355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алла Сямёнава » Слова сапраўднага лад » Текст книги (страница 3)
Слова сапраўднага лад
  • Текст добавлен: 20 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слова сапраўднага лад"


Автор книги: Алла Сямёнава



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 14 страниц)

А ўсім вядома, як змястоўна, пераканаўча, на самым высокім ідэйна-эстэтычным узроўні выступаюць у крытыка-публіцыстычным жанры такія паэты, як П. Папчанка, К. Кірэенка, В. Вітка, А. Вялюгін, Р. Барадулін, А. Вярцінскі, Н. Гілевіч і інш.

Не магу ў сувязі з гэтым не згадаць артыкул рускага паэта і крытыка Т. Глуніковай з вельмі характэрнай назвай «Вобраз паэта – вобраз крытыка», дзе яна слушна гаворыць пра той агульны вобраз асобы, што вымалёўваецца з агульнай унутранай сувязі яго літаратурнай дзейнасці. У такім, адкрытым, «не зацененым вобразнай недагаворанасцю» выглядзе – у крытыцы і ва ўсеўзбраенні магіі «гарманічных гукаў» – у вершах. «Адкрытым» спосабам выяўляе свае эстэтычныя ўяўленні і Леанід Галубовіч, культура думкі якога, калі ведаць яго адукацыйны цэнз і абставіны нятворчай біяграфіі, не перастаюць добра радаваць.

А вось Р. Баравікова ў кнізе «Адгукнуся голасам жалейкі», па сутнасці, не пашыраючы свайго кола тэм, выйшла на той узровень, пра які варта гаварыць асобна. Здавалася б, усё тое ж, інтымнае, асабістае. Не будзем сцвярджаць, што ў паэтэсы з'явіліся філасофскія медытацыі. Але парывістая, апраметная энергія яе вершаў, не страціўшы сваёй імклівасці, набыла важкасць мудрага разумення многага ў жыцці, з'явілася не перарывістае, а напоўненае, як у трэніраванага спартсмена, «дыханне пругкае работы».

Безумоўна, выверанасць зместу і формы (без асобых навацый) – ад той, папярэдняй работы, што немагчыма без жыццёвага і літаратурнага вопыту, дзе былі і «памылкі і страты», і «мітуслівых надзей далягляд». Нялёгкі ён, кошт сапраўднага важкага слова:

 
Мне не шкода душы, хто не плача —
 
 
хіба запяе?
 

І гэта не дэкларацыя, не забяспечаная канкрэтным творчым багажом. За словамі – адказны змест кнігі. У якім – не часта – з'яўляюцца і такія адкрыта праграмныя радкі:

 
Высокіх слоў казаць я не павінна,
бо вышыня – у небе, тут – зямля,
на ёй сцяжына, нібы пупавіна,
дзе па адным з канцоў – на век свой я.
«Асмолаўскі тракт»
 

Пацверджаны зместам кнігі і спакойныя, упэўненыя высновы Сяргея Законнікава:

 
І стаю я, жыццё, прад табой...
Ты дарма хмурыш бровы сурова —
Ціха
вера,
надзея,
любоў
Шэпчуць мне запаветныя словы.
Жыць трывожна на свеце,
калі
Хмар злавесных гайня не радзее,
Ды над лёсам людзей і Зямлі
Свеціць зоркай бяссоннай надзея.
Прага шчырасці, роднасці зноў
У нязведанасць торыць дарогу.
Засяваю свой сціплы аблог
Зернем
веры,
надзеі, любові.
«І стаю я, шыццё, прад табой...»
 

...Многае пазначыцца ў сённяшнім дні нашай паэзіі, калі ўзяць пробы на глыбіні. Многае, што выяўляе асобныя прыкметы літаратурнага працэсу, прыкметы, што па аб'ёму, натуральна, не супадаюць з агульнымі заканамернасцямі. Але дазваляюць нешта ў іх высветліць, выпукліць, хаця б пункцірна пазначыць. У спалучэнні зместу і формы, у выяўленасці тэндэнцый свайго часу і злучанасці іх з традыцыямі культурнага мінулага, нават калі гэта выяўляецца і ў адштурхоўванні, нязгодзе з тымі традыцыямі. Ніякія ж навацыі немагчымыя без дасягненняў класічнага верша, вопыту паэтаў канца XIX – пачатку XX ст., паэтычных школ XX ст. Маю па ўвазе сусветную паэзію ўвогуле. Любыя з іх так ці інакш залежаць ад вопыту мастацтва мінулага. А прыцягальнасць традыцый бясспрэчная. Тут і вялікая сіла звычак і інерцыі, і вялікая эстэтычная каштоўнасць класічных узораў. У беларускай літаратуры сённяшняга дня, нават калі зрабіць толькі вось такую прыблізную прыкідку па асобных узорах, ідзе нармальны працэс, не пазбаўлены, натуральна, і страт, працэс, у якім і вопыт прыхільнікаў традыцый, і творчасць «традиций убежденных неслухов» (М. Асееў) знаходзіць пэўнае, хай і нераўназначнае выяўленне. І ў такіх, скажам, цікавых выявах, дзе скрыжаваліся мастацкія традыцыі многіх літаратурных школ і нацыянальных традыцый розных народаў, як паэма «Дождж у Ка– ралішчавічах» Карласа Шэрмана.

Любая ж эстэтычная ідэя імкнецца да той ступені мастацкай завершанасці, калі ўспамінаюцца словы Імануіла Канта: «...рабі толькі адпаведна той максіме, кіруючыся якой ты адначасова можаш пажадаць, каб яна стала ўсеагульным законам».


«НАБРАЦЬ ДЛЯ ПЕСНІ ВЫШЫНЮ...»

Сталасць... Маладосць... Пара вынікі падводзіць і пара пачынаць... Ёсць агульнапрынятыя нормы, засведчаныя аўтарытэтам вопыту і аўтарытэтам філасофскіх сістэм. А жыццё заўсёды нешта дадае да гэтых норм, уносіць карэктывы. І не ў адну пару прыходзіць да людзей сталасць. І ў кожнага свая пара пачынаць. Бывае, што не вагаючыся, яшчэ ў юнацтве, выйдзе чалавек да людзей са сваім словам, а нехта цяжка і доўга ўзважвае, ці мае ён права пісаць. А яшчэ ў каго думкі і адчуванні не адразу набываюць рэальныя слоўныя абрысы. А калі набываюць, з'яўляецца зборнік пад грыфам «Першая кніга паэта».

Што – калі кінуць позірк па два гады. Звычайныя. На пэўнай адлегласці часу. 1976-ты і 1984-ты. Не спрабуючы рабіць паралелі: яны будуць досыць штучныя. Але маючы на ўвазе тое, што эстэтычнае ўзрушэнне мае ці відавочна будзе мець працяг у далейшай творчасці тых, пра каго тут ідзе размова. Адзін артыкул быў напісаны ўвосень 1976 года. Другі – летам 1984-га. Не будзем рабіць папраўкі, якія зрабіў час. Глянем – нейкае зерне не выпадкова заўважанага, здаецца, ёсць.

І

Тыя, што выдалі свае зборнікі пад грыфам «Першая кніга паэта» ў 1975-1976 гады ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», амаль усе, акрамя хіба Паўла Марціновіча (яму было 22 гады), молі магчымасць выверыць часам права па друкаванае слова. І Уладзімір Някляеў, і Алесь Камароўскі, і Віктар Ярац досыць ужо вымералі свой жыццёвы шлях, а Уладзімір Градоўкін – нават удзельнік Айчыннай вайны.

Адчуваецца ў паэтаў акрэсленасць намеру. Намеру, які не ва ўсіх мае па ўвазе пачатак. У Градоўкіна, ва ўсякім выпадку. У зборніку «Праз гады» («Сквозь годы», кніга на рускай мове) вершы не менш як за трыццаць год. Вельмі шкада, між іншым, што гады напісання ў зборніку не пазначаны.

«Паэзія – душы маёй анкета»,– даводзіць у сваёй першай кніжцы «Адкрыццё» Уладзімір Някляеў. Даводзіць як быццам дзелавіта – анкета. Але і з мерай адухоўленасці – анкета душы. І ў гэтым спалучэнні дзелавітасці і высокіх памкненняў – усведамленне канкрэтнага. Менавіта так. Анкета душы. Не кардыяграма, не асцылограф. Толькі самае галоўнае, адметнае. Тое, што «каардынаты быцця» мецяць назоўным склонам, «склонам прагі існавання» («Назоўны склон»). Паэт углядваецца ў свет, з якім у складаных і шматслойных адносінах яго творчае «я», што кладзе адметны адбітак на ўсё, напісанае паэтам.

Някляеў востра адчувае мастакоўскую традыцыю быць «чувствилищем» краіны – і хоча абавязкова дачытацца да яе.

 
Дай, маё сэрца, боль чужы
Уведаць так, як боль уласны,
Каб радасці, якімі жыў,
Навек не гаслі.
 
 
Дай быць вышэйшым ад «ідэй»
Прарокаў цьмяных і шумлівых,
Каб углядацца у людзей
Навек цнатліва.
 
 
«Дай, маё сэрца, боль чужы...»
 

Паэт імкнецца асэнсаваць свет, спазнаць не толькі дзейнасць фактаў, але і свядомасць свайго часу, абавязкова ўявіць сабе і ўвасобіць у творчасці спазнаны свет. Гэта думка настойліва непакоіць паэта:

 
Жыццё сваё лічы не на гады —
На зробленае
Гэтымі гадамі.
 
 
«Бязлітасна зязюля кукавала...»
 

І ўжо зусім жорстка, нават з кпінам, Уладзімір Някляеў дадае:

 
Бо можа стацца,
Небасхілу ля,
Дзе на дыбы
ўстаюць зямныя коні,
Ты будзеш верашчаць,
Як немаўля,
Хоць і дапнеш
Да сівізны на скронях.
 

Павел Марціновіч таксама адкасваецца ад раўнадушнага лянівага сузірання жыцця, ад духоўнай глухаты і нематы:

 
Але не дай цягнуцца, лёсе,
Вось так, за хуткаплынным днём,
Глядзець на свет з-за пыльных шыбаў...
А гэтаксама не дазволь
І пераскокваць, як па дыбах,
Праз вечны чалавечы боль.
 
 
«Калеку йсці хутчэй не ўпросіш...»
 

А ва Уладзіміра Някляева ёсць яшчэ такі верш – «Вадэвіль у двух актах». Верш амаль сюжэтны.

Пачатак у ім не ўзрушвае навізной:

 
Заходзь у мой дом, чалавек!
Знаёмы ці проста прахожы.
Не бойся мяне патрывожыць.
 

Але паэт прапануе працяг. І вось тут якраз вельмі важны сюжэтны паварот. Добра напісаў паэт: «Не бойся мяне патрывожыць». А што, калі ўзяць ды і патурбаваць яго на самай справе – праверыць на трываласць яго слова, апрабаваць дзеяннем?

Стук у дзверы.

– Хто там?

– Незнаёмы. Адчыніце...

– Хто вы?

– Я чытач. Я верш у вас знайшоў.

– Кіньце жарты.

Ноч.

Не адчыняю.

– То навошта верш вы напісалі?

– Вы вар'ят!

– Дык вы пажартавалі?

Чытач не верыць, што можна жартам кідаць такія словы, выдаць такі маральны вексель, калі няма чыстага золата спагады ў душы. Гэтага чытач не прымае, яго галоўны талент – давер. І хаця, як некалі даводзіў вядомы філосаф Р. Скаварада, «любіць чалавецтва лягчэй, чым зрабіць дабро суседу», даверлівы чалавек, чытач, прымае ўсё, адрасаванае да чалавецтва і да абстрактнага чалавека, як звернутае да яго асабіста, да кожнага паасобку.

Верш вялікага маральнага патэнцыялу – пра абавязковую адказнасць літаратара, пра адпаведнасць маральнага акту высокаму слову. Не ведаю, як па самай справе зрабіў бы Някляеў, калі пастукацца да яго ў дзверы з якое нястачы ці самоты, але – гэта несумненна – ён ведае кошт даверу слову.

З выклікам даводзіць свае ідэалы Алесь Камароўскі (зб. «Пачатак»), хаця ў выкліку гэтым адчуваецца халаднаватасць штампа:

 
Тата, клянуся:
Праз жыццё як праз бой,
Назаўжды астануся,
Як з легендай, з табой!
 
 
«Смерць бацькі»
 

Уважліва прыглядаецца да сябе Алесь Камароўскі. Праўда, не так у «анкету душы», як у «дакладныя рысы»: «Вочы – азёры бяздонныя з вірам заўчасным», «Срэбра валос узышло...», «Губы – як лук, напружынены, выліты, топкі», «Лоб – узаранае думкамі шчырымі поле» і г. д. («Аўтапартрэт»). З вялікай увагай да сваёй асобы напісаны партрэт, з любоўю нават, толькі цяяжа па гэтым аўтапартрэце ўявіць духоўнае аблічча паэта. Самапародыя, а не партрэт.

Вызначае свой погляд на свет і па літаратуру Уладзімір Градоўкін. Як чалавек, што з вопыту ўласнага спазнаў справядлівасць і несправядлівасць, ён пацвярджае вядомую ісціну:

 
...Счастье настоящее в безумстве
открывателей и храбрецов.
 
 
«Аргонавты»
 

Яшчэ, можа, не заўсёды акрэслена ў слове, але настойліва ўглядваецца ў сусвет, у наваколле, у сябе ў гэтым свеце і сусвеце Павел Марціновіч (зб. «Прадвесне»).

 
Тут усвядоміць будзь ласкаў
Сваё уласнае стаўленне
Да тых здагадак і ўяўленняў,
З якіх ты доўга вырастаў.
 
 
«І вось не тая ўжо вярста...»
 

А Віктар Ярац (зб. «Уваходзіны») не абвяшчае канкрэтна сваёй паэтычнай праграмы, а можа, і сам яе пэўна пакуль што не ўяўляе, аддаючы перавагу асобным вершаваным замалёўкам, а не цэласнай карціне.

Баіцца прапусціць што-небудзь Уладзімір Градоўкін.

Кожная пасляваенная вясна, кожная пасляваенная восень для яго – падзея, бо тыя чатыры гады «географию изучал по-пластунски, ползком». Паэт з задавальненнем апісвае кожную пару года, кожную з'яву, пацвярджаючы словам іх існаванне («Пора весеннего разлива», «Апрель», «Первые цветы на круглой клумбе», «Сияет августейший август... «По грибы» и т. д.).

Па-рознаму глядзяць аўтары зборнікаў на свет, на свае адносіны да яго, на сябе ў гэтым свеце.

Асаблівае месца ў творчасці займае тэма Радзімы. Яе мінулае, яе цяпершчына, яе месца на планеце, яе існаванне на скрыжаваннях гісторыі. Яе мова. Кожнаму ёсць што сказаць

 
Пра край, які прасвечаны наскрозь
Азёрнай стынню, чырванню рабіннай,
Святлом зялёным маладых бяроз,
Наскрозь працятых песняй салаўінай
І вымыты расой жаночых слёз.
 
 
У. Някляеў. «Паэма-вера»
 

Шчаслівы боль спазнапня, жывая думка мастацкага ўсведамлення, адчуванне вялікай сапраўднасці існага – у Някляева. Для яго Радзіма – абавязковая часцінка планеты Зямля, любоў да яе – «найгалоўнейшая з вечных высноў».

 
Шлях мой зямны, Айчына...
На схіле
кожнай вярсты
Толькі ты за плячыма,
Наперадзе —
Толькі ты.
 
 
Існасць мая, Айчына...
 
 
«Шлях мой зямны, Айчына...»
 

Родны край, Радзіма ўяўляюцца паэтам у розных сваіх жыццёвых і паняційных пластах. І вось так – як у толькі што згаданым вершы – як выснова існавання, як пачатак усяго ў жыцці.

І як рэмінісцэнцыя задумліва-мудрай народнай песні:

 
Што за сумныя песні
спяваеш ты, Белая Русь!
Як зацішаны боль,
яны ў сэрцы маім прарастаюць.
«Ой, ляцеў белы гусь...»
А куды ён ляцеў, белы гусь,
Калі ў небе тваім
толькі шэрыя гусі лятаюць?
 
 
У. Някляеў. «Што за сумныя песні...»
 

Някідкая фантазія народнай песні... У гэтай фантазіі– мары – нейкая даўняя непраясненая туга. І паэт, даўшы адчуць прывабнасць настраёвага каларыту песні, тлумачыць сваю суадноснасць са светам народнага твора: хацеў бы дачыніцца неяк сваім словам да тых песняў-мар Беларусі, да сваёй Радзімы.

 
Дык суцешыцца б тым,
што не толькі хацеў,
што паспеў
Прамільгнуць над табой,
праляцець над табой
белым гусем.
 

Рэальны і ідэальны свет роднай зямлі праламляецца ў розных сваіх варунках Уладзімірам Някляевым. І ў творы «Паэма-вера». Гэта і знаёмы краявід:

 
Мой родны край...
Алешнік над ракой,
Высокі лес,
буслоў-танцораў гнёзды,
 

гэта і «счарнелы крык Хатыні», «барвовы стогн Брэста», гэта і «песнявы прастор» маленства паэта, «Крэўскі замак, гульняў нашых царства», гэта ўсё, што існуе ці існавала, мары паэта і яго святыні, усё, «чым» ён – «чалавек».

Розныя абліччы роднага краю трывожаць і творчую фантазію Паўла Марціновіча, што асабліва пільна ўглядаецца ў гісторыю свайго народа («Каліноўскі», «Усяслаў», «Рокат», «1964»), у яго звычаі («Папараць-кветка»). Нават пейзаж ён успрымае не без гістарычных уплываў.

 
І падкупленай вартай
Расчынена брама паны.
 
 
«Таямніча і ціха...»
 

Шчымліва-пранікнёныя асацыяцыі Віктара Яраца – гэта таксама адбітак яго ўяўлення Радзімы:

 
У родным краі размаўляюць дрэвы...
 
 
Мне мову не забыць бяроз і сосен
і кожны гук іх старажытных слоў,
бо з гэтых дрэў стартуе ў неба восень
журботнымі чародамі буслоў...
 
 
«Мова дрэў»
 

Трывалую сувязь са сваёй Радзімай адчувае У. Градоўкін, прадстаўляючы яе як канкрэтную мясцовасць, як незабыўныя з дзяцінства краявіды і як неабходны выток яго духоўнай энергіі.

 
Сторона лесная да озерная.
По колено мхи,
По пояс травы.
Издали тянусь к тебе я корнями.
Оборви их – брызнет сок кровавый.
 
 
«Витебщина»
 

Для Алеся Камароўскага Радзіма – перш за ўсё славутая Мікалаеўшчына (радзіма Я. Коласа і месца, дзе вырас Камароўскі).

Не адным паэтам спазнаная тэма. Можа, таму ўвага Камароўскага засяроджваецца на хрэстаматыйна вядомым:

 
І карчакоў і плытагон,
Суняўшы смутак ціхі,
Уславяць песняй зноў таго,
Чые вякуюць кнігі.
 
 
«У Мікалаеўшчыне»
 

Што яшчэ хвалюе паэтаў-дэбютантаў? Сярод якіх, безумоўна, выдзяляецца У. Някляеў. З яго роздумам над самымі рознымі праблемамі, жаданнем, нават прагай усвядоміць складаныя з'явы навакольнага свету, сваё становішча ў гэтым свеце, заглянуць у самога сябе, у свае духоўныя сховішчы, асэнсаваць рэчаіснасць, скандэнсаваўшы думкі так, як гэта магчыма ў паэзіі, дзе ў яе самых высокіх узорах мудрасць зліваецца з эмоцыяй, абстрагаванае мысленне – з выхадам на канкрэтныя рэаліі быцця.

У. Някляеў імкнецца асэнсаваць свет у яго абстрагаваных праявах – можа, нават і губляючы магчымасць рэагаваць на кожную падзею, ствараць вершы – вокаімгненныя водгукі на кожны рух грамадскага жыцця. Ці раптам праменіцца словам проста ад адчування радасці быцця, ад таго, што не даецца аналізам і не паддаецца яму. Згонная кропля імгнення.

 
Глыбока ў студні боўтнецца вядро...
Затархаціць пашчэпаная корба...
Адзін глыток – і існуе дабро,
І жыць на свеце хораша і добра.
 
 
«Студня»
 

Ці так вось занатаваны настрой. А думка жывіць настраёвы нерв верша.

 
Мой снежань...
Мой лекар...
З усіх на свеце багоў
Нe ведалі Снежня грэкі,
Бога снягоў...
Мой лекар...
Мой снежань...
Ні суму ў мяне, ні болю.
 
 
«Увесь, нібы пекар...»
 

Сапраўды, прыгадайце гэты пушысты белы спакой, светлую музыку цішыні. Снежна, бела. Снег яшчэ маўклівы, задумлівы, гаваркія вясновыя ручаі і вясновыя навальніцы далёка. Пакуль што – таямніца спакою.

Уладзімір Някляеў умее падаць такі абразок-роздум, выявіць словам настрой, пэўную ці няпэўную думку, імкнецца ўлавіць сувязь звычайнай падзеі з глыбіннымі карэннямі быцця.

Гэтую сувязь імкнецца творча спасцігнуць і Павел Марціновіч. Ну, хаця б у вершы «Пасядзець каля вогнішча...». Ён збіраецца прасачыць неабходную і патрэбную душы сувязь з такой першароднай і неабходнай з'явай – вогнішчам, жывым агнём.

 
Бо душа чалавека —
яшчэ не маўклівая ляда,
Калі пошум галля
і агеньчык у цемры начной
Захавалі над ёй
цудадзейную сілу і ўладу!
 

І сапраўды прадвесневая (прыгадаем назву зборніка) радасць чуецца ў звонкіх ад маладосці і прагі жыцця радках:

 
Каток, заліты свежым лёдам,—
Нібы гладыш, наліты мёдам.
 
 
Хто самы спрытны, самы шпаркі,
Адчуй, што ты на свеце ёсць!
 
 
Ад сонца з лёдам, як ад чаркі,
Завейка кружыць весялосць.
 
 
«Каток, заліты свежым лёдам...»
 

І ва Уладзіміра Някляева, і ў Паўла Марціновіча, і ў Віктара Праца многа такіх вершаў-замалёвак, у якіх аўтарскае «я», адносіны да свету нясуць адбітак вельмі пэўны, дзе настрой-імпрэсія, духоўны стан паэта выразна акрэслены.

Гэта «Святочны дзень. Высокі шлях аблокаў...», «Стыў сакавік...», «Ноч», «Горкім дымам пацягне...», «Снягі» – у Някляева, «Дождж», «У руках галінка і сцізорык», «Прадвесне» – у Марцінавіча, «Запрашаюць бакенаў агеньчыкі...», «Цвісці садам...», «Вясновы Сож...» – у Праца.

Асабліва кідаецца ў вочы нейкая нават беражлівая лірычнасць Уладзіміра Някляева.

 
Ты воблакам плыла...
Рукамі не дастаць...
Свяцілася ледзь-ледзь
над рэчкай і над борам.
Ад слоў маіх плыла,
што я сказаў учора,
Да слоў маіх плыла,
што заўтра меў сказаць.
Мы дзіўную з табой
старонку адгарнулі.
«Дзень вашай цішыні» —
напісана па ёй.
 
 
«Ты воблакам плыла...»
 

Усе паэты, пра якіх ідзе размова, акрамя У. Градоўкіна, пішуць на беларускай мове. Градоўкін – па рускай.

І яго памяць на вершы бывае часта мацнейшай за сваю ўласную думку, у яго вершах адчуваюцца больш ці менш блізкія рэмінісцэнцыі з рускай паэзіі, накшталт:

 
Полнеба заревом объято,
лиловы дальние леса,
и ярко светится заката
сиреневая полоса.
 
 
«Полнеба заревом объято...»
 

Адчуванне такое, што чытаў гэта, ведаеш. не заўважыў паэт нешта адметнае, сваё. Хаця ёсць у яго паэзіі мясціны, якія вызначаюцца дакладнасцю погляду, незапазычаным словам:

 
Осатанело непогода
шумела,
с ходу превратив
дома, деревья, землю, воду
в один огромный негатив.
 
 
«Ночная гроза»
 

Ва Уладзіміра Някляева слова – часцей за ўсё выбух, знаходка, празарэнне.

 
І, можа, мне
няхітрых тых навук
Хапіла б у жыцці...
Ды ў смаглым горле роднай мовы
гук
Заклекатаў бусліным пералётам.
 
 
«Паэма-вера»
 

І не як-небудзь «заклекатаў».

...апёк.

Няма вады

Жывой ці мёртвай, каб суцішыць

смагу.

Паэт не можа пазбыцца «катаргі слоў», што даюць паняцці, даступныя толькі паэзіі:

 
Паехаць ад выгану глупства
Да горада Глуска.
У Глуску
Нахілена неба,
як зрэзана з бохана луста.
 
 
«Глуск»
 

Хаця нельга сказаць, што штампы і прыгонныя словы зусім не існуюць у паэтычным слоўніку Някляева. Можна знайсці.

 
Мы сёння крочым мірнаю зямлёй,
З чырвонымі, як полымя, сцягамі.
 

Нельга не сказаць яшчэ аб працавітай уважлівасці да слова Паўла Марціновіча, які вяртае да жывога ўжытку старадаўнія талкавіска, рокаш, натхнёна выкарыстоўвае магчымасці мовы, да якое ставіцца з найвялікшай павагай: «родным гукам – паклон».

І змушае задумацца тое, ці падасца хаця б якім набыткам чытачу вось гэтае – у Камароўскага:

 
За абедам нам
ад бедаў —
Бак вады,
на тры супы...
І ляціць камель
тарпедай
На гарачыя зубы.
 
 
«Цыркулярка»
 

Не кожны, думаецца, прыме і такі рызыкоўны паэтычны троп:

 
Прыгажосць у русалачным выглядзе
На ваду месяц-лодачку вывядзе...
 
 
«Ёсць рачулка»
 

Што такое «прыгажосць у русалачным выглядзе»? І чаму па-беларуску ўжываецца граматычная форма – «а к нагам упадуць васількі»?

У Яраца часам трапляюцца прыблізныя, недакладныя словы, прыблізныя, несуадносныя паняцці.

 
Тут, на зацененай верандзе,
якая б ні была пара,
ёсць конаўка, як ардынарац
яго вялікасці – вядра.
 
 
«Ода калодзежнай вадзе»
 

Тут адразу адчуваецца і водгалас вядомага «яго вялікасць – рабочы клас», высакаваты, нягледзячы на прапанаваны жанр – оду – «тытул» для вядра – вялікасць. А калі ўжо «вялікасць», дык чаму такі зусім не па этыкету прыбліжаны – ардынарац?

 
І ці ўзважыў паэт такія радкі:
І думкі, як рукі, зрываюць
ад сэрцаў закляты замок.
 
 
«Пад музыку снега і сонца...»
 

...Паэтычныя дэбюты. Удалыя ці няўдалыя, яны яшчэ самі па сабе не вырашаюць творчы лёс паэта. Час дае светлую магчымасць спраўдзіць сябе.

ІІ

Яны спяшаліся ў свет – гэтыя зборнічкі пад грыфам «Першая кніга паэта»: «Вандроўнік» Леаніда Дранько-Майсюка, «Белы камень» Алеся Пісьмянкова, «Гронка святла» Віктара Шніпа, «Таемнасць агню» Леаніда Галубовіча, «Матчына вышыванка» Алеся Жыгунова, «Над вечнасцю гнязда» Івана Рубіна.

Безумоўна, кніга Л. Галубовіча вызначаецца сярод іншых, незнарок яго адзначылі і на VIII нарадзе маладых у Маскве. Харошая кніга. Сур'ёзная (больш падрабязная гаворка пра яе будзе асобна). Калі ў іншых яшчэ нешта намацваецца, пачынае вымалёўвацца пакуль што абрыс, контур – хай сабе і больш-менш дакладна акрэслены, дык у Леаніда Галубовіча – кніга цэласная, выяўленая. Нездарма яго публікацыі адразу заўважылі, горача падтрымалі людзі розных поглядаў на паэзію, розных густаў, розных узростаў. Паэт. Сапраўдны. Які яшчэ раз пацвердзіў, што схільнасць да выяўленага слова – дар. А настаўнік кожнага творцы – перш за ўсё жыццё. Іншага рэцэпту няма. Як сцвярджае сам Л. Галубовіч, «калі не пішацца – не муч душу ныццём,/ няхай суцішыцца, дыхне жыццём». І, паводле няўхільнага імператыву творчасці, нішто не можа замяніць працы душы, самаўдасканалення. Леанід Галубовіч не мае вышэйшай адукацыі. А культура мыслення, культура верша ў Галубовіча – высокія. Добры густ. Спакойная выверанасць пісьма – калі ёсць пра што сказаць, калі «прадчуванне слоў для лепшых вершаў у душы маўчаннем адбаліць». Леанід Галубовіч моцны сваёй натуральнасцю, суцэльнай адсутнасцю манернасці, штучнасці, позы. Моцны – энергіяй слова, якая ідзе ад напору думкі, пачуцця. Гэта якраз з тых выпадкаў, калі чалавек не пісаць не можа. Але не прыспешвае яго пяро і мітуслівая порсткасць: хутчэй, хутчэй гнаць радкі, абавязкова мільгацець у друку,– хто прачытае, хто гляне толькі, а ўсё ў полі зроку, навідавоку.

Душэўны вопыт (свой) і духоўны вопыт (здабыты шляхам пазнання, спасціжэння, што за межамі ўласнай біяграфіі, вопыт іншых, вопыт гісторыі і культуры) даюць паэту магчымасць разважаць на тым узроўні, калі мы адчуваем і канкрэтны факт, і «другую» рэальнасць, якую стварае ўжо ён, паэт, падпарадкоўваючыся законам творчасці.

 
Прычакаўшы глыбокага снегу,
Аб'язджаюць каня мужыкі:
Маладому, шалёнаму бегу
Дзве аглоблі сцінаюць бакі.
 
 
Вось ён – потны, загнаны, знямоглы —
Ад тугі і адчаю захроп.
Заўтра стане пакорна ў аглоблі
І без пугі не пойдзе ў галоп.
 

І неяк не думаецца пра ўжытыя тропы, пра стылістычнае значэнне кампазіцыі, пра адпаведнасць метрычнага задання рэальнай своеасаблівасці рытму верша. Усё падпарадкоўваецца мастацкай задуме, усё арганізавана па эстэтычных прынцыпах цэлага. Мысленне паэта не адцягнена абстрагавана, але абагулена. Мастацкая ідэя не аголена ў просталінейных дэкларацыях, а ўвасоблены ў паўнакроўных вобразах. Таму, мабыць, і запамінаецца так Леанід Галубовіч – адразу, без прымусу памяці.

У сённяшнім рознагалоссі паэзіі, шматлікасці і манер, і падыходаў да розных з'яў жыцця Леанід Галубовіч падабаецца нармальным разуменнем законаў рэчаіснасці, нязмушаным, натуральным стаўленнем да маральных высноў: «Я не зайздрошчу тым,/ хто мае, а тым —/ хто лепшае аддаў». Падабаецца трывалымі прынцыпамі, добрым грунтам жыццёвым:

 
Грак не пяюн, і ўсё ж скажу:
Люблю яго за клопат весні,
За хлебаробскую душу...
А будзе хлеб – і будуць песні.
 

Дыяпазон лірыкі Леаніда Галубовіча мае вялікую многасць хваляў прыёму. Тут і высокія памкненні паэта, што «адкрыў сябе і час свой асудзіў высокай мерай тайнага быцця», і эзатэрычнае хваляванне, калі «толькі існасць выстаіць бясслоўна», за той крайняй мяжой усведамлення, дзе «дух першароднасці імкнецца з небыцця да бессмяротнасці разумнага жыцця». І замалёўкі з натуры, лёгкі лёт імгненнага ўражання: «Блукаю па барвяным лесе,/ дзе павуцінай голае галлё/ падвязана ў высокім паднябессі/ за шэрае птушынае крыло». І тое, што называюць лірыкай кахання. Сапраўднае перажыванне, пераўтвораны пачуццём рух душы, узвышаная музыка слоў. Ці вось такое мройлівае прадчуванне: «Цябе ніколі не было,/ аднойчы я цябе прыдумаў,/ любові запаліў святло/ над цёмным непарушным сумам».

І што ж? Усё так бездакорна? Безумоўна, ёсць і выдаткі. І адчуваецца ў асобе Галубовіча – а гэта, канечне, асоба – і нікім не прадбачаная мяжа трываласці, там, дзе немагчыма не набыць мацунак нікому, і наадварот, зусім не зразумелы правал у варунках зусім простых і ўсім даступных. Але што вельмі важна – ён сам добра адчувае спраўджанае і няспраўджанае. За сябе і за другіх,

 
І далёка хай яшчэ да песні.
Пакланюся выгнанаму дню,
Што душу акрыліць напрадвесні,
Каб набраць для песні вышыню.
 

Вышыню гэтую згаданыя паэты набіраюць у рэальнай існасці, дзе найбольш адчувальным вымярэннем выступае прастора і менш канкрэтна выяўлена – час. Тут існуе Сусвет і Зямля, і самае блізкае месца па Зямлі – Беларусь, і яшчэ больш канкрэтна – родны кут, мясціна продкаў і бацькоў. Існуе ўсё, што ёсць у жывой рэальнасці і заўсёды існавала ў тым свеце, што стваралі паэты: неба, сонца, зоркі, дрэвы, кветкі і тыя істоты, якія прынята ў літаратуры называць лірычнымі героямі. А час больш існуе ў зменах пары года, у ранках і захадах і менш – у сваім канкрэтызаваным сучасным выяўленні. Зараз суцэльная тоеснасць усведамлення паэта сённяшняму моманту («И время было мной, и я был им,– Я. Еўтушэнка) не мае гарачых прыхільнікаў і сярод маладых, і сярод не зусім ужо маладых. Паэты 80-х імкнуцца ўспрымаць рэчаіснасць у абсягах калі не глабальных, дык досыць шырокіх – вечнасць, гісторыя, памяць. У такіх вымярэннях: «Імгненне – вечнасці дзіця» (І. Рубін). І пакуль што не так часта выходзяць маладыя да той сацыяльна-палітычнай і сацыяльна-вытворчай канкрэтыкі эпохі, якой моцная савецкая паэзія ўвогуле і беларуская паэзія ў прыватнасці. Але – у аўтараў першай кнігі ўсё паперадзе. І спробы такога кшталту ёсць.

Ну, скажам, адна з самых папулярных «вандроўных» тэм апошняга дваццацігоддзя. Вёска – горад. Хто толькі не аддаў даніну гэтай тэме ў беларускай літаратуры. І сёння яна ці не дамінуе ў сучаснай паэзіі і прозе. Сучасная вечная тэма. І паэты «прызыву» 1984-га шчыра паўтарылі тое, што было да іх. У Рубіна: «І раптам балюча захочацца жыць адразу і ў горадзе неяк, і ў вёсцы». Ну, і што ты зробіш з памяццю сваёй, калі ў 1963 годзе ў аповесці «Сена на асфальце» Міхась Стральцоў пісаў: «Мне даўно хацелася прымірыць горад і вёску ў сваёй душы». З той пары многа было варыяцый на гэтую тэму. З'явілася яшчэ. Не пазбегнуў паўтору тут і Алесь Пісьмянкоў: «І, відаць, не выпадкова болю сціснулі ціскі: я не той, не свой, вясковы, і зусім не гарадскі».

Безумоўна, гэта не узурпіраванае крытычнае вета на тэму. Маўляў, барані вас усе згрызоты, устрымайцеся – аслупавана. Але такая ўжо нялёгкая планіда мастака. Цяжка сказаць новае. Аднак іншага шляху няма.

А вось, дарэчы, яшчэ адна праблема сённяшняга дня – вёска, лёс старых на сяле. Сёння набыла яна значнае мастакоўскае напаўненне і грамадзянскі рэзананс у беларускіх пісьменнікаў, прынамсі ў Алеся Жука (аповесць «Паляванне на Апошняга Жураўля») і Аляксея Дударава (п'еса «Вечар») і ў маладых паэтаў знайшла нестандартнае выяўленне. Іх не так многа, тых вершаў, якія пазначаюць пэўны кірунак у асваенні гэтай важнай тэмы. Ёсць такі верш і ў Алеся Пісьмянкова:

 
Там, дзе спеюць туманы,
За далёкай вярстой,
У садзе цёткі Ліксаны
Густа б'е лістабой.
 
 
Больш ніхто тут не вохкне,
Не збярэ навіну,
І заб'юць сёння вокны,
Як учора – труну!
 

І хаця ёсць прыватнае тлумачэнне, чаму стаў нежывы сад цёткі: «Дзетак бусел не скінуў і ў капусце няма», ажно ўспрымаецца гэты факт больш абагульнена, мы ж ведаем колькі хочаце літаратурных узораў (а за імі – жыццё): багатая нібыта на спадчыннікаў хата, ажно стаіць са сляпымі невідушчымі вокнамі – па свеце рассыпаліся дзеткі, і ў вёсцы няма каму карыстацца жытлом. З гэтага ж асэнсавальнага рада ў Алеся Пісьмянкова і яшчэ адзін верш – «У адстаўцы». Пра былога калгаснага конюха. Механізацыя – скасавалі стайню. І чалавек нечакана для самога сябе траціць сэнс жыцця – любімую працу. «Нібы душу стрыножылі».

Верш гэты невялічкі – чатыры чатырохрадкоўі. Але напісаны ён з нешматслоўнай дакладнасцю. Няма ні эфектных верыфікацый, ні экспрэсіўных прыёмаў, сам па сабе матэрыял дастаткова празаізаваны, але верш моцны эмацыянальнай спрасаванасцю зместу, праўдай факта, які выходзіць да адной з няпростых праблем, што стварае НТР.

З непадробным спачуваннем, уласцівым сялянскаму сыну, піша пра неперспектыўную вёску Іван Рубін. Адзін з вершаў пачынаецца якраз такім маларадасным абвяшчэннем: «Вёсачку неперспектыўнаю завуць». І паспачуваем мы разам з аўтарам бабе Мотры, у якой у хаце працякае дах, а дзеці не спяшаюцца ехаць – хіба што па сала ды садавіну. І адчуем важнасць і сацыяльную неабходнасць такога верша. І не заўважым у ім неахайнасцей пісьма, але не знойдзем вось таго мастацкага імпульсу, які сведчыў бы канкрэтна – пра гэта трэба было апавядаць вершам.

Маладыя паэты сёння, можа, часцей, як раней, звяртаюцца да гісторыі. Гэта, між іншым, своеасаблівая адзнака менавіта сённяшняга дня. Паўсюдна прыкметна цікавасць да мінулага. Ва ўсіх праявах. І Можна пагадзіцца, мабыць, цалкам з Даніілам Граніным, які, выступаючы перад чытачамі, вызначыў гэтую зацікаўленасць як высокі знак і культуры і самаўсведамлення народа. І тут, у практыцы маладых паэтаў, факт таксама знамянальны. Як прыкмета часу. Як працяг традыцыі, найбольш вызначанай у сучаснай беларускай літаратуры, мабыць, у паэзіі Уладзіміра Караткевіча. Тут можна пазваць вершы Алеся Пісьмянкова: «Ля карціны П. Сергіевіча «Званар», «Кушлянская балада», «У Каменцы», Алеся Жыгунова: «Кастусь Каліноўскі», «Крывічы» і г. д. Зразумела, гэтая тэматыка робіцца мастацтвам, калі яна ажывае вобразамі, а не сплывае рэмінісцэнцыямі і паўторамі. Калі «крывёю ўзбухаюць даты» (А. Пісьмянкоў), калі раптам уразіць такім знаёма-незнаёмым: «На ўзгорку сярод травы ён ляжыць – радавы Айчыннай, бессмяротны яе радавы» (А. Жыгуноў). Хаця – гэтая нядаўняя гісторыя ўспрымаецца ўсімі намі не як гісторыя і нават не як учарашні дзень. Як незабыўны боль помніцца свята ўсімі. Помніцца – і літаратурнымі ўзорамі. Таму верш «Партызаны ў палоне» В. Шніпа ўспрымаецца як паўтор паўтораў. Гэтая жахлівая традыцыя катаў – «жалезам выпеклі на спіне зорку» – мае і літаратурныя адлюстраванні, ад таго, пагрозліва запамінальнага ў Маякоўскага: «пятиконечные звезды выжигали на наших спинах панские воеводы». І нават не ў гэтым паўторы справа – не дадае нічога новага ў вобразным выяўленні тэмы паэт. А памяць існуе аб'ектыўна. І ў сацыяльна-гістарычным выяўленні сваім, і ў будзённа-звычаёвым, і літаратурным. І гэта неацэнная ўласцівасць яе.

Дзякуючы гэтай уласцівасці памяці для Алеся Жыгунова вельмі характэрна ўспрыняцце свету ў крэўнай сувязі з мінулым, з нядаўнімі продкамі сваімі. І рэчаўны свет у яго адухоўлены іх працай, іх асобамі. Нават на бабіным ручніку, здаецца яму, хлапчуку, «пеўні вялі суладна, світальна: ку-карэ-ку!» І адчуваецца, што пытанне: «А мы з табою вышыванкі матуліны ці збераглі?» – для яго не рытарычнае, не з літаратурнага рада. Тут – сувязь усіх гэтых вышываных васількоў і пеўнікаў – з цяплом працавітых рук, што іх стварылі, з хлебным пахам палёў, з росным ветрам лясоў. Хаця – часам трапляе ў гэтую свежую плынь жыцця халадок літаратурных варыяцый. І як ва ўсіх згаданых паэтаў з літаратурнай адукацыяй (а яе маюць усе, акрамя Л. Галубовіча і В. Шніпа) – прачытанае, успомнена-забытае. Пэўныя тэндэнцыі часу адчуваюцца не толькі ў канкрэтнай сучаснай тэматыцы, у цікавасці да гісторыі, невыпадковай уяўляецца і агульная ўвага да Максіма Багдановіча. Вершы, прысвечаныя паэту, ёсць у Галубовіча і ІІісьмянкова, а ў Галубовіча і Шніпа – аднолькавыя эпіграфы да вершаў з Максіма Багдановіча («Маладыя гады,/ Маладыя жаданні!»). І ў гэтым угадваецца накіраванасць эстэтычная, цэнасная арыентацыя.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю