Текст книги "Яблычак"
Автор книги: Сяргей Пясецкі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 14 страниц)
Баран разматаў канат, які працягнуў пад папярэчнай бэлькай, каб той заставаўся рухомы. Пасля гэтага іншую, танчэйшую вяроўку ён кінуў у студню, а яе другі канец прымацаваў да жалезнага клямара, які тырчаў з боку студні. Гэтай вяроўкай ён намерваўся выцягнуць сабаку. Сам ён хацеў спусціцца туды па канаце. Усё гэта ён мог бы зрабіць і сам, але не меў вяровак. Акрамя гэтага, яму была патрэбная падстрахоўка, калі б здарыўся няшчасны выпадак або калі б на доле сабраўся небяспечны для чалавека газ. Да таго ж ён планаваў аддаць сабаку Уладзю на гадаванне, пакуль не змог бы забраць жывёліну да сябе.
– Я спушчуся ўніз… Разумееш… Там сабака… Укінулі яго, паскуды… Калі мне нешта станецца, то ты мяне выцягнеш… Зразумеў? Ты ж павінен справіцца…
Барану падалося, што Заяц фыркнуў, нібыта засмяяўся, і плюнуў сабе ў далоні.
Баран разуўся. Адным канцом каната, які заканчваўся вялікай пятлёю, ён абматаў сябе пад пахамі і пачаў павольна спускацца ў студню. Ён памалу адпускаў другі канец каната, за які трымаўся рукамі, і гэтак з’язджаў уніз. Часамі ён абапіраўся босымі нагамі на няроўныя выступы на сценах калодзежа. У гэты час Уладзь трывожна прыслухоўваўся. Далонню правай рукі ён моцна ўчапіўся за канат, кантралюючы яго рух уніз. Праз некаторы час канат затрымаўся. Занепакоены Уладзь хацеў ужо крыкнуць у дол: «Што такое?» Але праз момант ён пабачыў у студні бляск святла.
Баран стаў на кучы з камянёў на дне калодзежа. Навокал было поўна кіёў і дубцоў. Скрынкі ўжо амаль не было відаць. Баран устрывожыўся, не пабачыўшы сабакі. «Можа, яго адсюль забралі?» – падумаў ён. Але неўзабаве знізу данёсся шоргат… Перапуджаны Жук з цяжкасцю лез у сваю хованку. Гэта было няпроста – яму заміналі камяні. Баран пераканаўся, што дастаць сабаку будзе цяжэй, чым ён меркаваў. Ён мусіў разабраць і гэтак скласці дубцы, кіі, паленне, цагліны і камяні, каб дабрацца да скрынкі, пад якой хаваўся Жук. Але і пасля гэтага дастаць сабаку было нельга. Скрынка была як умураваная. Выцягнуць яе было немагчыма, бо вакол яе навісалі каменныя кучы. Тады Баран усунуў руку ў скрыню праз дзірку збоку, праз якую сабака залазіў унутр. Калі ж даткнуўся рукою да шэрсці Жука, то адчуў на далоні моцнае клацанне зубоў. Вырваў руку. «Кусаецца, падла!»
Баран ахвяраваў шмат працы і часу, каб вызваліць перапалоханага сабаку з-пад скрынкі. Жук адчайна бараніўся: кусаў, драпаўся, ціснуўся як мага далей пад скрынку, у глей. Нарэшце Баран выцягнуў яго наверх і пасадзіў у мяшок. Прывязаў яго да канца вяроўкі, якая звісала да самага долу, і крыкнуў:
– Цягні!
Мяшок знік уверсе.
Праз пару хвілінаў і сам Баран пачаў выбірацца са студні. Пэўна, ён бы забіўся або сур'ёзна скалечыўся, калі б не Заяц, які кантраляваў далонню рух каната і раптоўна заўважыў, што бэлька, па якой слізгаўся канат, пачынае рухацца.
– Чакай! – крыкнуў Заяц уніз.
Баран зразумеў што здарылася нешта кепскае, і хутка знайшоў падпорку для босых ног пры сцяне студні. Уверсе сапраўды нешта адбывалася. Уніз пасыпалася зямля. Баран моцна прыліп целам да вертыкальнай паверхні і чакаў.
Заяц здолеў выняць наверх небяспечнае бервяно і вызваліў канат, за які ўхапіўся аберуч і лёгка пацягнуў – пакуль не адчуў упору.
– Я буду цягнуць! – крыкнуў ён уніз.
– Добра.
Неўзабаве Баран усеўся на краі студні. Ён быў увесь у балоце. Рукі і ногі былі ў крыві. Ён, не спяшаючыся, абуўся, крыху паправіў адзенне і выцер кроў на руках.
Разам яны забралі канат, вяроўкі і мяшок з сабакам. Потым рушылі ў прадмесце.
Баран не зайшоў да Баляў. Аддаў мяшок з сабакам Уладзю, уклаў яму ў руку некалькі банкнотаў і сказаў:
– Ты дагледзь мне ўжо гэтага сабачку… Занясі да ветэрынара… Няхай паглядзіць… Я заўтра прыйду.
– Добра, – адказаў Уладзь, сціскаючы цвёрдай, як дрэва, кароткай і шурпатай рукой далонь Барана.
Заяц ішоў дадому і ўвесь час усміхаўся. Дзіўным здалося яму гэтае здарэнне, і дзіўны быў гэты чалавек, які ўцягнуў яго ў гэтую справу. Заяц адчуў да яго агромністую сімпатыю.
Гісторыя з сабакам выклікала ў Баляў вялікую сенсацыю. Ім цяжка было зразумець матывы Барана.
Уладзь назаўтра аднёс сабаку да ветэрынара. Там Жука перавязалі. Ён меў зламаную лапу і некалькі брудных ранаў з запаленнем. Удома Уладзь часова размясціў сабаку ў вялікім падпечку на кухні. Сабака адразу ж схаваўся ў адтуліне. Яму паставілі міску з ежаю. Пакуль людзі глядзелі, сабака не еў, але калі на яго ніхто не пазіраў, ён выядаў усё дачыста і зноў хаваўся.
Паўця з таго часу, калі даведалася пра Амерыканца, часцей заходзіла да швачкі. Мужчына яшчэ больш яе зацікавіў, калі Лідзія вельмі красамоўна і з перабольшаннямі ад сябе расказала ёй пра ўчарашнія Уладзевы прыгоды. Негаваркі брат распавёў пра гэта ў некалькіх словах, яна ж склала цэлую гісторыю.
Пад вечар Паўця прыйшла да цёткі з нейкім вышываннем. Яна вырашыла абавязкова пабачыць Амерыканца. Неўзабаве з’явіўся і Баран. Ён адразу заўважыў прысутнасць Паўкі, і ягоны твар нібыта пасвятлеў. Ейная прысутнасць – як яму здавалася – змяніла выгляд дому. Зрэшты, апрача дзяўчыны, ён мала што заўважаў. А Паўка прыкусіла ніжнюю губу, пасля паслініла яе, каб тая стала яскрава-чырвонай, і з немалой зацікаўленасцю, але патаемна, зіркала на Аліка.
Баран прывітаўся з Лідзіяй і падышоў да Паўкі.
– А гэтую пекную паненку я першы раз тут бачу, – прамовіў ён весела.
Паўка запалала чырванню, а Лідзія застракатала:
– Гэта мая пляменніца. Што прыгожая, то прыгожая. Усе так кажуць. Але і свавольніца. Любіць мужыкам у галаве закруціць.
– Дзеля гэтага то і не трэба шмат старацца, – сказаў Баран.
Паўця з напускным дакорам глянула на цётку. Потым яна яшчэ ніжэй схілілася над вышываннем, скоса назіраючы за Бараном.
Алік нібыта змяніўся, павесялеў. З ягонага твару знік звычайны каменны супакой. Вочы ў яго блішчэлі. Паўка, упэўненая ў сваёй прывабнасці, час ад часу кідала на яго позірк, папраўляючы вышыўку. Баран дастаў цыгарэту і, пакінуўшы партсігар на стале для большага эфекту, запаліў.
«Прыгожая, як кветка. Півоня», – думаў Баран, гледзячы на дзяўчыну з усё большым захапленнем. Ён прысеў каля яе і пачаў аглядаць вышыўку. Праз момант ён звярнуўся да Лідзіі:
– А дзе Уладзь?
– Зараз прыйдзе… Пэўна, у стайні… Ці вам тут з намі ўжо нудна зрабілася?..
– Каля такой дзяўчыны я б усё жыццё не маркоціўся.
– Але ж з вас і майстар кампліментаў!
– А я праўду кажу… Я сваім вачам не паверыў, калі пабачыў тут такі цуд!
Барану ўвесь час здавалася, што ведае Паўку, што некалі яе бачыў. Ён стараўся ўзгадаць і не мог… Ад намагання ў яго ажно моршчыўся лоб, а позірк рабіўся востры, даследчы… Ён рабіўся няўважлівым.
Калі б Баран мог прабіць тунэль у сваёй памяці і праз яго перайсці ў дзяцінства, у далёкі закутак душы, то ён пабачыў бы цікавую рэч. Ён заўважыў бы бруднага, абарванага хлопца, які стаяў перад вітрынай крамы з цацкамі. Там было мноства бліскучых скарбаў, якія прыцягвалі погляд дзіцяці. А пасярэдзіне стаяла, як каралева, шыкоўна апранутая лялька. У яе былі залатыя валасы, блакітныя вочы, малінавыя губы, цёмныя бровы, круглая шыя, пульхныя плечы – рыхтык як у Паўкі. Мініяцюра дзяўчыны, якая цяпер сядзела перад ім. Лялька ўяўлялася хлопчыку ўладаркай усіх скарбаў крамы, якія маглі б стаць спаўненнем ягоных мараў. Гэтая дзяўчына таксама пачала рабіцца ягонай марай. А мары – гэта самая вялікая каштоўнасць людзей. Яны багацце душы. Яны золата, перлы, музыка і барвы жыцця. З мараў нараджаюцца казкі, а з іх узнікаюць вялікія ўчынкі. Яны ствараюць мастацтва, культуру. Яны нараджаюць герояў, і каханне таксама вырастае з іх.
Баран, натхніўшыся сваім пачуццём да дзяўчыны, станавіўся ўсё больш вясёлы і дасціпны. Ён разышоўся так, што дзяўчына аж заходзілася ад смеху, які звінеў, бруіўся па ўсёй хаце і быў чутны на падворку.
«Ого! – падумала Лідзія. – Гэтая ўжо хіба зачапіла Амерыканца».
У жытло ўвайшла Куртатая, а неўзабаве пасля яе і Уладзь. Баран весела іх прывітаў. А да Уладзя звярнуўся з пытаннем:
– А як жа мой гадаванец?
Уладзь усміхнуўся, аж паказаліся ягоныя зубы, і адказаў недарэчна:
– А як жа… а як жа…
А пасля паклікаў сабаку:
– Чорны! Чорны!
– Яго завуць Мілы, – паправіў Баран, невядома з якой прычыны даўшы дварняку такое імя.
Заяц спрытна выцягнуў сабаку з-пад печы. Шчанюк спрабаваў яго ўкусіць, але беспаспяхова, бо Уладзь моцна трымаў яго за карак.
Баран узяў сабаку на калені і, прытрымліваючы за шыю, паволі гладзіў таго па галаве. Сабака дрыжаў і курчыўся пад рукой, якая яго лашчыла, і адначасова глуха вурчаў.
– Гэты сабачка пародзісты, адмысловы, – казаў Баран Паўцы. – Французскі, можна сказаць. І тату меў, і маму меў, таму яго трэба шанаваць. Пагладзьце яго, калі ласка.
Паўка з агідай дакранулася далонню да галавы сабакі. Мілы агрызнуўся і дзяўчына імкліва адхапіла руку.
– Я пакіну яго ў цябе, – сказаў Баран Уладзю. – Буду табе плаціць. Кармі яго добра. Я пакуль жыву ў гатэлі і не маю часу яго даглядаць.
– Навошта ён пану? – запытала Паўка.
– Як навошта?.. Я яго вывучу. Ён будзе мне чаравікі чысціць, самавар ставіць. Я навучу яго цыгары паліць, гарэлку піць, будзем з ім весела жыць.
Паўка пачала нешта расказваць пра сабаку свайго бацькі. Гаварыла, спяшаючыся, быццам баялася, што яе спыняць. Алік глядзеў ёй у твар і не чуў словаў. Каб нешта зразумець з аповеду, ён мусіў моцна засяроджвацца.
– Ці не маглі б вы мне вышыць кашулю? – запытаў ён, скіраваўшы позірк на іголку з ніткай, якія Паўка перабірала ў руках. – У мяне ёсць яшчэ добры адрэз матэрыялу. Пані Лідзія пашые кашулю, а вы вышыеце. А я вам за тое зраблю чаравічкі. Але такія, якіх ніводная графіня не мела. Усе будуць захапляцца. Па-амерыканску так прыгожа змайструю, як для дачкі Ротшыльда. Ці згодныя?
Вочы Паўкі бліснулі.
– Вядома. Вельмі ахвотна. Толькі якія ўзоры ўзяць?
– Гэта ўжо на ваш густ. Я чаравічкі таксама вам зраблю паводле свайго ўпадабання. Дазвольце толькі ўзяць мерку.
Баран склаў у тасёмку кавалак паперы і абмераў Паўчыну ступню. Дзяўчына пры гэтым крыху манернічала, але Баран выконваў сваё заданне надзвычай сур’ёзна.
Неўзабаве пасля гэтага Паўка пачала збірацца дадому. Алік вызваўся яе правесці. Калі абое выйшлі за дзверы, Лідзія заўважыла:
– Пахне яму Паўця! Ой, пахне.
Алік правёў Паўку на Сляпянскую вуліцу. Яны дамовіліся, што спаткаюцца зноў у Лідзіі ў нядзелю вечарам. Баран вяртаўся дадому абходнай дарогай. Радасць перапаўняла ягоныя грудзі. Яму было весела, бадзёра і добра. Увесь час ён нечаму ўсміхаўся. І ноч смяялася яму зоркамі.
3
ЯК УЗНІКЛА ШАВЕЦКАЯ МАЙСТЭРНЯ «ВАРШАВЯНКА»
На Залатой Горцы, на вуліцы Захар’еўскай, пад нумарам 157 стаялі тры малыя, аднапавярховыя драўляныя хаткі. Яны належалі пані Ліхадзяеўскай, якая жыла пад нумарам 159 у досыць прыгожым, па-новаму пабудаваным доме. У адной з трох хатак – размешчанай з боку вуліцы – жыла Станіслава Нацэвіч, удава чыноўніка Падатковай палаты. У яе было двое дзяцей: сын Ян дзевятнаццаці гадоў і дачка Гэля, шаснаццацігадовае дзяўчо.
Пакуль жыў галава сям’і, усё ў іх было добра. Пасля ягонай смерці – у другі год Сусветнай вайны – ім станавілася ўсё цяжэй. А пасля рэвалюцыі 1917 года, калі змарнаваліся грошы, укладзеныя ў каштоўныя паперы, беднасць пасялілася ў іхным доме. Яны прадалі нешматлікія рэчы, без якіх можна было яшчэ абысціся, і пачалі цярпець ад голаду. Справіцца з галечай было цяжка, бо гаспадыня і ў добрыя часы была хваравітай – мела слабое сэрца. А цяпер хвароба яшчэ пагоршылася, і гаспадыня з вялікай цяжкасцю магла даць рады з хатнімі справамі, якія паступова пераходзілі ў рукі Гэлі. Ясь шукаў працу. Пару разоў яго наймалі, але заробак з увагі на кошты, якія скакалі ўгору, быў няважны.
Удава пераймалася гэткім становішчам і марнела. Ясь з болем глядзеў на састарэлую заўчасна матку, на ейныя пачырванелыя ад слёзаў вочы. Толькі Гэлю нічога не брала. Яна заўсёды спявала нейкія бязглуздыя песенькі, якія пачула невядома дзе, быццам была чужой у сям’і – гэтак мала яе краналі супольныя праблемы. За гэта атрымлівала ад брата плескача. Але сама адказвала яму ўдарам кулака альбо паказвала язык і далей працягвала сваё.
У пэўнай ступені адказным за сям’ю Нацэвічаў пачуваўся брат Ясевай маткі, Філіп Жардонь. Гэта быў дзіўны тып: збольшага п’яніца і летуценнік. Па прафесіі ён быў з шаўцоў і пераважна займаўся вырабам халяваў для абутку, і нават у цяперашні час ён мог бы добра зарабіць, але не хацеў. Звычайна ён казаў так: «Не працую, бо навошта? Ці я працую, ці не, і так кожны ў чаравіках ходзіць».
Ясь амаль не памятаў, калі бачыў дзядзьку цвярозым, і звычайна ўжо здалёк пазнаваў, у якім настроі матчын брат. Калі ягоная шапка была ссунутая на патыліцу, то было вядома, што ён у цудоўным шампанскім настроі. Шапка збоку – ягоная галава нечым занятая. Шапка насунутая наперад – раззлаваны. Гэткі псіхалагічны барометр. Ясь любіў слухаць дзядзькавы показкі. А дзядзька любіў плесці яму розныя незвычайныя гісторыі. Учора, напрыклад, да позняга вечара ён расказваў яму, што пойдзе ў Воршу:
– Там ёсць адзін такі чалавек, разумееш, не чорт, але з д'яблам знаецца. Яму там падпісваешся крывёй і будзеш мець усяго, во столькі! – ён паказаў далонню, падняўшы яе да вачэй. – Я гэта абавязкова ўладжу. Тады ўсё гэта: поле, хаты – будзе наша. Пасадзім сад на тысячу дрэваў. Паміж дрэвамі паставім вуллі. Мёду будзем мець поўныя бочкі, а садавіны – цэлыя горы. Віно буду тады вырабляць і мармелад. Ты толькі пачакай крыху.
Часам дзядзька браў Яся з сабою на Нізкі рынак, каб той дапамагаў яму прадаваць розныя рэчы. Спачатку Яся гэта бянтэжыла, а пазней пачало забаўляць. Нарэшце, калі пару разоў дапамог дзядзьку з добрым прыбыткам прадаць нейкія лахманы і нешта там атрымаў ад яго за старанне, пачаў цікавіцца гэтай справай. Ён зразумеў, што, танна купляючы рэчы ў адных, а прадаючы іх даражэй іншым, можна няблага зарабіць. Ён пачаў наведваць кожны вялікі рынак і пакрысе гандляваць. Перашкаджала яму, аднак, адсутнасць наяўных грошай, таму ён мусіў абмежавацца гандлем усялякай драбязою, што прыносіла малы прыбытак. У гэты ж час ён набіраўся досведу і ўсё больш дапамагаў сям’і.
Аднойчы пасля ўдалага гандлю, падчас якога Ясь паспрыяў дзядзьку, падбіўшы цану, Філіп купіў тое-сёе з харчоў і прыйшоў да сястры на абед. Ён быў нападпітку і, як заўсёды, лунаў у аблоках.
– Што там некалі будзе, гэта невядома, – перапыніла яго сястра. – Ты б цяпер лепей нам нешта параіў, каб мы маглі зарабіць пару капеек.
Філіп нахмурыўся, прымружыў левае вока, скрывіў вусны і задумаўся. Праз хвіліну ён пляснуў сябе рукой па галаве і гучна закрычаў:
– Ёсць!
– Ну, што?
– А вось што. У вас жа ўдома ёсць два ўваходы: адзін з вуліцы, другі з двара. Пакояў маеце ажно тры і кухню. Хопіць вам і двух. Аддзяліце кутні пакой з уваходам ад вуліцы, і будзе вам першакласнае памяшканне, каб здаць у арэнду пад крамку ці іншую якую чайную. Я вам кажу. Месца тут такое, што трэба. Можна добрыя грошы за гэта цапануць. І за сваю кватэру заплоцце і яшчэ тры разы столькі ж вам застанецца.
– Можа, і твая праўда, – сказала сястра. – Трэба будзе пра гэта падумаць.
– Няма чаго і думаць, – адказаў Філіп. – Пры вашай нястачы гэта будзе вялікая дапамога.
Вечарам адбылася сямейная нарада. Уласна кажучы, раіліся толькі маці з сынам, бо Гэля ў такіх выпадках, як легкадумніца і балбатушка, не бралася пад увагу. Было вырашана здаць кутні пакой у арэнду.
Назаўтра Ясь прыгожа вывеў каліграфічным почыркам на аркушы паперы:
«Здаецца пакой з асобным уваходам з вуліцы».
Прымацаваў аб’яву на браме і чакаў вынікаў.
Першым наведнікам быў нейкі высокі дзядок паважнага выгляду. Ён аглядаў пакой, крытычна насупіўшыся, і поркаў канцом кійка ў абрыўкі шпалераў, ажно Яся ўзяла злосць.
– Калі вам не падабаецца пакой, то, калі ласка, пашукайце іншы. Няма чаго тут шпалеры дзерці.
Ягамосць разгарачыўся:
– І пашукаю… І знайду… За свае грошы, што захачу… Так-с… От як… Я адстаўны маёр! Разумее пан!
– Дык будзьце вы хоць генералам… Тут не казармы! Ідзіце адсюль і не гарлапаньце.
Дзядок яшчэ на вуліцы пагражаў кійком і лаяўся.
Потым прыйшла нейкая добра апранутая пані. Яна агледзела пакой і запытала:
– А кухняй можна карыстацца?
– Не.
– І мэблі няма?
– Няма.
Пазней прыйшлі яшчэ некалькі чалавек. Адным пакой падаваўся занадта цёмным. Для іншых быў вільготны. Некаторым не пасавала цана.
У той жа самы дзень пад вечар прыйшоў яшчэ адзін ахвотнік. У яго былі касаватыя вочы і ўчэпісты кемлівы позірк.
– Я тут наконт пакою. – сказаў ён Ясявай матцы, якая адчыніла яму дзверы.
– Калі ласка. Вось гэты.
Ягамосць уважліва агледзеўся. На гэта яму спатрэбілася няшмат часу, і ён не задаваў аніякіх недарэчных пытанняў.
– Добра, я вазьму гэты пакой.
Маці Яся здзівілася гэтак хуткаму рашэнню: «Нават не запытаў пра кошт». Яна запрасіла госця прайсці ў дом. Яны ўвайшлі ў салон, які адначасова быў і сталоўняй, а цяпер – пасля ліквідацыі кутняга пакою – стаў яшчэ і спальняй Яся.
Позірк будучага наймальніка ўмомант абляцеў пакой, што дазволіла яму адразу зрабіць некалькі высноваў. Першая з іх – тут пануе беднасць, аж страх. Другі – тут жывуць шпагаты[8]8
Шпагат – інтэлігент.
[Закрыть]. Гэта ён зразумеў па стосе кніг на стале.
Баран, бо акурат ён быў тым ягамосцем, які шукаў жытло, заплаціў за месяц наперад і паабяцаў, што хутка заселіцца. Ён пакінуў свой пашпарт і папрасіў Яся прапісаць яго ў паліцыі.
Калі кватарант пайшоў, Івацэвічы з цікавасцю агледзелі пакінуты дакумент. Пашпарт быў сапраўдны, толькі ў рубрыцы «прафесія» не была напісаная праўда: «злодзей», – а значылася іншае: «шавец».
Ужо прайшло шмат часу, а Гэля ўсё какетнічала перад люстэркам і спявала:
Эх, яблычак, ды няспеленькі,
І таму вісіць цалкам цэленькі.
Яся гэта страшна раздражняла. Ён прыбіраў пакой кватаранта, а тая нават і не думала дапамагчы. Гадзіну сядзіць перад люстрам і строіць міны.
Эх, яблычак, ды румяненькі,
І сарваць сябе ўсё заманьвае.
– Я зараз табе галаву адарву! – усхадзіўся Ясь. – Графіня! Я тут гарбачуся, а яна спявае…
– А што мне рабіць?
– Ды хоць бы вокны памыць. Можа, кватарант яшчэ сёння заселіцца.
Гэля, марудзячы, неахвотна ўзялася мыць вокны. Ясь жа сціраў пыл на сценах, прыбіраў павуцінне з кутоў і шараваў падлогу. Ён рабіў усё старанна і хутка.
Толькі ён скончыў, як прыйшоў Баран. Кватарант адразу заўважыў, што пакой вельмі добра прыбраны і цяпер выглядае вельмі ўтульна. Гэта яму спадабалася.
– Дзякуй, – сказаў ён Ясю. – За прыборку я заплачу асобна.
Ён дастаў з кішэні кашалёк, а пасля адлічыў з яго грошы. Ясь пачырванеў і адмовіўся прыняць плату. Барана гэта здзівіла. Ён ведаў, што людзі больш ахвотна выцягваюць рукі па грошы, чымся плоцяць самі. «Фраер з гонарам». Ён падаў руку і паціснуў Ясеву далонь.
– Ну, то дзякуй.
Калі Баран застаўся ў пакоі сам, ён доўга аглядаў памяшканне. Абдумваў, як яго абставіць, каб было зручна і міла. Хоць Баран пражыў частку жыцця ў галечы і брудзе, у турмах і зладзейскіх прытонах, ён вельмі любіў чысціню і парадак. Сачыў за гігіенай і ахайнасцю адзення, а калі мог, то і кожнае сваё часовае прыстанішча стараўся ўпрыгожыць.
Пакой меў адно вялікае акно з боку падворку. Дзверы з вуліцы былі зашклёныя ў верхняй палове, а звонку можна было зачыніць вялікія драўляныя створкі. Пакой нагадваў квадрат і меў каля трыццаці метраў плошчы. Шпалеры ў шмат якіх месцах былі ў плямах або падзёртыя. Толькі гэта адно псавала выгляд досыць светлага і ўтульнага жытла. Апрача ўваходных дзвярэй, былі яшчэ дзверы ў перагародцы, якая аддзяляла кутні пакой ад рэшты памяшканняў. У правым куце пакою была значная выемка, якая давала доступ да печкі.
Баран моршчыў лоб, стоячы пасярод пакою, і абдумваў, што трэба прыдбаць, каб прыстойна абсталяваць жытло. Потым ён замкнуў ключом вонкавыя дзверы, прычыніў створкі знадворку і выйшаў у горад. Магчыма, Баран пакуль і не клапаціўся б, каб зняць і ўладкаваць сабе кватэру, бо ў Менску ён пачуваўся госцем. Ён тужыў па Вільні, адкуль уцёк некалькі месяцаў таму. Але знаёмства з Паўкай і каханне да дзяўчыны, якое паступова расло, кіравалі цяпер ягонымі ўчынкамі. Яму захацелася мець уласны кут, каб больш не быць бяздомным бадзягам. Нягледзячы на тое, што Алік быў злодзеем, увесь час рызыкаваў сваёй свабодай, а часам і жыццём, ён меў схільнасць да спакойнага, мяшчанскага быту. Ён ахвотна б звіў сабе гняздзечка, у якім Паўця магла б быць гаспадыняй.
Цягам некалькіх дзён Баран шматкроць наведваў сваю новую кватэрку, хоць і далей начаваў у Касі. Ён то прывозіў фурманкай больш цяжкія рэчы, як ложак, стол, крэслы, то сам прыносіў розныя дробязі.
Пасля тыдня мітусні пакой быў абсталяваны. Левы кут заняў дужы нікелевы ложак са спружынным матрацам. Пры ложку стаяла малая шафка і ляжаў дыванок з некалькіх заечых шкурак, абшытых сукном. Гэтую частку пакою засланяла вялікая шырма. Налева ад уваходу быў стол. Уздоўж сценаў стаяла некалькі крэслаў і чырвоная шафка для посуду. Ад парога ў бок печы кінуты быў узорысты льняны ходнік.
Неўзабаве Баран засяліўся ў пакой, а праз некалькі дзён паклікаў Яся. Хлопец увайшоў праз супольныя дзверы ў перагародцы, якія кватарант звычайна замыкаў знутры на кручок.
– Ці здолееш падпісаць мне шыльду? – запытаў у яго Баран, паказаўшы Ясю вялікі кавалак фанеры.
– І што гэта мае быць за шыльда?
– Абутковая майстэрня. Разумееш? І якую-небудзь хвацкую назву трэба.
– Ага! Ведаю.
Калі Баран вечарам вярнуўся дадому, Ясь урачыста ўручыў яму старанна намаляваную шыльду, над якой ён прасядзеў амаль цэлы дзень. Барану гэтая праца вельмі спадабалася, і ў якасці ўзнагароды ён даў Ясю два колцы кілбасы. Хлопец марудзіў з прыняццем падарунку, але Баран настойліва прамовіў:
– Бяры, бяры… Заслужыў… У вас таксама небагата… Не саромейся.
Назаўтра правы бок дзвярэй быў аздоблены Ясявай шыльдай:
«Шавецкая майстэрня “Варшавянка”».
Гэтыя словы ілюстраваў чаравік, досыць зграбна намаляваны чорнай фарбай.
Ясева шыльда зрабіла вялікае ўражанне на жыхароў дамкоў пад нумарам 157. Найбольш ёю зацікавіліся тры сястры – старыя дзевы Пажарскія. Усе разам яны здымалі невялічкую кватэрку. Іхным улюбёным заняткам было пляткарства, а вымушанай працай – мыццё бялізны па дамах. А часамі яны бралі работу і да сябе дадому, а потым завешвалі ўвесь падворак мокрай бялізнай так, што нікому нельга было прайсці. Бялізну ж суровым вокам заўсёды вартавала адна з сясцёр.
– Нацэвічыха то мае шчасце! Той Бусел Капыльскі (яна мела на ўвазе Філіпа Жардоня) усё ім носіць і носіць, а цяпер будуць мець свайго шаўца, – казала Вера.
Надзея развешвала мокрую бялізну, усяляк стараючыся зазірнуць у акно новага жыльца. Пры гэтым ейныя дзеянні не спадабаліся іншай суседцы, якая мела прозвішча Лобава. Тая адчыніла акно і гыркнула:
– Здымі гэтыя анучы мне з-пад акна.
– А як не, то што? – задзірыста запытала Надзея.
– А вось што!
І жанчына энергічна, не выходзячы з кватэры, ударыла з акна ў нацягнуты шнурок шчоткай, якой падмятаюць падлогу. Шнур не парваўся, але некалькі памытых адзежын упала на зямлю.
Надзея закіпела. Яна, як і іншыя жыхары суседніх дамоў, баялася фанабэрлівай, высакамернай і вельмі энергічнай Марусі Лобавай, муж якой быў нейкім вядомым камісарам у Арле. Але скінутая на зямлю бялізна і тая акалічнасць, што Маруся была ў кватэры, дадалі Надзеі смеласці, таму яна задзейнічала ЯЗЫК:
– Ах ты лафірында, сука…
– Ну, ну… Пачакай яшчэ! – адазвалася Маруся.
– Чаго ты на мяне крычыш, як на сабаку?! – залямантавала Надзея.
– Ты не вартая сабаку нават пад хвост пацалаваць! – крыкнула Маруся.
– А вось і вартая! – абаранялася Надзея.
– А не вартая!
– А вартая.
Тады Маруся выскачыла праз акно ў двор. На ёй быў толькі ранішні халат, які зачапіўся за падаконне. Маруся праз гэта аказалася цалкам голай, а яе непрыкрыты торс і голыя ногі паўсталі перад здубянелай ад шоку Надзеяй. Маруся паспяшалася вызваліць халат, а Надзея тым часам апрытомнела і дала драпака ў кватэру, замкнуўшы за сабою дзверы на крук. Яна адчыніла фортачку і з бяспечнай адлегласці назірала, што будзе далей. Маруся пагразіла ёй кулаком. Пажарская адказала далёка высунутым языком. Лобава ж у адказ адвярнулася да яе тылам і, сагнуўшыся ўперад, падняла ззаду халат. Пажарская сплюнула. Аднак на падворак яна выйшла толькі тады, калі Маруся, высокая, зграбная, свабодная і энергічная ў рухах, з чырвоным шалем на галаве – як са сцягам – адправілася ў горад.
Пасля абеду сёстры Пажарскія па сваёй звычцы пачалі перамываць костачкі бліжэйшым і далейшым суседзям. З розных дробязяў яны рабілі самыя неверагодныя высновы і ні на кім но пакідалі сухой ніткі.
– А цікава, што гэта за арэшак, той новы наймальнік, шавец? – сказала Люба.
– Пэўна, не дарма ён да Нацэвічыхі падсяліўся. Бачыць, што ўдава. Думае, што, можа, і грошыкі ёсць… – выказала сваё меркаванне Надзея.
– А я так думаю, – сказала Вера, – што яму Гэлька ў вока ўпала.
Люба, найстарэйшая з сясцёр, сухая, амаль пяцідзесяцігадовая векавуха, ускочыла з месца:
– Вось пайду і пагляджу… Нібы дзеля направы…
Яна знайшла моцна стаптаную пару чаравікаў і, апрануўшы нейкую дагістарычную блузку, а на галаву ўздзеўшы модны напрыканцы XIX стагоддзя капялюшык, пакінула жытло. Малодшыя сёстры прыліпні да вокнаў.
Баран быў удома, калі Люба Пажарская пастукала ў дзверы. Ён акурат парадкаваў прылады. Сёння раніцай ён прывёз камплект новых шавецкіх інструментаў і каля дзясятка параў калодак. Месцам працы была перавернутая дагары дном скрынка, бакі якой былі абабітыя планкамі, каб цвікі і прылады не спадалі на падлогу. Быў тут і малы шавецкі столік, пакрыты палатном.
– Заходзьце, – выгукнуў Баран у адказ на стук у дзверы.
Пажарская, соладка ўсміхаючыся, увайшла ўсярэдзіну і затрымалася каля дзвярэй. Ейныя вочкі хутка прабегліся па пакоі і, здавалася, зараз прасвідруюць дзіркі ў шырме, за якой стаяў ложак. Баран адразу ж ацаніў, што за асоба да яго завітала, таму нахмурыў лоб і суха прамовіў:
– Чаго жадаеце?
Пажарская ўсміхнулася мядовай усмешкай:
– Вось прынесла вам замову.
Баран узяў у рукі чаравікі і агледзеў іх. Потым узняў на Любу вочы, пад вострым і халодным позіркам якіх жанчына ледзь не прысела.
– Чаго пані жадае? – сказаў ён суха.
– Можа, вы мне параіце, што з імі зрабіць?
– Можаце выкінуць іх на сметнік.
Люба схапіла чаравікі і, не развітаўшыся, як мага хутчэй выпырхнула з памяшкання.
Гэта была першая кліентка Аляксандра Барана, уладальніка шавецкай майстэрні «Варшавянка», размешчанай на вуліцы Захар’еўскай, нумар дому 157, у горадзе Менску. Адбывалася ж гэта ўсё вясной 1918 года. Вясной, якая была нечакана ранняй, цёплай і трывожнай.