355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алла Сямёнава » Слова сапраўднага лад » Текст книги (страница 4)
Слова сапраўднага лад
  • Текст добавлен: 20 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слова сапраўднага лад"


Автор книги: Алла Сямёнава



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 14 страниц)

Ёсць агульныя тэндэнцыі, ёсць агульныя тэмы, тэмы вандроўныя, ёсць агульныя і вандроўныя паэтычныя тропы. Раптам у такіх двух розных паэтаў, як Л. Галубовіч і В. Шніп, з'яўляюцца – у Галубовіча – «І сонца над светам спакусна плыве, як бохан гарачы пшанічнага хлеба», у Шніпа – «Бохан сонечны з небакраю»... А Шніпу гэты вобраз так упадабаўся, што ў яго спачатку «якуцкія вавёркі коцяць сонца ў Беларусь», а праз старонку «буслы над вёскай нашай коцяць бохан сонца па дубах». А ў вершы «Ёсць на Валожыншчыне вёска Пугачы» яшчэ раз «буслы на захад сонца коцяць па дубах». І немагчыма не ўспомніць барадулінскае «неба тваіх вачэй», калі чытаеш у Шніпа «нябёсы вачэй над дачушкай матуля схіліла ізноў». І больш як рызыкоўны ў яго такі троп: «Букет расцвіў слязой». Хаця сам па сабе верш, у якім ёсць гэты радок, празрысты, чысты, з харошым настроем узнёслай закаханасці, што заўсёды светліць пачуццё паэта:

 
Паглядзі, над белай зямлёй
Белы дзень на сонечным кані.
 

Светлае, чыстае, яснае – гэта ўвогуле асноўны ўспрымальны колер паэта. Нібыта прамень, што не прайшоў яшчэ цераз прызму жыццёвых выпрабаванняў і не раскладзены на розныя колеры спектру.

 
Першага снегу святло,
Ты для мяне, як свята,
Сонца памалу ўзышло
 
 
З коміна крайняй хаты.
Вецер сцяжыну маю
Ноччу замёў на лузе.
Ціха на ганку стаю,
Снег патушыць баюся.
 

У В. Шпіпа пазначаецца важная для паэта якасць – выводзіць прыватнае назіранне да абагуленага роздуму. Хаця, магчыма, занатоўвае ён пакуль тую асацыяцыю, што ўзнікае адразу, не заглыбляючыся думкай у сутнасць з'явы.

 
Ідзе гадзіннік —
Цік-так, цік-тук...
А мне думаецца —
Няўмольны час
Забівае дзверы
У наша мінулае.
 

У вершы Шніпа «Зайшла усмешка у купэ...» са знаёмымі паэтычнымі атрыбутамі: цягнік – сённяшняя рэалія, сімвалічны край свету – асвячоны традыцыяй паэтычны ландшафт. Узнікае асабістае, паэтава, адчутае: «Я моўчкі п'ю халодны чай,/ Балюча апякаю губы». Практычная несуадноснасць, супярэчныя факты – і мастацкая апраўданасць вобраза.

Мабыць, яшчэ неўсвядомлена, але адчувае паэт існаванне ў першую чаргу як хараство быцця, як падставу радавацца прысутнасці ўсяго жывога на зямлі. З маладой непасрэднасцю ўспрымае В. Шніп «снег, нібыта шчырасць звонкай маладой зімы», вятры ў яго вершах «прапахлі скошанай травой», узыходзіць у вершах В. Шніпа «рунёвае сонца». І зборнік свой ён назваў «Гронка святла».

Нездарма зборнік В. Шніпа прыцягнуў увагу Рыгора Барадуліна, і той са шчодрасцю і добразычлівасцю сапраўднага таленту знаёміў гледачоў тэлебачання з паэтам. Заахвочана, ярка, шумліва знаёміў. Так яно і павінна быць. Калі прадстаўляеш паэта чытаючаму грамадству. Ну, а калі весці дзелавую гаворку – нельга не заўважыць і самапаўторы, і не толькі тыя, пра якія вялася гаворка, і не заўсёды строгі адбор вершаў, і яшчэ павярхоўны, не засяроджаны,– не погляд, а позірк на з'явы, рэчы, праявы.

Знарок адкладвалася слова пра Леаніда Дранько-Майсюка. Не таму, што ён менш дастойны ўвагі. Яго кніга – адна, можа, з самых цікавых заявак сённяшняга маладога «прызыву». Дранько-Майсюк прыцягвае ўвагу тым, што спрабуе працаваць у некалькі іншым творчым кірунку. Хаця, здавалася б, усе рэаліі звычнага пісьма навідавоку: геаграфія – роднае Палессе, тыя ж лясы, азёры, пагоркі, ёсць і поўная зборня сямейнікаў – жонка, сын-мацачок, а ў сына дзве бабулі і два дзяды. Але ўсё гэта – у хітрасплеценым атачэнні асацыяцый, кодаў, шыфраў, у атачэнні, наўмысна створаным добра выштукаванай фантазіяй паэта. Фантазіяй з літаратурным ухілам. Але пра яго вершы не скажаш – штампы, паўторы. Калі яны і ёсць, дык не ў цытатным выяўленні.

Паэтычная рэальнасць Леаніда Дранько-Майсюка мройлівая, час як катэгорыя існавання ў яго, мабыць, самы размыты з усяе гэтай кагорты, канкрэтныя гістарычныя рэаліі ён выключае са свайго паэтычнага ўжытку, пакідаючы агульныя паняцці, прасторавую канкрэтыку. У яго вершах прыкмячаюць перазовы з Ю. Кузняцовым. Але ні кузняцоўскага эпатажу, ні ягонага сарказму нават у адносінах да калег па цэху («шифровальщики пустот и общих мест дрозды») – у Дранько-Майсюка няма. Праўда, няма і кузняцоўскага эмацыянальнага напору, узрушанай, нервовай пластыкі пісьма. Але ёсць, як і ў рускага паэта, абавязковая нацэленасць на рух у эмпірэях паэтычнай прасторы, там, дзе, як у палёце сучаснага лайнера, забяспечваецца абавязковая вышыня. І знікаюць у канкрэтным зроку асобныя, адзінкавыя рэчы, мясціны, нават зямля. Застаецца яркі, чысты, высозны блакіт у халодным ззянні дзённага свяціла і амаль іррэальныя абрысы аблокаў унізе, і за імі толькі намаганнем розуму, але не зроку, угадваецца зямля. Усё глядзіцца з гэтай астральнай адлегласці. Тут можна разважаць пра ўсё, што можа быць мэтай гаворкі ў паэзіі. Канечне, і пра самую паэзію. Для Галубовіча гэта рэальныя «боль» і «жар», і сімвалічныя «рай» і «рой думак», і нават рай вельмі канкрэтны – «толькі геніі парой жылі часова гэтым раем». Дранько-Майсюк прапануе незашыфраваны сюжэтны ход. З'яўляецца ў вершы жанчына – ці то муза, ці то багіня, ці то проста сімвал паэзіі. І адразу гэта жанчына «знікае ў хаце – глухім будане». І як у старой казцы, шукае яе герой, хаця гавораць яму добрыя людзі: «Абыдзі вёску гэтую сёмай дарогай...» І – урэшце – пад заслону – знаходзіць жанчыну: «Выйшла з хаты глухой – будана,/ Да каровы бабуля сівая». Сэнс, безумоўна, празрыста ўгадваецца – паэзіі прагнуць усё жыццё, і яна ніколі не бывае сініцай у руцэ. Прыблізна так – але, як кажуць, магчымы варыянты. Паэт, мне здаецца, разумее гэта і шырэй – не толькі ўсё жыццё шукаць, у тэксце і «стагоддзі пад столлю сышліся». Толькі ў спалучэнні часоў разумее паэт пошук творчы. Не інакш – сённяшняе, мінулае, вечнае. Так і патрактавана ў Дранько-Майсюка яго стаўленне да паэзіі, да прадмета яго: у сутыкненні рэальнага і нерэальнага, міфалагічна-казачнага і канкрэтнага, у поцягу да філасофскіх разваг і спроб уявіць рэчаіснасць як адчужанае ад звычаёвасці быццё і адухоўлены побыт.

 
Ты мне што-небудзь раскажы...
І я расказваю што-небудзь,
І так спакойна на мяжы
Зямлі і ранішняга неба.
 

Ці яшчэ:

 
Там дзесьці дуб зусім сухі,
Там бусел-зух кубло майструе
І рассыпае па імхі
Свой клёкат, толькі дуб не чуе.
 
 
І там бабулька ў кошык свой
Той клёкат з долу сабірае,
І на здзіўлены вокліч твой
«Дзяньдобры»,– вымавіць старая.
 

Аднак не пара тут для падрахункаў, нават і самых папярэдніх. І не хацелася б рабіць шарэнгу – першы, другі, трэці... Бясспрэчна, што здзейсніў сябе як паэт Галубовіч, і ад таго яму як нікому іншаму будзе складана з другой кнігай – усе будуць чакаць новай вышыні. І бясспрэчна – сваім, няпростым, і не падобным да іншых шляхам спрабуе ісці Дранько-Майсюк, шляхам, дзе так лёгка спраставаць да суцэльнай зашыфраванасці, калі паэт становіцца творцам для вузкага кола супрычасных асоб, але і шлях, які адкрывае магчымасці выпрабаваць сябе ў варунках неардынарных, паспытаць на трываласць свой узровень прафесійнасці.

Дарэчы – аб прафесійнасці. Вельмі важна, што ў пазначаных кнігах ёсць пэўны ўзровень пісьменнасці і адукаванасці.

Праўда – яшчэ раз – у кожным зборніку ёсць добрыя вершы, але цэласнае ўражанне пакідае толькі «Таемнасць агню» Л. Галубовіча. Аднак кожны добры верш – спадзяванне на добры працяг. «Пазнаўшы пачатак – не знаем канца...» (Л. Галубовіч). Адчуваюцца магчымасці паэтычнага тэмпераменту Алеся Пісьмянкова, і не вельмі верыцца ў яго абвяшчэнні тыпу: «І так здзіўляцца ўжо не ўмею, і так смяяцца – не магу». Думаецца, яшчэ і здзівіцца неадноечы паэт і не міне магчымасці здзівіць іншых сваім словам. Пэўна, будуць вастрыць сваё пяро Алесь Жыгуноў, Віктар Шніп, Іван Рубін. Адказны гэта тытул – малады. А жыццё багатае на сюрпрызы. Бывае, праз некалькі гадоў, насуперак усім прагнозам, з'явіцца таленавітая другая кніга – ажно зусім не таго, каму прадракалі найпрасветлены шлях.

Адным словам, хай набіраюць для песні вышыню.


«А ХАЦЕЛАСЯ В СЛОВА НЕ МАРНАГА...

Плён «гармонических затей» (А. Пушкін) у іх высокім, абстрагавана-канкрэтным сэнсе выяўляюць старонкі многіх выданняў 1985 года. Сур'ёзная, а часам і зацятая гаворка на старонках «Литературной газеты», «Вопросов литературы», нашай «Літаратуры і мастацтва» і г. д. Маю на ўвазе дыскусію «Праўда і праўдападабенства» (ЛГ), перманентна-шматгранную размову пра шляхі развіцця «вясковай» прозы, спрэчку аб пакаленні «саракагадовых», нечаканыя ракурсы праблем у сучаснай «вясковай» публіцыстыцы (ВЛ), меркаванні аўтараў нашага «ЛіМа» пад адказным грыфам «Сучаснасць і сучасная літаратура». Гэта зразумела: час абавязвае – пярэдадзень партыйнага і пісьменніцкіх з'ездаў, канец чарговай пяцігодкі. Па сутнасці, сучаснасць і сучасная літаратура – пра гэта гаворка ва ўсіх выданнях, хаця праблематыка акрэсліваецца па-рознаму. (Не абыходзіць гэтых тэм і друк іншых саюзных рэспублік, але «ахапіць неабдымнае» немагчыма, і трымаць іх у полі зроку не будзем.)

Калі ж параўнаць наш літаратурны клопат з агульнасаюзным, дык пэўна будуць відавочныя і многія агульныя моманты, і свае, толькі нашы, турботы.

Агульныя – асэнсаванне сучаснай прозай народных характараў, гістарычных шляхоў народа, філасофскае ўзбуйненне і выяўленне сацыяльных і маральна-этычных праблем. Як і ў рускай літаратуры, мабыць, у першую чаргу, «ваеннай» і «вясковай» прозай. Але не толькі. Хіба змесціш у гэтыя няпэўныя тэматычныя межы створанае многімі нашымі празаікамі старэйшага і сярэдняга пакаленняў, што зрабілі непараўнана многа для сучаснага беларускага прыгожага пісьменства. Іван Мележ, Янка Брыль, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Алена Васілевіч, Мікола Лобан, Васіль Вітка, Ян Скрыган, Аркадзь Марціновіч, Алесь Адамовіч, Уладзімір Караткевіч, Іван Чыгрынаў, Вячаслаў Адамчык, Іван Пташнікаў, Міхась Стральцоў, Віктар Карамазаў, Барыс Сачанка, Анатоль Кудравец, Віктар Казько, Алесь Жук... Агульнае – публіцыстыка (Карамазаў, Будзінас, Казловіч) больш пільна ўзіраецца ў праблемы сённяшняга сяла, проза ж надае мастацкую ўвагу праблемам больш шырокага, «стратэгічнага» дыяпазону. Агульнае – небагата рабочай тэматыкі, эстэтычны ж яе ўзровень далёкі ад тых дасягненняў, што маюць творы «ваеннай» і «вясковай» прозы. На маю думку, яркі ўзор гэтага не сёння напісаная, але надрукаваная ў свой час у «Новом мире» аповесць рускамоўнага пісьменніка з Беларусі А. Каштанава «Заводскі раён». Дзе збольшага рэальная вытворчая калізія лакальнага значэння аздоблена млявым адзюльтэрам. Вытворчы побыт, памножаны на побыт хатні, і хатняга ж маштабу пачуцці, акаймаваныя межамі ўтульнай кватэркі Антаніны Брагінай. Адным словам, той самы выпадак, калі «адлюстроўваючыя» бытавікі не асвяжаюць літаратуры і нічога не даюць побыту...» (Ю. Тынянаў).

А ўвогуле стыхія побыту, як і стыхія другаснасці ўладна прысутнічаюць і ў нас. Праўда, больш у «вясковай» і ў «ваеннай» прозе. Існуе некалькі варыянтаў сюжэтаў, якія вандруюць з твора ў твор, у розных пісьменнікаў розных пакаленняў. Пра гэтыя вандроўныя сюжэты: ўжо згадвалася ў дыскусіі: самотныя бацькі ці адзін з іх у вёсцы, дзеці – найчасцей няўдзячныя і нядбалыя – у горадзе, «налёты» на вясковыя ласункі дзяцей і недарэчныя падарожжы бацькоў у горад. І галоўныя героі сапраўды, нават у маладых, больш дзяды і бабулі (У. Навумовіч, «ЛІМ»). Ёсць некалькі найбольш распаўсюджаных варыяцый «ваеннай» тэмы. І, як адзначаў А. Пяткевіч («ЛІМ»), гэта абумоўлена рэчаіснасцю, уваходзіць у мастацкую рэальнасць тое, што многія адмоўныя героі – яшчэ з тых часоў, часоў вайны, нават у маладых. Дарэчы сказаць, побач з варыяцыямі «ваеннай» тэмы, ёсць і відавочныя мастацкія здзяйсненні, у тым ліку і ў маладзейшых літаратараў, у тых, хто не ведаў асабіста вайны. У першую чаргу «Радавыя» А. Дударава. Няпростую сувязь з ваеннай парой можна прасачыць у аповесці П. Лецкі «Па цаліку», у няскончанай аповесці Р. Семашкевіча «Ясень».

Можна яшчэ знайсці шмат агульных турбот, але – многа ў нас клопату такога, што ўжо клопат толькі наш. І нам пакуль што не выпадае наракаць на засілле ў творах нашых пісьменнікаў, скажам, герояў «вядомых, звышвядомых, значных» – мастакоў, архітэктараў, кінарэжысёраў, дыпламатаў, на засілле якіх у рускай прозе так скардзіцца І. Дзядкоў (Лит. газ., 1985, 31 ліп.) Бо пакуль што герой-гараджанін, герой-інтэлігент у нашай прозе з'ява не частая. Хаця, мне здаецца, прафесія героя ўвогуле не можа быць крыміналам. У рускай літаратуры былі не толькі «Хори и Калинычи», як прыгадвае Дзядкоў, былі і князь Балконскі, і фельдмаршал Кутузаў, і цар Пётр І. А калі крануць літаратурную геаграфію шырэй, дык і Адрыян Леверкюн Томаса Мана – кампазітар, і доктар Фаустус не боты шыў. Хаця былі і ў нас пісьменнік Андрэй Грынкевіч, князь Загорскі, хірург Яраш, архітэктар Карнач, героі Алены Васілевіч... Аднак...

І не выпадкова звярнуў пільную ўвагу А. Пяткевіч па аднатоннасць, аднастайнасць, тэматычную і жанравую беднасць. Таксама толькі ўжо наш клопат.

Бясспрэчныя поспехі нашай літаратуры ў тым спосабе пісьма, калі «думка... раствараецца ў выяўленні, знікае ў ім» (І. Залатускі). Калі гэтым спосабам валодаць дасканала, ён стварае тую натуральнасць, нязмушанасць, пластычнасць пісьма, якім так вабіць чытачоў беларуская літаратура.

Але з цягам часу ўсё больш адчуваецца патрэба ў філасофскай, умоўна-алегарычнай, асацыятыўнай, так званай інтэлектуальнай прозе. Ды, урэшце, і проста «гарадской». Па многіх прычынах. У тым ліку і па той, што зусім на паверхні. Скажам, скідваць з рахунку сённяшні дэмаграфічны расклад, колькі насельніцтва ў горадзе, колькі ў вёсцы, ніяк не выпадае.

Эмансіпацыя думкі – з'ява рэдкая ў беларускай літаратуры. Настолькі рэдкая, што кожнтую спробу ў гэтым напрамку мы сустракаем, можа, і з залішнім даверам. Хаця... «Суцэльна новае» не пазнаецца... «Чым больш прымітыўнае эстэтычнае ўсведамленне, тым для яго патрэбна больш старога, каб успрымаць новае» (Д. Ліхачоў). Мала хто з нас пагодзіцца з самазнішчальнай версіяй пра недастаткова сфарміраванае ці прымітыўнае ўсведамленне, ёсць боязь паддацца ілюзіі адкрыцця, калі там усяго толькі старанная падробка. Але яшчэ больш, можа, важна не прамінуць патрабавальнай і добразычлівай увагай нейкі парастак сапраўднага. Аднак і не паддацца «літаратурнаму санкюлоцтву» (І. Гётэ), не паставіць пасрэднасць на месца таленту.

Зноў жа. Здаецца, так проста, талент гэта талент. Ні больш ні менш. А як у нашых ацэнках аб'ектыўны сацыяльна-філасофскі змест, эстэтычная ёмістасць твора суадносяцца з суб'ектыўным кодам прачытання? І ці заўсёды мы ўспрымаем твор у той сістэме каардынат, у якой ён створаны? Таму што, скажам, зыходзячы з пазіцый жорсткага рэалізму, падпарадкаванага канкрэтнаму факту, можна колькі хочаце абурацца пэўнымі спосабамі асэнсавання рэчаіснасці, зыходзячы з іншых апорных мастацкіх пазіцый, і здзекавацца з тых, хто выкарыстоўвае шматслойную сімволіку і ўмоўныя прыёмы пісьма, рытмізаваную прозу, як гэта робіць М. Ганіна (Лит. газ., 1985, 4 сн.), субліміруючы шматлікія складанасці мастацкага твора толькі ў этычны фактар. Або, арыентуючыся на жывапісную побытавую пластыку нашай і рускай прозы, лічыць «Карнікі» А. Адамовіча літаратуразнаўча-філасофскай схемай на дакументальным матэрыяле. Ці наіўна запраграмаваць фантасмагарычную гарэзію строгаму і жорсткаму пісьму В. Быкава. Або займець думку знайсці адкрытую філасафічнасць у яго прозе, яе няма, хаця проза В. Быкава, безумоўна, мае свой філасофскі эквівалент. І, зыходзячы з тых жа крытэрыяў, палічыць бесфабульны роздум, свабодны мантаж уражанняў і думак, мазаіку няпростых дапушчэнняў, складаную повязь асацыяцый, раскідана-ўпарадкаваны лад пісьма ў прозе апошняга часу ў Янкі Брыля або некаторых твораў Міхася Стральцова справай аналітыкі, а не мастацтва... Або патрабаваць ад Івана Чыгрынава, якому ўласціва імкненне да маштабнага мыслення, да светапогляднага роздуму, да сацыяльнага абагульнення, лірычнай мройлівасці і «фолкнераўскага апавядальнага хаосу» (К. Сцепанян). Ці ад В. Адамчыка, тонкага майстра псіхалагічнага пісьма, чакаць, што ён будзе гэта рабіць аскетычным пэндзлем з літаратурнай майстэрні пазалагічна-мантажнага асацыятыўнага стылю, калі ў яго рабочым арсенале безліч жывых назіранняў, канкрэтыка побыту, краскі і фарбы зямлі, калі ў яго творах так адчуваецца жывая плоць слова.

Усё гэта пісьменнікі адметнай творчай індывідуальнасці, са сваёй манерай пісьма. Хаця ніхто не можа прагназіраваць і прадгадваць, у якім кірунку будзе стварацца наступны твор. Згадаем, якімі радаснымі і нечаканымі былі «Ніжнія Байдуны» і «Золак, убачаны здалёк» Янкі Брыля. А хто ж ведае, што з'явіцца раптам перад грамадскасцю, якое творчае празарэнне ў выніку «раптоўнага супадзення свядомай і падсвядомай дзейнасці» (Ф. Шэлінг) любога з названых пісьменнікаў. І такіх празаікаў, як Віктар Казько, Віктар Карамазаў, Анатоль Кудравец, Алесь Жук. Кожны з іх апошнім часам выявіў і здольнасць да эксперыменту і ў многім здзейсненасць спробы.

У кожнага свой шлях. Свядома ці падсвядома Уладзімір Караткевіч нездарма звяртаўся і да сучаснасці, і да гістарычнай тэмы, згадваючы, што лагічнае веданне адназначнае, гістарычнае ж веданне не выключае лагічнага, але дадае і момант часу. Гістарычнае ж веданне змяшчае ў сабе магчымую супрацьлегласць (Ф. Шэлінг). І надае рухомую дзейснасць створанаму.

Высокі лёт абагульняючай думкі... Духоўная вышыня... Этычная ёмістасць... І дэталі, падрабязнасці, побыт... Празаік Грэкава лічыць, што з іх і складаецца фактура твора, без іх знікае жывое дыханне рэчаіснасці (Лит. газ., 1985, 30 лістап.). Пра строгі іх адбор вядуць гаворку ў сваіх бліскучых артыкулах А. Станюта і М. Стральцоў («ЛІМ»), хаця артыкул М. Стральцова «Калі гаварыць пра жанры» пайшоў за межамі гаворкі «Сучаснасць і сучасная літаратура». Не збіраючыся ні дапяць да ісціны ў апошняй інстанцыі і зусім не ад «свербу падсумавання» (А. Клышка), хачу ўсё ж свае тры грошыкі ўкінуць.

Ужо згадваемы раман «Алімпіяда» І. Пташнікава. Нібыта і насцярожвае празмерная дэталізацыя, часам нават натуралістычныя падрабязнасці (сцэны з Фірагам, некаторыя з «маналогаў» няні Сцяпанаўны), падрабязнасці, якіх не сустрэнеш нават у апісанні армейскага побыту ў такім, скажам, гранічна аголеным, перанасычаным жорсткай, знішчальна падрабязнай праўдай рамане, як «Толькі пакліч» Джэймса Джонса. Але... Чытаеш-чытаеш – і «фламандской школы пестрый сор» (А. Пушкін) выяўляецца мастацкай праўдай. Нібыта ступіў на глыбокае ворыва, добра ўгноенае, паветра зусім не азаніравана, ногі гразнуць, але гэта сапраўдная глеба. Зямля. Пташнікаў увогуле валодае таямніцай стварэння амаль фізічна адчувальнага – не макракосма і не мікракосма – прыроднага жыцця. У канкрэтных сацыяльных абставінах. І ўмее надаць канкрэтнаму выпадку значэнне сімвала. Згадаем хаця б адну з самых моцных сцэн у рамане – выратаванне Алімпіядай калгаснага статка, племяннога быка Сіментала. Стыхія натуры, прыроды, жорсткасць яе – і высокі сэнс чалавечага ўчынку, такога, якімі вымяраецца жыццё чалавека. Жыццё ў еднасці з людзьмі і прыродай – хіба можна забыцца на тое імгненне, калі выратаваная жывёліна, бык Сіментал «замычэў... жаласна і пачаў лізаць сваім шорсткім гарачым языком ёй рукі: пальцы, далоні, рукавы. Лізаў, як ліжа карова сваё цяля ў першы дзень, калі тое паявіцца нa свет...».

Нельга, праўда, не згадаць і не пагадзіцца з тымі словамі Ю. Сураўцава на пленуме СП БССР, што, на жаль, характару, роўнага Алімпіядзе, сярод маладых герояў у рамане няма. Ну, але ж такі закід можна рабіць і ўсёй рускай «вясковай» прозе. А вобразна выяўленая мастацкая ідэя тут відавочная.

І. Пташнікаў цвёрда прытрымліваецца традыцыйнай хранікальна-апавядальнай манеры пісьма, з выразным пластычным малюнкам. Як, дарэчы, гэтай манеры прытрымліваюцца ўвогуле аўтары «Полымя». Добрая, вывераная мова, устойлівы побытавы антураж, трывалае, немітуслівае, непаспешлівае пісьмо. І ў тых, хто друкуецца ў часопісе даўно, і ў тых, хто не так даўно пачаў асвойваць старонкі паважанага часопіса. З. Прыгодзіч, М. Кусянкоў, М. Клебановіч, Г. Марчук, Т. Бондар...

Калі пагартаць «Маладосць», дык тут большая размаітасць тэматыкі, большае імкненне да стылёвай разнастайнасці, больш новых імёнаў, больш рызыкі. Большая ўвага «гарадской» тэматыцы. Дарэчы, зноўку згадаўшы справядлівыя закіды А. Пяткевіча наконт жанравай беднасці і аднатоннасці пісьма, да названых ім пісьменнікаў (Я. Брыля, І. Шамякіна, В. Быкава, У. Караткевіча, В. Казько, В. Гігевіча), творчыя дасягненні якіх вынікаюць не ў апошнюю чаргу дзякуючы адхіленням ад згаданай лініі хранікальна-бытавога пісьма, «уніфікаванага стылю», абавязкова дадала б імёны М. Стральцова, А. Жука, В. Іпатавай, Р. Семашкевіча. Ды і В. Блакіт зусім не трымаецца напрамку бытавой хронікі, дарэчы, зрабіўшы ўпэўненыя крокі ў напрамку ў нас нячастым – іранічнай прозы.

Імкнуцца да жанравай разнастайнасці маладыя празаікі Хрысціна Лялько (хаця, магчыма, больш моцная яна пакуль што ў традыцыйным пісьме), Уладзімір Арлоў, Алесь Наварыч, Алесь Асташонак.

І ўсё ж гэта – пакуль што не так многа ў агульнай плыні нашай беларускай прозы. Таму мы так радуемся кожнай спробе пашырэння тэматычных, жанравых, стылёвых межаў.

Добра, што з'яўляецца, скажам, «Мост» А. Станюты. І арганічна, як заўважыў А. Рагуля, «моўнай культурай і эмацыянальнай танальнасцю ўпісваецца ў традыцыі нацыянальнай прозы». Справядліва заўважана. Але, мне здаецца, не толькі ўпісваецца. Нешта і дадае. Шмат у чым спрыяе таму, пра што мы вядзём гаворку. Жанрава-стылёвай разнастайнасці. Кампазіцыйная пабудова, што нагадвае сцэнарый для кіно, лаканічнае пісьмо, назыўныя «стаката» прадуманых сказаў, дасціпныя выразы, накшталт: «Закруціліся, забубніліся ў розных добрых пажаданнях, прывітальных размовах, укаталіся ў словах». «Укаталіся ў словах» – трапна сказана. І з поваду пільна заўважанага. З тых эпізодаў, калі ў прыватна-асабістым праглядваецца сацыяльнае. Укаталіся ў словах, загразлі ў балбатні, кідаем урачыстыя «блокі слоў», звыклыя трафарэткі, забыўшыся пра сэнс таго, што адбываецца. Вось і атрымалася. На пахаванні сухастойна-казённую прамову скончыў чалавек словамі: «У добры час...»

Увогуле ў аповесці многа «ума холодных наблюдений и сердца горестных замет». У тым ліку і такіх, дзе праглядвае нестандартны, тонкі інтэлект крытыка А. Станюты, з добрым поцягам да жыццёвай развагі. Як гэтая замалёўка на могілках: «Нягучныя галасы людзей, занятых тут як бы зусім будзённымі, ледзь не хатнімі справамі, яркае сонечнае святло, пах свежай, прагрэтай травы і мерны гук далёкага самалёта ў летнім небе – усё гэта было такім, што хацелася ўяўляць – і ўжо здавалася,– нібы нікога больш не будуць з плачам апускаць у зямлю не тое што тут..., але ўжо нідзе і ніколі... Як быццам гэта адбывалася раней, а цяпер ужо – усё, скончылася назаўсёды, і людзям засталося толькі бываць тут...»

Аповесць цікавая і каларытам першых дзесяцігоддзяў пасляваеннага гарадскога жыцця, што, зноў згадаем, нячаста трапляе на старонкі нашай прозы. І галоўнай думкай, вобразна выяўленай,– сувязь, мост паміж мінулым і сённяшнім. Сімвал, як для А. Станюты, можа, занадта пастаўлены ў адну плоскасць, надае лінейны напрамак складаным асацыятыўным сувязям, якія ўспрымаюцца ў шматлікіх вымярэннях. Асабліва адчуваецца гэта ў той лініі аповесці, што мае на мэце згадаць юначае каханне героя.

Не хацелася б, каб гэта ўспрынялося як закід наконт таго, што сам А. Станюта лічыць стратай «неабходнай вышыні погляду і думкі». Не. Проста мне здаецца, што творчыя рэзервы А. Станюты даюць падставы чакаць ад яго высокага выяўлення мастацкай логікі. Хацелася б спадзявацца, што гэта не спарадычнае яго выступленне ў прозе. Хаця сам пісьменнік заўсёды вырашае, дзе і як сказаць сваё галоўнае слова. Незалежна ад нашых суб'ектыўных уяўленняў.

Вяртаючыся да таго, што мы заўважаем амаль кожную спробу пашырэння традыцыйных межаў пісьма. Вось і з'яўленне У. Арлова не пакінулі без увагі. Сам ён, калі меркаваць па яго дыялогу з Т. Грамадчанка («Маладосць», 1985, № 7), успрыняў гэта прыблізна так. Узрадаваліся: «Глядзіце, хто прыйшоў!» І не без добрага кпіну кінуў, нават «обронил»: «Чамусьці самі крытыкі імкнуцца стаць «сваімі» калі не для ўсіх, дык, прынамсі, для большасці пачаткоўцаў». Мае рацыю. Занадта часта чуваць у нас «велічальныя спевы бардаў» (А. Бачароў). Але, што зробіш, не спешчаны мы разнастайнасцю, пры вялікіх дасягненнях традыцыйнага пісьма.

А ў Арлова з'явіўся герой-сучаснік, малады (!), «дэфіцытны» персанаж, ды яшчэ які, ды яшчэ з нейкімі духоўнымі памкненнямі, усведамленнем не на ўзроўні першапачатковых жыццёвых радасцей, з разуменнем супрычаснасці да гісторыі свайго народа, да яго культуры, супрычаснасці дзейснай, актыўнай. Як не заўважыць? А яшчэ і зусім прыстойная беларуская мова. У апавяданнях гістарычных веданне рэалій часу, абставін гістарычных, не похапкам зграмазданых сітуацый. Як не заўважыць? Праўда, нельга не заўважыць і другога. Занадта шчыльную блізкасць да ранняга Караткевіча. У. Арлоў сам падкрэслівае сваю духоўную спадчыннасць з гэтым таленавітым пісьменнікам, у тым жа дыялогу з Т. Грамадчанка: «...наша пакаленне адчувае адказнасць за працяг і развіццё традыцыі, заснаванай Уладзімірам Караткевічам». І добра, што адчувае адказнасць. І вельмі важна. Але ці варта рабіць традыцыяй і тое, што Караткевічу даравалася за незвычайны талент, за імпэт першапраходцы (не будзем кананізаваць таленавіцейшага пісьменніка, гэта яму не патрэбна, ён столькі і так зрабіў для беларускай літаратуры і культуры, што зменшыць яго значэнне немагчыма). Дык у Арлову таксама вабіць, захапляе нават тая ж апантанасць культурай і гісторыяй роднага краю, пэўнасць станоўчых ідэалаў, рамантычная прыўзнятасць, зацікаўленасць духоўным светам сённяшняга гараджаніна і яго продкаў, што здзяйснялі свой жыццёвы шлях як усвядомленае быццё. Як і ў Караткевіча. Што, безумоўна, будзе «рэкрутаваць» чытачоў Арлову. А тым больш нельга не заўважыць, што ў Арлова тая ж звышкрайняя патэтыка – але ў Караткевіча яна ўраўнаважвалася гумарам і іроніяй. Шматслоўе – у Караткевіча яно не тое каб апраўдвалася, але ў нейкай меры кампенсавалася Нястрымнасцю творчага тэмпераменту, невераемнай эрудыцыяй, выбуховым шалам таленту. І – яркасцю, дасціпнасцю мовы. У Арлова, згадаю яшчэ раз, добрая беларуская мова, але пакуль што той хвацкасці, агністасці пісьма, што ў Караткевіча, няма. Таму, магчыма, і шчырае хваляванне героя падаецца высакапышпым, калі не фальшывым, а героі часта нагадваюць герояў ранніх апавяданняў і аповесцяў Караткевіча, можа, крыху «гарадской» прозы Стральцова. Больш, безумоўна, першага. Хаця, да прыкладу, такое апавяданне, як «Віта», калі паступіцца ў ім псеўдаэсатэрычнымі захапленнямі героя Мантэнем і кніжнымі рарытэтамі на паліцах гераіні, дае магчымасць пабачыць і тонкі псіхалагічны малюнак, і ўменне задумацца над няпростымі пытаннямі жыцця. А гістарычныя апавяданні накшталт «Пяць мужчын у леснічоўцы» або «Місія папскага нунцыя» даюць падставы чакаць і сапраўды працягу традыцый у асэнсаванні мінулага. Пісьмо тут больш строгае і дакладнае, як у сучасных апавяданнях, аднак паралелі з ужо чытаным, і не толькі ў Караткевіча, узнікаюць, у сітуацыі, характарах, канфлікце. Вось што падаецца вельмі важным і так патрэбным беларускай літаратуры – спробы выхаду У. Арлова не так каб да адчування сучаснай плыні жыцця, але да нейкіх глыбінных, свядомасных яе пластоў. У аповесці «І вярталіся мы...», можа, найбольш. Часопісны яе варыянт цікавы, але надта ж эскізны, сюжэтна даведзены да канца, аднак і характары, і сітуацыі, і праблемы толькі пазначаны, не праяўлены. Хаця спробы роздуму вельмі значныя, так і чакаеш працягу дзённіка Рамана Галубовіча.

Як мне падаецца, адзін з найбольш моцных бакоў вопытнага В. Гігевіча таксама імкненне да ўскосна-простых выхадаў да чытача з роздумам, імкненне выслабаніцца, імкненне ўзняцца над падзейным. Хаця выявіць гэта бывае няпроста ў стракатай фактуры тэксту. Імя празаіка згадвалася ў гаворцы даволі-такі многа, і не выпадкова. Нават калі прааналізаваць усе страты і пралікі яго прозы, магчыма, не заўсёды дакладна па-мастацку асэнсаваны вопыт назіранняў жыццёвых, дык нельга не аддаць належнае яго спробам. Ён імкнецца намацаць кірунак на не абжытых літаратурных «пляцах». Маю па ўвазе беларускую літаратуру. Таму, магчыма, і ёсць спакуса азірнуцца на рускіх і замежных калег. І цяжка адбіцца ў новых сферах ад набытага, звычнага вопыту. І знайсці свой шлях.

А шляхі... Яны заўсёды розныя. І трэба, каб рознымі былі. Мне хацелася б яшчэ раз паўтарыць гэта. Толькі не варта ў прозе шукаць панацэі ад усіх бядот у адным нейкім жанры ці напрамку, як, скажам, робіць у дачыненні да крытыкі С. Дубавец у дыялогу з В. Даўнісам – эсэ, і толькі, пажадана эсэ не крытыкаў, а празаікаў. Але ж – куды падзенешся без рабочай рэцэнзіі, праблемнага артыкула, погляду на літаратуру 198... года. Так і ў прозе. Галоўнае – каб слова было не марнае.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю