355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алла Сямёнава » Слова сапраўднага лад » Текст книги (страница 13)
Слова сапраўднага лад
  • Текст добавлен: 20 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слова сапраўднага лад"


Автор книги: Алла Сямёнава



сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 14 страниц)

Імёны ўсё дастаткова вядомыя ў беларускай літаратуры, празаікі, якія выступаюць у многіх жанрах прозы, акрамя апавядання, імі напісаны раманы, аповесці, п'есы, эсэ. Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч, Янка Сіпакоў, Міхась Стральцоў добра вядомы і як паэты. Многія цікава выступаюць у жанры крытыкі.

Апавяданне аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры, непераўзыдзенага празаіка, паэта, аўтара своеасаблівай энцыклапедыі беларускага жыцця дарэвалюцыйнай пары, паэмы «Новая зямля», Якуба Коласа – «Сяргей Карага» – знарок публіцыстычнае, і хаця рэальнасць тут арэчаўлена, відавочна адчувальна, як заўсёды ў Якуба Коласа, што ўвогуле характэрна для беларускай прозы, герой апавядання мае наўмысна абагуленыя рысы характару, гаворыць тое, што маглі б гаварыць многія байцы рэвалюцыі, гаворыць так, як маглі б гаварыць многія. Характарыстыка яго і псіхалагічная, і моўная не індывідуалізавана. Гэта нельга не заўважыць. Якуб Колас умее адным штрыхом, дэталлю, словам надаць непаўторнасць вобразу. Апавяданне як пісалася ў 1922 годзе, і пісьменніку было неабходна паказаць менавіта аднаго з многіх, аднаго з шматлікай арміі салдат рэвалюцыі, што свядома абаранялі яе, дапамагалі іншым зразумець сапраўдны сэнс таго, што адбываецца. І канцоўка апавядання сімвалічная – замест Карагі, што загінуў, «у стан чырвоных» (звярніце ўвагу, не ў атрад, не ў часць, а менавіта ў «стан», так важна для Якуба Коласа абагульніць гэты ўчынак) прыходзяць двое сагітаваных Сяргеем Карагам белых салдат.

Байцам рэвалюцыі даводзілася змагацца за ўсё: за свае ідэі, за зямлю народа, за яго маёмасць, за тое, каб у селяніна было не толькі сытае існаванне, але было і вось такое – бярозы на шляху, і ахова ад вятроў і снягоў, і канкрэтызаваны, арэчаўлены сімвал прыгожага. У літаральным сэнсе слова змагаецца за кожную бярозку на шляху начальнік раённай міліцыі Астап з апавядання Цішкі Гартнага «Бярозы на шляху». Гэтыя бярозы – як увасабленне красы роднага краю. Нездарма ранены бандытамі Астап трызніць гэтымі бярозамі.

Вобраз Астапа – адна з першых спроб беларускай прозы паказаць унутраны, духоўны свет новага чалавека, камуніста. Астап – чалавек справы і летуценнік, з тых, хто ствараў савецкую дзяржаву, не шкадуючы ні сіл, ні жыцця. Чалавек цвёрдых палітычных і маральных пераконанняў, з тых, хто не меў літасці да ворагаў Савецкай улады, але быў памяркоўны з сялянамі, ведаючы, што знішчаюць яны бярозы ад жорсткай безвыходнасці – няма чым паліць печы, дзеці мерзнуць.

Хрэстаматыйна вядомае беларускаму чытачу, як і «Сяргей Карага» Якуба Коласа, апавяданне Міхася Лынькова «Андрэй Лятун», з добрай усмешкай, задзірыстай, трохі тужлівай, трохі кплівай, расказвае пра машыніста паравоза Андрэя Летуна, які, нягледзячы на немалыя ўжо свае гады, не можа кінуць любімай справы, працуе цяпер на маленькім, амаль цацачным, паравозе, «зязюльцы», а вось жыццё затое пражыў на прасторы, у сяброўстве з вятрамі неўтаймоўнымі, сярод «семафораў крылатых», дзесяткі гадоў на хуткіх і кур'ерскіх цягніках. Паэтычная прыўзнятасць і мяккі гумар надаюць асобы тон апавяданню. У ім адчуваецца непаўторны каларыт першых паслярэвалюцыйных год і адчуваецца ў манеры пісьма многае ад таго стылю, які прынята называць рэвалюцыйным рамантызмам.

Прыём гратэску выкарыстоўвае Эдуард Самуйлёнак у абмалёўцы галоўнага персанажа кулака Хвашча ў навеле вострафабульнай, з нечаканай канцоўкай – «Русалчыны сцежкі».

Па-свойму расказвае Іван Шамякін пра вялікае ўменне У. І. Леніна за справамі маштабнымі, дзяржаўнымі пабачыць асобнага чалавека, канкрэтна ўмець дапамагчы яму («Хлеб»).

Водгук першых паслякастрычніцкіх год адчуваецца ў напісаным ужо ў наш час, з дыстанцыяй гадоў, апавяданні Петруся Броўкі «Разам з камісарам». Апавяданне прыцягвае і сваёй інтанацыяй даверу да чытача, і дакладнасцю мастацкага зроку, і трапна ўзноўленай атмасферай тых гадоў.

Добрае валоданне пяром, у лепшых традыцыях перадавой пісьменніцкай думкі, перш за ўсё рускай, вызначае апавяданне Максіма Гарэцкага, пісьменніка, высокае майстэрства якога трывала ставіць яго ўпоравень з беларускімі класікамі. Апавяданне «Генерал» раскрывае характар галоўнага героя не адразу, паступова.

Спачатку мы даведваемся, што ён «выглядаў дробненькаю, старэнькаю, але фарсістаю чысцёшкаю». Дробненькі, фарсісты – насцярожвае. Але на грудзях у яго высокая ўзнагарода – Георгіеўскі крыж, і разумее ён нібыта і справядліва, што «самае горшае ў любой справе..., калі пакідае людзей творчы настрой». Пачынаеш меркаваць – а можа, гэты маленькі чысцёха – стратэг, герой? Чалавек гонару?

Аднак недавер да яго пачынае ўзмацняцца. Генерал вельмі занепакоены – хіба з такімі афіцэрамі, як у яго, даб'ешся перамогі? А гаворка ўсяго толькі пра тое, што навічкі-прапаршчыкі «елі з нажа і бралі відэльцамі хлеб». Мабыць, веданне этыкету і правілаў добрага тону ўсё ж зусім не вызначаюць ні здольнасцей чалавека, ні ягонай вайсковай доблесці. Можна быць упэўненымі, што Васілій Іванавіч Чапаеў не ўмеў валодаць ні відэльцам, ні нажом, але гэта не перашкодзіла яму атрымліваць перамогі.

Вось генерал едзе на баявыя пазіцыі і ўсё раздумвае: «Самае паганае ў любой справе..., калі няма да чаго імкнуцца». Ну, што ж... Ён сын свайго класа. Аднак... магчыма, талковы і таленавіты военачальнік.

Пpa яго ўменне праводзіць вайсковыя аперацыі мы так і не даведаемся, але даведваемся пра нешта большае. Трапіўшы на перадавыя пазіцыі, генерал лезе на бруствер пад варожыя кулі.

Сэнсу ў гэтым аніякага няма. Ён проста вырашыў паглядзець на поле абстрэлу. Пустая бравада. І па сутнасці правакацыя. Генерал як патомны пан лічыць натуральным пагарджаць ротным адной з батарэй: «з тых, што ядуць з нажа...», можна ўявіць сабе яго псеўдавысакародныя, абураныя погляды, якія ён кідае на беднага прапаршчыка,– сядзіш у траншэі, а я, генерал, пад кулі выйшаў. Прапаршчык, разумеючы, што начальства сапраўды непамысна храбрае, яшчэ больш ясна разумее, што пустое гэта фланіраванне нікому не патрэбна. Але што ж ты зробіш? – ускоквае на бруствер. І куля тут жа даганяе яго.

А Гарэцкі дадае апошні штрых да партрэта. Генерал яшчэ як шчыры пазёр дэкляруе: «Слава загінуўшым сынам бацькаўшчыны!» Кідае гэтыя словы, як яно і павінна быць, ціха, прыгожа, як вымагае ў такіх выпадках этыкет. Але ў глыбіні душы яму, відаць, усё ж няёмка, што вось так выпадкова, непатрэбна загінуў чалавек, і Гарэцкі па-майстэрску дае нам гэта зразумець адной фразай: «...ён... доўга няўмела надзяваў шапку».

Партрэт закончаны – гэты сівы ўжо фанфарон, які не хоча ведаць цаны чалавечаму жыццю, камандуе людзьмі, вырашае лёс многіх.

Гарэцкі выкрывае свайго героя, паказваючы яго ўнутраны свет, але робіць гэта ў манеры скупой, стрыманай, лаканічнай. Тут ён бліжэй за ўсё па стылі пісьма амерыканскай навеле, магчыма, перш за ўсё Хемінгуэю, калі не мае значэння антураж, не даецца біяграфія героя, а выпадак дае магчымасць паказаць жыццё яго і ўнутраны свет. Дарэчы, калі было напісана апавяданне, у 1918 годзе, у друку яшчэ не з'явілася ніводнай навелы Хемінгуэя, і гаворка толькі пра блізкасць творчых манер (калі весці гаворку пра гэтае апавяданне), блізкасць, канкрэтнымі ведамі не абумоўленую, але паказальную як асаблівасць, якую стварыў час і матэрыял мастацкага даследавання.

Мабыць, толькі «франтавыя» навелы В. Быкава, М. Лупсякова, А. Карпюка («Наводчык Кунцэвіч») напісаны ў стылі, блізкім да гэтага. А звычайна беларуская проза, і апавяданне ў прыватнасці,– гэта выкладанне падрабязнае, грунтоўнае, свет беларускай прозы арэчаўлены, у ім столькі канкрэтных прыкмет, дэталяў, рэалій быту, апісанняў прыроды. У навеле Гарэцкага нават не зусім зразумела, якая пара года, мы знаем толькі, што часам сеецца дождж.

Было сказана – «франтавыя», вызначэнне, мабыць, не вельмі дакладнае, але апавяданні, якія так ці інакш датычаць Вялікай Айчыннай вайны, складаюць амаль трэцюю частку зборніка. І аб прычынах гэтага ў межах дадзенага артыкула не варта гаварыць, усім вядома, як адпакутаваў беларускі народ падчас вайны, як мужна адстаяў ён сваю чалавечую годнасць.

Апавяданні ж названых пісьменнікаў менавіта пра фронт. Гэта апавяданне ранняга Быкава «Эстафета», пра тое, як нашы салдаты бяруць чарговы пункт абароны фашыстаў, пра будзённую трагедыю вайны: адзін за адным гінуць тыя, хто камандуе ўзводам, гіне адзін – эстафету прымае другі. Не яны, дык нехта прыйдзе да перамогі.

Блізкае па зместу да апавядання В. Быкава апавяданне «Пераправа» М. Лупсякова. Таксама пра трагічную эстафету вайны, пра тое, як месца смяртэльна параненага маёра Плешчавені займае камсорг, што толькі што прыбыў у часць.

Пра вайну, пра яе страшныя вынікі – многія апавяданні кнігі. «Немко» А. Кулакоўскага – пра высокі духоўны патэнцыял савецкіх людзей, самых, здавалася б, непрыкметных, патэнцыял, які так ярка выявіўся падчас вайны. Пра балючае, заўсёды памятнае рэха вайны апавяданні А. Васілевіч «Пані старшыніха прыехала» і А. Марціновіча «Вайна вярнулася». Гэта і апавяданні М. Стральцова, Я. Сіпакова, А. Масарэнкі. Гэта «Глядзіце на траву» Янкі Брыля, апавяданне, высокае па свайму філасофска-маральнаму зместу, бездакорнае па майстэрству. І так жыва, ярка ў ім адчуванне быцця – чысты, сонечны снег, вясёлы аблавухі шчанюк на ім, апошняя радасць дзядзькі Петруся, усіх блізкіх якога забрала вайна. І такі бессэнсоўны стрэл паліцая, спроба пачынаючага «практыкаваць» забойцы, які ўжо зрабіў першы крок здрадніка – уздзеў на сябе форму паліцая. І гэта не даруецца за даўнасцю тэрміну. Не даруецца людзьмі, не даруецца сумленнай памяццю пісьменніка.

Рэвалюцыя, паслярэвалюцыйныя гады, гады калектывізацыі, Айчынная вайна, экалагічныя праблемы («Чалы» Л. Калодзежнага, «Старая сасна» Г. Далідовіча), маральна-этычныя праблемы («Дзень ранняй восені» В. Адамчыка, «Марута і Зіна» А. Кудраўца, «Соль» Б. Сачанкі), тэма кахання («Каўчэг» У. Караткевіча, на мове арыгінала – «Блакіт і золата дня», «Іван ды Мар'я» І. Навуменкі) – тэматычна зборнік разнастайны. Але не толькі і не столькі разнастайнасцю тэматыкі багата беларускае апавяданне. Яно моцнае сваім яркім, сэнсуалісцкім адчуваннем жыцця, шчодрасцю фарбаў, тонкім псіхалагічным аналізам, уменнем адчуць з'яву, фактурна, ёміста, рэльефна паказаць свет, у якім жывуць героі.

Вось хаця б навела К. Чорнага «Вераснёвыя ночы».

...Сонца верасня, крыху стомленае пасля цяжкой летняй страды, ужо без гарачай яркасці, паспакайнелае, задаволенае. І надае такі ж спакой усяму навокал. Не спяшаючыся сонца залоціць апошнія плады зямлі, ленавата падфарбоўвае зяленіва. Паветра настойваецца яго мяккім святлом і пахам вінёвак і бэраў. Усё гэта неяк няўлоўна мае дачыненне да ранняй жаночай восені Агаты, яшчэ такой прывабнай, але неяк спакойна, стомлена расчараванай і ўсё ж не гатовай выходзіць замуж не па любві. І так тонка перадае выдатны празаік К. Чорны гэтую тугу Агаты па шчасці, тугу, што прыглушана, але не праходзіць, і так супадае яе тужлівае чаканне кахання і боязь так і не дачакацца яго з гэтымі спакойна-развітальнымі вераснёвымі днямі, калі яшчэ не знікла цяпло і зямля такая светлая адыходзячым летам, але ўжо вядома, што гэта ненадоўга, што гэта апошнія цёплыя дні.

Умельства К. Чорнага спасцігнуць псіхалогію герояў, стварыць агульны настрой апавядання, знайсці патрэбную танальнасць і вытрымаць яе, не саслізнуўшы на нудотную аднатоннасць, знайсці адзіна неабходны рытм, адчуць пластыку слова і ладу, адчуць музыку празаічнага пісьма – усё гэта, сплаўленае з Коласавай філасафічнасцю, імкненнем да роздуму, стала добрай традыцыяй, якая прасочваецца ў беларускім апавяданні, і ў прыватнасці ў гэтым зборніку ў апавяданнях Я. Брыля, Я. Скрыгана, І. Мележа, І. Навуменкі, У. Караткевіча, І. Пташнікава, І. Чыгрынава, В. Адамчыка...

Тонкасць і дакладнасць псіхалагічнага малюнка І. Навуменкі і В. Адамчыка, пафас чалавечнасці І. Чыгрынава, Б. Сачанкі, Я. Сіпакова, А. Кудраўца, паэтычнасць у канкрэтнасці назіранняў і шчымлівая чэснасць у адносінах да ўсяго жывога І. Пташнікава («Алені»), мастацкая завершанасць апавядання У. Караткевіча «Каўчэг» («Блакіт і золата дня»).

Складана было, гэта адчуваецца, рэдкалегіі, нават маючы пад рукой папярэднія выданні, выбраць апавяданні, пазначыць склад аўтараў зборніка.

Зразумела, што не ўсё з папярэдніх зборнікаў апавяданняў вытрымала выпрабаванне часам. Зразумела, што з'явіліся новыя празаікі і з імі трэба пазнаёміць саюзнага чытача, але пры гэтым, мне здаецца, месца для Янкі Маўра, Аркадзя Чарнышэвіча, Міколы Ткачова магло б знайсціся. І мастацкі ўзровень ад таго не быў бы ніжэйшы. Як, мабыць, некаторыя апавяданні зборніка маглі б быць і па-за яго межамі. Хаця б «Вясковыя навелы» М. Ракітнага.

А вось, мне здаецца, у М. Стральцова трэба было б змясціць «Смаленне вепрука». Апавяданне, якое не падвярстаеш пад тэматыку ніводнага з апавяданняў зборніка, але тым яно і цікавае: пашырае межы беларускай навелы ва ўсіх адносінах, высокае па сваім мысліцельным узроўні, бездакорнае па стылі і мове. І, дарэчы, яно б зняло некаторую аднатоннасць, якая адчуваецца пад канец у зборніку, побач апавяданні, высокія па майстэрству, але занадта блізкія па стылю пісьма і тэматыцы.

Мабыць, не варта было адыходзіць і ад прынятага ў такіх анталогіях правіла – даваць біяграфічныя даведкі пра аўтараў. Тым больш што ў зборнік уключаны і празаікі маладыя, звесткі пра якіх не прачытаеш ні ў адным з агульнадаступных даведнікаў.

А як жа пераклады? Некаму ўдалося больш, некаму менш. Але – працу зрабілі вялікую, хто некалі даўно (у анталогіі ёсць пераклады людзей, якіх, на жаль, мы ўжо можам ведаць толькі па іх працы), хто цяпер.

І тое, што выданне ў 50 тысяч экземпляраў разышлося імгненна, гаворыць і пра якасць перакладаў таксама.

Хвалюючае і ўмела сказанае слова заўсёды даходзіць.


КЛОПАТ СЁННЯШНЯГА ДНЯ

Павага да факта, дакумента стала адной з вызначальных рыс сучаснай літаратуры. І для мастакоў – таму што апора на факты дапамагае шырэй зразумець сэнс прадмета даследавання, вучыць ісці ў глыбіні мастакоўскага аналізу, шукаючы падтрымкі ў навуцы: сацыялогіі, філасофіі, біялогіі, дакладных навуках і г. д. І для чытачоў – спалучэнне вобразнага мыслення з хранікальнай выверанасцю падзей, навуковай інфармаванасцю, філасофскімі развагамі – падаюцца яму найбольш сугучным сучаснасці адлюстраваннем рэчаіснасці. Глыбінная логіка аўтарскай думкі ў такіх творах пасунула на другі ці нават на трэці план падзейную, бытапісальную літаратуру чыстага вымыслу. І ці не таму, можа, надзённа патрэбнай стала публіцыстыка. З яе дысцыплінай думкі, строгасцю прыёмаў, адсутнасцю летуценнай апрыёрнасці. Нездарма ўжо дзесяцігоддзе крочаць па свеце «Шаги», зборнік лепшых твораў публіцыстыкі на рускай мове, заваёўваюць чытачоў Савецкага Саюза нарысы публіцыстаў сацыялістычных краін «Писатель и современность», выдаюцца кнігі беларускай публіцыстыкі. Перад намі «Сучаснік-1983».

Мабыць, асноўнымі, стрыжнявымі ў зборніку сталі нарысы «Самацветы пустыні» Савелія Паўлава, «Хлеб і да хлеба» Віктара Карамазава, невялічкі, але востра палемічны публіцыстычны артыкул Таццяны Гарэлікавай «На ўвесь голас», публіцыстычныя матэрыялы Уладзіміра Паўлава «Між Бугам і Одрай» і Барыса Сачанкі «Куды ты ідзеш, Амерыка?», а таксама старонкі з дакументальнай кнігі Святланы Алексіевіч «У вайны – не жаночы твар...».

Урыўкі з кнігі С. Алексіевіч (дакументальныя сведчанні жанчын-франтавічак) і рэпартаж-роздум А. Адамовіча «Званы Хатыні» («Марш міру-82»), на тэму, над якой не стамляецца працаваць доўгія гады пісьменнік: лёс чалавецтва, лёс планеты – і пякельнай памяці ўрокі мінулай вайны, увайшлі ў кнігу як неад'емны клопат нашай сучаснасці: каб помнілася і не паўтарылася. Праўда, нататкі Адамовіча тут – таксама толькі невялічкі фрагмент той вялізнай кнігі, што ён стварае многімі творамі ў розных жанрах. Пра гэта многа і на належным прафесійным узроўні пісалася, як і пра сабранае і зафіксаванае С. Алексіевіч. Таму, мабыць, няварта тут паўтарацца, лепш весці размову пра тое, што яшчэ не было аб'ектам гаворкі ў друку.

Перш за ўсё пра нарысы Віктара Карамазава і Савелія Паўлава.

З'яўленне нарысаў В. Карамазава апошнім часам заўсёды падзея ў беларускай публіцыстыцы. Адзін з самых актыўных аўтараў штогодніка «Сучаснік» і адзін з самых цікавых майстроў мастацкага нарыса, прапанаваў тут да ўвагі чытача нарыс «Хлеб і да хлеба». Лірыка-філасофскі нарыс, які выходзіць да значных сацыяльна-эканамічных праблем і абагульненняў. Гаворка ідзе, калі браць асноўную сюжэтную думку,– не так пра побыт, як пра лад, уклад сённяшняй вёскі і сённяшняга селяніна, пра яго псіхалогію ў суадносінах звычайнага, укаранёнага і новаўведзенага. Важна «мець не толькі эканамічны прагноз, але прагназіраваць псіхалагічныя змены ў абліччы селяніна», даводзіць пісьменнік. І, па-мойму, у сваім нарысе В. Карамазаў падыходзіць да праблемы будучага вёскі больш рэальна і з большым душэўным клопатам, чым такі, напрыклад, даравіты і яркі публіцыст з Беларусі, як Яўген Будзінас. У дыскусійным запале (а палемічнага агню яму не пазычаць) ён кінуў між іншымі думкамі ў «Литературной газете» і такі тэзіс: «...усё вызначае эканоміка. У тым ліку і ў чалавеку». В. Карамазаў па-дзелавому ставіцца да эканамічных пераўтварэнняў, але ж, будучы чалавекам з дзяржаўным ухілам мыслення, задумваецца, як і рускі пісьменнік Іван Васільеў, «ці дастаткова дакладна мы прагназіруем «псіхалагічны тып» селяніна. А селянін гэта ж не проста аграрны рабочы, а земляроб, чалавек, што душой павінен прырасці да зямлі». «Тут свая псіхалогія, тонкая... Можна дадаць: гістарычная, традыцыйная, народная».

В. Карамазаў не адасабляе, не расшчапляе нейкую праблему, а ўсё ў жыцці бачыць у неад'емнай сувязі. Праблемы, што ўзнікаюць перад дырэктарам саўгаса «Беларускі» на Пскоўшчыне Новікавым, які набыў трактарысту саўгаса сядзібу – хоча чалавек корань сапраўдны на зямлі мець – жывёлу, градкі, садок. Усё, што было ў селяніна спрадвеку. Бо «без гэтых каранёў чалавек – вецер»...

...Некалі амерыканец Персі Хатчысан пісаў пра свайго тады яшчэ не такога, як зараз, знакамітага суайчынніка: «Факты можна браць як з вопыту, так і з уяўлення. Хемінгуэй умее іх падаць так, што яны ўзнікаюць ва ўсёй выразнасці, як вымалёўваецца ледзяны пік гары ў крышталёвым паветры». Не збіраюся праводзіць аналогій. Але нешта ад гэтага ўмення ёсць у напісаным С. Паўлавым – і ў палітычных яго нарысах, і ў тым, што змешчаны тут – «Самацветы пустыні». Звычайны, прывычны прыём – вандроўка, сустрэчы. Экзатычная, праўда, геаграфія – Каракумы. А пільны, дзелавы зрок аўтара ўмее заўважыць важныя дэталі, факты, засяродзіць увагу на галоўным.

На першы погляд не такія ўжо значныя падрабязнасці: замацавальнікі барханных пяскоў – кандым і чаркез, фісташкавыя дрэвы, якія маюць, аказваецца, карэнне ў два ярусы; знакамітыя дыні, што растуць на корані таго дрэва. Аднак, як пазней высвятляецца, гэтыя і многія іншыя дэталі не толькі ствараюць мясцовы каларыт, яны непрыкметна выводзяць да найважнейшых мясцовых праблем, да праблем у маштабах усяго Савецкага Саюза, да праблем, якія непарыўна ўзаемазвязаны ў нашай краіне, дзе клопат адной рэспублікі робіцца і клопатам другой. Абвадненне пустыні – і пытанне пра магчымасць уключэння некаторых рэк у арашальную сістэму Сярэдняй Азіі; каляровы каракуль, над стварэннем якога працуюць тут, у Карагулі, але для патрэб усіх савецкіх людзей; цягач і БелАЗ, што абслугоўваюць мясцовых буравікоў, хаця зрабіць зручную для ўмоў пустыні кабіну ў гэтых выдатных машынах трэба ў нас, на Беларусі, тут выходзіць з канвеера транспарт пустыні.

У матэрыяле адчуваецца і жывая кроў рэпартажу, і глыбокі, дзяржаўнага кшталту роздум, і высокапрафесійны літаратурны падыход.

Спрактыкаваная рука літаратара адчуваецца і ў напісаным Уладзімірам Паўлавым і Барысам Сачанкам, якія не спакусіліся распаўсюджаным прыёмам падарожных апісальных нататкаў, а зрабілі вострыя палітычныя матэрыялы, першы – у адкрытай форме, другі – выкарыстаўшы эпісталярную выпрабаваную мадэль.

Гэта ўсё, калі можна так сказаць, «паўнаметражныя» матэрыялы. А вось Т. Гарэлікава здолела на зусім невялічкай друкаванай прасторы сказаць многае. У невялічкай нататцы «На ўвесь голас» у глыбіню праблемы аўтар не ідзе, ажно дасканала прапрацоўвае асноўную лінію, эмацыянальна, з непрыдуманымі горыччу і болем гаворыць аб праблемах прыгарадных калгасаў, што церпяць непамерныя страты з-за апантанага марнатраўства гараджан. Намацвае цікавую тэму Галіна Каржанеўская. Паэтэса, у творчасці якой адчуваецца трапяткая наструненасць душы, і ў новым для яе жанры магла б гэтая якасць яе таленту выявіцца і нечакана і цікава. Варта было складальніку С. Алексіевіч і рэдкалегіі прапанаваць ёй зрабіць так, а не браць матэрыял жыўцом з газеты.

Як варта было здольнаму публіцысту Анатолю Сілянкову прадумаць яшчэ раз, аргументаваць нарыс пра неглюбскіх майстрых – «Матчын ручнік». Згледзеў жа ён тут праблему, якая ўзнікла з тае пары, як напісаў пра тую ж Неглюбку В. Карамазаў («Вясёлка сярод зімы»).

Ігнат Дуброўскі, старэйшы беларускі нарысіст, як заўсёды, трапна цэліў, выбраўшы тэму: камунгасы ў сяле. Але прадставіў усе выгоды новаўвядзення толькі з пункту погляду выканаўцаў, уладкавальнікаў. А што ж самі цёткі Ганны і дзядзькі Сцяпаны? Ці ўсё так хораша зроблена, каб вызваліць іх ад клопату пра нарыхтоўку кармоў для хатняй жывёлы, паліва? Як на справе выглядае той рамонт брыгадамі камунгаса? Паводле нарыса, усё гладка і хораша. І сам ён напісаны такім вывераным гладкапісам, які часам пераходзіць у штамп. Чытаць яго нават па службовым абавязку сумна. Нулявы вальтаж пісьма не выкрасае ўзаемнай іскры. Аўтар, канечне, і заслужаны, і паважаны. Але – кожнаму, хто бярэцца за пяро, кожны раз наноў даводзіцца сябе сцвярджаць.

Не выкрасае ўзаемнай іскры ў чытача і нарыс Анатоля Дзялендзіка «Хірургі, вучні хірурга». Маю на ўвазе не экзальтаваныя охі ды ахі, не каскад эпітэтаў і пестрадзь клічнікаў, а напал думкі, маштабнасць яе, што адпавядала б сённяшняму тыпу сацыяльнага мыслення, узроўню эрудыцыі нашага сучасніка, што абумоўлівала б узровень мастакоўскага аналізу. Здавалася б, перадумовы для гэтага былі. Было пра каго пісаць – выдатныя хірургі, яркія асобы: Маслаў, Шот, Філіповіч, Падгайскі. Было каму пісаць – А. Дзялендзік мае медыцынскую адукацыю, у літаратуры не з неафітаў. Але ж які анемічны, нецікавы матэрыял, асабліва калі прыгадаць партрэты навукоўцаў, створаныя Я. Богатам, А. Марозам, Ю. Ростам, Л. Пачывалавым і іншымі літаратарамі.

І зусім незразумела, якім чынам і дзеля якой мэты трапілі ў зборнік лепшага ў публіцыстыцы (так ён уяўляецца) нататкі «Пісьменнік прыходзіць у школу» ў раздзеле пад гучнай назвай «Роздум над фактам». Дзяжурная рэцэнзія – які ўжо роздум! Тым больш што ў адным з выпускаў «Сучасніка» быў змешчаны матэрыял Васіля Віткі «Пяць школьных званкоў», дзе найцікавейшы гэты вопыт супрацоўніцтва пісьменніка са школай быў паказаны і ярка, і з добрай раўнавагай педагагічнай логікі і творчага натхнення.

Было б, думаецца, справядліва ахвяраваць у зборніку некаторымі матэрыяламі, замяніўшы іх тымі, якіх настойліва патрабуе час: Харчовая праграма, будаўніцтва метро, безліч праблем, якія ставіць сёння жыццё. Сацыяльны заказ – без гэтага рэдкалегія не абыдзецца. І хаця гэта справа нялёгкая – заказваць, «выбіваць» матэрыялы, абдумваць і абмяркоўваць планы зборніка і прытрымлівацца іх, а іншага шляху, мабыць, няма. Як няма, не будзе жыцця ў гэтага выдання, калі не запрасіць да ўдзелу ў ім тых вядомых пісьменнікаў і журналістаў, што не адноечы вастрылі сваё публіцыстычнае пяро, і паспрабаваць знайсці валанцёраў сярод тых, хто займаецца толькі мастацкай прозай, і, канечне, даць магчымасць выступіць у зборніку тым, хто актыўна і востра выступае ў жанры публіцыстыкі: таго ж Яўгена Будзінаса, Анатоля Казловіча, Марыю Вайцяшонак... А такі неапазнаны рэзерв, як рэспубліканскія, абласныя, раённыя газеты... Журфак універсітэта. Акадэмія навук, прадпрыемствы. Канечне, гэта куды больш складана, як узяць ужо гатовыя і друкаваныя допісы. Аднак і вынік будзе адпаведны.


«І СПАДЗЯВАННЕ СВЕТЛАЕ ТАКОЕ...»

Без асаблівага імпэту раздумваў паэт пра лёс сваіх вершаў: «Так мала чытачоў, і тыя ўсе паэты...» Але – такая, відаць, натура чалавечая, і спадзяваўся – «што хоць душа адна на слова адзавецца» («Шукаю чытача...»). А душ гэтых набралася не так і мала. І, безумоўна, у большасці сваёй не належалі яны да цэха паэтаў. Тыраж кнігі вершаў Леаніда Галубовіча «Таемнасць агню» (1984) разышоўся імгненна. І гэта не дзіва – сярод зборнікаў, што выйшлі апошнім часам пад грыфам «Першая кніга паэта», дзе ёсць цікавыя выступленні, менавіта ў кнізе Леаніда Галубовіча адчуваецца творчая акрэсленасць пісьма, гэта ўжо не мройныя контуры, што абяцаюць і прапануюць меркаваць – што ж будзе, але шмат у чым сцверджанне асобы паэта, які шмат у чым адбыўся, а не толькі мае такое на мэце. Паэта, якога заўважылі па публікацыях у перыёдыцы. З розных грамадскіх трыбун пра яго вялі гаворку Алена Васілевіч і Вера Палтаран, Васіль Вітка і Таіса Бондар.

Можа падацца – пястун лёсу. Не паспеў з'явіцца – поспех. Аднак... Пачаў паэт пісаць у шаснаццаць гадоў. А дата нараджэння – 1950-ты. Палічыце. Колькі гадоў працы. А першая публікацыя з'явілася не так даўно. Так, безумоўна, талент выспяваў. Паэт шукаў сябе. Знаходзіў. Але і, мабыць, захоўваў. Нездарма ж прарываюцца радкі горычы ў вершах: «Прыедзе брат, і той, глядзі,/ Мне пальцам торкае у грудзі:/ —Ты па рэдакцыях хадзі.../ У горад едзь... Праб'ешся ў людзі...» Або вось гэта, не дзеля акрасы слова моўленае, невыпадковае, з упартасцю сялянскага сына перажытае:

 
А я прывык, як мой народ,
Мець ясны клопат пажыццёвы.
Я перажыў з ім недарод
І зноў пасеяў хлеб і словы.
 

А доўжылася ўсё гэта не год, не два. Пасля школы ГПТВ, армія, работа электрыкам у Слуцку, Жабінцы, Клецку, у роднай вёсцы Вароніна. Няма гаворкі – канечне, напружаная праца душы, школа жыцця – тое, без чаго няма паэта. Фундамент, аснова, корань. Але ж фундамент, падмурак – яшчэ не пабудова, адзін корань – не дрэва. А ў яго паэзіі прысутнічаюць культура мыслення, культура верша, асэнсаванасць пачуцця, якія сведчаць не толькі пра добрую зямную аснову працы паэта, але пра пэўны круг чытання, усведамлення сутнасных заканамернасцяў – не з пазіцый фармальнай логікі, але шляхам вобразнага асэнсавання. Магчыма, часцей за ўсё стыхійна. Магчыма. Аднак да гэтага стыхійнага ён прыходзіць з пэўным багажом ведаў, і не толькі пачуццёвага, а і розумам спасцігнутага вопыту. І чалавек дайшоў да ўсяго сам, без праграм ВНУ, без выкладчыцкіх арыентацый, без літаратурных спрэчак, што свежаць і абвастраюць думку. Толькі з тым творчым інвентарыем, што дае наша шчодрая сацыяльная рэчаіснасць і эпоха НТР: бібліятэка, кіно, тэлебачанне. І людзі, канечне. Хто верачы, хто не верачы ў яго як у паэта.

Трэба меркаваць, усім нам, чытачам Леаніда Галубовіча, вельмі пашанцавала: ён выстаяў, прабіўся. Не мітусіўся, не заглядваў у вочы чытачам і выдаўцам, не прыцэньваўся словам: як, падыдзе? ці не надта? І, як дакладна заўважыла ў прадмове да яго кнігі Вера Палтаран, ён моцны жывым, сакавітым малюнкам жыцця, «жыццёвае назіранне імкнецца стаць думкай пра жыццё, і калі гэта ажыццяўляецца..., дык думка гэтая надзіва здаровая, глыбокая». Так, ад гэтых людзей, якіх ён у сваіх сюжэтных вершах прадстаўляе нам, ад «бабулі мілай», ад мясцовых палітыкаў-мужыкоў, ад песняроў і жней, ад усіх, хто потам і мазалём пазнае сутнасць жыцця зямнога,– і яго, паэта, сіла: «З жыта мы прарастаем...» Пра іх – яго вершы. Але не толькі пра іх.

Паэт разумее сэнс жыцця хлебароба, прымае ўсе яго жыццёвыя клопаты і ўмее шанаваць іх і жыць імі, імкнецца выйсці і за межы звычайнага ўсведамлення. «Усё павінна мець мяжу!» – пэўна ведае талковы, працавіты дзед. Але паэт хоча кінуць на шалі не толькі гэту, суцэльна канкрэтную рэалію – мяжу ў гародзе: «А як жа, дзед, душа, скажы?» І дзед, безумоўна, у сваім разуменні меры рэчаў мае рацыю: «А месца хопіць для душы, там, дзе хапае чалавеку». Паэту ж неабходна адчуць рэальнасць і па-за сферай штодзённых, звычаёвых вымярэнняў: «Я па бязмернасці тужу...» («Мяжа»).

Леанід Галубовіч імкнецца адчуць рэчаіснасць у глыбінным яе руху, у катэгорыях небудзённых, выключыўшы прыватнае і выдзеліўшы першаступеннае і прынцыпова, светаўспрымальна важнае.

 
Не ведаю, хто дрэва пасадзіў,
Яно было, здаецца мне, адвеку.
І я яму, нібыта чалавеку,
Адкрыў сябе і час свой асудзіў
Высокай мерай тайнага быцця.
І тое, што не выказаў я свету,
Што не скажу нікому па сакрэту,—
Яму скажу на споведзі жыцця.
Спатоляць тайну тую карані,
І вышапча, магчыма, штосьці крона,
І толькі існасць выстаіць бясслоўна,
І дагарыць з тым дрэвам у агні.
 
 
«Таемнасць агню»
 

«І толькі існасць выстаіць бясслоўна» – у гэтым разгадка, вытокі спакойнага асэнсавання сябе самога ў свеце, адносін сваіх з рэальнасцю, разумення стану рэчаў, ходу падзей як натуральнай нормы жыцця.

 
Ну, што ж, пара удачы і пралікі
Ў здабытае адно падсумаваць...
І аб гадах, што нібы птушкі зніклі,
Задумацца, але не сумаваць.
 
 
«Праводзіны вясны»
 

У полі зроку паэта многае. Тое, чаго не абыходзіў увагай ледзь не кожны, хто свае ўяўленні пра свет выяўляў, канцэнтруючы думку ў заканамернай уладкаванасці метрарытмічнага ладу. Ну, скажам, саму паэзію. А Леанід Галубовіч здолеў у старой тэме знайсці сваё. Прыйшоў да гэтага праз боль слова.

 
Ты – рай, паэзія. Ты – рой
Адвечных дум, дзе мы згараем.
І толькі геніі парой
Жылі часова гэтым раем.
 

Угледзьцеся, праверце на слых чатырохрадкоўе з верша «Паэзія». Магчыма, у другім радку і адчуецца парафраз нейчага – «рой адвечных дум, дзе мы згараем». Але – вось яно – «і толькі геніі парой жылі часова гэтым раем». Сваё, крэўнае. Радкі, у якіх каментарый можа толькі забраць колер. Як і ў гэтых вось, што таксама не ўтрымаюся і працытую:

 
Ты – жаль, паэзія. Ты – жар.
Я па тваім хаджу вуголлі.
Ты – боль, паэзія. Ты – бой.
Ты – праўды непрыступнай вежа.
Я – праведнік і грэшнік твой.
Пусці мяне ў сваё бязмежжа...
 

У кнізе шмат лірычных замалёвак, традыцыйных у паэзіі лет, зім, вёснаў, восеняў, дажджоў, навальніц. Як быццам немудрагелістыя накіды з натуры з прывычнымі атрыбутамі рыфмаванага пісьма – але ў іх сталая настроенасць душы на імгненную эйфарыю ўражання, якая перадаецца чытачу.

 
Зіма. Цвітуць аблокі.
Сінее ясны дзень.
Сварлівыя сарокі
Дзяўбуць свой цёмны дзень.
 
 
Гуляе лёгкі вецер —
Ганяе снежны пух.
Зіма на белым свеце...
Вясна займае дух!
 
 
«Зіма. Цвітуць аблокі...»
 

Гэты жанр, жанр лірычнай замалёўкі, мне здаецца, не знікне ў паэзіі, хаця яго кожнае дзесяцігоддзе дваццатага стагоддзя старанна спрабуюць пахаваць апантаныя вынаходнікі новых формаў. Будзе існаваць у сваёй простай і непасрэднай залежнасці ад свету хараства. Як існуюць і незалежна і аб'ектыўна захоўваюць у сабе непадробную прыцягальнасць неба, трава, кветкі. І ўсё гэта мы заўсёды ўспрымаем у пэўнай залежнасці ад нашых уяўленняў аб прыгажосці і дабраце, аб сусвеце і светапарадку. У вялікім крузе зямнога быцця, дзе заўсёды ёсць вось гэта, святое:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю