Текст книги "Яблычак"
Автор книги: Сяргей Пясецкі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 14 страниц)
Знайшліся грошы на наступную порцыю гарэлкі. Зрэшты, Цыпа ахвотна давала ім у крэдыт, бо ведала, што салідныя злодзеі не падвядуць яе пад дурную хату. Настрой ва ўсіх крыху палепшаў. Іх ажывіла перспектыва цікавай і прыбытковай работы.
Тым часам Грамадзянін, які грошы на фурманку пакінуў сабе, прынёс рэчы Казіка Марацкага, складзеныя ў не надта вялікую кардонную скрыначку. З камічнай элегантнасцю ён наблізіўся да Барана і падаў яму рэчы, як на падносе.
– Калі ласка, пане Аляксандр! Загад выкананы.
Баран, якому вельмі падабаліся добрыя манеры і ветлівасць Грамадзяніна, пасадзіў таго каля сябе і частаваў гарэліцай. Грамадзянін хутка ахмялеў. У яго была слабая галава, а да таго ж ён кепска харчаваўся, таму алкаголь адразу даў яму ў чэрап.
– Ну, Грамадзянін, паспявай нам што-небудзь! – звярнуўся да яго Філіп Лысы, падміргваючы прыяцелям.
Іншыя злодзеі падтрымалі яго просьбу.
Грамадзянін абвёў мутным позіркам людзей навокал і квола ўсміхнуўся. Ён ведаў, што голас у яго слабы – прапіты і хрыплы, – але яму не хацелася расчароўваць гэтых файных хлопцаў, якіх ён некалі называў вельмі коратка – жулікі. Ён прыпадняў бровы, нахмурыў лоб і пачаў спяваць адзіную песню, якую ведаў – псеўдазладзейскую, або, хутчэй, псеўдатурэмную:
Сяджу я ў цямніцы,
Сяджу у астрогу,
Ліхія жаўнеры ўзялі у аблогу.
Зладзеі і прастытуткі вельмі любяць песні пра людскую нядолю. Яны будуць слухаць нават самае нізкапробнае і вельмі лёгка расчульваюцца. Таму і песня Грамадзяніна, зрэшты, вядомая ім, насуперак ягоным чаканням не выклікала смеху. Усе слухалі яе ахвотна, а некалькі галасоў нават падцягнулі прыпеў:
Прапаў я, хлапчына,
Загінуў за кратамі.
І год за гадочкам
Лічу як пракляты.
Твары прысутных, асабліва вочы, цалкам змяніліся, зрабіліся мяккімі, летуценнымі, дзіцячымі. А Грамадзянін, агаломшаны прыхільнасцю, спяваў усё лепей, а прысутныя слухалі яго ўважліва, часам падхопліваючы спеў.
Калі гэтая песня скончылася, спяваць пачаў Казік Марэцкі. Ён завёў вядомую ў нізах грамадства песню «Яблычак», якую спарадзіла рэвалюцыя і якая стала надзвычай папулярнай у турмах, сярод вязняў. Гэтую песню савецкія ўлады пачалі пераследаваць, бо яна ўсё больш рабілася сатырай на бальшавіцкі лад і яго заганы. З кожным разам песня гэтая ўзбагачалася новымі куплетамі, якія прыдумляліся нечакана, плылі з вуснаў у вусны і гучалі па ўсёй Расеі.
Эх, яблычак, кубы коцішся?
Ад чэкістаў ты не вароцішся.
Казік спяваў:
І гучалі, плылі ў паветры ўсё новыя радкі гэтай песні, якая распавядала пра цяжкую долю злодзея. Песня нібы скардзілася, а яе словы стукаліся аб брудныя сцены і заміралі ў кутах.
– Ведаеце што, пане Аляксандр, – звярнуўся да Барана Грамадзянін. – Гэта незвычайная рэч! Ваш інтэрнацыянал… Так… Гэта інтэрнацыянал абяздоленых людзей, бедных, няшчасных, як вы… як я… усіх абдзеленых, пакінутых без спадчыны… усё адно калі, дзе і ў якіх абставінах… Гэта гімн і пратэст тых, у каго забралі магчымасць жыць, а за тое, што яны асмельваюцца змагацца за сваё існаванне, іх назвалі злачынцамі.
Грамадзянін схапіў далонь Барана і моцна яе сціснуў, а з вачэй у яго паляцелі слёзы… Здзіўлены Баран глядзеў яму ў твар і хмурыўся… Ён намагаўся зразумець гэтага фраера, якому беднасць толькі на старасці гадоў расплюшчыла вочы і паказала жыццё такім, якое яно ёсць сапраўды… і праўдзівыя абліччы людзей.
Эх, яблычак, сэрца баліць,
А бядак малады у турме сядзіць.
5
ГІСТОРЫЯ АДНАГО КРАДЗЯЖУ І ДЗВЮХ ПАРАЎ ДАМСКІХ ТУФЛІКАЎ
Працаўнік цыркульнага салону «Кармэн», размешчанага на вуліцы Каломенскай, не маючы чым заняцца, стаяў у адчыненых дзвярах цырульні і, падстаўляючы бакі сонцу, разглядаў мінакоў і адначасова марыў. Яму мроіўся ўласны салон першай катэгорыі для мужчынаў і дам на вуліцы Губернатарскай ці прынамсі недзе пасярэдзіне Захар’еўскай. І каб туды прыходзіла шмат чыстых і шчодрых кліентаў. Цырульня, натуральна, была б абсталяваная паводле амерыканскага ўзору. Шыкоўныя крэслы, абабітыя скурай, як фатэлі ў зубных дактароў. Люстры на ўсе сцены. Усюды нікель, шкло і мармур… Ягоныя мары перарвала цікаўнасць да двух паноў, якія падышлі да дзвярэй насупраць паліцэйскага кааператыву. Абодва мужчыны былі прыстойна апранутыя і выглядалі вельмі салідна. Адзін з іх адамкнуў ключом (цырульнік не мог бачыць, што той зрабіў гэта адмычкай) дзверы і жэстам рукі запрасіў свайго спадарожніка ўнутр. Разам яны зніклі ўсярэдзіне і прычынілі за сабой дзверы. Цырульнік больш нічога не пабачыў, бо ў салон уціснуўся кліент. Ён акурат быў антыподам «чыстых наведнікаў» з мараў цырульніка. Брудныя валасы старчма стаялі ў яго на галаве, а ва ўскудлачанай барадзе тапырыліся рудыя валасы, цвёрдыя, як стальныя пруты.
– Падстрыгчы і пагаліць! – сказаў кліент.
Цырульнік толькі ўздыхнуў і з роспаччу ўзяўся за працу. Ён ведаў, што неўзабаве ягоныя рукі стануць ліпкімі ад тлустых, даўно нямытых валасоў, а з-пад пэндзліка для галення пры намыльванні будзе сцякаць бруд.
Тым часам Янка Залаты Зуб і Філіп Лысы гэтак жа інтэнсіўна працавалі ў краме насупраць цырульні. Заданне яны распачалі амаль адначасова з цырульнікам, але працавалі не з агідай, а з прыемнасцю і велічэзным запалам.
Праз чвэрць гадзіны яны расклалі на прылаўку і падлозе ўмела абгорнутыя паперай мяшкі і скрынкі з таварам. Паліцы ўжо былі пустыя. Калегі пачалі выносіць усё з крамы ў тыльны пакой, з якога было выйсце на падворак. Калі яны працавалі, у заднія дзверы нехта пастукаў: раз – доўга, два – коратка; раз – доўга, два – коратка. Філіп адамкнуў дзверы. Усярэдзіну ўвайшоў Казік Марацкі.
– Я прасачыў за імі да Хрышчэнскай вуліцы, – сказаў Казік. – Усё ідзе клёва.
Казік меў на ўвазе кіраўніка кааператыву і двух ягоных памагатых, прадаўцоў, якія а дванаццатай гадзіне замкнулі дзверы, вывесіўшы за шклом кардонку з надпісам: «З 12 да 2 абедзенны перапынак», і пашыбавалі ў паліцэйскую сталоўку на вуліцы Хрышчэнскай. Казік пайшоў за імі следам, каб ніхто з іх знячэўку не вярнуўся, ненаўмысна забыўшыся нешта ў краме. А ў гэты час Філіп і Янка замкнуліся на ключ у памяшканні і заняліся ліквідацыяй кааператыву. Цяпер да іх далучыўся і Казік. Праца борзда падыходзіла да канца.
У той жа самы дзень аб адзінаццатай гадзіне Баран зайшоў у чайную Цыпы і ўсеўся за адным са столікаў у агульнай зале, не прабіраючыся за стойку ў сапраўднае памяшканне прытону. Потым ён, на вялікае здзіўленне, папрасіў гарбату і булкі. Габрэйка мусіла адмыслова для яго паставіць самавар. А палове дванаццатай Баран еў булкі і запіваў гарбатай. Ён не спяшаўся. Еў павольна, паліў цыгарэты і час ад часу пазіраў на гадзіннік. Роўна за чвэрць да дванаццатай пад вокны чайной пад’ехала вялікая платформа, запрэжаная дужым сівым канём. Вознік завярнуў на двор камяніцы, у якой знаходзілася чайная Цыпы. Ён зрабіў кола па дзядзінцы і паставіў каня, падрыхтаваўшы яго да выезду на вуліцу. Потым ён завітаў у чайную, прысеў за асобным столікам і таксама папрасіў гарбаты і булак. Гэта быў Стась Рамізнік. Ён не прывітаўся з Бараном: яны рабілі выгляд, што не знаюцца.
Баран неўзабаве заплаціў Цыпе за пачастунак і выйшаў на вуліцу. Звярнуўшы на падворак і заскочыўшы потым на перад платформы, ён выехаў на вуліцу. А дванаццатай дваццаць Баран заехаў на дзядзінец, пры якім месціўся паліцэйскі кааператыў. На гэта абсалютна ніхто не звярнуў увагі. Зрэшты, фурманкі заязджалі сюды досыць часта, і нікога гэта не дзівіла і не турбавала.
Злодзеі пачалі ўчатырох грузіць тавары на платформу. Не забыліся ні пра што. Яны забралі нават дзве вагі з гіркамі, шчотку, якой падмяталі падлогу, і дыванок з-пад дзвярэй для выцірання ног. Калі яны выйшлі, памяшканне было цалкам пустое. На дзвярах засталася адно аб’ява: «З 12 да 12 абедзенны перапынак». Гэта Казік Марацкі не вытрымаў, каб не паддурыць мянтоў. Таму ён дапісаў алоўкам перад двойкай лічбу адзін, і выйшла, што перапынак трывае з дванаццатай да дванаццатай – бясконца.
А дванаццатай сорак з дзядзінца пры вуліцы Каломенскай выехала на праезную частку цяжка нагружаная платформа, вывозячы ўсе тавары і нават крамнае абсталяванне паліцэйскага кааператыву. А цырульнік з «Кармэн» усё яшчэ мазоліўся, прыводзячы ў парадак галаву і бараду свайго кліента… Злодзеі даказалі, што яны найлепшыя майстры ў сваёй справе і здольныя вельмі эфектыўна і хутка стрыгчы і галіць – без мыла, ляза і нажніцаў.
А трынаццатай пятнаццаць платформу разгрузілі ў адным з двароў на вуліцы Серпухаўскай. Тавары знеслі ў склеп, размешчаны пад жытлом скупшчыка. Адзін уваход туды быў з двара, а другі – з памяшкання. Філіп Лысы, Янка і Казік засталіся ў скупшчыка, каб паскладаць і падлічыць тавар для разліку, а Баран паехаў на пустой платформе ў бок Нізкага рынку. Праязджаючы каля чайной Цыпы, ён заўважыў у акне Стася Рамізніка. Баран кіўнуў яму галавой і паехаў далей. Стась заплаціў Цыпе за ежу і выйшаў на вуліцу. Рамізнік дагнаў Барана недалёка ад базару. Той аддаў яму лейцы.
– Як прайшло? – запытаў Стась.
– Як па нотах, – адказаў Баран.
Баран развітаўся са Стасем і пайшоў на Серпухаўскую да скупшчыка, а Стась паехаў дадому на Лагойскі тракт, дзе выпраг свайго каня з платформы Шлемы Гоя, а запрог у фурманку, у якой зараз жа выехаў у горад. Некалькі разоў яго спрабавалі затрымаць пасажыры, але ён іх ігнараваў – накіроўваўся таксама на Серпухаўскую да скупшчыка. Паводле зладзейскіх правілаў, за тое, што ён знайшоў павозку, яму належала такая ж самая доля, як здзяйсняльнікам крадзяжу.
Стась Рамізнік даставіў дадому платформу Шлемы Гоя роўна а другой гадзіне. У той жа самы час цырульнік з салону «Кармэн» зноў стаяў у дзвярах і нудзіўся. Ён сачыў за мінакамі і марыў, на гэты раз пра ўдалую жаніцьбу з багатай і прыўкраснай іншаземкай. І пра тое, як ягоныя калегі пазелянеюць ад злосці, калі ён, нарэшце разбагацеўшы і напхаўшы поўныя кішэні грошай, адкрые ў Менску некалькі першакласных салонаў.
Увагу цырульніка звярнулі на сябе кіраўнік кааператыву (перадавік паліцыі, апрануты па-цывільнаму) і два ягоныя памочнікі (паставыя), якія наблізіліся да дзвярэй кааператыву і адамкнулі іх. Была другая гадзіна. «Можа, пайсці да іх і запытацца, ці прадаюць цыгарэты прыватным асобам?» – падумаў цырульнік. Потым ён заўважыў, што кіраўнік кааператыву выбег з памяшкання на вуліцу і пачаў нешта выглядаць то справа, то злева. Маланкай да яго далучыліся і прадаўцы. Яны паводзіліся – паводле меркавання цырульніка – камічна: аглядвалі дзверы, ходнік, дарогу, забягалі назад, нават лаяліся. Цырульнік, назіраючы за гэтай сумятнёй, пачаў усміхацца… Калі начальнік заўважыў на дзвярах надпіс, які абвяшчаў, што абед трывае з дванаццатай да дванаццатай, то проста ашалеў, пачаў пагражаць кулакамі і крычаць: «Пачакайце, я іх засаджу! На дванаццаць гадоў! Я ім дам! Я іх правучу!»
Мінакі пачалі прыпыняцца. А цырульнік ад дзіўных паводзінаў паліцэйскага начальніка стаў не тое што ўсміхацца, а на ўвесь голас рагатаць. Начальнік заўважыў гэта і скочыў да яго праз дарогу, сціснуўшы кулакі:
– А ты чаго смяешся?
– Я нічога…
– Як гэта нічога… У змове, можа, быў з імі, а цяпер рагочаш?!
– Я нічога не ведаю, пане афіцэр… Пра што вы гаворыце?
– Кааператыў абакралі, разумееш? Ці бачыў там некага?
– Так. Бачыў двух паноў каля першай гадзіны, увайшлі туды. Але гэта былі вельмі прыстойныя паны.
– Зладзеі, халера, не паны… А ты маўчаў?! Што?!. Бачыў і маўчаў?!. Га?!.
– Можа, змовіўшыся быў з імі? – заўважыў адзін з паставых.
– Пэўна, так… Відаць, што гэта добры вылупак… а яшчэ й зубы скаліць…
І цырульніка, які пра гэта нават не думаў і не гадаў, забралі ў следчы аддзел на Серпухаўскай. Якраз недалёка ад дому скупшчыка, якому злодзеі перавезлі ўвесь паліцэйскі кааператыў. У следчым аддзеле цырульнік сядзеў амаль тыдзень. А зачыненыя аканіцы цырульні «Кармэн» панура пазіралі на замкнёныя аканіцы паліцэйскага кааператыву.
Праз некалькі дзён пасля крадзяжу ў кааператыве ў мясцовай штодзённай газеце апублікавалі малы фельетон аўтарства вядомага ў Менску сатырыка і гумарыста, які хаваўся пад псеўданімам Вова Круцікаў. Фельетон меў назву «Паліцыя і злодзеі» ды заканчваўся наступнымі словамі:
Поўны палкасці зварот я да вас кірую,
І шаноўных грамадзян жарона агітую:
Каб адданыя айчыне нашы абаронцы
Не трымцелі, не дрыжалі, стоячы ў старонцы.
Трэба нам стварыць аддзелы, гуртавацца ў групы,
Ды са зброяй у руках пільнаваць іх зубы.
Каб часінаю ліхою злосныя зладзеі
Не сцягнулі паліцэйскіх, мужных і надзейных.
Алік Баран прысвяціў шмат часу на пошукі добрай скуры для дамскіх туфлікаў. Яму быў патрэбны французскі велюр чорнага і жоўтага колераў. Урэшце, абышоўшы ўсе легальныя крамы і лаўкі ў горадзе ды наведаўшы ўсіх спекулянтаў, ён здолеў знайсці тое, што шукаў. Ён сам пайшоў да штэпара, які ў ягонай прысутнасці зрабіў дзве пары сапраўды першакласных загатовак на дамскія туфлікі. Гатовы тавар было куды лягчэй раздабыць, а гэта ўсё заняло яму шмат часу і нарабіла важданіны.
Цяпер Баран сядзеў у сваёй майстэрні і няспешна рабіў абутак для Паўкі. Хутчэй песціў яго, чым майстраваў, бо столькі душы ўкладаў у выраб кожнай дэталі, што здавалася, нібыта туфлі прызначаліся на нейкую выставу. Ён вызначыў сабе мэту, што туфлікі мусяць быць элегантныя, зручныя, трывалыя і лёгкія. Каб гэтага дасягнуць, трэба мець вельмі добрую скуру, добра дапасаваныя паводле памеру нагі шавецкія капыты і не шкадаваць часу на працу.
Алік Баран навучыўся шавецтву ў вязніцы, як і некаторым іншым рамёствам: сталярству, пляценню кашоў і крыху кніжнаму пераплёту. Калі ён сядзеў першы раз, то блатныя калегі, каб выцягнуць яго з адзіночкі, сказалі галоўнаму наглядчыку, што ў левым крыле першага блоку ў камеры нумар семдзесят два сядзіць добры шавец жаночага абутку. Менавіта такі адмысловец быў патрэбны ў турэмную майстэрню. Адначасова Аліка Барана паінфармавалі пра гэта праз баландзёра. Галоўны наглядчык назаўтра наведаўся ў камеру да Барана і запытаў, ці ён шавец, у чым спецыялізуецца і дзе працаваў на волі. Баран вельмі ўпэўнена адказваў згодна з указаннямі зычлівых калегаў. Назаўтра Барана забралі ў майстэрню. Наглядчык адвёў яму месца, выдаў скуру і капыты на пару жаночых чаравічак… Сам ён рэдка з’яўляўся ў майстэрні… Раніцай ён прыводзіў сюды вязняў-шаўцоў збіраючы іх з усёй турмы, а ўвечары адводзіў па месцах. У майстэрню ён залятаў час ад часу, каб раздаць заданні, замовы, забраць работу, прынесці новую, забяспечыць майстэрню прыладамі, матэрыяламі і дадаткамі. Акрамя гэтага, ён мусіў бегчы ў горад па розныя набыткі або ў канцылярыю, куды яго выклікалі ў справах майстэрні. Таму нічога дзіўнага, што ён цягам доўгага часу нават не заўважаў няўмельства Барана… Калі наглядчыка не было, то калегі-шаўцы бралі работу Барана і выконвалі яе, а калі ў майстэрню часам залятаў наглядчык, то бачыў што Баран, як і рэшта шаўцоў, сядзіць у фартуху на сваім месцы. Баран жа, пабачыўшы начальства, спыняў працу і круціў цыгарэту або ішоў у прыбіральню. А час ад часу ён аддаваў наглядчыку добра зробленую работу.
Зладзеям гэткая містыфікацыя таксама была выгаднай. Баран быў падследным, а ў турмах царскай Расеі плацілі шаўцам за працу паводле наступнага разліку: падследным вязням – шэсцьдзясят капеек з аднаго рубля, крымінальным вязням – пяцьдзясят, катаржнікам – сорак. Таму Барану давалі больш грошай, чымся ягоным калегам, якія ўжо мелі прысуды. Вязні з іх майстэрні харчаваліся разам ды супольна куплялі ежу. Таму нічога дзіўнага, што ўмелы шавец, які быў катаржнікам, здаваў наглядчыку дзве – тры пары новага абутку на тыдзень. А Баран здаваў штотыдзень ад пяці да сямі параў.
Спачатку Баран толькі адбіваў скуру. Потым падбіваў цвікамі падэшвы. А з цягам часу навучыўся і ўсёй вытворчасці. Праз год ён быў ужо цалкам добрым майстрам і да канца двухгадовага выраку заставаўся на лепшай працы, вырабляючы дамскі абутак, і пазнаёміўшыся з шаўцамі з розных польскіх і расейскіх гарадоў, ён авалодаў рознымі спосабамі пашыву абутку і стаў сапраўдным умельцам.
Адразу Баран пачаў рабіць туфлікі з жоўтага велюру. Ён абраў спартовы фасон: невысокі абцас, шырокі носік, салідная падэшва. Можа, больш бы пасавала для гэтай мадэлі хромавая скура ці шаўровая, але Баран аддаваў перавагу велюру. Ён вельмі адказна падышоў да працы. Абутак удаўся зграбны, у цёмнакарычневым адценні. Затым ён узяўся шыць элегантныя туфлікі з чорнага велюру. Яны мелі высокі французскі абцас, вузенькі носік і спражкі з лакаванага паска. Ён рабіў гэтую пару як ювелір, вельмі далікатна і тонка, і ў выніку атрымаліся не звычайныя туфлі, а цацачкі.
Зрабіўшы абедзве пары, ён паставіў іх на стале і любаваўся. Гэтыя дзве пары былі найпрыгажэйшай ягонай працай за ўсё жыццё… Яны былі для Павы, Паўлі, Паўлінкі…
Баран ніколі не смяяўся ад душы, часам ён толькі прыкідваўся, што смяецца. Нават усміхаўся ён рэдка. Цяпер, гледзячы на гэтыя цацкі, ён шчыра цешыўся. Ягоны твар і вочы смяяліся. Смяялася нешта ў яго грудзях, у сэрцы… Што можа параўнацца з радасцю чалавека, які зрабіў нешта добрае таму, каго сапраўды кахае?!
У Баляў часта ўзгадвалі Барана, які даўно ўжо ў іх не паказваўся. Яны рабілі розныя здагадкі, куды той мог падзецца. Чакалі яго кожны дзень. Паўлінка шмат разоў прыходзіла вечарамі, каб аддаць яму кашулю, вышытую старанна, але без густу. Яна сядзела па некалькі гадзінаў, але яго ўсё не было.
Урэшце ён з’явіўся. Завітаў не ў ботах і фрэнчы, як прыходзіў заўсёды, а ў элегантным гарнітуры, туфлях і капелюшы. З сабой ён прынёс акуратна абкручаны паперай пакунак – туфлі для Паўкі. Удома была толькі Лідзія, якая вельмі прыветліва яго спаткала.
– Дзе ж вы прападалі?.. А мы столькі часу вас чакалі… І Паўлінка штодзень прыходзіла… Мы ўжо думалі, што, можа, няшчасце якое…
– Інтарэсы, – уздыхнуў Баран.
– Відаць, добрыя інтарэсы пан робіць, – сказала Лідзія. – Такі гарнітурык гожы!
– Звычайны, – адказаў Баран. – У нашай прафесіі ўсяляк бывае.
Прыйшоў Уладзь Заяц. Радасна і нязграбна ён павітаўся з Бараном.
– Як там Мілы? – запытаў у яго Баран.
– Мілы… Мілы… Мілы… – паўтараў Уладзь.
Уміг ён залез пад печку і выцягнуў сабаку, які ўвесь час намагаўся яго ўкусіць і глуха бурчэў. Баран узяў сабаку на калені і ўважліва яго агледзеў. Мілы паправіўся. Ягоныя раны загаіліся, шэрсць набрала бляску. Толькі хадзіў ён няўклюдна, нібы кульгаючы. Зламаная лапа не вельмі добра ў яго зраслася і была дэфармаваная. Сабака і на каленях Барана не пераставаў бурчаць, але хутка супакоіўся і нават не спрабаваў яго хапнуць. Ён толькі прыціскаў вушы, калі Баран паволі гладзіў яго па галаве.
– Вось, вас і не чапае, – сказала Лідзія. – А нам даткнуцца не дае: вырываецца і грызе.
Баран быў засмучаны, што Паўлінка не прыходзіць, і сказаў пра гэта Лідзіі.
– Можна яе паклікаць, – сказала жанчына. – Вось, Уладзь мог бы падскочыць. Нібыта я яе клічу.
Уладзь, не чакаючы просьбы, узяў шапку і выйшаў з хаты. Баран пачаў вельмі далікатна распытваць Лідзію пра сям’ю Хурдзічаў. Лідзія ахвотна балбатала і апавяла Барану шмат цікавага. Ён дазнаўся, што Паўчын бацька мае цяжкую руку і трымае дзяўчыну на кароткай прывязі. Працуе ён цесляром і разводзіць галубоў, да якіх мае вялікую слабасць.
– Любіць галубкоў, – канстатаваў уголас Баран.
– Яшчэ як! За голубам і на дах, і ў пекла палезе. Як дзіця з імі.
– Шмат іх трымае?..
– І не палічыць… Усё падстрэшша… Гандлюе імі. Выменьвае. А як надарыцца нагода, то і ўкрадзе… Гэтулькі разоў ужо судзіўся.
Баран занатаваў гэта сабе ў памяці. Ён сам некалі любіў галубоў і разводзіў іх. У гэтай справе ён разбіраўся добра. Але тое было яшчэ ў маладосці. Потым ён зрокся гэтага спорту.
– А гарэліцу стары любіць? – выпытваў Баран у Лідзіі.
– А так сабе… П’е часам з гасцямі… Але бывае, так вочы заліе, што ўсе з хаты ўцякаюць…
– Бушуе, – вывеў Баран.
– Яшчэ як! Не дае спуску… Барані Божа, калі хто пад руку трапіцца.
У памяшканне ўвайшла Паўка. Барану здалося, што разам з ёй з’явілася сонца. Ён устаў. Трымаючы на адной руцэ Мілага, іншай ён прывітаўся з дзяўчынай. Пакінуты без увагі, сабака падлаўчыўся і цапануў дзяўчыну зубамі каля локця. Паўка залямантавала і адскочыла назад.
– Вось паскуда!..
– Ён гэта больш ад страху! Смаркачы хацелі яго забіць у двары… А ён цяпер усіх баіцца, – бараніў свайго любімца Баран.
Ён занёс сабаку пад печ і агледзеў Паўчын локаць. Сукенка была цэлая, а на скуры віднеліся невялічкія сляды зубоў. Паўця супакоілася. Праз момант з шуфляды стала яна дастала кашулю, якую вышыла для Барана. Алік быў у захапленні. Яму спадабаліся і ўзор вышыўкі, і падабраныя колеры. Але найбольшай каштоўнасцю было тое, што гэта менавіта для яго зрабіла Паўця.
Баран адклаў на бок кашулю і разгарнуў свой пакунак. Ён выняў адтуль пару спартовых туфлікаў і ўручыў Паўлінцы, жартаўліва прыгаворваючы:
– Шытыя і кутыя… на чэрвень і на люты. За гэта я не ручаюся, – ён стукнуў пальцам па падэшве. – За гэта таксама, – дакрануўся рукою да верху туфляў. – Але гэта, – ён паказаў пальцам на шнуроўку, – будзе насіцца, пакуль не падзярэцца. А як на сцяне павесіце, то дзесяць гадоў пратрымаецца. А цяпер маю для вас яшчэ нешта… У прыдачу…
Ён выняў другую пару туфлікаў – на французскіх абцасах. Паўка з румянцам на твары глядзела на абутак. Ён падабаўся ёй неверагодна, але яна не ведала, як за яго заплаціць. Папярэдне не было мовы пра плату. А цяпер яна разгубілася. Баран адчуў ейны настрой і свабодна ды весела сказаў:
– Гэтыя дзве пары я вам дару за вышыванне маёй кашулі.
– Не, не можа быць… Гэта ж адзін Бог ведае, колькі каштуе!
– Не, не, лухта. Мне скура танна абышлася. Яна яшчэ перадваенная. А работа, то так – мая. Хачу пахваліцца. Мо рэкламу мне зробіце.
Лідзія гучна і неяк празмерна, што межавала са штучнасцю, выказвала захапленне туфлікамі:
– Што за прыгажосць! Н ідзе раней такога не бачыла! Але ж з вас і майстар!
Паддаўшыся ўгаворванням Барана, Паўка прымерала абедзве пары. Яна крыху прыкідвалася збянтэжанай, але ў той жа час ёй не трэба было асабліва старацца, бо яна насамрэч саромелася падзёртых на пятах панчох. Баран гэта заўважыў і падумаў: «Вось, нябога, нават панчох прыстойных не мае».
Барану ўдалося намовіць Паўлінку, каб яна перастала пераймацца ды прыняла абедзве пары туфлікаў. Ён прапанаваў, каб за гэта яна вышыла яму яшчэ некалькі кашуль. Дадаў, што вышыванне займае больш часу, чымся ягоная праца з абуткам. Урэшце ён адвёў яе дадому, а каля брамкі ўручыў загорнутыя ў паперу туфлікі. Дзяўчына на развітанне моцна паціснула яму далонь.
– Прыйдзіце, калі ласка, у нядзелю пасля абеду да Уладзя. Можа, выйдзем у кіно альбо на шпацыр, – прасіў Баран Паўку ціхім, поўным чуласці голасам.
– Добра, – паабяцала дзяўчына і пабегла дадому з пакункам у руках.
Баран упершыню ў жыцці пачуваўся сапраўды шчаслівым. Дадому ён ішоў Сляпянскай вуліцай і не пераставаў усміхацца. У ягонай галаве шумела, як ад гарэлкі. А на вуснах блукала ўсмешка. Ён некалькі разоў глыбока ўздыхнуў, а потым, нават нечакана для самога сябе, пачаў спяваць:
Эх, яблычак, поўны мёду!
Кахаю я дзяўчыну ды люблю свабоду.
Гэты куплет вырваўся з яго сярод ночы як крык шчасця, як выклік тым сілам, якія вызначаюць, каму паслаць каханне і свабоду.