Текст книги "Яблычак"
Автор книги: Сяргей Пясецкі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 14 страниц)
Сяргей Пясецкі
ЯБЛЫЧАК
Менская трылогія.
Кніга першая
.
.
Хто з вас без граху, хай першы кіне ў яе камень.
Евангелле паводле Яна, 8:7
.
УСТУП АЎТАРА
У рамане «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» я апісаў жыццё кантрабандыстаў. У маіх творах «Пяты этап» і «Багам ночы роўныя» паказаная праца шпіёнаў на тэрыторыі Расеі. У трылогіі «Яблычак», «Гляну я ў акно…», «Ніхто дабром не дасць збаўлення…» я знаёмлю са светам прафесійных злачынцаў. Каб мяне правільна зразумелі – а гэтага я раней не зведаў, – цяпер я даю кароткі ўступ.
Гэтыя тры раманы, зрэшты, як і папярэднія, не маюць у сабе амаральнасці. Некалі я падрабязней напішу пра гэта. Можа, некаторыя людзі захочуць назваць іх «злачыннай акадэміяй». Я ў сваю чаргу назваў бы іх «акадэміяй барацьбы са злачынствамі і злодзеямі», дзе выкладаецца іхняе жыццё, звычаі, філасофія, законы, «этыка» і метады працы… Прафесійныя злодзеі ведаюць пра «фраераў» усё. «Фраеры» пра іх – вельмі мала. Злачынцам мае кнігі не патрэбныя. Псіхолагі і крыміналісты даведаюцца з іх шмат.
«Яблычак», «Гляну я ў акно…», «Ніхто дабром не дасць збаўлення…» – гэта шосты, сёмы і восьмы раман у маім творчым здабытку. Другі раман, «Жыццё раззброенага чалавека», і чацвёрты, пад назвай «Дарога пад мур», я доўга яшчэ не апублікую з «эгаістычных» прычынаў.
«Яблычак» я пісаў падчас нямецкай акупацыі на Віленшчыне ў розныя часавыя адрэзкі з 1941 года. Твор я закончыў у студзені 1944 года. Здаралася, што часам я спыняўся на палове сказу і потым не вяртаўся да рукапісу шмат месяцаў праз не залежныя ад мяне прычыны. Працу над другім раманам, «Гляну я ў акно…», напісаным на тры чвэрці, я перарваў 30 траўня 1944 года. Мне б вельмі хацелася закончыць гэтую тэму, таму цяпер дапішу «Гляну я ў акно…», а потым вазьмуся за напісанне «Ніхто дабром не дасць збаўлення…».
Гэтыя раманы ахопліваюць перыяд з ранняй вясны 1918 года да канца лета 1919-га. Дзеянне адбываецца ў Менску-Літоўскім, які ў той час зрабіўся прыстанкам шмат для каго з абшараў былой Расейскай імперыі і… Еўропы. Горад быў цэнтрам Еўропы, якую ахапіла вайна. Менск зведаў як нямецкую, так і бальшавіцкую акупацыю. Ёсць тут аналогія з нямецкай і савецкай акупацыяй сучаснай Польшчы.
Герой раману Аляксандр Баран – гэта праўдзівая асоба. Ён паходзіў з Вільні і сапраўды меў такое прозвішча. Яго расстралялі летам 1919 года ў Менску на Камароўцы. Паўлінка Хурдзіч таксама існавала насамрэч, але ейнае сапраўднае прозвішча было Запольская, і яна была родам з Вільні. У 1921 годзе я знайшоў там яе сям’ю.
Прытоны і злодзеі, апісаныя ў кнізе, пераважна рэальныя. Прыгоды напалову праўдзівыя. Тут ёсць дастаткова фантазіі, але няма нічога з паветра. Усё напісанае ўзнікла з нечага, што я сам перажыў або пачуў у турмах ці на свабодзе.
Я пісаў гэтыя творы з думкаю пазнаёміць людзей з іхнымі братамі, якія апынуліся на жыццёвай узбочыне, і дапамагчы тым няшчаснікам, прыніжаным і зняважаным, жыццё якіх поўнае трагізму.
Назвы раманаў паходзяць ад словаў з песень. «Яблычак» – гэта «гімн і сцяг» усіх тых, каго пакрыўдзіў камунізм, злодзеяў і сумленных, якія нечакана аказаліся разам у адным становішчы – загнаных і прыбітых звяроў. «Гляну я ў акно…» – гэта малавядомая арыгінальная зладзейская песня, крыху нават камічная сваім услаўленнем зладзейскага «гонару». «Ніхто дабром не дасць збаўлення…» – пачатак другога куплету расейскай версіі «Інтэрнацыяналу». Гэтым людзям ніхто не прынясе збаўлення і ніхто іх не выратуе, апрача… культуры.
Я неаднаразова меў магчымасць параўнаць этыку і жыццёвыя правілы прафесійных злодзеяў і «аўтаматычна сумленных людзей». Я параўноўваў не вонкавую форму і выгляд, а глыбінны змест. Сумленныя людзі прайграюць пры такіх параўнаннях. Злодзей, які перажыў шмат нягодаў, які нясе свой крыж па сцяжыне, пракладзенай для яго нашымі законамі, пагардай і пераследам, калі мае характар, волю і сэрца, застаецца Чалавекам, хоць і пакрыўджаным. А сумленны чалавек застаецца маральным толькі тады, калі ўсё добра і няма ніякіх выпрабаванняў. У ліхія часы такі «сумленны» аказваецца бруднай анучай, здраднікам і баязліўцам… Вайна, няволя і барацьба за свабоду шмат чаму нас навучылі, і я мяркую, што цяпер мы ў стане лепей і глыбей разбірацца ў людзях.
Няхай гэтая кніга паслужыць гісторыкам, крыміналістам, псіхолагам і сацыёлагам. Няхай яна дапаможа нашым абяздоленым братам нагадаць пра свае правы. Яны, зняслаўленыя, таксама былі на барыкадах, яны таксама змагаліся за свабоду і правы людзей. Яны не заяўлялі пра сваё права на барацьбу. Яны, бяспраўныя, зганьбаваныя і пагарджаныя, змагаліся за вашыя правы. Сярод іх найменш было здраднікаў Народу… а можа, і зусім не было, бо я пра такіх нічога не ведаю. А колькі было паскуднікаў сярод іхных строгіх «суддзяў», дык не варта і пісаць.
Я маю просьбу да тых людзей, якія з прыдыханнем вымаўляюць словы «растрата, раскраданне, прысвойванне, злоўжыванне, правіннасць»: калі ласка, не вылучайце занадта інтанацыяй слова «злодзей». Я ведаю яшчэ страшнейшыя словы: да прыкладу, здраднік, баязлівец, даносчык, ганарлівец, садыст, прыстасаванец, тыран… Праўда можа быць вельмі балючай.
Няхай урэшце ў судах, дзе сытыя і адукаваныя людзі судзяць беднякоў, загнаных імі і жыццём у кут, больш не лопаецца ад смеху д’ябал. Няхай за судзейскім сталом акажацца не надзьмуты раўнадушны ўладальнік дыплома, а Суддзя, Лекар, прадстаўнік Культуры і пасланец Духа. Тады, можа, да вас, фраераў, злодзеі будуць ставіцца з меншай пагардай, а д’ябал засумуе ў пекле… Мне б хацелася, каб на барыкадзе Культуры побач з вамі знайшлі сваё месца таксама прастытутка і злодзей, якія нядаўна поруч з вамі змагаліся за свабоду Народу… Пасля перамогі на гэтай апошняй барыкадзе злодзеяў увогуле не будзе!
«МЕЛАДРАМАТЫЧНЫ», НЕПАТРЭБНЫ ЎСТУП, ЯКІ МОГ БЫ СТАЦЬ ПАЧАТКАМ БІЯГРАФІІ ДАМУШНІКА АЛЯКСАНДРА БАРАНА, КАЛІ Б НЕХТА ЗАХАЦЕЎ АПІСАЦЬ ЯГОНЫ ЛЁС
Жыццёвы світанак Аляксандра Барана быў няўтульны, чорны, халодны, горкі і смуродлівы. Ягоная маці, Андзя Баран, працавала малодшай пакаёўкай у вялікай сям’і багатага расейскага чыноўніка. Андзя нібыта нічога не ўмела, за ёй не былі замацаваныя канкрэтныя заданні, але яна выручала ў працы ўсіх дамачадцаў. Яна была з тых людзей, якіх не заўважаюць, а іхнай працы не шануюць. Усе лічылі, што яна толькі замінае. Калі ж здаралася, што яна разбівала патрэсканую талерку, то гэта прымалі як замах на дабрабыт сям’і. З ёю абыходзіліся пагардліва, глядзелі звысоку і часта незаслужана лаялі. Аднак калі б раптам Андзя прапала, то паўсталі б пытанні: хто мае нанасіць вугалю з падвалу, прынесці дроваў з павеці, вады з калодзежа – а кватэра была на чацвёртым паверсе, – хто мае выкінуць смецце, прыбраць у пакоях, заслаць ложкі, пачысціць абутак і адзенне, некалькі дзясяткаў разоў выскачыць у краму і выканаць мноства іншых паслуг.
З раніцы да ночы дзяўчына бегала па счарнелых сходах вялікай змрочнай камяніцы. Яна шматкроць гойсала па іх туды-сюды, перадусім нешта цягаючы. Сходы маглі б стаць пакутай і начным жахам для гэтай няшчаснай безабароннай душы, але яна – магчыма, кіруючыся інстынктам, – ператварыла іх у атракцыён. Выйшаўшы з кватэры ўлегцы, яна збягала ўніз, пераскокваючы ўраз праз некалькі прыступак. З часам яна набыла такі спрыт, што кожны лесвічны пралёт прамінала за два скокі… Яна потарч ляцела з верхняга памоста ўніз, ледзь дакранаючыся далонню да жалезнай парэнчы, каб захаваць раўнавагу і кірунак. Яна своечасова прызямлялася на ступню другой нагі, адштурхоўвалася дзеля наступнага скоку і апыналася на загіне парэнчаў. Паварот яна мінала з хуткасцю маланкі. Зноў рабіла два скокі і паварот. Праляцеўшы праз паверхі як навальніца, яна залятала ўніз, задыханая, крамяная, з бляскам у вачах – амаль шчаслівая. Яна ўмела таксама з’язджаць са сходаў, слізгаючыся па краях прыступак, абабітых жалезнымі ліштвамі, робячы гэта надзвычай хвацка – на адных абцасах сваіх туфляў. Пры вялікай хуткасці гэта выходзіла як на лёдзе, а яна з’язджала так шпарка, ажно дзяўчыне займала ў грудзях дых… Чым больш ёю пагарджалі, тым больш жвавыя і заўзятыя былі ейныя акрабатычныя выкрутасы на сходах камяніцы. Калі ж яе крыўдзілі асабліва балюча, дзяўчына ў той жа момант што шалёная кідалася па сходах долу, ажно дзіва, як пры гэтым яна не калечылася… Тое былі яе ўяўныя самагубствы якія дапамагалі дзяўчыне захаваць душэўную раўнавагу.
Адзін з жыхароў, які здымаў у камяніцы кватэру, шмат разоў пабачыўшы, як Андзя спрытна насілася па сходах, назваў яе Вавёркай. І гэтая мянушка разляцелася па камяніцы. Ейнае сапраўднае імя забыліся: знікла Андзя, з’явілася Вавёрка, вось толькі ў дзявочым лёсе нічога не палепшылася. У сям’і чыноўніка дзяцей і працы станавілася ўсё больш, і на плечы Андзі паслядоўна і незаўважна перакладалі ўсё больш абавязкаў. «А дзе Вавёрка?.. Вавёрка гэта зробіць… Паклічце да мяне Вавёрку… Гэтая дзяўчына нязносная, яе ніколі няма, калі ёсць праца!» І Вавёрка мусіла штораз жвавей завіхацца ў цесных пакойчыках-клетках, штораз хутчэй скакаць уніз і ўверх па прыступках.
Андзя мела яшчэ адну забаву: яна вельмі любіла глянцаваць абутак для ўсёй сям’і. Гэтую працу яна выконвала рупліва, метадычна, можна сказаць, з глыбокай пашанай. Чысціла яна абутак вельмі рана, калі жыхары камяніцы яшчэ спалі, а на сходах панавала цішыня. Андзя сядала на верхнюю прыступку, ставіла вакол сябе абутак самага рознага фасону, стану і памеру ды пачынала працу. Дзяўчына чысціла яго няспешна, ахайна, з асалодай. Спачатку старанна адскрэбвала з чаравікаў бруд, потым чысціла цвёрдай шчоткай, затым намазвала ваксу тонкім слоем, потым… Потым, пасля некалькіх аперацыяў, выставіўшы абутак у рад па памеры, яна замілавана любавалася сваёй працай. Чаравікі блішчэлі надзвычайна, і здавалася нават, што з іх праменіла святло…
Андзя мела добрае сэрцайка і з усім абуткам абыходзілася аднолькава, хоць да ўладальнікаў некаторых параў адчувала цалкам апраўданую крыўду або нават нянавісць. Да адных чаравікаў яна мела сімпатыю, як да іх гаспадароў, з некаторымі парамі абыходзілася абыякава, да рэшты ставілася без імпэту, але ўвесь абутак без выключэння яна чысціла вельмі старанна. Калі б нехта незаўважна апынуўся побач, то пачуў бы дзіўныя прамовы:
– Ты зноў абдзёр сабе насок!.. Гаротнік!.. Колькі разоў я казала табе: будзь асцярожны, глядзі пад ногі… Але нічога, не пераймайся. Я ўсё папраўлю. Знаку не будзе, – прамаўляла Андзя да чаравічка аднаго з меншых дзяцей.
Гэтае малое скарыла Андзю сваёй весялосцю і тым, што не капрызіла.
– А ты, свіння, парваў шнурок! Што ты сабе думаеш, што ў мяне фабрыка шнуркоў?! Каб ты быў здаровенькі! Бадай цябе качкі затапталі! Можа, красці для цябе пайду?! Што?! – Андзя сварылася на чаравік гаспадыні, паўтараючы ейны стыль. Ад жонкі чыноўніка яна найбольш зведала пакутаў і менавіта ад яе рэгулярна атрымлівала сваю порцыю горычы.
– О, мая даражэнькая, гумка ў цябе аслабла… Зараз я яе мацней прыкручу… Вось так, бачыш, як добра цяпер, – звярталася Андзя да туфліка старэйшай дачкі, якую ў сям’і лічылі ненармальнай і якая, аднак, была вельмі прыязнай да Андзі.
У самым канцы Андзя чысціла і свой абутак. Гэтую справу яна рабіла з вялікай ахвотай і запалам, але пры гэтым ейны тварык, звычайна вельмі ўсмешлівы, хмурнеў. Яна ведала, што неўзабаве туфлікі будуць гэтак прыгожа блішчэць, што трэба будзе зменшыць іх зіхаценне, чаго яна рабіць вельмі не хацела. Але гаспадыня, аднойчы звярнуўшы ўвагу на прыгожы бляск туфляў Андзі, накрычала на яе:
– Ах ты, свіння, лафірында, я ваксы раздабыць не магу, а яна сабе гэтыя паскудныя капыты чысціць! Паглядзіце на яе, графіня знайшлася! Маё шанаванне! Бадай цябе качка!.. Каб я гэтага больш не бачыла.
З таго часу Андзя перад тым, як увайсці ў кватэру, стоячы перад дзвярыма, хукала ў далонь (каб зрабіць яе вільготнай), а потым праводзіла ёй некалькі разоў па туфліках, каб яны пацьмянелі. Калі ж яна зноў выходзіла на сходы, каб некуды выскачыць, то дбайна чысціла туфлікі падолам ліхой спаднічкі.
Калі надыходзіла ноч і ўся праца была скончаная, Андзя апошні раз у паўзмроку імчалася па сходах уніз. Яна збягала адным паверхам ніжэй, чымся звычайна, – у сутарэнне, дзе жыла ейная цётка, адзіная сваячка і апякунка Андзі. Цётчына апека заключалася ў тым, што яна пляменніцу біла, марыла голадам і прымушала Андзю, калі тая была яшчэ малая, выконваць дарослую працу. Калі Андзі споўнілася дзевяць, цётка аддала яе ў сям’ю чыноўніка працаваць малодшай пакаёўкай за ежу, вопратку і пару капейчын, якія сама ж і забірала. Пасля працы Андзя мусіла яшчэ дапамагаць цётцы, якая была прачкай. Таму дзяўчынка ніколі не мела вольнай хвілінкі.
Толькі ў сне Андзя жыла сама для сябе. Тады яна станавілася свабоднай і магла рабіць тое, што падабалася. Галоўную ролю ў ейных снах гралі сходы. Часам яны былі светлыя, чыстыя, і так прыемна было па іх лётаць. Іншым разам яны былі змрочныя, цёмныя, стромка вялі ўгору, у бясконцасць. Не раз дзяўчына падала з іх, кацілася ўніз і прачыналася задыханая, стомленая, з дрыготкім сэрцам у грудзях. Ёй таксама часта сніліся чаравікі. Іх была цэлая процьма. Часам яны паводзілі сябе як жывыя істоты: хадзілі, размаўлялі, танцавалі. Андзя ж гулялася з імі, як з жывымі… як з лялькамі, якіх у яе ніколі не было. Гэта былі самыя любімыя Андзіны сны.
Надыходзіла раніца, і халодная, кашчавая рука цёткі вырывала Андзю з краіны мрояў. Пад гукі цётчынага бурчання дзяўчына хутка апраналася і ўцякала з сутарэння, каб распачаць бясконцую гонку па сходах, выканаць мільён заданняў, якія ўжо чакалі яе.
Праляталі гады. Кволае дзіця перамянілася ў шаснаццацігадовую дзяўчыну. Але ў вачах людзей, якія яе атачалі, Андзя па-ранейшаму была бясполай і безаблічнай Вавёркай, якая гадамі скача па лесвічным пралёце камяніцы. Яна таксама не заўважала свайго развіцця. Шэрасць і аднастайнасць ейнага жыцця знішчалі ўсялякія адрозненні ў часе. І яна зусім не дзівілася, што да яе ўвесь час ставіліся як да дзіцяці. Андзя выйшла і станам, і тварам, да таго ж была цягавітая. Яе можна было б назваць нават бездакорна прыгожай, каб не крыху мангалоідныя рысы твару. Гэтыя касаватыя цёмныя вочы і троху задзёрты нос аніяк бы не псавалі элегантна апранутай паненкі з салонаў, з густоўнай прычоскай і вабнай фігурай. Наадварот, яны б рабілі яе больш прыцягальнай. Але яны не маглі ўпрыгожваць запрацаваную, перапалоханую, адзетую ў зношаныя сукенкі небараку. А ейная абаяльнасць і незвычайны спрыт на публіцы знікалі. Іх забівала Андзіна прыродная сарамлівасць і прывычка шарахацца ад іншых. З Андзяй звычайна кепска абыходзіліся, яе не хацелі слухаць. Яна не паспявала нават адкрыць рота, як іншыя казалі, што яна ўжо нагарадзіла глупства. Таму яна навучылася заўсёды і ўсюды маўчаць. Яна замкнулася ў сабе, і толькі зрэдку на ейных вуснах з’яўлялася лёгкая ўсмешка. Гэтак яна помсцілася і за абыходжанне, і за ўсе крыўды. Яна зразумела, што ўсмешка – адзіная адплата прыніжаных і слабых людзей.
Такі лад жыцця Андзі, магчыма, трываў бы яшчэ доўга, калі б не выпадак, які моцна паўплываў на далейшы лёс Вавёркі. Здарылася звычайная гісторыя. Але гаворка ўжо не пра Вавёрку…
У гэтай самай камяніцы арандавалі сабе жытло тры студэнты. Яны здымалі адзін вялікі пакой. Андзя неаднойчы бачыла іх на лесвіцы, з кніжкамі або вялікімі тэчкамі пад пахай, і яе заўсёды праймала вялікае захапленне і павага да людзей навукі. Аднойчы Андзя несла ўверх па сходах ваду, як раптам нечыя далонь перахапіла ў яе ручку вялікага вядра ды пацягнула яго ўверх. Здзіўленая Андзя пабачыла каля сябе студэнцкую фуражку, а пад ёй – вясёлыя вочы і ўсмешку. Студэнт занёс ваду на чацвёрты паверх і пайшоў да сябе. Андзя заўважыла, што ён, зацягнуўшы ваду на гару, стаміўся больш за яе. Паслугу, якую студэнт зрабіў дзеля смеху, яна часта ўзгадвала, ломячы галаву, як аддзячыць.
З таго дня мінула два гады. Стаяла вясна, студэнт пасляабедзеннай парою вяртаўся дадому. Ён быў у гуморы і залівіста смяяўся. Добры настрой з'явіўся ў хлопца ад таго, што каханая дзяўчына прыняла ягоную прапанову рукі і сэрца. Ён заляцаўся да красуні Гальшкі даўно, а яна была не толькі гожай ды чароўнай, але і мела вялікі пасаг, што павышала градус ягоных пачуццяў. Ён адчуваў цяпер, што ягоныя мары спраўджваюцца, і бачыў перад сабою цудоўную будучыню. А смяяўся ён з дробязі, якая праз прыўзняты настрой падалася яму сёння асабліва камічнай. Калі ён увайшоў на падворак камяніцы, то стаў сведкам наступнай сцэнкі: нейкая пані ў гадах, у капелюшы, абвешаным цэлым садам штучнай садавіны і гародніны, ідучы па падворку, апынулася ў воблаку пылу, якое акурат узняў мятлою дворнік. Нібы апараная кіпнем, кінулася яна назад з крыкамі:
– Што гэта вы, Антон, вырабляеце?!
Дворнік перастаў месці, падпёрся кулаком у бок і прамовіў:
– Няхай пані дабрадзейка прабачыць, але што мне рабіць? На руках хадзіць?
– Не на руках хадзіць, але калі падмятаецца падворак, то трэба яго папырскаць вадой, каб не падымаўся пыл.
Дворнік іранічна ўсміхнуўся і паблажліва адказаў:
– Яшчэ нікому, шаноўная пані, гэты пыл ні вачэй, ні зубоў не павыбіваў. Вось як…
– Але зразумейце, калі ласка, Антон, што разам з гэтым пылам у паветры лётаюць бацылы.
Дворнік стукнуў сабе далонню па сцягне і выбухнуў смехам:
– Хэ-хэ-хэ… Ну-ну… але ж вы, дабрадзейка, і вясёлая жанчына!.. Смех дый годзе!.. Пяцьдзясят гадоў жыву на гэтым свеце, але яшчэ ніколі не бачыў бацылы, якая б лётала.
І Антон, штораз мацней смеючыся, зноў узяўся за працу ды праз хвіліну знік у густых клубах пылу.
Студэнт жа, не спяшаючыся, падымаўся па сходах, насвістваючы пад нос арыю з «Прыгожай Алены». Андзя акурат, стоячы на падаконні, чысціла акно на завароце сходаў, паміж трэцім і чацвёртым паверхамі. Яе ўвагу заняў катрыншчык, які хвіліну таму зайшоў на падворак. Неўзабаве падворак запоўніўся сіпатымі, ірванымі гукамі нейкага даўняга вальсіку. Для Андзі гэта была не абыякая забава, і яна штораз больш выхілялася, прыслухоўваючыся да гугнявых гукаў старога інструмента.
Калі студэнт падыходзіў да гэтага выгіну сходаў, ён пабачыў Андзю, якая стаяла на падаконні. Спачатку ён захваляваўся, што дзяўчына можа выпасці праз акно. Але неўзабаве яго позірк затрымаўся на яе нагах. Іх досыць гарэзліва адкрываў вецер, высока ўзнімаючы яе кароткую лёгкую спаднічку. Студэнт прыгожа маляваў. Ен нават некалі збіраўся прысвяціць свой лёс выяўленчаму мастацтву. Але потым практычныя меркаванні пераважылі, і ён паступіў на юрыдычны факультэт. Дзявочыя ногі падаліся яму чароўнымі і не толькі вабілі прыгажосцю лініяў, але і ўзбуджалі. Міжволі ён параўнаў іх з нагамі Гальшкі, якія бачыў досыць часта, але ў панчохах і не так… наўпрост. Ногі Андзі здаліся яму нашмат прыгажэйшымі. Гальшкіны выглядалі добра, але былі халодныя і… занадта правільныя. А гэтыя мелі самастойнае жыццё, характар і цяпло… «Хто б падумаў, што гэтая смаркачка такая стройная! Столькі разоў бачыў яе і не звяртаў увагі».
Ён зрабіў некалькі крокаў наперад. Вальсік катрынкі абарваўся, і Андзя, пачуўшы нечыя крокі ззаду, паспешліва адвярнулася. Перад ёй быў вясёлы румяны твар. Дзяўчына таксама прыязна ўсміхнулася ў адказ. Раптам яе позірк наткнуўся на затуманеныя вочы, якія слізгалі па ейным целе. Вокамгненна яна зразумела ўсё тое, пра што так шмат чула. Бо бачыла і чула яна аж зашмат, але тое было як з чужога жыцця і не датычыла яе. А цяпер яна сама спаткалася з гэтым. Хуткім рухам Андзя абцягнула куцую спаднічку і застыла на падаконні, усчырванелая і збянтэжаная. А студэнт крыху прыўзняў фуражку.
– Маё шанаванне пекнай паненцы. Іду сабе па сходах, а тут такая німфа вокны мые. Я аж спужаўся, што, барані Божа, зваліцца. Было б страшна крыўдна. Такіх ножак я і ў балеце не бачыў, слова гонару…
Андзя баялася нават паварушыцца. На ейных вуснах грала кволая ўсмешка. А студэнт зірнуў, ці не ідзе хто па лесвіцы, схапіў яе рукамі за талію і зняў з падаконня.
– Дзіцятка можа забіцца… Тут будзе больш бяспечна… нашмат бяспечней…
Знянацку ён адхіліў яе галаву назад і моцна пацалаваў у вусны. Здолу загрукалі па сходах нечыя цяжкія крокі. Студэнт адпусціў ашаломленую дзяўчыну і сказаў:
– Будзь асцярожная, Андзя. Ты можаш вываліцца, а тут высока. Тут і да бяды недалёка.
Пасля гэтых словаў ён пайшоў да сябе. Калі ён знік, Андзя села на падаконне і заплакала. Не таму што засмуцілася, – яна і сама не ведала, з якой прычыны. Можа, ад сораму, а можа, ад радасці. Столькі пачуццяў разам віравала ў ейнай галаве, ажно цяжка было іх усе апісаць.
А студэнт увайшоў у свой пакой і пачаў прахаджвацца ад акна да дзвярэй, раздумваючы пра свае сённяшнія геройствы. Адначасова ён зухавата спяваў слабым тэнарам:
Перамога адбылася!
Весяліся, мужны Рос!
Ягоны сусед, таксама студэнт, які ў той момант ляжаў на зламаным, выгнутым у дугу ложку, паклаўшы ногі на спінку, і які лічыўся сярод калегаў скептыкам, дакончыў патрыятычную песню настроенага на перамогі таварыша:
Уцякай, не азірайся,
Захаваеш цэлым нос!
Студэнтаў пацалунак вельмі ўразіў Андзю. Яна думала пра гэта безупынку, узгадваючы кожнае слова, сказанае ёй на лесвіцы. У ёй прачнулася жанчына. Яна зразумела, што зацікавіла студэнта нагамі. Бо ён так дзіўна паглядаў і казаў пра іх з такім захапленнем. Некалькі разоў Андзя, ужо самотна стоячы на лесвічнай пляцоўцы, задзірала ўгору спаднічку і, выгінаючыся ўперад ды па баках, прыглядалася да ног. Яны падаваліся ёй самымі звычайнымі. «Вось каб мне панчохі!» – гэтая думка цалкам апанавала Андзю і бесперапынна яе пераследавала. Дзяўчына не разумела, што менавіта аголенасць рабіла ейныя ногі незвычайна вабнымі, што акурат іх галізна прыцягнула ўвагу студэнта.
Праз некалькі дзён пасля інцыдэнту на лесвічнай пляцоўцы Андзя, прыйшоўшы з працы, звярнулася да цёткі, якая выціскала ў цэбар мокрую бялізну:
– Цётка, купіце мне панчохі.
– Чаго?
Цётка, якая трымала ў руцэ вільготны бялізнавы скрутак, здзіўленымі вачыма азірнулася на Андзю.
– Цётка, купіце мне панчохі, – паўтарыла дзяўчына.
– А мо яшчэ чаго? – прамовіла цётка, насмешліва прымружыўшы вочы і робячы крок у бок Андзі.
– Больш нічога… толькі панчохі…
– Завяла хахаля? – залямантавала цётка. – Так?!
Андзя нічога не адказала. Яна не разумела значэння гэтага слова, а толькі па-ранейшаму ўпарта паўтарала: «Цётка, купіце мне панчохі». Прачка хацела ў адказ адчыхвосціць сваю выхаванку, як рабіла гэта цягам апошніх гадоў шматкроць, звычайна без усялякай прычыны. Але Андзя з такой сілай вырвала з яе рук мокрую бялізну, якой цётка хацела ўдарыць дзяўчыну, што тая агаломшана адступіла:
– А, то ты гэткая?.. Я табе пакажу!.. Я цябе навучу!.. І гэта за маю ласку! За маю апеку!
– Цётка, купіце мне панчохі, – нястомна паўтарала Андзя.
Здарыўся цуд: урэшце цётка купіла ёй панчохі. Нягледзячы на поўную адсутнасць інтэлекту, тая скеміла, што хутчэй страціць дзяўчыну, а разам з ёй значны прыбытак, чым адолее ейную ўпартасць.
Студэнт некалькі разоў успамінаў Андзю. Дзіўным чынам гэта звычайна адбывалася тады, калі ён бавіўся са сваёй нявестай. Калі ён глядзеў на сваю цудоўную, салодкую, адзіную, боскую Гальшку – на жаль, гэтак недаступную перад шлюбам, – яго наведваў цень той чароўнай дзяўчыны, якая стаяла на падаконні ў іх камяніцы. Інтуіцыя падказвала яму, што тая дзяўчына не надта кемная і лёгка паддасца яму, калі ён пастараецца. Ён даўно б ужо паспрабаваў, але асцерагаўся, каб ягоны раман са служанкай не выйшаў наяву.
Аднойчы ён вяртаўся дадому незвычайна ўзбуджаны. Гальшка была сёння такой чулай: падаравала яму некалькі гарачых пацалункаў і прытулілася ўсім целам, абдымаючы, але, нягледзячы на ўсе заклёны і ўпрошванні, рашуча загасіла далейшы імпэт:
– Май вытрымку… Пасля доўгага чакання спадабаецца яшчэ больш, – казала хітрая і разважлівая дзяўчына.
Студэнт падняўся па лесвіцы і прысеў на падаконні трэцяга паверху, каб запаліць цыгарэту. Ён меў яшчэ не зусім усвядомленае жаданне дачакацца Андзі, але хаваў гэтую думку сам ад сябе.
Уверх і ўніз соўгаліся людзі, не звяртаючы на яго ніякай увагі. Ён выкурыў ужо другую цыгарэту, калі пачуў, што вышэй (на паверх) ляпнулі дзверы кватэры, у якой працавала Андзя. Студэнт стаў на лесвічным загіне. Дзяўчына імчалася долу і наляцела на студэнта.
– Ох!.. Прабачце!.. – прашаптала яна і пачырванела.
Андзя хацела абысці студэнта, але ён затрымаў яе.
– Добра, што я Андзю спаткаў, – весела прамовіў студэнт, адной рукой трымаючы яе за плячо, а другой лашчачы яе па шчацэ. – Я хацеў Андзі сказаць нешта цікавае. Але не цяпер… Андзя, выйдзі вечарам, а дзявятай, на сходы. Туды, насупраць уваходу на паддашак… Я буду чакаць… Прыйдзеш, Андзя?.. Добра?.. Я раскажу Андзі нешта ве-е-льмі цікавае! Добра?..
– Добра, – прашаптала Андзя.
А калі студэнт адпусціў ейнае плячо, яна стрымгалоў збегла ўніз, а за ёй ззаду ляцела яшчэ раз паўторанае:
– А дзявятай!
У той дзень Андзя не бегала, а проста пырхала па сходах. Яе апанавала вялікая колькасць дзіўных пачуццяў і думак, якім яна не магла даць рады. Іншы раз ёй здавалася, што час цягнецца марудна, а яна з задавальненнем прыспешыла б, калі б змагла, надыход вечара. Аліе праз некалькі хвілінаў у ейную душу закрадаўся страх, і яна з дрыготкім сэрцам думала пра тое, што неўзабаве наступіць змярканне, і яна мусіць ісці туды… на рамантычнае спатканне... Думка пра тое, што яна можа адмовіцца і нікуды не ісці, нават не прыйшла ёй у галаву. Яна ж паабяцала, сказаўшы «добра», а як можна не стрымаць свайго слова? Дзяўчыну адначасова ахапілі страх і радасць, якія кідалі яе па сходах, нібыта мячык. Андзя вырабляла на сходах галавакружныя скокі, пасля якіх заставалася цэлай і нескалечанай толькі таму, магчыма, што зусім пра іх не думала. Была радасць, што ён, такі вучоны, такі разумны, звярнуў на яе ўвагу. На дурную, маладую, дрэнна апранутую дзяўчыну.
– Добра, што ў мяне прынамсі ёсць панчохі. Поўна, яны яму спадабаліся, і яшчэ гэтая новая блакітная стужка…
Але разам з тым яе дратаваў страх, яна баялася, што студэнт пераканаецца ў ейнай неразумнасці і будзе з яе здзекавацца. Але гэткія думкі знікалі… Просьба студэнта гучала для яе як загад: ніколі не здаралася, каб яна некаму адмовіла, запярэчыла, не выканала нечага загаду.
Нарэшце настаў вечар. Пад покрывам цемры Андзя ў пакоі старэйшых дачок гаспадыні цішком адсыпала з бляшаначкі трохі пудры, схаваўшы яе ў паперцы каля грудзей. Упершыню ў сваім жыцці яна нешта скрала. А калі ўся штодзённая праца была даробленая, што звычайна здаралася блізу дзявятай вечара, Андзя выйшла з кватэры і асцярожна прысела на падаконні. Кіруючыся нейкім дзіўным інстынктам, яна не пайшла ў прызначанае месца першай, чакаючы з’яўлення студэнта.
Андзя напудрыла твар, што было даволі марнай чыннасцю, бо студэнт і так не змог бы яе як след разгледзець. Уверсе, насупраць уваходу на гарышча, было амаль зусім цёмна, і толькі вочы, прызвычаеныя да змроку, маглі там нешта адрозніць.
Праз чвэрць гадзіны яна пачула рып дзвярэй студэнцкай кватэры і нечыя крокі. Яна прыслухоўвалася з моцным грукатам у сэрцы, якое, здавалася, магло выскачыць з грудзей. Крокі затрымаліся па пляцоўцы чацвёртага паверху, але не скіраваліся ўніз, а загучалі яшчэ вышэй. Крокі ў кірунку гарышча гучалі асцярожна, аддаляючыся павольна. Пасля некалькіх хвілінаў чакання Андзя досыць хутка, але бязгучна прыпусціла наверх.
На апошнюю пляцоўку з чацвёртага паверху вялі два ярусы сходаў. Калі Андзя апынулася на самай верхняй прыступцы, дык адразу ж трапіла ў моцныя, нецярплівыя абдымкі.
– Доўга ж ты не прыходзіла, мая котачка…
Адказаць дзяўчына была не ў стане, бо ейныя вусны пакрывалі штораз больш гарачыя пацалункі, а шэпт мужчыны быў такі дзіўны, паспешлівы, а рукі такія ўладныя, такія смелыя…
Студэнт вярнуўся да сябе ў кватэру пасля дзясятай. Ягоны сусед, як звычайна, ляжаў на ложку і пра нешта разважаў. Гэта быў вялікі філосаф! Ягоныя роздумы прыпыніў спеў студэнта:
Была справа пад Палтавай,
Бітва слаўная, сябры!
З боку ложка данеслася іранічнае:
Зарыгалі мы ўсё поле,
Чорт рагаты пабяры.
Скептык і філосаф, ён меркаваў, што ягоны сусед, які вучыўся на юрыдычным факультэце, прыдыбаў пасля п’янкі: у яго быў чырвоны твар, затуманеныя вочы, а адзежа – разбэрсаная.
Прайшла вясна, прамінула і лета, а з імі – і зацікаўленне студэнта Андзяй. Яму надакучыла ейная ціхая адданая прывязанасць, яе падатлівасць, якая перацякла ў нямое гарачае захапленне.
Затое Андзя насіла ў сабе сваё пачуцце як скарб. Дзяўчына пасур’ёзнела, папрыгажэла, а фізічныя формы сталіся яшчэ больш вабнымі. Ейнае аблічча здавалася адухоўленым, на яго пачалі заглядацца мужчыны.
Андзя-каханка не прыносіла клопату. Яна ні пра што не пытала, нічога не патрабавала, стараючыся ўгадваць усе жаданні свайго бажка. А кожны ягоны капрыз быў для яе законам. Яму ніколі нават не прыйшло ў галаву, што дзяўчыне цяжка ўцякаць на спатканні, што ў яе праз гэта могуць быць праблемы. Ён нават не ўяўляў сабе, якой нялёгкай цаной яна здабывала новыя панчохі, чыстую бялізну, прыстойную сукенку, пудру. Ён не ведаў, колькі прыніжэнняў яна зведала ды колькі мусіла ўпрошваць іншых, начамі праліваючы праз гэта слёзы. Але ні за што ў свеце яна б не адмовілася ад свайго кахання. І яна ніколі не скардзілася яму… Яна была шчаслівай.
І дзіўная рэч: з таго часу, калі Андзя стала студэнтавай каханкай, які, падмануўшы, назваўся Рычардам (дадаючы ў думках да гэтага імені «Заваёўнік Сэрцаў»), яна перастала насіцца па лесвіцы, перастала размаўляць з абуткам, чысцячы яго. Яна пачала больш цаніць сябе. Калі яе кахае (бо часта ў гэтым прызнаваўся) такі вучоны прыгожы юнак, то яна, бадай, і не такая ўжо пустая ды нягеглая!
Аднойчы студэнт спакаваў рэчы і выехаў. Ён папярэдзіў дзяўчыну загадзя, сказаўшы, што едзе да бацькоў і вернецца восенню. Ён сказаў ёй, каб яна не сумавала. Студэнт паабяцаў, што будзе часта пісаць на адрас ейнай каляжанкі, з якой Андзя сябравала і якая служыла пакаёўкай у сям’і з трэцяга паверху. Падчас таго развітання Андзя ўпершыню гэтак жарона лашчыла свайго каханка і была такой пяшчотнай, што той надзвычай здзівіўся. Можа, яна прадчувала, што апошні раз бачыла свайго любага.
– Вернешся, галубе? – шаптала дзяўчына.
– Вярнуся, вярнуся, – раздражнёна адказваў студэнт.
Яго чакала Гальшка, і ён спяшаўся хутчэй развітацца з каханкай.
Ён не вярнуўся. Не вярнуўся і не напісаў, знікшы з жыцця Андзі гэтак жа неспадзявана, як і з’явіўся. Хлопец пакінуў па сабе толькі знявечаныя пачуцці добрай безабароннай істоты.
Дарэмна Андзя пільнавала лістаношу, дарэмна чакала вяртання свайго мілага. Яна хацела дазнацца пра яго ад іншых студэнтаў, з якімі той жыў, але спачатку баялася, каб ён не злаваў на яе за гэта, калі вернецца, а праз нейкі час і тыя студэнты выселіліся з арандаванай кватэры.