355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алла Сямёнава » Слова сапраўднага лад » Текст книги (страница 7)
Слова сапраўднага лад
  • Текст добавлен: 20 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слова сапраўднага лад"


Автор книги: Алла Сямёнава



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 14 страниц)

У пасляваенным жыцці ўсё набыло асаблівую самацэннасць, сцвярджалася ў сваёй самазначнасці. Кожны чалавек, кожнае дрэва. Кожны ацалелы дом, кожны кавалак скупога пасляваеннага хлеба. Кожная спроба абавязкова наладзіць жыццё. Мірнае жыццё. Магчыма, таму гэта так адбілася ў памяці, што ніводзін крытык не змог устрымацца ад цытацыі. «Мы з маці – усёй сям'ёй/ рэзалі дровы зімою./ Два крокі я йшоў за пілой,/ тры крокі – назад з пілою» («Трыпціх»), Маці паэта Куліна «сталярыла і цяслярыла без гэбля, без ватэрпаса», з дапамогай людзей стварала свой дом, не ачаг, у пераносным сэнсе, а менавіта будавала хату, наладжвала жытло. А потым імкнулася, каб цяпло не сыходзіла з хаты, заўсёды быў у ёй жывы агонь. Вогнепаклонніца – як з ласкавай захопленасцю назаве яе пазней паэт.

З вершаў пра маці ў Рыгора Барадуліна ўвогуле можна скласці некалькі асобных цыклаў, як існуюць, скажам, цыклы аб Прыгожай даме, аб мадонне. Нават не магу прыгадаць паэта, у якога было б так многа напісана пра маці. Тут адчуваюцца і чыста «сямейныя» карэнні, уплыў культурна-бытавога ўкладу, ахоўніцай якога была раней перш за ўсё маці, тая, што шыла ўсяму сялу, толькі «долю ніцаваць не ўмела», «кужаль злыбяды ў слязе вымочвала» («Быў амаль з іголачкі апрануты...»), якая папераносіла азёры вёдрамі («Мама»), добра зведала горкую ўдовіну долю. але ў паэта адчуваецца яшчэ і іншая сувязь з маці: ад яе – слова роднае, «матчына мова»; ад яе – дар, талент, «матчыны песні»; з ёю сувязь не толькі кроўная, але і духоўная («І кожны радок быў да сэрца прытулены,/ што біблію слова матулінага берагу»); ад яе – разуменне высокай красы («краса матуль адданасцю святая»). Таму, мабыць, у яго паэзіі, трывала прысутнічае тэма доўгу перад старэйшымі пакаленнямі, пачуццё сыноўняга абавязку:

 
Наведвайце бацькоў,
пакуль яны жывыя,
Пакуль дымяцца коміны —
пагрэйцеся ў бацькоў.
Калі адчай вякоў
гайнёй ваўкоў завые,
Не трэба анікому ён,
сум ля сляпых слупкоў.
 
 
«Наведвайце бацькоў...»
 

Зямля людзей, Радзіма, Беларусь. Самае роднае месца па зямлі – Ушаччына, маці; усё гэта знітавана ў памяці і творчасці, паэта, у сталай суразмеранасці і непарыўнасці прыватнага вопыту і грамадзянскага, грамадскага. Маштаб асобы: паэта ўзбуйняецца ў судакранальнасці да маштабу тэм, глабальныя тэмы набываюць асабістае, але не камернае гучанне. І ў паэта заўсёды ёсць адчуванне асабістай маральнай адказнасці, калі выкарыстаць словы А. С. Пушкіна, «боязнь солгать на народ».

Паэт не любіць дэкларацый, у яго няма парадных вершаў. Але ён валодае ўменнем наладжвацца на пэўную частату перажыванняў, імпульсаў. Можа, часам нават крыху спяшаючыся ў нейкім дыяпазоне змясціць больш таго, чым можа агораць гэтая хваля прыёму. І тады чытач міжволі адчувае штучную гарманізацыю часцей цэлага, шматгалоссе, але як бы яшчэ з відавочнай пробай інструментаў. Праўда, чытач бывае звычайна ўзнагароджаны – інструментам сваім, словам, паэт валодае як сапраўдны майстар. І ўзяўшы некалькі пробных фіярытур, ён абавязкова выйдзе на чысты і поўны гук:

 
Колькі год Беларусі?
Колькі дочкам, сынам,
Колькі радасці, скрусе,
Колькі снам, курганам...
 
 
Колькі крэўнаму слову,
Што вяшчуе святло,
Небу, што крутаброва
Маладзік узняло.
 
 
«Спадчына»
 

Вось гэтае здаўна крэўнае слова – заўсёды асобы, трапяткі клопат паэта. Праўда, яго часам папракаюць – больш не ў друку, на словах: версіфікатар, лавец метафар. Што ж, канечне, «розум не можа быць задаволены юнымі цацкамі гармоніі» (А. Пушкін). Але ці цацкі гэта? Гэта форма, у якой укладваецца матэрыял рэчаіснасці, рэальнасці, зразуметай у самым шырокім сэнсе. Гэта ўрокі паэтыкі нястомнага вучня, які імкнецца авалодаць усімі сродкамі абранага высокага рамяства. Ён цвёрда ўпэўнены, што талент яму дадзены для «протраты» (М. Цвятаева), а не для накаплення. І ён не збірае багацце, выдаткоўвае яго. Прапануючы нам паганскае буйства метафар:

 
Пазавязвала памяць стагоддзяў
Не ўпотай
Рэк і дрэў караністых вузлоў.
Васількі тваіх воч
Узыходзяць пяшчотай,
Беларусь —
Бераг белых буслоў.
 
 
Млечны Шлях васількоў
З-за хмурынкі мурожнай
І ў чужыне асветліць шляхі.
Рыпнуць весніцы дня
Цішынёю марознай,
Бліскавіца нап'ецца з ляхі.
 
 
«Спадчына»
 

Зыходзячы з магчымасцей сваёй вобразнай сістэмы і тых, каго ён перакладае, Рыгор Барадулін разам з іншымі паэтамі даў жыццё ў беларускім слове Дж. Байрану, А. Міцкевічу, В. Бранеўскаму, Я. Райнісу, А. Туманяну, С. Ясеніну, С. Нерыс, Э. Межэлайцісу, П. Тычыне, Р. Гамзатаву, А. Вазнясенскаму, Я. Еўтушэнку, Н. Гільену. І яшчэ – многім, многім. І, канечне, творчасці Гapcia Лоркі, пакуль, мабыць, вяршыне перакладчыцкага майстэрства Рыгора Барадуліна. Паэт беларускі адчуў свет вялікага іспанца, выпрабаваў і свой уласны верш у іншай якасці, яшчэ раз, цераз прызму творчасці Гapcia Лоркі ўсвядоміў «вечны сэнс» гісторыі «без дат і фактаў» (Гapcia Лорка).

 
Чорны вол маёй трывогі,
Белы вол маёй надзеі.
Плыўныя аблокі,
Крыгі,
Маладыя снегапады...
Чорны вол маёй трывогі,
Белы вол маёй надзеі.
 
 
«Чорны вол маёй трывогі...»
 

Самога Рыгора Барадуліна таксама шмат перакладаюць. Добрыя паэты: І. Шклярэўскі, Н. Кіслік, І. Бурсаў, Г. Бубнаў. Пераклады сваіх вершаў паэт аўтарызуе. Ставячыся з найвялікшай павагай да слова. Слова цнатлівага, у варыянтах, што не пакідаюць месца штампам і напышлівай рытарычнасці. Але здараюцца павучальныя агаворкі. Нават у такіх яркіх, своеасаблівых перакладах, як пераклады І. Шклярэўскага. Ёсць у Барадуліна верш «Мне сёння пяць дзесяткаў без шасці...». І ў ім – такія радкі:

 
Жывыя ўсе са мной былі сябры.
Мяне ў дарогу мама сабірала.
І сонца велікодна за барамі
Купалася ў аціхлым азяры.
 

У рускім перакладзе два апошнія радкі раптам загучалі так:

 
И Витебщины тихая заря
В лесных озерах ярко догорала.
 

А ў беларускага паэта няма ж ні «тихой зари», ні «ярко догорала». Ужыты словы, што адразу трапілі пад руку. У свае вершы не марнаслоўны паэт Ігар Шклярэўскі такія спалучэнні слоў не прапусціў бы далей чарнавіка.

Крыміналу, канечне, няма. Але майстар слова Рыгор Барадулін робіцца невыразным. Асоба яго стандартызуецца. А Рыгор Іванавіч – асоба выдатная. І ў вершах, і ў жыцці. Ад яго так і зыходзіць няўтомнае жыццялюбства, аптымізм паганскага гарту. У спалучэнні з законам раўнавагі, які пануе ў яго мастацкім свеце. Дзе ёсць панарама рэчаіснасці, але і самарэалізацыя індывідуальнага «я». «Я» – аналізуючага, захопленага, скептычна-іранічнага, нават саркастычнага часам. Паэт умее быць у сваёй творчасці і пранікнёна пяшчотным, і жорсткім, і кплівым. На рахунку ў яго некалькі кніг іранічнай паэзіі, знакамітая паэма «Смаргонская акадэмія», безліч эпіграм. Рыгор Барадулін умее і знішчыць словам. Часам проста злосна. Але ўсё гэта ў прыродзе яго таленту. Ён не ўмее інакш. Слова ў яго просіцца на язык, на паперу, у кнігі, на тэлебачанне, на радыё, у кіно. Жыццядзейнасці і бурліваму тэмпу творчага яго жыцця можна толькі дзівіцца. Паездкі. Выступленні. Пасяджэнні. Аднак кніга чалавечага быцця вельмі разнастайная. І паэт не адкладвае яе прачытання. Чытае прагавіта, «нагбом». І піша. У зорныя свае імгненні. І ў будзённасці дзён. Піша кнігу свайго часу.


СПРАВАЗДАЧА СУМЛЕННЯ

Падобны ён да сваіх улюбёных герояў – змагароў, людзей самавітай думкі, смелага дзеяння. Чалавек высокіх прынцыпаў, светлы мысленню, нястомны працаўнік. Грамадзянін, асоба, літаратар – гэта непарыўна ва Уладзіміру Калесніку. І не будзённага кшталту. Спраўджвае ён «штодзённую справаздачу сумлення» («Берасцейскае вогнішча»). Не год і не два. Жыццё. У дзевятнаццаць год – антыфашыст, падпольшчык, у дваццаць – партызан, у дваццаць адзін – начальнік штаба партызанскага атрада. Пасля вайны – кандыдат, пазней – доктар навук, і не ў ступенях сэнс, сапраўдны вучоны, нястомны плугар на ніве беларускага пісьменства, ды ўсё больш па цаліку. Ад кнігі да кнігі. Загадчык кафедры ў Брэсцкім педінстытуце. І зноў – не проста на пасадзе, ад лекцыі да лекцыі, ад сходу да сходу. Нечыноўны выхавацель, настаўнік у самым сапраўдным разуменні гэтага слова, будзіцель думак і здольнасцей. Кіраўнік літаратурнага аб'яднання, сапраўднага культурнага вогніска ў Брэсце. А падтрымлівае агонь ён, Калеснік. Яго ж гартаванцы Ніна Мацяш, Алесь Разанаў, Васіль Жуковіч, Міхась Рудкоўскі, Іван Арабейка...

А як тут уседзіш склаўшы рукі, калі перад табой такі ўзор? Даследчык, крытык, празаік. Адзін з самых адметных сярод нашых літаратараў, які сёння мае плёнам годны стос прац: «Паэзія змагання», «Час і песні», «Зорны спеў», «Ветразі Адысея», «Лёсам пазнанае», «Аповесць пра Таўлая», «Пасланец Праметэя». Ні з чым не параўнанае сааўтарства – у стварэнні кнігі «Я – з вогненнай вёскі...» з Алесем Адамовічам і Янкам Брылём. Грунтоўныя раздзелы ў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры», «Истории советской многонациональной литературы», у падручніках для студэнтаў.

Даўно можна пісаць пра Уладзіміра Калесніка добрую кніжку. Назапасілася матэрыялу, выспеліўся той матэрыял. І літаратурны, і біяграфічны. Гэты ж допіс не мае на мэце вызначыць і прасачыць этапы развіцця творчасці Уладзіміра Калесніка, не прэтэндуе на ўсёахопнасць. Хацелася толькі пазначыць некаторыя адметныя рысы пісьменніка, накрэсліць нейкія штрыхі яго мастакоўскага аблічча.

Уладзімір Калеснік ласкаю лёсу належыць да тых даследчыкаў і крытыкаў, у якіх шчасліва супадаюць талент аналітыка і талент празаіка. Ён умее весці сур'ёзную акадэмічную гаворку выдатнай беларускай прозай. Высокая тэорыя, пільны аналіз, шырокая эрудыцыя, яркі, незбыт багаты слоўны запас, вострая, тэмпераментная, па-грамадзянску смелая думка. Усё гэта стварае непаўторны стыль пісьма Калесніка.

Аднойчы прачытаўшы яго, не прамінеш наступнай публікацыі. Ён валодае сакрэтам захапіць чытача. Не таннымі выкрунтасамі. Не падробкай пад густ кожнага. Ён прымушае сягануць да яго духоўнага росту. І росту яго герояў. Дае такую выбуховую экспрэсіўную хвалю – не хочаш, узнімешся. Умее ён самыя складаныя праблемы, там, дзе нехта б навукападобнна марудзіў, цягамотна слізгаючы ў цяжкавымаўляемых тэрмінах, давесці дакладна, дасціпна, ператвараючы тэарэтычныя выкладкі ў эмоцыі, а эмоцыі прамаўляючы вострым, ваяцкім словам. Часам проста – бліскуча.

Скажам, такое, заўсёды няпростае, у кантэксце сённяшніх падзей асабліва складанае пытанне. І – вось хаця б пачатак вызначэння праблемы Калеснікам: «Паўтараста дзесятка гадоў польская паэзія стварала вызваленчую легенду для падняволенага народа. Узорам служылі матывы праметэйскага міфа, антычныя сказы пра тытана, які падарыў людзям агонь, а потым пакутаваў за сваю чалавекалюбнасць... І вось калі мэта нарэшце была дасягнута, калі ў полымі рускай рэвалюцыі ўзнікла польская дзяржава, песнярам, па логіцы падзей, засталося толькі спець пераможны гімн, урачыста завяршыць вызваленчую легенду і вызваліцца ад абавязку служэння грамадзянскай ідэі, дазволіць сабе служыць адной толькі чыстай красе. Так яно і рабілася... Ды неўзабаве выйшла наяў, што дзяржава хоць і вольная, а ўсё ж уласніцкая, буржуазная, для адных яна родная маці, а для другіх – мачыха» («Звяно легенды»).

Нельга сказаць, што Уладзімір Калеснік піша лёгка. У яго працах відаць і рупны, шматгадовы архіўны пошук, і скрупулёзны аналіз, і філасофскае, і грамадзянскае ўсведамленне тэмы, і публіцыстычны напал. Але матэрыял даследавання пісьменнік ведае так, што валодае ім свабодна, вольна. І мастакоўскае выяўленне гэтага матэрыялу арганічнае, эмацыянальныя вобразныя стыхіі спалучаюцца з аб'ектыўным асэнсаваннем.

Абсяг слова Уладзіміра Калесніка надзвычай шырокі. Ад Гусоўскага да Яна Гушчы. І зноў жа, «унутры» тэмы са «стэрэаскапічным» ахопам. Гаворачы пра пераклад «Песні пра зубра» Язэпам Семяжонам, пісьменнік дае нам адчуць і «перазоў эпох», і духоўную атмасферу часоў Гусоўскага, і палітычны клімат розных краін, а за кожным канкрэтным радком паэмы – складаную повязь гістарычных варункаў, якія Калеснік ведае дасканала, год у год, прозвішча да прозвішча. І зноў – складанае і высокае абжываецца патрэбнымі словамі, набліжаецца да нас ад выснаванай моўнай стыхіі, часам нават такіх слоўных гарэзіў «Да ролі прыдворнага паэта гэты самабытны чалавек [Гусоўскі] падыходзіў так, як зубр да карэты». Уладзімір Калеснік, аналізуючы пераклад Язэпа Семяжона, дае па сутнасці сваю версію вобраза аўтара несмяротнага твора – Гусоўскага, гуманіста, чалавека Адраджэння, сучасніка Скарыны, сына сваёй эпохі, выпеставанага Айчынай, але вымушанага служыць мецэнату далёка ад радзімы, нават паэму свайго жыцця папісаць «на чужыне і на чужой мове». А народ, тут зробіць націск Калеснік, «акажацца на яго голас сапраўдным адрасатам, таму што ствараў Гусоўскі паэму ўсё маладое жыццё... разам са сваім народам».

Немалую ўвагу аддае Уладзімір Калеснік чыста філалагічнаму разбору самога перакладу. Не губляючыся ў лексічных прыватнасцях, калі ўваччу стракаціць ад прыкладаў, але ўвесь час помнячы пра слоўную структуру твора.

Як і ў працах «Першы вырай» і «Талент працавіты» – пра польска-беларускія літаратурныя сувязі і ў першую чаргу пра чалавека, які гэтыя сувязі нястомна ладзіць – польскага паэта Яна Гушчу. Тут Калеснік таксама цярпліва, удумліва, тактоўна прасочвае за многімі перакладамі ў анталогіі беларускай паэзіі, якую склаў Гушча («Першы вырай»). Але і ў «Першым выраі», рэцэнзіі на гэту анталогію, і ў нататках «Талент працавіты», пра творчую дзейнасць Яна Гушчы, Калеснік трымае ў полі зроку асаблівасці гістарычнага і культурнага развіцця Беларусі і Польшчы, няпростыя сумежжы беларуска-польскіх узаемаадносін, гаворыць пра нашых перакладчыкаў з польскай мовы.

І выбудоўвае нататкі сюжэтна. Яны маюць не толькі строгае лагічнае развіццё, але і ладную кампазіцыю, свае кантрапункты.

Пры ўсёй шырыні дыяпазону ёсць у Калесніка ўлюбёная, найбольш блізкая яму тэматыка. Гэта літаратура і літаратары Заходняй Беларусі. І ў сувязі з гэтым – праблема рамантызму. Таму што, як даводзіць сам Уладзімір Калеснік, «сучасны рамантызм у мастацтве вырастае не з чыста філасофскіх каранёў, а з глебы больш шырокай – з рамантычных зрухаў у грамадскім жыцці» («Ветразі Адысея»), вызваленчы ж рух Заходняй Беларусі «абвяшчаў героіку эстэтычным ідэалам эпохі» («Алесь Салагуб»). А значыць, і рамантызм – асноўным літаратурным метадам.

Праблема рамантызму ў большай ці меншай ступені разглядаецца ва ўсіх працах пра творцаў Заходняй Беларусі, найбольшую тэарэтычную кандэнсацыю, калі можна так сказаць, набываючы ў нарысе «Старонкі рамантызму» і асабліва ў кнізе «Ветразі Адысея», што падкрэслена і ў падзагалоўку – «Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі». І паралельна з У. Конанам, І. Навуменкам, Р. Бярозкіным, В. Каваленкам на сваім літаратурным абшары распрацоўвае праблему рамантызму.

«Рамантызм у Заходняй Беларусі 20-х гадоў стаў своеасаблівым стылем і нормай...» – адзначыць у «Старонках рамантызму» Уладзімір Калеснік. І пад гэтым узнёслым штандарам будзе разглядаць творчасць і жыццё Валянціна Таўлая, Уладзіміра Жылкі, Піліпа. Пестрака, Гальяша Леўчыка, Міколы Засіма, Міхася Васілька, Алеся Салагуба, Юркі Пружанскага, Аляксандра Гаўрылюка, Петруся Граніта, Васіля Струменя, Герасіма Праменя, Н. Жальбы і інш. Свядома не стаўлю ў гэты шэраг найпершага з заходнебеларусаў Максіма Танка. Яму ці не галоўная ўвага Калесніка. «Паэзія змагання. Максім Танк і заходнебеларуская літаратура», першая кніга Уладзіміра Калесніка, і нядаўні, 1981 года, нарыс жыцця і творчасці «Максім Танк». І яшчэ – эсэ «Будзённы дзень з Максімам Танкам», надрукаванае ў «Зорным спеве» і ўключанае зараз у выбранае даследчыка «Лёсам пазнанае».

Танкаў творчы метад даследчык трактуе як той, што меў толькі «значную ўдзельную вагу рамантызму» ў давераснёўскі перыяд. Падрахоўваючы ж здабыткі паэта, ён адзначыць: «На дарожнай стрэлцы, якая будзе паказваць агульны кірунак духоўнага і творчага развіцця М. Танка, бясспрэчна, можна напісаць тэрмін рэалізм. Безагаворачна будзе ён стасавацца да характарыстыкі асобы мастака, што ж датычыць творчасці, манеры і стылю паэта, дык тут справа ўскладняецца ўстойлівасцю і нават свядомым замацаваннем рамантычных тэндэнцый». Той самы сінтэз рэалізму з рамантызмам, які ў адносінах да многіх праяў беларускай літаратуры адстайвае беларуская эстэтычная думка.

Але ж, пэўныя тэндэнцыі ў літаратуры – ад пэўных тэндэнцый у жыцці. Прынамсі, у 20-30-я гады ў Заходняй Беларусі. – ад грамадскага руху. Бо ён, грамадскі рэвалюцыйны рух, быў асновай жыцця тых людзей, пра якіх піша Уладзімір Калеснік. Людзей, што стваралі рамантычных герояў і самі былі героямі, бо, паводле Калесніка, «не выпадкова рэвалюцыйныя дзеячы нясуць у сабе ярка выражаныя рысы рамантычных герояў». А паэты – героі нарысаў Калесніка – барацьбіты, рэвалюцыянеры. Людзі, адданыя высокай ідэі. Не для ўсіх аднолькава яснай. Не ўсімі аднолькава выяўленай у творчасці. Не ўсімі аднолькава баявіта ўзнятай у канкрэтнай дзейнасці. Пра ўсё гэта – у Калесніка. Без згладжвання. Без прылізвання.

Так, Максім Танк, герой рэвалюцыйнага падполля, чалавек легенды, і Максім Танк, творца, паэт рэвалюцыйнага руху,– роўныя кожны самому сабе, «талент... быў на меру характару».

Так, Уладзімір Жылка быў перад усім паэтам, творцай, «не меў схільнасці да арганізацыйна-практычнай работы», «найважнейшай справай у подзвігу ён лічыў маральна-псіхалагічную гатоўнасць да здзяйснення такога ўчынку» («Ветразі Адысея»).

Так, творчасць Алеся Салагуба досыць рытарычная і дэкларацыйная, але сам ён – тыповы заходнебеларускі інтэлігент 20-х гадоў.

І гэта вельмі прыдатна Калесніку. Бо, ствараючы літаратурныя партрэты, прасочваючы эвалюцыю ўсведамлення і творчасці заходнебеларускіх мастакоў, пісьменнік стварае і карціну грамадскага і літаратурнага жыцця Заходняй Беларусі 20-30-х гадоў. Карціну аб'ёмную, дакументальна вывераную, сацыяльна востра акрэсленую, з адчуваннем гістарычнай ролі гэтага краю і філасофскім усведамленнем духоўнага скарбу тых, хто месціўся ў краі, усведамленнем на шырокім фоне духоўнага побыту ўсяго чалавецтва. Карціну яркую, жывую. Са шматлікімі замалёўкамі, што былі б да гонару «чыстаму» празаіку. Яны даюць адчуць каларыт часу, мясцовасці, асяроддзя.

А ісці ж даводзіцца па цаліку, і цалік у хмызняку і выбоінах. Яно-то праўда, культурызаваць пад раллю той цалік не ён адзін імкнецца, нямала дакументальных матэрыялаў пра Заходнюю Беларусь 20-30-х гадоў пабачылі свет, у тым ліку такі адметны твор, як «Лісткі календара» Максіма Танка, прайшлі тут стрыжнявым сваім маршрутам Арэхва і Якуб Міско, адабраў з нябыту многія імёны Арсень Ліс. Але ж час складаны – безліч самых розных палітычных груповак, нацыяналістычныя прывіды і сапраўдная вызваленчая барацьба, да ўсведамлення сутнасці якой таксама не ўсе і не адначасна прыходзілі.

Уладзімір Калеснік сваімі кнігамі па сутнасці стварыў гісторыю літаратурна-грамадскага жыцця Заходняй Беларусі.

Ведучы ж гаворку пра тымчасовае літаратурнае жыццё, самая значная частка якога была адбіткам рэвалюцыйнага вызваленчага руху, нельга абысці гаворкай і авангардысцкую, скажам, плынь у польскай літаратуры, хаця на пралетарска-рэвалюцыйную паэзію яна ўплыву не мела. Але яна існавала, і той жа Максім Танк прыгадваў у «Лістках календара», што «цікавіўся... рознымі школамі і напрамкамі, але асцерагаюся, каб не трапіць на пракрустава ложа іх тэорый». А ўсё, чым цікавіліся яго героі, Калеснік вывучае дасканала, мацёра, каб стварыць для чытачоў поўную карціну. Чым жылі, чаго дасягнулі, чаго пазбеглі яны. Якія творчыя і культурныя сувязі трымаюць – да прыкладу, Максім Танк з класічнай, тагачаснай і сённяшняй замежнай, і ў першую чаргу па абставінах жыцця і часу – з польскай паэзіяй («Максім Танк»).

Не прыпісваючы, як гэта часам здараецца, высокіх памкненняў аднаго ўсім. І не спрашчаючы ні творчых, ні ідэйных пошукаў Жылкі, які няпроста прыйшоў да ўсведамлення марксісцка-ленінскай філасофіі. Не ўзнімаючы да выкшталцонай эрудыцыі Міхася Васілька ці Міколу Засіма. У іх быў свой радыус дзеяння, свой магніт прыцягнення. Шчырасць, палкасць, агульпы шлях з тымі, каму былі адрасаваныя іх вершы. І стойкая намеранасць на рамантычную хвалю творчасці. Што так пасавала гарачым дням барацьбы ў буржуазнай Польшчы і падчас Айчыннай вайны і страціла сваю выносістую моц у размераныя пасляваенныя гады. У Міхася Васілька на тую пару такія дні натхнення толькі выдаваліся, тады «адчуваў сябе маладым, бесклапотным блазнюком і мог прысягнуць, што пачатак свету быў сёння ў ранні» («Міхась Васілёк») і пісаў узнёслыя, шчырыя вершы.

Уладзімір Калеснік стварыў калектыўны партрэт дзеячаў Заходняй Беларусі, што складваецца і з калектыўных замалёвак, і з асобных партрэтаў. Дзе сваё месца займае Максім Танк. Сваё – Валянцін Таўлай. Сваё – Янка Брыль. У Брыля, праўда, літаратурная дзейнасць прыпадае на іншы час. Але станаўленне асобы, усведамленне сябе ў свеце і свету ў сабе, разуменне класавых межаў – у тых, давераснёўскіх гадах. І тэма многіх ягоных твораў – таксама там.

Для Уладзіміра Калесніка вельмі важна – бо для пісьменнікаў-заходнікаў, хто сталеў у давераснёўскі перыяд, іх ідэйныя пазіцыі былі вынашанымі, выпакутаванымі, не так, як для іх адналеткаў у Савецкай Беларусі, дзе разуменне марксісцкай ідэалогіі прыходзіла разам з першымі радкамі ў школе, з поклічам піянерскага горна, з першым сходам у камсамольскай ячэйцы.

Янка Брыль – здаецца, ці не адзіны празаік, пра якога піша Уладзімір Калеснік. Піша так, як і пра паэтаў, герояў сваіх твораў. Як пра творцу і чалавека. Па праву крытыка і па праву сябра, па праву чалавека, які быў побач і поплеч у партызанскім атрадзе, у мірныя дні працы, у святы, у вандроўках. Калеснік разумее героя свайго нарыса ў складаным узаемаспалучэнні аб'ектыўнага і суб'ектыўнага: «Творчасць Янкі Брыля з'яўляецца таленавітым сцвярджэннем духоўнага багацця беларускага народа, яго самавітага нацыянальнага характару, побыту, звычак, пявучага хараства яго мовы» («Здымак у жыце»).

У гэтым рэчышчы разумення і зацікаўленасці – творчы партрэт Ніла Гілевіча, паэта, нястомнага перакладчыка з балгарскай, сур'ёзнага вучонага, прынцыповага крытыка і публіцыста.

Заўсёдны, трывалы клопат Уладзіміра Калесніка – культура Беларусі, духоўныя яе здабыткі ва ўсіх праявах. І ўмее ён, здаецца, нават мімаходзь, сказаць на гэты конт нешта вельмі важнае. У нарысе «Будзённы дзень з Максімам Танкам» ён, прыгадваючы сустрэчы студэнтаў у Брэсцкім педінстытуце з Уладзімірам Караткевічам, раманы якога вабяць студэнтаў «высакароднасцю герояў, адухоўленасцю адносін паміж імі», занатуе такую важную думку: «Гістарызм тут [у творах Караткевіча] – сродак узвышэння маральных праблем да маштабаў агульначалавечых».

Гістарычна абумоўленае, шляхамі творчага развіцця прадвызначанае – усё гэта ў складаных сваіх узаемаадносінах, узаемазалежнасцях умее асэнсаваць Калеснік. І мы разумеем маштаб, значэнне крытэрыяў, узятых на ўзбраенне пісьменнікам. Гэтыя крытэрыі абумовілі і ягоны ўдзел у кнізе «Я – з вогненнай вёскі...».

...«Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі», па сутнасці, тэарэтычна падвялі пэўны рахунак у разглядзе рамантычнай традыцыі ў беларускай, і ў прыватнасці ў заходнебеларускай, паэзіі, згрупавалі асобныя патрабаванні тэмы «заходнебеларуская літаратура і грамадскае жыццё», бо Уладзімір Жылка аказаўся мастаком сапраўды значным і прынцыпова важным для разумення ідэйна-эстэтычных праблем беларускай літаратуры 20-х гадоў. Рамантызм як традыцыя беларускай літаратуры ў сваю чаргу аказаўся праблемай, якая «здольна дапамагчы нам удакладніць ацэнку многіх фактаў літаратуры і лепш зразумець тыя катаклізмы, якія перажывала паша пісьменства на пераломе 20-х і 30-х гадоў і якія сёння ўсё цяжэй становіцца разумець шырокім чытачам, прывыклым дзейнічаць ва ўмовах больш высокай грамадскай і таварыскай культуры».

І заканамерным было пасля «Ветразяў Адысея» з'яўленне кнігі пра Максіма Танка. Таму што Максім Танк – і мастак такога маштабу, што здолеў «акумуліраваць і выказаць самыя вострыя і балючыя праблемы жыцця, матэрыялізаваць у слове дух часу». І сваёй творчасцю, сваім мастакоўскім шляхам рэальна выявіць лёс рамантычнай традыцыі ў беларускай літаратуры, сінтэзаваўшы «свядомае замацаванне рамантычных тэндэнцый з рэалізмам», «узбагаціўшы рацыянальную ідэю гуманістычнаю інтуіцыяй». І запрашаючы чытача ў падарожны па шляху выдатнага мастака, шляху, што ўвабраў гады «змагання, вогненныя і мірныя», «загадзя абяцаць не толькі хвалюючую эстэтычную прыгоду, але і далучэнне да грамадзянскай гордасці за свой народ, які ва ўмовах сацыяльнага і нацыянальнага ўціску, што панаваў у былой Заходняй Беларусі, здолеў вывесці на арбіту гістарычнага жыцця свайго песняра». У гэтым сцвярджэнні, давядзенні да гэтай лагічнай высновы – прынцып, грамадзянская і творчая праграма Калесніка.

Што будзе наступнай вехай гэтай праграмы – ведае тое сам ён, Уладзімір Калеснік. Мо знойдзе і асэнсуе так, як гэта ўмее ён, яшчэ нейкія аспекты развіцця заходнебеларускай літаратуры. Можа падасца ў гісторыю. Мо зоймецца сённяшнім днём літаратуры. Яго творчасць дае падставы для любога творчага павароту.

Скажам, гісторыка-літаратурны нарыс пра Бярэсце, сённяшні Брэст («Берасцейскае вогнішча») – і пра гісторыю горада, і пра сённяшнія яго справы, у першую чаргу літаратурныя. Тут ёсць літаратурныя партрэты легендарнага «інжынера барыкад» Піліпа Пестрака, пакуль што, мусіць, самы тэарэтычна выснаваны і аб'ектыўны нарыс пра такога своеасаблівага паэта, як Алесь Разанаў, заглыблены ў філасофска-эстэтычную важнасць яго творчасці, эсэ пра Ніну Мацяш, зроблены з адчуваннем спраўджаных і няспраўджаных магчымасцей партрэт Міхася Рудкоўскага, патрабавальнае і добразычлівае слова пра Берасцейскую сябрыну: Васіля Жуковіча, Івана Арабейку, Ніну Гарагляд, Ніну Загорскую, пра ўсіх гадаванцаў Брэстчыны ў сённяшняй нашай літаратуры.

Прагназіраванне – справа няўдзячная. Памыляюцца і метэаролагі, і спартыўныя аглядальнікі. А тут – творчасць. Справа таямнічая і тонкая. Лепш не гадаць. Чакаць новых кніг Уладзіміра Калесніка.


ЧАЛАВЕК НА ЗЯМЛІ

Неяк адноечы, у летняй зацішы бібліятэкі, у яе строгай сіметрыі і аскетычнай аголенасці – прачытвалася ў адным сур'ёзным, але і дужа амбітным артыкуле – «апяванне зліцця чалавека з прыродай (ды хіба гэта магчыма ў наш час?!)». І, праўда, на нейкую хвіліну здалося – хіба? Пакой – кляшторна высушаны мэтазгоднасцю і зручнасцю, сцены, сталы, квадраты вокнаў, ніякага нават напаміну пра жывую прыроду. За вокнамі – жнівеньская асфальтовая сухмень, гарадское неба, злінялае ад заводскіх дымоў і доўгай, ад самага маю, спёкі, сіняватыя выхлапныя газы ад машын, і сяджу сам-насам з безліччу заквадратаванай у розныя вокладкі паперы з друкарскімі знакамі. Арэчаўленая, класіфікаваная, каталагізаваная прырода. Якое тут зліццё?

І раптам прыгадаліся, выплылі, аднекуль у памяці высозныя, стромыя сосны ва ўрачыстым святле восеньскага пагоднага дня, і была ў тых соснах мудрасць сапраўднага хараства. Высокай красы. І – музыка, вышэй за якую не стварыў ніводзін геній – цішыня лесу. Не лабараторная выштукаваная бязгучнасць, паводле правілаў бібліятэкі, а нязмушаная цішыня натуры: зямлі, неба, травы, дрэў. Узрушэнне, ні з чым не параўнанае,– ад чараў самага магутнага творцы – прыроды.

Яшчэ – накаціў былінны шум дубровы, згадаліся зялёныя магутныя шаты, нават не шаты быццам, «зялёнае высознае неба, падпёртае стромымі, нібы калоны сабора, імклівымі, нібы маланкі, стваламі». Глядзелі тыя расахатыя дубы: «з вышыні высокіх гадоў» – і пасміхаліся. З паспешлівай безапеляцыйнасці думкі людской. Хіба магчыма ў наш час тая гармонія з прыродай?

Дзіўна, ніколі ні таго бору, ні тэй дубровы не бачыла. Наўрад ці пабачу. А кінуліся ў памяць яны. Нават не родныя свіцязянскія. Лясы-мроі з нарыса Віктара Карамазава «Векавое». Зусім рэальныя лясы. Прыгожыя і велічныя, як мара. Апісаныя так, што векавыя постаці іх заставаліся ў памяці назаўсёды. Як высокая рэальнасць, але і згадка-летуценне. Светлае свята патуры. Помніліся і песні Мар'і Прыполак лясунні-спявачкі з таго нарыса, асабліва пра малайца Кармалюку, што быў «прыгожы, як маладое жыццё, і дужы, як дуб, і лёгкі, як вецер, і справядлівы, як зямля, і горды, як арол». І пачыналі здавацца тыя песні, як і герою нарыса, «песнямі Анацкавай дубровы». Рабіліся добрымі знаёмымі ляснікі Анацка і Ліс, сямейнікі Анацкі: жонка і дачка, пявуння Мар'я Тарасаўна Прыполак, сам герой нарыса. Паяднаныя з прыродай здаровай, натуральнай, любоўнай повяззю. Не толькі захапленнем красой, а клопатам пра зямлю і лес. Гарманічная сувязь. Але далёка не ідылія, не пастараль. Хаця герой нарыса сустракае ў тых лясах, «молка, самыя ясныя дні... гэтай восені», калі «пастрой душы вельмі лёгка зліваўся з настроем цвяроза шапатлівых гаёў і бароў, астылых лясных дарог, апусцелых супакоеных палёў...». Так, не ідылія... Бо вялі ў гэтыя бары-дубровы героя нарыса не толькі эмоцыі, але і цвёрдая дзелавая заклапочанасць, думка пра сённяшні, мінулы і будучы дзень лесу. І Віктар Карамазаў стварыў нарыс – класічны, мне здаецца, па сваёй мастацкай выверанасці. Лірыка-філасофскае эсэ з грунтоўнай дакументальнай асновай, трывалым веданнем справы, дасканалай дасведчанасцю ў гісторыі лесу. Адданай любоўю да роднай зямлі і яе багаццяў. Да людзей на гэтай зямлі. Да ахоўнікаў лесу – апантаных абаронцаў пракаветных бароў – леснікоў. Тых, хто «мерзне на лясных дарогах і бездаражы», «на абледзянелых ці залітых халодным восеньскім дажджом лесасеках», хто заўсёды «ў лесе – не пад хатняй страхою», хто мае «хваробы, якія сталі здаўна леснікоўскімі», «хто душу сваю ўкладаў у лес». Віктар Карамазаў не толькі паказаў унікальную красу надсожаўскіх лясоў, пазнаёміў з людзьмі таго краю, не толькі ўзняў адну з найважнейшых праблем нашага часу, экалагічную праблему – захавання аднаго з найкаштоўнейшых лясных арэалаў, а падарыў сустрэчу «з нейкай вышэйшай Ісцінай», з тымі момантамі ў існаванні чалавечым, калі «чаканне новай, вышэйшай ісціны надыходзіць як патрэба ў жыццёвай праўдзе, яснасці...».

Гэтая патрэба жыццёвай праўды вымагала, мабыць, больш поўнага, аб'ёмнага мастацкага выяўлення. І з'явіўся раман «Пушча». Асноўная думка і боль якога – чалавек і прырода, чалавек і лес. Арганічнае адзінства свету. Адзінства чалавека і асяроддзя, асобы і прыроды. Пра тое, які найвялікшы скарб – лес, нацыянальнае і дзяржаўнае багацце, набытак душы.

Сказаў пра гэта Віктар Карамазаў па-свойму. Хаця існаваў ужо працярэблены літаратурны маршрут «Рускага лесу» Л. Ляонава. Была ўжо ў друку аповесць Б. Васільева «Не страляйце ў белых лебедзяў», амаль адначасова з'явілася «Цар-рыба» В. Астаф'ева. Ёсць, канечне, агульныя праблемы, агульныя болевыя мясціны. Але – перш за ўсё Віктар Карамазаў сказаў сваё. Пра тое, што баліць усім на планеце, і на адной шостай зямнога шару, на савецкай зямлі, і на нашых крэўных абшарах – на зямлі Беларусі. І ў межах нейкіх канкрэтных лясніцтваў. Праблемы якіх у многім – і праблемы ўсяго чалавецтва. Нездарма на нейкай старонцы рамана Віктара Карамазава з'яўляецца швед, які плача, абхапіўшы адну з ялін Лісані. Зусім не сентыментальны швед, дзелавы. Спецыяліст па селекцыі. Прыехаў са сваёй няблізкай Поўначы глянуць на той цуд прыроды – ад насення лісанскіх беларускіх дрэў выраслі ў Швецыі лепшыя ельнікі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю