355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алла Сямёнава » Слова сапраўднага лад » Текст книги (страница 9)
Слова сапраўднага лад
  • Текст добавлен: 20 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слова сапраўднага лад"


Автор книги: Алла Сямёнава



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 14 страниц)

Відавочна саступілі месца на гэтых тэкставых «плацдармах» аскетычныя рытарычныя дзелавыя людзі накшталт Чашкова і Пранчатава, а настальгічная вера Алы Марчанкі ў ператварэнне біяэнергіі прагматыкаў такога кшталту ў станоўчую сацыяльную сілу (Лит. газ., 1984, 2 мая) выклікала бурную нязгоду калег па цэху (А. Гарлоўскі, Ф. Кузняцоў, Лит. газ., 1984, 6 чэрв., 19 верас.). З'явіліся героі А. Гельмана, мастака шырокай і смелай сацыяльнай думкі, сацыяльна актыўныя героі п'ес Шатрова, Рошчына. І – героі тых п'ес, у якіх праўдападабенства і пазнавальнасць становяцца настолькі ідэнтычнымі рэальнаму жыццю, што ўспамінаюцца не на салонныя журфіксы разлічаныя словы М. В. Гогаля, калі ён гаварыў пра тое адчуванне мастацкай меры А. С. Пушкіным, што не дазваляла вялікаму яго сучасніку браць «растрепанную действительность нагишом». Перакладаць не рызыкую. Ну, у памянёных п'есах, а больш за ўсё гэта праглядваецца ў створаным Л. Петрушэўскай («Тры дзяўчыны ў блакітным», напрыклад) і У. Галіным («Усходняя трыбуна»), не так каб ужо рэчаіснасць была непапраўна аголена, але ж апранаха гэткага хатняга і інтымнага ўжытку, што ўзнікае катэгарычная неабходнасць калі не ў святочным ці візітовым убранні, дык у нармальным, штодзённым. Крытык Хлаплянкіна, праўда, пабачыла ў спектаклі Маскоўскага тэатра Ленінскага камсамола (Літ. газ., 1985, лістап.) па п'есе Петрушэўскай не толькі неўтаймоўную любоў да прозы жыцця, але і яго паэзію. Спектакль – гэта спектакль, усё магчыма. Але, па шчырасці, пры чытанні п'есы праз незалаплены дах дачы, вакол якога круціцца адна з сюжэтных ліній, неба неяк не праглядваецца, ні з дыяментамі, ні без іх. Усё з таго фактаграфічнага рада – як было, а не асэнсаванага – як бывае.

Чалавечай жа натуры спрадвеку ўласціва імкненне бачыць высокае неба і адчуваць прысутнасць законаў, маральных таксама... І прагне чалавек ачышчэння, прасвятлення, славутага катарсіса. Перамогі справядлівасці, калі не ў развязванні сюжэтных калізій, дык у сцвярджэнні гармоніі светапарадку.

Тэатры кожны сезон чакаюць новых п'ес – перш за ўсё пра сучаснасць. Гэта аксіёма. Разам з класікай – яны складаюць аснову рэпертуару. Іх чакаюць і гледачы – прэм'ер сучасных п'ес. Чытаюць новае слова драматургаў. Сярод якіх апошнім часам з'явіўся Аляксей Дудараў. І за некалькі год у не беднай на выявы жанру беларускай драматургіі заняў трывалае месца. Ашаламляльна хутка, за нейкія пяць год, зрабіўся адным з самых папулярных драматургаў Савецкага Саюза. Драматургам, якога ставяць такія рэжысёры, як Р. Таўстаногаў. Драматургам, за спектаклі па п'есах якога на апошнім фестывалі «Прыбалтыйская вясна» трыумфальна атрымліваюць ледзь не ўсе прызы. Чалавекам, што становіцца ўладальнікам спецыяльнага прызу гэтага фестывалю за стварэнне п'ес «Парог», «Вечар», «Радавыя». Які атрымаў прыз за сцэнарый «Белыя росы» і – урэшце – Дзяржаўную прэмію СССР за п'есу «Радавыя».

Адразу хачу зазначыць, сцэнічныя інтэрпрэтацыі п'ес А. Дударава – не тэма сённяшняй гаворкі, размова – пра пісьменніка Дударава. А п'есы яго – факт літаратурны. Адметны факт. З'ява.

Да таго, як пісаць п'есы, як адзначалася вышэй, Аляксей Дудараў выйшаў да чытача з прозай. І ў 1979 годзе была апублікавана яго кніга «Святая птушка», у 1981-м – рускае выданне кнігі. Выданне, што было заўважана і саюзнай прэсай (была, прынамсі, рэцэнзія ў «Литературном обозрении»), што не так часта здараецца з першай кнігай. Рэцэнзент з Данецка, нехта С. Мядоўнікаў, што ўвогуле мае звычку весці гаворку пра беларускую літаратуру «з вучоным выглядам знатака» і ментара, там таксама трымаецца прынятай манеры. Ён велічна кідае, што «першыя крокі ў літаратуры можна лічыць удалымі, і зараз перад А. Дударавым устае сур'ёзная задача далейшага самавызначэння». Данецкі крытык міласціва не абыходзіць маладога празаіка і заўвагамі – эскізнасць, прыблізнасць, слабая матываванасць учынкаў герояў, занадта настойлівая прыхільнасць да вясковай тэматыкі. Наконт недастатковай дэтэрмінаванасці нейкіх сюжэтных ходаў аўтар рэцэнзіі, мабыць, мае рацыю. Але... Мне таксама надарылася рэцэнзаваць той зборнік, тэкст прыведзены вышэй, і мушу сказаць – не з сённяшнім рэверансам славутаму ўжо аўтару, а па тым сваім уражанні (яно засведчана тэкстуальна і пацверджана тут) – мне яго проза не падалася эскізнай і не ўявілася эстэтычнай крамолай прыхільнасць, традыцыйная, беларуская, да вясковай тэматыкі. Хаця відавочна праглядвалася перавага характарнасці («Святая птушка», «Кола», «Мульцік») над лірыка-рамантычнымі спробамі пяра («Макароў вір», «Зоркі над горадам»). І была відаць адметная рыса таленту Аляксея Дударава – выразнасць аўтарскай пазіцыі, уменне паказаць характар праз учынак, часам нават здарэнне, без дыдактыкі і просталінейнасці. І – выдатныя моўныя характарыстыкі персанажаў.

Аднак хацелася б вярнуцца да гэтага – выразная пазіцыя аўтара. Яго, Дударава, веры ў нязбытныя чалавечыя каштоўнасці – справядлівасць, дабрату, разуменне. Сацыяльна акрэсленыя каштоўнасці. Здатнасць не туляцца па закутках усведамлення, не спакушацца паўпраблемамі, мініпраблемкамі. Галоўныя высновы быцця, сэнс жыцця, абсурднасць нікчэмнага існавання – так схематычна можна акрэсліць творчы яго кірунак. Гучыць, можа, дэкларацыйна. Але паспрабуем канкрэтызаваць. А. Дудараў прыйшоў у драматургію з добрым усведамленнем асноўных уласцівасцей жанру – сцісласць і адабранасць падзей, асобая вобразная арганізаванасць, узбуйненасць катэгорыі часу, маральная напружанасць, выверанасць моўнай структуры. Хаця – дылетантаў сёння небагата «на тэатры». Што, як, чаму – не аднаму яму вядома. І ўсё ж такі – феерверкавы ўзлёт. Аўтара нацыянальнага. Згадаем, якім няпростым і расцягнутым у часе быў шлях да вядучых тэатральных сцэн краіны хаця б такіх выдатных драматургаў, як А. Вампілаў і А. Макаёнак.

Удача? Нейкі элемент, канечне, ёсць. Але гэта той самы выпадак, у якім знайшла выяўленне ўсвядомленая неабходнасць.

Беларускі драматург стаў упоравень з вядучымі драматургамі краіны.

Герой рэфлексуючы, сацыяльна калі не аморфны, дык, скажам так, пэўна не праяўлены, так шчыльна «ўвязаны» з побытам, што той пачынае здавацца ледзь не галоўнай сферай яго жыцця, трывала атайбаваўся ў сучаснай драматургіі, хаця, відавочна, не ён стварае эпіцэнтр сённяшняй тэатральнай рэчаіснасці, але ён актывізаваўся. Нават А. Гельман, герой якога, заўсёды карэлятыўны з пэўнымі сацыяльнымі і маральнымі праблемамі, паспрабаваў сябе ў амплуа чалавека, які самавыяўляецца ў не звычайных для сябе, далёка не вытворчых абставінах, абставінах «лірычнага круга» («Лаўка»). Аднак... ёсць выпадкі, калі пазіцыя аўтара бывае, мякка кажучы, нечаканай. Калі ўзяць на павер інфармацыю крытыка Ю. Смялкова («Современная драматургия», 1984, № 1), дык аўтар бліскуча напісанай п'есы «Глядзіце, хто прыйшоў!», па яго ўласных словах, узнаўляе канфлікт добрага з выдатным, і цырульнік Кінг і сям'я Табуновых-Шабельнікавых – «увогуле зусім дастойныя людзі, проста ў іх не супадае разуменне жыццёвых каштоўнасцей». Вось табе і маеш! Не супадае! А гаворка ж не пра густ да мармеладу. Гаворка пра жыццёвыя каштоўнасці. І гэта відаць у п'есе, гэтае несупадзенне. Яшчэ як. У няведанні законаў жанру ці невыразнасці пісьма Арро не папракнеш. Бліскуча! Адкуль жа гэтая самавыратавальная логіка, што абарочваецца самазнішчальнай?

А вось у гэтым, мне здаецца, адна з прычын поспеху Аляксея Дударава. І чытач, і глядач, і, безумоўна, рэжысёры бачаць яснасць сацыяльнага і чалавечага ідэалу яго п'ес. Акрэсленую, пэўную аўтарскую канцэпцыю. Увасобленую не ў «дыялагізаванай аповесці з рудыментамі дзеяння ў выглядзе рэмарак» (Н. Велехава), не ў фактаграфічных замалёўках з натуры, не ў «драммоторжественном реве Глухо-рева» (А. Пушкін).

У п'есе «Парог» станоўчы герой так і не з'яўляецца на сцэне. Гэта адзначалі многія крытыкі (напрыклад, А. Сабалеўскі), і не без падстаў. Сапраўды, пісьменніка Пакутовіча мы не пабачым. Магчыма, аўтар збаяўся, каб той не стаў дыдактычным рупарам ідэй драматурга. А ідэі гэтыя ў п'есе падымаюцца, ці, лепш сказаць, паглыбляюцца ад актуальнейшай праблемы – як знішчае асобу чалавека такое сацыяльнае зло, як алкаголь,– да прычын гэтага сацыяльнага зла. Яны бываюць розныя. Тут, у «Парогу», гэта бездухоўнасць існавання галоўнага персанажа, Буслая, падмена на нейкі час мэты існавання. Не рэчы для жыцця, а жыццё – для набывання рэчаў. І вось яны з'яўляюцца адна за адной, гэтыя рэчы і даброты. Арэчаўлены дабрабыт. Мэта дасягнута. Што далей? Святкаваць. Па свайму разуменню —«налівайце чаркі». У хвіліны прасвятлення Буслай спрабуе сам вызначыць прычыны свайго, і не толькі свайго, падзення. Вось абураецца пузаты дзядзька – гэтага яму не хапае, таго. «Ніколі не скажа..., што яму веры, мэты, чысціні не хапае» – Буслай раз'юшаны. Ён разумее падсвядома, што ёсць яны, павінны быць у чалавека. Але не меўшы сам у свой час нейкай духоўнай мэты, страціўшы натуральную, прыродную раўнавагу чалавека на зямлі, ён не набыў прыстойнага знешне стандарту бездухоўнасці, а выламіўся з нармальнага жыццёвага круга ўвогуле. І духоўны патэнцыял, што ў яго ўсё ж быў, прарываецца і зараз у філіпіках супраць той сілы, якой ён не падпарадкаваўся, але якой не змог і супрацьстаяць. Зламаўся. Выкрэсліў сябе з сям'і нармальных людзей.

У Андрэя Буслая няма вось той нармальнай сувязі з жыццём, што ў старога Васіля – Мульціка з п'есы «Вечар». Справа не толькі ў канкрэтным пацвярджэнні Васілём сучаснага экалагічнага ўсведамлення, што выводзіць як адзіную норму гармонію чалавека з прыродай.

За Васілём тое, што ніяк не мог уцяміць Буслай. «Камунізм спачатку трэба будаваць у сваёй душы...» За Васілём – адвечная мудрасць народа, чалавека зямлі. Тое, што ў апошнія хвіліны жыцця пачынае спасцігаць Мікіта па мянушцы Гастрыт: «Я здуру людзей жыць вучыў, а мне б хлеб расціць, дзяцей гадаваць... Гэта святое... Гэта ўсё...» У словах Гастрыта – не фіксацыя вокаімгненнага перавыхавання, а ўразуменне, спасціжэнне, запозненае і цяжкім шляхам – свая хвароба, інфаркт Васіля – разуменне таго, да чаго ён усё жыццё не мог дайсці ні сэрцам, ні розумам.

Сацыяльны вопыт Васіля яшчэ больш упэўніў яго ў святасці высновы: «Я хлебароб вечны... Хлеб раблю». І будзе ён даводзіць суседцы сваёй Ганне (іх усяго траіх засталося ў вёсцы) формулу жыцця: «...мы з табой яшчэ толькі таму і жывем, што кожную раніцу па ваду ў гэты калодзеж ходзім, на сотках сваіх калупаемся... З зямлёй за доўгі век зрасліся, душой-сэрцам увайшлі ў яе...» І з ганьбай кіне пра Мікіту: «А ён іначай і не жыў... Усё жыццё з чайнікам па ваду хадзіў...»

Безумоўна, усім вядома напісанае К. Чорным, І. Мележам, Я. Брылём, В. Распуціным, В. Астаф'евым, Ф. Абрамавым, В. Бяловым, Б. Мажаевым, А. Жуком, І. Пташнікавым, В. Карамазавым пра адносіны чалавека з зямлёй, з прыродай як пра адзін з крытэрыяў яго чалавечага «я», пра свет чалавечай супольнасці, пра балючыя праблемы сённяшняй вёскі. Помняцца і «Пакуль арба не перавярнулася» А. Іяселіяні, і «Птушкі нашай маладосці» І. Друцэ. І досыць спрэчныя думкі пра адносіны чалавека з зямлёй А. Макаёнка («Таблетку пад язык»). Аляксей Дудараў тут не першаадкрывальнік. А п'еса Дударава ўсё ж прыцягвае тэатры не проста збалансаванасцю характараў і сітуацый, а глыбокім асэнсаваннем праблемы – праз мастацкую логіку вобразаў, дзеянняў, абставін. Мастацкай праўдай. А не праўдападабенствам. Свядома ці падсвядома маючы на ўвазе, што «праўдападобнасць выключаецца самой прыродай драматычнага твора» (А. Пушкін). Сёння мы часам пакідаем убаку выпрабаваныя мастацкай практыкай і тэарэтычна выснаваныя пастулаты і пачынаем апантана біць у ладкі – ах, маўляў, выхаплена з жыцця. А мастацтва ж мае свае законы і асоба ў творы не ідэнтычная асобе бытавой – пра гэта неяк фатальна забываемся. Затое абавязкова пазначым, што сюжэтны ход «Парога» перагукаецца з «Жывым трупам» Л. Талстога і што асабістая трагедыя Дугіна паўтарае драму Джэйкаба Барнса з «Фіесты» Э. Хемінгуэя. Але, як мы ўсе ведаем, гісторыя літаратуры мае доўгія спісы пераймання сюжэтаў, персанажаў. Ведаем, што шэкспіраўскі Шэйлак фігураваў у Марлоу, што гісторыя Фаўста ўпершыню з'явілася ў нямецкай народнай кнізе І. Шніпса ў 1587 г., што пералік імёнаў і назваў, адкуль браў сюжэты той жа Шэкспір, зойме добрую старонку, а то і не адну. Зусім не збіраюся параўноўваць беларускага драматурга з вялікім страдфардцам, аднак, мабыць, нават сам сюжэтны ход у «Парогу» толькі вонкава нагадвае п'есу Талстога. У Дударава жыццё выкрэслівае Буслая, у Талстога Фёдар Пратасаў сам адчужае сябе ад рэчаіснасці, якую перастаў лічыць жыццём, дастойным чалавека.

...Добра адчуваючы праблемы часу, Аляксей Дудараў не мог мінуць і тую тэму, што не перастае быць сучаснай для нашага народа – тэму Айчыннай вайны. У яго, як і ў многіх яго равеснікаў, «спадчынны боль вайны» (Ю. Палякоў). Невялікая сюжэтная прастора «Радавых» змясціла ў сабе многа праблем. У першую чаргу – найскладанейшую, той цяжкі факт філасофіі існавання, якім рабіўся пераход ад вайны да мірнага жыцця, а ў п'есе канец вайны – ён ужо адчуваўся, канкрэтна быў відзён, быў падрыхтаваны ўсім ходам падзей. Гэты факт не толькі ў прамых словах Дугіна: «Вайна хутка скончыцца... І трэба будзе жыць... Разумееш, жыць...» Складанасць пераходу да мірнага жыцця і ў спапялёнай памяці Бушцеца, для якога цяпер адзіная пэўная рэальнасць – вайна і яго нянавісць. Нянавісць да фашыстаў, але яна выключае і магчымасць хаця б чалавечай спагады да сваёй жонкі-нявесты (яго забралі на вайну ад вясельнага стала). Пабачыўшы яе (яна чакае з болем і крыўдай, але і з нечаканай для яе самой надзеяй (жывое жыццё!) дзіця ад ненавіснага чалавека, ворага), Бушцец не схацеў пазнаць яе. Нават пошчак салаўя для Бушцеца – толькі повад раз'юшана ўхапіцца за аўтамат. Знявечанае яго ўсведамленне пакуль што не прымае нічога, акрамя вайны.

Пячатка вайны паклала свой няўмольны адбітак і на медсястру Галю. Прымусіла пасталець раней часу, расплаціцца жаночай годнасцю за пранізлівы чалавечы жаль. А не адбіла адчування светлаты жыцця, высокага парыву, мары.

Не адыходзіць ад былога партызана Дзерваеда цень спаленых фашыстамі жонкі і дзіцяці.

Адзін толькі Адуванчык, хаця ён таксама са спаленай фашыстамі вёскі, неяк шчасліва не пацямнеў усведамленнем, захаваў уменне нармальна радавацца, нармальна адчуваць, нармальна думаць пра будучае пасля вайны.

Гэта п'еса А. Дударава ставіць і яшчэ адну праблему, відавочна, тэзісна сфармуляваную Дугіным так: «А мы ўсе ў радавых... Ад маршала да цябе (мае на ўвазе Адуванчыка)...» Радавыя вайны. Думка гэтая вынесена ў загаловак п'есы. І сцвярджае яна тую роўную адказнасць і роўны гонар барацьбы і перамогі кожнага салдата вайны.

Тут і складанейшая праблема выбару. Дзерваед не мог ні выратаваць жонку і дзіця, ні загінуць разам з імі. Ён глядзеў з засады, як паляць хату, а не меў права нічога зрабіць – страта данясення, якое ён і яго таварышы павінны былі даставіць па прызначэнні, каштавала б жыцця цэлага атрада. У другой п'есе А. Дударава, «Выбар», экіпаж танка ахвяруе сабою дзеля жыцця дзіцяці. Гэта праблема ўвесь час хвалюе драматурга.

Некалі В. Р. Бялінскі пісаў: «Мы глыбока спачуваем герою, які загінуў у барацьбе або прыняў смерць дзеля перамогі, але мы ж ведаем, што без гэтага падзення або гэтай пагібелі ён не быў бы героем, не ажыццявіў бы сваёю асобай вечных субстанцыяльных сіл, сусветных і вечных законаў быцця». Тут усё ясна. А якія сілы ўступаюць у дзеянне ў выпадку з Дзерваедам або з тым экіпажам танка? Якая ахвяра апраўданая? Які выбар годны чалавека? Ці ажыццявіў ён сваёй асобай тыя вечныя субстанцыяльныя сілы?

Ёсць у п'есе «Радавыя» і вельмі важнае для драматурга, выяўленае ў «Вечары» ўсведамленне супольнасці з зямлёй-карміцелькай як асновай і зарукай неўміручасці жыцця. Гэта Дзерваед канкрэтным сваім сялянскім розумам прыкідвае: «Чаромха цвіце... Бульбу б цяпер садзіць... Зямля цёплая... Дыхае... Можа, паспею... Пазней трохі».

Вайна выключае чалавека з нармальнага круга з'яў, аднак не губляецца сувязь з жыццём, гістарычны вопыт чалавека пакідае яго далучаным да натуральнай жыццёвай сферы.

І адчуць гэтую сувязь і разамкнёнасць з натуральным ходам быцця даюць магчымасць, як і ў яго прозе, моўныя характарыстыкі. Вельмі трапныя ва ўсіх яго п'есах. Яны адкрываюць, паказваюць, выкрываюць персанажаў п'ес. Ну, хаця б той жа Андрэй Буслай, у якога падчас ягонай споведзі «чэрці ў галаве мак таўкуць». А сама па сабе тая самавыкрывальная споведзь, ці, больш дакладна, фрагмент з яе, чуюцца так: «А хоць горла перагрызі, што мне да таго! Я табе, авечка джынсавая, казаў, што нічога не памятаю. Ні бум-бум! Я ўжо другі год толькі да абеда сваё жыццё бачу і пра яго думаю, а пасля як у торбе сяджу паўдня і ноч... Правал... Сплюшчылася маё жыццё...»

Аляксею Дудараву рабілі закіды падчас аналізу яго п'ес. І тыя, пра якія ўжо была размова. І такія, напрыклад, што незразумела, чаму Васіль збіраецца на свае грошы хаваць Мікіту ці чаму ён парываецца з'есці яго латарэйны білет, на які той выйграў машыну. Мне здаецца, гэта ў адрозненне ад не заўсёды пераканальна матываваных учынкаў і паводзін герояў некаторых яго апавяданняў тлумачыцца характарам Васіля. Ён захаваў уменне не толькі радавацца ўсім праявам жыцця, але і максімалізм маладосці, не з усімі, але з многімі яго дабротамі і выдаткамі. Ён добры і шчодры, як юнак, ажно і непасрэдны і нястрыманы, як юнак. З добрым запасам адвечнай сялянскай мудрасці і набытай сацыяльнай відушчасці.

Пры падрабязным і скрупулёзным аналізе пра сеё-тое можна было б яшчэ паспрачацца. Але – калі ісці ад першапачатковага пытання – феномен удачы ці заканамернасць поспеху, я аддала б перавагу яшчэ раз – заканамернасці. У шэраг вядучых драматургаў краіны стаў пісьменнік, якога патрабаваў час.

Зараз Аляксей Дудараў – чалавек знакаміты, мала які буйны творчы форум абыходзіцца без яго выступлення або інтэрв'ю. І ён спакойна і з годнасцю нясе цяжар славы, аура папулярнасці не робіцца скразнячком, які выветрывае спачатку нармальныя рысы чалавека, а пазней паціху і талент. Ці хопіць гэтай натуральнасці на ўсё жыццё – хто ж яго ведае, для сваёй вядомасці Аляксей Дудараў па-добраму малады. Але пакуль што ён спакойна і па-дзелавому ставіцца да ззяючай фартуны. Працаўнік. Не дзелавы чалавек з кагорты прагматыкаў, а спакойны, энергічны работнік. З даверам да людзей і без непахіснага даверу да сваёй уласнай персоны. З тым набыткам, які так лёгка раскідаць па штучных падробках пад мастацтва, але які дае права і магчымасць многае сказаць людзям. Талент.


УРОК, І УЗОР, І ДАКОР

Зноў сакавік... Месяц, які часцей за ўсе астатнія згадваў у створаным ім Варлен Бечык. «Сакавіцкія пісьмы». «Ад сакавіка – да ліпеня...»

Звычайна яшчэ толькі каляндарная вясна. Але ўжо растае снег, весялее ад паласкавелага сонца стомленае зімою птаства, прыспешваюць вясну маладзёвы, падстаўляючы вольнаму ветру непакрытыя галовы. Прачэрчваюць высокае неба голыя галіны дрэў, а ў паветры адчуваецца павеўная вільгаць тых вятроў-вандроўнікаў, што згадваюць пра непазбыўныя ветразі надзей, пра час, калі здаецца, уся зямля квітнее бэзам, а пагоркі нібы гараць агеньчыкамі адуванчыкаў.

«Вясна творыцца і мацнее. І ўсё больш авалодвае яна душой – як надзея і радасць і як новая вострая занепакоенасць і трывога, што заўсёды прыходзіць з вясной.

Усё навокал тое ж, як і ў кожную вясну...»

Калі чыталася гэта раней, дык успрымалася як настраёвая прэамбула да гаворкі – гаворкі пранікнёнай, шчымліва адкрытай. З маці, з сябрам. Пра людзей, пра жыццё, пра літаратуру.

Сёння ў іх асобы, горкі сэнс. «Усё навокал тое ж...»

Права і сіла жыцця. Прыроды. Набіраюцца вясновай сілы дрэвы, з гарадскога стрыжанага кустоўніка пырскае радасцю шчэбет вераб'ёў, купляюць людзі абноўкі, на прыпеку свяжэе зяленіва: пашэрхлая трава хапае хларафіл.

Неўзабаве і той сумны пагорак у Прылуках, дзе пад грудам вянкоў ёсць дошчачка з надпісам: «Варлен Бечык. 1939-1985», ажыве травой, а на прыгожай лугавіне побач выбухне блакітным цветам лубін ці заваёўна пойдуць у наступ рамонкі.

Ён любіў кветкі. Заўсёды вёз з дачы. Каб раздарыць, парадаваць. Увогуле любіў радаваць – кнігай, якой прыгожай драбязой. Не абыходзячы ўвагай нікога. Ветлівы, мяккі, не проста маладжавы, юны.

Неяк яму ўдалося тое, што мала каму выпадае ў жыцці. Без натужлівых намаганняў ён захаваў свежую маладосць і набыў трывалую жыццёвую і творчую сталасць.

Невысокі, зграбны, светлы тварам, ён выдаваў намнога маладзейшым за сваіх равеснікаў. Але інфантыльным не быў ніколі. Разумны, добры чалавек, таленавіты, дасведчаны крытык. Ён не атрымаў літаратурных прэмій. На жаль. Аднак займеў галоўную прэмію, якую можа мець літаратар – сапраўднае прызнанне. Не танны поспех. Трывалую, удзячную зацікаўленасць. Калі чытаюць, перачытваюць, асэнсоўваюць, пераасэнсоўваюць.

Апошняя яго кніга «Прад высокаю красою» мела незвычайны для нашых крытычных кніг тыраж – 7500 экземпляраў. І разышлася ўмомант. Фактар знешняга парадку. Але ён таксама пра многае гаворыць. Тым больш што гаворка пра кнігу, якая мае трывалы аналітычны зарад. А вабіць раскаванасцю, дакладнасцю думкі і спалучэннем высокай тэорыі, эстэтычнай падрыхтаванасці з нязмушанай вобразнасцю пісьма. І выснаванай этычнай аўтарскай пазіцыяй: «Не гнацца за лёгкім поспехам. Перамагаць сябе, а не іншых. Нікому ніколі не зайздросціць. Любіць людзей і не шкадаваць добрага. Кожны новы жыццёвы груз не спіхваць на некага, а браць на сябе па абавязку сумлення».

Словы гэтыя пісаліся жанчыне, перад якой не толькі сын яе, Варлен Бечык, усе мы – схіляем з павагай і ўдзячнасцю галаву. Ларыса Лявонцьеўна Кароткая. Маці Варлена Бечыка. Прыгожая, разумная жанчына. Любімая выкладчыца. Былая партызанка: разведчыца, сувязная.

Пісалася ёй. Сёння ўспрымаем мы гэтыя словы як ягоны тэстамент. Перад якім – ані схлусіць, ані схітраваць, ані змоўчаць. «Тваё жыццё – труднае, прыгожае і шчодрае – ...урок, і ўзор, і дакор». І тут няма перабольшання, што так часта падпільноўвае нас, калі здараецца заўчасная смерць. Варлен Бечык быў Варленам Бечыкам. Пасля Рыгора Бярозкіна – ці не самы тонкі і дасведчаны знаўца паэзіі, чалавек пранізлівай інтуіцыі і пранікнёнага розуму.

І зусім ужо рэдкі выпадак – яго талент літаратара быў роўны таленту чалавека. Ці наадварот.

Апошнім часам ён займаў немалую – і пачэсную, і надзвычай працаёмкую – пасаду намесніка галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура». І вытрымаў выпрабаванне, якое не вытрымліваюць нават і вельмі разумныя, і вельмі таленавітыя – выпрабаванне ўладай. Ён проста рабіў сваю справу. А ведаў Варлен Бечык яе дасканала. Захапляўся ёю. Але ніколі не губляў ні патрабавальнасці, ні пільнага зроку, ні цвярозага пункту погляду. Знешне мяккі, ніколі-безапеляцыйны, ён умеў настояць на сваім. Быў не тое каб абачліва-асцярожны, проста не быў ніколі неаглядна «за» ці неаглядна «супраць». Яму можна было даказваць, пераканаць было цяжка. Калі ўжо ў яго мелася свая думка – дык узважаная, з выкаванай аргументацыяй.

Вёў ці, як сёння прынята на больш высокай хвалі пазначаць, курыраваў ён у выдавецтве паэзію і крытыку. Многа чытаў, многа памятаў, не браў нічога напавер – правяраў сябе і другіх. На людзях выступаў някідка, але прадумана, талкова, дасціпна. Ці не адным з апошніх яго выступленняў быў садаклад па паэзіі на пленуме СП БССР 1985 года. Ён лёгка, хлапечай хадой, выйшаў да трыбуны, пачаў гаварыць – не гледзячы на паперкі. І што зрабіла асаблівае ўражанне – цытуючы па памяці (!) вершы: Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Рыгора Барадуліна, Анатоля Вярцінскага, многіх з маладзейшых паэтаў. Вельмі многа – з Аляксандра Твардоўскага. Да яго Бечык ставіўся з асобай пашанай. Ці па куляшоўска-бярозкінскай традыцыі (памятаеце ў Р. Бярозкіна сталую лінію ў яго творчасці – Куляшоў і Твардоўскі). Ці па нейкіх сваіх асабістых дачыненнях. Мабыць, яму была нечым блізкая атмасфера роздуму, перажыванняў, поглядаў паэта. Ён і ў дзелавой гаворцы, і ў прыватнай размове часта згадваў Твардоўскага.

Паэзію Варлен Бечык разумеў тонка і ведаў не па-дылетанцку, не «што-небудзь і як-небудзь». «Нa слуху» ў яго былі і канкрэтныя вершы, строфы, радкі рускіх і беларускіх паэтаў, ён дакладна і не ў азбучнай інтэрпрэтацыі быў знаёмы з працамі даследчыкаў тыпу В. Жырмунскага, Ю. Тынянава, А. Весялоўскага, Б. Тамашэўскага і М. Бахціна. Не любіў Бечык асветніцка-снабісцкага флёру, але пэўна ведаў, пра што вёў гаворку ў свой час, скажам, А. Белы па тэорыі паэтычнай мовы ці В. Шклоўскі па тэорыі прозы, альбо што прапанавала ў тэорыі школа Б. Эйхенбаўма. Багаж у яго быў багаты і трывалы. І ношка не здавалася яму цяжкай. Варлен Бечык чытаў кожны рукапіс у выдавецтве. Сачыў за кніжнымі навінкамі. Часопіснымі. Не помню выпадку, каб у «Новом мире», «Нашем современнике», «Октябре», «Вопросах литературы», «Литературном обозрении», «Литературной газете», «Полымі», «Маладосці», «Літаратуры і мастацтве» з'явілася нейкая значная публікацыя і ён не паспеў прачытаць яе. Чытаў – не праз год ці паўгода, адразу пасля выхаду ў свет, чытаў не похапкам, памятаў усё, многае даслоўна: асобныя сказы, фразы. І меў сваю думку. Даводзіў яе далікатна, не педаліруючы, але з той пераконанасцю, якую можна было аспрэчыць толькі неабвержнымі і доказнымі аргументамі.

Як намеснік галоўнага (начальнік!), чытаў ён заўсёды не партытурна, не па дыяганалі, а прыцэльна, умеючы абавязкова выйсці на слабае і спрэчнае. Сваю думку не навязваў. Пераконваў. Ці гаварыў – глядзіце, на вашу думку, але вось мне падалося.

Аграмадная эрудыцыя, густ, тактоўнасць, надзвычайная абаяльнасць, непадробнае адчуванне гумару – усё было ў яго. І яшчэ – чалавечая спагадлівасць, няўменне адмовіць, калі трэба дапамагчы. Гэтым няўзнак злоўжывалі, мабыць, усе. Сябры, калегі, шматлікія наведвальнікі. Аўтары. І наведвальніцы. Аўтаркі. Ён ніколі начальсцвенна не сеў, калі перад ім была жанчына. А жанчыны былі і настырныя. Хадзілі з дня ў дзень, тлумілі галаву гадзінамі. Чытаючы вершы, скардзячыся на рэдактараў, расказваючы свае біяграфіі. Ён усіх слухаў, сумленна шукаў выйсця. А як яго знайсці – калі перад ім, скажам, кабета і сапраўды няшчасная. Ажно няшчасце не замяняе талент. І не дорыць яго. Калі талент ёсць, ён загартоўваецца ў выпрабаваннях. Але колькі выпрабаванняў не пасылай графаману, здольнасці не з'явяцца. Хоць плач. А і плакалі. Паспрабуйце сказаць цвёрдае «не» спакутаванай жанчыне, якая шчодра (і шчыра!) абліваецца слязьмі. Варлен Бечык, добры, мяккі, далікатны – умеў. Далікатна, мякка адказаць – «не». Аднак магу сабе ўявіць, якіх душэўных пакут яму гэта каштавала.

А і мужчыны-аўтары часам яшчэ як умеюць выціснуць з сябе ці з рэдактара слязу. І таксама вельмі часта не без падстаў. З выяўнічым графаманам таксама складана – паспрабуйце адбіцца ад яго рукапісаў і скаргаў. Ажно тут цвёрдасць вымагае цвёрдасці. Калі ж апеліруюць да чалавечнасці – так цяжка не паддацца спачувальнай спакусе. Помніць – а кніга гаротніка ад бядот гэтых лепшай не стала.

Варлен Бечык цяжка перажываў кожны такі візіт. Не мог ахвяраваць сумленнем чэснага літаратара. І пакутаваў – як кожны чалавек, што бачыць боль і не можа дапамагчы.

Аднак як Варлен умеў заўважыць нават драбнюсенькую ўдачу! Не памятаю, каб ён прамінуў хаця больш-менш удалы твор ці нават артыкул або нявелькую нататку. Абавязкова скажа, абавязкова не праміне добрае слова кінуць. Сябрам, калегам, знаёмым.

Адчуваў сябе асабіста адказным за тое, каб не забыліся на рана сышоўшы з зямлі талент. Еўдакія Лось, Рыгор Бярозкін, Анатоль Сербантовіч... Перад самай аперацыяй, увечары, дапісваў ён прадмову да кнігі Ігара Хадановіча.

З дзейсным спачуваннем ставіўся ён да таленавітых людзей няпростага лёсу – Ніны Мацяш, Марыі Шаўчонак, Маі Львовіч. Дапамагаў, перапісваўся, падтрымліваў.

І адны з самых яркіх і ўражлівых сваіх старонак прысвяціў Генадзю Шупеньку. Таленавітаму літаратару і таленавітаму чалавеку. Добраму свайму сябру. З тых, хто змог не проста пераадолець хваробу, а зрабіць жыццё сваё па-сапраўднаму здзейсненым. Гэта адзін з самых адукаваных і эрудзіраваных нашых крытыкаў, з пяром тэмпераментным, эмацыянальным і вострым, Генадзь Шупенька яшчэ і чалавек вельмі рознабаковы. Які вернісаж 70-х гадоў без яго? Не помню. Хто па абавязку душы знойдзе, выхапіць вечарок для філармоніі? Ён. Каго пабачыш у зале новых паступленняў у Ленінскай бібліятэцы? Яго. Ну, а роўных яму, калі ён возьме ў рукі акардэон ці гармонік, дык і зусім няма. Як і роўных па сіле чалавечай спагады, што даюць перажытае гора і нястрачаная ў пакутах дабрата, яму і зусім няма. Хіба што быў – ён, Бечык.

Пра ўсё гэта хораша, шчыра напісаў у згаданых ужо «Сакавіцкіх пісьмах» Варлен Бечык.

Пісаў ён пра многае і пра многіх. Галоўны і самы крэўны яго клопат – паэзія. Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Пімен Панчанка, Максім Лужанін, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Сцяпан Гаўрусёў, Ніл Гілевіч, больш маладыя пакаленні і генерацыі, тыя, хто толькі ўваходзіць у літаратуру. А раней была і проза В. Быкава, І. Пташнікава, І. Хадановіча, М. Капыловіча, нарысы Я. Сіпакова...

Пісаў Варлен Бечык разумна, не па шаблону, адчуваў і асаблівасці пісьменніцкага светаўспрымання, і манеру пісьма, і вёў гаворку, як сёння прынята гаварыць, у кантэксце іншых літаратур, у суадносінах з іншымі імёнамі. Вёў гаворку, свабодна валодаючы прадметам. Не так, як гэта часам здараецца, калі крытык няўцямна мармыча імёны і шапоча пра літаратурныя з'явы, нагадваючы вучня, што не ведае ўрока і тыцкае ўказкай па карце свету, блытаючы Мадагаскар з Гвадэлупай.

Варлен Бечык умеў быць вышэй унутраных літаратурных адносін, прыхільнасцей і «меркаванняў», быў аднолькава тактоўным і ўважлівым і да славутага майстра, і да пачынаючага паэта. Хаця, канечне, вышыні асабліва прыцягвалі яго. Невыпадкова з'яўленне «Шляху да акіяна», кнігі пра Аркадзя Куляшова, аднаго з самых сур'ёзных і багатых філасофскай думкай нашых паэтаў.

Тут відаць і адчуванне гістарычнай значнасці часу, і веданне фактаў творчай і жыццёвай біяграфіі, і адчуванне істотнага і галоўнага ў творчасці паэта, і напружаны роздум пра жыццё і час, пра месца творцы ў жыцці і ў часе, унутраная раскаванасць і адначасова засяроджанасць. Разуменне значэння паэта, але і адсутнасць піэтэту перад ім. Размова вядзецца дзелавая. Згадаем хаця б вось гэта: «Сапраўдныя вялікія паэты надзелены асаблівай чуйнасцю на новае ў жыцці і часе. Яны ўмеюць настройваць сябе на гэта новае... Але сама гэта настройка – справа нялёгкая, а часам (і без гэтага сапраўдная творчасць не была б творчасцю) надзвычай трудная, пакутлівая, непадуладная нават самаму настойліваму аўтарскаму намаганню.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю