355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алла Сямёнава » Слова сапраўднага лад » Текст книги (страница 6)
Слова сапраўднага лад
  • Текст добавлен: 20 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слова сапраўднага лад"


Автор книги: Алла Сямёнава



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 14 страниц)

Сам Брыль так пісаў пра задуму гэтага твора: «Пісаць раман пра самога сябе – не! Пісаць яго пра народ, пра наш час, дзе меў і маю сваё месца і я» («Трохі пра вечнае» ).

Па запісах у дзённіку («Трохі пра вечнае») відаць, як пакутліва ствараўся гэты раман, як выспелілася праўда, да якой, мабыць, і павінны кіравацца мастак – быць самім сабой: «Можна быць толькі моцным – інакш будзе вельмі балюча. Можа бывае і горш у такіх сітуацыях, але ж і мне баліць.

Толькі не разгубіцца, не замітусіцца: «А яшчэ як, яшчэ як паправіць?..»

І ён заканчвае думку такім характэрным, брылёўскім: «Цярпі, казак,– калі і не будзеш атаманам, дык застанешся казаком».

І ён паказаў у рамане тое, што ў нашай літаратуры, а мабыць, і ў літаратуры ўвогуле, было яшчэ белай плямай. Беларус, салдат польскай арміі ў нямецкім, фашысцкім палоне ў 39-м – 40-я гады. У той Германіі, якая яшчэ не стварыла Асвенцімаў і Бухенвальдаў, не пакінула за сабой тысячы спаленых Хатыняў, але ў якой былі ўжо гестапа, СС, былі дастаткова затлумленыя галовы бюргераў: «Мы змагаемся за наш хлеб! Нам патрэбна жыццёвая прастора!..» Яны ўжо прызвычаіліся да прыемнай думкі пра «вялікую» Германію. Нават дабрадушна-тупаватая гаспадыня палоннага Алеся Руневіча і тая павучальна даводзіць: «Ну, а чаму ж вы не аддавалі наш калідор, наш Данцыг?.. Фюрэр – гут, фюрэр не хоча вайны. А усе на нас. І Польшча, і Францыя ўжо сваё атрымалі. А чаго ад нас хочуць праклятыя томі?»

Праўда, гэта яшчэ той час, калі гітлераўскія палітыкі, канцэнтруючы пакуль што сілы па Захадзе, заключаюць пагадненне аб ненападзенні з Савецкім Саюзам. І маса бюргераў і баўэраў, пакуль гебельсаўская прапаганда замоўчвае пра ўсходняга суседа, насцярожана і нават на ўсякі выпадак з адноснай доляй людскасці ставіцца да ваеннапалонных з тэрыторыі таямнічага Руслянду. Вайна з Савецкім Саюзам пачынаецца пазней, калі Алесь Руневіч і яго землякі былі ўжо два гады ў палоне. Гэта Германія напярэдадні вайны з Савецкім Саюзам, той тылавы, не вядомы нам фашызм, які набіраў сілу, распаўсюджваў ідэі генацыду з хуткасцю чумы. Гэта «позірк на немца, які прыйшоў на нашу зямлю, і позірк на яго ў яго краіне, у яго дома...» («Трохі пра вечнае»).

Вельмі важна, што ў рамане Брыля паказаны не толькі фашысцкія вылюдкі, але і нямецкі народ. Мы ведаем творы нямецкіх пісьменнікаў пра гэты час, але ў героя рамана і самога празаіка ёсць і ўспрыманне чалавека з іншай краіны, і адносіны асобы, якая хінулася да ідэй сацыялізма, прагна імкнулася да рускай культуры, марыла пра вяртанне ў новую, Савецкую Беларусь.

Алесь Руневіч таварышуе з сумленным, але палахлівым немцам Ракавым, наймітам, у якога «колькі бунту ў душы, столькі і пуду ў нагах». Ракаў, застаўшыся ўдвух з беларускім хлопцам, з даверам гаворыць яму: «Вось што такое вайна. Мы ведаем, чаму яна трэба. Золата, хлопча, золата – над усім...»

Далёка да захаплення фюрэрам і салдату Ота Шмітке, у якога дачку забралі ў служанкі да нацы Грубэра. Бачыце, Марыхен на іх сем моргенаў «лішняя рабочая сіла». Каб быў Шмітке партайгеносэ, гэтага Грубэра і аднавяскоўца свайго Грасмана, «які і спаў, здаецца, у сваёй эсаманскай форме», то яго Марыхен магла б вучыцца.

Яму, Шмітке, чалавеку працы, з цвярозым розумам і здаровым сумленнем, зусім не да фашысцкай балбатні і ўсяго, што з яе вынікае. Хай бы яны самі ішлі ваяваць. «Хто ж яе заварыў, гэтую кашу?» Хай самі і расхлёбвалі б.

Ужо і сваіх суайчыннікаў нефашыстаў нацысты «вучаць працаваць», як Марыхен. Фашызм набірае сілу. Дзейнічае закон «пра абсалютнае захаванне расавай чысціні і арыйскага гонару нямецкіх жанчын». Ужо і сын баўэраў Курт апрануў форму гітлерюгенда, а маленькая Крыстэль уключыла ў свой рэпертуар, акрамя наіўных песенек, «патрыятычныя» «Геген Энглянд» і «Маршырэн вір ін франкрайх айн».

У рамане праходзіць цэлая чарада немцаў: суседзі Алеся Руневіча ў доме Грубэра, манікюрша з Берліна ў цягніку, сямейства баўэраў, у якіх працуе Руневіч, проста прахожыя, прадаўцы, салдаты, рабочыя. І сярод іх тая цудоўная немка, якая падчас уцёкаў з палону Руневіча і Бутрыма накорміць іх і адагрэе душу прыказкай: «Увесь свет – адзін дом».

У рамане Брыля ёсць і змрочная чародка маленькіх «фюрэраў», што яшчэ не засвоілі галоўны занятак масавага вынішчэння «гомо сапіенс», але ўжо з фашысцкай бяздушнасцю і нямецкай акуратнасцю практыкуюцца ў здзеках, як, скажам, той жа Шранк, «звышчалавек у званні старшага ўнтэра» і «нечалавек па прафесіі».

«Прафесія» гэта становіцца самай пачэснай у Германіі, становіцца на вачах у Алеся Руневіча, як і «прызванне» даносчыка. Усюды вушы і вочы абывацеляў, гатовых паслужыць фюрэру. Руневіч добра зведаў гэта – і ў шталагу, і пры першых уцёках, калі яго і таварыша выдала лагодненькая фраў. На кожным кроку ён сустракаецца з тупой абывацельскай адданасцю фашызму. І свядомасць, выхаваная на ідэях гуманізму і філасофскіх высновах Талстога, усё больш адыходзіць ад уяўленняў аб абстрактным агульначалавечым братэрстве да разумення актыўнай барацьбы, што дапамагло Рупевічу пазней, пасля ўцёкаў з палону, стаць партызанам.

З ваеннапалонных шматнацыянальнага лагера Брыль выдзяляе землякоў Руневіча, з імі той выношвае няспраўджаную ідэю атрымаць савецкае падданства і вярнуцца ў Савецкую Беларусь, пазней плануе і здзяйсняе ўцёкі.

Другіх ваеннапалонных празаік падае ў групавых, абагуленых партрэтах, пададзеных скупым, але дакладным абрысам: «Сыны Альбіёна трымаліся з ворагам горда». Часам дадае вельмі трапныя дэталі: нейкі вельмі прадпрымальны француз «вёў з сабой на повадзе карміцельку-казу...»

Брыль праз успрыняцце Алеся Руневіча паказвае няпростае стаўленне да падзей беларусаў, рэкрутаваных у армію Пілсудскага: «Польскім салдатам ён сябе не адчуваў, як і ўсе яны, беларусы».

Трагедыя польскага народа – адна з самых цяжкіх старонак другой сусветнай вайны. З адлегласці часу пісьменніку асабліва добра відзён фальшывы пафас буржуазных улад, якія ўсчынялі такую прапагандысцкую мітусню, што яна «то шугала да нябёс гісторыі саламяным полымем самаўпэўненасці і надзеі на англа-французскіх саюзнікаў, то асядала горкім попелам адчаю і спадзяванняў толькі на волю калісьці ласкавага да Польшчы пана бога».

Раман «Птушкі і гнёзды» шматслойны, шматпланавы. Пісьменнік імкнецца паказаць той свет, што ўплывае на станаўленне героя. У рамане ўвесь час галоўная лінія перабіваецца ўспамінамі Алеся Рупевіча, успамінамі пра дом, маленства, якія ва ўсіх, мабыць, бываюць трохі ідылічнымі, а тым больш калі гэта ўспаміны пра мірнае жыццё. Але гэта сюжэтная лінія неабходная для разумення духоўнага свету героя, для разумення яго чалавечай сутнасці.

Гістарычны момант, адлюстраваны ў рамане, надзвычай ускладнены ў дачыненні да многіх краін. Няпростая гісторыя і ў таго геаграфічнага раёна, з якога паходзіў Алесь Руневіч. І выбар яго лініі паводзін няпросты, тым больш што Руневіч, чалавек сумлення і непасрэднага пачуцця, хоча спасцігнуць ісціну і як вышэйшую сутнасць ідэалогіі і спасцігае нарэшце – шляхам той суровай эмпірыкі, якая называецца партызанскай вайной.

Раман «Птушкі і гнёзды» адкрыў сваю старонку Вялікай Айчыннай вайны. А праз нейкі час пісьменнік разам з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам робіць тое, што нельга назваць літаратурным вопытам. Яны выслухалі, сабралі, запісалі жудасныя ўспаміны ацалелых жыхароў спаленых беларускіх вёсак і выдалі іх у кнізе «Я – з вогненнай вёскі...».

Калі Алесь Адамовіч па-мастацку і па-філасофску пераасэнсаваў потым гэты балючы матэрыял, стварыўшы «Хатынскую аповесць» і «Карнікаў», дык Янка Брыль, як быццам напомніўшы ўсім пра незгасальную якасць народа, які столькі выпакутаваў, напісаў твор жывы, яркі, задзірысты. Пра неўміручы, як само жыццё, гумар, здольнасць да жарту, да байкі, пацвельвання. І папісаў аповесць «Ніжнія Байдуны», стварыўшы незабыўныя вясковыя тыпы. Адчулася добра і творча ўспрынятая фальклорная і літаратурная традыцыя, якая ўсходзіць да Гогаля і Рамана Ралана з яго «Кала Бруньёнам», Шолахава з яго дзедам Шчукаром. Зноў жа – улічваючы, а не абапіраючыся па гэтую традыцыю.

Дзядзькі з Ніжніх Байдуноў фантазёры, выдумшчыкі, нястомныя, але бяскрыўдныя хлусы. Каб не іх гісторыі ды байкі – якая ж шэрая нудота была б у свеце. Без гэтага галёкання байдуноў. Гумар іх, то праўда, пякучы, як самасад, на моцнае здароўе душы і хваткі розум разлічаны.

Вось як красамоўна маніць, «успамінаючы» сваё адэскае жыццё, Захар Качка, адзін з галоўных байдуноў у вёсцы: «Дай бог памяць, кажацца, у адна тысяча дзевяцьсот дзевятым. Праязджаў генерал-губернатар Таўрычаскага края... (замінка) некто Крэставаздвіжэнскі Пётр Філімонавіч. Па Дзярыбасаўскай – перакувырку тваю!.. І я стаю па крыльца свайго тракціра «Белая акацыя». А ён прыдзяржаў рысакоў ды гукае з талпы народа: «Захар Іванавіч! Качко! Дружышча!..»

Хадзіў у Адэсе Захар Іванавіч у палавых, і блізкія яго сувязі з губернатарам маюць прыблізна такое ж праўдападабенства, як прыгоды Мюнхаўзена. Але маніць Захар без аніякай карысці, хіба каб пакрасавацца сваім гарадскім мінулым і паказаць сваім аднавяскоўцам, хто ён такі. А пакуль Качка мянташыць языком, у Бохана-Калошы аж язык свярбіць – трэба ж таксама «паведаміць» усім (у каторы раз!), як ён служыў у «пецяргофскай воздухаплавацельнай роце». Падагрэты байкамі Качкі, і ён пачынаў сваім мяккім, таксама «гарадскім», «культурным» голасам: «І так, значыцца, падымаю ўзвод па трывоге, а сам саджусь на дзерыжабль. Даю каманду...»

Мужыкі аж выпростваюцца, каб перагаварыць адзін аднаго, а за імі ўвесь час бачыцца сам аўтар з хітраватай, мудрай усмешкай.

Самога аўтара відно ва ўсіх творах. Але наўпрост да чытача Янка Брыль выйшаў упершыню ў кнізе мініяцюр «Жменя сонечных промняў». Сумняваючыся – ці трэба. Пазней выдаў «Вітражы». І «Трохі пра вечнае», дзе мініяцюры і дзённікавыя запісы занялі добрае месца.

Мініяцюры, дзённікавыя запісы, лірычныя нататкі – жанр гэтых яго літаратурных вопытаў цяжка акрэсліць. Хаця мы ведаем Ларошфуко, Паскаля, Лабруйера (таксама, дарэчы, з неакрэсленым аўтарамі жанрам – «Максімы», «Думкі», «Характары»), ведаем «Споведзь» Русо, дзённікавыя запісы Прышвіна, Алёшы, Жуля Рэнара. У. Калеснік лічыць, што гэта эцюды да нечага больш «паўнаметражнага». Але калі гэта і эцюды, дык эцюды накшталт шапэнаўскіх. Яны завершаны, выявілі ўсё ў аб'ектывізаваных рамках прапанаванага жанру.

Тут, мабыць, большасць чытачоў згодзіцца з А. Адамовічам, які згадвае, што, «можа быць, гэта якраз асноўная яго пісьменніцкая работа», «работа жыцця». І ў запісах самога Янкі Брыля не выпадкова занатавана такое: «Міша (брат) неяк нядаўна казаў, што гэта будзе самым значным з усяго, што я раблю».

І чытачы Янкі Брыля – тыя, якім блізкі па сваім светаўспрыманні гэты пісьменнік, блізкі як літаратар, думка якога не ведае халастога ходу,– звяртаюцца і вяртаюцца ці не найбольш да гэтага Брыля. Не дзеля прымітыўнай блізкасці з псеўдазначным прыдыханнем, а дзеля таго надзвычайнага кантакту, калі суперажыванне становіцца ў найбольшай ступені сатворчасцю. Як сведчыць сам пісьменнік: «І ўсё-такі ў сваіх мініяцюрах я адчуваюся найбольш самім сабою». А «сам сабою» Брыль у лірычных сваіх нататках – паэт, філосаф, з'едлівы, па-снайперску меткі сатырык, чалавек высокага густу і вялікай шчырасці.

«Між іншым, прачытаў з вялікім намаганнем волі «Працэс» і «Замак» Кафкі, прынёс «Дзённік», палез у яго і – не змог. Чаму я павінен перамагаць пуду, каб там не знайсці патрэбнага? Змагаючыся з гэтай сваёй «нясціпласцю», беручы сябе па сталай і даўняй прывычцы ў рукі, учора ўвесь дзень праглядаў «Дзённік» і, праўду кажучы, так нічога і не знайшоў. Навошта мне ягоны песімізм?.. Хоць у «Працэсе» і «Замку» штосьці ўсё-такі бачыцца, штосьці ёсць».

Шчырасць без фанабэрыі і снабізму. Без вымог здацца самому сабе і іншым не такім, які ёсць, без боязі, што яго палічаць недастаткова сучасным. І якая самадысцыпліна! «Дойти до самой сути» – падабаецца гэта каму ці не.

Афарызмы, часам вельмі порсткія: «Для самаўпэўненасці чалавеку шмат не трэба – хопіць яе адной», «Зусім розныя рэчы – салдату хацець стаць маршалам, а яфрэйтару лічыць, што ён генерал».

Дзіцячы фальклор – Брыль піша нямала пра дзяцей і для іх.

«Малая, што пяты месяц ходзіць у першы клас:

– Было ў мяне трохі двоек, але ўжо звяліся».

«Хлопчык са шклянкай недапітага ліманаду:

– П'еш – салодкі, а вып'еш – салодзенькі».

Роздум, замалёўкі, думкі пра творчасць другіх, пра сваю...

«Толькі чытаю. Колькі цудоўных кніг! Купіў пазаўчора «Ни дня без строчки» Алёшы і «спраўляў урачыстасць» чытання.

Ён здаецца мне блізкім, як перад гэтым Рэнар, ён гаворыць пра такое прыватнае, нязначнае, толькі сваё, а мне цікава, радасна, я адчуваю сябе на вяршыні шчасця».

Альбо яшчэ:

«Падвойная работа думкі: чытаеш, засвойваеш чыйсьці і думаеш пра сваё».

Гэта «падвойная работа» дала вельмі асабовую, змястоўную прозу пра Талстога («Двойчы пра тое самае»), Чэхава («Мой Чэхаў»), пра Лермантава, Тургенева, Шаўчэнку, Горкага, Чорнага, Лынькова, пра сяброў па пяру: Панчанку, Скрыгана, Янкоўскага, Вітку, Кавалёва, Адамовіча, У. Калесніка, нататкі пра стан сучаснай беларускай літаратуры, пра польскіх, украінскіх, эстонскіх калег. А добрае слова Брыля пра маладых літаратараў! Не сказаць каб пра многіх. Але ж тыя, пра каго яно сказана – не аўтары выпадковых літаратурных удач, таленавітыя, сапраўдныя пісьменнікі: Міхась Стральцоў, Анатоль Кудравец, Віктар Казько, Алесь Жук.

Думка пісьменніка халастога ходу не ведае. Не слізгае па паверхні, а імкне ў глыбіню.

«Сум палёў і раўненне на вечнасць. Гэта – глыбіннае, што адчуваю тут, у Палужжы.

А зверху, верхнія адчуванні – пахі і колеры летняга росквіту, спатканні з блізкімі людзьмі, абавязковыя пачастункі. Найлепш – з дзецьмі і «меньшими братьями», якія тут так блізка да чалавека».

І характэрная заўвага: «Трэба раней уставаць і працаваць больш».

Працаваць перад судом свайго сумлення, пад яго кантролем. «Трымаючы раўненне» на высокія ідэалы чалавецтва, «на вечнасць». І на свае, выпрацаваныя жыццём і літаратурным вопытам крытэрыі: «Першым у пераліках я не быў ніколі. Але самім сабою – амаль заўсёды. І гэта – самае надзейнае, маё».


«НАД КНІГАЮ БЫЦЦЯ...»

Вядомасць, прызнанне, некалькі дзесяткаў кніг, шырокі круг інтарэсаў, сябры, вучні. «Блажен, кто вовремя созрел...» І пасеяна, і зжата. І не стамляецца рука сейбіта. Як і продкі паэта, што «спрадвек гібелі» «над кнігай быцця», сцвярджаючы кожны дзень сваё чалавечае званне, свой талент ствараць жыццё на зямлі, так і паэт Рыгор Барадулін, няўтомны нашчадак земляробаў, рупліва, што пчала (нездарма і кніга яго выбранага называлася «Свята пчалы»), робіць сваю справу. Але... Як і яго продкі, заўсёды ў непакоі. Які як будзе ўраджай? «Аб'явяць, як прысуд: паэт.../ І дакажы няўмольнай зале...» («Як проста ўсё было тады...»). Тыя, шматлікія барозны, папярэднія багатыя ўраджаі – яны абавязваюць. А так жа лёгка, вольна было ісці па цаліку, весці першую сваю баразну:

 
Як проста ўсё было тады:
Эпітэтаў не шкадавалі
І дадавалі: малады
У маладой таксама зале.
 
 
І голас мой звінеў званчэй,
Плыў верш мой
Качарам да качак,
Маланкі бліскалі з вачэй
У маладых маіх слухачак.
 
 
«Як проста ўсё было тады...»
 

Была я таксама з тых слухачак. Равесніц. А, дарэчы, паняцце гэтае па волі часу разумелася тады дастаткова шырока. З інтэрвалам так гады ў тры-чатыры. У сорак чацвёртым – сорак пятым пайшлі ж у школу і тыя, хто павінен быў бы ў нармальны мірны час пайсці ў сорак першым, сорак другім, сорак трэцім. І гэта не магло не накласці свой адбітак. Усе былі больш сталымі. Усе раўняліся на тых, хто быў старэйшы па гадах. Хто больш усвядомлена ведаў цану ўрокам вайны. Хто цвёрда і памятліва засвоіў гэтыя жорсткія ўрокі. Аднак – дзякуй дыялектыцы шчаслівага таго ўзросту – не страціў ні маладога наіву, ні свежасці эмоцый.

«Як захлынуўся ад радасці жаўранак,/ Славячы сонца вясновага дня» – ну каму ж у тыя светлыя гады было невядома гэтае беспрычыннае, сталае адчуванне радасці, гэтае сонечнае, светазарнае светаадчуванне. І так адпавядала яму тое, што пісалі паэты пакалення: Васіль Зуёнак, Міхась Стральцоў, Генадзь Бураўкін, Анатоль Сербантовіч, Уладзімір Паўлаў. І, канечне, Рыгор Барадулін. Называю толькі паэтаў з бліжэйшых мне курсаў філфака (журналісты былі тады аддзяленнем і трывала лічыліся філфакаўцамі). Інтарэс да паэзіі быў незвычайны – флюіды яе, здавалася, былі ў самім паветры, азаніраваным знамянальнымі пераменамі часу. І пасля мноства парадных і цвёрда акрэсленых у тэматыцы сваёй вершаў, да якіх мы прызвычаіліся ў школе,– раптам такое свята паэзіі. Тэрмін, які вызначыў самую прыкметную ў тую пару хвалю ў рускай паэзіі,– «эстрадная», з'явіўся трохі пазней. Ды і, мабыць, да нашых паэтаў, што мелі іншыя творчыя арыентацыі, а да таго ж не разлічвалі на эпатаж публікі і адчувалі сябе, не будзем пераўвялічваць, куды менш прывычна і артыстычна раскавана, чым іх равеснікі-пачаткоўцы, але ўжо славутыя байцы рускага слова, на эстрадзе, гэта азначэнне наўрад ці адпавядала б рэальнасці, ды, здаецца, ніколі крытыкамі і не ўжывалася. Калі мець на ўвазе гэтых паэтаў. Прыжылося азначэнне даволі расплывістае, але трывалае – філалагічнае пакаленне. Ну, так ці інакш, паэты прыйшлі ў свой час, час знамянальны, і мы іх любілі шчыра, шчодра, з усёй неагляднасцю нерастрачаных эмоцый. Як саркастычна заўважыць, крыху, канечне, пераўвялічваючы, ва ўзросце сталасці адзін з самых любімых паэтаў пакалення, а для многіх – самы любімы, Рыгор Барадулін, «лугі эмоцый час даскуб», але час застаўся ў нас і вершы засталіся з намі. І прыйшлі да новых пакаленняў. І ўпадабаліся тым, хто быў нашмат старэйшы. Аднак... Відаць, пара перапыніцца... Відавочна, збіваюся на проста-такі немінучае «рэтра». Прынамсі, кожная мода ў нейкай ступені функцыянальная, у нечым адлюстроўвае эпоху. І ў настойлівым «рэтра», мабыць, ёсць свая заканамернасць, імкненне зафіксаваць, запомніць рысы нядаўняга мінулага.

З гэтымі рэмінісцэнцыяй або без іх, Рыгор Барадулін – з'ява ў паэзіі. З добрым запасам трываласці ў дасягнутым і вельмі актыўным сённяшнім. Піша, перакладае, рэдагуе. Шчодры, як сапраўдны талент, дае пуцёўку ў творчае жыццё многім, не будзе ленавацца, спасылацца на занятасць.

Рыгор Барадулін ніколі не праміне выпадку паспрыяць, каб хутчэй выйшла таленавітая кніга паэта – ці з ліку творчых равеснікаў, ці з плеяды старэйшых. Зноў жа – з сапраўднай зацікаўленасцю, з асэнсаваннем свайго грамадзянскага, літаратурнага доўгу. Праца – таксама творчасць. Не служба. А час – катэгорыя няўмольная. Страчанае не вяртаецца.

Паэт гэта вельмі добра адчувае. Свядома, мабыць, толькі ў апошнія дзесяцігоддзі. Натуральна. Не будзем шукаць у яго відавочна выяўленыя, скажам, гегелеўскія «знешне-быццё», «па-за сабой-быццё», «сабе-быццё» або іншыя формы гнасеалагічнага стану. У Рыгора Барадуліна традыцыйныя формы мастацкага часу. У ранняга Барадуліна – час канкрэтны, часцей за ўсё час імгненняў, фіксаваных момантаў уражанняў:

 
З-пад нахмураных броваў
даспелага жыта
палыхае блакіт азёр.
Васільковы спакой.
Смутак верасу сіні.
 
 
«З-пад нахмураных броваў...»
 

Час у ранняга Барадуліна сінкрэтычна звязаны з прасторай, у ім першароднасць і вечнасць прысутнічаюць як нешта, што існуе само па сабе, як неўсвядомленая дадзенасць, як натуральны дар жыцця. Падзея фіксуецца як бы з лёту.

 
Люблю твой нораў, сцішаны і грозны,
Таксама промню кожнаму жадзён.
Ты павядзеш плячом – шчабечуць вёсны,
Другім – завеі капыцяць загон.
 
 
Я слухаю з табой пчаліны звон.
Дзевятым валам узняла барозны
І сына сейбіта ўзяла ў палон.
 
 
«Зямля»
 

І нават час у гістарычных і дакладна вызначаных межах ён абавязкова разамкне вобразным рашэннем:

 
Маўчы, ўсыпальня каралёў...
Вякі
Прыціхлі
Пад геральдыкай нямою.
Спытае нехта:
– Быў кароль які,
Калі пісаў паэт,—
Ojczyzno moje.
 
 
«Адаму Міцкевічу»
 

Праўда, тут ужо не так разамкнёнасць часу, як выхад у «вялікі час» («вякі прыціхалі»), у час пераемны, у вечнасць. Выхад, які так адчувальны ў творчасці сталага Рыгора Барадуліна:

 
Гадзіннікавы майстра
навобмацак чуе час,
Праз павелічальнае шкло
хоча высачыць бег імклівы,
Каб хоць на міг запыніць імгненне.
А час праз пальцы цячэ і знікае.
Ластаўкі перад дажджом,
як аблудныя стрэлкі,
Не могуць усё знайсці свае цыферблаты,
Каб паказаць, колькі часу вечнасці.
 
 
«Гадзіннікавы майстра...»
 

Сталы Рыгор Барадулін усё больш востра адчувае, якія мройлівыя, хісткія імгненні, з якіх ствараецца шыццё чалавека, жыццё, што не так даўно здавалася роўным вечнасці. Здавалася, наперадзе доўгае, амаль бясконцае жыццё, канец так фантастычна далёка, што здаецца проста нерэальным. А тут раптам відавочна сталі знікаць, адлічвацца не толькі імгненні і гадзіны – гады. «Дзе тая зязюля, што мне вякі вешчавала?» («Дзе тая зязюля?..)

Самым надзённым становіцца для паэта клопат – жыць адпаведна людскім законам і законам прыроды: «Ляці са сваімі гадамі,/ Пільнуйся сваёй чарады...», «Каб юныя не гагаталі/ З цябе над захмарнай градом,/ Лупай/ Са сваімі гадамі,/ Знікай/ Са сваёй чарадой» («Ляці са сваімі гадамі...»). Узнікне ў паэта і нармальнае чалавечае жаданне: «Белагаловым дай мне, доля,/ У чорную сысці зямлю» («Чорна-белы напамін»).

І так нязвычна для былога Рыгора Барадуліна будзе задумвацца над спрадвечным кругаваротам у прыродзе:

 
Вада ад першых дзён —
Свянцоная, святая.
Бяду і добры плён
Вір забыцця глытае.
 
 
Няхай не ў меліне
Цячэ ў яры нямыя
І тая, што мяне
Ў апошні час абмые.
 
 
Вада, ў вякі плыві,
Няспыннасцю працята.
Ты вучышся ў крыві,
Ці наша кроў —
Працяг твой?
 

І пачынаеш, маючы па ўвазе думку паэта, разумець сэнс старажытных слоў: «І памёр... у старасці, насычаны днямі». Менавіта – насычаны днямі, чалавек увабраў у сябе дні свайго жыцця, пражыў іх – і. пайшоў з імі. Маючы іх.

Канечне, час няўмольны. Аднак задаючы сабе пытанне: «У госці хіба да казкі прасіцца?», аддаючы шчодрую даніну самым розным праявам умоўнасці мастацкай творчасці, фантазёр і выдумшчык, Рыгор Барадулін пакуль што не імкнецца да гэтага жанру. Для яго характэрны вось такі паварот вобразнай думкі, паэтычная фантазія, але не ілюзія: «Уцякала зіма ад вясны/ Па кустах вербалозаў рагатых./ Ёй каптан абарвалі яны,/ і на голлі матляецца вата», «І ўцякала зіма ад вясны,/ Пад нагамі ламачча затлела,/ Парастрасала па сцежках лясных/ Снег апошні свой з ландышаў белых» («Уцякала зіма ад вясны»).

Ясная, відавочная, усвядомленая рэальнасць свету займае паэта. І вось што цікава – многае фіксуецца як быццам бы хранікёрам («Дома», «Дзень добры, інтэрнат», «Трэба дома бываць часцей...», «Стэарынавая свечка», «Інтэгралы на цэгле», «Віцебск асенні», «Чарсцвяды», «Азёры Ушаччыны»), нібыта выпадкова, хаатычна падаюцца падзеі, эпізоды («У верасня – свой, асаблівы пах...», «Пра бароды і маю радаслоўную», «А быў я ў вясны палонны...», «Лісток ушачскай восені», «Бяроза з лістам гаварыла...», «Заінелая Ушаччына», «Маналог лугу», «Мне дома цяжка заснуць...», «Сады»), але праз гэтую хаатычнасць, уяўную, і ўяўную выпадковасць праглядвае сутнасць рэчаў. Сэнс адчуваецца і за межамі фактаў і ў іх саміх.

 
Мне дома цяжка заснуць,
Пакуль ува мне засынаюць
Неба, ад жаўранкаў ажаўранелае,
Што для мяне іх раней разбудзіла;
Нечапаныя вішні ў цвеце,
Якім нецярпіцца зірнуць у студню;
Дзьмухаўцы-жаўтароцікі,
Ад вугольчыкаў пчолаў пякучыя;
Рэчка, дзе плёхае пранікам плотка,
Мыючы дзецям сваім кашулі;
Луг, дзе трава раскашуецца.
Як маладая мая чупрына даўно...
 
 
«Мне дома...»
 

Безумоўна, у гэтым вершы, як і ў многіх іншых, відаць светаадчуванне паэта, яго натуральнае знаходжанне ў свеце, яго нармальныя, па-за комплексамі, суадносіны з прыродай, натурай самой па сабе, і з прыродай рэчаў і з'яў. Аднак – і факты, існаванне жыццёвых рэалій гаворыць само за сябе: першародная свежасць квітнеючых вішняў, вясновая вясёлая трава – гэтыя арганічныя, абавязковыя пачаткі жыцця сваёй самавідавочнасцю вызначаюць жывое жыццё, надаюць сэнс мастацтву і без абстрактна-лагізаванага мыслення. Субстратаў сутнага мы ў яго, мабыць, не знойдзем, але затое як ён умее падаць канкрэтныя рэаліі, даць дакладную псіхалагічную афарбоўку з'явам вялікага сацыяльнага і грамадзянскага гучання, вобразна выявіць падзеі рознай значнасці. Акрэсліваецца характарыстыка часу, выяўляецца рэчаіснасць некалькіх дзесяцігоддзяў XX стагоддзя, ствараецца сацыяльная панарама.

Жыва і душэўна насычана садзейнічаюць стварэнню характарыстыкі часу хрэстаматыйна ўжо вядомыя: «Палата мінёраў», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Багатая Камароўка», «Трыпціх Ушаччыны», «Выкладчыцы роднай мовы» і, менш кранутыя ўпамінаннямі і аналізам, больш познія па датах напісання: «Яблыні», «Хат болей, чым людзей...», «Вытокі», «Жыццялюбамі землякі былі...», «Праходжу паўз дамоў...». З'явы, факты, штрышкі, дэталі, заўвагі – а ў вершах выяўляецца вопыт паэта і яго пакалення. Вопыт часу. Вопыт, перададзены папярэднімі пакаленнямі. Жыццёвы, філасофскі вопыт. Вопыт культуры. Паэт усё гэта спяшаецца засвоіць, ухапіць, запомніць. Перадаць. У яго настойлівая патрэба пазначыць словам усё. Згадаем хаця б яго даўнія, такія, здавалася б, непраграмныя вершы – «Слаўлю чысты абрус...» і «Памытая падлога». Якое рэдкае ўмельства зірнуць пільным вокам паэта на самыя звычайныя рэчы. Будзённыя. Нездарма ён уключыў гэтыя вершы і ў сваё выбранае і ў двухтомнік. Уваходзяць яны і ў кнігі перакладаў паэта.

 
Але давайце лепш яшчэ раз прачытаем:
Толькі што памытая падлога
Пачынае пахнуць борам густа.
Зноў, здаецца, слухаеш падоўгу,
Як звіняць галін сасновых гуслі.
 
 
Млосна ад малін у расцяробах.
Дзяцел грукне ў цішыні чмялінай.
Выцірайце ногі.
Асцярожна!
Вы ступаеце па вершалінах!..
 
 
«Памытая падлога»
 

Дарэчы, пра гэта ўжо пісалі. Як увогуле многа і шчодра пісалі пра Барадуліна. Рыгор Бярозкін, Міхась Стральцоў, Варлен Бечык, Васіль Зуёнак, Рыгор Семашкевіч, Вольга Іпатава... І... і... і... Бібліяграфія заняла б добрыя старонкі... Ёсць і першая кніга пра Рыгора Барадуліна.

Але – вяртаючыся да галоўнага прадмета размовы. Рыгор Барадулін не ўмее быць пасіўным. Не ўмее маўчаць, калі яго нешта хвалюе. А хвалююць яго і пытанні дня, і лёс планеты. І ўрокі апошняй вайны. У тых вершах, што ўжо згадваліся, і ў многіх іншых, і ў паэмах, без якіх ужо нельга ўявіць творчасць гэтага паэта: «Трыпціх», «Блакада», «Балада Брэсцкай крэпасці»:

Таму што многае ў свеце, жыцці, літаратуры мы ўспрымаем, зыходзячы шмат у чым з вопыту Вялікай Айчыннай. Вось, скажам, і гэтая думка англійскага паэта XVII стагоддзя Джона Дона, што стала большасці з нас вядома па эпіграфу да рамана Эрнеста Хемінгуэя «Па кім звоніць звон»: «...Смерць кожнага чалавека прыніжае і мяне, бо я адзіны з усім чалавецтвам...», прачытваецца намі як асірацеласць наша кожным чацвёртым беларусам, што загінуў падчас вайны. Таму што гэта ўзровень самаўсведамлення, які знік, але мог бы існаваць: гінулі на вайне ў асноўным маладыя, дужыя, лепшыя. Таму што гэта адсутнасць якой бы там ні было логікі, акрамя логікі абсурду, і адсутнасць маральнага сэнсу ў самым факце вайны. Але і вялікі сацыяльны і маральны ўрок савецкага народа, што адстаяў свае сацыяльныя, палітычныя і маральныя ідэалы.

У паэмах Рыгора Барадуліна яго творчасць набыла гістарычную якасць, свабода і шчырасць, нават пякучая праўда вершаў, асобных уражанняў набралі тут сілу абагульнення, моц філасофскага дыхання. Зноў жа – не ў абстрактна-лагізаваным выяўленні, а ў вобразным пераламленні засвоенага рэалістычным зрокам паэта матэрыялу. А памяць паэта менавіта відавочна і адчувальна рэальна захавала і памножыла засвоенай памяццю народнай крыніцу таго невераемнага сутнаснага свету, які называўся вайной. Паэт свядома акцэнтуе нашу ўвагу на страшэнных дыспрапорцыях, на сумяшчэнні несумяшчальнага, на бяссэнсавасці ваеннага пекла, даючы новы сэнс агульнапрынятым паняццям – каб мы зразумелі, які невынішчальна моцны дух народа, што перажыў катаклізмы вайны. І як суцэльна натуральна няўмольная памяць вайны ў сённяшнім, і шматмерным, і шматфарбным, і шматаблічным свеце. Паэт наўмысна выбірае ракурсы самыя нечаканыя, каб голас яго быў чуцён, а зрок быў абвострана жорсткім. Гэта асабліва адчувальна менавіта ў Рыгора Барадуліна, паэта, што так неўтаймоўна востра адчувае свята жыцця ў вялікім і малым, у кожнай дробязі паўсядзённасці, у паўнагучнай музыцы чалавечага быцця.

Выяўленчы лад вершаў Рыгора Барадуліна ў паэмах строга прадуманы, мы адчуваем нават вагу і шчыльнасць кожнага слова ў радку. І таму, мабыць, асабліва зрокава выразныя – не карціны, не, а як быццам выхапленыя бліскавіцамі памяці – кавалкі, ці што? – рэальнасці.

 
Выбух!
Пахне зямля сырая.
Ды вока ралля радуе.—
Зямля ўзарана снарадамі.
Прыйшла не з краскамі
вясна-красна.
Распалілася даясна
Нізкага неба скляпенне.
Першы круг захлынае.
 

Або – вось гэтае:

 
...Нa падлозе салома зложыцца,
Прапахне голадам, тыфусам,
Бяздомным бежанцам
Блакада ў патыліцу дыхае.
Нішчымніца – злая дзядзіна...
 
 
На руках толькі дзеці хворыя.
Іх усмешкі вайна адпрэчыла.
Яны на скарынку чэрствую
Глядзяць вачыма старэчымі.
Сасмягла рачулку чэрпаюць.
 

Рыгор Барадулін выводзіць слова з абмежаваных адназначных азначэнняў да абагульнення з'явы – блакада цярпення, блакада маўчання, блакада сэрца, надае часавую працягласць таму, што адбылося. Слова робіцца сімвалам, з мікракосма звычайных уяўленняў энергіяй волі паэта дасягае макракосма духу. Зноў жа – сродкамі, уласцівымі паэту. З тым адчуваннем стылю і меры, якія даюць Рыгору Барадуліну дакладнае ўменне ў пару згадаць пра невычарпальную крыніцу яго творчасці – фальклор. І ўвесці ў паэму нейкія прыказкі, замовы, прыпеўкі, арганічна ўплятаючы іх у верш, а часам і страфічны малюнак штрыхуючы па законах фальклору. Пра гэта вельмі нешматслоўна, але дакладна напісана М. Стральцовым. Дарэчы, фальклорная гэтая аснова прачытваецца і як канкрэтызаванае тлумачэнне аднаго з магутных вытокаў невынішчальнага духу народа, прыроднай жывучасці яго – і казка, і песня, і прымаўка. Яны дапамагалі перажыць голад, перамагчы смерць:

 
Некалі голад —
нішчымніцы хрэснік —
Жартаваў на Белай Русі:
«Пяі песні,
Хоць трэсні,
Толькі есці не прасі...»
 

Жыццё – не імгненны цуд, які можа абарвацца з прыхамаці сляпога выпадку, жыццё абавязана мець сваю працягласць, прачытваецца за радкамі паэмы. Зноў жа – нармальнае ўспрыняцце нармальнай псіхікі. Таму што, мабыць, і вялікі Амар Хайям, калі роспачна кідаў: «Жыццё ні многа ні мала – імгненне адно», больш смуткаваў з хуткаплыннасці жыцця, чым сцвярджаў заканамернасць нядоўгага чалавечага жыцця.

І ў гэтай паэме, як і ў «Баладзе Брэсцкай крэпасці», і ў «Трыпціху», паэт хоча «да сэнсу... сэрцам дабрацца». Каб усвядоміць для сябе і іншых вечнае, непераходзячае значэнне подзвігу народа: «Гісторыя, калі ты будзеш пераглядаць кнігі мудрасці строгі змест – не толькі па алфавіту, відаць, на першае месца стане Брэст».


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю