355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сяргей Пясецкі » Яблычак » Текст книги (страница 12)
Яблычак
  • Текст добавлен: 26 июня 2019, 15:00

Текст книги "Яблычак"


Автор книги: Сяргей Пясецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 14 страниц)

13
ЛОМАМ, АДМЫЧКАЙ І СВЕРДЛАМ…

Філіп у элегантнай вопратцы самавіта прахаджваўся па вуліцы каля малочнай крамы, а ў ягоных рухах адчувалася лёгкая стома. Надзімаючы губы, ён звысоку глядзеў на сустрэчных мінакоў. На жанчын жа ён кідаў прагныя позіркі. Такі сабе багаты сталы пан, які выйшаў на шпацыр.

Алік Баран і Ясь сядзелі на лавачцы ў скверы. Адтуль было добра відаць дзверы крамы. Алік і Ясь не размаўлялі. Чакалі.

Надышла шостая гадзіна. Праз некалькі хвілінаў краму пакінулі ўсе кліенты, а яшчэ крыху пазней – персанал. Гаспадар крамы і ягоная жонка выйшлі апошнімі. Уладальнік замкнуў адны дзверы, другія, потым сцягнуў уніз гафаваныя жалезныя жалюзі, на якія ўнізе таксама павесіў замок, смешна пры гэтым прысеўшы на кукішкі.

Ясь увесь час сачыў за людзьмі, якія выходзілі з крамы. Ён пазнаў усіх. Унутры ніхто не застаўся. Хлопец устаў і пайшоў па алеі, потым перайшоў вуліцу і ходнікам пакрочыў у браму будынку, у якім месцілася крама. Баран ішоў за ім.

На лесвічнай клетцы было ціха і цёмна. Баран прыслухаўся, а потым пачаў сваімі зладзейскімі прыладамі адмыкаць замок. Той напачатку не паддаваўся, бо быў моцна ржавы. Нарэшце яму ўдалося два разы перакінуць язычок замка, які гэтак не хацеў паддавацца. З навясным замком Алік справіўся хутка, адамкнуў яго шылам і зняў са скобаў.

Цяжкія жалезныя дзверы паволі і са скрыпам адчыніліся. Ясь пасвяціў ліхтарыкам і праслізнуў у цёмны пакойчык. Баран прычыніў за ім дзверы і зноў усунуў навясны замок у скобы. Замкнуўшы замок, ён выйшаў на вуліцу. Перад крамай, нібыта выпадкова, ён сустрэўся з Філіпам. Яны парукаліся і сталі насупраць вітрыннага акна крамы. Размаўляючы, засланялі сабою ўнутраную частку крамы. Выглядалі яны прыстойна і самавіта. Хвіліны ляцелі, а Яся ўсё не было. Баран пачаў хвалявацца. Ён зіркаў збоку праз вітрыны ўнутр крамы і не пабачыў там хлопца.

«Можа, здрэйфіў?» – падумаў Алік.

Ясь жа наткнуўся на непрадбачаную перашкоду. Дзверы, якія вялі з малога пакойчыка ў гандлёвую залу, былі замкнёныя. Ясь спрабаваў выламаць іх шабрам, але яны былі гэтак глыбока засаджаныя ў праём, што нельга было закласці шабер знутры, каб вырваць завесы або сагнуць засаўку. Хваляванне ўсё больш узрастала. Ясь пераймаўся, што справа можа не выгараць, і баяўся магчымай незадаволенасці калегаў. Свецячы ліхтарыкам, ён пачаў уважліва даследаваць дзверы. Нарэшце ён згадаў, што Баран раней казаў пра дзвярныя ўстаўкі. Алік звярнуў некалі ўвагу, што гэтыя часткі – самыя слабыя месцы, і іх можна лёгка выразаць, а часам нават проста выпхнуць каленам ці рукамі. Акурат у гэтых дзвярах былі ўстаўленыя панэлі. Ясь дастаў нож і ўбіў яго ў глыбока ўвагнутую, прадаўгаватую частку панэлі. Адразу ж узнікла доўгая вузкая адтуліна. Каб паскорыць працу – а шуму ён не баяўся, – ён заклаў у дзірку шабер і адным рухам выламаў з панэлі вялікі кавалак дошкі. Рэшта панэлі пайшла хутка. Зрабіўшы квадратны ход у дзвярах, Ясь пралез праз яго і апынуўся ў краме. Дзверы былі замкнёныя на засаўку і на замок. Ясь пакінуў іх і не займаўся адмыканнем. Каб вярнуцца назад, яму хапала і адтуліны ў дзвярах.

Ясь пабачыў праз акно Барана і Філіпа, якія стаялі на вуліцы. За імі час ад часу праходзілі мінакі. Ясь адным духам падскочыў да касы. Гэта быў высокі драўляны столік з нахіленай стальніцай і дзвюма шуфлядамі ніжэй. Шуфляды і верхняя скрынка былі замкнёныя.

Баран з вуліцы імгненна заўважыў з’яўленне Яся ў краме і выцягнуў з кішэні газету. Калегі сталі звонку адмыслова, каб як мага лепей засланіць унутраную частку крамы і касу, якая месцілася побач з прылаўкам. Яны праглядалі газету, жэстыкулявалі, нешта ў ёй каментавалі. Выглядалі як двое самавітых гараджанаў: багаты пан і заможны цясляр або слесар, якія дамаўляюцца пра нейкую гандлёвую або будаўнічую справу.

Ясь мігам выламаў шабрам замок верхняй шуфляды. Там былі бухгалтарскія кнігі, паперы, рахункі і скрыначка з дробнымі грашыма. Пасля гэтага ён павыцягваў ніжнія шуфляды. Там ляжалі тоўстыя пачкі банкнотаў, аклееныя папяровымі стужкамі, на якіх значыліся сумы грошай у кожным з пачкаў. Ясь расставіў шуфляды на падлозе, прысеў каля іх і пачаў складаць пачкі банкнотаў у прынесеную з сабою падарожную торбу. Затым ён хутка, але дакладна пераправерыў касу, зачыніў верхнюю покрыўку, каб звонку не было відаць слядоў узлому, выцягнутыя шуфляды ён засунуў пад прылавак і пералез з крамы ў цёмны пакойчык. Там ён выняў са скрынак некалькі квадратных сыроў, запакаваных у алавяную фольгу, і некалькі кавалкаў масла. Харчы ён склаў асобна ў досыць вялікую торбу. Стаў пры дзвярах на чорную лесвіцу і чакаў. Неўзабаве нехта пастукаў у дзверы звонку – некалькі разоў па два ўдары запар. Ясь адстукаў гэтаксама. Дзверы ў той жа час расчыніліся, і Ясь выбраўся на чорную лесвіцу. Баран зноў зачыніў дзверы і павесіў на скобы навясны замок. І нават яго замкнуў. Слядоў узлому нельга было заўважыць ні з вуліцы, ні з чорнага ўваходу.

Баран забраў у Яся цяжкую торбу з сырамі і маслам і наказаў яму ісці з грашыма дадому. Выйшаўшы на вуліцу, Алік сеў з Філіпам у дарожку і паехаў на Залатую Горку. Фурману яны заплацілі на вуліцы Даўгабродскай, а адтуль пехатою пайшлі дадому. Ясь прыйшоў на дзесяць хвілінаў пазней.

Паўлінка нешта гатавала пры пліце. Алік замкнуў на кручок дзверы ў яе пакой, а Ясь урачыста высыпаў на падлогу грошы.

– Палічы і падзялі на тры долі, – сказаў яму Баран.

Ясь досыць хутка палічыў грошы, не разрываючы пачкаў. А потым падзяліў усё на тры роўныя часткі. Кожнаму дасталася досыць вялікая сума. А Яся разбіралі гонар і радасць, што ён гэтак добра з усім справіўся. Ён падрабязна расказаў, як працаваў унутры. Баран маўчаў. Філіп, як заўсёды, пагардліва надзімаў губы, але, калі Ясь закончыў, ён сур’ёзна адзначыў:

– Трэба гэта замачыць… На ўдачу… Я стаўлю… А на кабар можна яго ўзяць… Ён падыходзіць, – пасля гэтых словаў Філіп гучна пазяхнуў.

На вуліцы Петрапаўлаўскай была крама, дзе прадавалі галантарэйныя і касметычныя тавары. Тут можна было купіць розныя рэчы: панчохі, шкарпэткі, падцяжкі, кашалькі, ліхтарыкі, парфуму, пудру, гульнёвыя карты, цацкі для дзяцей, бялізну. Філіп зацікавіўся той крамаю адмыслова. Купляў там цыгарэты, запалкі, а адначасова да ўсяго прыглядаўся. Нарэшце вырашыў браць павука. У якасці супольніка запрасіў Барана. Паколькі справа патрабавала трох чалавек, ён згадзіўся ўзяць і Яся, які вельмі добра праявіў сябе падчас папярэдняга задання.

У суботу вечарам, калі ўжо сцямнела, Ясь і Баран пайшлі ў горад. З Філіпам яны спаткаліся на Петрапаўлаўскай. Злодзей быў апрануты ў рабочы касцюм. Пад пахай у яго была старая тэчка, а руках – парасон. У тэчцы былі прылады для работы: корба, свердлы, пілка, шабер, канат і вяроўкі.

Вечар быў досыць цёмны. Філіп і Баран з падворку ўзлезлі на вялікую сметніцу, адтуль на дах нізкай прыбудоўкі. Яны ціха выламалі дзве дошкі, а праз адтуліну залезлі на паддашак аднапавярховага будынку, у якім месцілася крама.

Работа была цяжкая. Па двары і па ходніку, адразу каля крамы, увесь час хадзілі людзі. Шум на паддашку маглі лёгка пачуць, таму праца была вельмі складанай. Ясь застаўся звонку, каб вартаваць. Ён набраў у кішэнь шмат дробных каменьчыкаў, і калі б раптам нешта здарылася, ён мусіў шпурляць імі ў дах, гэтак даючы сігналы калегам. Дах быў пакрыты бляхай, таму кожны ўдар каменьчыка быў бы добра чутны з сярэдзіны. Удар адным каменем быў перасцярогай, два камяні, кінутыя адзін пасля аднаго, азначалі, што можна працаваць далей. Калі б небяспека была вельмі сур’ёзнай, то Ясь мусіў свіснуць на пальцах.

Хлопец хадзіў вуліцай перад крамаю. Заходзіў на падворак. Ішоў у прыбіральню і адтуль праз шчыліны пільна да ўсяго прыглядаўся. Праз момант ён пачуў досыць выразнае скрыгатанне пілы. Ён кінуў камень на дах. Скрыгат перарваўся. Праз хвіліну Ясь кінуў два камяні і ўважліва прыслухаўся. Яго вушы выхапілі невыразны шум свердла. Ясь палічыў, што гэтага гуку ніхто не пачуе, таму больш і не папярэджваў калегаў.

Філіп і Баран ачысцілі на паддашку вялікі кавалак падлогі, згарнуўшы на бок пясок, якім быў прысыпаны першы слой дошак. Потым яны пачалі свідраваць дзіры ўпоперак лініі дошак. Калі яны выкруцілі больш за дзясятак дзірак у адлегласці каля сантыметра адна ад другой, то пілой пачалі праразаць прастору паміж імі. Адсюль і ўзнік шум, які Ясь прыпыніў ударам каменя аб дах. Калегі перасталі працаваць, але адразу ж пачулі ўдары двух наступных каменьчыкаў і зразумелі, што мусяць быць цішэйшымі. Яны адклалі ўбок пілку і рэзалі дрэва паміж дзіркамі нажом або рвалі шабрам.

Калі ім удалося зняць частку верхніх дошак, то ўтварылася чатырохвугольная адтуліна дыяметрам больш за метр. Пад дошкамі быў тоўсты слой гліны і моху. Калегі выбралі гэта з дапамогай шабра і выкінулі ўсё на падлогу паддашка. Паказаліся дошкі, якія ўтваралі сапраўдную столь памяшкання, якое было пад імі.

Філіп высвідраваў пасярэдзіне гэтага квадрата чатыры дзіркі. Яны былі шчыльна размешчаныя адна каля адной і амаль злучаліся сваімі краямі. Ён выразаў прастору паміж імі нажом і выняў чатырохвугольны кавалак дошкі, з якой адпаў тынк, узняўшы ў краме досыць вялікі шум. Ясь зноў іх перасцярог, кінуўшы каменьчык у дах.

Затым супольнікі ўсунулі праз дзірку парасон, які, пакруціўшы ручкай, раскрылі. Да некалькіх канцоў парасонавых спіраў былі прывязаныя моцныя, але тонкія шнуркі. Яны мелі захаваць парасон, каб той не зламаўся і не паляцеў уніз, калі б са столі ў яго ўпала шмат абломкаў тынку. Раскладзены парасон затрымліваў тынкоўку, якая адлятала зверху, і не даваў ёй біць шкло ў вітрынах і на прылаўку ды ўзнімаць шум.

Калегі выразалі дзірку і ў другім слоі дошак, паўтарыўшы ўсё тое ж, што яны рабілі папярэдне. Праўда, цяпер адтуліна была крыху вузейшай, але, нягледзячы на гэта, праз яе лёгка можна было пралезці ў краму. Супольнікі ачысцілі ад смецця, гліны і пяску краі дзіркі, і Баран спусціўся па вяроўцы ўніз. Там ён няспешна і дакладна пазасланяў вялікімі кавалкамі кардону вокны і дзверы, каб ніводзін прамень святла не прабіўся вонкі… Так зрабіць ён вырашыў хутчэй праз асцярожнасць, бо і на дзвярах, і на вокнах былі жалезныя жалюзі. Але калегі планавалі працаваць са святлом, каб ахайна спакаваць тавар, а нават самая малая незаўважаная шчыліна магла іх выдаць. Калі Баран скончыў засланяць вокны і дзверы, даў сігнал Філіпу, а той рассунуў дошкі па паддашку і ціхенька паклікаў Яся, шэптам наказаўшы яму праверыць з вуліцы, ці не відаць святла. Хлопец неўзабаве вярнуўся і далажыў, што ў краме зусім цёмна. Філіп загадаў яму залезці на гарышча. Абодва яны праз адтуліну ў дошках злезлі па вяроўцы ў краму. Там было светла. Баран запаліў некалькі свечак і пры іх святле сартаваў тавар.

Яны расклалі на падлозе асобнымі кучкамі розныя віды тавару. Перад гэтым рэчы трэба было дастаць з апанавання і скрыначак, каб яны займалі менш месца. Гэта было заданне Яся і Барана. Філіп жа складаў рэчы ў прадаўгаватыя пакункі, якія было б зручна падаваць наверх. Паперы, каб абгортваць пакункі, і шнуркоў для абвязвання ў краме было навалам, таму Філіп тут не ашчаджаў.

Калегі не спяшаліся. Часу ў іх было дастаткова. Працаваць яны пачалі ў суботу вечарам, а назаўтра, у нядзелю, усе крамы былі зачыненыя, таму забраць тавар яны планавалі толькі ў нядзелю пад вечар.

Праз некалькі гадзінаў праца была скончаная. Найлепшы тавар яны спакавалі ў 15 скруткаў. У краме засталіся толькі танныя рэчы, якія займалі шмат месца, напрыклад, кардон, пакавальная папера, сшыткі, дзіцячыя цацкі, розныя дробязі са шкла і гэтак далей.

На світанні калегі вылезлі з крамы. Пакункі з таварамі яны дасталі на гарышча праз адтуліну ў столі і паклалі іх каля расхістаных дошак, адсунуўшы якія, можна было выйсці на дах прыбудоўкі.

Калегі дамовіліся, што Ясь і Баран прыедуць па тавар пасля змяркання на возе, які пазычаць у Стася. Філіп меў чакаць іх на вуліцы.

Пасля ўсяго паны-злодзеі пайшлі дадому адпачываць, на што яны заслужана мелі права.

Назаўтра ўвечары Ясь і Баран прыехалі фурманкай на Петрапаўлаўскую вуліцу. Стась прыпыніў каня каля брамы непадалёк і злез з казлоў. Тут ён меў чакаць тавар.

Філіп залез на дах прыбудоўкі, а адтуль на паддашак будынку, дзе была крама. Пакункі з рэчамі ён проста скідваў на дзядзінец, а Ясь і Алік збіралі іх і выносілі на вуліцу. Праз некаторы час цалкам загружаная павозка, у якую сеў таксама Баран, выехала з вуліцы Петрапаўлаўскай. Ясь і Філіп пайшлі да скупшчыка пехатою.

Гэтую працу знайшла Кітайка. Гэта была адна з найлепшых наводчыц. Дзяўчына некалі сама працавала на шапенфельдзе[33]33
  Шапенфельд, шоп – крадзеж у краме падчас купляння.


[Закрыть]
. Потым, калі паліцыя схапіла ейнага каханка, зрабілася наводчыцай. Кантакты яна падтрымлівала, аднак, толькі з найлепшымі злодзеямі – калегамі былога палюбоўніка.

Кітайка была вельмі спрытная і асцярожная. Звычайна яна наймалася ў якасці служанкі ў багатыя дамы. Там яна працавала некаторы час, а калі ўжо выведвала да драбніцаў усе падрабязнасці, якія яе цікавілі, то адразу ж звальнялася. Падставай была звычайна смерць маткі ў вёсцы або выхад замуж. Аднак пра работу яна паведамляла не адразу, а крыху чакала, каб крадзяжу не звязалі з ейным сыходам са службы. Толькі праз нейкі час яна дамаўлялася з фірмовымі злодзеямі, даючы ім наводку, а раз-пораз і сама брала ўдзел у крадзяжах у якасці свечкі. Ёй найлягчэй было падаць сігнал злодзеям, калі ў кватэру вяртаўся нехта з дамачадцаў, бо яна ведала ўсіх з твару. За наводку Кітайка атрымлівала дваццаць працэнтаў прыбытку з выкананага задання.

Калі работа, пра якую тут ідзе гаворка, паспела, Кітайка паведаміла пра яе Барану. Разам яны пайшлі на Садовую вуліцу, і дзяўчына паказала Аліку патрэбную кватэру. Яна падрабязна акрэсліла размяшчэнне пакояў і дала ёмістыя звесткі пра лад жыцця гаспадароў.

Інфармацыя была такая. На вуліцы Садовай быў дом, які стаяў у глыбіні падворку, не пры самай маставой. У тым доме жылі маладыя сужэнцы – заможныя габрэі. Жонка была дачкой уласніка вялікага складу гаспадарчых тавараў, а муж быў адным з уладальнікаў пункту абмену валютаў, а ў часе вайны ён разбагацеў на пастаўках харчоў і абмундзіравання ў войска. Акрамя гэтага, ён быў вядомым у Менску нелегальным скупшчыкам каштоўных папераў. Злодзеі не разлічвалі на вялікую здабычу, бо гаспадары не трымалі гатоўкі ўдома, зрэшты, грошы былі ўвесь час у абарачэнні. Затое пара мела шмат шыкоўных рэчаў: футраў, гарнітураў, бялізны і посуду.

Баран, Казік Марацкі і Ясь параіліся і пастанавілі абрабіць жытло ўначы, калі гаспадары будуць удома. На гэта іх схіліла такая акалічнасць, што фраеры мелі пры сабе біжутэрыю і наяўныя грошы. Казік Марацкі прапанаваў гранду. Але Баран не пагадзіўся. Ён не любіў рабаўнічых нападаў. Грандай ён займаўся скрайне рэдка, бо лічыў яе агромністай рызыкай, якая найхутчэй вядзе ў рукі паліцыі. За гранду пагражала таксама вялікая кара, прычым у ваенныя часы за яе прысуджалі да смяротнага пакарання. Акрамя таго, ён меркаваў, што спрактыкаваны злодзей не павінен займацца прымітыўнай работай, якая не патрабавала ведаў і прафесійнага спрыту. Усе згодна прынялі план Барана і разышліся.

У наступную нядзелю вечарам Ясь і Казік Марацкі шпацыравалі ходнікам па вуліцы Садовай. Баран прахаджваўся па другім баку вуліцы. Пад руку яго трымала пераапранутая Кітайка, якую зусім нельга было пазнаць у новым убранні. Гэты мілы шпацыр трываў даволі доўга, аж пакуль Кітайка не сказала: «Ідуць!» Пасля гэтых словаў яна развярнулася і павяла Аліка ў іншы бок. Неўзабаве яе з Бараном абагналі маладыя габрэйка і габрэй, якія ішлі пад руку. Баран ведаў ідыш і, ідучы за імі ззаду, некаторы час прыслухоўваўся да размовы. Габрэі размаўлялі, што праўда, па-расейску, але шчодра перасыпалі расейшчыну словамі са сваёй мовы. На рагу вуліцы Захар’еўскай Баран развітаўся з Кітайкай і пайшоў да калегаў.

Было вядома, што пакаёўка габрэяў мела вольны час з нядзельнага абеду да раніцы панядзелка, і яе не было ўдома. Аднак Казік пайшоў да парадных дзвярэй і доўга званіў. Натуральна, што можна было прадбачыць, яму ніхто не адчыніў. Кітайка расказала ім, што габрэі па вечарах у суботы і нядзелі звычайна ішлі ў тэатр «Рэнесанс» на аперэтку ці наведвалі Гарадскі тэатр. Часам ішлі ў госці да родных і вярталіся досыць позна. У такіх умовах абакрасці кватэру было вельмі лёгка, але калегам было важна здабыць таксама грошы і каштоўнасці, якія маладая пара трымала пры сабе.

Алік і Ясь увайшлі ў веранду. Было цёмна. Ад ветру шапацелі лісты садовых дрэваў, якія раслі каля дому. Казік застаўся пры брамцы, якая вяла з падворку ў сад. Баран павольна ўсунуў у шчыліну пад форткай тонкі стальны пруток, які прынёс у шапцы. Усунуўшы, ён пачаў падымаць пруток уверх і крыху наўскос. Калі той уткнуўся ў кручок, на які была замкнёная фортачка, Баран напружыў руку і моцным рухам уверх адшчапіў яго. Фортка была адчыненая. Цяпер можна было лёгка адамкнуць аконную зашчапку і адчыніць усё акно… Злодзеі ўлезлі ў дом і апынуліся ў ядальні. Дзверы ў іншыя пакоі былі пазамыканыя. Арыентуючыся ў размяшчэнні пакояў, Баран адамкнуў адмычкай дзверы ў спальню. Скупыя прамені ліхтарыка, які Баран прыкрываў пальцамі, вырывалі з цемры дарагую мэблю і аздобы.

– Гэтым дык жывецца, – прамармытаў сабе пад носам Баран не то з захапленнем, не то са злосцю.

Ясь і Баран даследавалі спальню, бо хацелі знайсці патрэбную хованку. Пра яе згадвала і Кітайка. Хутка яны выкрылі каля ссунутых ложкаў вялікую нішу ў сцяне. Магчыма, што некалі тут былі дзверы, а потым іх заклалі цэглай. Гэтая ніша звонку была завешаная вялікай шчыльнай фіранкай. За ёй стаялі два кашы з лазы і некалькі скрыначак. За кашамі было дастаткова месца, каб там мог стаць або нават сесці чалавек. Баран пераклаў на бок розныя дробязі, якія маглі б упасці і нарабіць шуму пры неасцярожным руху. Пасля гэтага Ясь праслізнуў за кашы.

– Зручна там табе? – запытаў Баран.

– Так.

– Адтуль табе будзе відаць цэлы пакой. Глядзі толькі, будзь асцярожны, калі будуць класці туды грошы і ключы. На табе рулю.

Баран падаў Ясю зараджаны рэвальвер ды забраў у яго чаравікі. Потым яны замкнулі акно і фортку, якія выходзілі з ядальні на веранду, зайшлі ў спальню і прычынілі за сабою дзверы. Баран адчыніў акно і вылез у сад. Ясь зашчапіў за ім акно і падцягнуў да акна столік з кветкамі. Цяпер усё выглядала, як і раней.

Ясь застаўся адзін. За пасам у яго быў рэвальвер, калі б раптам здарыўся шухер[34]34
  Шухер – небяспека.


[Закрыть]
. Ён ціха хадзіў у шкарпэтках па спальні і аглядаў яе, асцярожна свецячы прыкрытым ліхтарыкам. Шафы былі пазамыканыя. Але шуфляды туалетнага століка былі адчыненыя. Ён праверыў іх. Там было шмат скрыначак для біжутэрыі. Некаторыя з іх былі пустыя, у іншых ляжалі пярсцёнкі і брошкі. Ясь нічога не чапаў. Ён перагледзеў на туалетным століку безліч флаконаў з парфумай, разнастайныя скрыначкі і бутэлечкі з касметычнымі рэчывамі. Раптам ён спалохана адскочыў. А потым напаўголасу рассмяяўся. Яго напужаў уласны твар і вочы, што адбіліся ў люстэрку ў святле ліхтарыка.

Гадзіны цягнуліся бясконца. Ясь стаміўся ад чакання. Толькі каля поўначы ён пачуў скрып дзвярэй, якія нехта адчыняў. Ён заскочыў за фіранку і заняў сваё месца за кашамі. Пры гэтым праверыў, ці добра хавае нішу заслона. Прысеў. Устаў. Яшчэ раз пасвяціў ліхтарыкам на падлогу, каб праверыць, што яна пустая і на ёй няма ніякіх рэчаў. Дакрануўся рукою да рэвальвера і чакаў. Ён адчуваў лёгкае хваляванне, але ні каліва не баяўся. Упэўненасці яму дадавала зброя, а таксама ўсведамленне таго, што ягоныя калегі – зусім блізка, у садовай альтанцы. Між імі было дамоўлена, што калі выпадкова гаспадары выкрыюць прысутнасць Яся, то хлопец загадае ім узняць рукі ўверх і легчы на падлогу тварам уніз. Толькі тады ён павінен адчыніць акно ў сад і ўпусціць калегаў. Страляць было нельга. Хіба толькі ў крытычнай сітуацыі дзеля абароны жыцця.

Да вушэй Яся з ядальні даляцеў звон посуду.

«Пэўна, вячэраюць», – падумаў хлопец.

Нарэшце ў дзвярах спальні заскрыгатаў ключ. Потым пакой заліло лагоднае святло ад вялікай лямпы, якая вісела пад столлю. Абажур лямпы быў бледна-жоўты і сваёй формай нагадваў яблык. Пры святле Ясь пабачыў досыць мажнога габрэя гадоў трыццаці пяці і зусім маладзенькую габрэйку, вельмі прыгожую і зграбную. Ёй было не больш за сямнаццаць. Мужчына быў добра пад мухай. Ён недарэчна жартаваў і пахлопваў жонку па целе, перашкаджаючы ёй рассцілаць ложак.

– Супакойся ўжо троху, – раздражнёна сказала маладая габрэйка.

– Навошта супакойвацца? Супакойвацца трэба будзе ў ложку, – зарагатаў муж, ляніва распранаючыся.

Ясь заўважыў, што пінжак ён павесіў на спінцы крэсла, а порткі склаў на сядзенне. Гаспадар дастаў залаты гадзіннік з вялікім, масіўным ланцужком, накруціў яго і паклаў на начным століку. Туды ж ён адклаў два залатыя персцені. Ягоная жонка зняла бранзалет, пярсцёнкі і калье. Усё гэта яна склала на туалетным століку. Потым яна цалкам паскідала ўсё адзенне і нацягнула на голае цела халат. Ясь з цікавасцю глядзеў на прыгожую жанчыну, і тут яму ўзгадаліся тыя жанчыны, за якімі ён падглядаў з дзядзькам у лазні.

Габрэйка пайшла ў пакой для мыцця. Вярнулася праз чвэрць гадзіны. Прысела да туалетнага століка і пачала расчэсваць валасы. Потым спальня напоўнілася далікатным пахам парфумы. Нарэшце яна зняла халат і надзела начную кашулю.

– А ты не будзеш мыцца? – запытала яна ў мужа, забіраючыся пад коўдру.

– Мужчынам гэтага не трэба многа, як жанчынам. Вада – для жанчын, а для мужчын – водка, – адказаў сужэнец, а потым нешта прамовіў на ідыш, чаго Ясь но зразумеў, ды гучна рассмяяўся.

– Ты, мусіць, дурнаваты, – сказала жонка.

Было відаць, што яна злуецца.

Муж перасунуўся са свайго ложка на ложак жонкі, які стаяў прысунуты побач, і пачаў шэптам прасіць у яе прабачэння і лашчыць. Жонка прыняла гэта без энтузіязму. Далей Ясь стаўся сведкам непрыемных для вачэй пяшчотаў і фізічных стасункаў паміж брыдкім тоўстым мужчынам, ад якога несла потам, з прыгожай жанчынай, якая мусіла падпарадкавацца ягонай волі.

Ужо было далёка за поўнач, а сужэнства ўсё яшчэ не спала. Жонка зноў пайшла ў ванны пакой. Габрэй на момант выйшаў у яданьню і прынёс адтуль вялікі яблык. Насвістваючы нейкую арыю з аперэткі, ён разламаў яблык на дзве часткі і пачаў есці. Калі вярнулася жонка, ён прапанаваў ёй другую палову.

– Дай ужо мне паспаць, – адказала габрэйка, залазячы ў ложак і шчыльна ахутваючыся коўдрай.

Муж яшчэ некаторы час варочаўся ў ложку, потым устаў, згасіў лямпу пад столлю і запаліў маленькую блакітную лямпачку, якая вісела на сцяне над узгалоўем ложка. Неўзабаве ён заснуў амаль адразу пачаўшы скрыгатаць зубамі і пачварна храпці.

Ясь ціхенька выбраўся са сваёй хованкі. Падышоў да туалетнага століка і пазбіраў з яго біжутэрыю, асцярожна высунуў шуфляды і сабраў рэшту ўпрыгожанняў і скрыначак. Потым ён дастаў кашалёк з пінжака, які вісеў на крэсле, і старанна абшукаў усе кішэні. У адной з іх знайшоў вялікі жмут банкнотаў, а з портак асцярожна выняў звязку ключоў. Потым забраў са століка каля ложка залаты гадзіннік. Ён паглядзеў на твар габрэя – мужчына ляжаў на спіне і безупынна хроп, брыдка разявіўшыся. Галавы габрэйкі амаль не было відаць з-пад коўдры.

Ясь паволі адамкнуў дзверы ў ядальню і пакінуў іх прыадчыненымі. Казік і Баран, ужо разуўшыся, чакалі на верандзе. Ясь адчыніў акно, і яны паціху залезлі ў ядальню. Казік Марацкі, спецыяльнасцю якога былі начныя крадзяжы, пайшоў з Ясем у спальню. Яны прасоўваліся няспешна, плаўна, бязгучна, нібы плывучы ў блакітным паўзмроку. Гэтак жа бясшумна адчынялі шафы, камоды і забіралі адтуль усе дарагія рэчы. Там былі каштоўныя футры і гарнітуры з якаснай тканіны, шмат шыкоўнай бялізны.

У гэты час Алік Баран парадкаваў рэшту жытла, перадусім буфет. Там было шмат дарагіх сервізаў і посуду, прычым большасць – у прыгожых скрыначках і кардонках. Гэта былі шыкоўныя шлюбныя падарункі, якія засталіся па вяселлі.

Праз гадзіну дом быў ачышчаны ад усіх каштоўных рэчаў. Калегі зрабілі некалькі цяжкіх пакункаў якія вынеслі на веранду, а потым пацягнулі на бераг Свіслачы. Гэта заняло шмат часу. На другі бераг ракі яны перайшлі па грэблі каля старога млына. Тут яны нарэшце адчулі сябе ў бяспецы. Толькі пад раніцу дабрылі да маліны на вуліцы Даўгабродскай.

Ясь пачаў выкладаць з кішэні на стол грошы і ўпрыгожанні. Здабыча была вялікай. Казік паціраў рукі. Баран жа хмурыўся. Праз хвіліну ён прамовіў да Яся.

– Ты блатны, як і мы. Але ты малады і, можа, не ведаеш, што блатны ад блатнога нічога не можа завірыць. Такі наш закон.

Твар Яся пакрыўся чырвонымі плямамі.

– Можаце мяне абшукаць. Я нічога сабе не пакінуў. Хіба што нечага не знайшоў!

Хлопец пачаў спешна выварочваць кішэні. Баран спыніў яго рухам рукі.

– Не трэба. Я ведаю, што ты хлопец характэрны. Я толькі табе кажу, каб ты ведаў наш закон.

Грошы злодзеі падзялілі на тры часткі. Рэчы і ўпрыгожанні яны пастанавілі прадаць. Гэта яны ўладзілі досыць хутка, бо на кожны від здабычы мелі шмат знаёмых скупшчыкаў. Нарэшце пасля падзелу прыбыткаў з продажу Ясь стаў сапраўдным багацеем.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю