамі. Працавала яна ў Шлемы Гоя за мізэрныя грошы. Удома ж яе даймала сястра, істэрычная векавуха. Уладзя Зайца, зрэшты, таксама тыраніла старэйшая сястра. Прырода не была літасцівай і да яго. А разарваная на патанцульках ударам гіры губа канчаткова скрывіла твар. Пры ўсім сваім брыдкім выглядзе Уладзь быў надзвычай уражлівы. Здаралася, што нехта казаў «холадна», а Уладзь ужо пачынаў паціраць рукі. Сказаны некім выраз або апошняе слова ў сказе ён мог паўтараць бясконца. Стась Рамізнік казаў, што ў Зайца сарваная разьба ў галаве. У Зайца было вельмі добрае сэрца, і ён любіў жывёлу. З людзьмі ён не ўмеў размаўляць, але да коней звяртаўся, як да дзяцей. Расказваў ім пра свае клопаты і трывогі, пачуваючыся ў іх таварыстве вельмі ўтульна.

Пасля першага візіту да Баляў Алік Баран неўзабаве зноў туды завітаў. Калі бялізна была ўжо пашытая, шчодра заплаціў, чым заваяваў прыхільнасць Лідзіі, якая пачала была называць яго панам памешчыкам.

– Аніякі я не памешчык, – адказаў Баран. – Я шавец абутку экстракласу. Прыехаў з Амерыкі і хачу тут заснаваць майстэрню.

З таго часу Лідзія, гаворачы пра Барана, называла яго Амерыканец.

Забраўшы бялізну, Баран праз некаторы час зноў з’явіўся ў швачкі і замовіў гімнасцёрку… Яго не пакідала надзея спаткаць тут некалі Паўлінку. Але дзяўчына або не прыходзіла, або з’яўлялася там, калі Барана ўжо не было.

Лідзія пашыла гімнасцёрку. Баран забраў і яе. А Паўлінкі ўсё не было. Дзяўчыну таксама зацікавіў Амерыканец. Яна столькі наслухалася пра яго ад Лідзіі, якая больш ні пра каго не жадала размаўляць. «Ты падумай: шаўковую бялізну шые, і то з якога яшчэ шоўку. А якія пярсцёнкі носіць на пальцах! А што за партсігар! Мільянер ён, далібог, які ўцёк сюды ад бальшавікоў!» Паўлінка аж калацілася з цікаўнасці, але ёй аніяк не ўдавалася з ім спаткацца.

Праз некалькі дзён пасля апошняга візіту Баран прыйшоў да Баляў пад вечар і запытаў пра Уладзя. Куртатая пакульгала на падворак шукаць брата. Калі Заяц, здзіўлены нечаканаму госцю, прыйшоў у старажоўку, Баран запытаў у яго:

– Вяроўка доўгая ёсць?

– Вяроўка… вяроўка… вяроўка… – паўтараў Заяц.

– Прынясі мне, якія знойдзеш, канаты, вяроўкі, лейцы… Пойдзем у горад… ёсць там адна справа… Добра табе заплачу.

Заяц не распытваў, у чым справа. Хоць і быў ён пачварна брыдкі з выгляду, а язык яго не хадзіў гладка, аднак ён меў вялікі спрыт і быў у стане дзейнічаць хутка. Ён вокамгненна зразумеў, што справа пільная. Выйшаў са старажоўкі і праз хвіліну вярнуўся, цягнучы цэлае бярэма вяровак. Баран выбраў таўсцейшыя і мацнейшыя і, не пытаючыся, ці Уладзь мае час, сказаў:

– Хадзі!

Яны пашыбавалі ў цэнтр гораду. Ужо сшарэла.

Баран і Уладзь падышлі да студні ў глыбіні вялікага падворку. Баран пасвяціў ліхтарыкам уніз.

– Ёсць, – сказаў. – Яшчэ жывы.

Жук жыў. Жыў у студні ўжо два тыдні. Ратавала яго ежа, якую Баран вечарамі кідаў у калодзеж. Днём сабака запаўзаў пад скрынку, бо прадчуваў, што зверху могуць пасыпацца камяні. І сапраўды, дзеці штодзённа прыходзілі да студні і кідалі ўніз усё, што траплялася ім у рукі. Баран заўважыў, што камянёў у студні прыбывае. Ён не ведаў, аднак, як сабака пазбягае смерці. Ён толькі выявіў, што звярок усё яшчэ жыве, і нечакана для самога сябе вырашыў яго ўратаваць. Аднаму гэта было б цяжка. Прасіць некага з блатных ён не хацеў, бо тыя б дзівіліся, што хвацкаму злодзею прыходзяць у галаву такія глупствы. Тады ён згадаў Уладзя Зайца. Заўважыў, што той вельмі добры і ў дадатак мае гіганцкую фізічную сілу. Баран бачыў, як Заяц добра ставіцца да коней, заўважыў, што той без вялікага намагання – часам адной рукой – закідвае тыл воза, каб выехаць з двара або зацягнуць павозку ў стайню.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю