Текст книги "Яблычак"
Автор книги: Сяргей Пясецкі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 14 страниц)
6
ТАМАШ ХУРДЗІЧ І ЯГОНЫЯ ПАДНАЧАЛЕНЫЯ
Няма ніякага сумневу, што сярод усіх вядомых мне дыктатураў рэжым Тамаша Хурдзіча, цесляра з вуліцы Сляпянскай, быў самы жорсткі. Я ведаю пра гэта нямала і маю шмат доказаў. Зрэшты, не толькі я, а ўсе жыхары Камароўкі і Залатой Горкі думалі гэтаксама.
Тамаш Хурдзіч меў блізу шасцідзесяці гадоў, але быў дужы і выглядаў нашмат маладзейшым. Ён быў высокага росту, плячысты, з шырокімі касцямі і вялікімі мускуламі, цяжкі, нібыта складзены з глыбаў жалеза і карабельных канатаў. Сілай ён валодаў незвычайнай. Кулакі меў нібы адлітыя са сталі. Твар у яго быў цёмны, бровы вялікія, густыя, амаль белыя, як шчаціна. Вусы ў яго былі коратка падстрыжаныя, рудыя і цвёрдыя. Вочы глядзелі з-пад насупленых броваў вельмі востра, пранізліва, з недаверам. Голас у яго быў сухі, заўсёды высокі, раздражнёны – як бурчанне раз’юшанага сабакі. Хадзіў ён цяжка, як робат. Проста машына, а не чалавек. Здавалася, што ў яго нават няма людскіх пачуццяў. Ніводзін з ягоных дамачадцаў не памятаў нават кароткага моманту, калі б ён быў узрушаны, расчулены або проста добры. Гэта быў прыроджаны тыран.
Дамачадцы жылі ў пастаянным страху перад галавой сям’і. Большую частку сваіх высілкаў яны кіравалі на тое, каб ухіліцца ад сустрэчы з ім, пазбегчы ягонага позірку. Уся хатняя праца выконвалася нібы ўпотай, каб не пабачыў Тамаш, бо ён і так усё ганіў, потым лаяў, а мог яшчэ і стукнуць.
Ягоная жонка Нюра Баля – сястра Лідзіі, саракапяцігадовая жанчына – выглядала старэйшай на дзесяць гадоў. Мужа яна баялася незвычайна. У ягонай прысутнасці яна бляднела, дрыжала і не ведала, што рабіць, як стаць, што сказаць, каб не раззлаваць сужэнца. Вочы ў яе заўсёды былі заплаканыя… Дзеці таксама вельмі баяліся бацькі. Яны стараліся ўнікаць яго. Цэлымі днямі яны нібыта гулялі ў хованкі, намагаючыся не трапіцца бацьку на вочы. Нават Паўлінка, дваццаціпяцігадовая дзяўчына, смелая з натуры і ўпэўненая ў сабе, адчувала страх перад бацькам. Стася, якой было чатырнаццаць гадоў, найспрытней з усіх умела лавіраваць, таму найрадзей з усіх была лаяная і найменш атрымлівала плескачоў. Але Юлік, дзесяцігадовы хлопчык, часта трапляўся пад бацькаву гарачую руку і ўвесь час хадзіў з распухлымі вушамі.
Вечарам, калі Паўлінка пасля спаткання з Бараном вярнулася дадому, Тамаш сядзеў за сталом у адным з пакояў. Пачуўшы рып дзвярэй у санях, ён пачаў гукаць:
– Хто там?
Паўлінка не адказала. Яна намервалася незаўважна праскочыць на кухню. Тады Хурдзіч, падышоўшы шырокім крокам да дзвярэй у сені, размашыста іх адчыніў. Паўлінка ж аніяк не магла справіцца з дзвярыма на кухню. Пакуль дзяўчына безвынікова іх тузала, пакунак у яе руках разгарнуўся, і адтуль вываліся туфлі. Яна пачала шукаць іх у цемры, але здолела заўважыць толькі тады, калі бацька адчыніў дзверы, і ў сені трапіла святло лямпы.
– А гэта яшчэ што такое? – спытаў Хурдзіч, забіраючы з рук дачкі адзін туфлік.
– Туфлік…
– Ну, пэўна што не вядро… Хадзі сюды!
Хурдзіч таргануў дачку за плячо і, можна сказаць, закінуў у пакой.
– А што вы, татачка, хочаце?
Тамаш разглядаў туфлікі, забраўшы іх ад зарумяненай дзяўчыны, а потым кінуў на яе востры позірк, які прашыў Паўлінцы нутро:
– Адкуль гэта ў цябе?
– Зарабіла.
– Ты зарабіла?!
– Так.
– Як гэта ты зарабіла? У каго?
– У шаўца.
– У шаўца?
– Ну, так… За кашулю мне даў…
– А за што ты яму кашулю паднесла? Га? – кпіў і ўсё больш раз’ятрываўся Хурдзіч. – Кажы, сука!
– Чаго вы, татачка, крычыце?.. Я вышыла яму кашулю… А за гэта падарыў мне туфлі…
– Ага, дзве пары туфляў за вышыўку?.. Ах ты, шлюндра!
Хурдзіч схапіў дачку заруку ды выкруціў тую так, што дзяўчына аж сагнулася. Бацька прытрымаў яе ў такой позе, зняў дзягу з портак, задзёр дзяўчыне ззаду сукенку і пачаў біць. Папруга свістала ў паветры, удары былі моцныя, але Паўка не крычала. З вачэй у яе, як гарох, сыпаліся слёзы, яна сціскала зубы, але не выдала ніводнага гуку.
– Што грашыць, у тое буду біць! – паўтараў Хурдзіч, махаючы дзягай.
Раптам Хурдзіч адчуў Паўлінчыны зубы на сваім сцягне. Ён адпусціў дачку і стаў разгублены пасярод пакою.
– А, то ты гэткая? Пайшла адсюль! Але памятай: я табе выганю мух з носу!
Тамаш Хурдзіч вырашыў сачыць за дачкой. Самому яму цяжка было б гэта рабіць, таму ён хацеў даць такое заданне Стасі. Але, падумаўшы, адмовіўся ад гэтай ідэі: «Стася таксама ўжо пачынае задам круціць. Могуць знюхацца… Бадай, Юлік тут лепш справіцца».
Назаўтра, калі Хурдзіч ганяў галубоў, размахваючы ў паветры доўгай тычкай з анучай на самым канцы, Юлік выслізнуў на падворак. Тамаш адразу ж яго заўважыў. Сын хацеў зноў схавацца, але бацька махнуў яму рукой. Юлік са страху падышоў. Хурдзіч упершыню ў жыцці паклаў сыну на галаву цвёрдую далонь і сказаў:
– Ты мне пільнуй Паўку… Чуеш?.. З кім сустракаецца, дзе ходзіць, што робіць?.. Куплю табе новую шапку!.. Зразумеў?.. А як не дапільнуеш, то здзяру з цябе скуру!.. Што пабачыш, усё мусіш мне дакласці…
Юлік зразумеў бацьку, і з таго часу Паўку ўсюды пераследаваў уважлівы погляд брата. Малы ўжо меў жыццёвую загартоўку і быў спрытны, як і ўсе дзеці прадмесцяў, таму дакладна ведаў, як незаўважна сачыць за Паўкай.
Назаўтра пасля бацькавай прачуханкі Паўка, паабедаўшы, вырушыла з дому. Яна накіравалася да Баляў, каб выпытаць адрас Барана. Дзяўчына намервалася аднесці яму туфлі. Ні Лідзія, ні Уладзь, ні Куртатая не ведалі, дзе жыве шавец. Паўлінка адзначыла, што справа вельмі важная, і яна мусіць яго пабачыць як мага хутчэй. Тады Уладзь успомніў, што бачыў, як Баран ішоў разам са Стасем Рамізнікам. Можа, ён ведае адрас шаўца? Паўлінка ўпрасіла Уладзя пайсці да Стася. Той ахвотна гэта зрабіў, і ўжо праз гадзіну Паўка ішла ў бок Залатой Горкі, уважліва прыглядаючыся да ўсіх дамоў на правым баку вуліцы Захар’еўскай… За ёй па супрацьлеглым баку вуліцы крочыў Юлік. Спрытны хлопец увесь час сачыў за сястрой і адкладаў сабе ў памяці ўсё, што яна рабіла.
На дамку з нумарам 157 Паўка заўважыла шыльду на вонкавых дзвярных створках. Прачытала: «Шавецкая майстэрня “Варшавянка”». Яна наблізілася да дзвярэй і пастукала. Ніхто не адказаў. Яна патузала за ручку. Дзверы былі замкнёныя. Паўцы нічога не заставалася, як вярнуцца дадому. Яна была задаволеная. Прадчувала, што новы паклоннік можа стаць ейным добрым абаронцам.
Вечарам Юлік падышоў да бацькі на падворку і пачаў шаптаць:
– Татулька! Паўця днём хадзіла да Баляў. Сядзела там з гадзіну. А Уладзь хадзіў да Стася Рамізніка. Потым Уладзь вярнуўся. Паўка адразу ж выйшла і пайшла на Захар’еўскую. Там пайшла да шаўца, які жыве ў доме над нумарам 157… Стукала ў дзверы, але яго не было ўдома… Потым вярнулася… Купіла семкі і лускала… Удома пайшла на кухню, нагрэла вады і памылася… Потым яна ўвесь час ляжала, чытала «Таямніцы Парыжу» і грызла семкі.
– Гм, – задумаўся Хурдзіч ды ласкава хлопнуў сына па плячах. – Ну, добра. Пільнуй далей. Атрымаеш новую шапку.
Баран проста аслупянеў, калі раздаўся стук у дзверы, а ў адказ на ягонае «заходзьце» на парозе майстэрні з’явілася Паўка. На шчоках у яе красаваўся румянец. Было відаць, што яна ўстрывожаная і крыху саромеецца. У руках яна мела загорнуты ў паперу пакунак.
– Добры дзень, – сказала Паўка.
– Добры дзень…
Баран усхапіўся з месца, падсунуў Паўцы крэсла і з заўважнай радасцю прапанаваў прысесці. Паўка з цікавасцю разглядвала памяшканне. Тут было ахайна, светла і ціха. Баран заўважыў, што Паўка азіраецца па баках, і прамовіў:
– Пакуль тут так сабе… Па-халасцяцку… Потым дакуплю сяго-таго, чаго не стае…
– Але тут вельмі ўтульна.
Размова ўвесь час перарывалася. Баран ад радасці, якая яго перапаўняла, не ведаў, што гаворыць. Паўка раздумвала, як перайсці да істотнага. Спачатку яна намервалася вярнуць Барану туфлікі. Пасля ёй стала шкада такога абутку, і яна вырашыла аддаць туфлі Барану на захоўванне, да таго часу, пакуль не зможа іх зноў забраць. Урэшце яна наважылася сказаць яму пра гэта. Баран здзівіўся ды пасумнеў:
– Вам не падабаюцца мае туфлі?
– Ах, не! Яшчэ як падабаюцца! – жвава запярэчыла Паўка.
– Дык чаму тады?..
– Бо… бо… ведаеце, тата… – яна не кончыла сказу.
Баран уважліва паглядзеў ёй у вочы… Ён яшчэ раней заўважыў выразныя сінякі на ейнай левай руцэ непадалёк ад локця… Ён усё зразумеў… Нахмурыў лоб і маўчаў некаторы час. Потым узяў ейную далонь і пачаў гаварыць:
– Не трэба хвалявацца. Усё наладзіцца. Я сам паразмаўляю з вашым бацькам.
Паўка не чакала гэткага хуткага рашэння.
– Мой тата вельмі суровы… Людзі яго баяцца, – сказала дзяўчына нібыта з трывогай у голасе.
У адказ на вуснах Барана з’явілася ўсмешка, а вочы крыху прыжмурыліся.
– Суровы, кажаце?.. Нічога… Я з кожным спраўлюся…
Хвіліну памаўчаўшы, ён дадаў:
– Але падымаць на вас руку ён дакладна не будзе!
Вочы Барана неяк загадкава бліснулі. Паўка падумала: «Які смелы».
Баран даведаўся ад Паўкі, што па нядзелях (заўтра акурат была нядзеля) ейны бацька звычайна бывае ўдома пасля дванаццатай.
Прайшло яшчэ троху часу, і яны развіталіся. Туфлі Паўця пакінула ў Барана.
Вечарам Юлік здаваў бацьку падрабязную справаздачу, чым займалася Паўка цэлы дзень.
– …Потым пайшла да таго самага шаўца, што і ўчора… Была там з паўгадзіны… Я падглядваў праз замочную шчыліну… Сядзелі і гаварылі…
– Пра што гаварылі?
– Не ведаю. Дрэнна было чуваць, і я баяўся… Потым Паўка пайшла дадому… Пакунка ў яе ўжо не было… Пакінула ў шаўца…
Хурдзіч прыязна паляпаў сына па плячы і загадаў не спускаць з Паўкі вачэй. Бацька заахвочваў сына такімі словамі:
– Або новую шапку будзеш мець, або… скуру спушчу!
У нядзелю каля другой гадзіны папаўдні ў дом да Тамаша Хурдзіча завітаў Алік Баран. Ён быў апрануты з іголачкі, добра паголены, а на ягоных пальцах зіхацела некалькі пярсцёнкаў. Хурдзіч нязмерна здзівіўся, калі Баран, паклаўшы прынесены пакунак па стол, звярнуўся да яго ветліва, спакойна і нібы апякунскім тонам:
– Калі не памыляюся, то вас завуць Тамаш Хурдзіч.
– Ну, так… І што з таго?
– Спачатку я назавуся: Аляксандр Баран… І калі вы дазволіце, то я прысяду.
Не чакаючы дазволу, ён сеў. Дастаўшы з кішэні партсігар, ён прапанаваў Хурдзічу запаліць. Пасля выняў цыгарэту для сябе, запаліў і працягваў далей:
– Я маю да вас ажно тры справы. Першая з іх…
Ён выпусціў воблака дыму і зрабіў перапынак.
Хурдзіч з зацікаўленнем глядзеў на гэтага незвычайнага госця. Ягоная далонь усё яшчэ ныла ад неверагодна моцнага рукання з чужынцам. Далонь госця была малой, нібы выпешчанай, але адначасова загартаванай шавецкім малатком, молатам у турэмнай кузні і мела ад прыроды вялікую сілу.
Яна ні ў чым, магчыма, не саступіла б жалезнаму кулаку Тамаша Хурдзіча. Ён выразна гэта адчуў.
– Першая справа – гэта галубы…
– Галубы?
– Так, галубы… Але пра гэта крыху пазней. І яшчэ адну справу пакіну на канец. Пачну з сабакі.
«Вар’ят», – падумаў Хурдзіч.
– Дык вось, я маю пародзістага сабачку. Ён сам па сабе дарагі, а для мяне дык увогуле не мае цаны. Парода вельмі добрая. Такая, як, напрыклад, сярод галубоў турчыны, лагеры або вінеркі… Разумееце?
– Угум, – гмыкнуў зацікаўлены ўжо Тамаш Хурдзіч.
– Для гэтага сабачкі трэба змайстраваць будку. Але такую, каб будзь здароў! Зручную і прыгожую! Можна пафарбаваць у зялёны колер. І брылёк над улазам трэба зрабіць, каб дождж не трапляў. Заплачу, колькі скажаце. Магу і пару галубоў дадаць, якія вам падабаюцца. Я маю верфеляў, нефак, страмераў, перламутравых, дутышаў, капуцынаў, крымаў, паўлінаў, вышыванцаў… Знойдуцца і турчыны, і каштаны, і вінеркі…
Хурдзіч быў ашаломлены. Першы раз у жыцці ён бачыў кагосьці падобнага. Незнаёмы быў апрануты, як граф, увесь у золаце і срэбры, а ў галубах разбіраўся, нібыта сам іх разводзіў. І так адразу чужак прымусіў сябе слухацца.
– Будку можна зрабіць, – выціснуў з сябе Тамаш.
– Вось і добра, – сказаў Баран. – Я люблю сумленных майстроў. Не тых маладых, якія цяп-ляп робяць, а тых, якія яшчэ па-колішняму стараюцца. Грунтоўна і на вякі! Цяпер такая поскудзь зробіць стол, то ён па пакоі ходзіць: кожная нага глядзіць у свой бок, а праз месяц і ўвесь стол разваліцца… Вядома, драўніна недатрыманая, то майстар думае, што заб’е больш цвікоў, і ўсё будзе добра… Ці ж не?
– Вядома, што так… – сказаў ужо цалкам залагоджаны цясляр.
– Я такога не люблю, – цягнуў далей Баран. – У мяне так: ці для сабакі, ці для голуба, ці для мяне самога работа павінна быць першай маркі, каб хоць на выстаўку. Дарэвалюцыйнай якасці! От што… Сам раблю ўсё дакладна… Вось, паглядзіце!
Баран раскруціў прынесены пакунак, а з яго дастаў дзве пары туфлікаў і паставіў іх на стале. Хурдзіч пазнаў Паўчыны туфлікі і вылупіў вочы. А Баран, ні грама не збянтэжыўшыся, рэкламаваў тавар і сябе:
– Гэта, пане, не падробка. Скура заморская, а работа – зрэшты, усё самі бачыце… Для вашай дачушкі зробленыя… Але вярнула мне іх назад… Пэўна, нечым незадаволеная… А я ж так стараўся. Рабіў як для сябе. А яна мне кашулю вышыла… Вось паглядзіце.
Пасля гэтых словаў Баран выцягнуў аднекуль і паказаў Хурдзічу вышытую Паўцяй кашулю.
– Я ўжо на гэтым знаюся, – казаў Баран. – Каб зрабіць такую вышыўку, то гэта трэба тыдзень сядзець. А такія туфлі за тры дні скляпаў… Не скажу нічога кепскага. Дачка ў вас брыльянтавая, і прыгожая, і рукі мае залатыя. Толькі не ведаю, чым я не дагадзіў? Можа, замала зрабіў, то я магу яшчэ пару змайстраваць. Запытайцеся, калі ласка, у дачкі…
– Паўка! – рыкнуў Хурдзіч.
Паўлінка з самага пачатку падслухоўвала з-за перагародкі размову Барана з бацькам. Калі Хурдзіч яе паклікаў, яна, уся залітая румянцам, з’явілася амаль адразу.
– Чаго, тата, клікалі?
– Павітайся з госцем!
Дзяўчына яшчэ больш пачырванела і няўклюдна падала Аліку руку.
– Няхай паненка сядзе, – прапанаваў Баран з лёгкай усмешкай на твары, шматзначна падміргнуўшы Паўцы.
– Што табе не падабалася? – Хурдзіч задаў пытанне дачцэ. – Чаму ты аднесла туфлі? Кажы…
– Усе падабалася… Але думаю, што гэта занадта вялікая заплата за маю вышыўку… Ну, і тата ж таксама…
– Вось жа ўжо дзе… Што табе тата… Далі табе за працу, то бяры… А яна, бач ты, глупствам займаецца!.. Бяры ды ідзі сабе… Глядзі там абед.
Барана і Хурдзіча паглынула супольная размова. Старому развязаўся язык, і ён штораз больш зычліва пачаў пазіраць на дзіўнага госця. Штохвіліну гучалі назвы галубіных пародаў: «А каштаны, пане! А спонсары! А вяленкі! А дублі, а верфелі, а перламутравыя, а мікалаеўскія, а светлыя вышыванцы». З веданнем справы яны абмяркоўвалі недахопы і перавагі розных галубіных пародаў. Расказвалі адзін аднаму розныя цікавыя выпадкі з жыцця галубоў і іхных гаспадароў. Урэшце Хурдзіч настолькі растаяў, што запрасіў Барана на абед. Баран згадзіўся з умовай, што ён ставіць гарэлку. Даў Юліку грошы, і той перуном даставіў дзве бутэлькі.
Хурдзіч рэдка піў, таму ўжо пасля першай пляшкі ў яго перад вачыма ўсё паплыло. Дзіўны госць усё больш яму падабаўся. Баран жа, падняўшы кілішак, раптам заявіў:
– Вашае здароўе, цесць!
Хурдзіч, нават брывом не павёўшы, адказаў:
– На здароўе, зяць!
Гэтак прамаўляючы адзін да аднаго, яны апаражнілі і другую пляшку. Пад вечар Баран сказаў Хурдзічу, што хоча пайсці з Паўкай у кіно. Тамаш не пярэчыў, а наадварот, паклікаў Паўку і сказаў:
– Пойдзеш з тым панам у кіно! Зразумела? І скажы яму дзякуй, што ён захацеў цябе ўзяць за жонку. Усё ясна?
Паўка не верыла сваім вушам. Яна і не ўзрадавалася, і не зажурылася. Яна сама не ведала, добра гэта ці блага. Баран падабаўся ёй сур’ёзнасцю, спрытам, які яна паспела заўважыць, і багаццем. Але ніякіх палкіх пачуццяў да яго яна не адчувала. Вядома, некалькі разоў яна раздумвала, каб выйсці замуж ды вызваліцца з-пад цвёрдай рукі бацькі, але дагэтуль яна не мела такой магчымасці. А цяпер словы бацькі пра замужжа падаліся ёй незвычайна далёкімі, нібыта датычылі некага іншага.
Баран узяў Паўлінку пад руку, і яны вырушылі разам у цэнтр гораду. Шарэла. Баран заўважыў, што дзяўчына цалкам паглыбілася ў свае думкі, і яго не слухае. Праз некаторы час ён звярнуўся да яе:
– Можа, вы пераймаецеся словамі бацькі? Дык не варта… Гэта я для вашага дабра… Калі не хочаце ісці за мяне замуж, то я і не буду гэтага дамагацца… Толькі вы мусіце мне самі пра гэта сказаць… Я хацеў толькі абараніць вас… Цяпер не думайце пра гэта, калі ласка…
Паўка з удзячнасцю паглядзела на Аліка і ўсміхнулася:
– То мы цяпер нібы заручоныя?
– Калі вам так падабаецца… Найлепш будзе, калі вы падумаеце і скажаце мне потым… Я гэта зрабіў для вас, але я ў стане ўсё адмяніць…
Паўка са здзіўленнем і павагай аднеслася да словаў Аліка. Упершыню ў жыцці яна спаткала чалавека, які б гэтак свабодна і адважна дачыняўся з ейным бацькам і нейкім невядомым чынам змушаў яго рабіць тое, што хацеў.
На падыходзе да кінатэатру Паўка заўважыла Юліка, які ішоў за імі.
– А ты чаго тут? – звярнулася яна да брата.
Юлік спачатку сумеўся, але хутка прыйшоў у сябе і сказаў:
– Я таксама хачу ў кіно.
– Марш дадому зараз жа!
На гэта Баран лагодна сказаў:
– А няхай троху пацешыцца хлапчына.
У той жа момант ён адлічыў малому грошы на квіток.
Паўка вельмі любіла прыгодніцкія фільмы, напрыклад, пра каўбояў, дэтэктываў, аферыстаў. Таму калі Баран запытаў, у які кінатэатр яна хоча пайсці, яна, не задумваючыся, адказала, што ў «Люкс». Там звычайна паказвалі ейныя ўлюбёныя стужкі. І сапраўды, сёння там дэманстравалі фільм пра жыццё медзвяжатніка, у якога закахалася адна багатая графіня. Злодзея ўрэшце схапілі і кінулі за краты, але графіня з дапамогай вялікіх грошай і сваіх сувязяў здолела вызваліць каханага. Тады медзвяжатнік у адказ за зробленае дабро абараніў сейф графінінага бацькі ад іншых злодзеяў. За гэта ўдзячныя бацькі графіні згадзіліся на яе шлюб з медзвяжатнікам, якому, акрамя рукі дачкі, аддалі ўсе свае грошы. Вяселле. Баль. Гарачы пацалунак. Канец.
Паўка ледзь не губляла прытомнасці ад эмоцыяў, захапляючыся смелымі ўчынкамі злодзея. Падчас самых вострых момантаў яна прытулялася да Аліка ад страху і хвалявання.
– А вы баіцеся злодзеяў? – шапнула дзяўчына яму на вуха.
Баран закашляўся.
– Не вельмі… А вы?!
– Страх як баюся!
Дадому яны вярталіся досыць позна. Юлік цягнуўся ззаду, таму яны размаўлялі пра няважнае. Баран развітаўся з Паўкай на ганку іхнага дому і пайшоў да сябе.
Назаўтра Юлік выбраў момант, калі бацька быў сам, і пачаў складаць яму рапарт пра паводзіны Паўкі цягам учорашняга дня. Хурдзіч не надта ўважліва слухаў сына.
– А ў кіне яны сабе сядзелі і глядзелі. Паўка сядзела злева, а шавец…
– Пан, а не шавец! – груба перапыніў сына Тамаш.
– …А пан справа… А потым, калі было цёмна, то пан паклаў Паўцы руку на калена. Пэўна, хацеў… – голас Юліка раптам абарваўся, а хлопец шматзначна захіхікаў.
Але вынік ягонай справаздачы быў неспадзяваны. Юлік адчуў жалезныя бацькавы пальцы на сваім вуху. Другая ж рука Хурдзіча пачала біць хлопца з тылу ніжэй пояса. Юлік крычаў, плакаў, заклінаў, што больш не будзе, хоць і так дакладна не ведаў, што гэтак раззлавала бацьку. Але нічога не дапамагло. Ён атрымаў напоўніцу.
Гэтак скончылася разведчыцкая місія Юліка. Новая шапка адляцела цяпер кудысьці ў краіну мараў.
7
ТРЫ НАСТАЎНІКІ І АДНА НАСТАЎНІЦА ЯСЯ НАЦЭВІЧА
Філіп Жардонь быў старым халасцяком. Калі яго нехта пытаў, чаму ён не ажаніўся, то Філіп сур’ёзна адказваў:
– Не паспеў. Гэта па-першае. А па-другое, не знайшоў адпаведнай жанчыны. Кахаў я не раз. І то як! Але пакуль там да нечага дайшло, то і любоў ужо чэрці пабралі. Глянеш на жанчыну – мілата! Жыццё б за яе аддаў. Прыгледзішся лепей – нешта нос не надта таго. Ну, і ногі маглі б быць лепшыя. І тут дэфект, і там не ўсё гладка. А тым часам іншая падвернецца. То я і думаю сабе: ці я дурны, каб усё жыццё ў адну морду ўглядацца. Вядома, што піражок салодкі. Але калі пачнеш есці адныя піражкі, то праз тыдзень будзеш выць: хлеба дайце! Найлепей то ў магаметанаў ці там у іншых туркаў: падабаецца кабета – давай яе сюды! Спадабалася іншая – бяры таксама, калі ласка. А тут пасадзіш сабе бабу на карак і цягні яе ўсё жыццё. Навокал поўна кветак, а ты крапіву нюхай. Так я і застаўся нежанатым… І абыдуся… Няма дурных…
На Залатой Горцы Жардоня ведалі амаль усе. Ён меў мянушку Бусел Капыльскі. Буслам яго называлі праз высокі рост і смешную важнасць, з якой крочыў па вуліцы, а Капыльскім – ад назвы мястэчка Капыль, адкуль ён быў родам. Менавіта Філіп Жардонь быў першым настаўнікам свайго пляменніка Яся Нацэвіча. Філіп быў першы, хто пачаў вучыць хлопца жыццю і выкладаць яму сваю філасофію. Жардонь любіў размаўляць з Ясем. Яму падабалася, з якой уважлівасцю хлопец слухаў ягоную балбатню. Ясеў дзядзька найбольш любіў расказваць пра розныя фантастычныя спосабы, як стаць багатым, напрыклад, з дапамогай д’ябла, якога можна пазней ашукаць. Яшчэ адна з ягоных любімых тэмаў – гэта жанчыны. Дзядзька пачуваўся абавязаным адукоўваць хлопца ў гэтым пытанні. Акрамя гэтага, такая навука прыносіла яму некаторае задавальненне, бо тады дзядзька пачуваўся важным і дасведчаным. Часамі ён разыходзіўся і перакрочваў пэўную мяжу. Зразумеўшы гэта, спыняўся і толькі шматзначна дадаваў:
– Вось, хутка і сам усё пабачыш… Не будзь тады лайдаком… Памятай, што табе дзядзька Філіп казаў.
Аднойчы Ясь пайшоў з дзядзькам на базар на Траецкую гару. Дзядзька меў на продаж пяць параў ботаў з халявамі. Жардонь разбіраўся ў абутку, бо сам вырабляў халявы ды меў шмат знаёмых сярод шаўцоў. Гэтыя знаёмствы дазвалялі яму танна пашыць боты з самай тандэтнай скуры ды потым выгадна іх прадаць на рынку. Звычайна ж ён, аднак, скупляў старыя боты, туфлі і чаравікі, сам іх рамантаваў, а потым выстаўляў на продаж, часта зарабляючы нават у тры разы больш, чым выдаткаваў.
Ясь, які навучыўся гандлявацца і расхвальваць тавар, насіў на базары боты ў руках. Калі знаходзіўся кліент, пераважна селянін з вёскі, то пачынаўся торг. У той жа час да Яся падыходзіў дзядзька, які рэшту тавару меў у мяшку, ды таксама пачынаў разглядваць боты і, у залежнасці ад сітуацыі, падбіваў цану. Гэтак разам яны прадалі ўжо шмат абутку.
Цяпер зрабілі гэтаксама. Сёння ім асабліва пашчасціла, таму ўжо праз гадзіну яны збылі ўвесь тавар і зарабілі досыць вялікія грошы. Дзядзька быў у добрым гуморы і аддаў Ясю дзясятую частку заробку. Акурат была субота. Дзядзька прапанаваў Ясю пайсці ў лазню. Жардонь любіў папарыцца і хацеў, каб Ясь пасцябаў яго бярозавым венікам. Пасля шостай гадзіны вечара яны рушылі ў лазню на вуліцы Хрышчэнскай. Жардонь меў там знаёмых работнікаў і не плаціў за ўваход. Яся ён таксама правёў задарма.
Ясь любіў мыцца, але адчуваў сябе няёмка сярод людзей, якія атачалі яго ў лазні. Голыя мужчынскія целы сваёй выродлівасцю, а часам нават пачварнасцю выклікалі ў яго агіду. Ён з жахам азіраўся і пільнаваў, каб на яго не выплюхнулі вады, якою перад гэтым мыўся нехта іншы. Яму здавалася, што нават паветра тут было атручанае потам і нясвежым дыханнем іншых людзей. Сам Ясь быў высокі, складны, гнуткі і моцны. Будова цела ў яго была гарманічная, а паходка зграбная.
Выгляд парылкі, а таксама гукі, якія ў ёй раздаваліся, прымушалі ўзгадаць пекла… У клубах пары на аслізлых запэцканых дошках, што беглі ўверх, як сходы, енчыла больш за дзесяць чырвоных торсаў, з якіх сцякаў пот і бруд. Ясь зацята сцябаў гарачым венікам па старых касцях дзядзькі, які, нібы мазахіст, парохкваў ад задавальнення:
– Ата-та-та!.. Давай!.. Яшчэ… мацней…
Потым усе паліваліся ледзяной вадой. Гэта была праверка сэрца і лёгкіх на вынослівасць. І аж дзіва, што так рэдка ў такіх святынях гігіены нехта паміраў.
Нарэшце Жардонь і Ясь пасля дзвюх гадзінаў у пекле вылезлі ў чысцец у прылазніку і там доўга адпачывалі. Дзядзька дастаў з кішэні паліто чацвярцінку гарэлкі і два бутэрброды. Філіп выпіў тры чвэрці з бутэлечкі, а рэшту прапанаваў Ясю. Той адмовіўся, але з апетытам з’еў хлеб з салам.
З лазні яны выйшлі досыць позна. Калі праходзілі праз уязную браму, дзядзька раптам спыніўся, а потым сказаў:
– Хадзі… Пакажу табе нешта…
Яны пашыбавалі ў глыб цёмнага падворку, што з бакоў асвятлялі мутныя прамавугольнікі вокнаў. Некаторыя былі досыць ясныя, іншыя запацелі знутры і былі цьмяныя. Яны прайшліся лабірынтам з вялізных складаў дроваў і апынуліся ў далёкім закутку, каля аднаго з вокнаў. Яно было досыць высока. Дзядзька ўзяў з найбліжэйшай кучы дроваў некалькі паленаў ды паскладаў іх крыж-накрыж, зрабіўшы невялікія падмосткі. Стаўшы на іх, яны маглі добра бачыць вялікую ды светлую летнюю залу для жанчын.
– Ціха, не шумі, – сказаў дзядзька шэптам. – Глядзі цішком.
Зала, у якую Ясь уляпіў зрок, была першага класу. Там стаяла шмат лавак з мармуровай паверхняй.
Блішчэлі металічныя краны і мядніцы. Святла было дастаткова.
Ясь пабачыў каля дзясятка жанчын, якія мыліся. Зусім голых кабет ён бачыў упершыню. Хлопец адчуў, што сэрца ў грудзях пачало то заціхаць, то біцца з неверагоднай сілай. Яму перахапіла дыханне. Ён саромеўся, што падглядае за жанчынамі, але разам з тым не мог адарвацца ад гэтай карціны. Некаторыя з жанчын былі вельмі брыдкія, але большасць – маладыя і вабныя. Яму здавалася, што ён бачыць незямных істот, невымоўна прыгожых, якіх нельга ўявіць і апісаць хоць якімі словамі. Ён адзначыў сабе, што жанчыны маюць прыгажэйшыя рухі, чым у мужчынаў. Ён не мог адвесці вачэй ад высокай, дзябёлай, пэўна, ужо немаладой бландзінкі з цудоўнай фігурай. Ейная скура зіхацела, круглыя формы і пругкія грудзі блішчэлі, цела выгіналася, а кожная яе поза, нават самая непрыстойная, была поўная грацыі.
Ясь быў зачараваны музыкай яе рухаў і ціхенька дрыжаў. Раптам ён адчуў погляд кабеты на сваім твары. Ён рынуўся назад і саскочыў з падмостак. Дзядзька таксама кінуўся за ім следам з падмостак на зямлю.
– Чаго ты? – ціха запытаў Жардонь.
– Не, нічога…
– Не хочаш болей глядзець?
– Не…
Дзядзька паклаў на месца палены, і яны выйшлі на вуліцу.
– Такога ты ні ў адным кабарэ не пабачыш, – тлумачыў Ясю дзядзька. – Падумай толькі, якія грошы людзі плацяць, каб на голую жаночую нагу паглядзець! А тут усё як на талерачцы! Тут табе ніводная нічога не падробіць. Якая ёсць, такую і бачыш.
Дзядзька ніяк не мог адысці ад пабачанага і яшчэ доўга расказваў Ясю пра жанчын, павучаючы яго:
– Ты жанчыне ніколі не вер. Яна цябе заўсёды ашукае. Кабета можа быць і мякенькай, і салодзенькай, але яна найгоршае для нас стварэнне. Яна так умее аблытаць і падпарадкаваць сабе, што канец. Ужо ніколі з яе абдымкаў не вызвалішся!
Ад першага свайго настаўніка Ясь даведаўся шмат бязглуздай лухты ды пачуў бясконцую колькасць самых неверагодных гісторыяў, а навучыўся ад яго толькі гандляваць. Гэта ж было яму на вялікую карысць. Часта ён выходзіў на Нізкі рынак і там цярпліва чакаў добрай нагоды, каб купіць нейкую сапраўды танную рэч, якую пазней, вычысціўшы або адрамантаваўшы, прадаваў нашмат даражэй. Бывала, што нават цягам аднаго дня яму ўдавалася купіць некалькі розных рэчаў і адразу ж іх прадаць па выгаднейшым кошце. Ясь назбіраў ужо крыху грошай, якіх не распускаў, пакінуўшы іх на гандаль. З буйных заробкаў ён амаль усё аддаваў маці, а часам нешта перападала і сястры. Сам жа ён пакуль курыў найгоршы тытунь і ўвесь час марыў пра большыя прыбыткі. У праекты свайго дзядзькі хлопец не верыў. Ён пераканаўся, што гэта былі толькі фантазіі старога дзівака, якога, аднак, любіў за добрае сэрца, арыгінальны характар і зычлівасць да іхняй сям’і.
Другім настаўнікам Яся быў ягоны сусед з падворку, які здымаў невялічкую кватэрку з аднаго пакою і кухні, у тым самым доме, дзе жылі сёстры Пажарскія. Гэта быў манцёр тэлефоннай станцыі Віктар Уменскі. Манцёр быў грузным мужчынам сярэдняга росту. Выглядаў ён даволі арыгінальна: валасы заўсёды былі падстрыжаныя пад самую скуру, твар быў шэры са шматлікімі вуграмі і воспінамі, погляд у яго быў мутны, цяжкі, рухі надзвычай марудныя.
Уменскі меў дзве любові: музыку і слясарную справу. Уся ягоная кватэра была заваленая нейкімі металічнымі дэталямі і кавалкамі дроту. Акрамя таго, там месцілася цэлая механічная майстэрня, уключна з такарным станком. А на сцяне, пры якой стаяў ложак, вісела гітара і дзве мандаліны. У свой вольны час Уменскі альбо нешта майстраваў, альбо граў на гітары ці мандаліне. Граў ён слабавата, хоць слых меў добры. Перашкаджалі кароткія, заўсёды пакалечаныя пальцы.
Калі Уменскі толькі пасяліўся ў доме пад нумарам 157 па суседстве з сёстрамі Пажарскімі, то тыя спачатку моцна абураліся, калі ён ладзіў свае канцэрты. Яны проста пачыналі грукаць кулакамі ў сцяну. Манцёр неяк не вытрымаў і пайшоў да іх, каб запытаць, што адбываецца.
– Нам замінае вашае гранне… У нас хворыя нервы, мы гэтага не зносім.
– З хворымі нервамі, то трэба да доктара, – рашуча сказаў Уменскі. – А ў сцяну, калі ласка, мне не стукайце!..
Вярнуўся да сябе і зноў пачаў перабіраць гітарныя струны. У адказ тры пары кулакоў пачалі малаціць у сцяну з яшчэ большай напорыстасцю… Насамрэч музыка Пажарскім не перашкаджала, зрэшты, яна была ледзь чутная ў пакоях сясцёр. Але старыя дзевы вылучаліся сваім паганым характарам і рабілі ўсё магчымае, каб хоць неяк ускладніць жыццё і нарабіць клопату сваім суседзям, нягледзячы нават на тое, што пасля гэтага горш было толькі самім Пажарскім… Калі зноў пачаўся стук у сцяну, манцёр узяў вядро вады і яшчэ раз скіраваўся да сясцёр. Жанчыны, якія заядла валілі ў сцяну, нават не заўважылі ягонага з’яўлення. Уменскі шырока размахнуўся вядром і выплюхнуў усю ваду на жанчын, якія істэрычна грукалі кулакамі. Пажарскія ўскрыкнулі і павярнуліся да дзвярэй. Іх спаткаў халодны, спакойны позірк Уменскага.
– Калі мала… то я магу яшчэ прынесці, – прамовіў ён задуменна, стоячы на парозе.
Старыя дзевы нават не піскнулі. Манцёр выйшаў і з гэтага часу граў, калі толькі хацеў.
Вольнаю хвіляй Ясь ахвотна хадзіў у госці да суседа, а той прымаў яго з радасцю. Хлопец вучыўся граць на мандаліне і праз паўгода ўмеў абыходзіцца з інструментам нават лепей за свайго настаўніка. Цяпер яны часта гралі ўдвух: Ясь – на мандаліне, а манцёр акампанаваў яму на гітары. Ясь меў добрую памяць на мелодыі, таму ўзбагаціў іхны рэпертуар песнямі, якія недзе выпадкова пачуў.
Калі Ясь пачаў гандляваць на базары, манцёр прапанаваў яму прадаваць запальнічкі ды зрабіў некалькі на пробу. Аказалася, што запальнічкі маюць попыт. З той пары другі настаўнік Яся прысвячаў увесь свой вольны час вырабу запальнічак і ўжо меней – музыцы. Абодва яны былі задаволеныя адзін з аднаго. Яся крыху дзівіла, што манцёр жыве гэтак самотна і ніколі нічога не расказвае пра сваіх родных ці знаёмых. Але хлопец ніколі не распытваў суседа пра гэта.
Здараліся выпадкі, калі манцёр вяртаўся дадому п’яны. Адбывалася гэта раз на два або тры тыдні. Тады манцёр не чакаў, калі Ясь завітае, а сам ішоў яго шукаць, клікаў да сябе і частаваў гарэлкай. Ясь піў неахвотна, без смаку. Уменскі мігам гэта заўважыў і сказаў: