355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алла Сямёнава » Слова сапраўднага лад » Текст книги (страница 8)
Слова сапраўднага лад
  • Текст добавлен: 20 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слова сапраўднага лад"


Автор книги: Алла Сямёнава



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 14 страниц)

Раман гэты – зноў жа – і пра рыцараў лесу – леснікоў і ляснічых. Пра ворагаў лесу, што на першы погляд нібыта і не злодзеі – усё па інструкцыі. Але не па закону сумлення. Не па закону прыроды. Не па закону існавання ўсяго жывога. Супраць асноўных законаў жыцця.

А кожны індывідуум, кожная жывая істота, кожная расліна існуюць у рамане ва ўласнай сваёй значнасці, у суадноснасці з усім жывым светам, у суаднесенасці жыцця чалавека, жывой істоты і асяроддзя, дзе сённяшнім днём так спалучана сацыяльнае, маральнае, экалагічнае, біялагічнае. Дзеючыя асобы рамана адданы на ўсё жыццё зямлі сваёй і лесу. Валошка, звязаны каранямі свайго быцця і існавання з прыродай, Насця і дзед Гарох, новыя валанцёры высакароднай арміі лесаўпарадчыкаў Андрэй і Алёнка, чыноўнік пры лесе Зімавец, людзі, што проста па спаконвечнай звычцы толькі бяруць ад лесу, без злога намеру, і тыя, хто спяшаецца адхапіць усё, што можна і што ўжо зусім нельга.

Але дзеючыя асобы – і тыя яліны, якім нават з-за мяжы прыехалі пакланіцца. (Як кажа Валошка, «можа, наша пушча і ёсць найсвяцейшы сабор?!») Дзеючыя асобы – і трохсотгадовыя волаты-дубы, і непрыкметныя пакуль дрэвы падлеску. І стары воўк, мацёры, асірацелы з-за празмернага, нават не паляўнічага, спажывецка-браканьерскага спрыту («чалавек зрабіўся надта ўпарты ў сваёй жорсткасці да іх, ваўкоў»), апошні воўк у пушчы – таксама персанаж. І яшчэ які важны ў мастацкай структуры твора.

У прыродзе павінна быць раўнавага. Таму так асабліва востра адчувае Валошка з гэтым апошнім ваўком у пушчы «боль за ўсё жывое». Таксама як адказнасць сваю, рашучасць адстайваць лес і ўсё, што ёсць у ім.

А з якім вострым адчуваннем натуры, псіхалогіі жывой істоты выпісаны старонкі галоднай вандроўкі ваўкоў – у пошуках спажывы.

Ёсць у рамане і сабака – ці не самая любімая жывая істота пісьменніка. Што так ці інакш, эпізодам ці буйной замалёўкай з'яўляецца ў творах Віктара Карамазава. Як сам ён адзначаў у выдатнейшым эсэ пра Максіма Гарэцкага, той «з усёй жывёлы наймацней любіў і шанаваў каня». Ці не так любіць і шануе Віктар Карамазаў гэтага даўняга сябра чалавека, якому давер і з якім бывае «доўгая светлая песня. Лясная, паляўнічая». Гэта ўжо з апавядання «Апошняе паляванне з лайкай». І адтуль жа – але «бачыўся ён Лукашу тым малым, бяздомным – на пыльнай дарозе». Пасля гібелі сабакі. І ў гэтым павароце – вельмі важная рыса творцы і чалавека Віктара Карамазава. Спагада, разуменне, спачуванне, чалавечнасць – як вызначальнае, абавязковае ў адносінах чалавека да свету, да людзей, да жывёл, да раслін. Гэта адчуваецца ва ўсёй яго творчасці.

Значнасць і самавыяўленасць кожнай істоты, кожнай расліны, таямніца чалавека, асобы, якая існуе для пісьменніка ў кожным чалавеку нават тады, калі сам чалавек пра гэта і не здагадваецца.

Ёсць у Віктара Карамазава апавяданне «Сямёнаўна». Жыве сабе ў вёсцы ціхманая жанчына. У гадах. Дачка недзе ў горадзе. Але – пісьменнік не скажа – адзінокая, а прамовіць: «Жыла не адна». Сабака Сіўчык, кошка Бурка, дзве курыцы. А яшчэ часам завітае харошы чалавек – Толік, пасобіць чым. Выдае гэтая жанчына слабой, безабароннай. І, здаецца, уся навідавоку. Ажно – выяўляецца, ордэн мае, Чырвонай Зоркі. Суправаджала падчас вайны па заданні райкома камсамола поезд з паштовымі каштоўнасцямі. Давезлі тыя каштоўнасці ўдваёх з машыністам – астатнія загінулі. Вось і лічыць Сямёнаўна – самую высокую ўзнагароду атрымала: жывая засталася. Чаго тым ордэнам пахваляцца?

Сціпласць і высакародства як норма паводзін і як норма чалавечых узаемаадносін вызначаюць і галоўную думку яго аповесцяў «Бярозавыя венікі» і «Спіраль», многіх апавяданняў. Ну, а заўсёдны клопат пісьменніка – чалавек на зямлі. Яго здаровае карэнне. Бо «без гэтых каранёў чалавек – вецер» (нарыс «Хлеб і да хлеба»). Вось, здаецца, не такі ўжо канчаткова паганы чалавек Ціма з аповесці «Дзень Барыса і Глеба», не страчана ім адчуванне чалавечых даброт, а стаіць ён усё жыццё (і немалое, сорак з гакам) на нічыйнай духоўнай глебе, жыве, як набяжыць. Пашматкавана жыццё на нейкія дробязі, нішчымныя радасці, неадчутыя як след страты. А задумаўся ён – ці не ўпершыню – пра жыццё-быццё сваё на радзіме, у вёсачцы ля невялікага прытока Сожа. Прыём традыцыйны, для беларускай літаратуры часты. Але традыцыі таму і ёсць традыцыі, што ў іх закладзена аснова, самае галоўнае, неаспрэчнае. Дзе ж так не адчуць сэнс ці бяссэнсіцу існавання, як не там, дзе карані тваіх продкаў. На той глебе. На той зямлі.

Чалавек на зямлі – гэтую даўнюю, глыбінную традыцыю беларускай літаратуры таленавіта працягвае Віктар Карамазаў. У рамане сваім. Аповесцях. Апавяданнях. Працягвае па-сыноўняму ўсхвалявана і па-бацькоўску клапатліва. Па-пісьменніцку ўдумліва. Адчуваючы гэтую «зямную повязь» заўсёды. І ў нарысах сваіх. Дзе спалучаюцца высокая агульная культура, сапраўдная мастацкасць, сацыялагічная зоркасць, дасведчанасць у эканоміцы. Ён, дарэчы, найбольш актыўны апошнім часам сярод бліскучых майстроў гэтага жанру, дзе займае годнае месца. Я маю на ўвазе майстроў менавіта мастацкага нарыса, калі гэты жанр, не губляючы публіцыстычнай вастрыні, не ахвяруючы актуальнасцю і важкасцю праблемы, становіцца здабыткам мастацкай літаратуры: Янку Брыля, Уладзіміра Караткевіча, Веру Палтаран, Міхася Стральцова, Янку Сіпакова. І яго – Віктара Карамазава.

Гэта ўжо згаданае «Векавое», «Руны мараны», «Вясёлка сярод зімы», «Зямная повязь», «Хлеб і да хлеба». Пра чалавека на зямлі. Пра старшыню прыгараднага калгаса Абярэмку з безліччу яго клопатаў, ветэрынара Арнольда, для якога «жыццё, нават не чалавека – скаціны, было... святое найвышэйшай святасцю» («Зямная повязь»), пра землякоў-беларусаў, што будуюць на Пскоўшчыне саўгас «Беларускі», пра дырэктара гэтага саўгаса Навіцкага, які ўмее рабіць не толькі эканамічныя прагнозы, але і спрабуе «прагназіраваць псіхалагічныя змены ў абліччы селяніна», імкнецца заглыбіць корань працаўніка, адчуваючы псіхалогію чалавека, «гістарычную, традыцыйную, народную». Лепш страціць сёння ў грошах, але падумаць пра будучае. Пакінуць рабочаму саўгаса яго няблізкую сядзібу, заплаціць за яе. Затое на сядзібе не толькі сённяшні селянін, а яго сын застанецца – будзе ведаць, дзе яго родны кут, яго корань («Хлеб і да хлеба»).

Віктар Карамазаў разумее не толькі густую зямную аснову, глебу, але і рамантыку зямлі, паэзію яе. Ці то гэта палеткі, ці то лес, ці то мора, на ўзбярэжжы якога недзе на лапіку паўночнай паўастраўной зямлі, прыляпілася вёсачка патомных памораў («Руны мараны»). Ён умее чуць патаемную мову лесу і мора, задумацца над карцінамі селяніна – латыша Краўзіня – з іх цеплынёй шчырай зямлі і свежым хараством маёвых садоў, махануць у вёску Неглюбку, каб там на свае вочы пабачыць «вясёлку», што ткуць на сваіх абрусах і ўборах няўрымслівыя вясковыя кабеты («Вясёлка сярод зімы»). Паслухаць іх песні. Паехаць па славутыя руны на Поўнач. Паглядзець Кіжы – і задумацца самому над лёсам створанага нашымі дойлідамі. І ў задуме той мы адчуем і логіку свядомага, і інтэлектуальную медытацыю, і прыродныя імпульсы, і моцную плынь падсвядомага. І пачуем свежую і натуральную беларускую мову. Яркую, вобразную. У якой адчуваюцца сляды недарэмных падарожжаў пісьменніка. Нястомнага вандроўніка. Трывалага хадака. Чалавека пільнага, паляўнічага зроку. Для якога прывал – не прыпынак. Момант вышэйшага напружання думкі. У пошуках ісціны. Збірання сіл душы. Каб рушыць далей.


АБРАНЫМ ШЛЯХАМ

У тую сур'ёзную ўстанову, дзе мне давялося ўпершыню пабачыць Арсеня Ліса, прыходзілі паасобку і гуртам людзі вучоныя, паважаныя, з важкімі папкамі рукапісаў: манаграфіі, зборнікі навуковых даследаванняў. Усе гэтыя людзі, зразумела, мелі той сацыяльны статус, што ў абагульненым выглядзе патрактаваны – інтэлігенцыя. І адным з тых, да каго гэтая прыналежнасць сацыяльная стасавалася неяк асабліва арганічна, быў Арсень Ліс. Не толькі таму, што паводле, ну, скажам, Слоўніка іншамоўных слоў, інтэлігенцыя – «работнікі разумовай працы», а інтэлігентнасць – «разумовая развітасць, падрыхтаванасць да разумення тэарэтычных пытанняў, культурнасць». Па яго працах былі відавочныя і развітасць, і падрыхтаванасць, але ва ўсім яго абліччы, у паводзінах адчувалася вось тое, апошняе, у азначэнні: культурнасць. І знешнія выхаванасць, уважлівасць да людзей, далікатнасць, але галоўнае – глыбокая ўнутраная культура, духоўная засяроджанасць, няспынная праца душы. І тое, што ён сам пазней у сваёй аўтабіяграфіі («Ад матчыных песень», зб. «Вытокі песні») назваў «уладнай сілай навукі», «з яе патрабавальнасцю самааддачы і неабсяжнымі, магчымасцямі».

Гэтая ўладная сіла выявілася ў руплівай, на ўсё жыццё, па сутнасці, працы па збіранні беларускага фальклору і тэарэтычным асэнсаванні народнапаэтычнай творчасці. Арсень Ліс – адзін з самых актыўных складальнікаў трыццаці тамоў беларускага фальклору. На яго рахунку том «Жніўных песень», тамы вясельных і каляндарных. А яшчэ існуе зборнік «Беларускія народныя песні», складзены ім, манаграфія «Купальскія песні», падручнік для студэнтаў ВНУ «Беларуская народная творчасць», адным з аўтараў якога быў Арсень Ліс, мноства прац па фальклоры.

Арсень Ліс натхнёна і надзейна ўрабляе сваю дзялянку, спалучаючы практыку фальклорных экспедыцый, цягавітую працу збіральніка з грунтоўнай акадэмічнай падрыхтоўкай, навуковае, аналітычнае веданне народнай творчасці – з тонкім разуменнем стыхіі народнага слова і меласа, з інтуітыўным спасціжэннем глыбіняў народнага духу.

Адчуваючы непарыўную сувязь усіх праяў кожнай культуры з народнай творчасцю, дзе вытокі, пачатак, вечная невычэрпная крыніца для кожнага мастака. Адчуваючы «нейкую трывалую душэўную сувязь са сферай, створанай мастацтвам, літаратурай» («Ад матчыных песень»). З самімі творцамі. Беларускай культуры: ў прыватнасці.

З'яўляюцца нарысы – пра мастака Язэпа Драздовіча («Шляхі і пошукі», 1964), асобу, на тую пару малавядомую шырокаму колу прыхільнікаў мастацтва; пра Антона Грыневіча, збіральніка песеннага фальклору («Песня прасілася ў свет», 1966).

Дарэчы, гучыць так спакойна-інфармацыйна: мастак, збіральнік. А былі гэта людзі ой якога ж нялёгкага лёсу, ідэі свае і творчасць сваю прыходзілася ім зацята адстайваць ва ўмовах буржуазнай Польшчы 20-30-х гадоў. Арсень Ліс паказаў гэта. Натхнёна. Пераканальна. Як Антон Грыневіч «бараніў песню свайго працоўнага люду ад нядобразычліўцаў і ганіцеляў яе». Як Язэп Драздовіч з акрайцам чорнага хлеба (часцяком увесь наедак ягоны) пехатою выпраўляўся па родным краі – Беларусі – і рабіў вялікую сваю справу: натхнёнай рукой ствараў згодна свайму ўсведамленню адбітак усяго, што бачыў, што ўяўляў – краявіды Беларусі, постаці сучаснікаў і людзей мінулага. Пакідаў нам неацэнны скарб.

Які ўшануюць удзячныя нашчадкі. Пра гэта таксама, амаль праз дваццаць год, у 1983-м, напіша Арсень Ліс, увесь гэты час не выпускаючы з-пад увагі лёс твораў і памяці Язэпа Драздовіча і прымаючы чынны ўдзел у канкрэтных захадах дзеля гэтага. Напіша пра помнік мастаку ў Ліплянах і пра экспазіцыю карцін яго ў музеі мастацтва і этнаграфіі ў Гарадку («Даніна пашаны земляку»).

Думка пра стварэнне гэтых нарысаў, а яшчэ і чатырох ладных кніжак пра людзей, адданых беларускай культуры, з'явілася, мабыць, падчас фальклорных вандраванняў, у тую пару, калі Арсень Ліс яшчэ збіраў матэрыял для сваёй кандыдацкай дысертацыі – пра фальклор былой Заходняй Беларусі, пра песні працы і змагання. Тады ж пачуліся яму гэтыя імёны, замроіліся постаці. Ва ўсякім выпадку, герой яго першай кніжкі Браніслаў Тарашкевіч. Потым былі, канечне, карпатлівыя архіўныя росшукі, доўгая аналітычная праца, асэнсаванне знойдзенага матэрыялу, адбор яго. Але першаштуршок быў там. І яшчэ – у захапленні творчымі біяграфіямі, пісанымі Рамэнам Раланам.

Набрала моц апантанасць людзьмі творчай думкі, імкненне вызначыць «ідэю, што арганізуе іх натуру, жыццё, іх чалавечы і мастакоўскі характар», з'явілася неабходнасць «навучыцца словам перадаць трывогі і радасці іх пошукаў, іх творчае гарэнне» («Ад матчыных песень»). Пазначыліся ва ўяўленні канкрэтныя асобы. Браніслаў Тарашкевіч – выдатны палітычны дзеяч, мужны барацьбіт за інтарэсы працоўных, чалавек еўрапейскай культуры, стваральнік першай «Беларускай граматыкі», вучоны-патрыёт. Мікола Шчакаціхін – мастак і тэарэтык мастацтва, першапачынальнік беларускай мастацкай крытыкі і першай сістэматызаванай гісторыі беларускага мастацтва. Пётра Сергіевіч – таленавіты мастак, чалавек паэтычнай думкі. Язэп Горыд – удзельнік рэвалюцыйнага руху ў былой Заходняй Беларусі, таленавіты мастак.

З'явіліся першыя кнігі пра гэтых людзей. Былі запоўнены вельмі важныя старонкі беларускай культуры. Якія за апошнія два дзесяцігоддзі так змястоўна пабагацелі дзякуючы намаганням многіх і многіх вучоных і пісьменнікаў у межах розных абвешчаных і неабвешчаных серый і па-за імі, у манаграфіях, калектыўных працах, творчых нарысах. І многае было напісана таленавіта, зацікаўлена.

Як і кнігі Арсеня Ліса, дзе так хораша спалучыліся шматгранная адукаванасць, веданне сусветнай, роднасных славянскіх і беларускай культур, шырыня інтарэсаў, канкрэтнае веданне матэрыялаў і прадмету размовы. Філалогія, гісторыя мастацтва, тэхніка жывапісу і графікі – пра ўсё гэта трэба было мець дакладнае, скрупулёзна выверанае ўяўленне. Як, скажам, для таго, каб зазначыць у нарысе пра Антона Грыневіча, што беларуская народная песня «Ці свет, ці світае» нагадвае 7-ы вальс Фрыдэрыка Шапэна, трэба мець добра спрактыкаваны слых, а і назапасіць добры багаж музыкі класічнай.

У гэтых кнігах пазначылася, дарэчы, яшчэ адна адметнасць творчай асобы Арсеня Ліса. Выявілася, што ён не толькі ўдумлівы, руплівы даследчык, але і чалавек з добрым адчуваннем слова – мастак, пісьменнік. Дазволю сабе прывесці два ўрыўкі з кнігі пра Пётру Сергіевіча. Якраз тыя моманты, што патрабуюць асобай уніклівасці, разумення мастака, валодання словам – апісанне філасофскага зместу карціны, «...між размоў і ўспамінаў пра пачынальніка заходнебеларускага выяўленчага мастацтва Язэпа Драздовіча ўзнік і накід будучай карціны пра гэтага вечнага вандроўніка, дзівака і цудоўнага графіка. Рослы, абветраны, крочыць ён сярод жыта дзесь па сваёй зялёнай Дзісненшчыне. Ідзе ад сваіх чорна-белых аркушаў да бессмяротнасці, да забыцця і зноў да вечнай бясконцасці людскіх вандровак». Ці – адным штрыхам пра карціну па матывах верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?»: «Яны ідуць агромністай грамадой пад непрыхільным небам сваім».

Цяжка пераацаніць тое, што зроблена Арсенем Лісам для беларускай культуры. Акрамя ўсяго згаданага, ён неадноечы браўся за такі малаўдзячны занятак, на які далёка не кожны творчы чалавек рызыкне выдаткоўваць свой час: навуковая і літаратурная рэдакцыя прац па гісторыі беларускага жывапісу дактароў навук Кацара і Дробава. Рэдактура кнігі Паўліны Мядзёлкі «Сцежкамі жыцця», што з'явілася шмат у чым дзякуючы намаганням Арсеня Ліса. Укладанне, каментарыі ўспамінаў пра Максіма Гарэцкага (разам з Янкам Саламевічам) таксама было. Гэта тое, што згадалася адразу, без бібліяграфічных пошукаў.

Адным словам, добры ўраджай. Хаця сам Арсень Ліс незадаволены сабой: «Мала зроблена». А ёсць новая кніга ў выдавецтве «Юнацтва», цікавы нарыс пра Міхала Кляофаса Агінскага ў часопісе «Мастацтва», рыхтуюцца новыя зборнікі фальклору. Напружаная, няспынная праца – планаваць, здзяйсняць, спраўджваць. Сцвярджаць сябе ў той справе, якую ён абраў сабе сам. Ісці вызначаным шляхам.


ГАЛОЎНАЕ – СКАЗАЦЬ ПА-СВОЙМУ...

І

Пачынаў Аляксей Дудараў як празаік. А да таго скончыў наваполацкае ПТВ нафтавікоў, папрацаваў слесарам, адслужыў у арміі, атрымаў дыплом тэатральна-мастацкага інстытута. Паспытаў ён і нялёгкага акцёрскага хлеба, быў загадчыкам літаратурнай часткі Беларускага тэатра юнага гледача.

На першы погляд гэты жыццёвы вопыт нібыта і не паклаў ніякага адбітку на яго апавяданні. Але – толькі на першы погляд.

Калі весці гаворку пра тэматыку, дык у апавяданнях Дудараў прытрымліваецца традыцыі, найбольш распаўсюджанай у нашай прозе. Ён вядзе гаворку пра вёску, пра тых учарашніх вяскоўцаў, што яшчэ думкай, поглядамі, паводзінамі, прыхільнасцямі сваімі маюць самае блізкае дачыненне да вёскі.

Ён па-добраму верны і яшчэ адной традыцыі пашай літаратуры – на малой прасторы апавядання сказаць пра многае, паставіць праблемы і важныя, і шматзначныя.

Нібыта гучыць нуднавата – праблемы, важныя... У апавяданнях Аляксея Дударава гэтай нудоты і суматьг суцэльна няма – але ёсць асобы, характары. Весці гаворку пра тое, што яны дзейнічаюць, у высокім сэнсе гэтага слова, можа, і не выпадае, але аказваюць сябе яны часцей за ўсё ва ўчынку або дзеянні-размове. Вось у гэтым, мне здаецца, і выявілася акцёрская практыка Дударава. Апавяданні яго проста-такі «падбіваюць» да інсцэніроўкі іх, да экранізацыі. Нездарма па многіх апавяданнях Дударава зроблены фільмы. Ці ўсе яны супадаюць па мастацкім выяўленні са сваімі літаратурнымі першакрыніцамі, мы весці гаворку не будзем. Звернемся непасрэдна да літаратурнай фактуры – да апавяданняў.

Дудараў свядома ці падсвядома, але клапатліва дае сваім героям моўныя характарыстыкі. Чуе іх. І прымушае нас паслухаць сваіх герояў. Што яны гавораць і як.

Згадаем калгаснага шафёра Сцяпана Пузырэвіча з апавядання «Святая птушка». Сцяпан Пузырэвіч вырашыў зрабіць гняздо буслам на старой ліпе. І робіць гэта з найвялікшай стараннасцю. Хаця спрактыкаваным у гэтай справе яго не назавеш. Ён з такім імпэтам майструе гняздо, што нават рызыкуе жыццём. Учынак, з якога нам ужо нешта вядома пра чалавека: надумаўся ўладкаваць жыллё птушцы – мабыць жа, добры. З апавядання мы даведваемся, што ў хаце Сцяпана няма дзяцей. І, хто яго ведае, можа, у гэтым намеры затоеная, з добрым наівам, вера або напаўвера ў даўнюю легенду, што буслы дзяцей прыносяць. Легенду-казку гэту ён называе прыкметай, ёсць такое старажытнае павер'е. Хто яго ведае, ці верыць ён у гэта ці не, але адчуваецца, што цяплей яму жыць на свеце, ведаючы гэтую легенду. У казках заўсёды ўсё па справядлівасці. А ў жыцці або вось у тым эпізодзе з жыцця, які нам прапануе празаік, узнікае не злосны чараўнік, а хлопцы з будаўнічай брыгады. І хлопцы па загаду брыгадзіра вырубаюць усе ліпы ў вёсцы. З найлепшых намераў: паваліла падчас буры адну з ліп, то і вырашылі навесці парадак. І – навялі. Вырубілі дрэвы. Зрабілі голай вёску. І падсеклі пад корань Сцяпанаву мару. Надзею.

А паказваюцца, раскрываюцца падзеі падрабязна. У дэталях. Размовах. З якіх выяўляецца цікавы чалавек – Сцяпан Пузырэвіч. Вось ён валачэ кола ад воза. Збіраецца майстраваць гняздо. Гэта яго маленькая таямніца. Ён яе хоча захаваць, і таму што здагадваецца – практычны селянін добра пасмяецца з яго. Даўмеўся мужык! Гульні ладзіць. І яшчэ таму, што таямніца яна і ёсць таямніца. Хто ж пра яе званіць будзе. І на пытанне брыгадзіра «Куды ты гэта?» падкідвае рытуальнае мужчынскае: «Ты закурыць не дасі?», а яшчэ і звычаёвае, кожнаму зразумелае: «Пагодка ў гэтым годзе стаіць! Скажы, як па заказу...»

Многае ў характары Сцяпана праясніваецца з аднаго толькі ўдакладнення: «Тут, за гэтымі веснічкамі, ён заўжды адчуваў сябе ўпэўнена і незалежна. Гаспадар!» І асабліва выяўляецца асоба Сцяпана з незласлівай сутычкі з жонкай, выяўляецца ў сваёй жыццелюбівай філасофіі, якую ён даводзіць трошкі з гумарам, з усмешачкай, з гуллівай фантазіяй. Нібыта зусім сур'ёзна, як часцей за ўсё робяць заўзятыя жартаўнікі, аматары розыгрышу, абвяшчае ён сваёй жонцы: «Верталёт рабіць буду... Праз тыдзень на ферму, як Баба Яга, лётаць будзеш... Фыр-ррр – і тамачкі!»

Лезучы на дрэва, весела паведамляе жонцы: «Да бога ў госці!.. Сёння ля Міхалёўкі мне анёлы ў кабіну заляцелі, паселі на плечы дый кажуць: вялікі ты пакутнік, Сцёпа... Загрызла цябе твая выдра ўшчэнт... Хрыстос глядзіць зверху і плача ад жалю... Лезь, кажуць, вечарком на ліпу...»

Калі ж намер Сцяпана становіцца відавочным і жонка ад таго намеру зусім не ў захапленні, дык ён натхнёна імкнецца пераканаць яе, падахвоціць да добрай справы. Вось дзе ён раскрываецца, Сцяпан Пузырэвіч. У гэтых дыялогах. Тут яго натура. Уся. Цалкам. Можа, трохі і дзівакаватая, але незвычайная, неардынарная. Спрабуе ён давесці сваёй жонцы: «Вось хаця б вясна... Ты думаеш, яна па лістках календара прыходзіць? Га! Разагналася, і на табе... Буслы з выраю вяртаюцца, і яна з імі... Гракі, шпакі і ўсялякая іншая драбяза – гэта адно толькі цьфу! А буслы... Яны вунь якія разумныя. Заўжды ля чалавека».

А калі, жонка ўсё ж не вельмі спяшаецца падзяліць яго захапленне, дык ён з'едліва жартуе: «Што ні кажы..., але калі ў чалавека на галаве хустка – капцы».

Прафесійны акцёрскі і літаратарскі слых у Дударава чуйны, памятлівы, ён умее вылучыць патрэбнае. Апавяданне «Святая птушка» – адно з лепшых у яго.

Не толькі ў гэтым апавяданні, але і ва многіх іншых Аляксей Дудараў імкнецца адысці ад апісальніцтва, што так часта спакушае маладых і немаладых літаратараў, хоча паказаць, а не расказаць, ужо відавочна намацваючы свой творчы почырк.

Героі Дударава «заўсёды крыху дзівакі», адзначаў Іван Шамякін у прадмове да рускага выдання. Накшталт Сцяпана Пузырэвіча. Або дзеда Рыгора Мулькевіча, з мянушкі Мульціка («Мульцік»), або Піліпіхі ў аднайменным апавяданні, або дзеда Восіпа («Лапці»). Усе яны ў дзівацтве сваім высакародныя, добрыя і ў нечым блізкія героям Шукшына або нашага ранняга Чыгрынава. («Ці бываюць у выраі ластаўкі?», напрыклад.) Прагнуць справядлівасці. І для душы сваёй – не тое каб суцэльнай, але добрай раўнавагі духоўнай, паразумення з людзьмі.

Дзеду Мульціку не дае спакойна жыць думка, што вось яго хваробу можна скарыстаць для дабра людзям, старая яго рана заўсёды прадчувае непагадзь, а метэаралагічная служба – так, назва адна, паведамяць – «без ападкаў», а дождж у самую касавіцу як жахне. Дзед-то, праўда, меў бы жаданне, каб і пасада была ў яго адпаведная. Афіцыйны метэаролаг пры праўленні калгаса. Ні больш ні менш. Ну, а дзед Восіп змагаецца за свае правы на выраб і продаж лапцей-сувеніраў, навошта ж каб заняпаў старадаўні промысел.

У бабкі ж Піліпіхі зусім фантастычная згадка. Падалося ёй, што на здымку з замежнага часопіса, які прывёз сусед-марак, сын яе, і кранты.

За гэтымі на першы погляд проста выпадкамі Дудараў умее ўгледзець і паказаць жывую душу, яе боль, яе радасць. Зусім асірацелая пасля вайны жанчына (двое сыноў загінулі, адзін прапаў без вестак, муж памёр) шукае выпадку хаця б у нешта паверыць, трымаецца веры ў народную легенду Сцяпан Пузырэвіч. Хоча збегчы ад прысуду ўзросту дзед Мульцік, адчуць сябе патрэбным людзям, справай занятым. Абараняе сваё ўмельства, рамяство продкаў дзед Восіп. І паказваецца гэта з добрым пачуццём меры, тактам, гумарам. Аўтар спачувае сваім героям, разумее іх. І пазбягае дыдактыкі, павучальнасці.

Аляксей Дудараў валодае няпростым уменнем правесці ў апавяданні «другую партыю». Вось у апавяданні «Кола» гаворка ідзе пра давер да чалавека, як, дарэчы, і ў апавяданні «Хвароба». Герой «Кола» – таксама з тых людзей, што выдаюць дзівакаватымі праўдалюбамі і не ломяць шапку перад лёсам і людзьмі. Быў выпадак – украў ён мандаліну, так уразіў гастралёр-балалаечнік. А зараз кожную прапажу ў вёсцы прыпісваюць яму. Так і кола ад веласіпеда. Знікла – значыць, Сашкавы выбрыкі.

Але вось другая тэма – яна ўсё адчуваецца, гаворка вядзецца нібыта паміж іншым, а ў фінале апавядання аказваецца на першым плане. Маці хлопца, і злуючыся на сына і шкадуючы яго, небараку, не падумаўшы кіне: «У каго такі недарэка?» – «У бацьку!» – злосна крычыць хлопец. Яго ж увесь час папракаюць адсутнасцю гэтага чалавека, па злоснай вясковай завядзёнцы кідаюць: «Байструк!» Сказаў і пашкадаваў. «Маці адразу ж змоўкла, а вочы ў яе сталі, сумнымі-сумнымі... Сашку да слёз стала шкада яе. Каб яно згарэла, гэта Грамулькіна кола!»

Тэма бязбацькавічаў, бязбацькаўшчыны набывае нейкую асаблівую пранікнёнасць, шчымлівасць у празаіка Дударава. І тут, у апавяданні «Кола», і ў «Мамкіным горы», дзе галоўны герой – чатырохгадовы хлапец, Марынавіч, якога таксама, як Сашку ў апавяданні «Кола», чакае слёзна-крыўдная мянушка. Куды ў такіх выпадках знікае звычайная вясковая лагоднасць, спагадлівасць? Таксама, на жаль, традыцыя... І ў сям'і Марынавіча адносіны складваюцца адпаведна гэтай традыцыі. Хаця «бяляваму, кучараваму Васільку столькі гадоў, колькі пальчыкаў на адпой руцэ, калі адзін прыціснуць да далоні. У Васілька ёсць мама і ёсць бабуля, а таты няма, і таму, што няма, бабуля яго не любіць». А Васілька яна так і заве – «мамкіна гора».

Дудараў звяртаецца да нашай чалавечнасці, да нашай натуральнай дабраты, добразычлівасці. Не робячыся ні рытарычным, ні просталінейным. Ніякай гаворкі пра вольнасць нораваў не ідзе. Дарэчы, цнатлівасць, адсутнасць натуралістычнасці – гэта таксама традыцыя беларускай літаратуры. Гаворка ў Дударава – зноў – аб справядлівасці, разуменні, любові да чалавека.

Празаік робіць спробу падысці да гэтай няпростай праблемы і яшчэ з аднаго боку. У тых апавяданнях гаворка пра дзяцей. У «Макаровым віры» ён робіць спробу гаварыць пра маці. Пра яе жаночы гонар, пра гонар мацярынства. І вось гэта, мне здаецца, аўтару не ўдалася так, як удаліся творы, пра якія гаворка была вышэй. З аўтарскага тэксту, з гаворак персанажаў нам вядома, што Надзя Ладышава, ці, як звалі яе ў школе, Каралеўна, у апавяданні так і пазначана, з вялікай літары, вельмі прыгожая, гордая, непрыступная. Сама па сабе драматычная гісторыя яе кахання і нараджэнне сына вынесена за межы сюжэта. Суцэльна прымальны ход. Але вось што ў тэксце? Герой апавядання падчас выпускнога вечара знячэўку бачыць Надзю на лаўцы ў садзе каля школы. Надзя плача. Пасля ўзаемных, такіх натуральных для юнакоў, кепікаў яна кліча яго на рэчку. Яны ідуць разам да Макарова віру, слухаюць, як цурчыць ручай, цалуюцца. Ніякага крыміналу і гвалту маралі тут няма. Героям семнаццаць гадоў, месячная ноч, выпускны баль – так яно і павінна быць. Праўда, як засведчыў тэкст, прыгажосць Надзі ніколі ніяк не кранала сэрца Алеся, закаханы ў яе ён ніколі не быў, хаця натура як быццам лірычная, піша вершы. І гэтая ноч каля Макарова віру – не доўгачаканае спатканне закаханых, а выпадковая сустрэча. І Надзя ці то спрабуе свае чары, таму што ініцыятыва цалкам належыць ёй, ці то хоча на нешта забыцца, знайсці спачуванне. Але... у рэшце рэшт, першы баль, узрушэнне пачуццяў, думак... Хаця гэта можна толькі дадумваць, у апавяданні таго няма. Усё неяк проста, будзённа, сумна.

...Героі сустракаюцца зноў. Яна мае дзіця. І ганарыцца сваім дзіцем. Гэта зразумела. Але зноў празаік пачынае апісваць і даказваць. А мы не верым.

Дык вось героі сустракаюцца зноў. І зноў гордая Надзя кліча яго да сябе, чамусьці ў такі момант, калі бацькоў няма, зноў сама лашчыць яго, «смелая, вельмі смелая». Гаворыць пра тое, што ёй хацелася б, «каб дакрануліся да цябе душой, а не рукамі, каб усё было шчыра, ад сэрца». Але якраз гэтага судакранання душ не адчуваеш. Або, скажам, адстароненасці іх. Гэта таксама трэба паказаць. Расказана гісторыя. І ўсё. Але, як было модна не так даўно згадваць, можа, усё ў падтэксце? Аднак ён жа тэкстам, прабачце, абумоўлены. І калі прыняць выказванне Хемінгуэя пра айсберг, што стала ўжо хрэстаматыйным, дык апавяданне ўяўляецца не льдзінай, у якой 0,9 яе памеру пад вадой, а не вельмі надзейным кабатажным кацерам, дзе і патрэбных пяці футаў пад кілем няма.

У выказванні Шэкспіра пра тое, што лепшая праўда – вымысел, нягледзячы на гіпербалізацыю, усё ж ёсць зерне ісціны. І калі не ўзняцце над рэальнасцю, дык ва ўсякім выпадку пэўны ракурс бачання, стаўленне да факта павінна быць. Як і псіхалагічная матываванасць учынкаў. Т ўсё гэта ёсць у Дударава. Але не ў апавяданні «Макароў вір». І не ў «Зорках над горадам». Не ведаю, чаго тут не хапае. Маральнага (нравственного) вопыту, самакантролю, пачуцця, майстэрства? Але тут не відаць таго пісьменніка, што так трывала прыцягвае нашу ўвагу.

Дарэчы, стварыць настрой, даць лірычны, а не толькі характарны партрэт Дудараў умее.

Ёсць у яго апавяданне «Сонца ў лужыне». Герою як быццам не шанцуе ўскруг. Дзяўчына, што мроілася ў сне, наяве адказвае па тэлефоне так, што надзеі не пакідае амаль ніякай, гаспадыня кватэры нудотна бурчыць, вясёлую гульню з незнаёмым малым перарывае занадта сур'ёзная маці. Але Слаўку ўсё роўна добра. Ад таго, што вясна. Ад таго, што сонца. Ад таго, што ён малады, здаровы. Ад таго, што багаты, як Крэз,– тры рублі засталося да стыпендыі.

І Дудараў умее гэта паказаць, перадаць. І няўдачы героя, і сонца, і вясну, і сакрушальную радасць маладосці.

Празаік ён здольны. І добра, што «птушка» Аляксея Дударава набрала вышыню. Добра б ёй трымацца на той адлегласці, калі блізкая зямля, адкрытае неба і далёка да беспаветранай прасторы.

...А праз некалькі гадоў імя Дударава стала шырока вядомым як імя аднаго з вядучых драматургаў Саюза. Пра гэта – далейшая размова.

II

Неяк давялося мне пачуць ад чалавека, што мае самыя розныя дачыненні да тэатра, у тым ліку выступае як крытык, што п'еса – так, накід для рэжысёра, чарнавы варыянт спектакля. Маўляў, толькі там, на сцэне, выяўляюцца характары, акрэсліваецца канфлікт, а тут, на пісьме, толькі словы, словы, словы... Як ні дзіўна, парафразы на гэтую тэму даводзілася чуць і ад драматургаў – па службовым абавязку такія размовы здараліся.

Яно, канечне, што ж гэта за п'еса, якая не ведае сцэны? Аднак... Паслухаем чалавека, якога ну ўжо аніяк нельга абвінаваціць у піэтэце перад драматургам – рэфарматара, эксперыментатара, фантасмагарычна нечаканага ў сваіх сцэнічных прачытаннях літаратуры Усевалада Меерхольда: «Мы ведаем іспанскі тэатр XVII стагоддзя таму, што ён пакінуў нам п'есы Цірса дэ Маліна, Лопэ дэ Вега, Кальдэрона, Сервантэса. Мы ведаем французскі тэатр XVII стагоддзя таму, што ён пакінуў нам пышную бібліятэку Мальера». Далей ідзе зусім ужо катэгарычная рэпліка: «Явіў сваё аблічча рэпертуар». Усё-такі рэпертуар. Першаснае слова. Гаворыць пастаноўшчык, ад фантазій якога ў свой час мог знямець самы смелы прыхільнік навацый.

Ці не таму сёння так шырока інсцэніруецца добрая проза. Слова майстроў. Сапраўднае слова.

Апошнім часам з'явілася безліч выданняў драматургіі: альманахі, зборнікі п'ес. Друкуюцца аўтары, пра якіх мы даўно ўжо чыталі розныя водгаласы: там ставяць – не прабіцца, аншлагі, тут рыхтуюць да пастаноўкі. Таямніцы і напаўтаямніцы губляюць расплывістасць няведання і набываюць абрысы канкрэтнага знаёмства. Нешта пацвярджаецца, сёе-тое расчароўвае, нешта адкрываецца, з нечым падбівае актыўна спрачацца. А галоўнае – адкрываецца шырокая магчымасць урэшце даўмецца, што ж пішуць сёння драматургі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю