355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сяргей Пясецкі » Яблычак » Текст книги (страница 2)
Яблычак
  • Текст добавлен: 26 июня 2019, 15:00

Текст книги "Яблычак"


Автор книги: Сяргей Пясецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 14 страниц)

Яшчэ пазней Андзя даведалася, што носіць дзіця. Гэтая навіна напоўніла яе жахам. Спачатку яна хадзіла агаломшаная: нічога не бачыла, не чула. А потым зноў распачала свае шалёныя скокі па сходах. Гэта былі напаўвар’яцкія, адчайныя палёты…

У хуткім часе і цётка даведалася пра Андзіну цяжарнасць. Накінулася на дзяўчыну з кулакамі:

– Ах ты, подлая сучка! Гавары, ад каго панесла?! Кажы!

Але Андзя ніводным словам не азвалася пра свайго Рычарда. Яна не выдала б яго нават падчас катаванняў, бо ведала, што гэта наробіць яму шкоды. Цётка лютавала. Цяжарнасць магла пазбавіць яе прыбытку, які Андзя давала сваёй «апякунцы». Да таго ж маглі з’явіцца яшчэ непатрэбныя клопаты і выдаткі, звязаныя з нараджэннем дзіцяці.

Цётка скіравала свае высілкі на тое, каб дзяўчына пазбавілася плода. Старая прымушала яе ляжаць у вялікім цэбры, напоўненым гарачай вадой. Яна паіла дзяўчыну воцатам, давала хінін, загадвала нюхаць серку. Урэшце цётка змушала яе скакаць са стала на падлогу. Дзяўчына была вялай і паслухмянай. Яна аўтаматычна выконвала ўсе цётчыны загады. Аднойчы, скачучы са стала, Андзя вывіхнула сабе нагу (падсвядома яна хацела скокнуць далікатней – каб не нашкодзіць дзіцяці). Вывіх быў вельмі сур'ёзны, і дзяўчына шмат напакутавалася праз боль. Толькі выкліканы цёткай фельчар наставіў Андзіну нагу. З той пары дзяўчына пачала катэгарычна супраціўляцца ўсім цётчыным захадам забіць дзіця.

У сакавіку наступнага года Андзя нарадзіла хлопчыка. Першым часам яна паставілася да яго абыякава. Пакрысе ж пачала праяўляць усё большую любасць.

Неўзабаве Андзя заўважыла, што цётка хоча забіць немаўля. Пару разоў старая пакідала голае дзіця на падаконні сутарэння, каб малое прастыла. Андзя знаходзіла дзіця і захутвала яго. Цётка некалькі разоў клала хлопчыка на край печкі, напэўна, мяркуючы, што той зваліцца і заб'ецца. Але дзіця ляжала ціха, спакойна, аж да таго часу, пакуль Андзя не пераносіла яго ў іншае месца.

Цётка даўно б ужо пакончыла з «байструком», але хацела, каб гэта здарылася як бы незнарок. Яна не баялася суда – хто б змог даказаць ейную віну? – але яна была, нягледзячы на подлы характар і каменнае сэрца, вельмі пабожнай. Таму яна баялася толькі аднаго: каб за забойства дзіцяці не трапіць на векі вечныя ў пекла. Толькі гэта звязвала ёй рукі, толькі гэта і ўратавала дзіця. Андзя адчула тое мацярынскім інстынктам і аднойчы, калі цётка зноў спрабавала звесці дзіця з гэтага свету, сказала ёй:

– Цётка, запомніце, калі ласка: калі вы зробіце яму крыўду, то Бог вам не даруе! Памятайце пра гэта! Я таксама ў вас не застануся… Мяне Бог пакараў, бо я сабе нагу вывіхнула. А вас яшчэ горшы лёс спаткае, калі вы яго заб’яце.

– Сам здохне! – фыркнула кабета, кінуўшы ў бок Андзі поўны злосці позірк.

З той пары замахі на жыццё дзіцяці спыніліся, і цётка мусіла змірыцца з прысутнасцю немаўляці. Зрэшты, хлопчык быў надзіва спакойны і амаль што не дакучаў.

Зацяжарыўшы, Андзя пакінула службу. Калі ў сям’і чыноўніка, а таксама ў цэлым доме ўсе хутка даведаліся пра ейны стан, дык яна нідзе не знайшла спагады або прынамсі разумення. З яе смяяліся, кпілі, называлі вулічнай дзеўкай і шлюндрай.

Ейная даўнейшая гаспадыня неяк заўважыла:

– Я ведала, што гэта за ягадка!.. Я казала дочкам, каб сцерагліся яе, як агню… Ведаю я такіх нявінніц… мілым тварыкам мяне не абалваніш. Я адразу яе раскусіла, як толькі пабачыла…

Бадай, яна забыла, што пазнаёмілася з Андзяй тады, калі той было ўсяго дзевяць гадоў.

– Добра, што яна яшчэ не абчысціла кватэры і не ўцякла з каханкам!.. – усё больш раз’юшвалася крывадушная гаспадыня. – Я пра гэта парупілася!.. Я… а хто ж… Бывай здаровейкам… Бадай цябе качкі затапталі… Мяне нялёгка абвесці вакол пальца!..

Але ў кватэры штораз мацней пачала заўважацца Андзіна адсутнасць. Працы поўна, а рабіць – няма каму. На працу змабілізавалі ўсе рэзервы: дзвюх старэйшых дачок і дзвюх малодшых, а таксама хлопцаў, апрача найстарэйшых, у якіх прабіваліся першыя вусікі – ім было неяк не з рукі працаваць. Нават сама пані адклала раманы Поля дэ Кока і, абвязаўшы галаву хусткай, узялася за прыбіранне пакояў. Праца ішла жвава: адны насілі дровы, другія ваду, іншыя выносілі смецце, мылі посуд, кармілі і пераапраналі меншых дзяцей, падмяталі, мылі падлогу, гатавалі сняданак, абед, вячэру, палілі ў печках, але вечарам выявілася: нягледзячы на тое, што ўсе былі без сілаў ад стомы, яшчэ засталося шмат чаго незавершанага. Гаспадыня пачала бэсціць сталую кухарку, якая ва ўсім пільнавалася сваіх абавязкаў і нават мела нахабства патрабаваць памочніцу. Кухарка ў сваю чаргу прыгразіла звольніцца. Гаспадыня капітулявала.

Праз пару дзён у кухні з’явілася новая гаротніца. Яе адразу ж нагрузілі працай. Але служка была такая нязграбная, ажно яе нават пачалі падазраваць у наўмысным шкодніцтве. Талеркі ў яе біліся цэлымі стосамі. Растаўкла яна і настольную лямпу. Яна здолела нават нейкім таямнічым чынам скінуць са сценкі люстэрка, якое разляцелася на аскепкі. Гэта перапоўніла чашу цярпення. Няўдаху за валасы выкінулі з кватэры.

Ейная пераемніца вечна спала. Яна не прапускала ніводнай магчымасці і нагоды, каб не аддацца свайму ўлюбёнаму занятку. На другі дзень яна знікла. Пасля доўгіх пошукаў яе знайшлі ў склепе, куды яна пайшла з вядром па бульбу. Дзяўчына спала як пшаніцу прадаўшы, седзячы на перавернутым дагары дном вядры. На наступны дзень яна з рана амаль да вечара праспала на гарышчы. Выгналі і яе.

Чарговая служка была досыць спрытная і энергічная. Гаспадыня была вельмі задаволеная: «Нарэшце знайшлася ніштаватая памочніца». Але ейная радасць трывала нядоўга. Жыхары дому заўважылі неўзабаве, што па вуліцы, у браме, на падворку і на лесвіцы з’явілася мноства вайскоўцаў самых розных фармаванняў. Шмат хто выказваў розныя здагадкі, стараючыся зразумець гэтую незвычайную з’яву. «Мусіць, недзе непадалёк стварылі штаб», – нехта зрабіў не надта лагічную выснову. Хутка жыхары заўважылі, што вайсковы наступ прасоўваецца ўсё вышэй па сходах і канцэнтруецца пераважна каля дзвярэй кватэры, у якой служыла вельмі энергічная, але досыць палахлівая дзяўчына. Жаўнеры спрабавалі аднаго разу нават зазірнуць на кухню. А калі двое «жаніхоў» уступілі там у зацятую спрэчку за сэрца сваёй прысухі, прычым найбольш пацярпелі рондалі, супніцы і талеркі, то і тая пакаёўка згубіла працу.

– Прэч! Тут у мяне не казармы! А як жа! Бывай здаравенькая, бадай цябе качка! Пайшла вон!

Наступная служка мела яшчэ больш гарачы тэмперамент. Месца жаўнераў на вуліцы, на падворку, у браме і на сходах занялі ледзь не цэлыя аддзелы пажарнай службы з двух суседніх раёнаў. Спачатку жыхары дому палохаліся і правяралі, ці няма дзе пажару. Але неўзабаве высветлілася, што мэтай атакі рыцараў саламандры было толькі палымянае сэрцайка новай пакаёўкі. Таму выгналі і яе.

Гаспадыня заламала рукі:

– І што мне цяпер рабіць? Як шкода Андзі! Золата, а не дзяўчына была! Якая ціхая, працавітая, спрытная, не балбатуха… Ну, панесла па ўхабіне… бо маладая, нявопытная… Але працавітая, сумленная. Дзе я такую знайду?

Толькі цяпер Андзіна праца атрымала прызнанне. Калі пасля родаў дзяўчына ачуняла, цётка, з якой былая гаспадыня ўжо дамовілася пра заробак дзяўчыны, загадала ёй вярнуцца на ранейшую працу.

Андзя зноў у ахвотку ўзялася за працу. Маўчуха, як і раней, яна працавала яшчэ больш рупліва, і ў кватэры быў глянц-парадак. Толькі жыццё самой Андзі цяпер змянілася. Яна больш не размаўляла з чаравікамі, калі іх чысціла. Не бегала па лесвіцы. Яе характар змяніўся праз мацярынства.

Былая Вавёрка назаўсёды знікла з камяніцы.

У кожную вольную хвілю Андзя адведвала і карміла сына. Яго пахрысцілі і далі імя Аляксандр. Цётка супакоілася і перастала рабіць замахі на жыццё дзіцяці. Малы не быў для яе цяжарам і дакукай, бо Андзя заўсёды знаходзіла час, каб самой вырвацца з працы і заняцца сынам.

Мінуў год. Андзя працавала на ранейшым месцы. Гэта, магчыма, цягнулася б яшчэ доўга, але зноў непрадбачаная акалічнасць парушыла звыклы лад жыцця дзяўчыны. У сям’і чыноўніка адным з сыноў быў ужо дарослы Грыша. Ён наведваў у гімназіі сёмы клас, ало вучыўся дрэнна, і зусім не з тых прычынаў, якія часта перашкаджаюць у навуцы здольным і гарачлівым хлопцам. Ён не мог пахваліцца поспехамі толькі праз млявасць, ляноту і капрызнасць. Апошнім часам гэты маладзён з чырвонымі рукамі, бяздумнымі вачыма і гнілымі зубамі пачаў выказваць да Андзі зацікаўленасць. Імаверна, ананізму яму было ўжо не дастаткова. Ён безупынку чапляўся да дзяўчыны, якая з цяжкасцю пазбягала расстаўленых ім пастак. Аднойчы ён заспеў яе падчас прыборкі спальні, схапіў ззаду і разам з ёй паваліўся на ложак. Дзяўчына не закрычала, бо не хацела залішняй увагі іншых дамачадцаў. Грыша быў высокі і досыць моцны, але яна была рухавая і дужая. Яна выкручвалася, але пераўзбуджаны маладзён раптам пачаў яе душыць. У Андзі пацямнела ўваччу. З носа лінула кроў. На твары выступілі сінякі. І тады, прыслухаўшыся да інстынкту самазахавання, які ўрэшце прачнуўся, яна пачала біцца з усёй моцы. Яна падбіла панічу абодва вокі і пару разоў сапхнула яго на падлогу, падскочыла да дзвярэй, але выбрацца з пакою не здолела, бо кавалер замкнуўся на ключ. У пэўны момант Грыша сарваў са сцяны вяшак. Андзя схапіла столік для кветак… На шум збегліся дамачадцы. У дзверы загрукалі кулакамі. Паніч адамкнуўся і, падзёрты ды перапэцканы ў Андзінай крыві, вылецеў з пакою.

– Матуля, гэта ўсё Андзя!.. – зароў герой, хаваючыся за плячыма маткі.

– Ах ты, гадзіна, дзіця мне хацела забіць! Прастытутка ты, жабрачка, зладзейка! Выклікайце паліцыю! Я цябе правучу!..

Андзя памкнулася з кватэры, збегла ў падвал, дзе, тулячы да грудзей Аліка, стала ціхенька плакаць.

На службу яна ўжо не вярнулася, хоць гаспадыня, схамянуўшыся і цвяроза ацаніўшы справу, хацела ўзяць яе назад. У гэтым ёй пасярэднічала цётка:

– Андзька, ідзі заўтра на працу. Табе ж нічога не сталася. А калі паніч хацеў троху пазабаўляцца, то што з таго… Дурная ты. Каб ты мела розум, то яшчэ б атрымала з гэтага якую карысць. А ты як вар’ятка. Знайшла што шкадаваць. І для каго ты марнуешся? Для гэнага твайго хахаля, які цябе кінуў, як сучку са шчанём? Давай выходзь заўтра на працу. Я перапрашу гаспадыню.

– Калі вы папросіце прабачэння, то і працуйце там сама, а я не вярнуся.

Праз два тыдні Андзя знайшла працу на цыгарэтнай фабрыцы, але ў хуткім часе звярнула на сябе ўвагу старшага майстра, які лічыў, што дзяўчаты за заробак мусяць аддзячваць яму сваім целам. Гэта было амаль правіла, якому падпарадкоўваліся ўсе самыя прыгожыя работніцы. Андзя, аднак, абыякава адкінула ўсе залёты майстра. Гэта распаліла яго яшчэ больш. Ён зрабіўся надакучлівым. Андзя сказала яму катэгарычнае «не». А праз некалькі дзён яе выгналі за… «амаральныя паводзіны і кепскую працу».

Праходзілі тыдні, а працы ўсё не было. Цётка штораз больш злосна наракала на дармаедку, хоць Андзя ніколі не сядзела без занятку, выконваючы работу сваёй апякункі, якая ўсё часцей заглядала ў чарку. Андзя ж часта цэлы дзень не мела ў роце нават макавай расінкі. Яна адчувала, што сілы яе пакідаюць – у дадатак яна карміла дзіця. Калі яна схілялася, а пасля выпроствалася, уваччу рабілася цёмна. Не адпачыўшы, яна не магла прынесці нават вядра вады са студні.

Найбольш яе даймала, што галадаў Алік. Каб накарміць яго, яна папрадавала сякога-такога майна, хоць і было ў яе небагата, – але выручаных грошай хапіла ненадоўга. Тады цётка, якая лічыла, што цяпер самы час, прапанавала дзяўчыне «жалаванне» ў немкі Эмы, якая трымала самы шыкоўны ў Менску публічны дом… афіцэрскі, пяцірублёвы. Цётка не раз займалася зводніцтвам і за ніштаватую ўзнагароду і раней намаўляла прыгожых дзяўчат ісці працаваць да Эмы, а цяпер яна спадзявалася добра зарабіць на бесперспектыўнай, як ёй думалася, Андзі. На прапанову Андзя нічога не адказала. Цётка, мяркуючы, што дзяўчына яе не зразумела, пачала тлумачыць, маўляў, добрая праца: там кормяць, прыгожа апранаюць дзяўчат, там весела і поўна культурных і шчодрых кавалераў.

– Калі не будзеш дурнаватай, то праз год абярэш мінімум тысячу рублёў. Тады кінеш гэта. З грашыма знойдзеш сабе хлопца і выйдзеш замуж.

– Калі там гэтак цудоўна, то, можа, цётка сама пойдзе туды працаваць? – адказала Андзя.

Цётка прамаўчала. Яна адчула, што неўзабаве ў яе з’явіцца найлепшы хаўруснік – голад, які схіліць дзяўчыну да згоды хутчэй, чым яна сама.

Цётка не памылілася. Праз два тыдні пасля іхняй размовы Андзя, пачуўшы ноччу, як старая пераварочваецца ў ложку, спытала:

– Цётка, не спіце?

– Чаго трэба?

– А як будзе з Алікам?

Цётка адразу ж зразумела, куды хіліць дзяўчына, і прамовіла:

– Пакінеш яго ў мяне… За восем рублёў у месяц будзе жыць як графянё. Ужо ж я яго не пакрыўджу, бо хоць ён і байструк, але таксама нібыта і родзіч… гэта можна ўладзіць… і заўсёды зможаш хадзіць да яго ў адведзіны…

Назаўтра цётка разам з Андзяй, якую яна крыху прыбрала, каб тавар лепш выглядаў, пайшла да Эмы. Дзяўчына спадабалася немцы. Вокам знаўцы яна ацаніла маладуху і прыклала намаганні, каб не выпусціць яе з рук.

Цётка і гэтым разам зарабіла на Андзі некалькі дзясяткаў рублёў. А ўжо назаўтра дзяўчына пасялілася ў Эмы як сталая жыхарка пансіянату. Немка насамрэч досыць па-людску ставілася да сваіх дзяўчат і падманвала іх менш, чымся іншыя мадам. Можа, так адбывалася таму, што ў яе быў першакласны тавар, які прыносіў ёй вялізныя прыбыткі. Андзю атачылі адмысловай апекай. У пансіянаце ведалі, што дзяўчына крыху дзікая, таму стараліся яе не перапалохаць, а паступова прывучаць да працы. Яе пакідалі для найлепшых гасцей, таму яна рэдка калі выходзіла ў агульную залу.

Мадам не падабалася толькі, што Андзя вечна маркоцілася ды, у адрозненне ад іншых дзяўчат, не піла з гасцямі віна і гарэлкі. Эма пастаралася зрабіць яе сяброўкай сваю ўлюбёнку, Залатую Полю, якая вылучалася не толькі прыгажосцю, але і вясёлым норавам. Поля праз некаторы час змагла прывучыць Андзю спачатку да розных салодкіх вінаў, а пазней і да гарэлкі… Здавалася, Андзя канчаткова прымірылася з лёсам, але ў вачах ў яе ўсё яшчэ таіўся нейкі дзіўны неспакой.

Андзя была самай прыгожай дзяўчынай у Эмы. Яе апраналі як гімназістку або як хлопца-жакея. Яна мела шалёны поспех, але трываў ён нядоўга. У яе не было закаханых гасцей, якіх чакаюць і якіх абмяркоўваюць з каляжанкамі: «Ведаеш, а мой абяцаў мне тое і тое…» Яна вабіла гасцей прыгажосцю і грацыяй, але адштурхоўвала абыякавасцю, холадам і пагардай. Наведнікам падавалася, што Андзя аддаецца ім сціснуўшы зубы, каб не крычаць ад гідоты.

Дзяўчына пакутавала і прападала, але Алік быў дагледжаным хлопчыкам, бо Андзя нічога для яго не шкадавала. Цешылася, што хлопец хутка рос і добра выглядаў. Яму споўніліся ўжо тры гады. Ён зграбна хадзіў і ўжо крыху гаварыў. Андзя заўсёды з нецярплівасцю чакала раз на тыдзень, калі цётка прыводзіла да гаспадыні на кухню пацешнага, заўсёды фарсіста апранутага Аліка.

Андзя ашчадна збірала грошы. Прадчуваючы, што дзіцяці спатрэбяцца сродкі, яна старанна іх зарабляла. На кніжцы, якая ляжала ў гаспадыні, у яе захоўвалася больш за тысячу рублёў.

Аднойчы вечарам, напрыканцы лета, калі Андзя была ў Эмы ўжо другі год, усіх вольных дзяўчат выклікалі ў залу-гасцёўню. Прыехала група п’яных афіцэраў. Фартэпіяна і скрыпачка гралі бадзёры марш. Пачаліся танцы. Эльза (гэткае імя было ў Андзі ў публічным доме) мела найбольшы поспех і пераходзіла – што праўда, неахвотна – з рук у рукі.

Хвілінаў праз пятнаццаць прыехала чацвёрка п’янаватых цывільных. Сярод іх быў адзін, які вылучаўся асаблівым запалам і здольнасцю забаўляць астатніх. Яму хапіла некалькі жартаў, каб разварушыць таварыства.

Усе пачалі піць за здароўе войска і важных асоб. Загучалі камічныя тосты. Дзяўчат змушалі піць гарэлку, плоцячы па рублі за кілішак. Музыкі, падахвочаныя шчодрасцю гасцей, гралі без продыху. Толькі Эльза-Андзя не весялілася. Нахмурыўшы бровы, яна ўпотай сачыла за адным з цывільных, у якім яшчэ на самым пачатку пазнала Рычарда. Вусікі і элегантны гарнітур яго не надта змянілі. Але ён не ўзгадаў Андзі, якая была ў ягоным жыцці толькі дробным фрагментам, мімалётным фліртам, якіх у яго былі дзясяткі. З ёй было звязана найменш турботаў, і яна была яму найбольш адданай. Як жа ёй было запасці ў памяць? Зрэшты, адзенне таксама змяніла Андзю да непазнавальнасці. На дзяўчыне была дарагая шаўковая сукенка, шаўковыя панчохі, лакаваныя туфлікі. Прыгожая прычоска дадавала ёй шарму. Акрамя таго, Андзя вырасла, крыху памажнела. Гэта ўжо не была тая змарнелая нясмелая дзяўчына ў завэдзганых лахманах, а поўная грацыі шыкоўна ўбраная жанчына… хоць і прастытутка.

У пэўны момант Рычард, патанцаваўшы па чарзе з некалькімі дзяўчатамі – а ён быў добрым танцорам і любіў танчыць, – жартаўліва падхапіў Андзю да танца.

– Пекная Эльзачка мне некага нагадвае, – прамовіў ён дзяўчыне.

Сэрца Андзі закалацілася, а твар не меў ні крывінкі.

– Каго?.. – прашаптала яна, адчуваючы, што яе пакідаюць сілы.

– Адну такую акторку… з фільму ці то тэатру… – абыякава адказаў ейны былы каханак, язык якога крыху заплятаўся.

Дзяўчына адчула, што да вачэй падступаюць слёзы, але Рычард, не заўважыўшы гэтага, пайшоў танцаваць з наступнай дзяўчынай. Андзя правяла яго гарачым позіркам.

Пры вялікім стале, складзеным з чатырох меншых столікаў, сядзелі тыя, хто не танцаваў. Увесь стол быў застаўлены бутэлькамі і закускай. Андзя сядзела ля аднаго з паручнікаў, які напачатку весяліўся, але, выпіўшы вялікую колькасць усякага-рознага, раптам пагрузіўся ў пануры настрой і асалавела вадзіў вачыма наўкола. Рычард сядзеў насупраць. Андзя не зводзіла з яго вачэй, стараючыся, аднак, каб ён гэтага не заўважыў.

Чым больш пілі і палілі ў зале, тым больш згушчалася атмасфера і псаваліся настроі прысутных. Раптам нехта з цывільных пачаў спяваць «Дубінушку». Не зважаючы на тое, што песня лічылася вальнадумнай, яе пачалі падцягваць хорам і вайскоўцы. Уласна кажучы, песню не спявалі, а раўлі, бо кожны хацеў перакрычаць астатніх.

Тым часам Рычард прынёс з буфета некалькі вялікіх ігрушаў і пачаў кідаць іх дзяўчатам. Андзя спрытна злавіла сваю ігрушу. Але ейная каляжанка, Залатая Поля, якая сядзела на каленях хмурнага паручніка, так нязграбна спрабавала схапіць плод рукой, ажно той адскочыў ад яе далоні і трапіў паручніку ў твар. Афіцэр збялеў. Ён скінуў дзяўчыну з каленяў на падлогу і падскочыў са свайго месца.

– Хто гэта зрабіў?! – хрыпла запытаў ён у прысутных.

Спачатку ніхто не зразумеў, што адбылося, таму ўсе маўчалі.

– Я… пытаюся… хто гэта зрабіў?!.. – казаў ірванымі фразамі афіцэр, ледзь стоячы на нагах.

Рычард зразумеў, што афіцэр мае на ўвазе ігрушу, якую Залатая Поля гэтак няўдала лавіла. Таму ён устаў з месца і сказаў:

– Я прашу ў вас прабачэння. Я кінуў ігрушу, але насамрэч ніхто не вінаваты, бо дзяўчына нязграбна яе лавіла. Ніхто не хацеў вас абразіць. Супакойцеся, калі ласка.

– Што?! – зароў афіцэр. – Вы… мяне… супакоіцца… Мярзотнік!..

– Не падымайце тут гвалту, калі ласка, – пачаў Рычард.

– Што-о-о?!.. Ах ты, гнюс!..

Афіцэр, у куточках вуснаў якога паказалася пена, рэзкім рухам выцягнуў з задняй кішэні штаноў пісталет і, робячы крок назад, падняў руку ўгору.

Андзя, якая, прыціснуўшы рукі да грудзей, не дыхаючы, сачыла за яго рухамі, спрытна скокнула наперад і апынулася на стале. Яна была павернутая спінай да даўнейшага каханка, а тварам – да паручніка. Дзяўчына схапіла адной далонню рулю пісталета. Раздаўся стрэл…

– Не страляй! Гэта ж Рычард… мой Рысік! Напрамілы Бог, не страляй! – крычала Андзя, па твары якой цяклі слёзы, а па сукенцы – кроў.

Прыяцелі паручніка адабралі зброю. Андзя аблегла на падлогу. Яе перанеслі на канапу ля сценкі.

– Рысік… Рысік… – кволым голасам клікала дзяўчына.

І цяпер ён пазнаў яе. Ніхто ўжо даўно не называў яго Рычардам. Ён наблізіўся да дзяўчыны, якая ўратавала яму жыццё, і, бледны, ашаломлены, узяў яе за руку, каб праверыць пульс…

– Рысік, мой залаты… Я маю грошы ў гаспадыні… Не пакінь Аліка… гэта твой сынок… Рысік… залаты…

Ён яе не зразумеў. Яго здзівіла толькі, што Андзя ведае пра яго з Гальшкай сына (таго хлопчыка таксама звалі Аляксандр). Яму і да галавы не прыйшло, што дзяўчына кажа пра сваё дзіця.

– Добра, добра, – прамовіў. – Грошай не трэба… я ўсё зраблю.

– Рысік, каханы… я так чакала… чакала… Рысік…

Неўзабаве яна развіталася з жыццём. Амаль шчаслівая. «Рысік дагледзіць Аліка». І гэтак Вавёрка адышла назаўсёды.

У вокны зазіраў сівы, смутны ранак.

Цётка забрала ў мадам Лядзіны грошы, пра якія даўно ведала. Спачатку сума здалася ёй вялікім багаццем, таму яна яшчэ крыху апекавалася сынам Андзі. З часам, аднак, яе клапатлівасць змяншалася. А праз год цётка зусім перастала займацца хлопцам.

– Цётачка, я хачу есці, – клікаў Алік.

– Маўчы, байструк! – калацілася жанчына. – Я ніякая табе не цётка. Прыблуда ты. Няма на цябе смерці, халеры якой… Іншыя дзеці дык мруць і мруць як мухі, а гэтая пачвара дык і не засаплівіцца!

Цётка цяпер пакрысе распрадавала хлапечыя рэчы, якіх вельмі шмат колісь накупіла Андзя. Перш за ўсё цётка прадала ложачак, пазней – вопратку, боцікі, бялізну. Малы застаўся толькі ў адным старым касцюмчыку.

Для Аліка зноў насталі чорныя дні. Пагатоў, ён не мог сам паклапаціцца пра сябе і не меў каму паскардзіцца. Голад пазбавіў яго сілаў. Безупыннае біццё і чаплянні цёткі ператварылі яго ў зацкаванага звярка, які з маўклівым недаверам пільнаваў кожны ейны рух. Калі цётка раз-пораз кідала яму нейкі кавалак – не з літасці, а толькі каб ён зусім ужо знянацку не здох, – то хлопец накідваўся на той кавалак і еў сквапна, душачыся, амаль не адчуваючы ніякага смаку. Яго зрок зрабіўся вастрэйшым, стаў пранізлівым. Яго рухі зрабіліся адшчадныя. Падсвядома ён разумеў, што мусіць берагчы сілы.

Мінула другая зіма пасля смерці маці, асабліва цяжкая для Аліка. Надышла вясна. Хлопец пух з голаду і хістаўся. Цётка меркавала, што ён неўзабаве здохне, і штораз радзей давала яму есці…

Аднойчы, калі п’яная цётка некуды выйшла і не замкнула Аліка ў пакоі, ён вылез з сутарэння і, трымаючыся за парэнчы, стаў караскацца наверх па слізкіх каменных прыступках.

Калі ён апынуўся на дзядзінцы, то ледзьве мог стаяць на нагах, аслеплены даўно нябачанымі праменямі сонца, апоены свежым паветрам. Ён закрыў рукамі твар і хістаўся ўперад і назад… Выглядаў ён страшна. Уся яго ссінелая галава была ў ацёках і струпах. Цела пакрывалі нарывы. Адзежа, падзёртая, вільготная, ажно склейвалася ад бруду. Чырвоныя вочы. Тоненькія ножкі і ручкі. Да таго ж на гэтым бедным целе пасвілася мноства вошай.

Па падворку ішоў малады чаляднік, які працаваў у шаўца. Ён весела пасвістваў. Заўважыўшы скіраваныя на яго вочы дзіцяці, ён спачатку зрабіў некалькі крокаў назад – такім дзіўным і дзікім быў позірк малога. Але праз момант ён сціснуў кулакі і рушыў у бок Аліка.

– Я табе зараз косткі паламлю! Я табе галаву адкручу!

Алік, сабраўшы рэшту сілаў, пусціўся наўцёкі. Ён амаль скаціўся па сходах уніз, у невялікі калідорчык, дзе схаваўся ў цёмным закутку. У жытло цёткі ён не пабег, бо ведаў, што не паспее хутка адчыніць дзверы.

Але чаляднік не гнаўся за ім. Працягваючы свістаць, ён пайшоў далей.

У сутарэнні, насупраць дзвярэй у іхняе жытло, былі іншыя дзверы. Там жыў з жонкаю начны вартаўнік тартака, сталы чалавек. Калі Алік хаваўся ў калідорчыку, жонка вартаўніка, зварыўшы ежу для сабакаў, выставіла яе ў вядры за дзверы, каб ежа астыла. Пах прывабіў Аліка. Вылезшы са свайго кута, ён падышоў да вядра. Апарваючы рукі, выцягнуў з вядра кавалак мяса. Даўшы драпака ў свой закутак, там прагна еў. Потым прадбачліва зацёр сляды на падлозе, выняў яшчэ нешта з вядра і схаваўся ў кватэры.

З таго часу ён стаў сістэматычна красці з вядра прызначаны для сабакаў корм. Хлопчык браў ежу на запас, бо перад гэтым некалькі разоў яму перашкодзілі, і ён не паспеў раздабыць харчоў. Таму ён зрабіў сабе ў цётчыным жытле схованку, у якой пакідаў у бляшанцы кавалкі мяса, пабранага ад сабакаў, а таксама мокрыя кавалкі хлеба.

Цётка ж дзівілася, што байструк, які меўся – як яна спадзявалася – хутка здохнуць, не толькі ўсё яшчэ жывы, але нават паспраўнеў.

– Гэта сучае насенне, – бурчэла яна. – Як пустазелле, хоць дзе расце.

Пасля некалькіх месяцаў жыцця на сабачай ежы да Аліка вярнуліся сілы і здароўе. Ацёкі з твару, рук і ног пазнікалі. Нарывы пазагойваліся… Сабакам (а не людзям) ён мог быць удзячны за тое, што ацалеў. Ён не задумваўся, што забіраў ад жывёлы яе і так невялікі рацыён. Малы не разумеў, што калі ён пачаў набіраць сілы, то слабець і цярпець голад пачалі сабакі.

Неўзабаве Алік пачаў выходзіць з сутарэння часцей і далей. Цётка яму гэтага не забараняла. А ён знаёміўся са светам. Перш-наперш яго зацікавіў сметнік на іншым падворку, недалёка ад прыбіральні. Там была крыніца вялікіх багаццяў, якімі ён стаў спраўна карыстацца. На сметніку яму трапляліся адкроеныя з хлеба сухія скарынкі. У бляшанках ад кансерваў часам былі рэшткі ежы. Здаралася знайсці і кавалкі зацвілай кілбасы. З костак ён выцягваў мязгу. А колькі ж там было іншых скарбаў, якія ён сабе прысвойваў і прадбачліва хаваў, рассоўваючы па розных кутах на падворку і ў сутарэнні!

Гэтак жыў хлопчык-шчанюк, няшчаснейшы за сапраўднага звярка, бо ён мацней пакутаваў ад галечы і быў значна больш бездапаможны. Гэтак ён змагаўся за сваё жыццё. І калі ацалеў, то толькі дзякуючы сабе і сабакам. Людзі тут былі ні пры чым.

Калі Алік стаў злодзеем – невядома. Можа, ён быў ім з пачатку свайго жыцця. Можа, гэта пачалося тады, калі ён пачаў красці сабачую ежу. Цяжка сказаць. Я ведаю толькі адно: ён не атрымаў гэтага ў спадчыну ад продкаў, не меў прыроджаных схільнасцяў да злачынства, не быў тыповым ліхадзеем.

Праўда палягае ў тым, што злачынцам яго зрабіла жыццё. Злачынства было напачатку адзінай магчымасцю выжыць, а пазней – адзінай пакінутай яму прафесіяй. Найгоршай, найцяжэйшай з усіх мажлівых прафесіяў. Калі ёсць людзі, якія будуць адчуваць да яго пагарду, то знойдуцца і іншыя, якія яго зразумеюць. Я толькі апішу найбольш характэрную частку яго жыцця, у якой Алік – о, як жа гэта было рэдка! – паказваўся са сваёй слімаковай ракавіны, у якой звычайна хаваўся ад людзей. Гэтую ракавіну тварылі ўпартасць, падазронасць і маўчанне. Гэта былі таксама якасці ягонай маткі, якой дазвалялася толькі маўчаць і працаваць.

Я не павяду вас па ўсіх яго турмах і прытонах. Я не буду віць доўгую нітку аповеду пра ягоныя пакуты і выпрабаванні. Я раскажу вам пра ягонае каханне… Пра тое, як яно дзіўна ўплялося, не раўнуючы калючы дрот у жывое цела, у ліхое жыццё злодзея… І што з гэтага магло выйсці ды што атрымалася.

А цяпер, каб праліць крыху святла на гэты змрочны вобраз, я распавяду вам яшчэ адну рэч… Рычард Заваёўнік Сэрцаў меў сына не толькі з Андзяй, але і са сваёй ненагляднай Гальшкай. Праз нейкае дзіўнае супадзенне абодвум хлапчукам, якія былі таго самага ўзросту, выбралі аднаго нябеснага заступніка – Аляксандра. Але ў жыцці дзяцей не было ніякага падабенства. Ужо сам стан цяжарнасці прынёс Андзі толькі згрызоты і душэўны боль. У процівагу сіротцы Андзі, цяжарнасць Галышкі была прынятая блізкімі з захапленнем: усе з нецярплівасцю чакалі з’яўлення на свет нашчадка двух родаў. Калі Андзінага Аліка спрабавалі збыць са свету перад яго народзінамі і пазней, то пра Гальшчынага Аліка клапаціліся бязмежна. Калі сын Андзі цярпеў голад, сын Гальшкі мучыўся ад пераядання. Калі Андзін Алік краў сабачы корм, то ў Галыпчынага Аліка сабакі ня раз забіралі з рук ласункі. Калі дзіця Андзі вучылі злачынцы, вуліца і турма, то Гальшчынаму нашчадку давалі адукацыю ў найлепшых універсітэтах, пад наглядам самых выдатных педагогаў. Адзін увайшоў у жыццё са шматлікімі дыпломамі, ведамі, сувязямі, як адукаваны, добра ўладкаваны чалавек. Другі цяжка цягнуўся жыццёвай дарогай, назапасіўшы толькі горкі досвед і практычны інстынкт. Адзін ішоў па роўнай дарозе, другі церабіў сабе шлях у жыцці, рабуючы і здабываючы сродкі на існаванне адмычкамі і ломікамі. Аднаму купілі пазіцыю «сумленнага грамадзяніна», іншы ж сам мусіў здабыць сабе тытул блатнога.[1]1
  Блатны – злодзей, свой. На блат, па блаце – нелегальна. Блат – махлярства, крадзеж. Блатаваць – красці, хітрыць. Зблатаваць – намовіць, угаварыць.


[Закрыть]


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю