Текст книги "Яблычак"
Автор книги: Сяргей Пясецкі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 14 страниц)
– Ты не змушай сам сябе піць. Я часам заліваю вочы. Такое ўжо ў мяне паскуднае жыццё. Гарэлка можа быць для аднаго лекамі, а для іншага атрутай. Гэта як калі. Ты, от, выпі троху для весялосці.
Ясь меней піў, а больш еў. Манцёра разбірала, яму развязваўся язык, і ён пачынаў шмат гаварыць пра невядомыя Ясю рэчы. Пры гэтым Уменскі даволі часта называў хлопца таварышам, што Ясю здавалася дзіўным ды нават смешным, бо розніца веку паміж імі была больш за дваццаць гадоў.
– Павінен быць трыбунал справядлівых, – пераконваў Яся манцёр. – Каб была цвёрдая рука, каб трымала людзей за морду, каб буржуй не мог на машынах катацца і за мяжою скручваць сабе шыю, калі тут ягоныя працаўнікі з голаду дохнуць. Вось ты, напрыклад, мог бы вывучыцца, стаць інжынерам або якім вучоным. А не можаш. Чаму? – тут Уменскі сек рабром далоні па стале. – Во не маеш за што. А чаму не маеш за што? Бо тое, што табе трэба на навуку, нейкі там паскуднік прапіў, прагуляў, пабудаваў сабе пяты дом або ў банку замураваў. І сам ні гам, і другому не дам! Вось якая тут фізіка!
І паволі ў мазгі Яся, зрэшты, без вялікага поспеху, пачалі пранікаць мутныя, поўныя дэмагогіі фразы. Манцёр, бадай, больш гаварыў для сябе, чым для хлопца. Але Ясь пакрысе прывыкаў да новых тэрмінаў і паняццяў. Ён дазнаўся, што існуе класавая барацьба, эксплуатацыя, буржуазія, пралетарыят. Але гэта зусім яго не цікавіла і не ўзрушала. Уменскі заставаўся для яго старэйшым прыяцелем, а не недарэчным дэмагогам, які хаатычна выкладаў яму звесткі пра грамадскія і эканамічныя стасункі.
Трэцім настаўнікам Яся стаў Алік Баран. Ён найбольш падабаўся Ясю. Не малоў лухты і не даваў парадаў, як сябе паводзіць у інтымных сітуацыях, як гэта рабіў дзядзька; не плёў незразумелых рэчаў пра сацыялізм і камунізм. Размаўляючы з Ясем, Баран заўсёды канкрэтна акрэсліваў пэўную справу. Ён быў негаваркі, упэўнены; меў разумны і глыбокі погляд. Яго заўсёды лёгка было зразумець, і ён сам заўсёды імгненна схопліваў, пра што Ясю вядзецца.
Аднойчы Баран паклікаў да сябе хлопца і запытаў, ці мае той вольны час. Калі Ясь адказаў, што не мае нічога да работы, Баран пасадзіў яго каля шавецкага варштата і папрасіў, каб хлопец пачытаў яму газету. Ясь спытаў, няўжо шавец сам не ўмее чытаць.
– Умею, але слаба, – сказаў Баран.
Ясь хутка прачытаў усю газету. Фельетон Вовы Круцікава «Паліцыя і злодзеі» Ясь прачытаў на просьбу Барана два разы.
– Але ён іх і паддзеў! – скаментаваў Баран.
– Каго? Злодзеяў?.. – не зразумеў шаўца Ясь.
– Не… Той Вова… Востра піша…
– Так.
Калі Ясь чытаў, Баран тым часам майстраваў нешта з абутку. З той пары Ясь даволі часта, пачуўшы, што кватарант нешта робіць за перагародкай, стукаў у дзверы і прапаноўваў пачытаць газету. Неяк ён зазірнуў да Барана з кнігай і прачытаў яму пару апавяданняў Чэхава. Аліку гэта вельмі спадабалася, і ён сам неаднойчы прасіў, каб хлопец яму пачытаў. Ясь з радасцю згаджаўся. Праз некаторы час Баран захацеў паправіць абутак для Яся і ягоных родных. Хлопец вельмі саромеўся, але Баран яго падбадзёрыў.
– Ты не муляйся! Я табе з сэрцам хачу дапамагчы. Мне паправа няшмат каштуе.
Баран адрамантаваў Нацэвічам пяць параў абутку і падчас працы даручыў Ясю прышыць латку. Перад гэтым навучыў, як трэба рабіць. Ясь выканаў першую шавецкую работу цалкам добра. Тады Баран загадаў яму рабіць набойкі на абцасы. Спачатку работа ў Яся не ішла. Ён нават зламаў шыла. А цвікі ў яго выскоквалі са скуры, калі ён біў па іх малатком. Але потым усё пачало спорыцца. А ўжо праз некалькі дзён Ясь даволі спраўна абыходзіўся з шылам і малатком, выконваючы лягчэйшыя направы. Тады Баран пачаў вучыць яго арудаваць дратвай і ўплятаць у яе шчаціну, што зусім нялёгка… Незаўважна для сябе Ясь перайшоў да рамонту абутку на замову. Дагэтуль жа Баран не прымаў нічога на рамонт. Ён змайстраваў толькі некалькі параў чаравікаў і туфляў, і то не дзеля заробку, а каб замыліць людскія вочы і паказаць іншым, што ён сапраўды шавец. Цяпер час ад часу ён прымаў лягчэйшыя замовы і даваў працу Ясю, спакойна і цярпліва вучачы яго, а калі трэба было, то сам заканчваў работу. Пару разоў Баран аддаў Ясю заплату за працу, якую той цалкам альбо часткова выканаў. Хлопец не згаджаўся браць грошы. Тады Баран сказаў з напорам:
– Бяры і канец! Будзе час, то вывучу цябе на шаўца! І калі будзеш хацець. А цяпер бяры! Я ведаю, што такое голад. Я сам шмат перажыў. Са мной тых цырымоніяў не трэба.
І Ясь згаджаўся і браў плату за сваю дылетанцкую працу. Часцей за ўсё, аднак, здаралася, што Ясь чытаў Барану нейкую кнігу ці газету, а Баран гэтым часам напраўляў абутак, а грошы за працу ішлі ў кішэнь да Яся.
Цяпер справы ў Нацэвічаў наладзіліся. Голад ужо радзей заглядваў да іх у хату. Заробкі Яся на рынку разам з тым, што ён атрымліваў ад Барана, пакрывалі выдаткі на самыя неабходныя рэчы, перадусім на ежу. Ясева маці дзякавала Богу, што паслаў ім такога добрага кватаранта: «Ціхі, спакойны, а яшчэ Яся навучыць шавецтву». Цяпер жа хлопец, які раней пераймаўся і грыз сябе, што не можа дапамагчы сям’і, быў амаль шчаслівы. Цэлы дзень у яго быў нечым запоўнены. Базар, праца, навука ў Барана ды музыка ў манцёра займалі шмат часу, і яму не было калі нудзіцца.
Баран таксама шмат атрымаў ад сяброўства з хлопцам. Перш за ўсё цешыла яго свядомасць, што ён дапамагае бедным шпагатам, якія самі маглі б і не даць рады ў жыцці. Яшчэ ён вельмі любіў слухаць Ясева чытанне. Яно цалкам яго паглынала, хоць Баран гэтага і не паказваў. Акрамя таго, зносіны з Ясем, навучанне яго шавецкаму рамяству, гутаркі з ім суцішалі ягоную тугу па Паўцы. Баран з кожным днём усё мацней сумаваў па дзяўчыне і ўсё больш пакутаваў праз гэта. Ён заўсёды вельмі ўважліва слухаў, што яму чытаў або расказваў хлопец. Сам жа Алік адгукаўся надзвычай рэдка і заўсёды па нейкай справе, хоць столькі меў усялякіх цікавых рэчаў у галаве, што мог бы шмат кніжных тамоў запоўніць незвычайным зместам.
Неяк Баран запытаў Яся, ці мог бы той напісаць ліст. Хлопец з ахвотаю згадзіўся. Разам яны склалі да Паўкі ліст, у якім значылася:
Шаноўная панна Паўлінка!
Я вельмі хвалююся, не маючы ад Вас ніводнае вестачкі. Маё сэрца абліваецца крывёй, калі мяне раптам наведвае думка, што з Вамі магло стацца нешта дрэннае. Я б гэтага не перажыў. Удзень і ўночы я безупынку думаю пра Вас, таму хачу Вас запэўніць, што толькі смерць можа мне перашкодзіць мець Вас у думках і Вас абагаўляць.
Я б вельмі хацеў з Вамі пабачыцца, бо грызе мяне туга па Вашай асобе. Калі гэта магчыма, то вельмі прашу Вас у наступную нядзелю а гадзіне 5-й прыйсці на вуліцу Захар’еўскую – насупраць маёй кватэры. Я буду чакаць Вас з вялікай надзеяй і журбою ў сэрцы.
Я ласкава цалую вашыя пекныя ручкі і кірую да Вас маю бязмежную пашану. Заўсёды Ваш верны рыцар і адданы раб
Аляксандр Баран.
Рэдактарам гэтага ліста быў Ясь, які вышукваў у далёкіх засеках памяці сказы, прачытаныя некалі ў раманах, а Баран паслухмяна іх адбіраў, захапляючыся незвычайным для яго парадкам і квяцістасцю словаў. Калі адкінуць некаторы пафас, гэты ліст не быў перабольшаннем, а цалкам дакладна апісваў цяперашні стан Аліка і ягонае палкае каханне да дзяўчыны. Ніводнае слова там не было падманам або крывадушнасцю.
Гэта быў першы і апошні мілосны ліст у жыцці злодзея Аляксандра Барана.
Алік папрасіў Яся занесці ліст на вуліцу Славянскую і незаўважна для іншых сямейнікаў перадаць яго Паўлінцы. Алік патлумачыў Ясю, дзе с таіць дом Хурдзіча і як выглядае дзяўчына. Нагодай завітаць да Хурдзічаў стала патрэба забраць ужо даўно, пэўна, зробленую сабачую будку. Ясь з дарагой душой узяў на сябе гэтую місію і так спрытна яе выканаў, што вярнуўся ўжо праз гадзіну з вялікай зялёнай будкай і адказам на ліст, які Паўка напісала на аркушы паперы. Пасланне ад Паўкі ён урачыста перадаў свайму настаўніку. Расчулены Алік разгарнуў запіску і пачаў углядацца ў напісаныя ад рукі літары, якія ён не мог расчытаць.
– Што там напісана? – падаў ён аркуш Ясю.
Хлопец пачаў выразна чытаць.
Я здаровая. Пастараюся прыйсці а 5-й у нядзелю. Шлю Вам паклоны.
Паўліна Хурдзічанка.
Баран ззяў ад шчасця. Ён з удзячнасцю моцна паціснуў Ясеву руку. З таго дня трэці настаўнік Яся пачаў яшчэ больш прыязна ставіцца да свайго вучня.
Адзінай жанчынай-настаўніцай Яся пакуль была толькі Марыя Андрэеўна Лобава, якую жыхары дамкоў пад нумарам 157 называлі проста Марусяй. Лобава здымала другі канец дому, у якім жыла сям’я Івацэвічаў. Гэта была іх найбліжэйшая, непасрэдная суседка. Марусі было ўжо за трыццаць. Гэта была высокая, хударлявая і вельмі энергічная жанчына. Вылучалася яна вялікай самаўпэўненасцю і незвычайнай адвагай. Падчас некалькіх канфліктаў з жыхарамі суседніх дамоў яна паводзіла сябе гэтак дзівачліва, гэтак жорстка лаялася ды трэсла кулакамі, гатовая біцца, што ўсе назаўсёды згубілі ахвоту яе хоць калі чапаць. Пра яе суседзі дазвалялі сабе толькі пляткарыць. Калі гэтыя плёткі даходзілі да вушэй Марусі, яна толькі пагардліва гмыкала ў адказ ды смяялася або адказвала нейкім вельмі маляўнічым расейскім выразам.
Лобава апраналася вельмі элегантна. У яе было некалькі дыхтоўных сукенак надзвычай прыгожага фасону, шмат шыкоўных туфлікаў, а вясной яна любіла шпацыраваць з чырвоным шалем на галаве, што выдзяляў яе нават у натоўпе. Расказвалі, што муж Лобавай быў нейкім выбітным камуністам у Арле. І што ён не вытрымаў з шалёнай жоначкай, і яны разышліся.
Маруся працавала касіркай у бібліятэцы. Дадаткова давала прыватныя ўрокі французскай мовы. Пра яе казалі, што яна нарадзілася ў вельмі багатай купецкай сям’і ў Маскве, стала заўзятай камуністкай і выдала бацькоў, якіх расстралялі, а ўсю ўласнасць сканфіскавалі. Наагул пра Марусю пляткарылі вельмі шмат. Да вушэй Яся таксама даходзілі гэтыя чуткі, але не выклікалі ў яго адмоўных адносінаў да суседкі. Наадварот, наслухаўшыся плётак, ён пачынаў больш ёю цікавіцца і, заўважыўшы яе на двары, употай раз-пораз на яе зіркаў.
Лобава першапачаткова зусім не заўважала Яся. Але з пэўнага часу яна пачала ўсё пільней да яго прыглядацца, зрэдку нават, ідучы мімаходзь, усміхалася ў яго бок. Бывала, што яна нават пачынала з ім размову ды прапаноўвала прынесеныя з бібліятэкі кнігі. Спачатку кнігі былі рознага зместу, але пазней усё часцей пачалі з’яўляцца сярод іх парнаграфічныя публікацыі, якіх шмат было ў прыватнай бібліятэцы, але яны мала для каго былі даступныя. З кароткіх размоваў Лобава зразумела, што хлопец яшчэ нявіннік. А даючы яму кніжкі, яна меркавала распаліць ягоную фантазію.
Каб растлумачыць раптоўную цікавасць Марусі да Яся, трэба ведаць, што сталася пару тыдняў таму. Ясь выпадкова купіў на базары кнігу Я. П. Мюлера «Мая сістэма – 15 хвілін на дзень для здароўя». З усім сваім маладым запалам ён узяўся выконваць практыкаванні, апісаныя ў кнізе. Ён дакладна выконваў восем галоўных гімнастычных заданняў, а потым мыўся і абліваўся халоднай вадой з мядніцы, пасля чаго выціраўся і масажаваў цела, як і рэкамендавалася праграмаю. Калі ў Яся забралі кутні пакой, які пачалі здаваць Барану, ён мусіў пашукаць сабе іншага месца для практыкаванняў. У кватэры было нязручна і цесна. Зрэшты, падчас водных працэдур ён заліваў усю падлогу. Таму ён знайшоў зацішны закуток паміж сцяною іхнага дому і высокім плотам хаты нумар 159. Ён вылазіў туды праз акно свайго маленькага пакойчыку і пачуваўся там абсалютна свабодна. Нарэшце ён мог спакойна займацца гімнастыкай і купацца з пырскамі, як яму толькі падабалася. Неяк Маруся панесла мяса ў сваю камору, куды быў уваход з агульных сенцаў. А там акурат знаходзілася малое акенца, якое выходзіла на закуток, дзе Ясь займаўся спортам. Маруся, глянуўшы праз акенца, пабачыла маладога хлопца, які ў той момант вырабляў розныя гімнастычныя штукі. Яна адзначыла сабе, што хлопец быў зграбны і меў ладнае цела. Пра гэта ж аніяк нельга было здагадацца, калі ён быў у штодзённай адзежы. З таго часу кабета, адораная гарачым тэмпераментам, пачала рабіць малыя, але паслядоўныя крокі да таго, каб стаць настаўніцай Яся ў любоўным майстэрстве. У гэтай сферы яна мела вялікую кваліфікацыю і значныя дасягненні. Трыццаць два гады ейнага жыцця не прайшлі марна.
Ясеў дзядзька хутчэй за яго заўважыў і зразумеў Марусіны памкненні ды манеўры. Калі аднаго разу ён сядзеў з пляменнікам на лавачцы перад домам, Маруся якраз ішла ў горад. Ясь устаў і пакланіўся ёй. Жанчына ўсміхнулася і прыязна кіўнула яму галавой. Дзядзька ж шматзначна гмыкнуў і заўважыў:
– Глянь, як ідзе, як задам круціць! Проста ў госці запрашае… Мусіць, нечага ёй захацелася.
Ясь засаромеўся.
– Супакойцеся, дзядзька! Яшчэ пачуе…
– А чаго мне яе баяцца. Хай сабе чуе. Вялікая графіня мне знайшлася! – дзядзька пачаў перадражніваць Марусю, даволі добра падрабляючы ейны голас. – Ах, ах, ах, я такая вучоная, адукаваная. А мушу жыць у гэтай дзірцы, з нейкімі хамамі…
Маруся адразу ж зразумела, як Ясеў дзядзька ставіцца да яе і які ўплыў ён аказвае на хлопца, таму аднойчы паклікала Філіпа Жардоня да сябе і прапанавала прадаць на рынку ейныя старыя, лішнія рэчы. А было таго вельмі шмат. Жардонь спачатку не надта квапіўся на гэта, але Маруся з кожнага продажу давала яму вялікі працэнт за пасярэдніцтва, а пару разоў пачаставала незвычайна смачнай наліўкай. Так дзядзька аказаўся ў Марусіным лагеры. Неяк яны пачалі досыць шчыра гаварыць пра хлопца. Маруся прызналася, што Ясь ёй падабаецца, і яна хоча бясплатна вучыць яго французскай мове, бо ў жыцці ўсякае можа спатрэбіцца. Дзядзька на гэта ўсміхнуўся:
– Так, так… Трэба, каб яго нехта навучыў… Ужо самы час… Вядома, лепей вы, чым нейкая там бязмозглая гусь…
І дзядзька пачаў часцей размаўляць з Ясем пра Марусю. І цяпер ён не насміхаўся і не перадражніваў жанчыны.
– Паглядзі, як ідзе, ножкамі стрыжэ, як нажніцамі! Жанчына, я табе кажу, марцыпан, усе аблізваюцца. Эх, каб мне троху гадочкаў з карку скінуць, я б ужо да яе дабраўся… Баба, ці ведаеш, найлепшая акурат пасля трыццаткі, бо ўмее – гэта раз, – сказаў дзядзька з паднятым угору ўказальным пальцам. – А другое, – тут дзядзька знізіў голас да шэпту, – сама аблізваецца. Паварушы мазгамі.
Але Ясь не вельмі яго разумеў або рабіў выгляд, што не разумее. Як і раней, ён пазычаў у Марусі кнігі. У яе таварыстве ён быў ветлівы, мілы, але выглядала на тое, што ён яе баіцца альбо саромеецца. Маруся ж прапанавала яму бясплатныя ўрокі французскай мовы. Сказала, што мае шмат вольнага часу і ёй будзе прыемна нечым заняцца. Ясь ужо пачынаў вывучаць французскую ў гімназіі, якую кінуў праз адсутнасць сродкаў. Прапанову Марусі ён прыняў з удзячнасцю, але і з пэўнай збянтэжанасцю. Аднак потым маладзён супакоіў сябе, што зможа ёй аддзячыць прынамсі нейкай паслугай.
Гэткім чынам Маруся Лобава стала настаўніцай Яся. Абое былі пакуль адно адным задаволеныя. А дзядзька Жардонь толькі ўсміхаўся, слухаючы, як Ясь зубрыць французскія словы.
8
САМАЯ ВЯЛІКАЯ ТАЯМНІЦА ПАЎЛІНКІ
Баран стаяў на рагу вуліцы Захар’еўскай і Губернатарскай. Ён назіраў, як па бруку лілася шырокая брудна-шэрая хваля ўзброеных вайскоўцаў. Яны ішлі цяжка нагружаныя, грукаючы па бруку жалезнымі набіўкамі ботаў. Некаторыя пры хадзьбе абапіраліся на кійкі. Было відаць, што яны стомленыя. Але ў той жа час жаўнеры з цікавасцю прыглядаліся да будынкаў і людзей, якія высыпалі на ходнікі.
У горад увайшлі немцы. Вясна 1918 года прыйшла напоўніцу. Гараджане цікаўна прыглядаліся да чужынцаў і не ведалі, ці радавацца, ці плакаць. Можа, тыя ўрэшце навядуць парадак і дадуць магчымасць спакойна жыць і працаваць? А можа, пры іх наступіць голад, яны задушаць людзей падаткамі, пачнуць прымусова вывозіць на работы да сябе?
Баран купіў на Нізкім рынку сабе навясны замок на вонкавыя дзверы майстэрні. Ён разбіраўся ў такіх рэчах, таму замок выбраў цугальтовы, моцны, які немагчыма было адамкнуць шпількай або зрэзаць нажніцамі па металу і які вельмі цяжка было скруціць або зламаць шабрам. Гэта быў першы замок, які Баран купіў за ўсё сваё жыццё. Дагэтуль ён толькі адмыкаў або ламаў замкі.
Ужо некалькі тыдняў Баран інтэнсіўна працаваў, абсталёўваючы і ўпрыгожваючы сваю кватэру. У сваіх марах і наяве ён будаваў утульнае гняздзечка для сваёй салодкай залатой Паўці, хоць і ня ведаў яшчэ, ці спраўдзяцца ягоныя жаданні і ці яна захоча жыць разам з ім.
На аздабленне жытла Баран выдаткаваў амаль усе свае грошы, якія ён атрымаў як долю пасля абкрадання паліцэйскага кааператыву. Цяпер вечарамі ён выходзіў у горад ды шукаў сабе работы. Адмычкі ён усоўваў за халяву бота. Шабер ён трымаў за поясам, а ліхтар і шпілька, якой ён адмыкаў навясныя замкі, былі ў кішэні фрэнча. Але добрая праца яму не траплялася, а абы-чым ён не хацеў брудзіць сабе рук. Часамі ён наведваў трушчобу[25]25
Трушчоба – зладзейскі прытон, маліна.
[Закрыть] Цыпы і там умерана піў гарэлку ды размаўляў са сваімі калегамі пра цяперашнія зладзейскія справы… Прыход немцаў злачынцы прывіталі з радасцю, бо ён быў ім на руку… Кожная змена ўлады давала шмат магчымасцяў, і тады яны найбольш зараблялі. Толькі Казік Марацкі, які нядаўна ўцёк з Вільні, дзе нямецкая акупацыя трывала ўжо даўно, быў незадаволены і сумны.
У гады вайны, падчас рэвалюцыі і пасля яе Менск стаў зладзейскай «зямлёй абяцанай»… радовішчам золата. Тут канцэнтравалася прыфрантавое жыццё расейскага войска і адміністрацыі, тут з рук у рукі розных легальных акул вайны перакідваліся казачныя сумы грошай. Тут на вецер выкідваліся цэлыя капіталы. Тут гралі ў карты, весяліліся і гулялі афіцэры, якія адпраўляліся на фронт або адтуль вярталіся. Найбольш зараблялі тут строчнікі[26]26
Строчнік – картачны шулер.
[Закрыть], але і злодзеі ўсіх масцяў мелі тут спрыяльную прастору для дзейнасці. Таму Менск лічыўся сярод брацтва з-пад знаку шабра і адмычкі незвычайным месцам, не горшым за Кландайк у Паўночнай Амерыцы… У Менск з’язджаліся злодзеі з усёй былой Расеі. Тут былі адмыслоўцы з Адэсы, Варшавы, Масквы, Кіева, Вільні, Петраграду, Растова… З’ехаліся сюды таксама самыя шыкоўныя прастытуткі, каб цешыць франтавых рыцараў ды абіраць іх да ніткі. У горадзе аж кішэла ад прыблудаў, гатовых пажывіцца за чужы кошт.
Картачны азарт панаваў усюды і над усімі. Ён быў у клубах, гатэлях, прыватных казіно і прытонах. Уладарыў у кавярнях і рэстаранах. Акупаваў вакзалы, гандлёвыя плошчы. Нават у Губернатарскім парку гулялі на лаўках і паміж дрэвамі. Па начах у шмат якіх месцах гарэлі свечкі, пры слабым святле якіх таямнічыя групкі людзей спадзяваліся здабыць шчасце, якога не было ні ў іхным штодзённым жыцці, ні ў іх саміх. Гэтыя пошукі найчасцей заканчваліся паразай, часам стрэлам рэвальвера або ўдарам нажа. Азарт, п’янства і распуста шырыліся ўсё мацней. Чым больш гойдаліся і рваліся штандары на фронце, тым больш узнікала ўяўных штандараў Бахуса, Гермеса і Венеры.
Ва ўсім гэтым вэрхале прафесійныя злодзеі арыентаваліся найлепей. Яны былі самі сабе гаспадарамі і ўмелі крытычна і справядліва, як незалежныя і беспартыйныя грамадзяне свету, ацэньваць людзей і сітуацыі. Рабілі яны гэта дасціпна, блазнуючы і насміхаючыся з усяго, а спрыяльныя акалічнасці выкарыстоўвалі дзеля таго, каб жыць. На іхных вуснах нарадзілася і жыла адмысловая песня «Яблычак», біч і палітычная сатыра на кіроўных інтэлігентаў, якія не былі ў стане ўпарадкаваць ні сваё, ні чужое жыццё. Яны толькі прыдумвалі лозунгі, кідалі іх у народ, а потым самі ж іх і парушалі; ліквідавалі ідэі ды іх жа фабрыкавалі; каралі за злачынствы, а самі іх пашыралі; называлі ўласнасць крадзяжом і самі ўпотай прысвойвалі чужое. А іншых ліхадзеяў яны пераследавалі з нянавісці да канкурэнтаў і ад жадання пахваліцца сваёй сумленнасцю. Інтэлігенты-шпагаты маглі падманваць усіх, нават сябе, але толькі не гэтых канкістадораў лёсу, якія ўсё ўмелі ацэньваць і аналізаваць праз прызму шматгадовага досведу і назіранняў, з дапамогай вельмі тонкай інтуіцыі.
Таму па ўсёй Расеі і Польшчы гучаў «Яблычак», які адкрываў людзям вочы на ўсё, што адбывалася навакол.
А на нашай Украіне вельмі добрае жыццё,
Кожны дзень там кулі свішчуць – і прыносяць забыццё.
Украіна дарагая, мама мая родная,
Немцы ўсё ў цябе забралі – ты цяпер галодная!
Ленін Троцкаму сказаў:
«Мы ўжо паабедалі.
Купім клячу карую
Пад’есці пралетарыю…»
Баран павесіў на дзверы свайго жытла салідны навясны замок, а таксама праверыў, ці добра ён зачыняецца і ці не мае дэфектаў. Удома ён меў шмат дарагіх рэчаў, як спецыяліст, ведаў, што абакрасці яго было няцяжка. І месца для гэтага падыходзіла. Ён не баяўся прафесійных злодзеяў, бо тыя за абы-што не бяруцца, але ведаў, што шантрапа[27]27
Шантрапа – падонкі з прадмесцяў.
[Закрыть] і фраеры ахвотна возьмуць усё, калі здарыцца лёгкая і зручная нагода. Для прафесійнага злодзея замок не перашкода ў працы, а наадварот, шмат чаго яму падказвае. Фраеру замок імпануе і нагадвае пра пакаранне з боку ўладаў і часам – што для фраера менш страшна – пра нябесную кару.
Недалёка ад дзвярэй, адразу каля ганка, стаяла будка Мілага. Сабака ўважліва сачыў за працай Барана, падымаючы напераменку то правае, то левае вуха.
Хурдзіч пастараўся і зрабіў для сабакі цудоўнае жытло. Будка была моцнай, цёплай, выгоднай і прасторнай. У ёй была нават падлога і брылёк над улазам, каб дождж не трапляў усярэдзіну, калі вецер дзьмуў бы спераду. Звонку будка была памаляваная ў зялёны колер алейнай фарбай. Калі з’явілася сабачае жытло, Баран забраў Мілага ад Уладзя і зрабіў жывёліне нешта накшталт наваселля. Купіў вялікую каструлю, у якой бы гатавалася ежа для чатырохлапага, і дзве міскі: адну – для вады, а другую – для корму.
– Будзеш жыць у мяне, як у палацы, – казаў Баран Міламу, шчодра высцілаючы будку сенам, якога яму напрыносіў Уладзь Заяц.
Баран дамовіўся з Ясевай маткай, што яна будзе гатаваць сабаку ежу. Разам яны прыблізна вызначылі, што яму будзе трэба, і Баран даў ёй на гэта грошы. Нацэвічыха з сэрцам ставілася да чатырохлапага гадаванца, а Ясь з Галяй з радасцю пра яго клапаціліся, носячы яму ежу і змяняючы ваду. Але ім так і не ўдалося заваяваць ягонай прыхільнасці. Сабака заўсёды быў злы і недаверлівы. Ён шчэрыў зубы і бурчаў, калі нехта, нават знаёмы, да яго набліжаўся. Усіх ён лічыў ворагамі. Мілы трываў толькі Барана, які смела браў яго на рукі і гладзіў, не звяртаючы ўвагі на глухое бурчэнне сабакі, стуленыя вушы і скурчанае цельца. Баран цяпер часта выцягваў Мілага з буды, прыносіў у дом і выпускаў на падлогу. Звычайна ён клаў перад ім кавалак кілбасы або хлеба і размаўляў з ім… як з чалавекам… Асноўнай тэмай «размоваў» была Хурдзічанка…
– Ты пачакай, – прамаўляў Баран да сабакі. – Вось пераселіцца да нас Паўця, то вось дзе ты тады зажывеш… Будзеш мець тады сваю гаспадыню… І то якую! Толькі ты не сабака, а свінтус, бо ты ж яе ўкусіў… Каб мне больш не рабіў такога, а то атрымаеш у косці… Паўця добрая… У яе сэрца залатое… Я яе за гэта люблю, і ты павінен палюбіць…
Мілы ўважліва прыслухоўваўся да словаў свайго гаспадара, але ніякай радасці з чаканага прыбыцця Паўлінкі не выяўляў. Натуральна, ён мог і не разумець Барана, бо здараецца і сярод людзей, што нават кемлівыя галовы зусім не ў стане сцяміць, што ім кажуць іншыя. Затое Барана толькі адна думка, што Паўка, магчыма, будзе жыць з ім разам, прыводзіла ў захапленне і напаўняла радасцю. Таму ён цешыўся і за сябе, і за Мілага.
На рагу вуліцы Захар’еўскай і Славянскага завулку некалькі апошніх гадоў размяшчаўся цырульны салон. Зверху над дзвярамі там вісела шыльда: «Анатоль – мужчынскі цырульнік. Стрыжэ і голіць». Справы ў салоне ішлі добра. У цырульніка было шмат сталых кліентаў, і ён добра зарабляў.
Анатоль быў летуценнікам і любіў чытаць. Кожную вольную хвіліну ён праводзіў за чытаннем. Кнігі ён браў час ад часу ў гарадской бібліятэцы на Хрышчэнскай вуліцы. Калі бібліятэкар пытаўся ў яго, што ён хоча, Анатоль нязменна адказваў: «Што-небудзь пра графаў ці графінь». З цягам часу ён стаў хадзячай энцыклапедыяй з масай інфармацыі пра жыццё арыстакратаў, і нават стыль мовы ў яго стаў такі напышлівы, кніжны. А да кліентаў ён звяртаўся па-галіцыйску: «пан граф», «пан дзедзіч». Гэтыя звароты не раз бянтэжылі паспалітых менскіх мяшчанаў і дробных рамеснікаў, якія складалі большасць ягоных кліентаў. Але ніхто за гэта на цырульніка не крыўдаваў. Наадварот, кліенты любілі ветлівага мужчыну, які падчас стрыжэння ці галення не закрываў рота, расказваючы пра розныя здарэнні пры дварах польскіх і замежных магнатаў. Праз гэта некаторыя лічылі цырульніка таямнічай асобай, чалавекам добрага паходжання і з грунтоўнай адукацыяй, якога жыццё змусіла схапіцца за нажніцы і лязо.
Толіку было каля трыццаці пяці. Ён быў хударлявы, высокі і фізічна кепска развіты. Ручкі ў яго былі выпешчаныя, мякенькія, як далоні дзіцяці. На галаве ў яго красавалася вялікая лысіна, якую цяжка было схаваць, нават зачэсваючы яе з бакоў рэдкімі светлымі валасамі. Толік вельмі любіў сядзець зімою пры жалезнай грубцы, а летам – на ганку з кніжкай у руках. У вопратцы Толік наследаваў графаў, таму апісанне яго адзення я лічу лішнім. Дадам толькі, што ягоныя ўборы былі старанна прадуманым спалучэннем розных графскіх строяў з некалькіх кніжак.
Менавіта гэты Толік быў ідэалам і першым каханнем Паўкі. Пазнаёміліся яны выпадкова. Паўка некалькі разоў на тыдзень хадзіла са збанком па малако на вуліцу Даўгабродскую. Аднойчы, гэта была вясна 1917 года, Паўця вярталася дадому з поўным малака збанком. Непадалёк ад цырульні Анатоля ручка збанка, так бы мовіць, «скончыла свой век», а разам з ёю і гліняны збанок, які грымнуўся вобзем. Паўця стаяла ў разгубленасці, пераводзячы зрок з разлітага малака на мокрую сукенку і назад. На дапамогу ёй паспяшаўся Анатоль, які акурат сядзеў з кнігай на ганку салону. Ён завёў дзяўчыну ў цырульню, ачысціў ёй шчоткай сукенку і пазычыў іншы збан са свайго халасцяцкага запасу. Ён даў ёй нават грошы на малако. Дзякуючы гэтаму Паўка пазбегла скандалу, які б абавязкова выбухнуў удома, калі б бацька даведаўся, што яна пабіла збанок і разліла малако. Пазней дзяўчына, паразмаўляўшы з маткаю, вярнула цырульніку грошы і збанок, адчуўшы з таго часу да яго вялікую сімпатыю. Толік жа вырашыў, што граф, пра якога ён чытаў у апошнім рамане, на ягоным месцы абавязкова б закруціў раман з гэтаю дзяўчынай. Зрэшты, цырульнік і сам меў у гэтай сферы вялікі досвед. Скарыць сэрца Паўкі ў яго атрымалася лёгка. Спачатку ён прыязна вітаўся з ёю, калі яна праходзіла міма, а гэта здаралася ўсё часцей. Зрэдку ён перакідваўся з ёю некалькімі словамі пра надвор'е і месяц. Нарэшце ён запрасіў яе на першае рамантычнае спатканне. Яно адбылося вечарам на вуліцы. Наступнае – у цырульні. А трэцяе – у пакоі, які прылягаў да цырульні. Пасля трэцяга спаткання Паўка стала жанчынай і палюбоўніцай Толіка.
Паўка закахалася ў цырульніка. Ён быў такі незвычайны, гэтак моцна адрозніваўся ад іншых людзей з ейнага атачэння. Ад яго заўсёды прыемна пахла мылам, пудраю і адэкалонам. Ён так прыгожа апранаўся. А якія меў манеры!.. Са свайго боку Толік аніякіх асабліва палкіх пачуццяў да яе не меў. Зусім інакш магло б быць, калі б яна была графіняй або дачкой графа. А так што ў яе было незвычайнага: здаровая, маладая, сімпатычная дзяўчына і толькі. Ён лічыў нават ганьбай тое, што водзіцца з дзяўчынай з простанароддзя. Але іхны раман трываў і надалей. Паўка не абцяжарвала Толікава жыцця. А для дзяўчыны цырульнік быў першым каханнем. Чым мацней закранала яе жорсткасць бацькі і атачэння, тым больш яна прыкіпала душою да Толіка.
Паўлінка раўніва ахоўвала сваю таямніцу. Яна нікому пра яе не расказвала і была вельмі асцярожная. Таму пра раман з цырульнікам, які працягваўся другі год, ніхто не здагадваўся. Паўка ўжо даўно марыла, каб выйсці за Толіка замуж і пасяліцца разам з ім. Аднойчы яна сказала пра гэта цырульніку. У адказ Толік упершыню на яе раззлаваўся і нават злаяў яе, ужываючы зусім не графскія выразы. Паўка расплакалася і ўцякла, а цырульнік мусіў пазней шмат часу прысвяціць тлумачэнням, што ён ёй не пара, што ён можа ажаніцца толькі з асобай з вышэйшага свету, багатай, адукаванай, якая размаўляе па-французску, мае спадчынныя маёнткі і гэтак далей. Ён заявіў, што для Паўкі і так вялікі гонар быць яго каханкай. Дзяўчына зразумела ягоныя тонкія довады гэтак, як ён і хацеў, ды стала яшчэ больш пакорлівай. Часам яна плакала ад роспачы, але не магла знайсці для сябе іншага выйсця. Па-ранейшаму яна цішком уцякала на спатканні да Толіка, які ставіўся да яе з кожным разам усё халадней і нават з пэўнай пагардай. Аднак не адмаўляўся ад любошчаў з ёю, бо яму гэта пасавала і нічога не каштавала.
Пазнаёміўшыся з Бараном, Паўка не кінула бегаць да Толіка. Баран яе зацікавіў сваім магчымым багаццем. Потым ёй спадабалася ўпэўненасць, з якою ён абышоўся з ейным бацькам. Але калі яна даведалася, што ён шавец, то Баран цалкам упаў у яе вачах. А калі бацька пачаў ставіцца да Барана як да ейнага будучага мужа, Паўця моцна зажурылася. Яна вышмыгнула з дому да цырульніка і распавяла яму пра Барана і намеры бацькі. Цырульнік высмеяў ейнага будучага сужэнца. І дадаў, што для яе гэта самая адпаведная партыя. Аднак ён не парваў з дзяўчынаю і працягваў прызначаць ёй спатканні. Яна па-ранейшаму яго слухалася.
Праз некалькі дзён пасля таго, як Ясь забраў у Хурдзіча будку для Алікавага сабакі, цесляру перадалі ад Барана дзве пары галубоў. Гэта былі пародзістыя вінеркі і турчыны. Баран купіў іх у Ігнася Кулікоўскага, блатнога, які быў вядомы сваёй любоўю да галубоў. Баран ведаў, чаго не хапае Хурдзічу для поўнага шчасця, і не пашкадаваў часу ды грошай, каб раздабыць гэтых птушак. Яны былі шчодрай платай Хурдзічу за будку і пэўным спосабам канчаткова заваяваць ягоную сімпатыю. Задобраны Хурдзіч пайшоў назаўтра на базар і купіў для Паўкі матэрыялу на летнюю сукенку. Вярнуўшыся, ласкава паляпаў дачку па плячы і велікадушна ўручыў ёй падарунак:
– Ну, маеш!.. Не заслугоўваеш, але ўжо няхай, бяры сабе.
Матэрыял быў ружовага колеру і Паўці вельмі спадабаўся. Зараз жа яна пайшла да Лідзіі, і яны ўдзвюх доўга выбіралі, якога фасону мае быць сукенка. Яны раіліся, спрачаліся, крычалі адна на адну. Урэшце сукенка была пашытая. Рэч атрымалася ў Лідзіі на славу, а Паўця доўга круцілася перад люстэркам, разглядваючы сябе з усіх бакоў. «Вось каб Толік пабачыў!» – не выходзіла ў яе з галавы.
І гэтая думка прывяла яе да няшчасця.
Позным вечарам Юлік заўважыў, што сястра, якая даволі рана лягла ў ложак і нібы спала, раптам устала. Яна ціхенька апранулася і надзела новую сукенку, якую падрыхтавала раней. Пасля на дыбачках падышла да акна, адчыніла яго і бязгучна вылезла ў сад. Прымкнуўшы акно, яна знікла.
Юлік, натхнёны выпадкова навязанай яму бацькам роляй шпіка, сарваўся з ложка і таксама выскачыў праз акно за сястрою. Не адштурхнула яго нават перажытае фіяска падчас папярэдняй місіі. Цяпер ён дзейнічаў самастойна. Ён незаўважна сачыў за сястрою аж да цырульні, куды яна ўвайшла не праз галоўны ўваход, а з боку двара. Юлік падлез пад акно, якое выходзіла з пакойчыка Толіка на падворак, і пачаў прыслухоўвацца да галасоў сястры і Толіка, якія гучалі ўнутры. Яму ўдалося нават зазірнуць у пакой. Цырульнік і Паўця былі ўпэўненыя, што іх ніхто не бачыць, таму зусім не хаваліся і нічога не саромеліся. Праз гэта Юлік стаў сведкам усяго, што адбывалася ў пакоі. Відовішча было настолькі ашаламляльным для яго, што ён не вытрымаў і, нават не чакаючы заканчэння, як мага хутчэй пабег дадому.