355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сяргей Пясецкі » Яблычак » Текст книги (страница 5)
Яблычак
  • Текст добавлен: 26 июня 2019, 15:00

Текст книги "Яблычак"


Автор книги: Сяргей Пясецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 14 страниц)

4
ТАВАРЫСТВА З НЕАБМЕЖАВАНАЙ НАХАБНАСЦЮ

Баран быў непісьменны, але ўмеў чытаць тое, што было надрукавана вялікімі літарамі. Затое дробны друк выклікаў у яго вялікія цяжкасці пры чытанні. Цягам усяго жыцця ён ніводнага разу не прачытаў запар нават паловы кніжнай старонкі. Калі часам ён за гэта браўся, то стамляўся і знеахвочваўся, прачытаўшы ўсяго некалькі сказаў… Баран ніколі не хадзіў у школу. Ніхто яго не вучыў. Разбірацца ў значэнні друкаваных літараў ён навучыўся сам. Яму дапамагла вуліца. Перадусім плакаты і рэкламы. Напрыклад, цыгарэты «Ява». Гэтыя тры літары раскрылі яму сваё значэнне, калі ён быў яшчэ малы. Спачатку ён пачуў гэтую назву, а потым змог адрозніваць яе на пісьме, параўноўваючы з іншымі надпісамі на плакатах ды шыльдах, напрыклад, «Ада». Гэтак ён знаёміўся з асобнымі літарамі, а з часам пачаў іх спалучаць у склады і словы.

Калі Баран мусіў напісаць ліст у адзіночнай камеры ў турме, каб паразумецца з супольнікам, як гэта іншы раз здаралася, то ён выводзіў на паперы друкаваныя літары. Вельмі стараючыся, ён мог скласці некалькі важных для яго сказаў.

Надзелены вялізнымі здольнасцямі, Алік Баран хутка вучыўся разнастайным рамёствам, меў магутную сілу волі і характару, а таксама немалы спрыт і жывы інтэлект, якія дазвалялі яму лёгка, хутка і трапна ацэньваць людзей і сітуацыі. Пагатоў дзіўна, што ён не даў рады з чытаннем і пісьмом. Так сталася таму, што ніхто не ўказаў яму шляху да навукі, а Баран ніколі не меў уласнай кнігі, а друкаванае і напісанае лічыў недаступнымі для сябе рэчамі – «забароненымі»… І можа, таму ў ім вырасла вялікая павага да тэарэтычнай навукі. Кнігу ён браў у рукі вельмі асцярожна, нібы асцерагаючыся, каб яна не разбілася. Перад кнігамі ён адчуваў сябе малым, недарэчным, бездапаможным. Навука была для яго чароўнай магіяй, якая давала людзям уладу над светам. А калі людзі не маглі яе дамагчыся, маючы ў руках такую неверагодную зброю, то – ён быў перакананы – толькі таму, што былі фраерамі.

Тут, я лічу, варта пазбегчы далейшых непаразуменняў і растлумачыць значэнне слова «фраер». Людзі «аўтаматычна сумленныя» (прашу прабачэння ў чуллівых чытачоў) таксама часта ўжываюць слова «фраер», акрэсліваючы гэтак нечыю недасведчанасць або глупства. У злодзеяў «фраер» азначае перадусім чалавека, які не належыць да свету злачынцаў. Тайны агент следчага аддзелу (гінт, мосер, сабака, лягавы) – гэта таксама фраер, хаця зладзейскія штучкі ён можа ведаць нават лепей за шмат якіх прафесійных злачынцаў. Яшчэ слова «фраер» выкарыстоўваюць у залежнасці ад патрэбы і сітуацыі. Купрын пісаў у адным са сваіх апавяданняў, што ў злодзеяў «фраер» – гэта не пагардлівае слова, яно абазначае проста «багатага пана» – дадам – якога можна абрабаваць. Гэта няпраўда. Гэтае слова можна выкарыстоўваць па-рознаму, як, напрыклад, у цывілізаванай мове слова «сноб». «Фраер» у залежнасці ад патрэбы можна абазначаць і неразумнага, непрадбачлівага, няўклюднага і няздольнага.

Каб раз і назаўсёды патлумачыць гэтую справу, адзначу коратка: свет у вачах злодзеяў дзеліцца на дзве асноўныя катэгорыі – блатныя і фраеры. Блатныя – гэта свае (а якія яны, вы прачытаеце ў гэтых кнігах), а рэшта – фраеры самых розных гатункаў. Злодзей можа часам паважаць або захапляцца фраерам, аднак той заўсёды застанецца фраерам.

Баран, выйшаўшы з дому ў горад, амаль заўсёды купляў газету. Ён насіў яе складзеную напалову, у руцэ. Часам клаў у кішэнь. Баран не чытаў газетаў, ён шукаў у рубрыцы «Хроніка» выпадкі здарэнняў і крадзяжоў. Калі ён знаходзіў нешта вартае ўвагі – апісанне ўласнай работы ці ўчынкаў знаёмых хлопцаў, – то, пакутліва будуючы склады, расшыфроўваў змест. Акрамя прагі даведацца пра новыя трукі рыцараў адмычкі, ім кіравала і ранейшая звычка. Баран некалі займаўся далінай або, як кажуць расейскія злодзеі, хадзіў па шырме. Кішэнныя злодзеі звычайна працуюць, выкарыстоўваючы нешта як заслонку, якая прыкрывае іхныя рухі. Дзеля гэтага служыць капялюш, шалік, карціна, рамка, рукавічкі – у залежнасці ад спрыту і густу. Баран выкарыстоўваў газету, і хоць доўгі час ужо не быў кішэннікам, газеты па-ранейшаму купляў. Была ў гэтым і іншая рацыя. Чалавека, які мае ў руцэ, у кішэні або за адваротам пінжака газету, цяжэй западозрыць у прыналежнасці да рыцарскага ордэну з-пад знаку адмычкі, чымся некага іншага.

Сёння Баран таксама купіў на Саборнай плошчы газету і пайшоў на Нізкі рынак. Ён спадзяваўся пабачыцца там, у прытоне Цыпы, з Казікам Марацкім, з якім не спаткаўся мінулым разам, бо тады перашкодзіла яму работа, а потым Паўка, сабака Мілы, кантакты са швачкай, абсталяванне майстэрні… І так прамчаў час. Цяпер ён хацеў спатоліць цікавасць, што чуваць у Вільні, і думаў абмеркаваць з ім якое-кольвек новае заданне. Ён выдаткаваў амаль усё за апошні час на абсталяванне жытла, а на пошукі новай работы не меў часу.

Прытон Цыпы быў месцам, дзе збіралася зладзейская арыстакратыя гораду Менску. Сходка лічылася абсалютна бяспечнай, бо Цыпа ўмела здабыць прыхільнасць як звычайнай, гэтак і следчай паліцыі. Як кажуць злодзеі: і мянтоў[9]9
  Мент – турэмны ахоўнік, (у аўтара таксама паліцыянт. – заўв. перакладчыка).


[Закрыть]
, і мосераў[10]10
  Мосер – шпік, выведнік.


[Закрыть]
. Таму пра кожную аблаву, якія здараліся, зрэшты, вельмі рэдка, яна ведала загадзя і была ў стане папярэдзіць або схаваць сваіх кліентаў. А нават калі б яе не папярэдзілі, вобшук таксама нічога б не даў. Логава мела сваіх вартаўнікоў і такія схованкі, што знайсці іх можна было б толькі збурыўшы сцены і сарваўшы падлогі. А для спалоханых вераб’ёў заўсёды было некалькі выхадаў.

У Цыпы можна было вырашыць любую левую справу. Тут можна было знайсці скупшчыка на любы тавар, купіць фальшывы пашпарт або долары (за дваццаць фальшывых плацілі шэсць сапраўдных). Тут можна было набыць какаін ці марфін ды раздабыць прылады, патрэбныя для крадзяжу. Не выходзячы адсюль, можна было ўладзіць не зусім легальны інтарэс у розных установах гораду – нават у тых, мэтай якіх і было выкрыванне такіх інтарэсаў. Адным словам, гэта была зладзейская біржа, інфармацыйнае бюро, працоўнае пасярэдніцтва і клуб.

У кватэру Цыпы вялі з вуліцы каменныя сходы. Над дзвярыма вісела старая аблезлая шыльда, на якой ледзь заўважна віднелася: «Чайная». А знізу было прыпісана: «Цыпа Буф». Некалі там быў намаляваны і чайнік, але цяпер ён разам з фарбай амаль знік. Баран увайшоў у брудную гарбатню, у якой каля сценаў стаяла некалькі столікаў і зэдлікаў чырвонага колеру. Памяшканне было пустое – як звычайна. Рэдка тут з’яўляўся выпадковы селянін або заблукалы месціч, які, на здзіўленне ўладальнікаў замаўляў гарбату, якой тут ніколі не было. Баран наблізіўся да доўгай стойкі насупраць дзвярэй. За стойкай гаспадарыла незвычайна прыгожая габрэйка, сястра Цыпы, рудая Хана. Вогненная хваля запушчаных валасоў была сабраная на патыліцы ў вялікі вузел і ўяўляла з сябе нешта накшталт рамы для бледнага твару з чорнымі бровамі, пунсовымі губамі цудоўнай формы і з неверагодна пекнымі вачыма. Хана была не зусім нармальная. Ейны жаніх атруціўся за некалькі дзён да вяселля, і з таго часу ў дзяўчыны праяўляліся прыкметы псіхічнага нездароўя. Баран запытаў:

– Нашыя ёсць?

Хана доўга ўглядалася яму ў твар, яку пустое месца. Праз некаторы час яна адказала нізкім альтовым голасам:

– Ёсць.

Баран схіліўся і, пралезшы пад стойкай, прайшоў у адчыненыя дзверы. Ён мінуў паўцёмны пакой і апынуўся ў доўгім калідоры, які рабіў некалькі паваротаў і ствараў дзіўныя нішы і закуткі. Адсюль Баран увайшоў у прасторны пакой, які злучаўся некалькімі дзвярыма з рэштай гасподы. Тут усё клеілася ад бруду. Паветра, напоўненае вільгаццю, смярдзела півам, падгарэлым алеем і часнаком. Да яго трэба было прывыкнуць, каб пачаць дыхаць без агіды.

У пакоі, куды ўвайшоў Баран, за доўгім сталом, накрытым сіняй цыратай, сядзелі тры чалавекі. Панура яны ўзіраліся ў адзінокую пустую пляшку з-пад гарэлкі, што аздабляла цэнтр стала. Адзін з іх дыміў цыгарэтай, хціва ўцягваючы ў лёгкія воблакі дыму і затрымліваючы іх там. Баран прывітаўся з прысутнымі, а кампанія трохі ажывілася.

– Чаму ж ты тады не прыйшоў? – запытаў Філіп Лысы, пазяхаючы і драпаючыся па галаве, якая толькі на скронях і ззаду захавала скупыя рэшткі валасоў.

– Я не мог… Інтэрас трапіўся…

Філіп кіўнуў яму галавой і, зноў пазяхнуўшы, прамовіў:

– А Казік тады да трэцяй чакаў.

– А сёння яго няма.?

– Быў… Пайшоў з Янкам павука[11]11
  Павук – крама.


[Закрыть]
агледзець… Маюць зараз вярнуцца… Казалі, што работа гарантаваная і так далей…

Ён зноў шырока пазяхнуў. Наагул ён пазяхаў часта і лічыў гэта прыкметай добрага выхавання. А сваё любімае «і так далей» – уплятаў усюды, не зважаючы на сэнс. Філіп Лысы апранаўся элегантна і вельмі любіў моднае адзенне. Ён надзвычай пераймаўся адсутнасцю валасоў на галаве, таму ператрос усе менскія аптэкі і медычныя склады ў пошуках самага надзейнага сродку для росту валасоў. Хлопцы ведалі пра ягоную слабасць і, не зважаючы на тое, што ён быў шанаваным злодзеем, часта жартавалі з яго, раячы розныя фантастычныя сродкі і метады, якія мелі б вярнуць яму ранейшыя кудзеры.

Філіп выглядаў досыць камічна. Высокі, лысы, з доўгім носам, чырвоным на самым кончыку. Губы ў яго заўсёды былі пагардліва надзьмутыя. Выраз твару ў яго быў увесь час такі, нібы ён напіўся рыцыны. Бляклыя вочы, нібыта вымытыя ў хлёрцы і вышараваныя сродкам для чысткі металу, былі крыху вылупленыя. Позірк – крыху бяздумны. Аж дзіва брала, што яго кахалі кабеты, але цымус быў у тым, што ён вельмі лёгка заваёўваў іхныя сэрцы, прычым бегалі за ім не з-за падарункаў у выглядзе рэчаў ці ўбораў, а ад сапраўднага кахання… Ён быў, як і Баран, медзвяжатнікам, хоць не грэбаваў і іншай работай. Такі гігант[12]12
  Гігант – злодзей, які працуе адразу ў некалькіх спецыяльнасцях.


[Закрыть]
меншага рангу.

Другі прысутны ў пакоі – малы немалады чалавек, узрост якога было цяжка вызначыць (не ведаю, ці яму было трыццаць пяць гадоў, ці пяцьдзясят пяць), з шэрым, нібыта гумовым тварам. Падавалася, калі ўзяць яго за вуха і пацягнуць, то яно можа дастаць да носа… Калі ён бязгучна смяяўся, то ягоныя губы шырока расцягваліся ў бакі, нос з’язджаў уніз, а вочы як бы знікалі ў сетцы зморшчынаў. Гэта быў прафесійны даліншчык. Ён працаваў добра, але не меў удачы. Ён рэдка зрываў вялікія кушы, але сам досыць часта трапляў у кіч[13]13
  Кіч – турма.


[Закрыть]
. Яго называлі Прафесар за дзіўную любоў да незвычайных словаў і выразаў. Гэтым ён нагадваў Стася Рамізніка, і Баран, слухаючы кожнага паасобку, думаў: «Каб іх разам звесці і напаіць, то чалавек шмат цікавага пачуў бы». У Варшаве, адкуль паходзіў Прафесар, яго называлі Певень… Пэўна, праз малы рост, заўсёды крыху назад адкінутую галаву і асаблівую прычоску: валасы з дзвюх скроняў ён зачэсваў уверх – такі пеўневы грэбень.

Трэці прысутны ў пакоі мужчына – гэта Гліст, шніфер[14]14
  Шніфер – кватэрны злодзей, які працуе ноччу.


[Закрыть]
. Без сумневу, ён быў найлепшым злодзеем гэтага гатунку ў горадзе. Гліст вылучаўся тым, што гаварыў ціха, таямніча, ледзь не шэптам, але заўсёды з перабольшваннем: «Галава ў яго была, ведаеш, як бочка! Каб я так жыў!» Выгляд ён таксама меў адметны. Ён быў доўгі, як кій, кашчавы. Ходзячы, ён неяк гратэскава перакульваўся з боку на бок, назад і ўперад. Ён выглядаў, як складная рулетка са зваротнай спружынай, якая ўмее хадзіць. Глянеш на яго, і здаецца, што ён не пройдзе праз пакой, не перавярнуўшы крэслаў, стала, а нават шафы і печкі, не кажучы ўжо пра дробнае начынне і рэчы! І як такі можа быць начным кватэрным злодзеем? Але гэта была толькі ілюзія. Калі надыходзіла ноч, Гліст пераўтвараўся. Ягоная паходка станавілася пэўнай і эластычнай, рухі рабіліся зграбныя, дакладныя, а з вачэй знікала млявасць. А ўначы, падчас задання, ён рухаўся ў цемры ў незнаёмай кватэры, сярод людзей, якія спалі, з такім спакоем, спрытам і грацыяй, што ніхто б з ім не зраўняўся. Ці ў яго былі – як казалі злодзеі – кацячыя вочы, ці нейкія асаблівыя органы адчування, цяжка сказаць. Але ён славіўся дакладным выкананнем самых цяжкіх справаў.

Калі аповеды пра тое, што Гліст нават з-пад сонных можа выцягнуць прасціны, і былі перабольшаннем, то дакладна вядома, што ён быў у стане выцягнуць ключы з-пад падушак змораных сном гаспадароў і найстаранней абшукаць усю кватэру.

Баран пачаставаў прысутных цыгарэтамі і запаліў сам. Заўважыў кнігу, якая ляжала на стале ў хлебных крошках. Узяў яе ў руку і павольна прачытаў: «Арыф-меты-ка». Глянуў на Прафесара і прабурчэў:

– Пра што тут рысуюць?

Прафесар варухнуўся, адкашляўся ў кулак і падняў уверх бровы:

– Гэта такая навука, як, напрыклад, геаграфія. Толькі геаграфія больш патрэбная кандуктарам у цягніках і іншым хімікам, а гэта для купцоў.

– Каб ім было лягчэй пускаць пыл у вочы людзям і так далей, – умяшаўся Філіп Лысы.

– Ну так… Яна і для астраномаў патрэбная, каб вызначаць, якое будзе надвор'е, – працягваў сваю лекцыю Прафесар.

– Гэта, бадай, ужо вялікія хітрыкі, – падтрымаў Баран.

– Вядома, што хітрыкі, – ажывіўся Філіп. – Я ведаў аднаго такога хама. Дык ён таксама меў кнігу, дзе пра надвор’е пісалася і так далей. Каляндар называецца. Гэты ёлупень вычытаў там, што цэлы тыдзень не будзе дажджу і так далей. Ну, і наняў работнікаў сена касіць. Праца была, аж дым курэў. А тут раптам на чацвёрты дзень як уваліць дождж і так далей. Усё сена яму ў рэчку знесла.

– Ну, там зусім іншае, – аўтарытэтна прамовіў Прафесар. – Календары складаюць розныя там варажбіткі і знахары, а астраноміяй толькі найбольшыя купцы і генералы займаюцца.

– Але ж той хам і даў маху. Выходзіць, што ўкляпаўся і сам сабе ў твар напляваў, – сказаў Баран.

– А ведаеш, што ён з календаром зрабіў?

– Ну?

– Прывязаў да яго камень і – хлюсь у сажалку.

– От дурны! – цвёрда секануў у стол далонню Прафесар. – Чалавек з аліментарным разуменнем ніколі б такога не зрабіў. Гэта таксама, каб у нас некаму работа не пайшла, а ён бы адмычкі выкінуў у туалет.

– А я так сабе думаю, – зрабіў выснову пасля пэўнай задумы Філіп. – Што той хам з календаром дык здурнеў. Бо кнігі яны ж вельмі шкодныя. І ў галаве ад іх можа ўзнікнуць такая мешаніна. А ёсць і такія, што зусім вар’яцеюць: чытаюць, чытаюць і самі давай пісаць… Вось Абрам – пісаў і дапісаўся.

– Гэта піва з іншай бочкі, – сказаў Прафесар.

Яны пачалі размаўляць пра затрыманне Абрама Геблюма, які меў манію пісаць уласнае прозвішча на кожным абрыўку паперы, у кніжках, нават на платах каля брыдкіх словаў, што ўтварала незвычайнае спалучэнне, так што з яго смяяліся… Нядаўна ўзялі павука (абакралі краму). Усё даставілі да скупшчыка і атрымалі капусту. Абрам забраў сваю долю і даўся на хованку. Выпіў і лёг спаць. І нават не сніцца яму, што яму кайданкі ўжо рыхтуюць. А тут гінты прыходзяць і вяжуць яго. А ён упёрся: там і там быў у тую пару, той і той яго бачыў. Магу сведкаў прадставіць. А яны адно смяюцца. Толькі на Серпухаўскай, дзе быў Следчы аддзел, яму паказалі паперу, якую ён выкарыстаў справіўшы патрэбу, і пакінуў за крамай на зямлі. Там, як у грамаце, было выпісана шматкроць: «Абрам Геблюм… Абрам Геблюм…» Ён ледзь не ашалеў, так яму шкада было. А таксама шанаваны злодзей.

У гэты момант азваўся Філіп Лысы:

– Я таксама з адной такой кнігай меў прыгоды. Пальнуў яе на сцежцы вечарком у аднаго фраера ў скверы і так далей… Для жарту: няхай пашукае, бо што мне з той кнігі. Прынёс яе дахаты. Думаю, дам дзецям, будуць караблікі рабіць і так далей. Але разгарнуў і чытаю адну старонку, потым другую. А пазней пайшло, пайшло і паехала. Два тыдні так чытаў.

– І што ж там было? – зацікавіўся Прафесар.

– Пачакай! Не спяшы ўперад бацькі ў пекла! – буркнуў Філіп, які быў вельмі ганарысты.

– Ну, ну… Дык што ж там было? – Прафесар выказваў штораз большую зацікаўленасць.

– Што было?.. Што было?.. Тое было, што Зямля, – Філіп вылупіў і так вырачаныя наверх вочы, – круглая. – Злодзей акрэсліў у паветры кола далонню. – Як кавун. А мы на тым кавуне жывём… Па ім ходзім.

– Лухта… – трагічна ўздыхнуў і ўпершыню за ўсю размову адазваўся Гліст.

– Ну, а гэта значыць, – ажывіўся Баран, – не ўсе ходзяць нармальна… Некаторыя галовамі ўніз.

Гліст зайшоўся бязгучным смехам.

Прафесар хацеў нешта ўставіць, але Філіп затрымаў яго рухам рукі і далей цадзіў урачыста:

– І што яна… – тут ён зрабіў даўжэйшую паўзу, а потым кінуў, як бомбу, – круціцца!.. Як кола ў аўтамабілі, толькі яшчэ хутчэй…

Гліст знову зарагатаў.

– І што ў ёй усярэдзіне агонь заўсёды гарыць, а мы ходзім як па шкарлупінні ў яйку.

– Чаму ж тады ног не паапякаем?.. – зноў прашаптаў Гліст.

– А чаму нафта не запальваецца?.. Яна ж таксама ў зямлі? – Баран агаломшыў Філіпа сваім пытаннем.

– Менавіта. – згадзіўся Філіп, узняўшы ўгору бровы і пальцы. – Гэта ж я, хлопцы, з дому спачатку баяўся выйсці. А раптам, думаю, сарвуся з гэтага кавуна і палячу ў свет. Але пазней я зразумеў, што гэта ўсё абы-што. Нейкі фраер хацеў іншым фраерам пусціць пыл у вочы. Але я не дамся абуць мяне ў лапці, – пасля гэтых словаў Філіп шырока пазяхнуў і абвёў прысутных позіркам.

Прафесар быў што выбіты з сядла, але спрабаваў бараніць навуку. Ён зрабіў сур’ёзную міну, звёў бровы і выдаў:

– Ну, ведаеце, кніжка кніжцы не раўня, яны ўсялякія бываюць…

– Так, – згадзіўся Філіп. – Яны бываюць розныя: і тоўстыя, і тонкія, і з чырвонай вокладкай, і з зялёнай… з карцінкамі таксама ёсць. Але ніякага пажытку з іх няма. Толькі адно марнаванне паперы. А калі хто і ёсць разумнейшы, то не таму, што кнігі чытае, а толькі таму, што ён не лунае ў аблоках.

– А адкуль, – зрабіў пастку Прафесар, – людзі набіраюцца розуму, калі не з кніжак?

Філіп пагардліва прасоп і звысоку паглядзеў на Прафесара:

– Ад іншых разумных людзей вучацца. Вось што… Гэта як шчаня ад старога сабакі альбо кацянё ад ката і гэтак далей.

Навуковая дыскусія трывала б, магчыма, яшчэ доўга, але ў пакой увайшла Цыпа. Калі рудая Хана была вельмі прыгожая, то Цыпа – ейная сястра, старэйшая толькі на пару гадоў, – была нібы ўвасабленнем брыдкасці. Перадусім яна была неахайная: заўсёды запэцканы нейкім тлушчам перад сукні, з-пад якой вылазілі канцы паласатых мультановых панталонаў. Твар у яе быў кашчавы, зялёны, дэфармаваны. Губы сінія, бровы адсутнічалі. Павекі пачырванелыя. Вочкі ляталі ў налітых крывёй вачніцах. Валасы хутчэй папялістага колеру.

Цыпа падышла да Барана і, таямніча прымружыўшы адно вока, ціха прамовіла:

– Ну, і што пан Алік скажа?

– Жывецца памалу, – адказаў Баран. – Вось дай нам дзве пірамідкі сівухі, але ведаеш – мікалаеўскай. Глядзі толькі, занадта ўжо не падлізвайся. Я гэтага не люблю. Ну, і закускі.

– Ёсць шчупак па-нашаму…

– Давай!

– І булачкі… Салодкія, як цукеркі…

– Цягні!

Не паспела Цыпа выйсці з пакою, як дзверы адчыніліся, і ўсярэдзіну ўвайшлі два мужчыны. Адзін высокі, шчуплы, вельмі гнуткі і тонкі. У яго былі шэрыя вочы, густыя цёмныя бровы і вельмі сімпатычная ўсмешка. Гэта быў слынны варшаўскі злодзей – Янка Залаты Зуб. З прафесійных прычынаў залаты зуб даўно ўжо быў заменены на белы. Але мянушка пайшла за ім у свет. Другі мужчына быў сярэдняга росту. Ягоны твар меў вельмі правільныя рысы, але ў той жа час вельмі пасрэдныя. Вылучалі яго толькі надзвычай малыя, нібы жаночыя, прыгожай формы вушы. Гэта быў Казік Марацкі, віленскі злодзей і даўні супольнік ды калега Барана з работаў і турэмных адседак. Казік меў сваю прымаўку, – «той існы». А ягоны пінжак быў беспамылковым указальнікам настрою. Гэткі псіхалагічны барометр, як у Жардоня шапка, які бездакорна сведчыў пра настрой уладальніка: калі расшпілены, а рукі ў кішэнях – Казік пры грашах і добра пачуваецца; калі зашпілены – усё кепска, да халеры клопатаў, і ў дадатак мортус[15]15
  Мортус – галеча, дрэнная матэрыяльная сітуацыя.


[Закрыть]
даціскае… Затое Янка Залаты Зуб аніякага барометра не меў і заўсёды быў у цудоўным настроі. Ягонай любімай прымаўкай было: «Франак, не рабі ветру».

Калі новапрыбылыя пераступілі праз парог, Баран крыкнуў Цыпе, якая акурат выходзіла:

– Дадай яшчэ адну пляшку!

Казік Марацкі расказваў Барану пра Вільню:

– Паскудна там. Работы ніякай няма.[16]16
  Гаворка пра зладзейскую работу.


[Закрыть]
Усе ходзяць п’яныя з голаду. Увесь горад у стужках[17]17
  Лахманах.


[Закрыть]
шпацыруе. Цяпер троху лепей, але я быў на выставе[18]18
  У паліцэйскім вышуку.


[Закрыть]
. Думаю: паскудна! Калі мяне зноў павяжуць, то я загнуся на нарах, таму абрабіў локцеўку,[19]19
  Краму з тканінамі, якія мералі локцямі.


[Закрыть]
семдзесят сем рэчаў[20]20
  Адмычкі.


[Закрыть]
– за пас, і папёр сюды.

Пакуль кампанія размаўляла, папіваючы гарэлачку, у пакой увайшоў мужчына сярэдняга росту з вельмі вясёлай усмешкай і задаволеным позіркам. Уваходзячы, ён насвістваў нейкую полечку.

– Дзверы зачыняй! – кінуў яму ад стала Янка Залаты Зуб.

– Ён удома не меў дзвярэй, – сур'ёзна прабубнеў Філіп Лысы.

– А куды яны падзеліся? – падняў угору бровы Янка Залаты Зуб.

– Карова языком злізала… бо яны з саломы былі, – абвясціў Філіп.

Але новы госць, зусім не звяртаючы ўвагі на кепікі, пасвістваючы, прывітаўся з прысутнымі і свабодна размясціўся на крэсле, неяк міла і як бы крыху іранічна ўсміхаючыся. Гэта быў Пэт. Больш дакладна – паэт, але нехта, звяртаючыся да яго, згубіў гук «а», так і засталося. Злодзеі назвалі яго паэтам, бо ён вельмі любіў гаварыць у рыфму. Вось і цяпер, усеўшыся каля стала і, відаць, маючы на ўвазе ранейшыя насмешкі, ён прамовіў:

– За сталом сядзяць і сто слоў сіпяць.

– Ці бачыў ты кітайскага паэта? – запытаў у Янкі Філіп Лысы.

Той паціснуў плячыма.

– У Кітаі малююць паэта заўсёды вярхом на свінні, – не даваў спакою Пэту Філіп Лысы.

Пэт не пакрыўдзіўся і сказаў у адказ:

– Усё правільна! На свінні едзе, мае рысу місу, а свіння лыса.

Усе зарагаталі, зразумеўшы намёк на Філіпа. А Гліст гучна вытаптаў:

– Усё ў рыфму. Увесь час складна.

– Бо гаварыць я ўмею вельмі ладна, – працягваў Пэт.

Яны выпівалі вельмі ўмерана. Янка Залаты Зуб, робячы тэатральныя жэсты і міны, расказваў Прафесару пра нейкую сваю незвычайную работу. Прафесар прыкідваўся, што ўважліва слухае, а сам думаў пра нешта іншае.

– …Ну, разумееш, прыходжу туды і ломікам распорваю дзверы. Уваходжу: па-ла-а-ац!.. Адзін бліт[21]21
  Бліт – золата.


[Закрыть]
... Срэбра не бяру: цяжка несці! Толькі бліт і шкельцы[22]22
  Шкельцы – каштоўныя камяні.


[Закрыть]
… На шэсцьсот тысячаў усяго было. Ледзь я вынес… Так, братка, жылося. Чалавек не дбаў пра верх паліто – ён мог быць за пяцьдзясят рублёў, але падшыўка царская, за пяць тысячаў… Так…

Баран размаўляў з Казікам, а адным вухам слухаў Янкаву балбатню. Яго раздражняла, калі з камара каня рабілі, пагатоў гэта дазваляў сабе не шпанюга, а салідны злодзей, і ўцюхваў не фраеру, а таксама блатному. Калі Янка гаварыў пра пяць тысячаў за падшыўку паліто, то моцна перасалоджваў рэчаіснасць.

Неспадзявана ўвагу ўсіх прысутных прыцягнуў Гліст. Ён не звяртаўся ні да каго канкрэтна. Гаварыў, як звычайна, ціха і таямніча:

– Ведаеце, хлопцы, што мне прыснілася?.. Што курыца знесла яйка… Адышлася, глядзіць на яго і аблізваецца… Што б гэта значыла?

– Глупства, – вывеў Філіп Лысы.

– Сапраўднае глупства, – пацвердзіў Прафесар. – Бязглуздзіца і заалагічная немагчымасць.

Усе замаўкаюць і са схаваным захапленнем глядзяць на Прафесара. А той нацягнуў сціпленькі выраз твару: «Гэта яшчэ нічога. Пачакайце, я вам лепей загну».

– Добрае ў цябе логава? – запытаў Баран у Казіка.

– Не вельмі. Весела там, але неспакойна. Дзіва, што не хапануць усіх… Прыходжу я ўчора: грамафон раве, бутэлькі звіняць, печаная гусь на стале, па ложку Марыся свае граблі разваліла… Рай! Але калі так жыць, то раз-два – і павяжуць.

Баран хвіліну нешта абдумаваў, а потым сказаў:

– Хочаш, то дам табе іншую хованку. Там будзе і выгодна, і спакойна.

Ён меў на ўвазе сваю нядаўнюю кватэру ў Кацярыны Сперды.

– Дай пяць! – узрадаваўся Казік, працягваючы далонь.

Яны парукаліся.

– Маеш якія рэчы?

– Ёсць троху барахла.

– Я пашлю па іх Грамадзяніна. Ён мігам падскочыць. А потым пойдзем разам на Камароўку.

Баран выйшаў з пакою і знайшоў Цыпу. Загадаў ёй паклікаць Грамадзяніна. Гэта быў дэкласаваны інтэлігент. Некалі ён меў у Арле ўласную камяніцу і нейкі заводзік. Адтуль даў драпака ад бальшавікоў. У Менску ён пачаў круціцца сярод падазроных асобін. Пасярэднічаў на рынку ў продажы розных рэчаў. Пісаў злодзеям заявы і лісты. Урэшце прывык да іх і палюбіў. Яго заўсёды можна было знайсці на Нізкім рынку або ў бліжэйшых прытонах. Злодзеі адчувалі да яго пагарду як да шпагата, але сваімі добрымі манерамі ды ветлівасцю ён выклікаў і павагу. Часам з яго пакеплівалі, але ніколі не крыўдзілі.

Свет злачынцаў, у якім нечакана апынуўся Грамадзянін, яго спачатку напалохаў, але потым надзвычай зацікавіў. Ён зразумеў, што ў гэтым асяроддзі кіруюць крыху хаатычныя, але прадуманыя законы. Яму стала ясна, што ў ліхадзеяў існуе ўласная этыка, правілы, якіх нельга парушыць беспакарана; тут свае правы, традыцыі і звычаі. Ён знайшоў сярод злачынцаў шмат адметных людзей, арыгіналаў, якія мелі моцную волю і выбітныя здольнасці. Яго ўражвала тое, што яны, звычайна неадукаваныя і з амаль дзіцячымі ўяўленнямі пра тэарэтычныя навукі, былі ледзь не геніямі ў практыцы. Напрыклад, амаль беспамылкова маглі ацаніць любую асобу ў натоўпе. Іхныя вочы вычэплівалі адтуль шпіцля, бандыта, фраера… Гэта выглядала так, нібыта кожны чалавек меў у іх прылеплены цэтлік, які акрэсліваў ягоныя ўнутраныя ўласцівасці… і месца ў грамадстве. Спрыт злодзеяў (гаворка пра салідных злачынцаў, фірмовых, а не пра нікчэмных хапуноў і дылетантаў), іхняя хуткасць у працы і прыняцці рашэнняў ашаламлялі яго… Іх фанфаронства і самахвальства аднаго перад адным былі забаўнымі і хутчэй прываблівалі, чымся знеахвочвалі. Вялікае захапленне выклікала ў яго вернасць слову. Ён не ведаў выпадку, калі б злодзей (яшчэ раз зазначу – пародзісты) падвёў, не выканаў абяцання, выказанага нават без адмысловых закляццяў, як у грамадстве сумленных людзей. «Клянуся», – часта ляціць у паветра і, прагучаўшы, амаль адразу знікае. Слова злодзея мела для яго абсалютную каштоўнасць, бо яно ні разу яго не падвяло… Злодзеі часта з яго жартавалі, але гэта яго не абражала. Ён толькі распазнаў у іх незнарок вялікіх, шчодрых, добрых дзяцей, якія толькі таму сталі злачынцамі, што – найчасцей – былі занадта добрыя, шчырыя, адважныя, каб утульна пачувацца ў статку, каб не ўзбунтавацца, не пайсці ўласнай, хоць і рызыкоўнай сцежкай.

Паклікалі Грамадзяніна (яго знайшоў адзін са шматлікіх сыноў Цыпы; менавіта яны чуйна трымалі варту на вуліцы, і нішто не магло схавацца ад іхных вачэй). Грамадзянін увайшоў у памяшканне, адной рукой папраўляючы жахліва брудны і змяты каўнерык, а другой закручваючы вус. Яму было ўжо добра за пяцьдзясят. Ягоны твар быў з арыстакратычнымі рысамі, але разам з тым тыповы для п’яніцы. Ён павітаўся з усімі кіўком галавы, а Барану падаў руку.

– А што пан мае для мяне новага?

– Зараз скажу, – прамовіў Баран. – Махані, пане, сабе для разагрэву.

Калі Грамадзянін выпіў, Баран даў яму грошы, каб наняць фурманку, і загадаў забраць і прывезці сюды рэчы Казіка Марацкага.

Баран піў, размаўляў, слухаў жарты калегаў, але ягоныя думкі бесперастанку вярталіся да Паўлінкі. Нарастала ў ім, выбівалася з цёмных куткоў жыцця каханне да дзяўчыны, пачуццё, якога ён дагэтуль не зведаў, хоць меў шмат палюбоўніц. Сярод іх былі і выдры, ласыя на грошы, а былі і бескарыслівыя. Ён браў іх рэзка, амаль абыякава, часта з пагардай, але не кахаў аніводнай. Калі яму даводзілася чуць гісторыі пра палкае каханне, што нехта там ашалеў ад пачуццяў ці атруціўся, то Баран шчыра гэтаму дзівіўся і паблажліва ўсміхаўся. Ён лічыў гэта дурноццем, перабольшаннем альбо своеасаблівай «малахольнасцю». Цяпер і яго гэта закранула. Неспадзеўкі, напоўніцу – як гарачка.

Казік Марацкі, які ведаў Барана шмат гадоў, заўважыў што прыяцель надзіва сумны і няўважлівы.

– А што ты такі, як лімон укусіўшы?.. Нос звесіў?.. Га?..

– Галава баліць, – адказаў Баран.

– І я, халера, хварэю, – прызнаўся Казік. – Згаладаў у Вільні ў кічы. Ужо думаў, што дам дуба… Калі б распрануўся, то адныя косткі.

– Тут адрамантуешся, – кінуў збоку Філіп.

– Акрыяеш, як чорт на жуках у траўні, – дадаў Янка Залаты Зуб.

– З аднаго боку, гэта рацыя, а з другога – сітуацыя, – улез Пэт.

Прафесар, дзівачна дэфармуючы гумовы твар і рысуючы пальцамі ў паветры, расказваў Глісту пра свой арышт:

– Кажа мне: ты рэцывіліст і таму будзеш тэрмінова адданы пад нагляд паліцыі. А я да яго: вы не можаце быць такім нетактоўным.

Гліст хруснуў суставамі рук і ціха прамовіў:

– Хацелі цябе засадзіць.

Філіп Лысы, які некаторы час прыслухоўваўся да іхных размоў, нічога не зразумеў і пагардліва засоп носам:

– Размаўляюць, як курыца з ракам.

– Альбо як пятрушка з пастарнакам, – дадаў Пэт.

Зрабілася цёмна. Цыпа запаліла лямпу, якая вісела на дроце пад столлю. Баран, Казік Марэцкі, Янка Залаты Зуб і Філіп Лысы абмяркоўвалі падрабязнасці запланаванага на найбліжэйшыя дні крадзяжу. Работу знайшоў Філіп Лысы. Гэта быў нядаўна адкрыты на вуліцы Каломенскай паліцэйскі кааператыў. Філіп даўно заўважыў, што рамантуюць стары занядбаны будынак. Час ад часу, прагульваючыся побач, ён сачыў за працэсам. Калі будынак быў папраўлены, яго пачалі абсталёўваць унутры. Такія новыя крамы – гэта мілая знаходка для злодзеяў, бо звычайна іх слаба і няўмела ахоўваюць. На гэты раз работа асабліва зацікавіла Філіпа тым, што памяшканне належала паліцыянтам. Філіп штораз часцей з’яўляўся на Каломенскай вуліцы і альбо мімаходзь прыглядаўся да паступовага заснавання кааператыву, альбо хітра распытваў людзей, якія працавалі ў памяшканні, пра розныя цікавыя для яго дэталі. Ён рабіў гэта, прыкрываючыся тым, што сам хоча ўзяць у арэнду памяшканне пад гандаль, або, як купец, прапаноўваў матэрыялы, патрэбныя для абсталявання крамы… Над дзвярамі крамы нарэшце з’явілася новенькая шыльда. Унутры ўсё ўжо было даведзенае да ладу, аднойчы туды пачалі завозіць тавары: соль, муку, каву, крупы, гарбату і гэтак далей. Філіп паведаміў супольнікам пра новую работу. Краму дакладна агледзелі, але пастанавілі пачакаць лепшага тавару. Неўзабаве ў кааператыў, які распачаў сваю дзейнасць, даставілі партыю мануфактуры, а назаўтра падвезлі шмат рознага абутку і скуры на падэшвы. Злодзеі пагадзіліся, што работа ўжо саспела, і варта было абрабіць павука. Акурат цяпер яны раіліся, як правесці крадзеж.

Баран слухаў, не ўдзельнічаючы ў нарадзе, хоць ягонае меркаванне цанілі найбольш. Ён слухаў, бо дакладна не ведаў усіх акалічнасцяў, толькі чуў ад калегаў. Янка прапанаваў махануць павука вечарам, адразу ж пасля закрыцця крамы. Філіп пагаджаўся з ягоным планам. Але Казік не выказаў вялікага энтузіязму і праз момант звярнуўся да Барана:

– А ты як думаеш?

Баран паклаў далонь на стале і сказаў павольна, рашуча:

– Першы раз трэба ўсё зрабіць чыста. Нічога не пакінуць… Трэба мянтам нос уцерці як мае быць… Найлепш абрабіць павука ўдзень… Падчас перапынку на абед… Прыехаць з патокам[23]23
  Паток – воз.


[Закрыть]
, загрузіць усё, і да скупшчыка… За дзве гадзіны можна і работу скончыць, і тавар скупшчыку завезці, і паток на месца даставіць…

Усе маўчалі, пагрузіўшыся ў думкі, узважвалі прапанову. Іх агаломшыла прастата Баранавага плану. Яны адразу ж зразумелі, што гэткі спосаб работы будзе самы прыбытковы, самы бяспечны, а разам з тым і вельмі эфектны. Яны пачалі з запалам абмяркоўваць дэталі задання. Апошняя цяжкасць – як раздабыць павозку. Баран узяў гэта на сябе (ён хацеў вырашыць гэту справу з дапамогай Стася Рамізніка, які мог бы – як меркаваў Алік – даць свайго каня, а воз – пазычыць у Шлемы Гоя, знайшоўшы адпаведную прычыну). Злодзеі пастанавілі цюкнуць мянтоў адразу, як толькі Баран знойдзе павозку. А Баран намерваўся зрабіць гэта яшчэ сёння. Заўтра ўсе акалічнасці мелі канчаткова высветліцца, і тады быў бы прызначаны дзень крадзяжу.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю