355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алла Сямёнава » Слова сапраўднага лад » Текст книги (страница 12)
Слова сапраўднага лад
  • Текст добавлен: 20 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слова сапраўднага лад"


Автор книги: Алла Сямёнава



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 14 страниц)

 
О, мужны лік, ахвярны лік свабоды,
Ад мройных песень, віселіц і ран...
Няма на свеце волі для народаў,
Ці раб гэта гаротны, ці тыран.
Гэта з містэрыі «Шлях Арыёна».
 

Або:

 
Вітаю зноў паэзіі бяссмерце,
Бяссмерце продкаў, сцежак і бяроз.
 
 
Гэта з маналога «Выйду з сэрцам...».
 

У «Судзе Алаізы» высакамоўныя перыяды накшталт тых, што ёсць у іншых партрэтах, можна сустрэць хіба што ў маналогах паэтэсы. Хаця жанры блізкія. «Шлях Арыёна» – містэрыя, ну а маналог «Выйду з сэрцам...», па сутнасці, манадрама.

Драматычны канфлікт «Суда Алаізы» трымаецца на некалькіх эпізодах з жыцця Алаізы. Эпізод першы – «Замест пралога». 1902 год. Будучая рэвалюцыянерка, слухачка вышэйшых педагагічных курсаў П. Ф. Лесгафта Алаіза Пашкевіч, яе сябры і сяброўкі сабраліся на таварыскую вечарыну. Яшчэ ўсё наперадзе. Усе па-маладому ясна і светла ўспрымаюць свет, усе вераць, што «свежы вецер у голлях гудзе», перамены ў жыцці народа адбудуцца абавязкова. Ва ўсіх злёгку кружыцца галава ад усвядомленага адкрыцця – Бацькаўшчына, Радзіма: гэта Беларусь. Хаця многае ў гэтым усведамленні засмучае: на роднай зямельцы, як і па ўсёй краіне, прымус, здзекі, несправядлівасць,– але цяжкое асэнсаванне пакуль што ва ўсіх, хто прыйшоў да Алаізы, выклікае толькі гарачую прагу дзейнасці. І яшчэ большую замілаванасць да роднага краю. Так, «няма сумней зямелькі той, адзінай,/ але няма радней нам хатак тых,/ Адкуль мы выйшлі да сталіц і кніг». Яшчэ «няма ніводнай страты», яшчэ «кахаць няясная пара», «яшчэ такія маладыя клятвы». І пакуль што рытарычнай здаецца выснова адной з удзельніц вечарыны: «Страшней за ўсё ўласных страхаў краты».

Дзеянне асноўных трох частак – 1905 год, Вільня. Тыя «ўласных страхаў краты» зрабілі сваё. Загартавалася ў барацьбе, павучылася меркаваць пра ўсё з вышынь сапраўднай чалавечнасці, з вышыні ісціны, здабытай у навальніцах рэвалюцыйных баёў, Алаіза. Напалоханы ахранкай і турмой здрадзіў сабе, справе і сваёй каханай Андрэй Гмырак, зрабіўшыся жандарам і даносчыкам.

Валянціна Коўтун знаходзіць нелабавое вырашэнне гэтай сітуацыі, псіхалагічна матываванае. Псіхалагічная ж матываванасць паводзін герояў рэальна выяўляецца ў слове. А жывая хваля слова знаходзіць тут выйсце ў натуральных размоўных інтанацыях. Рытмічны малюнак верша просты, але насычаны сапраўднай энергіяй пачуцця, энергіяй думкі.

Вось як даводзіць сэнс сваёй здрады і статус свой сённяшні Андрэй Гмырак:

 
...рыхтуйце волю для айчыны.
Але запомніце: наш бездакорны цэнз —
Знішчаць і целы, і духоўны сэнс.
Мы служкі бога і цара. Мы ганчакі.
Мы бессмяротныя. Мы вашым ценем станем.
Мы вас, паэтаў, і ў труне дастанем.
І абылжэм! Бо ўсе манархі знаюць:
Ў такіх, як вы, народы паміраюць.
Жрацы без храмаў – гэта не жрацы.
Не стане праўды – дзе ж вы, пасланцы?
Народ без будучыні – гэта шлак планеты,
Паэты без народа – не паэты!
 

І дадае з пагардай:

 
Не зор шукаюць,– а рыхляць гароды,
Цямней за ноч усе твае народы!
Алаіза з годнасцю, на высокай ноце, але без напышлівай рыторыкі даводзіць:
Ты хлусіш зноў... Мы людзі, не звяры.
Наш чалавек... Ён і зямны, і кніжны.
Ёсць прадзеды ў нас. Першадрукары,
Мы з імі зернем і сярпамі пішам.
Наш першы друк... Ён болем нас крануў.
І след яго не толькі на бяросце.
І ўбіўся знак свабоды і агню
Не ў хруст паперы, а ў людскія косці.
 

Валянціна Коўтун у драматычнай паэме імкнецца пазбегнуць просталінейнасці, «публіцыстычнага разгільдзяйства» (А. Блок). «Форма – плоць ідэі» (А. Блок). А псіхалогія характару – яна ж уся ва ўладзе не толькі ідэі, але і формы.

І пра гэта згадваецца, калі чытаецца паэма. Рэвалюцыйная змагарка – так, паэтэса, творчасць якой шмат у чым вызначыла шляхі новай беларускай літаратуры дакастрычніцкай пары – так. Але і самотная жанчына, чалавек, што перажывае не толькі страту паплечніка, але і страту чалавека, страту каханага.

 
Я ўся нібыта як жыццём забыта.
Штодня пакуты – мой партрэт зямны.
 

Жыццё, яго агонь, страсці, роздум, яго страты (і якія!) – патрабуюць выйсця – «аж дрыжаць і сыплюцца ў зямельку/Сухія костачкі усіх пяшчотных слоў», «...ужо душа з адных пустых вуглоў», аднак – такі жыццёвы, чалавечы, жаночы прынцып Алаізы, можа, лепш нават лічыць так:

 
Маўляў, з табой зусім я не сустрэлася,
Не абпалілася навек, не адагрэлася,
Не адпалала зорнымі прытулкамі,
Не скамянела па чужой вярсце...
 

І ўспамінае пра тую, выратавальную трывогу і надзею: творчасць.

 
Што наракаць? І так для пчолак-словаў
Мы залатымі ліпамі цвіцём,
Каб так пісаць, як жыць і быць – нанова,
І паміраць нанова ўсім жыццём.
 

Словы Алаізы, яны былі і ў яе лістах, лістах да яго, Андрэя Гмырака, цяпер іх «страшна перачытваць,/ Бо што ні кропка, то замерлы боль».

Цяжка вызначыць галоўную лінію ўзаемаадносін Алаізы Пашкевіч і Андрэя Гмырака, так спалучаюцца тут ідэйнае разыходжанне і асабістыя ўчынкі.

Андрэй Гмырак ідзе тым шляхам, які вядомы, на жаль, ад біблейскіх часоў. Сумленне – катэгорыя вечная, як і вера ў шчасце. Вера ў шчасце народа і змаганне за гэта шчасце ў яго канкрэтных сацыяльных і нацыянальных выяўленнях, што прапанаваў 1905 год,– высокая выснова. Аднак патрабуе канкрэтных учынкаў. Пацвердзіць гэтую веру справай не так проста. Як выявілася – небяспечна нават. Куды больш спакойна і зручна – зрабіць выгляд, што не верыш. Самаапраўдацца. Як гэта і робіць Андрэй Гмырак. А пазней, не шукаючы апраўдання, бессаромна канчаткова здраджвае ідэалам маладосці і былому каханню. Зноў жа – гэта перадаецца не дэкларацыйна, а праз дзеянне, учынкі. Праз логіку і алагічнасць гэтых учынкаў.

«Пракляцце адцягненасці» (А. Блок) не гняце аўтарку «Суда Алаізы», але пэўную даніну ўмоўным абазначэнням і ўмоўным дзеянням яна аддае (з'яўленне Ценю Алаізы перад Андрэем Гмыракам, напрыклад). А ўся сюжэтная калізія вырашаецца сродкамі канкрэтнымі, рэальнымі, у канкрэтным, рэальным дзеянні. Да Алаізы Пашкевіч, якая працуе фельчаркай у тым доме, дзе жывуць самыя гаротныя з людзей – вар'яты, прыязджае Андрэй Гмырак. Не той Андрэй, якога яна кахала – студэнт, паплечнік, а жандарскі служка, што віжуе, нацкоўвае, для якога не засталося нічога святога. Гэта ён, Гмырак, прымушае віжаваць за Алаізай прыбіральшчыцу Зосю Літоўскую, паабяцаўшы той вызваліць яе сына з турмы. Гэта ён, Гмырак, дае пад выглядам лекаў атруту для нявесты рабочага Восіпа Кайлюнаса. Падазрэнне, зразумела, падае на Алаізу, якая даглядае за дзяўчынай. Гмырак, даходзячы да апошняй ступені падзення, спрабуе страляць у Алаізу, забіваючы, аднак, дзяўчыну-жабрачку, якая на той момант якраз аказваецца каля Алаізы. Усё акрэсліваецца канчаткова – ніякіх ілюзій, ніякіх падманаў. Алаіза – у цэнтры барацьбы рэвалюцыі 1905 года, Андрэй Гмырак – сярод душыцеляў гэтага змагання.

Для Алаізы жыццё – барацьба за справу народа, а мастацтва – сапраўдная жыццёва важная справа, якая адыгрывае аграмадную ролю ў лёсе народа, зусім не мітусня прыгожых фраз.

 
А трэба так пісаць, ох так пісаць,
Каб іскры з цвёрдых сэрцаў выкрасаць.
Мы паклянёмся, брацці, маладосцю,
Каханнем, болем, матчынай слязой —
Не папячэм пад страшны бот расой,
Не закрычым, калі раструшчаць косці...
Служыць народу роднаму клянёмся,
Падняўшы лёс айчыны над зямлёй.
 

Алаіза Валянціны Коўтун здатная і на досціп: «Шаткуеш, бачу, жарты, як капусту», на трывалае вызначэнне: аб замроеным усведамленні сваіх падапечных яна гаворыць так —

 
Ім вочы ўжо па белы свет не звесці,
Бо задзівіліся ў сваю душу.
 

Непросталінейны падыход да праблемы выяўляецца ў паэме і ў моўнай характарыстыцы тых, хто супрацьстаіць Алаізе і яе сябрам. Недурны казуістычнай сваёй, езуіцкай думкай Следчы. Ён не абвяшчае. Ён гаворыць разумна, хітра, з далёкім прыцэлам:

Такіх не вешаць трэба, а купляць.

Гэта ён пра сваіх праціўнікаў – змагароў супраць самадзяржаўя, пра Алаізу і яе аднадумцаў.

І не расстрэльваць. Што ў агонь страляць?!

Дакладнае і метафарычнае мысленне. «Што ў агонь страляць?!» Сапраўды – марная справа. Гэты езуіцкі ход – не новы, але ж такі пэўна разлічаны на палітычны рэванш. На пытанне Гмырака: «Але знішчаць такіх павінен хто?» – ён адказвае з халоднай, выверанай, ёрніцкай іроніяй:

 
Не цар, не мы, а іх народ уласны.
Хай сам сябе агонь пажрэ дачасна.
А рухнуць храмы – то жрацы ніхто.
А той паэтцы не вянок пакуты,
А дайце лаўры ганьбы ці распусты...
Але – чужой рукой!
 

Адсюль – і спроба зняславіць паэтку як атрутніцу. Спроба няўдалая. Але прадуманая. «Хай сам сябе агонь пажрэ дачасна».

Драматычная паэма Валянціны Коўтун пазначана той ліра-эпічнай сталасцю, дысцыплінай думкі і ўзвышанасцю пастрою, якія даюць нам адчуць праз канкрэтыку падзей значнасць гістарычнага моманту, значнасць асобы ў гэтым руху часу, той асобы, што не згодна на ролю падзёншчыка жыцця, асобы, якая не згодна чуць шэпт здрады, а толькі навальнічны, перадрэвалюцыйны «голас з неба».

Ці ўсё так бездакорна ў паэме? Увогуле яна мне падаецца бясспрэчнай і немалой удачай Валянціны Коўтун. Але, бывае, і тут праскочыць вызначэнне з дастаткова выштукаванай сімволікай. Вось тут, мабыць, уплыў паэтыкі Цёткі, што разлічвала на самага неспрактыкаванага чытача, адбыўся, як адчуваецца і ўплыў паэтыкі фальклору. Але куды больш кідаюцца ў вочы вось такія ўдалыя фальклорныя парафразы: «чорны конь разрыў-траву скубе», «што ж, пагуляй, цялятка, на вяроўцы», «дзевяць пеклаў-патопаў/І яшчэ дзевяць войнаў жахлівых дачушкай хадзіла».

Ёсць не зусім матываваныя логікай дзеяння моманты. Скажам, з'яўленне новых персанажаў. Таго ж Барыса Вігілёва. Пра Алаізіна знаёмства з ім пазначана ў рэмарцы: «З-за дрэў да яе набліжаецца... рэвалюцыянер Барыс Вігілёў, з якім яна пазнаёмілася падчас рабочых дэманстрацый і выступленняў на віленскіх фабрыках і заводах». Ход не зусім прафесійны для драмы – як гэта падаць пры пастаноўцы? Выкарыстаць модны «пазакадравы» голас? Па законах жанру пра тое, адкуль ведае Алаіза Вігілёва, мы павінны даведацца з уласна-тэксту, з вуснаў герояў.

...Але. У любым выпадку драматычная паэма «Суд Алаізы» не толькі кампазіцыйна завяршае кнігу «Метраном», яна завяршае яе лагічна, завяршае (у гэтай кнізе) той энергічны, імклівы пошук, які вядзе паэтэса. Кантрапункт пайшоў, насуперак многім законам кампазіцыі, у фінал. Ну, а хто нешта вынайшаў у гэтым свеце, не ахвяраваўшы агульнапрынятымі законамі?

Наўмысна пачала гаворку з гэтай паэмы – трэба пачынаць з галоўнага. А тут, згадаю яшчэ раз, выяўлена паўстаюць праблемы, што трывожаць паэтэсу. У прыватнасці ў гэтай кнізе «Метраном». Лёс Айчыны, у яе гістарычнай непазбежнасці, мараль, этычныя высновы – катэгорыі быццам бы нязменныя, пазагістарычныя – суаднесці з паняццямі сацыяльнымі, класавымі, гістарычна абумоўленымі. Як і прызначэнне творцы, паэта, што звычайна заўсёды мае ў галаве «першую ноту вечнасці», аднак і непарыўна звязаны са сваім часам, эпохай, са сваім народам.

У паэме «Суд Алаізы» творчы пошук Валянціны Коўтун выходзіць на той віток спіралі, калі маштабнасць спалучаецца са сцісласцю, экспрэсіўнасць з ёмістасцю сэнсу.

А пошук гэты няпросты, і спіраль яго то выпростваецца ў прамую, то закручваецца – віток за вітком, то ідзе па кругу.

Вярнуўся да сваёй думкі. Свет нібы абрынуўся на паэтэсу Валянціну Коўтун – і яна ўспрымае яго ў стракатай мешаніне паняццяў, катэгорый, з'яў, праяў. Весела, не класіфікуючы і не выбіраючы, успрымае сваё існаванне ў часе і прасторы, выдаткоўваючы час не тое каб безаглядна, але шчодра. Ці не таму спатрэбіўся метраном? Каб нагадваў меру часу, не даваў забыцца пра рытм і тэмп дня і эпохі.

А рытм гэты ў вершах Валянціны Коўтун бывае – парадокс! – і арытмічны.

 
Гудуць, як сны, вячэрнія званы,
Надломяць вёрсты позірк, як галінку.
У сінтаксісе праўды і маны
Я адхварэю злакамі прыпынку.
 
 
«Гудуць, як сны...»
 

Не збіраюся, як гэта рабілі некалі некаторыя крытыкі (да прыкладу, Бурэнін у газеце «Новое время» на пачатку стагоддзя) пазначаць далёкае асабістаму густу «містыфікацыяй», «жартам» і г. д. (Гаворка ішла, між іншым, пра Блока, Брусава, Бальмонта), аднак, як чытач, не знаходжу ў сабе сінхроннага водгуку. Нават калі чытаць далей:

 
Скажу: «Люблю»... І твой гарачы цень
Распяты зноў на кожную крывінку.
Не пачынай са здрады гэты дзень.
Не трэба слоў!
Мне страшны зрыў прыпынку.
Не атрымліваецца эстэтычнай злагады – хоць ты плач.
 

Але, безумоўна, прыцягвае сам па сабе пошук. Энергія думкі. Звонкасць слова. Імкненне да абагульнення. Пільная ўвага да драмы душы, якая адбываецца не сама па сабе, а ў сутыкненні са светам. У абставінах не будзённых, выключных, якія зноў жа маюць на ўвазе не спакойны парадак жыцця, а ўзлёты і падзенні. І што вельмі важна, вызначальна – нават самая цяжкая няўдача для лірычнага героя (і гераіні),– самая глыбокая бездань, у якую давялося нізрынуцца – абавязкова момант для наступнага ўзлёту. І не проста нейкага там «падскоку да столі» звычайнага вопыту, а ўзлёту ў эзатэрычныя эмпірэі, даступныя толькі натхнёнай фантазіі: «...раскрыйся, зорны парасон!» І месцам дзеяння паэтэса робіць, памятаючы вядомае «свет – гэта тэатр», самую рызыкоўную сцэнічную пляцоўку,– што вымагае не так нюансаў гульні, як абавязковай і поўнай самааддачы – арэну цырка. («Гутаперчавы хлопчык»).

 
Не трэба... Не трымайце за крысо.
Я так даўно спазнаў цану падзення!
Няхай сягоння цемра не кране
Мой новы трук...
Хоць, можа, болей не ўваскрэснуць мне,—
Хутчэй святла!
Я выйду на арэну...
 

«Хутчэй святла!» – хаця ніякіх гарантый, што гэта ўзлёт, а не падзенне, няма, ёсць вера ва ўласныя сілы і прафесійнасць. А яно не надае моцы, вось гэтае: «А ў цырку новы бог/ З такою віртуознай падрыхтоўкай...» І ўсё ж: «Хутчэй святла!»

Выклік – гэта таксама абавязкова. І гэта не прыём, не правіла гульні. Гэта чытаецца – як пазіцыя. Як жыццёвы, выпакутаваны прынцып. Ад пераконанасці ў сваёй праваце. Але крыху і ад абавязковага жэсту самаабароны, нават калі канкрэтнага праціўніка, здаецца, і не відаць. Ажно гэта гатоўнасць, пастаянная падрыхтаванасць прыняць агонь на сябе – ёсць у зухаватай позе свае рацэі. Тым больш што пошук паэткі не эгацэнтрычны, самая глыбокая бездань, у якую давядзецца нізрынуцца – абавязковы момант для наступнага ўзлёту. Ён (пошук) выходзіць тэматычна да многіх праблем сённяшняга дня і праблем, якія хвалююць заўсёды. Вайна і мір, лёс Айчыны, сумленне творцы, шляхі паэзіі...

...У вершах Валянціны Коўтун ёсць адна рыса, якую яна даўно і свядома, па-мойму, культывуе ў сваіх вершах. Абавязкова дадаць сваёй паэзіі той кшталт, якога, можа, часам і не хапае нашай беларускай вершаванай творчасці. Пашырыць семантычны, лексічны лад, абавязкова адысці ад штампу, стварыць нечаканыя, нават (хай сабе і так будзе!) эпаціруючыя злучэнні. Трошкі іранізуючы, трошкі пацвельваючыся. Любіць, сутыкаючы словы зусім розных паняційных пластоў, ствараць нечаканы эфект. І з'яўляюцца «калгасных статкаў гранды-менестрэлі», «квочкі, як цырцэі», «хмары, як дуэнні». Ёсць у гэтым, здаецца, нешта ад кніжнай наўмыснасці, у нечым водгукам ці перазовам слоўнага ўжытку Бэлы Ахмадуліпай ці Юнны Морыц. Аднак, мабыць, не грэх будзе нашай паэзіі мець і такую вось казытліва-іраніную экзотыку. Хаця часам ці не ператвараецца іронія ў самаіранічнае какецтва? Мяркуйце самі:

 
Мілыя залётныя гурманы...
Толькі й чую:
Фолкнер... Пастарнак...
 

Але ж чытач памятае – і ў кнізе «Метраном» ёсць і Байран, і Апалінэр, і Гамер, і Адысей, і Шахаразада. Таксама гурманства?

А ў астатнім не зразумець лірычную гераіню гэтага верша нельга. Верш, дарэчы, называецца «Амаль жартам». Магчыма, тут і ляжыць ключ да разумення яго – у назве. Астатняе ж, як кажуць, на паверхні. Вечная дылема не толькі эмансіпіраванай жанчыны, але яшчэ і той, што мае доўг перад сваім талентам. Талент – ён патрабуе працы, часу, творчых намаганняў.

 
Воблакі спытаюць нечакана,
Як жыву...
Ды, пэўна, што не так!
Хлеб жую.
Крышу бяссонне лета.
А чало сціскае той папрок:
Не, жанчына, не бываць паэтам,—
Бо сям'я...
Як вецярок, сынок!
 

Дзіва, што «муза вось. Утомна, басанога,—/Бежанка з крыві і міражу...».

Ёсць школа жыццёвага доўгу. Сям'я, сынок, безліч абавязкаў перад людзьмі. І без гэтай нармальнай этыкі адносін ці быць паэзіі? «Паэту цяжка не быць рэалістам» (Б. Слуцкі). Так і тут.

 
Знікла ўсё...
Запружыніў нерушны радок.
...Хіба ж мне вось так бы ўсё балела,
Каб не вы,—
і людзі,
і сынок?!
 

Эстэтычныя арыенціры паэтэсы Валянціны Коўтун розныя. Адно вызначае іх незалежна ад кірунку – напал, энергія верша. Калі мець на ўвазе лірыку кахання, можа, найбольш адкрытую ў параўнанні з папярэднімі кнігамі. Як быццам назапашанае за доўгі час нарэшце выплеснулася – горача, няспынна, завірылася плынню слоў, пайшло сінкопамі гукаў.

 
Ад белай сцежкі ў бездараж бягу,
Дзе свет любові формулай не губіш,
Дзе да рамонкі гнуцца не змагу,
Не запытаю: любіш ці не любіш.
Не закране ўжо кветкі правата,
Хоць безвыходнасць ударае ў сэрца.
Вось незалежнасць, воля, прастата.
Чаму ж мне ў гэтай волі не смяецца?
 
 
«Ад белай сцежкі ў бездараж бягу...»
 

...Кніга «Метраном» у многім вызначальная для паэтэсы. І не толькі таму, што за яе прысуджана Літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова. Хаця сам па сабе гэты факт пра многае гаворыць. У кнізе выявіліся вельмі важныя і характэрныя якасці яе паэзіі. Паэзіі супярэчлівай, дзейснай, якая хоча ўсё выпрабаваць на вартасць, на трывучасць і на злом. Якая проста не можа не задаваць пытанняў сабе і свету, пытанняў часам блытаных, але часцей пранізліва ўзрушаных, і шукаць адказу на іх. Паэзіі, якая добра адчувае дух сучаснасці і імкнецца асэнсаваць яго ў кантэксце гістарычным. Паэзіі, якая не баіцца смела ісці на эксперымент – знаходзячы і губляючы. А як жа інакш?


«А ВЕРШЫ ПІШУЦЬ – ЯК ЖЫВУЦЬ...»

«Самая трывалая аснова, над якой працуе мастак,– гэта ўспамін пра ўсё, што ён бачыў і адчуў як чалавек...» – адзначаў некалі Гюйё. Мабыць, у гэтым моц экспрэсіўнага, грамадзянска-асабістага пісьма Уладзіміра Някляева. Ёсць у беларускага паэта вось гэтая важная выснова для таго, каб пульс часу адчуваўся ў яго вершах, не аслаблены вобразна-паняційнай анеміяй, але напоўнены паўнакроўнай эмоцыяй, жывым уражаннем. І гэта не мітуслівая тахікардыя охаў і ахаў, усплёскаў настрояў, не рэгламентаваных і не кантралюемых дысцыплінай думкі. Уладзімір Някляеў заўсёды імкнецца да грамадзянскага гучання паэзіі, выходзіць да філасофскіх абагульненняў, не губляючы адкрытай энергіі пачуцця. Адкрыта абвяшчаючы:

 
А вершы пішуць – як жывуць.
Як дыхаюць. Як паміраюць.
 
 
«Мне трыццаць...»
 

Зусім відавочна працягваючы сцвярджаць тое, што ўжо было абвешчана ў яго першай кнізе «Адкрыццё»: «Паэзія – душы маёй анкета...» («Назоўны склон»).

А першая кніга паэта з'явілася ў 1976 годзе. З'явілася не знянацку. Уладзімір Някляеў меў ужо салідную біяграфію – тэхнікум сувязі, праца на Далёкім Усходзе і Поўначы, у Мінску, завочны педінстытут, у момант выхаду кнігі ён быў студэнтам-завочнікам Літаратурнага інстытута. І, мабыць, меў вось той самы неабходны мастаку эмацыянальны і псіхалагічны вопыт, калі першая кніга стала не кволенькай спробай літаратурнага дзіцяці, а сур'ёзнай творчай заяўкай. Шматабяцаючай. З тых, калі не пагражае расчараванне. У 1979 годзе выйшаў у свет новы зборнік вершаў – «Вынаходцы вятроў», у ім была змешчана паэма «Дарога дарог». За зборнік і за паэму – прэмія Ленінскага камсамола. Ганаровая ўзнагарода. З тых, што абавязвае.

Пра што ж піша лаўрэат у трэцяй кнізе? Што змянілася за сем год актыўнай творчасці?

Час не так каб рахункі рабіць, вынікі падводзіць, але самая пара падумаць, азірнуцца і... не спыняцца.

Паэт лічыць, што час пошукаў – гэта натуральны час, у якім жыве паэт. Інакш і быць не можа. Як натуральна для яго, ідучы сваім шляхам, мець на ўвазе тую «дарогу дарог», дзе праходзіў шлях Янкі Купалы, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, якім Някляеў плаціць свой «шкалярскі доўг». І адчувае адказнасць перад хлопчыкам з Глыбоччыны, якому «здаецца – ён паэт».

Пераемнасць? Так, безумоўна. І рыторыкі ў гэтым няма. Як няма расслабленага пакою і халастога ходу думкі ў сцвярджэнні, што ў паэта «адно жыццё./ І смерць адна. І песня» («Акын»). Або «Ды ў смаглым горле роднай мовы гук/ Заклекатаў бусліным пералётам» («Паэма-вера») – у той, першай кнізе. Гарлавы спеў – глыбокі спеў, натуральны, калі чалавек не можа не спяваць. Глыбінны. Толькі такім павінна быць слова паэта, на думку У. Някляева.

Не нова? Усё можа быць. Як не ўсё ва Уладзіміра Някляева так арганічна, як «Акын», «Мне трыццаць...», «Праводзіла з дому...», «Словы замовы» ў зборніку «Знак аховы». Безумоўна. Але гэта тая галоўная хваля прыёму і перадачы, на якую настроены паэт. І настроены шчыра.

Таму і псеўданімы Купала, Колас для яго як словы замовы, святыя словы, у якіх «мелодыя мовы славянскай», «той мовы, якую агнямі палілі» («Словы замовы»). Таму і запаветна мудрае для яго лірычнага героя слова маці, што ведае па старадаўняй і стыхійнай народнай дыялектыцы: няма ў рэальным жыцці святочных трас, пра гэта трэба ведаць і рыхтавацца да «нежалобнай долі блуканняў». І магчы «знайсці – і знішчыць», «дайсці – і кінуцца прэч» («Праводзіла з дому...»). Спасцігнуць усе тыя парадоксы ведання і няведання, канечнага і бясконцага, выпадкова-выбіральнага і заканамернага, рэальнага і ірэальнага,– усяго, што ёсць жыццё.

І ў жыцці трэба выконваць асноўнае прызначэнне чалавека – трэба жыць, ствараць. Не хаваючыся ад жыцця, не здраджваючы сабе, насычаючы сэнсам існаванне. Сваё і іншых. А інакш – усё сыходзіць у нішто. І сам чалавек ператвараецца ў нішто. І семя, кінутае рукой гэтага чалавека, не проста не прарастае – «зямля скаланецца» і «адрыне семя» («Семя»). І гэтага чалавека. І застанецца ён у «здабытай прасторы» – не, не ў зваблівай зведанасці і нязведанасці Космаса, не ў астральнай прасторы думкі. А ў прасторы – імя якой пустата, у якой няма сэнсу, якой няма ніякага прызначэння.

У Някляева ёсць некалькі «скразных» – ад кнігі да кнігі – тэм. Вось гэтая праграмная – «А вершы пішуць, як жывуць...». Тэма Радзімы. Гэта Радзіме ў сваім першым зборніку паэт «дзякуе за свята» сказаць «пяшчотнае люблю» («Паэма-вера»). Тут, у «Знаку аховы», гэтая любоў трансфармуецца і канкрэтызуецца. Зараз для паэта асабліва важна, што яго Радзіма – гэта яго паэтычныя пастаўнікі і тыя, хто ідзе ў беларускую паэзію.

Памяць пра мінулую вайну жывая жывым болем дагэтуль на Беларусі. І для тых, хто перажыў яе, і для тых, хто прыйшоў у жыццё пасля вайны. Як Някляеў. Таксама «скразная» тэма. У зборніку «Адкрыццё» гэты боль асацыіруецца з Хатынню («Паэма-вера»). Тут, у «Знаку аховы»,– таксама. Але – адкрытая няштучнасць радкоў першага зборніка тут замяняецца рызыкоўным абагульненнем: «Свет задыхаецца сімволікаю смерці» (?) («Бяроза болю»).

А вось разгубленую ўпэўненасць свайго земляка, які ўзрушаны нечалавечымі ўчынкамі аднавяскоўца Кабянка, што «трох красунь-нявестак Стапулёвых/На суках таполевых, вясновых/Весела... павесіў быў:/Першую – бо мела кроў чужую,/ Бо хавала першую – другую,/ Трэцюю...– / Бо троіцу любіў», паэт выявіць немітуслівымі, дакладнымі словамі:

 
Прызнаю ўсё існае на свеце.
У звярах людзей не прызнаю.
 

Так гаворыць зямляк лірычнага героя паэмы Стапуль: банда Кабянка павесіла яшчэ і трох сыноў Стапулёвых. «...у звярах людзей не прызнаю». Кат – не чалавек, сцвярджае герой Някляева. Хіба разумная істота, якая думае, адчувае, здольная на бессэнсоўную расправу?

У. Някляеў – з тых паэтаў, для якіх характэрны выхад ад канкрэтнага да агульнага. У рэчышчы тых ідэйных пошукаў, што ўласцівы для сённяшняй літаратуры ўвогуле. Скажам, у «Ружы вятроў» сцвярджэнне, што для сённяшніх патэнцыяльных палачоў чалавецтва, як і для фашыстаў мінулай вайны, мы, людзі – «толькі лічбы/ толькі знакі страт», для фашыстаў «маральна суверэннай асобы» (выраз Л. Аннінскага) не існуе. Але затое важны факт рэальнага існавання бомбаў з такімі мройліва-нерэальнымі назвамі: «фантом», «міраж».

Ход роздуму паэта, нефармальная логіка яго вершаў прымушае ўсведамляць аб'ектыўны змест таго, што хоча сказаць ён:

 
Нібы замоваю лячыў,
Спяваў.
Пра ўсё.
Нічога.
Была
За песняй
Далячынь.
Пустэча.
Стэп.
Дарога.
 
 
«Акын»
 

Але цяжка, проста немагчыма прыняць або прыдумаць нейкі шыфр, код, падтэкст для такіх радкоў:

 
Які я быў шчаслівы,
Каля сцяны расстрэлу!
 

Гэта ўжо нейкае рафінаванае какецтва, гульня ў паняцці, якія самі па сабе выключаюць магчымасць гульні. Толькі сур'ёзна.

...У зборніку некалькі паэм: «Даведка аб нараджэнні», «Ружа вятроў», «Маланка». Праўда, Уладзімір Някляеў клапатліва пазбягае гэтага жанравага абазначэння. Ён піша: «судовая справа», «размова з аўтаінспектарам» (тут імгненна прыгадваецца Маякоўскі), «аповесць пра каханне». Хаця ў адным выпадку, калі гэта «справа», дакумент, дык дакумент часу: «Год пасляваенны. Год работны./ Шчэ з руін не выветрыўся дым,/ А на танцах, звыклыя да поту,/ Кірзачы і хромавыя боты/ Рэжуць полькі/ Крокам страявым». І дакумент не толькі канкрэтных фактаў, але і жыцця ўнутранага, праўды духоўнай. Хаця «размова з аўтаінспектарам» – не проста размова, роздум пра лёс сённяшняга свету, роздум, які часам добра аддае дыдактыкай. Хаця «аповесць пра каханне» – менш за ўсё апавяданне, павестваванне. І гаворка тут не толькі пра каханне, яна шматзначная, гэта аповесць.

Ніякіх бытавых рэалій у гэтай вершаванай аповесці няма. Ёсць мора, сонца, зоркі, скалы. Чыста рамантычныя аксесуары быцця. У пантэістычным, язычаскім такім варыянце. Ёсць там, праўда, і сад, і нават вадаспад з зусім ужо казачным «пітвом вясёлым». Але гэта не сады Эдэма. Не ідылія. Не буколіка. Яго і яе спапяляе пачуццё. Гарачае, як маланка. І ўтрымаць яго таксама цяжка, як маланку. А так, між іншым, завуць гераіню. Гэтае пачуццё тым больш цяжка ўтрымаць, калі чалавек спрабуе сфальшывіць, як герой паэмы – што «раскрыжаваны /Спрадвечным выбарам/Паміж/ Маной і праўдай...». Паміж вечнасцю і імгненнем. Быццём і небыццём.

Нельга супрацьпаставіць сістэму духоўных каштоўнасцей сістэме ўчынкаў – а менавіта гэта робіць герой паэмы. Не скарыстаўшы права выбару, ён кідае адразу два клубкі. І губляе каханую.

Літаратурныя папярэднікі тут угадваюцца (Арфей, Трыстан), але справа ў тым, што Уладзіміра Някляева хвалююць галоўныя, карэнныя жыццёвыя каштоўнасці, а не знешнія спосабы іх выяўлення. Гэта характэрна ўвогуле для сённяшняга Някляева. У адрозненне ад Някляева – аўтара першага зборніка, што так захапляўся пейзажнай замалёўкай, фіксацыяй настрою. Імкненне да абагульненняў і роздуму было і ў першым зборніку, узмацнілася ў другім, хаця там вельмі адчуваецца ўсё, характэрнае для другога зборніка Някляева – напорыстая публіцыстычнасць, грамадзянскасць, дакладнасць маральных арыенціраў, назыўныя пабудовы асабістага парадку. Не згубіўшы гэтых арыенціраў, падкрэслена сацыяльнай грамадзянскасці, паэт пайшоў у глыб праблемы, узяўшы за зыходны момант сутнасць з'яў.

Някляеў умее, праўда, раптам змяніць высокі тон роздуму на іранічную, усю ад прозы жыцця, скорагаворку:

 
Швейцар цікуе – вокам до міргне.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
...на службе прэ з яго натура
Барацьбіта за сервіс і культуру.
 
 
«Тураў»
 

І ўвядзе Някляеў сваю музу ў нейкую харчэўню, дзе «рагоча жартаўнік – аж стогнуць міскі», дзе «таўчэцца рознага народу». Гэткая жанравая сцэнка, маляўнічая. А муза не збянтэжацца і вуснамі аднаго са сваіх герояў скажа: «Ты не гароцься, госць!»

Бывае і так. Сярод таго, што толькі яго, някляеўскае, раптам з'явяцца «Майстры вясны» («На рыштаваннях дзён/ Майстры вясны!») і так нагадаюць барадулінскіх «Падсобнікаў вясны» («Няхай прараб падпіша мне нарад,—/ І восень у вясну перафарбую»), калі не па канкрэтным зместе, дык па настрою, па назве сваёй.

...У Някляева ёсць свае чытачы. І нямала іх. Ёсць і прыхільнікі. Таксама не на дзесяткі лічаныя. Ёсць і такія, хто прызнае яго чыста намінальна. А паэт піша. Жыве. Мяняецца. І застаецца ў ключавых, галоўных пазіцыях верны сабе: «А вершы пішуць – як жывуць...»


УМЕЛАЕ ПЯРО МАЙСТРОЎ

Мабыць, кніга гэтая, анталогія беларускага апавядання ў перакладзе на рускую мову, трапіць да розных чытачоў. І да тых, хто ведае ў беларускай літаратуры толькі некалькі класічна вядомых імёнаў і калі-небудзь выпадкова нешта прачытаў, і да тых, хто больш-менш дасведчаны, мае свае сімпатыі і антыпатыі ў беларускай прозе, і, нарэшце, да тых, хто чытае на мове арыгінала, а кожны пераклад на рускую мову сустракае з раўнівай зацікаўленасцю, параўноўвае, аналізуе.

Безумоўна, дзяленне гэтае прыблізнае і схематычнае, а параўноўваць будуць усе. І параўноўваць не толькі з аналагічнымі выданнямі празаікаў саюзных рэспублік, але і анталогіямі замежных пісьменнікаў – які «пачэсны пасад між народамі» занялі беларускія майстры малога жанру. Будуць параўноўваць і з папярэднімі выданнямі. Дарэчы, за пасляваенныя дзесяцігоддзі гэта шостая спроба пазнаёміць саюзнага чытача з беларускім апавяданнем. У зборніках 1952, 1955, 1971 гадоў былі змешчаны толькі сучасныя беларускія апавяданні, у зборніках 1948, 1962 гадоў складальнікі імкнуліся даць агульную карціну развіцця беларускага апавядання: першы – ад пачатку XX ст. і да нашых дзён, другі – у савецкі перыяд. Такую ж задачу, што і складальнік зборніка 1962 года, мела перад сабой рэдкалегія анталогіі, што выйшла ў 1980 годзе,– «Бярозы па шляху» («Березы на шляху»). У складзе гэтай рэдкалегіі – народны пісьменнік БССР І. Шамякін, вядомыя празаікі І. Навуменка, І. Чыгрынаў, акадэмік Навуменка да таго ж не менш вядомы як літаратуразнаўца, і празаік А. Жук, прафесіяналізм якога пэўна выявіўся ў тым узросце, калі многія яшчэ лічацца ў маладых. А. Жук і складальнік анталогіі. Прадмову, сціслую, але ёмістую па зместу, напісаў І. Навуменка.

Зразумела, было нялёгка і рэдкалегіі і складальніку. Бо трэба ж даць уяўленне і пра жанр апавядання, творчую манеру пісьменнікаў. І пазнаёміць з нейкім кругам аўтараў – чалавек, можа, упершыню адкрывае для сябе беларускую літаратуру па гэтай кнізе. Чалавек начытаны, патрабавальны. А прадставіць жанр трэба і ў лепшых яго ўзорах, і дастаткова поўна. Да таго ж выбраць у пісьменніка адно апавяданне – такі жорсткі прынцып зборніка, толькі для Якуба Коласа зроблена выключэнне.

Увогуле ж зборнік прадстаўлены і празаікамі старэйшага пакалення, што пачыналі свой творчы шлях яшчэ да рэвалюцыі або ў першыя паслярэвалюцыйныя гады: Якубам Коласам, Кузьмой Чорным, Змітраком Бядулем, Цішкам Гартным, Максімам Гарэцкім, Міхасём Лыньковым, Петрусём Броўкам, Эдуардам Самуйлёнкам, Янкам Скрыгатам; пісьменнікамі ваеннага і пасляваеннага «прызыву»: Янкам Брылём, Аляксеем Кулакоўскім, Алесем Асіпенкам, Іванам Мележам, Іванам Шамякіным, Аленай Васілевіч, Васілём Быкавым, Іванам Навуменкам; пісьменнікамі, што пачыналі пісаць у канцы 50-х – пачатку 60-х гадоў: Уладзімірам Караткевічам, Паўлам Місько, Іванам Пташнікавым, Вячаславам Адамчыкам, Віктарам Карамазавым, Іванам Чыгрынавым, Барысам Сачанкам, Янкам Сіпаковым, Анатолем Кудраўцом, Міхасём Стральцовым (пералічваю прозвішчы ў тым парадку, як змешчаны апавяданні ў кнізе – па храналогіі гадоў нараджэння аўтараў).


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю