Текст книги "Яблычак"
Автор книги: Сяргей Пясецкі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 14 страниц)
14
ЯСЬ ЗНАЁМІЦЬ СВАЙГО НАСТАЎНІКА З РЫЦАРСКІМ ЗВЫЧАЕМ
Познім вечарам у трушчобе Цыпы гуляла вясёлая кампанія. Гэта было неўзабаве пасля апошняга крадзяжу, падчас якога Ясь зноў сябе вельмі добра зарэкамендаваў. Хлопец ставіў злодзеям гарэлку. Можна сказаць, гэта быў ягоны афіцыйны прыём у зладзейскі свет.
Грамадзянін, які напіўся як цэбар, устаў з-за стала і пастукаў кілішкам аб шклянку. Злодзеі, якія ўжо даўно ставіліся да яго як да свайго, а некаторыя нават лічылі блатным, павярнуліся да Грамадзяніна. Ніхто сярод іх не прамаўляў урачыстых тостаў, не звяртаўся з прамовамі, таму яны былі здзіўленыя фраерскім выбрыкам свайго кампаньёна. Грамадзянін, хістаючыся ўзад і ўперад, пачаў гаварыць поўным велічы голасам:
– Мы, маральная меншасць, выступаем публічна і асуджаем крывадушныя этычныя нормы, зручныя для большасці грамадзянаў, якія ў сваіх мяшчанскіх казармах ператварыліся ў гарадскіх свіней. Далоў падман і прытворства! Трэба смела глядзець у затуманеныя, падслепаватыя вочы жыцця. Даволі ўжо прыгожых слоўцаў і фальшывай сумленнасці! Хопіць ужо фраерскай балбатні.
Мы добра ведаем баязлівыя хітрыкі гарадскіх жыхароў, насельнікаў вёсак і мястэчак! Досыць ужо легальных злачынстваў, забойстваў і махлярства пад апекай ці з дапамогай закону. Паглядзіце на нас – прафесійных злодзеяў! Пазнаёмцеся з нашымі жалезнымі правіламі, з нашай этыкай, з нашай салідарнасцю, маральнасцю, і вы пабачыце, што не дараслі нам нават да пятаў! Толькі сярод нас вы зможаце знайсці свежае паветра праўды, сяброўства і адвагі. Мы за ўсё плоцім жыццём, свабодай і здароўем. Вы ўсё хочаце мець задарма. Мы забіраем ад багацеяў лішак! Мы вырываем ад рабаўнікоў частку іх здабычы. Мы, выкінутыя за борт жыцця, пазбаўленыя ўсяго, сваімі паводзінамі і ўчынкамі выказваем пратэст супраць тых, хто на падставе сваіх законаў і прыдуманых звычаяў кажуць бедакам паміраць з голаду!.. Толькі мы маглі б усталяваць у свеце справядлівасць. Мы, а не якія-небудзь дэмакраты, сацыялісты, камуністы! Але мы адчуваем да гэтага агіду! Нам не патрэбная ўлада над чалавекам, каб заспакойваць свае амбіцыі або каб спакойна і лёгка грэбці пад сябе грошы. Мы ўмеем рызыкаваць і трываць. Мы ведаем усю праўду пра чалавека і пра жыццё!.. Мы добра ведаем тых паршыўцаў, якія вучаць бедных людзей шанаваць іх уласнасць, а самі абдзіраюць жабракоў да апошняй ніткі. Яны выкарыстоўваюць для абароны сваіх багаццяў навуку, закон і нават рэлігію!.. Нягоднікі, падлюгі, крывадушнікі! Хрыстос дзеля нас прыйшоў у гэты свет і загінуў таксама ад рук багацеяў, а разам з ім укрыжавалі рабаўнікоў. Гэта Хрыстос сказаў злачынцу: «Заўтра будзеш са мной у раі!» І ён сказаў гэта як брату, як роўны роўнаму. Ён проста пацвердзіў факт. Бо ні справа, ні злева ад Хрыста не было сумленнага чалавека, толькі нашыя прадстаўнікі. А ці сумленныя тыя, хто крыжуе кожную смелую думку, кожную новую ідэю, кожны шчыры парыў сэрца або душы, кожны пратэст?! Ці праўду я кажу, калегі? – сказаў да слёзаў узрушаны сваёй жа прамовай Грамадзянін.
– Ты лепш выпі! – адгукнуўся Філіп Лысы, шырока пазяхаючы. – Выпі і так далей, – дадаў ён цалкам сур’ёзна і з павагай у голасе.
Гэтыя ўзнёслыя словы дэкласаванага інтэлігента не змусілі ніводнага злодзея расправіць плечы ад гонару. Прысутныя не зусім нават зразумелі яго. Бадай, толькі Ясь ведаў, што меў на ўвазе Грамадзянін. І яму было ад гэтага прыемна. Ён перасеў на вольнае месца каля Грамадзяніна і разам з ім выпіў.
У гэты час Казік Марацкі, пэўна, пад уплывам прамовы Грамадзяніна сказаў Глісту:
– Жыццё толькі таму цікавае, што рознае. Вось я злодзей, нехта работнік, іншы купец, яшчэ адзін святы. Гэта як едзеш і бачыш то горку, то поле, то раку, роў, лясок…
– А людзі звычайна хочуць усё выраўняць і заліць асфальтам. А прырода такая цудоўная! – дадаў Прафесар.
– Жыццё тасуе людзей, як вецер лістоту ўвосень, – сказаў Казік. – Падымае яе ўверх, кідае ўніз, нясе ўдалеч… А і так з усяго будзе кампост.
– Не, не так, – адгукнуўся Філіп. – Жыццё тасуе людзей не як вецер лісце, а як шулер карты. Увесь час ашуквае.
А гэтым часам Грамадзянін дзяліўся з Ясем сваімі роздумамі.
– І я некалі, мой ты братка, быў джэнтэльменам! – сказаў былы інтэлігент з пагардай і агідай, нібы прамовіў, што быў некалі «кракадзілам». – А цяпер я з вамі ў адной хеўры[35]35
Хеўра – банда, зладзейская кампанія.
[Закрыть]… І нічога не страціў. Я зразумеў, што закон выдумалі толькі дзеля таго, каб сыты і далей мог абжырацца, і, паглядзі, ён прыкрываецца этыкай, каб не было сорамна… Спачатку мяне занепакоіла адна рэч: чаму злодзей пагарджае сумленным грамадзянінам? А потым я зразумеў: калі сумленны чалавек не паважае злодзея, то ўсё ў парадку. Бо гэта вынікае з ягоных бяздумных, механічных адносінаў да жыцця. Але калі злодзей пагарджае сумленным чалавекам, то гэта кепска: мы закранаем агідныя справы. Я пачаў лепей да вас прыглядацца і шукаць прычыны… – Грамадзянін перапыніўся і задумаўся.
– Ну, і што, знайшоў?! – пацікавіўся Казік, які збоку прыслухоўваўся да размовы Грамадзяніна і Яся.
– Знайшоў, братка, – смутна адказаў Грамадзянін. – Гэта вялікая і цікавая справа, але подлая, аж смярдзіць. Калі захочаш, то я табе ўсё гэта выкладу як на далоні.
– А ты лепш выпі, – зноў перабіў Грамадзяніна Філіп. – Бо мне ўжо ад гэтага гаварэння кішкі ўсярэдзіне пераварочваюцца.
– І апошнія валасы з галавы вылазяць, – дадаў Казік Марацкі.
Філіп у адказ пагардліва пазяхнуў і наліў сабе ў шклянку піва. У гэты час у пакой заляцела Цыпа. Кабета была спалоханая.
– Хлопцы, паліцыя! Змывайцеся, хутка!
Нехта згасіў лямпу. Успыхнулі электрычныя ліхтарыкі. Казік Марацкі, якога ўжо даўно шукала паліцыя за больш сур’ёзныя справы, дастаў рэвальвер.
Усе паціху, без лішняга паспеху, перайшлі ў адзін з далейшых пакояў. Там яны адсунулі ўбок камоду, а на яе ранейшым месцы адчынілі дзверцы ў падлозе. Уся кампанія спусцілася па драбіне ў склеп. Некаторыя ўжо ведалі гэты выхад.
Цыпа, якая засталася наверсе, зачыніла дзверцы ў склеп і адна перацягнула на месца камоду. Пасля гэтага пайшла ў чайную. У калідоры яна сустрэлася з гарадавым, двума паліцыянтамі і трыма тайнымі сышчыкамі.
– Дзе твае госці? – звярнуўся да Цыпы гарадавы.
– Да мяне ў госці ўвесь горад заходзіць.
– Ты мне тут не хітры! – пасуровеў гарадавы. – Дзе тыя злодзеі, якія прыйшлі да цябе сёння вечарам?
– У мяне дзеці, – адказала Цыпа. – А яны баяцца злодзеяў. Да мяне толькі прыстойныя людзі заходзяць.
Пачаўся вобшук будынку. Злодзеяў шукалі ў шафах, шуфлядах, пад ложкамі.
– Тут былі пташкі! – раптам ускрыкнуў гарадавы, паказваючы рукою на застаўлены бутэлькамі і закуссю стол.
– Вы, мусіць, жартуеце, – спакойна адрэагавала Цыпа. – Тут былі вельмі багатыя гандляры. Яны прадаюць кароў, коней, свіней… У мяне кожны п’е. Нават пан камісар ведае, што я прымаю толькі салідных кліентаў.
Працяг вобшуку далей адбываўся за сталом, пры якім нядаўна сядзелі злодзеі. Цыпа данесла гарэлкі, піва і закусак. Праз гадзіну новая кампанія была ўжо добра п’янай. Раптам гарадавы, які выпадкова піў акурат з кілішка Грамадзяніна, пастукаў ім аб шклянку:
– Давайце вып’ем за здароўе яўнай і тайнай паліцыі! Хай будуць здаровыя тыя, хто, абараняючы маёмасць і жыцці грамадзянаў, не зводзяць вачэй ні ўдзень, ні ўночы, а часам ахвяруюць самі сабою, змагаючыся са злачынцамі. Давайце вып’ем за нас, за апірышча закону і справядлівасці.
Усе выпілі за гэтыя словы з вялікім энтузіязмам. Нават Цыпа была ў захапленні і краем бруднага фартуха выцірала слязінку з правага вока.
– Ах, як жа прыгожа пан гарадавы гаворыць! Так пекна і разумна, як сам рабін!
Праз дзве гадзіны паліцыя выйшла ад Цыпы. Гарадавы хаваў у кішэню заціснутыя ў потнай далоні банкноты, якія Цыпа выпадкова ўсунула яму ў калідоры. Усё закончылася – як звычайна – удала для ўсіх. Толькі Цыпа ўсё ламала галаву, хто з гасцей скраў з сярэдняй шуфляды камоды пятнаццаціметровы адрэз добрага батысту.
«Бадай, гэта быў не пан гарадавы?»
Баран даўно зразумеў, што Паўка яго не кахае. Ён заўважыў, што дзяўчына заўсёды стараецца выцягнуць з яго паболей грошай, што яна мілая з ім толькі тады, калі хоча, каб Баран купіў ёй нешта новае з адзення або дарагое ўпрыгожанне. Але нават усведамляючы ўсё гэта, Алік не пераставаў жарона кахаць Паўлінку. А ягонае пачуццё было поўнае, моцнае і вялікае. Алік сам сябе пераконваў у добрых якасцях сваёй каханай. Яго ўзрушвала ўсё, што сведчыла пра ейны клопат, хоць часцяком злодзей толькі ўнушаў сабе, што Паўка дбае пра яго, а гэта ніяк не адпавядала рэчаіснасці. Паўлінка ж глядзела на Аліка як на добрую крыніцу прыбыткаў і, памятаючы словы маткі, з усіх сілаў старалася выкарыстаць злодзея для свайго ўзбагачэння. Аднойчы Баран крыху пад мухай пасля добрай работы падарыў Паўлінцы дарагі і прыгожы бранзалет. Каханка ў падзяку пачала яго цалаваць і абдымаць. Алік расслабіўся, абмяк і прытуліў да сябе Паўлінку.
– Ведаеш, што я думаю? – прамовіў Баран.
– Кажы, мой Алічак, мой галубок.
– Я думаю, ці не ўладкаваць нам сапраўды добрую шавецкую майстэрню. Я ўзяў бы некалькі чаляднікаў, і пайшла б праца. Быў бы нішто сабе заробак.
Паўка раптам адпіхнула Барана і сказала высокім, поўным злосці голасам:
– А як жа! Зарабіў бы на хлеб і на бульбу! Хопіць мне ўжо гэтага здзеку… Вось, зіма ўжо на носе, а я нават паліта прыстойнага не маю.
– Я ж купіў табе футра!
– Футра?!. Такое футра, што цьфу! Цяпер кожная лафірында мае каракуль, а ён мяне нейкім няшчасным футрам папракае… Забяры сабе! Можаш на сметнік выкінуць! Паглядзіце на яго, які шчодры пан знайшоўся!
Баран панура надзьмуўся і маўчаў. Праз некалькі дзён ён замовіў у добрага краўца для Паўці паліто з каракулевых шкурак. Ягоная даўняя мара, з якою ён увесь час насіўся, каб кінуць зладзейскі занятак і ўрэшце зажыць з Паўцяй сумленна, канула як у ваду. А каханне пусціла ў ягоным сэрцы моцныя карані, і нішто б не змагло вырваць адтуль гэтага пачуцця, хіба толькі смерць. Паўлінка ж у адносінах Барана не мела ні каліва чуласці, нічога нават падобнага да кахання. Бітае сэрца цалкам належала элегантнаму, выкшталцонаму і арыстакратычнаму Анатолю. Дзіўная рэч, але Баран, здаровы, моцны, чысты і статны мужчына з вялікай сілай волі і адважным характарам, чалавек, якому заўсёды можна было даверыцца, які быў абазнаны ў жыцці, разбіраўся ў людзях і меў вялікі розум, так і не здолеў здабыць сэрца Паўлінкі. А Толік, заморак, цяльпук, баязлівец, убогі блазан, ад якога за тры вярсты несла парфумамі, але які насамрэч не дбаў пра чысціню цела, бо не зносіў вады, завалодаў душою Паўці і быў ейным богам. Толік, выкарыстоўваючы Паўку як жанчыну, часта залазіў таксама да яе ў кішэню. Ён увесь час пазычаў у яе грошы, якія ніколі не вяртаў, і патрабаваў падарункаў.
Аднойчы Алік павёў Паўцю на кватэру да знаёмага ювеліра, які таксама займаўся скупам крадзенага ў найлепшых і самых надзейных злодзеяў. Баран хацеў купіць каханцы завушніцы. Разам яны перагледзелі шмат каштоўных рэчаў. Калі Алік выбраў дзяўчыне прыгожыя, дарагія завушніцы, яна прычапілася да яго, каб ён абавязкова таксама купіў вялікі, масіўны персцень з рубінам.
– Навошта ён табе? – здзівіўся Баран.
– Вельмі мне падабаецца… Можа, падару бацьку, калі памірымся.
Баран купіў Паўцы, акрамя завушніцаў, і персцень з рубінам, а таксама яшчэ два пярсцёнкі.
Праз некалькі тыдняў Баран, вяртаючыся ад Стася Рамізніка, зайшоў у цырульню Анатоля на скрыжаванні Сляпянскай і Захар’сўекай. Стомлены Алік, які кепска спаў апошняй ноччу, задумаўшыся, цяжка ўсеўся ў фатэлі.
Толік, пабачыўшы кліента, адклаў убок кнігу пра графаў і паслужліва пацёр рукі.
– Чым магу служыць шаноўнаму пану?
Толік ледзь не дадаў «графу» да свайго звароту, але паўстрымаўся.
– Галенне! – коратка адрэзаў Баран.
Цырульнік узяўся за справу. Ён намыльваў, галіў, расчэсваў, а адначасова без перапынку мянціў языком, пераказваючы нейкія пустыя банальнасці і плёткі. Гэтак ён забаўляў кліента, які ўпарта маўчаў і прыдрэмваў. Раптам Баран ажывіўся. Ягоную ўвагу звярнуў дужы персцень з рубінам, які быў у цырульніка на сярэднім пальцы правай рукі.
– Але і прыгожы персцень у вас! – сказаў з захапленнем Баран.
Толік шырока ўсміхнуўся, паказаўшы чорныя і жоўтыя пянькі зубоў.
– А, так-так… Калекцыянерская рэч…
– Купілі ці нехта падарыў на памяць? – нібы абыякава распытваў Алік.
– Падарылі, падарылі, – усміхаўся Толік.
– Пэўна, ад жанчыны? – Баран па-змоўніцку падміргнуў.
– Угадалі, угадалі! – жвава пацвердзіў Толік. – Ляцяць на мяне розныя прасталыткі як пчолы на мёд. І што яны ўва мне бачаць, то і сказаць цяжка.
– Ну чаму? – сур’ёзна прамовіў Баран. – Такі элегантны мужчына любой галаву закруціць.
– Хі-хі-хі!.. – запішчаў Толік.
– Можа, дазволіце паглядзець на персцень?
– Вядома, калі ласка!
Толік сашмаргнуў з сярэдніка велікаваты персцень і падаў Барану. Злодзей уважліва агледзеў яго і пераканаўся, што гэта той самы персцень, які ён нядаўна купіў на просьбу Паўлінкі.
«Няўжо Паўця з такім піжонам гуляе?!» – падумаў Баран.
З гэтай пары Баран пачаў уважліва назіраць за Паўлінкай. Ён прыгадаў сабе, што Паўця, спаслаўшыся на розныя прычыны, некалькі разоў хадзіла начаваць да цётак, да Баляў. Цяпер тыя тлумачэнні падаліся Барану падазронымі. Ён добра памятаў, што пасля кожнага начлегу ў Баляў Паўця вярталася вельмі задаволеная і была тады асабліва мілай і ласкавай да яго. Калі Алік часам казаў, што не вернецца на ноч, палюбоўніца заўсёды прымала гэта ахвотна і без пярэчанняў. Баран аднатаваў яшчэ шмат дробных фактаў, якія пацвярджалі ягоныя падазрэнні.
Алік нічога не сказаў Паўлінцы. Ён і далей быў да яе ветлівы, мілы, яго паводзіны ў адносінах дзяўчыны ніяк не змяніліся. Праз некалькі дзён Паўця, лашчачыся да Аліка, сказала:
– Сёння вечарам я хачу пайсці да Лідзіі. Яна заканчвае шыць мне сукенку. Пайду пасля вячэры, каб ты не быў галодны. Добра?
– Добра.
– Можа, там і на ноч застануся. Не надта люблю вяртацца поначы дадому. А гэта радня як-ніяк… Ці ж не праўда?.. Дай мне троху грошай, дык куплю ім якога пячэння, а для Уладзя троху гарэлкі. Ён заўсёды такі добры да мяне.
– Вазьмі грошай, колькі трэба.
Алік даў ёй банкноты. Паўця пасля вячэры надзела найлепшую сукенку і ўбралася так, нібыта ішла ў горад на нейкае свята. Алік папярэдзіў яе, што таксама выходзіць па сваіх справах. Ён развітаўся з ёю і папрасіў: «Кланяйся там усім ад мяне». Але злодзей не пайшоў у цэнтр, а скіраваўся ў бок Камароўкі. На вуліцы Слялянскай, недалёка ад цырульні Толіка, ён знайшоў зручны пункт для назіранняў і чакаў. Праз чвэрць гадзіны ён распазнаў у паўзмроку добра вядомую яму фігуру. Паўлінка хутка ішла ходнікам па правым баку вуліцы. Каля брамкі, якая вяла ў падворак цырульні, яна прыпынілася, азірнулася па баках, але, не заўважыўшы нічога, зайшла на дзядзінец.
Баран жвавым, ало бясшумным крокам прафесійнага злодзея наблізіўся да брамкі. Ён чуў стук у дзверы цырульні, якія выходзілі на падворак. Потым раздаўся прыглушаны голас Паўці:
– Толічак, адчыні, гэта я!
Дзверы адчыніліся, і праз смугу святла ўсярэдзіну праслізнуў Паўчын сілуэт. Баран застаўся бяздумна стаяць у адчыненай брамцы. Потым развярнуўся і вельмі павольна пабрыў назад.
– Такі ўжо мой лёс, – прашаптаў ён, заходзячы на падворак свайго дому.
Алік падышоў да будкі Мілага. Сабака, глуха забурчэўшы, вылез вонкі. Баран лашчыў яго па галаве. Сабака схапіў зубамі руку гаспадара і досыць моцна яе трымаў. Ён не ведаў, як інакш адказаць на ласку, і заўсёды так сябе паводзіў з Бараном.
– Ведаеш, Мілы, жыццё – гэта халера, а людзі – паскуды… Маё жыццё горшае нават за тваё… Ведаеш?..
Мілы ведаў, але нічога не мог сказаць.
Баран зайшоў у майстэрню, прысеў каля варштата на зэдлік і доўга сядзеў без руху, бяздумна гледзячы ў цёмны кут пакою. Апоўначы ён устаў, дастаў з шафы бутэльку гарэлкі. Пазней піў кілішак за кілішкам і паліў цыгарэты. Пад раніцу ён зноў пайшоў да Мілага. Адшпіліў яму ашыйнік і забраў жывёліну ў памяшканне. Пад нос Міламу Алік паставіў вялікую місу з халоднай цяляцінай…
– Еж, Мілы, на здароўе!.. Ты мой найлепшы сябар! Еж!
І здзіўлены сабака паволі еў, не зводзячы вачэй са свайго гаспадара.
– Я б і гарэлкай цябе пачаставаў, мой ты дружа, але ты ж не п’еш, а шкода…
Гэтак Баран сядзеў да світання. Ён выпіў ужо літр гарэлкі, але галава была цвярозай.
Раніцай Ясь выйшаў на падворак з вядром па ваду. Баран выкінуўся з акна майстэрні і паклікаў:
– Зайдзі да мяне на хвілінку. Маю тут адзін інтэрас.
Ясь глянуў на Аліка і ўстрывожыўся. Ніколі яму яшчэ не даводзілася бачыць у Барана такога выразу твару. Хлопец пакінуў вядро на ганку і зайшоў у майстэрню. На падлозе ён пабачыў цэлую гару цыгарэтных недапалкаў, а на стале, за якім сядзеў Алік у расхрыстанай кашулі і з закасанымі высока рукавамі, стаяла некалькі пустых бутэлек ад гарэлкі. Хлопец разгубіўся і не ведаў, што думаць.
– Што сталася? – запытаў ён з трывогай.
– Ат, давай вып’ем, – адказаў Баран, разліваючы гарэлку ў дзве шклянкі.
– Я яшчэ нічога не еў, – адмаўляўся хлопец.
– І я нічога не еў… Усю ноч думаў, што рабіць, і нічога не прыдумаў… Можа, ты будзеш разумнейшы… Кніжкі там розныя чытаеш і вучыўся… А я дурны як пень…
– Але што такое? – распытваў Ясь.
– Ты хлопец сумленны, – працягваў сваю гаворку Баран. – Я ведаю, што ты мне благога не жадаеш. Я б з табою хацеў сваім горам падзяліцца, але толькі глядзі, дай гаер,[36]36
Гаер – прысяга.
[Закрыть] што нікому трапацца пра гэта не будзеш.
І Баран раскрыў Ясю ўсе падрабязнасці свайго раману з Паўлінкай, а таксама распавёў, што адбылося ўчора вечарам. У канцы ён сказаў:
– Ты мяне не вучы, што мне далей рабіць з сабою і Паўлінкай. Ты мне скажы, як бы ты цяпер абышоўся з Паўцяй і тым цырульнікам?.. Што робяць разумныя людзі, пра якіх у кніжках пішуць?
Ясь раздумваў. Пра падобныя справы ён шмат чытаў у розных раманах і аповесцях. Нарэшце ён пачаў дзяліцца ідэямі:
– Таго цырульніка трэба выклікаць на дуэль. Разумееш?.. Гэта справа гонару, якая вырашаецца толькі гэтак. Пашлі да яго двух секундантаў, каб дамовіліся з ім наконт віду зброі і месца сустрэчы. А потым…
Баран перапыніў хлопца:
– Лухта гэта ўсё… Буду я яшчэ да такой нікчэмнасці некага пасылаць!..
– Тады можна інакш зрабіць, – сказаў Ясь. – Паводле рыцарскага звычаю…
– А як гэта?
– Ну, разумееш, рыцар, калі трымаў крыўду на некага, то прыязджаў або прыходзіў да такога франта і кідаў яму ў твар пальчатку. Гэта значыла, што ён выклікае праціўніка на двубой з такой самай зброяй. І тады яны біліся да першай крыві або насмерць.
– І гэта дурнота. Буду я яшчэ пальчаткі купляць. Смеху варта.
– Ну, тады рабі як сабе хочаш. Ты ў мяне запытаў, дык я табе і кажу, як гэта ў кнігах апісваецца.
– Вядома, фраеры! – прабурчаў Баран.
Пасля гэтай размовы Баран апрануўся і пайшоў на Камароўку. Выглядаў ён як заўсёды. Па твары і па вачах нельга было пазнаць, колькі ён выпакутаваў і перадумаў за апошнюю ноч. Праходзячы каля цырульні, ён пабачыў, што дзверы былі зачыненыя.
«Спяць яшчэ», – падумаў Баран.
Ён пайшоў да Баляў. У яго душы яшчэ цеплілася дробная іскра надзеі, што пабачанае ім – няпраўда, якая яму толькі здалася. Ён спадзяваўся, што прыйдзе да Баляў і застане там Паўлінку. Але ў Баляў яе не было, а з размоваў – хоць і не пытаўся пра гэта ўпрост – ён зрабіў выснову, што і ўчора вечарам яна сюды не прыходзіла.
Вяртаўся Баран вуліцай Захар’еўскай. Дзверы цырульні цяпер былі адчыненыя насцеж. Над дзвярыма вісела шыльда: «Анатоль – мужчынскі цырульнік. Стрыжэ і голіць».
Алік перайшоў вуліцу па бруку і пераступіў парог цырульні. Толік нешта там прыбіраў, рыхтуючыся прымаць першых кліентаў. Баран усеўся ў фатэлі.
– Чаго жадаеце?
– Пагалі мяне, боўдзіла, – рэзка гыркнуў Баран.
Толік аслупянеў. Гэтак да яго звярталіся ўпершыню, але ён паслухмяна ўзяўся за працу. Калі цырульнік скончыў галіць, Баран сур’ёзна запытаў у яго:
– А ў цябе ёсць пальчаткі?
– Пальчаткі ёсць… А навошта яны вам, пане… граф?..
– Нарэшце ты пазнаў мяне, падлюга! Давай сюды пальчаткі!
Толік спешна прынёс пальчаткі з іншага пакою і падаў іх Барану. Алік узяў адну з іх і з усяго размаху пляснуў ёю па Толікавым твары. Цырульнік пазелянеў і ледзь не прысеў на падлогу.
– Але што здарылася?!. Што я пану графу зрабіў?
Баран пацягнуў левай рукой за каўнер яго кашулі:
– Ты тут голасу не павышай і не пішчы, бо я цябе заб’ю! Зразумеў? Калі хочаш жыць, то маўчы!.. Я табе, паскуда, Паўлінку з галавы выб’ю… Здымі гэты пярсцёнак з рукі, недарэка…
Цырульнік хутка аддаў персцень Барану.
– Яна сама сюды прыпаўзае! – енчыў Голік. – Пане, даражэнькі! Не пушчу яе больш нават на парог! Аніяк адчапіцца ад яе не мог!
– Я вас ужо паадчэпліваю! – упэўнена адказаў Баран.
Праз некалькі хвілінаў Баран выйшаў з цырульні, якая адразу ж зачынілася. Яна не працавала шмат дзён. Ажно да той пары, пакуль Толік не загаіў сваіх ранаў і пакуль з яго твару не сыцілі сінякі і апухласць.
Паўлінка рана вярнулася дадому. Беспарадак у майстэрні яе моцна здзівіў.
«Пілі тут, мусіць, паскуды, – падумала яна са злосцю. – Не буду прыбіраць, хай іх халера!»
На ложку Барана сядзеў і бурчэў сабака, ажно захлынаючыся ад раздражнення. Паўлінка пайшла ў свой пакой.
Неўзабаве з’явіўся Баран. Паўлінка, злая і надзьмутая, выйшла яго спаткаць. Баран уважліва да яе прыглядаўся, стоячы на парозе. На выгляд ён быў абсалютна спакойны. Паўлінка ж закрычала:
– Што ты тут нарабіў? Цэлы бардэль? Га? А мне прыбіраць? Я табе тут служанка?
Баран зрабіў пару крокаў у яе бок і пачаў усміхацца.
– Кажаш: бардэль зрабіў?.. Ці ты мне зубы замаўляеш, ці за дурня маеш? А можа, гэта ты бардэль мне тут зладзіла? Га?
Паўлінка збялела. Яна ўсвядоміла, што Баран нешта пра яе пранюхаў, але хацела авалодаць сітуацыяй, пайшоўшы ў нахабны наступ:
– Я раблю, што хачу, злодзей ты бязмозглы! Ты павінен мне ногі цалаваць, што я цябе ў турму не здала. Бо я ж ведаю, які з цябе шавец!
– Ага, то ты з гэтага канца пачынаеш! – рыкнуў Баран і падскочыў наперад.
У адно імгненне ён заціснуў рукою Паўлінчын рот, закруціў каханцы руку за спіну і кінуў яе на ложак. Мілы таксама кінуўся на жанчыну і ўшчаперыўся зубамі за яе плячо. Баран адпусціў Паўлінку. Ён схапіў Мілага, адарваў яго ад каханкі і выкінуў за дзверы. Паўлінку паралізаваў жах. Яна не крычала і не ўцякала. Яна толькі ўстала з ложка і, хістаючыся, падышла да дзвярэй у свой пакой, шукаючы рукою за плячыма дзвярную ручку. Ад нервовага напружання Паўця ніяк не магла яе намацаць, а баялася таксама павярнуцца спінаю да Барана.
Збялелы Алік, здавалася, цалкам спакойны, падышоў да яе і ўзяў за руку. Ён вывеў яе на сярэдзіну пакою і, гледзячы ёй у вочы, пачаў ціха гаварыць:
– То ты кажаш, што я злодзей!.. А ці ты ведаеш, што злодзеем мяне зрабілі такія, як ты?.. Ці ты ведаеш, што я для цябе краду!.. Паліцыяй мяне страшыш!.. Добра ж ты падумала… Разумна!..
Адыходзячы назад, Баран схапіў з варштата востры шавецкі нож. Вочы Паўлінкі палезлі на лоб ад жаху, губы зрабіліся белымі… Свабоднай рукой яна прыкрывала то горла, то грудзі… Ейны голас перамяніўся ў хрыплівы шэпт:
– Алічак!.. Алік даражэнькі!.. Пабойся Бога!.. Алічак!.. Ніколі нічога…
Баран яе перапыніў:
– Табе мала золата і сытага жыцця!.. Мала… Усё толькі для цябе… Усё… Дык бяры яшчэ маю кроў!.. Бяры!.. Пі!..
Баран адпусціў Паўлінку, якая, ледзь трымаючыся на нагах, засланіла далонямі твар. Ён жа глыбока ўвагнаў нож сабе ў цягліцы каля левага локця. Пырснула кроў.
– Бяры!.. Пі!.. – крычаў Баран, схапіўшы правай рукой Паўлінку за шыю.
Другую руку з ранай, адкуль струменілася кроў, ён з усёй сілай прыціскаў да вуснаў Паўці.
Паўлінка самлела.
На ганку Мілы драпаўся пазурамі аб дзверы і скавытаў.
У кватэры Івацэвічаў Гэлька сядзела перад люстэркам і спявала, расчэсваючы валасы:
Эх, яблычак, сэрца баліць!
Месяц буду я свабодны
І гады ў астрогу гніць!
Працяг у рамане «Гляну я ў аконца...»